Папярэдняя старонка: Дзярновіч Алег

'Дзень народзінаў' Вялікага Княства: тытулатура вялікага князя літоўскага і праблема суверэнізацыі ВКЛ у сярэдзіне XIII – першай палове XV стст. 


Аўтар: Дзярновіч Алег,
Дадана: 20-03-2022,
Крыніца: Дзярновіч А. 'Дзень народзінаў' Вялікага Княства: тытулатура вялікага князя літоўскага і праблема суверэнізацыі ВКЛ у сярэдзіне XIII – першай палове XV стст. // Актуальныя праблемы гісторыі і культуры. : зб. навук. арт. Вып. 3 : Вялікае Княства Літоўскае: заканадаўчае забеспячэнне дзяржаўнага суверэнітэту // Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі ; уклад.: А. А. Скеп’ян ; рэдкал.: В. Ф. Голубеў [і інш.]. Мінск : Беларуская навука, 2022. С. 57—82.

Спампаваць




Тытулатура манарха мае сімвалічнае значэнне. Гэта свайго роду публічная маніфестацыя статусу і, у пэўным сэнсе, сведчанне знешнепалітычнай і культурнай арыентацыі. Паўнавартасны тытул патрабуе абавязковай легітымацыі, павінен атрымаць прававое афармленне, альбо, прынамсі, афіцыйнае прызнанне як з боку падданых, так і на міжнароднай арэне. У адваротным выпадку, выкарыстанне тэрмінаў, аналагічных тытулаванню, будзе не тытулам, а ганаровым азначэннем. Ад разнастайных ганаровых эпітэтаў і параўнаўчых азначэнняў тытул адрознівае таксама строгае афармленне і ўстойлівасць фармулёвак.

Такім чынам, уласна тытул валодае некалькімі важнымі характарыстыкамі, неабходнымі для паўнаты яго прававых функцый. Перш за ўсё, тытул мае быць атрыбутыўным – гэта значыць, валадар, які меў пэўны тытул, карыстаўся ім да канца жыцця ці пакуль не быў выгнаны. Другая рыса – гэта дзяржаўна-палітычная канкрэтызацыя, калі тытул прывязваецца не да персоны, а да канкрэтнага уладання, дзяржання, “стала”-трону. І, што вельмі важна, тытул павінен быць легітымным, то бок прызнавацца іншымі ўладарамі і манархамі.

У Вялікім Княстве Літоўскам праблема паходжання тытула манарха не ёсць такой адназначнай, як падаецца, бо ўсталяванне гэтага тытула мела сваю тэмпаральнасць (расцягнутасць у часе) ды зменлівасць. Пры аналізе фактычнага матэрыялу ад пачатку трэба засігналізаваць, што звесткі пра тытулатуру можна падзяліць на тры катэгорыі: 1) тытул, які фігуруе ў дакументах канцылярыі манарха, гэта значыць у дакументах, якія зыходзяць ад імя манарха; 2) тытул, які выкарыстоўваецца ў замежных пасланнях да манарха ВКЛ; 3) тытул у пазнейшых крыніцах.

Перапляценне гэтых катэгорый стварае часам стракаты малюнак, напоўнены дробнымі дэталямі. І тут важна не памыліцца ў ацэнцы розных рэаліяў – не быць вельмі даверлівым да фрагментарных і выпадковых сведчанняў крыніц, не “вычытаць” сэнсы, якіх тытул не нёс. Але адначасова трэба ўмець не ўпусціць з поля зроку з’яўленне новай тэндэнцыі. Не будзе апраўданым пісаць пра эвалюцыю тытулатуры, сыходзячы з гістарыяграфічных парадыгм. Хутчэй сама гісторыя тытула можа адлюстроўваць гістарычныя працэсы.


Артыкул у PDF

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX