Папярэдняя старонка: Дзярновіч Алег

Страты матэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны ў гады Першай сусветнай вайны: на прыкладзе Крэўскага замка 


Аўтар: Дзярновіч Алег,
Дадана: 14-01-2016,
Крыніца: Дзярновіч, Алег. Страты матэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны ў гады Першай сусветнай вайны: на прыкладзе Крэўскага замка // Знакамітыя мінчане. Мінск і Міншчына ў гады Першай сусветанй вайны: людзі і вайна: Матэрыялы VII беларуска-польскай навукова-тэарэтычнай канферэнцыі: Мінск. 9—10 красавіка 2014 г. / Польскі інстытут ў мінску, ПУА “БПІ – Інстытут правазнаўства”; рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук.рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі. – Мінск: Выд. В. Хурсік, 2015. С. 110—122.

Спампаваць




І. Стан Крэўскага замка да пачатку ХХ ст.

Крэўскі замак застаецца адным з тых знакавых аб'ектаў, якія сімвалізуюць гісторыю ўсяго краю, раннюю гісторыю Вялікага Княства Літоўскага і ўнійны працэс з Польскай Каронай. Пэўную дыскусійнасць выклікае праблема часу пабудовы замка [1], але традыцыйнай застаецца версія пра ўзвядзення Крэўскага замка ў 1330‑х гг. [2] Не менш пытанняў застаецца і з часам заняпаду замка: калі ён быў пакінуты і не выконваў ужо таксама публічнай функцыі?

Іл. 1. Крэўскі замак. Малюнак невядомага аўтара, сярэдзіна ХІХ ст. (?). З фондаў Бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта.

Вельмі папулярнай у літаратуры застаецца цытата з падарожных нататак габсбургскага дыпламата Сігізмунда Герберштэйна: «Крэва - горад з пакінутым замкам». Праз Крэва Герберштэйн праязджаў 17 снежня 1517 г. падчас свайго першага пасольства [3]. Але па выніках археалагічнага і гістарычнага вывучэння Крэўскага замка можна сцвярджаць, што яшчэ да сярэдзіны XVI ст. кастэль была адноўлена і там працягвалася актыўнае жыццё. Раскапаны каменныя падмуркі драўляных пабудоў усутыч да ўнутранай паўночна-заходняй сцяны замка, а таксама знойдзены артэфакты, у тым ліку кафля XVI-XVIII стст. [4] Звесткі пісьмовых крыніц пра знаходжанне ў замку рэзідэнцыі Крэўскіх старостаў, а таксама пра размяшчэнне на дзядзінцы Крэўскай ратушы [5] сведчаць пра выкананне замкам публічных функцый гэтага перыяду [6].

Але фартыфікацыйная сістэма замка, відавочна, ужо ад канца XVI ст. не адпавядала тым тэхналагічным дасягненням, якія вызначалі стратэгію аблогаў: сцены Крэўскага замка папросту ўжо не маглі абараніць ад франтальнага артылерыйскага абстрэлу, а размяшчэнне замка ў забалочанай нізіне перашкаджала магчымасцi развіцця яго ў фартэцыю Новага часу, дзе асноўны цяжар абароны клаўся на бастыённыя ўмацаванні. Тым не менш археалагічныя даследаванні ўласна данжона замка - Княскай вежы, дазваляюць меркаваць, што яшчэ ў XVII ст. там аднаўляўся тынкавы роспіс [7]. Калі гэта версія вытрымае выпрабаванне далейшых даследаванняў, то можна будзе меркаваць, што яшчэ ў XVII ст. Княская вежа Крэўскага замка была жылой. А ў канцы XVIII - XIX ст. царкоўны стараста выкарыстоўваў ацалелыя памяшканні Княскай вежы для гаспадарчых патрэб [8].

Усё ж у якім стане знаходзіліся мураваныя пабудовы Крэўскага замка ў ХІХ - пачатку ХХ ст.? ХІХ ст. дае нам першыя прыклады графічнай фіксацыі Крэўскага замка. Праўдападобна ці не, найпершай такой фіксацыяй стаў крэслюнак, падрыхтаваны для «Атласа замкаў Віленскай губерні» (1827 г.). Сам гэты атлас узнік у выніку складання планаў усіх старажытных будынкаў Віленскай губерні [9]. Замак пададзены ў выглядзе з поўдня. Нягледзячы на пэўную схематычнасць выявы, можна адзначыць выяўлены даволі добры стан муроў (без верхняга яруса - баявой галерэі) і захаванасць Княскай вежы на ўзроўні чатырох ярусаў, але з разбуранымі сценамі кута вежы з боку замкавага дзядзінца - з поўдня і з паўднёвага ўсходу [10].

У падобным стане Крэўскі замак выяўлены на малюнку сярэдзіны ХІХ ст., выкананым невядомым аўтарам [11] (Іл. 1). Замак выяўлены з усходу і, відавочна, больш дакладна перадае рэаліі, чым малюнак 1827 г. Прынамсі, на малюнку сярэдзіны ХІХ ст. няма круглай вежы на ўсходнім куце Крэўскага замка, як гэта пададзена ў «Атласе замкаў Віленскай губерні». Але тыя ж чатыры ярусы Княскай вежы добра выяўлены на малюнку сярэдзіны ХІХ ст.

Гэтую ж сітуацыю са станам Крэўскага замка ў агульным паўтараюць малюнкі і літаграфіі Напалеона Орды. Мы бачым адносна добра захаваныя муры замка і разбурэнні Княскай вежы. Паводле малюнка Орды, быў разбураны не паўднёва-ўсходні кут, а паўднёва-ўсходняя сцяна вежы [12].

Усё ж, як выглядае, Баляслаў Тамашэўскі ў малюнку пакінуў нам больш рэалістычны выгляд Княскай вежы - з разбураным паўднёва-ўсходнім кутом, але добра захаванымі ваконнымі праёмамі. Тамашэўскі замаляваў з натуры Крэўскі замак у ліпені 1896 г. і апублікаваў свае матэрыялы ў 1897 г. у кнізе Часлава Янкоўскага, прысвечанай Ашмянскаму павету [13]. Малюнак з выявай Княскай вежы перадрукоўваўся таксама ў 1903 г. [14]

ІІ. Конадні (Крэўскі замак на першых фотаздымках)

У графічным адлюстраванні Крэўскага замка з пачаткам ХХ ст. наступае важная веха - з'яўляюцца фотаздымкі замка, што значна дапаўняе нашыя ўяўленні пра архітэктуру гэтага помніка дойлідства. На цяперашні момант першай падобнай фотафіксацыяй Крэўскага замка мы можам лічыць здымкі Тыбурцыя Ходзькі (Tyburcy Chodźko) [15], выкананыя ў 1905 г. Сам Тыбурцы Ходзька (1840-13.08.1908) быў ураджэнцам Віленшчыны і, узяўшы ўдзел у паўстанні 1863-1864 гг., быў сасланы ў Вятку. Пасля ссылкі каля 1880 г. Ходзька пасяліўся ў Ломжы, дзе адкрыў фотатэлье. Увогуле, Ходзька вельмі заслужаны для гаспадарчага і культурнага развіцця Ломжы [16]. Але ў 1900 г. Тыбурцы Ходзька вярнуўся ў Вільню, дзе і правёў апошнія гады свайго жыцця. Гэты Віленскі перыяд адзначаны багатай фатаграфічнай спадчынай Ходзькі.

Паводле фотаздымкаў Тыбурцыя Ходзькі цікава назіраць за ўсталяваннем новай традыцыі баўлення часу ў індустрыяльную эпоху - гэта выезды на прыроду, пленэры, экскурсіі, наведванне памятных мясцінаў... Адзін з самых знакамітых здымкаў Крэўскага замка тае эпохі належыць аўтарству Ходзькі і якраз адлюстроўвае момант прыезду групы конных падарожнікаў-экскурсантаў улетку (верагодна) 1905 г. [17]. Гэты здымак, апроч факта чалавечай прысутнасці, дае нам вельмі канкрэтную інфармацыю пра асаблівасці архітэктуры Крэўскага замка, у прыватнасці, паказвае, што паміж 3 і 4 ярусамі Княскай вежы існавалі драўляныя перакрыцці, нішы ад лагаў якіх выдатна бачныя на здымку на ўнутранай паўночна-заходняй сцяне вежы. Гэты ракурс - з усходу, і такі сюжэт - экскурсія ля муроў старажытнага замка, сталі папулярнымі менавіта на пачатку ХХ ст. Незвычайнае, амаль поўнае супадзенне сюжэта мы знаходзім на здымку яшчэ аднаго класіка віленскай фатаграфіі Станіслава Філібэрта Флёры (Stanisław Filibert Fleury; 1858-1915) [18].

Трэба адзначыць, што здымкі Ходзькі толькі заклалі пачатак традыцыі фатаграфавання Крэўскага замка. Сярод фатографаў, якія пакінулі нам адбіткі са сваіх люстраных камер, значацца імёны выбітнага мастака Яна Булгака, а таксама краёвага гісторыка і археолага Юзафа Ядкоўскага [19]. Гэтыя здымкі сумяшчаюць у сабе рысы дакументавання спадчыны і рамантычнага яго прачытання.

Агулам, аналізуючы гэтыя прыклады фіксацыі Крэўскага замка ў пачатку ХХ ст., можна сказаць, што ў конадні Першай сусветнай вайны замак знаходзіўся ў занядбаным стане, але захоўваліся яшчэ многія архітэктурныя канструкцыі, найперш паўночныя муры Княскай вежы. Менавіта ў такім стане муры Крэўскага замка датрывалі да пачатку Першай сусветнай вайны.

ІІІ. Пазіцыйная вайна

Вялікая еўрапейская вайна непасрэдна паўплывала на далейшы лёс Крэва. Можна нават сцвярджаць, што менавіта Першая сусветная вайна пакінула на абліччы беларускага мястэчка большыя сляды, чым усе іншыя падзеі ХХ ст. Рэч у тым, што ўласна праз Крэва амаль тры гады праходзіла лінія фронту. Сталася так у выніку паспяховага наступу нямецкіх войск у 1915 г.

Іл. 2. Крэўскі замак і Траецкая царква (былы касцёл). Выгляд з паўночнага захаду. Зіма 1915-1916. (Паводле: Krewo. Eim Jahr Stellungskampf. 1915 September 1916. Breslau, 1916.).

Менавіта на 1915 г. нямецкае камандаванне распрацавала новую стратэгію, вырашыўшы перанесці галоўны ўдар з Заходняга фронту на Усходні з мэтаю нанесці Расіі паразу і прымусіць яе да сепаратнага міру. Былі запланаваны магутныя флангавыя ўдары з Усходняй Прусіі і Галіцыі з наступным акружэннем і разгромам у Варшаўскім выступе асноўных сіл Расіі.

Кірункі галоўнага ўдару змяняліся, але 9 (22) жніўня 1915 г. асноўны нямецкі наступ распачаўся на фронце паўночней Вільні, у раёне Свянцянаў. Наступ скіроўваўся на Мінск, а сама аперацыя атрымала назву Віленскай. 27-28 жніўня (8-9 верасня) нямецкія войскі здолелі прарваць расійскі фронт (Свянцянскі прарыў) [20], але пашырыць гэты прарыў не ўдалося - нямецкая конніца трапіла пад контрудар расійскай арміі і была разбітая, наступ спыніўся. Новая канфігурацыя фронту, якая не мела выступаў і была шчыльна запоўненая войскамі абодвух бакоў, натуральным чынам мела вынікам пераход да пазіцыйнай вайны і да абарончай тактыкі [21].

Такім чынам, на пачатку восені 1915 г. у Крэве стабілізавалася і ўсталявалася лінія фронту. У самім мястэчку яна праходзіла ўздоўж ракі Крэўлянкі, якая працякае ля ўсходніх муроў замка. Нямецкія пазіцыі размясціліся на правым беразе Крэўлянкі, расійскія - на левым. Характэрна, што для патрэб абароны абодвума варагуючымі бакамі былі прыстасаваныя ўсе заўважныя аб'екты гістарычнага цэнтра мястэчка, якія мы сёння можам вызначыць як гістарычныя і ландшафтныя помнікі. На Юравай гары, што з'яўляецца самай высокай кропкай Крэва (255 м) і знаходзіцца ў паўднёва-ўсходнім кірунку ад замка, расійскія войскі вырылі кальцавы акоп. Таксама расійскія ўмацаванні былі зроблены ў царкве Аляксандра Неўскага. Нямецкія ж войскі пераўтварылі ў свае ўмацаванні ўвесь Крэўскі замак. У Крэве большасць умацаванняў знаходзілася на пагорках, у некаторых месцах адлегласць паміж расійскімі і нямецкімі пазіцыямі складала да 500 м, а найбольш блізка варожыя пазіцыі знаходзіліся менавіта ў гістарычным цэнтры мястэчка [22].

Пра падзеі вайны на крэўскім фронце мы можам даведацца не толькі праз рэшткі ўмацаванняў і артэфакты вайны, якімі так багатая тутэйшая Іл. 3. Руіны Крэўскага замка. Восень 1917 г. Выгляд з захаду (Паводле: Bilder aus den Kämpfen um Krewo - Smorgon. Breslau: Verlag Hiller, 1918; Rudolph K. Geschichte des Preußischen Landwehr-Infanterie-Regiments Nr. 3: nach d. dienstl. Kriegstagebüchern. Berlin, 1928.). зямля, але і дзякуючы кніжкам, якія стварылі ўдзельнікі баёў у Крэве як напамін пра вайну на доўгі час. Адна з гэтых памятных кніжак паўстала ў асяроддзі нямецкіх жаўнераў 3‑га пяхотнага палка 16‑й дывізіі ландверу (Landwehr Infanterie Regiments 3, 16. Landwehr-Division). Менавіта 16‑я дывізія прускага ландверу (рэзервістаў) ад 6 кастрычніка 1915 г. была раскватараваная ў Крэве, дакладней, заняла лінію фронта Крэва - Смаргонь - Нарач [23]. Таксама там размяшчаліся асобныя падраздзяленні 11‑й дывізіі ландверу [24]. Ужо пасля вайны ветэранскія саюзы былой кайзераўскай арміі выдавалі памятныя кніжкі пра свае палкі - пра персанальны склад, бітвы, мясціны... Кніжка гісторыі 3‑га палка, якая выйшла з друку ў 1928 г., захавала для нас многія дэталі ваеннага побыту, суіснавання з ворагам і апакаліпсісу ў Крэве 1915-1918 гг. [25] Фактычна гэта ваенны дзённік з датамі, мапамі, імёнамі.

У нечым падобная кніга паўстала і з расійскага боку - яе стваральнікамі сталі ветэраны 13‑га лейб-грэнадзёрскага Эрыванскага палка, які з 11 верасня 1915 г. быў размешчаны ў раёне Крэва - Смаргонь [26]. Эрыванскі полк быў найстарэйшым і адным з найбольш тытулаваных палкоў расійскай імператарскай арміі, радавод якога вёўся ад 1642 г. Зразумела, памятнае выданне такой вайскавой часткі магло з'явіцца толькі ў асяроддзі белай эміграцыі. У 1938 г. была ўтвораная Гістарычная камісія «дзеля аднаўлення эпізодаў грандыёзнай эпапеі ў тым выглядзе, як яна перажывалася палком» [27]. Камісія адразу сутыкнулася з праблемаю браку дакументаў. У рэшце рэшт падрыхтаваная кніга пабачыла свет у Парыжы толькі ў 1958 г. Гэтая кніга, можа менш сістэматызаваная за нямецкую, таксама поўніцца імёнамі загіблых афіцэраў, спісамі ўзнагароджаных, побытавымі дэталямі.

11 верасня 1915 г. камандзір палка палкоўнік Вышынскі пасля размяшчэння яго падраздзяленняў у Крэве адзначыў у сваім лісце: «Цяпер мы ходзім і ваюем сярод бясконцых лясоў, у якіх маецца неверагодна грыбоў. Мы збіраем іх у вялікай колькасці». 8 кастрычніка ён ужо пісаў: «У нас на фронце зусім спакойна; немцы, верагодна, таксама зарываюцца ў зямлю і рыхтуюцца да зімы. Зусім верагодна, што і мы зазімуем тут. <...> У палку не здарылася нічога асаблівага, толькі паранілі старшага лекара, забілі двух кашавараў на кухні, у вёрстах 4‑х ад фронту, ды перараніла чалавек трыццаць, то бок, агулам - сапраўдныя дробязі» [28].

Нямецкія войскі таксама пачалі акопвацца ў Крэве з канца верасня 1916 г., і калі спачатку гэта былі драўляна-земляныя ўмацаванні з трыма лініямі калючага дроту наперадзе, то ўжо ў 1917 г. былі пабудаваныя магутныя бетонныя ўмацаванні. На некаторых з іх маюцца надпісы, якія інфармуюць пра час пабудовы і тыя падраздзяленні, якія там размяшчаліся. Як, напрыклад:

1. M.G.K.

erbaut - Aug. - 1917

Гэта можа азначаць: «Першы кулямётны корпус (Maschinengewehrkörper). Пабудавана ў жніўні 1917».

І сёння зрэдчасу на гародах крэўскіх сядзіб можна пабачыць цыліндрычныя гофравыя канструкцыі з металу, якія выкарыстоўваюцца ў якасці гаспадарчых элементаў. Паступова яны знікаюць, а яшчэ ў 1990‑х былі масаваю з'яваю. Вось гэтыя паўцыліндры і ёсць апалубкай нямецкіх бетонных бліндажоў.

Падзеі Першай сусветнай вайны пад Крэвам адзначаны многімі яскравымі і трагічнымі эпізодамі: нямецкімі хімічнымі атакамі 17 чэрвеня і 9 жніўня 1916 г. [29]; паветраным боем 25 верасня 1916 г., калі быў збіты найвялікшы самалёт таго часу расійскі чатырохматорны біплан «Ілля Мурамец» (бартавы № 16), сканструяваны Ігарам Сікорскім (сам самалёт разбіўся пад Барунамі); удзелам у баях лета 1917 г. падраздзялення «Першая жаночая ваенная каманда смерці» пад началам прапаршчыка Мар'і Бачкаровай.

Ва ўсім гэтым пераліку трагічная роля дасталася таксама Крэўскаму замку.

ІV. Разбурэнні замка

Крэўскі замак апынуўся па нямецкім баку фронту, старажытныя муры замка («Burg-Ruine», як яны пазначаны на нямецкіх мапах) былі літаральна ўбудаваныя ў першую лінію нямецкай абароны [30]. У так званай Малой вежы (размешчанай праз дзядзінец па дыяганалі ад данжона Княскай вежы) была зроблена агнявая кропка на адну амбразуру. Шапка бетону і сёння навісае над рэшткамі вежы. Яшчэ нядаўна яна была ў добрым стане і толькі ў 2003 г. бетонныя перакрыцці ўсё ж абрынуліся [31]. Трохі далей, ля паўднёвай сцяны замка, з бутавага каменю быў збудаваны бункер (сховішча), які пазней памылкова прымалі за адну з замкавых вежаў. З вонкавага боку на ўсю даўжыню паўночна-заходняй сцяны і ўнутранага (паўднёва-ўсходняй сцяны) нямецкія жаўнеры пабудавалі драўляныя бліндажы. Наверсе былі зробленыя назіральныя пункты, да якіх ішлі драбіны [32]. Усё гэта аўтаматычна пераўтварыла кастэль у мішэнь для артылерыі, і Крэўскі замак рэгулярна абстрэльваўся расійскімі войскамі [33] (асколкі снарадаў і шрапнель рэгулярна трапляюцца падчас раскопак) [34].

Усе тры гады пазіцыйнай вайны ў Крэве ўсё ж не зліюцца ў адзін працяглы дзень. Ёсць даты, якія расстаўляюць вехі падзей.

Сёння мы можам дакладна акрэсліць, калі замак Альгерда і Ягайлы панёс адны з найбольшых сваіх стратаў - 19-21 ліпеня 1917 г. Упершыню на гэтыя даты звярнуў увагу беларускі журналіст Уладзімір Багданаў [35]. На гэты момант нам вядома больш дэталяў.

Тыя падзеі былі звязаныя з каласальнымі зменамі, што адбываліся тады ў Расіі - зломам ранейшага дзяржаўнага апарату. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ўжо новы ўрад Расіі ўзяў на сябе абавязкі перад саюзнікамі. Ваенны і марскі міністр Аляксандр Керанскі ў чэрвені 1917 г. разгарнуў наступ Паўднёва-Заходняга фронту ў Галічыне, які спачатку складваўся ўдала, але ў выніку скончыўся правалам і адступленнем расійскай арміі на 50-100 км. Гэтыя падзеі выклікалі хваляванні ў Петраградзе, і 4 ліпеня прэм'ер князь Львоў падаў у адстаўку. Міністрам-старшынёй стаў Керанскі, які ў ліпені 1917 г. паспрабаваў арганізаваць наступ-рэванш расійскіх войск на Заходнім фронце. Крэўская аперацыя, якая сярод вайскоўцаў атрымала таксама назву «ліпеньскі наступ Керанскага»  Іл. 4. Княская вежа Крэўскага замка пад час кансервацыйных прац 1929-1930 гг. (Бібілятэка імя Урублеўскіх Літоўскай Акадэміі Навук. Fg. 1-1109-1-16). [36], такім чынам, стала апошняй маштабнай аперацыяй расійскай арміі ў Першай сусветнай вайне. Адметнасцю гэтай аперацыі было актыўнае выкарыстанне артылерыі. Мэтаю аперацыі быў прарыў нямецкай лініі абароны і выхад да Вільні.

Падрыхтоўка аперацыі была праведзена на даволі высокім узроўні. На мяркуемым участку прарыву камандаванне сканцэнтравала 788 гармат, з якіх 356 буйнакаліберных - гэта была найвялікшая колькасць у гісторыі падобных аперацый расійскай арміі. Аперацыя рыхтавалася з дапамогаю саюзнікаў - праз Мурманск і Уладзівасток былі дастаўлены амерыканскія і брытанскія гарматы, у тым ліку з дальнасцю стрэлаў больш за 20 км. Усе батарэі атрымалі дадатковую колькасць снарадаў [37].

Расійская разведка ацэньвала нямецкія ўмацаванні ў Крэва як вельмі сур'ёзныя: «Асобныя мураваныя пабудовы і двое могілак у м. Крэва, прыведзеныя ў абарончы стан... ствараюць шэраг моцных умацаваных пунктаў, якія павялічваюць абароназдольнасць пазіцый» [38]. Зразумела, што гэтая падрыхтоўка не магла застацца па-за ўвагай нямецкіх назіральнікаў: «Сцягванне вялікай масы непрыяцеля было відавочным. Выяўлена вялікая колькасць новых пазіцый батарэй. Актыўны рух аўтакалон ворага ў напрамку на Крэва выяўлены з прывязаных аэрастатаў... Каля 25 чэрвеня падрыхтоўчыя работы ворага назіраліся ў даліне ракі Крэўлянкі. Вырытыя яшчэ ў 1916 годзе акопы, якія часткова разбурыліся, паглыбленыя зноў, вырытыя новыя хады перамяшчэння» [39]. Нямецкія назіральнікі канстатавалі, што галоўныя падрыхтоўчыя працы непрыяцеля адбываліся паўднёва-ўсходней Крэўскага замка, на Юравай гары (Kreuzberg паводле нямецкай тэрміналогіі).

Наступальная аперацыя расійскіх войск распачалася 19 ліпеня 1917 г. з масіраванага артабстрэлу, які працягнуўся трое сутак. Праўда, ёсць звесткі, што камандуючы Заходнім фронтам генерал-лейтэнант Антон Дзянікін, які непасрэдна кіраваў вайсковай аперацыяй, быў незадаволены інтэнсіўнасцю артылерыйскага агню ў першы дзень ды загадаў узмацніць абстрэл. Нямецкія ўдзельнікі баёў таксама адзначалі, што 19 ліпеня «пазіцыі моцна пашкоджаны, але страты былі нязначныя, бо штольні і бетонныя схованкі добра вытрымалі...». Асноўны ж удар па замку прыйшоўся на 21 ліпеня: «...у 4.15 раніцы праціўнік выкарыстаў яшчэ больш моцны артылерыйскі агонь на ўсім фронце, які дасягнуў піку паміж 5 і 5.15 вечара... Штольні і сховішчы на дадзеным участку захаваліся, але дротавыя загароджы моцна пашкоджаны. Касцёл, тэрыторыя замкавых руін... былі цалкам расстраляныя... на ўвесь фронт дывізіі на працягу 3 дзён выпала 1 ½ міліёна выстралаў расійскай артылерыі» [40].

22 ліпеня, пасля трох сутак артабстрэлу расійскія войскі перайшлі ў наступ і 175 пяхотная дывізія здолела авалодаць крэўскімі ўмацаваннямі, у тым ліку і замкам. Дакладней, тым, што ад яго засталося. Менавіта тымі ліпеньскімі днямі 1917 г. старажытнаму замку былі нанесены незваротныя страты.

Але расійская армія так і не здолела скарыстацца плёнам сваіх поспехаў. Брытанскі ваенны гісторык сэр Бэзіл Лэдэл Гарт адзначае, што парадокс на расійскім фронце заключаўся ў тым, што калі ў 1917 г. рэвалюцыя прадказвала поўнае банкруцтва ваенных намаганняў Расіі, яе войскі фактычна былі лепш узброены і экіпіраваныя, чым за ўсе папярэднія гады вайны [41]. Адбылося гэта дзякуючы мабілізацыі ваеннай прамысловасці Расіі і масіраванай дапамозе саюзнікаў, найперш пастаўкам з ЗША. Брытанскі ваенны гісторык адзначае далей, што «велізарныя і цалкам дарэмныя страты падрывалі баявы дух найбольш цярплівых і здольных да самаахвярнасці войск у Еўропе». Расійская армія была раскладзена і дэмаралізавана бальшавіцкай прапагандай ды папросту стамілася ад больш чым трох гадоў вайны. З 14 расійскіх дывізій, якія рыхтаваліся да наступу, у атаку пайшло сем, з іх цалкам баяздольнымі аказалася чатыры.

Адна з мэтаў Крэўскай аперацыі была дасягнута - расійскім войскам ўпершыню за ўсю гісторыю пазіцыйнай вайны на Заходнім фронце ўдалося часткова знішчыць і прарваць надзвычай умацаваную паласу абароны немцаў у раёне Крэва. Літаральна праз некалькі дзён нямецкія войскі вярнулі ўсе пазіцыі, страчаныя як у выніку Крэўскай аперацыі, так і іншых аперацый на Заходнім фронце паўночней Прыпяці [42].

Баі сціхлі, але два шчарбатыя зубы муроўкі - ўсё, што засталося ад Княскай вежы Крэўскага замка, - узвышаюцца над крэўскай лагчынай. У выніку абстрэлаў абваліўся не толькі данжон са свамі гатычнымі ваконнымі праёмамі і рэшткамі фрэсак. Практычна была знішчана ўсходняя сцяна замка - якраз з таго боку, адкуль біла расійская артылерыя.

Але калі мы зададзім сабе пытанне, ці варта менавіта расійскія войскі вінаваціць у разбурэнні замка, то не зможам адказаць на яго цалкам станоўча. Бо Крэўскі замак у свой умацаваны раён пераўтварылі нямецкія войскі. Расіянам з артылерыйскім забеспячэннем дапамагалі іх саюзнікі па Антанце. Як бы гэта ні гучала абстрактна, але вінаватая вайна. Калі ўжо можа казаць пра персанальную адказнасць, то мы павінны яе ўскласці на тых, хто распачаў тую вайну.

V. Кансервацыя

Кансервацыя муроў рэшткаў Крэўскага замка, так моцна пацярпелых у 1917 г., была праведзена ў 1929-1930 гг. польскімі спецыялістамі. Ініцыятыва кансервацыі разбураных муроў сярэднявечных замкаў належала тагачаснаму кансерватару помнікаў Віленскага і Наваградскага ваяводстваў (адміністрацыйная пасада) Станіславу Лёрэнцу, які і ажыццяўляў кантроль над працамі (1929-1935) [43]. Непасрэдна кансервацыйныя мерапрыемствы ў Крэве (як і ў Троках) праводзіліся пад кіраўніцтвам архітэктара Яна Бароўскага, пастаянны нагляд над працамі ажыццяўляў прафесар Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, мастацтвазнавец і архітэктар Юліюш Клос [44].

Вобраз Крэўскага замка, што мы маем сёння, сфармавалі менавіта польскія рэстаўратары на грунце тых руіх, якія засталіся пасля Першай сусветнай вайны. Ці будзем мы даражыць толькі руінамі нейкага канкрэтнага часу, ці дазволім сабе ратаваць замак ад далейшага разбурэння? Гэта стане зразумелым у бліжэйшыя гады.

Алег Дзярновіч, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт.



[1] Глядзі агляд гэтай дыскусіі: Дзярновіч А. І. Заняпад ці трансфармацыя? Эвалюцыя статуса Крэўскага замка ў XIV-XVII стст. (па выніках гістарычна-археалагічных даследаванняў) // Замкі, палацы і сядзібы ў кантэксце еўрапейскай культуры. Мінск: Медысонт, 2013. С. 23-25.

[2] Ткачев М. А. Замки Беларуси. Минск: Беларусь, 2002. С. 38.

[3] Герберштейн Сигизмунд. Записки о Московии. Москва: МГУ, 1988. С. 212, 379.

[4] Ткачев М. А., Трусов О. А. Исторические и архитектурно-археологические исследования Кревского замка // Вопросы архитектуры Литовской ССР. 9 (1). История архитектуры. 1988. С. 11-20.

[5] Корево А. Развалины Кревского замка // Памятная книжка Виленской губернии на 1861 г. Вильно, 1861. Ч. 2. С. 60.

[6] Дзярновіч А. І., Трусаў А. А., Чарняўскі І. М. Лёс Крэва. Мінск: Полымя, 1993. С. 11-16, 45; Дзярновіч А. Крэва: мястэчка і гісторыя // Адраджэнне. Гістарычны альманах. Мінск: Універсітэцкае, 1995. Вып. 1. С. 112-113.

[7] Чарняўскі І., Цэйтліна М. Архітэктурна-мастацкія асаблівасці Крэўскага замка // Каштоўнасці мінуўшчыны. Вып. 4: Помнікі археалогіі: праблемы аховы і вывучэння. Мінск, 2001. С. 101.

[8] Дзярновіч А. І., Трусаў А. А., Чарняўскі І. М. Лёс Крэва. С. 36.

[9] Lietuvos valstybės istorijos archyvas (Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў; далей - LVIA). F. 526, ap. 1, b. 62: Дело о составлении планов и фасад древним зданиям по Виленской губернии и в г. Вильне с 1827 г.

[10] Lietuvos pilys. Vilnius: Mintis, 1971. Уклейка паміж с. 16-17.

[11] Vilniaus universiteto biblioteka (Бібліятэка Віленскага ўніверсітэта, далей - VUB). F. 78, nr. 206(a).

[12] Гравюра Напалеона Орды, 1876 (паводле: Напалеон Орда. З фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Мінск: Беларусь, 2006. С. 81).

[13] Jankowski, Czesław. Powiat oszmiański: materjały do dziejów ziemi i ludzi. Cz. 2. St.-Petersburg: K. Grendyszyński, 1897. S. 202-205, 211, 216-217.

[14] Naokoło świata. 1903, Nr. 51.

[15] Jankauskas, Vidmantas. Krėvos pilies ikonografija: tarp romantizmo ir dokumentikos // Lietuvos pilys. Nr. 5, 2009. P. 28.

[16] Асабісты фонд: Muzeum północzno-mazowiecki w Łomży. Dz. VII. Zasłużeni dla Ziemi Łomżyńskiej. Tyburcy Chodźko.

[17] Lietuvos mokslų akademijos Vrublevskių bibliotekos (Бібліятэка імя Урублеўскіх Літоўскай Акадэміі Навук, далей - MAB). Fg. 1-1109/1.

[18] Гл. падрабязней: Wilno i Wileńszczyzna na przełomie wieków w fotografii Stanisława Filiberta Fleury (1858-1915). Warszawa, 1999; Stanisław Filibert Fleury, 1858-1915: fotografijos: [albumas] / sudarytoja Jūratė Gudaitė. Vilnius: Lietuvos nacionalinis muziejus, [2007].

[19] Instytut Slawistyki PAN. Nr. 163682, fot. J. Jodkowski (ok. 1910).

[20] Смольянинов М.М. Беларусь в Первой мировой войне 1914-1918 гг. Минск: Беларуская навука, 2014. С. 161-168.

[21] Падрабязней гл.: Зайончковский А. М. Первая мировая война. СПб.: «Полигон», 2002. С. 423-426, 447-453; История первой мировой войны 1914-1918 гг. / Под ред. И.И. Ростунова. Москва: Наука, 1975. T. I. C. 20-29, 38-51.

[22] Друпаў Ю.А. Фартыфікацыйнае забеспячэнне нямецкіх умацаванняў у мястэчку Крэва // Великая европейская война на Беларуси. Брест: БрГТУ, 2013. С. 74; Друпаў Ю.А. Умацаваная артылерыйская пазіцыя ля вёскі Чухны // Первая мировая война на Беларуси. Брест: БрГТУ, 2013. С. 30-34.

[23] Ruhmeshalle unserer Alten Armee. Herausgegeben auf Grund amtlichen Materials des Reichsarchivs. Berlin: Militär-Verlag, 1927. S. 66, 114-115.

[24] Ruhmeshalle unserer Alten Armee. S. 64, 107.

[25] Rudolph, Kurt. Geschichte des Preußischen Landwehr-Infanterie-Regiments Nr. 3: nach d. dienstl. Kriegstagebüchern. (Oldenburg), Berlin : (Stalling), 1928.

[26] Лейб-Эриванцы в Великой войне. Материалы для истории полка в обработке полковой исторической комиссии под редакцией К. Попова. Париж, 1959. С. 239.

[27] Лейб-Эриванцы в Великой войне. С. 7.

[28] Лейб-Эриванцы в Великой войне. С. 158, 160.

[29] Де-Лазари А.Н. Химическое оружие на фронтах мировой войны 1914-1918 гг. Краткий исторический очерк / Науч. ред. М.А. Супотницкого. Москва: Вузовская книга, 2008; Басов С.В., Гнатюк С.П. Химическое оружие в Первой мировой войне: газобалонные атаки 1916 года на территории современной Беларуси - Крево, Сморгонь, Барановичи // Великая европейская война на Беларуси. Брест: БрГТУ, 2013. С. 29-32.

[30] Камінскі, Аляксандр. Крэўская пазіцыя. Хроніка супрацьстаяння. Крэва, 2012. С. 3-4.

[31] Богданов, Владимир. По следам Первой мировой войны в Беларуси. Сморгонский район: фотоальбом. Минск: Гольфстрим, 2007. С. 44.

[32] Друпаў Ю.А. Фартыфікацыйнае забеспячэнне... С. 75.

[33] Гл. размяшчэнне нямецкіх і расійскіх пазіцый у мястэчку Крэва з 26 верасня 1915 г. па 19 лютага 1918 г.: Rudolph K. Geschichte des Preußischen Landwehr-Infanterie-Regiments Nr. 3. Berlin, 1928.

[34] Архіў Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Дзярновіч А. І. Справаздача па археалагічных даследаваннях (шурфоўцы) на тэрыторыі замка ў в. Крэва Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. у 2012 г. Т. 1. Апісанне шурфаў і архітэктурных канструкцый. С. 54, фота 10.

[35] Богданов В. Кревский замок был расстрелян // Салідарнасць. 2011.07.20.

[36] Лейб-Эриванцы в Великой войне. С. 187.

[37] Богданов, Владимир. По следам Первой мировой войны в Беларуси. Сморгонский район. Фотоальбом. Минск: Гольфстрим, 2007. С. 44-45.

[38] Шейдеман Е. Действия артиллерии на фронте Х армии 6-10 июля 1917 г. // Военная мысль и революция. 1923, Кн. 4. С. 116.

[39] Rudolph K. Geschichte des Preußischen Landwehr-Infanterie-Regiments Nr. 3.

[40] Rudolph K. Geschichte des Preußischen Landwehr-Infanterie-Regiments Nr. 3.

[41] Лиддел Гарт, Б. Г. Энциклопедия военного искусства. Стратегия непрямых действий / Ред. С. Переслегин. Москва, Санкт-Петербург: АСТ - Терра Фантастика, 2003. Гл. ХІІ.

[42] Зайончковский А. М. Первая мировая война. С. 657; Лейб-Эриванцы в Великой войне. С. 187; С. Богданов В. По следам Первой мировой войны в Беларуси. С. 45.

[43] Lorentz, Stanisław. Konserwacja ruin zamków na Wileńszczyźnie i Nowogródczyźnie // Ochrona Zabytków Sztuki. 1930/31, Cz 1, z. 1-4. S. 161-179; Lorentz, Stanisław. Zapiski do autobiоgrafii // Kwartalnik Historii Nauki i Techniki. R. 24: 1979, Nr. 4. S. 737 (S. 731-756); Instytut sztuki PAN. R0000027972. Krewo, fot. J. Borowski.

[44] Загідулін А. М. Арганізацыя кансервацыі і рэстаўрацыі замкаў, палацаў і сядзібаў у Заходняй Беларусі (1921-1939 гг.) // Замкі, палацы і сядзібы ў кантэксце еўрапейскай культуры: Зб. навук. арт. / Мін. культ. РБ, Замкавы комплекс «Мір». Мінск: Медысонт, 2013. С. 40.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX