Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 51 (103) 


Дадана: 19-12-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 51 (103), 20 снежня 2023 г.

З Калядамі і Божым Нараджэннем

Бэтлеемскае святло міру сустракаюць у Беларусі

Як паведамляецца на сайце каталіцкіх скаўтаў у Беларусі catholic-scouts.by, некалькі тыдняў таму ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме дзяўчына Пілар запаліла Бэтлеемскі агонь.

Незвычайным фактам з'яўляецца тое, што за ўсю сваю гісторыю, якая налічвае ўжо больш за 35 гадоў, ніколі не здаралася, каб агонь не вырушыў у дарогу - нават у часы пандэміі і ўзброеных канфліктаў.

Традыцыйна аўстрыйская дэлегацыя спецыяльным авіярэйсам дастаўляе Бэтлеемскі агонь у Вену, адкуль ён, дзякуючы скаўтам, трапляе ў іншыя краіны свету. Святло, запаленае ў Бэтлееме, з рук у рукі перадаецца з горада ў горад, з краіны ў краіну. Змяняюцца людзі, якія яго перадаюць, змяняюцца аўтамабілі, якія перавозяць яго, змяняюцца мовы, на якіх размаў ляюць асобы, а святло міру ўсё тое ж.

Падарожжа Бэтлеемскага святла па Беларусі традыцыйна распачнецца з галоўнай святыні Гародні - катэдральнай базылікі святога Францішка Ксаверыя.

Агонь прыбыў у гарадзенскую базыліку 15 снежня. Пры гэта паведамляе Прэс-служба Гарадзенскай дыяцэзіі.

Агонь, які нагадвае, што хутка пачнуцца поўныя радасці і хвалы святы Божага Нараджэння, быў перададзены біскупу Гарадзенскаму Аляксандру Кашкевічу.

Звяртаючыся да прысутных у велічнай катэдральнай святыні, іерарх адзначыў, што сёлета акцыя перадачы агню адбываецца пад дэвізам "Ствараць мір".

Біскуп падкрэсліў, што "Пан Бог пасяляе мір у чалавечых сэрцах, таму ад кожнага з нас залежыць, ці дойдзе гэты дар усюды, куды павінен дайсці".

Усіх, хто будзе перадаваць агонь далей, біскуп Кашкевіч заахвоціў дзяліцца гэтым дарам, каб правесці святы Божага Нараджэння ў міры, а таксама несці надзею тым, хто адчувае яе недахоп.

- Будзем вестунамі міру найперш у нашых сем'ях і дамах, на месцах вучобы і працы. Будзем уносіць мір у нашы асяроддзі праз свае словы і ўчынкі, - заклікаў іерарх. - Няхай гэты агонь пагасіць усе канфлікты і ўсялякае напружанне, спрэчкі і непаразуменні, каб кожны чалавек на зямлі мог адчуваць бяспеку, любоў, павагу і разуменне.

Карыстаючыся нагодай, біскуп выказаў удзячнасць арганізатарам урачыстасці, тым, хто прынёс у Гародню Бэтлеемскі агонь як знак Езуса Хрыста, які прыходзіць да людзей у таямніцы свайго Нараджэння, і тым, хто панясе яго далей па Гарадзеншчыне і па ўсёй Беларусі.

Іерарх заклікаў несці разам з гэтым агнём пасланне міру, каб свет рабіўся месцам надзеі.

Потым усе ахвотныя маглі запаліць ад Бэтлеемскага агню знічы, каб занесці яго святло ў свае дамы і сем'і. Такім чынам, на працягу кожнага дня да Божага Нараджэння кожны можа ўзяць гэты сімвал з сабой, каб адзначаць святы ў духоўнай лучнасці з зямлёй Збаўцы.

Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by.

Няблізка, а можа і блізка…

Эрнэст Брыль, 1935 г.


Няблізка, а можа і блізка,

Бо розніцца лёс падарожны,

Да той бэтлеемскай калыскі

Калісь дабіраецца кожны.

Хто зябка брыдзе ў завіруху,

А іншыя ў дождж несціханы,

А нехта гартуецца ў руху

Праз гарачыню і барханы.

А потым над радасным дзівам

Спыняемся, думаем, дзячым

За вечную мудрасць з наівам

У позірку Сына дзіцячым

Пераклад Андрэя Хадановіча.

"Святло Раства Хрыстова"

Сардэчна запрашаем наведаць выставу "Святло Раства Хрыстова" Ядвiгi Сянько.

Урачыстае адкрыццё адбудзецца

21 снежня ў выставачным фае Палаца культуры г. Маладзечна ў 16:00.

Наведаць выставу можна будзе да 18 студзеня.

Уваход свабодны!

Каляды

Беларускія народныя звычаі

Абрады з іх песнямі (гл: Вітан-Дубейкаўскі Лявон. Дзяды. Беларускія народныя звычаі // Наша слова.pdf № 44 (96), 1 лістапада 2023.) захаваліся ўрыўкамі з паганскіх часоў амаль ва ўсіх станах беларускага народа. Найбольшую іх колькасць захавала аддаленая ад культурных цэнтраў вёска. Выклікае захапленне, з якім піетэтам яна ставіцца да справы захавання самых старых звычаяў, нягледзячы на намаганні духоўных уладаў перашкодзіць гэтаму.

Паходжанне гэтых абрадаў сягае далёкіх часоў, калі прыродныя з'явы лічыліся нечым жывым, з чым можна было ўступіць у непасрэдны кантакт і, выкарыстоўваючы адпаведныя заклінанні, выклікаць пажаданыя для сябе з'явы. Гэтыя рытуалы суправаджаліся песнямі, якія сёння даюць магчымасць больш дакладна зразумець культ паганскіх продкаў. Пад уплывам хрысціянства ў большасці абрады згубілі сэнс свайго існавання і часта ператварыліся ў незразумелыя для ўдзельнікаў гульні.


Галоўным бажаством чалавека было сонца. Паганскія рытуалы прысвячаліся сонцу і групаваліся вакол яго зімовага і летняга становішча адносна зямлі. Прыярытэт аддаваўся зіме - часу, калі сонца паварочвае на лета. Верагодна да гэтых зменаў адносіцца зімовае свята "Каляды" і летняе "Купалле". Вясновыя і восеньскія раўнанні дня і ночы таксама знаходзяць свае праявы ў святах і народных песнях. Хрысціянства, якое ўсе больш пранікала ў народ, пераняла звычаі і песні. Таму ў іх так шмат хрысціянскіх элементаў: успамінаў пра Бога, Ісуса Хрыста, Божую Маці. Суадносіны паганскіх і хрысціянскіх святаў: Каляды - Божае нараджэнне, вясеннія святы - Вялікдзень і Зялёныя святы, Купале - св. Яна Хрысціцеля і г. д. Акрамя таго, святкаванне Новага года тройчы змянялася (сакавік, верасень, студзень), і такім чынам песні з пажаданнямі шчасця пераходзілі з адной пары года на другую.

Святкаванне калядаў у Беларусі звычайна пачынаецца з вігіліі Божага Нараджэння і заканчваюцца вігіляй Трох каралёў. Увесь гэты час мае назвы "Каляды". Пра тое, як выглядала гэтае свята ў даўнія часы, сведчаць старыя легенды і дакументы […].

Беларусы не спявалі "калядак" на вігілію Божага Нараджэння, хаця гэта калядны дзень і ён прысвечаны абраду "куцці". Пад куццёй разумеюць вялікую посную вячэру, у склад якой непасрэдна ўваходзіць і ўласна сама "куцця" (ячменная каша з мёдам). Стол накрываюць сурвэткай, пад якую кладуць сена. У некаторых мясцінах у куце ставяць сноп жыта або пшаніцы. Падчас ежы селянін грукае па сцяне і запрашае мароз на куццю ў пакой і просіць, каб ён не марозіў ячмень, пшаніцу, гарох і г. д. Тое самае робіць і гаспадыня, яна прасіць мароз не марозіць агароды. У некаторых мясцінах заклікі да марозу падобныя на закляцці. Падчас вячэры, выцягваюць сцябліны сена або каласы са снапа, варожаць, каб было ўраджайнае лета. Варожаць таксама і па рэштках куцці.

Аналагічная "куцця" з такімі ж абрадамі адбываецца на вігілію Трох каралёў. Саломай з вымалачанага для куцці на вігілію Новага года снапа, абвязваюць пладаноснае дрэва ці вуллі. Напярэдадні Новага года бывае так званая "шчодрая куцця". З ёй звязаны звычаі і абрады, якія калісьці адбываліся. Гаспадыня гатуе для яе як мага больш няпосных страў, у некаторых мясцовасцях абавязкова была патрэбна свіная галава.

У калядны перыяд беларуская моладзь любіла пераапранацца ў звяроў: казу, мядзведзя, жураўля. Такія пераапрананні Лукаш Жыдзята называе маскарадам. Інакенцій Гізель, расказваючы пра тагачасныя звычаі, гаворыць, што ў перыяд Каляд, апрача хрысціянскага свята, святкуюць таксама "нячысціка" Каляду, якому прысвячаюць "богамерзкія" гульні і танцы і на вячорках пераапранаюцца ў розная брыдоты.

Так выглядаюць Каляды ў Беларусі. Каляды не з'яўляюцца ўласна славянскімі бо сустракаюцца і ў іншых народаў. Параўнанне са славянскімі, румынскімі і грэчаскімі Калядамі, паказвае вялікае падабенства паміж імі не толькі ў часе, абставінах і абрадах, але вельмі часта і ў змесце песень. Гэтае падабенства існуе не толькі сёння, але яно мелася і ў мінулым, пра што ў старажытныя часы сведчаць дзеянні царквы супраць калядавання там, дзе існавала грэка-рымская паганская абраднасць.

Самое слова "каляда" не з'яўляецца славянскім. Гэта мадыфікацыя лацінскага слова "calendae", грэцкага "kalandai", запазычанага славянамі і іх суседзямі ў розныя часы. У балгар сустракаецца ў форме "коляда", у сербаў "коледа", славенцаў "coleda" і г. д. і агульным мае не толькі назву, але і рытуалы, якія хаваюць сляды паганскіх святаў.

Царкоўная кніга, так званая "кормчая", датаваная 1282 г. (на Русь прыбыла з Грэцыі), змяшчае канон Трульскага сабору (692 г.), які забараняе калядныя абрады, пераапрананне і нашэнне касматых і казліных масак з-за таго, што яны паходзяць з Дзіянісійскіх святаў.

Календамі ў грэцка-рымскай старажытнасці былі першыя дні месяца. Найбольшае значэнне мелі студзеньскія календы, якія фактычна з'яўляліся канцом цыклу свят, якія пачыналіся Урумаліямі (24 лістапада - 17 снежня), за якімі наступалі Сатурналіі і Апаліі (17 - 23 снежня), падчас якіх у ахвяру прыносілі парася. […]

Беларусы напярэдадні Каляд ужывалі цікавыя стравы.

Свіння. Магчыма звязана з Сатурналіямі. На нараджэнне Божай Маці свініну ядуць балгары, сербы, румыны, а таксама на Сіцыліі і ў Англіі. Пэўную ролю мела свіння ў міфалогіі старажытных германцаў. У беларускіх народных казках "свінка - залатая шчацінка", прадстаўляе сонца. І хоць калісьці хрысціянства надавала свінні д'ябальскі характар, беларускі народ глядзіць на яе па-іншаму, бо нават уяўляе сабе св. Базыля верхам на парасяці, адсюль св. Базыль лічыцца абаронцам свіней.

У славян вельмі распаўсюджана ўжыванне кашы на куццю. Кашай некалі кармілі багоў земляробства і жывёлагадоўлі, кашу ў святочны перыяд ужывалі і старажытныя германцы.

Да перажыткаў паганскіх ахвярапрынашэнняў, здаецца, адносяцца і хлебныя рытуалы. Каляды ўключаюць некалькі рытуалаў з хлебам. Напрыклад дзеці падчас калядавання абсыпаюць гаспадара зернем і прыгаворваюць:

Ходзіць Ілля

На Базыля,

Нясе пугу

Жыцяную.

Дзе замахне,

Жыта расце,

Дзе не махае,

Там не бывае!

А ў полі ядром!

А ў дому дваром!

Радзі Божа, жыта-пшаніцу

Усякую пашаніцу!


Што да святочных варожбаў, дык акрамя вышэйпрыведзенай, існуе яшчэ і шмат іншых, якія датычаць ураджаю, пачатку жніва, росту жывёлы і інш. Пажаданні ў варажбе грунтуюцца на веры ў сілу слова. На гэтым жа стаяць віншаванні і пажаданні ў песнях.

Паводле матываў, беларускія калядкі і так званыя шчадроўкі дзеляцца на рэлігійна-хрысціянскія і эпічныя. Розніца паміж шчадроўкамі і калядкамі даволі цяжка сабе ўсвядоміць, і ў розных месцах тлумачаць іх па рознаму. Напрыклад, называюць шчадроўкамі калядкі, якія спяваюць на Новы год, ці "калядуюць" пераважна дарослыя, а "шчадруюць" дзеці і жанчыны.

Вось адна з калядак:

Стаіць святліца нова зрублена.

У той святліцы чатыры акенцы:

У першым акенцы - да яснае сонца,

У другім акенцы - да ясны месяц,

У трэцім акенцы - да дробныя зоркі,

У чацвёртым акенцы - да цёмная хмарка.

Яснае сонца - то жонка яго,

Ясны месяц - то сам гаспадар.

Што дробныя зоркі - то дзеткі яго,

Што цёмная хмарка - то жыта яго …

Шчодры вечар, добры вечар!


Ці іншая:

Хадзілі да гулялі калядоўшчыкі,

Запыталіся яны да багатага двара:

Багаты двор, жалезны тын,

Жалезны тын, медзяны варотцы,

Зашчэпачка тачоная, пазалачоная.

Як стук-постук па-вакошачку Іване?

Калі ж ты спіш, так спі здароў,

А ня спіш жа - паглядзі ў вакно.

Што на тваім двары дзеецца?


Далей ідзе апісанне дабрабыту гаспадара, які не павінен скупіцца з падарункам каляднікам. Апісанне двара ў беларускіх калядках нагадвае "быліны", напрыклад пра князя Сцяпанавіча, крыніцай якой ёсць "ліст каплана Яна" (XII ст.) пра цуды індыйскага каралеўства. Уяўленне гаспадара як месяца, жонкі - сонца і г. д. сягае ў часы міфічнага светапогляду, што дае падставу лічыць, што калядкі дайшлі да нас са старажытнасці.

Наколькі беларуская народная паэзія мае добра апрацаваныя калядкі пра сялянскі быт, настолькі мала маецца калядак з хрысціянскім зместам. Ім не хапае закончанасці, яны павярхоўна трактуюць тэму, пераскокваюць на іншае, яны апакрыфічныя і г. д., што кажа пра дрэннае веданне рэлігіі.

Напрыклад:

Прачыстая дзева сына радзіла,

Сына радзіла ў кітай1 спавіла.

Сталі папы гадаці якое імя даці?

Дай далі імя дай святы Ілля.

Дзева Марыя дай не ўзлюбіла,

Дай не ўлюбіла, дай не ўхваліла.

Сталі папы гадаці, якое імя даці?

Дай далі імя святы Пятро.


Маці Божай не падабалася і гэта імя. Тады папы наразе:

Дай далі імя дай Ісус Хрыстос.

Дзева Марыя дай узлюбіла,

Дай узлюбіла, дай ухваліла,

Пайшла ў цэркаўку дай пакланілась,

Дай пакланілась, дай азірнулась.

Азірнулась - аж сына няма.

Прачыстая Дзева дай заплакала,

Дай пайшла яна дай дарогаю,

Дай дарогаю. Дай шырокаю,

Дай сустракае Паўла з Пятром.


Пытаецца ў іх, ці не бачылі яны Хрыста? Ці не хаваюць яго ад яе?

Дай не сумуйся, дай прызнайемся,

На сінім моры, дай на раздоллі,

Хрыстос купаўся, на муку падаўся.

Ё там, стаяла жыдская школа,

Дай ўзялі Хрыста, дай замучалі,

Дай замучалі, дай разапялі.

Ды шыпшынкаю дай падпяразалі,

Ды ажынкаю ручкі звязалі.


У эпасе часта згадваюцца напады татар, выкраданне нарачонай ці яе адбіцце, або размовы з канём, заваяванне гарадоў і інш.

Падчас калядных забаў спявалі "Жаніцьбу Цярэшкі", "Яшчар", "Луч", "Апанас", "Чорт". Усе забавы былі вельмі распаўсюджаныя.

Падчас забаў "вадзілі казу", у якую, звычайна, пераапранаўся хлопчык, таксама пераапраналіся ў "дзеда", "цыгана", "музыку", "песняра". Хаджэнне з казой суправаджалася песнямі. Гэтыя забавы, як бачна з песень, маюць шмат агульнага са старажытнымі "скамарохамі" і праз гэта з Рымам і са старажытным тэатрам.

У большых гарадах бачым батлейку. На жаль, не захаваліся тэксты XVII-XVIII ст. Вядомыя, пазнейшыя зрусіфікаваныя тэксты. У батлейцы, акрамя тэкстаў і евангельскіх сюжэтаў, у асобных сцэнах прысутнічаюць: паніч з паненкай, казак, яўрэй, Аляксандр Македонскі, беларускі селянін і г. д.

Батлейка на вёсцы не прыжылася.

Ostoja [верагодна, Лявон Вітан-Дубейкаўскі]. "Kalady". Fragment z bialoruskich ludowych zwyczajow // Kurjer Wilenski. 1934. № 351.

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.

1 Маецца на ўвазе так званая "кітайка" - танная баваўняная тканіна, якая ў асноўным выраблялася ў Кітаі. Гэта можа ўказваць на тое, што прыведзеная рэдакцыя калядкі з'явілася ў XVIII ст. - Л. Л.

Кнігі Чынгіза Айтматава былі прадстаўлены ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

12 снежня 2023 года адзначалась 95-годдзе з дня нараджэння Чынгіза Айтматава, кіргізскага пісьменніка, класіка сусветнай літаратуры, які лічыў сябе касмапалітам, шанаваў сусветную культурную і літаратурную спадчыну, захоўваў традыцыі і памяць свайго народа. Яго кнігі былі перакладзены на 174 мовы і выдадзены агульным накладам у 80 млн. асобнікаў. Французскі паэт Луі Арагон называў аповесць Айтматава "Джаміля" лепшай аповесцю пра каханне.

На фотавыставе ў Нацыянальнай бібліятэцы былі прадстаўлены фотаздымкі, якія расказваюць пра дзяцінства, жыццё і творчасць пісьменніка, нагадваюць пра творчыя сустрэчы Чынгіза Айтматава з Габрыэлем Гарсія Маркесам, паэтам Луі Арагонам, кампазітарам Дзмітрыем Шастаковічам, рэжысёрам Мікеланджэла Антаніоні, расказваюць пра яго дыпламатычную службу ў Бельгіі, пра яго грамадскую дзейнасць.

Старшыня саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч на адкрыцці фотавыставы распавёў пра сувязі Чынгіза Айтматава з Беларуссю, пра яго сяброўства з Алесем Адамовічам і Васілём Быкавым. Самы знакаміты раман Ч. Айтматава "Бураны паўстанак. І вякуе дзень даўжэй за век"" перакладаў на беларускую мову Міхась Стральцоў. У 2018 годзе быў зроблены другі пераклад гэтай кнігі на беларускую мову. Творчасць Айтматава пранізана міфалагічнымі, эпічнымі матывамі, у яго творы ўплецены легенды, прытчы, неданаразова пісьменнік уздымаў тэму захавання гістарычнай памяці, народных і культурных традыцый. Таксама яго пяру належалі фантастычныя раманы і творы пра сувязь з іншаземнымі цывілізацыямі. Празаік зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё культуры цюркамоўных народаў. Пісьменнік таксама займаўся палітычнай дзейнасцю, два тэрміны ён быў дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, Чынгіз Айтматаў быў адным з пяці дарадцаў Міхаіла Гарбачова. Чынгіз Айтматаў некалькі разоў быў вылучаны на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры.

Эла Дзвінская. Фота аўтара.

БЕЛАЎЗОРЫСТАЕ ТКАЦТВА ПАНЯМОННЯ - ГІСТАРЫЧНА-КУЛЬТУРНАЯ КАШТОЎНАСЦЬ НАШАЙ КРАІНЫ

Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры г. Ашмяны наведала народны майстар Беларусі, супрацоўніца аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Валянціна Сільвановіч з мэтай правядзення школы - вучобы па запраўцы кроснаў.

Сумесна з майстрамі АРіТК г. Ашмяны была праведзена работа на ткацкім станку. Навіўшы асновы на кросны, народны майстар Беларусі паведала далейшы алгарытм работы для засваення традыцыйнай тэхнікі.

ТК "Культура Лідчыны".

"Мая нябачная Беларусь"

Так называецца выстава акварэляў і свяцільняў мастачкі Марыі Каралёвай, якая адкрылася і працуе ў Ружанскім палацавым коплексе роду Сапегаў.

Выстава складаецца з трох частак. Першая з 15 акварэляў прысвечана страчаным будынкам у Менску. Харальная сінагога, велічны касцёл Тамаша Аквінскага, стракатая забудова колішняй Захараўскай вуліцы (сучаснага праспекта Незалежнасці), работы гэтай часткі напісаныя па фотаздымках з улікам апісання агульнага выгляду, матэрыялу даху і сценаў, адкуль і ствараўся меркаваны колер. Напісаныя на рэльефнай акварэльнай паперы з цэлюлозы, у асноўным па-сухому, з прымяненнем невялікіх залівак.

Другая частка - акварэлі, дзе паўстаюць усё тыя ж страчаныя будынкі, але ўжо па ўсёй Беларусі. Прынцыпова адрозніваецца тэхніка напісання работ. Выкарыстоўвалася папера са 100% бавоўны, перад тым як пісаць, увільгатнялася з абодвух бакоў і выкладалася на падрыхтаваную паверхню (шкло, на якім раўнамерна расцягвалася мокрая баваўняная тканіна ці марля). Да таго, як пісаць, ліст, каб быў роўны, без хваляў, зверху яшчэ раз увільгатняўся мокрым пэндзлем. Дзякуючы такой падрыхтоўцы, атрымоўваюцца мяккія пераходы паміж колерамі, а дзе патрэбны дакладныя межы прадмета, перад напісаннем, трэба акуратна прамакнуць патрэбнае месца папяровай сурвэткай. Такім чынам, ліст застаецца максімальна вільготным, работа пішацца ў адзін этап, без лесіровак, што адпавядае тэхніцы "ала-прыма". І яшчэ адно адрозненне - спроба ўявіць, як бы аб'екты глядзеліся зімой, з гурбамі снегу, ці восенню, сярод жоўтага лісця.

Трэцяя частка - свяцільні. Спецыяльна для выставы, была выразана вялікая свяцільня з выявай Ружанскага палаца, пакуль адзіная ў такім памеры ў практыцы мастачкі Марыі Каралёвай. А таксама свяцільні стандартнага памеру з выявамі касцёла ў Камаях, Заслаўя, Мірскага замка і Менскага кафедральнага сабора. Выстава працягнецца да канца студзеня 2024 года.

Наш кар.

Усё жыццё на варце роднай мовы

Беларускі прафесар, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі Мікола Савіцкі напісаў і выдаў кнігу пра лёс беларускай мовы. Назва кнігі вельмі доўгая "Гучала - гучыць і будзе вечна гучаць беларуская мова ў незалежнай Беларусі". Кніга мае падзагаловак "Барацьба за адзіную дзяржаўную беларускую мову. Асабісты архіў пад адной вокладкай".

У кніжцы на 282 старонках змешчаны артыкулы аўтара, у якіх апісаны факты, падзеі, мерапрыемствы ў жыцці беларускага грамадства на ніве беларускага адраджэння на мяжы ХХ і ХХI стагоддзяў. Пададзены як бы факталагічны зрэз жыццядзейнасці беларускага грамадства ва ўмовах навязанага беларусам так званага двухмоўя, адкрытай антынацыянальнай палітыкі ў моўнай сферы. Ужо колькі дзесяцігоддзяў у афіцыйным жыцці краіны беларускае слова знаходзіцца на нулявым узроўні. Няспынны гістарычны працэс беларускага нацыянальнага адраджэння патрабуе ад кожнага беларуса пасільнага ўдзелу ў самавыратавальным працэсе беларускай нацыі ад русіфікацыі і асіміляцыі. Менавіта пра гэта разважае 89-гадовы прафесар Мікола Савіцкі. Вось як гучыць прадмова да кнігі.

П Р А Д М О В А

Як і многіх нацыянальна свядомых беларусаў, аўтара дадзенай кнігі вельмі непакоіць будучыня дарагой, любімай, роднай Айчыны. Так жахліва, несправядліва сталася, што ёй на карысць не пайшло нават аднаўленне ўласнай дзяржаўнасці, якой па віне царскай Расіі давялося пазбавіцца ў канцы XVIII ст. Ад таго часу і да канца 1980-х гадоў, за выключэннем некалькіх гадоў міжваеннай беларусізацыі, наш бацькаўскі край знаходзіўся ў эпіцэнтры царскай, а затым савецкай дзяржаўнай русіфікатарскай палітыкі. І самае страшнае, што ў правядзенні яе актыўна ўдзельнічала многа і беларусаў, са спакойнай душой, па-здрадніцку заганяючы ў магілу самую дарагую духоўную каштоўнасць нашай Бацькаўшчыны - яе родную, непаўторную ва ўсім свеце, спрадвечную беларускую мову, якая аб'ядноўвае народ у адно цэлае, з'яўляецца адным з галоўных паказчыкаў адметнасці нацыі, этнасу. Да канца існавання СССР яе вельмі моцна абкарналі, напоўнілі русізмамі амаль да нуля звялі сацыяльную функцыю, але яна на вялікую радасць не здалася, перажыла ўсталяваную камуністамі савецкую дзяржаўную русіфікатарскую сістэму.

Пры ўсіх негатыўных наступствах савецкай русіфікатарскай палітыкі беларусам у апошнія гады існавання СССР усё ж удалося стварыць больш-менш адпаведную іх нацыянальным інтарэсам дзяржаву. Узяты ёю прагрэсіўны, гістарычна апраўданы цвёрды курс на нацыянальна-культурнае адраджэнне знайшоў, без перабольшвання, моцную ўсенародную падтрымку.

Паводле ж прынятага 26 студзеня 1990 года Закона "Аб мовах у Беларускай ССР" усе сферы грамадскай дзейнасці ў краіне павінны былі абслугоў-вацца толькі беларускай мовай, што дапамагло б ёй нарэшце стаць рэальна дзяржаўнай, дзякуючы чаму здзейснілася б запаветная мара многіх пакаленняў нацыянальна свядомых беларусаў. Многім верылася, што абрыдлая русіфікацыя назаўжды пакінула змардаваны ёю беларускі абшар.

Усё карэнным чынам змянілася ў горшы бок пасля ўсталявання ўлетку 1994 года без патрэбы навязанай краіне прэзідэнцкай сістэмы кіравання. Ужо з першых дзён істотная колькасная перавага ў яе чыноўніцкім апараце асобаў прарускай арыентацыі прычынілася да аднаўлення згубнай сваімі разбуральнымі наступствамі русіфікатарскай палітыкі. Практыка апошніх трыццаці гадоў пераканаўча засведчыла, што такая палітыка дае найбольшую эфектыўнасць ва ўмовах, калі яе праводяць уласныя ўлады, а не якая-небудзь знадворная сіла, як гэта было за царскім і савецкім часамі. Вось чаму ў такім цяжкім, гаротным становішчы і знаходзіцца сёння беларускі народ, ужо не будучы падобным сам на сябе.

Калі на такую нацыянальную палітыку мы смела, рашуча не адкажам моцным усенародным супрацівам, застануцца марнымі спадзяванні беларусаў знаходзіцца ў сям'і самабытных народаў цывілізаванага свету. Сённяшняя нашая бяздзейнасць смерці падобнае. Хацелася б, каб справу нацыянальнага адраджэння працягнулі людзі, не абдзеленыя лёсам упарта дамагацца жаданага поспеху і ў самой сітуацыі, якая доўжыцца ў нас амаль трэць стагоддзя і не падае ніякай надзеі на пазітыўныя змяненне. Адсутнасць буйнамаштабнага нацыянальна-адраджэнскага руху немінуча прывядзе наш народ да этнічнай смерці, а яго краіну - да страты дзяржаўнага суверэнітэту.

Без этнічнай мовы няма нацыі, а ёсць неідэнтыфікаванае насельніцтва, таму любой цаной трэба захаваць гэтую неацэнную каштоўнасць, сапраўдную святыню Беларусі - беларускую мову.

Аўтар прысвяціў кнігу ўласнаму 90-годдзю.

Наш кар.

Выйшаў з друку гарадзенскі альманах "Новы замак"

Выйшаў з друку гарадзенскі літаратурны альманах "Новы замак" (№12) за 2023 год.

Літаратурны альманах пісьменнікаў Гарадзеншчыны вельмі цікавы і разнастайны як на аўтараў, так і на жанры і змест іх твораў. Літаратурнае выданне распачынаецца паэзіяй. У гэтым раздзеле надрукаваны вершы Рычарда Бялячыца, Уладзіміра Васько, Паліны Дваранскай, Міколы Канановіча, Альжбеты Кеда, Мечыслава Курыловіча, Віктара Сазонава і Янкі Трацяка. Арыгінальнымі атрымаліся паціверш "Лацінкаю піша тутэйшае поле" Альжбеты Кеда і смешыя вершы Янкі Трацяка.

З вялікай асалодай чытачы прачытаюць празаічныя творы празаікаў Гарадзеншчыны Віктара Варанца, Уладзіміра Васько, Міхася Зізюка, Віктара Сазонава, Станіслава Судніка і Янкі Трацяка.

Дэбютуе ў альманаху літаратурны клуб "Катарсіс", якім кіруе Віктар Варанец. Гэты творчы клуб дзейнічае пры Гарадзенскім дзяржаўным медінстытуце. Сяброў "Катарсіса" друкуюць у розных літаратурных выданнях Беларусі, а таксама некалькі старонак іх творчасці адведзена ў "Новым замку".

Юбілярам-пісьменнікам свае атрыкулы прысвяцілі Валянцін Дубатоўка, Мікола Канановіч, Сяргей Чыгрын і Янка Трацяк. Валянцін Дубатоўка шчырымі словамі прыгадаў і доктара філалагічных навук, прафесара Паўла Сцяцко (1930-2020).

У рубрыцы "Запісы" свае роздумы і даследаванні на суд чытачоў прадаставілі Рычард Бялячыц, Таццяна Валенцік, Валянцін Дубатоўка, Леанід Лаўрэш.

Не мінулі аўтары і юных чытачоў. Для іх Іван Буднік напісаў верш "Пра пчолку і жыццё вулея", а Сяргей Чыгрын - п'есу-казку "Верталёт Бабы-Ягі".

З усмешкай прачытаюць чытачы раздзел "Сатыра і гумар", у якім з мастацкімі творамі выступаюць Уладзімір Васько і Іван Буднік.

У канцы альманаха надрукавана традыцыйная рубрыка "Сярод кніг", якая распавядае пра новыя выданні гарадзенскіх літаратараў.

Мікалай Паляковіч.

ДЗЯРЖАЎНАЯ УСТАНОВА КУЛЬТУРЫ

"Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы"

ПРЭС-РЭЛІЗ

21 снежня ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбудуцца літаратурна-музычныя зазімкі "Адам Міцкевіч - таленавіты сын зямлі Навагрудскай", прысвечаныя 225-годдзю з дня нараджэння Адама Міцкевіча.

У 2023 годзе адзначаецца 225-я гадавіна з дня нараджэння вялікага паэта, імя якога ЮНЕСКА ўнесена ў спіс знамянальных дат. Адам Міцкевіч з'яўляецца выхадцам з Беларусі, ён з дзяцінства спазнаў жыццё беларускага народа, ведаў яго вусную народную творчасць, культуру, высока шанаваў яго мову.

21 снежня 2023 года ў канферэнц-зале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы пройдуць літаратурна-музычныя зазімкі "Адам Міцкевіч - таленавіты сын зямлі Навагрудскай", прысвечаныя 225-годдзю з дня нараджэння А. Міцкевіча. Мерапрыемства будзе напоўнена чытаннем твораў выдатнага паэта эпохі рамантызму, відэа-ролікамі, прэзентацыямі. Вядоўцы раскажуць пра сувязь паэта з Навагрудскай зямлёй, падмацоўваючы гэтае фота- і відэарадамі. Без увагі не застануцца і важныя гістарычныя падзеі творчай біяграфіі Міцкевіча-публіцыста.

Сярод запрошаных гасцей - аўтар апавяданняў, казак, вершаў Тарэза Смольская, сябры літаратурнага аб'яднання "Суквецце".

Танцавальная феерыя ад "Феерыя-Дэнс"

У мінулыя выходныя прайшоў заключны этап міжнароднага танцавальнага турніру "Belarus Open Cup-2023". Узорная студыя бальнага спартовага танцу "Феерыя-Дэнс" годна прадставіла Палац культуры горада Ліды на прэстыжным спаборніцтве. Вынікам выступаў сталі:

7 - першых месцаў;

9 - другіх;

14 - трэціх;

2 - пятыя;

2 - шостыя месцы!

ТК "Культура Лідчыны".

Навіны Германіі

Як Германія святкуе Каляды

На Каляды ў гасцях у немцаў: якія рытуалы важныя і чаму бульбяная салата - неад'емная частка свята

Як немцы святкуюць Каляды: усё, што вам трэба ведаць пра нямецкія калядныя традыцыі

Першым прадвеснікам Каляд становяцца пернікі і спекулос, якія як гром сярод яснага неба з'яўляюцца на паліцах супермаркетаў яшчэ напачатку верасня. З першага дня Адвэнту калядны настрой па ўсёй краіне распаўсюджваецца дзякуючы калядным кірмашам, калядным хітам, якія гучаць па радыё, і шматлікім гірляндам. Але нямецкія Каляды маюць мноства граняў і асаблівасцяў. Адказваем на самыя важныя пытанні.

Каляды святкуюць толькі рэлігійныя немцы?

Не. Хоць гэта хрысціянскае свята ў гонар нараджэння Ісуса Хрыста, але нават тыя немцы, якія не вызнаюць ніякай рэлігіі, святкуюць Каляды. Летась Каляды адзначаў 81 % жыхароў Германіі. Святкаванне Каляд - гэта важная сямейная традыцыя. Але ў царкву на Каляды ходзяць усё менш і менш людзей. Да пандэміі ўсяго 23,6 % планавалі наведванне царквы. У 2022 годзе гэты паказчык ўпаў да 15,4 %. Такія вынікі даследавання, праведзенага Універсітэтам бундэсвера ў Нойбібергу.

Якія калядныя традыцыі існуюць у Германіі?

Адзін з самых папулярных і вядомых звычаяў - ставіць калядную ёлку і ўпрыгожваць яе да Каляд. Калі справа даходзіць да пытання пра тое, ставіць на Каляды сапраўдную ці штучную ёлку, па-ранейшаму прасочваецца выразная тэндэнцыя: 43 % рэспандэнтаў адказваюць, што сёлета паставяць сапраўдную калядную ёлку. Прынамсі 24 % выбіраюць пластмасавае дрэва. Такія вынікі анлайн-апытання кампаніі Statista.

А што дораць немцы?

Амаль кожны другі (44 %) дорыць падарункавыя сертыфікаты ці проста грошы. Па выніках даследавання Ernst & Young 37 % дораць прадукты ці слодычы. Далей з невялікім адставаннем ідуць цацкі (34 %), адзежа (32 %) і кнігі (30 %).

Як праходзяць тыповыя нямецкія Каляды?

У Германіі два калядныя выходныя - 25 і 26 снежня. 24 снежня, куцця, для многіх складаецца з клапатлівай першай паловы дня і святочнага вечара. Калі куцця прыпадае на працоўны дзень, то крамы адкрыты да абеду і там досыць пакупнікоў, якія ў апошні момант закупляюцца падарункамі ці прадуктамі для святочнага стала. Пасля гэтага трэба ўпрыгожыць гірляндамі і рознакаляровымі шарамі калядную ёлку, спакаваць падарункі і прыгатаваць ежу.

Раннім вечарам збіраюцца ўсе чальцы сям'і. Некаторыя выконваюць такія традыцыі, як сумесны спеў ці музікаванне. Пасля вячэры пачынаецца ўручэнне падарункаў: можна распакоўваць скруткі, якія ляжаць пад каляднай ёлкай. Дзеці яшчэ за некалькі тыдняў да Каляд пішуць спіс жаданых падарункаў і з нецярпеннем чакаюць выканання сваіх жаданняў.

Маладыя людзі, якія на святы вяртаюцца ў свае родныя месцы, часта выходзяць на вуліцу позна ўвечар, каб сустрэцца са старымі сябрамі.

Што немцы ядуць на Каляды?

Па старажытнай хрысціянскай традыцыі з Дня святога Марціна 11 лістапада да 24 снежня трываў пост. Таму ў куццю часта падаюцца постыя стравы, напрыклад, карп, паколькі рыба лічыцца сімвалічнай поснай стравай. Бульбяная салата з сасіскамі таксама вельмі папулярная. У першы ці другі дзень Каляд за святочна накрытым сталом наладжваецца раскошнае застолле. Традыцыйная калядная страва - смажаны гусак з бульбянымі клёцкамі і чырвонакачаннай капустай.

© Shutterstock © www.deutschland.de © Adobe Stock

Дарыць калядную радасць

Фонд " Kinderzukunft " збірае падарункі для дзяцей, якія жывуць ва ўмовах беднасці. Падарункі дастаўляюцца грузавікамі ва Усходнюю Еўропу і на Балканы

Людзі цяжка могуць уявіць сабе Каляды без падарункаў, але для многіх дзяцей гэта рэальнасць. Фонд "Kinderzukunft" з 1995 года адпраўляе падарункі ва Усходнюю Еўропу, каб пацешыць дзяцей, якія растуць у беднасці і хваробах.

- Сёлета ў мерапрыемстве зноў бяруць удзел многія кампаніі, школы, дзіцячыя сады, клубы і прыватныя асобы, - паведамляе каардынатар праекта Сілья Омерт. - Дзякуючы фонду, дзеці ў тых краінах, якім мы дапамагаем, усміхаюцца часцей.

Ахвяраванні збіраюць па ўсёй Германіі

Ахвяраванні дастаўляюцца ў пункты збору па ўсёй Германіі. Усё, што падабаецца дзецям, мы загортваем у прыгожыя абгорткі: слодычы, цацкі, наборы для малявання і самаробкі.

Валанцёры пакуюць і адпраўляюць падарункі ў тым ліку і з Гесена. Шэсць грузавікоў адправіліся ва Усходнюю Еўропу і на Балканы ў першыя два тыдні снежня. Падарункі даходзяць, напрыклад, да дзіцячых дамоў ці ўстаноў для інвалідаў. Мэтавыя краіны - гэта Румынія, Боснія-Герцагавіна і Украіна. У 2022 годзе дзецям з краін Усходняй Еўропы і Балкан было адпраўлена каля 38 000 пасылак.

- Мы вельмі радыя, што, нягледзячы на працяглую вайну ва Украіне, ізноў можна будзе падарыць тамтэйшым дзецям адмысловую калядную радасць, - кажа Омерт. - Сёлета былі адноўлены кантакты з партнёрам па супрацоўніцтве, арганізацыяй Arbeiter Samariter Bund.

Галоўнае - салідарнасць

Апроч нявызначанасці, звязанай з вайной на Украіне, Омерт закранае адмысловую праблему, якую ўяўляе інфляцыя.

- Хоць мы разумеем, што ўсе сутыкаюцца з ростам цэн, мы будзем асабліва ўдзячныя, калі нам ахвяруюць на транспартныя выдаткі, па чатыры еўра за пасылку.

Фонд "Kinderzukunft" удзячны народу Германіі за салідарнасць, а таксама за бясконцую гатоўнасць дапамагаць на добраахвотнай аснове.

- Але людзі не проста даюць, ім штосьці вяртаецца, - кажа Вальфрам Екель. - Асабіста мне дастаўляе велізарную радасць, калі я ўяўляю сабе зіхатлівыя вочы дзяцей, якія атрымліваюць гэтыя пасылкі.

Вось ужо 35 гадоў фонд імкнецца стварыць перспектывы для дзяцей, якія растуць у беднасці. У фонда ёсць уласныя "дзіцячыя вёскі", ён таксама рэалізуе праекты ў вобласці харчавання і адукацыі па ўсім свеце. Фонд "Будучыня дзяцей" змагаецца з беднасцю непасрэдна там, дзе яна ўзнікае, і ў той жа час аказвае пастаянную дапамогу.

Лоралі-Мілен Швайгер, © NEVZOROV.COM.UA,© Stiftung Kinderzukunft.

Маўклівыя сведкі вялікай літаратуры

Мемарыяльныя дошкі пісьменнікаў на фасадах сталічных дамоў неяк незаўважна ператварыліся ў музейныя рэліквіі, датэрмінова спісаныя з галоўнай экспазіцыі ў запаснікі. Хутка ўжо нават жыхары дамоў не будуць ведаць, у гонар каго тых дошак у свой час панавешвалі. Родная літаратура - не вайна, не спорт і не сельская гаспадарка, пра яе ў тэленавінах не гаворыцца. А раз літаратура адсунутая на ўзбочыну грамадскага жыцця, то і дошкі перасталі выконваць прызначаную ім ролю.

Гэта паўвека таму паэт Леанід Дайнека (будучы гістарычны раманіст) мог філігранна рыфмаваць:

"Мемориальная доска

горит светло и гордо,

мемориальная тоска

берет меня за горло".

Прыцьмелі з таго часу дошкі, пазелянелі ад людской няўвагі. Кажучы біблейскімі словамі, былі яны сімваламі гуклівымі, а сталі меддзю маўкліваю.

Міма адной такой дошкі над "Купалаўскай" станцыяй метро я часта праходжу. Вісіць яна на доме, дзе жыў паэт-акадэмік Пятро Глебка. І вось зірне ён табе, бронзавы, услед, а ты дзеля прыліку і вершаў ягоных прыгадаць не можаш, бо са школы не перачытваў. Ды і біяграфія паэта асаблівай цікавасці не выклікала. Ну, актыўнічаў у бурапенным "Маладняку", сакратарыў у больш сур'ёзным "Узвышшы", складаў слоўнікі, кіраваў акадэмічным інстытутам, выбіраўся дэпутатам, ездзіў у ААН прадстаўляць БССР. Усё гэта не вельмі ўражвала.

Як жа я памыляўся, палічыўшы, што скупенькі прававерна-савецкі жыццяпіс Пятра Глебкі дзесьці на запыленай паліцы мог прывабіць толькі архіўных мышэй! Аказваецца, зусім не скупенькі - Глебкаў архіў у Акадэмічнай бібліятэцы налічвае ажно 2.100 тэчак, у большасць якіх да нядаўняга часу ніхто не заглядваў. Ды і з прававернасцю там, калі больш уважліва ўчытацца, не ўсё гладка.

А заглянула і ўчыталася ў раней незапатрабаваныя дакументы даследчыца Ганна Севярынец. У выніку на свет з'явілася кніга "Вакол Пятра Глебкі", паводле якой можна зняць захапляльны трылер. Адзін сюжэт з паэтавай жонкай чаго варты!

Так сталася, што ў 1941 годзе Ніна не адступіла разам з мужам на ўсход, а, застаўшыся ў акупаваным Менску, уладкавалася працаваць на нямецкае радыё. Зачытвала франтавыя зводкі пра перамогі фашысцкай зброі, расказвала пра новы парадак на захопленых землях. А ў Маскве, прыпадаючы да радыёпрымача, яе слухаў учарнелы ад гора Глебка. Як так магло стацца - яго каханая Ніна прадалася гітлераўцам, здрадзіла радзіме?!

Аднойчы немцы зладзілі ў Менску свята ўраджаю - з удзелам генеральнага камісара, з радыётрансляцыяй з плошчы Свабоды. Ад імя маладой Беларусі кветкі Кубэ паднесла чарнявая Ларыса Глебка. Прыёмная дачка, пра якую паэт яшчэ не ведаў, яе Ніна паспела ўратаваць з прызначанага на знішчэнне гета.

"Мы слухалі радыё, і я ўявіць сабе не мог, што думае Ніна. Што ж ты, мая дзяўчынка, нарабіла? Калі жыць і служыць немцам - для мяне гэта тое ж самае, што смерць," - занатоўваў у дзённіку Глебка ў Маскве. А ў Менску вяла дзённік Ніна, фіксавала свае будні: "Была на працы, атрымала паёк: павідла, 2 кг цукерак і вядро жыта".

Па словах Кузьмы Чорнага, Пятро Глебка заліваў сваё гора гарэлкай, часта трапляў у выпадковыя кампаніі - "жыў, як матыль у бляску дня". Але працягваў кахаць сваю Ніну, не ўяўляючы без яе свайго далейшага жыцця.

Невядома, чым скончылася б Глебкава празмернае пакланенне шкляному богу, калі б не Панамарэнка, які нарэшце выклікаў паэта да сябе і канфідэнцыйна паведаміў, што агент Т.Г.Н.І. ("таварыш Глебка Ніна Іларыёнаўна") выконвае адказнае партызанскае заданне. Гэта быў адзін з самых шчаслівых дзён у жыцці Пятра Фёдаравіча!

Эпапея з жонкай-падпольшчыцай - ці не галоўная інтрыга кнігі "Вакол Пятра Глебкі". Але і іншых цікавых момантаў на яе старонках - процьма. Прыкладам, хто ведаў, што першы сакратар ЦК КПБ Панамарэнка (родам з Кубані) пісаў на беларускай мове вершы? А ён іх пісаў - пад Глебкавым уплывам.

А яшчэ Глебка быў апошнім, хто бачыў Янку Купалу - у маскоўскім крэматорыі, ужо ў вогненнай пашчы печы.

Глебка збярог у сваёй бібліятэцы кнігі рэпрэсаваных сяброў і метрыку Кастуся Каліноўскага.

Глебка ўжо пасля першых арыштаў, у 1935-м, з рызыкай для сябе апублікаваў паэму "Кармэнсіта", дзе паспрабаваў абараніць права мастака на свабоду творчасці.

Глебка і слоўнікі складаў не бяздумна - скажам, замест гвалтам накінутага слова "вучашчыйся" прыдумаў натуральнае для нашай мовы "навучэнец"...

Вам яшчэ не захацелася перачытаць Глебку? Мне - як у спёку вады папіць. Зняў з паліцы яго выбранае, разгарнуў наўгад:

"Луг заліўся галасамі:

да яго ва ўсе канцы

выйшлі стройнымі радамі

загарэлыя касцы.

У кашулях ярка-белых,

у чырвоных паясах…"

Хіба ж на касьбе падпярэзваліся? Ніколі не бачыў. І падумалася, што не выпадкова так прыадзеў паэт сваіх касцоў, вывеўшы іх на луг, "заліты галасамі".

Цяпер і праз "бронзы мнагапуддзе" мне бачыцца жывы чалавек, які кахаў і пакутаваў, атрымліваў ордэны і выспяткі, якому дасталося на вяку і па спіне, і па баку.

Кніга "Вакол Пятра Глебкі" здзейсніла цуд - ажывіла амярцвелы за дзесяцігоддзі барэльеф. Паболей бы такіх кніг!

Міхась Скобла.

Паэзія на мяжы

11 снежня 2023 года сябры літаратурнага аб'ядинання "Суквецце" пры "Лідскай газеце" Ірына Маркевіч, Тарэза Смольская і Людміла Краснадубская ў чарговы раз падзяліліся паэтычнай творчасцю з хлопцамі - памежнікамі і падарылі ім зборнікі сваіх вершаў.

Засталіся прыемныя ўспаміны і памятныя фота.

Наш кар.

Адзін з заснавальнікаў беларускага літаратуразнаўства

Адным з заснавальнікаў беларускага літаратуразнаўства, выдатным вучоным і лектарам быў Яўген Барычэўскі (1883-1934), якому 17 снежня споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння.

Ён нарадзіўся ў Менску ў сям'і натарыуса. Скончыўшы Менскую гімназію, у 1903 годзе паступіў у Берлінскі ўніверсітэт, праз год перавёўся на гістарычна-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Пасля заканчэння вучобы быў пакінуты пры ўніверсітэце. Акрамя навуковай дзейнасці Яўген Барычэўскі займаўся педагагічнай (выкладаў рускую літаратуру ў сярэдніх навучальных установах Масквы) і літаратурнай (у газетах і часопісах друкаваліся яго шматлікія артыкулы і даследаванні). З 1918 па 1922 год быў вучоным сакратаром Галоў-музея РСФСР, сакратаром музейнага аддзела Наркамасветы РСФСР, адначасова чытаў лекцыі па філасофіі ў Маскоўскім і Петраградскім універсітэтах.

Вясной 1922 года Яўген Барычэўскі пераехаў у Менск. Пачаў працаваць у Беларускім дзяржаўным універсітэце, дзе выкладаў рускую, антычную і замежную літаратуры, а таксама тэорыю літаратуры. У 1928 годзе атрымаў званне прафесара. Пасля адкрыцця ў Менску Вышэйшага педагагічнага інстытута Яўгена Барычэўскага запрасілі на пасаду прафесара літаратурна-лінгвістычнага факультэта. Адначасова з'яўляўся навуковым супрацоўнікам Інбелкульта, затым Інстытута літаратуры і мастацтва Акадэміі навук БССР (1927-1934). У гэты перыяд акрамя напружанай педагагічнай дзейнасці займаўся даследаваннямі ў галіне агульнай паэтыкі, а таксама эстэтыкі новай беларускай літаратуры. Пачаў друкавацца ў выданні "Працы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта", часопісах "Маладняк", "Узвышша", "Полымя" і іншых. Асабліва цікавымі з'яўляюцца яго даследаванні "О природе эстетического суждения", "Аб акадэмічным выданні твораў Максіма Багдановіча", "20 гадоў беларускага друку", "Беларуская літаратура ў асвятленні расейскіх энцыклапедый" і іншыя. У 1927 годзе вышлі з друку кнігі "Паэтыка літаратурных жанраў" і "Тэорыя санету".

Працы Яўгена Барычэўскага вызначаюцца глыбінёй навуковага аналізу літаратурных з'яў і фактаў, выяўляюць багатую эрудыцыю аўтара. Тут упершыню ў беларускім літаратуразнаўстве тэарэтычныя пытанні паэтыкі ілюстраваліся прыкладамі з твораў Францішка Багушэвіча і Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа, Змітрака Бядулі і Міхася Чарота і многіх іншых пісьменнікаў. Манаграфія Яўгена Барычэўскага "Паэтыка літаратурных жанраў", якая пазнаёміла са станаўленнем найбольш важных жанравых форм эпасу, лірыкі, драмы, з'явілася для нашай краіны адкрыццём, падсумаваннем зробленага ў сусветнай літаратуры, грунтам для ўсведамлення нацыянальнага літаратурнага працэсу. Асаблівае месца ў ёй займае характарыстыка песні - самага старажытнага віду народнай творчасці. У 1928 годзе была выдадзена кніга "Матчын дар" Алеся Гаруна". Шэраг артыкулаў напісаў Яўген Барычэўскі для "Литературной энциклопедии". Як выкладчык, ён складаў праграмы для студэнтаў універсітэта па курсах рускай і замежнай літаратур. Для студэнтаў-завочнікаў падрыхтаваў падручнік "Паэтыка: курс для завочнага педфаку" (1929-1930). Яўген Барычэўскі з'яўляецца адным з першых бібліёграфаў у беларускім літаратуразнаўстве. Ён прымаў удзел у падрыхтоўцы збору твораў Максіма Багдановіча (т. 1-2, 1927-1928).

Яўген Барычэўскі таксама даследаваў творчасць класікаў рускай і заходнееўрапейскай літаратур. Добра ведаў нямецкую, французскую, лацінскую, старажытна-грэчаскую і іншыя мовы, быў таленавітым перакладчыкам заходнееўрапейскай літаратуры. Яго пяру належаць артыкулы "Літаратурныя погляды і густ сучаснай Нямеччыны", "Праблемы паэтыкі ў новай кнізе О. Вальцэля", "Гётэ і яго Фаўст", "Песні Беранжэ", "Вершы Беранжэ ў кніжнай графіцы" і іншыя. Не страціла навуковай каштоўнасці анталогія "Мир искусства в образах поэзии", складзеная Яўгенам Барычэўскім і выдадзеная ў Маскве ў 1922 годзе. Сярод перакладаў на беларускую мову выдзяляюцца "Афарызмы" Гётэ.

Напачатку 1930-х гадоў, калі ў БССР пачаліся рэпрэсіі супраць нацыянальнай інтэлігенцыі, Яўгену Барычэўскаму ставілі ў віну і "ідэалістычны" падыход да выкладання, і сацыяльнае паходжанне ("сын пана"), і "нацдэмаўшчыну". Акалічнасці смерці не ясныя, паводле адных крыніц, вучоны быў рэпрэсаваны, паводле іншых, не быў арыштаваны, памёр 12 верасня 1934 года ад анкалогіі. Пахаваны на Вайсковых могілках у Менску.

Навукова-педагагічная дзейнасць Яўгена Барычэўскага, уклад у развіццё беларускай навукі і культуры варты таго, каб яго імя назаўжды засталося ў памяці нашчадкаў.

Паводле СМІ.

Настроі беларускай вёскі

Размова з былым паслом Сабалеўскім

Некалькі дзён таму ў Вільні бавіў час сп. Юрый Сабалеўскі, адзіны з беларускіх паслоў "Грамады", які застаўся ў межах Польшчы.

Сабалеўскі разам з іншымі быў абвінавачаны ва ўдзеле ў дзейнасці антыдзяржаўнай "Грамады", першай інстанцыяй прагавораны да 6 гадоў вязніцы, але выракам апеляцыйнага суда быў цалкам апраўданы. Зараз былы пасол цалкам адсунуўся ад палітычнага жыцця, стала пасяліўся ў Стоўбцах і вядзе ціхае жыццё гаспадара з малога мястэчка.

Мы скарысталіся з яго прыезду ў Вільню, каб задаць шэраг пытанняў пра старую ўжо справу, якая зноў стала актуальнай пасля арышту грамадоўцаў у Менску.

На пытанне аб палітычных поглядах, мой суразмоўца адказаў:

- Я ёсць беларускі нацыяналіст з радыкальнымі поглядамі на ўладкаванне грамадства, які ў асноўным адкідвае парламенцкія формы кіравання. З-за сваіх поглядаў у мяне былі спрэчкі з палітычнымі аднадумцамі ў "Грамадзе", бо яны занадта часта некрытычна схіляліся да пазіцыі Камінтэрна, ігнаруючы нацыянальныя інтарэсы. Найвялікшымі шкоднікамі на полі нашай нацыянальнай працы лічу паслоў: Ваяводскага (NPCh - Незалежная сялянская партыя), Сахацкага і Варскага (камуністы). Большасць з маіх аднадумцаў бачылі ў іх вельмі карысных дзеячаў для нашай справы - і на гэтым грунце шырыліся нашы звады.

Відочна, што абвінавачанні, накінутыя на былых грамадоўскіх паслоў у Менску, цалкам недарэчныя. Блізка сутыкаючыся з імі як ў палітычным, гэтак і ў прыватным жыцці, катэгарычна заяўляю, што закіды савецкай улады у іх адрас ёсць вынікам злой волі. Нарэшце гэтыя абвінавачванні супярэчаць здароваму сэнсу, бо людзі, якія ў Польшчы адбылі шматгадовую кару вязніцай, не маглі супрацоўнічаць з органамі бяспекі.

- Што прывяло да выхаду "Грамады" з Беларускага пасольскага клуба?

- Пачынаючы з выбараў 1922 г. пасольскі клуб быў кангламератам людзей, не злучаных паміж сабой ані ідэяй, ані праграмай, якія не мелі выразнай палітычнай перспектывы. Бачачы безвыніковасць высілкаў па здабыванні належных правоў, гарантаваных для беларусаў канстытуцыяй, большасць паслоў перайшла ў апазіцыю і адкінула магчымасць кампрамісу з-за яго нерэальнасці. Напачатку ініцыятарам гэтай палітычнай акцыі быў пасол Рагуля, ён меў намер перацягнуць да сябе частку паслоў-беларусаў з "Вызвалення". Аднак потым, з-за інтрыг Ваяводскага, Рагуля быў адсунуты ад арганізацыі, якая пачала паўставаць, і неспадзявана на яе чале ўсплылі іншыя людзі з больш радыкальнымі поглядамі.

- Сярод якіх беларускіх элементаў на вёсцы, "Грамада" мела найбольшы поспех?

- У "Грамаду" ўступалі ўсе: беззямельныя і заможныя сяляне, усе, хто адчуваў сацыяльную ці нацыянальную крыўду. На чале гэтага руху стаяла беспрацоўная местачковая і вясковая інтэлігенцыя.

- Вясковая?

- Так, наша вёска мае значную колькасць інтэлігенцыі, якая прымушана працаваць на ўбогай раллі, бо не можа выкарыстаць сваю кваліфікацыю на належнай працы.

- Як беларускі люд ставіцца да польскага прыезджага элемента?

- Несумненна, варожа. Імпартаваная з Польшчы інтэлігенцыя знаходзіцца на нізкім інтэлектуальным узроўні, яна адмоўна ставіцца да беларускага духу, не разумее патрэбы нашага краю і акрамя гэтага, цалкам адасобленая і пазбаўленая ўсялякіх уплываў на мясцовае жыццё, пры гэтым абвінавачвае тутэйшы народ у антыдзяржаўных настроях. Маючы падтрымку з боку дзяржавы, яны дазваляюць сабе яшчэ больш напружваць адносіны праз злоўжыванне сваім прывелігаваным становішчам.

- Спадар прыехаў з правінцыі і, напэўна, ведае сучасныя настроі беларускай вёскі?

- Беларускі вясковец згінаецца пад цяжарам падаткаў і бязлітаснасці іх спагнання. Брак зямлі, брак дапамогі для вядзення рацыянальнай гаспадаркі, чужая мова ў школах, дзяржаўных установах і нават у гмінах - усё гэта стварае прыгнечаны настрой, нараджае характэрныя для беларуса пасіўнасць і бездапаможнасць, але адначасова будзіць у ім нуду і прагу да змены становішча, лічачы, што ён не мае да гэтай змены ніякага дачынення і не ведаючы, адкуль яна можа прыйсці. Нават марыць, як ні дзіўна гэта можа гучаць, пра вайну, бо мае надзею, што яна памяняе сучасны роспачны стан.

- Як вясковы люд ставіцца да рэлігійных спраў, да духавенства?

- Рэлігійнасць народа знаходзіцца не ў лепшым стане. Вясковец ідзе ў касцёл ці ў царкву толькі для выканання таго, што ад яго вымагае традыцыя, звычай ці закон. Паратунку для сваёй душы ён там не шукае. Без сумнення, духавенства страчвае свой ранейшы ўплыў на вёску.

- Як народ ставіцца да савецкай аграрнай палітыкі?

- Яшчэ нядаўна народ адмоўна ставіўся да калгасаў, якія ўведзены ў Саветах, але пад уплывам матэрыяльных цяжкасцей самая бедная частка сялян (а гэта большасць) нават савецкі эксперымент пачала ўважаць за лепшы, чым свой стан. Карацей кажучы, настрой адчайны.

Ol. Nastroje wsi bialoruskiej // Preglad Wilenski. 1934. № 10. S. 4-4.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

У Перу, Балівіі, Парагваі, Канадзе і Беларусі: Башлыкевіч, Кандрацюк, Свібовіч, Шапран; збліжэнне з індзейцамі праз вывучэнне гістарычных сувязей

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-50 (53-102) за 2023 г.)

Яшчэ адзін гістарычны тэкст (апошняя згаданая дата ў ім - восень 1993 г.) тлумачыць кірункі, якія здаваліся аўтару БСІ важнымі ў канцы мінулага стагоддзя. Паколькі наша бягучая серыя не абмяжоўваецца сустрэчамі, як вышэйшай праявай кантактаў, думкі, выказаныя ў ім, служаць пэўным рэзюмэ для ўсяго матэрыялу па сувязях. Маем таксама раннія накіды зместу задуманых кніг пра беларуска-індзейскія сувязі і "ўводныя" тэксты накшталт рускамоўнага пад загалоўкам "Уклад індзейцаў у развіццё Беларусі".

ПРАДМОВА ДА МАНАГРАФІІ "ІНДЗЕЙСКАЯ СЦЕЖКА ПРАЗ БЕЛАРУСЬ"

Дадзенае даследаванне прысвечана беларуска-індзейскім сувязям і ўключае аналіз працэсаў узаемадзеяння беларусаў, ураджэнцаў і жыхароў Беларусі з індзейцамі - карэнным насельніцтвам Заходняга паўшар'я. Прасочваецца дынаміка назапашвання інфармацыі, непасрэдных кантактаў, спецыфічна індзеянісцкай дзейнасці, кампаратывістыкі і ўплыву. Не прэтэндуючы на поўны ахоп усіх праблем і вычарпальнае выкарыстанне крыніц, аўтар тым не менш імкнуўся адлюстраваць карціну беларуска-індзейскіх адносінаў ва ўсёй іх шматграннасці. Сваёй задачай ён бачыў аб'ектыўны аналітычны агляд гісторыі беларуска-індзейскіх кантактаў з пункту гледжання беларуса.

Немагчымасць тэрміновага доступу да вялікай колькасці замежных, у тым ліку індзейскіх выданняў, абумовілі пераважную "беларускую" аднабаковасць даследавання. Дэтальнае вывучэнне ведаў індзейцаў пра Беларусь і іх бачання кантактаў з беларусамі патрабуе спецыяльнай даследчай праграмы, якая стане магчымай у будучым.

Пераадольваючы этнацэнтрызм, аўтар адмовіўся ад традыцыйных мадэляў асвятлення кантактаў паміж народамі на "дзяржаўным" узроўні. Суб'ектамі міжнародных адносінаў у манаграфіі разглядаюцца шматнацыянальны беларускі народ на Радзіме і ў дыяспары і карэннае індзейскае насельніцтва Заходняга паўшар'я, што складаецца са шматлікіх плямёнаў або народнасцяў. Адсутнасць у Беларусі прэцэдэнтаў вывучэння кантактаў паміж няроднаснымі па паходжанні і геаграфічна аддаленымі, рознымі колькасна, культурна і этнапалітычна народамі ўскладняла задачу, але і заахвочвала аўтара.

Узнікшая як вынік напластавання цікавасці аўтара спачатку да індзеяністыкі (каля 1976 г.), а потым да беларусістыкі (1984 г.), ідэя манаграфіі рэалізоўвалася праз бесперапынную апрацоўку інфармацыі на працягу дзесяці гадоў і моцна стымулявалася ў 1991-1992 гг. падрыхтоўкай да юбілею "адкрыцця" Амерыкі.

Аднак асноўнай прычынай настойлівасці ў гэтай аналітыка-інфармацыйнай працы было жаданне зблізіць народы - беларускі і сотні індзейскіх.

На думку аўтара, манаграфія павінна стаць падмуркам для далейшага вывучэння шырокага кола праблем, уключаючы нарысы па кантактах беларусаў з асобнымі індзейскімі этнасамі, якое можа ажыццяўляцца ўжо пры непасрэдным удзеле міжнацыянальных і племянных арганізацый і асобных індзейскіх даследчыкаў.

Непасрэдная камунікацыя з індзейскімі народамі можа быць узмоцнена спецыяльнымі намаганнямі, што прывядзе да змянення характару знешніх уплываў на Беларусь, змякчэння "культурна-імперыялістычнага" ўварвання вялікіх суседніх і далёкіх дзяржаў.

Найбольш яскравымі прыкладамі спроб беларуска-індзейскага збліжэння могуць служыць перапіска створанага ў 1987 г. Беларуска-індзейскага таварыства з арганізацыямі і "індывідуальнымі" індзейцамі, а таксама прапановы восені 1993 г. амерыканскага антраполага Гордана Браніцкага "прынесці" "лепшае, што Індзейская Амерыка мае прапанаваць" Беларусі. Д-р Браніцкі прадстаўляе "некалькі індзейскіх мастакоў і груп, якія жадаюць выступіць або выставіцца ў Беларусі". З-за няпэўнай палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сітуацыі, нягледзячы на звароты да пасольстваў і Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь па дапамогу ў фінансаванні прыезду індзейскіх мастакоў і музыкантаў, пачатак гэтых прэзентацый значна зацягнецца, але важны сам факт намаганняў у гэтым накірунку.

Аўтар шчыра дзякуе ўсім, хто дапамагаў у стварэнні гэтай кнігі. Асабліва істотным быў інфармацыйны ўклад А. А. Баркоўскага, М. В. Шуканава і іншых членаў Беларуска-індзейскага таварыства, а таксама ўсіх асоб, якія адгукнуліся на пісьмовыя запыты. "Зварот Беларуска-індзейскага таварыства да суайчыннікаў у Амерыцы", пасланы для публікацыі ў органы друку Беларусі, Польшчы і ЗША, а таксама да асобных лідэраў [лідараў] беларускай эміграцыі ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, быў з вялікім спазненнем даведзены да ведама толькі нязначнай групы амерыканскіх беларусаў - чытачоў газеты "Голас Радзімы", дзякуючы чаму не стае важных сведчанняў, "вуснай гісторыі" беларуска-індзейскіх кантактаў.

Літ.:

282 Беларусы і індзейцы - на сцежку супрацоўніцтва! Па даручэнню Савета таварыства зварот падпісаў Алесь Сімакоў // Голас Радзімы. 1991. 29 жн. С. 5.

БАШЛЫКЕВІЧ Сяргей - родам з Ашмян, жыве ў Галандыі, вядомы найперш як музыкант з групы "Leibonik". Ён інжынер-айцішнік, г.зн., працуе ў сферы развітых тэхналогій. Тым не менш, адзін з вобразаў Сяргея спрошчаны - толькі ў абутку і з гітарай; гэта "па-нашаму", з той розніцай, што натуральныя людзі ў Амерыцы хадзілі без адзення з прычыны адсутнасці неабходнасці ў апошнім, а ў Сяргея гэта артыстычнае дзеянне: ён не дзікун.

У Сяргея спыталі, чаму ён ездзіць ў "нетыповыя" для наведвання краіны (напрыклад, Балівія ў паездках беларусаў прысутнічае значнае радзей, чым Перу і Эквадор) і часта выбірае горы. "У мяня няма ніякага канцэпту - езджу туды, дзе цікава". Адказ нібыта карэннага амстэрдамца. Восенню 2023 г. ён наведаў Перу і Балівію.

Літ.:

4983 Ла-Пас // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 8. Мн., 1999. С. 131.

9549 Курловіч-Бяляўская П. С. "Галандскія" тытунёвыя люлькі як сведчанне еўрапеізацыі ў матэрыяльнай культуры беларускіх гарадоў у XV - XVIII стагоддзях // Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць: зборнік навуковых прац удзельнікаў VIII Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, 26-27 чэрвеня 2013 г., г. Магілёў / уклад.: А. М. Бацюкоў, І. А. Пушкін. Магілёў, 2013. С. 187-194.

10953 Sienkiewicz H. La lanternisto kaj aljaj prozajoj de polaj autoroj / elektis kaj tradukis D-ro Kazimierz Bein (Kabe). Amsterdam, 1938. (Libroservo Federacio de Laboristaj Esperantistoj; "Лятарнік", надрукаваны ў Амстэрдаме на эсперанта.)

6030 Глобус А. Толькі не гавары маёй маме...: раман пра здзіўленне // Глобус А. Тэксты: Парк; Адзінота на стадыёне; Смерць-мужчына; Скрыжаванне; Дамавікамерон; Толькі не гавары маёй маме...; Круглы год; Койданава; Новы Дамавікамерон; Post scrіptum. Масква, 2000. С. 570-613. (Амстэрдам-Мiнск. 7.ХII.1994-9.III.1995.)

КАНДРАЦЮК Ганна (4) (Hanna Kondraciuk) - з буклета, які з 1993 г. мы мелі ад сакратара каталіцкай "канферэнцыі", прысвечанай Катэры Тэкаквіта (беатыфікаваная папам Іаанам Паўлам II ў 1980 г., а з 2012 г. святая), можна даведацца, што яна жыла каля Манрэаля пасля таго, як вымушана была пакінуць сваю радзіму ў штаце Нью-Ёрк (бацька быў з магаўкаў, а маці з алганкінаў). Такім чынам, Катэры (Кацярына) аб'ядноўвае індзейцаў ЗША і Канады ў складаным дыялогу культур, рэлігій. Індзейцы нярэдка адмаўляюцца ад хрысціянства на карысць "роднаверства", часткова гэта тлумачыцца "культурнай апазіцыйнасцю". Некаторыя з іх не згаджаюцца лічыцца хрысціянамі нават намінальна. Магаўк Джон Фадэн, які сапраўды заўсёды ў нашым сэрцы, прама назваў сваю рэлігію верай Доўгага дома - традыцыйныя погляды ў ёй нязначна мадэрнізаваныя. Хто хоча, можа іранізаваць з такога падыходу.

Мірная, можна сказаць - ідылічная, нягледзячы на апісаныя гістарычныя жорсткасці, гуронская прыгода ў Квебеку Ганны Кандрацюк заканчваецца гэтым odcinkiem:

"- 4 -

- Квэ!

Так гучыць прывітанне на мове гуронаў-вендаке.

Калі пераступім парогі скансэна, нас прывітаюць яшчэ больш квяцістымі словамі-пажаданнем: "Хай вашая тут пабыўка будзе вясной зацікаўлення нашай гісторыі і сучаснасці".

Усе дарогі ў рэзервацыі вядуць у музей-скансэн. Мне падабалася на індзейскай сцежцы, найперш таму, што вярнуўся нюх, так неабходны на паляўнічым шляху. Чамусьці ад рання праследавалі мне свойскія карціны. Будучы ў рэзервацыі Квебек, я маньякальна думала пра Сухаволю (стары назоў: Сухая Яцвеж) і ксяндза-пакутніка Ежы Папялушку. I, як паказалася - недарма. Славуты скансэн, якога не абміне ніводзін турыст, знаходзіцца тут па вуліцы Станіслава Косткі. Гуроны, як і канадцы, пазначылі імёнамі святых свае вуліцы. Паколькі хрысціянскую місію вялі тут езуіты, на першым месцы ўшаноўваюцца святыя гэтага ордэна.

* * *

Гісторыя пасёлка купаецца ў крыві і пакутах першых місіянераў-езуітаў. Праўда, самі вендаке за ўсе здзекі тут абвінавачваюць варожае племя іракезаў. Непатрэбна такі стыль прыпісваць адным індзейцам. У падобны спосаб з місіянерамі абыходзіліся і нашы яцвягі ды прусы.

Цяжэй паверыць, што крывавыя сцэны адбываліся так нядаўна - раптам чатырыста гадоў назад. У 1609 годзе ідэаліст і падарожнік Самуэль дэ Шамплейн, пісаў агульна пра індзейцаў:

"У іх нікчэмная схільнасць да помсты, усе яны вялікія ілгуны. Не можна ім верыць. Заўсёды трэба быць асцярожным і трымаць пад рукой зброю. Не ведаюць, што значыць любіць і маліцца Богу. Жывуць, як дзікія бестыі, хоць думаю, што хутка павярнулі б на шлях хрысціянства. Трэба адно, каб нехта сярод іх пасяліўся і задбаў пра іх душы..."

Ідэаліст дадае, што індзейцы-іракезы празывалі езуітаў "чорнымі сукенкамі" і ўспрымалі іх як сімвал зла і няшчасця. Захавалася таксама справаздача ад 16 сакавіка 1649 года пра пакутную смерць будучага святога, езуіта Жана дэ Брэбефа (Jean de Brebeuf). Гэты святы зараз карыстаецца вялікім прызнаннем сярод жыхароў рэзервацыі. Фрагмент знаходжу ў "Справаздачах езуітаў", спісаных езуітам-місіянерам Крыстофам Рэгнотам (Christophe Regnaut):

Наехалі іракезы, занялі нашу вёску, яны схапілі айца Брэбефа і яго таварыша. Спалілі хаты. Каб адрэагаваць сваю злосць, яны абдзерлі з вопраткі манахаў і голых прывязалі да слупа. Павязалі ім рукі і ногі і сталі лупцаваць каламі. На целе пакутнікаў не было ніводнага месца, якое не было б збітае ў гэтакі жорсткі спосаб. Пасля айцоў паддалі яшчэ большым катаванням-выпрабаванням. Нягледзячы на боль, айцец Брэбеф безупынна прапаведаваў сваю навуку, аж тыя ад злосці і бязраднасці абрэзалі яму губы і язык. Урэшце, калі пасля доўгіх пакут святы сканаў, іракезы выдзерлі і з'елі яго сэрца. Яны верылі, што такім спосабам удасца ім займець адвагу езуіта.

* * *

Гуроны-вендаке - нацыя, якая ганарыцца сваім паходжаннем. Не без уплыву тут дабрабыт аўтахтонаў. Дамы вендаке не адрозніваюцца ад тых, у якіх пражываюць французы. Яны падобна дагледжаныя, з акуратна падстрыжанымі газонамі, часта ля іх стаяць па тры самаходы...

I не такая страшная перспектыва жыць у рэзервацыі. Гуроны, у асноўным, жывуць з турыстаў. Дзеля турыстаў працуюць дзесяткі [дзясяткі] сувенірных крамаў, бары, гасцініцы, ладзяцца фестывалі песні, танцу, літаратурныя чытанні.

За свае паслугі індзейцы патрабуюць прыстойных грошай. За пабыўку ў скансэне, схаваным за агароджай з частаколу, трэба заплаціць пятнаццаць долараў. За дадатковыя грошы вас можа суправаджаць гід у індзейскім касцюме. Каб пасмакаваць традыцыйную кулінарыю, якую ў асноўным складаюць стравы з дзічыны, дынь, кукурузы [,] трэба выдаць чарговых 20-50 долараў. Аднак найбольшыя спакусы чакаюць у сувенірных крамах. Гуроны-вендаке славяцца арыгінальнай вытворчасцю біжутэрыі і ботаў-макасінаў. Мне дадаткова пашчасціла купіць тут этнічны кампакт-дыск з шаманска-медытацыйнымі спевамі. Праўда, маё шчасце не трывала доўга. Юніёр Кінг - выканаўца - паходзіў з Арызоны (ЗША) і прадстаўляў зусім іншае племя...

- I так у цябе вялікае шчасце, - даказвалі знаёмыя.

- Шчасце!

Шчасце, большасць індзейскіх цацак выпускаюць у Індыі і Кітаі.

I тут я адчула, што кола гісторыі закруцілася. Калісьці вучылі нас, што Амерыку выкупілі ў індзейцаў за каралі і брошкі...

- Квэ!".

Літ.:

830 Шаманства // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 11. Мн., 1974. С. 288.

7946 Шаманства // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 17. Мн., 2003. С. 365.

8170 Шаманства // Рэлігія і царква на Беларусі: энцыклапедычны даведнік. Мн., 2001. С. 357.

1096 Встреча шаманов Америки (Мехико) //Сельская газета. 1989. 27 сент.

4925 Ведьма шаману - рознь // 7 дней. 1997. 13 сент. С. 6.

9933 Дзіханава-Внукоўская Л. А. Прастора, час і выратаванне: значэнне заакіянскіх місій для ордэна езуітаў у XVI-XVII стст. // Беларускі гістарычны часопіс. 2012. № 12. С. 22-26.

СВІБОВІЧ Мікалай (Svibovich) - нарадзіўся ў 1950 г. у сям'і Аляксея Свібовіча і Тэклі Нагорнай, сялян па паходжанні, - ужо за акіянам. Гэты аргенцінскі беларус прыехаў з дачкой на радзіму продкаў, у выніку чаго, акрамя звестак пра Свібовічаў, якія апрацаваў для сваіх друкаваных работ даследчык беларускай дыяспары ў Аргенціне і суседніх краінах С. Шабельцаў, маем інфармацыю з некалькіх вэб-старонак.

Дзед Мікалая Герасім Свібовіч, на працягу чвэрці стагоддзя расійскі і затым польскі вайсковец, удзельнік ПСВ, быў ураджэнцам вёскі Добрая Воля (Лунінецкі раён). У 1937 г. ён вывез у Аргенціну ўсю сям'ю - з дзецьмі і ўнукамі.

Бацькі Мікалая з-за наступстваў эканамічнага крызісу ў Аргенціне ад'ядналіся ад Герасіма і яго старэйшага сына і пераехалі ў Парагвай. "Жабрацкаму жыццю надгаладзь у горадзе Свібовічы аддалі перавагу сельскагаспадарчай працы на хутары, якая гарантавала хоць які-небудзь пражытак". З-за вайны з Балівіяй на "хутарскіх гаспадарках" Парагвая не хапала працаўнікоў, таму краіна імкнулася прыцягнуць больш эмігрантаў з Еўропы.

"Бацькі пасяліліся ў калоніі Сан-Хуан [San Juan] за 20 км ад пагранічнага горада Энкарнасьён [Encarnacion] і працавалі там на так званай "чакры". Вырошчвалі пшаніцу, маіс. У Парагваі зямля такая ўдзячная: што ні пасееш - усё вырасце! Хутка разраслася і наша сям'я: адзін за адным на свет з'явіліся трое маіх братоў і я… Мы дапамагалі бацькам разводзіць коней, свіней, курэй і іншую жыўнасць. Тата нават лес валіў, а мама ў гэты час яго з вінтоўкай ахоўвала ад агрэсіўна настроеных індзейцаў. У вольны час бацька хадзіў на рыбалку. А рыба там, ведаеце, якая? Калі нясеш у руках, то яе хвост па зямлі цягнецца. Вадзіліся ў той мясцовасці і змеі да 4 метраў даўжынёй, і гепарды [?], і ягуары. Аднойчы велізарны мядзведзь у дом ламаўся, і бацька, каб выратаваць сям'ю, вымушаны быў кінуць у яго сякеру. Сярод мясцовага насельніцтва тата лічыўся добрым спецыялістам па забоі свіней, і ў нас у гаспадарцы была асобная камора для апрацоўкі туш. Потым варылі квашаніну, боршч, сала смажылі. Увогуле мама гатавала простую беларускую ежу".

Мікалай звяртае ўвагу, што імігрантаў з Польшчы, сярод якіх былі яго родзічы, лацінаамерыканцы "ўпарта" называлі "polaco", нават час-"лекар" не дапамагаў многім пачаць аддзяляць усходніх славян ад палякаў.

"Сапраўды, там, за акіянам, адбылося асаблівае перапляценне культур. Дома мы гаварылі па-беларуску, часам дадаючы рускія словы. З украінцамі, якія жылі побач, размаўлялі па-ўкраінску, з мясцовым насельніцтвам - на адным з іспанскіх дыялектаў, які мы называем "касціжэ". Сваіх беларускіх школ мы не мелі і вымушаныя былі вывучаць чужую мову, на якой сёння размаўляюць нашы дзеці ад змешаных шлюбаў".

Жонка Мікалая - каталічка-аргенцінка, але іх дачка Надзея была ахрышчаная ў праваслаўнай царкве. Жывучы ў Буэнас-Айрэсе, Мікалай атрымаў спецыяльнасць машыніста парахода, потым хацеў набыць і прафесію архітэктара, але ВНУ не скончыў. Тым не менш, сам спраектаваў і пабудаваў уласны дом.

Літ.:

9603 Шабельцаў С. Беларусы ў Аргенціне: грамадская дзейнасць і рээміграцыя ў СССР (1930-1960-я гг.): зборнік дакументаў і ўспамінаў. Мн., 2009.

10611 Цяўлоўскі Э. Беларусы ў Аргентыне // Запісы. 2009. № 33. С. 75-84. (Чэ Гевара "лічыў на падмогу індыянскіх плямёнаў (кечуа, аймара, гуарані) і на эмігрантаў з савецкімі пашпартамі. Па чакрах пачалі хадзіць агітатары, цягнуць да балівійскай сельвы людзей да партызанкі Чэ Гевары, які спадзяваўся хуткай перамогі ў Балівіі, а пасля перакінуцца ў Парагвай".)

9604 Шабельцев С. В. Иммигранты-чакареро из II Речи Посполитой в Аргентине и Парагвае: воспоминания белорусов и украинцев. Мн., 2011.

815 Парагвай // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 8. Мн., 1975. С. 100-102.

6149 Парагвай // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 12. Мн., 1996. С. 78-80.

6150 Парагвайцы // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 12. Мн., 1996. С. 80.

3374 Парагвай // Политинформатор и агитатор. 1985. Нояб. С. 32.

4399 Рушин А. Последний из могикан рассказывает: когда умер русский генерал Беляев, трехдневный траур был объявлен в... Парагвае // Во славу Родины. 1996. 6 февр.

6233 Чичкин А. Зачем вам, поручик, река Парагвай? // Советская Белоруссия. 2001. 11 окт. (Союз. Беларусь - Россия. С. IV; І. Бяляеў.)

6177 К. Севярын. Парагвай // Наша ніва. 1993. № 10. С. 15.

ШАПРАН Сяргей - ураджэнец Рыгі, журналіст, літаратуразнавец, адзін з асноўных біёграфаў некалькіх выдатных творцаў.

Быў у зносінах з індзеяністамі, асабліва са сваім сябрам А. Мяцеліцам, знаёмы з многімі замежнымі індзеяністамі дзякуючы сваёй прысутнасці на паўваў у Расіі і прыезду іх у Беларусь. Несумненна, яго ўвага, як музычнага аглядальніка, была павышаная і ў сувязі з музыкай, прадстаўленай у Расіі і Менску як індзеяністамі, так і індзейцамі.

Прыняў удзел у падрыхтоўцы прыезду і арганізацыі знаходжання, сустрэч і выступленняў у Беларусі індзейца наваха Уільяма Язі. Меў зносіны з Уільямам у розных памяшканнях у Мінску. Арганізаваў відэазапіс аповедаў і музыкі госця сталіцы (і нават прапанаваў перазапісаць - для будучага фільма - тое, што зняў сваёй камерай сам Уільям, - індзеец прама не адмовіўся, але сказаў, што хваляваўся б, калі б яе ўзялі на ноч, нават пры гарантыі "safe return" - пытанне спрэчнае, ці можна было гарантаваць, з беларускага боку, вяртанне ў тым жа выглядзе, калі на "нашай агульнай прасторы" індзейцы ўжо страчвалі знятае імі, хаця і не з-за тэхнічнай прычыны; далікатна ці не вельмі, але пытанне вырашылася, дакладней - не вырашылася).

Сяргей быў у перапісцы з К. Шэрманам і апублікаваў тое, што лічыў неабходным паведаміць у апошні перыяд сваёй хваробы "наш індзеец чаруа".

27.11.2020 г., у адказ на наш запыт адносна магчымага супрацоўніцтва ў публікацыі сабранай інфармацыі і забеспячэння яе захаванасці, Сяргей паведаміў: "Асноўныя тэмы маіх даследаванняў - гэта Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін". І пра праблемы з выданнем кніг.

Для яго і тых, каго гэта таксама можа зацікавіць, - матэрыялы да тэмы "Ніл Гілевіч і народы свету (карэнныя, племянныя).

Змяшчаем наш ліст да Ніла Гілевіча і яго адказ.

22.01.1995 г., на яго хатні адрас:

"Паважаны Ніл Сямёнавіч!

Мы працягваем звяртацца да беларускіх пісьменнікаў з просьбай растлумачыць матывы звароту да індзейскай тэмы. "Выміраюць плямёны", "Калі я жыў?", "Сто вузлоў памяці", "Хаваймася, тата!" - Вашыя творы, у якіх згадваюцца індзейцы.

Карыстаючыся выпадкам, хацелі б звярнуць увагу на тое, як датуецца пры перадрукоўках Ваш верш "Выміраюць плямёны":

Беларусь, 1981, № 2

Воляй азорыцца свет. Мн., 1985 1982

Повязь. Мн., 1987 1980

Слова міру і праўды. Мн., 1987 1984

Відаць, канчаткова вырашыць гэтую праблему можаце толькі Вы самі, і мы будзем удзячны, калі атрымаем ад Вас дакладную дату.

Нас цікавяць таксама прамыя і ўскосныя кантакты нашых суайчыннікаў з індзейцамі ў час наведвання Амерыкі. З павагай Алесь Сімакоў,

выканаўчы сакратар".

Адказ быў ва "ўрадавым" канверце (Гілевіч быў дэпутатам Вярхоўнага Савета XI і XII скліканняў (1985-1995)), машынапісны, але без даты, па паштовым штэмпелі яго датуем 23.05.1995.

"Паважаны Алесь Сімакоў,

Верш "Выміраюць плямёны" напісаны ў 1980 г. Правільная дата ў зб. "Повязь" і "Выбраных творах" у 2-х тамах /Мн., 1991/. У апошнім выданні - і апошняя аўтарская рэдакцыя гэтага верша.

Ніякіх кантактаў з індзейцамі ў мяне, на жаль, не было.

Зычу Вам поспехаў у працы.

З павагай

Ніл Гілевіч".

У гэты час ён заставаўся на пасадзе старшыні ТБМ. Увайшоў у гісторыю і як першы рэдактар "Нашага слова". Падобна да Рыгора Барадуліна, ён адносіўся да індзейскага матэрыялу як да крыніцы і публіцыстычнай кампаратывістыкі, і гумару.

У яго вершы "Калі я жыў? Падказка для нашчадкаў" (1975) прагучала:

"На выкапнёвай старапрускай,

На мове інкаў і этрускаў

Таксама хораша ішло,

I толькі роднай беларускай

У школах месца не было".

Яго верш "Хаваймася, тата!", як ён з'явіўся ў зборніку "Кантора" (1989):

Убачыў аднойчы ў кіно Ігарок,

Як фарбамі твары малююць індзейцы,

І ў бацькі спытаўся (цікаўныя дзеці!):

- Навошта яны сябе мажуць знарок?

А бацька ў адказ: - Гэта значыць, яны -

Да бітвы рыхтуюцца, сын, да вайны.

Назаўтра ж уранку, падняўшыся шустра,

Малышык да бацькі ўляцеў у пакой:

- Хаваймася! Мама стаіць перад люстрам -

Рыхтуецца йсці на кагосьці вайной!

…Штосьці індзейскае, мужнае знаходзім і ў твары Сяргея Шапрана. Мы не заўважылі, каб Сяргей любіў смяяцца, але спадзяёмся, што ён не ўспрыняў занадта сур'ёзна некаторыя непаразуменні, якія ўзнікалі на "індзейскай сцежцы праз Беларусь".

Літ.:

2459 Гілевіч Н. Выміраюць плямёны // Беларусь. 1981. № 2. (Гілевіч Н. Лірычны каментарый да нашага радаслоўя; Выміраюць плямёны; "Апошні аўтобус..." ; "На горад аціхлы, на скверык адталы..."; Каля помніка Марыі Занькавецкай у Кіеве; Акадэміку Г. І. Гарэцкаму. С. 16-17.)

12601 Гілевич Н. Племена вимирають / пер. В. Моруги // Дніпро. 1981. № 9. С. 7-8. ("Племена вимирають: Зникають аборигени Островів Океанії, Гинуть індійці Аляски... [так!] "Що ж , не родяться діти. Самі розумієте - гени!.." Не соромиться панство Брехні з наукової казки. ...Од колишнього цілого роду Лишилося нині Двадцять п'ять чоловік. - Всіх під нагляд узято. Та пізно - Медицина безсила, Коли їм судилось загинуть: Відтісняв їх освічений брат, Відтісняв і... дотиснув"; Васіль Маруга (1947-1989), украінскі паэт, журналіст, перакладчык, нарадзіўся на Данетчыне ў 1947 г.: с. (укр.) Сонцеве, (рус.) Солнцево, Старобешівський район, Сталінська область, Українська РСР.)

6882 Гілевіч Н. Племена вимирають / пер. В. Моруги // Сузір'я. Вип. 17. К., 1982.

157 Гілевіч Н. Выміраюць плямёны // Воляй азорыцца свет: вершы беларускіх паэтаў / уклад. С. Папар; уступ. арт. А. Грачанікава; маст. I. I. Бокій. Мн., 1985. С. 67-69.

11292 Гілевіч Н. Выміраюць плямёны // Гілевіч Н. Як дрэва карэннем: вершы і паэмы. Мн., 1986.

156 Гілевіч Н. Выміраюць плямёны // Гілевіч Н. Повязь: вершы і песні / маст. С. Пчалінцаў. Мн., 1987. С. 9-10.

2409 Гілевіч Н. Выміраюць плямёны // Слова міру і праўды: вершы / уклад. А. Марціновіча; аўт. прадм. Г. Бураўкін. Мн., 1987. С. 75-76.

4756 Гілевіч Н. Выміраюць плямёны // Гілевіч Н. С. Выбраныя творы: у 2 т. Т. 1: Вершы. Паэмы. П'есы. Мн., 1991. С. 238-239.

9379 Гілевіч Н. Выміраюць плямёны // Гілевіч Н. Збор твораў: у 23 т. Т. 1: Вершы, 1946-1990 / [прадм. аўтара]. Мн., 2003. С. 263-264.

2572 Гілевіч Н. Калі я жыў?: падказка для нашчадкаў // Гілевіч Н. Незалежнасць. Мн., 1991. С. 45.

583 Гілевіч Н. Калі я жыў?: падказка для нашчадкаў // Літаратура і мастацтва. 1992. 7 лют. С. 8-9.

7025 Гілевіч Н. Калі я жыў?: падказка для нашчадкаў // Гілевіч Н. Любоў прасветлая: роздумы ў вершах і прозе аб роднай мове: лірыка-публіцыстычная хроніка: 1947-1995. Мн., 1996. С. 84-85. (Па кн. "Незалежнасць".)

12609 Гілевіч Н. Калі я жыў?: падказка для нашчадкаў // Гілевіч Н. Збор твораў: у 6 т. Т. 3: Вершы і паэмы 1993-1999. Мн., 2001. С. 264.

12608 Гілевіч Н. Калі я жыў?: падказка для нашчадкаў // Гілевіч Н. Збор твораў: у 23 т. Т. 1: Вершы, 1946-1990 / [прадм. аўтара]. Мн., 2003. С. 252.

7027 Гілевіч Н. Між былым і наступным: сшытак першы - чацвёрты // Гілевіч Н. Любоў прасветлая: роздумы ў вершах і прозе аб роднай мове: лірыка-публіцыстычная хроніка: 1947-1995. Мн., 1996. С. 225-260.

2573 Гілевіч Н. Не рамеснік, а творца: (з выступлення на канферэнцыі перакладчыкаў у Сафіі) // Гілевіч Н. Удзячнасць і абавязак: літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі. Мн., 1982. С. 258-269. ("Спеў аб Гаяваце".)

11805 Гілевіч Н. Савось і Фонд культуры // Гілевіч Н. Дыялог на хаду. Мн., 1990. С. 24. (У змесце - "Фонд культуры" (з вялікай літары), у вершы - таксама з вялікай; Савось: "Мяса з'ем, зраблю са скуры, - / Кажа, - макасіны я / I, як скарб, у Фонд культуры - / Рогі здам ласіныя").

12603 Гілевіч Н. Савось і фонд культуры // "Вожык" смяецца: сатырычна-гумарыстычныя творы / уклад. Г. В. Афанасьева і інш.; прадм. В. У. Блакіта. Мн., 1992. (У "Летапісе друку Беларусі" - "фонд культуры" (з малой літары).)

2540 Вядзьмак-Лысагорскі Ф. Сказ пра Лысую гару: паэма / выд. 2-е, поўнае; маст. афармл. Ю. Рыжыкава. Мн., 1991.

6519 Вядзьмак-Лысагорскі Ф. Сказ пра Лысую гару: кананічны тэкст // Крыніца. 1995. № 1-2 (7). С. 20-45.

7719 Гілевіч Н. Сказ пра Лысую гару // Народная воля. 2003. 30 жн.

8637 Гілевіч Н. Сказ пра Лысую гару: у апошняй аўтарскай рэдакцыі, Мн., 2003.

8768 Гілевіч Н. Сказ пра Лысую гару // Гілевіч Н. Збор твораў: у 23 т. Т. 5: Літаратурныя містыфікацыі. Мн., 2007. С. 7-58.

8769 Гілевіч Н. Сказ пра Лысую гару: да 40-годдзя першага абнародавання паэмы. Мн., 2011.

12606 Гілевіч Н. Сказ пра Лысую гару // Гілевіч Н. Родныя дзеці; Сказ пра Лысую гару. Мн., 2016.

2390 Гілевіч Н. Сто вузлоў памяці: паэма // Гілевіч Н. Бальшак: паэзія. Мн., 1965. С. 76-119.

10441 Гілевіч Н. Сто вузлоў памяці: паэма // Гілевіч Н. Выбраныя творы. Мн., 1968.

2883 Гілевіч Н. Сто вузлоў памяці: хроніка // Гілевіч Н. Выбраныя творы: у 2 т. Т. 1. Мн., 1991.

6521 Гілевіч Н. Сто вузлоў памяці: паэма // Полымя. 1965. № 1. С. 21-37.

12602 Гілевіч Н. Хавайся, тата! // Работніца і сялянка. 1974. № 1.

11942 Гілевіч Н. Хавайся, тата! // Беларускі універсітэт. 1977. 17 лістап. С. 4. ("Хавайся, тата!", а не "Хаваймася, тата!", як было пазней пры публікацыі верша.)

584 Гілевіч Н. Хаваймася, тата! // Ніва. 1988. 27 сак.

2538 Гілевіч Н. Хаваймася, тата! // Гілевіч Н. Кантора: сатыра і гумар. Мн., 1989. С. 148.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, Indians, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами [Вып. 76].

"Час анёлаў" для гімназістаў

Выстаўку "Час анёлаў", майстар-клас па вырабе лапіковай лялькі "Анёл" у Доме рамёстваў г. Ліды наведалі вучні першай гімназіі горада.

ТК "Культура Лідчыны".

"Навагоднія этнавокны"

Сельскія клубныя ўстановы Дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" прымаюць удзел у культурніцкай акцыі "Навагоднія этна-вокны".

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX