Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 50 (102) 


Дадана: 12-12-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 50 (102), 13 снежня 2023 г.

У ГАРОДНІ "ЗАПАЛІЛІ" АЛЕЮ ДЫЗАЙНЕРСКІХ ЁЛАК

Алея крэатыўных ёлак, якія некалькі гадоў запар робяць не мастакі-прафесіяналы, а звычайныя людзі, з'явілася ў Гародні.

Месцам размяшчэння навагодніх канструкцый па традыцыі стаў парк Жылібера ў цэнтры горада. У пятніцу, 8 снежня, тут уключылі святочную ілюмінацыю і далі старт серыі святочных мерапрыемстваў. Тут можна не толькі прагуляцца, але і падгледзець цікавыя ідэі для навагодняга дэкору, адзначае журналіст Sputnik.

Аўтары елак на алеі - не прафесійныя мастакі і дэкаратары, а звычайныя супрацоўнікі гарадскіх прадпрыемстваў, заводаў і арганізацый. Кожны год яны імкнуцца не проста ўпрыгожыць або пабудаваць з незвычайных матэрыялаў навагодняе дрэва ці святочную кампазіцыю, а зрабіць так, каб адразу было зразумела, хто аўтар па прафесіі.

Так, гарадзенскія энергетыкі зрабілі Дзеда Мароза, які ўзбіраецца на электрычны слуп, у супрацоўнікаў паліклінікі ёлка ператварылася ў добрага доктара, у кандытараў - у вялікі торт.

Супрацоўнікі водаканала паказалі ёлку з вадаправоднага крана, а ў газаўшчыкоў цмок зрабіўся сябрам чалавека і стаў на абарону ёлкі.

Дарэчы, цмок, які стане знакам надыходзячага 2024-га, сустракаецца ў многіх работах.

Кожная ёлка дапоўнена яркай ілюмінацыяй. Менавіта таму алею ў парку Жылібера рэкамендуюць наведваць двойчы. Адзін раз у светлы час сутак, а другі - у цёмны, калі запальваюцца гірлянды. Тут ёсць шмат цікавых месцаў, якія абяцаюць стаць папулярнымі для зімовых фотасесій.

Дызайнерскія ёлкі ў парку Жылібера будуць уключаць кожны вечар да 15 студзеня.

Усе зімовыя прыгажуні ўдзельнічаюць у гарадскім конкурсе на лепшую арт-ёлку, перадае "Гародня Плюс". Адна з умоў спаборніцтва - леташнія экспазіцыі не могуць змагацца за перамогу. Таму кожны раз дэкарацыі новыя, і паўтораў сапраўды не сустрэнеш.

Нагадаем, што праз тыдзень, 15 снежня, у Гародні пройдзе шэсце Дзедаў Марозаў. У гэты раз галоўны казачны чараўнік прыедзе на звычайнай гарадзенскай маршрутцы. На пероне аўтавакзала ў 18.00 яго будзе чакаць картэж святочных аўтамабіляў. Ён пройдзе разам з парадам ад пляца Леніна да Савецкай, дзе загарыцца галоўная гарадзенская ёлка.

Фота: БЕЛТА, Леанід Шчаглоў.

Лідскі краязнаўчы каляндар на 2024 год

Дзяржаўная ўстанова культуры "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" выпусціла інфармацыйна-краязнаўчы буклет "Краязнаўчы каляндар Лідчыны на 2024 год".

Складальнік: Г.Р. Курбыка - галоўны бібліёграф Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы.

Рэдактар: А.А. Быстрыцкая - намеснік дырэктара Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы.

Камп'ютарны дызайн вокладкі: С.І. Міхаловіч - метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы.

Дадзены буклет знаёміць з юбілейнымі краязнаўчымі датамі Лідскага края 2024 года.

Каляндар складзены з мэтай інфармацыйнай падтрымкі ўстаноў культуры і адукацыі, садзейнічання прафесійнай дзейнасці спецыялістаў бібліятэк, музеяў.

На нашай роднай Лідчыне мноства адметных мясцін, якія захапляюць прыгажосцю і гістарычным мінулым, а яшчэ больш вядомых, славутых людзей, дачок і сыноў нашага краю, чыё жыццё і дзейнасць прыцягваюць розумы і сэрцы нашчадкаў. Тут нарадзіліся і жылі знакамітыя мастакі, паэты, кампазітары.

Гэты краязнаўчы каляндар змяшчае юбілейныя даты 2024 года, кароткія звесткі пра вядомых людзей і падзеі з гісторыі Лідчыны.

У 2024 годзе спаўняецца:


1379 - 645 гадоў назад адбыўся шлюб Вайдылы і вялікай князёўны Марыі Альгердаўны ў Лідскім замку.

1394 - 630 гадоў назад адбыўся паход крыжакоў на Наваградак і Ліду. Беспаспяховы штурм Лідскага замка.

1449 - 575 гадоў з часу першага вядомага пісьмовага ўпамінання вёскі Бердаўка. Згадваецца, як сяло ў маёнтку Ліда, шляхецкая ўласнасць.

1504 - 520 гадоў з часу першага вядомага пісьмовага ўпамінання вёскі Палубнікі Тарноўскага с/с. Згадваецца, як сяло Палуджнікі.

1524 - 500 гадоў назад у вёсцы Малое Мажэйкава Лідскага павета пабудаваны праваслаўны храм абарончага тыпу. Вядомы, як Маламажэйкаўская царква.

1554 - 470 гадоў з часу першага вядомага пісьмовага ўпамінання вёскі Цвербуты Ходараўскага с/с. Згадваецца, як маёнтак Цвірбушкі, шляхецкае ўладанне.

1579 - 445 гадоў назад Кароль Стэфан Баторый спецыяльным прывілеем дазволіў будаўніцтва ў Лідзе сінагогі.

1584 - 440 гадоў з часу першага вядомага пісьмовага ўпамінання маёнтка Верхліда (Верхняя Ліда), зараз аднайменная вёска ў Крупаўскім с/с Лідскага раёна.

1584 - 440 гадоў з часу першага пісьмовага ўпамінання вёскі Андрушоўшчына Пескаўскага с\с. Згадваецца ў складзе маёнтка Збляны, уласнасць М.Ю. Радзівіла. Радзіма акадэміка НАН Беларусі Я.А. Роўбы (н. ў 1949).

1774 - 250 гадоў назад у Ганчарах пабудавана драўляная царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы.

1794 - 230 гадоў з часу першага пісьмовага ўпамінання вёскі Лазяны Беліцкага с/с. Згадваецца, як вёска фальварка Беліца ў Лідскім павеце.

1864 - 160 гадоў з часу заснавання народных вучылішч у Беліцы, Ганчарах, Дзікушках (мужчынскае), Забалаці, Зблянах, Тарнове.

1909 - 115 гадоў з часу першага пісьмовага ўпамінання вёскі Лаўрынавічы Ваверскага с/с. Згадваецца, як фальварак у Мытлянскай воласці Лідскага павета.

1909 - 115 гадоў з часу першага пісьмовага ўпамінання вёскі Рылаўцы Дзітвянскага с/с. Згадваецца, як вёска ў Тарноўскай воласці Лідскага павета.

1909 - 115 гадоў з часу першага пісьмовага ўпамінання вёскі Сіманы Ганчарскага с/с. Згадваецца, як вёска ў Ганчарскай воласці Лідскага павета.

1909 - 115 гадоў з часу першага пісьмовага ўпамінання вёскі Тосіна Беліцкага с/с. Згадваецца, як вёска ў Беліцкай воласці Лідскага павета.

1909 - 115 гадоў з часу першага пісьмовага ўпамінання хутара Янцавічы Дзітвянскага с/с. Згадваецца, як хутар Лідскага павета.

1914 - 110 гадоў з часу першага пісьмовага ўпамінання вёскі Лясныя Дворышчы. Згадваецца, як хутар у Жырмунскай воласці Лідскага павета.

1914 - 110 гадоў з часу першага пісьмовага ўпамінання вёскі Мяйлуны Дварышчанскага с/с. Згадваецца, як вёска ў Селішчанскай воласці Ашмянскага павета.

1919 - 105 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Андрэевіча Коннава (1919-1973), лейтэнанта Чырвонай Арміі. Камандзір партызанскага атрада "Іскра" на Лідчыне (1942-1944). Узнагароджаны Ордэнам Айчыннай вайны І-й ступені і шматлікімі медалямі. Яго імя носіць адна з вуліц г. Ліды.

1934 - 90 гадоў назад нарадзіўся Пётр Пятровіч Гардзяёнак (1934-2023). З 1964 па 1983 гг. - загадчык цеплавых сетак Лідскай ТЭЦ. Узнагароджаны знакам "Выдатнік энэргетыкі". Ганаровы грамадзянін горада Ліды.

1939 - 85 гадоў назад выйшаў першы нумар газеты "Уперад" (зараз "Лідская газета").

85 гадоў з часу заснавання калгаса "17 верасня", зараз ЛРСУП "Мажэйкава".

1944 - 80 гадоў з пачатку дзейнасці беларускай няпоўнай школы СШ № 2, зараз не існуе.

80 гадоў назад пачалася падрыхтоўка педагагічных кадраў у Лідскім педагагічным вучылішчы.

80 гадоў з часу заснавання санітарна-эпідэміялагічнай службы Лідскага раёна.

80 гадоў з часу заснавання Лідскай мэблевай фабрыкі.

1949 - 75 гадоў з часу заснавання калгаса імя Сталіна з цэнтрам у в. Гуды, зараз РСУП "Саўгас "Лідскі".

1954 - 70 гадоў з часу заснавання Лідскай ТЭЦ.

1959 - 65 гадоў з часу заснавання БМТ № 19.

65 гадоў з часу ўрачыстага адкрыцця для наведвання Лідскага краязнаўчага музея.

65 гадоў з дня нараджэння Андрэя Паўлавіча Худыка (1959 г. Украіна), беларускага дзяржаўнага дзеяча, міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь (з 2017 г.). Старшыня Лідскага райвыканкама (2004 - 2011). Ганаровы грамадзянін горада Ліды.

1964 - 60 гадоў таму было ўстаноўлена званне Ганаровага грамадзяніна г. Ліды.

1969 - 55 гадоў таму было прынята рашэнне райвыканкаму (пратакол № 13) аб адкрыцці Бярозаўскай пасялковай дзіцячай бібліятэкі .

1969 - 55 гадоў з часу заснавання вакальна-інструментальнага ансамбля "Шкляры" Бярозаўскага Палаца культуры.

1974 - 50 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Мікалаевіча Астроўскага (1974, г. Ліда), генеральнага дырэктара ААА "Лідахлебапрадукт". Старшыня Лідскага райвыканкама (2011-2014).

1984 - 40 гадоў з часу стварэння дзіцячага танцавальнага калектыву "Крышталікі" Бярозаўскага Палаца культуры.

1984 - 40 гадоў з дня нараджэння Ганны Шаўчэкі (Серэхан, 1984), літаратуразнаўцы, перакладчыцы, паэтэсы. Дзяцінства і юнацтва правяла на Лідчыне.

1989 - 45 гадоў з часу заснавання гістарычна-краязнаўчага музея Бердаўскай сярэдняй школы.

1994 - 30 гадоў таму было створана Лідскае яўрэйскае рэгіянальнае мемарыяльнае культурнае грамадскае аб'яднанне, адна з галоўных мэт якога - захаванне памяці Халакосту.

2004 - 20 гадоў таму Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка падпісаў Указ аб аб'яднанні Ліды і Лідскага раёна ў адну адміністрацыйную адзінку - Лідскі раён.

20 гадоў таму створана Лідская міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету.

20 гадоў таму ўпершыню выйшла ў эфір Лідскае тэлебачанне.

20 гадоў з часу адкрыцця першага фірменнага цэнтра продажу і паслуг VELCOM у Лідзе.

2009 - 15 гадоў з часу ўрачыстага адкрыцця новага будынка Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы.

15 гадоў таму ў Лідзе, каля Галоўпаштампту ўсталяваны знак "Нулявы кіламетр".


Студзень

15 - 130 гадоў з дня нараджэння Васіля Іванавіча Кузняцова (1894-1964), генерал-палкоўніка. У пачатку вайны камандуючы 3-яй арміяй Заходняга фронту, якая вяла абарончыя баі ў раёне Гародні, Ліды, Наваградка. Герой Савецкага Саюза.

24 - 115 гадоў з дня нараджэння Петруся Граніта (Іван Пятровіч Івашэвіч) (1909, в. Зачэпічы Лідскі павет - 1980), беларускага паэта, педагога. У 1930-я гг. вучыўся ў вячэрняй школе ў вёсцы Беліца, а пасля аб'яднання Усходняй і Заходняй Беларусі працаваў старшынём Беліцкага сельскага Савета ( 1939 - 1941).

Люты

8 - 110 гадоў з дня нараджэння Валянціна Таўлая (1914-1947гг.), беларускага паэта. На працягу некалькіх гадоў жыў у Лідзе, працаваў літаратурным супрацоўнікам раённай газеты "Уперад".

15 - 105 гадоў з дня нарадження Міхаіла Гаўрылавіча Мінкевіча (1919-1987), беларускага дзяржаўнага і грамадска-педагагічнага дзеяча, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, былога міністра асветы Беларусі (1968-1985). У 1965-1968 гг. - першы сакратар Лідскага РК КПБ. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені, ордэнам Чырвонай зоркі, чатырма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга.

24 - 60 гадоў з дня нараджэння Валерыя Вацлававіча Міцкевіча (1964, г. Ліда), беларускага дзяржаўнага і палітычнага дзеяча.

Сакавік

24 - 40 гадоў з дня нараджэння Дзінары Мазітавай (1984, г. Ліда), кампазітара, педагога, музыканта, лаўрэата шматлікіх міжнародных конкурсаў.

26 - 35 гадоў з дня нараджэння Ігара Тура (1989 г., п. Першамайскі Лідскі раён), беларускага журналіста. Пераможца XIII нацыянальнага конкурсу "Тэлевяршыня" ў намінацыі "Найлепшы рэпарцёр" (2017). Узнагароджаны медалём Францішка Скарыны "за прафесіяналізм і асабісты ўнёсак у развіццё дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі і нацыянальнай журналістыкі".

Красавік

1 - 95 гадоў з дня нараджэння Паўла Вікенцьевіча Аляксейчыка (1929-2000), галоўнага ўрача Лідскай гарадской бальніцы, загадчыка Лідскага гарадскога аддзела аховы здароўя. "Выдатнік аховы здароўя" (1966), "Заслужаны ўрач БССР" (1968).

1 - 75 гадоў з дня нараджэння Яўгена Аляксеевіча Роўбы (нар. у в. Андрукоўшчына Лідскага раёна ў 1949 г.), беларускага матэматыка, педагога, доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара. З 1979 г. працуе ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы (у 2005-2013 гг. - на пасадзе рэктара). Узнагароджаны ордэнам Свяціцеля Кірылы Тураўскага ІІ ступені, медалём Францыска Скарыны. Прысвоена званне "Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь" (2020).

2 - 85 гадоў назад нарадзіўся Валчок Уладзімір Іванавіч (1939 г., в. Красляны Шчучынскага раёна). Беларускі спартыўны педагог. Майстар спорту СССР па вольнай барацьбе (1964), суддзя рэспубліканскай катэгорыі па вольнай барацьбе (1975). Працаваў у г. Лідзе, падрыхтаваў 42 майстры спорту па вольнай барацьбе.

26 - 95 гадоў з дня нараджэння Людмілы Мікалаеўны Мягковай (1929-2022, г. Бярозаўка) беларускай мастачкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (мастацкае шкло), заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі. З 1959 г. працавала на шклозаводзе "Нёман" у г. Бярозаўцы Лідскага раёна.

Май

16 - 55 гадоў з дня нараджэння Сабуць Аліны Эдмундаўны (нар. у 1969 г., в. Навасёлкі Лідскага раёна), беларускага літаратуразнаўца, педагога. З 1993 г. працуе ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.

16 - 55 гадоў з дня нараджэння Шандрохі Ноны Эдмундаўны (нар. у 1969 г., в. Навасёлкі Лідскага раёна), беларускага літаратуразнаўца, педагога. З 1992 г. працуе ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.

Чэрвень

13 - 165 гадоў з дня нараджэння Канстанціна Канстанцінавіча Горскага (1859, г. Ліда - 1942), скрыпача-віртуоза, кампазітара, дырыжора, педагога, грамадскага дзеяча.

19 - 70 гадоў з дня нараджэння Тадэвуша Вацлававіча Чарнавуса (1954 в. Рылаўцы Лідскага раёна - 2022), журналіста "Лідскай газеты", паэта.

23 - 60 гадоў назад нарадзіўся Віктар Міхайлавіч Хруль (1964, г. Ліда) журналіст, сацыёлаг, кандыдат філалагічных навук.

23 - 80 гадоў назад быў зверскі закатаваны і расстраляны немцамі Міхаіл Ігнатаў, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў лідскага партызанскага падполля.

Ліпень

2 - 120 гадоў з дня нараджэння Сяргея Піліпавіча Васільева (1904-1973), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, камандзіра партызанскай брыгады імя С.М. Кірава Лідскай партызанскай зоны. Ганаровы грамадзянін горада Ліды.

3 - 80 гадоў назад гітлераўскія акупанты расстралялі лідскае партызанскае антыфашысцкае падполле.

8 - 80 гадоў з часу вызвалення Ліды ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

20 - 80 гадоў з часу заснавання аддзела адукацыі Лідскага райвыканкама.

22 - 30 гадоў з дня нараджэння Максіма Валер'евіча Бацкалевіча (1994 г., Ліда), пісьменніка. Члена Саюза пісьменнікаў Беларусі.

27 - 80 гадоў з часу заснавання аўтатранспартнага камбіната (АТК).

Жнівень

15 - 95 гадоў з дня нараджэння Алены Васільеўны Ярмантовіч (1929, в. Леснікі Лідскага раёна - 1986), работніка сельскай гаспадаркі, палявода, Героя Сацыялістычнай Працы (1966). Узнагароджана Ордэнам Леніна.

20 - 60 гадоў з часу адкрыцця Лідскага індустрыяльнага тэхнікума на базе вячэрняга філіяла Менскага палітэхнікума.

29 - 100 гадоў з дня нараджэння Сяргея Міхайлавіча Шахваростава (1924-2001), ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, Героя Савецкага Саюза (1944). У 2000-2001 гг. жыў у Лідзе. Пахаваны ў Лідзе.

29 - 15 гадоў таму гораду Лідзе быў уручаны вымпел "За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны" і Ганаровая грамата (Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 чэрвеня 2009 г.).

Верасень

1 - 65 гадоў з часу адкрыцця СШ № 9 г. Ліды імя А.У. Нічыпорчыка (1959).

7 - 310 гадоў з дня наражэння Міхала Карыцкага (1714 г., в. Дзітрыкі Лід. пав. - 1781 г.) доктара філасофіі, паэта, педагога.

7 - 295 гадоў таму Кароль Жыгімонт Аўгуст ІІ пацвердзіў Лідзе Магдэбургскае права (1729).

7 - 5 гадоў з часу ўрачыстага адкрыцця помніка князю Гедыміну, заснавальніку горада Ліды (2019). Скульптары - Вольга Нячай і Сяргей Аганаў.

12 - 105 гадоў з дня нараджэння Гярловіна Іллі Львовіча (1919-1993, Ліда), вучонага-фізіка ў галіне касмагоніі, назіральніка Пулкаўскай абсерваторыі.

20 - 100 гадоў з дня нараджэння Мікалая Мікалаевіча Дзікевіча (1924 - 2021, в. Дзітрыкі Лідскага раёна). Настаўнічаў у школах Лідскага раёна. Аўтар гістарычна-этнаграфічнага эсэ "Дзітрыкі: згукі заснуўшай цывілізацыі" і інш.

20 - 80 гадоў з часу ўтварэння Гарадзенскай вобласці, адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ў Беларусі (1944).

21 - 70 гадоў з дня нараджэння Станіслава Вацлававіча Судніка (нар. ў в. Сейлавічы Нясвіжскага раёна, у 1954 г.), беларускага пісьменніка, паэта, журналіста.

22 - 55 гадоў з дня нараджэння Цыленьця Валерыя Антонавіча (1969 г. Ліда), беларускага спартсмена (барацьба грэка-рымская), заслужанага майстра спорту Беларусі, бронзавага прызёра XXVI Алімпійскіх гульняў (1996, Атланта).

23 - 50 гадоў з дня нараджэння Аганава Сяргея Львовіча (1974 г., Ліда), беларускага скульптара. Член Беларускага саюза мастакоў (2005). Старшыня секцыі скульптуры Беларускага саюза мастакоў (2019).

25 - 80 гадоў з часу заснавання ААТ "Лідскія харчовыя канцэнтраты" (1944).

Кастрычнік

10 - 110 гадоў з дня нараджэння Валянціна Емяльянавіча Бяляева (1914-1989), удзельніка партызанскага руху на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну. Пасля вайны жыў у Лідзе.

10 - 100 гадоў з дня нараджэння Міхася Антонавіча Рышкевіча, (2024 - 2007, в. Бешанкі Лідскі раён), народнага майстара разьбы па дрэве, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны.

12 - 55 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Генрыхавіча Сонгіна (1969, Тарнова, Лідскі раён). Беларускі дзяржаўны дзеяч. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыйнага сходу VII склікання (з 2019 г.).

Лістапад

7 - 80 гадоў з дня нараджэння Міхася Іванавіча Мельніка (нар. у 1949 г. у в. Майсеевічы Асіповіцкага раёна), беларускага паэта. Працаваў настаўнікам у розных установах адукацыі Лідскага раёна. З 2004-2012 кіраваў літаратурным аб'яднаннем "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты".

Снежань

13 - 70 гадоў з дня нараджэння Наталлі Андрэеўны Зайцавай (1954, г. Ліда), беларускага настаўніка і палітыка.

Дырэктар ДУА "Гімназія № 1 горада Ліды" (1997-2018). Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь. Занесена ў Кнігу славы Гарадзенскай вобласці. Прызнана лепшым кіраўніком у сферы адукацыі Гарадзенскай вобласці за 2006 год. Мае Падзяку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Узнагароджана Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, знакам "Выдатнік адукацыі БССР". Ганаровы грамадзянін Лідскага раёна.

15 - 70 гадоў з часу заснаваня Лідскага хлебазавода (1954).

17 - 120 гадоў з дня нараджэння Іллі Іванавіча Сытнікава (1904 - 1944), старэйшага лейтэнанта, загінуўшага ў баях за вызваленне горада Ліды. Пахаваны ў брацкай магіле ў гарадскім парку. Яго імя носіць адна з вуліц г. Ліды.

20 - 125 гадоў з дня нараджэння Царука Уладзіміра Зянонавіча (1899 - 1957), удзельніка рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў падполля і партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Героя Савецкага Саюза (1944). Узнагароджаны ордэнам Леніна, ордэнам Чырвонага Сцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі. Яго імя носіць адна з вуліц г. Ліды.

30 - 140 гадоў назад адбылося адкрыццё руху па чыгунцы Вільня - Ліда - Баранавічы - Лунінец. Адкрыццё чыгуначнай станцыі Ліда.

Беларусы самыя разумныя ў Еўропе

Апублікаваны рэйтынг краін з самым высокім узроўнем IQ насельніцтва

Каэфіцыент інтэлекту (IQ) з'яўляецца колькасным паказчыкам кагнітыўных здольнасцяў чалавека. Ахвотнікі ацаніць свае інтэлектуальныя здольнасці праходзяць шэраг стандартызаваных тэстаў, у выніку якіх атрымліваюць лікавы вынік, які дазваляе аднесці іх да таго ці іншага спектру кагнітыўных здольнасцяў.

Гэты бал служыць меркай для ацэнкі кагнітыўных здольнасцяў чалавека, прычым больш высокі бал сведчыць пра больш высокі ўзровень інтэлекту. Гэта практыка стала краевугольным каменем у ацэнцы кагнітыўнага патэнцыялу і застаецца распаўсюджаным спосабам адзнакі інтэлектуальных здольнасцяў.

Паводле даследавання, самыя высокія сярэднія паказчыкі IQ у свеце цяпер належаць японцам (106.48), за якімі ідуць жыхары Тайваня (106,47) і Сінгапура (105,89).

Сярод еўрапейскіх краін, якім удалося ўвайсці ў першую дзясятку, - Беларусь (101,60), Фінляндыя (101,20) і Ліхтэнштэйн (101,07), а таксама Нідэрланды і Германія з сярэднім узроўнем IQ насельніцтвы 100,74.

ТОП-10 краін з самым высокім узроўнем IQ насельніцтва:

Японія - 106,48

Тайвань - 106,47

Сінгапур - 105,89

Ганконг (Кітай) - 105,37

Кітай - 104,10

Паўднёвая Карэя - 102,35

Беларусь - 101,60

Фінляндыя - 101,20

Ліхтэнштэйн - 101,07

Нідэрланды і

Германія - па 100,74

Аксана Піліпавец.

Навіны Германіі

Міністры адукацыі і культуры нямецкіх зямель уносяць прапановы па папаўненні спісу сусветнай спадчыны ЮНЭСКА

Супрацоўніцтва з Францыяй, Італіяй і Партугаліяй па захаванні гістарычных аркавых мастоў і кельцкай культуры

Стары Алімпійскі парк у Мюнхене

Міністры адукацыі федэрацыі і земляў унеслі сем прапаноў па ўключэнні аб'ектаў у спіс сусветнай і культурнай спадчыны ЮНЭСКА. У іх лік уваходзяць два транснацыянальных праекты: "Еўрапейскія вялікія аркавыя масты XIX стагоддзя" будуць падтрыманы Паўночным Рэйнам-Вестфаліяй у супрацоўніцтве з Францыяй, Італіяй і Партугаліяй, а "Кельцкія цэнтры ўлады ранняга жалезнага веку на паўночным захадзе ад Альп" прапанаваны Бадэн-Вюртэмбергам і Гесенам у супрацоўніцтве з Францыяй.

Лясное мястэчка Целендорф у Берліне пастаўлена на першае месца ў спісе прапаноў ад Германіі, "таму што без яго ўжо існы аб'ект Сусветнай спадчыны будзе няпоўным". Шэсць ужо зарэгістраваных мястэчкаў у стылі берлінскага мадэрну - горад-сад Фалькенберг, мястэчка Шылерпарк, мястэчка Хуфайзен, квартал Карл Легіен, Вайсе Штадт і мястэчка Сіменсштадт - з'яўляюцца, па меркаванні ЮНЭСКА, "выражэннем палітычнага, сацыяльнага, культурнага і тэхнічнага прагрэсу ў Берліне ў часы Веймарскай рэспублікі".

У спіс таксама ўключаны Шэнінг , месца знаходкі 300-тысячагадовых дзідаў (самых старых драўляных дзідаў у свеце) у Ніжняй Саксоніі, сістэма дамбаў "Прэцынер Вер" у Саксоніі-Анхальт, тэлевежа ў Штутгардце і Алімпійскі парк у Мюнхене.

"Зялёны пояс" , паласа зямлі даўжынёй 1393 кіламетры ўздоўж былой унутранай мяжы Германіі, фігуруе ў гэтым спісе як прэтэндэнт на званне аб'екта прыроднай спадчыны.

Берлін (dpa/d.de), © VINICIUS/AdobeStock.

Германія распавяла пра свой унёсак у рэалізацыю энергетычнага павароту

Сумесная дэкларацыя больш за 120 дзяржаў абавязвае да пашырэння выкарыстання ўзнаўляльных крыніц энергіі

На Сусветнай канферэнцыі па клімаце (COP) у Дубаі больш за 120 дзяржаў прынялі сумесную дэкларацыю, у якой абавязаліся патроіць магутнасці ўзнаўляльных крыніц энергіі і падвоіць тэмпы падвышэння энергаэфектыўнасці да 2030 года. Германія выступае за тое, каб замацаваць гэтую мэту нароўні з паступовай адмовай ад выкапнёвых відаў паліва ў заключнай дэкларацыі канферэнцыі. Германія агучыла свае планы на сустрэчы міністраў з больш за 40 краін, якая была прысвечана глабальным мэтам у вобласці ўзнаўляльных крыніц энергіі і энергаэфектыўнасці. Германія ўносіць свой уклад у дасягненне агульных глабальных мэт шляхам рэалізацыі нацыянальных мэтаў па пашырэнні выкарыстання УКЭ да канца гэтага дзесяцігоддзя: чакаецца, што да 2030 года 80 % электраэнергіі будзе вырабляцца за кошт узнаўляльных крыніц энергіі. Для гэтага да 2030 года неабходна вырабляць 115 Гвт наземнай ветравой энергіі, 30 Гвт афшорнай ветравой энергіі і 215 Гвт сонечнай энергіі.

Адначасова плануецца далейшае павелічэнне ўстаноўленых магутнасцяў па ўсім Еўрасаюзе: узнаўляльныя крыніцы энергіі павінны замяніць яшчэ дванаццаць мільярдаў кубаметраў газу. Доля ўзнаўляльных крыніц у ЕС да 2030 года павінна павялічыцца да 45 %. Для гэтага былі прыняты многія правілы, закліканыя палегчыць пашырэнне ветравой і сонечнай энергетыкі. Другая частка Дубайскай дэкларацыі прадугледжвае стварэнне ўмоў для рэалізацыі глабальнага энергетычнага заваротку сумесна з краінамі-партнёрамі. На сённяшні дзень Германія інтэнсіўна працуе над рэалізацыяй канцэпцыі энергетычнага павароту прыкладна з 50 краінамі.

Берлін (d.de). COP28 у Дубае © pictureAlliance/dpa.

Радзіму Гарэцкаму - 95

7 снежня выбітнаму беларускаму навукоўцу, акадэміку і члену-карэспандэнту Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, доктару геолага-мінералагічных навук, заслужанаму дзеячу навукі Радзіму Гарэцкаму споўнілася 95 гадоў з дня нараджэння. Навуковыя працы Радзіма Гарэцкага прысвечаны тэктоніцы і геадынаміцы платформ, уключаючы тэрыторыю Захаду Усходне-Еўрапейскага кратона і Беларусі.

95 гадоў - ужо само па сабе пэўнае дасягненне. Словы гэтыя камусьці могуць падацца простымі і пуставатымі. Але варта падысці да першага-лепшага мінака з адкрыццём, што ёсць у Беларусі акадэмік, навукова актыўны і дзейны, усімі паважаны, на цэлы свет аўтарытэтны, а сёння яму споўнілася 95 гадоў - і рэакцыя будзе прадказальная.

Ён вывучае пытанні стратыграфіі, літалогіі, палеаграфіі, геафізікі, геалогіі нафтавых, газавых і іншых радовішчаў карысных выкапняў. Найбольш поўна апісаў і даў класіфікацыю своеасаблівых геалагічных цел - класічных даек. Унёс істотны ўклад у тэктанічны аналіз магутнасцей адкладаў. Развіў вучэнне аб тэктоніцы платформ: праблемы наследавання і накладання структур, фармацыі, тыпы і класіфікацыі структур, разломы, стадыйнасць развіцця, некампенсаванае прагінанне, глыбінная будова (паверхні Моха, магутнасці літасферы, астэнасферы, шчыльнасці зямной кары). Разгледзеў асаблівасці будовы і развіцця кантынентальных палеарыфтаў, у прыватнасці на прыкладзе Прыпяцкага прагіну даказаў лістрычны характар разломаў, якія яго фарміруюць. Удзельнічаў у складанні многіх тэктанічных карт у якасці галоўнага рэдактара (Тэктанічная карта Беларусі, 1976, 2002; Міжнародная тэктанічная карта Паўднёва-Заходняга краю Усходне-Еўрапейскай платформы, 1986) або суаўтара (Тэктанічная карта Еўразіі, Міжнародная тэктанічная карта Еўропы, Геадынамічная карта Беларусі). Распрацаваў новы прынцып тэктанічнага раяніравання платформенных зон па асноўным этапе фарміравання структур. Радзім Гарэцкім з'яўляецца аўтарам 515 навуковых прац і больш за 300 навукова-папулярных выданняў, у тым ліку 46 манаграфій, 41 карты геалагічнага зместу, 5 вынаходстваў.

Не абазнаны ў найноўшых дасягненнях геалагічнай навукі паспаліты чытач ні каліва з таго спісу не зразумее, затое з лёгкасцю запомніць, што навуковых прац, манаграфій, тэктанічных картаў, вынаходніцтваў і да таго падобнага Радзім Гаўрылавіч стварыў агулам больш за паўтысячы, і карысці яны прынеслі нямала.

З іх дапамогай стала вядома, напрыклад, пра газаносныя раёны Прыаралля, пра Базайскае радовішча нафты ў Казахстане. Пры непасрэдным удзеле Радзіма Гарэцкага чалавецтва атрымала тэктанічныя карты Еўропы і Еўразіі, а Беларусь - нацыянальную школу тэктонікаў як вынік шматгадовай працы Інстытута геалагічных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і дзейнасці кафедры геалогіі на геафаку БДУ, якія ён узначальваў.

Скуль такія глыбокія веды пра далёкія краі? Так атрымалася.

Пацярпеў ад "тых самых" рэпрэсій 30-х гадоў.

Хоць з нейкай прычыны абвінаваціць паўтарагадовага хлопчыка ва ўдзеле ў "Саюзе вызвалення Беларусі" (тагачасны народны артыкул для інтэлігенцыі) або зрабіць фігурантам справы "Працоўнай сялянскай партыі" ГПУ ў 1930 годзе не даўмелася, цяжар гэты не абмінуў ягонага бацьку, акадэміка Гаўрылу Гарэцкага.

Яму двойчы выносілі расстрэльны прысуд і двойчы замянялі яго лагерамі, дзе, на шчасце, прыдаваўся яго інжынерна-геалагічны талент, што дазваляла працаваць па спецыяльнасці. Але Радзіму, яго малодшаму сыну, жыць давялося ў высылцы.

Апісаць у адным абзацы ўвесь пакручасты жыццёвы шлях сям'і Гарэцкіх у наступныя пасля арышту 40 гадоў папросту немагчыма.

Нават сам Радзім Гаўрылавіч прысвяціў рэканструкцыі жыццёвага шляху свайго бацькі (а заадно і яго брата, класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага) не адну таўсценную дакументальнаэпісталярную кнігу: гэта і "Браты Гарэцкія"; і створаная на падставе архіваў КДБ, куды ў ліхія 90-я людзей пачалі былі пускаць, "Ахвярую сваім "Я"", і "Акадэмік Гаўрыла Гарэцкі і Украіна"…

Найбольш кранальны том з гэтай серыі - "Лісты жыцця і кахання". Сёння, калі ў Беларусі эпісталярны жанр з сумных нагодаў перажывае рэнесанс, "Лісты…" могуць прынесці сваім чытачам нямала карысці. Кніга ўтрымлівае ліставанне бацькоў спадара Радзіма - Гаўрылы Іванавіча і Ларысы Восіпаўны - і ў пэўнай ступені з'яўляецца калі не рэцэптам, то дакументацыяй досведу захавання добрых адносін у сям'і, якая большую частку свайго жыцця вымушана пражыць у разлуцы.

Прайшоў шлях ад сына "ворага народа" да доктара навук і атрымальніка Дзяржпрэміі

Пра гэта ў Радзіма Гарэцкага таксама ёсць кніга, да якой мы чытачоў і адсылаем - называецца "Акадэмік Яншын - дарагі мой настаўнік і сябар".

Для нас жа найдаражэй тое, што "апантаны Бацькаўшчынай" Радзім Гарэцкі вярнуўся ў Беларусь у 1971 годзе (ягоныя бацькі - на пару гадоў раней), за плячыма маючы досвед жыцця ў месцах з нянаскімі назвамі, накшталт "Тулома" ці "Мядзвежа-горск", атрыманую ў Маскоўскім нафтавым інстытуце вышэйшую адукацыю, досвед наву-ковай працы ў Геалагічным інстытуце Акадэміі навук СССР і доктарскае званне. Узначаліў аддзел, а пазней і Інстытут геахіміі і геафізікі АН БССР, а ў незалежнай Беларусі пабыў нават віца-прэзідэнтам Акадэміі навук.

Рабіў прэзідэнтам Бацькаўшчыны яшчэ да таго, як гэта зрабілася канстытуцыйным мэйнстрымам

Узначальваў Радзім Гаўрылавіч, што праўда, усяго толькі аднайменную арганізацыю, затое буйную, міжнародную і цягам васьмі гадоў - "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына"" (ліквідавана рашэннем суда ў 2021 г.). І хоць прэзідэнтам ён быў не першым (першым прэзідэнтам быў, як усім вядома, Васіль Быкаў), абралі на пасаду Радзіма Гарэцкага падчас эпахальнай падзеі - Першага з'езду беларусаў свету.

Гэта быў прарыўны акт яднання грамадскасці, дыяспары і дзяржавы ў справе аб'яднання падзеленых савецкай самаізаляцыйнай палітыкай беларусаў замежжа з беларусамі тутэйшымі, таму можна смела казаць, што на карысць Радзіма Гарэцкага быў дэмакратычны выбар беларусаў усяго свету.

У якасці рэзюмэ.

Радзім Гарэцкі - актыўны дзеяч беларускага нацыянальнага руху, а з 1993 года - старшыня Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", сябра Рады ТБМ імя Францішка Скарыны, сябра Рады Беларускага Фонду Культуры і іншых. Радзім Гарэцкі - сын выбітнага беларускага навукоўца і грамадскага дзеяча Гаўрылы Гарэцкага і пляменнік класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. Радзім Гарэцкі - сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, аўтар дзясяткаў кніг. Ён з'яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР і Беларусі, іншых шматлікіх прэмій.

Паводле СМІ.

Любоў да Бога і Беларусі

7 снежня споўнілася 145 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта і каталіцкага святара Андрэя Зязюлі (Аляксандра Астрамовіча, 1878-1921).

Родам святар і паэт быў з Ашмяншчыны. Пачаў служыць у мястэчку Трабы ў Іўеўскім раёне, вёў богаслужэнні па-беларуску. Пачатковую адукацыю набыў у Гальшанах. У 1890-1892 гадах вучыўся ў Ашмянскім павятовым вучылішчы. Пасля працаваў на бацькавай гаспадарцы, самастойна вывучаў французскую мову. З 1 студзеня 1901 года да 14 верасня 1903 года служыў у 160-м пяхотным Абхазскім палку ў Гомелі і ў Барысаве. Закончыў службу ў званні малодшага афіцэра.

Пасля няўдалых спробаў паступіць у Віленскую духоўную семінарыю (1903-1904) выехаў у Пецярбург, дзе здаў экзамены на званне аптэкара (1906, студзень) і гэтым засведчыў веданне асноў лацінскай мовы, неабходнае для паступлення ў духоўную каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу. Там, як і іншыя будучыя беларускія адраджэнцы, быў пад духоўнай апекай прафесара Браніслава Эпімах-Шыпілы. Яшчэ да вучобы ў семінарыі праз суседа ксяндза Лісоўскага, які ў студэнцкія гады наведваў гурток Эпімаха-Шыпілы, малады Астрамовіч далучыўся да беларускай паэзіі. У пецярбургскай семінарыі ён арганізаваў і ўзначаліў аб'яднанне клірыкаў-беларусаў. Пісаць вершы Аляксандр Астрамовіч пачаў яшчэ ў семінарыі. Збераглася дата напісання яго верша "Вясновая раніца": Пецярбург, 29. ІІІ.1908 г., але дэбютаваў ён у газеце "Наша Ніва" ў 1909 годзе вершам "Песня дзяўчаці".

Пасвечаны ў святары Аляксандр Астрамовіч быў ў 1910 годзе. Пастырскую дзейнасць пачаў вікарыем Ракаўскага касцёла. Служыў ксяндзом у мястэчках: Трабы, Ракаў, Новы Свержань, Анопаль, Смілавічы, Сянно. Пераследаваўся касцельнымі ўладамі за прыхільнасць да роднага слова, два гады быў без парафіі. Актыўны грамадскі дзеяч: прымаў удзел у першым з'ездзе беларускіх каталіцкіх святароў у Менску ў 1917 годзе, быў сябрам Саюза ксяндзоў-беларусаў, ад якога пачалося стварэнне грамадскай арганізацыі Беларуская Хрысціянская Злучнасць (БХЗ), пазней рэарганізаванай у партыю Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя (БХД). Літаратурная творчасць і асветніцкая дзейнасць ксяндза Аляксандра Астрамовіча звязана з вытокамі беларускага каталіцкага адраджэння першай паловы ХХ стагоддзя. Большасць ранніх вершаў 1909-1912 гадоў паэт друкаваў у адраджэнцкай "Нашай Ніве". Якраз тады Андрэй Зязюля пазнаёміўся і пасябраваў з Янкам Купалам, які вучыўся на агульнаадукацыйных курсах Чарняева ў Пецярбургу (1909-1913), а летнія канікулы праводзіў на сваім любімым хутары Акопы. Пасля заснавання першай беларускай каталіцкай газеты "Беларус" ("Bielarus", 1913-1915) Аляксандр Астрамовіч шмат друкаваўся ў гэтым адраджэнцка-асветніцкім штотыднёвіку. У 1913 годзе выдаў зборнік пэзіі "З роднага загона" пад псеўданімам Андрэй Зязюля. Усе творы Зязюлі паводле зместу і стылю - хрысціянскія і асветніцкія: гэта гутаркі добрага настаўніка з духоўнымі дзецьмі - маленькімі, маладымі і сталымі. Сутнасць яго багаслоўя і філасофіі можна вызначыць адным сказам - любоў да Бога і да ўсялякага Божага тварэння - ад чалавека да жывёлаў, птушак, рыбаў, раслінаў, кожнай былінкі і кветкі. Найперш - да Беларусі, роднага народа, беларускай мовы, культуры, народнага побыту. Паводле сваіх стылёвых прыкмет пейзажная лірыка Андрэя Зязюлі блізкая да коласаўскай. Паэт успрымае прыроду як каштоўны дар і родны чалавеку асяродак яго жыццядзейнасці. Асобным выданнем пры жыцці паэта была апублікавана яго асветніцкая паэма "Слова праўды аб мове і долі беларусаў" (Прага, 1917 г.).

З любоўю адносіўся паэт да народнага слова, народнай творчасці. Збіраў народныя песні, якія разам з запісамі Антона Грыневіча склалі зборнік "Беларускія песні з нотамі. Т. 2. (Пб., 1912)". З 9 верасня 1917 года Аляксандр Астрамовіч працаваў пробашчам касцёла ў Абольцах Аршанскага дэканата. Два гады служыў ксяндзом у мястэчку Сянно Аршанскага дэканата. Там і памёр 17 студзеня 1921 года, пахаваны на мясцовых каталіцкіх могілках. Але магіла да сённяшніх дзён не знойдзена.

Паводле СМІ.

Янка Купала на вяселлі

У беларускай літаратуры вяселле адлюстравана мала. Толькі 4 вершы Янкі Купалы ("Сватаная", "Маладым на вяселлі", "Фэлькава вяселле", "Маладым на вяселлі"), песня Адама Русака і Ісака Любана "Бываце здаровы!" ды раман Івана Мележа "Людзі на балоце".

Янка Купала напісаў у 1907 г. вялікі верш "Маладым на вяселлі", у якім аж 12 строф. У апошніх ён выказвае свае зычэнні маладым.

І ты, злучона пара, пей,

А я вот павіншую:

Мець спор вам з любасці сваей,

Мець долю не благую!

Мець клеці поўныя з дабром,

Мець міласць, згоду ў хатцы,

Й так жыўшы, жыўшы ўдваём,

Унукаў дачакацца!

(Купала, Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1.- С. 248 -249.)

А праз два гады Янка Купала зноў напісаў верш-пажаданне "Маладым на вяселлі", у якім 9 строф. Гэты верш адрозніваецца ад папярэдняга і словамі і сваёй паэтычнай дасканаласцю. Вось дзве страфы з другога верша.

Жычу меці, як нікому,

Жычу я ахвоча,

Маладой і маладому

Ўсё, што толькі хочуць.

Згоду ў хатцы, спор у хатцы,

Гонар між людзямі,

І ў які год дачакацца

Забавы з кумамі.

(Купала, Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. - С. 77.)

Апрача гэтых вершаў-віншаванняў маладых, Я. Купала напісаў яшчэ два вершы: "Сватаная" і "Фэлькава вяселле". У вялікім вершы "Сватаная" (23 страфы) паказваецца горкая доля будучай жанчыны, як папярэджанне дзеўцы, што яе можа чакаць замужам Гэты верш стаў народнай песняй (6 куплетаў), якую я запісаў у сваёй вёсцы Касічы Вілейскага раёна ў 1960-х гадах. Па мелодыі яна рамансава-вясельная, блізкая да мелодый № 18 і № 19. Трэба адзначыць, што пра пасаг у абодвух творах сказана з іроніяй, асабліва ў песні, дзе "пасаг немалы". Справа ў тым, што і ў вершы, і ў песні фактычна пасагу няма, толькі ёсць прыданае, якое выдавалася бацькамі або блізкай раднёй кожнай дзеўцы, якая выходзіла замуж. Да пасагу адносіцца маёмасць (зямля, будынкі, грошы і іншыя багацці). У беларускай мове існуюць блізкія словы: пасаг і прыданае, але яны не роўназначныя. Таксама ў беларускай мове блізкія, але не роўназначныя словы клець і свіран. Гэтыя дакладныя тонкасці вядомы толькі этнографам. У песні адсутнасць пасагу тлумачыцца тым, што замуж дзеўку выдае брацец і маці, а гэта значыць, што маладая - сірата. У вершы выходзіць замуж дзеўка, якую выдаюць бацькі, але прыданае нявесты прыраўноўваецца да пасагу. Аднак, магчыма, пра такія адрозненні ў паняццях Янка Купала мог і не ведаць, бо рускае слова приданое абазначае па-беларуску пасаг .

Янка Купала

Сватаная

Прыстройся, дзяўчынка-нябожа,

Так, як у дзянёчак святы,

Галоўку ўчашы ты прыгожа,-

Сягоння прыедуць сваты.


З гарэлкай прыедуць сягоння

Й запоіны будуць твае...

Падумай, куды цябе згоне,

Куды цябе злы лёс пашле.


Падумай, як прыйдзецца жонкай

Вайсці да хацінкі чужой,

Зазнацца з чужою старонкай,

Злюбіцца з чужою сям'ёй.

Дасць бацька пасагу: цялушку

Й свінню ці авечку з ягнём;

Дасць маці выправу: падушку

Ды кубел стары з палатном.


Усё гэта возьме твой мілы,

Як з купленай, возьме з табой,

А ты будзеш аж да магілы

І жонкай яму, і слугой.


Павінна служыць ты і мужу,

І ўсёй яго слухаць радні;

На працу, на голад, на стужу

Зважаць не павінна ані.


Не будзеш чуць ласкавых словак,

І свёкар палае, й свякроў;

Прытыкаў ятровак, заловак

Нап'ешся і ўгроз - дзевяроў.


Цярпець будзеш многа, ды часам

Паскардзішся мужу свайму,-

Багаты й сваіх крыўд запасам,

Не дасць рады гору твайму.


А гора тваё, напачатку

Малое, пачне прыбываць,

Як станеш ты зваціся маткай,

Дзіцё пачне грудзь тваю ссаць.


Жаць пойдзеш далёка ці блізка,

Муж пойдзе араць ці касіць,

З табой йдзе дзіцё, - і калыска

На полі на козлах вісіць.


А вернешся з поля дадому,

Гаротнае гора тваё!

Пачнеш паглядаць пакрыёму,

Ці хлеба хоць трохі йшчэ ё.


Слуга, жонка, ўрэшце і матка,

Ўжо знаеш, што трэба рабіць:

Спаўеш у пялёнкі дзіцятка

І станеш вячэру варыць.


І вечна не знойдзеш спакою

Ў замужнім бязвольным жыцці;

Нядоля услед за табою,

Як здань тая, будзе ісці.


У дарогу ты выправіш мужа,

Пачнеш яго з страхам чакаць,

А хоць не раз поўху і ўдружа,

Павінна п'янога спаткаць.


Каса твая доўгая п'яным

Патузанай будзе не раз,

Наб'е сінякоў пад каптанам,

Зрачэшся дзявоцкіх прыкрас.


Прытухнуць ад слёз ясны вочы,

Завяне, паморшчыцца твар,

А ў сэрцы, сягоння ахвочы,

Замрэ твой мілосны ўвесь жар.


Нявольніка з краю нядолі -

Гаротнай нявольніцай ты,

Ахвярай ты век без патолі

Трудоў, беднаты, цемнаты.


Ну, што там смутнееш, нябожа?

Гарэлку пап'еш зараз ты!..

Ідзі ж і прыстройся прыгожа,

Каб не адракліся сваты.

Ўпадоба быць мусе нязменне,

Каб з дому барзджэй паляцець,

Бо дома... і дома не меней,

Як замужам, мусіш цярпець.


Званкі ўжо звіняць па дарозе,

Вот госці пад брамай крывой,

Ідуць, вот ужо на парозе...

Ты плачаш?! Чаго? Бог з табой!


Дзяўчынка, ці я цябе песняй

Разжаліў панурай сваей,

Што гэтак ліюцца балесна

Слязінкі з прыгожых вачэй?


Кінь плакаць і смейся! Хай плача,

Хто песню нядолі запеў,

Святла хто і ласкі не бача,

Хто змалку дзён шчасця не меў.


Жалобных не слухай ты шумаў,

У сілы свае цвёрда вер

І лепшую долю прыдумай,

Як гэта, што маеш цяпер.

[1905-1907]

(Купала, Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. -- С. 245 -248.)

У вершы 23 страфы

Песня народная

Адзенься, дзяўчына прыгожая,

Як быццам дзянёчык сьвяты,

Чашы ты валоскі гладзютка:

Сягоння прыедуць сваты.


Сягоння прыедзіць твой мілы,

Запоіны будуць твае.

Падумай-памыслі, дзяўчына,

Куды цябе доля пашлець.


Дасць брацец пасагу нямала:

Карову, авечку з ягнём,

А мама выправу падушкі,

Дасць скрыню табе з палатном.


А гэта ж возьміць твой мілы,

Як куплена разам з табой,

А ты ж яму да магілы

Прыслугай будзь, вернай жаной.


Ты выправіш мужа на места*,

П'янога ты будзеш чакаць,

Старая, ліхая свякроўка,

Ох, будзе цябе панукаць.

Ты выправіш мужа ў полі,

Дзе блізка-далёка касіць.

З сабою дзіця і калыска

На полі, на козлах, вісіць**.

----------------

* Места - горад.

** Песня запісана ў 1963 г. у в. Касічы Вілейскага р-на ад Соф'і Іллінічны Барыс, 1907 г.н. Надрукавана ў кнізе С. Барыса "Касічы на Нарачанцы: падзеі і людзі" (Мінск, 2023. --С. 80,81). У песні 6 куплетаў.

У 1908 г. Янка Купала напісаў верш "Фэлькава вяселле". Верш кароткі, але як трапна аўтар расказвае тое, што робіцца на народным вяселлі.Ён называе маладых новым словам "шлюбоўнікі", якім бабы спяваюць песні. Звярніце ўвагу, як паэт па-майстэрску скупа выкарыстоўвае словы для раскыцця падзеі. Строга ў кожным радку па два словы, а ў страфе - 8 слоў. У пяці невяліках строфах (усяго 41 слова) раскрыта ўсё вяселле, як на фотаздымку. Можна нават уявіць карціну такой падзеі.

Фэлькава вяселле

Вось і вяселейка

Ў нашага Фэлькі!

У дзела захоплены

Міскі, бутэлькі.


Што называецца,

Музыка рэжа;

Полька, лявоніха,

Знай, не залежа!


Хлопцы з дзяўчатамі

Ў жарты заходзяць,

Бабы шлюбоўнікам

Песні заводзяць.


Людам паўнюханька

Хата набіта...

Гоман, таўпеханне -

Пекла, і квіта!


Вось, каб дзе дзеўчынку

З гора абняці,

З чарачку выпіці

Дый пайсці спаці!

(Купала, Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. - С. 38.)

(Выкарыстаны матэрыялы, якія рыхтаваліся да кнігі Сымона Барыса "Вяселле і яго паэзія". Будучая кніга ўжо звярстана. У ёй 360 с. )

Наш кар.

"Хутар" - у кнігарнях

Шматграннае жыццё безымяннага хутара на рэчцы Зялезінка і мястэчка Пухавічы складаюць аснову гэтай кнігі. Радасць і смутак, любоў і каханне неадступна крочаць поруч з яе героямі. Жорсткае забойства сяльчаніна прышлай бандай парадзіла неадольную прагу помсты хутаран. Іх жыццё наўгалоп нясецца з ружжамі за плячыма, расхінаючы баявое сіло - бясшумную хутаранскую зброю. Яны заўжды наперадзе мясцовай паліцыі, нават пасля прыезду з Вільні Адама Быкоўскага, следчага па выключна важных справах, які часова размясціўся ў родзіча - мастака Генрыха Вейсенгофа. Падзеі адбываюцца напярэдадні Першай сусветнай вайны.

Раман "Хутар" (яго першая частка "Зацемная ноч") адрасуецца шырокаму колу чытачоў.

Раман "Хутар" можна набыць у кнігарнях:

"АКАДЭМКНІГА" (ст. мятро "Акадэмія навук"), "Вянок" (вул. Максіма Багдановіча).

Наш кар.

Яўстах Тышкевіч, яго калекцыя і яго музей

Леанід Лаўрэш

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

11 студзеня 1856 г. адбылося першае пасяджэнне Археалагічнай камісіі, на якім прысутныя вызначылі асноўныя накірункі далейшай работы. Акрамя збору артэфактаў для музея, камісія займалася выдавецкай дзейнасцю і перакладам старадаўніх дакументаў, напісаных на татарскай, стараяўрэйскай, старабеларускай, лацінскай і летувіскай мовах.

Адкрыццё Музея старажытнасцей адбылося 17 красавіка 1856 г., у дзень нараджэння імператара Аляксандра II. На адкрыццё было запрошана каля 300 чалавек. З гэтай нагоды Людвік Кандратовіч напісаў верш, асобнікі якога былі раздадзены прысутным8.

У 1860 г. і сам цар Аляксандр II наведаў ужо дзейны ў той час у Вільні Музей старажытнасцей. У музеі стаяў дубовы стол, за якім Стэфан Баторый падпісаў акт аб заснаванні ўніверсітэта. На пытанне цара аб значэнні гэтага экспаната Тышкевіч дыпламатычна адказаў: "Гэта стол, за якім Стэфан Баторый сваім подпісам міласціва дазволіў пабудову будынкаў, у якіх мы цяпер знаходзімся" (музей размяшчаўся ў былым памяшканні ўніверсітэта)9. Наўпрост нагадаць пра былы ўніверсітэт было небяспечна.

Музей павінен быў працаваць два дні на тыдзень (серада і нядзеля). Хутка ён набыў папулярнасць і цікавасць насельніцтва. У 1856 г. яго наведалі каля 4 000 чалавек, а ў 1857 г. - 12 000 чалавек. У 1862 г. музей наведалі 10360 чалавек, што не было зніжэннем колькасці наведвальнікаў, бо з 1860 г. музей працаваў толькі адзін дзень у тыдзень, у нядзелю. Затое вучні мелі сюды бясплатны ўваход у любы дзень. Хутка расла і колькасць калекцый. З усёй Літвы ў Музей старажытнасцяў прысылалі падарункі. Толькі ў 1857 г. 156 чалавек перадалі ў дар музею 3113 розных сувеніраў. У 1866 г., калі былі ліквідаваны навуковыя зборы Археалагічнай камісіі, у музеі налічвалася ўжо 66 663 экспанаты.

На працягу ўсяго перыяду працы Камісіі граф Тышкевіч заставаўся яе рухавіком - ён не шкадаваў ні здароўя, ні сродкаў для свайго тварэння. Дзякуючы яму музей папоўніўся батанічным раздзелам - падчас знаходжання ў Берліне граф набыў там калекцыю грыбоў. Варта адзначыць, што большую частку выданняў Камісіі Тышкевіч фінансаваў сам.

Безумоўна заслугоўвае згадвання выдавецкая дзейнасць Археалагічнай камісіі, якая пачала публікацыю матэрыялаў па гісторыі Літвы. Дзякуючы таму, што ў музей часта перадаваліся цэлыя сямейныя архівы, Камісія атрымлівала вельмі цікавыя гістарычныя матэрыялы. Напрыклад на падставе Дзярэчынскага архіва Сапегаў Камісія падрыхтавала перапіску Льва Сапегі. На жаль, у сувязі з выбухам паўстання 1863 г. перапіска не была апублікаваная.

Менш слаўным выданнем Камісіі стаў альбом "В память пребывания яснейшего императора Александра II в Вильне 6 и 7 сентября 1858 года". Гэты альбом выйшаў па ініцыятыве Адама Кіркора. Надрукавана было толькі 100 асобнікаў, але ўсяроўна альбом выклікаў вялікае абурэнне. Жонка паўстанца Зыгмунта Серакоўскага Апалонія, пісала, што "Пад уздзеяннем абуджанай веры ў высакароднасць і справядлівасць Аляксандра II, захацелі ... выдаць шыкоўны альбом на памяць пра яго знаходжанне [у Вільні]. Адынец зусім страціў галаву, ствараючы свой "Ойча наш", у якім называе цара спадчыннікам Ягелонаў! ...". У "Віленскі альбом" увайшлі спрэс панегірычныя тэксты. Мясцовае грамадства было ў шоку10.

Тым не менш карысная праца Камісіі працягвалася.

20 красавіка 1862 г. газета "Віленскі веснік" (адначасова газета мела яшчэ і назву "Кур'ер Віленскі") надрукавала цікавую справаздачу пра пасяджэнне Камісіі, якую я з невялікімі скаротамі з задавальненнем падаю:

"14 красавіка адбылося чарговае пасяджэнне Археалагічнай камісіі пад старшынствам старшыні, графа Яўстафія Тышкевіча, які пасля сваёй двухмесячнай адсутнасці пачаў сход і прамовіў да сабраных:

- Панове! Праз некалькі дзён споўніцца сем гадоў існавання нашага навуковага таварыства. Мы дасягнулі сваёй мэты. Ніхто з нас не мог адразу прадбачыць памеры таго, што мы змаглі зрабіць, і кожны, гледзячы на перашкоды і амаль непераадольныя цяжкасці, меў рацыю сумнявацца ў поспеху. Аднак з ласкі Божай усё сталася па-іншаму, і ў гэты момант, пачынаючы чарговую штомесячную сустрэчу, я не магу не выказаць сардэчнай удзячнасці жыхарам усёй губерні і горада, асабліва нашым калегам за ўдзел і дапамогу ў навуковай дзейнасці Камісіі і звязанага з ёй музея ...

Я таксама хацеў бы выказаць публічную падзяку свайму намесніку, прэлату Баўкевічу, які рупліва вёў справу і старшынстваваў на нашых сустрэчах.

Вярнуўшыся са сталіцы, я павінен даць вам справаздачу аб сваёй дзейнасці, якая заўсёды была накіравана на карысць нашай установы. ...

Маючы гонар быць ганаровым членам Імператарскай Акадэміі Навук і Імператарскай Публічнай Бібліятэкі ў Пецярбургу, я лічыў сваім свяшчэнным абавязкам атрымаць з гэтага і нейкую навуковую карысць для асветы ў нашай радзіме. Убачыўшы, што навуковыя багацці ў сталіцы больш не надта патрэбныя і дакументы друкуюцца ў кнігазборах імперыі, я, як член гэтых інстытуцый, пайшоў да ўлад з просьбай, каб мы мелі гэтыя дакументы ў Вільні. У выніку Акадэмія Навук прапанавала нам усе свае выданні з часу свайго заснавання, а таксама дублікаты, якія акадэмік Кунік лічыць магчымым перадаць нам.

Гэта вялікая і амаль што беспрэцэдэнтная раней ахвяра, бо толькі каталог гэтых выданняў складаецца з трох даволі вялікіх тамоў, выдадзеных на розных мовах. Гэтыя кнігі, паводле атрыманых мной звестак, ужо едуць у Вільню. Маю гонар у будучым прадставіць вам справаздачу аб іх атрыманні і аб сапраўднасці дублікатаў, якія будуць складацца ў значнай ступені з кніг Нясвіжскай бібліятэкі. Што да дублікатаў з Імператарскай публічнай бібліятэкі, краевугольным каменем якой з'яўлялася бібліятэка Залускіх, дык большасць з іх былі мною прагледжаны на месцы. Сапраўднай бібліяграфічнай рэдкасцю з'яўляюцца творы з друкарняў, якія даўно не існуюць у нашым краі. Вельмі шмат твораў пазначаныя рукой свайго заснавальніка (Залускага - Л. Л.) , які атрымаў неўміручую славу, гэтым жа почыркам напісаны і заўвагі на палях. Першая падрыхтаваная да адпраўкі партыя складаецца з тысячы кніг тэалагічнага і філалагічнага зместу. Другая частка будзе адпраўленая з Санкт-Пецярбурга ў гэтым месяцы, гэтак жа будзе і далей. На дадзены момант немагчыма падлічыць колькасць спраў і тамоў, але для нашага края гэта будзе вялікі навуковы скарб. Я шчаслівы, што, маючы навуковыя годнасці, змог выкарыстоўваць іх на карысць адукацыі ў Літве, якая так доўга была пазбаўлена ўсялякай навуковай дапамогі.

Важным набыткам для нас з'яўляюцца копіі рукапісаў з Імператарскай бібліятэкі, якія верна захоўвае вядомы сваёй добрасумленнай працай Віктар Каліноўскі. Гэтыя рукапісы былі скапіяваныя і падрабязны змест іх выглядае наступным чынам:

1) Лісты віленскага біскупа Бенедыкта Войны да Радзівілаў, кракаўскага біскупа Ежы і Троцкага ваяводы Мікалая Крыштафа, перапісаныя з копій архіва Радзівілаў, якія адносяцца да 1595-1607 гг.

2) Лісты Януша Радзівіла да бацькі і паноў Пятра і Пакоша з 1596 па 1603 гг., па копіях з архіва Радзівілаў.

3) Лісты кракаўскага біскупа Марціна Шышкоўскага да Радзівілаў: ваяводы трокскага Мікалая Крыштафа, гетмана ВКЛ Крыштафа, і падчашага ВКЛ Януша, з 1593 па 1625 г., скапіявана з копій з архіва Радзівілаў.

4) Звесткі пра рукапіс пад назвай "Польская гісторыя, г.зн. найбольш значныя справы з часоў міжкаралеўя пасля смерці караля Аўгуста III і ад пачатку панавання п. Станіслава Аўгуста і інш.", з 1763 г. у 8 тамах.

5) Апісанне рукапісу "Дыяруш 1736 г.".

6) Апісанне і змест рукапісу пад назвай "Жыццё Сапегаў і лісты ад манархаў, князёў і розных уладароў да іх, напісаныя пад загалоўкам "Moribus antiquis res stat Romana virisque"" (лац.: "У норавах продкаў моц і магутнасць рэспублікі рымлян" - Л. Л.).

7) Лісты і інструкцыі ў колькасці 32 асобнікаў, якія датычаць ЯВ Ягамосці пана Любамірскага, маршалка і польнага кароннага гетмана, які ў 1665 г. падняў рокаш, скапіраваны ў Лейпцыгу ў 1738 г. (з падабенствам).

8) Апісанне рукапісу пад назвай "Акты генеральнай кароннай канфедэрацыі ў ВКЛ з далучанымі станамі пад патранатам ЯВ Ягамосці пана Міхала Яна, графа Паца, старасты Зялоўскага і інш., з 27 кастрычніка 1769 г. па 18 красавіка 1772 г.". Гэты рукапіс знаходзіцца ў бібліятэцы генеральнага штаба і на 256 старонках змяшчае ўсе ўніверсалы і справы Барскай канфедэрацыі.

9) Змест рукапісу пад назвай "Люстэрка элекцыі караля" ў 1668-1670 гг. (Міхала Вішнявецкага).

10) Апісанне рукапісу, які змяшчае, між іншым, цікавыя лісты, напісаныя каралём Янам III з-пад Вены.

11) Гісторыя Лжэдзмітрыя, копія з рукапісу Імператарскай публічнай бібліятэкі.

12) Дыяруш сойма 1605 г. з рукапісу Андрэя Лісецкага, які знаходзіцца ў Імператарскай публічнай бібліятэцы. Гэты рукапіс змяшчае больш за 5 000 старонак і ўтрымлівае важнейшыя матэрыялы пра рокаш Зебжыдоўскага і падрабязнасці пра Лжэдзмітрыя з 1605 па 1614 гг.

13) Змест рукапісу пад назвай "Апісанне Турэцкай імперыі" (з бібліятэкі Залускіх).

14) Апісанне рукапісу, які змяшчае важныя матэрыялы: а) з часоў першага Дзмітрыя Самазванца, б) Дыярыуш Смаленскага паходу, в) Дыярыуш Хоцімскай выправы Якуба Сабескага (у бібліятэцы генеральнага штаба).

15) Апісанне рукапісу (у публічнай бібліятэцы) пад назвай "Уласны ключ да ўсіх дамоў літоўскіх і некаторых рускіх князёў у нашых летапісах, пададзены па сапраўдным летапісам" (з бібліятэкі Юзафа і Аляксандра, князёў Сапегаў).

16) Апісанне рукапісу (у Імпер. бібл.) пад назвай "Жыццё англійскай каралевы Клементыны" з рэляцыі кс. Ігнацыя Лукаша Альшоўскага.

17) Апісанне рукапісу пад назвай "Соймавыя ведамасці і іншае рознае, сабранае ў 1789 г." (з Імпер. Публ. бібл.).

18) Змест лістоў, якія змяшчаюцца ў рукапісе пад назвай "Розныя маніфесты, мемарандумы, інструкцыі для паслоў, копіі лістоў і некаторыя арыгіналы з уласнаручнымі подпісамі і інш.", з 1740-1790 гг. (у Імпер. Публ. бібл.). Матэрыялы для гісторыі надзвычай важныя.

19) Апісанне рукапісу: "Меркаванні арцыбіскупаў, біскупаў, ваявод, кашталянаў і інш., 1758 г." (у Імпер. Публ. бібл.).

20) Апісанне рукапісу: "Збор публічных пісем з 1753 па 1769 гг. (у Імпер. Публ. бібл.).

21) Змест пісем, якія змяшчаюцца ў рукапісе: "Збор публічных пісем з 1753 да 1769 гг." (матэрыялы да Барскай канфедэрацыі і першага падзелу).

22) Апісанне тэкстаў, з рукапісу пад назвай "Калекцыя публічных лістоў і розных трансакцый з 1770 па 1773 г." (у Імпер. Публ. бібл.)

23) Паведамленне і змест рукапісу пад назвай "Перапіска пана Бенуа ў 1742 г." і карэспандэнцыя Лапускага з таго ж года.

24) Апісанне "Дзённікі ардынарнага варшаўскага сейму, пад звязам канфедэрацыі абодвух народаў, з 1788 г.".

25) Змест пісем, якія змяшчаюцца ў рукапісе "Цікавыя пісьма з пачатку праўлення найяснейшага Станіслава Аўгуста, караля польскага, вялікага князя літоўскага".

26) Рэестр пісем у рукапісе пад назвай "Гісторыя Барскай канфедэрацыі".

27) Рукапісы, якія змяшчаюць розныя важныя матэрыялы, якія адносяцца да гісторыі Польшчы і Літвы з 1560 г. да 1625 г. На пачатку - копія прывілея паноў літоўскіх на унію 1569 г., 1 ліпеня.

Маю гонар перадаць гэтыя зборы ў бібліятэку нашага Таварыства і прашу шаноўнага калегу Маўрыцыя Круповіча ўключыць іх у агульны каталог рукапісаў нашага кнігазбору. [...]

Панове! Я не ведаю, якая будучыня чакае гэтыя калекцыі, якія так шчодра ўзбагачаюць наш народ, бо ніхто не можа ведаць, ці здагадвацца пра місію, якую ўсклаў на іх Провід. Але хачу прамовіць упрагнёнае намі слова ўніверсітэт, які Бог можа даць для шчасця некалькіх мільёнаў чалавек і які знойдзе ўжо падрыхтаваную навуковую базу, якую, у іншым выпадку, прыйшлося б доўга чакаць. Што да мяне, дык я шчаслівы, што паміраючы, буду з радасцю ўспамінаць, як з вашай дапамогай, паважаныя калегі, пераадольваючы ўсе нягоды, якія сустракаліся ў развіцці адукацыі, мы змаглі захаваць у Літве гэтую іскру полымя, якая будзе вечна злучаць наша мінулае і нашу будучыню. [...]" 11.

А ў № 49 за 1862 г. тая сама газета "Віленскі веснік" пісала: "Помнік Барбары Радзівілаўне. Кароль Жыгімонт Аўгуст пахаваў рэшткі сваёй жонкі Барбары Радзівілаўны ў Віленскай катэдры. У сувязі са шматвяковымі зменамі, якія перажыў гэты першы каталіцкі касцёл у Літве, магіла Барбары знікла сярод шматлікіх руйнаванняў, праз якія ён прайшоў, так што захавалася толькі памяць аб месцы, дзе быў пахаваны яе прах. Але вобраз гэтай цудоўнай гістарычнай асобы, гісторыкі і паэты ўзнялі сваімі натхнёнымі словамі ў самыя вышыні. Як Вітаўт быў і будзе на ўсе часы прыкладам адвагі і мужчынскай славы ў Літве, гэтак і Барбара Радзівілаўна застанецца прыкладам найвышэйшых прыкмет жаночай прыгажосці і годнасці12 . Калі сціплая мармуровая дошка ў 1853 годзе, на месцы, дзе была магіла Вітаўта13 , захоўвае памяць пра вялікага дзяржаўнага дзеяча Літвы, таго ж самага вымагае і пачуццё ўдзячнасці да апошняга з дынастыі Ягайлы, каб найкаштоўнейшы скарб яго душы - каханне да Барбары, было захавана для нашчадкаў. Віленскае археалагічнае таварыства, мэтай якога з'яўляецца захаванне краёвай спадчыны ад вынішчэння і перадача яе наступным пакаленням, пастанавіла ўшанаваць помнікам месца апошняга спачыну астанкаў адной з літоўскіх жанчын, вялікай княгіні нашага народа.

Сродкаў Таварыства не хопіць на годную рэалізацыяю, якая патрабуе значных выдаткаў. Таварыства будзе разглядаць магчымасць даверыць гэтую працу скульптару Генрыку Дмахоўскаму, бо мы упэўнены, што гэты майстар, які мае шляхетнае сэрца і любоў да Літвы, зможа натхнёна ажывіць халодны мармур. Але выдаткі на выкананне работ, якія адпавядаюць памерам аб'екта і дасканаласці храма, будуць, напэўна, немалыя і, па ўсёй верагоднасці, складуць каля 10 тысяч рублёў срэбрам.

Таму Таварыства звяртаецца да шчодрасці нашых суайчыннікаў і суайчынніц, да уласцівай для нас любові да нашай гісторыі, каб яны праз добраахвотныя ўнёскі здзейснілі пабудову магілы Барбары ў віленскай катэдры.

Няхай кожны, хто лічыць гэтае пачынанне абавязковым для выказвання пашаны, паспяшаецца паслаць свой дар шаноўнаму пробашчу віленскай катэдры ЯВ кс.-прэлату Юзафу Баўкевічу" 14.

Дадам, што яшчэ раней па ініцыятыве Тышкевіча ў катэдральнай капліцы св. Казіміры быў пастаўлены помнік Уладзіславу IV.

Як бачым вялікай і прыгожай марай Тышкевіча было адраджэнне Віленскага ўніверсітэта. Ён збіраў экспанаты для музея, камплектаваў бібліятэку і хацеў захаваць навуковыя дасягненні мінулых пакаленняў. Гэтая мары не спраўдзілася, і ўся праца Тышкевіча па камплектаванні збораў неўзабаве была цалкам знішчана

***

У студзені 1863 г. выбухнула паўстанне ў Польшчы, да якога неўзабаве далучылася і Літва. Няма падрабязных звестак пра ўдзел Тышкевіча ў паўстанні. Можна толькі меркаваць, што як заўзяты прыхільнік лаяльнасці да Расіі ён баяўся і прадбачыў яго наступствы як для краю, гэтак і для свайго музея.

У траўні 1863 г. цар прызначыў М. Мураўёва генерал-губернатарам. Пасля яго прыезду ў Вільню рэпрэсіі закранулі і Віленскі музей старажытнасцей. У 1863 г. музей часова, а ў 1865 г. канчаткова быў зачынены. Не дапамаглі ні звароты вернападданых, ні заступніцтва перад імператарам высокіх саноўнікаў.

У пачатку 1865 г. Мураўёў склікаў пры музеі агульны сход членаў Археалагічнага таварыства. Тышкевіч як старшыня адкрыў паседжанне і даў слова Аркадзію Сталыпіну (бацьку будучага прэм'ер-міністра), які прысутнічаў тут ад імя Мураўёва. Сталыпін выступіў з прамовай аб будучыні музея. Ён даказваў карэнную рускасць мінулага паўночна-заходняга краю і асабліва горада Вільні. Краевугольным каменем гэтай ідэі, для яго стаў шлюб князя Альгерда з рускай цвярской княжной. Дарэчы, сёння вядома, што факт гэтага шлюбу не цалкам пацвярджаецца гістарычнай навукай. Але пярлінай невуцтва, паводле ўспамінаў Г. Корвін-Мілеўскага, стала наступнае выказванне Сталыпіна: "У той час у Вільні ўжо друкаваліся рускія кнігі". Пэўна ён меў на ўвазе беларускае кнігадрукаванне, але і яно пачалося толькі больш чым праз 150 гадоў15. Напрыканцы Сталыпін заявіў, што віленскі музей павінен збіраць толькі тыя экспанаты, якія пацвярджаюць рускі характар нашага краю. З гэтай мэтай музей пераходзіў ў падпарадкаванне віленскага генерал-губернатара, які ў далейшым і вырашаў яго лёс.

Пасля выступлення Сталыпіна, Тышкевіч спытаў, ці не жадае хто-небудзь з прысутных выступіць. Адказам было аглушальнае маўчанне, і таму старшыня абвясціў закрыццё сустрэчы.

Для агляду музея і вырашэння яго далейшага лёсу па загаду Мураўёва была створана спецыяльная камісія, у якую ўвайшоў і Яўстах Тышкевіч. Тышкевіч сваім удзелам у працы камісіі хацеў выратаваць хаця б частку экспанатаў, а і можа нейкім чынам паўплываць на рашэнне Мураўёва.

Па просьбе камітэта Тышкевіч прадставіў усе каталогі і запіскі, якія тычацца музея. Акрамя таго, ён і камісія павінны былі па чарзе праглядзець усе экспанаты. Усе прадметы, якія не адпавядалі сказанаму Сталыпіным, прызначаліся для вывазу. Часам, каб абараніць асобныя рэчы, Тышкевіч казаў пра іх несапраўднасць або недакладнасць каталога.

Аднак хутка стала вядома, што прадстаўленыя каталогі музея не поўныя. Потым былі знойдзены так званыя " сакрэтныя зборы музея". Там захоўваўся зборнік універсалаў, выдадзеных у гонар паўстанняў, і зборнік адозваў да войскаў. Гэтыя дакументы раней не выстаўляліся на ўсеагульны агляд.

Бачачы сумны лёс свайго музея, Тышкевіч нарэшце вырашыў зрабіць больш рашучы крок. 8 красавіка 1865 г. ён выказаў пратэст супраць такога абыходжання з калекцыямі і запатрабаваў перагляду ўсіх прадметаў, а таксама адмовіўся ад далейшага ўдзелу ў працы Камісіі. "... Што можа быць асаблівага ў капелюшы і галаве Каспара Бекеша, знакамітага правадыра з Трансільваніі, які быў военачальнікам Баторыя, ці паўплывае вываз яго капелюша з музея на забыццё яго імя, калі яго імя мае гара у Вільні, дзе ён пахаваны, калі гэтае імя можна сустрэць на ўсіх мовах у гісторыі іншых краін?.." - пісаў Яўстах Тышкевіч. Ён таксама заявіў, што мэтай стварэння музея было прадставіць гісторыю нашага краю і некаторыя моманты з гэтай гісторыі нельга выкрасліць, і таму ў музеі знаходзяцца экспанаты, цікавыя розным народам.

У далейшай працы камісіі Тышкевіч не ўдзельнічаў. Усе адабраныя камісіяй калекцыі былі вывезены ў Расію. Тое ж адбылося і з больш каштоўнымі кнігамі з бібліятэкі. Рэшткі кніг былі падзелены па губернскіх бібліятэках.

У 1867 г. Мураўёў загадаў адкрыць у Вільні публічную бібліятэку, у якую было перададзена тое, што засталося са збораў Археалагічнай камісіі. Замест Археалагічнай камісіі была створана Віленская археаграфічная камісія, якая толькі друкавала выбраныя дакументы.

Пасля закрыцця Музея старажытнасцей Тышкевіч адыходзіць у цень. Шмат часу ён праводзіць у Біржах. Спрабуе супрацоўнічаць з Археаграфічнай камісіяй, але адносіны не наладжваюцца, і нарэшце граф засяроджваецца на навуковых даследаваннях і новых публікацыях. Таксама Тышкевіч вырашыў заняцца гісторыяй уласнага роду і гісторыяй яго маёнткаў. Напісаў ён і дзве працы пра Біржы.


Перад смерцю Тышкевіч вярнуўся ў Вільню, дзе і памёр 27 жніўня 1873 г. Пахаваны на могілках Росы каля Уладзіслава Сыракомлі, яго магіла захавалася дагэтуль.

8 Pamiatniki Komisji Archeologicznej Wilenskiej, Wilno 1856 , cz I, s. 20.

9 Dobaczewska W. Dzieje kultury wilenskiej miedzy dwoma powstaniami. Wilno, 1937. S.13.

10 Адынец А. Э. Успаміны пра мінулае. Мінск, 2020. С. 18.

11 Kurier Wilenski. 1862. № 31. S. 248.

12 Пра магілу каралевы Барбары гл: Лаўрэш Леанід. Знаходка пахавання вялікага князя ВКЛ і караля Аляксандра і вялікіх княгінь і каралеў Лізаветы і Барбары ў 1931 г. // Наша слова.pdf № 28 (80), 12 ліпеня 2023.

13 Магіла Вітаўта і яго жонкі гэтак і не была знойдзена. Гл: Артыкулы пра пошукі магілы Вітаўта // Наша слова.pdf № 50, 14 снежня 2022.

14 Kurier Wilenski. 1862. № 49. S. 395.

15 Korwin-Milewski H. Siedemdziesiat lat wspomnien. Poznan, 1930. S. 53

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Перакладчык, журналіст, мастак, батанік: Галдзянкоў, Кандрацюк, Русак, Юзепчук; кніжныя зборы індзеяністаў (ч. 3)

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-49 (53-101) за 2023 г.)

Катэгорыі і адзнакі, прынятыя ў спісах, якія адлюстроўваюць крыніцы паступлення кніг у Бібліятэку Беларуска-індзейскага таварыства: Gift - дар, Purchase - пакупка, Bookcr. - bookcrossing - буккросінг, Withdr. - withdrawal - спісанне. Адсутнасць месца (населенага пункта або, у некаторых няпэўных выпадках, краіны, бо часам бывае цяжка ўзнавіць канкрэтны горад або вёску, дзе была атрымана кніга) сведчыць пра тое, што кніга паступіла па пошце. "Нумараваныя" запісы адносяцца да Беларуска-індзейскай бібліяграфіі.

ABC cloveka / zprac. aut. kolektiv pod vedenim J. Wolfa. Praha, 1977. (Gift / Withdr.: Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка.)

Amerika 1492: die Indianer-volker vor der Entdeckung / hrsg. und mit einer Einl. vers. von A. M. Josephy. Frankfurt am Main, 1992. (Gift: Сагановіч Г., у Мінску, у час Міцкевічаўскай канферэнцыі 1998 г.) (У ч. 1 агляду "Кніжныя зборы індзеяністаў" памылкова ўказана, што кнігу на нямецкай мове R. L. Nichols "Geschichte der Indianer…" (2002) падараваў Г. Сагановіч, насамрэч - П. Літке, па пошце.)

Constitucion de la Republica Bolivariana de Venezuela. Caracas, 1999. (Withdr.: у Варшаве, у час ліквідацыі як асобнай адзінкі Centrum Studiow Latyno-amerykanskich CESLA UW - у 2017 г. уключаны ў структуру Osrodka Studiow Amerykanskich UW, які ў сваю чаргу ўваходзіць у Instytut Ameryk i Europy Uniwersytetu Warszawskiego.) (Мініяцюрнае выданне.)

Disinherited: Indians in Brazil. [London: Survival International, 2000] (Editorial team: F. Watson, S. Corry and C. Pearce.) (Gift: Survival International, London.)

Jordan Pando R. Poblaciones indigenas de America Latina y el Caribe. Mexico (Mexico), 1990 (Organizacion de las Naciones Unidas para la Agricultura y la Alimentacion (FAO); Instituto Indigenista Interamericano (III).) (Gift: Матас Мар Х. (Matos Mar J., Director, InterAmerican Indian Institute (III).)

Kaczynski B. Xenia Grey: ksiezna Chicago. Warszawa, 1993. (Gift: Мазурек К. (Mazurek K.).)

Kavasch E. B. Herbal traditions: medicinal plants in American Indian life. Smithsonian Institution Traveling Exhibition Service. [1983 or 1984]. (Gift: Каваш Э. Б., аўтар.) (Аўтограф Святлане Калянковіч.)

Kipel V. Byelorussian Americans and their communities in Cleveland / with an introd. by T. E. Bird. Cleveland, 1982. (Gift: Кіпель В. (аўтар).)

Neligh G. Mental health program for American Indians: their logic, structure and function. [Denver, 1990]. (Gift: Мэнсан С. М. (Manson S. M., Pembina Chippewa), National Center for American Indian and Alaska Native Mental Health, Department of Psychiatry, University of Colorado Health Sciences Center.)

Niewinski L. Obozy jenieckie w wojnie secesyjnej 1861-1865. Warszawa, 2012. (Gift: Нявінскі Л. (аўтар).) (Аўтограф аўтара: "Od autora" - мы папрасілі напісаць гэтую фразу, калі зайшлі ў кабінет у Беластоцкім універсітэце, дзе адбываюцца яго дзяжурствы.)

Nichols R. L. Geschichte der Indianer in den Vereinigten Staaten und Kanada. Essen, 2002. (Gift: Літке П . (Littke P.).) (Увага: Г. Сагановіч падараваў не гэтую, а кнігу "Amerika 1492" (1992).)

Our stories, our lives: a collection of twenty-three transcribed interviews with elders of the Cook Inlet Region / by A. J. McClanahan. Anchorage, [1986] (Gift: Макіні М. (McKinney M.).)

Pinxten R. with van Dooren I. and Soberon R. Towards a Navajo Indian Geometry. FKFO. [s.d.]. (Gift: Фарэр R. (Farrer C.).)

Аркадзь Антонавіч Смоліч: (да 100-годдзя нараджэння): бібліяграфічны даведнік; [склалі А. Болатаў, А. Рыдзеўскі]. Мн., 1991. (Акадэмія навук БССР, Беларускі дзяржуніверсітэт імя У. І. Леніна, Геаграфічнае таварыства БССР; 200 экз.) (Gift: Болатаў А., Рыдзеўскі А. (складальнікі).)

6616 Бенитес Ф. Путешествие к индейцам тараумара / пер. с исп. Л. П. Василевского; предисл. Я. Г. Машбица. М., 1965. (Gift: Снітко А., у Гомелі.)

Всевидящий глаз: легенды североамериканских индейцев. М., 1964. (Gift: Назарава Л., у Гомелі.)

Галленкамп Ч. Майя: загадка исчезнувшей цивилизации / пер. англ., коммент. и послесл. В. И. Гуляева. М., 1966. (Purchase: ананімны прадавец у Гомелі - прычым танна: эфект мела толькі гэтая са шматлікіх нашых аб'яў у "кніжнай" рубрыцы рэгіянальнай газеты "Моя реклама" ў пачатку 2000-х гг. (мэтай іх была не толькі ліквідацыя лакун, але і прапаганда індзеяністыкі праз бібліяграфічныя апісанні; мы таксама ўнеслі немалы ўклад у рубрыку прыватных паведамленняў "608-я", якая дасягнула, паводле нашага калегі, "фенаменальнага" развіцця - пакуль як асаблівы феномен у два этапы не знікла - спачатку атрымаўшы іншы нумар, а потым перастаўшы друкаваць "непрыватныя" аб'явы).)

Гуляев В. И. Идолы прячутся в джунглях. М., 1972. (Gift: Чыжоў А., у Гомелі.)

2384 Косвен М. О. Очерки истории первобытной культуры. Изд. 2-е, испр. и доп. М., 1957. (Gift: Снітко А., у Гомелі.)

Мерин Б. М. Латинская Америка: студенчество и революционный процесс. М., 1975 (Gift: Снітко А., у Гомелі.)

8136 Тегако Л., Кметинский Е. Антропология: учебное пособие. М., 2004. (Gift: Марфіна В., Інстытут гісторыі НАНБ, у Мінску.)

Хьюз М. История с танцем призраков. М., 1991. (Bookcr.: у Гомелі, гарадская біб-ка, ф. 8.)

2151 Шаринский И.А. Странствия по Канаде. Мн., 1969. (Gift: Міткавец А., у Гомелі.)

У сакавіку 2007 г. журналіст і паэт Уладзімір Дзюба адказаў па электроннай пошце на наш папяровы ліст ад 21.11.2005 г. Паведаміў, што можа падараваць сваю кнігу "Доктар Русель"… "Гатовы табе ўручыць не толькі свой гэты твор, а і кнігу М. Іоські пры сустрэчы ў Мінску". Згадзіўся на сустрэчу з "нашым чалавекам" А. Снітко, які ехаў у Мінск на з'езд партыі "Зялёныя". Снітко з'ездзіў да яго на кватэру 16 красавіка. І пасля гэтай сустрэчы доўга "хадзіў у трансе". У Дзюбы была ампутаваная нага… прапускаючы іншыя цяжкія падрабязнасці хваробы… ён "развітваецца": сканцэнтраваны на сваім новым творы "Кроссвор Дом Праотца", які хоча апублікаваць (разлічвае на выкарыстанне ў турызме). У характары Снітко даваць падрабязныя вусныя справаздачы пра паездкі і сустрэчы.

Уладзімір падараваў раздрукаваную копію, з аўтографам на ёй, сваёй кнігі (жонка не параіла расставацца з адным з двух яго ўласных экзэмпляраў, што заставаліся), "але затое" - кнігу Міхаіла Іоські 1976 г. з надпісам на тытульным аркушы па-руску "Уласны экзэмпляр / сям'і М. І. Іоські / 6 ліпеня 1976" (як мы зразумелі, быў перададзены яму самім Іоськам).

Паэму Дзюбы "Доктар Русель" мы мелі ў версіях з часопіса "Маладосць" (нумары, спісаныя з бібліятэкі Герцэна ў Гомелі), а кніжнае выданне (1991), "прапусціўшы" купіць (здаецца, з-за цаны) адразу пасля выхаду, пазней доўга не маглі набыць, не знаходзячы ў букіністычных крамах. Удача здарылася ў кнігарні на вуліцы Карла Маркса ў Менску 13.06.2019 г. (3 руб.).

ГАЛДЗЯНКОЎ Міхаіл - ураджэнец Харкаўскай вобласці, з сям'і вайскоўца; мову ўдасканальваў у ЗША; аўтар кніг у дапамогу вывучэнню англійскай мовы; быў перакладчыкам У. Язі ў час яго выступленняў у Менску.

Аўтар БСІ бачыў, як артыстычна Майкл Галдзянкоў перакладаў сказанае Уільямам у другі дзень яго выступленняў перад аўдыторыяй у Доме дружбы (1996). Міхаіл сам музыкант, тым больш яму было цікава сустрэцца і пагаварыць з флейтыстам і спеваком з Арызоны. У інтэрнэце можна ўбачыць, як Уільям іграе і на гітары, спявае пад яе для вузкага кола мінчан і гасцей сталіцы.

Сярод розных іпастасей Міхаіла - крыптазаалогія і іншае, асвятленнем чаго займаецца "Аналитическая газета "Секретные исследования"". Калі б Міхаіл яшчэ і ездзіў у далёкія месцы, дзе сустракалі загадкавых істот і назіралі незразумелыя з'явы, - то быў бы ён беларускім "Індыянай Джонсам".

Запісы, якія адносяцца да тэмы "Загадкавае" (уключаючы сенсацыі, спрэчныя адкрыцці і г.д.), адзначаныя ў Беларуска-індзейскай бібліяграфіі кодам 87 (у асобным алфавітным каталозе, у электронных табліцах, custom searches і інш.; гэта "адкрыты код", нічога сакрэтнага).

Зразумела, мы змаглі зафіксаваць толькі невялікую частку артыкулаў, у якіх Міхаіл Галдзянкоў пісаў пра штосьці паранармальнае або цьмянае, што патрабавала прысутнасці індзейцаў для большай эфектнасці або праўдападобнасці.

Літ.:

4485 Голденков М. Американский слэнг. Мн., 1996.

6043 Голденков М. Осторожно! Hot dog!: современный активный English. Мн., 1997.

11437 Голденков М. Полет дубового листа. Мн., 2007.

6939 Голденков М. "Откуда есть пошла Русь?" // Аналитическая газета "Секретные исследования". 2002. № 14 (июль). С. 13.

5914 Голденков М. В поисках чудовищ эры динозавров // Секретные исследования. 1999. № 8 / 16 (авг.). С. 10-11.

5915 Голденков М. Где прячется снежный человек? // Секретные исследования. 1999. № 12 / 20 (дек.). С. 6-7.

5916 Голденков М. Живые птерозавры // Секретные исследования. 2000. № 5 / 25 (май). С. 8.

6668 Голденков М. Загадочные гоминиды: наши предки или наши потомки? // Аналитическая газета "Секретные исследования". 2002. № 5 (март). С. 14.

5917 Голденков М. Кем же был легендарный дракон // Секретные исследования. 2000. № 2 / 22 (февр.). С. 5.

5918 Голденков М. Кто открывал Северную Америку? // Секретные исследования. 2000. № 10 / 30 (окт.). С. 9.

6669 Голденков М. О чем может рассказать монета или свет на тайну Атлантиды // Аналитическая газета "Секретные исследования". 2002. № 6 (март). С. 14-15.

5919 Голденков М. Озерные чудовища Ирландии, Канады и Беларуси // Секретные исследования. 2000. № 6 / 26 (июнь). С. 9.

6670 Голденков М. От кого же произошел человек? // Аналитическая газета "Секретные исследования". 2002. № 13 (июль). С. 6.

5921 Голденков М. Последний мамонт еще не умер! // Секретные исследования. 2000. № 6 / 26 (июнь). С. 8.

6361 Голденков М. Рукотворные "молнии" бога Перуна // Знамя юности. 2001. 15 дек. С. 20.

5922 Голденков М. Современные неандертальцы: капторы и алмасты Кавказа и Монголии// Аналитическая газета "Секретные исследования". 2001. 28 марта. С. 6-7.

6093 Голденков М. Странные двуногие братья // Аналитическая газета "Секретные исследования". 2001. № 8 (июль). С. 9.

6940 Голденков М. Таинственные следы прошлого // Аналитическая газета "Секретные исследования". 2002. № 16 (авг.). С. 8-9.

5923 Голденков М. Таинственный монстр Белоруссии и России. Василиск - кто это на самом деле? // Секретные исследования. 2000. № 9 / 29 (сент.). С. 9.

5924 Голденков М. Человек Фосетта // Секретные исследования. 1999. № 11 / 19 (нояб.). С. 6-7.

КАНДРАЦЮК Ганна (3) - мы з цёплым пачуццём даведваліся, што Ганна, аўтар кнігі пра Белавежскую кнігу, за якую атрымала заслужаныя лаўры, мае "індзейска-яцвяжскую манію" ("З Падляшша ўцякае кожны сяк-так таленавіты малады чалавек. Яшчэ пяць-дзесяць гадоў і вернуцца сюды вялікі лес ды дзікі звер. Беларусы паробяцца белатварымі індзейцамі, патомнымі колішніх тут яцвягаў. Сумныя думкі. Мы любім заставацца сумнымі менавіта. Характэрная рыса псіхікі бядоты" (С. Яновіч, "Час праўды", 2011)).

Рэдакцыя "Нівы", дзе на рабочым месцы мы ўбачылі Ганну, з'яўляецца ўтульным і вельмі важным месцам для беларусаў - і не толькі для беларусаў, не толькі для Беластока і Польшчы. У адносінах да цэлага свету гэта "дыспетчарскі" пункт, дзе перакрыжоўваюцца розныя цікавасці, у т.л. цікавасць беларусаў да індзейцаў.

"- 3 -

Яшчэ да паездкі ў рэзервацыю Ада папярэдзіла, каб не ставіць там лішніх пытанняў.

- Лепш памаўчаць, - параіла яна, - індзейцы напралёт бачаць з кім у іх дачыненне. Яны не мусяць нічога гаварыць, уміг прачытаюць чалавека і яго намеры паводле мовы цела...

Парады Ады прыемна ўскалыхнулі маё эга. Нашы аўтахтоны з падобнай падазронасцю сочаць за ўсякай масці навалаччу. Беларусы таксама будуць гаварыць адно і думаць сваё. I хутчэй чым у словы павераць у тое, што самі знюхаюць і пабачаць. Сама вандроўка ў рэзервацыю выглядала мне на загадку, паколькі наладзілася нечакана, як бы пад уплывам натхнення. (Ада і Жак Мішэль не ведалі пра маю індзейска-яцвяжскую манію). Праўда, раней я не давала ім дыхаць роспытамі пра прадстаўнікоў першых нацый. Іх адных не хапала мне да шчасця сярод шматэтнічнага грамадства Манрэаля. Каб патрапіць на іх след, я кружыла па вуліцах метраполіі, з'ездзіла ўсе лініі метро, прасвяціла квартал геяў і лесбіянак уначы...

- Чаму іх няма, напрыклад, сярод пасажыраў аўтобусаў? - пытала я з надзеяй у голасе.

- Бо яны ходзяць у групах і трымаюцца сваіх сцежак, - падказала мне Ада, - іх маршруты супадаюць са старымі паляўнічымі шляхамі.

Мне аднак не пашчасціла сустрэць такіх індзейцаў-качэўнікаў.

* * *

Жыхары рэзервацыі выглядалі як сучасныя канадцы і замест чытаць з рухаў цела чужынцаў, чыталі ранішнюю прэсу. Каб не расчаравацца пабачаным на яве, я была вымушана саступіць на сцежку двудушнасці і сама пачала чытаць мову целаў сучасных вендаке. Аб'екты маіх доследаў выседжвалі ў адміністрацыі гатэля і працавалі ў якасці музейных гідаў. Чамусьці напаміналі яны мне пушчанскіх сваякоў, якія пасяліліся ў Гайнаўцы ці Беластоку. У іх паходцы не хапала ўжо той гібкасці і свабоды, характэрнай людзям лесу. Замест прыроднай насцярожанасці качэўнікаў я пабачыла ў іх позірках спакой і задавальненне стабільных асаднікаў. Аднак найбольш расчаравала мяне абыякавасць да пазавербальных сеансаў! На кожным кроку чулася тут французская мова, без якой тут адчуваеш сябе як без рук і ног. Гуроны не збераглі сваёй мовы ў пісьмовай форме, іх культурная спадчына захавалася ў песнях, танцах і рукадзеллі. Яшчэ больш здзівіў рацыянальны план пасёлка з перпендыкулярнымі вуліцамі. Гэты парадак жыва супярэчыў легендам пра індзейскія сцежкі. Ды ў цэнтры рэзервацыі прывітаў знаёмы будынак-сімвал. Дамінуючае месца займаў тут езуіцкі касцёл Нотр Дам дэ Ларэт (Notre Dame de Lorette). Побач яго знаходзіцца мініяцюрны могільнік з мініяцюрна каменнымі помнікамі, пазначанымі падвойнымі імёнамі і падвойнымі прозвішчамі, вядома, на французскай мове.

* * *

У турыстычных мясцінах усе дарогі вядуць у касцёл або ў бар. Мы таксама пацягнулі ў бар, аздоблены каляровай разьбойтатэмамі, каб пасмакаваць тыповы сняданак жыхароў рэзервацыі. Да прыезду "белых" гуроны-вендаке харчаваліся мясам аленяў, вавёрак, дзікоў, лавілі рыбу, збіралі зёлкі, вырошчвалі сланечнікі, дыні, фасолю, кукурузу...

Мы заказалі сучаснае "гуронскае" снеданне. Калі на нашых сталах з'явіліся гарачыя стравы, Жак Мішэль узрушыўся:

- Я даўно ўжо не еў такога квебецкага сняданка!

На талерках прыемна дымелі смажаныя яйкі, смажаная бульба і падсмажаны пірог з усякімі сочывамі, кетчупамі і соўсамі. У якасці пітва нам прапанавалі каву "па-амерыканску", падліваную проста са шклянога збанка. Дзеля лепшага смаку і нашага задавальнення, ветлівая афіцыянтка падключыла тыповую квебецка-канадскую музыку. Ад таго ўсяго шчасця я адвярнула галаву да акна з відам на могілкі. Там таксама свет першых і чарговых нацый Амерыкі параўняўся...

Калі б мне не сказалі, што сяджу ў індзейскім бары ў рэзервацыі гуронаў-вендаке, я ніколі пра гэта не здагадалася б." (Працяг будзе)

Літ.:

10572 Зорка. Спявалі, танцавалі, дэкламавалі // Ніва. 2001. 24 чэрв. № 25. С. 6. (Кл. сл.: "Дзіравы вігвам", музыка, індзеянізмы, Падляшша.)

РУСАК Галіна (2) - на думку колішняга лідара і гісторыка беларускай эміграцыі ў ЗША Вітаўта Кіпеля, яна найбольш звязаная з індзейскім светам асоба з ліку беларускіх амерыканцаў.

Пра ўвагу Галіны да індзейцаў пісалася ў "Беларусе" ў 1970-я, але матыў гэтай цікавасці стаў асабліва вядомым адначасова з вядомасцю яе творчасці на радзіме - у сувязі з выставамі, праз яе інтэрв'ю. Тое, што яна ўважліва вывучала і параўноўвала беларускае і індзейскае мастацтва, яна ўскосна пацвердзіла сама ў гутарцы з карэспандэнтам "Голасу Радзімы" Т. Антонавай. У час першай выстаўкі мастачкі на Бацькаўшчыне, якая адбылася ў 1992 г. у Дзяржаўным мастацкім музеі, аўтары водгукаў на яе ў друку звярнулі ўвагу на "індзейскія" вытокі ў творчасці Галіны Русак.

Аналіз індзейскага кампаненту ў яе творчасці па-сапраўднаму пачаўся, калі адбыліся яе персанальныя выстаўкі ў Нью-Ёрку. Галоўнае ў яе творчасці - беларускія матывы, але да думкі выкарыстаць іх, паводле Р. Максімовіча (Вітаўта Тумаша), яна прыйшла, калі вывучала мастацтва індзейцаў Паўночнай Амерыкі. Назвы лепшых яе палотнаў - "Танец сонца", "Пурпуровая вясна", "Курган", "Зямля", а таксама і "Купалле", "Васілёк", "Кругазварот сонца" асацыіруюцца то з Беларуссю, то з Індзейскай Амерыкай, а часам - і з той, і з другой. Работы пад назвай "Багіня зямлі", "Людзі лесу" - "успрыманне міфалогіі гэтых народаў адлюстроўваецца праз тыпымаскі". Беларуская "пазнавальнасць" таксама забяспечваецца: "Беларускасць жа мастачка перадае праз васількі".

"Думка скарыстаць у творчасці матывы роднага краю з'явіліся пры вывучэнні сімвалічнай мастацкай культуры іншага асяроддзя - індыянаў Паўночнай Амерыкі".

"Спадарыня Русак зацікавілася мастацтвам амерыканскіх індзейцаў пасля прыезду ў гэтую краіну ў 1949 годзе. Яна часта наведвала індзейскія пасяленні, археалагічныя мясціны і музеі. Азнаямленне з сімваламі на гаршках індзейцаў паўднёва-заходняга рэгіёна навяло ейную думку на багатыя традыцыі ейнай уласнай спадчыны. "Раней, - кажа яна, - я ніколі не звязвала гэных традыцый са сваёй мастацкай творчасцю, але пасля азнаямлення з індзейскім мастацтвам я пачала ўжываць матывы і сімволіку з беларускіх легендаў і фальклору ў сваіх творах"".

"Першая асацыяцыя, якая ўзнікае паводле гэтых карцін - індзейскі фальклор. Адсюль экзатычныя ля беларускага вока фарбавыя спалучэнні: чорны, зялёны, чырвоны... Нават кветкі беларускай прыроды - рамонкі, валошкі, дзьмухаўцы і іншыя - набываюць экзальтаваную для нашага ўспрымання форму, падкрэсленую кантрастнасцю непасрэдных для кожнай выявы каляровых спалучэнняў: белы на ярка-сінім фоне, чорны на чырвоным. Таму, хаця і сюжэтамі, і назовамі ("Ой, ты, Неман рака", "Сонцаварот-Купала", "Кветка папараці" і інш.) карціны спадарыні Галіны гэтага перыяду і набліжаюцца да беларушчыны, выяўленчыя іх адметнасці пранізаны кодам зусім іншага нацыянальнага паходжання".

"На мастакоўскае светаўспрыманне паўплывала знаёмства з мастацтвам карэнных жыхароў амерыканскага кантынента - індзейцаў. Сапраўды, відаць, напачатку дзіўна пабачыць за тысячы вёрст ад Радзімы ўзоры, падобныя на тыя, што вышывала маці; колеры, знаёмыя з дзяцінства. Ды потым прыходзіць усведамленне, што ў падабенстве культур адлюстравана адзінства свету".

Літ.:

3196 Максімовіч Р. Васільковая саната // Беларус. 1974. № 206. С. 5. (Г. Русак.) (Псеўданім В. Тумаша.)

383 Антонава Т. Натхняюць вобразы Радзімы: нататкі пра творчасць мастачак, нашых суайчынніц з ЗША // Голас Радзімы. 1991. 26 лістап. С. 6. (Гарачы жнівень 1991 г. Працяг будзе.)

1118 Гаранская Т. Радзіма - рай: (выстаўка карцін амерыканскай беларускі Г. Русак) // Голас Радзімы. 1992. 27 лют.

2461 Гаранская Т. Шлях вяртання // Літаратура і мастацтва. 1993. 10 верас. С. 13. (Выставы, Г. Русак; памылкова: "паўднёваамерыканскія індзейцы", іх гісторыя, культурная спадчына, колер, арнаментыка.)

3692 Rusak H. Modern Byelorussian art // Запiсы = Zapisy: Proceedings of the Twenty-fifth Anniversary Simposium of the Byelorussian Institute of Arts and Sciences, Feb. 1977 / ed. by T. E. Bird. New York, 1983. P. 69-81. ("Indian Summer" (1967), Dzimitry Alejnik.) (Выпуск "Запісаў" - дар В. Кіпеля - па пошце.)

ЮЗЕПЧУК Сяргей (3) - адносіны Вавілава і Юзепчука закранутыя ўжо ў першым лісце да нас удавы апошняга - ад 23.10.1989 г.

Ніжэй - яшчэ адно сведчанне, "пазітыўнае", без яўных прыкмет канфлікту або неадназначных адносін гэтых вучоных, - з ужо цытаванага намі артыкула І. Фрэйдберга ў зборніку Інстытута Лацінскай Амерыкі 1987 г. "Лацінская Амерыка ў працах і творчай спадчыне акадэміка М. І. Вавілава" (з калекцыі А. Снітко; пэўны час знаходзіўся, разам з больш чым 2,5 тысячамі кніг гэтага гомельскага энтузіяста, у Лацінаамерыканскім культурным цэнтры імя Сімона Балівара ў Менску - за невялікім выключэннем, яны вярнуліся ў Гомель у студзені 2017 г., што зафіксавана намі фатаграфічна і пункцірна ў электроннай табліцы; "венесуэльскі" нумар ад рукі на тытульным аркушы і на наклейцы ў верхнім левым куце мяккай вокладкі - 2300):

"Да знаёмства з Мікалаем Іванавічам, - працягваў ён, - я меў на ўвазе рабочае знаёмства, г.зн. маю экспедыцыю ў Паўднёвую Амерыку, я, працуючы ў Батанічным інстытуце, быў батанікам-сістэматыкам. Але ўжо пры атрыманні першых яго лістоў, а асабліва неўзабаве пасля пачатку вывучэння культурных раслін Перу, Чылі, Балівіі, я пачаў глыбей разумець важнасць для біялагічнай навукі шырыні яго поглядаў і значнасць для генетыкі і селекцыі вывучэння распаўсюджвання культурных раслін Паўднёвай Амерыкі.

Асаблівую ўвагу Вавілаў рэкамендаваў звярнуць на распаўсюджанне гэтых раслін на розных вышынях у горных раёнах і старанна, скрупулёзна вывучаць змену расліннасці пры пераходах праз горныя хрыбты Кардыльер, якія цягнуцца з поўначы на поўдзень. Распаўсюджванне розных відаў культурных раслін і іх дзікіх суродзічаў пры вывучэнні кліматычных і глебавых умоў іх росту [произрастания] на радзіме, казаў ён, значна аблегчыць вывядзенне найбольш карысных і патрэбных нам гатункаў [сортов] у Саюзе".

Юзепчук таксама ўдзельнічаў у "астранамічнай" "Бразільскай экспедыцыі" 1947 г. (упершыню ў свеце - вывучэнне зацьмення Сонца ў радыёдыяпазоне) - у ёй знайшлося месца і для батанікаў (і Юзепчук быў адзіны ў ёй, хто ўжо перад тым ведаў Бразілію з непасрэднага вопыту назіранняў). Яна апісаная, у прыватнасці, у кнігах Л. Родзіна - іх маюць гомельскія індзеяністы.

Яўных сустрэч з індзейцамі ў кнізе Родзіна "Пяць тыдняў у Паўднёвай Амерыцы" мы не бачым - гэта Бразілія, дзе індзейцаў трэба спецыяльна шукаць. А як з іншымі ўдзельнікамі экспедыцыі (членам яе - і адным з арганізатараў - быў ураджэнец Менска С. Хайкін, "фізік, вывучае пакуль яшчэ загадкавыя радыёвыпраменьванні Сонца")? Што "заўважылі" яны?

У адным месцы сваёй кнігі спецыяльна індзейцам Родзін прысвяціў тры абзацы, указаўшы гранічна простымі словамі, што індзейцы пазбягаюць сустрэч з прышэльцамі. Тут жа ён напісаў пра тое, што можна аднесці да "прамых" беларуска-індзейскіх кантактаў пры ўмове, што Юзепчук сапраўды меў частку беларускай крыві і наведаў тую самую краму, а "сувенір" быў з галавы рэальнага, калісьці жывога індзейца.

"Зрэшты, у Бразіліі існуе такое таварыства: "Таварыства абароны індзейцаў і далучэння іх да цывілізацыі". Я не ведаю, што робіць гэтае таварыства, але ў Рыа, у краме забавак [безделушек], адзін прадавец настойліва прапаноўваў мне купіць муміфікаваную галаву індзейца "на памяць" аб Бразіліі. Ён запэўніваў, што амерыканцы бяруць іх нарасхват, што ў яго засталося толькі дзве, што ён гатовы разбурыць камплект (а іх звычайна прадаюць парамі - мужчынская і жаночая галава, цана 200 крузейра), што заўтра іх ужо не будзе, бо першы ж янкі забярэ, не таргуючыся, абедзве. Ён шчыра шкадаваў мяне за нявопытнасць, бо я хацеў выбраць які-небудзь выраб з дрэва і адмаўляўся ад такой экзотыкі, як галава сапраўднага індзейца.

Можа быць, вы, чытачы, мне не паверыце? Вось адрас крамы: Рыа, вуліца Буэнас-Айрэс, № 110 / 112. Можа стацца, што хто-небудзь з вас будзе мараком і пойдзе ў Паўднёвую Амерыку. Зайдзіце ў Рыа-дэ-Жанейра па гэтым адрасе і пераканайцеся ў праваце маіх слоў".

Яшчэ ў адным месцы Родзін згадаў метысаў як дэмаграфічную катэгорыю - з іх мог быць і хлопчык, сустрэты ў час знаходжання групы савецкіх вучоных у маленькім мястэчку Ангра-дос-Рэйс (Angra dos Reis).

Родзін пісаў, што ўсюды, нават на ўскраіне Рыа, у полі іх зроку ўзнікалі ўрубу - ці то гракі, ці то каршуны на бразільскі, больш "драпежны" капыл (але птушка шырока распаўсюджаная ў абедзвюх Амерыках): "Яны сталі для мяне своеасаблівым сімвалам гэтай краіны "парадку і прагрэсу"" . "Збіраюць" смецце - у гэтым іх пазітыўная роля, але могуць сцягнуць з незачыненай кухні і карыснае для гаспадароў - г.зн. часткова яны марадзёры. Паводле Родзіна, "зладзеяватасць" гэтых дзіўных усюдыісных, лянівых птушак, якія "раз'еліся" ["вездесущие разъевшиеся и ленивые"], - у парадку рэчаў; нават калі крыкнуць на іх - яны мала рэагуюць і не саромеюцца, а калі кінуць палку - узляцяць, але "ляніва", "без ахвоты".

Літ.:

1876 Родин Л. Е. Пять недель в Южной Америке: впечатления натуралиста. Изд. 2, испр. и доп.. М., 1952.

6493 Рыо-дэ-Жанейра // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 13. Мн., 2001. С. 517.

1259 Жадоўскі Б. Е. Батаніка: вучэбны дапаможнік для педагагічных вучылішч; пер. з 4-га рус. выд. Мн., 1941.

9072 Лебединская В. Компас ботаника // Вокруг света. 1968. № 8. С. 26-29. (С. Юзепчук; аўтар - "наш спец. корр."; 2700000 экз.)

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы , Indianie, Indians, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков . Белорусы встречаются с индейцами [Вып. 75].

Калядная зорка

Лідскі аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры запрашае на Калядныя святы!

Вас чакаюць:

- знаёмства з традыцыямі святкавання Каляд;

- гульні;

- варажба і забавы;

- майстар-класы;

- выставы

і яшчэ шмат чаго цікавага.

Заяўкі прымаюцца па тэлефоне:

8(0154)-54-62-48

Адрас: г. Ліда, вул. Савецкая, 12.

Скарбы археалогіі

Хомус, кубыз, даромб, маультроммель, дрымба, зубанка... Усё гэта назвы аднаго прадмета - варгана, прадстаўленага ў Лідскім замку 30 лістапада, у Міжнародны дзень варгана.

Наведвальнікі змаглі пазнаёміцца з рэдкім старадаўнім музычным інструментам XVI стагоддзя, даведацца гісторыю яго з'яўлення і асаблівасці пабудовы, акунуцца ў атмасферу Сярэднявечча, пачуць гучанне варгана. Убачыць артэфакт змогуць усе ахвотнікі хуткім часам на выставе "Скарбы археалогіі".

Наш кар.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX