Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 48 (100) 


Дадана: 28-11-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 48 (100), 29 лістапада 2023 г.

"Наша слова. pdf" № 100

Піліпаўскія вечары ў Лідзе

У рамках праекта "Кола часу" у аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" адбылася цікавая і вельмі пазнавальная анімацыйная праграма "Піліпаўскія вечары".

На Гарадзеншчыне час вячорак адкрываўся з пачаткам Піліпаўскага паста, і адной з назваў такіх вечароў была "Кудзелькі". Назва звязана з родам заняткаў падчас гэтых збораў. Дзяўчаты, збіраючыся кожны раз на новым месцы, у новай хаце, пралі ніткі. Сяброўкі па чарзе запрашалі да сябе на вячоркі, спявалі песні, частаваліся.

Сёлетняе мерапрыемства мае характар рэканструкцыі і на свяце ўсіх чакалі песні, танцы, гульні, варожбы, жарты, байкі, ценявы тэатр, гумар і вясёлы настрой. Праграма атрымалася надзвычай насычанай, уключала вясёлы аповед пра звычайнае жыццё на вёсцы, востры гумар. Вячоркі асабліва спадабалася хлопцам і дзяўчатам з мясцовых школ, а таксама дарослым.

Як і ў тыя далёкія часы ўсё ж засталася ў народа любоў да песень, танцаў, гульняў, жартаў.

Наш кар.

ЖАЎНЕР

Не спудзілі тры залпы птушак,

Жалобна не гулі званы -

Сыходам цішу не парушыў

Жаўнер прайгранае вайны.

Як сымбаль у труну паклалі

Няздзейснай славы медалі,

Бо маршалаў перамагалі -

Яму ж даць рады не змаглі.

Ні зброяю, ні залатоўкай

Узяць не здолелі ў палон,

Праз гвалт паўсталага натоўпу

Змяняўся свет, але не ён.

Не верачы ідэям цмяным,

Нязломным сэрцам адзінца

Свайму штандару быў адданы

Да надмагільнага капца.

Імшу па ім адправіць вецер,

Праз год дзяцей не прывядуць,

Не ўрадавы вянок - букецік

Ля крыжа хтось пакінуў тут.

Снег занач кветкі запарушыць

Азнакай доўгае зімы,

Спакой ваш смерцю не парушыў

Жаўнер забытае вайны.

Прысягу й смерцю не парушыў

Жаўнер бясконцае вайны.

Зміцер Захарэвіч.

На малой радзіме Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага ўсталявалі крыж і мемарыяльны знак у яго памяць

У аўторак 21 лістапада ў вёсцы Барацін Карэліцкага раёна (Гарадзенская дыяцэзія) быў дабраслаўлёны крыж і памятны знак у гонар славутага земляка - Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага.

Менавіна ў гэтай вёсцы 5 чэрвеня 1870 года нарадзіўся будучы першы біскуп Пінскай дыяцэзіі. Хоць правёў ён тут толькі першыя дзесяць гадоў свайго жыцця, бо ў 1880 годзе сям'я Лазінскіх пераехала ў маёнтак Чэрнік каля Менска Мазавецкага (Польшча), Барацін назаўсёды застаўся ў яго сэрцы.

Па ініцыятыве карэліцкага пробашча айца Ежы Саковіча, паўліна, і пры падтрымцы і дапамозе мясцовай улады ў асобе старшыні Карэліцкага райвыканкама Генадзя Шатуева і намесніка старшыні Яўгена Чычкана вельмі хутка ўдалося добраўпарадкаваць тэрыторыю і паставіць крыж.

На ўрачыстасць сабраліся людзі з розных мясцовасцяў Карэліцкага раёна. Прыбылі прадстаўнікі ўлады на чале са старшынёМ райвыканкама, духавенства з суседніх парафій, айцы паўліны, сёстры назаратанкі з Наваградка.

У прамове да сабраных вернікаў айцец пробашч Юрый сказаў:

- Сёння мы вельмі ўдзячныя Слузе Божаму біскупу Зыгмунту Лазінскаму за словы, якія калісьці нам пакінуў: "Пане, калі даеш мне выбар, выбіраю Твой крыж…". Мы будзем памятаць, што пасля дару жыцця няма іншага, апроч любові. Нікому нічога мы не павінны на гэтай зямлі, апрача любові. Гэтую любоў Хрыста біскуп Зыгмунт перадае кожнаму з нас, каб мы адзін аднаго любілі і Хрыста ў гэтым свеце абвяшчалі, аддаючы Яму пашану, - адзначыў святар.

У малітве ён даручыў Богу ўсіх тых, хто будзе маліцца перад усталяваным крыжам і прыбываць у Барацін у пілігрымках, каб ушанаваць Слугу Божага Зыгмунта Лазінскага і прасіць яго заступніцтва.

Феліцыян Славінскі. Фота: а. Ануфрый Альховік OSPPE / Catholic.by.

Старажытную сядзібу ў Мастоўскім раёне аднавіла мясцовая гаспадарка

Сядзіба знаходзіцца ў баку ад вёскі Вялікая Рагозніца. Цяпер у гэтым велічным будынку знаходзіцца кантора мясцовага сельгаспрадпрыемства, піша "Звязда".

Работы збольшага завершаны, але на чарзе гаспадарчая пабудова паблізу маёнтка і вялікая прысядзібная тэрыторыя, дзе калісь, відавочна, быў раскінуты парк. Яго таксама будуць аднаўляць.

Сядзіба знаходзіцца на землях КСУП "Імя Адама Міцкевіча". Намаганнямі старшыні Уладзіміра Пісарэвіча тут праведзены значныя работы. Дарэчы, сам дырэктар гаспадаркі таксама ведае пра былых уладальнікаў маёнтка.

- Старажытны будынак заклаў вядомы на той час дзяржаўны дзеяч Антоні Сухадольскі. Затым палац пераходзіў да розных уладальнікаў. Цяпер сядзіба належыць КСУП "Імя Адама Міцкевіча". Мы правялі даволі істотны рамонт. Аднавілі фасад і дах, падабралі адпаведную каларыстыку. Таксама адрамантавалі ўязныя калоны. Яшчэ трэба адмостку зрабіць і прывесці ў належны выгляд будынак ля сядзібы. У перспектыве ачысцім увесь участак, ёсць намер пасадзіць сад, пладовыя дрэвы. Дзякуючы рэнтабельнасці гаспадаркі, усе работы вядзём за ўласныя сродкі.

Сядзібу яшчэ напрыканцы XVIII стагоддзя заклаў уласнік гэтых мясцін, вядомы на той час дзяржаўны дзеяч Антоні Сухадольскі. Цікава, што ў соймах Рэчы Паспалітай ён выступаў за тое, каб у склад ваеннай камісіі ўваходзілі не толькі палякі, але і ўраджэнцы беларускіх земляў.

Наступным уладальнікам сямейнай сядзібы і Рагозніцы стаў сын Антонія Сухадольскага - Ян. Ён, як і бацька, служыў пры высокім двары, а ў 1794 годзе быў удзельнікам паўстання разам з Тадэвушам Касцюшкам. Двое другіх сыноў пайшлі па творчым шляху - адзін з іх стаў паэтам, другі - мастаком. Януарыя Сухадольскага нават лічаць першым беларускім мастаком-баталістам.

Сама сядзіба пабудавана ў стылі класіцызму, аднапавярховая і з порцікам на цэнтральным фасадзе. Ёсць нямала архітэктурных асаблівасцяў, напрыклад, верх порціка, ці, больш дакладна, франтон, упрыгожаны гірляндай і карнізам. Раней тут стаялі бронзавыя вазы, але іх, па даведках, знялі яшчэ падчас Першай сусветнай вайны. Кажуць, пераплавілі на зброю.

Пазней, дзесьці пры канцы XIX стагоддзя, быў прыбудаваны балкон з калонамі.

Памяшканні, бачна, былі даволі раскошнымі. Праўда, зараз ад былой велічы нічога не засталося, акрамя высокіх столяў і старажытных сцен.

А калісьці тут стаяў камін з белага мармуру з люстэркам, круглая печ з белай кафлі, сцены ўпрыгожвала багатая калекцыя жывапісу. На жаль, пра арыгінальныя інтэр'еры старажытнай сядзібы мала што вядома. Маёнтак часта мяняў уладальнікаў.

Але ёсць звесткі, што тут гасцяваў апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У яго нават быў свой "каралеўскі" пакой - самае ганаровае месца ў маёнтку.

Рагозніца неўзабаве перайшла да сям'і Шабанскіх. Малады гаспадар браў удзел у паўстанні 1863 года і загінуў каля вёскі падчас бітвы з казакамі. Дарэчы, на месцы бітвы ўстаноўлены валун, які сведчыць аб гэтай гістарычнай падзеі. Не так даўно яго аднавілі.

Ну і апошнім уласнікам на пачатку XX стагоддзя стаў Оскар Мяштовіч, які валодаў Рагозніцай да 40-х гадоў. Адметна, што за гэты час ён паспеў пабудаваць даволі велічны касцёл у неараманскім стылі. Зараз гэта адна са славутасцяў гэтых мясцін, як і сядзіба і яе ўязная брама.

За савецкі перыяд тут шмат што перабудавана, але сам фасад і ўязная брама знаходзяцца ў адносна задавальнльным стане. Пасля маштабнага рамонту аблічча будынка змянілася, неўзабаве ў адпаведным стылі аформяць прысядзібны парк.

"Звязда".

Выходзяць беларускія календары на 2024 год

Набліжаецца апошні месяц 2023 года, а за ім і сам Новы 2024 год. Па добрай беларускай традыцыі надышла пара выхаду з друку самых розных календароў.

Мы знайшлі інфармацыю пра чатырнаццаць выданняў, але, магчыма, не ўсе заўважылі. Вялізны выбар календароў на наступны год, да якога застаецца нейкі там месяц з хвосцікам. І календары працягваюць выходзіць.

Пра адрыўны каляндар "Родны край" мы ўжо пісалі. Пісалі пра каляндар "Знакамітыя людзі Шчучыншчыны". Сёння паведамляем яшчэ пра два.

Краязнаўчым выдавецтва "Рыфтур" падрыхтаваны адразу два насценныя календары ў серыі "Планета Беларусь" - па гістарычных і прыродных мясцінах, як напісана на вокладках, для вашых падарожжаў.

На старонках першага календара прадстаўлены галоўныя архітэктурныя цікавосткі краіны - гарадзішчы, замкі, цэрквы і касцёлы, паказаныя з вышыні птушынага палёту. Другі каляндар паказвае найбольш дзікія куткі Беларусі, прыроду нацыянальных паркаў, заказнікаў і запаведнікаў з выявамі характэрных для гэтых тэрыторый птушак ці звяроў. Усе здымкі выкананы прафесійным фотамастаком Сяргеем Плыткевічам, які кіруе выдавецтвам.

Набыць календары за 22,41 руб. можна ў каталогу "Планета Беларусь".

Краязнаўцы Дзятлаўшчыны падрыхтавалі і выпусцілі прыгожы насценны каляндар на 2024 год "Знакамітыя людзі Дзятлаўшчыны" Сваімі землякамі дзятлаўчане могуць ганарыцца. Іх даволі шмат. На календары "Знакамітыя людзі Дзятлаўшчыны" адлюстраваны 22 знакамітыя асобы Дзятлаўшчыны XV-XXI стагоддзяў. Сярод якіх - Канстанцін Астрожскі, Казімір Леў Сапега, Альбрыхт Радзівіл, Ігнат Дамейка, Лукаш Дзекуць-Малей, Ігнат Дварчанін, Міхась Петрыкевіч і іншыя. Каляндар "Знакамітыя людзі Дзятлаўшчыны" адрасаваны перш за ўсё тым, хто цікавіцца гісторыяй сваёй маленькай радзімы, а таксама нашай агульнай гісторыяй і яе знакамітымі асобамі.

Добра было б, каб падобныя календары падрыхтавалі і выпусцілі краязнаўцы з іншых рэгіёнаў.

Паводле СМІ.

КРЫЖ ПРАВІНАЎ

Зміцер Захарэвіч

ДАДОМУ!

Яшчэ пакуль не завіднеў усход,

Ды сэрцы падказалі нам напрамак -

Арлы Пагоні пачалі палёт

Да места сінявокай Вострай Брамы.


Усцяж маўчаць на досвітку званы,

Туман ахутаў Вежу Гедыміна,

Што зноўку сніць, як ейныя сыны

Жывымі выйшлі з пекла Радзыміна1.


Масква і Коўня, Лондан і Берлін

Падступна нас з табою разлучалі,

Святая Ганна, сёння ж як верлібр

Ламаным рытмам крокі загучалі.


Мы ўжо ідзем. Ці чуеш ты? Спачні,

Узняўшая ў літанні рукі ўгору.

Нібы крыж, цягнем зброю за плячмі,

Але суздром забыўшы пра пакору.


Няхай назаўтра будуць дакараць

І чын наш назаве Еўропа "збродняй",

Навокал фарбы восені гараць,

Кляны ператвараючы ў паходні,


Якія ў згодзе асвятляюць шлях

Зваротны пашарэлым у атаках -

Да продкавых магілаў на кладах,

Да знуджаных чаканнем доўгім матак.


Там нашыя сусвет, жыццё і плён -

Бронь божа, іх аддаць "братам прыблудным" 2,

Таму, за батальёнам батальён,

Спяшаемся, бы ўчуўшы голас трубны.


З агню і смерці, скрозь апошні бой

Напорна, не зважаючы на стому,

Не меч вам несучы, а супакой,

Нарэшце мы вяртаемся дадому3.

1 Падчас Варшаўскай бітвы 1920 г. у вырашальных баях пад Радзымінам галоўную ролю адыгралі 1-я Літоўска-Беларуская і 10-я рэзервовая дывізія (апошняй камандаваў наш ген. Жалігоўскі).

2 Перад вераснёўскімі баямі з летувісамі ў 1920-м Пілсудскі заклікаў ставіцца да палонных не жорстка, а як да "прыблудных братоў".

3 Ген. Жалігоўскі адказаў летувіскім парляменцёрам: "Мы ідзем не ваяваць з вамі, а толькі вяртаемся дадому".

АПОШНЯЯ ЛІТАРА Ў АЛФАВІЦЕ

Я знікну ў немай глыбіні

Бяскрайняй вусцішнае ночы,

Давечны рыцар адзіноты

Не ўбачу раніцы агні.


Я буду верным да канца

Таму, што злучнасць статка страшыць,

Няхай пасля ён не заўважыць

Сыход чарговага наўца.


Я слова не пакіну след

У нетрах бездані бяззорнай,

Праз стогн сціханага акорда

Не змогшы даспяваць куплет.


Я сам з гармідару хацеў

Вярнуцца да першапачатку,

І прыйдзе час - растану згадкай

А цемра паглыне мой цень.

БРАМА

Ад калыскі і ў сквар, і ў завею

Нясем сэрцы да яснага храма,

Што здалёк у блакіце бялее,

Але ў храм той замкнёная брама.


З кожным крокам да мэты сталеем,

Моўчкі тоячы думак сакрамант.

Ці на ютрань назаўтра паспеем?

Хаця храма замкнёная брама.


Хай на сіверы прышласць цмянее

На вачах - не мяняем напрамак,

Жывіць нас на адхланне надзея,

Толькі храма замкнёная брама.


Хто спыніць апантаных пасмее? -

Не звяртаем увагі на шрамы

І на прыпавесці фарысеяў,

Шкада, храма замкнёная брама.


Дабрылі, як народ Маісея,

Цераз церні, аднак паміж намі

Паняверка бунтоўная спее,

Бо чаму ў храм замкнёная брама?

КРАТЫ (ПЕРАШКОДА)

Як у нябёсы ні імкні

З лятункаў чарадой крылатай,

А зраніш грудзі да крыві

Аб прэнты ўчэпістыя кратаў.


Былі скаваныя яны

Няздарамі на здзек з натхнёных,

Каб засталіся назаўжды

Там, дзе нагляд і харч казённы.


На волі пломнем залатым

Гарыць світанак спакушальна,

Ды толькі вырачаны ты

Да змроку цвілай катавальні.


На прэнгу роспачнай тугі

Знясільвае стан безвыходны -

Ён здольны вобміг астудзіць

Адчаем прагненне свабоды.


Жалеззем спляжаны пейзаж -

Малы шматок зямнога цела,

Што перакрэслілі наўсцяж

Мерыдыяны й паралелі.


Але няўцешна не крычы,

Прымі насмешку долі годна:

Уцям - і краты, і крыжы

Адно жывым ёсць перашкодай.

ДАРОГАЙ НА ДЗЯДЫ

Зацішна. І паркаль нябёс

Прыбраны белай выцінанкай

Аблокаў на ўзбуялым ранку,

Які працяў Сусвет наскрозь.


Празрыстых успамінаў рось

Нясу ад дзедавага ганка

Да бацькі вечнага прыстанку,

Так сканчваецца маладосць.


Пільнуюць ківеры бяроз

Маўчанне ўчорашняй буслянкі

Пра тое, што нас безустанку

Вяртае да даўнейшых гнёзд.

МІНУЧАСЦЬ

Лісцё ўгары кастрычнік закружыў -

Дзён колішніх краса ляціць над светам,

І ўсё, чым кагадзе нядбала жыў,

З вачэй знікае пад бязжальным ветрам.

Без сэнсу на час зменлівы грашыць:

Было - мінула, не шкадуй аб гэтым,

Як змылыя расу ў лагах дажджы,

Як сонца, што спаліла сухмень лета.

* * *

І лягуць першыя сляды

Лісцём на люстраных кілімах,

Якія хмары наткалі

На той зямлі, што нас абдыме.


І сонца, кінуўшы пасад,

Ніжэй і бліжай да заходу

Кругамі робіць свой агляд

Палёў, пазбаўленых аздобы.


Над імі блякла праміне.

А чэзлыя бадылін целы

Зацята хтось хвастаць пачне

Працяглым посвістам збалелым.


Грымоты ў шале навальніц

Нябёсы разаб'юць без жалю

І змыюць рэшткі цеплыні

Напорнасцю залеўных хваляў.


Пасля бязважкасць туманоў,

Паўстаўшы сонмам белых зданяў,

Маўкліва высляпіць акно,

Каб я не бачыў аджывання.

ХАЛОДНЫ ДОЖДЖ…

Халодны дождж працяў лязом

Дрымотнае паветра,

І шротам пырсканула золь

У шыбіны няветла.


Імгненна абязлюднеў двор

У немым абурэнні,

Як восеньскае хараство

Звялі на глум струмені.


Трымцела дробна на галлі

У сполаху лістота,

Бо адляцелых да зямлі

Братоў зглынала слота.


Не ўсім пакутваць у журбе -

Пад яблыняю-маткай

Рудзелі вабліва ў траве

Абмытыя ападкі.


Крый божа, люстарка разбіць,

Прыкмета - будзе кепска,

Але ўсцяж лужыны раслі -

Блішчастыя аскепкі.


У роўнядзь іх пасля дажджу

Ахутаны зацішшам,

Прыбраўшы парасон, гляджу -

Спрабую ўбачыць прышласць.

МУЗЫКАНТКА

Хтосьці ў парку лісце варушыць,

Што зямлю густа ўслала сабой,

Як жыццём сарваныя душы,

Тут абралыя вечны спакой.


І вярзецца - золкім сутоннем,

Дзе прыгаслі ліхтарняў агні,

Панна ў чорным з постаццю тонкай

Плачам скрыпкі смуткуе аб іх.


Стыне кроў праз голас засветны,

Зноў і зноў паўтараючы, што

Студзень люты, травень прыветны -

Гэта толькі мінучае тло.


Час згубіўся ў гамах няўлоўных

І прысадаў спакой пруцянеў,

Покуль з люстра бледнага поўні

Музыканткі твар слепа глядзеў.


А ў нястрымных нотных віхурах

Лісця нішчылася забыццё.

Танцавалі пальцы на струнах,

Узрушаючы ўсцяж груганнё.


З таго грання смык занядужыў,

І світанак праменне праліў

На расшкуматаныя душы,

Што спакою так і не знайшлі.

ПРАВОДЗІНЫ

Што пачуеш? Безгалась якая…

Спруцянела змізарнелае галлё,

Дзе на ўзлеску сонца адпускаю

Без гістэрыкі, спагады, слёз.


Адгасае бледнае ў празрыстасць,

Спаласканую сівой імжой ушчэнт,

Цераз гаю соннага абрысы

Лена цэдзячы ў быльнёг прамень.


Наўпатрап прастае долам цені,

Бы кратуе на зямлі спакой і сны,

І нябачных крылаў шамаценне

Не ўзрушае сталай цішыні.


На ўспамін адно паглыбіць зацін

Панарамай непапраўнай варажбы,

Бо нічога ўжо не перайначыць

Паўз абапал выцвілых сцяжын.


Затрымаецца на міг на ўзмежку,

Бескарыснага пазбавіцца цяжва -

У прадон азёраў кіне рэшту

(Меднаю драбніцаю)

Святла.

ПАХМУРНЫ ЭЦЮД

Вогкіх аблокаў радно

Засціла вышыню,

Сонца сышло за гумно -

Копціць азадак дню.


Золкі наўсцяж беспрасвет -

Хоць галавой аб рог!

Вецер і той пад павець,

Скінушы крылы, лёг.


Як спруцянеў далягляд,

Толькі ў глухім куце

Чорнымі пальцамі сад

Сну павуцінне рве.

Хопіць зацішша кладоў,

Бо лістапада стынь

Выправадзілі даўно

І спалілі масты!


Хай срэбрам зранку галлё

Вочы будзе пячы

І між берагамі лёд

Ад напругі трышчыць.


Каб звонкай шабляй мароз

Сцяў душы каламуць,

Саван калішніх нябёс

Яблыні ў садзе рвуць.

* * *

Са светам улагоджана, -

Здаецца, жыць і жыць,

Ды толькі з безвыходнасці

Штось у грудзях шчыміць.


Аб збаўным трызню выраі,

Хоць сэрца - на замок,

Там, над дзядоў магіламі,

Бязмежнасці парог.


Натхнёны ейнай праўдаю

Бяскрыласць перацьну -

Засуджаны, зняслаўлены

За небакрай памкну.

КРЫЖ ПРАВІНАЎ

Пакуль брыдзеш вандроўцам па зямлі

Сярод людскіх падзякаў і праклёнаў,

На змуленых пад цяжарам рамёнах

Адно сваіх правінаў крыж нясі.


Час на дакоры іншым не марнуй -

Жыццё бязжальна адгасае прыскам;

Ідзі дарогай, выбранай калісьці,

Паспець той выбар спраўдзіць паспрабуй.


Дарма з сябе гаротніка ўдаваць,

Бо ўсе нарэшце сыдзем нетаропка

Туды, дзе не гурмой, а паасобку

За кожны крок прымусяць адказаць.


Без скаргаў на нягодаў збег свавольны

За ўласны чын будзь адпавесці здольны.

ВЫЗВАЛЕННЕ

Хоць змаўчы, хоць закрычы -

Не здрыгануцца крумкачы,

Калі цень мой за плячмі

Следам больш не пабрыдзе

Між аблокаў на вадзе,

Стаўшы вольным кагадзе.


Не ўзрушае навіна,

Што жывільнага віна

Кубак выпіты да дна

І адкінуты ў рышток,

Незавершаны радок

Перацяў шнуры дарог.


Неба ў колеры сівым,

Нібы цешачыся тым

Згаслых свечак горкі дым

Шчэ плыве па-над зямлёй,

Развінуўся, як сувой,

Наўсцяж мёртвы супакой.


На загад цяжкой рукі

На палетках васількі

Паспляталіся ў вянкі,

Спруцянелы свет аглух,

Да грымотаў і вятруг

Адпускаю з цела дух.

З НІЗКІ "РУБАІ"

*

У цішы голас прагучаў грымотны

Па-над натоўпам млявым і дрымотным.

Ці здолее ўзняць спячых адзінец -

Хто першым будзіць, той заўжды самотны.

*

Той без прычын пустэльнікам сумуе,

А гэны ў тлуме дзень пры дні балюе.

Хто мае рацыю? Адказ адзін -

Абодвух смерць урэшце рэшт зраўнуе.

*

Няздары кпяць, і носіць вецер

Шматкі чарнавікоў, бы смецце,

Завершаны верш на дасвецці -

Увесь нажытак твой, паэце.

Навіны Германіі

Хрысціянскія цэрквы губляюць значэнне ў Германіі

Прыхільнасць хрысціянскім цэрквам у Германіі працягвае змяншацца. Лік чальцоў хрысціянскіх цэркваў працягвае скарачацца, а рэлігійнасць падаць. Такія асноўныя вынікі "Шостага апытання сярод чальцоў цэркваў", які быў прадстаўлены на Сінодзе пратэстанцкай царквы ў Германіі. З агульнай колькасці насельніцтва толькі каля паловы вераць у Бога ці нейкую духоўную сілу. Сярод пратэстантаў гэта 52 прац., а сярод католікаў дзве траціны. Як правіла, маладыя людзі меней рэлігійныя, чым пажылыя.

Паводле даследавання, у наш час хрысціянства вызнае нязначная большасць немцаў. Калі цяперашняя тэндэнцыя захаваецца, іх доля ў 2024 годзе ўпадзе ніжэй за 50 прац. З іншага боку, чакаецца, што да канца 2020-х гадоў доля нерэлігійных людзей перавысіць адзнаку ў 50 прац. і, такім чынам, таксама будзе складаць адносную большасць насельніцтва.

Берлін (dpa/d.de). Кёльнскі собор© pictureAlliance/dpa.

У Германіі ўступае ў сілу новы закон пра энергаэфектыўнасць

Узнаўляльныя крыніцы энергіі і эканомія энергіі дапамагаюць змагацца са зменай клімату.

Новы закон пра падвышэнне энергаэфектыўнасці абавязвае органы ўлады, энергаёмістыя прадпрыемствы і цэнтры апрацоўкі дадзеных у Германіі эканоміць больш энергіі ў доўгатэрміновай перспектыве. Прыняўшы гэты закон, федэральны ўрад упершыню стварае міжсектаральный механізм энергазахавання. Закон вызначае мэты па падвышэнні энергаэфектыўнасці на 2030 год. Ставіцца мэта і на 2045 год. Гэта дазволіць дзяржаве, федэральным землям, муніцыпалітэтам і прадпрыемствам своечасова планаваць і фінансаваць мерапрыемствы, накіраваныя на зніжэнне спажывання энергіі.

Першая праверка таго, наколькі эфектыўна працуе гэты закон і як далёка прасунулася Германія ў дасягненні сваіх мэтаў, будзе праведзена ў 2027 годзе. У будучыні федэральны ўрад будзе рэгулярна - напачатку кожнага склікання - рабіць справаздачу перад Бундэстагам і затым прымаць рашэнне пра неабходнасць карэкціроўкі тых ці іншых нарматываў і мераў, прадугледжаных заканадаўствам.

Берлін (d.de). © pictureAlliance/dpa.

Саміт афрыканскіх дзяржаў у Берліне

На мінулым тыдні Германія прымала многіх кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў у рамках "Дамовы з Афрыкай"

Кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў многіх афрыканскіх дзяржаў прыехалі ў панядзелак 20.11.2023 г. у Берлін, каб абмеркаваць больш цеснае эканамічнае супрацоўніцтва з Еўропай. Асноўнымі тэмамі канферэнцыі "Compact with Africa" (CwA) з'яўляюцца ўзмацненне прыватных інвестыцый на суседнім з Еўропай кантыненце і супрацоўніцтва ў вобласці ўстойлівых паставак энергіі. Канферэнцыя праводзілася па ініцыятыве Германіі, прапанаванай яшчэ ў 2017 годзе падчас старшынства краіны ў групе "Вялікай дваццаткі" (G20). Канферэнцыя накіравана на паляпшэнне эканамічных умоў у дзяржавах CwA, каб зрабіць іх больш прывабнымі для замежных прыватных інвестыцый.

У гэтую групу дзяржаў цяпер уваходзяць 13 краін афрыканскага кантынента: Егіпет, Эфіёпія, Бенін, Буркіна-Фасо, Кот-д'Івуар, Гана, Гвінея, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Марока, Руанда, Сенегал, Таго і Туніс. Шэраг іншых дзяржаў зацікаўлены ў далучэнні. Таму ў Берлін прыехалі таксама прадстаўнікі Анголы, Кеніі і Замбіі.

Германія прапануе сябе афрыканскім краінам у якасці доўгатэрміновага і надзейнага эканамічнага партнёра. Канцлер ФРГ Олаф Шольц і федэральны прэзідэнт Франк-Вальтар Штайнмайер выразна далі зразумець, што падобнае супрацоўніцтва, напрыклад, у сферы вытворчасці па-экалагічнаму чыстай энергіі, такі як зялёны вадарод, адпавядае інтарэсам абодвух бакоў.

- Афрыка - наш жаданы партнёр, калі гаворка ідзе пра актывізацыю эканамічных адносін і сумесны шлях да па-кліматычнаму нейтральнай будучыні, - заявіў Шольц на саміце "Дамова з Афрыкай" (ангел. Compact with Africa). - Федэральны ўрад падтрымае ініцыятыву ЕС у вобласці развіцця зялёнай энергетыкі ў Афрыцы, выдзеліўшы чатыры мільярда еўра да 2030 года.

Старшыня Афрыканскага звязу Азалі Асумані і старшыня Камісіі Афрыканскага звязу Муса Факі Махамат запэўнілі, што, нягледзячы на ўжо наяўную моцную прысутнасць Кітая, Афрыка адкрыта і для іншых партнёрстваў. Абодва палітыкі падкрэслілі, што даўгі афрыканскіх краін і працэнтны цяжар па іх занадта высокія, што стрымлівае ўласныя інвестыцыі гэтых дзяржаў. Факі сказаў, што "пазыкавы цяжар - гэта ярмо", якое трэбала б паменшыць. Асумані заклікаў "Германю як надзейнага партнёра" падтрымаць свой кантынент "у імя далейшага прагрэсу і росквіту Афрыкі і ўсяго свету".

Штайнмайер звярнуў увагу на тое, што сумесная прысутнасць краін Еўропы і Афрыкі павялічыць іх вагу ў свеце.

- Мы мацней, калі дзейнічаем разам, - заявіў ён на сустрэчы з кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў.

У саміце ў Берліне таксама прынялі ўдзел прэзідэнт Камісіі ЕС Урсула фон дэр Ляйен, прэзідэнт Рады ЕС Шарль Мішэль, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і прэм'ер-міністр Нідэрландаў Марк Рутте. Прадстаўнік гаспадароў саміту, федэральны канцлер Олаф Шольц, таксама выкарыстаў гэтую канферэнцыю для правядзення некалькіх двухбаковых абмеркаванняў з асобнымі кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў. Федэральны прэзідэнт Франк-Вальтар Штайнмайер запрасіў удзельнікаў на абед у палацы Бяльвю.

Берлін (dpa/d.de), © pictureAlliance/dpa.

Ён верыў у сілы чалавека

Да 120-годдзя беларускага пісьменніка Піліпа Пестрака (1903-1978)

Часта прыгадваю гэтыя паэтычныя радкі, якія напісаў беларускі паэт Піліп Пестрак ажно ў 1949 годзе, а ўпершыню яны былі надрукаваныя ў часопісе "Полымя" ў 1955 годзе. Верш з гэтай апошняй страфой называецца "Мастак":

Павер, мастак не можа не тварыць,

Не можа кат зрабіць яго калекай, --

Мне ёсць аб чым з табой пагаварыць,

Мой друг, я веру ў сілы чалавека!..

Адзін з папулярных паэтаў і празаікаў былой Заходняй Беларусі Піліп Пестрак сёння ў Беларусі амаль забыты. А гэта быў таленавіты пісьменнік, мужны і вясёлы чалавек. Ён з'яўляўся заслужаным дзеячам культуры Беларусі, а ў 1964 годзе за раман "Серадзібор" атрымаў рэспубліканскую Дзяржаўную прэмію імя Якуба Коласа. А яшчэ Піліп Пестрак напісаў і выдаў шмат кніг паэзіі, прозы, раман "Сустрэнемся на барыкадах", паэму "Слова пра Мінск". Дарэчы, ці не адзіны гэта быў беларускі літаратар, які пры жыцці тады выдаў свой збор твораў у 4-х тамах.

Піліп Пестрак амаль 11 гадоў за сваю рэвалюцыйную дзейнасць адсядзеў у 1930-х гадах у польскіх турмах. А ў 1939 годзе, калі на заходнія землі Беларусі прыйшлі саветы, яго адразу абралі дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі ў Беластоку. На гэтым сходзе была вылучана паўнамоцная камісія на сесію Вярхоўнага Савета СССР у Маскву. У складзе гэтай камісіі быў і Піліп Пестрак: "На Народным сходзе ў Беластоку была выбрана паўнамоцная Камісія ў складзе 60 чалавек, якая павезла дэкларацыю Сходу ў Маскву на Пятую нечарговую сесію Вярхоўнага Савета СССР. У складзе гэтай Камісіі быў і я." (Піліп Пестрак. Збор твораў у пяці тамах. Мн., 1986. Т. 5. С. 173).

Нарадзіўся Піліп Пестрак у вёсцы Сакоўцы ў сённяшнім Івацэвіцкім раёне. Меў псеўданімы: П. Гайдук; Звястун; П. Звястун. Падчас Першай сусветнай вайны сям'я Піліпа Пестрака знаходзілася ў бежанстве ў Самарскай губерні, дзе будучы пісьменнік атрымаў сярэднюю адукацыю. А ў 1920 годзе ён паступіў на сацыяльна-гістарычны факультэт Самарскага ўніверсітэта. Але ў 1921 годзе разам з бацькамі вярнуўся ў сваю Заходнюю Беларусь.

У 1921-1924 гадах Піліп Пестрак працаваў лесніком Косаўскага лясніцтва. Потым служыў у Войску Польскім. У 1926 годзе ўступіў у БСРГ, з 1927 года - сакратар Косаўскага падпольнага райкама КПЗБ. Быў арыштаваны польскімі ўладамі ў 1929 годзе, зняволены ў Гарадзенскай турме да 1933 года. Пасля вызвалення з'яўляўся інструктарам ЦК КПЗБ па Пінскай акрузе, але ў 1934 годзе яго зноў арыштавалі. Сядзеў у турмах Пінска, Вільні, Гародні. Вызвалены савецкімі ўладамі пасля паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь у верасні 1939 года.

Дэбютаваў Піліп Пестрак у друку ў 1926 годзе ў часопісе "Родныя гоні". Падчас зняволення ў 1929-1939 гадах змяшчаў вершы ў нелегальным рукапісным часопісе "Краты", які выдаваўся палітвязнямі. У 1940 годзе з друку выйшаў яго першы зборнік вершаў "На варце". Тэме барацьбы ў Заходняй Беларусі прысвяціў раман "Сустрэнемся на барыкадах", а раман "Серадзібор" адлюстраваў жыццё беларускай вёскі.

У 1940 годзе Піліп Пестрак быў абраны дэпутатам па Гарадзенскай акрузе ў Вярхоўны Савет СССР. Ён прымаў удзел у пасяджэнні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, дзе яго прымаюць у Саюз пісьменнікаў. А праз некалькі дзён пісьменнік Піліп Пестрак прыязджае ў Беласток, дзе актыўна ўдзельнічае ў агульным сходзе пісьменнікаў Беластока, прысвечаным творчым вынікам першага года жыцця і працы на савецкай беларускай зямлі. Ён выступае нават з дакладам на сходзе пад назвай "Аб маральным вобліку савецкага пісьменніка", які пасля публікуе беластоцкая абласная газета "Вольная праца". На сходзе Пестрака выбіраюць старшынём бюро беластоцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. Тут, у Доме партасветы ў Беластоку, на вялікім літаратурным вечары ён выступае з чытаннем сваіх вершаў:

Іду…

Па дарожках, па прасёлачках.

У даль прастору гавару:

"Прыхілі мяне, мая долечка,

Барацьбяная Беларусь!".

У беластоцкай газеце "Вольная праца" Піліп Пестрак пачынае друкавацца часцей. У 1940 годзе ён публікуе верш "З тваім імем у сэрцы", у траўні - верш "Першы май", пасля - вершы "Над морам", "Сасна" і іншыя. Верш "Сасна" аўтар прысвяціў Янку Купалу.

У лютым 1941 года ў "Вольнай працы" быў надрукаваны верш Пестрака "Даклад". Пасля ў сакавіку - артыкул "Дзяржаўныя прэміі". А ўжо ў красавіку ў беластоцкім Доме Чырвонай Арміі адбываецца яго асабісты літаратурны вечар, які адкрыў і вёў Максім Танк. А праз месяц Піліп Пестрак арганізоўвае літаратурны вечар-сустрэчу Максіма Танка з беларускай моладдзю Беластока.

Планаў тады і задумак у Піліпа Пестрака ў Беластоку было шмат. Але збыцца ім перашкодзіла вайна. Тым не менш з Беласточчынай паэт сувязей не парываў. У "Белостокской правде" 29 лістапада 1943 года ён упершыню друкуе свой новы верш "Слухайце, пушчы, паляны…", хаця напісаны ён быў ажно ў Маскве. Верш, прысвечаны беларускім партызанам, якія ўзняліся на барацьбу з фашызмам:

Слухайце, пушчы, паляны, -

Тупаты ног паплылі;

Гэта ідуць партызаны,

Сыны беларускай зямлі.

Пасля вайны Піліп Пестрак на Беласточчыне гасцяваў радзей. Ён быў вельмі ўзрадаваны, калі ў 1956 годзе ў Беластоку пачаў выходзіць беларускі тыднёвік "Ніва". На яго старонках ужо ў кастрычніку друкуюцца вершы Піліпа Пестрака "Дзівасіл" і "Дарожка", прысвечаны памяці Якуба Коласа. Верш "Дзівасіл" паэт прысвяціў лекавай расліне дзівасіл, прэпараты з якога ўжываюць у медыцыне. Аўтар у вершы распавядае пра тое, як дзве бабкі гутараць паміж сабой. І адна з іх распавядае пра сына, якому паны моцна пабілі грудзі. І толькі дзякуючы дзівасілу, сын застаўся жыць. А ў канцы верша паэт сцвярджае:

"Калі вам на сэрцы цяжка стане,

Адбярэ вам немач рэшту сіл,

Не сумуйце, дзеткі… - Бабка ўстала. -

Дам вам на дарогу дзівасіл".

Верш "Дзівасіл" у 1973 годзе апублікаваў і "Беларускі каляндар", які да сённяшніх дзён выдаецца на Беласточчыне адзін раз у год. Праз чатыры гады "Ніва" друкуе два апавяданні Піліпа Пестрака "Прынцыпы" і "Путавод". А ў 1958 годзе на старонках беларускага тыднёвіка друкуецца ўрывак з рамана пісьменніка "Сустрэнемся на барыкадах". Літаратар пастаянна чытае "Ніву", "Беларускі каляндар", кнігі беларускіх пісьменнікаў з Польшчы. Ён перапісваецца з імі, сочыць за творчасцю Сакрата Яновіча, Алеся Барскага, Георгія Валкавыцкага, Віктара Шведа, Яна Чыквіна, Яшы Бурша, Дзмітрыя Шатыловіча.

У 1956 годзе разам з Янкам Брылём Піліп Пестрак наведвае Беласток, гасцюе ў "Ніве", дзе гутарыць з калектывам рэдакцыі і з кіраўніцтвам Беларускага грамадска-культурнага таварыства (БГКТ). Пасля розных літаратурных узаемасувязей на старонках беларускага менскага тыднёвіка "Літаратура і мастацтва" друкуе свой артыкул "Паэзія на старонках "Нівы" (25 снежня 1959 года)…

Піліп Пестрак выступаў і як літаратурны крытык, публіцыст, жыва адклікаўся на важнейшыя падзеі грамадскага і літаратурнага жыцця, ён заўсёды верыў у сілы чалавека.

Надзвычай уважліва ставіўся пісьменнік да маладых літаратараў, падтрымліваў іх творчыя пачынанні. Яго агляды паэзіі маладых, рэцэнзіі на першыя зборнікі вызначаюцца не толькі дакладнасцю ацэнак, але і добразычлівасцю, глыбокай заклапочанасцю лёсам роднай літаратуры:

Нашу я маладосці спеў,

На сэрцы - зорныя сляды, --

П'ючы з жыцця любоў і гнеў,

Я буду вечна малады!

Сяргей ЧЫГРЫН.

Пра аўтара "контррэвалюцыйнай" граматыкі беларускай мовы

18 лістапада споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка, публіцыста, мовазнаўца, педагога, нацыянальнага і палітычнага дзеяча, роднага дзядзькі Якуба Коласа Язэпа Лёсіка (1883-1940).

Язэп Лёсік нарадзіўся ў вёсцы Мікалаеўшчына Менскага павета. Яго бацькі Юрка і Хрысціна Лёсікі былі беззямельнымі сялянамі і арандавалі землі ў князёў Радзівілаў. Яны мелі сем сыноў і трох дачок. Язэп быў іх самым малодшым, таму ў першыя гады жыцця не быў моцна загружаны абавязкамі. Скончыў другі клас Мікалаеўскай народнай школы, пасля чаго два гады рыхтаваўся да экзаменаў у настаўніцкую семінарыю. Здаваў экзамены ў Настаўніцкую семінарыю ў Нясвіжы, але не паступіў. У 1898 годзе Язэп паступіў у Маладзечанскую семінарыю. Аднак на другі год быў выключаны з яе без права паступлення ў іншыя навучальныя ўстановы. Пераехаўшы ў Ноўгарад-Северскі (Чарнігаўская губерня), дзе працаваў ягоны брат, паступіў у гарадское вучылішча і скончыў яго ў 1902 годзе. У Ноўгарадзе-Северскім вытрымаў экзамен на годнасць настаўніка народнай школы…

Падчас знаходжання ў ссылцы, Язэп Лёсік займаўся самаадукацыяй. Здабываў сродкі на сваё існаванне фізічнай працай і толькі ў Бадайбо рабіў пісарам, а ў адной вёсцы арганізаваў пачатковую школу, але паліцыя хутка яе закрыла, бо ў ссылцы ў тыя часы забаранялася працаваць паводле сваёй спецыяльнасці. У Сібіры Язэп сустрэўся з паэтам Алесем Гаруном, з якім потым не разлучаўся. Супрацоўнічаў з газетай "Наша Ніва", падтрымліваў сувязь з пісьменнікамі і знаёмымі настаўнікамі ў Беларусі. Вярнуўся ў Беларусь пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў сакавіку 1917 года. Спыніўся ў Менску, дзе ўключыўся ў дзейнасць беларускага нацыянальнага руху. З красавіка 1917 года ў Беларускай сацыялістычнай грамадзе, адзін з актыўных сяброў партыі. Кандыдат ад партыі ва Устаноўчы сход на Меншчыне. Як прадстаўнік БСГ увайшоў у склад створанага 7-9 красавіка 1917 года Беларускага нацыянальнага камітэта (БНК), рэдагаваў яго газету "Вольная Беларусь". Язэп Лёсік - адзін з ініцыятараў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года. У 1918 годзе, падчас функцыянавання структур БНР пад нямецкай акупацыяй, ён падтрымаў развіццё беларускай асветы. Разам з Язэпам Варонкам і Кастусём Езавітавым рэарганізаваў беларускае культурна-асветніцкае таварыства "Прасвета" ў культурна-асветніцкае таварыства "Бацькаўшчына". Уваходзіў у склад Рады БНР. У сярэдзіне красавіка 1918 года ён разглядаўся палітыкамі БНР, як адзін з кандыдатаў на пасаду кіраўніка ўрада - старшыні Народнага сакратарыяту.

На пасяджэнні 13 снежня 1919 года ў Менску адбыўся раскол Рады БНР праз пытанне стаўлення да польскіх акупацыйных уладаў. Група, што ініцыявала пераварот, стала называцца Народнай Радай БНР. 14 снежня была створана Найвышэйшая Рада БНР, якую ўзначаліў Язэп Лёсік, і якая пацвердзіла паўнамоцтвы прэм'ера Антона Луцкевіча. У канцы сакавіка 1920 года Язэп Лёсік удзельнічаў у перамовах паміж польскімі прадстаўнікамі цывільнага кіравання ўсходніх зямель і беларускім атачэннем. Лёсік прадстаўляў на перамовах пазіцыю Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны, у адпаведнасці з якой беларускі бок звяртаўся да польскіх уладаў з просьбай абараніць усю Беларусь, прызнаць волю беларускага народа, прызнаць роўнасць беларускай мовы і спрыяць развіццю беларускай асветы. Пры гэтым беларускія палітыкі падкрэслілі, што чакаюць незалежнасці БНР, але бачаць яе будучыню ў звязе з Польшчай. Польскі бок не выканаў патрабаванняў.

Па заканчэнні польска-савецкай вайны Язэп Лёсік застаўся ў ССРБ, абвясціў аб "прызнанні прынцыпаў Савецкай улады" і адышоў ад палітычнай дзейнасці. Займаўся навуковай, культурна-асветнай, літаратурнай працай. З ліпеня 1921 года выкладаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце, на беларукіх лектарскіх курсах, у Белпедтэхнікуме. У 1922 годзе, пасля выхаду ў свет кнігі "Практычная граматыка беларускае мовы", газета "Звязда" назвала падручнік "контррэвалюцыйным".

У пачатку лістапада 1922 года Язэп Лёсік быў арыштаваны, але ў абарону яго выступіў тагачасны наркам асветы ССРБ Усевалад Ігнатоўскі. 11 лістапада 1922 года Ігнатоўскі накіраваў у Прэзідыум ЦК КП(б)Б зварот, у якім паказаў значэнне Язэпа Лёсіка для будаўніцтва нацыянальнай культуры і паставіў пытанне аб яго вызваленні. У снежні 1922 года Лёсік быў адпушчаны. 14 ліпеня 1930 года Язэп Лёсік быў арыштаваны па сфабрыкаванай справе "Саюза вызвалення Беларусі" на курорце ў Мацэсце (Сочынскі раён), дзе ён лячыўся ад ішыясу: 2 гады не мог хадзіць без кія. Закончыць курс лячэння яму не далі, з Каўказа арыштаваным прывезлі ў Менск і пасадзілі ў турму Дзяржаўнай палітычнай управы НКУС, так званую "амерыканку". Адначасова з ягоным арыштам у яго доме на Шпітальнай вуліцы праходзіў ператрус. Пачаўся ператрус а 10-й гадзіне вечара і працягваўся да 8-й гадзіны раніцы. 6 снежня 1930 года Савет народных камісараў БССР за подпісам Галадзеда і Калевіча на патрабаванне бюро Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі пазбавіў яго звання акадэміка. Пастановай калегіі АДПУ БССР ад 10 красавіка 1931 года Язэп Лёсік быў сасланы на 5 гадоў у горад Камышын Саратаўскай вобласці. Жыў у горадзе Нікалаеўскі, дзе выкладаў у педтэхнікуме. У лістападзе 1934 года пастановай ВЦВК беларус атрымаў амністыю без дазволу на вяртанне ў Беларусь. У 1935 годзе ён пераехаў з сям'ёй на Браншчыну, выкладаў рускую мову ў Малавышкаўскай школе на ст. Злынка. Увосень 1937 года перасяліўся ў Актарск Саратаўскай вобласці, працаваў у педтэхнікуме. У чэрвені 1938 года арыштаваны па справе "Контррэвалюцыйнай арганізацыі палітссыльных у Саратаве". 31 сакавіка 1940 года асобай нарадай асуджаны на 5 гадоў ГУЛАГу за "антысавецкую агітацыю".

Паводле афіцыйнай версіі, Язэп Лёсік памёр ад сухотаў у саратаўскай турме на наступны дзень. Паводле іншай версіі, ён быў застрэлены адразу па абвяшчэнні прысуду. У гэты час Лёсік быў зусім здаровы, і сям'я не думала, што той неўзабаве памрэ. Апошні раз яго сям'я мела кантакт з ім 16 ліпеня 1938 года, калі атрымала развітальную паштоўку. Месца пахавання невядомае. Язэп Лёсік быў пасмяротна двойчы рэабілітаваны: 8 кастрычніка 1958 года па другім прысудзе праз Акруговы суд Саратава і 10 чэрвеня 1988 года - Вярхоўным Судом Беларускай ССР па першым прысудзе. У 1990 годзе яму вярнулі званне акадэміка.

Паводле СМІ.

Б е л а р у с ы

Макар Касцевіч (Краўцоў)

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

XII. Перыяд Сярэдняй Літвы

У часы Сярэдняй Літвы пры Дэпартаменце асветы існаваў Беларускі аддзел, які ўзначальваў Б. Тарашкевіч (зараз - пасол у Сойм), у дапамогу ён меў рэферэнта Я. Станкевіча, гэты аддзел разам з настаўніцтвам на працягу 2,5 месяцаў (ад паловы лістапада 1920 г. да лютага 1921 г.) на тэрыторыі Сярэдняй Літвы адчыніў 186 беларускіх пачатковых школ. Больш за тое, узімку таго ж года ў Барунах была арганізавана Беларуская настаўніцкая семінарыя. Яе дырэктарам стаў Рак-Міхайлоўскі (зараз - пасол у Сойм).

Як мы ўжо казалі, у часы першай нямецкай акупацыі 1915-17 гг. на Віленшчыне і Гарадзеншчыне было створана больш за 150 беларускіх пачатковых школ і 2 настаўніцкія семінарыі ў Вільні і Свіслачы (семінарыя ў Свіслачы, перастала працаваць пасля адыходу немцаў). У 1918-20 гг. (разам з Сярэдняй Літвой) было створана больш за 200 пачатковых школ і згаданая ўжо семінарыя ў Барунах. Такім чынам можна казаць пра існаванне ў розныя часы 350 беларускіх школ. Аднак варта адзначыць, што адначасова такой колькасці школ ніколі не існавала.

Сярэдняя адукацыя была і з'яўляецца сёння прыватнай справай, якая паказала сваю значную устойлівасць. З 1917 г. бесперапынна ствараліся беларускія гімназіі. Так у 1917 г. - гімназія ў Будславе і Слуцку, у 1919 г. - у Вільні і Менску.

У 1922 г. у межах Польшчы існавалі ўжо 5 беларускіх гімназій, а менавіта ў Вільні, Радашковічах, Гарадку (Вілейскага павета) - выключна беларускія, у Наваградку і Нясвіжы змешаныя беларуска-расійскія. Што да лёсаў вышэйзгаданых гімназій, дык Менская і Слуцкая засталіся па-за абшарам Польшчы, а гімназія ў Будславе была зачынена ў 1919 г. Акрамя таго, беларускія гімназіі некаторы час існавалі ў Гародні і Пінску. У 1923 г. зачынены беларускія гімназіі ў Нясвіжы і Гарадку.

Але з надыходам 1924/25 вучэбнага года, беларусы кампенсавалі страты праз адкрыццё новых гімназій у Клецку і Глыбокім. На дадзены момант дзейнічаюць 4 беларускія гімназіі (адна з іх у Наваградку - змешаная, 4 малодшых класа беларускія, вышэйшыя - расійскія).

Варта адзначыць, што ў 1920-21 гг. мела месца спроба стварэння беларускай кафедры ў Віленскім універсітэце. Але кафедру заняў праф. Масоніўс, які выкладаў па-польску.

Вяртаючыся да падзей таго часу, трэба згадаць выбары ў Віленскі сойм у канцы 1921 г., а менавіта беларускую згодніцкую групу Алексюка, якая адмыслова, да выбараў выдавала беларускія газеты, але ў выніку атрымала на выбарах поўнае фіяска.

На пачатку 1921 г. беларускі аддзел пры Дэпартаменце асветы быў зрэдукаваны да 1 рэферэнта, якім стаў Тарашкевіч, а 1 студзеня 1922 г. была скасавана і гэтая пасада рэферэнта.

Выбары 1922 г. ў Сойм

Галоўнай падзеяй беларускага жыцця ў 1922 г. і прынцыповым момантам усяго адраджэнцкага руху з'яўляецца выхад беларусаў на шлях парламентарызму, дзякуючы абранню сваіх прадстаўнікоў у Сойм і Сенат падчас выбараў 5 і 12 лістапада. Насуперак чаканню, беларусам удалося прасунуць ажно 14 сваіх кандыдатаў (11 паслоў і 3 сенатары). На жаль, склад паслоў і сенатараў, у значнай ступені, не можна лічыць добрым. Што тычыцца сенатараў, дык А. Назароўскі і У. Багдановіч да апошняга часу лічыліся "рускімі людзьмі" і, напэўна, не адносілі сябе да беларускай мінуўшчыны і культуры. Што да беларускіх паслоў, дык іх можна падзяліць на некалькі катэгорый. Да найбольш выбітных адносяцца Бр. Тарашкевіч, Ад. Станкевіч і Сым. Рак-Міхайлоўскі, далей ідуць Аўсянік, Кахановіч, Баранаў (ці Баран) і Ярэміч, усе яны даўнія беларускія дзеячы. Але як тут аказаліся сп. кшалту Мётлы і Якавюка, якія, можа, толькі крыху дакрануліся да беларускай справы і да апошняга часу былі вядомы як "рускія людзі" без усяго беларускага. Пра сп. Рагулю і двух неабраных кандыдатаў Каліноўскага і Сабалеўскага, наогул ніхто нічога не ведае (у любым выпадку, на выбарах асоб у кандыдаты не бракавала).

Сп. Сабалеўскі (меркаваны 12-ты беларускі пасол) не прайшоў пры канчатковым размеркаванні мандатаў, а Каліноўскі не зацверджаны Праверачнай камісіяй Сойма з-за адсутнасці грамадзянства і быў заменены сп. Валошыным. Абранне сп. Рагулі старшынём Беларускага соймавага клуба, замест Тарашкевіча, які дагэтуль займаў гэтую пасаду, можна патлумачыць толькі неабходнасцю падкрэсліць узмацненне беларускай апазіцыі да ўрада, для гэтага і мог спатрэбіцца русафіл і радыкал сп. Рагуля. Па-праўдзе і сп. Тарашкевіч не з'яўляецца кансерватарам, аднак ён выхаваны на польскай культуры і лічыцца паланафілам, і таму, у выніку, стаў не адпавядаць гэтай пасадзе. Гэтак яго хацелі "пакараць" за ўдзел у Польска-беларускім таварыстве ў Вільні, адным з ініцыятараў якога Тарашкевіч з'яўляўся. Таварыства павінна было служыць мэтам ўзаемнага збліжэння і супрацоўніцтва польскіх і беларускіх згуртаванняў у галіне навукі, культуры, гісторыі, літаратуры і мастацтва і г. д., аднак распалася летам 1924 г. яшчэ да ўстаноўчага сходу.

Некалькі беларускіх паслоў праз пэўны час апынуліся па-за Соймам: Баранаў у вязніцы, Якавюк збег у Летуву (з-за беластоцкага судовага працэсу). Іх мандаты покуль не запоўнены з-за працяглай спрэчкі з беларускімі яўрэямі наконт пераемнікаў. Усе згаданыя паслы і беларускія сенатары, выйшлі са спісу № 16 (Блок меншасцяў). Большасць з іх прадстаўляюць радыкальныя палітычныя накірункі. А беларусы-згоднікі ("Зелёнадубцы-балахоўцы", "Алексюкоўцы", "беларускія беспартыйныя актывісты") зноў атрымалі паразу на выбарах.


З беларускага культурнага жыцця ў гэтым годзе, варта згадаць беларускую прэсу. Што праўда, у Вільні выходзілі толькі дзве газеты (не лічачы выбарных эфемерыд) і тыя не сістэматычна і з перарывамі, але беларуская моладзь выдае (на жаль, яшчэ не працяглы час) ажно 4 выданні. Студэнты-беларусы Універсітэта Стэфана Баторыя (Віленскага - Л. Л.) рэдагуюць штомесячнік "Наш Шлях", школьная моладзь старэйшых класаў беларускіх гімназій - штомесячнік "Маладое жыццё", дзеці малодшых гімназічных класаў і беларускага прытулку, на шапірографе друкуюць сваё выданне "Усход" і "Зорка".

XIV. Апошнія гады (1922-24)

Найбольш вядомай падзеяй у беларускім жыцці ў 1923 г. з'яўляецца беластоцкі працэс, ці "справа 45" беларусаў, абвінавачаных у арганізацыі беларускага паўстання на Гарадзеншчыне. Спачатку, па гэтай справе былі арыштаваны каля 200 чалавек, але большасць з іх праз некаторы час адпусцілі. Галоўнымі абвінавачанымі былі беларуская настаўніца Вера Маслоўская і два беларускія паслы ў Сойм: Баран і Якавюк. Астатнія (42 асобы) - гэта сяляне і жменька беларускай інтэлігенцыі.

Згодна з прысудам Якавюк быў апраўданы, а Баран і Маслоўская атрымалі па 6 гадоў вязніцы. Працэс адбываўся вясной 1923 г.

З праяў беларускага культурнага жыцця апошніх гадоў варта зноў згадаць беларускую прэсу. З 1923 г. у Вільні пастаянна выходзяць два беларускія перыядычныя выданні - лацінкай і кірыліцай. "Крыніца" выдаецца лацінкай і на сённяшні дзень з'яўляецца самай старой беларускай газетай, бо выдаецца ўжо 8 гадоў (з 1917 г. у Пецярбургу і з 1918 г. у Менску, потым і па сённяшні дзень - у Вільні).

Гэты беларускі народны штотыднёвік прайшоў цікавую эвалюцыю ад каталіцкага народнага выдання да радыкальнай сялянскай газеты з антыдзяржаўным напрамкам. Некаторы час газету рэдагаваў кс. А. Станкевіч, зараз яе рэдагуе студэнт універсітэта Б. Туронак.

У 1922 г. заснавана выданне "Наша Будучыня", якое друкуецца кірыліцай. З моманту заснавання, з-за бальшавіцкай арыентацыі газета неаднаразова канфіскавалася і зачынялася, аднак заўсёды адраджалася пад новай назвай. У сваёй апошняй рэінкарнацыі мае назву "Сялянская праўда". Была зачынена ў палове снежня 1924 г., і яе чарговы рэдактар А. Войцік арыштаваны. Аднак, без сумнення, газета хутка выйдзе пад новай назвай. Гэтае выданне ў першую чаргу разлічана на народ і мае класавы характар, але з прычыны немагчымасці выдання адмысловай газеты для інтэлігенцыі "Сялянская праўда" рэдагуецца як газета для інтэлігенцыі. Уласна, народнай у гэтым выданні, па сутнасці, з'яўляецца толькі рубрыка карэспандэнцый з вёскі. Газета выходзіць тры разы на тыдзень і трэба прызнаць, што паводле свайго зместу і па якасці рэдагавання, яна нічым не саступае аналагічным польскім выданням.

У 1924 г. значна актывізуецца беларускі выдавецкі рух, аб чым перш за ўсё сведчыць той факт, што ў першай палове 1924 г. было выдадзена больш кніг, чым за ўвесь 1923 г.

У канцы 1924 г. ажыла і беларуская журналістыка. Студэнты-беларусы, пасля перарыву, выкліканага матэрыяльнымі цяжкасцямі ў акадэмічны 1923-24 гг., аднавілі выданне свайго штомесячнага часопіса "Студэнцкая думка", які друкуецца на кірыліцы. Рэдактар А. Зянюк. №1 гэтага старанна зробленага часопіса, які выйшаў нядаўна, мае цікавы і разнастайны змест. Перад святам Божага нараджэння, таксама мелася выйсці бадай што першае беларускае гумарыстычнае выданне "Авадзень".

Апошняй падзеяй беларускага жыцця ў Польшчы, ёсць новая спроба польска-беларускага ўрэгулявання, зробленая старшынём "Беларускага грамадзянскага сабрання" С. Валейшам. Гэтак зараз называецца "Беларускі клуб" у Вільні, закладзены яшчэ перад вайной. Летам 1924 г. ён аддзяляецца ад "Беларускага нацыянальнага камітэта" ў Вільні, які арыентуецца на Савецкую Беларусь (на жаль такая арыентацыя дамінуе з часоў Рыжскай дамовы і яшчэ больш узмацнілася пасля пашырэння межаў Савецкай Беларусі) і пачынае тры разы на тыдзень выдаваць газету "Грамадскі Голас" з памяркоўнай пазіцыяй і арыентацыяй на Польшчу, газету падпісвае Я. Салавей.

Увосень таго жа года ў Вільні была скліканая нібыта беларуская канферэнцыя, якая выбрала новае беларускае прадстаўніцтва, так званую "Беларускую часовую раду" на чале з сп.сп. Паўлюкевічам, Більдзюкевічам і іншымі, Рада гэта месціцца ў адным з віленскіх гатэляў. Уся гэта акцыя, якую з польскага пункту гледжання трэба было б толькі ўхваліць, магла б даць для нас нейкі карысны плён, але перашкодай гэтаму сталася ненайлепшая асабістая рэпутацыя дзеячаў гэтага кола.

Што тычыцца газеты, якую яны выдаюць, дык газета выглядае бляклай і бясколернай, яна да нудоты корміць сваіх чытачоў перакладамі з польскай прэсы, што не дзіўна, калі ўлічваць, што сапраўдны рэдактар "Грамадскага голасу" М. Касцевіч (аўтар артыкула крытыкуе сам сябе. - Л. Л.) тры чвэрці выдання запаўняе саматугам.

Апошнія крокі Рады - заснаванне новага "Таварыства беларускай школы" пад назвай "Прасвета" і скліканне школьнай камісіяй Рады з'езду беларускага настаўніцтва (16 і 17 снежня 1920 г. у Вільні). Між іншым, гэты з'езд абраў М. Касцевіча старшынём "Прасветы". Выдадзены Радай і некалькі беларускіх кніг.

З нядаўніх урадавых дзеянняў, варта згадаць прынятыя Соймам напрыканцы лета 1924 г. "Моўныя акты" для Усходніх Крэсаў, якімі як бы заканчваецца беларуская гісторыя ў 1924 г.

К. Смрэчыньскі.

Спіс галоўных беларускіх інстытуцый ў Вільні

Шмат гадоў на чале беларускага руху ў Польшчы стаіць "Беларускі нацыянальны камітэт". Гэта галоўнае нацыянальнае прадстаўніцтва беларусаў у Польшчы, якое мае сваёй мэтай абарону беларускага насельніцтва ў межах Рэчы Паспалітай.

Камітэт складаецца з прадстаўнікоў усіх беларускіх арганізацый і партый, падобныя ж камітэты пэўны час існавалі ў Гародні і Варшаве.

Далей, трэба згадаць наступныя арганізацыі:

1. "Беларускае выдавецкае таварыства", закладзенае яшчэ да вайны ў 1913 г. адначасова з адзінай ў Вільні беларускай кнігарняй (вул. Завальная, 7).

2. "Беларускае навуковае таварыства, адчыненае 25 студзеня 1918 г. разам з Музеем і Навуковай бібліятэкай пры ім (зборы І. Луцкевіча). Старшынём таварыства ёсць сп. А. Луцкевіч, з-за адсутнасці памяшкання музей не чынны.

3. "Таварыства беларускай школы" (яе польскі аналаг - "Macierz szkolna"). У склад Таварыства ўваходзіць "Цэнтральная беларуская школьная рада", якая паўстала праз выбары. Таварыства распачало сваю працу восенню 1921 г.

4. "Беларускі студэнцкі саюз", паўстаў восенню 1921 г.

5. "Беларуская драматычная майстроўня", закладзена ў 1923 г. Гэта галоўная тэатральная ініцыятыва накіраваная па падтрымку беларускага тэатру на абшары Заходняй Беларусі. Майстроўня ў 1924 г. дала шэраг драматургічных пастаноў.

6. "Беларускае таварыства дапамогі ахвярам вайны", закладзена ў 1915 г,, пры ім існуе дзіцячы прытулак і школьны інтэрнат. У мірны час яно пераназвана ў "Беларускае дабрадзейнае таварыства".

7. "Гурток беларускіх кабет".


K. Smreczynski [Макар Касцевіч (Краўцоў)]. Bialorusini // Slowo. 1924. № 119.; № 125.; № 140.; № 158.; № 242.; № 243.; № 278.; № 287.; № 296.; № 297.; 1925. № 1.; № 2.; № 3.

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.

75-годдзе Яўгеніі Янішчыц адзначылі і ў музеі паэткі ў вёсцы Парэчча Пінскага раёна

Чвэрць стагоддзя таму запрацаваў Народны музей Яўгеніі Янішчыц. Ён знаходзіцца ў вёсцы Парэчча Пінскага раёна, гэта родныя мясціны паэткі. Падзею ўшанавалі літаратурнай імпрэзай, на якую ў музеі сабраліся аднавяскоўцы, сябры і сваякі. Гэтым мерапрыемствам на Піншчыне завершылася акцыя, прымеркаваная да 75-годдзя Янішчыц, якая трывала амаль увесь лістапад. Заснавальніца ўстановы згадвае:

- Вельмі цікава, што настаўнік паэткі Фёдар Фёдаравіч Цудзіла многа перадаў матэрыялаў - і вучнёўскі сшытак, калі яна пачала пісаць, як яна пачала пісаць, і першы рукапісны зборнік вершаў, і старонкі з вершамі з вучнёўскіх сшыткаў - 56 такіх аркушаў. Гэта вельмі-вельмі цікава. На сённяшні дзень у музеі Янішчыц у вёсцы Парэчча захоўваецца амаль паўтары тысячы экспанатаў, пераважна гэта асабістыя рэчы паэтэсы - ад адзення да дзяржаўных узнагарод.

Фота: zviazda.by.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Кнігі і людзі: Кандрацюк, Фурых; кніжныя зборы індзеяністаў (ч. 2)

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-47 (53-99) за 2023 г.)

Многія кнігі намі купленыя, атрыманыя як падарунак або, у некалькіх выпадках, для "рэцэнзіі" ці як бясплатнае распаўсюджванне выдавецтвамі - з розных краін. Калі ж не па пошце, то амаль заўсёды пры цікавых акалічнасцях - у Беларусі і кранах, што мяжуюць з ёй.

Бібліяграфічны паказальнік краязнаўца М. Мельнікава атрыманы пры сапраўды цікавых акалічнасцях - пасля ўдзелу ў канферэнцыі 1999 г. у Горках хацелася выкарыстаць магчымасць, "магчыма апошнюю", аб'ехаць пэўную ўсходнюю частку Магілёўскай вобласці з заездам найперш у Крычаў - гняздо Галынскіх.

Сустрэлі мы ўдаву Мельнікава Ефрасінню Васільеўну і іх дачку, дырэктара, якія былі галоўнымі стваральнікамі паказальніка, у памяшканні музея, які запомніўся выглядам вялікай рэарганізацыі або рэканструкцыі. Мы мелі кароткую гутарку. Нашай невялікай перапіскай з Мельнікавым (3 лісты да яго і 2 ад яго) ганарымся. Ён вядомы і як папулярызатар доктара Руселя.

У паказальніку ўказаныя адказныя за яго: Магілёўскі абласны краязнаўчы музей, Крычаўскі раённы краязнаўчы музей; адказны за выпуск і аўтар біяграфічнага артыкула: Н. М. Марозава; складальнікі: Е. В. Мельнікава, Г. Н. Жмачынская, І. М. Сабліна. Змест: 1. Крычаўскі летапісец - 4; 2. Бібліяграфія. Кнігі, брашуры, буклеты, артыкулы - 16; 3. Літаратура пра М. Ф. Мельнікава - 39.

"Брашура прысвечана жыццю і творчасці Мельнікава М. Ф. (1921-1993), вядомага беларускага краязнаўца, заслужанага работніка культуры РБ, заснавальніка Крычаўскага краязнаўчага музея.

Прызначаецца шырокаму колу чытачоў, усім, хто цікавіцца пытаннямі краязнаўства".

Наступная гісторыя яшчэ больш цікавая. Ніжэй яна ў тым выглядзе, у якім як загатоўка для нашага бюлетэня была 4.12.2018 г. адпраўлена Кэтрын Арнт, якая ў бібліятэцы ўніверсітэта ў Фэрбанксе (Аляска) да 2023 г. адказвала і за рэдкія кнігі.

RARE BOOKS: АМАЛЬ КАЛЯДНАЕ АПАВЯДАННЕ

(для "Весніка БІТ")

1 снежня на мясцовай барахолцы, літаральна з-пад снегу набылі:

Рускія адкрыцці ў Ціхім акіяне і Паўночнай Амерыцы ў XVIII стагоддзі / пад рэд. і з уступ. артыкулам ["Рускія адкрыцці ў Ціхім акіяне ў XVIII ст. (Агляд крыніц і літаратуры)", с. 5-76] д-ра гіст. навук А. І. Андрэева. - Масква: Дзярж. выд. геагр. літ-ры, друк. "Чырв. пралетарый", 1948. - 383 с. з іл.; 1 акр. партр.; 6 асоб. арк. карт.

Набытая практычна ў снезе (фота "гандлёвага месца" - прама на зямлі, кнігі былі прыцярушаныя снегам, перад уваходам на ўласна рынак - на момант паміж двума разлікамі можа быць прыкладзенае) спачатку за 1 бел. руб. (каля 0.50 дол.), потым (выпадкова вярнуліся да месца продажу і аказалася, што ў прадаўцоў не было належнай каардынацыі) - за 5 руб., прычым, мы ад нечаканасці нават не сталі таргавацца.

Стан - добры, не лічачы прыкмет (працяглага) пераўвільгатнення (хоць у адрозненне ад большасці кніг яна была ў "файле" - поліэтылене... але з аднаго боку адчыненым зіме).

Носіць штэмпелі і іншыя адзнакі, якія адносяцца да бібліятэкі чыгуначнай станцыі Гомель.

У цяперашні момант амаль не прапануецца на продаж у Інтэрнэце.

P. S. (2023). Куплена спачатку за адзін рубель, а затым за пяць - і гэта быў "сумленны кошт" ("ацэнка" сталага спадарожніка ў выхадах на рэчавы рынак) - бо галоўны прадавец проста адышоў, калі мы купілі кнігу ў мужчыны, якога яна, верагодна, пакінула ненадоўга пабыць каля раскладзеных на зямлі кніг.

Сярод індзейцаў, якія даслалі нам кнігі, часопісы і газеты, - на першае месца, відаць, трэба паставіць Алвіна Бабідаша з рэзервацыі Лак-дзю-Фламбо, які ўяўляе сабой чалавека, які цікавіцца і займаецца многім, пры гэтым любіць каментаваць і дэманструе шчодрасць. Ён дасылаў і па сваёй ініцыятыве, і пытаўся, што нас цікавіць. Напрыклад, у лісце б.д., 13.11.1992 па штэмпелі, ён пісаў:

"Does your Society have many books on Indian Culture? I would like to send some books! One of the books is called: OBJIBWA CRAFTS by CARRIE LYFORD originally published in 1943; it was reprinted in 1982. I have a copy that is ready for mailing!

Other books include: THE CHURCHES and [AND] THE INDIAN SCHOOLS by FRANCES [FRANCIS] PAUL PRUCHA. Published 1979. Another book is CHIPPEWA CUSTOMS by FRANCES DENSMORE. Originally published in 1929 and reprinted in 1979. I have placed an order for these books and hope that they still are "in print!"

There is another book that may be of interest; however it was written for youngsters and youth organizations and dance troupes. This book shows how to make various tribal costumes from common materials. The Book is called: THE GOLDEN BOOK OF INDIAN CRAFTS and [AND] LORES. Originally published in 1954 by W. Ben Hunt (1888-1970). I believe this book may be "out of print" but I do have available elements of this book that were photocopied for my journey to Russia in 1990!"

"Ці шмат у вашага таварыства кніг па індзейскай культуры? Я хацеў бы даслаць некалькі кніг! Адна з кніг называецца: "РАМЕСТВЫ АДЖЫБВА" КЭРЫ ЛАЙФАРД, першапачаткова апублікаваная ў 1943 г.; яна была перадрукаваная ў 1982 г. У мяне ёсць экзэмпляр, гатовы да адпраўкі па пошце!

Сярод іншых кніг: "ЦЭРКВЫ І ІНДЗЕЙСКІЯ ШКОЛЫ" ФРЭНСІСА ПОЛА ПРУЧЫ. Апублікаваная ў 1979 г. Яшчэ адна кніга - "ЗВЫЧАІ ЧЫПЕВА" ФРЭНСЕС ДЭНСМАР. Першапачаткова апублікаваная ў 1929 г. і перадрукаваная ў 1979 г. Я зрабіў заказ на гэтыя кнігі і спадзяюся, што яны ўсё яшчэ "ў друку!"

Ёсць яшчэ адна кніга, якая можа быць цікавай; хаця яна была напісаная для моладзі і маладзёжных арганізацый і танцавальных калектываў. У гэтай кнізе паказана, як вырабляць розныя племянныя касцюмы са звычайных матэрыялаў. Кніга называецца: "ЗАЛАТАЯ КНІГА ІНДЗЕЙСКІХ РАМЁСТВАЎ І ВЕДАЎ". Першапачаткова апублікаваная ў 1954 г. У. Бэнам Хантам (1888-1970). Я лічу, што гэтая кніга можа быць "распраданая", але ў мяне ёсць даступныя элементы гэтай кнігі, якія былі ксеракапіраваныя для майго падарожжа ў Расію ў 1990 г.!"

У нашым спісе Gift - дар, падарунак, Purchase - пакупка. Адсутнасць указання на месца перадачы або атрымання кнігі сведчыць, што яна была дасланая па пошце. Нумар у пачатку запісаў - "Беларуска-індзейская бібліяграфія".

8440 Агееў А. Р. Традыцыйная культура народаў Амерыкі: метадычныя рэкамендацыі для студэнтаў 1-га курса гістарычнага факультэта. Магілёў, 2008. (Gift: (Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт, 3 экз.).)

Берджер Т. Маленький Большой Человек. Харьков, 1993. (Gift: Снітко А., у Гомелі.)

5019 Дубавец С. Практыкаванні: проза, эсэ, крытыка / паслясл. У. М. Конана. Мн., 1992. (Gift: Ісаёнак Д., у Мінску.)

Изучение Латинской Америки в США / отв. ред. Ю. А. Фадеев. М., 1975. (Gift: Снітко А., у Гомелі.)

7010 Ігнат Дамейка - светач сусветнай цывілізацыі: матэрыялы VI Карэліцкіх чытанняў (г.п. Мір, 12 верас. 2002 г.) / рэдкал.: Л. Уладыкоўская-Канаплянік (гал. рэд.) і інш. Мн., 2002. (Gift: Уладыкоўская-Канаплянік Л., (Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны), праз Снітко А.)

Купер Дж. Ф. Последний из могикан, или Повествование о 1757 годе. М., 1979. (Выд-ва: Правда; "Малюнкі Андрыёлі".) (Gift: індзеяніст Віктар (Чорны Барс), у Бярозе.)

Марков С. Н. Летопись Аляски. М., 1991. (Выд-ва: Пересвет.) (Gift: Шуканаў М., практычна абмен, атрымана па пошце 2007-03-15.)

Мато Нажин. Мой народ Сиу: мемуары вождя индейского племени Оглала Сиу / пер. А. Макаровой; худож. Б. Жутовский. М., 1964. (Gift: Снітко А., у Гомелі.)

Міхаіл Фёдаравіч Мельнікаў, "Беларускі краязнаўца", Заслужаны работнік культуры РБ: (Да 75-годдзя нараджэння і 35-годдзя Крычаўскага музея): бібліяграфічны зборнік. Магілёў, 1996. (Gift: Мельнікава Е. В., Марозава Н. М. (дачка), у Крычаве) (Аўтограф Е. В. Мельнікавай.)

3007 Международный терроризм и ЦРУ: документы, свидетельства, факты: [сборник статей]. Мн., 1983. (Gift: індзеяніст Мікалай, у Пінску.)

Нестурх М. Человеческие расы. М., 1954. (Gift: Снітко А., у Гомелі.)

Нужье Л.-Р. Майя, ацтеки и инки. М., 1998. (Серия: Всемирная история для детей.) (Gift: Снітко А., у Гомелі.)

12551 Религия и общество - 17: сборник научных статей / под общ. ред.: В. В. Старостенко, О. В. Дьяченко, Э. В. Старостенко. Могилев, 2023. (Gift: Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт.)

Русские открытия в Тихом океане и Северной Америке в XVIII веке / под ред. и со вступит. статьёй ["Русские открытия в Тихом океане в XVIII в. (Обзор источников и литературы)", с. 5-76] д-ра ист. наук А. И. Андреева. М., 1948. (Purchase: ананімны прадавец на рэчавым рынку ў Гомелі, 2018-12-01.)

Хосе Карлос Мариатеги и современность: сборник статей. М., 1985. (Gift: Снітко А., у Гомелі.)

Borland H. When the legends die. N. Y.; Toronto; Sydney; Auckland, 1964 (c1963) (Gift: Райс В. і Т. (Ruys O. and T.).)

Chile indigena: Museo Arqueologico de Santiago, Chile. Santiago de Chile, 1991. (Тэкст. на ісп., фр. і англ. мовах.) (Gift: Холгер Дж. (Holger J.), Пасольства Чылі ў Маскве (Embajada de Chile en Moscu).) (Атрымана 1996-02-29.)

Czarny Jastrzab: autobiografia. Wielichowo, 2014. (Gift: Гыек М. (Hyjek M.).)

Dunbar-Ortiz R. Blood on the border: a memoir of the contra war. Cambridge, MS, 2005. (Gift: атрымана 2007-04-23 па пошце ад выдавецтва "South End Press" з Кэмбрыджа (Масачусетс) "для рэцэнзіі", як вынік перапіскі з аўтарам.)

Dunlay T. W. Wilki niebieskich zolnierzy: indianscy zwiadowcy i pomocnicy w armii Stanow Zjednoczonych w latach 1865-1890. Wielichowo, 2014. (Gift: Гыек М. (Hyjek M.).)

Facing cancer in Indian Country: the Yakama Nation and Pacific Northwest tribes: President's Cancer Panel Annual Report. Bethesda, MD: U.S. Department of Health and Human Services, National Institutes of Health, National Cancer Institute, [2003] (Gift: Кап Х. (Kapp H., MSW, Public Health Intern), National Cancer Institute, NIH, DHHS (Bethesda, MD).)

Hagan W. T. Quanah Parker, wodz Komanczow. Wielichowo, 2014. (Gift: Гыек М. (Hyjek M.).)

Lurie N. O. Wisconsin Indians. Madison, WI, 1987. (Gift: Бабідаш А. (Bobidosh A.).)

Pitcher D. (history by M. Margolin). Berkeley inside / out. Berkley, CA, 1989. (Gift: Гуткін Э. (Gutkin E.).)

Vanstone J. W. Athapaskan adaptations: hunters and fishermen of the subarctic forests. Arlington Heights, Ill., [1974]. (Gift: Макіні М. (McKinney M.).)

Worcester D. E. Apacze: orly Poludniowego Zachodu. Wielichowo, 2002. (Gift: Мазурек К. (Mazurek K.), купленая па нашай просьбе ў Варшаве, пазней "самавывезеная" ў Гомель.)

КАНДРАЦЮК Ганна - журналіст беластоцкай "Нівы" і сястра Асі Яніны Кандрацюк, якая з'яўлялася ў нашай серыі БСІ ("Наша слова.pdf" № 6 (58), 2023) як настаўніца індзейцаў і эскімосаў у Канадзе. Нарыс Ганны пра наведванне рэзервацыі надрукаваны ў чатырох нумарах "Нівы" з фатаграфіямі, прысвечанымі яму. Цікава, што загаловак у першай частцы мае клічнік у канцы ("Як варажыла старая цыганка!"), а ў астатніх трох частках яго няма.

Наш уласны вопыт з гуронамі або гуронскай тэмай уключаў пісьмовы кантакт з Гістарычнымі паркамі Гуроніі і Святыняй пакутнікаў, а таксама спробы сімвалічнага ўстанаўлення сувязей з гуронамі праз прадстаўнікоў гуронскай інтэлігенцыі (у прыватнасці, Жорж Сіўі (Georges Sioui), 17.05.2007).

Між іншым, Максім, герой "містычнай аповесці" Анатоля Казлова (1962-2023) "Дзеці ночы", насіў прозвішча Гурон і быў сынам "знакамітага і забяспечанага вучонага": "Залпам выпіўшы паўлітроўку, Гурон акінуў позіркам недалёкі скверык з ліп". Растлумачэння, што стымулявала Анатоля на выбар такога імя для аднаго з галоўных герояў, не маем.

"Два апошнія дні я правяла ў рэзервацыі гуронаў ля горада Квебек. Уражанні зусім іншыя чым спадзявалася. Набыла дзіўны дыск з этнічнымі спевамі, падобнымі на падляшскія, старыя. Я сама выглядала тут больш па-індзейску, чым многія працаўнікі рэзервацыі...

Як бачыш, фірма Д. прывяла там дзе трэба, я адчуваю што патрапіла сюды не без прычыны... (са справаздачнага э-мейла прэзідэнту фірмы "Дотык")

Быць індзейцам гэта выбар.

- Трэба жыць у клане, дзяліць яго лёс, змагацца за будучыню племя, - паясняе Жак Мішэль, працаўнік універсітэта, народжаны ў французскамоўнай сям'і ў наваколлі Вялікіх азёр. Ён сам нядаўна адкрыў у сабе індзейскую кроў. Кажа, што ў кожнай другой канадскай сям'і такія сувязі. Ці магчыма вярнуцца? Адваротнай дарогі няма.

- Людзі, якія адышлі з племя, - у прыклад мой суразмовец ставіць сваіх продкаў, - яны ўжо страчаныя для індзейцаў. Нават калі хто апамятаецца і схоча вярнуцца. "Ты ўжо не наш, - скажуць, - збірайся, адкуль прыехаў!" Найбольш крыўдна нашчадкам адшчапенцаў, іх таксама індзейцы не лічаць "сваімі". І не ідзе адно пра матэрыяльныя справы (індзейцы звольнены ад падаткаў, могуць паляваць і лавіць рыбу, карыстацца льготамі на некаторыя паслугі, напрыклад, электрычнасць). Важная свядомасць, карані. Файна паду-маць, што вырастаеш з прыгожай, багатай зямлі і маеш права на званне прадстаўніка першых нацый Амерыкі.

- А знешні выгляд? - спытала я нясмела. Раней мне сказалі, што спяваю і выглядаю, як тыповая індзейка. - Ці мае значэнне?

- Сама пабачыш! - падмаргнуў мне Жак Мішэль.

* * *

Індзейцы, яцвягі, цыганы... Гэтыя прадстаўнікі старых нацый з'явіліся на маёй сцежцы разам з узнікненнем фірмы "Дотык". Цяпер падсылаюць сваіх высланнікаў. Дзень да майго выезду ў Канаду, калі я ішла па беластоцкай вуліцы Юравецкай, я пабачыла індзейца Труса Белая Масць. Яго джынсавы каўнер прыаздабляла брошка з каралікаў.

- Пазыч пяць злотых! - кінуў ён, больш з прывычкі чым з патрэбы. - Заўтра аддам.

- Не хвалюйся! - адказала я. - Аддасі ў свой час.

Трус Белая Масць заўсёды пазычае пяць злотых і заўсёды аддае пяць злотых. Такі ў яго індзейскі гонар. Хоць больш за ўсё цаню яго медыумічнасць.

- А я ў сваю канаду [канада - курсівам] дую, - пахваліўся як які правакатар, - на важную сустрэчу.

Слова "канада" на мове аднаго з плямёнаў паўночна-ўсходняга ўзбярэжжа Канады абазначае вёску, карацей, "канада" Труса Белая Масць стаіць на паляне ў Кнышынскай пушчы, па дарозе з Беластока ў Гарадок...

Мы развіталіся, але ў гэты дзень "яны" не пакінулі мяне. Дзвесце метраў далей, на існым яшчэ базарыку па вуліцы Юравецкай, я наткнулася на музыкантаў з Андаў. Пасярод вясёлага натоўпу, дзе гандлявалі папяросамі і спіртам з Беларусі, іграў і спяваў гурт "Куракас". Высланнікі інкаў, прыаздобленыя ў паласатыя понча, прамавалі свой музычны альбом "Anorranzas" [Kurakas, Anoranzas]. Час ад часу ў музыку ўрываўся свойска-базарны заклік: "Wodka! Papierosy! Spirytus!"

Пасля, на лавачцы ў парку імя Тамары Саланевіч, я пачула чарговае прароцтва:

- Kazdego dnia bedziesz smakowac potrawy swiata i pic zamorskie wina! - вываражыла мне старая цыганка. Раней я дала ёй пяць злотых і папрасіла, каб памаўчала...

* * *

Мае канадскія гаспадары добра ведаюць Беласток, самым цікавым месцам у ім лічаць згаданы і разбураны ўжо базар па вуліцы Юравецкай. Асабліва падабалася ім як гандлююць у нас спіртам з рукава! Перад ад'ездам у індзейскую рэзервацыю Ада папярэдзіла мяне:

- Напэўна, табе не спадабаецца.

- Цікава, чаму?

- Бо, там як на беластоцкім базары, дзе ні ступіш, сваімі папяросамі накідаюцца.

Праўда, погляд Ады грунтаваўся на іракезскім досведзе. Яна не ўлічыла, што ў гістарычным плане іракезы і гуроны - заўзятыя ворагі...

Таксама мой даведнік задбаў, каб я не расчаравалася паездкай у рэзервацыю: "Wielu turystow odwiedzajacych Kanade uderza tragizm sytuacji jej pierwotnych mieszkancow. Rezerwaty czesto sa pograzone w letargu i panuje w nich przerazajaca nedza, a w tanich hotelach i obskurnych barach z reguly przesiaduja alkoholicy i narkomani. Tubylcze ludy Kanady zyja rozdarte miedzy dwoma swiatami, w zadnym z nich nie czujac sie dobrze. Walcza z poczuciem wyobcowania, jakiego nie zna zaden inny Kanadyjczyk".

- Ну, гэта для цябе не сенсацыя, - сказала Ада, - маеш тое ў сваёй вёсцы.

- Я ўжо засумавала па радзіме, - настойвала я.

Раней, чым завіталі ў рэзервацыю, мы яшчэ адведалі дзве цудоўныя сямейкі. Там, як прадказала старая цыганка, частавалі нас стравамі італьянскай кухні і заморскімі вінамі. Калі я выказала сумненні, што брыдка пад хмяльком з'явіцца ў індзейцаў, калега па прафесіі, журналіст Ніколя, жыва запярэчыў:

- Наадварот, - сказаў ён, - яны яшчэ больш вас палюбяць! (працяг будзе)".

Літ.:

8384 Кандрацюк Г. Як варажыла старая цыганка // Ніва. 2008. 30 лістап. С. 12; 7 снеж. С. 12; 14 снеж. С. 12; 21 снеж. С. 12. ("Тэкст і фота Ганны Кандрацюк"; URL: http://niva.bialystok.pl/issue/2008/48/48_2008. pdf#page=12; http://niva.bialystok.pl/issue/2008/49/49_2008.pdf#page=12; http://niva.bialystok.pl/issue/2008/50/50_2008.pdf#page=12; http://niva.bialystok.pl/issue/2008/51/51_2008.pdf#page=12.)

5089 Квебек (англ. Quebec, франц. Quebec), горад на У Канады // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 8. Мн., 1999. С. 213-214.

1432 Квебек расширяет свои полномочия // Народная газета. 1992. 5 сент.

3654 Сетунский Н. Позиция индейцев в случае провозглашения Квебеком независимости // Народная газета. 1994. 25 нояб.

3419 Ул. Ас. Квэбэк хоча аддзяліцца ад Канады // Наша слова. 1995. 8 лістап.

9714 Пашкевіч В. Ангельска-беларускі слоўнік: каля 30 000 словаў / пад рэд. С. Шупы. Мн., 2006. (Г. Кандрацюк (2008) у газеце, якая выдаецца па правілах "афіцыйнага" беларускага правапісу, ужывае слова "індзейка". У "Ніве" час ад часу сустракаюцца "варварызмы", паланізмы (што натуральна), калькі, паўкалькі і інш. "Індзейка" ўпісваецца ў прапановы з пасмяротна выдадзенага "Ангельска-беларускага слоўніка" жыхаркі Таронта В. Пашкевіч пад рэдакцыяй С. Шупы (Прага), у якім кампраміс: для Indian - 1. індыянін, індзеец, індыянка, індзейка; індыяне, індзейцы; 2. кожная з моваў амэрыканскіх індыянаў. Для жыхароў Індыі ў слоўніку - індыец, індыйка, індыйцы. Прыметнікі для індзейцаў - індыянскі, індзейскі, для індыйцаў - індыйскі.)

ФУРЫХ Марыяна (Marianna Furih) - яе карані па лініі маці - надзвычай цікавыя для краязнаўца і ўключаюць як дваран, так і сялян у Беларусі. Бадай, не менш цікавая лінія бацькі. Тэатральная сям'я паспрыяла таму, што Марыяна вырасла артыстычнай і атрымала адукацыю музыканта - спецыяльнасць, па якой працуе дагэтуль.

Асобы індзейскага паходжання, якіх бачыла Марыяна ў Пецярбургу, уключаюць вялікую групу з прабегу Дэніса Бэнкса (Dennis Banks), затым - Рычарда Скай Хока (Хоўк, Sky Hawk) - з нямецкім мужам-індзеяністам апынуліся тады ў Пецярбургу, прынялі ўдзел у цырымоніі Люлькі. Таксама Марыяна згадвае Cачын (часта пішуць Сашын) Крус Літлфезэр (Sacheen Cruz Littlefeather). Яна памерла ў 2022 г. і пасля гэтага зноў, яшчэ гучней, прагучала нота, што яна была pretendian - "іконай-індыянкай", якая індыянкай не была, хоць як "апачка" на працягу адной мінуты на Оскары гаварыла па даручэнні Марлана Бранда пра яго адмову ў знак пратэсту супраць палітыкі ў адносінах да індзейцаў прыняць прыз у 1973 г. Яна дасягнула нямала поспехаў на вядомасці з Оскара, але была хворая і "фізікальна" (туберкулёз у дзяцінстве, два выпадкі раку), і псіхічна - у маладосці правяла год у псіхіятрычнай бальніцы (стала вядома, з яе слоў, і пра яе дыягназ: шызафрэнія). Але, здаецца, паводзіны яе былі ўсё ж дастаткова "нармальнымі" для таго, каб не стварыць адпаведную рэпутацыю і камплексаваць з-за стыгмы. "Эпідэмія" pretendianism'у была моцная раней, але ўсё яшчэ працягваецца, нягледзячы на шматлікія выкрыцці. Знаўцы праблемы папярэджваюць, што pretendians звычайна не могуць назваць канкрэтныя прозвішчы і імёны сваіх "індзейскіх продкаў".

Усё ж можна спадзявацца, што Сачын мела продкаў-індзейцаў сярод мексіканцаў. Лацінаамерыканцы лічаць больш прэстыжным і карысным для кар'еры выступаць у якасці "карэнных амерыканцаў" - так зрабіла і Марыя Луіса Крус (Луіза Круз).

Два гады Марыяна падтрымлівала адносіны з балівійскім студэнтам - яны скончыліся пасля вяртання яго з горада на Няве на радзіму. Па прафесіі журналіст, "ён у сябе дома займаецца ўжо шмат гадоў праектам па захаванні культуры аймара" (звесткі пра балівійца, як і пра сустрэчы з паўночнаамерыканскімі індзейцамі, - з электронных паведамленняў Марыяны 15-16.11.2023).

Параўнала яна "паўночнае" і "паўднёвае" ў тым сваім "індзейскім свеце" так: ""андскі" індзеец зусім не разумеў, навошта я збіраю подпісы для Пелціера... у іх зусім іншая псіхалогія... таму і музыка ўся мінорная". Балівійца Марыяна апісвае як музычнага ў той ступені, у якой увогуле музычныя яго суайчыннікі, але з пэўных прычын на гітары або кене ён іграць не мог, мог на сампонні.

Можна напісаць дадаткова пра тое, як яна зберагла пачуццё да індзейцаў як цэлага свету, які захапляў падлеткаў, і як гэта выяўлялася ў яе жыцці.

Літ.:

3301 Шэрман К. Адказ на пытанні літаратурнага крытыка Iрмтраўд Гучкэ // Шэрман К. Таямніцы почырку: літаратурна-крытычныя артыкулы, эсэ. Мн., 1995. С. 69-75. (І. Гучкэ (ФРГ).)

1285 Заняпад сельскай гаспадаркі ў Балівіі // Звязда. 1953. 16 мая.

975 Боливийский калейдоскоп // Советская Белоруссия. 1987. 7 янв.

974 Боливийский калейдоскоп // Знамя юности. 1987. 10 марта.

422 Балівія адносіцца да ліку дзяржаў, маючых адзін з самых нізкіх узроўняў нацыянальнага даходу на душу насельніцтва // Чырвоная змена. 1988. 23 жн.

8092 Петров О. Боливия под кайфом // Згода. 2005. 24-31 снеж. С. 5. (23 снеж.; "Социалистический кокаин".)

9356 Балівія. Індзейскі "Браняносец Пацёмкін" // Новы час. 2010. 15 студз. С. 12.

1075 Скороходко В. Боливия - земля индейцев // Планета. 2013. № 7 . С. 24-31.

2120 Чаму знікае Марлон Брандо // Чырвоная змена. 1990. 17 крас.

7483 Cтолярчук К. "Оскар" вспомнил про Беларусь // Вечерний Минск. 2004. 5 марта. (Марыян ДэЛеа, індзейцы; Chernobyl Heart is a 2003 documentary film by Maryann DeLeo, "Чарнобыльскае сэрца" - дакументальны фільм 2003 г. рэжысёра Марыян ДэЛеа; сярод удзельнікаў - кардыяхірург Уільям Новік (William Novick); фільм атрымаў узнагароду за лепшы дакументальны кароткаметражны фільм на 76-й цырымоніі ўручэння прэміі "Оскар".)

6017 Макарава М. Людоед - это звучит гордо?: американский фильм "Ганнибал" способен серьезно искалечить психику подростков // Советская Белоруссия. 2001. 5 июня. С. 4.

10174 Мартинкевич А. Храните счастливые воспоминания: о психотерапии // СБ. Беларусь сегодня. 2011. 22 нояб.

3586 Коломинский Я. Беседы о тайнах психики / худ. А. Колли, И. Чураков. М., 1976.

3587 Коломинский Я. Л. Беседы о тайнах психики / худ. Е. А. Карпович. Мн., 1990.

489 Аб "справе" Пелціера // Звязда. 1986. 16 верас.

494 Всемирный Совет Мира (ВСМ) опубликовал заявление, в котором выражает глубокую озабоченность в связи с пытками, которым продолжает подвергаться в США борец за свободу и права американских индейцев Леонард Пелтиер // Советская Белоруссия. 1987. 7 авг. (Заявления.)

498 Кампанию сбора подписей под петицией с требованием провести новое судебное разбирательство по "делу" Леонарда Пелтиера начал действующий в городе Миннеаполисе (штат Миннесота) комитет в защиту этого видного борца за права американских индейцев // Советская Белоруссия. 1987. 3 янв. (Карэспандэнцыя з Нью-Ёрка.)

3588 Лощилин А. Леонарду Пелтиеру велено продолжать сидеть в тюрьме // Советская Белоруссия. 1996. 27 марта. С. 3.

4577 Пахомов А. Свободу Леонарду Пелтиеру!: Стивен Сигал вернул к жизни старый советский лозунг // Советская Белоруссия. 1999. 24 июля. С. 5.

8832 Глушаков Ю. США, Белый дом, господину Обаме: о чем гомельчанин написал президенту Америки // Новый Вечерний Гомель. 2012. 7 нояб. С. 25. (Ліст А. Снітко.)

8838 Мицкевич П. Гомельчанин вступился за индейского повстанца // Комсомольская правда в Белоруссии. 2012. 31 окт. С. 6.

8840 Чепиков Н. Письмо Обаме // Гомельские ведомости. 2012. 1 нояб. С. 2.

9413 Леанард Пелціер // Новы час. 2014. 19 верас. С. 13.

10215 Братерский А. Леонард Пелтиер: индеец, который сидит в тюрьме // СБ. Беларусь сегодня. 2017. 3 июня. С. 15.

7536 Дракохруст Ю. Формула объединения // Белорусская деловая газета. 1999. 14 дек. (Індзейцы - чарнаногія, черноногие.)

3799 Mickiewicz A. Vorlesungen uber slawische Literatur und Zustande: neue Ausgabe. T. 1-4. Leipzig, 1849.

10502 Lewanewski S. Mein Element. Engels, 1937.

3780 Mickiewicz A. Konrad Wallenrod / ubers. A. E. Rutra. Zurich, [1956].

4189 Sofronow A. Auf funf Kontinenten / ubertr. u. gekurzt v. U. Straubig. Leipzig, 1960.

4754 Karatkewitsch U. Vom Blau und Gold des Tages / ubers. H.-J. Grim // Storche uber den Sumpfen: belorussische Erzahler: [aus dem Belorussischen und Russischen ubersetzt / hrsg. und komment. von N. Randow]. Berlin, 1971. S. 408-420. ("Hager, mit schmalen Hueften, stand er neben ihr, kupferrot wie ein Indianer. Auf seinem Gesicht wechselten Schatten und Licht. Ein gutes und hartes Gesicht".)

4255 Karatkewitsch U. Land unter weissen Flugeln. Minsk, 1983.

4963 Stingl M. Das indianische Feuer: auf den Spuren des Freiheitskampfes der Indianer Lateinamerikas / aus dem Tschech. von R. Kassube. Berlin, 1979.

8368 Friederici G. Skalpieren und ahnliche Kriegsgebrauche in Amerika: Inaugural-Dissertation. Braunschweig, 1906. (Domeyko.)

4077 Friеderici G. Die Schiffahrt der Indianer. Stuttgart, 1907.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, Indians, indigenas, indios de America y Belarus; вы можаце даслаць сваю гісторыю пра індзейцаў. Алесь Симаков, белорусско-индейские связи.

Падзеі вайны 1812 года рэканструявалі ў Барысаве

25 лістапада ў Барысаве, на батарэях, якія захаваліся з напалеонаўскіх часоў, правялі рэканструкцыю аднаго з этапаў баёў пры Бярэзіне, якія адбыліся 211 год таму.

Баі на Бярэзіне напрыканцы лістапада 1812 года сталі вельмі трагічным этапам рускай кампаніі Напалеона. Пры пераправе і навядзенні мастоў, а таксама ў баях 26-29 лістапада Вялікая армія страціла па розных крыніцах ад 20 да 40 тысяч чалавек. Таму нездарма ў французскай мове захаваўся выраз C'est la Berezina, які абазначае велізарныя праблемы, кашмар.

Французскія часткі занялі Барысаў і пачалі будаваць пераправы цераз халодную ўжо раку. Авангард рускай арміі ўжо наблізіўся да Барысава, і 21 лістапада 1812 года на ўмацаваннях - батарэях, частка якіх захавалася дагэтуль, - адбылася бітва. У выніку рускія часткі захапілі ўмацаванні, выцесніўшы суперніка з горада. Менавіта гэты эпізод у памятным месцы і прадэманстравалі рэканструктары.

На фестываль прыехалі клубы рэканструкцыі з Беларусі і Расіі, якія прадстаўлялі і рускую, і французскую арміі. Раз-пораз гучалі, нават палохаючы некаторых гледачоў, гарматы. Пяхотныя шыхты стралялі і бясстрашна сыходзіліся ў штыкавых атаках пад гукі барабанаў.

Нават мёрзлі і паміралі збоку вельмі натуральна, але насамрэч, канешне, рэканструкцыя тым і адрозніваецца ад сапраўдных ваенных падзей, што тут усе паміж сабою сябруюць, і ніхто ў выніку баталіі не пацярпеў!

Ганна РОВІНА, "Звязда". Фота аўтара.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX