Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 46 (98) 


Дадана: 14-11-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 46 (98), 15 лістапада 2023 г.

У Мірскім замку адбылася прэзентацыя факсімільнага выдання Жухавіцкага Евангелля XVI стагоддзя

11 лістапада ў Мірскім замку адбылася прэзентацыя факсімільнага выдання Жухавіцкага Евангелля XVI стагоддзя, паведамляе polymia.by.

У рамках культурнага праекта "Даследаванне і факсімільнае выданне помніка беларускай пісьменнасці Жухавіцкага Евангелля XVI стагоддзя" была створана факсімільная копія святыні. Арыгінал налічвае 347 старонак, факсімільная копія - 740. Арыгінал святыні захоўваецца ў Бібліятэцы Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх, дзе яна апынулася не пазней за 1947 г.

Жухавіцкае Евангелле - помнік старабеларускага кнігапісання. Мірскі замак ініцыяваў вяртанне на Радзіму рукапіснай святыні. У верасні гэтага года першы асобнік факсімільнага выдання быў перададзены ў царкву Раства Іаана Прадцечы ў Малых Жухавічах. Наклад факсімільнага выдання складае ўсяго 99 асобнікаў.

Сапраўднае месца стварэння Евангелля дагэтуль невядомае, але мяркуецца, што яно было створана для царквы ў сяле Малыя Жухавічы, вядомым з XVI стагоддзя. Папярэдне 40-мі гадамі таго ж стагоддзя датуюць і стварэнне Евангелля. Паводле запісу, які захаваўся на адным з аркушаў рукапісу, у кастрычніку 1733 года Евангелле знаходзілася ў мясцовай царкве. У пратаколе генеральнай візітацыі Цырынскага і Наваградскага дэканатаў 1798 года сярод маёмасці царквы святога Іаана Хрысціцеля меліся два Евангеллі - "Ruska i Polska". Пад "Рускім Евангеллем", відавочна, меўся на ўвазе названы помнік.

Рукапіс складаецца з 347 аркушаў, напісаных мастацкіх паўуставам цёмна-карычневай і чырвонай фарбамі.

Евангелле мае не толькі гістарычную, але і эстэтычную каштоўнасць, але яго даследаванне ўскладняе дрэнная захаванасць.

Кніга ўпрыгожаная чатырма мініяцюрамі з выявамі евангелістаў Мацвея, Марка, Лукі і Яна, выкананымі на срэбным фоне вохрыста-залацістымі фарбамі, чатырма застаўкамі і чатырма па-мастацку аздобленымі вялікімі літарамі-ініцыяламі.

Дзве застаўкі выкананыя ў "балканскім стылі" з элементамі "пляцёнкі", а іншыя, відаць, у народнай традыцыі з крыху спрошчанай інтэрпрэтацыяй раслінных матываў.

Прэзентацыя пачалася з малебна, які правёў сакратар Наваградскага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Дзмітрый Сёмуха.

Дырэктар музея "Замкавы комплекс "Мір" Аляксандр Лойка адзначыў:

- Вельмі рады вітаць вас у нашым музеі, бо сёння сапраўды свята. Вынікам работы нашых навуковых кіраўнікоў, калектыву Мірскага замка мы можам прэзентаваць факсімільнае выданне Жухавіцкага Евангелля. Многія з вас ведаюць, што арыгінал знаходзіцца ў Вільні, у бібліятэцы імя Урублеўскіх, і, упершыню пазнаёміўшыся з выданнем, з'явілася ідэя зрабіць яго копію. Тры гады мы вялі інтэнсіўныя перагаворы з уладальнікам нашай унікальнай спадчыны, нашай святыні і вось нарэшце можам патрымаць яе ў руках.

Слова ўзяў протаіерэй Дзмітрый Сёмуха:

- Для ўсіх нас сёння вельмі радасна быць на гэтым мерапрыемстве. Вера сапраўды ўмацоўвае ў чалавеку жыццёвыя сілы, дае імпульс, каб чалавек жыў і дзейнічаў, ствараў новае ў гэтым свеце. Калі мы з вамі гаворым аб Евангеллі, якое было напісана ў XVI стагоддзі для Жухавіцкай царквы, мы гаворым аб працы тых людзей, якія шчыравалі над гэтай кнігай, каб слова Божае было пачута ўсімі жыхарамі. Кіраўніцтва музея "Замкавы комплекс "Мір" зрабіла вялікую справу, як і тыя людзі, які стваралі Жухавіцкае Евангелле, і мы гэтую працу з удзячнасцю прымаем.

Па дабраслаўленні архіепіскапа Наваградскага і Слонімскага Гурыя Аляксандр Лойка быў узнагароджаны медалём Беларускай праваслаўнай царквы Наваградскай епархіі прападобнага Елісея Лаўрышаўскага.

Перад гасцямі выступілі Ірына Будзько і Алена Пікулік, якія даследавалі мову Жухавіцкай святыні. Моваведы адзначылі, што вяртанне страчаных духоўных каштоўнасцей - першасная задача навукоўцаў і ўвогуле беларусаў. Сіламі Акадэміі навук, Нацыянальнай бібліятэкі, музеяў і Беларускай праваслаўнай царквы распачата праграма вяртання кніжнай спадчыны, створанай на нашых землях. Так, у выглядзе факсімільных выданняў былі вернуты Полацкае Евангелле ХІІ ст., Слуцкае Евангелле, Жыровіцкае. Сёння, дзякуючы Мірскаму замку, надыйшоў час для азнаямлення шырокай грамадскасці з Жухавіцкім Евангеллем.

Выдатным завяршэннем прэзентацыі стала выступленне дзіцячага хора "Званочак" СШ № 8 г. Слоніма.

Пасля прэзентацыі ўсе ахвотныя маглі наведаць капліцу Святаполк-Мірскіх, дзе была арганізавана выстава праваслаўных абразоў, арганізаваная Карэліцкім раённым краязнаўчым музеем.

polymia.by.

Ты мне вясною прыснілася…

Творчы вечар, прысвечаны 60-годдзю беларускай мастачкі Аксаны Аракчэевай прайшоў у Менску. Імпрэза прайшла пад назвай "Ты мне вясною прыснілася… ", на якую натхніла знакамітая аднайменная песня "Песняроў". На творчую сустрэчу з вядомай мастачкай прыйшлі яе сябры, аматары яе творчасці і многія з тых творцаў, каму пашчасціла з ёй супрацоўнічаць. І не толькі мастакі, але і пісьменнікі - Аксана аформіла каля 70 кніг, апроч таго, нядаўна выдала некалькі ўласна аформленых гісторый пра свайго сабачку Фанечку.

Фактычна вечарына стала справаздачай яе творчага шляху, гісторыяй яе жыцця ў мастацкай творчасці - яе выставы ў Беларусі, у Чэхіі, у Славакіі. Прытым што ў Чэхіі выставы Аксаны праводзіліся шмат разоў - некалькі разоў у Празе, і яшчэ больш на "Мараве", у паўднёвай Чэхіі. Гэта горад Тршэбіч, занесены ў спіс ЮНЕСКА. Спачатку былі выставы ў галерэі старадаўняга замка, а зараз кожны верасень на пачатку навучальнага года ў Каталіцкай гімназіі Тршэбіча Аксана робіць экспазіцыі ў іх галерэі Galerie Chodba, сёлета ўжо ў 4 раз!

На творчым вечары Аракчэевай былі прадстаўлены яе работы з цыклу "Менскія вокны", партрэты вядомых дзеячаў Беларусі, вядучых салістаў беларускага балета і кіраўніц Купалаўскага літаратурнага музея, шэраг іншых, а таксама замалёўкі, якія яна рабіла падчас падарожжаў: Гамбург, Славакія…

Падзялілася Аксана і планамі на бліжэйшую будучыню - яна збіраецца выдаць каталог сваіх работ, вынік супрацоўніцтва з пісьменнікамі - малюнкі да кніг, зробленымі ёй. Алена Масла ўжо пагадзілася выступіць рэдактарам будучай кнігі. А я яшчэ прыступіла да афармлення вершаванага беларускага буквара.

Шмат добрых слоў прагучала ад гасцей-сяброў мастачкі. Высокую ацэнку яе творчасці надала пісьменніца і вядомы журналіст Тамара Бунта, за плённае супрацоўніцтва падзякавала дырэктар кнігарні "Акадэмічная кніга" Вольга Глухоўская. А наша знакамітая пісьменніца-казачніца Алена Масла трапна і ў мастацкай манеры падмеціла, што у Аксаны ўдала атрымлівацца злавіць імгненне, трымаць яго на кончыку пэндзля і пераносіць гэтае імгненне на свае карціны. Віншавалі і сказалі шмат добрых слоў і яе сяброўкі-мастакі.

А на канцы творчага вечара ўсіх гасцей чакаў торт, эксклюзіўна аформлены самой гаспадыняй вечарыны на вачах прысутных. Пажадаем нашай славутай мастачцы Аксане Аракчэевай натхнення і новых яркіх работ і перамог.

Алег Грушэцкі.

Як юныя лідзяне наведалі нацыянальную кінастудыю "Беларусьфільм" і не толькі….

Восеньскія канікулы для школьнікаў - час адпачынку і новых уражанняў. Навучэнцы 9-11 класаў Сярэдняй школы №11 г. Ліды не сталі выключэннем і здзейснілі пазнавальную экскурсію ў сталіцу нашай радзімы горад Менск.

Школьнікі наведалі памятныя і знакавыя месцы, прыадчыніўшы для сябе малавядомыя старонкі нашай гісторыі. У маршрут экскурсіі ўвайшлі такія аб'екты, як мемарыяльны комплекс "Трасцянец", Нацыянальны мемарыяльны комплекс Храм-помнік у гонар Усіх Святых, Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм", Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь. Наведванне кожнага аб'екта выклікала ў юнакоў і дзяўчат самыя розныя, але незабыўныя адчуванні.

Безумоўна, пачуцці страху і жаху выклікалі падзеі, звязаныя з лагерам-смерці "Трасцянец", дзе загінула больш за 206 тысяч мірных жыхароў. Па колькасці ахвяр, як даведаліся школьнікі, гэты лагер займае чацвёртае месца пасля сумна вядомых Асвенцыма, Майданека і Трэблінкі. Тут знішчаліся мірныя жыхары, ваеннапалонныя, а таксама яўрэі з іншых краін. Падчас знаёмства з мемарыяльным комплексам асаблівую ўвагу юныя турысты звярталі на лічбы ахвяр мірнага насельніцтва нашай краіны, помнікі і, вядома, на велічны манумент "Вароты памяці", які ўвасабляе і перадае кожнаму, хто падыходзіць да іх блізка, увесь жах і боль трагедыі.

Наведваючы Храм-помнік ў гонар Усіх Святых горада Менска навучэнцы атрымалі зарад бадзёрасці і натхнення ад велічы і значнасці храма ў жыцці праваслаўных вернікаў. Гісторыя яго пабудовы, унутранае ўбранне, знешняя прыгажосць, сімволіка ў кожнай дэталі і прадмеце - усё ўразіла юных лідзян.

Асаблівым аб'ектам наведвання для кожнага навучэнца стала нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм", якая дазволіла кожнаму дакрануцца да стогадовай гісторыі беларускага кінематографа. Юныя аматары кіно наведалі музейны пакой, дзе пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення і развіцця беларускага кінамастацтва, ўбачылі на свае вочы вялізныя павільёны, дзе праходзяць здымкі мастацкіх фільмаў і творчых праектаў, касцюмерныя, склады з вялікай колькасцю рэквізіту і адзення, некаторыя прадметы нават было дазволена патрымаць у руках, а адзенне і капялюшы прымерыць. Унікальным выпадкам для лідзян стала магчымасць пазнаёміцца і пагутарыць з генеральным дырэктарам кінастудыі Юрыем Мар'янавічам Аляксеем.

Яшчэ адным яскравым момантам падарожжа па сталіцы стала знаёмства з Нацыянальнай бібліятэкай Рэспублікі Беларусь, гісторыя якой налічвае ўжо больш за сто гадоў. Убачыўшы на свае вочы "алмаз ведаў", навучэнцы ацанілі значнасць і сапраўднае прызначэнне візітнай карткі нашай дзяржавы, бо ў яе будынку сабраны і захоўваецца вялізны інфармацыйны рэсурс, арыентаваны на шырокія масы чытачоў.

Экскурсія ў Менск пакінула ў душы кожнага юнага турыста самыя станоўчыя эмоцыі, выклікала пачуцці гонару за нашу мірную і стваральную дзяржаву на карысць кожнага беларуса.

Наталля Мікалаеўна АНАШКЕВІЧ, класны кіраўнік 11 класса, сярэдняй школы № 11 г. Ліды.

Выйшаў з друку каляндар на 2024 год "Знакамітыя людзі Шчучыншчыны"

Краязнаўцы Шчучынскага раёна падрыхтавалі і выдалі прыгожы каляндар на 2024 год "Знакамітыя людзі Шчучыншчыны". На каляндары адлюстраваны партрэты 20 знакамітых людзей Шчучыншчыны, якія былі родам з гэтага рэгіёна ці там пэўны час жылі і працавалі ў XVIII-XX cтагоддзях. Гэта Станіслаў Юндзіл, Міхал Людвік Пац, Канстанцін Тызенгаўз, Ануфры Петрашкевіч, Валерый Урублеўскі, Казімір Альхімовіч, Эліза Ажэшка, Напалеон Чарноцкі, Цётка, Фелікс Стацкевіч, Вацлаў і Тадэвуш Іваноўскія, Багдан Келес-Краўзэ, Іван Аляхновіч, Янка Тарасевіч, Вольга Галіна, Хведар Нюнька, Аляксандр Жалкоўскі, Валянцін Блакіт, Чэслаў Немэн. Каляндар "Знакамітыя людзі Шчучыншчыны" адрасаваны перш за ўсё тым, хто цікавіцца гісторыяй сваёй маленькай радзімы, а таксама ўсім зацікаўленым людзям нашай агульнай гісторыяй і яе знакамітымі асобамі.

Наш кар.

Паштовая марка і канверт, прысвечаныя юбілею Адама Міцкевіча

10 лістапада Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусціла ў абарачэнне паштовы блок "225 гадоў з дня нараджэння Адама Міцкевіча". У дзень выпуску паштовага блока на паштамце Менска і ў аддзяленні паштовай сувязі № 4 горада Наваградка былі праведзены спецыяльныя гашэнні на канверце "Першы дзень". Дызайн паштовага блока ажыццявіла Яўгенія Бядонік. Тыраж яго 10 тысяч штук. Праект падрыхтаваны сумесна з Домам-музеем Адама Міцкевіча ў Наваградку.

Наш кар.

Навіны Германіі

Бербок працягвае крызісную дыпламатыю на Блізкім Усходзе

Міністр замежных спраў Германіі адправілася ў сваю трэцюю паездку на Блізкі Усход пасля нападу ХАМАС на Ізраіль. Яна выступае за рэалізацыю рашэння, якое прадугледжвае стварэнне дзвюх дзяржаў.

Падчас сваёй трэцяй паездкі на Блізкі Усход пасля нападу ХАМАС на Ізраіль міністр замежных спраў Германіі Анналена Бербок мае намер наведаць Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Саудаўскую Аравію і Ізраіль. Яна заклікала працягваць працу над пошукам рашэння праблемы дзвюх дзяржаў.

- Толькі вяртанне да абяцання жыць побач - у дзвюх дзяржавах - можа забяспечыць ізраільцянам і палестынцам жыццё ў міры, бяспецы і добрай якасці, - заявіла Бербок. - Ва ўмовах гэтай практычна непераадольнай раз'яднанасці вельмі важна не страціць здольнасць прадбачыць аддаленыя наступствы.

Бербок папярэдзіла, што нельга ўпусціць гэты гістарычны шанец на ўсталяванне міру паміж Ізраілем і яго арабскімі суседзямі, "таму што менавіта гэтага і дамагаюцца тэрарысты". Высілкі па вызваленні закладнікаў, забеспячэнні гуманітарнага доступу ў Газу і прадухіленні распаўсюду гвалту ў рэгіёне таксама "могуць увянчацца поспехам толькі ў тым выпадку, калі мы будзем дзейнічаць адзіным фронтам з арабскімі краінамі Персідскага заліва".

У той жа час міністр замежных спраў Германіі запэўніла Ізраіль у тым, што ён можа нязменна разлічваць на падтрымку Германіі ў сваёй барацьбе з тэрарызмам ХАМАС. "Як дэмакратычныя краіны, мы стаім плячом да пляча". Зразумела, Ізраіль павінен рабіць усё, што ў яго сілах, каб абараніць цывільнае насельніцтва. "Гуманітарнае спыненне агню іграе ў гэтай сувязі цэнтральную ролю". Людзі ў Газе востра маюць патрэбу ў пастаўцы самага неабходнага - воды, харчы, медыкаментаў. Перад тым як адправіцца ў Ізраіль, міністр правядзе перамовы ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах і Саудаўскай Аравіі.

Берлін (dpa). © picture alliance/dpa.

Міністр навакольнага асяроддзя заклікае актывізаваць высілкі па барацьбе з пластыкавымі адыходамі

Міністр навакольнага асяроддзя Германіі Штэфі Лемке высока ацаніла вынікі кітайска-германскага экалагічнага форума па барацьбе з пластыкавым забруджваннем.

Знаходзячыся з візітам у Кітаі, міністр навакольнага асяроддзя Германіі Штэфі Лемке заклікала актывізаваць высілкі па барацьбе з пластыкавым забруджваннем і ў той жа час высока ацаніла вынікі кітайска-германскага экалагічнага форума.

- Нашы акіяны патанаюць у пластыкавых адыходах, а мікрапластык стварае пагрозу для нашага здароўя, - сказала Лемке. Неабходна пазбаўляцца "ад гэтага менталітэту бяздумнага спажывання, таму што праблема забруджвання стала занадта сур'ёзнай". Яна заклікала да павелічэння аб'ёмаў перапрацоўкі адыходаў, але, першым чынам, да абмежавання вытворчасці пластыку.

Нагодай для візіту стаў 7-мы кітайска-германскі экалагічны форум. Лемке паведаміла, што дамовілася са сваім кітайскім калегам Хуанам Жуньцю пра паглыбленне і пашырэнне супрацоўніцтва паміж Германіяй і Кітаем у вобласці аховы навакольнага асяроддзя і абароны прыроды. Кітайска-германскі экалагічны форум - гэта найважнейшы двухбаковы фармат для дзвюх дзяржаў у вобласці экалагічнай палітыкі. Ён праходзіць рэгулярна з 2003 года.

- Я раблю стаўку на тое, што Кітай будзе іграць першарадную ролю ў пераадоленні глабальных крызісаў, - заявіла Лемке. - Без Кітая, які з'яўляецца найбуйнейшым эмітэнтам CO2 і найбуйнейшым вытворцам узнаўляльных крыніц энергіі, мы не зможам справіцца з кліматычным крызісам. Унёсак Кітая неацэнны ў тым ліку і для дасягнення міжнародных мэт па ахове прыроды і па барацьбе з пластыкавымі адыходамі. Форум у Тайцане стаў "важным крокам" на шляху да заключэння глабальнай дамовы па барацьбе з пластыкавымі адыходамі, якая павінна быць распрацавана да 2025 года.

Тайцан (dpa/d.de). © picture alliance/dpa.

КРЫНІЦА З БОСАЙ ВАДЗІЦАЙ

Сяргей Панізьнік

Зборнік вершаў для дзяцей

Малюнкі Меланні - дачкі Веранікі Панізьнік

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

На варце Ведаў

Ведаў Варта -

каб вучыліся за партай

мы - упарта.


Варта там, дзе я з Сярожам.

Мы ляноту пераможам!

Ды няма найлепшай Варты,

чым турботы мамы, таты.

Варта Ведаў!

Мы - на старт,

каб вучобе даць азарт.

З вамі я - ваш аднакласнік,

між выдатнікаў брыльянт,

Ведаў будучы Атлант!

(Беларускае слова Веды так гучыць і на санскрыце - старажытнаіндыйскай мове. + Атлант - у грэчаскай міфалогіі тытан, які трымае на сваіх плячах купал небы.)

Беражлівасць

Мой сябрук, скажы на міласць:

- Што такое Беражлівасць?

- Ты не гні мяне ў дугу.

Адказаць я не магу:

"Беражлівасць" берагу!

- Так, шкадую я твой бераг,

не спужаю качак шэрых,

зайчанятак смелы шэраг…

Я ж таксама беражысты,

маю зоўны бераг чысты.

Беражлівасць любіць кожны:

сярод іх і ты - мурожны.

Трэці раздзел

"ПРОДКАЎ ДАР -КАЛЯНДАР"

Песня Снегавіка

Новы Год пад елкаю

святкаваць прывык.

І таму завуся я -

Вольны Снегавік:

- Сею-сею, пасяваю,

з Новым Годам вас вітаю!

Снегавік ваколіцай -

скрып, скрып, хрусь…

У снягах запомніцца

наша Беларусь.

Лесавік - мой стойкі брат,

а Скавыш - свістун.

Сівер - гэта хітры сват -

майстра зімніх струн.

Сёстры ў нас: Круцеліца:

(днём не супыніць):

скача з ёй Вярцеліца:

(і ў начы не спіць).

З імі я - Зімовы Грыб:

хрусь, хрусь, скрып.

Новы Год з ігліцамі

пойдзе на пастой.

І з бяроз нам выльецца

Стрэчання настой.

А пакуль пад елкаю

з кнігаю Франціш.

Для Скарыны Біблія -

Напрыстольны Крыж.

Крыж нясём - і моліцца

з намі Беларусь.

Новы Год запомнцца:

скрып, скрып… Хрусь…

(Стрэчанне: Грамніцы народнага календара.)

Продкаў дар - каляндар

А Верас не сканаў

паміж пустых канаў,

бо пасадзіў Макрыцу

на жоўтую кастрыцу.

І наш лужок гулліва

яшчэ расою сцелецца.

Ой, рада Вераценіца:

- Мне - сонейка прылівы!

Мы, школьнікі-атлеты,

прайшлі Дзявоцкім летам,

каб на святы Пакроў

сустрэць і Млынароў,

а ў родным Пантэоне

схіліцца - у паклоне

перад Прыродай Пана…

Руплівы грамацей

успомніць і Юльяна -

ахоўніка дзяцей.

Мы не забудзем дар -

Народны каляндар!

(Макрыца - невялікая ракападобная жывёлінка.

Вераценіца - від бязногай, падобнай на змяю, яшчаркі. Дзявоцкае лета - так да 21.Х. называлі пару года.

Пакроў - свята заканчэння працы ў полі.

Пан - міфалагічны абаронца прыроды.)

Прыходзяць адлігі

Прыходзяць адлігі гукаць жаўрукоў:

сунічныя выспы без іх пасінелі…

Між крыламі выраю промні вякоў

блакітна-чырвоную песню запелі.

Прайшла і ў карэнні яна, і ў лісты -

мелодыя вечная і маладая.

…Праз тысячу вёсен сунічны, густы

праталінак водар да нас далятае.

На гронцы ўселася Сонца

Зіма ў ранішняй дрымоце

люляе неба. Дым - вянком.

Сівее на альховым плоце

бульбоўніка замшэлы ком.

Смяюцца дзеці, шэрань ловяць.

Срабрысты інею палёт!

Сівее ля лыжні ядловец

і храбусціць калючы лёд…

А там, дзе белая раўніна

звініць імклівай шырынёй, -

стаіць кашлатая яліна,

і Сонца ўселася на ёй.

Зубрава трава

Зуброўка - зубрава трава, цяпалоць.

Духмяную асаку ахвотна паядаюць зубры.


Ходзім нетаропка мы.

Нам гаворыць роска:

- Поўня - гэта кропка,

ну а Месяц - коска.

Маладзік - зазубрынка!

Вам у нас не страшна?

- Страшна… Толькі з Зубрыкам

нам сустрэцца важна.

…Зубрык грыву гушкае:

рушыў у сталоўку.

Добра знанай пушчаю

пойдзе па зуброўку.

Толькі Зубрык ведае,

дзе знайсці нам зёлкі.

І вядзе нас ветліва

у пралесак золкі.

Асаку пахучую,

вострую, калючую

паказаў, хітрушчы,

і прапаў у пушчы.

………………………………….

Дзе б ні быў далёка я -

пушча мне галёкае…

Зубрык адгукаецца,

з Белавежскай раніцы.

Гур-Гор

Самы страшны звер - Гур-Гор

у снягах высокіх гор.

Тыя горы - да нябёс.

Там Гур-Гор на выспе рос.

І цяпер яго клыкі - як сукі,

кіпцюры на кожнай лапе -

як спружыны у канапе.

Грыва - чорны вадаспад.

І гарам Гур-Гор як брат…

Можна звера прыручыць.

Намалюйце горы -

І Гур-Гор да вас прымчыць.

Будзе - у пакоры.

Бо і люты звер дабрэе,

на паперы - весялее.

Толькі трэба маляваць

"на пяць"!

P.S. Толькі так трэба і перакладаць: на пяць!…

Сонечныя атуросткі

Аксана Шалак

"Не я б'ю - вярба б'е:

Праз тыдзень - Вялікдзень!"


Галінка з вербачкі не б'е -

Пяшчотай гладзіць.

Ты ўкарані яе, хай п'е

Вадзіцу ў садзе.

Паверыць мамачка-вярба:

З любоўю зліта!

Нядзелькі-Вербніцы ступа

Расце з блакіту.

Шчакотку ў парасткі ўвядуць

Сваволы-промні:

- Тут коцікі вярбы цвітуць,

Ты іх запомні !

(Верш кіеўскай паэтэсы Аксаны Шалак, народжанай 14.01.1966 года, пераклаў з украінскай мовы Сяргей Панізьнік 21.ІV.2019 года.

Свята Вербніцы адзначаюць напярэдадні Вялікадня ў красавіку.)

Вожык у недашытым жупане

Іван Бурсаў

Хай жупан не ўсім раўня, -

Ён для Вожыка - браня,

Бо наўкруг абновачкі -

Вострыя іголачкі.

- Я ў жупан, пан, апрануся,

І Страшыдлы не збаюся!

Прыказка пра Ката, які ў гарлачыкі грукатаў

- Дзе ты, Коцік, уначы быў?

- У каморы сырадой піў.

- І куды цябе ранак веіць?

- Гарлачыкі тыя клеіць…

(Іван Бурсаў нарадзіўся ў Клімавічах на Магілёўшчыне19.ХІІ.1927 г. Развіталіся з ім у Маскве 12.ХІ.2019 г.)

Пераклад з рускай мовы Сяргея Панізьніка.

Чацвёрты раздзел

"ЗАГАДКІ-ЗДАГАДКІ"

Лічылка

Семера семярэй,

семера свіней,

свінка, свінчын брат,

семера парасят…

( Падлічылі, колькі

парасят у Колькі? /65?/ )

* * *

Чатыры чатырнічкі,

пятая лубушачка,

шостая жывушачка.

(Вяроўкі, лубка-калыска, дзіцё)

* * *

Ляцелі тры галіцы,

селі на мяліцы,

адна ў адной пытаюцца:

- Калі каму лепей?

Адна кажа:

- Мне зімой.

Друкая кажа:

- Мне летам.

Трэцяя:

-А мне ўсяроўна.

(Сані, калёсы, конь.)

* * *

Круглае, малое

вакол свету ходзіць,

аблачынкі разам

за сабою водзіць.

Паглядзі ў ваконца:

хто прачнуўся?

(Сонца.)

* * *

Ляціць - вые,

сядзіць - рые.

Не бяры яго ў капшук,

бо карысны кожны…

(жук ).

* * *

Каля носа ўецца,

а ў рукі не даецца.

На крылатым свеце

самы вольны…

(вецер).

* * *

Дзень ідуць, і ноч ідуць,

а на месцы стаяць.

На падушку не кладуць,

бо … (гадзіннікі) не спяць.

* * *

Між лвух дубоў

вісіць цяля без зубоў.

А бажніца не загон:

там - званіца, а ў ёй …

(звон ).

* * *

Ёсць няхітрая загадка.

Пад яйком разбітым - гладка:

там алей, прыправы жменя…

На агні стаіць…

(патэльня).

* * *

Кароўка-бурка выйшла з-пад турка:

каменныя ножкі, залатыя рожкі…

Адгадае і дзятва:

на гары стаіць …

(царква).

* * *

Дзіўна глядзіцца:

дзюба як спіца…

Толькі сядзеш на твар, -

цябе стукну, …

(камар).

* * *

Ішоў Бай па сцяне

у чырвоным каптане.

Нёс сямёра лапцей: і жане, і сабе,

І дзіцёнку па лапцёнку.

(Колькі дзяцей у Бая? ( Пяць?).

КАРАЦЕЛЬКІ

* * *

Падлічылі пяты,

хто бег першы,

а хто - пяты.

* * *

Пераможам мы агулам:

і не крыкамі, а гулам.

* * *

Калі вазьму сяброў за рукі, -

няма надзейнейшай зарукі.

* * *

На святло мы сталі.

Усе нібы са сталі!

* * *

Вярблюд аслаб…

Яму асла б…

* * *

Куды памяло

казла павяло?

* * *

Рыфму - утрымаў,

бо не задрамаў!

У Віцебску адзначылі 400-годдзе пакутніцкай смерці святога Язафата Кунцэвіча і падвялі вынікі літаратурна-мастацкага конкурсу

Святы Язафат Кунцэвіч з'яўляецца апекуном Віцебскай дыяцэзіі, літургічны ўспамін якога прыпадае на 12 лістапада. У гэты дзень у 400-ю гадавіну пакутніцкай смерці Віцебская катэдра вакол алтара сабрала шмат вернікаў, а сярод іх і ўдзельнікаў літаратурна-мастацкага конкурсу, паведамляе catholicnews.by

Урачыстую эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч. Падчас гэтай святой імшы за дыяцэзію маліліся таксама ксёндз канонік Віктар Місевіч, канцлер курыі, і ксёндз Генадзь Рэйшэль. Заклік Хрыста, "каб усе былі адно" як для Язафата Кунцэвіча быў жывым і дзейсным словам, клопатам яго жыцця, так і для нас сёння застаецца актуальным. Рэліквіі святога Язафата выстаўлены ў катэдральнай святыні для ўшанавання і асабістай малітвы.

Пасля святой Імшы ўсе парафіяне і госці накіраваліся ў парафіяльную кавярню, дзе можна было паглядзець выставу прац прысвечаных Язафату Кунцэвічу.

38 малюнкаў было даслана з розных куткоў Віцебскай дыяцэзіі і з Менска. Працы былі выкананы ў розных тэхніках. Найстарэйшаму ўдзельніку - 64 гады, а наймалодшаму - 7 гадоў.

Паводле СМІ.

Выданні Вацлава Ластоўскага ў міжваенны перыяд

Ніяк не магу зразумець, чаму вялікі вучоны Яўхім Карскі ў нямецкім выданні "Zeitschrift fur slavische philologie" (Лейпцыг, 1929 г.) адзначыў, што кніга Вацлава Ластоўскага "Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі" у руках студэнтаў ці не спецыялістаў можа прынесці зло". І яшчэ патлумачыў, што "яна можа прынесці да распаўсюджвання памылковых поглядаў, выказаных тут аўтарам пра дыяпазон беларускага пісьменства". Лічу, што гэта з'яўляецца недарэчным выказваннем спадара Яўхіма Карскага. А можа наадварот, лінгвіст зразумеў, што выданне "Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі" зрабіла Ластоўскага геніальным і вялікім. Але ж Вацлаў Ластоўскі быў яшчэ не толькі літаратуразнаўцам, а таксама гісторыкам, літаратарам, мовазнаўцам, выдаўцом, палітыкам. І калі б ён за сваё жыццё выдаў толькі "Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі", а больш нічога не зрабіў, гэтага хапіла б, каб яго імя было ўпісана залатымі літарамі ў гісторыю нашай Бацькаўшчыны. І сёння, каму пашэнціць (кажучы словамі Язэпа Янушкевіча), нават не чытаючы, гэты цяжкі фаліянт патрымаць у руках, то зразумее, што "Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі" Вацлава Ластоўскага - годная вяршыня для любога творцы.

Прашу прабачэння, што я адразу, кажучы пра выданні Вацлава Ластоўскага ў міжваенны час, пачаў з "Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі". Яна выйшла з друку ў Коўне ў 1926 годзе, значна пазней, чым некаторыя яго ранейшыя выданні. Гісторыя беларускай кнігі Вацлава Ластоўскага - самая буйная навуковая праца вучонага, у якой ён робіць вельмі сур'ёзны і грунтоўны агляд усяго беларускага пісьменства, пачынаючы з Х і да пачатку XIX стагоддзяў. Калі гэтую кнігу прачытаў Сцяпан Некрашэвіч, то ён на старонках часопіса "Асьвета" (1926, № 5) сказаў, што праца Вацлава Ластоўскага - гэта не толькі гісторыя беларускай кнігі, а гісторыя асветы на Беларусі. А 26 гадоў таму наш крытык Уладзімір Казбярук у "ЛІМе" адзначыў, што праца Вацлава Ластоўсага "адна з найбольш салідных кніг ва ўсёй гісторыі беларускага літаратуразнаўства" (ЛіМ, 1988, 24 чэрвеня). Вось я цяпер думаю, чым усё ж быў незадаволены Яўхім Карскі, калі ён трымаў у руках і чытаў "Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі"?.. Тым болей, што Вацлаў Ластоўскі яго шчыра паважаў. Аб гэтым добра сказана і ў пісьме, якое захоўваецца ў архіве Расійскай Акадэміі Навук ў Санкт-Пецярбургу (ф. 292, воп. 2, спр. 75): "Вільня, 23 кастрычніка 1913 году. Яго міласці прафесару Е.Ф. Карскаму ў Варшаві. Высокапаважаны пане! У восень гэтага году ў Вільні адкрылася Беларуская Кнігарня, каторая будзе вясьці торг беларускімі кніжкамі і кніжкамі ў другіх мовах аб Беларусі. Дужабы мы былі ўдзячны Пану Прафесару, каб выслаў нам на камісію свае цэнныя працы аб Беларусі. Разлічацца за кнігі будзем два разы ў год, каля св. Юр'я і каля Пакроваў. Ведаючы аб Вашай прыхільнасьці да нас маем надзею, што нам не адмовіця гэтай ласкі. Астаюся заўсёды з вялікай пашанай да Вас. В. Ластоўскі".

Незадаволенымі былі і аўтары русіфікатарскага часопіса "Окраина России" (вядома ж, больш агрэсіўна), калі яны прачыталі "Кароткую гісторыю Беларусі" Власта, якая пабачыла свет ў Вільня ў друкарні Марціна Кухты ў 1910 годзе. Гэта была першая кніга Вацлава Ластоўскага. І выйшла яна з друку ў той слаўнай друкарні пана Марціна Кухты, у якой праз тры гады, дзякуючы Ластоўскаму, з'явіцца "Вянок" Максіма Багдановіча. У артыкуле "За тры гады" (1913) наш малады пясняр Багдановіч пісаў "Власт надрукаваў 3 - 4 рэчы, але кожную можна ўзяць за прыклад, як трэба пісаць". Такога выказвання трэба было заслужыць нястомнай, штодзённай працай. І Вацлаў Ластоўскі натхнёна працаваў на карысць роднага народа. Сваёй "Кароткай гісторыяй Беларусі" ён адкрываў Беларусь, а гэта было не на карысць усё той жа "Окраины России", якая пісала: " Тут не найдёте портретов ни императора Александра II, ни графа М.Н. Муравьёва, ни митрополита Иосифа Семашко". Дык Власт пісаў не гісторыю Расіі, гаспада, а нашу гісторыю, дзе замест Мураўёвых і Семашкаў былі і ёсць Міндоўг, Вітаўт, Хадкевіч, Багушэвіч, Дунін-Марцінкевіч. У прадмове да сваёй гісторыі Беларусі аўтар напісаў: "Працу гэтую ахвярую сынам маладой Беларусі, каб хаця з гэтай кароткай і няпоўнай працы маглі пазнаваць гісторыю Бацькаўшчыны ў сваёй роднай мове". Гэта для нас Вацлаў Ластоўскі напісаў "Кароткую гісторыю Беларусі" - першую гісторыю Беларусі, якую напісаў беларус для беларусаў. Каб мы яе чыталі, вывучалі і ведалі сваю гісторыю.

Сёння аўтару гэтай працы можна выказаць шэраг прэтэнзій, заўваг, удакладненняў. Але і не так шмат. Таму, што пазней беларускія гісторыкі спасылаліся на яе, ды і цяпер, сапраўдны гісторык кнігі Ластоўскага ўбок не адсуне. Давайце яшчэ ўлічым, што пісалася яна тады, калі аўтару было толькі 27 гадоў.

Сваю працу Вацлаў Ластоўскі падзяліў на пяць частак: 1. Ад першых часоў да ўцёкаў Полацкіх князёў (1129 год), 2. Ад павароту Полацкіх князёў (1132 г.) да смерці Вітаўта (1430), 3. Ад смерці Вітаўта (1430 г.) да Люблінскай Уніі (1569 г.), 4. Ад Люблінскай Уніі (1569 г.) да раздзелу Польшчы, 5. Беларусь пад Расіяй. Амаль упершыню ў беларускай гісторыяграфіі Власт расказаў пра полацкіх князёў, іх дзейнасць і палітыку, пра вайну паміж Маскоўскай дзяржавай і Вялікім Княствам Літоўскім, упершыню прывёў правільную храналогію княжання вялікіх князёў літоўскіх, паказаў народны рух на Беларусі падчас паўстання Багдана Хмяльніцкага на Украіне як рух беларускіх сялян і гараджан. Ён першым вярнуў беларусам імя Францішка Скарыны...

Мінула 104 гады з выхаду кнігі Вацлава Ластоўскага "Кароткая гісторыя Беларусі". За гэты час нашы гісторыкі шмат ужо напісалі і выдалі. Але кніга Власта не страціла сваёй каштоўнасці і сёння. Дарэчы, выдавецтва "Універсітэцкае" у 1993 годзе ў Менску гэтую гісторыю факсімільна перавыдала. Наклад перавыдання быў, не здзіўляйцеся, ажно 50 тысяч экземпляраў. І друкавалася яна ў Маладзечне ў друкарні "Перамога".

Больш за два дзесяцігоддзі (пачынаючы з 1902 года) Вацлаў Ластоўскі збіраў матэрыялы для свайго "Падручнага расійска-крыўскага (беларускага) слоўніка", які ён адолеў і выдаў у Коўне ў 1924 годзе. Слоўнік на самой справе ўнікальны. Не менш цікавая ў ім прадмова аўтара, які з гонарам кажа: "Мы - крывічы... Наша мінуўшчына - гэта блуканне па раздарожжах і муках, а мы цяпер ізноў пры крыніцах гаючае і жывучае вады, пры сваім народзе Крывічанскім і, разам з ім, адбудоўваем вольную Крывію!".

"Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік" тады меў вялікае значэнне, бо ён не толькі з'яўляецца перакладным з рускай мовы на беларускую, ён яшчэ мае этымалагічны і энцыклапедычны досвед. Цікавы слоўнік і сёння, яго чытаеш і вывучаеш з вялікай захопленасцю, як мастацкі твор, у якім даведаешся шмат новага, раней невядомага ў паходжанні слова і яго роднасных адносінах да іншых слоў. Возьмем са слоўніка рускае слова "кудель". Вось як пра яго ў слоўніку напісаў Вацлаў Ластоўскі: "Кудель - гэта вычасаны на прадзіва лён, кудзеля, кудзелька, кудзельны, мычка, кудзеля з воўны: пасіся бычку, спраду мычку, старому дзеду на рукавічку". І такіх прыкладаў тысячы.

Хачу сказаць, што выданне факсімільнага тыпу "Падручнага расійска-крыўскага (беларускага) слоўніка" у 1990 годзе таксама пабачыла свет у Менску накладам 10 тысяч паасобнікаў. Памятаю восенню 1990 года патэлефанаваў мне незнаёмы хлопец з Лунінца і кажа: "Хачу вам прывесці слоўнік Ластоўскага, ці будзеце дома?". "Буду, прывозьце!" - адказаў я. Праз некалькі дзён да пад'езда майго дома пад'язджае таксі. Спынілася. Выйшаў з машыны высокі, з паголенай галавой хлопец, і дастаў з багажніка тры мяхі кніг. "Гэта вам на Слонім, перадайце ў бібліятэкі, школы - усім, хто пажадае. Гэта перавыдадзены "Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік" Вацлава Ластоўскага", - сказаў ён і сабраўся развітацца. Я запрасіў яго папіць гарбаткі, дзе мы і пазнаёміліся. Гэта быў Станіслаў Бугар. Дзе ён цяпер - я не ведаю. Але хачу сказаць не пра гэта, а пра тое, што пачатак 1990-х гадоў - гэта быў новы час адраджэння беларускай культуры, які пачынаўся найперш з кніг Вацлава Ластоўскага.

У 1912 годзе ў Пінску асобнай кніжачкай выходзіць з друку апавяданне Вацлава Ластоўскага "Прыгоды Панаса і Тараса". Кніжка выйшла пад псеўданімам Арцём Музыка. Я з вялікім захапленнем прачытаў гэтае найцікавейшае і вясёлае апавяданне. Быў бы ў нас добры кінарэжысёр, мог бы паставіць паводле гэтага твора шчырую беларускую камедыю. Наогул, апавяданне Вацлава Ластоўскага "Прыгоды Панаса і Тараса", як і многія іншыя, вызначаецца глыбокім народным беларускім гумарам, дзе шмат жартаў, анекдотаў, выслоўяў, легенд, паданняў, народных звычаяў. Сюжэт гэтага апавядання просты - два вясковыя мужыкі Панас і Тарас выбраліся ў белы свет, каб паглядзець, як людзі жывуць. Паслухайце, як файна, фантастычна-соладка аўтар апісвае падрыхтоўку мужыкоў да вандроўкі: "Разыйшоўшыся па хатах, Панас і Тарас зараз жа загадалі сваім бабам рашчыніць хлеб і падрыхтаваць на аўторак усё патрэбнае ў дарогу. На другі дзень, пакуль бабы пяклі хлеб і аладкі, білі масла, рабілі сыры, і варылі кумпячыну на дарогу сваім дзядом, мужчыны прыбіралі воз, шмаравалі колы, гатавалі аброк, кавалі і кармілі коней, аглядалі запражку. Згодна з прыказкаю "едзеш на дзень, а хлеба бяры на тыдзень", добры гаспадар без адпаведнага запасу ежы ў дарогу ніколі ня выбіраецца. Дык вось, Панас і Тарас, улажыўшы ў мяшок па тры боханы хлеба, па добраму апольцу сала, па кумпяку, па штук пяць сыроў, па добраму слоіку масла і, дадаўшы да ўсяго гэтага яшчэ стаўпец аладак, - знайшлі, што харчоў павінна стаць на добры шмат дарогі. Апрача гэтага, паставілі ў воз поўную дзяжу талакна. На ўсялякі выпаак адлічылі яшчэ ў падарожныя капшуке па дзесяць рублёў грошы. Налажылі воз сенам і аброкам, а зьнізу за трайню прывязалі вядзерца з каланіцай. На ўсялякае здарэньне ўлажылі ў воз сякеру. Панасавага каня, як старэйшага, запрэглі ў ваглоблі, а Тарасавага, маладога, прыпрэглі збоку. У ваўторак рана, ледзь золак, яшчэ да ўсходу сонца, Панас і Тарас падмацаваўшыся добра аладкамі з салам і, падапрануўшы пад новыя сьвіткі яшчэ кажушке, крануліся ў дарогу. Едуць, кураць, піпачкі пакурваюць... Іхнія конікі патрухваюць...". А далей аўтар хораша апісвае ўсе вясёлыя прыгоды Панаса і Тараса, якія хочуць пагутарыць з народам мазурэ. Кожны раздзельчык Власт распачынае па-свойму казачна і лёгка. Але гэтая лёгкасць і казачныя паўтоўры ("едуць сабе, едуць, міжсобку гутараць. Піпачкі - пык!-пык!-пык! - пакурваюць. Конікі - трух!-трух!-трух! - патрухваюць") надаюць апавяданню філасофскі вобраз жыцця, духоўнае спасціжэнне жыцця, народны дух. І героі Власта сустракаюцца штодзень з мазурэ, дапамагаюць, здзіўляюцца, як яны сонца рэшатам у хату носяць, як яны парацца, як яны бэльку расцягваюць, як сляпымі нараджаюцца, як плаваюць праз рэчку, як яны чуць хату не падпалілі і г.д. І толькі ў канцы сваіх прыгодаў Панас і Тарас даведаліся што мазурэ - мужыкі, якія жывуць у Польшчы, а "палякамі называюць тых у нас, што працаваць адвучыліся".

А пасля пра ўсе свае прыгоды да самай глыбокай старасці будуць распавядаць сваім аднавяскоўцам, а тыя "ня раз панадрывалі ад сьмеху жыватэ, слухаючы іхныя апавяданьні".

Прачытаўшы "Прыгоды Панаса і Тараса" - адразу зразумееш думку аўтара, што беларускі мужык усё ж больш таленавіты, кемлівы і шчыры за мужыкоў суседніх краін. І з ім нельга не пагадзіцца. Нават сёння.

З 1909 года Вацлаў Ластоўскі працаваў сакратаром рэдакцыі "Нашай Нівы" і загадваў першай беларускай кнігарняй ў Вільні. У "Нашай Ніве" ён вёў рубрыку "З нашай мінуўшчыны", а ў газеце "Гоман" апублікаваў шэраг артыкулаў па гісторыі Беларусі. Дарэчы, газету "Гоман" ён з лютага 1916 года да сярэдзіны 1917-га рэдагаваў. Некаторыя з апублікаваных у гэтых выданнях матэрыялы ляглі ў аснову зборніка гістарычна-грамадзянскіх нарысаў "Калісь і цяпер" (Вільня, 1918). А, напрыклад, той жа "Гоман" апублікаваў каштоўныя матэрыялы Власта, прысвечаныя гісторыі беларускага друку, Францішку Скарыну, рэфармацыйнаму руху на Беларусі, звычаёваму праву беларускага сялянства і многія іншыя.

У 1915 годзе Вацлаў Ластоўскі складае і выдае "Першую чытанку: кніжыцу для беларускіх дзетак дзеля навукі і чытання", а ў 1916 годзе - "Родныя зярняты: кніжыцу для школьнага чытання", у 1918 годзе - "Незабудку: першую пасля лементара чытанку", потым - "Сейбіт: другая пасля лементара чытанка для пачатковых школ", зборнік фальклорных запісаў "Прыпеўкі (песні - песень)" (1918), зборнік "Загадкі" (1918), "Выпісы з беларускай літаратуры" (1918) і іншыя. У 1918 годзе гэты таленавіты беларус выдае зборнік апавяданняў і легендаў "Недасветы". Яго аповесць "Лабірынты" ў нашай літаратуры з'яўляецца першым прыгодніцка-гістарычным творам - папярэдніцай, па словах Анатоля Сідарэвіча, "Чорнага замка Альшанскага" Уладзіміра Караткевіча.

Вацлаў Ластоўскі займаўся не толькі гісторыяй Беларусі, літаратуразнаўствам, беларускай педагогікай, даследаваў беларускі фальклор, але яшчэ выдаў "Слоўнік геаметрычных і трыгаметрычных тэрмінаў і сказаў" (Коўна, 1923, у сааўтарстве з К. Дуж-Душэўскім). Калі Вацлаў Ластоўскі з Вільні пераехаў у Менск у БССР, то разам з Міколам Шчакаціхіным апрацаваў "Праваднік па аддзеле счаснага беларускага малярства і разбярства" і сам пачаў працаваць над вялікай манаграфіяй "Матэрыяльная культура Беларусі", якая ахоплівала перыяды ад XVI да ХХ стагоддзяў. Але шмат чаго яшчэ таленавіты Вацлаў Ластоўскі напісаць і выдаць не паспеў. Ён быў рэпрасаваны ў 1938 годзе і расстраляны каля Саратава ў Расіі.


У 1924 годзе, выступаючы на пятай Асамблеі Лігі Нацый у Жэневе, Вацлаў Ластоўскі сказаў: "Беларускі народ мае права на Дзяржаўную незалежнасьць. Карані гэтай незалежнасьці жывы ў беларускім народзе, аб чым сьведчыць культура і гісторыя Беларусі". Мне толькі застаецца дадаць: якія даследаваў, пра якія пісаў і выдаваў для нашчадкаў свае кнігі вялікі Власт. Сёлета 8 лістапада яму споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Б е л а р у с ы

Макар Касцевіч (Краўцоў)

Ад перакладчыка: з 27 траўня 1924 г. (з № 119) і да 4 студзеня 1925 г., з вялікімі перапынкамі паміж раздзеламі, Макар Касцевіч пад псеўданімам К. Смрэчынскі надрукаваў на польскай мове сваю працу "Беларусы" ў віленскай газеце "Слова". Першыя чатыры часткі яго працы, у якіх аповед пра беларусаў пачынаецца з тлумачэння самога слова "Беларусь" і з часоў нашай старажытнай гісторыі, былі карыснымі для польскага чытача 1920-х гг., але зараз не ўяўляюць навуковай цікавасці. Цікавымі для нас з'яўляюцца меркаванні аўтара пра гістарычна блізкія для яго падзеі, і пра падзеі, сведкам ці ўдзельнікам якіх ён быў асабіста. Я пачаў свой пераклад з пятага раздзела працы Краўцоўва (з № 242).

V. XIX ст., час адраджэння

[…]

Да галоўных падзей, якія адбываліся ў той час на Беларусі, перад усім трэба аднесці скасаванне царкоўнай Уніі ў 1839 г. (з гэтага часу былі забаронены казанні і набажэнствы па-беларуску) і знішчэнне паншчыны ў 1861 г.

Калі казаць пра культурныя ўплывы на беларускі народ, дык і ў "расійскія" часы, як і раней, дамінавалі польскія ўплывы. Асаблівы пашырылася пальшчызна ў часы Аляксандра І. Трэба заўважыць, што гэта паланізацыя беларусаў не была накінутая гвалтам, а праходзіла добраахвотна, пад уздзеяннем высокай польскай культуры і агульнай нянавісці да Масквы.

Аднак, пасля 1863 г., у выніку жахлівага ўціску ўсяго польскага і гвалтоўнай русіфікатарскай палітыкі, маскалі здолелі дасягнуць пэўных поспехаў. А менавіта, пад іх уплыў пачало падпадаць беларускае праваслаўнае насельніцтва (былыя ўніяты), якое пераважала на ўсходзе Беларусі.

Такім чынам, каталіцкі элемент, які панаваў у заходняй частцы, у выніку гэтай палітыкі, пачаў яшчэ мацней прыцягвацца да Польшчы. У выніку адбыўся падзел беларускага народа.

Беларускі селянін, засцянковы шляхціц, а таксама дробны месціч і рабочы ў горадзе, г. зн. той элемент насельніцтва, які да гэтага часу пераважна карыстаўся роднай беларускай мовай, усё часцей вызначаў сваю нацыянальную прыналежнасць паводле веравызнання, зыходзячы з лапідарнай формулы: "Хто католік, той паляк, хто праваслаўны, той рускі".

Гэта становішча працягвалася да 1905 г., калі, карыстаючыся атрыманымі свабодамі, наперад выступіла група людзей, сэрца якіх балела за справу нацыянальнага адраджэння беларусаў і пачалося змаганне з несвядомасцю і невуцтвам беларускага народа. Дык на хвіліну прыгледзімся да прычын, якія выклікалі гэту з'яву, на ідэйныя перадумовы і тыя ўплывы, якія штурхалі да адраджэнскай працы.

Беларускае адраджэнне пачынаецца з канца XVIII ст.

Паўстала яно, дзякуючы, перад усім рамантызму. Рамантызм, з яго цікавасцю да народнай творчасці і культам гісторыі, значна паспрыяў узнікненню адраджэнцкіх рухаў сярод паднявольных народаў.

Доўгі час, да 1906 г., беларускі адраджэнцкі рух не меў нацыянальных памкненняў і выяўляўся толькі ў літаратурных творах народнага характару і ў этнаграфічнай працы. Такім чынам, гэта быў несвядомы ў палітычным і сацыяльным сэнсе рух.

Пачатак літаратурнай творчасці быў пакладзены двума творамі невядомых аўтараў - сатырычнымі паэмамі: "Энеіда навыварат" і "Тарас на Парнасе". Паэмы карысталіся вялікім поспехам і падштурхнулі развіццё творчасці на беларускай мове.

Першымі да літаратурнай творчасці звярнуліся адукаваныя класы. Перад усім - гэта была спаланізаваная беларуская шляхта Заходняй Беларусі і толькі значна пазней (і ў нязначнай колькасці), зрусіфікаваная інтэлігенцыя Усходняй Беларусі.

Цягам усяго XIX стагоддзя беларуская літаратурная творчасць (а такім чынам і ўвесь адраджэнцкі рух, сімвалам якога яна была), нясе выразныя адзнакі каталіцтва і заходняй культуры, паланафільства і антымаскоўшчыны. Непадзельна пануе лацінскі алфавіт, галоўныя асобу руху - католікі, выхаваныя на еўрапейскай культуры і арыентаваныя на захад, у першую чаргу на Польшчу. Увогуле, трэба адзначыць, што найбольш моцныя галовы і самыя светлыя розумы беларускага адраджэння дае Заходняя Беларусь. Менавіта адсюль паходзяць амаль што ўсе выбітныя паэты, празаікі, палітычныя і грамадскія дзеячы і г. д.

Такая перавага каталіцкага элементу над праваслаўным, першынства Заходняй Беларусі ў беларускім адраджэнцкім руху, была зусім не выпадковай з'явай. Наадварот, гэта непасрэдна і паслядоўна вынікала з факту працяглага існавання Беларусі з Польшчай, пад час якога, паступова, мясцовы каталіцкі элемент, які раней быў рэкрутаваны з русінскіх баяраў, дзякуючы перавазе еўрапейскай культуры, прынятай разам з каталіцызмам, пачаў дамінаваць у беларускім культурным жыцці. Гэты элемент дамінуе ў Заходняй Беларусі, бо яна больш падуладная культурнаму ўплыву Еўропы. Адсюль яе культурная перавага над Усходняй Беларуссю, якая ў большай ступені зведала візантыйскія контруплывы.

Толькі на пачатку XX ст., з 1906 г. разам з лацінскім алфавітам у нас з'яўляецца і рускі алфавіт, г. зн. "гражданка" (кірыліца - Л. Л.), прыстасоўваючыся да патрэб беларускай мовы. Аднак да апошніх гадоў яна знаходзілася ў падпарадкаваным становішчы.


Вернемся на імгненне да вытокаў руху і хаця б коратка зіркнем на некаторых найбольш значных творцаў і іх справы.

У першай палове XIX ст., пасля двух вышэйзгаданых ананімных беларускіх твораў, першымі на сцэне з'яўляюцца: 1) Ян Баршчэўскі, 2) Аляксандр Рыпінскі, 3) Ян Чачот.

Першы з іх, галоўным чынам, зрабіў унёсак у беларускі рух сваім зборнікам беларускага фальклору "Шляхціц Завальня, ці Беларусь у фантастычных апавяданнях", напісаным на польскай мове, другі адзначыўся сваім лекцыямі, пазней апублікаванымі таксама па-польску пад назвай "Беларусь" і арыгінальнай баладай "Нячысцік", напісанай на беларускай мове. Трэці вядомы як этнограф, збіральнік беларускіх народных песень і аўтар стылізаваных вершаў, у якіх па-майстэрску пераймае ўзоры народнай творчасці.

Згаданыя вышэй аўтары складаюць у беларускай літаратуры так званую "старэйшую" групу "шляхецкіх рамантыкаў".

Да "малодшай" групы рамантыкаў належаць: 1) Дунін-Марцінкевіч, аўтар шматлікіх беларускіх паэм (найлепшая - "Гапон") і некалькіх камедый, а таксама перакладчык на беларускую мову "Пана Тадэвуша" (таксама перакладаў яе і Ельскі), 2) Вінцэнт Каратынскі, аўтар некалькіх вершаў на беларускай мове, 3) А. Вярыга-Дарэўскі - этнограф і перакладчык на беларускую мову "Конрада Валенрода". ( N.B. Большасць згаданых перакладаў з Міцкевіча загінула). З аўтараў усходняй культуры, варта ўспомніць этнографа-белетрыста П. Шпілеўскага, які пісаў па-руску. Яго галоўным творам ёсць цікавая кніга "Падарожжа па Палессі і Беларускім краі". Гэта ўсе больш-менш выбітныя аўтары часоў "несвядомага адраджэння" (1800-1880). Самай галоўнай асобай сярод іх ёсць Вінцэнт Дунін-Марціневіч (1807-1884) - бацька новай (адроджанай) беларускай літаратуры і беларускага тэатра, бо ў Менску ён арганізаваў тэатральную трупу і, між іншым, па ўласнай задуме, паставіў (з асабістым удзелам) беларускую народную оперу пад назвай "Сялянка" з музыкай С. Манюшкі, якая страчана. Аднак забарона беларускіх спектакляў (услед за забаронай друку ў 1865 г.) хутка спыніла гэты працэс. У канцы XIX ст. беларускі рух, дагэтуль несвядомы, набывае некаторыя рысы свядомага.

Да напоўсвядомых пісьменнікаў таго перыяду (1880-1905) трэба аднесці народнікаў. Гэта паэты: 1) Фр. Багушэвіч, 2) Я. Няслухоўскі, 3) А. Пшолка, выхаваны ў рускай культуры аўтар.

Найбольш значным сярод іх з'яўляецца Фр. Багушэвіч (1800-1900), здольны лірык і непераўзыдзены знаўца душы беларускага селяніна. Таму не дзіва, што яго творы "Смык беларускі" і "Дудка беларуская" з'яўляюцца аднымі з самых папулярных у беларускім народзе і маюць ужо 6-е, а то і 7-е выданне!

Багушэвіч і Марцінкевіч - галоўныя слупы беларускага адраджэння.

VI. Нарэшце, наступае 1905 г.

Вялікі рэвалюцыйны выбух у Расіі меў наступствы і ў Беларусі. Ён стаў пераломным момантам у беларускім адраджэнні, бо заканчваецца перыяд несвядомай працы і пачынаецца мэтанакіраванае і свядомае беларускае нацыянальнае адраджэнне. Ствараюцца палітычныя партыі, друкуюцца беларускія кнігі, выдаюцца часопісы і газеты.

Беларускі рух, які дагэтуль замыкаўся ў вузкіх рамках літаратурнай народнай па ўзроўні творчасці, і ахопліваў толькі невялікую групу асоб, цяпер выходзіць у шырокія народныя колы і становіцца шматбаковым, фарміруе сацыяльныя і палітычныя мэты і стварае праграму нацыянальнай працы.

Беларуская літаратура ўзбагачаецца як якасна, так і колькасна, з'яўляецца шэраг таленавітых аўтараў і ў той жа час, ва ўмовах значнага прытоку народнай інтэлігенцыі, літаратура змяняецца якасна.

Гэта змена лініі папярэдняга развіцця беларускага руху, найбольш яскрава бачна ў тым, як фармулюецца сацыяльнае пытанне. А менавіта, калі папярэднія аўтары, пераважна выхадцы з шляхты, прыміральна ставіліся да пытанняў сацыяльных узаемаадносін паміж селянінам і панам, а яшчэ больш ранейшыя рамантыкі - проста ідылічна, дык новае пакаленне дзеячаў і пісьменнікаў, як "дэмакратычны элемент" (у шырокім сэнсе гэтага слова) у сваёй пераважанай большасці, радыкальна-класава падыходзіць да справы.

Што яшчэ горш, у некаторых аўтараў бачна нават несімпатычнае першынства класавай ідэалогіі над нацыянальнай, перавага касмапалітычных каштоўнасцяў над патрыятычнымі. А самае горшае ў тым, што гэты радыкалізм не абмяжоўваецца толькі літаратурай, ён пранікае амаль што ва ўсе сферы нацыянальнага жыцця беларусаў.

Гэта адна з трох негатыўных з'яў, якія пастаянна можна назіраць у жыцці заняпалых (і адраджаючыхся) народаў, народаў, страціўшых на шляхах гісторыі свае вышэйшыя вартасці і сваю нацыянальную інтэлігенцыю. Гэтымі адмоўнымі з'явамі з'яўляюцца: 1) культурнае ўбоства, 2) брак інтэлігенцыі, і 3) радыкалізм у палітычным і грамадскім жыцці.

Беларусы - якраз такі ідэальны ўзор ультрадэмакратычнай нацыі.

Беларускі радыкалізм мы сустракаем толькі пасля 1905 г. і толькі таму, што менавіта ў той час народны элемент набыў свой голас і пачаў браць удзел у грамадскім жыцці, бо праз усё XIX ст., як вядома, беларускі рух быў прадстаўлены толькі шляхтай. Але пяройдзем да іншага.

Важнейшым мамантам у гэты перыяд свядомага беларускага адраджэння, з'яўляецца выхад у Вільні 14 верасня 1906 г. першага нумара штотыднёвіка "Наша Доля". Гэта першая легальная беларуская газета (нелегальныя выдаваліся і раней, пачынаючы з 1863-64 гг.). Арганізатарам і выдаўцом газеты быў с. п. Іван Луцкевіч - духоўны правадыр беларускага народа, выдатны грамадскі дзеяч, рэвалюцыянер і археолаг. Пасля смерці ў 1919 г. яго месца заняў Антон Луцкевіч.

Аднак не гэтае выданне адыграла вялікую ролю ў гісторыі беларускага адраджэння. За яго яскрава-радыкальны і апазіцыйны кірунак, а таксама за падбухторванне насельніцтва, пасля шэрагу канфіскацый (з 6 нумароў 5 было канфіскавана!), праз некалькі месяцаў выданне было забароненае.

Яшчэ да канчатковага закрыцця "Нашай Долі", яго змяніла другое беларускае перыядычнае выданне "Наша Ніва". Першы нумар гэтай газеты выйшаў 23 лістапада 1906 г., а друкавалася яна ажно да прыходу немцаў (1915 г.). Першым рэдактарам гэтага выдання быў заслужаны беларускі дзеяч А. Уласаў (зараз сенатар). "Наша Ніва" - дыхтоўная газета вялікага фармату, часам нават з ілюстрацыямі, усебакова асвятляла беларускае жыццё і ўсе праявы нацыянальнага руху. Менавіта на яе старонках ствараліся палітычныя праграмы, з'яўляліся новыя літаратурныя і публіцыстычныя таленты, развівалася і ўдасканальвалася беларуская мова.

"Наша Ніва" была сапраўдным духоўным правадніком свайго народа і вакол яе канцэнтравалася ўсё лепшае, здаровае і па-сапраўднаму творчае ў беларускім руху, з'яўляліся лідары і стваралася шырокая беларуская грамадскасць. Некалькі тысяч падпісчыкаў і сотні карэспандэнцый з вёскі якія былі надрукаваны ў гэтым выданні, сведчылі, што адраджэнцкі рух нарэшце пранік у народныя масы.

З-за таго, што канстытуцыйныя свабоды дазвалялі весці культурна-асветніцкую працу ў народзе, была звернута ўвага на справу нацыянальнай свядомасці праваслаўных беларусаў і зроблена спроба абудзіць Усходнюю Беларусь ад рускай летаргіі. Дзеля гэтага кнігі пачалі друкаваць не толькі лацінкай, але і кірыліцай. Такім жа чынам пачалі выдавацца і некаторыя беларускія газеты, у тым ліку і "Наша Ніва". У сувязі са значнымі выдаткамі, выкліканымі друкам на двух алфавітах, рэдакцыя запусцілі анкету з апытаннем: які алфавіт больш пажаданы для чытачоў. Большасць чытачоў выбрала кірыліцу, і толькі на ёй з 1913 г. і пачала друкавацца "Наша Ніва".

Наколькі вялікай была роля выдання, між іншым кажа і тое, што ўвесь перыяд свядомага беларускага нацыянальнага адраджэння (з 1905 г.) носіць назву "нашаніўскага" і шэраг таленавітых сучасных аўтараў, якія ўсе без вынятку былі супрацоўнікамі гэтай газеты, у беларускай літаратуры вядомы пад назвай "нашаніўцаў".

"Нашаніўцы" падзяляліся на больш старэйшых, якія часткова сфармаваліся яшчэ ў канцы XIX ст. (напоўсвядомы перыяд) і, адначасова, мелі пэўную роднасць як з першым пакаленнем пісьменнікаў-народнікаў, гэтак і з маладымі, літаратурная творчасць якіх больш-менш пачынаецца ў "нашаніўскія" часы.

Да першых (старэйшых) належаць: 1) Каганец (паэт), 2) Цётка (рэвалюцыйная паэтка), 3) Ядвігін Ш. (навеліст) і 4) А. Паўловіч (паэт).

З іх, заслугоўвае ўвагі таленавіты навеліст Ядвігін Ш. (1870-1922) - першы выдатны беларускі празаік. Пасля Марцінкевіча і Багушэвіча гэта трэцяя па значнасці асоба ў беларускай літаратуры.

Пераходзячы да маладзейшых "нашаніўцаў", пераважна рэкрутаваных з новай народнай інтэлігенцыі, трэба адзначыць, што, нягледзячы на радыкальную ідэалогію, сярод іх маецца шэраг першакласных беларускіх аўтараў, якія стварылі багатую і каларытную літаратуру і ўнеслі ў яе сваё, асаблівае нацыянальнае і сацыяльнае гучанне.

Гэта: 1) Якуб Колас (паэт і празаік), 2) Янка Купала (вядучы паэт і драматург), 3) Максім Багдановіч (выдатны паэт чыстай прыгажосці і мастацтва дзеля мастацтва), 4) Змітрок Бядуля (паэт і празаік), 5) Алесь Гарун (паэт і празаік).

Трошкі апярэдзім храналагічную хаду падзей і згадаем яшчэ некалькі выдатных асоб найноўшай беларускай літаратуры. Бо справа ў тым, што мы не хацелі б вяртацца да гэтай сферы, якая не з'яўляецца нашай тэмай і таму, варта было б мімаходзь згадаць галоўнае. Бо кажучы пра нацыянальным адраджэнні беларусаў, нельга абмінуць літаратуру, якая на працягу ўсяго XIX ст. была адзінай праявай гэтага руху. Такім чынам, вось яшчэ значныя аўтары: 1) Цішка Гарты (празаік і паэт працы і барацьбы), 2) Канстанцыя Буйло (паэтка кахання), 3) Наталля Арсеннева (паэтка-імпрэсіяністка і перакладчыца "Дзядоў"), 4) Францішак Аляхновіч (найлепшы беларускі драматург), 5) Уласт (навеліст і публіцыст), 6) Галубок (навеліст і драматург), 7) Максім Гарэцкі (празаік і гісторык літаратуры). Сярод публіцыстаў вылучаецца яшчэ Антон Навіна (А. Луцкевіч) які з'яўляецца яшчэ і літаратурным крытыкам.

Жадаю не перагружаць чытача імёнамі, і таму мы ўстрымаемся ад згадкі прадстаўнікоў самай маладой генерацыі ў беларускай літаратуры, сярод якой ужо ёсць і выдатныя аўтары.

Нарэшце, давайце паглядзім на яшчэ адну важную сферу беларускага жыцця - палітыку, якая таксама пачынае развівацца ў гэты перыяд. Фактычны пачатак беларускаму палітычнаму жыццю ў 1903 г. паклаў Іван Луцкевіч праз стварэнне канспіратыўнай арганізацыі пад назвай "Беларуская рэвалюцыйная грамада", якая ў той час яшчэ не мела якой небудзь палітычнай і грамадскай праграмы. З надыходам рэвалюцыі 1905 г. яна ператвараецца ў "Беларускую Сацыялістычную Грамаду" з сацыялістычнай праграмай. Органам беларускіх сацыялістаў была вышэйзгаданая газета "Наша Доля".

Аднак ва ўмовах разгрому ўрадам сацыялістычных арганізацый, які неўзабаве адбыўся, рух з аднаго боку, быў адкінуты ў канспірацыю, а з другога, з-за таго, што ён ахапіў ужо больш умераныя і ўраўнаважаныя элементы беларускага грамадства, ствараецца дзве палітычныя партыі: нацыянальна-дэмакратычная, органам якой была вышэйзгаданая "Наша Ніва" і хрысціянска-дэмакратычная з газетай "Беларусь", якая друкавалася лацінкай.

Як у адным са сваіх тагачасных артыкулаў прызнаваўся выдатны беларускі дзеяч і публіцыст сп. А. Луцкевіч, нацыянальна-дэмакратычны накірунак быў больш моцным і меў большую колькасць прыхільнікаў. Яго падтрымлівалі сяляне і ўніверсітэцкая моладзь а таксама большасць інтэлігенцыі. Нацыянальна-дэмакратычны рух у той час дабудоўваў сваю ідэалогію, якая пашыралася праз газету "Наша Ніва" і ўсе іншыя беларускія выданні, якія тады паўсталі. Гэты былі: сялянскі і сельскагаспадарчы штомесячнік "Саха", ілюстраваны штоквартальнік для інтэлігенцыі "Маладая Беларусь", які друкаваўся амаль што раскошна і быў прысвечаны навуцы, мастацтву, літаратуры і сацыяльным праблемам, а таксама выданні для дзяцей "Лучынка" і студэнцкі орган "Раніца".

Нельга абысці ўвагай яшчэ адну важную сферу беларускага жыцця - тэатр. Беларускі тэатр, пасля таго як Марцінкевіч у сярэдзіне XIX ст. (1855 г.) паспрабаваў яго арганізаваць, надоўга знікае, і толькі пасля рэвалюцыі 1905 г. і зняцця забароны на друк пачалі арганізоўвацца (з 1910 г.) шматлікія самадзейныя музычна-драматычныя гурткі, хоры і г. д., і не толькі ў самой Беларусі, але і за яе межамі - у Варшаве і Пецярбургу, дзе ставіліся беларускія спектаклі канцэрты.

У 1911 г. быў створаны першы беларускі вандроўны тэатр, які аб'ехаў 15 гарадоў. Першы беларускі выступ у Вільні адбыўся 12 лютага.

Гэтак у агульных рысах выглядаў беларускі рух да 1914 г., калі з выбухам Сусветнай вайны і прыходам немцаў, заканчваецца "рускі" перыяд у гісторыі беларускага народа.

VII. Перыяд нямецкай акупацыі

5-ты перыяд беларускай гісторыі, перыяд нямецкай акупацыі, можна назваць "нямецка-рускім", бо частка Беларусі была акупаваная Германіяй, а астатняя частка заставалася пад Расіяй. Гэта самы кароткі перыяд з усіх раней намі згаданых, бо доўжыўся ён ўсяго некалькі гадоў, з канца 1915 г. да канца 1918 г.


Паглядзім спачатку на беларускае жыццё на беларускіх землях, якія заставаліся пад уладай Расіі, а менавіта на Меншчыну, Магілёўшчыну і Віцебшчыну - Усходнюю Беларусь. Тут да самага выбуху расійскай рэвалюцыі ў 1917 г. заставалася нязменнай уведзеная царскім урадам з пачаткам вайны жорсткая ваенна-палітычнай сістэма. Асабліва балючым для Беларусі было тое, што праз яе праходзіла лінія фронту.

Ні пра якую грамадскую працу, акрамя дапамогі ўцекачам, не магло ісці і гаворкі. На ўсёй згаданай тэрыторыі за той час не было надрукавана аніводнай беларускай кнігі, аніводнага часопіса. І толькі ў Пецярбургу, у канцы 1916 г., незадоўга да рэвалюцыі, пачалі выходзіць два тыднёвікі "Светач" (лацінскай) і "Дзянніца" (кірыліцай). Аднак, як сцвярджае ў адным з сваіх артыкулаў Норвін (?, можа А. Навіна - Л. Л.), яны таксама не мелі магчымасці належным чынам асвятліць тыя думкі і справы, якія хвалявалі ў той час беларускае грамадства, бо жорсткасць расійскай цэнзуры даходзіла да таго, што яна забараняла ўжываць у артыкулах слова "Беларусь", загадваючы замяніць яго словамі "наш край" і г. д.


А зараз, паглядзім на беларускае жыццё пад нямецкім панаваннем, справа пойдзе пра Гарадзеншчыну (нагадаю, што тэрыторыя сучаснай Берасцейскай вобласці была часткай Гарадзенскай і Менскай губерняў Расіі - Л. Л.) і Віленшчыну - ці Заходнюю Беларусь.

Хоць з-за блакады Германіі саюзнікамі, эканамічныя ўмовы тут былі значна горшымі, чым у Расіі, з боку гледжання палітыкі, пасля злому першага ільду ў адносінах, беларусы дасягнулі значных поспехаў. І гэта, нягледзячы на першапачатковую залежнасць ад мясцовых палякаў, якая між іншым выразілася ў тым, што граф Пфайль (Pfeil), камандзір нямецкіх акупацыйных аддзелаў, якія занялі Вільню, загадаў расклеіць па вуліцах горада адозвы да гараджан, у якіх называў Вільню "пэрлай Польскай кароны", і нягледзячы на тое, што ў неўзабаве, немцы пачалі падобныя палітычныя гульні з летувісамі.

Аднак, хутка недаверлівыя адносіны немцаў да беларусаў прынцыпова змяніліся да лепшага. Гэтыя змены пачаліся на пачатку 1916 г. з загаду фельдмаршала Гіндэнбурга аб школах. Фельдмаршал загадаў каб беларуская мова, як мова цалкам адрозная ад рускай, мела ўсе правы нараўне з іншымі мовамі краю.

У лютым 1916 г. пачала выходзіць беларуская газета "Гоман". Увесь час яна друкавалася лацінкай і кірыліцай. "Гоман" выходзіў два разы на тыдзень (N.B. першая легальная беларуская газета "Наша Доля" выходзіла двума алфавітамі раз на тыдзень, другая, "Наша Ніва" - на пачатку двума алфавітамі а потым толькі кірыліцый, спачатку раз, а потым два разы на тыдзень). Газету падпісваў рэдактара Ю. Салавей (J. Solowiej). Выданне субсідзіравалася і ў значнай ступні на пачатку нават інспіравалася акупацыйнымі ўладамі. Тым не менш, трэба прызнаць, што гэта была самавітая і добра рэдагаваная газета вялікага фармату, якая пісала на разнастайныя а не толькі грамадска-палітычныя тэмы і мела вялікія культурныя і літаратурныя раздзелы, доўгі час заставалася адзіным беларускім выданнем на ўсёй акупаванай тэрыторыі.

Праз некалькі месяцаў было вырашана ўсе загады ў акупацыйнай зоне друкаваць таксама і па-беларуску, на роўных правах з іншымі мовамі краю. Такім чынам, адбылося важнае для беларусаў прызнанне сваёй мовы як сродку зносін улады з насельніцтвам.

Існае і сёння "Беларускае таварыства дапамогі ахвярам вайны", пачало працу яшчэ пад Расіяй, а пад немцамі пашырыла сваю дзейнасць, і немцы трактавалі яго як нацыянальнае прадстаўніцтва ўсіх беларусаў.

У той час паўстаюць ці паспяхова развіваюцца і іншыя беларускія грамадскія арганізацыі. Адраджаецца і беларускі выдавецкі рух, які замёр з пачаткам вайны. Друкуюцца творы мастацкай літаратуры, падручнікі, календары і г. д.

Асоба трэба адзначыць выданне календароў, бо яны адыгралі і працягваюць адыгрываюць значную ролю ў справе нацыянальнага выхавання беларускага селяніна. Трэба памятаць, што для многіх сялян такі кніжны каляндар - адзіная чытанка на ўвесь год. Таму не дзіва, што беларускія адраджэнцы шмат часу аддавалі складанню вынаходліва падрыхтаваных календароў, гэтага сялянскага Vademecum (лац. "Vade mecum" - "Ідзі са мной", кішэнны даведнік. - Л. Л.), у якім селянін знойдзе ўсё, што яму трэба, дзе замест уласна календара, ёсць статыстычны раздзел, юрыдычныя і эканамічныя парады і пры канцы - разнастайны літаратурны раздзел. Гэты апошні, звычайна пачынаўся нарысам пра беларускае адраджэнне і гісторыю, потым ішло некалькі артыкулаў, прысвечаных грамадска-культурным пытанням, за імі друкаваліся апавяданні і вершы.

Пачынаючы з 1910 г., календары выходзілі кожны год лацінкай і кірыліцай. На пачатку іх выдавала "Наша Ніва", а потым розныя людзі ці ўстановы.

Аднак галоўным момантам беларускага культурнага жыцця гэтага перыяду, несумненна з'яўляецца арганізацыя беларускай асветы, гэтага галоўнага нацыянальнага элементу.

Першыя спробы арганізаваць беларускую асвету зрабіў вядомы беларускі паэт Якуб Колас (К. Міцкевіч), які па прафесіі быў народным настаўнікам. Каб заснаваць тайныя беларускія школы, ён згуртаваў вакол сябе кола маладых беларускіх настаўнікаў1. Аднак, гэта "змова" была хутка выкрыта, а ініцыятар пакараны.

Пасля няўдалай спробы справа на нейкі час была пакінута і яе рэальнае ажыццяўленне прыпадае толькі на перыяд нямецкай акупацыі, калі беларускім школьніцтвам занялося "Беларускае таварыства дапамогі ахвярам вайны", якое перад усім, апекавалася беднай беларускай дзятвой. Ужо ў канцы 1915 г., неўзабаве пасля прыходу немцаў, 18 лістапада адкрылася першая беларуская школа ў якой вучылася 36 чалавек. Каб ліквідаваць недахоп настаўнікаў, амаль што адначасова са школай, у Вільні былі арганізаваныя першыя беларускія бясплатныя настаўніцкія курсы.

Важным момантам у гісторыі беларускай адукацыі з'яўляецца адкрыццё восенню 1916 г. дзяржаўнай беларускай настаўніцкай семінарыі ў Свіслачы на Гарадзеншчыне. Курс навучання ў семінарыі працягваўся 3 месяца, для практычных заняткаў слухачоў пры семінарыі існавала ўзорная школа. Гэтак працягвалася да 1918 г.

Па меры павелічэння колькасці беларускіх настаўнікаў развіццё адукацыі ішло ўсё хутчэй і хутчэй. Да канца 1916 г. беларуская пачатковая школа была забяспечана дастатковай колькасцю падручнікаў, якія складаліся як з новых, гэтак і са старых, даваенных выданняў.

У 1917 г. колькасць школ значна павялічылася, і стварылася дастаткова густая школьная сетка. Агульная колькасць беларускіх школ на Віленшчыне і Гарадзеншчыне ў гэтым годзе дасягнула 153. А ў канцы 1917 г. ствараецца першая беларуская гімназія.


Але покуль пакінем сферу адукацыі прыгледзімся да таго, як развівалася ў той час беларускае палітычнае жыццё...

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.

(Працяг у наступным нумары.)

1 Аналіз карэспандэнцый "Нашай Нівы" паказвае, што толькі ў 1908 г. і толькі на Лідчыне ўлады не запачаткавалі, а закрылі шэсць саматужных беларускіх школ. Гл: Лаўрэш Леанід. 100 гадоў першай беларускай школе на Лідчыне // Лідскі летапісец № 4 (72)-2015. С. 7-9. - Л. Л.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Асобы яўнага і спрэчнага паходжання: Дэвідаў, Хромчанка; першы артыкул пра беларускіх сяброў індзейцаў

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-45 (53-97) за 2023 г.)

Хаця Алена Касценка мела ў Гародні ў 1981 г. паспяховы вопыт публікацыі пра індзеянісцкі рух - ліст у абласной газеце (Багдан Яхвак у 1987 г. выказаў меркаванне, што гэта першая падобная публікацыя ў СССР), напісаць вялікі матэрыял для сталічнай газеты пра рух, нягледзячы на поступ перабудовы, удалося толькі ў 1988 г.

Інфанагода ўзнікла сама сабой. На 17.07.1988 г. быў запланаваны - і быў праведзены ўстаноўчы з'езд Беларуска-індзейскага таварыства, хаця і больш сціпла, чым хацелася, - было ж падрыхтавана шмат не сціплых праграмных тэкстаў, праектаў рэзалюцый, былі не забытыя тыя паважаныя людзі, хто даслаў або выказаў раней прывітальныя словы, словы падтрымкі, і іншае - работа амаль цалкам аднаго чалавека, але ў Палацы культуры хімікаў былі, акрамя гасцей, уключаючы прадстаўнікоў ад камсамольскіх арганізацый, члены арганізацыйнай групы не толькі з Гомеля, але і з Бабруйска і Оршы (больш, на жаль, не прыехала; некаторыя даслалі свае подпісы "за таварыства" па пошце). Праграма-максімум з'езда ўключала і правядзенне пасля яго прэс-канферэнцыі. Фармальныя запрашэнні былі дасланыя прадстаўнікам прэсы, у т.л. і Анатолю Бароўскаму з "Чырвонай змены". Для сувязі з ім служыў будынак абкама ЛКСМБ. Перапіску па пошце наконт стварэння артыкула пра індзеяністаў мы з ім не вялі, але былі званкі і сустрэчы - з перадачай тэкстаў - першапачатковага і копіі створанай Анатолем версіі - скарочанай і змененай, якую ён даслаў у Менск. Канчатковы тэкст там стаў яшчэ меншым, але падзея была вельмі важная. І яна мела рэзананс.

Наш дзённік адлюстроўвае як мінімум два моманты ў падрыхтоўцы артыкула: 1988-06-23 - тэлефонная размова з Бароўскім; 1988-07-12 - візіт у абкам камсамолу, размова з Бароўскім наконт артыкула. Постаці індзеяністаў былі дададзеныя да тэксту пазней, асобна, з улікам пажадання прадстаўніка "ЧЗ". У машынапісе (5 плюс 1 старонка) не было загалоўка, яго прапанаваў Бароўскі, напісаўшы ў канцы 5-ай старонкі аўтарскага машынапісу і надрукаваўшы ў сваёй версіі для рэдакцыі: "Мы - сябры індзейцаў". Артыкулам у Менску займалася Вольга Шаўко. Ён з'явіўся ў нумары "ЧЗ" за 4.08.1988 г.

"МЫ - СЯБРЫ ІНДЗЕЙЦАЎ

Праз чатыры з паловай гады, у кастрычніку 1992-га, споўніцца роўна пяць стагоддзяў з часу, калі караблі Хрыстафора Калумба дасягнулі астравоў Вест-Індыі. Яшчэ даволі доўга еўрапейцы пераконваліся, што гэта зусім не тая зямля, да якой яны прагнулі дабрацца з відавочнай надзеяй далучыць да сваіх імперый. Такім чынам, адкрыўшы Амерыку, Калумб зрабіў памылку.

Падзея, аднак, мела грандыёзныя вынікі. На працягу амаль 500 гадоў гэта адчулі непасрэдна або ўскосна мільёны людзей, экспансія ў Амерыцы садзейнічала хуткаму эканамічнаму і культурнаму развіццю еўрапейскіх народаў, якія тым не менш не праявілі сябе як прадстаўнікі гуманнай цывілізацыі. Каланізацыя суправаджалася жорсткім уздзеяннем на індзейцаў - эканамічнай эксплуатацыяй і разбурэннем культур,

Некаторыя краіны былі ўцягнуты ў асваенне новых тэрыторый больш актыўна, некаторыя - далей на ўсход Еўропы, як Беларусь, - менш, Так ужо атрымалася, што насельніцтва нашай "без выхаду да мора" Беларусі раней ніколі не лічыла сваю краіну "сур'ёзнай". I калі суседзі - палякі, напрыклад, або латышы, - нейкі час у асобе сваіх феадалаў маглі дазволіць сабе імкнуцца да ўдзелу ў каланіяльных захопах (Курляндыя мела нават сваю калонію на востраве Табага), то гаворкі пра Беларускую (або Літоўскую па даўняй традыцыі) Амерыку дзе-небудзь побач з рэальнай Рускай не было. Напэўна, да лепшага, што на тым баку зямлі, на "антыподах", абышлося без беларускіх "картэсаў" і "кастэраў"; з другога боку, мы пакуль не дачакаліся і загалоўкаў у газетах, накшталт: "Беларуская навуковая экспедыцыя ў Амазоніі'' або "Беларускі амерыканец з індзейцамі ў Вундэд-Ні",

Што ведаюць нашы людзі цяпер пра гэтыя самыя "антыподы"? Мы даволі шмат чыталі, бачылі Амерыку на кіна- і тэлеэкранах, некаторыя з нашых грамадзян нават ездзілі туды. "Сыны сваёй эпохі", выхаваныя ў савецкі час, мы маем пэўныя ўяўленні пра Амерыку і яе народы, а якія яны (з пункту гледжання паўнаты, аб'ектыўнасці, карысці ў штодзённым жыцці) - ацаніць можам не заўсёды.

Між тым кожны сучасны народ Старога Свету, калі яму ўласцівыя самапавага і годнасць, павінен "высветліць свае адносіны" з Індзейскай Амерыкай, вызначыць сваё месца ў працэсах, якія такім жахлівым чынам змянілі лёсы індзейцаў. Калі грамадскасць той ці іншай краіны здольная адчуць віну перад карэннымі жыхарамі Заходняга паўшар'я і зрабіць хоць што-небудзь дзеля пакаяння - гэтая краіна мае будучыню, мараль у ёй сапсавана не канчаткова.

Беларусь таксама не можа ўхіліцца ад свайго маральнага абавязку. Апраўданнем не будзе ні тое грамадска-культурнае "маўчанне", у якое яна была доўгі час паглыблена, ні адсутнасць прыметнай дзейнасці амерыканістаў-даследчыкаў праблематыкі, звязанай з Заходнім паўшар'ем, ні любая іншая прычына.

Калі маральны доўг адчулі некалькі чалавек, гэта ўжо можа быць дастатковай падставай для пачатку арганізаваных намаганняў - нават калі грамадства мала падрыхтавана да ўспрымання інфармацыі, але інтуітыўна знаходзіць, што работа карысная і патрэбная.

Няма сумненняў, што грамадскасць зразумее матывы і мэты актывістаў падобнай ініцыятывы; падтрымаўшы яе, яна ўжо праз некалькі гадоў атрымае пэўную і яскравую карціну таго, якое месца займала Беларусь у адносінах Старога Свету з Новым.

Але адкуль узялася на Беларусі згаданая ініцыятыва?

Гэты незвычайны рух пачаўся яшчэ ў 70-я гады. Узнікненню яго ў нашай краіне садзейнічалі некалькі фактараў: уздым так званага паніндзеянізму ў ЗША, паўстанне ў Вундэд-Ні, штат Паўднёвая Дакота, 1973 г., сусветны рэзананс гэтай і іншых акцый індзейцаў, павелічэнне колькасці "індзейскіх" матэрыялаў у савецкіх СМІ, апублікаванне на рускай мове і некаторых іншых мовах народаў СССР кніг пра індзейцаў, у тым ліку твораў "польскага індзейца" Сат-Ока (якія паўплывалі на рост цікавасці да індзейскага жыцця і ў Польшчы, і ў іншых краінах), Шэрай Савы з Канады, амерыканца Джэймса Шульца. Нейкі час адбываўся працэс наладжвання сувязей паміж маладымі людзьмі, якія зацікавіліся індзейцамі, іх барацьбой. Толькі на рубяжы 80-х былі праведзены першыя злёты. Індзеяністы (самавызначэнне, якое падкрэслівала знойдзеную агульнасць) збіраліся ў лясных лагерах для абмеркавання хвалюючых праблем, дэманстрацыі сваёй "практычнай этнаграфіі": індзейскага адзення, гульняў, абрадаў. Паступова ўдзельнікі руху прыйшлі да разумення, што пачынаюць выяўляецца напрамкі, якія адлюстроўваюць розныя імкненні: для адных больш блізкім было вывучаць і "ўвасабляць" традыцыйную культуру паўночнаамерыканскіх індзейцаў, іншыя лічылі гэта недаравальным ва ўмовах, калі з індзейцамі абыходзяцца, мякка кажучы, не па-справядліваму, і не толькі ў ЗША.

Сярод індзеяністаў заўсёды лунала ідэя ўсесаюзнага аб'яднання, але ці то не хапала арганізацыйнай мэтанакіраванасці, ці то перашкаджала процістаянне напрамкаў, толькі нічога з гэтага не атрымлівалася. Праўда, мясцовыя згуртаванні ўсе ж з'явіліся: індзеянісцкі клуб у Ленінградзе (цяпер называецца "Этнас''), група "Садзеянне" (раней Новасібірскі клуб індзеяністыкі пры гарадскім фондзе маладзёжнай ініцыятывы), ленінградскі грамадскі камітэт у падтрымку Леанарда Пелціера. Можна згадаць і незвычайную "індзейскую грамаду" на Горным Алтаі (пра яе летась пісалі "Известия", а зусім нядаўна - часопіс "Смена"). Іншы характар мае Хакаскі камітэт у абарону Леанарда Пелціера, гэта сур'ёзная нацыянальная арганізацыя грамадскасці, вядомая сваім зваротам да кіраўнікоў ЗША і СССР, іншымі актыўнымі намаганнямі.

На Беларусі сябры індзейцаў з'явіліся, верагодна, у той жа час, што і ў іншых месцах Савецкага Саюза. Цікавасць да індзейцаў універсальная ў маладыя гады, яна не мае граніц, хаця і залежыць ад колькасці інфармацыі ў кожнай з мясцовасцей, дзе жывуць патэнцыяльныя індзеяністы. Тое, што на Украіне болей "індзейцаў" і паміж імі лепш наладжаны сувязі, тлумачыцца большай актыўнасцю перакладчыкаў, выдаўцоў, аўтараў-папулярызатараў ды і больш жвавым нацыянальным характарам нашых братоў-украінцаў.

Толькі апошнія адзін-два гады дадалі аптымізму ў настроі беларускіх індзеяністаў: былі знойдзены аднадумцы ў многіх гарадах і вёсках, шмат аднадумцаў, прычым некаторыя з іх нават не здагадваліся, што існуе цэлы рух, а ў рэспубліцы робіцца спроба стварэння аб'яднання, якое, магчыма, будзе ўспрынята ўсімі ў Саюзе як крок наперад.

Такім чынам, арганізацыйная група Беларуска-індзейскага таварыства гатова абвясціць аб сваім намеры мэтанакіравана распаўсюджваць ідэі больш сур'ёзнага і адказнага стаўлення да ролі беларускага народа, аднаго з савецкіх, у міжнацыянальных адносінах, якія ўплываюць на становішча малых народаў. На прыкладзе індзейцаў, вельмі паказальным.

Група ўключае пакуль некалькі дзясяткаў чалавек, жадаючых працаваць калектыўна і менавіта ў такім таварыстве, якое б дало найбольшы плён. Дзейнасць будзе самая разнастайная: вывучэнне гісторыі і культуры індзейцаў, удзел у падтрымцы станоўчай актыўнасці карэнных амерыканцаў, калі яны звяртаюцца па дапамогу, даследаванне гісторыі сувязей, прамых і ўскосных, паміж Беларуссю і індзейцамі, важнае для паспяховага развіцця бягучых кантактаў, Члены таварыства будуць чытаць лекцыі, пісаць артыкулы і больш аб'ёмныя працы, садзейнічаць з'яўленню твораў літаратуры і мастацтва, перакладаў (група запрашае да супрацоўніцтва знаўцаў моў, маючы на ўвазе складанне анталогіі "Індзейцы вачыма беларусаў"). Акрамя таго, будуць праводзіцца мерапрыемствы сацыяльна-палітычнага характару, фарміруючыя грамадскую думку адносна становішча індзейцаў.

Група знаходзіць магчымым зрабіць будучае таварыства каардынацыйным цэнтрам па адзначэнні на Беларусі 500-годдзя адкрыцця Амерыкі. Праграма, якую ў падобных выпадках называюць нацыянальнай, ужо распрацоўваецца з улікам пажаданняў і заўваг розных афіцыйных, грамадскіх і нефармальных арганізацый.

З таго, што ўжо зроблена групай, можна адзначыць удзел у кампаніі за вызваленне Леанарда Пелціера, растлумачальныя агітацыйныя гутаркі, праведзеныя з самымі рознымі людзьмі ў розных аўдыторыях, выраб першых дакладных узораў індзейскага адзення і іншых прадметаў матэрыяльнай культуры, збор інфармацыі па беларуска-індзейскіх кантактах і ўзаемасувязях. Асноўная ж работа ўключала чыста арганізацыйныя пытанні, пашырэнне кола знаёмстваў членаў групы і дыскусіі ў мэтах дасягнення адзінства думак. Група ўстанавіла таварыскія адносіны з сябрамі індзейцаў у СССР і сацыялістычных краінах Еўропы; сярод аб'яднанняў, што дзейнічаюць на Беларусі, - з грамадска-палітычным клубам імя Эрнеста Чэ Гевары, якому абавязана за збор подпісаў у падтрымку Пелціера.

Могуць выказвацца разнастайныя меркаванні наконт мэтазгоднасці шырокіх грамадскіх намаганняў па этнічным выхаванні, пашырэнні ведаў пра іншыя народы, ідэй салідарнасці і спагады, а таксама арганізацыйных форм работы, але мы не сустракаліся з людзьмі, якія б былі супраць яе. Грамадства здаецца амаль маналітным, і толькі асобныя тыпы, напрыклад, эпігоны сталінізму ды шчырыя мяшчане, высоўваюць сваю непераканаўчую аргументацыю.

З боку прадстаўнікоў вялікага кола ўстаноў і арганізацый, у тым ліку і камсамольскіх камітэтаў, мы чулі ацэнкі ініцыятывы, якія можна было б назваць асцярожна-пазітыўнымі, пераважная большаць прыватных асоб выказала недвухсэнсоўную падтрымку таварыства.

У заключэнне хацелася б звярнуць увагу на тое, што сярод нашай моладзі заўважаецца яўны дэфіцыт ведаў аб народах свету, прычым тэра інкогніта ўключае і тэрыторыю нашай краіны. Цяпер, калі гэтыя веды робяцца ўсе больш важнымі ў сувязі з інтэнсіфікацыяй міжнацыянальных кантактаў, нельга мірыцца з такой сітуацыяй. У лепшым выпадку ўсё абмяжоўваецца неадольнымі забабонамі ў свядомасці, у горшым - маюць месца спробы ўнесці разлад у адносіны паміж народамі і расамі. Хлопцы і дзяўчаты, многія з якіх ведаюць, што такое дыялектыка, аказваюцца бездапаможнымі, калі сутыкаюцца з этнапсіхалагічнымі, этнакультурнымі адрозненнямі. А ў гэты час асвятленне праблем малых карэнных народаў застаецца ніжэй усякай крытыкі. Яно павярхоўнае і стэрэатыпнае, калі ёсць. Наш грамадзянін не ў стане зразумець сапраўдную сутнасць канфліктаў, у якія ўцягваюцца карэнныя народы (драматычны прыклад міскіта і іншых індзейскіх груп на Атлантычным узбярэжжы Нікарагуа, якія выступілі супраць сандзінісцкай рэвалюцыі, бо новы ўрад не змог пазбегнуць памылак, што пазней мужна прызнаў), або тых, якія абыходзяцца без прамой канфрантацыі, таму як прыгнёт ажыццяўляецца скрытнымі, можна сказаць, езуіцкімі метадамі.

Неабходна памятаць, што існуе прамая ўзаемасувязь паміж узнікненнем цікавасці: цікавасць да пазаеўрапейскіх "экзатычных" народаў лагічна прыводзіць да пільнага позірку на свой, "цывілізаваны" народ, роўна як і наадварот; з другога боку, нацыянальныя праблемы ва ўсіх краінах заўсёды маюць некаторыя сходныя элементы, і любы станоўчы вопыт можа быць выкарыстаны іншымі народамі.

Вось некалькі постацей [удзельнікаў ініцыятывы].

Сярод заснавальнікаў групы быў гомельскі рабочы Аляксандр Снітко, які зацікавіўся індзейцамі яшчэ ў канцы 60-х гадоў. Ён добра знаёмы з літаратурай па ранейшай гісторыі і этнаграфіі Амерыкі, аднак галоўны напрамак яго думак і дзеянняў - сур'ёзныя праблемы, якія сёння стаяць перад карэнным насельніцтвам кантынента. Нацыянальна-вызваленчая барацьба індзейцаў, якія былі пазбаўлены права на самавызначэнне і самастойны выбар шляху развіцця (яго дабіліся і афрыканцы, і народы Акіяніі), - складаная частка агульнага рэвалюцыйнага працэсу ў Лацінскай Амерыцы, лічыць Аляксандр, і можа мець поспех толькі як такая. У свой час глыбокае ўражанне на яго зрабіла дзейнасць выдатнага лацінаамерыканскага рэвалюцыянера Эрнеста Чэ Гевары, і цяпер Аляксандр вядомы як актывіст руху салідарнасці з народамі "Палаючага кантынента".

Старэйшая па ўзросце ў групе 66-гадовая Ніна Іванаўна Аўсяевіч любіць прыроду, жывёл, з замілаваннем чытае і перачытвае кнігі Сат-Ока, уласнаручныя пасланні якога, фотаздымкі на памяць атрымлівала ў сябе ў Віцебску; яна таксама не можа спакойна чуць пра бедствы індзейцаў, асабліва ж заклапочана лёсам індзейскіх дзяцей, прапаноўвае стварыць спецыяльны фонд для пасылкі ў месцы, дзе складваецца найбольш крытычная сітуацыя, прадметаў першай неабходнасці. Да слоў чалавека з вялікім жыццёвым вопытам нельга не прыслухоўвацца.

Мінчанін Алег Жылінскі, рабочы 24 гадоў, бясспрэчны "этнакультурны" лідар, спецыяліст па частцы матэрыяльнай культуры. Вырабленыя ім рэчы, якія ўключаюць касцюм індзейцаў сіу [cіў], зброю, курыльную [надрукавана: курыцельную] люльку і іншае, ён думае паказаць сябрам на штогадовых святах (паўваў), што праводзяцца за межамі рэспублікі. Гэта будзе адказны экзамен для беларускіх індзеяністаў, бо "індзейцы" ў СССР, не кажучы пра Польшчу і ГДР, робяць індзейскія рэчы, як жартуюць некаторыя, нават лепш, чым сапраўдныя індзейцы. Алег, правадыр мінскага "племені шаванезаў", упэўнены, што яго захапленне застанецца з ім на працягу ўсяго жыцця.

Настаўнік з Гомельшчыны Мікола Шуканаў паспяхова спалучае цікавасць да індзейцаў, якая ўзнікла ў яго як вынік знаёмства з індзеяністамі, і літаратуразнаўча-этнаграфічнае вывучэнне ўсходнесібірскіх народаў, іх сувязей з Беларуссю. Мікола падтрымлівае перапіску з прадстаўнікамі малодшага пакалення гэтых народаў, пільна сочыць за выступленнямі хакасаў, якутаў, чукчаў у падтрымку індзейцаў".

ДЭВІДАЎ Майк (2) - адзін з буйных амерыканскіх літаратараў - ураджэнцаў Беларусі, Майк Дэвідаў напісаў шмат артыкулаў і кніг пра СССР, з якім добра пазнаёміўся ў час працы ў якасці карэспандэнта газеты "Дэйлі Уорлд" (1969-1977). Ён таксама ўвёў індзейцаў і ў свае мастацкія тэксты: у драме ў трох дзеях "Двухсотгадовая трагедыя" адзін з герояў, Боб Сміт, - "індзеец-паўкроўка, пастар Царквы Братэрства" (публікацыя на рускай мове ў часопісе "Театр", 1985 г., № 4 - у гэты час галоўным рэдактарам быў Г. Баравік; пераклад з англійскай: М. Брук). Магчыма, на з'яўленне гэтага вобраза неяк паўплывала знаёмства ў Маскве з эмігрантам з ЗША Джорджам, які меў негрыцянскіх і індзейскіх продкаў?

Як запіс за 14.12.1972 г. у яго "Маскоўскім дзённіку" праходзіць раздзел "Нашы сябры: Джордж Тайнес".

"У адзін цудоўны дзень вы сядзіце ў сваёй маскоўскай кватэры, крыху сумуючы па радзіме, як раптам раздаецца дзвярны званок. Вы адчыняеце дзверы, і перад вамі высокі, прыгожы негр з пакетам жывой рыбы ў руках. Гэта Джордж Тайнес", - дзяліўся з намі ў Нью-Ёрку сваімі маскоўскімі ўспамінамі Джон Пітман, які быў карэспандэнтам газеты "Уоркер" у Маскве.

Успаміны Пітмана ажылі перад маімі вачыма. Той дзвярны званок сапраўды перапыніў нашы разважанні аб радзіме. Толькі цёмная скура Джорджа Тайнеса (ён напалову індзеец) мела медна-чырвонае адценне. Ён здаваўся вышэй, чым быў насамрэч, паколькі з маладосці захаваў спартыўны выгляд. Джордж быў выдатным абаронцам футбольнай каманды Уілберфорскага каледжа ў штаце Агая і выступаў у складзе зборнай каманды ЗША. Зразумела, у ягоных руках быў пакет з рыбай. Гэта быў празрысты поліэтыленавы пакет, і было відаць, як у круглым "акварыуме" плавалі залацістыя карпы.

- Вы - Джордж Тайнес! - пачаў я.

Джордж усміхнуўся, кіўнуў галавой і ўручыў пакет Гейл.

- Калі ласка, падсмажце! - папрасіў ён.

Карпы выкручваліся і выгіналіся, адчайна спрабуючы знайсці выратавальную шчыліну. Гейл маментальна ўявіла сябе забойцам гэтых бедных, поўных жыцця рыб, якіх яна трымала ў руках.

- О, не! - запярэчыла яна. - Толькі не я. Калі вы хочаце смажанай рыбы, вам самім давядзецца яе чысціць.

І яна рашуча вярнула пакет Джорджу. Джордж пырхнуў ад смеху і накіраваўся ў кухню. Атрымалася вельмі смачная страва.

У доме Джорджа мы адзначалі нашы нацыянальныя святы, дні нараджэння Джорджа і ўгодкі яго прыезду ў Савецкі Саюз. Джордж прыбыў у Савецкі Саюз у 1931 годзе ў складзе ўсё той жа групы чорных амерыканцаў - спецыялістаў у галіне сельскай гаспадаркі. Ён быў сярод тых, хто пасля заканчэння кантракту застаўся ў Савецкім Саюзе і прыняў савецкае грамадзянства.

Я ніколі не забуду калядны вечар, праведзены ў доме Джорджа ў 1969 годзе. Сярод прысутных былі Джордж М. Крокіт, міравы суддзя з юрысдыкцыяй па крымінальных і грамадзянскіх справах г. Дэтройта, і яго прывабная, энергічная жонка - д-р Этэліна Крокіт. Абодва яны прыбылі ў складзе групы са 190 амерыканцаў, якія распачалі турыстычную паездку на фестываль "Руская зіма". У групу ўваходзілі члены Аб'яднанага прафсаюза рабочых аўтамабілебудаўнічай прамысловасці, Аб'яднанага прафсаюза рабочых-сталявараў і арганізацыі "Амерыканцы - за дэмакратычныя дзеянні".

Да свайго задавальнення, амерыканцы знайшлі, што руская зіма можа быць крыніцай весялосці. І абыходзіцца гэта параўнальна нядорага. Асабліва выдатна праводзілі час Крокіты. Суддзя Крокіт быў цёпла прыняты савецкімі калегамі, размаўляў з савецкімі адвакатамі і наведаў пасяджэнне суда, які разглядаў апеляцыйную скаргу.

Звярнуўшы ўвагу на адсутнасць у Савецкай краіне расізму, ён мне сказаў: "Я часта адчуваў сябе тут у большай ступені сваім чалавекам і больш жаданым, чым у ЗША. Паміж абвешчаным правам і яго практычным ажыццяўленнем тут, здаецца, няма вялікай розніцы. У ЗША нашае права гарантуе роўныя магчымасці, аднак гэта не пацвярджаецца на практыцы". Менавіта адсутнасць гэтай супярэчнасці на новай радзіме Джорджа Тайнеса больш, чым штосьці іншае, прычынілася да яго пераходу ў савецкае грамадзянства.

Падчас нашай каляднай весялосці я адчуў, што паміж суддзёй і Джорджам існуе больш моцная сувязь сяброўства, чым я меркаваў. Зразумела, багаты стол Джорджа, накрыты з тыповай для савецкіх людзей гасціннасцю, спрыяў усталяванню сардэчнасці. Джордж да таго ж цудоўны кухар. Усё гэта вызначыла поспех нашага незабыўнага банкету. Вымаўляліся незлічоныя тосты. На вечарыне прысутнічала шмат таварышаў Джорджа па працы. Яны былі глыбока кранутыя гутаркамі з намі. Некаторыя былі ветэранамі вайны і добра разумелі значэнне нашага саюза ў барацьбе з фашызмам. Я думаю, у мяне ніколі не знікне цёплы ўспамін пра той халодны снежаньскі вечар у Маскве". (Працяг будзе.)

Дэвідаў мог рэальна параўнаць жыццё індзейцаў у ЗША і асобных нацыянальнасцей у СССР, што і зрабіў, але на яго высновы ўплываў "унутраны цэнзар": ён не мог крытыкаваць савецкую рэчаіснасць больш дазволенага. Індзейскі аргумент выкарыстоўваецца ім выключна з мэтай падкрэсліць адрозненні ў лепшы бок сітуацыі ў СССР. Яго кампаратывістыка ў найбольш "сістэматызаваным" выглядзе прадстаўленая ў "гарадскіх" нарысах, якія друкаваліся ў 1974-1975 гг. асобнымі кніжкамі або брашурамі выдавецтвам "Прагрэс", а потым у 1976 г. былі аб'яднаныя (савецкае выданне на англійскай мове - "Савецкі Саюз вачыма амерыканца" і амерыканскае - "Гарады без крызісу", выданне на рускай мове пад гэтай назвай (хаця ў множным ліку - "крызісаў") у 1978 г.).

Маем у сваёй бібліятэцы тры кнігі Дэвідава па-англійску і па-французску і тры кнігі з яго вялікімі нарысамі ў рускім перакладзе: "Маскоўскі дзённік" (1981, разам з "Унукі першага настаўніка" Ж. Бувара ў серыі "Па Савецкім Саюзе. Зарубежныя аўтары"), "Гарады без крызісаў" (1978), "Трэцяе савецкае пакаленне" (1984). З глаў у гэтых кнігах цытуем.

У главе "Без прыватных домаўладальнікаў", прысвечанай жыллёвым праблемам, Дэвідаў згадвае, што складанасць жыцця ў гарадах для індзейцаў і прадстаўнікоў іншых меншасцей "мнагакратна ўзмацняецца і ўскладняецца расізмам". Пішучы пра савецкую сістэму адукацыі, падкрэслівае, што яна, выхаваўшы вучоных і пісьменнікаў з ліку непісьменных калісьці народаў, "адкідае расісцкую канцэпцыю аб існаванні людзей "ніжэйшай расы", якая ў значнай ступені з'яўляецца прычынай адставання неграў, пуэртарыканцаў, выхадцаў з Лацінскай Амерыкі і амерыканскіх індзейцаў па ўзроўні адукацыі ад дзяцей белых".

У час жыцця Дэвідава ў Маскве адбыліся падзеі ў Вундэд-Ні (люты-май 1973 г.), і гэта тым больш дало падставу зрабіць кампаратывістыку не на карысць ЗША ў главе "Братэрства гарадоў СССР". У той час, як у ЗША негры і індзейцы жывуць у рэзервацыях або гета ў антысанітарных умовах, у напаўразбураным або малапрыстасаваным жыллі, беспрацоўнымі і непісьменнымі, хварэючы і страчваючы мову і культуру, у Туркменіі, напрыклад, "зусім іншая карціна". Дэвідаў параўноўвае "дасягненні туркменскага народа", які ў недалёкім мінулым вёў качавы лад жыцця, з барацьбой, якую вымушаныя весці адпаведныя катэгорыі людзей у Амерыцы.

Прамы генацыд індзейцаў, пра які амерыканскі журналіст гаворыць у раздзеле "Каракум і Вундэд-Ні", дапаўняецца тым, што "іх нацыянальная культура ў ЗША наўмысна скажаецца або поўнасцю ігнаруецца СМІ, у прыватнасці тэлебачаннем".

У главе "Гарады без страху" Дэвідаў цытуе выказванні міністра ўнутраных спраў М. Шчолакава пра рост злачыннасці ў 40-я гады і зніжэнне ў наступныя і паказвае адносна спакойную абстаноўку на савецкіх вуліцах і тактоўнасць міліцыі, не забываючы прыгадаць, што слова "паліцыя" для неграў, пуэртарыканцаў, лацінаамерыканцаў, амерыканцаў азіяцкага і індзейскага паходжання асацыіруецца з пачуццём страху і абурэння. Нарэшце, гаворыцца пра такую незнаёмую для савецкага чалавека з'яву, як дапамога па беспрацоўі, выплаты, якія "канкурыруюць з заработнай платай", асабліва што тычыцца індзейцаў і іншых "некваліфікаваных" прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей.

У Сібіры ён бачыў месцы, якія прымушалі яго ўспамінаць пра "Спеў аб Гаяваце" Г. Лангфела і "Дзікі Захад", але калі прырода паблізу Байкала сапраўды нагадвала зямлю "блакітных азёр" у Амерыцы, то сацыялістычнае мястэчка "перадавога рубяжа" Кічэра "не мае нічога агульнага з гарадамі "перадавога рубяжа", якія стварыліся на касцях індзейскага насельніцтва".

У новасібірскім Акадэмгарадку Дэвідаў размаўляў у школе-інтэрнаце для асабліва здольных да матэматыкі вучняў з Таняй Купрыянавай. 16-гадовая якутка "знешне была надзіва падобная на эскімосаў з Аляскі і нават на карэнных жыхароў Амерыкі - індзейцаў", а цікавілася, апрача матэматыкі, "антрапалогіяй", "гісторыяй старажытных народаў", асабліва якуцкага і індзейскіх, якія, згодна з навуковай гіпотэзай, перасяліліся ў Амерыку з Азіі, а таму, магчыма, якуты "аднаго з імі паходжання". Таня Купрыянава ведала пра сучаснае жыццё індзейцаў і не лічыла яго шчаслівым; яна пацвердзіла, і сваімі словамі, і сваім уласным прыкладам, што да якутаў у СССР ставяцца лепш, чым да індзейцаў у ЗША.

Даведаўшыся, што з 726 навучэнцаў было 14 якутаў, а таксама па некалькі прадстаўнікоў ад многіх сібірскіх народаў (і 4 беларусы), Дэвідаў маляваў "неверагодную" карціну, што ў Масачусецкім тэхналагічным інстытуце вучыцца 14 эскімосаў і індзейцаў, а ў спецшколе 70 працэнтаў навучэнцаў - з аддаленых мясцовасцей, уключаючы вялікую колькасць "каляровых".

Літ.:

2176 Щеглова С. Карта увлечений // Парус. 1988. № 6. С. 49. (16-гадовая Святлана Шчаглова з Новасібірска звярнулася ў мінскі часопіс "Парус", у выніку пад № 691 у адпаведнай рубрыцы з'явілася наступная аб'ява: "Неабыякавая да падзей у свеце. Цікаўлюся рухам амерыканскіх індзейцаў. Трывожыць лёс Леанарда Пелціера. Мару пасябраваць з юнакамі і дзяўчатамі з розных краін - з тымі, каму неабыякавае становішча карэннага народа Амерыкі". У адказ на наш ліст да яе ад 1988-07-19 яна напісала свой 1988-08-01.)

5451 Давидоу М. Московский дневник / пер. с англ. П. Внуковского // Давидоу М. Московский дневник; Бувар Ж. Внуки первого учителя. М., 1981. С. 13-125.

1247 Дэвидов М. Города без кризисов: пер. с англ. / под общ. ред. и с предисл. Н. Курдюмова. М., 1978.

12520 Давидоу М. Третье советское поколение / пер. с англ. Л. Жемчужникова. М., 1984.

4051 Davidow M. Cities of 100 flavors: the Soviet Union through the eyes of an American. M., 1975.

4052 Davidow M. Cities without crisis. N. Y., 1976.

4053 Davidow M. Cities without fear: the Soviet Union through the eyes of an American. M., 1975.

4054 Davidow M. Moscow diary. M., 1980.

4055 Davidow M. Public education: the Soviet Union through the eyes of an American. M., 1974.

4056 Davidow M. The Soviet Union through the eyes of an American. M., 1976.

4057 Davidow M. Third Soviet generation. M., 1983.

ХРОМЧАНКА Васіль - са шматлікіх публікацый, дзе гаворыцца, што гэты выдатны мараплавец (1792-1849, з 14 гадоў - у штурманскім вучылішчы), у свой час "забыты" (у "геаграфічным календары" на 1969 г. "Зямля і людзі" (1968) - артыкул А. Бурыкіна "Незаслужана забыты мараплавец"), паходзіць з беднай сям'і або беднай дваранскай сям'і, да 2022 г. не было магчымасці даведацца пра яго месца нараджэння або месцаў, адкуль былі яго бацькі. Доўгачаканая крыніца звестак - Білоус В. Дослідник Північної Америки Василь Хромченко: його етнічна приналежність та народознавчий доробок (І пол. XIX ст.) // Народознавчі зошити. 2022. № 5. С. 1041-1058.

Як заўсёды, падобныя прозвішчы выклікаюць павышаную ўвагу з боку як украінцаў, так і беларусаў. Шэраг вядомых Хромчанкаў быў са Смаленшчыны і Магілёўшчыны. Калі беларускі літаратуразнавец Кузьма Рыгоравіч Хромчанка нарадзіўся ў п. Калінаўка Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці - ці не яшчэ адна гэта падстава для меркаванняў пра магчымыя беларускі карані і Васіля Хромчанкі? Мы не супраць таго, каб Хромчанка сапраўды аказаўся ўкраінцам, але славутых украінскіх мараплаўцаў, маракоў-украінцаў - шмат, а беларускіх, класічных "дарэвалюцыйных", выяўлена яшчэ малавата. Само слова "беларускі марак" гучыць усе яшчэ больш анекдатычна, чым сур'ёзна, хоць азёрна-рачная і балотная нацыя дачакалася ўжо кніжкі пра адміралаў, звязаных паходжаннем з Беларуссю.

Ведаючы месца, адкуль паходзіў капітан Хромчанка (варыянт, якім называлі Васіля, - Храмчанка (Храмченко)), мы не выключаем яго беларускае паходжанне ўжо нават па простай фармальнай прычыне, што на карце Я. Карскага Пагар і мясцовасці вакол яго змешчаны ўнутры "Границы белорусского племени", на крайнім паўднёвым усходзе, на падставе "белорусских говоров". Хромчанкаўскія Пасудзічы (каля 6 км па прамой на поўнач ад Пагара) самой назвай ўказваюць на прыналежнасць. Тапанімія на -чы, калі браць этнічныя тэрыторыі, - безумоўна найбольш характэрная беларусам.

Біяграма Хромчанкі ў слоўніку Рускай Амерыкі А. Грынёва (Гринев 2009) - адна з параўнальна вялікіх па памеры - 39 радкоў (напрыклад, пра не менш заслужанага падарожніка па акіянах Міхаіла Станюковіча - значна менш - 14). Нас найбольш цікавяць моманты, калі карабель Хромчанкі заходзіў у Нова-Архангельск і вывучаў вялікія ўчасткі берагоў Аляскі.

Хромчанка перакрыжоўваецца з Мікалаем Румянцавым, "графам Гомельскім", у прыватнасці ён згадваецца і тут: Блинов С. А., Пасецкий В. М. Граф Н. П. Румянцев и Русская Америка // Русская Америка, 1799-1999: материалы междунар. конф. "К 200-летию образования Российско-американской компании. 1799-1999". Москва, 6-10 сент. 1999 г. М., 1999. С. 183-196. У гэтым артыкуле або дакладзе, у сваю чаргу, аддалена "перакрыжоўваюцца" (г. зн. згадваюцца ў розных месцах 13-стронкавай публікацыі) індзейцы і Гомель.

У матэрыяле "Белыя індзейцы Рускай Амерыкі. Як разанскі марак шукаў на Алясцы сляды паселішча эпохі Івана Грознага" (разанскі марак - Аляксандр Авінаў) перад момантам, калі даецца слова Хромчанку (з яго дзённіка), ёсць спасылка на выснову Пятра Карсакоўскага: "Пра што Кадзьякская кантора мела ласку загадваць, то ўсё пустое і ніякіх звестак аб тым не атрымаў" (П. Карсакоўскі, падарожнік, адкрыцці якога часта "цытуюць", хаця і быў калужскім мешчанінам, дзякуючы свайму прозвішчу з вядомай у Беларусі асновай "Корсак" (Корсакі, Корсакавы) рана прыцягнуў нашу ўвагу - і гэтае пытанне пра карані застаецца нявырашаным).

"У далейшым іншы начальнік Рускай Амерыкі М. І. Мураўёў, які, трэба сказаць, не вельмі верыў у міфічных суайчыннікаў, якія пасяліліся ў старадаўнія часы на Алясцы, накіраваў у 1821 г. экспедыцыю, якая складалася з кампанейскіх судоў: брыга "Галаўнін" пад камандаваннем В. С. Хромчанкі і кутара "Баранаў", якім кіраваў А. К. Этолін. Сярод задач капітанам ставілася абвяржэнне або доказ існавання загадкавых паселішчаў. Хромчанкам і Этоліным таксама не было выяўлена ніякіх фактаў, якія сведчаць пра таямнічых "белых індзейцаў".

"Рашэнне даволі важнай задачы, якая доўга знаходзіцца нявырашанай: наконт белых людзей з бародамі, якія нібыта жывуць у Амерыцы, - пісаў В. С. Хромчанка ў пуцявым журнале, - цяпер ужо з дасканалай дакладнасцю мною вырашана і прытым даказана несправядлівасць ранейшых у гэтым чутак". ("Решение довольно важной задачи, долго пребываемой нерешенною: насчет белых людей с бородами, якобы живущих в Америке, ныне уже с совершенною достоверностью мною решена и притом доказана несправедливость прежних в сем слухов".)

Буйны ўклад у амерыканістыку (індзеяністыку)?

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, Indians, indigenas, indios de America y Belarus; вы можаце стаць героем артыкула пра сустрэчы з індзейцамі, калі апішаце іх.

Скокі ва ўсе бокі

Абласны конкурс танцу "Скокі ва ўсе бокі" завяршыўся. Узнагароды знайшлі сваіх герояў

Чатыры дзясяткі яскравых танцавальных нумароў, некалькі соцень танцораў і цэлы зоркапад падарункаў - такая "статыстыка" абласнога конкурсу танцавальных калектыўваў "Скокі ва ўсе бокі", які прайшоў у Смаргоні.

На Смаргоньскай пляцоўцы сваё майстэрства прадставілі калектывы з 14 раёнаў Гарадзеншчыны. 4 лістапада акрамя дарослых танцораў танцавальны конкурс аб'яднаў яркія калектывы творчых дзяцей у дзвюх намінацыях: "Народны танец" і "Сучасны, эстрадны танец".

Смаргоньшчыну прадстаўлялі два ўзорныя калектывы: ансамбль танцу "Вілляначка" дзіцячай школы мастацтваў атрымаў два Дыпломы за ўдзел у конкурсе, узорны фальклорны гурт "Нальшчаначка" Жодзішкаўскай сярэдняй школы - Дыплом за лепшую інструментальную ці аркестравую групу суправаджэння і Дыплом ІІ ступені у намінацыі "Народны танец" (дарослая ўзроставая катэгорыя). Дыпломам за высокі ўзровень падрыхтоўкі і правядзення абласнога конкурсу танцавальных калектываў "Скокі ва ўсе бокі" быў уганараваны раённы Цэнтр культуры.

Калектыў сучаснай харэаграфіі "Studance" Купалаўскага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам Дыяны Духаниной быў адзначаны дыпломам I ступені ў намінацыі "Сучасны, эстрадны танец", дарослая ўзроставая катэгорыя, за папулярызацыю харэаграфічнага майстэрства і ўдзел у абласным конкурсе.

Танцавальная група народнага ансамбля песні і танцу "Лідчанка" дзяржаўнай установы "Палац культуры горада Ліды" таксама паспяхова прыняла ўдзел у абласным конкурсе і вярнулася з узнагародай - дыплом ІІ ступені ў намінацыі "Народныя танец" (дарослая ўзроставая катэгорыя).

Танцавальныя спаборніцтвы штогод праводзяцца з мэтай вывучэння, аднаўлення і захавання традыцыйнай танцавальнай культуры, развіцця і прапаганды харэаграфічнага мастацтва і сучаснай харэаграфіі, развіцця творчых здольнасцей дзяцей і моладзі Гарадзенскай вобласці.

Паводле Галіны АНТОНАВАЙ, shliah.by. Фота аўтара.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX