Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 44 (96) 


Дадана: 01-11-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 44 (96), 1 лістапада 2023 г.

Памяць продкаў - усебеларускі культ

У канцы кастрычніка - пачатку лістапада, вызваліўшыся ад асноўных палявых работ, уся Беларусь успамінае продкаў. У праваслаўных гэты звычай прывязваецца да Змітраўскай (Дзедавай) суботы, а ў католікаў - да свята Усіх Святых і Дзядоў.

Як адзначыў лідскі дабрачынны Расціслаў Салаўёў, ва ўсіх храмах у гэты дзень здзяйсняецца памінальная служба. Змітраўская бацькоўская субота кожны год выпадае на розную дату, але заўсёды адзначаецца ў суботу перад днём памяці вялікапакутніка Зміцера Салунскага. Традыцыі ўспамінаць продкаў напярэдадні гэтай даты ўжо больш за 600 гадоў.

У гэтыя дні беларусы ўспамінаюць не толькі сваіх родных, але і знакавых для Беларусі людзей, якія ўжо пайшлі ў лепшы свет.

30 кастрычніка група лідзян наведала мемарыяльны крыж у ам. Беліца Лідскага раёна, які быў устаноўлены 8 верасня 2020 года, а сёлета быў дадаткова аздоблены. Былі запалены знічы і ўскладзены кветкі. Агулам было вырашана пытанне пра выяву Арханёла Рафала. Будзе выразаны барэльеф на камені.

Былі запалены знічы і на мемарыяле каля Малога Ольжава.

Ну, а наперадзе мерапрыемствы, звязаныя непасрэдна з Дзядамі.

Яраслаў Грынкевіч.

20-гадовы юбілей адзначыў Лідскі аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры

Установа культуры мае багатую гісторыю. На працягу вось ужо многіх гадоў творчы калектыў паспяхова рэалізуе задачу па захаванні і развіцці народных рамёстваў і традыцыйных промыслаў Лідчыны. Майстры "пішуць" слаўную гісторыю нашага краю, адраджаючы даўнія традыцыі продкаў, ствараюць сённяшнюю культурную спадчыну і перадаюць яе будучым пакаленням.

Мерапрыемства з нагоды ўрачыстасці прайшло ў цёплай абстаноўцы. Госці з парога акунуліся ў атмасферу свята і творчасці.

- У нашай установе працуюць самыя лепшыя людзі, спецыялісты высокай кваліфікацыі, - расказвае загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Алена Шчэліна. - Памятаю, як усё пачыналася: нехта прыйшоў на працу, будучы настаўнікам у школе, нехта ўвогуле не меў дачынення да традыцыйнай культуры. Але на сённяшні дзень магу з гонарам сказаць, што ў многіх толькі адзін запіс у працоўнай кніжцы. У нашай установе людзі працуюць і больш за дзесяць, і больш за дваццаць гадоў. І сёння яны застаюцца вернымі свайму выбару. Па працы бачна: тое, чым займаюцца нашы супрацоўнікі, яны любяць усёй душой, усім сэрцам, з поўнай адказнасцю адносяцца да сваёй справы. Прычым кожны - майстар на ўсе рукі: і спяваюць, і танцуюць, і працуюць разам у батлейцы, і распрацоўваюць свае асабістыя калекцыі. Накірункі розныя. Цудоўныя роспісы па дрэве, яйкі-"пісанкі" - гэта Марына Савіцкая. Захапляюць калекцыі ручнікоў Валянціны Сільвановіч, этнаграфічныя і фальклорныя лялькі, вырабы лапікавага шыцця Ірыны Дыдышка, кераміка і ганчарства Алены Свідэрскай, а самая лепшая калекцыя выцінанак Гарадзенскай вобласці ў Дар'і Шафак. Кожны супрацоўнік як брыльянт, у якога вельмі шмат граней. І ўсе гэтыя грані гавораць пра яго высокі ўзровень!

Жыццё ў калектыве кіпіць. Сёння супрацоўнікі аддзела ладзяць экспедыцыі, займаюцца зборам этнаграфічных рэчаў, элементаў адзення, прадметаў побыту, найбольш каштоўных мастацкіх вырабаў Лідскага раёна, а таксама вывучэннем рэдкіх узораў ткацтва, вышыўкі, дрэваапрацоўкі і іншых рамёстваў. Адно з самых значных дасягненняў - таленавітыя майстры наладзілі адраджэнне рэдкіх тэхнік ручнога ткацтва і актыўна працуюць над стварэннем новых вырабаў і элементаў сучаснага дэкору. Носьбіты традыцый разумеюць, што моладзь, выхаваная на мясцовай культуры, будзе душой прывязана да роднага краю і ўсвядоміць сябе адной этнічнай супольнасцю. Важную ролю адыгрывае і выхаваўча-эстэтычная функцыя тканых рэчаў. Дзякуючы супрацоўнікам аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры элемент "Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння" ў 2018 годзе ўключаны ў дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Шмат цёплых слоў гучала ў гэты дзень у адрас юбіляраў. Начальнік аддзела культуры Лідскага райвыканкама Наталля Леўшунова пажадала ўстанове развіцця і росквіту, а калектыву - новых творчых праектаў.

- Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры сёння з'яўляецца месцам адраджэння, захавання і распаўсюджвання традыцыйных рамёстваў, творчай лабараторыяй, дзе не толькі выкарыстоўваюцца страчаныя тэхналогіі, але і з'яўляюцца новыя прыклады майстэрства. Праекты, якія рэалізуюцца ў сценах установы, унікальныя. Але самае галоўнае, што кожны з іх - гэта вынік карпатлівай працы, яркі прыклад захопленасці сваёй справай, вялікай любові да народнай культуры. Жадаю калектыву толькі поспехаў, - адзначыла Наталля Фёдараўна.

Цяжка не згадзіцца з гэтымі словамі. Помніцца, у 2003 годзе, калі ствараўся Дом рамёстваў, не было ні майстэрняў, ні матэрыяльна-тэхнічнай базы. Усё даводзілася пачынаць з нуля. Алена Валянцінаўна Шчэліна сама збірала калектыў. І, што важна, людзі, якія ўліліся ў вялікую творчую сям'ю шмат гадоў таму, засталіся вернымі традыцыям і дагэтуль.

Не абышлося ў гэты дзень і без яшчэ адной значнай падзеі. У рамках "Свята ткацтва" адбылося адкрыццё выставы "Карункі" з этназбору аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры па Лідскім раёне. Кожная з работ, размешчаных у зале, зачароўвае і выклікае захапленне. Гармонія з навакольным светам, жаданне зрабіць яго яшчэ лепшым адчуваюцца ў калекцыі карункапляцення Марыі Шылкоўскай, сучаснага майстра па вязанні шыдэлкам. Сярод яе вырабаў дэманструюцца копіі ручніковых "зубоў", "прошвы" - прамавугольныя ажурныя ўстаўкі для абрусаў (настольнікаў) і навалачак на падушкі. Узоры запазычаны з арыгінальных аўтэнтычных экспанатаў з мэтай захавання і папулярызацыі кірунка дэкаратыўна-прыкладнога мастацства ХХ ст. Ёсць у Марыі і работы аўтарскай распрацоўкі.

- Карункі - гэта тэкстыльныя ажурнасеткавыя вырабы, у якіх узор утвараецца перапляценнем нітак, - заўважыла малодшы навуковы супрацоўнік аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Марына Савіцкая. - Агульнай іх прыкметай з'яўляюцца дзіркі розных дыяметраў паміж ніткамі, якія ўтвараюць узор. Карункі могуць быць як самастойным вырабам, так і элементам дэкору і аздабленнем ручнікоў, накідак, падузорнікаў, фартухоў. Выкарыстоўваюцца для ўпрыгожвання жаночай ніжняй бялізны, жаночых кашуль і галаўных убораў, а таксама ў афармленні інтэр'еру ў выглядзе дэкартыўных пано, цюляў, пакрывалаў.

Марына Савіцкая расказала гасцям выставы гісторыю развіцця і распаўсюджвання карункапляцення на тэрыторыі Беларусі, а яе калега Ірына Дыдышка - пра бытаванне гэтага віда дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на тэрыторыі Лідскага раёна ў ХХ ст. Яшчэ адным сюрпрызам стала дэфіле-паказ рэплік народных строяў канца XIX - першай паловы XX стагоддзя з тэрыторыі сучаснай Гарадзенскай вобласці. Рэплікі жаночай вопраткі стварыла творчая група аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, у якую ўвайшлі Ірына Дыдышка (навукова-даследчая праца), Марыя Шылкоўская (ткацтва палатна) і Марыя Андрушкевіч (пашыў адзення).

Свята ткацтва - вялікае свята! Яно завяршае Тыдзень традыцыйнай культуры "Ад даўніны да сучасных дзён", але працягвае добрую справу - знаёміць з гэтым унікальным рамяством. А каб гасцям і ўдзельнікам мерапрыемства было яшчэ і весела, а ногі самі кідаліся ў скокі, музычную праграму для іх падрыхтавалі ўдзельніцы народнага фальклорнага гурта "Талер".

Вольга Капцевіч.

Лідскі аддзел рамёстваў запрашае ў сувенірную краму!

Сувеніры ручной работы ў краме Лідскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры па адрасе г. ЛІДА, вул. Савецкая, 12.

Кубкі, званкі, магніты, вырабы з керамікі, тканыя вырабы і вопратка з нацыянальным арнаментам, сувенірныя лялькі, беларускія ручнікі, разнастайныя пано і дробная пластыка не толькі дзівяць сваёй унікальнасцю, але і адлюстроўваюць гісторыю, прыгажосць, пышнасць горада Ліды і ўсёй Беларусі.

Сувенірная крама працуе

Аўт. - Пт.: 10.00-19.00 (абед з 14.00-15.00).

Сб.: 10.00-14.00.

Працы вучняў курсаў керамікі Лідскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры

Вядзе курсы Алена Свідэрская, майстар па кераміцы, творчы чалавек з педагагічнай адукацыяй.

Курсы праводзяцца для дзяцей і дарослых. Запісацца можна, патэлефанаваўшы па тэл. 546248.

ТК "Культура Лідчыны".

Чарговы канцэрт-лекцыя ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся чарговы канцэрт-лекцыя, прысвечаны музыцы эпохі Барока (1600-1750) і Класіцызму (1750-1820). Еўрапейская музыка прыходзіла на Беларусь з захаду, і мясцовыя музыканты ўносілі свае рысы ў яе выкананне.

Музыказнавец Тамара Ліхач знайшла Нясвіжскія месы ў Нацыянальным гістарычным архіве.

- Месы сведчаць пра тое, што на тэрыторыі Беларусі існавала акадэмічнае мастацтва з навуковым падыходам, - пракаментавала такі факт Галіна Паўлаўна Цмыг. Радзівілы запрашалі еўрапейскіх музыкаў на Беларусь і самі ездзілі ў Італію, Францыю і Іспанію.

Члены інструментальнай і вакальных груп Музычнай капэлы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, выканалі канты і іншыя творы эпохі Барока і Класіцызму.

Эла Оліна.

КРЫНІЦА З БОСАЙ ВАДЗІЦАЙ

Сяргей Панізьнік

Зборнік вершаў для дзяцей

Малюнкі Меланні - дачкі Веранікі Панізьнік

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Выслоўі

Дзе корань нашай нацыі? У песні!

Вучуся весліць,

хачу і Прыбабунькі я стварыць:

- Узнесціся - не ўпасці!

- Вярнуцца - не прапасці!

- І нельга мову скрасці -

яна ў крыві гарыць!

На дабрыдзень!

Заўтра, веру, дзень шчаслівы прыдзе,

бо прашу я з радасцю:

- Прымі,

каб агучыць слова "На дабрыдзень!"

для сустрэчы з новымі людзьмі!

Пра зельнік

Мацярдушку пакладу я пад падушку:

- Будзь лагоднай - і не толькі вушку.

Ты парадуй сябрука, яго дачушку.

Заўтра зёлкі я збяру ім у кадушку.

Купалле

Вы слаўцеся, Ноч і Бор,

Вогнішча, Вусны, Словы!

Купальскі Гіпнатызёр

Чары паднёс, не дровы.

Вязынка - Рэжысёр:

спеліць нашы галовы.

П а х н е ч а б о р…

На Прычасце

Прыходзіць час, харошыя сябры,

з крыніцаў босых продкаў прычасціцца:

у іх звіняць іскрыначкі зары,

каб з будучыняй Бацькаўшчыны зліцца.

У падарунак

Не замежная, а заможная.

Не сумежная - падарожная.

Прыналежная - не парожняя,

непарушная і не скрушная…

З кожнай вестачкай асцярожненька

як нявестачка - ідзе пожанькай…

Мову зоўную даў нам Божанька.

На дыеце

І зноў у пакойчыку цішыня.

На Вечар накідваю хустачку.

З выпечанага вучобаю Дня

Ноч адкусвае крохкую лустачку…

Босыя дзівосы

Вясною Радзіма - неразгаданае Дзіва:

разлівы стагоддзяў па вечназялёнай траве.

Зіму мы прасілі:

- Не будзь ты пыхлівай:

хай з босай вадою і Май прыплыве!

Весніцы Вясны

Каб сябраваць, суседзіцца

і славіць родны дом, -

Душа, будзь не Мядзведзіцай,

а веснім Салаўём!

Прыпас

Будзем памятаць мы -

будуць помніць і нас.

І ў дзівосах зімы

не заблудзіцца Час.

Кожны новы ўрок - гэта ведаў прыпас.

Надзеяй жыць!

Жыві надзеяй! Для надзеі жыць -

паверыць: і падзея маладзея!

І як такім жыццём не даражыць?

Нам Беларусь - штодзённая надзея.

Радасць

Наша радасць не блукае:

зноў да шчасцейка вадзіла,

бо пагода была такая:

- І Сонца па зямлі хадзіла!

(Лірычны вобраз Сонца - з верша сястры Ніны).

У прыгодзе

Чытаю - і я ў прыгодзе:

мо кублы гудуць стагоддзі.

І заўтра чытво не стоміцца:

падзеямі дзень напоўніцца.

* * *

Зноў мяне выкаціць сонца

на босую гаць:

і з ім буду я бясконца

Беларусь цалаваць.

Будзіцель

Чытаючы, спыніў старонак рух.

І Словы папрасіў: усім гудзіце!

Уваскрасае Гераічны Дух,

калі гадуе нацыю Будзіцель.

Спаўняць!

Продкі павучалі ўсіх бацькоў калісьці:

- Вочы ў вочы!

- Сэрца ў сэрца!

- Мыслі ў мыслі!

Запаветы мудрасці

над жыццём навіслі,

бо ў рукі мне ляцелі

ахоўныя ключы

ад продкаў па кудзелі,

ад продкаў па мячы.

- Ку - Ку!

Зязюлька ўчапілася за вушка:

- Вось дзе маіх песняў лавушка!

Поўніца

У небе прыгожая Зорка

сачыла да раніцы зорка:

ці лушчыць арэхі Вавёрка?

Вавёрка старалася вёртка:

лушпаек сабралася горка

І мне ў падарунак ёсць пёрка,

Пішу - і на вуснах не горка:

рыфмуецца ў хаце гаворка!

Просьба Усявышняму

- Свяціся Імя Тваё!

- Прыйдзі Валадарства Тваё!

- Будзь Воля Твая,

як у Небе, так і на Зямлі!

Вераю, Сілай і Праўдай усіх наталі!

У прытульнасці

Весняцца не лесвіцы,

ля сядзібы - весніцы.

А хто ласкай свеціцца,

і ў застоллі змесціцца.

Паратунак

Ставіць Кропку трэба ў час -

ратаваць і сказ, і нас.

Заўтра будзе поўны клас -

Косак ажыве Парнас.

Мы сябрам складзём наказ:

- Усе Клічнікі - ў запас,

а Пытальнікам - адказ.

Кропка выратуе сказ.

Перакус

Што прыдумаў нам Вампір?

- Да кефіра вам - "магір",

малачко ёсць, вунь пламбір…

Сёння ваш я камандзір:

- Ешце, падрастайце

і бацькам надзею дайце!

- Мы з гарнірам - на турнір!

Будзе смачным і эфір!

(Вампір-вурдалак, які насылае прывіды. "Магір"-сухарык).

Шпакоўня

Маладзік між зорак бег

і святых нябесных лех…

Мне ён рыфму зняў са стрэх:

- Ахоўная Поўня

для Зорак - шпакоўня!

На вырост!

Дрэвы растуць галінамі,

людзі растуць Радзімаю…

У мацярык урастацца -

наша к л а с н а я праца!

З вясенніх разорак

Per aspеra ad astra -

"Праз церні да зорак"…

Каб нам не лайдачыць

гадоў і праз сорак, -

свой шлях узнадзеім

з вяcенніх разорак!

Годзе!

- Хто жыў пад кронаю Надзей?

- Я - Дабрадзея маладзей!

І ў самым першым школьным годзе

стаў пакланяцца я лістоце:

на дрэве ліст, у сшытку ліст…

А на маім алоўку - свіст.

Настаўнік супыняе:

- Годзе!

Ты сёння ў нас - Эквілібрыст!

( Эквілібрыст - цыркавы артыст.)

Веды - продкаў запаветы

Прачытай ты зранку вершы,

дзе ёсць рыфмы для дзяцей.

І калі ты - Грамацей,

на планетнай станеш цвержы

і Калумбам самым лепшым.

Том чытай і - узлятай!

Веды - дня заверша.

Юныя аўтары

І ранкам, і вечарам

мы рыфмай калючаю

калышам спрадвечную

Айчыну зыбучую.

Рупліўцы

Перад вучобай новай не скаруся.

Адкрыю для сябе чароўны Свет:

Першадрукар, Святар, Ратай, Паэт -

усе рупліўцы вечнай Беларусі!

Любоў-Айчына

Глядзелі ў натхненні на Поўню.

О, Неба, святым для нас будзь!

Хай нашу Айчыну Любоўю,

Вялікай Любоўю завуць!

Пажаданні

- Сто летаў, зімаў, вёснаў

і новых творчых вёслаў:

наведаць кожны востраў,

Планету скалануць,

у Космас зазірнуць:

а Нашы там жывуць?

У бабуліным агародзе

А вунь і зёлак вузялок:

Надсаднік, Блёкат, Казялок,

Гарчыўка з Чысцікам, Калган…

Народных лекаў - ураган!

Чэмер-Полымя

Чэрвень - месяц-чараўнік.

Ён да кветачак прынік, -

і не ўзяць рукамі голымі

язычок чырвоны Полымя.

Валадарыць чырвань чэрвеня -

маладая шчырасць Чэмера!

Позва

Мянушка, прызыўка і прозва…

І вось на паперы - позва:

з'явіца туды, дзе многа

іх - праведнікаў ад Бога.

Ёсць там для сяброў Грамады

Прычасце Святой вады.

Пачаткоўцы

- А ты цупкі, як той кот…

- Сёмы наступае год,

Хутка ў школу ў першы клас.

- А на мне чацвёрты пас!

- Пачатковец-папуас…

- Пойдзем разам на Парнас!

Там чакае нас Тарас -

выверыць любую тэму, абнадзеіць нас.

(Паэма "Тарас на Парнасе" створана Канстан-цінам Вераніцыным у 1855 годзе.)

Суайчыннасць

Для згоды-выгоды, для светласці-чыннасці

няма на Зямлі даражэй Суайчыннасці.

Дбайны Раёк

Хадзіў Раёк па ўсім полі,

збіраў Раёк па жменічцы,

па жменічцы да снапочка,

каб раслі сынок і дочка.

Выраслі сынок, дачушка.

Шэпча мне Багач на вушка:

- Дабрабыту з ураджаю!

Вам я шчасце памнажаю!

Хай налета вам Раёк

залаты нясе снапок!

(Раёк - апякун жніва. Багач - свята асенняга ўраджаю.)

Так і будзе!

Пасля ўрокаў быў абед.

Нам сказаў вясёлы дзед:

- Уступі на продка след -

пойдзе рэха на ўвесь свет!

Другі раздзел:

ЖЫЦЕНЬ

Жыцень

- Хто, скажыце, з намі жыў у жыце?

- Жыцень! Ім нам трэба даражыць

на зямельку палажыць,

каб снапамі акружыць.

І не прыдзецца тужыць:

будзем па жніву хадзіць,

ураджай з ім старажыць!

(Жыцень - дух палёў, багацця і дабрабыту, бог урадлівасці, гаспадар поля.)

Статус-кво

Дзень хавае пад брыво

Бацькаўшчыны "статус-кво".

Вечарэе хараство.

На планеце Эльдарада

я персона - не "нон грата"

і зусім не для параду.

Не, не будзе працы страта:

тыдню новы дзень - даплата,

каб займеў я першынство:

сярод вучняў "статус- кво",

з "босаю вадой" - пітво!

("Статус- кво" - існае становішча справы. Эльдарада - міфічная краіна золата, каштоўных камянёў. Персона "нон грата" - непажаданая асоба.)

Усмак!

- Ты - Дзень?

- Не, я Тыдзень!

- А наш настаўнік - Жыцень!

Аўторак - Рак?

Ён сёння - Грак!

І хто з ім зноў курлыча?

Няма ў Аўторка лыча…

А дзюбу-мілату

хто ўткне - у Сераду?

Ты, вучань, вер, не вер,

а Стораж наш - Чацвер!

І ў Пятніцы пятліцу

улез! Знайшоў работу:

дапытвае Суботу:

- Нядзеля не кудзеля,

штурхае Панядзелак?

…Той зняў свой андарак:

яму Аўторак - мак,

ўсе тыдня дні - усмак!

(Працяг у наступным нумары.)

Навіны Германіі

Шольц заявіў пра надзею Германіі на прыродны газ з Нігерыі

Германія, па словах Шольца, здабыла незалежнасць ад расійскіх паставак, але захоўвае значнае запатрабаванне ў прыродным газе, а ў будучыні - і ў вадародным паліве.

Германія зацікаўлена ў пастаўках газу з Нігерыі, якая валодае найбуйнейшымі запасамі ў Афрыцы, і вітае сумесныя ініцыятывы па пашырэнні рынку вадароднага паліва, заявіў нямецкі канцлер Олаф Шольц у інтэрв'ю газеце Punch у рамках свайго першага візіту ў краіну 29-30 кастрычніка.

- Нямецкія кампаніі зацікаўлены ў пастаўках газу з Нігерыі і спадзяюцца на супрацоўніцтва з нігерыйскімі газавымі кампаніямі, - сказаў ён.

Шольц паказаў, што ў Германіі ёсць значныя патрэбы ў прыродным газе, а ў будучыні і ў вадародным паліве, для падтрымання эканомікі і энергетычнага пераходу. Ён не назваў неабходныя Германіі аб'ёмы газу, сказаўшы, што пэўныя параметры будуць абмяркоўваць нігерыйскія вытворцы газу і нямецкія газавыя трэйдары.

Асобна канцлер згадаў, што Германіі за некалькі месяцаў мінулага года "ўдалося здабыць незалежнасць ад расійскага газу" за кошт скарачэння аб'ёмаў спажывання, пераходу на звадкаваны прыродны газ і пашырэння выкарыстання ўзнаўляльных крыніц энергіі.

Сумесная заяўка на правядзенне жаночага ЧМ у 2027 годзе

Германія, Бельгія і Нідэрланды падалі сумесную заяўку на правядзенне чэмпіянату свету па футболе сярод жанчын у 2027 годзе. Канцлер Шольц падтрымаў гэтую ініцыятыву.

Футбольныя федэрацыі Германіі, Бельгіі і Нідэрландаў афіцыйна прадставілі сумесную заяўку на арганізацыю і правядзенне жаночага чэмпіянату свету 2027 года. У галасаванні, якое адбудзецца ў наступным годзе, гэтыя тры федэрацыі маюць намер абыйсці канкурэнтаў пад дэвізам BNG2027, якія азначаюць як "Breaking New Ground" ("Адкрываючы новыя гарызонты"), так і "Belgium, Netherlands, Germany" (Бельгія, Нідэрланды, Германія).

Канцлер Германіі Олаф Шольц падтрымаў гэтую ініцыятыву:

- Для нас гэта была б вялікая падзея, калі гэты чэмпіянат свету змог бы прайсці і ў нашай краіне, - сказаў Шольц на сустрэчы з жаночай зборнай па футболе. Гульні павінны быць арганізаваны ў трох краінах кампактна, каб адлегласці паміж месцамі правядзення матчаў былі невялікімі. Плануецца, што ў Германіі матчы пройдуць у Дортмундзе, Кёльне, Дзюсельдорфе і Гельзенкірхене ў зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія.

Кіраўнікі трох федэрацый - Бернд Нойендорф (Германія), Паскаль ван Дам (Бельгія) і Юст Шпее (Нідэрланды) - заявілі:

- Мы ўпэўнены, што прапануем камандам-удзельніцам і заўзятарам з усяго свету турнір неперасяжнай якасці - унікальныя ўражанні і захапляльныя матчы на самым высокім міжнародным узроўні.

Рашэнне пра месца правядзення турніру павінна быць прынята 17 траўня 2024 года на кангрэсе Міжнароднай федэрацыі футболу (ФІФА) у Бангкоку. Канкурэнтамі Бельгіі, Германіі і Нідэрландаў лічацца Бразілія, ПАР, а таксама дуэт ЗША і Мексікі, якія разам з Канадай ужо прымаюць чэмпіянат свету па футболе сярод мужчын у 2026 годзе. У наступным годзе Германія стане гаспадыняй чэмпіянату Еўропы па футболе сярод мужчын.

36 разоў быў сватам на вяселлях…

Да 85-годдзя Янкі Саламевіча

Вельмі часта ўспамінаю свайго знакамітага земляка Янку Саламевіча (1938-2012) - беларускага энцыклапедыста, літаратуразнаўца, гісторыка, фалькларыста, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, які быў родам з вёскі Малая Кракотка, што на Слонімшчыне. Гутарыць з ім можна было бясконца, ён шмат ведаў, памятаў, распавядаў. Цікавейшага суразмоўцу я ў сваім жыцці больш так і не сустрэў. Ён ведаў сотні беларускіх песень, прымавак, жартаў, анекдотаў, жыццёвых сітуацый, тостаў, пажаданняў, прыпевак. За сваё жыццё Янка Саламевіч трыццаць шэсць разоў быў сватам на беларускіх вяселлях. І заўсёды іх вёў па-беларуску. Першае вяселле ён правёў у 1961 годзе, калі яму было ўсяго дваццаць тры гады. Да гэтага заўсёды прыглядаўся , як вядуць вяселлі старэйшыя сваты, якія прымаўкі кажуць, калі дзеляць каравай. А самым любімым пажаданнем маладым была ў Янкі Саламевіча вось гэта прымаўка: "Каб ваш ложак добра скрыпаў і праз годзік сынок выпаў".

Незадоўга да яго смерці я зрабіў з ім вялікае інтэрв'ю. Тады мы гутарылі пра ўсё: і радзіму, і сяброў, і фальклор, і энцыклапедыі, і літаратуру. Але, калі ішла размова пра вяселлі, ён проста рабіўся на міг шчаслівым ад успамінаў і задавальнення. І пачынаў расказаваць пра вясельныя зычэннні і дабраслаўленні. А я толькі паспяваў запісваць. На вяселлі ў Салігорскім раёне казалі: " Дару вам кляновы ліст, каб першы сын быў трактарыст, гарманіст, танкіст і г.д.". Цяпер, праўда, не жадаюць гэтага, а жадаюць, каб сын быў праграміст, эканаміст, фінансіст. А вось яшчэ некалькі вясельных зычэнняў, пачутых ад Івана Уладзіміравіча: "Дару хлеба акрайчык, каб быў сын Мікалайчык. Дару грошы, каб быў мужык харошы. Дару віна бочку - на сына і дочку. Дару жменю медзі, каб дзеці былі, як мядзведзі. Дару мех буракоў, каб не называлі адно аднаго дураком. Дару бытам добрым, векам доўгім і моцным здароўем. Дару торбу грэчкі, каб не было між маладымі ніколі спрэчкі. Дару мерку гліны, каб хутчэй клікалі на хрысціны. Дару чатыры падушкі, каб мелі чатыры дачушкі. Дару грошы медныя, каб ніколі не былі бедныя…" І, нарэшце, да музыкаў, якія добра ігралі, сват звяртаўся так: "Дзякуй, хлопчыкі, за тое, што ігралі, а найболей за тое, што іграць перасталі!".

Янка Саламевіч быў вялікім беларускім энцыклапедыстам, роўнага якому ў Беларусі сёння няма. Я шмат гадоў з ім сябраваў, сустракаўся, ліставаўся. З ім цікава было знаходзіцца на розных мерапрыемствах, фэстах, вяселлях, сустрэчах. Іван Уладзіміравіч мог так развесяліць грамаду, што людзі проста "рвалі" жываты ад смеху, бо ён выдатна ведаў беларускі гумар, фальклор, ён умеў прыкмеціць і запомніць нейкае добрае слоўца, выраз, прымаўку. А пра землякоў сваіх з Вялікай Кракоткі Слонімскага раёна пісьменнік мог распавядаць бясконца. Прыгадаўся прыклад пра тое, як на судзе пры Польшчы судзілі беларускага селяніна. Пракурор кажа: "Прошэ паньства, оскаржоны обзывал сонсяда псэм", а абвінавачаны суседу ў адказ: "Сабака ты, сабака! Калі я на цябе казаў пес?!". Ці пра тое, як вясковая жанчына корміць бацюшку: "Ешце, ойча, ешча". "Ем, ем, дарагая!" - адказвае бацюшка. "Ой, што вы тут ясце, гаўно вы ясце!" - чуе ў адказ.

А як Янка Саламевіч файна згадваў сваіх бацькоў, іх крылатыя выразы, прымаўкі, слоўцы. Прывяду некалькі прыкладаў. Бацька пра маму, якая пачынала драмаць перад тэлевізарам і дзяўбці носам, казаў: "О, ужэ жыдоў возіць!". А пра сучасную моладзь яго бацька казаў: "Вянец пад плотам, а вяселлё потым". Мама Янкі Саламевіча часта загадвала малым дзецям такую загадку: "Суну-пасуну, Трахім смяецца". Ніхто з дзяцей ніколі не адгадваў яе. Потым яна тлумачыла: "Месяц відзён, калі адсунуць юшку ў коміне!". Мой зямляк да апошніх дзён памятаў розныя вясковыя кракоцкія выразы і тыя, якія яму казалі бацькі: зняхаліся (гэта значыць злюбіліся), спадніца тоўста, як падруба; далікатны, як панскі цюцька; вада халодная, аж у зубы заходзіць; ідзе, як назаўтра; пляце смалянога дуба (гаворыць абы-што); ужэ налавіў рыбы (нацубарыў у пасцель) і г.д.

Яшчэ са школы Янка Саламевіч ведаў на памяць шмат вершаў, асабліва любіў Якуба Коласа. З трох гадоў ён дэкламаваў перад дарослымі "Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому". Гэты навучыў бацька, відаць таму, што рэаліі верша былі яму, як селяніну, блізкія, родныя, зразумелыя, ды яшчэ вельмі цанілася тое, што паэт пісаў "складно". Да самай смерці мой зямляк памятаў, як мама ткала кросны, а ён, ужо школьнік, чытаў ёй "Новую зямлю". "От, халера, як складно ён піша, як у нас гавораць", - рэзюмавала жанчына. У душы земляка на ўсё жыццё засталіся самыя светлыя, самыя цёплыя ўспаміны пра паэму Якуба Коласа "Сымон-музыка", якую любіў заўсёды. Бо гэта была кніжка, над якой ён плакаў. Яму бясконца было шкада герояў, так горасна адчувалася, калі Сымон расстаецца з Ганнаю. "Слёзы плылі самі. Каровы, праўда, не разумелі, чаго гэта малы пастух плача над нейкаю кніжкаю, хоць яны ўсё бачылі. Было гэта ранічкай каля Ецявічавага агароду (так у нас завуць алешнік каля пашы), вельмі рана, бо сонца яшчэ не ўсходзіла, раса была халодная", - прыгадваў Іван Уладзіміравіч.

За год у школе, дзе вучыўся Янка Саламевіч, ставілі па чатыры п'есы - да Новага года, Першамая, у верасні, калі пачыналіся заняткі, і да Кастрычніцкіх святаў. І калі яны паспявалі?.. Даводзілася вучыць ролі, а гэта, як ні кажыце, развівала памяць у вясковых дзяцей. На рэпетыцыі поначы, у страшэннай цемры, хоць вока выкалі, адзін Янка хадзіў з Малой Кракоткі ў Вялікую Кракотку восенню па гразі. Вось якая была любоў да спектакляў.

Недзе падсвядома наіўна і яму хацелася быць артыстам. І тады пачаў пісаць вершы. Пісаў па-беларуску і па-руску. Вельмі саромеўся, калі аднойчы Алег Антонавіч Лойка на беразе Шчары прафесійна разабраў іх. Параіў пісаць толькі на роднай мове, бо руская мова не натуральная, з беларусізмамі. А ён думаў, што яго рускія вершы лепшыя за беларускія. Яшчэ Алег Антонавіч параіў ісці на філфак БДУ, бо вясковы юнак збіраўся паступаць на гістарычны факультэт. Аднойчы Алег Антонавіч нават запытаў у яго, якія раманы Тургенева ён ведае. Янка назваў амаль усе. Алег Антонавіч сказаў, што столькі ведае не кожны студэнт. Так слонімскі юнак апынуўся на філфаку.

Пасля ўніверсітэта Янка Саламевіч абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную Міхалу Федароўскаму як фалькларысту. З 1968 года працаваў у выдавецтве "Беларуская Энцыклапедыя", спачатку старэйшым навуковым супрацоўнікам, потым загадчыкам навуковай рэдакцыі народнай асветы і беларускіх слоўнікаў, вядучым рэдактарам, потым вядучым рэдактарам рэдакцыі літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі.

У 1972 годзе з друку асобнай кнігай выйшла манаграфія Янкі Саламевіча "Міхал Федароўскі", прысвечаная чалавеку, які выяўляў мастацкія здабыткі беларускага народа і тым самым прычыніўся да паўнейшага раскрыцця духоўнага вобліку беларусаў перад светам.У кнізе ён разгледзеў і прааналізаваў жыццёвы і творчы шлях і навуковую дзейнасць Міхала Федароўскага, звяртаючы ўвагу не толькі на яго песенную спадчыну, як гэта рабілася дасюль польскімі вучонымі, але і на казкі, прыказкі, загадкі, паданні, легенды, замовы і анекдоты.

Потым з друку выходзіць першы ў Беларусі "Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў. XVI-XX стагоддзяў" (Мн., 1983). Шмат гадоў Іван Уладзіміравіч яго дапаўняў, марыў выдаць гэты слоўнік у трох тамах, потым хацеў убачыць яго хоць у двух тамах, але мара даследчыка не ажыццявілася. Да сённяшніх дзён слоўнік псеўданімаў і крыптанімаў Янкі Саламевіча так і не з'явіўся.

Гэта ні хто іншы, як Янка Саламевіч увёў у навуковы ўжытак невядомыя матэрыялы, звязаныя з жыццём і творчасцю Францішка Багушэвіча, Янкі Лучыны, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Адама Гурыновіча, Максіма Гарэцкага, Гальяша Леўчыка, Зоські Верас, Уладзіміра Дубоўкі, Рамуальда Зямкевіча і многіх іншых. Ім напісала сотні артыкулаў для энцыклапедый, газет і часопісаў, календароў і даведнікаў. Янка Саламевіч з'яўляецца складальнікам кароткага бібліяграфічнага даведніка "Беларускі фальклор", зборнікаў "Беларускія загадкі", народных скорагаворак "Мама Мышка сушыла шышкі", літаратурна-мастацкіх календароў "Кола дзён" (1987, 1988) і г.д.

Напачатку 1980-х гадоў разам з іншымі філолагамі Янка Саламевіч вёў на беларускім тэлебачанні цудоўную перадачу "Роднае слова". А яшчэ ён займаўся перакладамі. У 1997 годзе ў выдавецтве "Полымя" асобнай кніжкай пабачылі свет успаміны Леана Патоцкага пра Тышкевічаву Свіслач, Дзярэчын і Ружану ў перакладзе Янкі Саламевіча. Перакладчык адразу гэтую кнігу выслаў мне ў Слонім з аўтографам: "Сяргею Чыгрыну - рупліўцу на роднай ніве, ад перакладчыка Янкі Саламевіча. Мінск, 8 лютага 1998 г.".

Падчас адной з сустрэч з Іванам Уладзіміравічам мы неяк пачалі гутарку пра фрывольны фальклор, які ў Беларусі слаба даследаваны. Тады мне Янка Саламевіч і распавёў трохі пра беларускі фрывольны фальклор. Сёе-тое я паспеў запісаць. Вось некалькі такіх запісаў-успамінаў:

- Калі ляжаў я ў бальніцы, у галаву пачаў лезці гэты самы фрывольны фальклор. Я пачаў яго запісваць. Ніл Гілевіч, калі мы сустракаліся на яго кватэры, аднойчы сказаў, што такі фальклор у нас вельмі багаты, але пакуль ніхто яго не выдаваў асобным томам ці тамамі. Некалі ўкраінскі фалькларыст Уладзімір Гнацюк назбіраў украінскага фрывольнага фальклору на некалькі тамоў. Але выдаў 2 тамы па-нямецку. Прапаў увесь цымус.

Наш зямляк з вёскі Вяценеўка Дзмітрый Супрун пачуў у Жыровічах: "Каб ты ўсраўся на вяселлі" і праклён: "Каб тваю хату жабракі абміналі!". На экспромт Рыгора Барадуліна:

Памёр Бальзак,

Памёр Уну,

Сумуй, труна,

Па Супруну.

Дзіма адказаў імгненна, і, па-мойму, здорава:

Даўно сумую

Па труне,

Ды як тут будзе

Без мяне.


Некалі Рыгор Барадулін пад псеўданімам Алесь Чабор надрукаваў у "ЛіМе" (1963, № 84) такую пародыю на Алега Лойку (Лойка, праўда, думаў, што аўтар - Пятрусь Макаль):

З БДУ выходзяць у людзі,

Расце ў СП кандыдатаў праслойка.

Калі зусім на рыфмы забудзе,

Дык акадэмікам стане Лойка.

Якубу Коласу прыпісваюць словы, што найчасцей кажуць на вяселлях. Алег Лойка сцвярджаў, праўда, што гэта, мо, народныя словы з Мікалаеўшчыны:

Душа ў гарэлцы меру знае,

І лішку не бярэ ніколі -

Як ракам стаў,

Дык і даволі…

Памятаю, адзін раз зайшоў да Алега Лойкі. Туды заходзіць якраз Уладзімір Караткевіч. Ён так цікава заўсёды расказваў, нібы пісаў. Апавядаў пра адзін заходнебеларускі каляндар, дзе былі партрэты беларускіх паслоў і грамадскіх дзеячаў з рознымі подпісамі. Янку Станкевічу далі подпіс: "Не прымкнуў ні да якога клюбу". Калі мне тут жа падпісваў сваю "Матчыну душу" Уладзімір Караткевіч, то напісаў: " Ад аўтара, які не прымкнуў ні да якога клюбу".

Янка Саламевіч любіў лавіць яркія, гаваркія словы, фразеалагізмы - асаблівасці любой мовы. Ён у мяне пытаўся: ну скажы, у каго ты сустракаў слова "аб'ясніць"?.. А даследчык фальклору ў рукапісе Янкі Купалы ў яго музеі трапіў на такі радок: " Няхай цябе аб'ясніць розум ясны". Здорава, праўда!

Бацька яму некалі казаў: "Мёрзлая зямля заскалела" (стала цвёрдаю як скала). Ён успамінаў аднаго жыхара Кракоткі, які еў блінцы: сем мазаных, сем нямазаных, сем сухама - збольшага перакусіў. І яшчэ чуў: маленькі хлопчык, не проста хлапчаня, а хлапчачок, не зладзейчык, а зладзяйчук. "Тоўсты чалавек - паўтарак, раскалі - два будзе".

Цётка Надзя ў Слоніме пляменніку казала: "Нейкія гэтыя картоплі патрупяшалі". У вёсцы Янкі Саламевіча мовілі так: "Сучка маленька, нізенька, як слончык на чатырох ножках". А гэта некалі пачуў ад свайго бацькі: "Ідзе нага за нагу, як назаўтра; е што гаварыць, ды німа чаго слухаць; з носа кап, ды ў рот хап; здохлік (той, хто кепска есць); трыбухлей (з вялікім жыватом); ужэ наш суп у сватэ збіраецца (пачаў кіснуць) і г.д…

Наогул, пра Янку Саламевіча можна пісаць і ўспамінаць шмат. Не ведаю толькі, калі і хто збярэ яго шматлікія артыкулы і гутаркі з ім пад адну вокладку і выдасць асобнай вялікай кнігай. Яго працам заўсёды былі ўласцівыя глыбіня аналізу, добрае валоданне матэрыялам і мастацкім словам.

29 кастрычніка Янку Саламевічу споўнілася б 85 гадоў з дня нараджэння. А яго ўжо 11 гадоў няма сярод нас. Шкада…

Сяргей ЧЫГРЫН. Фотаздымкі з архіва аўтара.

Дзяды. Беларускія народныя звычаі

Беларускі народ захаваў мноства старадаўніх звычаяў і абрадаў, звязаных, бадай што, з усімі акалічнасцямі індывідуальнага і сямейнага жыцця чалавека. Багацце гэтых абрадаў робіць магчымым узнавіць не толькі мінулае беларускай нацыі але і параўнаць іх са звычаямі іншых славян. Агляд беларускіх звычаяў не можа не ўмацоўваць веру ў іх дахрысціянскае паходжанне. Праўда, мы знаходзім у іх і хрысціянскія элементы, але гэтыя элементы, хутчэй за ўсё, з'яўляюцца больш познім укладам, верхнім пластом над старым паганствам.


Да цікавых беларускіх звычаёвых абрадаў адносяцца "Дзяды" - свята, прысвечанае памяці памерлых продкаў, без адрознення полу, а часта і ўзросту. Культ продкаў у перакананні беларускага народа ёсць актам удзячнасці ім. Бо, пераважна, менавіта яны будавалі сялібы, іх працай была створана гаспадарка з сямейным дабрабытам і за гэта продкам выказвалася ўдзячнасць.

"Дзяды" святкуюцца 4 разы ў год: восеньскія Дзяды ў суботу перад 26 кастрычнікам па старым стылі - так званая "Змітраўка" (ад св. Дзмітрыя), зімой - у тлустую суботу (часы апошніх дзён перад вялікім пастом), вясной - так званая "Радуніца" (першы аўторак пасля Вялікадня), і ўлетку - так званыя Траецкія ці Духаўскія дні (субота перад Зялёнымі святамі). Аднак, у некаторых месцах Дзяды святкуюць толькі тры ці два разы ў год (напрыклад у Гарадзенскім павеце) - за тыдзень перад адвентовым пастом ці за тыдзень перад пачаткам вялікага паста. Не паўсюдна святкуецца і "Змітраўка".

Хаця "Дзяды" звязаны з памінаннем нябожчыкаў у царкве ці касцёле, але да гэтых абрадаў яны маюць вельмі малое дачыненне. Напрыклад, беларусы вельмі проста могуць абысціся без святара падчас пахавання, але лічаць злачынствам не выканаць народны абрад пахавання "хаўтуры".

Самымі важнымі з'яўляюцца восеньскія дзяды. Перад "Змітраўкай" пачынаецца генеральная прыборка: шаруюцца лавы і сталы, мыецца усё - каб "дзядам" не было дрэнна ў бруднай хаце. Гэты дзень звычайна закончваецца лазняй у якой па-чарзе мыюцца мужчыны і жанчыны. Звычайна, пасля мыцця пакідаюць вядро з вадой, каб "дзяды" таксама маглі памыцца, таму гаспадары імкнуцца самім зрабіць гэта раней, каб не перашкаджаць "дзядам".

На раніцы пачынаюць гатаваць стравы. Колькасць іх залежыць ад заможнасці гаспадароў і мясцовых звычаяў - можа даходзіць да 12 - 15. У некаторых мясцовасцях святкаванне пачынаецца зранку, тады гэта "сняданак", у іншых - увечары, тады гэта "вячэра".

Калі ўсё гатова да свята, папярэдне прачытаўшы кароткую малітву, сям'я і дамачадцы, апранутыя ў святочнае адзенне, разам сядаюць за стол. Перад абразамі запальваецца "грамнічка". Потым той, хто чытае малітву, кажа:


Святыя дзяды, клічам вас,

Святыя дзяды, ідзіце да нас!

Ёсць тут усё, што Бог даў,

Што я для вас ахвяраваў.

Чым толькі хата багата.

Святыя дзяды, просім вас,

Хадзіце, ляціце да нас!


Варта адзначыць, што на "дзяды" забіваюць папярэдне адабраную авечку ці парсючка.

Выкліканне памерлых не ўсюды аднолькавае. Пасля выклікання, гаспадар дома налівае кілішак гарэлкі, капае дзядам некалькі кропель на абрус і, памянуўшы нябожчыкаў, выпівае. Потым так робіць жонка і па-чарзе ўсе прысутныя за сталом. З кожнай стравы выдзяляюць частку для "дзядоў", кладуць яе на талерку для памерлых, якую ставяць на акне ці на падстаўку за акном.

Падчас вячэры патрабуецца асабістая сур'ёзнасць і абавязковая размова пра памерлых, пры гэтым не можна згадваць іх правіны. Нельга таксама падымаць ежу, якая ўпала на падлогу, бо гэта значыць: "Нехта есці хоча". Каб душам памерлых было прасцей увайсці ў хату, вокны, коміны або дзверы пакідаюць напаўзачыненымі.

Пасля вячэры прамаўляюць малітву і пасля яе звяртаюцца да памерлых:


Святыя дзяды!

Вы сюды прыляцелі,

Пілі і елі,

Ляціце ж цяпер да сябе!

Скажыце, чаго вам патрэбна?

А лепей, ляціце да неба!

А-кыш, а-кыш!


Пасля святкавання ўстаюць усе разам, бо таму, хто ўстаў раней, пагражае хуткая смерць. Са стала звычайна не прыбіраюць ці пакідаюць на ім хлеб і соль. Згодна з гэтым павер'ем, калі наогул не святкаваць, дык дзяды-нябожчыкі будуць вельмі незадаволеныя.

Зімовыя "дзяды" нічым не адрозніваюцца ад восеньскіх. Падчас восеньскіх і зімовых дзядоў, звычайна не наведваюць памерлых на могілках.

Вясеннія "Дзяды", альбо Радуніцу (у Гарадзенскім павеце яна мае назву: "Стары Вялікдзень", ці "Старая Вялікая ноч") святкуюць на могілках. Для гэтага гаспадыні гатуюць шмат ежы і напояў. Усе прыходзяць на могілкі і, убачыўшы магілы сваіх блізкіх, пачынаюць "галасіць" (лямантаваць). У гэты час мужчыны развязваюць воркі (торбы), дастаюць асвячоныя яйкі і качаюць іх па магіле, кажучы: "Хрыстос уваскрос". Калі на могілках ёсць духоўная асоба, тады каля магілы адпраўляецца набажэнства, а калі няма, дык самі прысутныя чытаюць кароткую малітву. Потым на больш зручнай магіле сцелюць абрус, раскладаюць ежу і пачынаюць свята. Завуць нябожчыкаў на пачастунак, выліваюць гарэлку на магілу, кладуць ежу для нябожчыкаў. Лямант пераходзіць у выпіўку. Настрой паляпшаецца. Усё гэта часта заканчваецца бойкай ці нават калецтвам. Словам - старая паганская "трызна".

На Радуніцу на магілах ставяць свежыя крыжы. Старых крыжоў рамантаваць нельга.

"Траецкія Дзяды" адрозніваюцца да Радуніцы толькі тым, што на могілкі прыносяць бярозавыя дубцы, якімі вымятаюць магілы, а пафарбаваныя ў зялёны колер яйкі з'ядаюць усе, апрача апошняга яйка, якое пакідаюць для жабракоў.


Прыведзенае вышэй апісанне "Дзядоў" можа святкавацца па-іншаму ў розных месцах. Практычна кожная мясцовасць мае свае ўнікальныя традыцыі, але ў галоўным, яны мала чым адрозніваюцца ад вышэйзгаданых.

Урачыстасці беларускіх католікаў адрозніваюцца ад праваслаўных толькі датамі святкавання, а абрады адны і тыя ж самыя.

Насельніцтва не можа растлумачыць прычыну ўзнікнення некаторых абрадаў: "Так ужо рабілі нашы бацькі і дзяды, так будуць рабіць і нашы дзеткі".


Ostoja [верагодна, Лявон Вітан-Дубейкаўскі] “Dziedy”. Fragment z białoruskich ludowych zwyczajów // Kurjer Wileński. 1934. № 328.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

Некралогі па Альбіну Стаповічу

С. п. Альбін Стаповіч

Колькасна невялікая беларуская інтэлігенцыя ў Вільні панесла цяжкую страту. У поўнай сіле памёр выбітны і высокаадукаваны чалавек з шырокім кругаглядам. Мы мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца са сп. Альбінам Стаповічам, бо ён на працягу некалькіх гадоў з'яўляўся сталым супрацоўнікам нашага выдання, друкаваў артыкулы, якія пераважна інфармавалі пра беларускае жыццё, яго патрэбы, недахопы і дасягненні. Гэтыя артыкулы падпісваліся па-рознаму але часцей за ўсё крыптанімамі Al. S. ці S icz і заўсёды вызначаліся аб'ектыўнасцю і вытанчанасцю меркаванняў пра узаемаадносіны ўнутры беларускага грамадства. Супрацоўнічаючы з беларускай хрысціянскай дэмакратыяй і дэманструючы ёй свае сімпатыі, А. Стаповіч быў далёкі ад вузкапартыйных забабонаў і ў ацэнцы асоб і падзей кіраваўся толькі клопатам пра карысць для грамадства, не ўдзельнічаў у партыйных бойках, якія пры сучасных умовах беларускага жыцця лічыў фатальнымі.

Ён не меў адмысловай схільнасці да палітыкі, але быў паслом у Сойм ад БХД у 1926-1930 гг. Перад усім яго цікавілі справы культуры, і ён меў вялікія заслугі перад ёй. Быў адданым музыказнаўцам, шмат працаваў, пісаў і ствараў у гэтай галіне. Яго вялікі нарыс пра беларускую музыку мы надрукавалі ў нашым выданні ў № 20-22 за 1932 г.

С. п. Альбін Стаповіч нарадзіўся ў 1894 г. у вёсцы Барань Свянцянскага павета і быў братам вядомага беларускага паэта кс. Казіміра Стаповіча (Сваяка), які памёр некалькі гадоў таму і быў пахаваны на Росах. 19 снежня каля магілы брата быў пахаваны і Альбін.

Над адкрытай магілай развітальнае слова сказаў старшыня Цэнтральнай управы Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры кс. В. Гадлеўскі, асірацелы беларускі касцельны хор, стваральнікам і кіраўніком якога быў нябожчык, па-беларуску адспяваў "Анёл Панскі", пасля чаго глуха пасыпаліся камякі мёрзлай зямлі на вечка труны, якая ляжала глыбока ў доле. З цяжкім сэрцам ад'язджалі з Росаў у цёмны снежаньскі вечар сябры і знаёмыя нябожчыка. Яго заўчасная смерць пасля адносна нядоўгай хваробы стала для ўсіх балючай нечаканасцю.

a. [Людвік Абрамовіч] Z żałobnej karty // Pregląd Wileński. 1935. № 1. S. 6–7.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

С. п. Альбін Стаповіч

Яшчэ адна выбоіна ў без таго не лішне густых радах віленскай беларускай грамады, коштам якой на Горцы літаратараў на могілках Росы ў Вільні вырас сёлета яшчэ адзін новы капец.

Паміж жывымі падарожнікамі па здрадлівай земскай каляіне не стала святой постаці АЛЬБІНА СТАПОВІЧА сумленнага працаўніка для беларускай справы на ўсіх даступных яму дзялянках працы, як сваіх родных, так і далёкіх, замежных.

Вестка аб неспадзяваным адыходзе с.п. п. Альбіна Стаповіча ў беспаваротную вечнасць іскрай абляцела 18 снежня не толькі Вільню, але і правінцыю, прыводзячы кожнага даслоўна ў аслупяненне. Бо ж лічаныя толькі асобы сёе-тое ведалі аб хваробе ягонага аслабленага сэрца, ды і тыя не здагадваліся, што так няўхільна евангілічная праўда аб няведанні "дня і гадзіны", з каторымі абры ваецца містэрная нітка людскога жыцця.

І гэта нітка абварвалася … Нечакана …

***

С. п. п. Альбін Стаповіч, родны брат таксама ўжо нябожчыка, Казіміра Сваяка (кс. К. Стаповіча), радзіўся 18 сакавіка 1894 г. у сялянскай сям'і вёскі Барані, Свянцянскага пав. Па пачатковых навуках ў блізкіх Жукойніцах і сярэдніх (Музыкальная школа імя Мантвіла) у Вільні, А. С. апынуўся аж у далёкай Казані на Волзе, дзе адначасна з працай на жыццё ён далей вучыўся ў тамашнім універсітэце, а пасля ва ўніверсітэце Віленскім (ад 1921 г.). Тут ужо, у Вільні, нябожчык быў чынны: як настаўнік Віленскай Беларускай гімназіі, супрацоўнік, а пасля і выдавец "Беларускай Крыніцы", старшыня Віленскага аддзела Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, сакратар Цэнтральнага ўраду таго ж Інстытуту, віца-старшыня ЦК БХД і пасол у сойм ад імя той жа БХД (1928-1930), супрацоўнік шматлікіх беларускіх газет і часопісаў, пільны рэферэнт беларускіх спраў ў прэсе загранічнай і наогул небеларускай, ініцыятар і закладнік вольных дыскусійных вечароў, вядомых як "Пятніцы", урэшце - кіраўнік Беларускага касцельнага хору ў Вільні.

Аб гэтай апошняй працы трэба сказаць некалькі слоў асобна, бо нябожчык быў перад усім мастаком-музыкам, займаючыся сістэматычна песняй беларускай наогул і касцельнай у асобнасці. Пяру нябожчыка належыць цэлы рад нарысаў аб беларускай песні і самых песняў, раскіданых у розных выданнях, а яшчэ больш у дагэтуль невядомых рукапісах. З выдадзеных асобна, заслугоўвае на ўвагу гімн Беларускага інстытута Гаспадаркі і Культуры на чатыры мяшаныя галасы: "Дзе чутны мовы нашай гукі", да каторага нябожчык напісаў не толькі музыку, але і словы.

Пры месцы трэба зазначыць, што нябожчыку зусім не чужой была паэтыцкая ліра брата ягонага К. Сваяка, і таму шмат песняў, кампанаваных нябожчыкам, належаць яму не толькі ў музыцы, але і ў словах.

Быццам у прачуцці блізкага канца сваёй падарожы, нябожчык апошнім часам ўзяўшыся быў асабліва за збіранне і парадкаванне таго, што паспеў зрабіць за нядоўгае сваё жыццё (памёр на 41 годзе жыцця). Трапнае слова і вострае пяро ўсё мацней пачынала служыць бічаванню падмечаных недахопаў нашага жыцця. У галіне музыкі беларускай нябожчык склаў план выдавецтва беларускіх народных і касцельных песеннікаў. З гэтага плану нябожчык паспеў выканаць толькі частку: апрацаваў першы том, які ўжо нават здадзены ў друк - суджана яму будзе аднак з'явіцца ўжо як пасмертнае выданне. Усё дальшае, на вялікі жаль, засталося ў няспоўненых праектах і чакае на … сумленнага наступніка.

Гэтак - у грубых рысах - прадстаўляецца асоба нябожчыка, св. пам. Альбіна Стаповіча, на паховіны якога дня 19 снежня сабраліся ўсе, хто толькі мог. Прышлі развітацца: хто са знаёмым і супрацоўнікам, хто - з таварышам і прыяцелем, хто - з блізкім і родным, а ўсе разам - з ідэйным беларускім культурным работнікам.

Жалобнае набажэнства і такі ж кандукт вялі ксяндзы-беларусы: А. Станкевіч і В. Гадлеўскі, а апошняе слова над труной нябожчыка сказаў і развітаўся з ім ад імя ўсіх беларусаў кс. В. Гадлеўскі, старшыня Цэнтральнага ўраду Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Літургічныя спевы выканаў, як ўмеў, саматужна, асірочаны Беларускі касцельны хор, каторага нябожчык быў закладчыкам і ахвярным кіраўніком.

На Росах, побач з магілкай К. Сваяка, вырас новы капец, які схаваў у сябе на вякі св. пам. Альбіна Стаповіча.

Зямелька родная, лёгкай будзь ягоным цялесным астаткам, а Светласць бязустанная свяці Душы ягонай на векі.

Клімовіч Адольф. С. п. Альбін Стэповіч // Беларуская Крыніца. № 48 (593), 25 снежня 1934.

Новая магіла …

Умаўляюся з наборшчыкам. Значыцца, пасля першага будзем друкаваць.

- Сёння, - кажа - набралі абвестку аб смерці Стаповіча.

- Што? Які? Калі?

- Альбін …

Лячу хутчэй на вуліцу. Ля гімназіі павінны быць клепсыдры. Няма. Забягаю ў кнігарню.

- Чулі? Памёр …

- Чулі …

А яшчэ так нядаўна… Памятаю - ішлі разам з ім са зборкі літаратараў нашых. І чуў я, што ён з намі, маладымі.

- Вы не ідзіце з імі - казаў ён аб некаторых "літаратарах", - гэта - зношаная публіка, нічога яна не створыць … Шмат гаварылі. Развіталіся. Пайшлі сваімі дарогамі.

Прыпамінаецца вясенні вечар. Сядзім у Бернардынцы. Гаворым аб беларусах. Стаповіч … Альбін … якога ўжо няма, выступае супраць маніі негаванння, якая развілася сярод беларускай інтэлігенцыі.

- Негаваць лёгка, але пазітыўнае, ці што творым? Негаванне ўсяго - найлепшае апраўданне нашай бяздзейнасці.

У пацёмках блукае часта наша інтэлігенцыя. Асабліва цяпер. Ён быў тым, хто шукаў усцяж нейкага выхаду да святла.

Памятаю… сяджу на школьнай лаве. Пад носам "Сальфеджыа" .

- До - рэ - мі -

А пасля песенька:

У акно маё яснасць глядзела,

Светам ясных, вялікіх вачэй …


У вушах гучыць песенька з маіх дзіцячых гадоў…

Ужо палова чацвёртай. Зараз запяюць … апошні раз.

М. Новая магіла … // Беларуская Крыніца. № 48 (593), 25 снежня 1934.


Кс. Ад. Станкевічу, кс. В. Гадлеўскаму, Беларускаму касцельнаму хору пры касцёле св. Мікалая і ўсім тым, якія бралі ўдзел у паховінах св. пам. нашага брата Альбіна Стаповіча, складем на гэтым месцы шчырую падзяку.

Ю. і Б. Стаповічы. Падзяка // // Беларуская Крыніца. № 48 (593), 25 снежня 1934.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Без пашпарта і "без білета": Кашапараў, Судзілоўскі; "Сонца нам дапаможа"

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-43 (53-95) за 2023 г.)


Памёр Тота Кутуньё. У такіх выпадках - "заканчваецца эпоха". Журналіст А. Юскавец узяў інтэрв'ю ў італьянскага спевака ў час яго выступлення ў Ленінградзе, у якім той расказаў між іншым пра стварэнне ім песні "Індзейскае лета", якая потым дзякуючы выкананню Джо Дасэна, аркестраў Джэймса Ласта і Поля Марыа набыла вялікую папулярнасць.

Заходняя поп-музыка, "поўнамаштабнаму" пранікненню якой у СССР доўгі час рабіліся ідэалагічныя перашкоды, прыносіла ў той час параўнальна няшмат індзейскай тэматыкі і атрыбутыкі. Пра гэта мы мяркуем па наяўных публікацыях у беларускім друку.

Нават даючы звесткі пра заходніх выканаўцаў, аўтары захоўвалі крытычнасць. Аўтар музычнага агляду Т. Савосціна прыводзіць прыклад дыска-групы "Vіllage Pеople" ("Вілідж піпл") - вясковыя людзі, або, прасцей, - простыя людзі. "Віледж Піпл (вясковыя хлопцы) - гэта прадстаўнікі "простых людзей": амерыканскія паліцэйскія і салдаты, каўбоі і індзейцы, але ўсе пры зброі. А наконт тэкстаў песень, дык тут - поўная дэмакратыя ... Дэмакратыя, натуральна, па-амерыканску".

Іншая справа - "прагрэсіўныя" музыканты, - Віктар Хара, Піт Сігер, Дзін Рыд (прыязджаў у Менск), Бафі Сент-Мары… У беларускі друк трапілі матэрыялы, у якіх гаварылася пра ўвагу падобных выканаўцаў да індзейскай тэмы. Напрыклад, пра В. Хара пісалі, што ён спяваў "старадаўнія індзейскія і новыя рэвалюцыйныя песні", пра фальклорны ансамбль "Ільяпу" (Illapu) - што яна "выконвала ў асноўным мелодыі карэннага насельніцтва чылійскіх Андаў" і артысты як "агенты марксізму" былі высланыя з піначэтаўскага Чылі.

У гады перабудовы, калі маскультура, як замежная, так і айчынная, перайшла ў актыўны наступ, стала больш індзейскіх элементаў у музыцы і вакол яе. Гэта адлюстроўвалі і хіт-парады. Напрыклад, "Знамя юности" ў 1990 г. публікавала "англійскую дваццатку" (ВВС Топ-20), у якую прайшлі (зноў пасля 1988 г.) "Камера Ацтэкаў" (Aztec Camera) і М. Джонс з песняй "Добрай раніцы, Брытанія!"

Нас, зразумела, найбольш цікаваць, як адрэагавалі на індзейскую тэму, знаёмую ім з дзяцінства, беларускія музыканты, выканаўцы і кампазітары, а таксама паэты-песеннікі. І які рэйтынг іх кампазіцыям можна даць. Групы і асобныя выканаўцы могуць быць класіфікаваныя па назвах (словы індзейскага паходжання ў іх - "Аява", "Нагуаль", "Тлалцікпак" або слова "індзейскае"), па наяўнасці і колькасці індзейскага матэрыялу ў тэкстах, па індзейскім антуражы, як у "Аявы".

Нашу ўвагу прыцягнулі групы: "Аляксандра і Канстанцін" ("A&K"; Аляксандра Драпезу з дуэта параўноўвалі з індзейцам), "Без білета" (некалькі кампазіцый, якія яшчэ трэба ўпарадкаваць), "Вірус Ліха", "Каль-Ян" (каманчы і апачы ў тэксце), "Касіяпея" (кампазіцыя "Чынгачгук кахання"), "Ляпіс Трубяцкой", затым назва і склад мяняліся ("Гойка Міціч"; "Месяц":

"У дзяцінстве чакаў цемру,

З'яўляўся хвалюючы сэнс.

Вадзіў індзейскую хэўру

У цёмны Кайкаўскі лес"),

"Мроя" ("Так і трэба"), "Палац" (песня канадскіх індзейцаў "Came Out the Wilderness"), "Нагуаль", "Столе", "Уліс" ("Канкістадоры"), "Індзейскае лета" (гурт з Мазыра, беларускамоўныя песні ў стылі рэгі), "Тлалцікпак" (ацтэкская назва ў гомельскай групы). "Deviation" ("Еўрапейскія апачы"), "Iowa"("Аява", не толькі індзейская назва, але і галаўны ўбор у выканаўцы), "TonqiXod" ("Насыпаць горы": "Песня, пасля якой артрокавае трыа стала ўлюбёным гуртом беларускіх інтэлектуалаў. Паэт і вакаліст Уладзь Лянкевіч, натхнёны ўласнай асацыяцыяй беларусаў з амерыканскімі індзейцамі, прапанаваў сваё бачанне нацыянальнай ідэі, пабудаваўшы ў пяціхвілінным трэку цэлы сусвет"). Менская, беларуска-балівійская група "Libertad" ("Лібертад"), групы з беларускім удзелам на амерыканскай глебе - "Wicked Monkey", "Slavalachia" (ад Slavic and Appalachian - удзельнікі з Беларусі, Украіны і Апалачыі - "Славалачыя"). Лявон Вольскі i Зміцер Вайцюшкевіч ("Сонца нам дапаможа"). Дзяніс-Дамінік Мускі з гітарыстам Зміцерам Семянасам (2009 г., Віцебск, калыханка "Пахне яблынькай заечай", словы Алесі Башарымавай; як паведаміў нам Дзяніс 13.08.2015 г., "Правільная назва "Індэйская калыханка"": "Спі індзеец, спі дзікун, спі, прыгоды сні свае"). З сольных выканаўцаў - Рыта Дакота. У спіс можна ўмоўна уключыць гурт з Падляшша "Дзіравы вігвам".

Сказаць шчыра, многія песні, якія часта гучалі па радыё, так і не асацыіраваліся з пэўнай групай, не дасягнулі моцы і асэнсаванасці "Напаі мяне вадой" Гарыка Сукачова (гастролі і ў Гомелі). Хто пеў пра бараду і каманчаў? І асобныя індзейскія ўстаўкі ў "Без білета", нягледзячы на характэрны вакал групы, цяжка ўспомніць, але лініі Наска, Гран-Каньён у Арызоне, Гудзон, Рыа-дэ-Жанейра, узятыя разам, - асацыіруюцца з калектывам "Без білета" добра - тэлебачанне зняло згаданае дзе-нідзе на месцы і зрабіла манументальны кліп.

Індзейскія матывы трапілі ў тэксты беларускіх рок-груп у 1980-я гг. Адна з першых і найбольш цікавых кампазіцый - "Канкістадоры" гурта "Уліс" (аўтар "усіх" улісаўскіх тэкстаў - Фелікс Аксёнцаў):

"У імя святой кароны - разбураны храм.

На карысць святой краіны - басота ля крам.

Сцеражыся, мой край - па сэрцы тваім

Канкістадоры ідуць.

Каралю за сінім морам

патрэбны рабы.

Хай жывуць, забыўшы сорам,

ад сяўбы да сяўбы.

Сцеражыся, мой край - па сэрцы тваім

Канкістадоры ідуць.

У імя адзінай веры - за золатам шлях.

Колькі мова тых ацтэкаў каштуе ў рублях?

Сцеражыся, мой край - па сэрцы тваім

Канкістадоры ідуць".

(Зразумела, што ў Ванкуверы, куды Аксёнцаў пераехаў у 1996 г. і дзе доўга жыў у самаізаляцыі, ён ужо не мог спяваць пра заваёўнікаў у тым жа сэнсе, што і ў Беларусі, калі толькі пра сябе іранічна і па-філасофску як пра " ціхага заваёўніка Дальняга Захаду".)

Адзін з двух, верагодна, варыянтаў песні групы "Мроя", змешчаны ў кнізе В. Дзятліковіча "Іх Мроя. Іх N.R.M." (2005, с. 262-263, наш варыянт перакладу з тарашкевіцы):

ТАК І ТРЭБА.

Цікавая карціна,

цікавая гульня -

Машына без бензіну,

пажарнік без агню.

Рэфрэн 1:

Дык, значыць, так і трэба.

Трэба так і будзе так.


Гармата без снарадаў,

карова без сядла.

Будынак без фасада,

калгаснік без сяла.

Рэфрэн 2:

Дык, значыць, так і трэба.

Трэба так і будзе так.


Цяжкія гантэлі,

хісткія арэлі,

Мокрыя макрэлі.

Назаўжды.

Прыемныя навіны,

прыемнае жыццё.

Кераміка без гліны,

без чыгуну ліццё.

Рэфрэн 1.

Даведка без пячаткі,

пальчатка без рукі.

Пачатак без канчатку,

караблік без ракі.

Рэфрэн 2.

Магнаты без магніту,

і племя вінету [так].

Перыяд неаліту,

і ваш цягнік ту-ту.

Рэфрэн 1.

На захад мы глядзелі,

на ўсходзе мы жылі.

Спявалі як хацелі,

і гралі як маглі.

Рэфрэн 2.

(Так і трэба - Тэкст "Мроі" // Веснік БІТ. 2009. 25 мая. № 21).


Найбуйнейшы і адзіны ў сваім родзе твор - музыка беларускага кампазітара Сяргея Картэса да балета "Апошні Інка" (другі варыянт назвы - "Апошні інка", з малой літары) на лібрэта аргенцінскага паэта А. Варэла. Пра падрыхтоўку пастаноўкі балета на Кубе гаварыў у справаздачным дакладзе на Х з'ездзе Саюза кампазітараў Беларусі старшыня праўлення І. Лучанок. З'явіліся паведамленні пра кубінскую пастаноўку. Твор Картэса быў прадстаўлены на беларускім тэлебачанні. Мы з індзеяністкай Аленай Брыш былі запрошаны Сяргеем Альбертавічам наведаць яго дома. Тады ён даў нам праслухаць на стужцы і музыку да свайго балета. Мы падаравалі яму кнігу "Экалогія амерыканскіх індзейцаў і эскімосаў", у якой быў раздзел пра музычнае мастацтва (напісаны Уладзімірскімі).

Пазней за многія іншыя выяўленае і нават яшчэ больш цікавае сведчанне пра беларуска-індзейскія му зычныя сувязі - ніжэй у пераказе з вялікага артыкула Я. Шутовіча пра М. Забэйду-Суміцкага "На вышынях мастацтва" (2001): спявак выконваў індзейскія песні. Канцэрт "Чалавецтва і свабода", арганізаваны Уніяй чэшскіх музычных мастакоў 4.02.1947 г. у гарадской бібліятэцы ў Празе. У першай частцы - "Змаганне за свабоду" - Забэйда выканаў у дуэце (Урбан) "Гімн сонцу" (кампазітар М. Бекляр-д'Аркур (Бэкляр-д'Гаркурт) - "песня паўднёвых індыян", сола - "Ружу" (пераклад: Я. Урбан), кампазітар Т. Леўранс - "песня паўночных індыян". Таксама прагучалі песні неграў Паўночнай Амерыкі. З канцэртаў 1960 г. - незвычайны, які адбыўся ў Доме мастакоў 29 сакавіка. На ім спявак выканаў і народную песню ў апрацоўцы Т. Леўранса - "індыянскую".

Нарэшце, гомельская гісторыя, на працягу "гадоў 12", басіста групы "Тлалцікпак" ("Землі, што акружаюць нашу краіну" ў ацтэкаў). Сяргей Зянькоў, ураджэнец Горлаўкі, які рос і цяпер працягвае жыць у Гомелі, - будаўнік і паэт, у чымсьці падобны на Маякоўскага. "Індзейскі" момант у сваёй творчасці ён пракаментаваў нам так: ""Рускі рок" у 1992-м пераставаў быць сталічнай з'явай, застаючыся, аднак, з'явай узроставай. 1975 -1976 г.н. якраз падаспеў. Хісткія таленты збіваліся ў дуэты, квартэты, трыа... Жаданне вызначыцца ўяўляецца заканамерным у любым майстэрстве [художестве]. Эпіграф да "Палоннага Сусвету" Гары Гарысана ўяўляў сабой песню (або яе частку) на мове (уведалася шмат пасля [узналось много спустя]) наўатль у рускай графіцы з перакладам. Ацтэкскі гукапіс уражваў. Наўздагад выхаплены з не "тлалцікпак" аказаўся (стала вядома праз доўгі час пасля таго [узналось много спустя]) Сусветам - тэрмінам незвычайна ёмістым у іх, як і ў нас. Індзейская тэма любога познесавецкага пацана, закрашаная захапленнем Doors, памножаная на чатыры непадобных характару, зрабіла тое, што зрабіла. Індзейскі пафас (ці як назваць?) ганарлівага адыходу ў цень быў, мусіць, дарэчы абражанай імперскай свядомасці 90-х: "Дзеці Кетцалькаатля вынішчылі мой народ, А мы з табою жавалі пеётль На пыльным хайвэі..." ("Этнаграфічныя запісы", альбом 1994 г.). Мацнела начытанасць і стала ясна, што заяўленай тэмай валодаем слаба, а тут яшчэ і "Калінаў мост" выявіў "індзейшчыну" чалдонскага паходжання. Засталася назва і, думаю, дух, які пратрымаўся да лета 2002 г." (Зеньков, Сергей. О группе "Тлалтикпак" // Веснік БІТ. 2014. 20 сак. № 16.)

Вядомасць гурта не абмежавалася Гомелем, пра яго пісала і "Музыкальная газета" (Т. Заміроўская, "Новости "Рок-лиги": "Маневры - июль 2000" - альбом "Тлал-тикпака" "Пепельный взвод" (c) 1998 SIN-DI-CAT R. Studio & 1999 MonoPLAN 11 tks.).

З 1993 па 1996 г. працягваліся абмены гамяльчан і мінчан з арганізатарам гастролей індзейцаў Г. Браніцкім - пакуль ён не прывёз арызонскага індзейца, ад кемлівасці, далікатнасці і артыстызму якога былі ў захапленні тыя, хто яго сустракаў. Адным з прадуктаў таго перыяду быў "рэкламны" тэкст" для прэсы:

"ІНДЗЕЙСКАЯ МУЗЫКА - БЕЛАРУСІ

Гордан Браніцкі, антраполаг і бізнесмен з Дэнвера, штат Каларада, продкі якога паходзілі з Меншчыны, прапаноўвае арганізаваць гастролі ў Беларусі аднаго з выканаўцаў традыцыйнай і сучаснай індзейскай музыкі, якіх ён прадстаўляе:

Спявак лакота сіу Говард Бэд Хэнд (Хворая Рука) паказвае, як трэба выконваць музыку плямёнаў прэрый, а таксама растлумачвае "сцежку натуральнага жыцця" лакота і вучыць мове свайго народа. Ён узначальвае "групу паўваў" "Чырвоны ліст Такоджа", чые аўдыё-касеты ёсць на продаж.

Гурт "Спевакоў Чырвонага духу" - з Юты, хоць таксама грае ў стылі паўночных раўнін. Яны, як і навахскія "Падарожнікі праз Белыя Скалы" і "Спевакі даліны Чынлі", інструктуюць у традыцыйных індзейскіх спевах, а "Чыкасаўскія танцоры" і "Спевакі Белай Чаплі" з Аклахомы дэманструюць, як танцуецца і спяваецца індзейская "стомп-данс-мюзік".

Лін "Сані" Невакуая выконвае на флейце мелодыі каманчаў, чокта і чыкасаваў.

Стыль "кантры-вестэрн" прадстаўляе Пэт Кардынал, жыхар Саскачэвана. Гэты індзейскі каўбой і спявак вядомы як аўтар песні "Зала славы індзейскіх герояў".

Сваёй назвай правакуе цікавасць "Дзікі бэнд індзейцаў" - рокераў.

Прыезд "чырванаскурых" артыстаў можа быць забяспечаны грантам. Д-р Браніцкі паведаміў пра шэраг здзейсненых і запланаваных паездак у Стары Свет".

Літ.:

3566 А музыка гучыць // Навінкі. 1998. 18 сак.

7570 Андреев Н. "Нагуаль": музыкальный институт человека // Вечерний Минск. 2003. 17 марта.

5965 Афиша // Белорусская деловая газета. 2001. 22 мая. С. 16. (Клубы и дискотеки. 25 мая, "Рок-кафе", Юрон-Индеец приглашает"…)

7807 Бакіевіч Р. М. Брэсцкі тэатр драмы і музыкі // Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя: у 2 т. Т. 1. Мн., 2002. С. 169-179.

929 Балет Картэса на Кубе // Голас Радзімы. 1991. 2 мая.

2347 Балет Картэса на Кубе // Літаратура і мастацтва. 1991. 5 крас. С. 16.

2533 Бахтияров Б. И. Магия звуков. Мн., 1984. (Рэгі, рэгей.)

957 Берасцень С. Будзем спадзявацца?..: эцюды пра Мінскую вясну // Літаратура і мастацтва. 1988. 22 крас. С. 10-11.

989 Бритов А. "Свободная мелодия" братьев // Знамя юности. 1990. 28 янв.

990 Бритов А. Теперь - "Мало времени" // Знамя юности. 1990. 28 янв.

3042 [Бясплатныя прыватныя аб'явы] Гордан Бараніцкі [так!] арганізуе прыезд у Беларусь індзейских мастакоў і музыкантаў, патрабуюцца толькі запрашэнні // Звязда. 1996. 28 мая.

1037 В счастливом рабстве / диалог директора театра и худ. руководителя Сергея Кортеса и зав. отделом рекламы и работы со зрителями Е. Соломахи // Советская Белоруссия. 1992. 12 нояб.

1051 Вакуленка К. Высокі бландзін з "Куін" // Чырвоная змена. 1991. 14-20 лістап.

1067 Ветка С. Музыка "Стрынгбэнда" - гэта рытм // Літаратура і мастацтва. 1983. 16 верас.

3159 Голубов А. В ожидании развязки заложники слушают музыку // Советская Белоруссия. 1997. 18 февр.

1186 Гуковский И. "Меноуор" перезаряжает пушки // Родник. 1990. № 4. С. 19?

8071 Дасэн (Dassin) Джо // Беларуская Энцыклапедыя: у 18 т. Т. 6. Мн., 1998. С. 62.

4832 Дворжак (Dvorak) Антанін // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 6. Мн., 1998. С. 79.

8749 Дзятліковіч В. Іх Мроя. Іх N. R. M. Мн., 2005.

7040 Долгих Е. Eddy Clearwater. Flimdooxie (p) 1986 (c) 2001 Rooster // Jazz-Квадрат. 2002. № 4. С. 74.

2621 Дубкова Т. А. Пентатоніка // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: у 5 т. Т. 4. Мн., 1987. С. 249-250.

9527 Жук О. Л., Лавринович К. В. Педагогика лета, или Пятая школьная четверть. Мн., 2003. (Апачи исполняют песню "Во поле березка стояла" // Веснік БІТ. 2015. 5 студз. № 1.)

8066 Завадская І. "Знарок на ўрок - найлепшая музыка" - прызнацца ў гэтым у гімназіі № 130 могуць многія, хаця б таму, што маюць тонкі слых // Чырвоная змена. [2000. 13 мая (?). № 73-74]. (Прымаўка пра макасіны.)

3618 Засталіся яны ды чарапкі / падрыхт. I. Валасевіч // Чырвоная змена. 1996. 26 кастр. (Група "Neurosis" ("Неўроз", "Ньюроўзыс") - індзейцы.)

6695 Иванов А. Вірус лиха / интерью О. Римшы // Музыкальная газета. 2002. 28 мая. С. 6.

7598 Ивашин М. Индейцы не сдаются?: на дверях минского рок-клуба "Резервация" повесили замок // Вечерний Минск. 1998. 13 апр.

2865 Индейская музыка - Беларуси // Информобзор (Жлобин). 1995. 15 апр. С. 1.

5013 Калеснікава Н., Друкт А. Сённяшні дзень // Мастацтва Беларусі. 1988. № 9. С. 58-62. (Канцэрты фестывалю "Мінская вясна".)

1398 Камароў У. Нельга забіць песню // Чырвоная змена. 1985. 12 верас.

1411 Караваев С. Возвращение Имы Сумак // Советская Белоруссия. 1987. 16 июня.

4968 Карпенко М. В сторону дома // Политический собеседник. 1987. № 5 (нояб.). С. 44-45.

6330 Картэс Сяргей Альбертавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік. Мн., 1995. С. 374.

6216 Козловский С. Craig Chaquico. Once In A Blue Universe (p) & (c) 1997 Higher Octave Music, Inc. 13 tks / 60 min. Предоставлен Правительством Звука. - Nova Menco. Gypsy Fusion. […] - Simon Wynberg. Simon (p) & (c) p 1993 Narada Productions, Inc. 11 tks / 52 mins. Предоставлен Правительством Звука. - Pam Tillis. Greatest Hits […] // Музыкальная газета. 1997. 1-8 окт. С. 16.

6217 Козловский С. Stonecoat. Cherokee Myth (p) & (c)1997 Earthtone Records 12 tks / 54 mins. Предоставлен Правительством Звука // Музыкальная газета. 1997. 6-13 авг. С. 16.

2305 Кортес С. А. Музыка / Венесуэла // Латинская Америка: энциклопедический справочник: в 2 т. Т. 1 / гл. ред. В. В. Вольский. М., 1980. С. 405.

9036 Кортес С. "Музыка - моя жизнь" / беседовала Н. Куликова // Вечерний Минск. 2005. 23 февр.

1484 Краски "Минской весны" / наш корр. Г. Цветкова встретилась с директором Белорусской государственной филармонии В. П. Ратобыльским // Вечерний Минск. 1988. 31 апр. (Фестываль мастацтваў "Мінская вясна", "Последний инка", сюіта з балета.)

2193 Кутуньо Т. "Музыка павінна збліжаць народы" / інтэрв'ю А. Юскаўца // Чырвоная змена. 1986. 6 ліп.

3644 Лежандр К. Двойная жизнь Джо Дассена // Свободные новости плюс. 1996. 5-12 апр.

6459 Мак-Доўэл (MacDowell) Эдуард // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 6. Мн., 1972. С. 550.

8336 Мартыненка В. Deviation // Мартыненка В., Мяльгуй А. 222 альбомы беларускага року і ня толькі...: праз рок-прызму / прадмова й прад'юсаваньне В. Супрановіча. Мн., 2006. С. 284-286.

9076 Мартыненка В. Rock on-line: па матэрыялах актуальных музычных сайтаў: нарысы. Мн., 2010.

6767 Мартыненка В. Show must go on. Всегда! // Музыкальная газета. 2002. 28 мая. С. 13.

6179 Мартыненка В. Беларусы захоплiваюць Захад: "Deviation": "Еўрапейскiя апачы". France, Menchhoffen, "Darbouka Records" // Чырвоная змена. 2001. 11 верас. С. 6.

6001 Мартыненка В. Канец маўчання: Devіatіon: "Еўрапейскія апачы" Darbouka records, 2000, France // Беларуская маладзёжная. 2001. 15-24 чэрв. С. 7.

4757 Мдзівані Т. Г., Сергіенка Р. I. Кампазітары Беларусі. Мн., 1997.

5552 Минченко П. Старые песни о главном // Советская Белоруссия. 2000. 9 нояб. С. 3. (Тото Кутуньо, "Индейское лето", "Індзейскае лета", "Indian Summer".)

4459 Молочко Е. Незаменимых людей нет. Но есть незабываемые музыканты // Советская Белоруссия. 1999. 16 марта. (Віталь Кітаеў.)

1652 Музыка Мексики. Что писали о мексиканской музыке хронисты? // Латинская Америка. 1989. № 3. С. 2 обл.

4555 Музыка. Большой энциклопедический словарь. М., 1998.

6551 Музыка: падручнік для 5 кл. агульнаадукацыйнай школы / аўт.-склад. Н. М. Грышановіч, А. I. Суханава. 4-е выд., перапрац. і дап. Мн., 1998.

12058 Музычны слоўнік беларуска-рускі. Музыкальный словарь русско-белорусский / аўт.-склад.: Г. Р. Куляшова, Т. Г. Мдывані, Н. А. Юўчанка і інш.; навук. рэд.: Г. Р. Куляшова, Л. А. Антанюк. Мн., 1999.

1656 Мухарынская Л. С., Якіменка Т. С., Назіна I. Дз. Этнаграфія музычная, этнамузыкалогія, этнамузыказнаўства, музычная фалькларыстыка // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: у 5 т. Т. 5. Мн., 1987. С. 656-660.

1668 Назіна I. Дз. Ксілафон // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Т. 3. Мн., 1986. С. 146.

2646 "Нирвана": назад в материнское лоно? / пер. И. Васильева // Знамя юности. 1994. 26 янв.

5095 Нябаба, музычны крытык. нОль: […]року не было // Навінкі. 2000. 28 крас. С. 6. (Вульгарны элемент аднаго слова ў загалоўку, некаторыя этымолагі спрабуюць вывесці з індзейскага слова".)

7643 Олина Э. Встреча с музыкой // Вечерний Минск. 2001. 20 июля.

6797 Павленок Л., Бохан А. "Оса" / Нагуаль / интервью С. Горлова // Музыкальная газета. 2002. 16 июля. С. 18, 20.

4547 Падбярэзскі Д. Чарцяня з табакеркай, альбо Крыху пра джаз: главы з нявыдадзенай кнігі па гісторыі музычнага шоў-бізнесу // Мастацтва. 1994. № 2. С. 11-16.

5905 Палан А. Чужая жизнь Элвиса Пресли: талантливым певцом должен был стать брат-близнец знаменитости! // Догадки и открытия. 2000. № 22. С. 8-9. (У Элвіса Прэслі таксама знаходзілі індзейскіх продкаў.)

6921 Песнякевіч Т. Беларускае любяць - і ганаруюць / інтэрв'ю С. Берасцень // Літаратура і мастацтва. 2002. 9 жн. С. 16. (Музыказнаўца была ў журы Першага Міжнароднага фестывалю музычнага фальклору "Этнасфера-2002" у Скернявіцах. Разам з "Палацам", З. Вайцюшкевічам ("WZ-аркестр"), "Аляксандрай і Канстанцінам" "сёлета тут прысутнічала польская моладзь, якая вывучае старажытную культуру індзейцаў. Гэтыя музыканты і спяваюць адпаведныя песні, і апранаюцца ў традыцыйныя строі амерыканскіх індзейцаў. Быў нават пастаўлены вігвам, блізу якога разгортваліся каларытныя імпрэзы, індзейскія гульні".)

299 Петкевич Т. Рок - дело семейное // Знамя юности. 1991. 14 февр. ("Баха-Баха" А. Раманоўскі - паходжанне "індзейскае", "Дзеці лейтэнанта Шміта".)

6809 Печкарев А. 2002 / Across the Ocean of Dreams (c) & (p) 2002 Real Music 10 tks | 52 mins // Jazz-Квадрат. 2002. № 1. С. 76. (Інкі.)

6810 Печкарев А. Coyote Oldman / In Beauty I Walk (the best of...) (c) & (p) 1997 Hearts Of Space 12 tks / 74 mins // Jazz-Квадрат. 2002. № 1 (март). С. 75.

6812 Печкарев А. Loreena McKennitt / Parallel Dreams (c) & (p) 1989; 1994 Quinlan Road Ltd. 8 tks / 44 mins // Jazz-Квадрат. 2002. № 1(март). С. 72.

6811 Печкарев А. Quilt Man / Three Sisters (c) & (p) 1999 Earthbeat! Records 11 tks / 47 mins // Jazz-Квадрат. 2002. № 1 (март). С. 72.

6813 Печкарев А. Steve Roach & Jorge Reyes / Vine-Bark & Spore (c) 2000 Soundquest Music (p) 2000 Timeroom Editions 7 tks / 72 mins // Jazz-Квадрат. 2002. № 1 (март). С. 75.

6814 Печкарев А. Steve Roach, Michael Sterns & Ron Sunsinger / Kiva (c) & (p) 1995 Hearts of Space 9 tks / 67 mins // Jazz-Квадрат. 2002. № 1 (март). С. 74.

8290 Приходько Л. Фантазия, которая рождает музыку // Минский курьер. 2005. 17 фев. ("Досье "МК""; "Последний Инка", "Апошні Інка".)

5419 Программа телевидения (Воскр., 15 нояб., РТР 19.55-21.40 музыкальная мелодрама "Простодушный" (Россия-США-Франция, 1994 г.)) // Знамя юности. 1998. 5 нояб.

6292 Протасов А. Панк не сдох, или Maggie You […]! EXPLOITED // Музыкальная газета. 2001. 20 нояб. С. 9.

1879 Рок-телетайп // Знамя юности. 1990. 9 янв. ("Стынг працягвае змагацца за лёс бразільскіх лясоў", індзейскія правадыры.)

3413 Рохас А. Расказ аб Iме Сумак і яе радзіме // Чырвоная змена. 1956. 18 лістап.

4956 С. Б. Рыцар оперы // Літаратура і мастацтва. 2000. 25 лют. С. 3.

1905 Савостина Т. "Чингисхан" и другие... // Знамя юности. 1982. 25 авг.

4802 Саламаха А. А. Картэс Сяргей Альбертавіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 8. Мн., 1999. С. 106.

1957 Сіўчыкаў У. Вандроўка з "Улісам"; Канкістадоры // Бярозка. 1989. № 11. С. 15, 18. (Тэкст песні.)

1959 Сіцяк Г. "Лос Мехіканас" - трыо братоў // Літаратура і мастацтва. 1963. 21 чэрв.

7435 Спавід А. Анёлы Беларусі Алега Спавіда / гутарыў К. Міхельсон // Пагоня. 1998. 27 жн.

459 Стынг. "Сны Блакітнай чарапахі". Эй энд Эм, 1985 (Нотны акруш. Музычны выпуск № 4 (151) / [падрыхт.] В. Мартыненка // Чырвоная змена. 1990. 24 лют. С. 10.

2046 Трушин А. Голос народа не убить! С верой в победу // Знамя юности. 1981. 30 дек. (Чылі, В. Хара, І. Пара і інш., "Ільяпу", "Інці-Ільімані".)

6087 Часопісны навігатар... Студзеньскі нумар газеты "Соты" / падрыхт. В. Жыбуль // Першацвет. 1999. № 2-3. Лютысак. С. 61.

2597 Чертович Б., Елисеев А. (фото). Обратная сторона Луны, или Возвращение музыки эмигрантов // Знамя юности. 1994. 13 янв.

8096 Шкворецкий Й. История неудачливого тенор-саксофониста / пер. с чеш. Е. Микешовой // Всемирная литература. 2004. № 6. С. 103-148.

4834 Шчарбакова Т. А. Дворжак (Dvorak) Антанін // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 4. Мн., 1971. С. 176.

7069 Garbarek J. Ян Гарбарек дал это интервью на эксклюзивных условиях главному редактору сервера "Джаз-Ру" Кириллу Мошкову. Публикуется с разрешения редакции сервера // Jazz-Квардат. 2002. № 4. С. 6-9.

7070 Gismonti, Egberto (Egberto Amin Gismonti) b. Rio de Janeiro, Brazil 05.12.47 (Jazz Энциклопедия: G) // Jazz-Квадрат. 2002. № 4. С. 39-40.

3468 Jazz. Универсальный язык XX века // Уши. Пилот в мире звука. 1997. № 1 (янв.). С. 6-7.

6236 Mr. HAPPY. Slavs Not Dead! // Музыкальная газета. 1997. 6-13 авг. с. 11. ("Mexico"; шаманскія песнапенні, мексіканскія індзейцы.)

8360 NRM: праявы шаманізму?: раскрылася праўда прапагандысцкай вайны / падрыхт. М. Лячылка // Навінкі. 2000. 30 мая - 12 чэрв. № 10 (32). С. 6. (Ілюструецца фота, на якім з двух бакоў ад жанчыны ў інваліднай калясцы два індзейцы з бубнамі выконваюць пэўную цырымонію. Прысутнічаюць гледачы.)

12222 Yma Sumac. Shou Condor, 1999 // Музыкальная газета. 2002. № 29.

КАШАПАРАЎ Анатоль - ураджэнец Менска бачыў людзей індзейскага паходжання ў час гастроляў "Песняроў" у Лацінскай Амерыцы. Ездзіў з імі таксама ў ЗША, сышоў з "Песняроў" у 1989 г., выступаў у гурце "Поп-сіндыкат", а ў 1991 г. выехаў у ЗША з жонкай (афіцыйна значна пазней) Ларысай, якая была мастацкім кіраўніком Дома афіцэраў. З часам пасяліўся ў Нэйплс каля Маямі - свой дом. Гэты фларыдскі горад адрозніваецца, паводле Анатоля, немалым працэнтам рускамоўнага насельніцтва, у т.л. выхадцаў з Беларусі.

Беларусы ў Амерыцы не могуць прэтэндаваць на ідэальны маральны партрэт - напрыклад, вельмі падвялі спартсмены, асабліва хакеісты - добра, што гэта толькі хуліганства, але мы змяшчаем артыкулы пра любых асоб - незалежна таго, што яны зрабілі добрага або кепскага з розных пунктаў гледжання і якіх санкцый заслугоўваюць або не заслугоўваюць.

Варта ўспомніць Кашапарава побач з Дарэлам "DJ" Паўэлам (Darrel Powell) - незалежна аб таго, predendian ён ці не. Мы пісалі пра Паўэла ў артыкуле БСІ (НС.pdf № 30 (82)) "Нікалаеў" (член групы "Wicked Monkey"), а раней - калі знайшлі спасылка на відэа з групай з удзелам беларуса і, як сцвярджаецца, індзейца чэрокі Дарэла - у нашым бюлетэні: "Ён нават "у Крамлі" - з Анатолем Кашапаравым (Kasheparov Darrel Powell Kremlin)" (Група "Wicked Monkey" - Прыклад беларуска-індзейскага супрацоўніцтва // Веснік БІТ. 2015. 5 студз. № 1) .

Яны пелі прысвячэнне Уладзіміру Мулявіну.

Літ.:

4550 Фларыда (Florіda), штат на ПнУ ЗША // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 10. Мн., 1974. С. 607-608.

7326 Фларыда // Беларуская Энцыклапедыя: у 18 т. Т. 16. Мн., 2003. C. 424.

3699 Американским индейцам не нужен медный скальп Колумба: голова монумента во Флориде, туловище - в Санкт-Петербурге // Знамя юности. 1995. 9 июня.

СУДЗІЛОЎСКІ Эміль - погляды і праводзіны гэтага брата Руселя - спрэчныя і двухсэнсоўная: ён дадаў сваё імя да петыцыі аб адкліканні епіскапа Уладзіміра (якая была і на карысць хлопчыкаў-вучняў з лёсам олівераў твістаў), што сведчыла, што ён падтрымлівае брата, з другога боку - ён даў і сведчанні не на карысць апошняга, калі расійскія ўлады шукалі кампрамат на доктара, які сваёй крытыкай архірэя псаваў імідж імперыі ў вачах амерыканцаў. Рэпутацыя - страшная сіла, характар - таксама. Здаецца, доктар пакрыўдзіўся на роднага чалавека, хоць той пазней і адмовіўся ад кампраментаваўшых звестак, якія ён даў епіскапу.

У паслядоўнасці падзей можна нават заблытацца. Тры ці два акты грамадзянскай актыўнасці? На думку архімандрыта Інакенція, "брат, Эміль, быў не лепшым: спачатку ён даў паказанні за епіскапа, а потым супраць яго".

Недзе ў красавіку 1890 г. епіскап нібыта даў двум рускім рэвальверы, а кухару Паварчуку грошы, каб купіць трэці. "Пазней у той жа дзень у "рэстаране" на Пятай вуліцы (Салон Мінт?) Міхайлаў сказаў Фядулаву і іншым, што епіскап "падкупіў дзесяць сведак", каб нейтралізаваць паказанні Эміля Судзілоўскага, як мяркуецца, паказанні, якія Эміль збіраўся даць у інтарэсах яго брата ў яго зысках супраць епіскапа". Тры сведчанні, два на карысць брата і адзін на карысць епіскапа?

Таксама непаслядоўны або няўпэўнены ў сабе Эміль быў і ў пытанні пра эміграцыю: 18.05.1888 г. ён напісаў ліст імператару праз консульства ў Сан-Францыска з просьбай пазбавіць яго статусу грамадзяніна Расіі - грамадзянства ЗША дапаможа яму ў справе яго бізнесу. Аднак праз 8 месяцаў, 21.01.1889 г., ён у лісце да генеральнага консула папрасіў адмяніць папярэдняе прашэнне: ён хацеў вярнуцца ў Расію, бо яго здароўе не выносіла "амерыканскага клімату". Ён атрымаў адказ, што яго пашпарт пратэрмінаваны, за што яго пакараюць, калі ён вернецца ў Расію. Што вырашыў Эміль - не ясна, але ў чэрвені 1989 г. ён падпісаў згаданую петыцыю. Гэтым апошнім ён мог яшчэ больш пагоршыць сваё становішча ў вачах расійскіх улад, але Маці-Радзіма магла клікаць яго назад да сябе з адчайнай сілай.

Пасля таго, як яго яшчэ абмяркоўвалі як непаслядоўнага чалавека (архімандрыт Інакенцій у 1890 г.), мы не ведаем пра яго больш нічога.

Т. Эманс у сваёй кнізе 1997 г. піша: "Расійскія консульскія дакументы сведчаць, што нехта Эміль Канстанцінавіч Судзілоўскі, выпускнік універсітэта, які адбыў ваенную службу (шэсць месяцаў тэрміновай службы [active duty]), атрымаў у студзені 1887 г. у губернатара Магілёўскай губерні замежны пашпарт і прыехаў у Сан-Францыска. У адрозненне прынамсі ад двух старэйшых братоў (Мікалая і Сяргея) і дзвюх старэйшых сясцёр (Кацярыны і Надзеі), значна малодшы Эміль, які нарадзіўся прыкладна ў 1860 г., здаецца, быў неўспрымальны да рэвалюцыйнага імпульсу [revolutionary urge]. У Сан-Францыска Эміль займаўся нейкай камерцыяй".

Алесь Сімакоў (baicri@tut.by), даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou, researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, Indians, indigenas, indios de America y Belarus.

Гарадскія дзеці ў музеі льну

Экскурсія ў музей льну Ганчарскага Дома культуры прайшла для вучняў гімназіі № 1 г. Ліды.

Усе дзеці былі вельмі зацікаўлены. Кожны змог паўдзельнічаць, паспрабаваць гэтую нялёгкую справу - апрацоўку льну.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX