Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 43 (95) 


Дадана: 25-10-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 43 (95), 25 кастрычніка 2023 г.

Капліца Маці Божай Ружанцовай асвечана ў Дворышчы Лідскага раёна

Дарогу да аграмястэчка Дворышча многія аўтамабілісты і падарожнікі называюць самай прыгожай на Лідчыне. Паабапал яе роўным радамі растуць бярозы. Па правы бок паблізу Дворышча прыцягвае ўвагу скульптура "Сэрца Езуса Хрыстуса", у вячэрні час прыгожа падсвечаная ліхтарамі. А па левы - новыя могілкі з каталіцкай капліцай цікавага архітэктурнага праекту. Будынак капліцы быў пабудаваны многа год таму, але свайго адкрыцця і асвячэння дачакаўся толькі сёння. Дзеля гэтага былі прыкладзены вялікія намаганні ксяндза Юрыя Бяганскага і мясцовых жыхароў.

21 кастрычніка 2023 года мара жыхароў ажыццявілася. Біскуп Гарадзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў капліцу. Ва ўрачыстасці прымалі ўдзел святары з Радунскага і Лідскага дэканатаў, прадстаўнікі раённай улады і Дварышчанскага сельсавета, кіраўніцтва і працаўнікі РСУП "Саўгас "Лідскі", спонсары, госці, а таксама жыхары і шматлікія парафіяне Тракельскай парафіі.

Вольга Яхантава.

Бібліятэка як стваральная прастора

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 19-20 кастрычніка праходзіў Х Міжнародны кангрэс "Бібліятэка як феномен культуры", у якім удзельнічалі 400 спецыялістаў з 10 краін, у тым ліку з Азербайджана, Таджыкістана, Кіргізстана, Беларусі, Расіі і іншых краін.

На Кангрэсе абмяркоўвалася роля бібліятэк у сучасным грамадстве як стваральнай сацыякультурнай прасторы, ішла гаворка пра прымяненне інфармацыйных тэхналогій і штучнага інтэлекту, пра папулярызацыю і прасоўванне ў медыяпрасторы электронных рэсурсаў, лічбавую трансфармацыю бібліятэчнай дзейнасці.

У секцыі "Праектныя ініцыятывы і сацыякультурныя практыкі ўстаноў культуры і адукацыі" ўдзельнічалі 60 прадстаўнікоў рэгіянальных бібліятэк з Беларусі, Азербайджана, Расіі, якія абмяркоўвалі пытанні бібліятэчнага і культурнага ўзаемадзеяння кран СНД, супрацоўніцтва бібліятэк з музеямі і архівамі. Супрацоўніца з Баку распавяла пра 100-годдзе Нацыянальнай бібліятэкі Азербайджана імя М. Ахундава.

Загадчыца дзіцячым філіялам Гарадзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага Святлана Арлюк распавяла пра шматлікія праекты бібліятэкі, накіраваныя на арганізацыю сямейнага чытання, кніжныя дэсанты і сацыяльнае партнёрства з рознымі ўстановамі, супрацоўніцтва з бацькамі, педагогамі, псіхолагамі. Супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі фарміруюць светапогляд маладога пакалення. Асаблівая ўвага ва ўстанове надаецца дзіцячай кнізе як крыніцы пазнавальнай і выхаваўчай інфармацыі і артаб'екта.

Бібліёграф Нацыянальнай бібліятэкі Юлія Амосава распавяла пра ажыццяўленне праекта да 100-годдзя літаратурнага аб'яднання "Маладняк", якое будзе адзначацца 28 лістапада 2023 года, а сам праект быў распачаты ў 2019 годзе. У ім прынялі ўдзел чатыры ўстановы-партнёры. Каб ушанаваць памяць удзельнікаў першага моладзевага літаратурнага аб'яднання ў Беларусі - В. Маракова, У. Дубоўкі, Я. Скрыгана, А. Дудара, М. Чарота, і іншых - быў створаны віртуальны праект, сабраны і выкладзены на сайце Нацыянальнай бібліятэкі тэкставыя матэрыялы, рукапісы, лісты, фотаздымкі. Навуковыя артыкулы ў праект пісалі даследчыкі - Дз. Давідоўскі, Т. Лаўрык, І. Шаладонаў і іншыя.

Удзельнікі праекта падтрымлівалі кантакты і ладзілі сустрэчы з роднымі Змітрака Бядулі, Яна Скрыгана, Язэпа Пушчы і іншых творцаў.

На працягу 2020-2022 гадоў паспяхова праходзілі літаратурныя конкурсы "Беларусь - мая шыпшына" і "Беларускі салавей", у якіх удзельнічалі як моладзь, так і прадстаўнікі старэйшага пакалення.

Загадчыца агульнай чытальнай залы Віцебскай абласной бібліятэкі імя Леніна Таццяна Патоцкая распавяла пра супрацоўніцтва бібліятэкі з Віцебскай Праваслаўнай Епархіяй, пра стварэнне мультымедыйнага рэсурсу "Святыя апекуны Віцебшчыны", пра духоўна-асветніцкую працу сярод моладзі.

Алена Іванаўна Камінская, загадчыца бібліятэкі спецыяльнай школы-інтэрната № 10 г. Менска, распавяла пра выхаванне дзяцей з асаблівасцямі развіцця сродкамі культуры, далучэнне іх да заняткаў музыкай, выяўленчым мастацтвам, тэатрам, да пазнавання культурнай разнастайнасці свету і выхавання талерантнага стаўлення да прадстаўнікоў розных культур і рэлігій.

Прадстаўнікі Пермскай абласной бібліятэкі імя М. Лермантава распавялі пра стварэнне энцыклапедыі творчасці Аляксандра Купрына, пра папулярызацыю спадчыны літаратара Валерыяна Волжына, пра кніжныя і асветніцкія праекты. Каджах Агюн Захід з Баку распавяла пра 100-годдзе Нацыянальнай бібліятэкі Азербайджана імя М. Ахундава.

Найбольш цікавыя дыскусіі праходзілі ў секцыях "Лічбавыя трансфармацыі бібліятэчнай дзейнасці" і "Электронныя інфармацыйныя рэсурсы і сэрвісы ў сучасным бібліятэчным асяроддзі", дзе гаварылася пра прымяненне штучнага інтэлекту для апрацоўкі баз дадзеных і аналізу навукова-тэхнічных артыкулаў.

Загадчыца аддзела фондаў Юлія Барысаўна Цвердахлебава распявяла пра навукова-даследчую працу па захаванні і адлічбоўцы беларускай перыёдыкі пачатку ХХ стагоддзя. Юлія Барысаўна і яе калегі працавалі ў бібліятэках і музеях Магілёва і Гомеля, каб папоўніць фонд Нацыянальнай бібліятэкі адсканаванымі газетнымі асобнікамі.

19 кастрычніка ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі адбылося адкрыццё выставы, прысвечанай 400-годдзю Куцеінскага манастыра, на якой прадстаўлены каштоўныя старадрукі з бібліятэкі Куцеінскага манастыра.

Выкладчыца Беларускай акадэміі музыкі Ірына Іванаўна Жукоўская распавяла пра гісторыю стварэння нотнага зборніка 17 стагоддзя - Ірмалагіёна, які захоўваўся ў бібліятэцы Куцеінскага манастыра.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Дзень маці ў філіялах ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы"

Пры ўсёй разнастайнасці святаў ёсць асаблівыя, напоўненыя сваёй непаўторнай атмасферай - атмасферай цяпла і дабрыні. Дзень маці з'яўляецца менавіта такім асаблівым святам. Дзень маці - выдатная нагода выказаць сваю любоў і глыбокую падзяку галоўнаму ў нашым жыцці чалавеку - маме. Бо мама - гэта ўвасабленне дабра, мудрасці і міласэрнасці.

Асаблівая аўра цеплыні вызначыла атмасферу мерапрыемстваў, якія прайшлі ў бібліятэках Лідскага раёна і былі прысвечаны матулі. Так, філіял "Дзітвянская сельская бібліятэка" ладзіў віншавальную гадзіну "Усё светлае - ад сонца, усё добрае - ад маці", а філіял "Інтэграваная бібліятэка агрм. Тарнова" арганізаваў літаратурныя хвілінкі "Даносіць вецер голас маці".

У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая" ладзілася літаратурна-музычная кампазіцыя "Мілая мама мая" для ўдзельнікаў клуба "Надзея". Гэта свята было прысвечана самым добрым, самым чулым, самым пяшчотным, клапатлівым, працавітым і, вядома ж, самым прыгожым жанчынам - мамам... Удзельніцы мерапрыемства чыталі вершы, спявалі песні, прысвечаныя мамам, дзяліліся сакрэтамі выхавання дзяцей і ўнукаў.

У філіяле "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка" прайшла святочная феерыя "Мая мама - супермама!". Дзеці ласкавымі словамі называлі сваіх мам, расказвалі, што яны любяць, чым займаюцца, паўдзельнічалі ў конкурсе "Маміна прафесія". У гульні "Маленькія памочнікі" дзеці даказалі, што яны ўмеюць дапамагаць ім спраўляцца са справамі па гаспадарцы. Мамы прысутных гасцей у свята не засталіся без кветак, няхай папяровых, але з любоўю і пяшчотай размаляваных іх дзецьмі.

Супрацоўнікі філіяла "Лідская гарадская бібліятэка №1" на паэтычным калейдаскопе "Материнское сердце согрето любовью" разам з прысутнымі чыталі вершы пра маці, слухалі запісы песень, збіралі самы прыгожы букет з загадак аб кветках, праслухалі бібліяграфічны агляд літаратуры ля кніжнай выставы. Вельмі чуллівым момантам былі расказы аб дзяцінстве, аб маці. Пасля ўрачыстай часткі за кубкам духмянай гарбаты доўга яшчэ абменьваліся ўражаннямі аб сустрэчы. Усе ўдзельнікі атрымалі вялікі зарад станоўчай энергіі і яркія ўражанні. Свята атрымалася вельмі чуллівае і добрае.

У філіяле "Інтэграваная бібліятэка аграгарадка Дворышча" ў рамках работы клуба "Калаўрот" ладзілася этнаграфічная гасцёўня "Матчына калыханка". Дзеці даведаліся, што перш чым палажыць дзіця ў калыску, нашы продкі клалі туды розныя падарункі - хлеб, грошы, разумныя парады, напісаныя на паперках. Дзякуючы калыханкам маці магла растлумачыць дзецям, дзе праўда, а дзе хлусня. На мерапрыемстве гучалі калыханкі з пажаданнямі, праводзіліся гульні: "Апрані ляльку", "Гаспадар", дзе трэба было напячы аладак, зварыць кашу, сабраць кукурузу і папрасаваць бялізну старадаўнім прасам. Усё гэта дала добрую магчымасць дзецям лепей пазнаць жыццё сваіх продкаў, далучыць іх да народнай мудрасці.

Конкурс "Самае светлае імя" быў арганізаваны супрацоўнікамі філіяла "Лідская гарадская бібліятэка №2". На мерапрыемстве дзеці даведаліся пра гісторыю свята Дня маці і пастараліся выказаць сваю ўдзячнасць і падзяку мамам праз вершы і песні. А таксама прынялі ўдзел у конкурсах разам са сваімі мамамі і бабулямі. З азартам складалі калаж з самых любімых сэрцу імёнаў, бо сэрца - гэта сімвал кахання, а каханне і мацярынства - дзве непарыўныя з'явы. У заключнай частцы юнакі і дзяўчаты былі ўзнагароджаны граматамі за ўдзел у конкурсе малюнкаў.

Шырока і з размахам прайшоў Дзень маці ў аграгарадку Далекія. Святочная праграма "Любімай матулі прысвячаецца!", арганізаваная супрацоўнікамі філіяла "Далекская сельская бібліятэка-клуб", выклікала ў прысутных пачуцці са слязамі на вачах. Дзеці з задавальненнем дэманстравалі свае творчыя здольнасці, чыталі вершы, спявалі песні для любых матуль.

У філіяле "Бярозаўская гарадская бібліятэка" прайшло мерапрыемства "Душы мацярынскай святло", на якім прысутныя пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення і традыцыямі свята ў розных краінах свету, даведаліся пра сувязь Дня маці і праваслаўнага свята Пакроў Прасвятой Багародзіцы. Успомнілі любімыя мелодыі сваёй маладосці, а таксама стравы, якія абавязкова былі на святочным стале за савецкім часам. Прысутныя адказалі на пытанні "Літаратурнага аўкцыёну", пачулі шмат каштоўных парад аб дамаводстве.

У Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы ладзілася музычна-паэтычная праграма "Только мама всё помнит, мама не забывает…". Да сустрэчы была аформлена кніжная выстава "Выдатны свет, каханне і мацярынства". На мерапрыемстве прысутнічалі і прынялі актыўны ўдзел члены клуба "Актыўнае даўгалецце". Шмат цёплых слоў пачулі маці на свой адрас ад бібліятэкараў, якія праводзілі праграму. А яркі калейдаскоп гульняў, віктарын і конкурсаў суправаджаўся добрым настроем і ўсмешкамі, песнямі і танцамі прысутных гасцей.

У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 3" прайшла гадзіна паэзіі "Сказ от сердца и души, о том, как мамы хороши", прымеркаваная да Дня маці. У самым пачатку ўспомнілі, як з'явілася свята, для чаго яно было створана. Затым дзеці падзяліліся гісторыямі пра сваіх маці, чыталі вершы, гаварылі самыя далікатныя і добрыя словы, а таксама з задавальненнем адгадвалі загадкі, складалі прыказкі, удзельнічалі ў гульнях і конкурсах. У завяршэнні цікавым і карысным стаў майстар-клас "Падарунак для матулі".

Для кожнага з нас гэты дзень напоўнены бясконцай любоўю да самага роднага чалавека - сваей маці, а таксама прызнаннем і павагай да ўсіх, хто гадуе і выхоўвае дзяцей.

Бібліятэкар Кацярына Сандакова.

Прэзентацыя кнігі Тарэзы Смольскай "Няхай новыя песні пра Ліду складаюць…

18 кастрычніка ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшла прэзентацыя кнігі Тарэзы Смольскай "Няхай новыя песні пра Ліду складаюць…". Гэты зборнік вершаў - дар роднаму гораду да 700-гадовага юбілею, вершаванае прызнанне ў каханні, напісанае сэрцам.

На прэзентацыі сваёй першай кнігі паэтка расказала пра сябе, пра тое, што падштурхнула яе да творчасці, прачытала свае вершы, а таксама выканала са сваімі сябрамі песню пра горад, пакладзеную на музыку мясцовым кампазітарам Віктарам Хабаравым. Бібліятэкары прадставілі ўдзельнікам мерапрыемства буктрэйлер на вершы Тарэзы Смольскай, які быў створаны супрацоўнікамі Лідскай раённай бібліятэкі (Жышко Г.І. і Курбыка Г.Р.) у рамках анлайн-праекта "Літаратурнае сузор'е Лідчыны", дзякуючы якому здзейснілі паэтычную вандроўку па ўнікальным горадзе Лідзе. Калегі, сябры, чытачы і іншыя прысутныя, якія выступілі падчас прэзентацыі выказалі аднадушнае меркаванне, што вершы Т. Смольскай, прысвечаныя нашаму гораду, простым прыемным момантам жыцця, закранаюць душу любога, хто з імі знаёміцца. З гадамі аўтар не развучылася цешыцца простым рэчам, з якіх і складаецца жыццё. Яны павіншавалі паэтку з выхадам яе першага зборніка і пажадалі далейшых творчых поспехаў. У канцы мерапрыемства Тарэза Чаславаўна паднесла ў дар бібліятэцы экзэмпляры сваёй кнігі, а ўсе ахвочыя атрымалі кнігу, аўтограф і фота на памяць.

Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Кацярына Сандакова.

"Нясвіжскі ўток" № 2

З вялікай затрымкай, але ўсё-такі ў год 800-годдзя Нясвіжа выйшаў 2-гі выпуск літаратурна-мастацкага зборніка "Нясвіжскі ўток".

У зборнік уключаны выняткі з творчага даробку нясвіжскіх літаратараў за 2018 - 2023 гг. 319 ст.

Укладальнік: Валянціна Шчарбакова.

Рэдактар: Станіслаў Суднік.

Скарыстаны здымкі Святланы Польскай, Наталлі Плаксы, з сямейных архіваў аўтараў і з газеты "Нясвіжскія навіны". На 1-й старонцы вокладкі: замак у Нясвіжы і "замак" у Сейлавічах (2022 г.). Аўтары здымкаў не ўстаноўлены.

На перыяд, блізкі да даты выхаду, прыпадае шмат памятных датаў з гісторыі нясвіжскай літаратуры. Пра гэта гаворыцца ў прадмове да зборніка.

"Сёлета Нясвіжу - 800 гадоў.

А летась споўнілася 460 гадоў ад моманту, як у 1562 г. беларускім гуманістам і асветнікам Сымонам Будным ў Нясвіжы былі аддрукаваны "Катэхізіс" і "Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам", у якіх перашадрукар выклаў свае рэлігійныя, палітычныя і філасофскія ідэі.

1562 год мы можам лічыць годам, калі пачалася нясвіжская літаратура.

Пазалетась споўнілася 420 гадоў ад моманту выдання ў 1601 годзе кнігі «Перагрынацыя, ці Паломніцтва ў Святую зямлю» Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі.

У 2025 годзе споўніцца 320 гадоў з дня нараджэння пісьменніцы Францішкі Уршулі Радзівіл.

У 2019 годзе споўнілася 200 гадоў з дна нараджэння Аляксандра Незабытоўска (02.10.1819, в. Смалічы Нясвіжскага раёна) беларускага пісьменніка, філосафа, гісторыка.

Сёлета споўнілася 200 гадоў (1823) з дня нараджэння Людвіка Кандратовіча (Уладзіслава Сыракомлі) і 190 гадоў (1833) ад моманту пачатку яго навучання ў павятовай школе пры дамініканскім кляштары ў Нясвіжы.

У 2025 годзе споўніцца 125 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Жылкі (27 траўня 1900, в. Макашы, цяпер Нясвіжскі раён, Менская вобласць), беларускага паэта, перакладчыка, крытыка.

Летась споўнілася 120 гадоў, як у 1902 годзе Кастусь Міцкевіч (Якуб Колас) скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, у якой навучаўся на працягу пяці гадоў (1898-1902).

Летась споўнілася 115 гадоў, як вясной 1907 года ў маёнтак Дольны Сноў прыехаў працаваць Янка Луцэвіч (Янка Купала). Тут дачакаўся ён весткі пра выданне свайго першага зборніка "Жалейка".

Пазалетась споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння паэта, драматурга, празаіка, выдаўца і грамадскага дзеяча Сяргея Новіка-Пеюна (1906-1994).

Пазалетась было 105 гадоў, як у 1916 годзе паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю Кузьма Чорны, але скончыць яе не здолеў, бо ў 1919 годзе семінарыю зачынілі польскія ўлады.

Сёлета споўнілася 105 гадоў з дня нараджэння Паўлюка Пранузы.

Летась споўнілася 100 гадоў ад нараджэння паэта з нясвіжскіх Юшавіч Івана Гурбана, сябра СП Беларусі з 1994 года, аўтара зборнікаў "Пахі вясны," "Чубаценькі будзільнік", "Калі ветрык спачывае".

Сёлета споўнілася 85 гадоў з дня нараджэння Алеся Стадуба (нарадзіўся 24.04.1938 г. у в. Юшавічы Нясвіжскага раёна). Скончыў 10 класаў у Нясвіжы".

Гэта самы беглы агляд літаратурнага мінулага Нясвіжчыны. А гэтым зборнікам да нясвіжскай літаратурнай гісторыі дадаецца 21 сучасны нясвіжскі аўтар. Іх можна аднесці да розных пакаленняў, але, на жаль, моладзі вельмі мала. А хацелася б, каб яна была, каб нясвіжскія школьнікі, навучэнцы каледжа далучыліся да літаратурнага працэсу.

Зборнік пачынаецца эпіграфам:

Каб пазбыцца душэўных аковаў,

Каб не страціць ні волі, ні мовы,

Трымайце адзін запавет:

Хай ваша прыгожае слова

Робіць прыгожым наш свет.

У адпаведнасці з гэтым эпіграфам і фармаваўся зборнік.

У зборнік увайшлі вершы такіх паэтаў, як:Уладзімір Жылко, Людміла Круглік, Лілея Мялешка, Марыя Падамацька, Вольга Жэрка, Галіна Нупрэйчык, Тамара Прыгун, Алег Пракарына, Марына Суднік, Алена Шаблоўская, Валянціна Шчарбакова, Аляксандар Яцук, Станіслаў Суднік.

Яблык духмяны ўпаў на зямлю

Яблык духмяны ўпаў на зямлю,

У кроплях расы спаласнуўся.

Сонца прамень аблашчыў раллю -

Так восеньскі ранак прачнуўся.


Воблакі ціха па небе плывуць,

Вецер ім песні спявае.

Пчолы ў садзе больш не гудуць:

Антонаўка ўжо ападае.


Верасень паліць на дрэвах кастры,

Восень у сілу ўступае.

А пах які, водар у гэтай пары -

А ці хто яго з чым параўнае?

Марына Суднік.

Змешчаны пераклады з польскай мовы вершаў Вікторыі Жукевіч-Дзівоты.

Проза прадстаўлена апавяданнямі: Раісы Хвір, Марыі Падамацькі, Валерыя Чабатарова, Ірыны Кіпець; аповесцямі Кастуся Нясвіжскага і Уладзіміра Бруя. Змешчаны ўрывак з рамана Зоі Капусты.

У раздзеле "Пуліцыстыка" публікуюцца нарысы Валянціны Шчарбаковай, Вольгі Жэркі, Барыса Вятлугіна.

Успамінамі дзеліцца Святлана Ціхонка.

У раздзеле "Літаратуразнаўства" друкуюцца два артыкулы Сяргея Чыгрына са Слоніма пра нясвіжскага і ўсябеларускага паэта Сяргея Новіка-Пеюна.

Завяршае зборнік мемарыяльны матэрыял "Памяці Алеся Стадуба".

Не ўсе нясвіжскія творцы трапілі ў зборнік, але такой задачы і не стаяла. Праз нейкі час будзе новы. Таму, пішыце, сябры, і напісанае не толькі застанецца, але і апублікуецца.

Прэзентацыя ж гэтага зборніка папярэдне плануецца на 8 снежня.

Яраслаў Грынкевіч.

Нарэшце мы гэта зрабілі

Выйшаў першы ў гісторыі тэматычны выпуск гістарычнай серыі часопіса "Веснік Гродзенскага ўніверсітэта".

Тэма нумар - Беларуская дыяспара ў ХХ стагоддзі: персанальныя і калектыўныя стратэгіі.

Серыя 1. Гісторыя і археалогія. Філасофія. Паліталогія". Том 15, № 3, 2023, ІЖХ 2076-4839.

У томе артыкулы на беларускай і рускай мовах. Беларускамоўныя артыкулы:

Ананька К. Д. (Гродна, Беларусь). Сацыяльная адаптацыя беларускіх эмігрантаў у амерыканскім грамадстве ў першай чвэрці XX ст.

Чарняўскі А. Г. (Гродна, Беларусь). Выдавецкая дзейнасць беларускай нацыянальнай меншасці ў міжваеннай Латвіі (1918-1940 гг.).

Касяноўская Г. С. (Гродна, Беларусь). Арганізацыя і дзейнасць службы пажарнай аховы ў мястэчках Заходняй Беларусі ў 1921-1939 гг.

Макоўская Я. У. (Мінск, Беларусь). Узнікненне першых вотчынных мануфактур на тэрыторыі Беларусі ў XVIII ст.: гістарыяграфія пытання.

Піваварчьік С. А., Гаршкоў А. Д. (Гродна, Беларусь). Археалагічныя даследаванні Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў XXI стагоддзі.

Рускамоўных артыкулаў значна больш, чым беларускамоўных. Але і пяць артыкулаў па-беларуску ў сённяшніх варунках робяць гонар Гарадзенскаму ўніверсітэту. І ўсе мы ведаем, што патэнцыял беларускасці тут значна большы.

Паводле А. С. Горнага.

Навіны Германіі

Канцлер Германіі Олаф Шольц выступае за аказанне дапамогі жыхарам сектара Газа

Канцлер Германіі Олаф Шольц выступае за дастаўку гуманітарнай дапамогі жыхарам сектара Газа і перасцерагае ад далейшай эскалацыі канфлікту на Блізкім Усходзе. Таксама ў сваёй урадавай заяве ў Бундэстазе ён у чарговы раз заклікаў да вызвалення закладнікаў, захопленых ХАМАС. "Яны павінны быць вызвалены без папярэдніх умоў", - заявіў Шольц. Акрамя таго, вельмі важна аказаць гуманітарную дапамогу жыхарам сектара Газы, якія таксама з'яўляюцца ахвярамі і закладнікамі ХАМАС. Са слоў канцлера, пасля паездкі ў Ізраіль і Егіпет у яго стварылася ўражанне, што знайсці спосаб забяспечыць паступленне харчу, вады і медыкаментаў, неабходных для забеспячэння людзей, магчыма.

У аўторак Шольц наведаў Ізраіль, а затым адправіўся ў Егіпет. У Бундэстазе ён заявіў, што Блізкі Усход перажывае самы сур'ёзны крызіс за апошнія дзесяцігоддзі. Кажучы пра тэрарыстычны напад ХАМАС на Ізраіль, ён падкрэсліў, што ў гэтыя часы месца Германіі "побач з Ізраілем". "Ізраіль мае ўсе правы абараняцца". Ён заклікаў праіранскі настроеную "Хезбалу" ў Ліване і Іране не ўмешвацца ў гэтую вайну. Падобны пажар будзе мець разбуральныя наступствы для рэгіёна, лічыць канцлер.

Напярэдадні, падчас свайго візіту ў Егіпет Шольц падзякаваў кіраўніку дзяржавы Абдэль Фатаху Ас-Сісі за яго высілкі па дээскалацыі і пасярэдніцтве. У Каіры ён таксама заклікаў да найскарэйшага аказання гуманітарнай дапамогі жыхарам абложанага сектара Газа. "Палестынцы - гэта не ХАМАС. І ХАМАС не мае права выступаць ад імя палестынцаў", - падкрэсліў Шольц. Мэта Германіі заключаецца ў тым, каб абараніць цывільнае насельніцтва прыбярэжнай зоны і хоць неяк аблегчыць пакуты людзей. Неабходна як мага хутчэй забяспечыць гуманітарны доступ у сектар Газа. "Людзі там маюць патрэбу ў вадзе, ежы і медыкаментах", - сказаў Шольц.

Берлін (dpa), 19.10.2023 г.

Надзвычайная гуманітарная дапамога для цывільнага насельніцтва ў сектары Газа

Падчас свайго візіту ў Іярданію міністр замежных спраў А. Бербок абвясціла, што Германія падасць надзвычайную гуманітарную дапамогу на суму 50 млн еўра.

Германія павялічыць падтрымку цывільнага насельніцтва ў сектары Газа, падаўшы надзвычайную гуманітарную дапамогу ў памеры 50 млн еўра. На сумеснай прэс-канферэнцыі са сваім іярданскім калегам Айманам Сафадзі ў сталіцы Іярданіі Амане міністр замежных спраў Анналена Бербок абвясціла, што гэтыя сродкі павінны быць скарыстаны для падтрымкі міжнародных арганізацый, такіх як Сусветная харчовая праграма, Дзіцячы фонд ААН (UNICEF) і, першым чынам, Блізкаўсходняе агенцтва ААН для дапамогі палестынскім уцекачам і арганізацыі работ (БАПАР).

Бербок і Сафадзі заклікалі да ўрэгулявання вайны ў Газе дыпламатычным шляхам, вынікам якога павінна стаць рашэнне пра стварэнне дзвюх дзяржаў. У той жа час палітыкі падкрэслілі, што маюць намер зрабіць усё магчымае, каб прадухіліць распальванне буйнога пажару на Блізкім Усходзе. Гэта была другая сустрэча Бербок і Сафадзі за тыдзень. Пасля візіту ў Іярданію кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Германіі адправілася ў Ізраіль, затым яна мела намер наведаць Ліван.

Бербок у чарговы раз запэўніла Ізраіль у "непахіснай салідарнасці" федэральнага ўрада. Кіраўнік МЗС Германіі згадала пра дылему, з якой сутыкнуўся Ізраіль. З тэрарызмам ХАМАС неабходна змагацца. Але далейшыя ахвяры сярод цывільнага насельніцтва могуць стаць пажыўным асяроддзем для новага тэрору, што ў сваю чаргу прывядзе да расколу паміж тымі дзяржавамі рэгіёна, якія працуюць над дасягненнем міру і бяспекі ў рэгіёне.

Аман (dpa), 20.10.2023 г.

КРЫНІЦА З БОСАЙ ВАДЗІЦАЙ

Сяргей Панізьнік

Зборнік вершаў для дзяцей

Малюнкі Меланні - дачкі Веранікі Панізьнік

"Босая" вада

- Кісель ёсць, гарбата і кава…

- Ці-ка-ва!

- Прастакваша, кефір, сырадой…

- Ой!

- Раўгеня, і жур, і квас.

- У вас?

- А ў нас частаванне простае:

Ёсць вада "босая".

- Дайце напіцца!

- А вунь крыніца.

Жарало ля капліцы з броснінкамі!

І вада там светлая, бо не просценькая,

з крыніцы святой - босенькая.

---------------------------------------

Гарбата-чай; раўгеня-саладуха, кулага;

жур-аўсяны кісель,

жарало-глыбокая адтуліна ў зямлі,

броснінкі-пылінкі-бросні на вільготнай паверхні.

"Босая" вада - тое самае, што і "святая" вада.

"Босая" вада - вада з першабытная чысцінёй, гаючая вада на Вадохрышча. Асаблівасць свята 19 студзеня - вада, асвечаная пад адкрытым небам у купелі на рацэ, ці возеры. Яна лічыцца незвычайнай, магічнай, бо лечыць і душу, і цела.

Першы раздзел

МЫ - ГРАМАЦЕІ !

А ў крыніцы - босая вадзіца.

Нахіліся долу падзівіцца.

Кожная там кропля - чараўніца.

Ад крыніцы хочацца натхніцца,

патаемай ведаў наталіцца.

Год Ведаў

Клунак думак прынёс Дзед Мароз

і ад Зайкі - усе зычэнні.

Віншаванні нам Студзень паднёс;

пачастуначкаў - поўныя жмені.

Чырванее і ў Зайкі нос.

Пачынаем вучобы крос

З Годам Ведаў мы - у злучэнні!

Грамадзяне - Грамацеі!

Для сябе мы ўсе хацелі

Грамату! Каб школьны клас

быў адзначаны. Заслуга

павялічыць сілу духу.

Будзем граматна ствараць

новых сачыненняў раць!

Знайду!

Калі вазьму сяброў за рукі, -

знайду надзею для зарукі,

што будзе ў школьнай дружбе лад

для вершаў, песняў і балад…

І высвецяцца - у памнажэнні

усіх задач усе рашэнні.

Ці многа нас?

О, Беларусь! Твой зоўны лёс - дарога.

Ты сто разоў пытаеш на вяку:

- Ці многа нас? Ці многа нас? Ці многа

знаходзіцца на кожным бальшаку?

Бязмежжа

На планеце ля дзяржаўных цвержаў

весніцца сваяцкая душа.

І няма - у роўнасці - Замежжа,

бо знікае ў роднасці - мяжа.

Наказ вучням

І самі мы - Радзімы вецце:

адно з другім штодня бліжэй…

За Бацькаўшчыну няма на свеце

радней, шчымлівей, даражэй!

У гатоўнасці

Раніца. У школу мкнуся:

там надзея ўся мая,

там Айчыне памалюся,

да Святыняў дакрануся -

і адразу падужэю я ўдвая.

Спадчына

Падбеглі да мяне з этнічнай сцежкі

Выслоўі, Павучанні і Пацешкі…

Прысуды, Водзыўкі з-пад чублаў думак

збіраў я, школьнік, у бацькоўскі клунак.


Быў Прыбабунькаў поўны мех…

Ён, Продак, ад мяне не збег.

Вучыў:

- Вам Спадчыну збіраць не грэх!

… О, розум Продка - мудрасці арэх!

Без упыну

Я і ты - два берагі.

Нам Край Продкаў - дарагі.

Няма ў крыніцы донца.

Нам дадзена жыццё,

як вечару - касцёр, як зорка - ветлай зорцы.

Хай "босая" вада цячэ для нас бясконца.

Пад рукой - падручнік

Чытаю я ў вячэрнім гудзе:

"Тут як было - навекі будзе!"

Зямля з азёрамі-вачыма

і са змагарнай доляй людзі,

з высокай славаю - Ай- чы- на ! "

Важна

Каб з новай патрэбай жыць

і шчыраму сэрцу парадзіць,--

нам трэба сябе адкрыць

Веку, Радзіме, Праўдзе.

Заклік

- Хто ахвочы, каб сустрэліся на ўзвыссі?

Вочы ў вочы! Сэрца ў сэрца! Мыслі ў мыслі!

Мы - Грамацеі!

Тут у школьнай грамадзе мы -

шчыранькія Грамацеі!

Бо на веды багацелі ад нядзелі да нядзелі:

на настаўнікаў глядзелі.

З гістарычнае кудзелі постаці натхнялі.

Ведаем: яны хацелі, каб нашчадкі пераймалі

мову іх, Любоў пазналі,

пра Крыніцы Продкаў зналі.

Мы ў надзеі, Грамацеі!

Асобы Славы

А Нацыя - аркестар! Пра гэта чуў і Нестар,

з Міндоўгам Рагвалод і Усяслава род,

Цвікевіч, Некрашэвіч, Гарэцкі, Тарашкевіч,

Гадлеўскі і Цвікевіч, Ластоўскі - наша веліч…

Славуты наш народ!

Хадзілі дзеці каля клеці

Нясліся зыкі песень здольных…

…І радасць біла ў песнях вольных.

Якуб Колас "Новая зямля".


- О не! - Узбунтавала клець:

- Узбагачацца трэба ўмець.

Чытайце "Новую зямлю"!

Там Якуб Колас не ў арудзе

трымаў Любоў, а нёс у людзі.

Узбагаціліся ў натхненні

адроджаныя пакаленні.

Светач-полымя Спадчыны

У нас душа не заскарузла,

напоўнілася духоўным грузам

са скарбаў Коласа, Купалы…

Лягчэй з іх спадчыным абрусам

быць сёння ў свеце незаспаным

Паэтам, Сынам, Беларусам.

Стромкае стрэмя

У небе - гальштукі Вясёлкі…

Мы - пераспевы перапёлкі.

І калі бралі дылемаў бярэмя,

то не крычалі нема -

каб не трэснула нашай Вясёлкі стрэмя.

(Дылема - палемічны досвед.)

"Чын - чынаром" !

Я ўчапіўся за ляйчыну

і ўзляцеў на аблачыну.

А чаму? Пазнаў прычыну:

Маладзік згубіў лучыну…

Поўняю назваў Айчыну.

… І было ўсё чын па чыну!

("Чын - чынаром" - так, як і патрэбна.)

Аер

"Татарскае зелле" - пахучы аер.

Стаіць прыгажун - лугавы кавалер.

Звілася лістота ў тугую касу…

… Зялёную шаблю ў паход панясу.

Умелая котка

Ёсць у коткі ногі.

А ёсць у коткі рукі?

Памяркуйце трохі:

котка, сала з'еўшы,

чым жа пыску мые, на парозе сеўшы?

Пачастунак

І Матылькам ёсць чым жывіцца!

Але ж хітрушчая Жы-ві-ца

не толькі пахкая - і клейкая.

Каб Матылёк не стаў наклейкаю, -

прыгожаму ля рыжай шышачкі

Жы-ві-цу паднашу я з лыжачкі.

Грамацей-дабрадзей

Што такое Грамацей?

Гэта ў садзе Чарадзей -

за Скарыну маладзей.

І для граматных людзей,

для надзей іх і падзей

служыць мудры Грамацей.

… Каля школы салавей

праспяваў для ўсіх дзяцей:

- Хто на веды багацей, -

той найлепшы дабрадзей!

(Францішак Скарына, 6.03.1486, Полацк - 1551, Прага, Чэхія.)

Канікулы

"Калацілі вераб'я" -

мерзлі мы ля школы.

А цяпер сусед і я

ля шпакоўні голай.

Дачакаемся вясны

і да Друі, да Дзісны,

да Багдановіча - у Крым

даплывем і даляцім.

Дапаможа і Гальфстрым!

(Максім Багдановіч, 9.ХІІ.1891 - 25.V.1917, Ялта.

Гальфстрым - марская плынь у Атлантычным акіяне.)

Дадатак да казак

Там, дзе сцежкі пратаптаў нядзікі Дзік,

нашу Жабку будзе слухаць Маладзік.

Нам захочацца заквакаць у паўтор, -

прыбярэмся мы ў жабо - і будзе хор!

( Жабо - элемент для ўпрыгожання вопраткі.)

Не гультаіцца!

"Святкаваць нядотыкі"? Стану гультаём…

Без прыгожай готыкі пасівее дом.

Працу мамы, таты я буду паўтараць.

Каб нам стаць багатымі, ляноту - пакараць!

* * *

- "У кулак трубіць" - гультаіцца…

Так сказаў мой дзед. -

Трэба працай бавіцца,

каб азваўся свет!


…О, мой дзед! Ты не гультай!

Шчыра ўнука прывітай!

… Школе спадабаецца,

будзе рады і сусед.

Парада

"Хто не гневаецца - стане Волатам,

і дарога яму будзе пасцелена золатам!"

Прачытаў - і рады

ад такой парады.

Прызнанне

Сцежкі пратораны Краем прасторным.

Змалку з Прыдзвіннем знаюся.

Хвалі пяшчотныя, бераг чаборны,

вам пакланяюся.

Вунь і крыніца з "босай" вадзіцай:

вершамі там я купаюся.

Быць напагатове

Падручнік просіць:

- Вучань, загляні!

Ляноту са сваёй спіны згані,

бо як бы не гудзела зіма ў сваёй гайні, -

хай Беларусь ірдзела б на баявым кані!

Вопыт вякоў

Раёны ветлівых бабуль!

Ад абласцей вы, ад сталіцы

далёка-блізка, ды пакуль

скрыпяць масніцамі святліцы,

нам прыдзецца да вас туліцца -

спяваць і думаць навучыцца.

…А там, дзе Веды, я - патруль.

З вясны да восені

Прырода хай адгукаецца: крыніцы, лугі, лясы…

Нам поле пралесак духмяніцца:

быць просіць ля іх красы.

Я слухаю з самай раніцы

да вечаровай расы:

куюцца чатырохграныя стозёрнавыя каласы!

На экскурсіі

Сёння з продкамі стаў я ў шэраг.

Бачу: у Дабраславенні іскрыш,

Полацак - радаводны наш бераг,

нацыі нашай спарыш,

Вечны, як і Еўфрасінеўкі Крыж.

(Еўфрасінеўскі Крыж створаны Лазарам Богшам у 1161 годзе.

Еўфрасіння-Прадслава - унучка полацкага князя Усяслава Чарадзея.)

Пасля заняткаў

Мы Айчыны сыны, мы сябры, грамада.

Свой пачэсны пасад нам Любоў адшукала.

Хай жыве Беларусь - як Агонь, як Вада!

У адвечнай хадзе Беларусь і Купала.

(Іван Дамінікавіч Луцэвіч - Янка Купала: 7.VII.1882-28.VI.1942 .)

Сядзіба мамы

Тут падрасла арэшына-ляшчына.

Тут голас мамы - голас ручая…

Вунь і сцяжына, яе сцяжына,

а сёння - запаветная мая.

Каля школы ў Лявонпалі

Мае там вёсны адгулі, -

забыць жа не даюць:

вялі сівыя салаўі…

А сёння іх вядуць.

На сёння і назаўсёды

Запалены кадзільні над спадчынай жытла.

Была "малой" радзіма, а з намі - узрасла.

І стане абнадзейнай, зямлёй не на пастой,--

Айчынай непадзельнай,

Вялікаю, Святой!

Ударым у званы!

Ключы ад гарадоў на крылах маладосці

суседзям паднясём! Са школьнае сцяны

ударым у званы, зямлі супольнай госці!

Навучаныя мы - ударыць у званы.

(Працяг у наступным нумары.)

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

На астравах, узбярэжжы і ў глыбіні кантынента: Мартыш, Несін; малы індзейскі драматычны тэатр Беларусі і вар'етэ

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-42 (53-94) за 2023 г.)

Рубрыка "Тэатр" у гісторыі беларуска-індзейскіх сувязей мае складаную структуру, і, адпаведна, асвятленне тэмы тэатра завязана з раскіданасцю матэрыялу па раздзелах "Мастацкая літаратура", "Літаратуразнаўства", "Мастацтвазнаўства", "Балет", "Харэаграфія", "Музыка", "Кіно", "Тэлебачанне", "Пераклады" і іншыя. Гэта ўласна беларускі тэатр і тэатр у эміграцыі (беларускія і дзеячы беларускага паходжання ў рускім і польскім тэатры, у т.л., эміграцыйным). Пастаноўкі беларускіх п'ес за межамі Беларусі. Гастролі ў Беларусі тэатраў іншых рэспублік і краін. Гастролі беларускіх тэатраў за межамі Беларусі. Непасрэдна тэатральныя сюжэты і калятэатральныя моманты.

Ніна Алаверт, праслаўлены тэатральны крытык, спецыяліст па балетнай фатаграфіі, афармленні выданняў па балеце, стварыла тэкст, у якім герой носіць прозвішча Шверубовіч і ў яго ў нейкі момант драматычна псуюцца адносіны з лірычнай гераіняй. Яна і Шверубовіч разыгралі сцэну развітання, калі апошні быў у паездцы па Амерыцы, пазваніў з Вялікага каньёна - машына зламалася, "п'юць нейкі мясцовы алкаголь прама ў дзікіх прэрыях сярод мустангаў, каўбояў і кактусаў". Вырашылі, што разыдуцца. "А праз некалькі дзён патэлефанаваў Шверубовіч. Ён ужо вярнуўся з Каньёна, ён ужо ў Нью-Ёрку. Я размаўляла з ім сумна, але спакойна. Шверубавіч раздражнёна паведаміў, што купіў мне нейкую індзейскую кераміку, не выкідваць жа цяпер, дык няхай я з ім сустрэнуся і вазьму падарунак. Я сумна, але цвёрда адказвала, што працую да 10 гадзін вечара і што ў мяне няма часу. Але Шверубовіч сказаў, што якраз увечары ён будзе знаходзіцца побач з маім тэатрам і сустрэне мяне на рагу".

Калі гэты герой не меў прататыпа-беларуса, то як персанаж па прозвішчы ён - беларус. Варта прыгадаць, што беларус Качалаў (сапраўднае прозвішча Шверубовіч) удзельнічаў у "хатняй пастаноўцы" з індзейцамі, быў манахам, місіянерам сярод іх, а таксама разам з сынам В. Шверубовічам рэальна ездзіў у Амерыку - на гастролі.

Квазітэатр, нарэшце, проста тэатр у гумарыстычным або сатырычным сэнсе, магчыма, спачувальна-іранічным - "ціятр", як гэта называў любімы намі Уладзімір Калеснік.

Ёсць уласна беларуская драматургія (творы беларускіх аўтараў) і пастаноўкі замежных аўтараў. Індзейцы з'явіліся ў п'есах вядомых драматургаў з каранямі ў Беларусі і ў работах тэатразнаўцаў - у сувязі з беларускімі і замежнымі пастаноўкамі.

У п'есах можна знайсці як "сапраўдных'" індзейцаў, так і гульню ў індзейцаў, згадкі іх у рэпліках герояў, каля-індзейскія матывы рознага роду (напрыклад, скальпаванне ў К. Транёва). Часам індзейцы з'яўляюцца толькі ў дапаможных тэкстах п'ес або ў крытыцы па спектаклях (С. Дубавец "індзеянізаваў" грубыя метады героя Я. Купалы).

"А гэты выпаў з гнязда" або "А хтосьці выпаў з гнязда", некалькі варыянтаў "Дзікага амерыканца", "Заваяванне вострава святога Люцыя", "Альзіра", "Кора і Алонза, або Дзяўчаты Сонца", "Вучань д'ябла", "Гаявата", "Малгажата з Зямбоціна", "Авадзень", "Бледнатварыя ў краіне чырванаскурых", "Прыгоды падарожніка Піпса і ягоных сяброў...", "Пітэр Пэн", "Псеўда", "Млын на Сініх вірах", "Цётка з Бразіліі", "Марат Казей", "Бура" (Шэкспір!), "Голас Амерыкі", "Тутэйшыя" - такія п'есы і спектаклі, што прыцягнулі нашу ўвагу.

Народны тэатр і тэатралізацыя беларусаў і індзейцаў параўноўваліся этнографамі і фалькларыстамі.

У беларускім народным лялечным тэатры батлейцы, вядомым з 16 ст. пад рознымі назвамі ў розных частках Беларусі, у праватнасці яселка, батляемка, отлейка, жлоб, вяртэп - апошнім словам называецца ён і на Украіне, а ў Польшчы завецца шопка (вядомая з 15 ст.). У. Няфёд (1959) налічвае не менш 20 "самастойных сцэн" і "звыш 40 персанажаў", сярод якіх "Аляксандр Македонскі і Пор Індзейскі". Індзейскі - гэты індыйскі, але гэта важны момант і для індзеяністыкі: як беларусы былі падрыхтаваныя да адкрыцця Амерыкі і называння яе жыхароў індзейцамі.

Шукаючы спосабы ўздзеяння на людзей, езуіты арганізоўвалі, як і ў Амерыцы для індзейцаў, тэатралізаваныя дзействы, у час якіх, напрыклад, у Вільні ў 1624 і 1627 г. прадстаўлялі асобнымі фігурамі часткі свету, уключаючы Амерыку. У 1630 г. побач з каралём Давідам крочыў ужо і "кароль Перу". Спачатку ў Польшчы (1638, 1699), а потым і ў Літве ставяцца спектаклі, у якіх паўстаюць постаці вядомых адкрывальнікаў і канкістадораў - Калумба, Пісара і іншых, што ў немалой ступені садзейнічае прыцягненню маладых беларусаў у шэрагі езуітаў.

У 1723 г. у Нясвіжы паказваўся спектакль пра Хрыстафора Калумба. Значная частка пастаноўкі была прысвечана прыдворным інтрыгам супраць Калумба і яго апалогіі як адкрыўцы і таксама, паводле Я. Тазбіра, "мужа, які заваяваў для караля Іспаніі вялізныя прасторы Новага Свету", і ў нас няма звестак, ці былі прадстаўлены ў ёй "адкрытыя" Калумбам "дзікія амерыканцы".

На нясвіжскай сцэне ў 1758 г. прадставілі камедыю "Дзікі амерыканец, або Прастата, якая прыродным розуму святлом кіруецца", а гады праз два зноў у езуіцкіх калегіюмах ігралася камедыя "Арлекін ці дзікі амерыканец". Згодна з Я. Тазбірам, які ўзяў звесткі з праграмы "Арлекін, дзікі Амерыканін", у 1765 г. у Вільні была ўпершыню паказаная пастаноўка па творы Дэліля дэ ла Дрэвяццера "Дзікі амерыканец" у апрацоўцы Францішка Багамольца з Віцебска. У Варшаве спектакль з "добрым дзікуном" быў у 1778 г.

Трагедыя Вальтэра "Альзіра" была пастаўлена ў слонімскім тэатры ў 1780 і 1783 гг., а пазней (да 1812 г.) - у Менску трупай Ходзькі.

Ігнацы Юзаф Вяроўскі, які выступаў у гарадах Беларусі ў складзе трупы М. Кажынскага (дэбютаваў як акцёр у ёй у 1802 г.), а ў 1815 г. пераехаў у Варшаву, выконваў ролю Замора ў "Альзіры" - адна з трох, якія называюцца ў беларускіх энцыклапедыях і "вызначаліся высокай сцэнічнай культурай, гіст[арычнай] канкрэтнасцю".

Актрыса-танцоўшчыца з прыгонных А. Тызенгаўза Мар'яна Малінская таксама пераехала з Беларусі ў Варшаву (потым у Львоў). "Кора і Алонза, або Дзяўчаты Сонца" - балет, у якім яна ўдзельнічала.

"Індзейскія" традыцыі беларускага тэатра, асабліва "езуіцкага перыяду", мелі перспектыву развівацца пасля рэвалюцыі - у своеасаблівай атмасферы савецкага сацыялістычнага езуітызму (памятаючы пра "камуністычную дзяржаву" езуітаў у Парагваі). Як і ў іншых галінах, дапамогу ў падрыхтоўцы тэатральных кадраў аказала Расія, Масква. У сваю чаргу, некаторыя беларусы ўнеслі важкі ўклад у расійскі тэатр.

У першыя паслякастрычніцкія гады лагічным быў зварот тэатральных дзеячаў да тэмы амерыканскай рэвалюцыі. У пастаноўцы Е. Міровіча "Вучань д'ябла" па п'есе Б. Шоў (1922) у адной са сцэн дзеяння трэцяга згадваюцца індзейцы як саюзнікі англічан. Перад самым ваенным судом над адным з патрыётаў генерал Бэргайн, вядомы нам як непасрэдны праціўнік Касцюшкі, такімі словамі, звернутымі да маёра Суіндана, характарызуе сітуацыю англійскіх войскаў:

"Сэр, ці разумееце вы тое, што толькі дзве акалічнасці служаць нам пакуль абаронай ад катастрофы - наша ўласная бравада і неарганізаванасць каланістаў? Але ж яны такія ж англічане, як і мы з вамі; і, акрамя таго, іх шасцёра на кожнага з нас (з націскам) - шасцёра супраць аднаго, сэр. А нашы войскі напалову складаюцца з гесэнцаў, браўншвейгцаў, прускіх драгун і індзейцаў з тамагаўкамі. Вось тыя суайчыннікі, на вернасць якіх вы збіраецеся паспадзявацца!"

П'еса ставілася ў беларускіх тэатрах і пазней (Барысаўскі народны тэатр).

Найбольш уражальнае ўздзеянне індзейскай культуры чакала выпускніка Беларускай тэатральнай студыі пасля яе заканчэння ў 1926 г. - п'еса "Гаявата". Цэнтральным у ёй, як і ў паэме, быў "вобраз гістарычна рэальнай асобы, што жыла ў ХV ст., - іракезскага важака індзейца Гаяваты", раскрывалася асоба "чалавека мужнага, сумленнага, справядлівага, які адстойваў ідэю міру і дружбы паміж людзьмі", што заўсёды сучасна. Беларускі тэатр шмат страціў з-за фінальнай няўдачы з "Гаяватай", але, несумненна, работа над гэтым спектаклем паўплывала на тых акцёраў, што прынялі ў ёй удзел.

Толькі адно слова нагадвае пра індзейцаў у п'есе Я. Купалы "Тутэйшыя". Дзеянне адбываецца ў час "першай" нямецкай акупацыі Менска - заключны яе этап, калі меркаваць па параўнанні немца з магіканінам. Тут ужыванне гэтага выразу малазначнае і невыразнае. Яно не характарызуе рэальны расклад - хто рэальна з'яўляецца ахвярай вайны і экспансіі.

Храналогія "Тутэйшых": 1922 - п'еса напісана, 1924 - п'еса апублікавана, 1926 - п'еса пастаўлена, 1990 - пастаўлена зноў пасля перапынку. Пазней з'явіліся і не адна кіна- і тэлеверсіі. У кінаверсіях п'есы магікане могуць знікаць. Або магікан могуць замяніць на іншы выраз. Гэта магчыма.

У драме К. Транёва "Любоў Яравая" героі ўводзяць у кантэкст грамадзянскай вайны "вобраз" скальпавання. П'еса "Любоў Яравая" ўпершыню апублікавана ў 1927 г. выдавецтвам "МОДПиК". Драматург працаваў над ёй, задуманай, верагодна, у 1920 г., у 1923-1924 гг., а ў 1925-1926 гг. ім было створана 4 варыянты п'есы. У далейшым, да 1940 г., аўтар уносіў змены ў тэкст. Выданне 1940 г. (выдавецтва "Искусство") характарызуецца як "Апошняя, канчатковая п'еса з шэрагам розначытанняў".

У беларускім выданні п'есы такая зноска: "Скальпаванне - ваенны звычай, які існаваў у некаторых народаў, паводле якога ў якасці трафея з галавы забітага ворага здымалі скуру (з валасамі)". Абышлося без прамой згадкі індзейцаў, але мы ведаем, каму прыпісваецца крытычна вялікая частка бытавання гэтага звычаю. Датуецца п'еса ў гэтым выданні "1926 г."

Гісторыя пастаноўкі драмы ў беларускіх тэатрах уключае спектакль Беларускага тэатра імя Я. Коласа ў 1936 г.

Пастаноўка А. Будзько мюзікла "Пітэр Пэн" 1990 г. захоўвалася ў рэпертуары каля 20 гадоў. Гэтая работа Дзіцячага музычнага тэатра-студыі ДАВТа тады была "адзіны ў афішы Мінска музычна-сцэнічны твор беларускага кампазітара для дзяцей": у "партытуры прываблівае меладычнасць музыкі, яе даходлівасць і прастата. Дзеці жвава рэагуюць на экзатычныя мелодыі, заснаваныя на джазавых і лацінаамерыканскіх рытмах: нумары піратаў, індзейцаў". Крытык адзначае таксама зацікаўленасць, з якой іграюць свае ролі на опернай сцэне выканаўцы-дзеці.

23.12.1987 г. у Рэспубліканскім тэатры юнага гледача была паказаная сумесная беларуска-польская камедыя "Прыгоды падарожніка Піпса і ягоных сяброў папугая Тэрафэры і сабакі Кліпса" польскага аўтара С. Фрэйедмана (пераклад А. Вольскага), рэжысёр і харэограф Томаш Грахачынскі (Grochoczynski), мастак Малгажата Валюсяк (Walusiak). Фатаграфія У. Шубы Піпса з пяром у валасах (выканаўца М. Пятроў) абышла многія газеты.

П'еса В. Зуба "Марат Казей" пастаўленая ў 1964 г. ТЮГ (у розных даведніках пастаноўка датуецца 1962, сама п'еса ці яе выданне 1963 г.). Яна называецца сярод некалькіх дзясяткаў тэатральных твораў, якія найбольш шырока ставяцца ў рэспубліках СССР, але, наколькі мы маглі зразумець, у першай рэдакцыі п'есы індзейцаў не было. У 1970 г. п'еса выйшла асобным выданнем у "Школьнай бібліятэцы" выдавецтва "Народная асвета" (150 тыс. экз.) без спасылкі на крыніцу перадруку.

Дзеці "перамешчаных асоб" у Германіі гулялі ў партызан і немцаў на чыгунцы і ў індзейцаў і белых даволі рэалістычна, не ў тэатры, а ў "тэатралізацыі", а ў Зуба ўстаўка трэніроўкі "па-індзейску" перад прыходам немцаў хоць і крыху "надуманая", але вельмі эфектная.

Цікавай пастаноўкай была інсцэніроўка рамана К. Кізі "Палёт над зязюльчыным гняздом" "А хтосьці выпаў з гнязда" Дэйла Васэрмана (сын яўрэйскіх эмігрантаў з Расіі) у 1983 г. у Магілёўскім абласным драматычным тэатры. Валерый Маслюк (1953-2001, смерць у 48 гадоў) быў і рэжысёрам, і выканаўцам ролі індзейца. Гэты спектакль ставіўся і іншымі тэатрамі, паказваўся ў час гастролей тэатраў у СССР і экс-СССР.

Маслюк жа паставіў (1982) спектакль "Судны дзень" паводле аповесці "Суд у Слабадзе" (1977) В. Казько.

Адно з выданняў гэтай аповесці мы знайшлі ў студзені 2020 г. у арыгінальнай кніжнай шафе з элементамі буккросінгу. Аказалася, што і хлопчык Лецечка з невылечна хворым сэрцам (вайна), па ідэі аўтара, можа, бачачы нейкі вэрхал, успамінаць індзейцаў:

"Колька з замілаваннем панаглядаў за гэтым пакрыўджаным мячыкам-азадкам, што скакаў у траве, і ўжо ўзяў кірунак да ізалятара, каб і там аднавіць парушаную ім справядлівасць у адносінах да Козела і бабы Зосі, але раптам перадумаў. Штосьці незразумелае адбывалася каля сталоўкі, быццам у дзетдом наскочыла якоесьці племя індзейцаў, не хапала толькі вогнішчаў, а так апантана білі тамтамы, гучалі ваяўнічыя воклічы, з узнятымі ўгору рукамі бегалі галапузыя дашкаляты, чырванаскурыя. І Колька палічыў, што аднаўленню справядлівасці зусім не пашкодзіць, калі ён спачатку ўведае, што сёння за вэрхал такі ля сталоўкі".

Наўрад ці гэта было ў п'есе паводле аповесці, але хто ведае. І хто ведае, што можа трапіць яшчэ на сцэну з кніг, зафіксаваных у "Беларуска-індзейскай бібліяграфіі".

У тэксце п'есы Юліяна Сямёнава "Рэквіем па Грэнадзе" па рамане "Прэс-цэнтр" месца з індзейцамі магло і не быць:

""Гер Бауэр" заўважыў, што падчас вайны загінула менш палякаў, чым у свой час індзейцаў у Злучаных Штатах або ірландцаў у выніку прымянення англа-саксонскіх метадаў.

Абодва гэтыя выпадкі, аднак, былі праявай адкрытага імперыялізму, у той час як Германія сутыкалася з неабходнасцю весці барацьбу за жыццёвую прастору. Аднак, паколькі Германія цікавіцца не англа-саксонскімі праблемамі, а надзённымі для яе пытаннямі, было б добра, калі б англасаксонскія краіны праявілі такую ж мудрую стрыманасць і спынілі распальваць жарсці сваімі эгаістычнымі ідэямі аб удасканаленні свету, а таксама прад'яўляць да іншых большыя патрабаванні, чым да саміх сабе".

Прэм'ера ў Гомелі 10.10.1987 г. - гл. бюлетэнь АГ БІТ № 15. Гомельскія актывісты тады былі ў кантакце з Сямёнавым.

Да спектакляў па творах, у поўных літаратурных версіях якіх згадваюцца індзейцы, адносіцца і раман пра прыгоды гамяльчаніна Лазіка Ройтшванеца, але ў сцэнічных версіях "ацтэк" і іншае "прапушчанае" або "магчыма прапушчанае" (Гомельскі дзяржаўны тэатр лялек, 2019).

Наколькі рэалістычны вобраз Лазіка - тым больш у лялечнай версіі? Камбінацыю адноснага рэалізму ў літаратурнай аснове і берасцейскіх лялек прадставілі ў 2021 г. у спектаклі па аповесці Джэка Лондана "Белы Ікол" ("Ікол"- частка імя сабакі, але ў Берасці гэтае слова чамусьці ўжываецца з малой літары) Берасцейскага тэатра лялек, пастаноўкай якога кіраваў запрошаны расійскі рэжысёр Дзяніс Казачук, ролю індзейца Шэрага Бабра выканаў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Іван Герасевіч.

Ураджэнка Аляскі, дачка праваслаўнага святара Васіля Мартыша і Вольгі Новік, паходжаннем звязанай з Наваградкам, вядомая пад сцэнічным псеўданімам Ксенія Грэй, выканала адну з галоўных роляў у мюзікле Рудольфа Фрымля "Роз-Мары". Адным з цэнтральных матываў, нумароў быў "Індзейскі заклік кахання". Сюжэт заснаваны на забойстве індзейца і падазрэнні, што яго ўчыніў галоўны герой. У гэтай ролі яна выступала ў Вільні (тэатр "Лютня", 1938-1939) і Варшаве.

Літ.:

420 Бакіевіч Р. М. Брэсцкі абласны драматычны тэатр / імя Ленінскага камсамола Беларусі // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: у 5 т. Т. 1. Мн., 1984. С. 489-493.

7807 Бакіевіч Р. М. Брэсцкі тэатр драмы і музыкі // Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя: у 2 т. Т. 1. Мн., 2002. С. 169-179.

942 Барышаў Г. "Мы вярнуліся да пачатку..." / гутарыла Ж. Лашкевіч // Літаратура і мастацтва. 1992. 5 чэрв. С. 10-11.

7088 Барышаў Г. I. Малінская (магчыма, Малевіч) Мар'яна (Марыя; 1767?-?) // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 10. Мн., 2000. С. 34.

6473 Барышаў Г. I. Слонімскі тэатр Агінскага // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 9. Мн., 1973. С. 589-590.

7226 Барышаў Г. I. Слонімскі тэатр Агінскага // Беларуская ССР: кароткая энцыклапедыя: у 5 т. Т. 4. Мн., 1981. С. 541.

7808 Барышаў Г. І. Малінская (відаць, таксама Малевіч) Мар'яна (таксама Марыя) // Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя: у 2 т. / пад агул. рэд. А. В. Сабалеўскага. Т. 2. Мн., 2003. С. 74.

7087 Барышаў Г. І. Малінская (відаць, таксама Малевіч) Мар'яна // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: у 5 т. Т. 3. Мн., 1986. С. 419.

7125 Барышев Г. И. Слонимский театр Огинского // Белорусская ССР: краткая энциклопедия: в 5 т. Т. 4. Мн., 1981. С. 553.

1029 В зимние каникулы многие школьники смогут посмотреть в Белорусском республиканском театре юного зрителя новую комедию "Приключения путешественника Пипса и его друзей..." // Вечерний Минск. 1988. 4 янв. (Здымак.)

1104 Вяроўскі (Werowski) Iгнацы Юзаф // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: у 5т. Т. 1. Мн., 1984. С. 719.

3532 Вяроўскі (Werowskі) Iгнацы Юзаф // Беларуская энцыклапедыя. Т. 4. Мн., 1997. С. 395.

7113 Гісторыя беларускага тэатра: у 3 т. Т. 2. / рэдкал.: У. I. Няфёд (гал. рэд.) і інш. Мн., 1985.

1145 Глушакоў I. I есць, і няма... Летнія развагі пра музычныя спектаклі для дзяцей // Літаратура і мастацтва. 1992. 17 ліп. С. 10.

3534 Магілёўскі абласны драматычны тэатр паставіў спектакль "А хтосьці выпаў з гнязда" (п'еса Д. Васэрмана паводле рамана "Палёт над зязюльчыным гняздом" К. Кэсі) // Літаратура і мастацтва. 1983. 28 студз. С. 2.

1582 Мальцаў У. Пераможцаў не было... Новае з гісторыі БДТ-2 // Мастацтва. 1992. № 7. С. 37-41.

3756 Мицкевич А. О критиках и рецензентах Варшавских / пер. В. У. [В. Ушакова] // Московский телеграф. 1829. № 17 (сент.). С. 3-36. (Предисловие к полному собранию стихотворений Мицкевича.)

3755 Мицкевич А. О критиках и рецензентах Варшавских / пер. П. Полевого // Мицкевич А. Сочинения. Т. 2. Спб.; М., 1883. С. 236-262.

3722 Мицкевич А. О критиках и рецензентах варшавских // Мицкевич А. Собрание сочинений. Т. 4 / под ред. М. Ф. Рыльского, М. С. Живова. М., 1954. С. 65-82.

10896 Пепяляеў В. Шабаны бачныя з адлегласці: сучасная беларуская проза на сцэне Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы // Мастацтва. 2016. № 1. С. 28. (Пра прэм'еру спектакля "Шабаны" паводле аднайменнага рамана А. Бахарэвіча:"Галоўныя героі, па светаадчуванні - вясковыя жыхары, утвараюць супраціў наступу вялікага горада і, як маленькае індзейскае племя, ахоўваюць сваю тэрыторыю і правілы жыцця.)

3123 Ратабыльская Т. А. Гісторыя сусветнага тэатра // Народная асвета. 1996. № 10. С. 57-64.

1904 Савіцкая А. Хітрыкі ката Пазуры / фота У. Шубы // Літаратура і мастацтва. 1988. 8 студз. С. 11. (На фота - падарожнік Піпс (М. Пятроў).)

1912 Салеев В. Жизнь - это свобода // Вечерний Минск. 1988. 30 авг. (Кізі-Васэрман.)

5202 Салееў В. Жыццё - гэта свабода // Вячэрні Мінск. 1988. 30 жн.

1922 Саннікаў А. Няскончанае інтэрв'ю // Літаратура і мастацтва. 1965. 1 студз.

7291 Слонімскі тэатр Агінскага // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 14. Мн., 2002. С. 20-21.

1965 Слонімскі тэатр Агінскага, прыдворная тэатральная трупа гетмана вял. літоўскага Міхала Казімежа Агінскага // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: у 5 т. Т. 5. Мн., 1987. С. 63

2061 У час канікулаў многія школьнікі змогуць паглядзець у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача новую камедыю "Прыгоды спадарожніка [так] Піпса і яго сяброў" / фота У. Шубы // Звязда. 1988. 5 студз.

6997 Шверубович В. О людях, о театре и о себе. М., 1976.

8561 Юрэвіч Л. Беларускі тэатар і драматургія на эміграцыі // Юрэвіч Л. Камэнтары. Мн., 1999. С. 173-205.

8560 Юрэвіч Л. Беларускі тэатр і драматургія на эміграцыі // Тэатральная творчасць. 1997. № 6; 1998. № 1.

5830 Ярмалінская В. М. Нясвіжскі школьны тэатр // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 11. Мн., 2000. С. 420.

4253 Ciechanowiecki A. Michal Kazimierz Oginski und sein Musenhof zu Slonim. Koln; Graz, 1961.

4141 Mickiewicz A. O krytykach i recenzentach warszawskich // Mickiewicz A. Dziela / wyd. zupelne przez dzieci autora dokanane. T. 4. Paryz; Lwow, 1880. S. 117-136.

3797 Mickiewicz A. Recenzja z operetki w 1 akcie pt. "Malgorzata z Zebocina" // Mickiewicz A. Dziela wszystkie / wyd. Sejmowe T. 5. [Warszawa, 1933]. S. 228-236.

8699 Seduro V. The Byelorussian theater and drama. N. Y. 1955. (Longfellow, Henry W. Hiawatha, 258, 295, 327 (adapted by N. Ognyov).)

3809 Schiller L. Podroz teatralna Mickiewicza z Odyncem. Warszawa, 1975.

МАРТЫШ Вера (Martysh, Martysz) - дачка праваслаўнага святога Васіля Мартыша, якога называюць украінцам. Маці ж яе Вольга паходзіла з сям'і з каранямі на Наваградчыне. Бацька Вольгі Максім ажаніўся ўжо ў Польшчы, яго жонка была, паводле звестак нашчадкаў па лініі сястры Веры Алены, з Адамскіх. Вольга і яе дочкі Вера і Ксенія, якія нарадзіліся адпаведна на Афогнаку і Кадзьяку, сутыкалася як з алеутамі і эскімосамі, карэннымі жыхарамі астравоў Кадзьяк і Вудзі, так і з індзейцамі - апошнія фіксуюцца ў статыстычных дадзеных па Кадзьяку і блізкім да гэтага паселішча востраве Вудзі. На востраве Кадзьяк, напрыклад, прыцягвалі жыць Чычанёвы верагоднага частковага тлінкіцкага паходжання (адзін з якіх адлюстраваны на фота з цесцем Вольгі святаром Аляксандрам Севасцьянавічам Мартышам).

Даследчыца з Ванкувера Соня Люрман (Luehrmann, 1975-2019) у сваёй кнізе "Вёскі алуціік пад уладай Расіі і ЗША" (Alutiiq Villages Under Russian and U.S. Rule, 2008) дала статыстыку па нацыянальнасцях на востраве Кадзьяк і на астравах каля яго. Паводле царкоўнага архіва, які захоўваецца ў Вашынгтоне, на 1885 г. тлінкітаў у Паўлаўскай гавані (Кадзьяку) было 6 мужчын і 7 жанчын, у 1895 г. там жа - адпаведна 5 і 2. І шмат крэолаў (метысаў або асоб з іх статусам) - 249 (1885), 279 (1895) і 405 (1912). Cumulative census на 1912 г. па прыходзе з архіва царквы дае 4 мужчыны і 3 жанчыны "Amer. Indians". У 1910 г. па перапісе насельніцтва ЗША - па адным індзейцы кучын на востраве Вудзі і ў паселішчы "Узенькое" (Uzen'koe / Ouzinkie) на востраве Спрус (Яловым), а ў Карлуку на Кадзьяку з'яўляюцца некалькі дзясяткаў лацінаамерыканцаў (43 мексіканцы, 3 пуэртарыканцы, 2 чылійцы).

Першая палова 1900-х гг. адсутнічае ў статыстыцы, якую прадставіла Люрман, але мы бачым, што і перад, і пасля перыяду службы В. Мартыша на астравах Аляскі індзейцы на іх былі.

Соня Люрман памерла 24.08.2019 г.; хворая на рак, яна 22.01.2019 г. спытала наш адрас, каб даслаць кнігу; атрыманая 4.03.2019 г. З найбольш блізкіх да нас асоб у ёй згадваюцца Мартыш Аляксандр і Васіль, Бартноўскі Іван, Шадура Павел, Кашаваравы, Кацельнікавы. Яна ўключаецца ў бібліяграфію царкоўнай школы ў Сан-Францыска дзякуючы згадцы Андрэя Кашаварава як яе вучня.

Ксенія Мартыш (Xenia Grey) - самая славутая з дзяцей Васіля Мартыша - артыстка аперэты. Яна была чалавекам надзвычай цяжкага характару, які дазволіў ёй пражыць 100 гадоў, але сапраўдным прафесіяналам сцэны, які быў здольны дзеля поспеху на кампрамісы і якога любілі гледачы.

Алена Мартыш нарадзілася ўжо на Усходзе ЗША, але жыла і ў Эдмантане, і яна, відаць, была лепшай па характары з сясцёр - мы асабліва любім яе - не толькі з-за таго, што яна любіла чытаць кнігі пра індзейцаў Карла Мая.

НЕСІН Уладзімір (Vladimir Nesin) - ураджэнец вёскі Папіна Драгічынскага раёна (1950), электрык, шафёр, выкладчык фізкультуры, самбіст, расіянін (Цюменская вобласць) па асноўным месцы жыхарства, які так ці інакш трапіў на тэрыторыю блізка да 200 краін свету - пры гэтым яго фірменны спосаб прыцягнуць увагу да свайго намадніцтва, зэканоміць на абутку і быць экалагічным - рухацца басанож і часта дэманстраваць на фатаграфіях стопы. Гэта адлюстравана ў назвах яго кніг: "Босиком по 100 странам пяти континентов" (2011), "Записки босоногого путешественника" (2016).

Ён лічыцца адным з самых вядомых расійскіх падарожнікаў, і гэтая слава прыйшла да яго ўжо ў пенсійным узросце.

"У 33 мяне суправаджаў мой малодшы сын Мікіта. У 57 - мая апошняя жонка - унучка правадыра індзейскага племені Мэры Вераніка Алімптку. Я сустрэў яе ў дарозе. Яна падвезла мяне па дарозе на Аляску, так і пазнаёміліся. Да яе былі дзве жонкі. Але мы разышліся з-за маёй жарсці да падарожжаў, захаваўшы пры гэтым вельмі добрыя адносіны".

Шлюб з унучкай індзейскага правадыра (і як мінімум з шатландскімі продкамі), не кажучы пра сустрэчы з індзейцамі ў розных краінах у час яго "басаногіх" падарожжаў.

У кнізе "Запіскі басаногага вандроўніка" ён апісвае, як з Ванкувера, дзе яго сын меў "сядзячую" работу, якая яму надакучыла, яны і Вікторыя перабраліся спачатку ў Эдмантан - на поўначы Альберты "патрабуюцца кіроўцы і дапаможныя рабочыя, а медсёстры ў Канадзе ўсюды ў дэфіцыце", а потым у гарадок каля Калгары.

Жонку сваю ён прывозіў у Расію - пажыць разам паміж падарожжамі па іншых частках свету. Сам ён пераехаў у Ніжневартаўск у 1977 г. - пражыў там больш за 10 гадоў, працуючы шафёрам. "На грамадскіх пачатках арганізаваў секцыю самба", якую наведваў дэпутат Думы Ніжневартаўска С. Жыгалаў, дзякуючы фінансавай падтрымцы якога выйшла яго кніга "Записки босоногого путешественника".

Несін даваў інтэрв'ю РІА Навіны, з'яўляўся ў перадачах розных расійскіх тэлеканалаў, пра яго падарожжы расказалі і сайты Берасцейшчыны. Вось у прыватнасці, як Камянец праз тэму "рускага Сакрамента" (падарожжа Несіна па Каліфорніі) перадае дыялог культур, які ажыццяўляе беларус з Драгічыншчыны:

"Так, за тыдзень мы агледзелі парачку нацыянальных паркаў і праехалі па 4 штатах, але вось новазеландскі "спікер сцік", падораны мне сям'ёй маоры ў Новай Зеландыі, вырашыў застацца ў індзейскай вёсцы ў штаце Арызона. Я напісаў: "вырашыў застацца", таму што маоры, якія мне яго дарылі, сказалі, што я не маю права прадаваць або дарыць яго, а толькі перадаваць у спадчыну. Яго таксама не могуць скрасці ў мяне, калі ён сам гэтага не захоча. Але паколькі гэта здарылася, я падумаў, што ён вырашыў пажыць на сваёй гістарычнай радзіме - некаторыя маоры лічаць, што іх продкі перабраліся ў Новую Зеландыю на лодках з Амерыкі.

Тут я ўпершыню пагаварыў з сапраўднымі індзейцамі, якіх здымаюць у фільмах. Праўда, акрамя знешнасці і застарэлай непрыязнасці да белых, нічога індзейскага ў іх не засталося. Жывуць зараз яны нармальным цывілізаваным жыццём і толькі на здымках масовак апранаюць старыя ўборы, іграючы індзейцаў. Правоў у іх нашмат больш, чым у белага насельніцтва, і падаткаў яны практычна не плацяць, але трымаюць сябе так, быццам белыя ім нешта павінны. Вядома, у мінулым абарыгены зведалі шмат бед па віне перасяленцаў, але трэба аддаць належнае амерыканскаму ўраду, ён робіць многае, каб загладзіць мінулыя грахі".

У 1999 г. Несін атрымаў пашпарт "Грамадзяніна свету", што дапамагала яму ў перамяшчэннях, у яго імкненні "перадаць свой вопыт маладому пакаленню" - вопыт грамадзяніна свету.

Вікіпедыя дае артыкулы пра Папіна і Новая Папіна (націск на другі склад). "Новая Попина" - аграгарадок у Драгічынскім раёне, цэнтр сельсавета. Да 1964 г. вёска называлася Калонія Папіна.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou, researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, Indians, indigenas, indios de America y Belarus; вашы гісторыі пра індзейцаў можна дасылаць сюды: E-mail: baicri@tut.by.

Нам - 20 гадоў!

Лідскі аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры адзначыць свой 20-гадовы юбілей. Запрашаем усіх нашых сяброў!

Юбілейная святочная праграма "Паміж мінулым і сучасным - як песняй льецца рамяство", прысвечаная 20-годдзю заснавання аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, адбудзецца 28 кастрычніка

Лідскі аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры ўсе гэтыя гады з'яўляецца цэнтрам культурнага жыцця, які аб'яднаў мноства найталенавіцейшых майстроў Лідчыны, якія захоўваюць і памнажаюць лепшую спадчыну творчасці нашай краіны і рэгіёна.

Тут рэалізаваны сотні самых цікавых праектаў, праведзены тысячы майстар-класаў, прадстаўлены дзесяткі ўнікальных выставачных экспазіцый.

ТК "Культура Лідчыны"

Запрашаем на свята ткацтва ў Лідскі аддзел рамёстваў!

Свята ткацтва праходзіць штогод у аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці". На тэрыторыі ўстановы паспяхова працуе майстэрня па навучанні ткацтву. Сучаснае абсталяванне, кросны і багатая выставачная экспазіцыя ўзораў ткацтва прыцягваюць увагу турыстаў, мясцовых жыхароў рознага ўзросту.

Штогод на свяце прадстаўляюцца арыгінальныя аўтэнтычныя вырабы, аўтарскія калекцыі ткацтва майстроў Гарадзеншчыны, праводзяцца майстар-класы і творчыя сустрэчы. Дасведчаныя майстры выдатна валодаюць шматлікімі традыцыйнымі тэхнікамі ткацтва, ствараюць ручнікі, палотны і тэкстыль, з якога шыюць традыцыйнае адзенне.

ТК "Культура Лідчыны".

Юстын Нарбут

Леанід Лаўрэш

Пра Юстына Нарбута (1773-1845), гісторыка з роду Нарбутаў і яго дачку, пісьменніцу Камілу, вядома не шмат, у гэтым артыкуле я падсумую інфармацыю, якая збіралася ў мяне шмат гадоў пра гэтыя дзве цікавыя постаці Лідчыны. Верагодна, артыкул будзе покуль самым вялікім тэкстам, прысвечаным гэтым важным для нашай гісторыі асобам.


Бацька Юстына Нарбута - Юзаф Нарбут (нар. каля 1752) быў жанаты ў першым шлюбе з Ганнай Гразмані. З 1768 па 1794 гг. ён займаў пасаду лідскага харунжага, у 1773 г. абіраўся паслом на сойм [1]. Да Юзафа Нарбута і яго жонкі, мы яшчэ вернемся трошкі ніжэй.

Унучка Юзафа і дачка Юстына Нарбута Каміла пісала пра свайго тату:

"Сын дыгнітарыя (саноўніка, вяльможы - рэд.) , мой бацька нарадзіўся і вырас у дастатку, але калі потым страціў багацце, дык раўнадушна прыняў зменлівы лёс і ніколі не марыў пра новыя ласкі няўстойлівай фартуны.

Ветлівы да ўсіх, ён умеў цаніць асабістыя якасці кожнага чалавека, але меў адну загану - часам выхваляўся перад сябрамі старажытнасцю свайго роду, які выводзіў з адной крыніцы з Радзівіламі, ад паганскага архісвятара Ліздзейкі" [2].

Вядома, што ў чэрвені 1792 г. Юзаф Нарбут хадайнічаў аб уладкаванні свайго сына Юстына ў двор караля [3]. Што ў асноўных рысах супадае з інфармацыяй Камілы: "… бацька яшчэ ў калысцы атрымаў мачаху, бо мой дзед, калі быў дэпутатам на сойм у Варшаве, зноў ажаніўся на шасцідзесятым годзе жыцця. Маладая жонка мела гарэзлівы шарм і сапсаванае сэрца, яна хутка наставіла яму рогі і растраціла багацце. Няшчасны сірата ад першага шлюбу пасля заканчэння школы быў адпраўлены да генерала Касцюшкі, які 17-ці гадоваму юнаку надаў годнасць афіцэра, праз тры месяцы тату прысвоілі званне капітана.

Неўзабаве скончылася вайна: змяніўся палітычны лад. Бацьку вызвалілі ад службы, і некаторы час ён жыў у Варшаве. Адбываў некалькі дзяржаўных службаў у Літве. Нарэшце ўбачыў цалкам спустошаны нягоднай мачахай маёнтак і з'ехаў да аднаго са сваякоў у Беларусь, дзе яму здарылася добра ажаніцца" [4].

Удзельнік паўстання Тадэвуша Касцюшкі Юстын Нарбут у чыне палкоўніка камандаваў пяхотным палком у бітве пад Соламі 25.06.1794 г. Стэфан Бурхард - аўтар артыкула пра Юстына Нарбута ў польскім "Слоўніку біяграфічным" лічыць верагодным, што менавіта пра яго ідзе справа ў "Актах Касцюшкі", дзе фігуруе нейкі Нарбут, які з падачы Якуба Ясінскага 27.08.1794 г. атрымаў патэнт палкоўніка міліцыі Лідскага павета.

Вядома, што Юстын Нарбут вучыўся ў Віленскім універсітэце. Жанаты быў з Петранелай Сабаньскай. Ажаніўшыся, Нарбут стала жыў у Лідскім павеце, у маёнтку Юршышкі (зараз вёска Юршышкес у Літве, каля Эйшышкаў), у 1820 г. быў членам межавога суда Лідскага павета.

Магчыма, галоўнай справай Юстына Нарбута было вывучэнне гісторыі роднага краю. У 1818 г. у Гародні выйшла з друку яго першая кніга "Нарыс першавытокаў ліцвінскага народа" ("Rys pierwiastków narodu litewskiego, z różnych dawnych autorów zebrany"), якая змяшчае звесткі пра прагісторыю і міфалогію. Гэта невялікая кніга мае 56 старонак, аўтар пазначаны крыптонімам "J. M." Невялікі наклад кнігі хутка разышоўся, і ў 1820 г. выйшла яе другое выданне, якое мела тую самую назву, але на гэты раз імя аўтара кнігі было пададзена.

У 1842 г. у Вільні выйшла другая кніга Юстына Нарбута "Унутраная гісторыя літоўскага народа з часоў Яна Сабескага і Аўгуста II..." ("Dzieje wewnętrzne narodu litewskiego z czasów Jana Sobieskiego i Augusta II, królów panujących w Polsce; wyciąg z różnych notacyów i manuskryptów." T. 1-2, 1842 г., 2-е выд. 1843 г.).

У гэтай працы аўтар галоўным чынам апісвае гісторыю барацьбы паміж біскупам Канстанцінам Бжастоўскім і гетманам Казімірам Сапегам у 1693-1701 гг., якая скончылася бітвай пад Алькенікамі. Гісторыкі лічаць, што, магчыма, інспіратарам напісання гэтай кнігі быў нехта з Сапегаў, бо Юзаф Крашэўскі ў рэцэнзіі на яе ставіць у віну аўтару празмернае абяленне Сапегаў і ачарнене біскупа Бжастоўскага, асабліва ў другім томе гэтай працы, а таксама невыкарыстанне Нарбутам шэрагу крыніц, напрыклад, багатага збору лістоў Андрэя Хрызастома Залуцкага.

Дачка Каміла пісала: "Мой тата быў прыгожы ў маладосці, бо і ў сталым узросце ён меў прыгожую і высакародную постаць. Меў мяккі характар, яго здаровы розум быў адшліфаваны адукацыяй, быў добрым грамадзянінам, суседам, паблажлівым панам для слуг і сялян, яго любілі тыя, хто ведаў блізка. У добрай кампаніі бацька жартаваў і мог лёгка выказваць свае самыя складаныя думкі. Ён любіў літаратуру і сам любіў пісаць. Нават выдаў два невялікія гістарычныя творы, а пераклад з французскай гісторыі пра Генрыха IV пакінуў у рукапісе" [5].

Як бачым, у рукапісу застаўся яшчэ і пераклад кнігі пра Генрыха IV.

Нам вядомы рукапіс Юстына Нарбута пра наведванне царом Пятром І родных мясцін гісторыка. Нарбут перадаў рукапіс Адаму Кіркору, які надрукаваў яго ў розных крыніцах [6]. У адным са сваіх артыкулаў і я карыстаўся гэтым тэкстам.

Юстын Нарбут памёр 25 верасня 1845 г. ва ўзросце 72 гады і быў пахаваны на віленскіх могілках Росы, магільны помнік-камень з надпісам паставіла па бацьку дачка Каміла [7]. Помнік-камень, памерам 90 на 100 см, мае адшліфаваную пярэднюю частку, на версе якой выбіты выпуклы крыж, нахілены ўлева, а ўнізе выгравіраваны надпіс: "ПАРЭШТКІ / С. П. / ЮСТЫНА НАРБУТА / ПАЛКОЎНІКА / ПАМЁР У ВЕРАСНІ 1845 г. / 25-ГА ДНЯ ВА ЎЗРОСЦЕ 72-ГАДЫ / АД УДЗЯЧНАЙ ДАЧКІ / К. НАРБУТ //." [8]. Каардынаты пахавання, Старыя Росы, сектар - 12, нумар магілы - 0038.

Тэадор Нарбут пісаў у Вільню свайму сябру, бібліяфілу і доктару Аніцэту Рэніеру [9]: "Сумнай для мяне навіной стала смерць с. п. Юстына Нарбута, бо стары меў моцнае здароўе і хуткая дапамога добрага лекара магла б яго ўратаваць. Шляхетная Каміла 2 верасня (відочна, па юліянскім календары - Л. Л.) пісала мне, што яе бацька вось ужо 10 дзён як хворы, яна хацела ведаць, ці не гасцюеш ты ў мяне ў Шаўрах, і я радзіў ёй паслаць па цябе ў Вільню. Развітаўся з нябожчыкам 14 верасня (27 верасня па грыгарыянскім календары Л.Л.)" [10].

Адзначу, што Тэадор Нарбут быў дастаткова далёкім сваяком Юстына. Лінія Тэадора пайшла ад лідскага маршалка Казіміра Нарбута (нар. каля 1650 г., жанаты з Мар'янай Навіцкай), які быў родным братам Міхала Нарбута - дзеда Юстына. Аднак лідскі маршалак Казімір Нарбут з'яўляўся прадзедам гісторыка Тэадора Нарбута. Як бачым, паміж Юстынам і Тэадорам атрымаўся зрух на адно пакаленне, і таму бацька Тэадора Нарбута - Яўхім, быў траюрадным братам Юстына [11]. Але ў традыцыях тых часоў, нават самыя далёкія сваякі называліся кузынамі і паміж імі падтрымліваліся сваяцкія адносіны, якія, як бачым з ліста Тэадора Нарбута, меліся і паміж гэтымі двума галінамі рода.

Таксама і з тэкстаў Камілы Нарбут [12] бачна, што дачка Юстына Каміла неаднаразова сустракалася з Тэадорам Нарбутам і слухала яго расказы пра нашу гісторыю. У гістарычным архіве Летувы захоўваецца рукапіс успамінаў Камілы Нарбут пра Тэадора Нарбута. Сярод іншага, даведваемся, што сярод найважнейшых гістарычных экспанатаў, якія Тэадор Нарбут збіраў ўсё жыццё, у Шаўрах меліся рыцарскія даспехі і "ідал" - каменная статуя багіні кахання. Калі Каміла наведала Шаўры ўжо пасля смерці гісторыка, секвестра маёнтка і вывазу яго збораў у Вільню, яна напісала: "У прасторным жылым доме, у якім мелася грунтоўная бібліятэка і вялікая калекцыя археалагічных старажытнасцей, цяпер пануе страшэнная пустата. Няма ўжо застаўленых кніжных шафаў, няма бронзавага літоўскага бога вайны, якім так ганарыўся наш гісторык" [13].


Спынімся трошкі на радаводзе Юстына Нарбута.

Прадзед Юстына - лідскі падкаморы Уладзіслаў Нарбут, жанаты з Лукоўскай.

Дзед - пісар лідскага гродскага суда Міхал Нарбут, у 1733 г. падпісаў элекцыю караля Станіслава Ляшчынскага, у 1734 г. ён ротмістр Лідскага павета, у 1739 г. - дэпутат Трыбунала ВКЛ [14].

Бацька Юстына Нарбута - лідскі харунжы, таргавічанін [15] Юзаф Нарбут, быў тыповай асобай свайго складанага часу. У 1768-1769 гг. ён выступаў пасярэднікам ад імя біскупа Масальскага ў спрэчцы біскупа з віленскім ваяводам Каралем Радзівілам, Нарбут з'яўляўся набліжаным да біскупа чалавекам, і Масальскі нават дзяліўся з ім сваімі важнымі думкамі аб палітычных справах.

Юзаф Нарбут быў абраны паслом на сойм 1773 г. які склікаўся па ініцыятыве Расіі, Прусіі і Аўстрыі, і павінен быў узаконіць першы падзел Рэчы Паспалітай. Каб шляхта не ўжыла liberum veto, паслы на сойм і сенатары, якія за грошы служылі замежным дзяржавам, аб'явілі яго канфедэратыўным соймам (на такім сойме рашэнне прымалася большасцю галасоў), і Юзаф Нарбут быў сярод падпісаўшых акт канфедэрацыі. На гэты сойме Нарбут ўвайшоў шэраг розных камісій, у тым ліку і камісіі, якая вырашала лёс маёмасці езуітаў у Літве, камісіі па наглядзе над шпіталямі ў Літве і г. д. Гэты ж сойм прызнаў за ім староства Мерач. У 1873 г. унучка Юзафа Нарбута Каміла Юрэвіч з Нарбутаў, надрукавала нарыс пра Араны, Мерач і Друскенікі, у якім, сярод іншага пісала: "Апошнім пажыццёвым (мерачанскім) старастам быў Агінскі, па смерці якога, гэтае староства, па наданні нейкага сойма, на 50 гадоў павінен быў атрымаць харунжы літоўскі Юзаф Нарбут (як бачым, унучка значна падвышае свайго дзеда, ён быў толькі лідскім харунжым - Л. Л.). Але не маючы надзеі перажыць Агінскага, Нарбут прадаў свае правы некаму іншаму. Зараз зрабілі па-іншаму, гэтая зямля падзелена паміж беднымі сялянамі" [16].

Харунжы Юзаф Нарбут меў вялікі ўплыў у нашым павеце і, як пісалі сучаснікі, "разам з крэўнымі і сябрамі заўсёды "як трэба" праводзіў павятовыя соймікі". Нават лічылася, што ён цалкам узяў "пад сябе" лідскія соймікі, але насамрэч у павеце яму супрацьстаяў падскрабі ВКЛ Антоній Тызенгаўз, які, наогул, не любіў усіх Нарбутаў. Напрыклад, гэты вядомы чалавек не дазволіў Юзафу Нарбуту атрымаць пасаду лідскага падкаморага і ордэн Св. Станіслава.

Палітычная дзейнасць патрабавала грошай, і ў 1780 г. жонка харунжага прасіла караля, каб скарб ВКЛ заплаціў частку іх доўгу, а астатнюю частку дазволіў сплаціць па частках, як раз тады Камісія скарбаў ВКЛ разглядала даўгі Юстына Нарбута, і яму пагражала канфіскацыя маёнтка Перапечыца.

У 1784 г. Радзівіл запрашаў Нарбута ў Нясвіж на сустрэчу караля, і харунжы абяцаў прыехаць.

Юзаф Нарбут быў жанаты з Ганнай з Гразмані і таму бываў у Вільні ў свайго швагра Пятра Гразмані, які з'яўляўся сябрам тайнай арганізацыі зусім іншага напрамку. Тут лідскі харунжы сустракаўся з Якубам Ясінскім. Верагодна, потым Юстын Нарбут праз свайго дзядзьку меў пратэкцыю Ясінскага перад Касцюшкам і такім чынам атрымаў чын палкоўніка.

Юзаф Нарбут з'яўляўся актыўным прыхільнікам Таргавіцкай канфедэрацыі і лічыўся асобай, "адданай расійскай партыі". Невядома, як паводзіў сябе Юзаф Нарбут падчас паўстання 1794 г., аднак у складзеным Рапніным спісе небяспечных асоб Лідскага павета было напісана, што небяспечныя "ўсе Нарбуты, за выключэннем харунжага Лідскага павета", а пасля паразы паўстання харунжы Лідскага павета атрымаў ад Рапніна ахоўны ліст, які забяспечваў яго маёмасць ад ваенных рэквізіцый. Магчыма, гэтаму паспрыяла і тое, што дачка лідскага харунжага Юлія ў той час была каханкай усемагутнага Рапніна.

У 1797 г. Юзаф Нарбут кіраваў маёнткам літоўскай артылерыі - "графствам Ліпнішскім", якое хутка стала дзяржаўнай маёмасцю [17].


Трэба сказаць некалькі слоў пра вядомую перакладчыцу і літаратарку, жонку Юзафа Нарбута - Ганну з Гразмані. Ганна - дачка Юзафа Гразмані і Ганны з Галынскіх. Верагодна, яна нарадзілася на Любліншчыне ці на Мазоўшы.

Ганна атрымала добрае выхаванне і адукацыю, выдатна валодала французскай мовай. Вядомы яе пераклады: пераклад кнігі Ален Рэне Лесаж "Кульгавы д'ябал" (A. R. Lesage'a "Diabeł kulawy", 2 тамы, Вільня, 1777 г. ), і пераклад кнігі Мары Катрын Дэжардэндэ дэ Віледзю "Астрэя альбо Тамерлан" (М. C. Desjardins de Villedieu "Astrea albo Tamerlan", Вільня, 1778 г.), а таксама кніжка для моладзі Арно Бэркен "Сябар дзяцей" (A. Berquina "Przyjaciel dzieci", Вільня, 1786 г.). Гэтую кнігу Ганна прысвяціла свайму сыну.

Усе гэтыя кнігі, верагодна, друкаваліся за грошы яе мужа ў друкарні віленскіх піяраў, а апошняя з іх, магчыма, выйшла ўжо пасля смерці перакладчыцы. У 1778 г. былы правінцыял Ордэна піяраў, астраном, матэматык і паэт Феліцыян Выкоўскі [18] прысвяціў верш "перакладчыцы кніг" [19], лідскай харунжыне Ганне Нарбут з Гразмані [20].

Літаратуразнаўцы лічаць пераклады Ганны Нарбут сярэднімі па якасці, але прызнаюць важнасць і своечасовасць іх з'яўлення. Літаратурныя здольнасці Ганны пераняла яе ўнучка Каміла.

Дата смерці Ганны Нарбут з Гразмані невядомая [21].


Юстын Нарбут меў брата Казіміра (нар. каля 1774 г., шамбелян каралеўскага двара, меў маёнтак Радзівонішкі на Лідчыне, у 1832 г. яшчэ быў жывы), сясцёр Карнелію (нар. каля 1780 г.), Зузанну Рыла (па іншай інфармацыі Далінскую) і знакамітую Юлію з Нарбутаў (нар. 1779 г.) [22], першым мужам якой быў Лабаржэўскі? а другім рускі міністр Шышкоў [23]. Магчыма, сёстры Юстына былі ўжо ад другой жонкі яго бацькі, Юзафа Нарбута.


У Юстына і Петранелі Нарбутаў нарадзіліся сын Рамуальд (1800 - каля 1871) і дачка Каміла. Маскоўскі даследчык радаслоўнай свайго роду А. Н. Нарбут падае год нараджэння Камілы - каля 1802 [24], але Каміла сама пісала пра свайго брата: "Нас было двое. Мы не выхоўваліся разам. Першым з нас быў старэйшы за мяне мой брат" [25]. Таму я лічу цалкам дакладнай інфармацыю летувіскіх даследчыкаў, якія падаюць наступныя гады жыцця Камілы Нарбут: (~ 1814/1815-1881) [26].


Вядома, што Рамуальд даслужыўся да чыну маёра і ў 1854 г. займаў пасаду начальніка Выбаргскай жандарvскай каманды. Пасля звальнення са службы жыў у Вільні, свайго маёнтка не меў. Жанаты з Тэкляй з Сурокавых (нар. каля 1801 г.). У 1871 г. ужо ўдава Тэкля Нарбут пісала прашэнне аб змякчэнні пакарання свайму сыну Юстыну, які быў удзельнікам Крымскай вайны і меў узнагароды: ордэны Св. Ганны і Св. Станіслава 3 ст. Вядома, што ў 1863 г. адстаўнога штабс-капітана Уладзімірскага пяхотнага палка Юстына Нарбута (унука гісторыка) западозрылі ў крымінальным злачынстве і саслалі на 15 гадоў на катаргу ў Забайкальскую вобласць. У 1876 г. яго звольнілі і пасялілі ў вёску Шушанскае Енісейскай губерні. Тут ён каля чатырох месяцаў жыў у селяніна Ягора Паталіцына, а потым недзе знік.

Штабс-капітан Нарбут меў дачку Камілу (нар. каля 1850 г.) якая выйшла замуж за карэтнага майстра Грахоўскага. У 1869 г. яе маці скардзілася ўладам на супрацьзаконны шлюб дачкі [27].

Далей лінія лідскага гісторыка Юстына Нарбута не прасочваецца.


Біяграфія дачкі Юстына Нарбута - Камілы Нарбут мала даследавана. Вядома, што яна была пісьменніцай і супрацоўнічала з "Дзённікам Віленскім". У 1835 г. выдала аповесць "Мечыслаў і Стэфанія" і "Лісты маральныя" ("Pisma moralne").

Зараз у мяне ўжо гатовы пераклад яе невялікай аповесці пра "вандроўку ў Беларусь" і апавядання "Пустэльніка з Ражанкі", са зборніка "Калядкі Камілы Нарбут …" [28]. З гэтай аповесці маем інфармацыю пра Юстына Нарбута, якую я прывёў вышэй, інфармацыю пра яе далёкіх сваякоў у Магілёўскай губерні (усе гэтыя асобы выступаюць пад крыптанімамі), апісанне беларускіх гарадоў і маёнткаў, пачынаючы з Ашмянаў - Менска. З тэксту бачна, што Каміла мела хуткі розум, жвавае пяро, добрую назіральнасць і дрэнны зрок. Яе творы не належаць да вышынь літаратуры - яны з ліку тых твораў, якія складаюць моцную сярэдзіну, добра чытаюцца і абмяркоўваюцца адукаваным класам свайго часу. Для нас Каміла Нарбут, акрамя яе месца ў літаратуры, цікава яшчэ і тым, што яна наша зямлячка і яе кнігі - гэта літаратура Лідчыны. Таксама важна, што яна належала да Нарбутаў - роду, які граў найважнейшую ролю ў гісторыі Беларусі, Польшчы і Летувы.

Вядома, што Каміла выйшла замуж за нейкага Юрэвіча і пад гэтым прозвішчам выдала дзве кнігі: у 1852 г. "Калядкі Камілы Нарбут …" [29] і ў 1862 г. "Літоўскія замалёўкі" [30].

У 1873 г. Каміла Юрэвіч з Нарбутаў надрукавала згаданы ўжо мной вышэй нарыс пра Араны, Мерач і Друскенікі, у якім акрамя апісанняў Аранаў, Мерачы і Друскенкаў, яна адносна падрабязна падала гісторыю лякарні водамі ў Друскеніках. Каміла пісала, што тутэйшая вада па сваіх лекавых якасцях стаіць у адным шэрагу з лепшымі водамі Еўропы [31]. Трэба дадаць, што яшчэ ў 1840-х гг. лякарняй у Друскеніках апекаваўся сваяк Камілы, гісторык Тэадор Нарбут.



[1] Нарбут А. Н. Нарбуты Гроденской губернии. Москва, 1998. С. 13.

[2] Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. Wilno, 1852. S. 13.

[3] Polski Słownik Biograficzny.Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, 1977. T. XXII. S. 533.

[4] Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. S. 14.

[5] Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. S. 13.

[6] Материалы для географии и статистики России собранные офицерами Генерального штаба. Виленская губерня. Санкт-Петербург, 1861. С.748-755.

[7] Polski Słownik Biograficzny.Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, 1977. T. XXII. S. 533.

[8] ZWŁOKI / S. P. / JUSTYNA NARBUTTA / PUŁKOWNIKA / ZMARŁEGO 1845 ROKU WRZEŚNIA/ 25 DNIA WIEKU LAT 72 / PRZEZ WDZIĘCZNOŚĆ CÓRKA / K. NARBUTTA //.

[9] Пра яго гл: Лаўрэш Леанід. Бальтазар Калясінскі, Аніцэт Рэніер і Каятан Дарашкеіч // Лідскі летапісец. 2021. №1 (93). С. 37-44.; Лаўрэш Леанід. Апошні беларускі базыльянін XIX ст. // Наша слова. № 28 (1439), 10 ліпеня 2019.; Яшчэ раз пра Летаўта // Наша слова. № 31 (1442), 24 ліпеня 2019.

[10] Kronika Rodzinna. Nr. 13. 1888. S. 396.

[11] Нарбут А. Н. Нарбуты Гродзенской губернии. С. 49-50.

[12] Гл: Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. Wilno, 1852.

[13] Griškaitė Reda. Teodoro Narbuto intelektiniai žaidimai: Šiauriai kaip lietuviškų senienų muziejus // Knygotyra. 2020. T. 75. P. 268.; 286.

[14] Нарбут А. Н. Нарбуты Гроденской губернии. С. 11, 49-50.

[15] Таргавічанін, удзельнік Таргавіцкай канфедэрацыі - саюза магнатаў Рэчы Паспалітай супраць прагрэсіўных рэформ Чатырохгадовага сойма 1788-1792 г., які выкарыстала Расійская імперыя з мэтай рэстаўрацыі там дзяржаўнага ладу, што існаваў да прыняцця Канстытуцыі 3 мая 1791 г. Акт Таргавіцкай канфедэрацыі быў падпісаны 27 красавіка 1792 г. у Санкт-Пецярбургу і фіктыўна абвешчаны ў мястэчку Таргавіца (Украіна) 14 мая 1792 г., праз 3 дні пасля пачатку інтэрвенцыі Расійскай імперыі ў Рэч Паспалітую.

[16] Kronika Rodzinna: pismo dwutygodniowe. № 17, 1 września 1873. S. 260.

[17] Polski Słownik Biograficzny.Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, 1977. T. XXII. S. 532-533.

[18] Феліцыян Выкоўскі (1728-1784, за дасягненні ў астраноміі і матэматыкі яго называлі "Капернікам", а пра яго, як пра паэта, казалі: "Што ў Польшчы - Нарушэвіч, то ты - у Літве"

[19] Ślusarska Magdalena. Felicjan Wykowski (1728-1784) : zapomniany poeta z wileńskiego środowiska pijarów litewskich // Napis. Pismo poświęcone literaturze okolicznościowej i użytkowej, 1999, T. 5. S. 81-82.

[20] Dziełem to jest natury, gdy z swej szczodrej ręki

Dla pięknej płci szafuje powaby i wdzięki,

Lecz że te są doczesne, więc nie na tym sztuka:

Nieśmiertelną ją czyni cnota i nauka.

Ta to jest chęć chwalebna! Ta cała przyczyna,

Czemu książki tlómaczy lidzka chorążyna:

Prócz wybornych przymiotów duszy, serca, ciała,

Będzie z dzieł swych rozumnych nieśmiertelność miała!

[21] Polski Słownik Biograficzny.Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, 1977. T. XXII. S. 540.

[22] Нарбут А. Н. Нарбуты Гродзенской губернии. С. 19, 49-50.

[23] Гл: Лаўрэш Леанід. Юлія Шышкова з лідскіх Нарбутаў // Маладосць. 2019. № 6. С. 114-122.

[24] Нарбут А. Н. Нарбуты Гродзенской губернии. С. 24.

[25] Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. S. 14.

[26] Griškaitė Reda. Teodoro Narbuto intelektiniai žaidimai: Šiauriai kaip lietuviškų senienų. P. 264.

[27] Нарбут А. Н. Нарбуты Гродзенской губернии. С. 29, 33, 49-50.

[28] Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. Wilno, 1852.

[29] Там жа.

[30] Jurewiczowa Kamilla z Narbuttow. Restytucya. Obrazek litewski. Wilno, 1862.

[31] Kronika Rodzinna: pismo dwutygodniowe. № 17, 1 września 1873. S. 260-261.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX