Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 41 (93) 


Дадана: 10-10-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 41 (93), 11 кастрычніка 2023.

8 кастрычніка Беларусь адзначыла Дзень работнікаў культуры

Дзень работнікаў культуры - свята ў нашай краіне адносна маладое, але, тым не менш, за дваццаць пяць гадоў яно паспела стаць знакам творчай працы. Бо дарыць людзям прыгожае, несці асвету ў масы - гэта вельмі няпростая праца.

На Гарадзеншчыне - без малога 7200 супрацоўнікаў культуры: 2200 - клубнай галіны, 900 бібліятэкараў, 500 музейных работнікаў, 650 - тэатральнай, 250 - кінавідовішчнай, 2700 - адукацыі ў галіне культуры.

Лідчына - таксама край, багаты талентамі. Тут жывуць людзі, па-сапраўднаму захопленыя сваёй справай, якія шчыра любяць сваю малую радзіму.

Прафесійнае свята яны адзначылі творчай праграмай у Палацы культуры.

Лепшых работнікаў павіншавалі і ўручылі ўзнагароды старшыня Лідскага раённага Савета дэпутатаў Белуш Інэса Генадзеўна, намеснік старшыні Лідскага раённага выканаўчага камітэта Владыка Генадзій Анатольевіч, начальнік аддзела Леўшунова Наталля Фёдараўна і старшыня райкама прафсаюза Дукі Марыя Чаславаўна. З наказам і пажаданнямі ў шэрагі работнікаў культуры прынялі девяць маладых спецыялістаў. З музычным падаркам для калег выступіў пераможац Х-фактара Андрэй Панісаў. А галоўным падарункам для Палаца культуры горада Ліды стала ўручэнне сертыфіката на мікрааўтобус!

У гэты дзень вельмі прыемна сустрэцца з таленавітымі людзьмі, пагутарыць і ад душы павіншаваць з прафесійным святам.

Не так даўно наш горад адзначыў сваё 700-годдзе. У дні святочных мерапрыемстваў я ўпершыню пазнаёмілася з творчасцю народнай вакальнай студыі "Талісман". Яе кіраўнік - Дзяніс Варановіч - чалавек, несумнеўна захоплены сваёй справай. Калісьці ён пачынаў свой творчы шлях у студыі эстраднай песні "Ліда-Мюзікл", а зараз з'яўляецца кіраўніком народнай вакальнай студыі "Талісман", а таксама стваральнікам дзіцячай эстраднай групы "Талісман-КІДС". Абодва творчыя калектывы паспелі стаць удзельнікамі і лаўрэатамі міжнародных конкурсаў і фэстаў. Летась студыі давялося выступаць у Александрыі.

- З культурай і эстрадай звязана ўсё маё жыццё, - распавядае Дзяніс Анатолевіч. - Я жыў недалёка ад Палаца культуры. Маё самае першае выступленне прайшло ў сценах гэтай установы. Нават у войску служыў у Ансамблі песні і танцу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Скончыў эстраднае аддзяленне Гарадзенскага каледжа мастацтваў. Некалькі гадоў жыў у Менску, а калі вярнуўся на сваю малую радзіму, лёс ізноў прывёў у Палац культуры, дзе я заняўся стварэннем музычнага эстраднага калектыва "Талісман", які за чатыры гады сваёй творчай дзейнасці атрымаў статус Народнай вакальнай студыі. А дзякуючы Лідскаму раённаму выканаўчаму камітэту і непасрэдна яго старшыні Сяргею Васільевічу Ложачніку ў нашай студыі з'явіліся касцюмы. Велізарная падзяка за садзейнічанне і падтрымку! Ну, а культуру Лідчыны я сапраўды ўвабраў з ранняга дзяцінства. Бо па збегу акалічнасцяў нават Дажыначная плошча каля Палаца культуры знаходзіцца на тым самым месцы, дзе калісьці стаяла хата, у якім прайшло ўсё маё дзяцінства.

Бібліятэкар першай катэгорыі філіяла "Інтэграваная бібліятэка аграмястэчка Бердаўка" ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" Алена Чэчат пайшла па слядах сваёй свякрухі Валянціны Сцяпанаўны, працягваючы краязнаўчы кірунак у працы бібліятэкі. На сённяшні дзень у сценах Бердаўскай бібліятэкі захоўваюцца такія краязнаўчыя альбомы, як "Летапіс аграгарадка Бердаўка", "Рэлігія: гісторыя, сучаснасць". А рукапісны альбом "Помні іх імёны: яны прайшлі дарогамі вайны", прысвечаны бердаўскім ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, з'яўляецца адным з самых каштоўных у краязнаўчай працы Валянціны Сцяпанаўны.

Вельмі складана ўявіць неверагодна прыгожую Алесю Ярунічаву метадыстам аддзела метадычнай і культурна-масавай працы дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці". Таленавітую і актыўную дзяўчыну заўважылі яшчэ ў тую пару, калі яна працавала па размеркаванні мастацкім кіраўніком у Доме культуры аграмястэчка Ёдкі.

- Я, вядома, больш чалавек мастацтва і творчасці, - дзеліцца сваёй гісторыяй Алеся Юр'еўна. - Таму, апроч метадычнай працы, ужо шэсць гадоў з'яўляюся ўдзельніцай народнага ансамбля народнай музыкі "Гудскі гармонік" філіяла "Гудскі цэнтр творчасці і вольнага часу". Як толькі я прыйшла працаваць у сферу культуры, мяне адразу ж запрасілі ў калектыў вакалісткай. З задавальненнем удзельнічаю ў дзейнасці народнай студыі гісторыі і мастацтвы эпохі Сярэднявечча і ранняга Рэнесансу "Дама сэрца" ("Domina Cordis"), якой кіруюць Ірына Вашкевіч і Ірына Струмскіс. Метадыстам працую чуць больш года, спрабую сумяшчаць прыемнае з карысным.

На першы погляд дарыць людзям прыгожае так лёгка! Але, маючы зносіны з працаўнікамі культуры, разумееш: ва ўсё прыгожае ўкладваецца значная порцыя працы і бязмерная любоў да творчасці. Са святам вас, дарагія працаўнікі культуры! Заставайцеся заўсёды пазітыўнымі, яркімі і прыгожымі, бо ваша праца нясе святло ў нашы сэрцы!

Аксана Глініна.

"ТЫ НЕ ШКАДУЙ, ШТО ВОСЕНЬ НАДЫШЛА…"

Літаратурна-музычная імпрэза пад такой назвай была праведзена сябрамі Літаратурнага клуба "Экватар" 28 верасня бягучага года на базе Менскай бібліятэкі № 1 імя Л.М. Талстога. Вядоўцай мерапрыемства стала пісьменніца, журналістка, шэф-рэдактар альманаха "Літаратурны экватар" Інга Вінарская. На вечарыне прысутнічалі, акрамя чальцоў суполкі, запрошаныя госці, навучэнцы сталічных каледжаў, бібліятэчныя супрацоўнікі.

Павітаўшыся з залай, спадарыня вядоўца паведаміла, што назву імпрэзе даў радок з верша аднаго паэта, і прапанавала прысутным адгадаць імя аўтара. Пасля шэрагу няўдалых спроб правільнага адказу, імя ўсё ж такі было названа - Вячаслаў Корбут. Далей Інга паведаміла, што верш гэты прысвечаны ёй асабіста, і канешне, прачытала яго:

Ты не шкадуй, што восень надышла, -

Яна, бы пані, мільгане спадніцай...

У прыцемках садоў касцёр палаў

Лістоты дзён былых - праз звон крыніцы.


Мае раптоўна думкі абудзіў:

Ці жыў я чалавекам, ці звяругай

Гадзіны лёсу з праўдаю спасціг?

Ці груганом кружыў сабе паўкругам?


Астатні той паўкруг спасціг пасля,

Лістота дрогкая лягла на дахі...

І мы пайшлі матляцца, быццам сцяг,

А потым кожны ўжо - да ўласнай плахі.


Ах, восень! Ты - свавольная мадам,

І недаступнай мроішся паэту.

Не трэба слёз, не плач дажджом, бо нам,

Не адчапіцца ад тваіх сакрэтаў.


Вязі нас, час, задай кудлаты гром

Нябёсных пырскаў восеньскаму ранку.

Я стаў не там, дзе нечакана гром

Ноч разбурыў праз познюю маланку.


Ты не шкадуй… Пакорлівым дасць лёс

Магутны дух да часавага руху.

У новы дзень той восені, бы ў крос,

Бяжы, жыццё! Ляці і нас не слухай!..

Далей вядоўца вечарыны зазначыла, што ёсць пэўная нагода для правядзення гэтага мерапрыемства, - 35-годдзе творчай дзейнасці паэта Вячаслава Корбута. Менавіта ў верасні трыццаць пяць год таму (у 1988-м годзе) у Слуцкай газеце "Шлях Ільіча" быў упершыню надрукаваны верш аўтара пад назвай "Бусел".

Перад тым, як перадаць слова Вячалаву Корбуту, спадарыня Вінарская коратка распавяла сабраўшымся пра асноўныя вехі творчай біяграфіі спадара Корбута, пералічыла выдадзеныя аўтарам мастацкія кнігі: "Цар-алень" (1997 год: вершы), "Начны мастак" (2000 год: вершы і апавяданні), "Чаму ўсміхаецца сонца?" (2005 год: вершы і паэмы), "Байкі дзядзькі Лапатуна" (2010 год: сатырычная паэма, байкі, гумарыстычныя апавяданні), "Бераг лепшых надзей" (2019 год: вершы). Пасля гэтага да прысутных выйшаў віноўнік урачыстасці. Напачатку свайго выступлення ён прадэманстраваў свой стары, пажаўцелы юнацкі сшытак з вершамі, напісанымі ад рукі. У сшытку гэтым быў, канешне, і той самы першы надрукаваны ў прэсе верш "Бусел":

Зноў восень блукае сівая

Паміж пажаўцелых палёў,

І бусел свой скарб забірае,

Кружыць ён вышэй, узлятае,

Бо хутка да цёплых краёў.


Аб чым мне раскажаш, нябесны

Мой сябар, палёў гаспадар?

Чаму пакідаеш, гарэзны?

Мо родны прастор табе цесны,

Прыроды цудоўнае дар?


Каму пакідаеш буслянку -

Вятрам бушавітым, снягам?

І больш мне не ўбачыць світанкам,

Як свет цераз зораў фіранкі

Крылом адчыняеш сябрам.


У вырай, дзе яркае сонца,

Ляці, там ласкавы прыбой.

Там будзе палётаў бясконцасць.

Хай вокны Радзімы - без донца -

Табе будуць сніцца зімой.

Таксама Вячаслаў Корбут узгадаў шэраг цікавых момантаў сваёй творчай біяграфіі, распавёў пра сваіх літаратурных настаўнікаў і старэйшых сяброў, якія аказалі найбольшы на яго ўплыў. У выкананні спадара Корбута прагучалі вершы: "Для той чароўнай", "Мілым жанчынам", "Адлятаюць жоравы, адлятаюць разам", "Чаго чакаць: падзення мне ці ўзлёту?" і іншыя.

Наступнай выступала пісьменніца, навукоўца, педагог Кацярына Матусевіч, якая, дарэчы, і адгадала напачатку імпрэзы імя аўтара радка "Ты не шкадуй, што восень надышла". Сваё выступленне Кацярына прысвяціла памяці свайго земляка са Светлагорска Ізяслава Катлярова. Яна распавяла прысутным пра гэтага таленавітага чалавека, а таксама прачытала шэраг ягоных вершаў. Павіншаваўшы Вячаслава Корбута з юбілейнай датай, Кацярына зазначыла, што вельмі любіць і паважае людзей, якія пішуць па-беларуску. Яна заклікала прысутных, асабліва моладзь, не саромецца роднай мовы і культуры, а падтрымліваць іх.

Нібыта ў працяг тэмы выхавання ў дзяцей і падлеткаў любові да беларускай мовы і культуры, перад прысутнымі наступнай выступіла школьніца Нэлі Давыдовіч, дачка блізкіх сяброў Вячаслава Корбута - Андрэя і Кацярыны Давыдовіч. Нэлі прачытала сабраўшымся верш спадара Корбута "Любіце Радзіму":

Любіце Радзіму, як поле жытнёвае,

Як сціплай хваінкі сто першы расток,

Любіце Радзіму за сэрца сталёвае,

Што столькі стрымала пакут незнарок.


Любіце за верас на хлебным суквецці,

Дзе столькі пралілі народнай крыві.

Любіце радзіму, мы ж родныя дзеці

Яе небакраю, што нас апавіў!

Пракосы палёў, мураваныя храмы,

І рэкі, як сціплыя межы быцця.

Мы - цэгла той светлай ваколічнай брамы,

Дзе роднае слова, як светач жыцця!


Любіце Радзіму, яна нас атульвае,

Як маці малое сваё немаўля.

Яна берагіня і шчасце агульнае,

Святая, як хлеб, Беларусі зямля!

Перад тым, як запрасіць наступнага выступоўцу, Інга Вінарская паведаміла, што вельмі паважае ягоную творчасць і цэніць ягоны літаратурны талент. Таксама спадарыня вядучая распавяла, што ў гэтага творцы нядаўна выйшла ў свет кніга вершаў "Дары вешчуноў" і што яна ўжо атрымала гэты зборнік у падарунак, і вельмі гэтаму рада. І вось перад прысутнымі з'явіўся паэт, празаік, драматург Глеб Ганчароў. Павіншаваўшы Вячаслава Корбута, спадар Глеб прачытаў шэраг сваіх вершаў і некалькі ўрыўкаў з паэмы, прысвечанай няпростым часам Вялікай Айчыннай вайны.

Пра паэтку Ксенію Ермілаву, кіраўнічку Менскага аддзялення Беллітсаюза "Полацкая ветвь", якая надалей атрымала слова, можна смела сказаць, як ува ўсім добра вядомым кінафільме "Каўказская паланянка", - "спартсменка, камсамолка і проста прыгажуня". Ксенія нядаўна перамагла ў паўмарафоне, што праводзіўся ў Менску на Дзень горада, пастаянна "ганяе" на ровары, сплаўляецца на байдарках, вандруе па свеце, а яшчэ - піша чароўныя вершы. Шэраг з іх спадарыня прачытала на імпрэзе 28 верасня.

Кірыл Бандзерс, малады высокі хлопец з доўгімі светлымі валасамі заўсёды выклікае асаблівае замілаванне ў жаночай і дзявочай часткі аўдыторыі. А як жа! Такі статны прыгажун ды яшчэ з гітарай… А спявае - голас нізкі, глыбокі, закранае душу. Некалькі песень выканаў Кірыл у той вечар. Сярод іх была і наступная:

зьмяінае вока на нітцы

на шыі дзяўчыны босай

нябеснага кола сьпіцай

гаворыць з планетай хроснай


блакітнаю рукавіцай

заціснуты дождж над краем

сухое зямлі карыца

няродам ліхім пагражае


зьмяінае вока на шыі

сваімі зьбівае росы

то значыць што злое здушылі

мінулага сівым валосьсем


учэпяцца ў рукавіцу

магутнага грому сабакі

і пад дажджавою ігліцай

узыдуць чырвоныя макі.

Паэты Міхаіл Баранчык і Вячаслаў Данілаў - людзі з няпростымі лёсамі. Яны абодва вельмі мужныя і ўпартыя, любой хваробе могуць даць адпор і не скараюцца сумным жыццёвым абставінам. А яшчэ яны абодва пішуць таленавітыя вершы. І абодва паэты чыталі свае вершы прысутным на вераснёўскай імпрэзе "Экватара".

Выступаўшы наступным паэт Валянцін Шведаў зазначыў, што восень - гэта ягоная самы любімы адрэзак года, як бадай, для вельмі многіх іншых творцаў - мастакоў, артыстаў, журналістаў і г.д. Валянцін прачытаў некалькі сваіх вершаў, прысвечаных сваёй улюбёнай пары. Напачатку быў твор "Прадчуванне восені", які вельмі добра падыходзіў для сёлетняй вераснёўскай, практычна летняй, цеплыні:

Апошнія водбліскі лета

Знясе хутка часу рака.

А восень - натхненне паэта

І маці для нерва-радка.

Даўно твой прыход прадчуваю,

Чакаю ў скарочаных днях.

У цемры зноў лёсу блукаю,

Па зорках звяраючы шлях.


Усё болей імкнецца лістота

Зрабіць непазбежны палёт.

У вырай праз след самалёта

Праляжа птушыны чарод.

На баль не баюся спазніцца,

Парад хараства назіраць,

Удосталь самоты напіцца

І колераў скарбы збіраць.


Ты прыйдзеш да нас непазбежна,

Абудзіш да творчых задум,

Табе я адданы бязмежна -

Палоніць асветлены сум.


Апошнія водбліскі лета

Застануцца спраўджаным сном.

І восені бачу прыкмету -

Рабінавы жар за акном.

Аксакалы "Экватара": кандыдат педагагічных навук, палкоўнік у адстаўцы, празаік-дакументаліст Якаў Анапрэенка і кандыдат філасофскіх навук, паэт, грамадскі дзеяч Ігар Шыршоў - гэта людзі сталага ўзросту, паважаныя і заслужаныя. У іх заўсёды знойдзецца, што цікавага расказаць і пачытаць людзям. Так было і на вечарыне 28 верасня. Ігар Яўгенавіч азнаёміў прысутных са сваімі новымі, з глыбокім падтэкстам, вершамі, якія хутка ўвойдуць у альманах "Літаратурны экватар - 2023", а Якаў Рыгоравіч чытаў урыўкі са сваёй дакументальнай прозы, прысвечанай ягонай роднай Брагіншчыне.

Пісьменніца і журналістка Людміла Шчэрба вельмі даўно не наведвала мерапрыемствы "экватарыяльнай" літаратурнай суполкі. Але напрыканцы сёлетняга верасня ўсе нарэшце пабачылі гэтую прыгажуню з капой доўгіх цёмных валасоў. Спадарыня прывітала сабраўшыхся, зазначыўшы, што верасень у гэтым годзе радуе ўсіх нас вельмі цёплым і прыгожым надвор'ем. Людміла ўзгадала свае восеньскія вершы, якія і пачулі прысутныя. Сярод твораў у тэму гэтай пары года быў і верш, прысвечаны позняй восені, якая прыйдзе да нас праз месяц-паўтара:

Модны восеньскі прынт -

беларускія краткі,

і памада на вуснах -

ультрамат…

На дзіравым асфальце

жоўтыя латкі

ставіць лісцем апалым

лістапад.

На трамвайным баку

прымасцілася сонца,

час па рэйках бяжыць бы

па лязу.

Мокры горад ляжыць

у бліскучай абгортцы.

Крэсляць птушкі памежную

паласу.

Б'ецца восень далонню

ліста ў брукаванку,

абрываецца яблыкам

кожны раз.

Не рашаецца спрэс

гэтая крыжаванка.

Пагубляліся словы

на адказ.

Яшчэ адна "экватарыяльная" прыгажуня, таксама з доўгімі валасамі, толькі светлага колеру, Таццяна Барысюк піша ўвогуле вельмі шмат. Прычым, і вершы, і прозу, і шматлікія рознага фармату навуковыя работы. Нічога дзіўнага: спадарыня ж працуе ў Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі. Паэтычныя творы ў Таццяны ў асноўным пра каханне, якое, на жаль, часцяком не вельмі шчаслівае. У сваіх вершах спадарыня часцяком эксперыментуе з формамі, як напрыклад у творы "Маналог сучаснай Іжоты" (залатое сячэнне перавернутае), які быў ёй выкананы разам з іншымі паэтычнымі творамі на вераснёўскай вечарыне "Экватара":

Праз вочы каханне да сэрцаў ішло.

…Каб кроў супыніць, я дала табе лекі.

Сустрэліся пальцы - узнікла мілосць

такая, якая існуе навекі.

Нявольная я, муж нямоглы, стары,

А ты малады, светлы месяц мой ясны!

Каханне агеньчыкам жарсным гарыць,

хай вечна палае, няхай не пагасне!


Ваду падала табе - смагу спыніць,

а ў ёй былі мары, табой апантаны.

І гэты любоўю асветлены німб

напоўніў напой той чароўнаю тайнай.

…Іжотай была. Цяпер кліч мяне Таняй…

Паэт, бард, выканаўца ўласных песень пад гітару Зміцер Захарэвіч выступаў на імпрэзе 28 верасня двойчы - у сярэдзіне і напрыканцы канцэртнай праграмы. Прачытаў шэраг вершаў, праспяваў пэўную колькасць песень сваім прыгожым барытонам, а кампанію на выступленнях яму склала верная сяброўка - чорная VARNA. Самыя розныя тэмы закрануў Зміцер у сваіх вершах і спевах. Тэму афіцэрства таксама: нічога дзіўнага, бо сам доўгі час служыў, насіў пагоны. Вельмі прыгожым, на погляд аўтаркі гэтага артыкула, атрымаўся ў спадара Захарэвіча твор "Зоркі эпалетаў. Год 1792" (раманс афіцэра Брыгады кавалерыі нарадовай ВКЛ):

Густа пахне лета

Мятай надвячоркам,

Шчодра з эпалетаў

Золата льюць зоркі.

Сонца пацьмянела

Цвет губляюць ліпы -

Зноў вайна рве цела

Рэчы Паспалітай.


Дымам пазасланы

Край - не да заручын,

Тужыць аб каханай

Шляхціц-падпаручнік,

Граць не час мазуркі

Палкія ў палацах,

Бо ўсцяж звон пануры

Шабляў у атацы.


Колісь аксэльбанты

Радасна надзелі,

Кроў пунсовым кантам

Сёння на мундзеры.

Вернаму Радзіме

Боскі суд не страшны -

Езус і Марыя,

Воля на ўсё ваша.


Суму аблачына

Стане супраць ночы,

Каб па-над спачылым

Выплакацца прошчай,

Ёй услед, як свечкі,

Зоркі эпалетаў

Бліснуць скрозь цямрэчу

Золатам… з партрэта,

Будуць ззяць давечна

Золатам з партрэта.

Вось такая імпрэза атрымалася ў Літаратурнага клуба "Экватар" напрыканцы верасня 2023 года. Шмат прыгожых таленавітых твораў прагучала на ёй. Разыходзіліся ўдзельнікі мерапрыемства натхнёныя і задаволеныя.

Інга Вінарская.

У Наваградку адкрылі новы памятны знак у гонар Адама Міцкевіча

У Наваградку падчас святкаванняў 225-годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча адкрылі памятны знак з цытатай класіка: "О, Навагрудскі край - мой родны дом…". Знак размешчаны ў скверы побач з дубам, высаджаным у гонар 200-годдзя паэта.

Кампазіцыя пад назвай "Кніга" створаная з металу работнікамі Наваградскага завода металавырабаў. На адной старонцы - партрэт Адама Міцкевіча, а на другой - радкі з яго твора, - паведамляе наваградская раёнка "Новае жыццё".

Старшыня Наваградскага райвыканкама Сяргей Чаркоўскі ўпэўнены, што гэты арт-аб'ект будзе папулярны ў жыхароў горада, а таксама прыцягне турыстаў.

Акрамя таго, сярэдняя школа № 36 горада Гародні ўрачыста перадала ў Дом-музей Адама Міцкевіча бюст паэта.

Паводле СМІ.

5 гадоў першай экспазіцыі Лідскага музея

У Лідскім гістарычна-мастацкім музеі адзначылі важную дату: 4 кастрычніка 2008 года адкрылася першая пастаянная экспазіцыя ДУ "Лідскі гістарычна-мастацкі музей".

Калегі сабраліся разам, каб падзяліцца ўспамінамі і вопытам. Супрацоўнікі, якія 15 гадоў таму будавалі першыя экспазіцыі, былі адзначаны Падзячнымі лістамі.

ТК "Культура Лідчыны".

На Лідчыне 21 кастрычніка ў межах абласнога праекта стартуе "Тыдзень традыцыйнай культуры "Ад даўніны да нашых дзён"

Галоўнымі мэтамі праекта, прымеркаванага да Года міру і стварэння, з'яўляюцца папулярызацыя такіх элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны як "Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння", "Беларускае мастацтва выцінанкі", "Беларускія мастацкія практыкі саломапляцення", "Стравы з таркаванай бульбы-дранікі, бульбяныя бліны, бабка і іншыя - традыцыі прыгатавання і ўжывання".

Падчас тыдня будуць прадстаўлены і іншыя праявы мясцовай традыцыйнай культуры - свята ручніка і ткацтва, абрады "Уваходзіны", "Жаніцьба коміна", "Багач", узоры музычнага фальклорнага мастацтва, традыцыйных рамёстваў, этнаграфічных аб'ектаў.

Безумоўна, праект паспрыяе прыцягненню больш пільнай увагі мясцовай супольнасці да выяўлення і вырашэння праблемных пытанняў бытавання, захавання і развіцця праяў традыцыйнай культуры беларусаў, пераемнасці нацыянальнай спадчыны.

ТК "Культура Лідчыны".

Другі том "Сатырычнай гісторыі Беларусі"

Выйшаў і паспяхова расходзіцца другі том сатырычнай гісторыі Беларусі мастоўскага "гісторыка" Язэпа Палубяткі "Вандроўка ў Чыкага. Іранічна-праўдзівая аповесць".

Гэта амаль дакументальная аповесць. Той, хто ведае атачэнне аўтара па жыцці, лёгка пазнае ў большасці герояў абсалютна канкрэтных дзеячоў беларускага "дэмакратычнага" руху 90-х гадоў 20-га стагоддзя. Аўтар быў удзельнікам гэтага руху і гэтай вандроўкі, а таму яму можна верыць больш, чым самім прататыпам, якія будуць казаць, што было трохі не так.

У адрозненне ад першага тома да другога аўтар прадмову напісаў вельмі кароткую:

"Чытач заўжды перш, чым чытаць напацколенае пісарам, імкнецца сэнс тае пісаніны знайсці ва ўступе. А мой уступ будзе кароткі і такі:

Амерыка - чужая нам краіна,

А там, куды ні плюнь,

У суродзіча патрапіш,

А ён пашле цябе на … радзіму

І смачна плюне ў тваё рыла."

"Неспадзяванка! Такое бывае толькі раз у жыцці", - фантастычныя мроі тлумілі розум чалавеку. Андрэй Міклашэвіч з маленькага мястэчка М. да самага апошняга моманту, нягледзячы на тое, што ўжо меў на руках пашпарт з візаю, не верыў, што яму пашанцавала паехаць у Амерыку, у горад быдлазабойцаў, ганстараў, мафіі - Чыкага. Толькі ў дзень ад'езду ўпэўніўся: "Абламалася Яе Вялікасць халява!". Ён несупынна хадзіў па пакоі, пераступаў спакаваныя валізы, дзе ў самых патаемных месцах былі схаваны некалькі лішніх ад дазволу правозу пляшак гарэлкі..".

А вось фрагмент, дзе мы лёгка пазнаем аднаго лідскага хлопца:

"Знаёмства гаспадароў і гасцей ішло сваёй чаргою. Сяргей Ламейка папрасіў толькі паўхвіліны ўвагі і адразу пачаў гаварыць пра беларускую мову, яе гаротны стан. Гутарку пачаў з сівой заімшэлай даўніны, з Ефрасініі Полацкай, і закончыў шчаслівым момантам прылёту на свяшчэнную зямлю далавараў. Гаспадарам здалося, што колішнія тыбульцы гэтае зямлі тысячу гадоў таму назад мелі самые цесныя сувязі з беларусамі. Увогуле, усё, што датычыла Беларусі і беларускасці, было для яго святым. Кожны раз пры абмеркаванні беларускіх пытанняў вочы яго гарэлі незвычайным і непаўторным бляскам, быццам у галоднага сабакі на абгрызеную костку.

- Вось праз два гады ў мясцовым універсітэце адчыніцца аддзяленне беларускай мовы.

Перакладчыца Таня цяжка сапла і маўчала. Такога нахабства яна не сустракала даўно. Прыстойней было чуць ад амерыканскіх будаўнікоў, што ў абед перакурваюць на якой-небудзь стрыт, прапановы на "чыкі-чыкі", чым такое. Кожны другі ў Чыкага - іх чалавек, але ні ў адным з шасці ўніверсітэтаў няма аддзялення ні іўрыту, ні ідышу, школы нядзельныя, праўда, ёсць. Коля Сцепасюк з Берасця пачухаў брытую галаву, на якой за тыдзень абазначылася атава і з усмешкай дадаў:

- І негры будуць размаўляць па-беларуску?

- Вядома, будуць! Яшчэ як будуць! - у Сяргея пачалі вырастаць крылы. - Вось сёння мой новы сябра афраамерыканец Якуб сказаў па-беларуску: "Добра"...

Аўтар не прасіў рабіць рэкламу яго кнігам, але добра пасмяяўшыся над першымі дзвюмя паведамляем, што яшчэ сёлета павінен выйсці 3-ці том "Сатырычнай гісторыі Беларусі", які будзе называцца "Дуралесіца". "Дуралесіца" ў свой час друкавалася ў "Нашым слове", але хто цяпер тое памятае?

Яраслаў Грынкевіч.

Язэп Палубятка. Вандроўка ў Чыкага. Іранічна-праўдзівая аповесць. На беларускай мове. Ліда, ПУП "Пружмень", 2023. 68 с.

ТВОРЧАЯ СУСТРЭЧА "ДОБРЫЯ КНІГІ"

6 кастрычніка ў рамках фестывалю праваслаўнай культуры "Кладзезь" ў канферэнц-зале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы адбылася творчая сустрэча з пісьменніцай, аўтарам і выканаўцам песень Таццянай Дашкевіч пад назвай "Добрыя кнігі".

Таццяна Дашкевіч - член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расіі, аўтар 25 кніг для дзяцей і дарослых, лаўрэат прэміі "Залаты грамафон".

На творчую сустрэчу былі запрошаны супрацоўнікі бібліятэк Лідскага раёна, навучэнцы ДУА "Лідскі каледж ГрДУ імя Янкі Купалы", жыхары горада.

Таццяна Мікалаеўна ў пачатку сустрэчы коратка распавяла сваю біяграфію, пра гады жыцця ў Маскве, затым пра вяртанне ў родную Беларусь, пра свайго мужа Мікалая Шыпілава і яго творчасць, пра прычыну вяртання - будаўніцтва Свята-Мікольскай царквы ў вёсцы Валяр'янава Менскага раёна (ініцыятар і куратар будаўніцтва), дзе яна пражывае на дадзены момант.

Таццяна Дашкевіч вядомая як аўтар песень, выкананых пад гітару. Яна - аўтар дыск-альбомаў: "Адвядзі мяне ў храм", "Вясковы анёл" (выпушчаны Беларускай Праваслаўнай Царквой), "Мама", "Дзве рыбкі", "Ліст любімаму", "Проста люблю" і інш.). Таццяна Мікалаеўна парадавала прысутных выкананнем сваіх песень. Яна ладзіла кароткі агляд уласных кніг, спыніўшы ўвагу на новых выданнях, якія пабачылі нядаўна свет: "Облака для Милы", "Куда бежит собака Мелли", "Приключения семейного кота Гусарика". Асаблівую ўвагу Таццяна Мікалаеўна надала кнізе "Письмо, летящее сквозь годы". Гэта вынік яе шматгадовай працы над праектам "Дзеці на вайне" (яна збірае і выдае гісторыі людзей, чыё дзяцінства выпала на гады Вялікай Айчыннай вайны). Таццяна Мікалаеўна папрасіла прысутных, калі хтосьці можа падзяліцца ўспамінамі сваіх родных або ведае людзей, якія могуць расказаць пра дзяцей вайны, абавязкова звязвацца з ёй і ўнесці ўклад у літаратурную творчасць, як памяць для будучых пакаленняў.

Напрыканцы сустрэчы ўсе ахвочыя змаглі набыць кнігі Т. Дашкевіч, а таксама атрымаць аўтограф аўтара. Бібліятэкары філіялаў не засталіся ў баку і падпісалі кнігі з фондаў сваіх бібліятэк.

У фондзе Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы маецца ў наяўнасці першая кніга пісьменніцы "У зеркала". Таццяна Мікалаеўна была прыемна здзіўлена кнізе, бо сама адзначыла, што такі асобнік ужо рэдкасць.

Дар'я Марцінкевіч, Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы".

У менскай катэдры прайшла сустрэча студэнтаў з нагоды новага навучальнага года

28 верасня ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Менску адбылося дабраслаўленне студэнтаў на новы навучальны год.

Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў ксёндз Уладзімір Марушэўскі.

У цудоўнай атмасферы супольнай малітвы каталіцкая моладзь узнесла хвалу Пану Богу, а таксама прынесла дары: вінаград, заліковыя кніжкі, падарункі для першакурснікаў, хлеб і алей.

У гаміліі адказны за душпастырства моладзі ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Андрэй Бурак звярнуў увагу на важнасць і неабходнасць таго, каб моладзь брала ўдзел у жыцці Касцёла і не баялася праяўляць ініцыятыву:

- Сёння мы сабраліся не толькі дабраславіць залікоўкі і памаліцца, але прывітаць і сустрэць усіх тых, хто шукае супольнасць, хто толькі прыехаў у Менск з іншых гарадоў і мясцін, каб будаваць разам месца, у якім можам узрастаць і дзяліцца радасцю адно з адным, - сказаў святар.

Напрыканцы Літургіі адбылося дабраслаўленне заліковак, а таксама індывідуальнае дабраслаўленне на навучальны год.

Сустрэча моладзі працягнулася ў дольным касцёле, дзе удзельнікаў чакала цікавая забаўляльная праграма з віктарынай, гульнямі, танцамі і конкурсамі. Першакурснікі маглі пазнаёміцца з прадстаўнікамі розных супольнасцяў Менска і знайсці для сябе тую, якая бліжэй да сэрца. У гэтым годзе 29 маладых людзей атрымалі запрашэнне на сустрэчы, дзе яны змогуць трапіць у атачэнне вернікаў і знайсці сабе сяброў сярод іх.

Дэвіз сустрэчы: "Прыйдзіце да Мяне, усе".

Мерапрыемства скончылася малітвай, смачнай гарбатай з печывам і вясёлымі танцамі.

Анастасія Кухальская. Фота: Ніна Бабіч, Лена Ялашэўская. Catholic.by.

Навіны Германіі

Нобелеўская прэмія па фізіцы для даследчыка з Баварыі

Сярод іншых узнагароду атрымаў Феранц Краўс, які займаецца даследаваннямі ў Гархінгу пад Мюнхенам.

Сёлета Нобелеўскую прэмію па фізіцы атрымалі Феранц Краўс, які праводзіць даследаванні ў Германіі, П'ер Агастыні са ЗША і францужанка Анне Л'Юілье за эксперыменты, якія далі чалавецтву новыя прылады для даследавання працэсаў у атамах і малекулах. Пра гэта ў аўторак паведаміла Шведская каралеўская акадэмія навук у Стакгольме.

Феранц Краўс, фізік вугорскага паходжання, праводзіць даследаванні, будучы дырэктарам Інстытута квантавай оптыкі таварыства Макса Планка (MPQ) у Гархінгу недалёка ад Мюнхена, а таксама ва Універсітэце імя Людвіга і Максіміліяна ў Мюнхене.

Анне Л'Юілье працуе ў Лундскім універсітэце (Швецыя), а П'ер Агастыні - ва ўніверсітэце штата Агаё.

Як адзначылі ў Нобелеўскім камітэце, гэтыя трое даследчыкаў паказалі спосаб генерацыі надзвычай кароткіх імпульсаў святла, якія можна выкарыстоўваць для вымярэння хуткіх працэсаў з рухам ці зменай энергіі электронаў. Даследаванні лаўрэатаў дазволілі назіраць за працэсамі, якія працякаюць настолькі хутка, што раней іх немагчыма было адсачыць.

Стакгольм (dpa). © pictureAlliance/dpa.

Германія - першапраходзец на шляху да па-кліматычнаму нейтральнай авіяцыі

Шольц: "Авіяцыйная прамысловасць Германіі з'яўляецца сусветным лідарам па частцы экалагічных тэхналогій".

Федэральны ўрад разглядае Германію як першапраходца на шляху да па-кліматычнаму нейтральнай авіяцыі. На Нацыянальнай авіяцыйнай канферэнцыі ў Гамбургу федэральны канцлер Олаф Шольц заявіў, што авіяцыйная галіна стаіць перад тварам фундаментальных змен.

- Наша галоўная мэта ясная: мы хочам дасягнуць кліматычнай нейтральнасці да 2045 года. На долю авіяцыі прыпадае трохі меней за тры адсоткі сусветных выкідаў CO 2. Відавочна, што гэты паказчык павінен стаць яшчэ меншым.

Авіяцыйная прамысловасць Германіі ўжо з'яўляецца сусветным лідарам па частцы экалагічных тэхналогій. У працяг Шольц адзначыў, што па-кліматычнаму нейтральныя палёты не павінны ажыццяўляцца за кошт еўрапейскіх і нямецкіх аэрапортаў і авіякампаній. У перспектыве выкарыстанне вадароднай сілавой устаноўкі будзе магчыма і ў серыйна выпусканых самалётах. Для гэтага федэральны ўрад мае намер паскорыць тэмпы развіцця вадароднай інфраструктуры.

Федэральны міністр транспарту Фолькер Вісінг сказаў:

- Мы падтрымліваем нашы авіяцыйныя кампаніі і аэрапорты ў іх імкненні стаць першапраходцамі ў справе скарачэння выкідаў парніковых газаў.

Федэральны міністр эканомікі Роберт Хабек лічыць, што тэхналогіі абароны клімату з'яўляюцца ключом да міжнароднага поспеху ў авіяцыі:

- Сёння ніводзін самалёт у свеце не лётае без запчастак з Германіі, - заявіў Хабек. - Думка пра тое, што, абараняючы клімат, мы пазбавімся авіяцыі, не мае нічога агульнага з рэальнасцю. Такога не адбудзецца.

Гамбург (dpa). Фота: © pictureAlliance/dpa.

Віленскі альбом

Станіслаў Лорэнц

(Разліў Віліі і знаходка каралеўскіх магіл - Пошукі магілы Вітаўта - Справа з помнікам Міцкевічу)

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

Першы этап работ, звязаных з адкрыццём каралеўскіх магіл, скончыўся ў чацвер 31 жніўня 1933 г. У саборы адбылася цырымонія перанясення парэшткаў караля Аляксандра Ягелончыка, каралевы Лізаветы, Барбары Радзівілоўны і караля Уладзіслава IV у імправізаваны маўзалей, размешчаны ў капліцы Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі - былой каралеўскай капліцы.

"Кур'ер Віленскі" 1 верасня 1933 года паведамляў: "Тры труны былі пастаўленыя побач адна каля адной на ўзвышшы, збоку знаходзілася урна з парэшткамі караля Уладзіслава IV. Да трунаў, зробленых з цёмнага дубу, прыбіты серабрыстыя таблічкі: Аляксандр... Альжбета... Барбара [...], надпіс на урне: "Cor et viscera Vladislai IV" [...] Каралеўскія косці, пакрытыя белым празрыстым шоўкам, бачныя нібы праз імглу [...] Кансерватары парэшткаў, прафесар Райхер, доктар Сільвановіч і доктар Лорэнц накрылі косці фіялетавымі саванамі і зачынілі труны і урну. Перавязаўшы труны і урну бела-чырвонымі стужкамі, кансерватар Лорэнц запячатаў іх дзяржаўнай пячаткай, а пробашч базылікі, кс.-канонік Ціхонскі пячаткай Віленскай мітрапалічай капітулы.

Потым перанеслі труны, урну і копіі каралеўскіх інсыгній у былую каралеўскую капліцу [цяпер імправізаваны маўзалей], упрыгожаную паводле праекту мастака Ежы Хопена [...] Капліца ўпрыгожана пышнымі саборнымі габеленамі, па кутах вісяць харугвы з гербамі манархаў, а ўверсе, пад купалам, - тарчы з дзяржаўнымі гербамі. Пасярэдзіне на трохступеньчатай аснове стаяць высокія катафалкі: сярэдні, самы высокі з іх [...] Аляксандра, справа каралева Лізавета, злева - Барбара Радзівілоўна. Катафалкі і прыступкі пакрытыя пурпуровым сукном з багата вышытымі гербамі.

Пад касцельныя спевы труны паставілі на катафалкі і накрылі чырвоным штандарам з белым арлом. Копіі інсыгній паклалі на чырвоныя падушкі, аздобленыя залатым шнурам і размясцілі на трунах. Урна з парэшткамі Уладзіслава IV была ўстаноўлена перад катафалкам Аляксандра Ягелончыка".

Труны зроблены паводле праекту архітэктара Стэфана Нарэмбскага, урна - Ежы Хопена.

У сакрыстыі катэдры, у шкляных вітрынах былі выстаўлены кароны, інсыгніі і каралеўскія пярсцёнкі. Тут таксама экспануюцца карціны, напісаныя ў крыпце Рушчыцам, Сляндзінскім, Хопенам і Квяткоўскім, а таксама фотаздымкі Булгака.

Кансервацыя базылікі і будаўніцтва пад капліцай св. Казіміра каралеўскага маўзалея было закончана пасля таго, як я ўжо пакінуў Вільню. Гэты маўзалей мы наведалі з Ірэнай падчас побыту ў Вільні ў 1973 г.

Знаходка каралеўскіх магіл на працягу некалькіх гадоў натхняла Вільню і напачатку шырока адазвалася па ўсёй Польшчы. Рэмер, як генеральны кансерватар, аб'ездзіў з лекцыямі многія гарады, пры гэтым ён ілюстраваў сваю лекцыю слайдамі, зробленымі паводле фотаздымкаў Булгака. Пазней ён расказваў, што на ганарары купіў жонцы цудоўнае футра. Маралоўскі шырока рэкламаваў свой удзел у адкрыцці магіл. Іх актыўнасць была нават крыху празмернай. Хопен намаляваў пра гэта карыкатуру, якую перадаў мне: у склепе, на зямлі пад гатычнай аркадай, у цэнтры знаходзіцца каранаваны чэрап, над якім з абодвух бакоў схіліліся Рэмер і Маралоўскі.


Гістарычна-мастацкая камісія - з дзясятак чалавек, збіралася ў вялікай гасцёўні кватэры ксяндза-прэлата Савіцкага. На адной з сустрэч адбыўся смешны выпадак. Прафесар Маралоўскі з'явіўся вельмі позна - спазніўся на паўгадзіны ці нават болей. З дзвярэй ён пачаў горача выбачацца перад кс. Савіцкім за спазненне - раптам захварэла яго жонка, і ён вельмі рэалістычна апісваў нам сімптомы яе хваробы... Яму давялося неадкладна выклікаць лекара. Пасля тлумачэнняў Маралоўскі сеў побач са мной. Я ціха павярнуўся да яго і сказаў, што неадкладна патэлефаную сваёй жонцы і папрашу, каб яна дагледзела хворую. Маралоўскі адмовіўся. Я папрасіў яго не саромецца, бо ўсяроўна патэлефаную. Тады ён ціха сказаў мне: "Не тэлефануй, жонка здаровая, але я праспаў і спазніўся, таму трэба было гэта неяк растлумачыць".

* * *

Пасля адкрыцця каралеўскіх магіл чакалася, што знойдзецца і магіла Вітаўта. Гэта вельмі зацікавіла летувісаў, "краёўцаў" і ўвогуле ўсё віленскае грамадства. Пачалі распаўсюджвацца чуткі, што з палітычных меркаванняў мы хаваем адкрыццё магілы ці, што мы наогул не жадаем знайсці магілу вялікага князя. У 1933 г. чуткі разышліся так шырока, што трэба было дасканала высветліць справу. У нядзельным нумары "Кур'ера Віленскага" ад 16 ліпеня 1933 г. я апублікаваў вялікі артыкул пра лёс парэшткаў вялікага князя Вітаўта, у якім канстатаваў, што даследаванне падполля сабора скончана і слядоў ні магілы, ні труны, ні парэшткаў Вітаўта не знойдзена. Я патлумачыў, што, напэўна здарылася: мусіць, магіла была пашкоджана падчас маскоўскага нашэсця ў 1655 г. Вядома, што тады маскоўскія войскі паламалі ўсе надмагільныя пліты ў катэдры не толькі з самалюбства, але і ў пошуках кляйнотаў і каштоўнасцяў. Магіла Вітаўта з надмагіллем адназначна зламаныя; калі і былі ў ім інсыгніі і каштоўныя рэчы, дык яны разрабаваны, а даглядаць косці ў той час не было каму, бо ў Вільні не было членаў капітула, а гараджанам хапала сваіх спраў. Магчыма, зараз у саборы і знаходзяцца косці вялікага князя, але яны ляжаць сярод многіх тысяч безыменных костак, што валяюцца ў друзе пад падлогай 1.

Праз год абмеркаванне справы нечакана аднавілася. У часопісе "Пакс" у лістападзе 1934 г. кс. Валерыян Мяйштовіч апублікаваў артыкул: "Дзе магіла Вітаўта?". Гэта той кс. Мяйштовіч, які пасля вайны разам з Карлам Ланцкаронскім у Рыме апублікаваў архіўныя матэрыялы Ватыканскага архіва, якія тычацца Польшчы. 30 лістапада 1934 г. Камітэт выратавання базылікі абвясціў заяву аб тым, што згадкі ксяндза Мяйштовіча ўводзяць у зман, не адпавядаюць рэчаіснасці і грунтуюцца на недастатковым веданні гісторыі віленскай катэдры.

Падчас майго знаходжання ў Вільні, апошняй працай у віленскай базыліцы была кансервацыя капліцы св. Казіміра. У артыкуле пра капліцу ў "Кур'еры Віленскім" ад 20 красавіка 1935 г., я пісаў што кансервацыя гэтай капліцы мае выключнае значэнне з-за яе мастацкай і гістарычнай каштоўнасці. Я абвясціў, што абмяркую праблему яе кансервацыі ў асобным артыкуле, а пакуль што толькі хачу выкласці вынікі найноўшых даследаванняў архітэктуры і скульптурна-жывапіснага аздаблення капліцы, будаўніцтва якой распачаў яшчэ кароль Жыгімонт III і завяршыў Уладзіслаў IV у 1636 г. Пасля разбурэння падчас маскоўскага нашэсця, аднаўленне капліцы пачалося толькі ў 1668 г. і праца над ёй працягвалася да 1692 г. Цяпер, калі ў капліцы былі пастаўлены рыштаванні і пачаліся работы пад кіраўніцтвам прафесара Яна Руткоўскага з Варшавы, які быў асабіста адказны за захаванне цудоўных насценных роспісаў і скляпенняў, можна было ўважліва агледзець ляпніну на скляпеннях і роспісы купальных ветразяў. Мяне гэта вельмі захапіла, бо я пачаў падазраваць, што аўтарам карцін быў Мікеланджэла Палоні, выдатны мастак, які працаваў у Вілянаўскім палацы, у Місіянерскай капліцы ў Ловічах і ў касцёле св. Пятра і Паўла на Антокалі ў Вільні.

У першай палове чэрвеня 1935 г., калі я аднойчы сядзеў у капліцы на рыштаваннях, мне пачалі крычаць, каб я спусціўся, бо па тэрміновай справе прыехала мая жонка. Ірэна стаяла ўнізе з лістом у руцэ. Гэта быў ліст за подпісам віцэ-прэзідэнта Варшавы Яна Пахоскага з прапановай прызначыць мяне кіраўніком Нацыянальнага музея ў Варшаве.

* * *

Адной з найважнейшых падзей падчас майго знаходжання ў Вільні была справа ўстаноўкі помніка Адаму Міцкевічу. Пра гэта апавядаецца ў кнізе Яроцкага, таму я зараз толькі дапоўню раней сказанае.

Старшынём Камітэта па будаўніцтву помніка Адаму Міцкевічу ў Вільні быў генерал Люцыян Жалігоўскі. Паколькі пасля прыезду ў Вільню я быў кааптаваны ў прэзідыум Камітэта і заняў там пасаду сакратара, я сустракаўся з генералам кожны раз, калі ён прыязджаў у Вільню са свайго не вельмі вялікага маёнтка ў мястэчку Андрэева. "Ідэяй фікс" генерала ў той час было вырошчванне і выкарыстанне ільну, асабліва ён прапагандаваў нашэнне ільнянога адзення. Што праўда, у Вільню заўсёды прыязджаў у мундзіры. Вялікім ідэйным прапагандыстам мужчынскага ільнянога адзення з'яўляўся і Януш Ягмін, прафесар сельскай гаспадаркі і раслін Віленскага ўніверсітэта. I генерал, i Ягмiн надта хацелi спакусiць мяне апрануць ільняное адзенне, але гэта ім не ўдалося. Такая вопратка выглядала непрывабна нават на Ягміну, які добра яе даглядаў, яна лёгка мялася і хутка пэцкалася. Жалігоўскі ставіўся да мяне (яму было 66 гадоў) не толькі як да сакратара Міцкевічаўскага камітэта, але і як да маладога чалавека, які павінен дапамагаць яму ў агульных справах, асабліва ў галіне культуры.

Ён меў да мяне вялікую сімпатыю. Маю наступны ліст ад яго, датаваны 28 кастрычніка 1931 г. у Андрэеве: "Шаноўны спадар. Адна спадарыня даслала свае песні і хоча, каб Камітэт апублікаваў [!] іх. Я вельмі прашу вас разгледзець гэтае пытанне і адказаць гэтай жанчыне. Я думаю, што Камітэт не можа займацца гэтым пытаннем і не можа траціць на гэта грошы. Калі вы гэтак жа лічыце, калі ласка, вярніце песні гэтай даме. Шлю прывітанне, Л. Жалігоўскі".

Жалігоўскі не меў свайго погляду на справу помніка, ён верыў Рушчыцу і мне, а таксама раіўся з Бэчкавічам.

Фердынанд Рушчыц быў вельмі чынным у Камітэце. Ён узначаліў мастацкую камісію, і мы разам з ім арганізавалі выставу праектаў помнікаў у Рэпрэзентатыўным палацы, ці так званай Рэчы Паспалітай. Выстава адкрылася 7 лютага 1932 г. Рушчыц быў прыхільнікам праекта Куна, які лічыў вельмі добрым, несумненна лепшым з прадстаўленых на конкурсе. Пасля таго, як 18 сакавіка 1932 г. на агульным сходзе Камітэта па будаўніцтве помніка праект Куна абралі для рэалізацыі, з ім было падпісана пагадненне. Помнік павінен быў быць гатовы ў красавіку 1935 г. і ўсталяваны ў красавіку-траўні. Урачыстае адкрыццё помніка планавалася на чэрвень таго ж года. Кантроль за ходам працы ўсклалі на выканаўчую камісію Камітэта ў складзе: прафесара Рушчыца, дырэктара Юзафа Каральца (скарбнік) і мяне (сакратар). Штаб-кватэра Камітэта знаходзілася ў банку, дырэктарам якога быў Каралец, па вул. Міцкевіча 24, пакой 3. Рушчыц з вялікай адданасцю і эмацыянальнай заангажаванасцю паставіўся да справы помніка. Пры неабходнасці, ён ездзіў уначы ў Варшаву і ўначы ж вяртаўся ў Вільню, дзве ночы ў цягніку і цэлы дзень вельмі актыўнага знаходжання ў Варшаве яго знясільвалі, хоць і меў ён ўсяго 62 гады. На жаль, гэта скончылася дрэнна, бо ў кастрычніку 1932 г. Рушчыц цяжка захварэў. У сераду, 26 кастрычніка, ён даслаў мне ліст, яшчэ напісаны правай рукой: "Шаноўны пан Станіслаў! Я ляжу і мне не даюць падняцца. Спроба ўстаць двойчы мела дрэнны вынік. Дактары хочуць пасадзіць мяне на 10 сутак у шпіталь на аналізы і там здзекавацца. У сувязі з такой прымусовай дэпартацыяй, прашу без майго ўдзелу вырашаць бягучыя справы: справу з гранітам [для пастамента помніка] разам са спадаром Каральцом … Мне вельмі шкада вас расчараваць, але сёння я ў няволі ў лекараў. Спадзяюся, калі-небудзь аднавіць свае правы. Ф. Рушчыц перадае гарачае прывітанне".

Але адбылося не паляпшэнне, а пагаршэнне стану здароўя Рушчыца, і 28 кастрычніка ён адмовіўся ад творчай, універсітэцкай і грамадскай дзейнасці. Пазней мастак назаўсёды пераехаў ў Багданава, але ўсяроўна дасылаў мне лісты напісаныя левай рукой.

Грамадскасць вітала рашэнне Камітэта. Праекты помнікаў былі ўсім добра вядомыя, бо іх бачылі на адмысловай выставе 7 лютага, гэта значыць за пяць тыдняў да пасяджэння Камітэта. На пасяджэнні праект Куна быў ухвалены 85 галасамі супраць 5. Так што не толькі журы - у асобе прафесара Адольфа Шышка-Богуша, прафесара Тадэвуша Брэера, прафесара Клоса, прафесара Марыяна Лялевіча, прафесара Уладзіслава Скачыласа, прафесара Сляндзінскага і прафесара Яна Шчапкоўскага, а таксама старшыні мастацкай камісіі Камітэта Фэрдынанда Рушчыца, выказаліся за праект Куна, але за яго былі і прадстаўнікі віленскага грамадства. Праз два гады, у красавіку 1934 г., калі цокаль з дванаццаці пліт з разьбой (сцэны з Дзядоў) быў амаль завершаны, неабгрунтаваны замах на помнік Куна распачаў "Слове" Цат-Мацкевіч. Ён адкрыў апытанку "Ці падабаецца вам помнік Куна ў Вільні?" Я адказаў на гэта вельмі рэзкім артыкулам у "Кур'еры Віленскім" ад 24 красавіка 1934 г., які заканчваўся словамі Рушчыца: "Праф. Фердынанд Рушчыц цалкам падтрымлівае праект Куна і перасцерагае ад пераносу мастацкай і прафесійнай дыскусіі на шырэйшую грамадскую пляцоўку, бо выбар помніка вялікаму паэту - гэта не выбары Міс Палёніі". Ежы Вышамірскі ў "Слове" вельмі рэзка выказаўся ў адказе на апытанку і нагадаў, што Кунам апекавалася Ажэшка, што ён стварыў сапраўдны твор мастацтва і што абраў ідэальнае месца для помніка. "Чэрвеньскай ноччу 1932 г. я сядзеў з Кунам, - пісаў Вышамірскі , - у скверы Ажэшкі. Глядзеў на месца, дзе будзе стаяць яго помнік. Уяўляў гэты пляц у будучыні і бачыў яго такім, якім яго можа бачыць толькі сам мастак".

Гэты дрэнны ўчынак Мацкевіча, які ўвесь час ганяўся за сенсацыяй, быў вельмі непрыгожым, а для мяне вельмі паскудным быў і сам Мацкевіч.


Ад перакладчыка : Помнік Адаму Міцкевічу ў Вільні быў усталяваны толькі ў 1984 г. непадалёк ад званіцы касцёла Святой Ганны і бернардынскага касцёла Святога Францішка ў паўднёвай частцы сквера на беразе Віліі. Аўтар помніка - скульптар Гедымінас Ёкубоніс і архітэктар Вітаўтас Чаканаўскас.

1 Гл: Артыкулы пра пошукі магілы Вітаўта (пераклад Леаніда Лаўрэша) // Наша слова.pdf № 50, 14 снежня 2022. - Л. Л.

Пераклад і каментары Леаніда Лаўрэша.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

На Паўэл-стрыт у Сан-Францыска, на мяжы антарыйскай рэзервацыі і ў палескай вёсцы: Грынкевіч, Яновіч, Яхнавец; перадача індзейскіх культурных элементаў на беларуска-польскай этнічнай мяжы

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-40 (53-92) за 2023 г.)

Тэкст, які служыць "1-ым артыкулам" у гэтым выпуску БСІ, з'яўляецца поўнай аўтарскай версіяй даклада, дасланага ў Берасце Сяргею Яцкевічу, галоўнаму арганізатару канферэнцыі ў Гародні 1997 г. "Культура беларуска-польска-літоўскага сумежжа".

Наколькі тэкст скарочаны, можна бачыць па выдзеленых тлустым шрыфтам месцах, якія не ўвайшлі версію, апублікаваную ў часопісе "Весці АНМ". З публікацыі, на жаль, не выключана згадка пра "індзейскую" гісторыю "абраза Панны Марыі Коданьскай" (і гэта быў ужо другі паўтор намі гэтай ідэі - не цалкам фейкавай таму, што было дзве Гуадалупэ, дзве святыя, якіх блыталі паміж сабой).

ПЕРАДАЧА ІНДЗЕЙСКІХ КУЛЬТУРНЫХ ЭЛЕМЕНТАЎ НА БЕЛАРУСКА-ПОЛЬСКАЙ ЭТНІЧНАЙ МЯЖЫ

Калі разглядаць культурны ўплыў як перадачу любой інфармацыі, матэрыяльных і духоўных рэалій цалкам або іх кампанентаў ад народа к народу, то пералік атрыманага з Індзейскай Амерыкі праз палякаў будзе значным. Несумненна таксама, што ў месцах, дзе паўсядзённа кантактавалі буйныя беларускія і польскія грамады, назіраўся менавіта ўзаемаўплыў пры перадачы рэчаў і навыкаў, звычак, такіх як курэнне або жаванне гумкі, вырошчванне бульбы і развядзенне акварыумных рыбак, выкарыстанне ў побыце гамака, народнай творчасці накшталт мясцовых варыянтаў танцу "тустэп", распрацовак дызайну і гандлёвых знакаў з выявай індзейца.

Культурныя элементы, будучы класіфікаванымі, могуць быць аднесены да пэўных груп па паходжанні. У многіх выпадках можна прасачыць, ад якіх канкрэтна народаў або з якіх культурных абласцей прыйшлі ў Беларусь тыя ці іншыя прадметы або звычаі. Больш складана вызначыць іх шлях ад "донара", нярэдка на працягу стагоддзяў, праз сотні тысяч людзей, дзясяткі народаў, мноства пісьмовых і іншых крыніц, у выніку чаго яны набываюць дадатковыя рысы. Польшча, дзякуючы сваёй адметнай ініцыятыўнасці, спрадвечнай цікавасці да індзеянізму, укарочвала "індзейскую сцежку" да Беларусі. Шырокая, "гнуткая" і няпэўная польска-беларуская мяжа стала перадатчыкам культурных раслін, хатніх жывёл, музейных экспанатаў, сюжэтаў для твораў літаратуры і мастацтва, своеасаблівай "індзейскай" ідэалогіі.

Прамы ўплыў індзейскіх культур або некалькіх варыянтаў маскультурных стэрэатыпаў на беларускую і суседнія з ёй патрабуе доказаў, хаця для прадстаўнікоў хабісцкай плыні (субкультуры) "беларускіх індзейцаў" не выклікае сумненняў сур'ёзная прысутнасць атрыбутаў, прама або ўскосна запазычаных ад карэннага насельніцтва Амерыкі, прычым "сцежка" ішла галоўным чынам з Захаду, г.зн. праз Польшчу. Больш істотным з'яўляецца тое, што ў дакументах ЮНЕСКА абазначаецца як "неадчувальная" (непрыметная, няўлоўная: intangible) спадчына. Большы або меншы "індзеянізм" таго ці іншага еўрапейскага народа - тое, што можа стаць нагодай для спрэчак, крыніцай патаемнай гордасці.

Працэс перадачы (акт, каналы, цэнтры, колькасныя і якасныя паказчыкі) уключае такія паняцці, як гандаль (імпарт, пакупка, абмен), дар (падарунак), захоп (крадзеж, ваенны трафей), нелегальны ўвоз (кантрабанда).

Важным цэнтрам распаўсюджвання геаграфічнай і гістарычна-культурнай інфармацыі на Польшчу, Беларусь і Літву была Вільня (вусна - Г. Форстэр, удзельнік кругасветнай экспедыцыі, друкавана - І. Дамейка, аўтар "Араўканіі"), але немалую ролю адыгрывалі і некаторыя вёскі, маёнткі (Шчорсы І. Храптовіча). Гаспадар Кодані над Бугам М. Сапега ўкраў абраз індзейскай Панны Марыі з Гуадалупэ ў Рыме, за што быў адлучаны ад касцёла [УВАГА: абраз быў "іспанскі", з іспанскай Гуадалупэ, але мае значэнне ў беларуска-індзейскіх сувязях]. " Польскі" гэта быў учынак або "беларускі" (з адценнем паганства) - гісторыкі не ўдакладняюць, але пакланенне абразу прадоўжылася ў Чанстахове.

Да якой ступені былі "паланізаваныя" бульба, кукуруза, фасоля або сланечнік і як хутка адбываўся працэс "бульбенізацыі" (і г.д.) Беларусі, высвятляюць спецыялісты, але відавочна, што агранамічныя прыёмы, выпрацаваныя індзейцамі, узбагаціліся ў еўрапейскіх краінах навацыямі, неабходнымі для атрымання добрых ураджаяў, і паўсюдна адбылася сельскагаспадарчая рэвалюцыя. "Польскі пан" заахвочваў беларускіх сялян вырошчваць падазроныя клубні з "антыподаў", нярэдка метадам хітрага падману.

Індык, з'явіўшыся ў маёнтках Палубінскіх у Дзярэчыне, быў відавочна набыты на Захадзе і тут гадаваўся, разыходзіўся па суседніх гаспадарках, перададзены ў прыватнасці манастыру ў якасці працэнтаў за пазыку (1573 г.).

Нясвіжскія Радзівілы набывалі "індыйскіх" "бажкоў" і адпаведныя карціны з Галандыі, куды яны траплялі з яе калоній у Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы. Іх калекцыі па колькасці і набору артэфактаў былі ўнікальнымі на тэрыторыі ўсёй Рэчы Паспалітай. Этнаграфічныя ўяўленні пра свет у гэтым выпадку ад "літоўскіх" князёў распаўсюджваліся і на этнічную Польшчу.

У 17 ст. прыйшла мода на экзатычныя, у т.л. індзейскія дэталі касцюмаў для маскарадаў. Так, у 1663 г. на карнавале ў Львове вялікі канцлер літоўскі К. Пац узначальваў групу масак "індзейцаў", у той час як сам Ян Казімір кіраваў "маўрамі".

Польскі патрыятызм, апрануты ў мужны індзейскі "строй", праз прыгожыя мастацтвы (Т. Глінская, А. Тышынскі, якія адаптавалі літаратурныя спробы ад Парыжа да Варшавы) натхняў многіх барацьбітоў за незалежнасць, паўстанцаў. "Культура" вядзення партызанскай вайны, уключаючы вопыт індзейцаў, прывезеная Т. Касцюшкам з ЗША, укаранялася на Беларусі атрадамі з Польшчы.

Польшчу, Беларусь і Амерыку асацыятыўна аб'ядноўваў вобраз бізона - еўрапейскага (зубра) і амерыканскага. Ён быў прадукцыйным (у т.л. у параўнаўчым сэнсе) і ў Польшчы пры выпрацоўцы сімвалаў. У той час, як беларускі аўтамабіль МАЗ развозіў па кантынентах выяву зубра, польскі камбайн "Бізон" трапляў і на палеткі на ўсход ад Буга, нагадваючы пра гаспадарчую дзейнасць індзейцаў прэрый.

Жавальная гумка, з'яўленне якой у Беларусі звязана з актыўнасцю "польскіх шпекулянтаў" на "таўкучках" [у арыгінале, на жаль, была больш "спрошчаная" версія - грубаватае слова не для ўжывання на навуковым форуме з "дыпламатычнай" прысутнасцю - у канферэнцыі ўдзельнічала і Э. Смулкова, былы пасол Польшчы ў Беларусі] Берасця, Гародні, Пінска задоўга да перабудовы, не выклікала падобных асацыяцый, хаця сам звычай жавання [субстанцыі, падобнай на сучасную гумку] і ў прыватнасці чыкле, згодна з аўтарытэтнымі крыніцамі, паходзіць з Цэнтральнай Амерыкі. Ён быў мадэрнізаваны амерыканцамі і такім чынам стаў "буржуазным", але з польскай маркай "Болека і Лёлека" паспяхова дапоўніў "культуру ўжывання насельніцтвам харчовых прадуктаў".

Акрамя слоў "табака" і "чакаляда", значная колькасць іншых індзеянізмаў (гураган, кацык, альпага) трапіла ў беларускую мову і трасянку праз літаратурную і размоўную (у т.л. беларускі (крэсавы [крэсовы]) варыянт) польскую мову, і само слова "індыянін" ужываецца пад відавочным польскім уплывам, хаця і рэдка, альтэрнатыўна "рускаму" "індзейцу".

Польшча была і застаецца важным культурным пасярэднікам у дыялогу беларусаў з індзейцамі. Беларуская журналістыка працягвае выкарыстоўваць матэрыялы з польскага друку, які больш шырока асвятляе актуальныя пытанні адносінаў паміж амерыканскімі дзяржавамі і карэнным насельніцтвам. Польскія навукоўцы-індзеяністы інфармацыйна садзейнічаюць беларускім калегам.

P. S. (кастрычнік 2023 г.) Аўтара дагэтуль засмучаюць некаторыя моманты, звязаныя з паездкай на тую канферэнцыю, уключаючы выступленне на ёй. Хаця ўдзельнік канферэнцыі В. Пазднякоў, які ў сваім пытанні з месца паставіў пад сумненне індзейскае паходжанне жавальнай гумкі, усё ж прыняў тэзіс пра пэўную роднаснасць беларусаў і індзейцаў. Што да жвачкі, то аўтар БСІ тады адзначыў: так, жаванне, у т.л. і смалы, - універсальны звычай, але якраз у раёне пражывання майя "вынаходнікі" сучаснай жавальнай гумкі знайшлі найбольш прыдатны матэрыял для яе вытворчасці. Цяпер, у дадатак, можна звярнуць увагу на тое, што "перадумовы" для жавання менавіта гумкі звязваюць таксама з тытунём, завезеным у Еўропу. Асаблівасцю беларускай мовы з'яўляецца ўжыванне слова "табака" пераважна для тытуню, прызначанага для нюхання і жавання.

Зразумела, што тытунь і курэнне, люлька (пол. fajka) зусім недарэчныя як "дар індзейцаў" з добрымі намерамі, у т.л. і як аксесуары для заключэння міру (якое не з'яўляецца штодзённым заняткам, які шкодзіў бы здароўю). У дакалумбавай Амерыцы бакі, якія вырашылі спыніць вайну, не ведалі пра павышаную пагрозу раку лёгкіх і іншых органаў, а сучасныя вытворцы і гандляры, у т.л. з крам і сетак, вядомых сваімі "міралюбівымі" назвамі, хаця і папярэджваюць надпісамі пра небяспеку, думаюць не пра "мір" паміж людзьмі. Калі і можна гаварыць пра клопат пра людзей, пра іх здароўе, то хіба толькі пра псіхічнае - курэнне "супакойвае". Але гэта ілжывае супакаенне. Адзін член Беларуска-індзейскага таварыства любіў паўтараць, што адмова ад курэння "будзе каштаваць даражэй" - можна зразумець, што яна паспрыяе, сярод іншага, яшчэ большаму раздражненню, якое даводзіць і да рукапрыкладства. Цяпер ён даволі хворы, але кідаць курыць не збіраецца. Гэты намінальна дарагі наш калега збіраецца ісці "да канца"?

Літ.:

3274 Сімакоў А. Індзейскія культурныя элементы на беларуска-польскай этнічнай мяжы // Весці АНМ. Нацыянальныя меншасці на Беларусі і ў свеце (Брэст). 1997. № 1. С. 64-65.

3418 Старонкі гісторыі // Весці АНМ. Нацыянальныя меншасці на Беларусі і ў свеце (Брэст). 1997. № 3. С. 24.

4901 Черепица В. Индейский рис... на Гродненщине // Экологический вестник. 1996. 3 окт. С. 3.

5840 Гаршкавоз В., Ярашэвіч А. Выдатны помнік барока ў Гродне // Мастацтва Беларусі. 1984. № 9. С. 54-56.

5172 Герасимчук Н. С. Гродненский зоопарк: путеводитель. Мн., 1984.

10157 Горецкий В. В. Использование знаний микробиологии в первую мировую войну // Медицина на рубеже веков: к 100-летию Первой мировой войны: международная научно-практическая конференция "Медицина на рубеже веков: к 100-летию Первой мировой войны": сб. материалов / [Э. А. Вальчук (отв. ред), Е. М. Тищенко (отв. ред.)]. Гродно: 2014 С. 118-122. (ГрДМУ. Часть текста на бел., англ., пол. яз.)

10615 Калеснік У. Доўг памяці: успаміны. Брэст, 2005.

8126 Рублевская Л. Полководцы и поэты, джунгли и музеи: (рэц. на кн.: Леанід Несцярчук Л. Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка. Вяртанне героя на радзіму. ААТ "Брэсцкая друкарня", 2006) // СБ. Беларусь сегодня. 2006. 25 июля. С. 21.

3484 Угляніца М. П. Новы Свет у геаграфіі наркабізнесу // Тезисы докладов межфакультетской студенческой научной конференции, посвященной 475-летию первого кругосветного путешестия Ф. Магеллана. Брест, 1997. С. 7-8.

10894 Хвагіна Т. А. Пінск і яго ваколіцы = Пинск и его окрестности = Pinsk and its surroundings. Мн., 2007.

10723 Хвагіна Т. А. Пінск - сэрца Палескага краю = Пинск - сердце Полесского края = Pinsk - the heart of Polessye. Мн., 2017.

5773 Свинтицкий А. Индейцы... с пинских болот, или Как полесские Гоши и Мити соперничали с кинозвездой Гойко Митичем // Знамя юности. 1999. 20 авг.

4627 Ільянкоў В. Стаянкі індзейцаў сярод беларускіх балот // Чырвоная змена. 1999. 4 верас.

2433 Вольскі В. Палессе: краязнаўчыя нарысы. Мн., 1971.

4844 Винграновский М. ***Ще під інеэм човен лежав без весла... // Палессе. 1999. Чэрв. № 1. С. 60.

11233 Клімчук Ф. Моўная сітуацыя ў Берасцейска-Пінскім Палессі ў ХІХ-ХХ стст. // Загароддзе-3: Матэрыялы навукова-краязнаўчай канферэнцыі "Палессе ў ХХ стагоддзі". 1-4 чэрвеня 2000 г., Беласток. Мн., 2001. С. 7-16. ("Берасцяне" кантактавалі з прадстаўнікамі іншых народаў: на заробках у Амерыцы, на прымусовых работах у гады першай і другой сусветных войн у Германіі, у партызанскіх атрадах і інш. Таму сярод "берасцян" можна было зрэдку сустрэць валодаючых мовамі англійскай, нямецкай, іспанскай, партугальскай, нават індзейскай мовай гуарані (адна з дзяржаўных моў краіны Парагвай".)

4412 Свириденок А. Прислушайтесь, депутаты, к Цицерону // Экологический вестник. 1995. Март. № 9.

ГРЫНКЕВІЧ Мікалай (20) - першыя тры часткі праекту "Пра школу" ніжэй размешчаныя ў парадку іх з'яўлення ў брашуры "Жыціе праасвяшчэннага Уладзіміра…", але рэлевантнасць (важнасць і парадак прапановы для перакладу) - адваротная (больш важна спачатку перакласці саму нататку). Сказы, аднак, спачатку былі пранумараваныя з улікам схемы: 1) "прадмова" да нататкі (абзац), 2) тэкст нататкі (тры абзацы), як неадрыўныя сэнсава-інфармацыйна.

ЧАСТЬ 3

#31 Мне, как врачу, т.е. человеку, к которому под благовидным предлогом можно было обращаться подчиненным епископа, не возбуждая его подозрений, - пришлось, так сказать, из первых рук познакомиться с отрицательными сторонами его характера.

#32 А так как беспричинные гонения принимали огульный характер, касаясь всех лиц, так или иначе соприкосновенных с епископом и навлекших на себя его неудовольствие, т.е. служащих, подчиненных, учеников школы и т.д., то не проходило дня, чтобы кто-либо из них не явился ко мне с горькими сетованиями на "новые порядки" и на незаслуженные обиды, наносимые новым епископом.

#33 Служащие жаловались на то, что им не на что жить, так как Владимир без всякого на то права и повода уменьшил их жалованье наполовину и на две трети, жаловались на бессмысленные придирки, единственною целью которых было превратить службу в какую-то каторгу!..

[НАПЕЧАТАНО: "уменьшил их жалованье на половину"; ВОСКЛИЦАТЕЛЬНЫЙ ЗНАК И ДАЛЕЕ БЕЗ ПРОБЕЛА МНОГОТОЧИЕ ИЗ ТРЕХ ТОЧЕК]

#34 Воспитанники жаловались на гнилую и недостаточную пищу, на тесноту и неудобства в сыром подвальном этаже, на то, что их заедают вши, что их запирают на целые ночи в карцер, где их грызут крысы, на то, что им с утра до вечера не дают покоя, утомляя церковными службами и уроками.

#35 Справедливость их жалоб подтверждали их истощенные, бледные, золотушные лица, оборванные и грязные костюмы.

ЧАСТЬ 2

#01 Я мог несколько недоверчиво относиться к жалобам служащих и священнослужителей, думая, что "ворон ворону глаз не выклюет" и что, может быть, в этих жалобах есть доля преувеличения, но я не мог оставаться равнодушным к жалобам беззащитных детей, над которыми новый епископ проявлял свою архипастырскую власть.

#02 Ко мне, между прочим, часто заходил некий Гринкевич, окончивший духовную академию и посланный в Америку, в качестве псаломщика, в наказание за нетрезвое поведение.

#03 Он рассказывал о школьных порядках возмутительные вещи, и его слова вполне подтверждали жалобы несчастных мальчиков.

#04 Я попросил его изложить письменно то, что он мне рассказывал о школьных безобразиях.

#05 Гринкевич не отказал мне в исполнении моей просьбы и написал нижеследующую заметку, которую я привожу дословно, так как она превосходно характеризует порядки, заведенные Владимиром.

[НАПЕЧАТАНО: "Гринкевич не отказал мне в исполнении моей просьбе"]

ЧАСТЬ 1

(ЗАГАЛОВОК ЗАМЕТКИ, ПРОПИСНЫМИ БУКВАМИ. В ПУБЛИКАЦИИ В КОНЦЕ ЕГО ТОЧКА)

О ШКОЛЕ

(1-й АБЗАЦ)

#06 В школе 23 мальчика.

#07 Они разделены на 3 класса.

#08 Классные комнаты служат вместе с тем и занятными.

#09 Комнаты для рекреационных часов нет никакой.

#10 Все классные комнаты (спальни также) находятся в подвальном этаже.

#11 Две из них так слабо освещены, что посередине их уже нельзя разобрать печатной книги.

#12 Вентиляции никакой.

#13 Сырость и вонь.

#14 Второй класс и столовая помещаются в одной и той же комнате.

(2-й АБЗАЦ)

#15 Восьмилетние мальчики подлежат тем же правилам и ведут тот же образ жизни, как и 15-летние.

#16 Число занятий их такое: классных занятий с учителями 3 1/2 часа (от 1 1/2 до 5 пополудни); приготовление уроков 3 часа (8 - 11 утра); пение 2 часа (11 - 12 утра и 5 - 6 вечера); церковная служба 2 часа (6 1/2 - 7 1/2 утра).

[В ПУБЛИКАЦИИ ДРОБНЫЕ ЧАСТИ ЦИФР РАСПОЛАГАЮТСЯ НАД И ПОД ЧЕРТОЙ]

#17 По субботам и праздникам продолжительность службы до 6 часов в день.

#18 Заставляют детей носить длинные волосы, отчего вши развелись сильно...

(3-й АБЗАЦ)

#19 Епископ присвоил себе деньги мальчиков, приехавших с ним сюда.

#20 Им всем (12 человек) были выданы прогоны, и от прогонов у каждого осталось не менее чем по 200 долларов.

[В ПУБЛИКАЦИИ ЗАПЯТОЙ НЕТ]

#21 Несколько человек из приехавших мальчиков уже сплавлены в Аляску, и ни одному из них не дали денег, даже чтобы купить какую-нибудь одежонку, несмотря на более чем очевидные нужды.

(КОНЕЦ ЗАМЕТКИ; В ПУБЛИКАЦИИ КАЖДЫЙ АБЗАЦ ЕЕ НАЧИНАЕТСЯ С КАВЫЧЕК, КОТОРЫЕ ТАКЖЕ В КОНЦЕ ЗАМЕТКИ ПОСЛЕ ТОЧКИ)

Шукаем перакладчыкаў тэкстаў праекта "Пра школу" на розныя мовы. We are looking for translators of the texts of the Grinkevich On the School Research and Translation Project into German, Portuguese, Greek, Romanian, Uzbek, Japanese, Chinese, Hebrew and other languages. E-mail: baicri@tut.by

ЯНОВІЧ Сакрат (2) - своеасаблівае бачанне мінулага і сучаснасці індзейцаў - у нарысах гэтага самага вядомага з беларускіх пісьменнікаў Беласточчыны над назвай "У беларускай Канадзе і далей", апублікаваных газетай "Ніва" пасля яго паездкі для ўдзелу ў 18-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі (уключала паломніцтва ў Прошчу паўночна-амерыканскіх пакутнікаў у Midland, Ontario). Акрамя згадак пра мерапрыемствы, сведкам якіх быў, - "высвячэння міленіумнага Беларускага Крыжа" і Дня Індзейца, ён перадаў уражанні, калі наблізіўся да індзейцаў на іх уласнай зямлі. Праважатым яго быў Мікола Шуст, прыватныя ўладанні якога ў раёне Лондана, правінцыя Антарыа, межавалі з рэзервацыяй.

"Гадаваны ў сярмяжнай дзяржаве, у якой народ існаваў для яе, а не яна для яго, цікава было мне наведаць рэзервацыю індзейцаў Чыпава. Як ні як, сутыкненне двух канцоў тае ж лініі, - першабытнасці з сучаснасцю. Мае спадзяванні як бы спраўдзіліся: - Бэляруская дарога, - усміхнулася Галена, нямецкая жонка Шуста, калі аўта з поскрыпам загайдалася на ўхабінах і спавальнела. А вось і тубыльскія сялібы, нічога сабе, як і ў "белатварых". Толькі парадку бракуе на іх падворышчах, рыхтык бы ў цыганоў, валам валенае. І тыя ж гайні сабак. Тып людзей здалёку нічым не адрозніваецца, можа марудлявасцю... падышоўшы, запрыкмеціш смуглявасць, мангалаватую мардатасць. Не ўпаткаеш гатоўлівасці для размовы. Занадта ідэнтычны ты з тымі, хто стагоддзем раней вырэзваў іхнія плямёны, дочак і жонак ім гвалцілі, дзетак шпурлялі ў агонь".

"Шышыкае паміж сабой гурт чыпаваў. Набліжаюся да іх я, і яны пераключаюцца на англійскае маўленне. Гэта не інтэрнацыяналізм. Агульна кажучы - страхі Паўбяды, калі змяншаецца ён у рамках комплексу горшасці, усе такі лягчэй вылечнага".

На свае ўласныя вочы і са слоў "каментатараў" атрымаў уяўленне пра жыццё ў рэзервацыі: "ловяць рыбу ў зеляністым Гуроне. Без падаткаў". "Спекулююць, здаюць у арэнду дзялянкі на дачы гараджанам". "Іх тэрыторыя надзелена значнай аўтаноміяй, з аўтахтоннай паліцыяй". "Добры ці благі, але гэта мой край". Адно з праяў таго ж комплексу - замужжы індыянак за "беламі" кавалерамі, "часцей у вакацыйны сезон".

У гумарыстычным апавяданні "Даўганогая Лань" (вядома пра чатыры яго публікацыі - па дзве з кожнага боку мяжы) Яновіч максімальна зблізіў беларусаў і індзейцаў, "прывёзшы" з беларусам на Беласточчыну жонку-індыянку. Задума гэтага твора можа быць звязаная з яго ўдзелам у беларуска-амерыканскай канферэнцыі 1994 г., дзе асобна фармулявалася і думка пра неабходнасць больш глыбокага асваення беларускімі пісьменнікамі індзейскай тэмы.

Параўнанне - агульнае - пасля паездкі ў Канаду: "Беларусы і індзейцы ці мала ў чым аналагічныя? Зведаным паніжэннем, бязвыйсцем голаду, бяссільнасцю перад рабункамі і пагалоўнымі забойствамі, пазбаўленнем годнасці, безабароннасцю асабістага гонару, бацькаўшчыны... Слабыя ўсюды падобныя". Падобным яму паказалася і пераключэнне "чыпаваў" на рускую мову ў прысутнасці чужых. Такое мы назіралі ў адной з раённых бібліятэк на брэсцкім Палессі, калі супрацоўніцы размаўлялі паміж сабой на палескай гаворцы, а пры з'яўленні беларускамоўнага наведвальніка - па-руску.

Індзейскія матывы сустракаюцца ў матэрыялах чатырох аўтараў у зборніку "Сакрат Яновіч - пісьменнік трансгранічны" (2014). Фенаменальна частыя апеляцыі Яновіча да індзейскіх параўнанняў выклікалі ў нас жаданне напісаць асобны артыкул "Як Сакрат Яновіч стаў (або: адчуў сябе) індзейцам".

Літ.:

8217 Яновіч C. Без моладзі няма нацыі // Беларусы ў свеце. 2005. № 1.

8047 Яновіч С. Без моладзі няма нацыі // Беларускі дайджэст. 2004. Снеж.

11485 Яновіч С. Быць сабою // Czasopis. 2005. № 3. С. 6-7. (магіканамі, с. 7.)

10494 Яновіч С. Быць сабою // Czasopis. 2006. № 11. С. 4-5.

11276 Яновіч С. Даўганогая Лань // Ніва. 1995. 4 чэрв. С. 5.

11812 Яновіч С. Даўганогая Лань // Крыніца. 1998. № 2 (39). С. 17-20.

8017 Яновіч С. Даўганогая Лань // Яновіч С. Запісы веку. Беласток, 1999. С. 54-57.

8016 Яновіч С. Даўганогая Лань // Голас Радзімы. 2001. Снеж. 6, 12 (Запісы веку.)

9847 Яновіч С. Дзённікі (1987-1995). Беласток, 1997.

8680 Яновіч С. Дзіва за дзівам // Czasopis. 2011. № 2. С. 4-6. ("Ці зможам выратавацца падляшскім патрыятызмам? Каб з'явіўся такі, трэба тэндэнцыі жыць не чужым розумам і бачыць сваю будучыню не ў індыянскім жабрацтве дзеля казённых датацыяў на "чарку і скварку". Трэба ганаровасці, замест скавытання халопа перад панам у глянцаваных ботах".)

8005 Яновіч С. Не жаль пражытага / рэд. Ю. Хмялеўскі. Беласток, 2002.

3424 Яновіч С. Пісьмы з Фларыды // Ніва. 1993. 31 кастр., 7, 14, 21, 28 лістап.

8020 Яновіч С. Сьцяна // Яновіч С. Доўгая сьмерць Крынак. Беласток, 1993.

5761 Яновіч С. Сьцяна: раман // Яновіч С. Сцяна: раман, апавяданні. Мн., 1997. С. 3-154.

8048 Яновіч С. Усе мы патроху жыды // Arche. 2000. № 3. С. 135-139.

11573 Яновіч С. Час праўды // Czasopis. 2011. № 5.

10144 Janowicz S. Dolina pelna losu // Czasopis. 1992. № 12. S. 18-20.

10134 Janowicz S. Dolina pelna losu. Bialystok, 1993.

10557 Janowicz S. Dolina pelna losu: fragment // Janowicz S. Utwory wybrane. Krynki, 2011.

12253 Janowicz S. Nasze tysiac lat: z Sokratem Janowiczem rozmawia Jerzy Chmielewski. Bialystok, 2000.

10558 Janowicz S. Utwory wybrane. Krynki, 2011.

7805 Janowicz S. Z bytu w niebyt?: Podlasie w kontekscie europejskim. Cz. 1-2 // Pracownia. 2001. № 3. S. 55-64; № 4. S. 44-59.

10135 Janowicz S. Z ksiegi Podlasia. Lomza, 2001.

11518 Janowicz S. Nie patrzec na Bialorusinow jak na ginace plemie Indian // Kurier Poranny. 2006. 28 lip. (VII Trialogi Bialoruskie w Lapiczach kolo Krynek.)

10131 Aleksandrowicz-Pedich L. "Miniatury" Sokrata Janowicza w przekladzie na jezyk angielski Shirin Akiner / pod red. naukowa G. Charytoniuk-Michiej, K. Sawickiej-Mierzynskiej, D. Zawadzkiej; wstep G. Charytoniuk-Michiej, E. Dabrowicz, K. Sawicka-Mierzynska, D. Zawadzka // Sokrat Janowicz - pisarz transgraniczny: studia, wspomnienia, materialy. Bialystok, 2014. S. 221-232.

10129 Rybicka E. "Przesniona rewolucja" na peryferiach: przypadek Sokrata Janowicza // Sokrat Janowicz - pisarz transgraniczny: studia, wspomnienia, materialy. Bialystok, 2014. S. 49-57.

10130 Sztachelska J. Sokrat Janowicz - odzyskac siebie // Sokrat Janowicz - pisarz transgraniczny: studia, wspomnienia, materialy. Bialystok, 2014. S. 161-174.

10132 Tarasewicz L. Gleboka analiza wspolrzednych / rozmowa z Leonem Tarasewiczem // Sokrat Janowicz - pisarz transgraniczny: studia, wspomnienia, materialy. Bialystok, 2014. S. 381-402. (Rozmowa z Leonem Tarasewiczem, przeprowadzona 24 maja 2014 r. w Krynkach (Villa Sokrates, dom Sokrata Janowicza). Rozmawia?y: Danuta Zawadzka, Gra?yna Charytoniuk-Michiej i Katarzyna Sawicka-Mierzyska; z udzialem Pawla Grzesia.)

10825 Zawadzka D. Wynajdywanie tradycji: o prozie historycznej Sokrata Janowicza // Sokrat Janowicz - pisarz transgraniczny: studia, wspomnienia, materialy. Bialystok, 2014. S. 97-111.

ЯХНАВЕЦ Марына - разам з мужам Аляксандрам і дзецьмі прымала госця - "эквадорскага аспіранта", "індзейца" на сваёй "плантацыі", дзеля добрых ураджаяў на якой яны нават часам адпрошваюцца на сваёй асноўнай рабоце. У вёсцы або аграгарадку Белавуша Столінскага раёна яны вырошчваюць трускалкі. (Прэм'ера сюжэта:17.06.2023.)

Інці Агуалонга (пішуць і Агулонга; Inti Agualongo Gomez або Inti Tupak Agualongo Gomez) вядзе рубрыку АНТ "Прыгоды іншаземца ў Беларусі" ўжо другі сезон. "Жыў сярод гор і вулканаў, еў марскую рыбу і маліўся духам", але вось ужо 8 гадоў ён у Беларусі - вырашыў застацца пасля атрымання вышэйшай адукацыі.

"А зараз сапраўдны індзеец спрабуе на смак жыццё па-беларуску і не саромеецца камеры. Біятэхнолаг па адукацыі, але журналіст у душы і на экране. Новая зорка тэлеэфіру выхаднога дня на АНТ - Інці Агуалонга дапамагае беларусам па-новаму адкрыць для сябе родную краіну".

На сайце БДУ мы знайшлі інфармацыю пра літаратурна-мастацкую акцыю "Магія вясны. Вясновыя традыцыі і святы народаў свету".

Яна адбылася 16.05.2018 г. на кафедры тэорыі і методыкі выкладання рускай мовы як замежнай. Студэнты-іншаземцы выступілі з паведамленнямі і прэзентацыямі - дэкламаванне вершаў, спяванне песень - пра вясновыя святы на іх радзіме.

"Агуалонга Гомез Тупак Інці і Кампавердэ Замбрано Памэла з Эквадора вельмі лірычна выканалі песні індзейцаў. Памэла натхнёна прачытала верш М. Цвятаевай, закрануўшы самыя адчувальныя струны душы гледачоў".

Не горш выступілі маладыя людзі з Японіі, Кітая, Турменістана, Таджыкістана. У час лінгвакультуралагічнай віктарыны студэнты дэманстравалі валоданне рускімі і беларускімі фразеалагізмамі, прыказкамі.

Літ.:

12424 Гусман Гомес Ф., Челядинский А. Эквадор - Беларусь: курс на стратегическое партнерство (2007-2016 гг.); Ecuador - Belarus: camino hacia la cooperacion estrategica (2007-2016). Минск, 2017.

12063 Нестерович Д. А. Buеn Vivir: концепция экономического развития в Боливии и Эквадоре // Экономический рост Республики Беларусь: глобализация, инновационность, устойчивость: материалы VIII Международной научно-практической конференции, Минск, 21-22 мая 2015 г.: в 2 т. / [редкол.: В. Н. Шимов (отв. ред.) и др.]. Мн., 2015. Т. 1. С. 138-139. (БДЭУ; "канцэпцыя развіцця Buеn Vivir (добрая жыццё) - цэласная філасофія жыцця, вытокі якой ляжаць у культурных традыцях андскіх індзейцаў".)

5972 Матвеенко А. Наследники инков против доллара // Correspondencia Internacional. 2000. № 2 (март-май). С. 1-4. (Эквадор / Панорама.)

4989 Переворот в Эквадоре // Гомельская праўда. 2000. 25 янв.

4954 Председатель Конфедерации индейских народов Эквадора Антонио Варгас заявил о существовании риска начала гражданской войны в стране // Народная газета. 2000. 12 янв. С. 3.

2182 Эквадор: Все для детей // Советская Белоруссия. 1989. 15 марта.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou, researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, Indians, indigenas, indios de America y Belarus; Grinkevich On the School Project (Church school in San Francisco, 1888-1892. Церковная школа в Сан-Франциско).

Падарожжа па малой радзіме

У філіяле "Лідская гарадская біліятэка № 3" адбылося завочнае падарожжа "Мне па сэрцы маленькая радзіма, мой любімы край" для чытачоў малодшага школьнага ўзросту . Удзельнікі мерапрыемства адправіліся ў віртуальную вандроўку, дзе пазнаёміліся з некаторымі старонкамі гісторыі горада.

Таксама дзеці вялі гаворку пра адзін з найбольш каштоўных гістарычных і архітэктурных помнікаў нашага края - Лідскі замак. Усе паказалі сябе добрымі знаўцамі Лідчыны.

ТК "Культура Лідчыны".

Свята бульбы "Бульбачка-беларусачка"

Дата: 15 кастрычніка ў 14.30

Месца правядзення: аграмястэчка Гуды Лідскага раёна

Гледачоў і ўдзельнікаў свята чакае насычаная праграма на адкрытым паветры. Займальны канцэрт-аповяд пра галоўны клубень беларускага стала - бульбачку, а таксама песні, прыпеўкі, конкурсы і змаганні на бульбяную тэму. А яшчэ кожнага госця свята чакаюць пачастункі дранікамі і найсмачнейшым кісялём.

Самых юных удзельнікаў свята чакае забаўляльна-гульнявая праграма і атракцыёны. Прыходзьце і акуніцеся ў атмасферу самага смачнага свята - свята бульбы!

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX