Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 34 (86) 


Дадана: 22-08-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 34 (86), 23 жніўня 2023 г.

Галоўны каравай-фэст краіны

Водар духмянага хлеба, здобныя пачастункі, якія ўражаюць уяўленне, і атмасфера ўтульнага сямейнага свята. Самы смачны каравай-фэст разгарнуўся ў Свіслачы. Унікальны фэст, аналагаў якому няма не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце, узнік дзякуючы Прэзідэнту, паведамілі ў праграме Навіны "24 гадзіны" на СТВ.

Паспрабаваўшы ў Свіслачы духмяную пляцёнку, прыгатаваную па традыцыйным рэцэпце, кіраўнік дзяржавы быў уражаны і заўважыў, што яе смак нагадвае дзяцінства.

Цырымонія адкрыцця фэсту. Галоўны каравай свята да сцэны беларускі волат прыцягнуў на трактары - у гэтым увесь шлях ад збожжа да хлеба.

А потым усім пляцам зрабілі карту Беларусі з маленькіх бацькавых булачак. І ўсе разам падпявалі песні, якая ўжо стала сапраўдным гімнам каравай-фэсту.

Спявачка Аліна Чыжык сама напісала музыку для кампазіцыі.

Увесь райцэнтр пагрузіўся ў яркае і вельмі смачнае свята. У цэнтры ўвагі знакамітая на ўсю краіну "Бацькава булка", смак якой нагадаў Прэзідэнту дзяцінства. Два гады назад падчас наведвання свіслацкай пякарні Аляксандру Лукашэнка прапанавалі паспытаць прадукцыю. І ён высока ацаніў менавіта гэтую румяную пляцёнку, якую пякуць па традыцыйным мясцовым рэцэпце. Тады яшчэ ніхто і падумаць не мог, што пасля выхаду рэпартажу ў эфір у гэтую пякарню пачнуць ехаць людзі, толькі ўжо не па пляцёнку "Арыгінальную", а менавіта па "Бацькавую булку". Так з народа і нарадзіліся спачатку назва, а потым і вельмі душэўны каравай-фэст.

Каравай-фэст у Свіслачы праходзіў усяго другі раз, але ён ужо стаў родным для мясцовых жыхароў. А тыя госці, якія прыязджалі летась, не змаглі не наведаць свята зноў. Бо гэта наша беларуская культура, зразумелая кожнаму з дзяцінства, нашы хлебаробы, іх праца на карысць Радзіме. І за адным сталом беларусаў працягвае аб'ядноўваць "Бацькава булка".

Паводле СТБ.

Праграма 700-годдзя Ліды, фэсту Lidbeer і іншых святочных мерапрыемстваў на 1, 2, 3, 6 і 8 верасня

1 верасня

Харчфэст PROСмак

Дажыначная плошча (каля Палаца культуры)

17:00 - 17:20 Цырымонія адкрыцця фэсту

17:20 - 17:40 Прэзентацыя "Стварай мастацтва з MiLida". ААТ "Лідскі малочна-кансервавы камбінат"

17:40 - 18:15 Прэзентацыя "Разумныя вырабы з Лідскім хлебазаводам". ААТ "Гроднахлебпрам" філіял Лідскі хлебазавод"

18:15 - 18:30 Прэзентацыя "Ласункі для радасці ад "Лідскіх харчовых канцэнтратаў". ААТ "Лідскія харчовыя канцэнтраты"

18:30 - 18:50 Прэзентацыя "Лідская мука": мастацтва са смакам". ААТ "Лідахлебапрадукт"

18:50 - 19:00 Прэзентацыя "Актыўны выхадны з "Белсалттрэйд". ЗАТ "Белсалттрэйд"

19:00 - 19:45 Кавер-група "Hateful7" (першы сэт)

19:45 - 19:55 Узнагароджанне пераможца конкурсу хлебных партрэтаў

19:55 - 20:55 Канцэртны выступ зорак беларускай эстрады Тео і Вольгі Рыжыкавай

21:05 - 21:50 Кавер-група "Hateful7" (другі сэт)

22:00 - 23:00 Выступ хэдлайнера фэсту - музычная група - Filatov & Karas (РФ)

23:00 Феерверк 1


17:00 - 21:00 Час працы актыўнасцяў (гульнявыя зоны, аніматары, фонавыя актыўнасці)

2 верасня

Сцэна № 1

Дажыначная плошча (каля Палаца культуры)

11:00 - 12:30 Урачыстая цырымонія адкрыцця святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 700-годдзю горада Ліды "Захоўваючы мінулае, ствараем будучыню!"

Фэст Lidbeer 2023. Аб'ядноўваем рознае!

Сцэна № 1Дажыначная плошча (каля Палаца культуры)

POP/ROCK

14:00 - 15:30 Цырымонія адкрыцця фэсту

Дзённы феерверк 2

ДУК "Лідскі эстрадны аркестр"

16:00 - 16:45 Група "DBYNA"

17:00 - 17:45 Група "Hok-key"

18:00 - 18:45 Група "The up"

19:00 - 19:45 Кавер-група "Мутнаевока"

Феерверк 3

20:00 - 21:00 Група "O.Lemon"

21:15 - 22:00 Кавер-група "Бязмежжа"

22:30 - 00:00 Сімфанічны аркестр "Classic Energy"

Феерверк 4

00:00 - 01:00 Dj сэт. Фонавая музыка

Сцэна № 2 каля Лідскага замка (вул. Грунвальдская)

Electro

14:00 - 15:00 Dj Alexander Spark

15:15 - 16:15 Dj Arston

16:30 - 17:30 Dj Goldscream

17:45 - 18:45 Dj Gleb Glebov

19:00 - 20:00 Dj Whiteout

20:15 - 21:15 Група "Samedjmusic"

22:00 - 23:00 Dj Mikis

Сцэна № 3 каля Дома гандлю (вул. Ленінская, 14)

FOLK

14:00 - 15:00 Дуэт баяністаў "НЕБА Sound"

15:30 - 16:30 Група "Вока Чарота"

16:45 - 17:45 Група "Хуткі Смоўж"

18:00 - 19:00 Дуэт "Вясёлы Перабор"

19:15 - 20:15 Група "Rokash"

20:30 - 21:30 Група "KaS"

22:00 - 23:00 Dj MODNO/Dj Paul Burak

Дзень сярэднявечнай культуры з рыцарскім турнірам " Лідскія ваяры "

Лідскі замак

10:00 - 22:00 Праца тэматычных і забаўляльных пля-цовак: зброевая майстэрня; сярэднявечная кузня; рыцарскі лагер; сярэднявечная кухня; сярэднявечныя гульні і забавы

11:00; 17:00 Майстар-класы па сярэднявечных танцах

15:00 - 15:30 Рэканструкцыя "Княжае паляванне"

18:00 - 20:00 Конны турнір "Лідскія ваяры"

20:30 - 21:30 Выступ музычнага калектыва "Няўрыда"

21:45 Выступ тэатра агню

24:00 - 05:00 Дыскатэка ў Лідскім замку "Zamok dance"

10:00 - 01:00 Час працы фудкортаў

11:00 - 23:00 Час працы рамеснікаў

12:00 - 21:00 Час працы актыўнасцяў

3 верасня

Спартова-святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 700-годдзю горада Ліды

12:00 Па вуліцах горада

Лёгкаатлетычны забег "Здароўе"

12:00 Пляцоўка каля Лідскага замка

Спартова-масавыя мерапрыемствы па сілавых відах спорту

12:00 Лёдавы палац

Адкрыты раённы турнір па хакеі

12:00 Стадыён "Старт"

Адкрыты раённы турнір па міні-футболе

14:00 Стадыён "Старт"

Шоў-матч па футболе "Ліда-Мікс" - "Інформ" блогеры

12:00 САК "Алімпія"

Адкрыты раённы турнір па баскетболе

12:00 САК "Алімпія"

Раённая спартакіяда сярод ветэранаў спорту

12:00 Лідскае возера

Плаванне на адкрытай вадзе "SWIMOPENLIDA - 2023"

Арт-пляцоўка творчасці "Ліда, Мар! Малюй! Спявай! Запальвай!"

Пляцоўка каля Лідскага замка

12:00 - 14:00 Праца пляцоўкі сюжэтна-гульнявых праграм

12:00 - 14:00 Праца песенна-танцавальнай пляцоўкі "Калі горад спявае і танчыць, значыць, ён будзе вечна малады!"

10:00 - 19:00 Праца экспазіцый і выстаў у Лідскім замку. Праца тэматычных і забаўляльных пляцовак: рыцарскі лагер; сярэднявечная кухня; сярэднявечныя гульні і забавы

10:00 - 19:00 Праца экспазіцый і выстаў у Доме В. Таўлая

10:00 - 19:00 Праца экспазіцый і выстаў у Лідскім гістарычна-мастацкім музеі

6 верасня

ДУ "Лідскі гістарычна-мастацкі музей"

11:00 - 17:00 Навукова-практычны семінар, прысвечаны 170-годдзю Міхала Федароўскага ў рамках святкавання 700-годдзя горада Ліды (сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі)

8 верасня

ДУ "Лідскі гістарычна-мастацкі музей"

11:00 - 17:00 Навукова-практычная канферэнцыя "Ліда і Лідскі край у гісторыі Беларусі", прысвечаная 700-годдзю горада Ліды (сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі)

Лідскі райвыканкам.

"Цёплыя вечары… ды халодныя ранкі"

IV адкрыты рэгіянальны фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага "Цёплыя вечары… ды халодныя ранкі" (Лідскі раён, ам. Мажэйкава) пройдзе 27 жніўня ў аграмястэчку Мажэйкава і стане месцам, дзе сустрэнуцца фальклорныя гурты і сольныя выканаўцы Гарадзенскай вобласці, каб падзяліцца сваім культурным досведам і аўтэнтычнымі асаблівасцямі рэгіянальнага фальклору. Пачатак у 13.00.

Жыхары і госці змогуць даведацца пра знакамітага земляка - Земавіта Фядэцкага - пісьменніка, паэта, фалькларыста, пачуць песні з яго знакамітага зборніка "Цёплыя вечары…ды халодныя ранкі", запісаныя ў суседняй вёсцы Феліксава ў часы 2-й Сусветнай вайны і апублікаваныя ў 1992 годзе.

Падчас фестывалю адбудзецца прэзентацыя 3-га лідскага фальклорнага зборніка "Беларускія думкі, звычаі і абрады з Лідскага павета ХІХ стагоддзя".

Мерапрыемства стане незабыўным святам душы беларускага народа і дасць магчымасць прадставіць свае таленты дарослым і юным збіральнікам і захавальнікам невычэрпнай скарбніцы беларускага фальклору.

Запрашаем да ўдзелу фальклорныя гурты і сольных выканаўцаў!

Тэл. для даведак: +375 154 646339,

ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".

Археалагічная экспазіцыя ў вежы Гедыміна

18 жніўня на верхнім ярусе вежы Гедыміна Лідскага замка адкрылася археалагічная экспазіцыя. Тут прадстаўлены артэфакты, знойдзеныя пры раскопках замка. Вяла імпрэзу навуковы супрацоўнік лідскага музея Святлана Драздова.

У адкрыцці выставы самы чынны ўдзел узяў кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў, які на працягу некалькіх гадоў вёў раскопкі Лідскага замка. Сп. Трусаву давялося адказаць на шмат пытанняў і вядоўцы, і прысутных на імпрэзе, у тым ліку пра стан, гісторыю і перспектывы беларускай археалогіі. Перад 2-й Сусветнай вайной беларуская археалогія была на высокім узроўні, а пасля вайны ў нас застаўся адзін археолаг. Археалагічную працу вялі тут толькі расейцы, і толькі ў 70-я гады да раскопак прыступілі археолагі беларускага этнічнага паходжання. Адзін з іх быў Міхась Ткачоў, маці якога вучыла Алега Трусава ў мсціслаўскай школе.

Выступалі кіраўнік замкавай адміністрацыі Ганна Некрашэвіч і намеснік дырэктра лідскага музея па навуцы Наталля Хацяновіч. Аздабляла імпрэзу віртуознай ігрой на скрыпцы Наталля Батаргіна, кіраўнік гурта "Скуд-рынка". Прысутнічалі аматары гісторыі, мясцовыя краязнаўцы, у т.л. Леанід Лаўрэш, Станіслаў Суднік і інш. Выстава будзе працаваць некалькі месяцаў.

Яраслаў Грынкевіч.

"Грошык" ужо і ў Лідзе

1жніўня на ўездзе ў Ліду з боку Менска і Слоніма адкрыўся міні-дыскаўнтар "Грошык" (адміністрацыйны адрас: Лідскі р-н, в. Шайбакі, вул. Транспартная, 26; канцавы прыпынак аўтобуса № 1).

У гэтай краме ўпершыню амаль што рэалізавалася адвечная мара лідскіх змагароў за беларускую мову: "Каб усё было па-беларуску".

Па-беларуску тут аформлена ўся доўгатэрміновая атрыбутыка ад назвы крамы, афармлення паркоўкі перад крамай, усіх надпісаў на дзвярах і да надпісаў на каморках захоўвання, назваў секцый і доўгатэрміновых рэкламных слоганаў. Па-беларуску аформлены фірмовыя пакеты, і то ад адной, то другой касы чутно: "Калі ласка", "Дзякуй".

Па-расейску засталіся назвы тавараў і касавыя чэкі, што ў прынцыпе не цяжка таксама прывесці да беларускай мовы, прынамсі, на рэкламных пано можна было б зрабіць надпісы тавараў на дзвюх мовах.

Не будзем унікаць у цэны, якія пастаянна мяняюцца, хаця адміністрацыя хваліцца, што цэны ў іх значна ніжэйшыя, чым у іншых крамах, а прывядзём "Грошык" у прыклад іншым сеткам. У Лідзе раней беларускамоўнае афармленне мелі крамы сеткі "Марцін". "Родны кут" акрамя загалоўнай назвы больш нічога па-беларуску не мае. Часткова па-беларуску аформлены запраўкі "Цікава" ад "Беларуснафты".

Астатнія элементы беларускамоўнага асяроддзя ў Лідзе з'яўляюцца часткова стараннямі райвыканкама і па ініцыятыве неабыякавых да мовы лідзян.

Яраслаў Грынкевіч.

Гімн Нясвіжу

У Нясвіжы адсвяткавалі 800-годдзе горада.Каля помніка Сымону Буднаму ўручылі дыпломы і падаруні пераможцам Міжнароднага літаратурнага конкурсу "Табе я, Нясвіж,прысвячаю…" Кожны з нас атрымаў і кнігу з творамі канкурсантаў. Гучала і песня на мае словы, музыку напісаў Канстанцін Цыбульскі, які і выканаў яе падчас свята, дзякуй яму за гэта. (Мы на фота разам).

ГІМН НЯСВІЖУ

Колькі хмараў сплыло, колькі часу прайшло,

Знічкі сыпаліся з небасхілу.

Гэта месца чатыры стагоддзі было

Самавітым гняздом Радзівілаў.

Тут і зараз прыгожыя людзі жывуць

І сцяжынкі бягуць праз узгоркі…

Над палацам удалеч аблокі плывуць

І глядзяцца ў возера зоркі.

Старажытны Нясвіж,старажытны Нясвіж,

Горад сталасці і маладосці,

Ты прыцягваеш, нібы маленькі Парыж,

І заўсёды чакаеш у госці!

На валах і ў равах зелянее мурог,

У скляпеннях губляецца слова,

Тут раней паляўнічы заходзіўся рог

І збіралася панства на ловы.

Тут між жыта валошкі цвілі ў палях,

Стрыглі коні вушамі ў тумане,

І з варагаў у грэкі наладжваўся шлях

Між Ушою і звонкаю Ланню.

Тут ніхто талент свой ад людзей не хаваў,

Хоць у гонары ведалі меру:

Будны кніжкі ў Нясвіжы калісь друкаваў,

Тут вучылі на флот афіцэраў.

Адпяваў і хрысціў сваю паству святар -

Усё было. Нават вока за вока.

І нясвіжскія воі мангола-татар

Білі дзесьці на Калцы далёкай.

…Звон ад фарнага льецца ўдалеч і ўвысь,

Чысты і сакавіты той голас…

Час няўмольны. Паверыш хіба, што калісь

Тут вучыліся Чорны і Колас?

…Не выходзяць вайскоўы тут болей на плац,

Болей стала гатэляў і крамаў.

Сцерагуць цішыню Радзівілаў палац

І шыкоўная Слуцкая брама.

…Поўдзень ліпеньскі. У вулках і засень, і ціш,

Як цудоўна па іх сёння крочыць!

Ах, Нясвіж, беларускі маленькі Парыж,

Што табе новы час напрарочыць!?

Аляксей Белы.

"Мама Марыя, навучы нас любіць".

Урачыстасць Валадаркі азёраў распачалася з прыходу пілігрымаў і канфірмацыі

18 жніўня ў санктуарыі Віцебскай дыяцэзіі Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе распачаліся традыцыыйныя адпустовыя ўрачыстасці.

У другой палове дня на Браслаўскі фэст, тэмай якога сёлета сталі словы: "Марыя Ахоўніца згоды і супакою", прыбылі дзве пешыя пілігрымкі: з Глыбокага і Удзела. Пілігрымаў вітаў на парозе браслаўскай святыні шчырай айцоўскай усмешкай і асвячонай вадой біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

У трохдзённай пілігрымцы Глыбокае - Браслаў узялі ўдзел каля сотні асобаў. Яны прайшлі больш за 90 кіламетраў пад кіраўніцтвам пробашча глыбоцкай парафіі ксяндза Мікалая Ціхановіча.

Экстрэмальную пакаянную пілігрымку з Удзела арганізавалі айцы францішкане. Група з дзесяці чалавек, несучы з сабою намёты і крыжы, прайшла за тры дні амаль 100 кіламетраў пад духоўным кіраўніцтвам айца Віктара Мялешкі OFMConv.

А кульмінацыяй фэсту стала святая Імша 19 жніўня пад адкрытым небам на алтары-караблі непасрэдна каля браслаўскага санктуарыя.

У яе цэлебрацыі, якую ўзначаліў Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, узялі ўдзел біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, пробашч парафіі Нараджэння Маці Божай у Браславе і кусташ санкутарыя ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS, а таксама шматлікія святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі.

Тэкст: Аляксандра Шпілеўская. Фота: Віктар Ведзень. Catholic.by.

Роварапілігрымкай у Тракелі праславілі Бога і Панну Марыю

У Тракелі імкнуцца людзі самага рознага ўзросту і заняткаў - іх аб'ядноўвае імкненне чэрпаць сілы з жыватворных крыніц духоўнасці. Вось і 13 жніўня распачала свой шлях да Маці Божай Каралевы нашых сем'яў роварапілігрымка з Ліды, Воранава, Радуні.

Цікава, што самаму старэйшаму роварапілігрыму было 76 год, а самаму малодшаму - усяго адзін год. Нехта прыбыў да Маці Божай з падзякай, нехта з просьбай, нехта ўзяў не асабістую, але агульнаграмадскую інтэнцыю. Для некага роварапілігрымка стала спосабам абвяшчэння Евангелля.

У санктуарыі роварапілігрымаў прывітаў кусташ ксёндз-канонік Юры Бяганскі, які ўзначаліў святую Імшу, агарнуў малітвамі ўсіх, хто прыбывае ў гэтае святое месца.

Роварапілігрымы атрымалі сапраўдную асалоду ад знаходжання на тракельскай зямлі. Духоўныя мерапрыемствы гарманічна спалучыліся з выключнай навакольнай прыгажосцю, створанай прыродай і прымножанай чалавечымі рукамі. Багатыя кветнікі і зялёныя лугавінкі, дзівосныя расліны і дэкаратыўныя кампазіцыі, вадаёмы з рознакаляровымі німфеямі і ўтульныя альтанкі - усё тут дыхае любоўю і дасканаласцю. Гэта месца быццам выпраменьвае дзіўную прыцягальнасць і сцвярждае: чалавек закліканы на гэту зямлю, каб ствараць!..

Завяршэннем падзеі стала ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў.

Гэта быў цудоўны дзень, праведзены з малітвай і ў сяброўскай атмасферы. Роварапілігрымка дапамагла адпачыць сэрцам і паказала напрамак, у якім рухацца далей.

- Шчаслівай жыццёвай дарогі вам, Божай дапамогі, спадарожнага ветру ў падарожжах і поўнага ўзаемаразумення! - пажадаў кусташ санктуарыя ксёндз-канонік Юры Бяганскі ўсім роварапілігрымам.

Вольга Яхантава.

Навіны Германіі

З якой пенсіяй жыхар Германіі лічыцца багатым

У канцы доўгага працоўнага жыцця часта настае расчараванне. На 2021 год сярэдні памер пенсіі пасля 40 гадоў працы ў Германіі складаў 1370 еўра. Як правіла, з дзяржаўнай пенсіяй у Германіі багатым не станеш. Нават з максімальнай стаўкай. Але які прыбытак для гэтага патрэбен?

Рашэнне пра падвышэнне пенсій у ліпені 2023 года сітуацыю не зменіць. Пенсіянеры на Захадзе змогуць разлічваць на падвышэнне на 4,39% - у новых федэральных землях пенсіі вырастуць на цэлых 5,86%. Аднак у большасці выпадкаў гэта не прывядзе да вялікіх фінансавых скачкоў. Бо інфляцыя толькі за травень 2023 года, па дадзеных Федэральнага статыстычнага кіравання, склала 6,1%. Але пры якім узроўні прыбытку ў Германіі чалавек сапраўды лічыцца багатым?

Каб вызначыць гэта…

… неабходна, першым чынам, зразумець, што і беднасць, і багацце не паддаюцца простаму і адназначнаму вымярэнню ў сілу мноства аспектаў. Менавіта так тлумачыць гэта ўрад Германіі ў сваім пятым Дакладзе пра беднасць і багацце за 2017 год.

Тым не менш, існуе крытэр, пры якім прыбытак у Германіі можна лічыць вялікім. Для гэтага неабходна дасягнуць парога больш за 200% ад сярэдняга ці медыяннага прыбытку. Паводле шостага Даклада пра беднасць і багацце за 2021 год, гэта складае "ў залежнасці ад крыніцы дадзеных - ад чуць менш за 3600 еўра да чуць менш за 3900 еўра".

Столь унёскаў - 7 300 еўра

Дасягненне такой велічыні з дапамогай абавязковай пенсіі не толькі зусім ілюзорна, але і проста немагчыма. Памер пенсіі галоўным чынам разлічваецца ў залежнасці ад колькасці балаў, назапашаных працаўніком за сваё працоўнае жыццё. Тыя, хто сёння зарабляе 43 142 еўра брута ў год, могуць разлічваць роўна на адзін бал.

Калі вы зарабляеце больш, то атрымліваеце больш - а калі менш, то менш балаў. Акрамя таго, існуе максімальная сума, якую можна ўнесці ў сістэму абавязковага пенсійнага страхавання, - так званая столь унёскаў. Па дадзеных Фонду пенсійнага страхавання Германіі, у студзені 2023 года гэтая сума павялічваецца з 7 050 да 7300 еўра ў месяц у старых федэральных землях і з 6 750 да 7 100 еўра ў месяц у новых федэральных землях.

Для старых федэральных земляў гэта адпавядае гадавому заробку брута ў памеры 87 600 еўра. У новых федэральных землях дзейнічае максімальная мяжа ў 85200 еўра. "З прыбыткаў, якія перавышаюць гэтую суму, унёскі не выплачваюцца", - паведамляе Пенсійнае страхаванне Германіі.

Максімальная пенсія пасля 45 гадоў адлічэнняў

Што гэта азначае для памеру пенсіі? Пры гадавым заробку брута, роўным лімітаваму памеру ўнёскаў, можна атрымаць прыкладна 2,03 бала ў год. Пасля 45 гадоў адлічэнняў гэта складзе каля 91 бала.

У наш час кошт аднаго пенсійнага бала - 36,02 еўра ў Заходняй Германіі і 35,52 еўра ва Усходняй Германіі. Пасля падвышэння кошт будзе аднолькавым - 37,60 еўра. Калі зараз памножыць бягучы кошт пенсіі для Заходняй Германіі на 90 балаў, то максімальная пенсія складзе 3 240 еўра брута.

Аднак, паводле разлікаў Фонду пенсійнага страхавання Германіі, нават гэтая велічыня не можа быць дасягнута. Працаўнік, які 45 гадоў - у перыяд з 1977 па 2021 год, плаціў максімальныя ўнёскі ў пенсійны фонд у заходняй Германіі, атрымае максімальную пенсію ў памеры 3141,82 еўра.

У параўнанні з той часткай насельніцтва, якая яшчэ працуе, нават максімальная пенсія ў Германіі не з'яўляецца дастатковай для таго, каб яе атрымальнік лічыўся забяспечаным. Вядома, сітуацыя змяняецца, калі параўноўваць усталяваную законам максімальную пенсію з медыянным прыбыткам самотных пенсіянераў. Па дадзеных Кёльнскага інстытута нямецкай эканомікі (IW), ён складае 1945 еўра. "Калі ў самотнага пенсіянера штомесячны сямейны прыбытак перавышае 1945 еўра, то ён ужо адносіцца да багацейшай часткі дадзенай групы насельніцтва", - паведамляе газета Merkur.

FOTO: @ ANNA SHVETS AUF PEXELS.COM.

У Германіі з 2024 года адмяняюць дзіцячы пашпарт. Што важна ведаць бацькам

Дагэтуль бацькі маглі аформіць пашпарт для паездак (Reisepass) для сваіх дзяцей ва ўзросце да 12 гадоў. Дадзены дакумент дзейнічаў на працягу 12 месяцаў і павінен быў падаўжацца раз у год. Зараз федэральны ўрад прыняў рашэнне яго адмяніць. Сем'ям, якія хочуць выехаць з дзецьмі за мяжу, спатрэбіцца іншы дакумент.

З 2024 года для дзяцей да 12 гадоў будзе дзейнічаць толькі электронны пашпарт з больш працяглым тэрмінам дзеяння. Бацькі з дзецьмі змогуць падарожнічаць з ім па ўсім свеце. Падаць заяўку на атрыманне электроннага пашпарта для дзяцей можна ўжо цяпер.

Раней дзіцячыя пашпарты былі сапраўдныя ў большасці краін, але не ў ЗША, Аўстраліі і некаторых афрыканскіх краінах. Больш таго, у некаторыя дзяржавы для дзяцей патрабавалася дадатковая віза. Прычына - адсутнасць чыпаў бяспекі і адбіткаў пальцаў.

Электронная альтэрнатыва

Замест дзіцячага пашпарта, сапраўднага толькі на працягу аднаго года і не ва ўсіх краінах свету, з 2024 года будзе ўведзена электронная альтэрнатыва. У гэтым выпадку для паездак са сваімі дзецьмі бацькі павінны будуць звяртацца ў кампетэнтныя органы па атрыманне электроннага дакумента.

Для паездак па тэрыторыі Еўрапейскага звяза, Швейцарыі і Шэнгенскай зоны паранейшаму досыць пасведчання асобы, якое будзе выдавацца дзецям да 12 гадоў па жаданні бацькоў.

Атрымліваецца даражэй

Калі раней першасная падача заявы на атрыманне дзіцячага пашпарта каштавала 13 еўра, а кожнае падаўжэнне - 6 еўра, то зараз бацькам прыйдзецца заплаціць 37,50 еўра за электронны пашпарт свайго дзіцяці. Для асобаў маладзей за 25 гадоў альтэрнатыва сапраўдная не больш за шэсць гадоў (па стане на ліпень 2023 года).

Ці варта афармляць цяпер?

FOCUS online раіць: як правіла, атрымліваць новы дзіцячы пашпарт ужо не мае сэнсу. На тэрыторыі Еўрапейскага Звяза бацькі могуць аформіць для сваіх дзяцей пасведчанне асобы.

Калі плануецца адпачынак у іншай краіне, то варта скарыстацца электроннай альтэрнатывай. З аднаго боку, дзякуючы біяметрычным дадзеным такі пашпарт дзейнічае ва ўсім свеце без абмежаванняў, а з іншага - бацькі і іх дзеці могуць падарожнічаць з ім значна даўжэй.

FOTO: @ MK-GERMANY.

Запрашаем на Дажынкі!

"Хлеб на стале - мір на зямлі" -

Гэтая мудрая ісціна заўсёды служыла вяскоўцам і ўсім, хто мае дачыненне да хлеба надзённага, запаветным арыенцірам ва ўсіх справах.

Праца хлебаробаў заўсёды выклікала пашану, а апошні дзень уборкі ўраджаю, які атрымаў назву Дажынкі, заўсёды быў напоўнены дабром і надзеяй. Звычай святкавання завяршэння жніва стаў для беларусаў добрай традыцыяй.

Раённае свята, прысвечанае заканчэнню ўборачнай кампаніі ў Лідскім раёне Гарадзенскай вобласці, адбудзецца 9 верасня ў 14.00 у аграгарадку Мажэйкава.

Насычаная праграма стане падарункам для ўсіх, хто збярэцца на свяце працаўнікоў вёскі!

Чакаем усіх у Мажэйкава!

Пушкін, які сябраваў з Караткевічам і Барадуліным

У паэме "Сымон-музыка", якая ўвабрала ў сябе запаветныя думкі Якуба Коласа пра мастацтва, і ў якім ён гаворыць пра лёс таленавітага чалавека ў старой Беларусі, ёсць журботныя радкі пра незлічоныя таленты з народа, якія некалі жылі на нашай зямлі, тварылі, а цяпер зусім забытыя:

Колькі талентаў звялося,

Колькі іх і дзе ляжыць,

Неапетых, непрызнаных,

Не аплаканых нікім…

Да такіх талентаў адносіцца і зусім забыты сёння празаік, журналіст і спартсмен Яўген Пушкін (1939-1992). Так-так, у нас быў свой Пушкін - таленавіты чалавек, якога ведалі і з якім сябравалі многія пісьменнікі і журналісты. І які пісаў добрыя апавяданні, мініяцюры, нарысы. Пасля смерці Яўгена Пушкіна прайшло больш за 30 гадоў. І ніхто за гэты час яго ніколі не згадаў і не перавыдаў яго творы. Таму вырашыў я вярнуць забытае беларускае імя да чытачоў, хаця зрабіць гэта было не вельмі проста. Тым не менш, хоць невялікая, але згадка атрымалася.

Сляды пошукаў мяне прывялі ў Магілёў да кандыдата гістарычных навук, дацэнта Ігара Пушкіна. Ігар Пушкін - родны пляменнік Яўгена Пушкіна. Але біяграфіяй роднага дзядзькі Ігар Аляксандравіч асабліва не цікавіўся. Ён гісторык, даследуе нацыянальную меншасць БССР у грамадска-палітычным і культурным жыцці 1920-х гадоў. Ды і пра лёс жонкі і дзяцей свайго дзядзькі ён сёння амаль нічога не ведае. Тым не менш, усё ж Ігар Пушкін дапамог мне распавесці гісторыю пра беларускіх Пушкіных, сярод якіх быў і Яўген Рыгоравіч Пушкін.

У бацькі Яўгена Пушкіна Рыгора Пушкіна, які быў жанаты з Ганнай Масалковай, нарадзілася трое дзяцей: Тамара (1937 года нараджэння), Люба (1947 года нараджэння) і Яўген (1939 года нараджэння).

Калі пачалася вайна Рыгор Пушкін пайшоў на фронт. Летам 1943 года ён быў паранены і трапіў у палон. Знаходзіўся на тэрыторыі пазней акупаванай саюзнікамі - Англіяй і ЗША. Пасля вайны яго ўзнагародзілі медалём "За адвагу". Вярнуўся з палону на Бацькаўшчыну Рыгор Пушкін у 1946 годзе. Набыў у Оршы хату, меў вялікі сад і агарод. Працаваў на Аршанскім ільнокамбінаце. Памёр ад хваробы сэрца, як толькі пайшоў на пенсію.

Сын Рыгора будучы празаік і журналіст Яўген Пушкін нарадзіўся ў Оршы ў 1939 годзе. Калі быў школьнікам, ён пазнаёміўся з пісьменнікам-земляком Уладзімірам Караткевічам. Уладзімір Сямёнавіч працаваў у Оршы ў школе № 8. У класе, дзе вучыўся Яўген Пушкін, пісьменнік выкладаў рускую і нямецкую мовы.

Пасля школы Яўген Пушкін паступіў у Белдзяржуніверсітэт на філалагічны факультэт па спецыяльнасці "Журналістыка". Вось як прыгадвае пра свайго аднакурсніка Альбін Макарэвіч: "Быў сярод нашых аднакурснікаў i аднафамілец вялікага рускага паэта Пушкін Яўген. Ён паказаў сябе не толькі здольным журналістам, але i спартсменам-раварыстам. Не адзін раз займаў прызавыя месцы сярод роварагоншчыкаў БДУ i горада Менска. Кожную свабодную хвіліну ездзіў на сваім роваракані ў тыя мясціны, куды нi на якім аўтамабілі дабрацца было нельга. Пicaў аб людзях, якія ніякімі гучнымі пасадамі не вызначаліся. Паступова гepoi яго нарысаў сталі героямі кароткіх апавяданняў з не прыдуманымі, а сапраўднымі імёнамі i прозвішчамі…".

Пасля ўніверсітэта Яўген Пушкін паехаў на будоўлю Волжскай ГЭС, служыў у Савецкай Арміі. Потым вярнуўся ў Менск, працаваў загадчыкам аддзела ў газеце "Чырвоная змена". Жонка паэта Уладзіміра Скарынкіна Валянціна Пятроўна Скарынкіна, якая 35 гадоў адпрацавала ў "Чырвонай змене", добра ведала Яўгена Пушкіна. Праз дзесяткі гадоў, што ўжо мінулі з той пары, яна падрабязнасцей там усялякіх прыгадаць не змагла, а на пахвалу не паскупілася: "Яўген быў добрым, вельмі добрым і чалавекам, і журналістам, ніколі пра яго нічога кепскага ў рэдакцыі ні разу не чула".

Напрыканцы 1960-х гадоў Яўген Пушкін разам з Міхасём Ткачовым збіраюць матэрыялы пра партызанку Любу Гайдучонак (1921-1943), якая загінула ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яна была накіравана ўпаўнаважанай ЦК ЛКСМБ па гораду Менску (жнівень - снежань 1942 г.). Прымала актыўны ўдзел у стварэнні камсамольска-маладзёжнага падполля ў Менску. У канцы 1942 года дзяўчына наладзіла сувязь з уцалелымі пасля арыштаў арганізацыямі і групамі, што дзейнічалі ў горадзе, дапамагала наладжваць падпольную барацьбу, давала заданні, інструктавала, правярала іх выкананне. 22 траўня 1943 года, вяртаючыся з чарговага задання, з групай таварышаў трапіла ў варожую засаду. Параненая, прыкрывала іх адыход, адстрэльвалася да апошняга патрона, потым кінула ў гітлераўцаў дзве апошнія гранаты, а сама застрэлілася. Пахавана Любоў Гайдучонак у вёсцы Плябанцы Менскага раёна.

Вынікам працы пошукаў пра Любоў Гайдучонак стала кніжка "Камсамольскі камісар", якую Яўген Пушкін і Міхась Ткачоў напісалі і выдалі ў выдавецтве "Беларусь" у 1969 годзе.

Калі Яўген Пушкін жыў у Менску і працаваў у "Чырвонай змене", ён часта прыязджаў у родную Оршу. Па ўспамінах Ігара Пушкіна, калі прыязжаў дзядзька Яўген на радзіму ў Оршу, яму давалі ў гаркаме кампартыі службовы аўтамабіль. Добрыя адносіны былі ў Яўгена Пушкіна са стрыечным братам Аляксандрам Барысавічам Пушкіным - бацькам гісторыка Ігара Пушкіна, які жыў у Оршы, працаваў электрамеханікам на чыгунцы, дапамагаў яму набываць чыгуначныя квіткі, каб з'ездзіць да сясцёр і маці ў г. Волжск. А калі ў Оршы руйнавалі помнік архітэктуры позняга барока - комплекс базыльянскага манастыра XVIII стагоддзя, Яўген Пушкін выступіў супраць гэтага і напісаў абуральны артыкул, са зваротам прыпыніць "дзікунства". На сёння захаваўся толькі жылы корпус.

Яшчэ ў школе, Яўген Пушкін "хіліўся" да земляка-пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. Старэйшы літаратар убачыў у юнаку талент, дапамагаў яму, раіў. Хаця яшчэ ў школе Яўген пачаў займацца ровараспортам, выступаў на розных спаборніцтвах, але любіў моцна і літаратуру, журналістыку. І пасля школы Яўген Пушкін часта сустракаўся і перапісваўся з Уладзімірам Караткевічам. На вялікі жаль, пакуль не ўдалося адшукаць дачку і сына Яўгена Пушкіна, але пошукі працягваюцца. А ў іх могуць захавацца пісьмы Уладзіміра Караткевіча і фотаздымкі. Дзякуючы Уладзіміру Караткевічу, Яўген Пушкін падрыхтаваў першы свой зборнік апавяданняў і мініяцюр "Бабіна лета", які пабачыў свет у 1974 годзе ў выдавецтве "Мастацкая літаратура". У кнігу ўвайшлі 11 апавяданняў і 14 мініяцюр. Галоўнай тэмай літаратурных твораў першай кніжкі Яўгена Пушкіна быў чалавек працы, яго клопаты, радасці і перажыванні, запаветныя мары і спадзяванні. Зборнік выйшаў пад рэдакцыяй таго ж Уладзіміра Караткевіча. Уладзімір Караткевіч напісаў і прадмову да "Бабінага лета". На вялікі жаль, пра сяброўства Уладзіміра Караткевіча і Яўгена Пушкіна, пра прадмову земляка да кнігі Яўгена Пушкіна нідзе і ніхто не прыгадаў ва ўсіх выданнях Уладзіміра Караткевіча, а тым больш ні ў зборы твораў у васьмі тамах Уладзіміра Караткевіча, ні ў персанальнай энцыклапедыі "Уладзімір Караткевіч", нідзе.

Прадмова Уладзіміра Караткевіча да кнігі "Бабіна лета" Яўгена Пушкіна не мае загалоўка. І хоць яна невялікая, але вельмі шчырая, добрая, з пажаданнямі плёну на ніве літаратуры. Гучыць яна так: "Цяжкавата бывае гаварыць аб чалавеку, з якім звязваюць вузы зямляцтва, сяброўства і, шчыра кажучы, "вучнёўства". Не таму, што Я.Пушкін вучыўся ў мяне пісаць. Якраз у гэтым сэнсе ён чалавек дужа самастойны і нікому не дазволіў бы вучыць сябе. А так, у вельмі простым і празаічным сэнсе: калі ён вучыўся ў дзесятым класе, я выкладаў у гэтым класе літаратуру.

У свой час я ганарыўся Яўгенам Пушкіным як адным з найбольш здольных спартсменаў рэспублікі. І не толькі спартсменам, а і рэкардсменам. Ганарыўся ім як журналістам з на дзіва дакладным, прыцэльным вокам, журналістам, які заўсёды ў час трапляе на тое самае месца, якое вымагае яго прысутнасці.

Цяпер, думаецца мне, я не буду саромяцца і празаіка Яўгена Пушкіна, чалавека рэдкіх пакуль што ў нашай літаратуры тэм. Пісьменніка з паглыбленай увагай да чалавечай псіхалогіі так званых"маленькіх" вялікіх людзей. Ён умее пранікнуць у іхнія душы. Хай сабе гэта старая сялянка, веласіпедыст-спрынцёр, шафёр у "Лютым рэйсе" або проста пляжны курортнік, які плыве "за пацалункам".

Мне было б крайне цікава пражыць яшчэ некалькі дзесяткаў год і прасачыць, у што разгорнуцца самабытныя здольнасці Яўгена Пушкіна, прачытаць яшчэ некалькі ягоных кніг і парадавацца ім. А пакуль што мне хочацца проста сказаць яму "на добры шлях", гэтаму добраму хлопцу і, спадзяючыся, добраму літаратару".

У 1975 годзе ў выдавецтве "Беларусь" выходзіць новая невялікая кніжачка Яўгена Пушкіна "Песня ў сімфоніі працы". Яна распавядае пра вопыт арганізацыі адпачынку рабочых галоўнага прадпрыемства Бабруйскага вытворчага дрэваапрацоўчага аб'яднання - фанера-дрэваапрацоўчага камбіната. Дарэчы, пэўны час Яўген Пушкін працаваў уласным карэспандэнтам маскоўскай "Лесной газеты" па Беларусі.

Больш з друку кніг Яўгена Пушкіна не выйшла. І ці пісаў ён апавяданні і мініяцюры, аповесці хаця б у шуфляду, ці спраўдзіў надзеі Уладзіміра Караткевіча - невядома. Часцей за ўсё свае творы празаік друкаваў у часопісе "Маладосць" у канцы 1960-х - напачатку 1970-х гадоў.

Да каго б са старэйшых нашых літаратараў я не звяртаўся, тыя, хто ведаў Яўгена Пушкіна, успаміналі яго самымі шчырымі і добрымі словамі. Сляды пошукаў прывялі мяне і да пісьменніка Міколы Чарняўскага. З ім мы і пагутарылі.

- Мікалай Мікалаевіч, ведаю, што Вы былі знаёмыя з празаікам Яўгенам Пушкіным. Ці так?

- У пэўнай ступені ты, Сяргей, не памыліўся. Сапраўды, я Жэню добра ведаў, даволі часта выпадала з ім сустракацца, нават у сямейных абставінах, дый пры іншых нагодах.

- А калі Вы з ім блізка пазнаёміліся?

- Найбольш блізка я пазнаёміўся з ім на кватэры ў Рыгора Барадуліна, дзе я бываў не такім ужо і рэдкім госцем. Рыгор Іванавіч жыў у Менску тады на вуліцы Бялінскага, 6, а Жэня з жонкай Вольгай і сынам Алегам недзе непадалёк, ці не на вуліцы Кнорына. Не ведаю, ці гэта суседства паспрыяла іх збліжэнню, ці, як мне казалі, іх зямляцтва, бо Пушкін быў родам таксама з Віцебшчыны, але Рыгор Барадулін вельмі прыхільна ставіўся да Яўгена Пушкіна, па-сяброўску імкнуўся ўсяляк падтрымаць яго літаратурныя спробы творчасці. Асабліва ў самым пачатку, у той час, калі Жэня працаваў у газеце "Чырвоная змена" і пачаў сваё журналісцкае ўменне ўзнімаць да ўзроўню пісьменніцкага. Як я памятаю, яго першыя апавяданні, што пачалі з'яўляцца ў часопісе "Маладосць" (мне запомнілася, здаецца, самае першае - "Боця"), былі даволі прыхільна сустрэты крытыкай, бо тады ў нашай літаратуры амаль не было твораў, дзе б дзейнымі персанажамі з'яўляліся людзі ад спорту, а канкрэтна - звязаныя з роварагоншчыкамі.

- Яўген Пушкін займаўся ровараспортам.

- Так. Таму тэма пра спартсменаў-роварагоншчыкаў была яму блізкая са студэнцкіх гадоў, нават змог атрымаць званне "Майстар спорту СССР". Ён выступаў на спаборніцтвах самага высокага ўзроўню. Калі не памыляюся, прыгадваецца адзін фотаздымак, на якім Жэня Пушкін зафіксаваны ў спартыўнай спецэкапіроўцы і з роварам. Шкада, што яго мастацкая проза абмежавалася толькі выхадам аднаго зборніка "Бабіна лета". Яго кніжкі нарысаў я ў разлік не бяру. Гэта - звычайная журналістыка, не болей.

- Якім чалавекам па характары і знешне быў Яўген Пушкін?

- Калі прыгадваю яго, заўсёды перад сабой бачу яго прыгожы твар, цёплы позірк вачэй, лагодную ўсмешку, няспешлівую разважлівую гаворку, адчувальную памяркоўнасць у гутарцы. Здаецца, ніколі не пакідалі яго шчырасць і дабрыня, якія самі сабой адбіваліся ў яго паводзінах, пры гутарках з ім. Я ніколі не чуў, каб ён скардзіўся на нешта, ці на некага штосьці нагаворваў, зайздросціў некаму. Вельмі гарнуўся да дзяцей, а тыя не хавалі сваёй прыхільнасці да яго. Памятаю, як гулліва любіла пагарэзнічаць з дзядзькам Жэнем дачушка Барадуліных Ілона.

- Яўген Пушкін быў у добрых адносінах з Рыгорам Барадуліным?

- З усёй сям'ёй Рыгора Барадуліна быў у добрых адносінах. Жэня вельмі паважліва ставіўся да жанчын. Асабліва да жонкі Рыгора Барадуліна Валянціны Міхайлаўны, жанчыны такой жа добразычлівай і лагоднай па натуры, як і ён быў сам. Не без гумару мне прыгадваецца той перапалох, які ўчыніў аднойчы вечарам Яўген Пушкін сярод жыхароў дома № 26 па вуліцы Рэспубліканскай (цяпер - Раманаўская Слабада), куды сям'я Барадуліных перабралася на новае месца жыхарства з вуліцы Бялінскага. Цяпер гэта, напэўна, нікога б не здзівіла і не ўстрывожыла асабліва, а тады… З'яўленне ў прыцемках у двары дома армейскага бронетранспарцёра выклікала ў жыхароў бліжэйшых пад'ездаў сапраўднае недаўменне і спалох: што здарылася? А бронетранспарцёр спыніўся насупраць барадулінскага пад'езда. Людзі ўбачылі, як з яго выскачыў афіцэр з букетам палявых кветак і шпарка знік у пд'ездзе. А праз адну-дзве хвіліны ён ужо стаяў перад кватэрай пад нумарам 26 і націснуў на кнопку званка. Нечаканым госцем быў Жэня Пушкін. А прыехаў ён павіншаваць Валянціну Міхайлаўну Барадуліну з днём нараджэння.

- А чаму Пушкін прыехаў менавіта на баявой машыне?

- Бо іначай не выпадала павіншаваць. У той час Яўген знаходзіўся на вайсковых зборах. Вяртаючыся з вучэнняў у сваю частку, карыстаючыся правамі камандзіра мотастралковага ўзвода, дазволіў сабе такі незвычайны "рыцарскі" ўчынак, калі з'явіўся да жанчыны з кветкамі не на белымі, а на "жалезным кані". Затое сярод нас, усіх сяброў-знаёмых, гэты Жэнеў "конік" доўга не забываўся, не абыходзіўся без жартаў…

- Як склаўся лёс Яўгена Пушкіна пасля працы ў "Чырвонай змене"?

- Пасля "Чырвонкі"Яўген Пушкін з'яўляўся ўласным карэспандэнтам усесаюзнай тады "Лясной газеты" па Беларусі. Таму ў тыя гады мне не дужа часта даводзілася з ім сустракацца. Дакладна не ведаю, але чуў, што з пачаткам перабудовачнай неразбярыхі і так званых "ліхіх 90-х" яго супрацоўніцтва з маскоўскай газетай спынілася. І як далей склалася ягонае жыццё-быццё мне мала вядома. Мая жонка аднойчы на вуліцы сустрэла Яўгенаву жонку Вольгу, і ад яе мы даведаліся, што Пушкіны разышліся і што Жэня стаў беспрацоўным. З-за чаго развяліся, я не дапытваўся, а толькі здагадваўся, што працуючы карэспандэнтам "Лясной газеты" Яўген Пушкін вельмі часта ездзіў па лясніцтвах рэспублікі, а "лесавікі" заўсёды былі гасцінныя і шчодрыя на пачастункі, таму не ўсе маглі б устрымацца ад такой спакусы. Можа ў Вольгі з часам "накіпела". А можа нешта іншае мае адносіны да іх разводу ў сувязі з тагачасным ліхалеццем. На вялікі жаль, не ведаю і прычыны яго заўчаснага зыходу з жыцця…

Перад смерцю Яўген Пушкін працаваў у рэспубліканскай газеце "Набат". На працу яго ўзяў рэдактар газеты пісьменнік Васіль Якавенка (1936-2018).

Пасля гэтай публікацыі, магчыма адклікнуцца сваякі пісьменніка і журналіста, з вуснаў якіх мы зможам больш даведацца пра таленавітага чалавека Яўгена Пушкіна, які варты нашай светлай памяці.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Памёр пісьменнік Віктар Карамазаў

Віктар Карамазаў нарадзіўся ў 1934 годзе ў Чэрыкаве на Магілёўшчыне. У часы ІІ Сусветнай вайны сям'я жыла ў Чувашыі, Татарстане, Ульянаўскай вобласці, пасля вайны вярнулася ў Беларусь і пасялілася ў Крычаве.

Ён належаў да так званага філалагічнага пакалення - дзяцей вайны, чыё юнацтва прыйшлося на гады "адлігі". Працаваў карэспандэнтам у газеце "Магілёўская праўда", літаратурным супрацоўнікам у "Звяздзе" і "Літаратуры і мастацтве". Быў загадчыкам аддзела публіцыстыкі часопіса "Полымя" і дарадцам у Саюзе пісьменнікаў БССР. Вядомымі творамі Карамазава ёсць "Падранак" (1968), "Па талым снезе" (1973), "Спіраль" (1974), "Дзень Барыса і Глеба" (1981), зборнік выбранай прозы "Дзяльба кабанчыка" (1988), аповесці "Краем белага шляху" (1984), "Крыж на зямлі і поўня ў небе" (1991), "З вясною ў адным вагоне" (2002), раманы "Пушча" (1979) і "Бежанцы" (1990). Кніга публіцыстыкі "Проста ўспомніў я цябе…" (1989). У школьную праграму ўключана яго апавяданне "Дзяльба кабанчыка". Напісаў аповесць "Крыж на зямлі і поўня ў небе" (1991) пра мастака Бялыніцкага-Бірулю. У аповесці "Краем белага шляху" (1992) раскрываецца тэма Чарнобыльскай трагедыі. У пісьменніка выйшлі некалькі кніг, прысвечаных жыццю і творчасці шэрагу беларускіх і расейскіх мастакоў, сярод якіх Жукоўскі, Вашчанка, Бархаткоў, Неўраў. Аўтар сцэнароў мастацкага тэлевізійнага фільму "Зялёныя фрэгаты" (пастаўлены ў 1974) і шэрагу дакументальных кінастужак. Віктар Кармазаў не дажыў усяго год да свайго 90-годдзя.

Паводле СМІ.

Мастацтва Браніслава Яманта. Уражанне з выставы мастака

Ежы Хопен

Ад перакладчыка:

а) Артыкул перакладзены даслоўна з выкарыстаннем мастацтвазнаўчых тэрмінаў, прынятых да 1939 г.

б) Інфармацыя з віленскай прэсы пачатку 1939 г.:

1."Выстава твораў Браніслава Яманта будзе працаваць з 5 па 27 лютага ў салонах кааператыва віленскіх мастакоў "Спаў" па вул. Ажэшкі, 11-б з 10-00 да 17-00. Адкрыццё выставы 5 лютага а 13-й гадзіне". Slowo. 1939. № 32.

2. "… Радавіты вільнянін, для якога наш любімы горад столькі гадоў быў невычэрпнай крыніцай натхнення, стаў вядомы ўсяму свету ўключна з Амерыкай, але Вільня заставалася выключэннем. Гэты парадокс нарэшце скончыўся. Выстава паказала нам зрэз усёй творчасці мастака, пачынаючы з 1922 г. і дала магчымасць прасачыць працэс эвалюцыі … творчасці. 17 гадоў напружанай працы - гэта паслядоўны і вельмі характэрны ланцуг ад абстракцыянізму да рэалізму …"

Slowo. 1939. № 37.


Карціны Яманта на яго выставе - не толькі прыгожае відовішча. Яны выклікаюць цэлы шэраг разважанняў пра мастацтва і майстэрства. Толькі сукупнасць усяго даробку, якой і з'яўляецца выстава, дазваляе больш зразумець мастака, дазваляе зазірнуць у сакрэты яго тэхнікі, убачыць яго шырокія зацікаўленасці ў мастацтве і жыцці і … дазваляе крытыку не трымаць свае высновы ў таямніцы.

Аднак, на самым пачатку мы павінны з павагай прызнаць, што перад намі творчасць сапраўднага, спелага мастака. І паводле старой французскай максімы, у творах Яманта трэба бачыць наяўнасць двух базавых элементаў, з якіх складаецца мастацкі твор: з майстэрства і пачуцця. З жывапіснага майстэрства і натхнення, заснаванага на асабістым досведзе.

Але раз ужо гаворка зайшла пра майстэрства мастака, трэба сказаць і пра тэхніку жывапісу, якой ён карыстаецца. Узровень майстэрства, якога Ямант дасягнуў, вынікае з тэхнікі тэмперы, якую ён увесь час выкарыстоўвае, за выключэннем некалькіх ранейшых карцін, намаляваных алеем.

Фарбы тэмперы, як і любыя іншыя фарбы складаюцца з фарбавальніка і звязваючага рэчыва, гэта значыць - са стойкіх каляровых субстанцый, якія змяшчаюцца ў ліпкай завісі, якую можна разводзіць вадой. Асноўным кампанентам гэтай завісі з'яўляецца яечны жаўток. Прыгатаванне тэмперных фарбаў было вядома яшчэ ў далёкім мінулым, і гэтымі фарбамі можна маляваць практычна на любой аснове, якая ўбірае ў сябе ваду. Ямант малюе на бездраўняным белым картоне ручной працы, які таксама ўжываецца і для акварэлі.

Выкарыстоўваючы гэты від жывапісу на працягу доўгага часу, ён выпрацаваў уласную тэхніку, валоданне якой з'яўляецца вынікам шматгадовай практыкі. З вопытам, падмацаваным часам, ён прыйшоў да той віртуознасці і майстэрства, якое можна ўбачыць у яго апошніх творах.

Першапачаткова, малюючы метадам пакрыцця, г. з. так, каб бель паперы цалкам пакрывалася пластамі фарбы, ён паступова пераходзіць да глазурнага, празрыстага метаду, г. з. такога, пры якім бель паперы прасвечвае праз слаі фарбы. Такім чынам ствараюцца незвычайныя каляровыя эфекты. Нарэшце, ён выкарыстоўвае метад ачысткі раней напластаваных фарбаў нажом ці шпаталем і такім чынам дасягае выключных эфектаў, якія сустракаюцца толькі ў яго працах тэмперай. Гэта асабістыя дасягненні Яманта, якія вынікаюць не з бяздумнага вывучэння тэхнікі жывапісу дзеля самой тэхнікі, а з патрэбы знайсці ўласную мову, каб выказаць тое, што загадвае выказаць яго існасць.

Карціны Яманта, напісаныя вышэйзгаданымі спосабамі, надзвычай трывалыя і могуць служыць даўжэй, чым алейныя.

Калі глядзець на яго творы вачамі строгага крытыка, аналізаваць яго малюнак, каларысціку, тон (ці святлацені) і, нарэшце, кампазіцыю, трэба прызнаць, што ва ўсіх яго работах усё гэта ў парадку, усё гэта сугучнае і гарманічнае паміж сабой. Нічога з вышэйпералічанага не занядбана на шкоду іншаму. Гармонія вынікае не толькі з прафесійнасці, але і з яснай, свядомай канцэпцыі вобраза, які трэба стварыць.

Усю творчасць, прадстаўленую на выставе, можна падзяліць на тры катэгорыі.

Першая катэгорыя - гэта замалёўкі, пераважна невялікага памеру, надзвычай непрымушаныя і тэхнічна бездакорныя.

Другую складаюць карціны, створаныя на аснове вывучэння натуры з невялікімі адхіленнямі ў бок паляпшэння кампазіцыі. Пераважна, гэта віленскія і не віленскія матывы старога горада.

Трэцяя - манументальныя, ландшафтныя кампазіцыі.

Гэтыя апошнія, уласна, найбольш цікавыя. Надзвычай складана напісаць карціну з бездакорнай, закончанай кампазіцыяй. Але толькі такая карціна можа быць сапраўдным мастацтвам, і толькі ў такім творы мастак можа праявіць сябе цалкам. Карціна, над якой мастак працуе доўга, можа і некалькі месяцаў, калі ў ёй зыдуцца ўсе крытэрыі, пра якія мы ўжо казалі, і калі - што самае важнае, яна кранальна ўздзейнічае на гледача - такая карціна выконвае сваю ролю мастацкага твора.

Напісанне вялікай закончанай карціны патрабуе вялікіх намаганняў, якія, аднак, не павінны стамляць аўтара. Такая праца не можа стаць пустой стратай часу, бяздумным рукадзеллем. Выкарыстанне пры гэтым уласных штудыяў павінна ўносіць навізну, каб не ператварацца ў рабскае капіраванне самога сябе. Зробленая такім чынам карціна, становіцца манументальны творам, а аўтар, які яе намаляваў - майстрам. У пейзажным жывапісе гэта такая жа складаная справа, як і ў фігурнай кампазіцыі.

Яманту ўсе гэта ўдаецца, і ў гэтым яго самы вялікі поспех.

На такую карціну можна глядзець працяглы час, яе можна адчуваць, дэталёва вывучаць і яна заўсёды будзе заставацца цікавай і новай.

У экспазіцыі ёсць некалькі такіх палотнаў: "Старыя вербы", "Дубы на Палессі", "Руіны", "Рамантычны пейзаж", "Царква ў Драгабычы" і некалькі карцін меншага памеру, але ў прынцыпе таксама манументальных, у тым ліку "Дрэвы каля вады" (№ 27).

Большасць вядомых манументальных кампазіцый Яманта з папярэдніх выстаў, ужо перайшлі ў прыватныя рукі альбо ў музеі - польскія і амерыканскія.

Да апошняга часу тэмай Яманта быў толькі пейзаж. Пішучы толькі пейзажы, Ямант паказаў, якую гаму колераў і якое багацце зместу можна выцягнуць з гэтай, здавалася б, аднастайнай тэмы.

Гледзячы на шматгадовую творчасць мастака, у ёй можна ўбачыць пэўныя плыні, характэрныя для Еўропы нашага часу. Аб гэтым некалькі дзён таму пісаў з выставы мастака рэпарцёр Кяневіч. Тым не менш, Ямант заўсёды заставаўся самім сабой і нават стварыў свой уласны стыль: "Пейзаж у стылі Яманта", стаўся дастаткова вядомым і мае сваіх паслядоўнікаў.

Дасканала ведаючы еўрапейскае мастацтва, Ямант не паддаўся распаўсюджанай модзе - малпаванню Ван Гога, Поля Гагена, Морыса Утрыла і іншых, наогул адмовіўся ад малпавання парыжскага жывапісу. З'яўляючыся, па-сапраўднаму, сучасным мастаком, ён заўсёды застаўся самім сабой. Гэта сведчыць пра яго жыццяздольнасць і ўнутраную мастацкую стойкасць.

Бачна, што магутны пейзажыст Рушчыц, паўплываў на некаторыя творы Яманта. Узор гэтага падабенства мы можам заўважыць у "Бярозах пры двары" (№ 55), але гэты ўплыў вынікае проста з характарыстыкі пейзажу а не з мастацкай школы. Мастакоў злучае паходжанне з агульнага для іх краю.

Ямант прайшоў у сваёй творчасці шмат этапаў: ад лінеарызму да імерсыўнага мастацтва1. У ім можна убачыць рэмінісцэнцыі Каро, Канстэбля, Брэйгеля і можа, нават рускіх мастакоў. Але так і павінна быць у таго, хто жыве мастацтвам усіх народаў і ўсіх стагоддзяў.

Нягледзячы на тое, што мы прымяняем строгія крытэрыі для аб'ектыўнай ацэнкі карцін, выпрацаваных гісторыяй мастацтва, заўсёды ёсць адзін крытэрый, які быў так лёгка ўкінуты французамі але ад гэтага ён не стаў менш важкім. Размова ідзе пра густ, смак. Што ж, трэба аддаць належнае Яманту, што яму гэтага не бракуе. Ён мае добры густ, мае прыроджанае пачуццё прыгожага, якое заўсёды гэтак накіроўвала яго пэндзаль, што ў яго ўсё атрымлівалася. Добры густ, якому сёння супрацьстаяць сучасныя плыні мастацтва.

Сапраўдны мастак павінен мець добры густ. […]

Ямант, як мы ўжо абгрунтавалі, цалкам арыгінальны жывапісец, але яго арыгінальнасць не заключаецца ў выхадзе з формаў, прынятых мастацкай культурай і традыцыяй жывапісу. У наш час, калі імпрэсіянізм адкрыў для кожнага шлях у мастацтва і права на яго асабістае ўспрыманне, калі тлумам "мас" індывідуальнасць атаясамліваецца са стварэннем мастацкіх вырадкаў, Ямант абраў сабе праз вузкую браму цяжкую дарогу ў краіну прыгажосці.

Ямант - такі адзін, і няма іншага мастака, падобнага яму. Ямант - вільнянін і гонар Вільні.

Jerzy Hoppen. Artyzm Bronislawa Jamontta // Slowo. 1939. № 42.

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.

P. S. Браніслаў Ямант нарадзіўся 5 жніўня 1886 года каля вёскі Дакудава на Лідчыне, маці мастака - з роду шляхціцаў Свяцкевічаў. Недалёка ад галоўнага ўвахода на старыя лідскія могілкі знаходзіцца помнік Казіміра, Генрыка і Уладзіслава Ямантаў. Казімір Ямант - бацька вядомага мастака Браніслава Яманта і банкіра Уладзіслава Яманта. У лістападзе 1932 г. газета "Слова" паведаміла, пра смерць шматгадовага кіраўніка лідскага аддзела Віленскага прыватнага банка Уладзіслава Яманта: "... 21 лістапада памёр пасля нядоўгай хваробы".

1 Імерсіўнасць (ад аншл. immersive - "прысутнасць, пагружэнне") - гэта спосаб успрымання, які стварае эфект пагружэння ў штучна створанае асяроддзе.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Асцярожна: "індзейцы"! Асцярожна: беларусы!: Грамовіч, Грынкевіч, Саўчанка; "несвоечасовыя думкі"

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-33 (53-85) за 2023 г.)

У нашай перапісцы ёсць некалькі ўзораў, калі нас дакараюць за занятак індзеяністыкай - маўляў, на беларускай ніве шмат спраў. Але тое, што з 1984 г. у гэтым занятку аўтара БСІ заўсёды прысутнічаў беларускі кампанент, чамусьці не мела вялікага значэння для, няхай і ў добрым сэнсе, "ура-патрыётаў".

Міхась Ткачоў і Лія Салавей - сярод ключавых фігур у беларускай гістарычнай і этнаграфічнай навуцы. Міхась у момант адказу быў хворы на рак - верагодна, ужо тады - без надзеі.

"Мне няёмка думаць, што ў слаўным горадзе Гомелі, які я люблю з часоў раскопак 70-х гадоў, на сённяшні дзень вычарпаны ўсе жыццёвыя праблемы і што дарослым, інтэлігентным мужчынам - не юнакам! - толькі таго і засталося, што запісацца ў прыдуманае Таварыства і займацца марнатраўствам свайго і чужога часу. А навокал жа столькі праблем, дзе можна праверыць з карысцю для справы свой інтэлект і сваю грамадзянскую годнасць!"

"Жадаю вам - БІТу і гопантыалкагольнаму форуму грамадзянскасці, сур'ёзнасці і добрых спраў. Здароўя вам. З павагай Міх. Ткачоў".

Нам не зусім зразумела, чаму такі адпор выклікала і ідэя іранічна, але арганічна злучыць энергію адраджэнцаў і антыалкагольную барацьбу ("народны фронт вызвалення ад алкаголю" - не "замест", а ў дадатак да лозунгу "Назад у Еўропу!").

У той жа час таварыствы дружбы і супрацоўніцтва з еўрапейскімі краінамі, якія прама або ўскосна ўдзельнічалі ў спусташэнні беларускіх зямель і дэнацыяналізацыі, сярод іх Швецыя, - не перашкаджаюць вырашэнню "столькіх праблем" і яны не "прыдуманыя"?

Другі ліст - ад Ліі Салавей - гучыць ва ўнісон з лістом Міхася Ткачова (нязначныя праўкі арфаграфіі і пунктуацыі):

"[19]92.06.17 Менск

Добры дзень, шаноўны спадар Алесь, хацелася б назваць Вас неяк накшталт "Перапялёсае Каршунова Пяро".

Відаць Вы ў дзяцінстве не нагуляліся ўволю ў індзейцаў, але супроць дзяцінства я нічога не маю. Усё паўтараецца: некалі Міхаіл Федароўскі намерыўся ехаць у Аўстралію вывучаць фальклор тубыльцаў, быў яшчэ малады, поўны невыразных парыванняў. Добры чалавек параіў яму: нашто далёка ехаць, вывучай фальклор беларусаў. На шчасце, ён паслухаў парады, прысвяціў гэтай справе шчыра і аддана свой час, сваё жыццё, стаў класікам беларускага народазнаўства, абяссмерціў сваё імя. Так бывае заўсёды, гістарычна за шчырую працу заўсёды падзяка, удзячнасць, за мітусню - нічога.

Даю Вам параду: не згарайце ў мітусні, вазьміце за галоўную мэту пазнаванне свайго роднага этнасу і, паверце, Ваша жыццё будзе цікавым, напоўненым радасцю спасціжэння не ўяўных, а сапраўдных ісцін, законаў, фактаў.

Вазьміце сабе за правіла з павагай ставіцца (прытым абсалютна шчыра, а не ўяўна) да людзей заслужаных перад сваім народам у тым сэнсе, што яны зрабілі штосьці карыснае для ўмацавання еднасці народа, яго самабытнасці, яго нацыянальнага імунітэту, нават калі Вы іх не разумееце, з імі не згаджаецеся. Ёсць беларускі жарт: у 20 гадоў бацька сыну здаваўся цёмным, адсталым, у 30 гадоў сын заўважыў, што бацька надта ж паразумнеў. Я магла б пакрыўдзіцца на Вас за падазрэнне ў няшчырасці, гэта гучыць абразліва, але я хачу, каб Вы падумалі, нашто мне быць няшчырай? […] Павага да ўсіх людзей свету, - не будзем ужываць скампраметаваны тэрмін "інтэрнацыяналізм", ён павінен звянуць разам з той міжнароднай мафіяй, якая ні перад чым не спынялася, каб пашырыць сваё панаванне на ўвесь свет - пачынаецца з павагі да тых дзядуль, бабуль, цётак і дзядзькаў, што жывуць побач. […]

Лія Салавей".

Мы прапусцілі некаторыя "несвоечасовыя" думкі, у т.л. пра сумленнасць у характары. Хаця варта было б заўважыць: які б сумленны па сваіх характарыстыках ні быў той ці іншы ментар нацыянальнага маштабу, нейкая крыжацкая апантанасць у абароне еўрапейскіх каштоўнасцей (ці іх еўразійскіх канкурэнтных аналагаў) адштурхоўвае ад такога лідара частку зусім сумленных людзей. На "ўроку талерантнасці" гэта яшчэ адно своеасаблівае павучанне ў форме дыскусіі на тэму стрыманасці і балансу.

Мы пісалі Ліі Салавей 13.06.1992, у прыватнасці: "Наконт тапанімікі. Мы - інтэрнацыяналісты, і ніякія […] не "выб'юць" гэта з беларусаў. БІТ "уступілася" за вуліцу Патрыса Лумумбы ў Слоніме (яе таксама лічаць "камуністычнай"). Лічым, што ў назвах вуліц павінна быць 50x50 беларускіх і замежных імёнаў. Вуліцы Тэкумсэ, Лаутара [Лаўтара], Матэсумы; Індзейская, Бульбяная; Дамейкі, Галынскага, Худзінскага… Толькі не Калумба, як у Львове.

Прапановы можам дэтальна распрацаваць і абгрунтаваць".

Лія Мацвееўна мела адносіны да камісіі па тапаніміцы.

Хочацца цяпер забраць назад сваю заўвагу наконт вуліцы Калумба. Чаму б і не быць такой вуліцы? Яна "ажыўляе ландшафт". Тым больш што таго ж Мантэсуму трактуюць і як здрадніка свайго народа. У рамках ушанавання памяці як пра станоўчых, так і пра адмоўных фігур, а часта гэта фігуры змешанага характару - з адначасова станоўчымі і адмоўнымі ацэнкамі, - менавіта так і павінна быць.

Што цікава, а што не - вызначаецца індывідуальна кожным. Ёсць тэмы, якія кранаюць за жывое большасць, у астатнім можна чакаць высакамернага погляду на цікавасці іншых - цікаўнасць кожнага "пераважае". Нават калі ўсе думкі толькі пра алкаголь.

Дагэтуль - у пэўным сэнсе горыч ад тых абменаў думкамі, але толькі з-за таго, што мы далі падставы для эмоцый, якія адчулі Ткачоў і Салавей, а таксама з-за ўласнага празмернага публіцыстычнага апломбу. Спрэчкі такога роду - усё ж даволі бессэнсоўныя. Паспрабуйце знайсці несумленнасць у тым чалавеку, каго шануе Лія Салавей - сама, несумненна. шчыры і сумленны чалавек, з якім нават не хочацца спрачацца, - гэта атрымаецца з цяжкасцю. Мы паспрабавалі абмеркаваць пытанні сімволікі, тапанімікі, з гэтага мала што атрымалася ў практычным плане, але галоўнае, каб усё абышлося без выдачы "воўчых білетаў" і не прывяло на спынення зносін. Тым не менш, падобнае спыненне - звычайная практыка, у апанентаў не хапае трываласці.

Шчыра кажучы, і ў адказе аўтара БСІ на ліст Ліі Салавей было нешта ад "крыжацкай апантанасці" - хоць і з добрымі намерамі.

ГРАМОВІЧ Людміла - "індзейцы"-самазванцы - гэта яшчэ не самае горшае, бываюць неіндзейцы і людзі зусім без індзейскіх продкаў, а таксама метысы і нават індзейцы, якія становяцца сімваламі зла, падобнымі на Індзейца Джо з "Прыгод Тома Соера". Але ў адрозненне ад літаратурных герояў некаторыя сапраўдныя героі нашых беларуска-індзейскіх гісторый перайшлі не літаратурныя выдуманыя межы, а самыя сапраўдныя, жыццёвыя, падмануўшы высакародныя чаканні.

Адносна паходжання Чака Норыса яшчэ можа заставацца пытанне, а вось "індзейскасць" Джоні Дэпа - здаецца, толькі ў выпадковай "скуластасці", якая дазволіла яму выканаць галоўную ролю ў адным з самых нашумелых фільмаў пра індзейцаў "Мярцвяк".

У гісторыі пра "чарговага чэрокі" ў сувязі з Беларуссю рэдакцыяй газеты "Зорька" месца, адкуль ён, успрынятае як прозвішча, назва народа давалася з падвоеным "р" і з вялікай лістары - што не характэрнае для ўсходнеславянскай этнаніміі. Прозвішча ў ініцыял, назва горада ў прозвішча, "Черроки" і, відаць, ніякай асаблівай праверкі "настаўніка" з Амерыкі.

У выпуску "Мосціка дружбы" за 19.10.2001 г. паведамлялася, што ў адказ на матэрыял у "Зорьке" за 24.08.2001 г. дзяжурныя "Прамой лініі" запісалі каля ста пытанняў да нашчадка індзейцаў. "Нямала прыйшло і лістоў з просьбамі, як мага падрабязней распавесці аб жыцці сучасных індзейцаў з племені Чэрокі [Черроки], апублікаваць адрас для магчымай перапіскі. Абавязкова выканаем вашы пажаданні!" І на той момант настаўнік з Місісіпі ўжо дасылаў свае пасланні ў адказ.

Мы пісалі рэдактару "Зорьки" Л. Грамовіч і ў цэлым "сябрам" 5.09.2001 г.:

"Паважаныя сябры!

[…] Асабліва важна тое, што ў гэтым дыялогу ўдзельнічае настаўнік са штата Місісіпі, продкамі якога былі індзейцы чэрокі. З часу стварэння Беларуска-індзейскага таварыства ў 1987 г. сярод нашых карэспандэнтаў былі і чэрокі. У ЗША даволі шмат людзей, неіндзейцаў, у тым ліку такіх вядомых, як Чак Норыс і Джоні Дэп, якія з гонарам указваюць на сваё больш або менш "аддаленае" чэрокскае паходжанне. Адным з першых амерыканскіх членаў нашага грамадства была этнабатанік і спецыяліст па індзейскай кухні з Канектыкута [Бары Каваш = Barrie Kavasch], і яна таксама прасочвае сваё паходжанне ад чэрокі. У сучаснай Амерыцы мы можам сустрэць прадстаўнікоў гэтага народа з вышэйшай адукацыяй, якія цікавяцца Расіяй, Беларуссю, ведаюць рускую мову.

Беларуска-індзейскае таварыства таксама ахвотна адкажа на любыя пытанні чытачоў "Зоркі" - і пра чэрокі, і пра тысячы (!) іншых народаў Амерыкі. Сотні з іх згадваліся ў тым ці іншым кантэксце ў беларускіх выданнях, і ў першую чаргу мы шукаем менавіта "беларуска-чэрокскія, - апачаўскія, - любіконскія" і г.д. факты.

Мы б задалі паважанаму настаўніку наступныя пытанні:

Што Вы ведалі да "перабудовы" аб "Індзейскай" Беларусі і якія бакі нашага жыцця Вам больш за ўсё вядомыя і цікавяць зараз? Якія асаблівасці ва ўспрыманні індзейцамі краін Усходняй Еўропы, былога СССР? (Пад "Індзейскай" Беларуссю разумеецца яе "традыцыйнае жыццё", а таксама існуючая, відаць, у кожнай краіне праслойка людзей, якія адмаўляюцца паддавацца масавай культуры, гнацца за дурной модай, глядзець заходнія і "айчынныя" баевікі, вучыцца з малых гадоў быць жулікамі і г.д.)

З пункту гледжання індзейцаў, ці можа быць "індзейскаабраны народ" у Старым Свеце, - у сэнсе збліжэння з індзейцамі - не толькі па антрапалагічных характарыстыках, моўных супадзеннях і / або падабенстве культурных тыпаў, гістарычных лёсаў, а па ўсвядомленым братэрстве, г.зн. вельмі добра пастаўленай працы "КІДаў" (клубаў інтэрнацыянальнай дружбы) паўсюдна? Проста спачуваць і дапамагаць па меры сціплых магчымасцей - не чакаючы нічога ўзамен".

Далей быў тэкст да ўвагі толькі рэдакцыі: "Для гісторыі беларуска-індзейскіх сувязей была б важная перадгісторыя публікацыі ў "Мосціку дружбы" 24.8.2001". Мы дадалі анекдот з "Піянера Беларусі" (з "Хвілінкі для адпачынку на ўроку этыкі", 16.04.1992) і кароткі ліст да місісіпца ў версіях на рускай і англійскай мовах.

"У Нью-Йорку праводзіцца канферэнцыя прадстаўнікоў індзейскіх плямёнаў.

У адну з дарагіх гасцініц прыбывае індзеец, апрануты ў традыцыйны касцюм племені чарокі [так]. Парцье глядзіць на яго з сумненнем, потым падае рэгістрацыйны бланк і паблажліва гаворыць:

- Вось у гэтым месцы паставіш крыжык.

Чарокі старанна выводзіць крыжык, а потым, праз коску, ставіць побач яшчэ адзін.

- А гэта што азначае? - пытаецца парцье.

- Ступень доктара філасофіі, якую я атрымаў у Гарвардзе, - спакойна адказвае чарокі".

"September 4, 2001

Dear Colleague:

We were glad to read the August 24 "Foreword" to your "Indian course" in the Belarusian children's newspaper Zor'ka. Your initiative is of really new nature in our "Belarus - Native America" database.

Thank you very much.

Could you write and inform us about your Cherokee background and your contacts with Indian groups and individuals?

We have worked since 1987. The work continues... There are few letters overseas, more texts on the history of Belarusian - American Indian relations (based on predominatingly domestic sources).

With best wishes,

Ales Simakou

Executive Secretary

Belarusian - American Indian Society

[address]".

ГРЫНКЕВІЧ Мікалай (13) - самы яскравы швед паблізу клірыка Грынкевіча і яго індзейскіх вучняў у Сан-Францыска - рускі віцэ-консул (і выконваючы абавязкі генеральнага консула), буйны амерыканскі прадпрымальнік і "марскі воўк" часоў Рускай Амерыкі Густаў Нібаўм (Нибаум, Нибом, Найбом, Нюбом, Nybom Niebaum). Сапраўды, Фрэнсіс Копала не выпадкова купіў яго вінаграднік - у Каліфорніі сустрэліся паўночная і паўднёвая "мафіі". Нібаўм - швед з Фінляндыі, гэта ўцягвае ў нашу гісторыю і гэтую "нардычную" краіну са шматлікімі сувязямі з Рускай Аляскай.

Шведска-індзейская асацыяцыя, Крыстэр Ліндберг і яшчэ каля дзесяці белых і індзейцаў служаць прыкладамі нашых кантактаў з прадстаўнікамі шведскай індзеяністыкі, як часткі кампаніі з аднаго боку "лістоў ветлівасці" ў спробе завязаць як мага больш сувязей, з другога боку - выкарыстання знаёмства для дробных (часам і буйных) інфармацыйных і тэхнічных паслуг.

"Jag forhall mig nagot misstanksamt mig till klagomalen fran tjanstemannen och prasterskapet, da jag tankte, att "en korp kan inte oppna en annan korps ogon" och, kanske, att en del av dessa klagomal ar nagot over-drivna. Anda kunde jag inte forbli likgiltig till klagomalen fran forsvarslosa barn, som befinner sig i den nya biskopens makt. For mig, for ovrigt, kom ofta en viss Grinkevitj [translator's version Hrynkevitj], som avslutat sina teologiska studier och skickats till Amerika som kantor, som straff for sitt onyktra beteende. Han berattade upprorande saker om skolan, och hans ord bekraftade helt de olyckliga pojkarnas klagomal. Jag bad honom att skriva ner det han just berattat om overgreppen i skolan. Hrynkevitj sade inte nej till att uppfylla min onskan, och skrev ner foljande kommentarer, som jag citerar ordagrant, da de pa ett utmarkt satt karaktariserar de villkor som Vladimir infort. [trans. into Swedish by Per Anders Rudling]

OM SKOLAN

Det ar 23 pojkar i skolan. De ar delade i 3 klasser. Klassrummen fungerar samtidigt som rum dar man forbereder hemlaxor. Det finns inget rekreationsrum. Alla klassrummen (sovrummen ocksa) ligger i kallarvaningen. Tva av dem ar belysta sa svagt att i mitten av dem inte kan man tyda en tryckt bok. Det finns ingen ventilation. Fukt och stank. Den andra klassen och matsalen finns i samma rum.

8-ariga pojkar far folja samma regler samt for samma satt att leva som 15-ariga. Antalet av deras lektioner ar foljande: lektioner i klassrum med larare - 3 1/2 timme (mellan 1 1/2 och 5 i eftermiddag); forberedelse av hemlaxor 3 timmar (8 - 11 fore middag); sang 2 timmar (11 - 12 fore middag och 5 - 6 efter middag); kyrklig tjanst 2 timmar (6 1/2 - 7 1/2 fore middag). Om lordagar och helgdagar langd av tjansten ar 6 timmar per dag. De tvinger barnen att bara langt har och darfor har loss forokt sig mycket...

Biskopen har lagt beslag pa pengar av de pojkar som kom hit med honom. Alla de (12 personer) fick resepengar, och av dessa resepengar har var och en kvar inte mindre an 200 dollar. Nagra av de pojkar som kom ar nu redan bortskickade till Alaska, och ingen av dem fick nagra pengar, aven for att kopa nagra enklare klader, trots att deras behov var mer an tydliga". [trans. into Swedish by Alesia Basharymava]

(Doktor Russel om Nikolaj Grinkevitj / overs. fran rys. av Per Anders Rudling Веснік БІТ. 2015. 5 сак. № 13; Grinkevitj, Nikolaj. Om skolan / overs. fran rys. av Alesia Basharymava // Веснік БІТ. 2015. 28 лют. № 12.)

Аляксандру ("Сашу") Ліндгрэн (Alexandra Lindgren, памерла ў 2021 г.), аднаго з лідараў племені кенайцаў (kenaitze.org), якая была практычна "адной" крыві з частковымі беларусамі - кенайскімі Шадурамі, мы прасілі дапамагчы ў перакладзе тэкстаў Грынкевічаўскага праекта на мову дэнаіна, а таксама пыталіся пра двух вучняў школы, якія маглі мець дачыненне да дэнаіна. Мы двойчы пісалі Аляксандры і можам паўтарыць пытанні для іншых дэнаіна:

"1.08.2014

Alexandra Lindgren

Kenaitze Tribe

It was 2007 when Kari and Boraas exchanged e-mails on the Kinga / King issue.

We believe Nicholas King, a student of the theological school in San Francisco, was from your area.

If you have any information on Dena'ina-related Kings in the 1880-1890s and their descendants, we would be grateful for receiving it.

We need a translator of a 16-sentence note describing the school conditions into the Denai'na language.

Алесь Сімакоў

Алесь Симаков

Ales Simakou

Грынкевічаўскі даследчы і перакладчыцкі праект "Пра школу"

Гринкевичский исследовательский и переводческий проект "О школе"

Grinkevich On the School Research and Translation Project"

"26.01.2016

Dear Alexandra,

Feodor / Fedor / Theodore Tataur was a schoolchildren in our school in San Francisco in 1888. According to Grinev, a certain "Russianera" Tataurov, a Buryat, had a Denai'na wife and they had children. Do you know (of) any Tataur, Tataurov / Tatauroff?"

Літ .:

7741 Малиновская О. Сильнее шведского "медведя" // Вечерний Минск. 2000. 13 марта. ("Чинук".)

12413 Курак Г. Горад з гонарам: чаму жыхароў Піншчыны лічылі палескімі індзейцамі і што пра тутэйшую прыроду сказаў шведскі кароль Карл XII // Народная газета. 2021. 16 крас.

11817 Линдгрен А. Пеппи Длинныйчулок. Мн., 1988.

10289 Мяльгуй А. "Messages From Belarus", альбо са Швецыі з любоўю // Верасень. 2009. № 1. С. 214-218. (С. 213 - пра аўтара і фота; "Мо таму кожны новы дыск з беларускай музыкай, выдадзены за межамі краіны, успрымаецца ў нашай краіне як яшчэ адзін прыклад салідарнасці еўрапейскай супольнасці з айчыннымі выканаўцамі. Менавіта так беларускімі слухачамі было ацэнена выданне альбома гурта "Ulis" "Краіна доўгай белай хмары", які ўпершыню пабачыў свет на фірме "Polskie Nagrania" (1990), альбо рэліз французскай фірмы "Darbouka records" "Эўрапейскія апачы" гарадзенскага гурта "Deviation" (2000) ды зборка беларускага року "БУМэранг", якая выйшла ў Расіі ў 2005 годзе... І вось новае папаўненне беларускай міжнароднай фанаграфіі - CD "Messages From Belarus" ("Пасланні з Беларусі"), які пабачыў свет не так даўно ў Швецыі".)

САЎЧАНКА Восіп - ён і яго дзеці кантактавалі з тлінкітамі ў Нова-Архангельску, выпадкова маглі сустракацца з імі на астравах, на якіх жылі або бывалі, а таксама на караблях.

Артыкул пра яго ў слоўніку А. Грынёва (Гринев 2009, с. 469): "САЎЧАНКАЎ (САЎЧАНКА) Восіп (Іосіф) - краснінскі мешчанін, знаходзіўся на службе РАК з першай паловы 1830-х, калі хадзіў матросам на караблях кампаніі ў Рускай Амерыцы; у 1840-х знаходзіўся ў Курыльскім аддзеле, дзе ў 1841 быў прызначаны байдаршчыкам а-ва Сімусір замест І. Масквіцінава і займаў гэты пост да другой паловы 1840-х. Затым С. быў прызначаны кіраўніком в-ва Укамак і знаходзіўся на гэтай пасадзе да 1851, калі быў зняты з яе і заменены І. Ігнацьевым з-за скарг мясцовых жыхароў. Аднаго з іх, Мірона Якуніка, С. замучыў да смерці ўтрыманнем у кайданах у сырой зямлянцы з-за падазрэнняў у шаманстве, з дапамогай якога той нібы шкодзіў здароўю С. У выніку каланіяльнае начальства пасадзіла пад арышт самога С., а затым адправіла яго для суда ў Сібір у маі 1853 на брызе "Ахоцк". У 1841 С. ажаніўся ў Нова-Архангельску з крэолкай Ганнай Іванаўнай Кацельнікавай (пам. 1860), ад якой меў дзяцей-крэолаў: Аляксандру (н. 1841) і Дзям'яна (н. 1845)".

Грынёў не ўлічыў яшчэ аднаго сына Восіпа і Ганны - Паўла (памёр у Сітцы, былым Нова-Архангельску, але не меў адносін да яго па нараджэнні або хрышчэнні). Жонка Восіпа Ганна магла быць крэолкай, а магла і не быць, - пытанне няяснае.

Літ.:

11974 Перепеченко В. П. Южные Курилы или "северные территории"? [Вологда], 2001. ("На японскіх баркасах усіх паўночных курыльцаў звезлі ў спецыяльна пабудаваную вёску (нешта тыпу індзейскіх рэзервацый у Амерыцы)").

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou, researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, Indians, indigenas, indios de America y Belarus; Grinkevich On the School Project.

100 гадоў з дня нараджэння Самсона Пярловіча

13 жніўня спаўнілася 100 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, вязня сталінскіх лагераў Самсона Пярловіча (1923-2001).

Нарадзіўся Самсон Пярловіч 13 жніўня 1923 года ў вёсцы Католышы на Наваградчыне ў сям'і беларускага селяніна, дзе было сямёра сыноў. У чацвёртым класе польскай школы хлопчык Самсон напісаў першы свой верш пра Свіцязь. А калі закончыў польскую школу, пачаў настаўнічаць сам, вучыў дзетак у пачатковай школе.

У 1943 годзе 20-гадовага юнака схапілі немцы і павезлі ў Германію. Везлі яго і іншых юнакоў і дзяўчат на Рыгу. Па дарозе ён і яшчэ некалькі хлопцаў скокнулі з вагона. Але хутка іх схапіла латышская жандармерыя. Пасля допытаў іх адправілі на Лібаву, дзе хутка Самсон са сваімі сябрамі апынуўся ў лагеры за калючым дротам. Адтуль хлопцы зноў уцяклі і некалькі тыдняў былі вольнымі. Але хутка іх зноў арыштавалі і адправілі ажно ў Вену. Вызвалілі Самсона Пярловіча ў пачатку красавіка 1945 года. А першае траўня ён далучыўся да савецкіх воінаў.

Пасля вайны юнак вярнуўся на родную Наваградчыну і пачаў супрацоўнічаць з Наваградскай раённай газетай. У гэты час у розных рэгіёнах Заходняй Беларусі ўтварыліся падпольныя моладзевыя суполкі, якія вырашылі супраціўляцца мерапрыемствам савецкай улады, скіраваным на вынішчэнне беларушчыны. Галоўнай мэтай змагання маладзёжнага падполля было здабыццё незалежнасці Беларусі. Падпольная арганізацыя ў Наваградку паўстала пазней, чым падобныя групы, напрыклад, у Глыбокім і Паставах (канец 1945 года - пачатак 1946 гада), у Слоніме (травень-чэрвень 1946 года), у Нясвіжскім раёне і Гародні (лета 1946 года) - у лістападзе 1946-га. (У Лідзе - у жніўні 1950). Адрозненнем наваградскага Саюза вызвалення Беларусі ад іншых арганізацый была наяўнасць у яго кіраўніцтве не толькі ўдзельнікаў беларускіх нацыянальных арганізацый і збройных фармацый часоў нямецкай акупацыі, але і былых франтавікоў Чырвонай Арміі. Да наваградскага Саюза вызвалення Беларусі (СВБ) далучыўся і Самсон Пярловіч. Ён быў упаўнаважаным СВБ у Наваградскім раёне.

Калі працаваў Самсон Пярловіч у Наваградскай газеце, ён пазнаёміўся з супрацоўнікам баранавіцкай абласной газеты "Чырвоная змена" Алесем Бажко (1918-2013). Неяк Бажко схлусіў Пярловічу, што ён з'яўляецца сябрам антысавецкай арганізацыі "Чайка". І што ён, Бажко, знаходзіцца ў вышэйшым звяне гэтай падпольнай структуры. Самсон яму паверыў. Але не ведаў наваградскі юнак, што гэты Бажко з'яўляўся тайным агентам НКУС. Аднойчы Бажко прыехаў у Наваградак, сустрэўся з Самсонам Пярловічам, а той шчыра давяраючы, як сябру "Чайкі", як калегу па пяры, паказаў дом яму, дзе жылі іншыя сябры СВБ. А ў траўні ў 1947 годзе ў Наваградак прыехалі чэкісты, акружылі дом і ўсіх арыштавалі. Разам з чэкістамі быў і Бажко, ён усё паказваў, кіраваў, бачыў. А 30 траўня 1947 года быў арыштаваны і Самсон Пярловіч. Усіх арыштаваных завезлі ў Баранавічы ў турму "Крывое кола", там іх і дапытвалі. Так былі арыштаваны 18 сяброў СВБ. Перад арыштам у Самсона Пярловіча знайшлі верш "Паднімецца крыўда", які ён напісаў у 1947 годзе. Другая страфа верша гучала так:

Бо Сталін - тыран і старых, і малых -

Запрогшы ў прыгонныя ёрмы,

Нявіннай крывёй суцяшае іклы,

Каму колькі жыць ставіць нормы…

Пра гэты верш ведаў нават сам Цанава. Ён так хацеў паглядзець на юнака з Наваградчыны, які набраўся мужнасці ўзняць голас супраць Сталіна, што Пярловіча з Баранавіч адправілі ў Менск на допыт да Цанавы. Самсон Пярловіч успамінаў: "Заходжу ў кабінет. Там шмат чыноў НКУС. Выходзіць з-за стала нейкі гарбаносенькі чалавек. Гэта быў Цанава. Паказвае тэкст майго верша і пытае: "Твой?". "Мой". "Ды як жа ты набраўся нахабства так напісаць пра геніяльнага чалавека? Сталін - бацька народаў", - закрычаў Цанава. "Для вас, можа, і бацька народаў, а для беларускага народа - палач", - адказваю. Малады я тады быў, гарачы, ды і тэрмін ведаў. Як цяпер бачу: Цанава весь расчырванеўся і кажа па-беларуску: "Не мані!…". За верш і за СВБ Самсона Пярловіча асудзілі на 10 гадоў сталінскіх лагераў. Яго выслалі на лесапавал ў лагер Усць-Вым (Комі АССР), потым беларускі юнак будаваў шахты ў спецлагерах Караганды. Гэта былі шахты імя Кастэнкі, 107-я, 120-я. Бурыў ствалы, прабіваў штрэкі, ставіў умацаванні. А 3 студзеня 1956 года наваградскага хлопца вызвалілі з лагераў. Ён павінен быў яшчэ адбываць высылку ў Сарані Карагандзінскай вобласці Расіі, але яна была адменена. Восенню 1956 года Самсон Пярловіч вярнуўся ў родны Наваградак. Але адразу ў рэдакцыю раённай газеты не пайшоў, бо там быў арыштаваны і зняты з працы, а ўладкаваўся на працу на Наваградскі завод газавай апаратуры, дзе адпрацаваў каля сарака гадоў. За яго на заводзе ніхто лепш і ніколі не змог зрабіць разца, затачыць фрэзу, зенкер. Працуючы на заводзе, ён марыў мець свой куточак, свой пакойчык. І такую мажлівасць ён атрымаў, дзякуючы адміністрацыі завода. Але потым збег абставін усё перакрэсліў…

У апошнія гады жыцця Самсона Пярловіча часта можна было бачыць на рынку ў Наваградку. Там ён гандляваў рознымі запчасткамі, жалезкамі і кніжкамі. А мясцовы люд разносіў па горадзе розныя плёткі. Але няшмат людзей ведала, што ён мусіў зарабляць любым чынам грошы, каб аддаць даўгі за аперацыю, што зрабілі дачцэ ў Германіі. А яшчэ, ён заўсёды пісаў вершы. Шмат радкоў было напісана ім пра сталінскія зняволенні:

Злы вецер выў над галавою,

Мароз пякельны твар паліў,

А я пілою лучкавою

Бярозы, ліствіцы валіў.

Уздрыгваў дол, стагналі дрэвы,

Пякучы снег хвастаў чало.

Тайзе ж направа і налева

Канца і краю не было…

Пры жыцці Самсону Пярловічу ўдалося ў Наваградку выдаць два зборнічкі сваіх вершаў - "Заяц на бярозе" (1995) і "Чарадзейны агонь" (1998). А прафесар Алег Лойка падрыхтаваў яго зборнік вершаў "Бяссмертнік" і выдаў у Менску ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" у 1994 годзе. У прадмове да яго Алег Лойка напісаў: "Кніга Самсона Пярловіча "Бяссмертнік" - гэта найперш кніга яго жыццёвага лёсу, асабліва сваім першым раздзелам - "За калючымі дратамі…". І гэта разам з тым і кніга народнага лёсу, складаных гістарычных шляхоў, якімі беларусы ішлі праз ХХ стагоддзе". Пасля смерці свет пабачылі кнігі Самсона Пярловіча "Бязмерна люблю", "Такі непаўторны свет" і "Сэрца замірае ад тугі". Сябра Саюза вызвалення Беларусі і паэта Самсона Пярловіча не стала 14 снежня 2001 года.

Паводле СМІ.

Маёнтак Падварышкі і суседнія Гайцюнішкі

Леанід Лаўрэш

(Заканчэнне. Пачатак ў папярэдних нумарах.)

У той час, згодна з купчай, у маёнтку (меўся на ўвазе, верагодна, сам замак, маёнтак Бальценікі і іншыя маёнткі, якія межавалі з Гайцюнішкамі) мелася "мураваная камяніца". Потым, каля 1700 г. Гайцюнішкі перайшлі да Шротэраў, а за імі ў 1753 г. у якасці пасагу Дароты Шротэроўны яны сталі маёмасцю роду Путкамераў, маёнтак якіх Бальценікі межаваў з Гайцюнішкамі.

Мужам Дароты быў лівонскі стольнік Ваўжынец Путкамер. Потым маёмасць перайшла ў рукі Рымшаў, гэты род згас толькі пасля Другой сусветнай вайны са смерцю дзвюх апошніх Рымшаўнаў: Гелены і Зоф'і, дачок Эдварда, апошняга ўладальніка замка, які памёр у 1937 г. Менавіта ён, рыхтуючыся да шлюбу, выкупіў у віленскай евангеліцкай грамады Гайцюнішскую капліцу і каля 1910 г. правёў мадэрнізацыю замка, лепш прыстасаваўшы яго пад патрэбы жылой рэзідэнцыі. У гэты час на вышыні першага паверха з фронту на масіўных слупах была прыбудавана вялікая тэраса, крыху пашыраны аконныя праёмы і лесвіца. У ходзе гэтых работ былі выяўлены насценныя роспісы са сцэнамі палявання, якія, на жаль, не захаваліся. Магчыма, гэта былі фрэскі, выкананыя віленскім жывапісцам Шротэрам у той час, калі Гайцюнішкі належалі яго роду.

Калі Эдварда Рымшу абвінавацілі ў знішчэнні праз перабудову каштоўнага помніка, ён адказаў, што калі б нічога не змянялася ў часе, дык і на Вавелі да сёння было б толькі логава Цмока26. Трэба, аднак, прызнаць, што і пасля ўсіх перабудоваў замак у Гайцюнішках быў адным з самых захаваўшыхся будынкаў такога тыпу ў нашым краі.

Розныя завірухі

Гайцюнішскі замак не быў бы сапраўдным замкам, калі б у яго гісторыі не было б рэальных ваенных падзей. У 1708 г. у Гайцюнішках шведы Карла XII паспяхова абараняліся ад войскаў Аўгуста II Саксонскага. Ва ўсялякім выпадку, памяць пра шведаў у Гайцюнішках захавалася надоўга і заставалася на мемарыяльнай дошцы над уваходам у замак, якая знікла на пачатку XX ст. Змест надпісу на дошцы невядомы, але можна меркаваць, што ён не абмяжоўваўся ўшанаваннем абароны Гайцюнішак ад саксонскага войска, як мяркуе традыцыя і літаратура, таму што падобных сутыкненняў і сутычак было шмат. У той час было не прынята рабіць памятныя дошкі, і наяўнасць яе была хутчэй праявай гонару за знаходжанне ў Гайцюнішках караля Станіслава Ляшчынскага. Для тагачасных ўладальнікаў замка шведы маглі быць толькі фонам для гэтай падзеі.

Легенды

Гайцюнішскі замак не быў бы сапраўдным замкам, калі б у ім не з'яўляліся прывіды. Гэта здарылася ў пачатку XIX стагоддзя, калі служанка, спускаючыся ў склеп, знайшла там невядомага чалавека ў дзіўным касцюме, з белай гаргерай27 на шыі. З яе далейшага аповеду бясспрэчна вынікала, што гэта быў шведскі салдат, які, відаць, загінуў пры абароне замка два стагоддзі таму. Жанчына так напалохалася, што з таго часу не хацела спускацца ў падполле. Толькі пасля таго, як склеп быў асвечаны святаром, прывіды, як запэўніваюць апошнія ўладальнікі замка, перасталі з'яўляцца.

Былі і іншыя падобныя гісторыі, звязаныя з магіламі ў навакольных лясах, верагодна, з гадоў паўстання 1863 г. Пра гэта могуць сведчыць строі прывідаў, падобныя да чамаркаў. Менавіта ў чамаркі былі апрануты прывіды, якіх сяляне зімой сустракалі ў гайцюнішскіх лясах. Прывіды блукалі ў адзіноце каля заснежаных магіл, а можа і на раніцы, перад усходам сонца, проста вярталіся ў магілы. Пра тое, што 100 і больш гадоў таму, гэтак жа было і ў іншых мясцінах, можа сведчыць радок аднаго з нашых паэтаў, у якім згадваюцца падобныя таямніцы:

Moze jakis zblakany

Rycerz polski albo szwedzki

Noca wracal na kurhany

A ty zlakl sie...


Можа, прыблудны

Польскі або шведскі рыцар

Ноччу вяртаўся ў курганы

А ты спужаўся...

Гайцюнішкі Міцкевіча

Акрамя гэтых больш-менш значных фрагментаў гісторыі Гайцюнішак, асобнае, а можа, і самае важнае месца займае яшчэ адзін літаратурны тэкст асаблівай значнасці, напісаны іншым аўтарам і заснаваны непасрэдна на рэаліях ці ўспамінах, якія былі забыты да нядаўняга часу. Нагадаю:

... o dwa tysiace krokow zamek stal za domem

Okazaly budowa, powazny ogromem...


А замак быў за домам - тысячы дзве крокаў,

Ён веліччу сваёй паважнай вабіў вока,

(Пераклад: Пятро Бітэль.)


Той замак шагоў дваццаць сотняў

стаяў па-за домам,

паказны будоўляй, паважны вялізным агромам.

(Пераклад: Браніслаў Тарашкевіч.)

Мы ўжо ведаем, што замак Гарэшкаў у "Пане Тадэвушу" ў многіх дэталях уяўлены паэтам на ўзор рэальнага прататыпа. Міцкевіч бываў у Гайцюнішках, пра што да нядаўняга часу было невядома даследчыкам, якія рупліва сачылі за кожным крокам паэта. Гэта інфармацыя захавала сямейная традыцыя роду Рымшаў, апошніх уладальнікаў замка. Згодна з гэтай інфармацыяй, у прылеглым да замка парку пад назвай Сола, што ў перакладзе з літоўскай мовы азначае "востраў", раней была садовая альтанка, невялікі зашклёны павільён, у якім госці, якія наведвалі Гайцюнішкі, часам ставілі свае подпісы ці пісалі кароткія тэксты. Былі тут, між іншым, над дзвярыма напісаны трыялеты А. Адынца, якія ўсхвалялі прыгажосць пані Остэн Сакен, тагачаснай уладальніцы Гайцюнішак.

Томаш Зан, вярнуўшыся сюды з ссылкі, гуляў у Солах у "хованкі" з паннамі з навакольных двароў, і ўрэшце - увага! увага! - Меўся подпіс Адама Міцкевіча, зроблены брыльянтам на шыбе альтанкі. Брыльянт, верагодна, быў устаўлены ў пярсцёнак паэта. Падобныя надпісы малады Міцкевіч пакідаў і ў іншых месцах. На жаль, сёння немагчыма праверыць гэтую інфармацыю, бо ў другой палове ХІХ ст. альтанку разабраў арандатар, які трымаў Гайцюнішкі. Аднак памяць пра гэта захавалася ў вусных сямейных паданнях.

Міцкевіч мог апынуцца ў Гайцюнішках у 1820 г., калі з сябрамі ехаў з Наваградка ў Вільню, па дарозе, што пралягала побач з замкам, ці ў траўні 1822 г., калі ён на некалькі тыдняў знаходзіўся ў суседніх Бальценіках Путкамераў і адкуль разам з Марыляй рабіў конныя вандроўкі па ваколіцах. Безумоўна, яны разам наведвалі і Остэн-Сакенаў, блізкіх сваякоў і суседзяў Марылі, да якіх маглі прыязджаць як у Гайцюнішкі, гэтак і ў Падварышкі, якія таксама належалі Сакенам. Ва ўсякім разе, гэтыя мясціны ляжалі ад Бальценікаў на зручнай для верхавой язды адлегласці, а іншых падобных месцаў паблізу не было. З успамінаў мы ведаем, што гаспадары гэтых дзвюх сядзіб мелі цесныя сямейныя кантакты і часта наведвалі адзін аднаго, таму Міцкевіч меў магчымасць убачыць і зафіксаваць у сваёй памяці рэаліі, звязаныя з замкам і ваколіцамі, якія ён перанёс потым на старонкі сваёй паэмы.

Нягледзячы на тое, што замак у Гайцюнішках не быў "вялізным", ён значна перавышаў сярэднія навакольныя сядзібы, вядомыя Міцкевічу, такія як тагачасныя Бальцэнікі ці Туганавічы Верашчакаў і іншыя, апісаныя ім паэме. Замак Гарэшкаў, як і замак у Гайцюнішках, уяўляў сабой двухпавярховы "адзінокі будынак" ("Пан Тадувуш" V, 788), з выступаючай вежай, з высокім, бачным здалёк дахам і ганкам, на які выходзіў стольнік і дзе ў яго стрэліў Яцак. У Гарэшкаве, як і ў Гайцюнішках, мелася вялікая зала (сені) накшталт трапезнай з выпуклым скляпеннем на слупах, "з падлогай высланай каменнем" (I, 292). Якраз у Гайцюнішках, у зале да нядаўняга часу была каменная падлога.

І яшчэ: "У гэтай вялізнай брукаванай зале не знойдзеш столькі камянёў, колькі тут выпіта бочак віна" (II 221 - 222). Аналагічным запазычаннем бачыцца і матыў абароны замка Гарэшкаў супраць рускіх, узяты магчыма, на ўзор ранейшай абароны замка Гайцюнішак, пра што паэт мог ведаць з вуснага падання ці з нейкіх іншых крыніц. Здагадкі можна множыць, напрыклад, улічваць тапаграфію мясцовасці: месцазнаходжанне сядзібы (той, што з жабкамі, адлегласць паміж замкам і сядзібай), размяшчэнне і выгляд капліцы ў Гайцюнішках, дзе быў пахаваны Яцак, і іншыя супадзенні і падабенства (размяшчэнне млына).

Акрамя замка, у першай палове ХІХ ст. непадалёк ад яго ў Гайцюнішках меўся жылы дом, меншы і, напэўна, больш зручны за замак. Аднак яго знеслі гэтак жа, як і садовую альтанку. Падчас знаходжання Міцкевіча ў Гайцюнішках прасторавая кампаноўка маёнтка складалася з сядзібы і замка, што стала асновай для вобраза замкаў Гарэшкаў і Сапліцава. Хаця іх раздзялялі не "дзве тысячы", а ўсяго некалькі дзесяткаў крокаў, дзеля сюжэта паэт павінен быў разлучыць іх. У выніку на старонках "Пана Тадэвуша" Гайцюнішкі ператварыліся ў Сапліцава з сядзібай і замкам. Падобныя жа метамарфозы зведалі і іншыя часткі гэтага краявіду, напрыклад, блізкі лес ператварыўся пад пяром паэта ў бяздонную пушчу.

Акрамя рэалій пейзажу, паэт выкарыстоўваў і вобразы некаторых асоб, перш за ўсё постаць Адама Рымшы, школьнага сябра Міцкевіча з Наваградка, у якім і варта было б бачыць прататып Яцка Сапліцы. Напэўна, невыпадкова постаць стольніка мае эквівалент у асобе Ваўжынца Путкамера, інфлянцкага стольніка, які ў 1737 г. разам з Даротай Шротэроўнай сварыўся з-за сялян, якія ўцяклі з Гайцюнішак. Можа, мілыя нам героі драмы менавіта тут мелі свае прататыпы, і па іх лёсах можна больш расказаць пра тыя часы і людзей, але гэта зусім іншая гісторыя.


26 Яма Цмока - карставая пячора ў межах Вавеля, адна з турыстычных славутасцяў Кракава. З пячорай звязана легенда пра Вавельскага Цмока. У 1972 г. перад уваходам была ўстаноўлена скульптура Вавельскага цмока. - Л. Л.

27 Гаргера (ісп.: gorguera) ці фрэза (фр. fraise), мае і іншыя назвы - круглы гафрыраваны каўнер з накрухмаленай тканіны або карункаў які шчыльна ахоплівае шыю. Атрыбут адзення прадстаўнікоў вышэйшага і сярэдняга класаў Еўропы XVI-XVII ст.

"АЛЬТАНКА" ШЛЕ ПРЫВІТАННЕ РОДНАМУ КРАЮ!

Удзельніцы аматарскага аб'яднання "Альтанка" Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці выступаюць перад удзячнымі гледачамі раёна з новай канцэртнай праграмай "Любімы сэрцам горад наш" (да 700-годдзя горада Ліда) , у рамках культурна-інфармацыйнага праекта "Клопат"

Хай няма дажджу.

Невыносна горача.

І цяжка спяваць, і думаць, і дыхаць!

Але з "Альтанкай" нам сёння хораша

І ў 35-градусны прысак.

Вершы і песні глядач шчыра прымае,

Хоць на спякоце няпроста танчыць!

"Альтанка" шле прывітанне роднаму краю!

Бо радзіма, як маці, нас ласкава нянчыць!

Тарэза Смольская.

"Любімы сэрцам горад мой"

Мінойтаўскі культурна-досугавы цэнтр прадставіў канцэртную праграму "Любімы сэрцам горад мой", прысвечаную 700-годдзю горада Ліды.

ТК "Культура Лідчыны".

Свята вёскі Любары

Свята вёскі Любары (Тарноўскі сельсавет, Лідскі раён) сабрала жыхароў вёскі ў цёплы жнівеньскі дзень.

"Спяшаюся да цябе, радзімая старонка" - так звалася праграма, якую падрыхтавалі творчыя працаўнікі Тарноўскага Дома культуры.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX