Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 33 (85) 


Дадана: 15-08-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 33 (85), 16 жніўня 2023 г.

Нясвіж адзначыў 800-годдзе

12 - 13 жніўня адзін з самых старажытных і прыгожых гарадоў Беларусі - Нясвіж - адзначыў 800-годдзе.

Першай згадкай Нясвіжа прынята лічыць 1223 год. У гэты час, згодна з легендай, у бітве з мангола-татарамі на рацэ Калцы прымаў удзел князь Юрый Нясвіжскі. Найбольш ранняя дакументальная згадка аб населеным пункце належыць да 1446 года.

Сэрцам горада з'яўляецца Нясвіжскі замак. Ён быў закладзены князем Мікалаем Хрыстафорам Радзівілам Сіроткам у 1582-1583 гадах. Будынак з'явіўся на месцы драўлянага замка. На працягу ХVI-ХIХ стагоддзяў ён неаднаразова перабудоўваўся. Так ён ператварыўся ў спалучэнне розных прыёмаў і стыляў: сярэдневяковага дойлідства, позняга рэнесансу, барока, класіцызму, каларытных ідэй мясцовых майстроў.

У канцы ХХ стагоддзя замак прыйшоў у запусценне. Са стварэннем музея-запаведніка "Нясвіж" у 1993 годзе пачаўся новы этап яго адраджэння. Рэстаўрацыя палацава-паркавага ансамбля вялася з 1997 года, Нясвіжскага замка - з 2004 года. Работы праводзіліся за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. У 2005 годзе палацава-паркавы ансамбль у Нясвіжы быў унесены ў Спіс аб'ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Пасля завяршэння рэстаўрацыйных работ у ліпені 2012 года экспазіцыя музея-запаведніка "Нясвіж" цалкам адкрылася для наведвальнікаў.

Акрамя Нясвіжскага замка ў горадзе Нясвіжы да гэтага часу захаваліся і іншыя ўнікальныя помнікі архітэктуры. У 1587-1593 гадах у горадзе па праекце Джавані Бернардоні быў пастаўлены першы на беларускіх землях храм у стылі барока - касцёл Божага Цела. Касцёл і цяпер з'яўляецца дзейным. У 1982 годзе на пляцоўцы за агароджай заходняга фасада касцёла пастаўлены помнік вядомаму дзеячу Рэфармацыі XVI стагоддзя Сымону Буднаму.

У 1596 годзе была пабудавана Нясвіжская ратуша, помнік архітэктуры XVI-XVIII стагоддзяў, які з'яўляецца найстаражытнейшым сярод ратушных пабудоў, што захаваліся на тэрыторыі Беларусі. З 1997 па 2004 год на помніку праводзіліся рэстаўрацыйныя работы. У выніку фасады будынка набылі свой першапачатковы выгляд, адноўлены верхнія ярусы вежы, зноў (як і ў XVI стагоддзі) вежу ўпрыгожыў гарадскі гадзіннік і назіральная пляцоўка.

Гарадская Слуцкая брама з'яўляецца ўнікальным помнікам беларускага барока. Гэта адзіная з пяці гарадскіх брам, пабудаваных у сістэме гарадскіх умацаванняў у канцы XVI - пачатку XVII стагоддзяў, што захавалася ў Нясвіжы. У 2006-2007 гадах праведзены капітальны рамонт Слуцкай брамы, добраўпарадкавана тэрыторыя вакол помніка. Работы праводзіліся за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

У паўднёвай частцы горада размяшчаецца комплекс пабудоў былога кляштара бенедзікцінак. Яго заснаванне адносіцца да 1590-1595 гадоў. Гэта быў першы ў Беларусі жаночы каталіцкі кляштар.

Нясвіж вядомы як месца правядзення буйных культурных мерапрыемстваў. З 1996 года ў горадзе праводзіцца рэспубліканскі фестываль старажытнай і камернай музыкі "Музы Нясвіжа". З 2010 года штогод праходзяць Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў.

У 2012 годзе Нясвіж быў культурнай сталіцай Беларусі. Гэта сведчыць аб высокай ацэнцы дасягненняў горада ў сферы культуры як у мінулым, так і цяпер.

У ліпені 2023 года ў горадзе ўпершыню прайшоў двухдзённы летні фестываль музыкі "Джаз у горадзе N", сумесны праект Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М.Я. Фінберга і гістарычна-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж".

Свой 800-гадовы юбілей горад адзначыў з вялікім размахам. У Нясвіжы прайшоў фестываль гістарычных рэканструкцый "Нясвіжская фартэцыя", разыграны эпізоды перыяду XIV-XIX стагоддзяў (конны турнір, пешыя двубоі, турніры лучнікаў, бітвы пяцёрак). Быў разгорнуты горад майстроў, для гасцей арганізаваны майстар-класы, выступілі прафесійныя і аматарскія калектывы мастацкай творчасці.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванне жыхарам Нясвіжа і Нясвіжскага раёна з нагоды 800-гадовага юбілею горада.

"Нясвіж - горад-легенда, калыска беларускага кнігадрукавання, тэатральнага, мастацкага і музычнага мастацтва, каштоўная жамчужына на карце Беларусі. Яго архітэктурную прыгажосць і культурныя багацці стагоддзямі стваралі многія пакаленні нашых продкаў. Штогод сюды накіроўваюцца сотні тысяч турыстаў, каб дакрануцца да самабытнай і яркай гісторыі мудрага, таленавітага і працавітага беларускага народа", - гаворыцца ў віншаванні.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, годна прадаўжаючы старажытныя традыцыі, Нясвіжскі раён сёння адыгрывае важную ролю ў сацыяльна-эканамічным развіцці Менскай вобласці, з'яўляючыся лідарам у вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. У аснове гэтых высокіх дасягненняў беражлівыя адносіны да сваёй зямлі і любоў да малой радзімы жыхароў рэгіёна.

"Перакананы, што і ў далейшым вы будзеце рабіць усё магчымае, каб родны горад, раён і ўся наша краіна працвіталі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён пажадаў усім жыхарам горада і раёна моцнага здароўя і новых здзяйсненняў, каб вынікі іх працы сталі прадметам гонару для будучых пакаленняў

А галоўным падарункам да 800-годдзя Нясвіжа, турыстычнай пярліны, і аднаго з самых паспяховых аграрных і прамысловых раёнаў краіны, стаў новы будынак паліклінікі цэнтральнай раённай бальніцы. Рашэнне пра яе будаўніцтва было прынята Прэзідэнтам 1 ліпеня 2020 года. Будаўніцтва прадугледжана перспектыўным планам забудовы Нясвіжа. Праектна-каштарысная дакументацыя была распрацавана, і атрымана станоўчае заключэнне дзяржаўнай экспертызы ў 2021 годзе.

Са знакавай падзеяй жыхароў і гасцей горада павіншавалі міністр аховы здароўя Зміцер Піневіч і старшыня Менгарвыканкама Аляксандр Турчын.

Кіраўнік вобласці ўручыў галоўнаму лекару Вікторыі Пражэнік сертыфікат ад Менаблвыканкама на 10000 рублёў на ўмацаванне матэрыяльнай базы ўстановы.

Паліклініка ўяўляе сабою сучасны шматпрофільны комплекс аддзяленняў і кабінетаў для аказання ўсяго спектру лячэбных і дыягнастычных паслуг пацыентам на амбулаторным этапе магутнасцю 400 наведванняў у змену.

Агульная плошча трохпавярховага будынка складае 9739,28 квадратных метра. Будынак збудаваны з улікам патрабаванняў безбар'ернага асяроддзя для фізічна аслабленых асобаў. Побач добраўпарадкавана тэрыторыя і арганізавана паркоўка для наведвальнікаў.

У новай паліклініцы будзе аказвацца першасная і кваліфікаваная медыцынская дапамога па 25 спецыяльнасцях. Закуплена сучаснае абсталяванне для лекараў-спецыялістаў і дыягнастычных аддзяленняў.

А свята працягвалася. Адбыўся парад стылізаванай тэхнікі арганізацый і прадпрыемстваў горада і раёна "Нясвіж: 800 гадоў у дарозе", упершыню адбыліся фестывалі сыру і марожанага. Прайшлі кніжныя выставы, спаборніцтвы па пляжным валейболе. Гулянні прайшлі на 14 пляцоўках. Завяршылася свята феерверкам на Ратушнай плошчы, дыскатэкай і лазерна-прамянёвым шоў.

Кар. БЕЛТА.

Нясвіжская літаратура да 800-годдзя горада

Завяршылася гэтае пышнае, сумбурнае, напоўненае клопатамі і эмоцыямі свята аднаго з самых значных гарадоў усходняй Еўропы, а зараз культурнай сталіцы і Мекі турыстаў - горада НЯСВІЖА.

Гісторыя Нясвіжскі князёў і легендарнага мудрага роду Радзівілаў, таямнічасць замка і чароўнасць культурнай спадчыны, якая павінна б у матэрыяльным плане па драбках вярнуцца з "выгнання", а пакуль ў духоўным сэнсе, дзякуючы шматлікім працаўнікам-літаратарам і навукоўцам-даследнікам, у велізарнай меры ўпрыгожвае сусветную культуру і лунае менавіта тут, у гэтым горадзе-легендзе. А праца і асцярожнае стаўленне сучасных нясвіжан захавалі і прымножылі росквіт роднага горада. Гораду пашанцавала, што і ўрад нашай краіны, і "ЮНЭСКА" не пакідаюць Нясвіж без увагі.

Я заву горад Нясвіж "месца СІЛЫ і натхнення". І многія яго так адчуваюць.

Свята горада яшчэ згадаецца і абмяркуецца неаднаразова. Мне неабходна сказаць велізарны дзякуй удзельнікам і арганізатарам конкурсу "Табе я, Нясвіж прысвячаю" і прэзентацыі зборніка па яго выніках, якая адбылася ў гэты дзень у значным гістарычным месцы - каля помніка асветніку Сымону Буднаму пад эгідай нясвіжскага райвыканкама і пры непасрэдным удзеле цэнтральнай бібліятэкі імя П. Пранузы.

Зборнік выдадзены на сродкі фундатараў - гаспадаркі"Лань", прафсаюзаў АПК (пры пасярэдніцтве Жыгунова М.І.), прадпрымальніка Куліка П.Д і быў уручаны на прэзентацыі пісьменнікам. Таксама зборнік атрымалі ўсе школы і бібліятэкі раёна за кошт сродкаў райвыканкама. Велізарная падзяка за падтрымку і правядзенне мерапрыемства і выданне кнігі.

У сувязі з вялікай запатрабаванасцю зборніка мяркуецца яго перавыданне за кошт замоўцы.

Вельмі прыемна, што выдавецтва "Юрсапрынт" (Рыжы А.А.) выпусціла ў сціснутыя тэрміны складанку і зрабіла выданне танней.

Спадзяюся, што творы выдатных пісьменнікаў, кампазітараў пра Нясвіж, якія ўвайшлі ў зборнік "Табе я, Нясвіж, прысвячаю" будуць запатрабаваны і перажывуць яшчэ не адно стагоддзе.

Як адна з заснавальнікаў конкурсу я мела права і ўвяла свой прызузнагароду, якая, спадзяюся, прыжывецца і стане брэндам гэтага конкурсу. Гэта статуэтка "Віцязя" - прыз імя князя Юрыя Нясвіжскага - першага летапіснага князя горада. Сёлета гэтыя статуэткі- прызы былі дзве. Прыз імя кн. Юрыя Нясвіжскага "Віцязя" атрымаў беларускі паэт Алесь Белы за верш "Гімн Нясвіжу". "Укленчанага Віцязя" - прыз імя кн. Юрыя Нясвіжскага" атрымала паэтка і радыёвядоўца Ксенія Любенская (Аксана Смолікава) за верш "Табе я, Нясвіж, прысвячаю радкі".

Гэтая публікацыя і прэзентацыя пры шматлікіх удзельніках, спадзяюся, стане афіцыйнай заяўкай на мой аўтарскі брэнд існавання гэтага прыза.

У намінацыі "Песня" ўсе творы значныя і неверагодна прыгожыя музычна. Знакамітыя Фёдар Баравой і Алена Сало, Ліза Васількова і Ірына Мезенцава, Тамара Кашчэва і Віктар Мяцельскі, Вольга Любашына, Уладзімір Сукалінскі, Людміла Круглік, Алена Жукоўская, Галіна Бабонава - падарылі святу выдатныя песні, якія ўжо вельмі папулярныя.

Трэба адзначыць, што ўзнагарода Гран-пры пайшла ў В'етнам выдатнаму паэту, прафесару Май Ван Фан. (пераклад - беларускі паэт Руслан Півавараў).

А ў конкурсе ўдзельнічалі пісьменнікі розных краін. Нашу краіну Беларусь і горад Нясвіж любяць і шануюць, нягледзячы на ўсе перашкоды.

Нізкі паклон усім вам, дарагія сябры, за творчасць, разуменне і ўдзел у такіх значных для народа праектах.

Зоя Кулік.

Пілі-елі, пакуль не запелі

Фестываль "Мотальскія прысмакі"

Калі вы не бачылі, як каўбасы вязуць па вуліцы трактарам, як з яблыкаў будуюць цэлую піраміду, як капу звычайнай саломы хутка могуць ператварыць у зубра, і вы не ведаеце, што такое "выхілясы", то вам дакладна сюды - у Моталь, на фальклорна-гастранамічны фестываль, які ў мінулую суботу сабраў гасцей дванаццаты раз.

Апошнім часам фэст праводзіцца раз у два гады. У Моталь, як і раней, прыехалі тысячы людзей. На афіцыйным адкрыцці свята згадвалі, што ў розныя гады ўдзельнікамі фестывалю станавіліся госці з многіх краін. На гэты раз Расія, Малдова, Арменія, Азербайджан, Туркменістан, Карэя, Ізраіль прадстаўлены дыяспарамі, што пражываюць на тэрыторыі Беларусі. На канцэртах гучалі песні, мільгалі танцы многіх народаў свету. "Гэта яшчэ адно сведчанне нашага адзінства, братэрства, адкрытасці", - падкрэсліў старшыня Іванаўскага райвыканкама Анатоль Ткачук.

Як і бывае на падобных мерапрыемствах, на галоўнай вуліцы разгарнуўся вялікі горад майстроў. Рамеснікі, умельцы прадавалі ганчарны посуд, вырабы з лазы і саломы, прапаноўвалі арыгінальныя сувеніры. На фэст прыехала больш за сотню майстроў з розных куткоў Беларусі. Было шмат вышываных вырабаў, багата прадстаўлена ткацтва, вязанне, а таксама сучасныя віды мастацтва (бісерапляценне, кампазіцыі з сухацветаў і шмат іншых). Прадукцыю прапаноўвалі і гандлёвыя арганізацыі. Так што ніхто дакладна без падарунка сабе альбо блізкім не з'ехаў.

Але ж баль, як заўсёды, правілі прысмакі. Зранку наведвальнікаў фестывалю сустракалі самыя розныя гастранамічныя падворкі. Іх падрыхтавалі школы, сельскія Саветы, Дамы культуры, сельгаспрадпрыемствы і руплівыя мотальскія гаспадыні...

У нядзелю, у другі дзень фэсту, адбыўся круглы стол "Нацыянальная кухня - ключ да дружбы народаў", пройдуць выстава-кірмаш выпечкі, мнагажанравы фестываль дзіцячай і юнацкай творчасці, стол сяброўства "Прысмакі для гасцей з усіх валасцей". І завяршыў свята гала-канцэрт з узнагароджаннем калектываў-удзельнікаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ. Фота аўтара.

У Крывічах адзначылі 225-годдзе з часу з'яўлення ў мясцовай святыні цудадзейнай фігуры Езуса Журботнага

6 жніўня, у свята Перамянення Пана, у парафіі святога Андрэя, апостала, у Крывічах, што непадалёк ад Будслава (Менска-Магілёўская архідыяцэзія, Мядзельскі дэканат), урачыста адзначылі 225-годдзе з часу з'яўлення ў мясцовай святыні цудадзейнай фігуры Езуса Журботнага.

Разблёная скульптура Збаўцы ў цярнёвым вянку, вядомая як Ecce homo, паводле словаў Пілата, які, вывеўшы Езуса да натоўпу пасля бічавання, сказаў: "Вось, чалавек", змешчана ў цэнтральным алтары касцёла ў Крывічах. Славутая цудамі фігура Збаўцы, прывезеная ў Крывічы з трынітарскага кляштара на Антокалі, прадмесці Вільні, здаўна аточана вялікай пашанай мясцовцых вернікаў.

Цэлебрацыю святой Імшы з нагоды юбілейнай даты ўзначаліў у крывіцкім касцёле арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. У прамоўленай гаміліі заслужаны іерарх засяродзіўся на духоўным значэнні свята Перамянення Пана, якое нагадвае пра апісаную ў Евангеллі падзею, калі Хрыстус узяў з сабой на гару трох вучняў і там на іх вачах перамяніўся: "Аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло".

Арцыбіскуп Кандрусевіч перадусім звярнуў увагу на тое, што складанасці, з якімі вернікі сутыкаюцца ў гэтым свеце, - "нішто ў параўнанні з нябеснай славай, якая чакае верных Хрысту".

Ён дадаў, што для гэтага неабходна слухаць Езуса, які заклікае да малітвы, навяртання і духоўнага ўдасканалення, а таксама духоўна перамяняцца ў сакраманце пакаяння.

Іерарх заўважыў, што Езус - дарога, праўда і жыццё для сваіх вернікаў, і менавіта пра гэта, на яго думку, нагадвае старадаўняя фігура Збаўцы з крывіцкага касцёла, якая знаходзіцца тут ужо 225 гадоў.

- За гэты час шмат чаго адбылося на нашай зямлі. Змяняліся ўлады, прайшлі дзве сусветныя вайны, мы перажылі дзясяткі гадоў ганенняў на веру, але касцёл у Крывічах увесь час быў адкрыты і дзейнічаў. Ці гэта не цуд?! - задаў рытарычнае пытанне арцыпастыр.

Ён заўважыў, што "фігура Езуса адлюстроўвае праўду пра ўцелаўленне Сына Божага і пра тое, што нябачны Бог стаў чалавекам дзеля нас і дзеля нашага збаўлення".

- Прыйсце Езуса ў свет перамяніла яго: у жыццё людзей увайшло заўсёды новае і актуальнае вучэнне Евангелля. У нашым свеце, дзе ідзе барацьба за тое, каб толькі быць першым, паспяховым і багатым, Езус адкрывае перад намі новую перспектыву, у якой мае значэнне не першае месца, а жыццё ў Божай ласцы, без якой няма збаўлення.

Таму ўрачыстасць Перамянення Пана і праслаўленне Езуса ў гэтай выяве з'яўляецца заклікам да духоўнага аднаўлення, каб мы, перамененыя Божай моцай, маглі змяняць свет на лепшы, - падкрэсліў іерарх.

Гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў малітвай: "Пане Езу, перамяні нас сваёй ласкай, дапамажы заўсёды слухаць Бога і зрабі Тваімі апосталамі нашага часу, каб свет як мага хутчэй пазнаў нязменную праўду Евангелля і, жывучы ёю, будаваў мірнае жыццё на зямлі і прыйшоў у радасць неба".

Catholic.by. Фота: Віктар Ведзень.

Па выніках уступнага экзамену ў Міждыяцэзіяльную духоўную семінарыю ў Гародні залічаны новыя семінарысты

10 жніўня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гародні адбыўся ўступны экзамен для кандыдатаў на першы год навучання.

Падчас экзамену кандыдаты павінны былі прадставіць веды па Катэхізісе Каталіцкага Касцёла, а таксама адносна жыцця паўсюднага і мясцовага Касцёла. Акрамя таго, кожны кандыдат павінен быў растлумачыць матывы свайго выбару следаваць за Хрыстом.

Экзамен прымала экзаменацыйная камісія ў наступным складзе:

- біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, старшыня Камісіі па справах фармацыі семінарыстаў і святароў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі;

- біскуп Аляксандр Кашкевіч, ардынарый Гарадзенскай дыяцэзіі;

- ксёндз канонік Віталь Вайцяхоўскі, рэктар Міждыяцэзіяльнай Вышэйшай Духоўнай семінарыі ў Гародні;

- ксёндз Павел Скуба, куратар першага курса;

- ксёндз Ян Раманоўскі, прэфект Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гародні.

Экзаменацыйная камісія пасля нарады паведаміла, што новымі студэнтамі Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гародні сталі наступныя кандыдаты:

- Далгалёў Яўгеній - Віцебская дыяцэзія (парафія Святой Тройцы, Глыбокае);

- Масалыка Кірыл - Гарадзенская дыяцэзія (парафія святога Міхала Арханёла, Наваградак);

- Мяцеліца Віктар - Віцебская дыяцэзія (парафія Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хрыста, Наваполацк);

- Шульгоўскі Міхаіл - Віцебская дыяцэзія (парафія Нараджэння Маці Божай, Браслаў).

Такім чынам, у новым навучальным годзе падрыхтоўку да святарства ў духоўнай семінарыі распачнуць чатыры кандыдаты з дзвюх дыяцэзій Касцёла на Беларусі.

Новы навучальны год у Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі распачнецца 1 верасня.

Адказныя за фармацыю будучых святароў у нашай краіне просяць усіх людзей добрай волі аб малітве ў інтэнцыі новых семінарыстаў, а таксама аб новых і святых пакліканнях да святарства.

кс. Ян Раманоўскі. Catholic.by.

Катэхетычны каледж у Баранавічах адчыніць свае дзверы ўсім ахвотным бліжэй пазнаёміцца з навучальнай установай

Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах сардэчна запрашае ўсіх ахвотных на Дзень адчыненых дзвярэй, які навучальная ўстанова правядзе 26 жніўня.

Знаёмства з баранавіцкім каледжам будзе праходзіць з 10.00 да 13.00 па адрасе: Дом Святой Тройцы, вул. Тараса Шаўчэнкі, 6.

У праграме:

Экскурсія па навучальным комплексе.

Інфармацыя аб парадку паступлення, праграмах, якія вывучаюцца ў каледжы і ўмовах навучання.

Наведванне Музея Бібліі, створанага пры каледжы.

Сустрэча з дырэктарам каледжа, выкладчыкамі, студэнтамі і выпускнікамі пры кубку гарбаты.

Даведкі па тэлефонах:

+375 (16) 367 64 19 (стацыянарны)

+375 (29) 513 57 92 (МТС)

+375 (29) 644 26 05 (А1)

бр. Корнэль Консэк SVD / Catholic.by.

Трэці лідскі фальклорны зборнік

У Лідзе выйшла кніг а "Беларускія думкі, звычаі, абрады з Лідскага павета ХІХ стагоддзя". Этнаграфічны зборнік, 2023 г. На беларускай мове. Ліда, 72 с. Наклад 120 асобнікаў.

У выходных дадзеных пазначана, што гэта выданне часопіса "Лідскі летапісец" і ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".

Укладальнікі: Леанід Лаўрэш, Станіслаў Суднік.

Рэдактар: Станіслаў Суднік.


Аснову зборніка складаюць 42 "Беларускія думкі

з вёскі Глыбокага ў Лідскім павеце Віленскай губерні,

у 1885 годзе запісаныя Уладзіславам Вярыгам", апублікаваныя ў 1889 годзе ў часопісе "Збор звестак па краёвай антрапалогіі, выдадзены стараннем Антрапалагічнай камісіі Акадэміі навук у Кракаве". Том ХІІІ (з 6 табліцамі). У Кракаве, друкарня Ягелонскага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам А.М. Кастаркевіча, 1889. ("Zbior wiadomosci do antopologii krajowej" 1889. Т. 13.).

Да думак, запісаных Уладзіславам Вярыгасм дададзены яшчэ дзве невялікія публікацыі.

Гэта "Астрынскі прыход" (Віленскай губерні Лідскага павета) прафесара Літоўскай семінарыі І. Юркевіча. Нарыс быў апублікаваны ў Этнаграфічным зборніку, які выдаваўся Імператарскім рускім геаграфічным таварыствам. Выпуск 1. Санктпецярбург, 1853. С. 283-293. (Юркевич И. Остринский приход // Этнографический сборник, выдаваемый Императорским русским географическим обществом. Выпуск 1. Сантпетербург, 1853. С. 283-293.) Калі меркаваць па даце публікацыі, то гэта самы ранні этнаграфічны матэрыял з Лідчыны ў шырокім доступе.

Другая публікацыя "Дажынкі ў Шаўрах Лідскага павета" належыць Біруце (Амеліі Даравінскай). Абрад Дажынак яна запісала ў 1887 годзе ў маёнтку Баляслава Нарбута, сына Тодара Нарбута. Баляслаў Нарбут у паўстанні 1863 года быў ад'ютантам Людвіка Нарбута, быў сасланы ў Сібір. Маёнтак Шаўры быў секвестраваны, але, як бачым, нейкім чынам вярнуўся да Нарбутаў. Бірута апублікавала нарыс у 1889 годзе ў польскім часопісе "Вісла". (Biruta (Amelia Derewinska). Dozynki na Litwie, Szawry, pow. Lidzki // Wisla. 1889. T. III. z. 1. S. 92-94).

У 2017 годзе было зроблена перавыданне кірылічнай часткі зборніка Земавіта Фядэцкага "Цёплыя вечары, ды халодныя ранкі..." паводле выдання 1992 года. Песні гэтага зборніка былі запісаны ў в. Феліксава Лідскага раёна ў 1943 годзе.

У 2021 годзе выйшаў зборнік "Закуй, закуй, зязюленька, рана... Анталогія беларускіх народных песняў. Сабрана Аленай Іваноўскай на Лідчыне ў 1905-1912 гадах".


"БЕЛАРУСКІЯ ДУМКІ з вёскі Глыбокага ў Лідскім павеце Віленскай губерні, у 1885 годзе запісаныя Уладзіславам Вярыгам", і апублікаваныя ў 1889 годзе - гэта не спіс вынікаў працы мазгоў чалавечых, не мыслі, не разважанні, гэта невялікія балады. Слова "думка" тут - памяншальная форма ад слова "дума".

Дума, як жанр вуснай народнай творчасці, была характэрная найперш для Украіны. Тут гэта - лірыка-эпічны твор украінскай вуснай славеснасці пра жыццё казакоў XVI-XVIIІ стагоддзяў, які выконвалі вандроўныя спевакі-музыкі: кабзары, бандурысты, лернікі ў Цэнтральнай і Левабярэжнай Украіне. Аналаг гістарычных песень у рускім фальклоры. У навуковую тэрміналогію назву "думы" ўвёў М. Максімовіч, які разумеў іх як свайго роду казацкі эпас. Найболей ярка ў думах адлюстраваны перыяды барацьбы казакоў з туркамі, татарамі, палякамі і іншымі вонкавымі ворагамі.

Як жанр літаратуры дума ўяўляе сабою лірыка-эпічны твор, падобны да балады, у якім выяўлены разважанні аўтара на сацыяльныя, філасофскія і сямейна-побытавыя тэмы. Кампазіцыйна дума падзяляецца на дзве часткі - жыццяпіс і маральны ўрок, які вынікае з яго. Прысутныя ў творы лірычны (аітацыйны) і эпічны (агіяграфічны) пачаткі цесна ўзаемазлучаны, пры гэтым першы з іх з'яўляецца галоўным, а другі іграе падпарадкаваную ролю.

У рускай літаратуры жанр думы не атрымаў шырокага распаўсюду. Найболей часта ён сустракаецца ў творчасці Кандрата Рылеева. У яго кнігу "Думы" ўвайшлі такія творы, як "Барыс Гадуноў", "Іван Сусанін", "Марфа Пасадніца", "Міхаіл Цвярскі", "Смерць Ярмака" і інш. Сваю першую думу "Курбскі" паэт-дзекабрыст апублікаваў з падзагалоўкам "элегія", і толькі, пачынальна з "Артэмона Мацвеева" ва ўжытак увайшло новае жанравае азначэнне - дума. Элегічныя матывы ў паэзіі Рылеева адзначалі шматлікія сучаснікі. Крытык П. А. Плятнёў ахарактарызаваў новы жанр як "лірычны аповяд якой-небудзь падзеі", а па меркаванні Бялінскага "дума ёсць трызна гістарычнай падзеі ці проста песня гістарычнага характару". Сам жа Рылееў асабліва падкрэсліваў, што абраны ім жанр мае славянскае паходжанне. У прадмове да свайго зборніка ён пісаў: "Дума - старадаўняя спадчына ад паўднёвых братоў нашых, наша рускае, роднае вынаходства. Палякі запазычылі яе ад нас. Яшчэ дагэтуль украінцы спяваюць думы пра герояў сваіх: Дарашэнку, Нячая, Сагайдачнага, Палея, і самому Мазепе прыпісваецца складанне адной з іх".

Спрабуючы стварыць шырокую панараму падзей, Кандрат Фёдаравіч у сваіх творах стварае манументальныя вобразы гістарычных герояў і звяртаецца да мовы грамадзянскай паэзіі XVIII - пачатку XIX ст.ст. Сваёй задачай паэт лічыць абуджэнне патрыятызму і свабодалюбнасці. Пры гэтым пэўны малюнак падзей і людзі, якія ўдзельнічаюць у іх, адыходзіць на другі план.


У беларускім фальклоры і літаратуры думы не знайшлі амаль ніякага адлюстравання, як быццам такога жанру і не было ў нас ніколі. І вось цэлы зборнік (42 тэксты) думак, запісаных Уладзіславам Вярыгам.

Уладзіслаў Вярыга не назваў запісаныя ім тэксты думамі, а толькі думкамі - маленькімі думамі. Выклікана гэта хутчэй за ўсё тым, што памеры тэкстаў невялікія, сюжэты простыя, амаль заўсёды аднаактавыя. Як правіла, у думцы дзве часткі: зачын і завяршэнне. І калі ўкраінскія народныя і рускія літаратурныя думы можна атаясаміць з гістарычнымі баладамі і паэмамі, якія ў сваёй сукупнасці ствараюць эпічныя палотны жыцця народаў і краін, то беларускія думкі - гэта нешта іншае. Іх нельга размясціць у гістарычнай паслядоўнасці, іх наогул цяжка прывязваць да часу. Недзе XVIII - XIX стагоддзі.

Думка амаль заўсёды апісвае нейкую падзею або з'яву, што выбіваецца з роўнай і манатоннай плыні жыцця. Падзеі гэтыя амаль заўсёды трагічныя, нават калі завяршэнне выглядае пазітыўным. Шмат бедаў было ў жыцці беларусаў: войны, пажары, эпідэміі, засухі, але што пра іх казаць, а тым больш спяваць. Яны непазбежныя, як бы абавязковыя. Але былі беды не абавязковыя, выкліканыя дурасцю, сквапнасцю, хцівасцю, зайздрасцю, злосцю, слабасцямі чалавечымі (п'янствам, разбоем). Вось гэтыя беды, падзеі, з імі звязаныя, выбіваліся са штодзённасці. Найбольш частыя: злая свякроўка, здрадлівая жонка, няшчасная праз каханне дзяўчына, падманутая дзяўчына, забраны ў рэкруты хлопец, забіты жаўнер, смерць з рознай нагоды. Такім чынам беларускія думкі - гэта таксама эпас, эпас бяды і гора, якія сустракалі беларуса на кожным кроку. І прычыны гэтых бедаў і гора не ў хцівасці ці сваволі паноў, не ў Божай кары для народа, не ў панаванні чужога караля ці цара, а ва ўнутраным бязладдзі і грахоўнасці чалавека. Калі б людзі былі без граху, то ні адной думкі з гэтага зборніка не існавала б. Нават думка № 28, якая ёсць варыянтам шырока вядомай гісторыі пра бандароўну і пана канюшага, падае прычыну трагічнай развязкі не ў адной толькі сваволі пана канюшага, а і ў тым, што бандароўна спачатку брала падарункі ад пана канюшага, а потым вырашыла ўцячы. Ну, і паплацілася жыццём. Янка Купала напіша сваю "Бандароўну" ў 1913 годзе і аднясе падзеі на Украіну. Тэкст жа пра бандароўну, аказваецца, бытаваў спакойна ў беларускім фальклоры яшчэ ў 19-м стагоддзі, а можа, і раней, і без усякага намёку на Украіну, наадварот, тут згадваецца ашмянская шляхта. І, па ўсім відаць, Янка Купала ведаў гэты ці падобны тэкст.

Уладзіслаў Вярыга запісваў думкі з голасу, на слых. Запісваў так, як чуў. Мы не ведаем, якой графікай гэта рабілася: кірыліцай ці лацінкай. Заканчваў Вярыга Пецярбургскую гімназію, рускую мову ведаў дасканала. Але сын ссыльных паўстанцаў 1863 года, безумоўна, ведаў і польскую мову. Надрукаваны думкі былі польскай лацінкай у польскім часопісе "Збор звестак па краёвай антрапалогіі, выдадзены стараннем Антрапалагічнай камісіі Акадэміі навук у Кракаве. Том ХІІІ" у 1889 годзе. Надрукаваны без усякага намёку на нейкую беларускую граматыку. І мы бачым тэксты на амаль сучаснай літаратурнай беларускай мове, але з абсалютна бессістэмным прымяненнем а-кання, я-кання, ь, ў і й. Запісаны архаічным беларускім правапісам. Пры гэтым празмернае а-канне і я-канне часта вядзе да такога скажэння слова, што не адразу можна здагадацца пра сапраўднае сучаснае гучанне і сэнс. Тым не менш, для гэтай публікацыі зроблена дакладная транслітарацыя, нягледзечы на адхіленні ад сучасных літаратурных нормаў. Была праведзена толькі невялікая карэкцыя знакаў прыпынку. На ўсе 42 тэксты сустракаецца некалькі русізмаў і некалькі паланізмаў. Пры гэтым паланізм dzis дажыў да нашага часу і часта чуцён на Лідчыне і сёння. У астатнім тут простая, без выкрунтасаў беларуская мова.


27 жніўня ў Мажэйкаве пройдзе 4-ты рэгіянальны фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага. На фестывалі будзе прэзентаваны новы зборнік і чакаецца, што прагучыць аўтэнтычная лідская "Бандароўна". Справа не зусім простая, бо ў зборніку Вярыгі не пададзены ноты, але ж і талентамі Бог Лідчыну не абдзяліў. Ёсць каму аднавіць мелодыю. Калі ўсё ўдасца, то выкананне адбудзецца пад леру.

Чакаем аматараў.

Станіслаў Суднік.

Лідскі след Уладзіслава Вярыгі

Філосаф, этнограф і збіральнік беларускага фальклору Уладзіслаў Вярыга нарадзіўся 9 чэрвеня 1868 г. у Пскове, дзе жыла яго сям'я пасля канфіскацыі за ўдзел у паўстанні 1863-64 гг. маёнтка каля Полацка.

У 8 гадоў Уладзіслаў страціў бацькоў і далей гадаваўся пад апекай бабулі. У 1878 г. паступіў у Пскоўскую і праз некалькі гадоў перайшоў у Пецярбургскую гімназію, якую скончыў у 1885 г.

Як хатні настаўнік паміж 1885 і 1889 гадамі працаваў у Беларусі. Якраз на гэты час і прыходзіцца яго вывучэнне беларускай этнаграфіі.

Не больш за пяць гадоў прабыў Уладзіслаў Вярыга на Лідчыне, але для нас ён назаўсёды застанецца збіральнікам нашаага фальклору, слаўным сваёй працай, выкананай яшчэ ў зусім маладыя, даўніверсітэцкія гады. Свае нарысы пра фальклёр ён спачатку змяшчаў у часопісе "Вісла", які рэдагаваў Ян Карловіч.

У 1889 г. у Львове Вярыга выдаў кнігу "Беларускія паданні" ("Podania bialoruskie"), дзе змясціў 23 беларускія народныя казкі, запісаныя ў 1884 г. у ваколіцах Новага Двара і Астрыны Лідскага павета. Рэдактарам кнігі і аўтарам уступу да яе быў Ян Карловіч.

У 1889 г. у часопісе "Збор звестак па айчыннай антрапалогіі" ("Zbior wiadomosci do antopologii krajowej" 1889. Т. 13.) Уладзіслаў Вярыга апублікаваў працу "Беларускія думкі з вёскі Глыбокае Лідскага павету Віленскай губерні, запісаныя ў 1885 годзе", якая змяшчае 42 беларускія народныя песні-балады.

Таксама ён з'яўляецца аўтарам працы "Латышскія паданні" (W. Weryho, Podania lotewskie, Biblioteka "Wisly", t. 10, Warszawa 1892).

Далейшыя шляхі-дарогі Уладзіслава Вярыгі праляглі за межамі Лідчыны. У 1889 г. ён пачаў навучанне ў Берлінскім універсітэце, потым вучыўся таксама ва ўніверсітэтах Прагі і Берна - тут ён у 1892 г. на падставе прадстаўленай дысертацыі "Маркс як філосаф" (Marx als Philosoph) атрымаў ступень доктара філасофіі (PhD). Вярнуўшыся, Вярыга прысвяціў сябе арганізацыі філасофскага жыцця ў Польшчы.

Як філосаф, Уладзіслаў Вярыга выяўляў стрыманасць у адносінах да філасофскіх сістэм, якія стваралі цэласнае бачанне свету, не адмаўляючы пры гэтым іх пазнавальнай ролі. Ён сцвярджаў, што нават самыя крайнія і аднабаковыя погляды могуць быць навукова плённымі. У якасці прыкладаў Вярыга прыводзіў погляды Артура Шапенгаўэра і Эдуарда Гартмана - аднабаковасць першага ён бачыў у тым, што той усё тлумачыў адным прынцыпам, які атаясамліваў з воляй, а другі асновай быцця лічыў несвядомы духоўны пачатак чалавека. Гэтая аднабаковасць сістэмаў абодвух мысляроў не змяняла таго факту, што Шапэнгаўэру мы абавязаны больш глыбокім разуменнем волі, а Гартману - больш глыбокім разуменнем чалавечай падсвядомасці - лічыў Вярыга. Сярод філасофскіх вучэнняў, якім ён прысвяціў сваю ўвагу, была і філасофія Карла Маркса. Уладзіслаў Вярыга адмаўляў яе арыгінальнасць, сцвярджаючы, што філасофія Карла Маркса грунтуецца на тых жа прынцыпах, што і філасофія Гегеля, а адрозненні паміж імі зводзяцца да адрозненняў у тэрміналогіі.

Асноўнымі сферамі філасофскіх зацікаўленняў Вярыгі былі гнасеалогія і метадалогія навук. У сувязі з гэтым ён надаваў вялікае значэнне супрацоўніцтву філосафаў з вучонымі іншых спецыяльнасцяў і пастуляваў неабходнасць спецыяльных студыяў ў кожным з накірункаў універсітэцкіх даследаванняў, мэтай такіх студыяў павінна было б стаць вывучэнне філасофскіх і метадалагічных асноў розных навук і педагагічная дзейнасць у гэтых галінах.

Уладзіслаў Вярыга адхіляў ідэалістычныя ўстаноўкі польскіх гегельянцаў пра тое, што польская філасофія павінна нарадзіцца з нейкага духу нацыі пасля краху еўрапейскай філасофіі. Ён не быў пазітывістам, але падтрымліваў у філасофіі дамінуючую ў той час грамадзянскую ідэю арганічнай працы, распрацаваную польскімі пазітывістамі ў XIX ст.

У 1897 г. Вярыга заснаваў штоквартальнік "Przeglad Filozoficzny" ("Філасофскі агляд") - першы прафесійны філасофскі часопіс у Польшчы і да сваёй смерці быў яго выдаўцом і рэдактарам. "Філасофскі агляд" ахопліваў усе філасофскія дысцыпліны, а таксама разглядаў пытанні на мяжы філасофіі і іншых навук. Часопіс не быў органам аднаго накірунку але быў даступны ўсім філасофскім школам пры ўмове, што яны былі правільнымі з пункту гледжання метадалагічных патрабаванняў. Акрамя навуковых задач, Вярыга ставіў перад гэтым выданнем дыдактычныя мэты, сваім зместам выданне звярталася не толькі да спецыялістаў у галіне філасофіі і навукоўцаў, але і да кожнага адукаванага чалавека. "Філасофскі агляд" стаў адным з найважнейшых фактараў развіцця філасофіі ў нашым краі таго часу.

Адным з пачынанняў, накіраваных на ўзбагачэнне жыцця філасофіі, была арганізацыя Вярыгам псіхалагічна-філасофскай секцыі на IX-м (у 1900 г. у Кракаве) і Х-м (у 1907 г. у Львове) з'ездах лекараў і натуралістаў. Гэтым быў пакладзены пачатак пазнейшых агульных філасофскіх з'ездаў.

Уладзіслаў Вярыга таксама з'яўляўся ініцыятарам, стваральнікам і старшынём заснаванага ў 1907 г. Польскага псіхалагічнага таварыства (Варшава), якое, нягледзячы на абмяжоўваючаю яго назву, навязаную царскімі ўладамі, вяло і дзейнасць у галіне філасофіі. Па яго ініцыятыве гэтая дзейнасць выйшла за рамкі Таварыства праз шматлікія цыклы філасофскіх лекцый і публічных чытанняў.

Вярыга ўдзельнічаў у стварэнні (у 1907 г.) Таварыства даследавання дзяцей і быў яго віца-прэзідэнтам. У 1911 г. пры Псіхалагічным таварыстве ён стварыў Псіхалагічную лабараторыю, якая ў 1913 г. была ператворана ў незалежны Варшаўскі псіхалагічны інстытут, які займаўся даследаваннямі ў галіне псіхалогіі і асабліва эксперыментальнай псіхалогіі. У 1913 г. прымаў удзел у стварэнні (а затым быў членам) Камісіі вывучэння гісторыі філасофіі ў Польшчы пры Кракаўскай Акадэміі ведаў. У 1915 г. заснаваў у Варшаве Інстытут Філасофіі і быў яго старшынём.

Памёр Уладзіслаў Вярыга 28 жніўня 1916 г. у Варшаве.

Леанід Лаўрэш.

Навіны Германіі

Германія адзначае 75-годдзе Канстытуцыйнага сходу

Федэральны прэзідэнт Штайнмайер нагадаў пра важную падрыхтоўчую працу, якая папярэднічала прыняццю Асноўнага закона Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

Успамінаючы момант нараджэння Асноўнага закона Федэратыўнай Рэспублікі Германіі, федэральны прэзідэнт Франк-Вальтар Штайнмайер звярнуўся з папярэджаннем да ўсіх ворагаў дэмакратыі.

- Усе мы - кожны палітык і кожны грамадзянін - нясём агульную адказнасць за нашую дэмакратыю. Мы павінны яе абараняць, - сказаў Штайнмайер на ўрачыстасцях з нагоды 75-годдзя Канстытуцыйнага сходу ў Херанкімзе. - Давайце не будзем забываць пра тое, што наша дэмакратыя нарадзілася ў цені дыктатуры, вайны і генацыду, - падкрэсліў федэральны прэзідэнт.

Канстытуцыйны сход адбыўся ў жніўні 1948 года ў Старым палацы на Херанкімзе. Ён быў скліканы міністрамі-прэзідэнтамі федэральных земляў, якія ўваходзілі ў заходнія зоны акупацыі. Усяго за два тыдні сход распрацаваў канстытуцыю, якая лягла ў аснову Асноўнага закона ФРГ. Таксама Штайнмайер адкрыў новую выставу ў Старым палацы, якая прысвечана сходу.

- Сярод важных момантаў у гісторыі германскай дэмакратыі Канстытуцыйны сход у Херанкімзе, мабыць, адзін з найменш вядомых. Аднак ён з'яўляецца адным з самых значных, - сказаў Штайнмайер.

Паводле СМІ.

Міністр эканомікі вітае будаўніцтва завода па вытворчасці мікрасхем у Дрэздане. Тайваньскі канцэрн TSMC сумесна з нямецкімі партнёрамі пабудуе ў Германіі ўльтрасучасны завод па вытворчасці паўправаднікоў

Па ацэнцы міністра эканомікі ФРГ Роберта Хабека, планаванае будаўніцтва заводу тайваньскага чып-мейкера канцэрна TSMC у Дрэздане зробіць істотны ўнёсак у забеспячэнне Германіі і Еўропы паўправадніковымі мікрасхемамі. Прыняцце рашэння пра інвестыцыі паказвае, што Германія з'яўляецца прывабнай і канкурэнтаздольнай краінай у тым ліку і для такіх ключавых тэхналогій, як мікраэлектроніка, лічыць Хабек.

- Стабільная вытворчасць айчынных паўправаднікоў мае адмысловае значэнне для нашай глабальнай канкурэнтаздольнасці, бо паўправаднікі дазваляюць нашаму свету трымацца на плыву і робяць магчымым пераход да нізкавуглятворнай эканомікі, - падкрэсліў Хабек.

Раней канцэрн TSMC абвясціў пра свой намер пабудаваць у Дрэздане завод па вытворчасці паўправаднікоў на 2000 працоўных месцаў за дзесяць мільярдаў еўра. Завод будзе будавацца сумесна з такімі кампаніямі, як Bosch, Infineon і нідэрландскі канцэрн NXP. TSMC будзе належаць 70 % акцый сумеснага прадпрыемства European Semiconductor Manufacturing Company (ESMC), еўрапейскім партнёрам - па дзесяць адсоткаў. Запуск вытворчасці вызначаны на 2027 год. Як і прынята ва ўсім свеце, будаўніцтва будзе ажыццяўляцца пры падтрымцы дзяржавы ў выглядзе буйных дзяржаўных субсідый. У траўні ў Дрэздане пачалося будаўніцтва завода па вытворчасці мікрасхем нямецкага канцэрна Infineon коштам 5 млрд еўра. Амерыканскі канцэрн Intel будуе заводы па вытворчасці мікрасхем у Магдэбургу за 30 млрд еўра.

Паводле СМІ.

Зайка з Заполля

Краязнавец, педагог, руплівы збіральнік самабытнай беларускай народнай лексікі Алесь Зайка (1948-2018) жыў у вёсцы Заполле Івацэвіцкага раёна. 12 жніўня яму споўнілася б 75.

Шмат гадоў ведаў гэтага найцікавейшага і шчырага чалавека. Не раз пісаў пра яго кнігі, сустракаўся з ім, разам разважалі пра наша жыццё-быццё, пра радзімазнаўства і гісторыю, фальклор і літаратуру. Такога культурнага, інтэлігентнага і адукаванага чалавека, якім быў Алесь Фаміч Зайка, у жыцці выпадала сустракаць не часта. Але раптоўная і нечаканая яго смерць пяць гадоў таму мяне проста шакіравала. Я і сёння не магу паверыць, што ён мне не патэлефануе, не прыедзе на матацыкле ў мой Слонім, не паразважаем мы з ім пра цікавае, светлае, вартае, а, найперш, пра нашу Беларусь.

Такіх людзей, якім быў Алесь Фаміч, у беларускіх вёсках сёння ўжо няма. На вялікі жаль. А ён у сваім Заполлі, рабіў столькі карыснага, што немагчыма апісаць і расказаць. Працуючы амаль усё жыццё ў школе настаўнікам, ён, пасля працы, знаходзіў час вандраваць па родных ваколіцах, сустракацца і гутарыць з рознымі людзьмі, збіраць і запісваць прыказкі і прымаўкі, жарты і каламбуры, прыгаворкі і языкаломкі, вясельныя прыгаворкі пры дзяльбе каравая, вітанні і зычанні, ветлівыя і ласкавыя выразы, засцярогі і прысяганні, праклёны і адкляцці, жартоўныя праклёны і дражнілкі-кепікі, зневажанні і параўнанні, прыкметы народнага календара і г.д. Убачанае, пачутае знайшло адлюстраванне ў мініяцюрах, лірычных запісах і апавяданнях, якія склалі яго першую кнігу "Дым у коміне" (2011). Потым пры жыцці з'явіліся кнігі Алеся Зайкі "Дыялектны слоўнік Косаўшчыны" (2011), "Населеныя пункты Івацэвіччыны" (2012), "Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны" (2013), "Чысты чацвер" (2015), "Прыказкі і прымаўкі…з Косаўшчыны" (2015). Пасмяротна выйшлі кнігі "Мікратапаніміка Івацэвіччыны" (2018), "Крыніцы і вытокі" (2019), "Тэматычны слоўнік прыроды Косаўшчыны" (2021).

Памяталася з маленства

Нарадзіўся Алесь Зайка 12 жніўня 1948 года ў вёсцы Заполле на Івацэвіччыне ў сялянскай сям'і. Бацька яго Тамаш Якаўлевіч быў не з апошніх у сяле: выдатны цясляр, жартаўнік, спявак, чалавек здаровага аптымізму. Ён быў душой любой кампаніі. Памятаў Алесь Зайка, як доўгімі асеннімі ды зімовымі вечарамі ў хату да іх збіраліся мужчыны з усяго грудка. Успаміналі перажытае, гаварылі пра сённяшнія справы, расказвалі пра незвычайныя здарэнні са свайго жыцця. Самым уважлівым і ўдзячным слухачом на такіх пасядзелках быў хлопчык Алесь. Маці яго Аляксандры Пятроўне Бог даў шчасце выгадаваць шасцёра дзяцей. А яшчэ яна была надзелена вялікім талентам - унікальным голасам спявачкі. Яе меца-сапрана заварожвала, узносіла да нябёсаў. Пры лепшых абставінах - быць ёй опернай спявачкай.

Усе яго чатыры сястры, брат і ён у тым ліку, саграваліся любоўю і ласкай іх бабулі Марылі, якая жыла ў сваім доме за тры хаты ад іх. Яна апекавалася ўнукамі, песціла, частавала. А яшчэ ў іх сям'і шанавалася імя стрыечнага брата маці Грэцкага Івана Мікалаевіча, пасла польскага сойма (выбраны ў 1928 годзе), сябра пасольскага клуба "Змаганне", сакратара ТБШ, шчырага беларуса. Яго, як і іншых паслоў, - Ігната Дварчаніна, Язэпа Гаўрыліка, Паўла Крынчыка, Сымона Рак-Міхайлоўскага - напаткаў трагічны лёс: ён сам і яго жонка трапілі пад рэпрэсіі.

У бацькі Алеся заўсёды было здаровае, моцнае пачуццё нацыянальнай годнасці. Гэта перадалося і яго дзецям. У дзяцінстве Алесь Зайка шмат чытаў. Літаратуру ў школе выкладалі настаўнікі, якія самі пісалі. У дзевятым класе, калі ўжо вучыўся ў Косаўскай сярэдняй школе, у бярозаўскай раённай газеце "Маяк камунізму" надрукавалі першае невялікае апавяданне Алеся. Напісаў ён па-беларуску, але яго пераклалі на рускую мову і нават уключылі ў літаратурны конкурс. Прысудзілі яму заахвочвальную прэмію - выпісалі часопіс "Юность" на цэлы год. Тут ужо ён пачаў пісаць па-руску. Быў рэдактарам школьнай літаратурнай газеты. Выходзіла яна часта. Захвочваў і сваіх таварышаў да творчасці. Пісаў сентыментальныя апавяданні, бо на той час захапляўся творчасцю балгарскага пісьменніка Еліна Пеліна.

Роднае слова

У дзесятым класе выказаў настаўніцы сваё адмоўнае стаўленне да беларускай літаратуры. Яму здавалася, што творы, якія вывучаліся на ўроках, мелі невысокую мастацкую каштоўнасць. Зразумела, настаўніца магла проста прыкрыкнуць на вучня. Але яна гэтага не зрабіла, толькі сказала: "А ці ведаеш ты родную літаратуру так добра, каб рабіць такія паспешлівыя вывады?". Гэтае пытанне закранула самалюбства хлопчыка, бо для сваіх аднакласнікаў ён быў аўтарытэтам. Захацелася даказаць марнасць, няспеласць, дзяціннасць твораў, напісаных па-беларуску. Усе канікулы (а кожнае лета працаваў у саўгасе) чытаў кнігі беларускіх пісьменнікаў. І слова, роднае, мілае, дарагое, адгукнулася ў дзіцячай душы. Гэтымі словамі прамаўлялі яго бабуля, маці з бацькам, вяскоўцы дый гараджане-косаўцы таксама. З таго часу пачаў пісаць толькі па-беларуску. У адзінаццатым класе на абласным конкурсе юных паэтаў і празаікаў, які праходзіў у Берасці, стаў пераможцам. Гэта быў 1966 год. Вёў семінар з ім літаратуразнавец Уладзімір Андрэевіч Калеснік. Пераможцам конкурсу прапанавалі паступаць у Берасцейскі дзяржаўны інстытут імя Пушкіна. Алесь Зайка падаў туды дакументы. А з 1966-га па 1971-ы год вучыўся на беларускім аддзяленні філалагічнага факультэта. Усяго было ў час вучобы - і добрага, і дрэннага. Добрае - сябры, дыскусіі, спрэчкі. Вучыліся тады Алесь Разанаў, Мікола Пракаповіч, Алесь Каско, Рыгор Сыраватка. Дрэннае - марна траціўся час у студэнцкіх пагулянках.

Потым была армія. Падмаскоўе. Горад Хімкі. Там Алесь Зайка стаў дывізіённым паштальёнам. У ваеннай частцы выпісвалі шмат перыёдыкі. Многа тады чытаў. У вайсковай бібліятэцы стварыў бібліятэчку з беларускіх кніг: купляў у Маскве ў магазіне "Дружба". Салдаты-беларусы былі ўдзячныя. З арміі часта пісаў пісьмы бацькам, якія засталіся адны. Падумаў: трэба ж іх камусьці дагледзець у старасці. Палічыў, што гэта павінен зрабіць ён, як малодшы сын. Вярнуўся ў 1973 годзе дамоў. Пайшоў працаваць у родную школу. Вучыў дзяцей і збіраў з імі вусную народную творчасць. У 1979 годзе ажаніўся. Жонкай стала Антаніна Іванаўна з Альшаніц, недалёкай вёскі ад Заполля. Пабудавалі сваю хату. Вялі гаспадарку. Усё лета былі на прыродзе: ягады, грыбы, сенакос. Многа падарожнічаў, аб'ехаў палову Беларусі на матацыкле. Ездзіў, здымаў на слайдавую каляровую стужку помнікі прыроды, археалогіі, архітэктуры. Цяпер, слава Богу, амаль усе цэрквы, касцёлы адчынены, адрамантаваны. А тады фатаграфавалі, бо баяліся, што панішчаць да апошняга. Цудоўныя былі падарожжы, кожнае ён памятаў, у вачах яны стаялі да смерці. Многа чытаў, але мала пісаў. Усё адкладваў на потым. Трэба было моцна захварэць, каб адчуць, што жыццё не бясконцае. Узяўся за апрацоўку, сістэматызацыю свайго багатага архіву. Задумаў цыкл кніг пад агульнай назвай "Духоўныя скарбы Косаўшчыны". Наперадзе чакала шмат працы.

Убачанае і пачутае

Але першай кнігай Алеся Зайкі была кніга лірычных запісаў, мініяцюр і апавяданняў "Дым з коміна", якая выйшла з друку ў Менску ў 2011 годзе. Наогул, любімым пісьменнікам Алеся Зайкі быў Янка Брыль - прызнаны майстар кароткай замалёўкі, навелы. Алесь Фаміч мне часта казаў, што часам іскраю апаліць успамін, гук, пах, ажыве, аб'явіцца з небыцця. Гэта турбуе душу, непакоіць, прымушае шукаць яркае, адзінадакладнае слова, каб перадаць тое, што праявілася гукам, колерам, пахам, уражлівай думкай. Няма формы больш патрабавальнай, чым невялікая навела, абразок.

Ён шмат падарожнічаў, сустракаўся, гутарыў з рознымі людзьмі. Убачанае, пачутае і знайшло адлюстраванне ў невялікіх замалёўках, якія склалі кнігу "Дым з коміна". Паціху збіраліся матэрыялы і для новых кніг.

Адметнасць слоў

Потым з'явіўся "Дыялектны слоўнік Косаўшчыны" - плён шматгадовай працы Алеся Зайкі. У ім змешчана лексіка насельнікаў паўночнай часткі Івацэвіцкага раёна. Уражваюць як самі дыялекты, так і ілюстрацыйная частка да іх.

Гэты слоўнік складаўся Алесем Зайкам цягам трыццаці пяці гадоў. У ім змешчаны не толькі словы, выразы, сказы, для яго слоўнік гучаў, ён быў жывы, поўніўся галасамі людзей, што збераглі такое багацце. Ім Алесь Фаміч заўсёды выказваў вялікую падзяку. На жаль, многія з іх адышлі ў іншасвет - вечная ім памяць. А ад сваіх бацькоў Тамаша Якаўлевіча і Аляксандры Пятроўны колькі ён пачуў адметных, непаўторных слоў! Кожнае новае, прывезенае з вандровак, абмяркоўвалася і толькі з іх згоды ўхвалялася, папаўняла картатэку збіральніка фальклору. Гэтую кнігу ён ім і прысвяціў. А штуршком для збірання стала простая жыццёвая сітуацыя, выпадак, здарэнне.

Аднойчы ён назіраў за лыжнымі спаборніцтвамі. У Івацэвічы з'ехаліся дзеці з усяго раёна. Сучасны Івацэвіцкі раён, так склалася здаўна, яўна дзеліцца на тры рэгіёны: Косаўшчыну, Быценшчыну і Целяханшчыну. Калі Быценшчына ды Косаўшчына знаходзяцца ў арэале гарадзенска-баранавіцкай дыялектнай групы гаворак, то Целяханшчына - заходнепалескай. Целяханшчына - гэта ўжо палешукі, пачатак Палесся; Быценшчына ды Косаўшчына - ліцвіны, ліцвінская зямля. Вось тады ён і пачуў, што адны дзеці лыжныя палкі называлі кіямі, калкамі, вожагамі, а нашы дзеці - апірачкамі. Настаўнік здзівіўся, калі гэтае слова не знайшоў у тлумачальным слоўніку беларускай мовы. Раней Алесь Фаміч падарожнічаў па далёкіх мясцінах, а з 1995 года ён ужо не выязджаў за межы свайго раёна. Запісваў усё, што казалася людзьмі, што было яркім, непаўторным. Запісваў нават сны, якія сніліся землякам, назвы ўрочышч, дзе бруіліся крыніцы, дзе ляжалі вялікія камяні-валуны, невядомыя пахаванні, векавыя дрэвы. Дарэчы, камень у Марачоўшчыне, да якога прымацавана мемарыяльная дошка ў памяць аб нараджэнні Тадэвуша Касцюшкі, прывезлі якраз з ваколіц Зайкавага Заполля. Гэткім чынам быў сабраны матэрыял на "Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны". Вядома, што фразеалагічны склад кожнай мовы вызначае нацыянальную адметнасць народа, раскрывае самабытнасць яго духоўнагаа свету. Фразеалогія пэўнага дыялекта спрыяе пашырэнню і ўзбагачэнню агульнанароднай фразеалогіі.

Часцінка яго сэрца

У чарговай сваёй кнізе "Населеныя пункты Івацэвіччыны" у навукова-папулярнай форме аўтар разгледзеў гісторыю і сучаснасць кожнага населенага пункта Івацэвіцкага раёна, і растлумачыў іх назвы. Кніга ўнікальная, такой у межах нашай краіны пакуль няма. "Гэта кніга, - казаў мне Алесь Фаміч, -- плён маёй шматгадовай працы ў архівах і кнігасховішчах не толькі Беларусі, але і замежжа. Сабраныя гістарычныя звесткі дапамаглі зазірнуць у далёкае мінулае кожнага населенага пункта Івацэвіччыны. Свае веды пра гісторыю і сучаснасць паселішчаў я пашырыў пад час вандровак па раёне, сустрэч, гутарак з людзьмі. Магчыма, уніклівыя крытыкі і знойдуць у ёй хібы, але, як казалі старажытныя рымляне, "хто зможа, хай зробіць лепей". Адно магу сцвярджаць: у кнізе я пакінуў часцінку свайго сэрца."

У архівах і бібліятэках Алесь Зайка працаваў у час школьных канікул. Гэта цяпер ў архівы цяжка папасці, а ў канцы 1980-х гадоў краязнаўцаў было яшчэ няшмат. Перапісвалі яны дакументы ад рукі. У яго атрымоўвалася так: вучнёўскі сшытак за дзень. Сілаў яго хапала на тыдзень - адымалася рука. Каб не траціць час, абедаць не хадзіў - абыходзіўся бутэрбродам. Працаваў ад ранку да вечара. Добрым словам згадваў ён супрацоўніка акадэмічнай бібліятэкі імя Якуба Коласа Анатоля Паўлавіча Фурса. Зайка толькі складаў картатэку патрэбных яму дакументаў, а ён ужо рабіў ксеракопіі. Трэба адзначыць, што ў тыя часы добра працаваў міжбібліятэчны абанемент. Не было такога, каб заказаная чытачамі кніга па гісторыі Беларусі не высылалася.

Дарэчы, у Івацэвіцкім раёне 25 вёсак уганараваны памятнымі шыльдамі, на якіх пазначаны год іх першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах. І тут задумка і справа не абыйшлася без Алеся Зайкі. Найперш, гэта рабілася з добрай волі кіраўніцтва Івацэвіцкага раёна. Яны знаходзілі сродкі для гэтага, заказвалі мемарыяльныя дошкі. Памятныя знакі прымацавалі найбольш на валунах - помніках геалагічнай культуры. Апошнім часам у Івацэвіцкім раёне ўтварыліся новыя вуліцы, назвы якіх увекавечваюць памяць людзей, што праславілі свой край. Гэта, найперш, вуліца у гонар заснавальнікаў горада Івацэвічы слаўных Іллінічаў, Міхала Казіміра Агінскага, па волі якога пачаў дзейнічаць Агінскі канал, мужнага кіраўніка паўстання 1863-1864 гадоў Кастуся Каліноўскага, дзеяча нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі Івана Грэцкага, вядомага пісьменніка Яраслава Пархуты, заслужаных працаўнікоў сельскай гаспадаркі і прамысловасці.

Духоўныя скарбы

Напрыканцы лютага 2015 года Алесь Зайка трымаў у руках сваю новую кнігу духоўных скарбаў Косаўшчыны. Яна мае доўгую назву, а скарочана гучыць так: "Прыказкі і прымаўкі… з Косаўшчыны". Гэтая кніга, на мой погляд, першае сістэматызаванае апісанне парэміялагічнага і фразеалагічнага багацця мовы жыхароў аднаго з куткоў Беларусі. Пачаў Алесь Фаміч збіраць матэрыялы да яе яшчэ ў далёкім 1966 годзе, калі вучыўся ў 11-м класе Косаўскай сярэдняй школы. Да яго бабулі Марылі прыходзілі яе таварышкі. Ад іх яшчэ тады збіральнік запісаў шмат прыказак, прымавак, песень, жартаў, пажаданняў на вяселлі.

Кніга цікавая і тым, што ў ёй даецца поўная пашпартызацыя: прозвішча і ініцыялы інфарманта, звесткі пра год яго нараджэння, час запісу, месца жыхарства і адміністрацыйная прыналежнасць сялібы. Алесь Зайка заўсёды дзякаваў сваім землякам, што збераглі, захавалі ў маўленні жывое народнае слова. Яго заўсёды здзіўлялі яркасць і моц іх мастацкага мыслення, уменне выказацца асацыятыўна, вобразна, дасціпна.

Пра кнігі настаўніка з Заполля станоўча адгукнуліся вучоныя-моваведы рэспублікі, якія напісалі рэцэнзіі на яго кнігі. Гэта Мікалай Даніловіч, Мікалай Крыўко, Павел Міхайлаў і Святлана Фацеева, гісторык і этнограф Сымон Барыс, народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. Шчырыя словы заўсёды казалі Алесю Фамічу Анатоль Вярцінскі, Данута Бічэль, Міхась Тычына, Мікола Пракаповіч, Алесь Каско, Анатоль Зэкаў, Ніна Мацяш, Уладзімір Ягоўдзік. А шлях у літаратуру праклала яму незабыўная Ніна Мацяш. Гэта яна падрыхтавала вялікую падборку яго абразкоў і змясціла іх ў газеце "Мясцовы час".

Мова

Усё жыццё Алеся Фаміча Зайку трывожыў стан роднай мовы. Вядомы пісьменнік Янка Скрыган некалі сказаў: "Упоравень са словам Радзіма заўсёды стаіць мова. Без мовы не можа быць народа. Калі памірае мова, памірае народ, сходзіць з гістарычнай сцэны". Ірландскі вучоны Дэві пісаў: "Кожны народ павінен аберагаць сваю мову больш, чым граніцы, бо мова - галоўная яго абарона, куды больш моцная, чымся ўсе цытадэлі". Падчас апошняй сустрэчы з Алесем Фамічом, ён мне сказаў, што нядаўна пачуў: "Калі б на Беларусі не было зусім беларускай мовы, то яе трэба было б выдумаць... Бо мова - найпершы паказчык адрознасці этнасу, нацыі, па мове вызначаюць граніцы". Быў неяк у Польшчы, наведаў не адну школу. Здаецца, польскай мове нічога не пагражае, але там усё навучанне скіравана на выхаванне павагі да гісторыі народа, да роднай мовы. Памятаю словы плаката: "Мы не гусі, мы сваю мову маем". Гэта ж адны гусі аднолькава гагочуць па ўсім свеце… Ёсць мудрыя словы ў Алеся Разанава: "Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор - мова".

Служыў народу і Айчыне

Алесь Зайка ніколі не меў абярэгаў, талісманаў. Але адзін абярэг быў у яго хаце - каменная сякера, якой было сама меней чатыры тысячы год. Кажуць, па словах Алеся Фаміча, яна аберагае дом ад злых сілаў. Магчыма і яна аберагала дом у Заполлі Алеся Зайкі. Але вельмі шкада, што яна не зберагла гаспадара хаты - таленавітага вяскоўца, даследчыка, клапатлівага працаўніка. Алесь Фаміч вельмі жадаў нашым суайчыннікам жыць у згодзе са сваім сумленнем, адчуць радасць належнасці да нашага народа, любіць Айчыну, служыць ёй. Так, як любіў і служыў Бацькаўшчыне ён.

І апошняе. Пасля смерці Алеся Зайкі, Косаўская сярэдняя школа стала насіць яго імя. Ён стаў Ганаровым грамадзянінам Івацэвіцкага раёна.

Сяргей ЧЫГРЫН. Фотаздымкі з архіва аўтара.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Адпачынак з годнасцю: Грынкевіч, Пашкоўскі; індзейцы не ўласнымі вачыма

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-32 (53-84) за 2023 г.)

Шматлікія выпадкі, калі чалавек з'ездзіў у тую ці іншую краіну Амерыкі або адразу ў некалькі, дзе не пераважаюць індзейцы і метысы, або перасяліўся туды, але не заходзяцца факты сустрэч яго з індзейцамі. Праўда, гэта залежыць ад інтэнсіўнасці пошуку - і таксама праўда тое, што неаднаразовыя спробы праз пэўныя інтэрвалы часу па Я. Карловічу, У. Кавалеўскаму, Е. Путраманту, В. Лукашову, пра якіх ніжэй, не выяўлялі канкрэтных фактаў.

Мовазнавец, фалькларыст, музыказнавец і этнограф Ян Карловіч, ураджэнец вёскі Субартоніс у Літве, які з 1871 па 1882 г. жыў у маёнтках Падзітава (Воранаўскі раён) і Вішнеў (Смаргонскі раён), знаходзіўся ў ЗША ў 1876 г. 70 дзён і напісаў "Нарысы з філадэльфійскай выставы". Яго ўвагу, акрамя біблейскіх выданняў на індзейскіх мовах сярод прадстаўленых на 164 мовах і дыялектах ("Вядома, паміж імі знаходзяцца амаль усе славянскія мовы, але ёсць і такія, назваў якіх чытач, напэўна, ніколі не чуў, напрыклад, анейцюм, аймара, кры, дуала, эраманга, грэба [Aneityum, Aymara, Cree, Dualla, Eromanga, Grebo] і інш."), прыцягнулі археалагічныя калекцыі з Ілінойса і род-айлендская ваза з чыстага срэбра, на якой адлюстраваліся постаці "Індзейца і амерыканскага Піянера, самых заўзятых [najzawziаtszych] пакарыцеляў некранутай прыроды, першых працаўнікоў стэпу і пушчы", а таксама вялікі выраб з нікелю, пакрытага срэбрам, які паказвае прагрэс Амерыкі з 15 да 19 ст.: на адным баку урны - барацьба " дзікіх тубыльцаў Амерыкі" з прыродай, жывёламі, на другім - карціна, што сімвалізуе "спакойныя, вольная і магутныя Злучаныя Штаты".

Уладзімір Кавалеўскі - адзін з самых таленавітых вучоных беларускага паходжання. На жаль, тытанічная праца пагоршыла стан здароўя і перашкодзіла здзяйсненню многіх планаў Кавалеўскага. Але прымусова-добраахвотнае развітанне з жыццём з-за напружанай як дзелавой, так і асабістай сітуацыі - безадказны крок, з улікам таго, што страціла навука і выдавецкая справа ў асобе Кавалеўскага. Таксама і з Амерыкай. Магчыма, ён бы больш праехаў на Канадзе і ЗША і наведаў бы індзейскія раёны - як гэта было ў іншую эпоху ў выпадку з Максімам Эліясам (Эліяшэвічам), які праводзіў даследаванні як геолаг у Нябрасцы, Канзасе, Аклахоме і іншых штатах.

Калі на захадзе ЗША вяліся актыўныя пошукі выкапнёвых млекакормячых, сваё імкненне трапіць на месцы знаходак Кавалеўскі рэалізаваць не здолеў, але "што датычыцца цікавасці амерыканцаў да яго прац, то ў гэтых адносінах ён аказаўся прарокам, таму што нідзе метад Кавалеўскага не атрымаў такога шырокага прымянення і не даў такіх бліскучых вынікаў, як менавіта ў Амерыцы" (тут варта дадаць, што менавіта пры палеанталагічных вышуках знаходзіліся многія палеантрапалагічныя і археалагічныя прадметы).

Выехаў у Амерыку "па нафтавых справах" летам 1882 г., наведаў з'езд натуралістаў у Манрэалі, Гарвардскі ўніверсітэт па запрашэнні А. Агасіса, паспеў сустрэцца з калегамі-палеантолагамі - О. Маршам ў Нью-Хэйвене і Э. Копам ў Філадэльфіі, атрымаўшы ў падарунак каштоўныя матэрыялы, але ліст брата пра пагаршэнне становішча іх спраў вымусіў яго хутка вярнуцца.

Кавалеўскі пазнаёміўся ў Германіі з А. Брэмам, а ў Англіі з - Ч. Дарвінам і А. Уолесам, які таксама быў вядомы сваімі даследаваннямі па зоагеаграфіі (адна сустрэча адбылася ў ліпені 1872 г., другая, верагодна, у студзені 1881 г.). Калі ён не сустрэўся асабіста з капітанам "Бігля" Р. Фіцроем, то папулярызаваў яго, у прыватнасці яго кнігу "Практычная метэаралогія"

Сярод кніг, што выйшлі ў перакладзе, пад рэдакцыяй і ў выданні Кавалеўскага, такія дастаткова насычаныя індзеянісцкай інфармацыяй, як "Ілюстраванае жыццё жывёл" у чатырох велізарных тамах (1865-1868) А. Брэма, "Заалагічныя нарысы або старое і новае з жыцця людзей і жывёл" К. Фогта (т. 1, СПб., 1864), "Паходжанне відаў. Аддзел І. Змяненні жывёл і раслін праз прыручэнні. Прыручаныя жывёлы і вырашчаныя расліны" Ч. Дарвіна (т. 1-2, паводле розных бібліяграфій - 1867-1869 гг., пераклад У. Кавалеўскага "са згоды і пры садзейнічанні аўтара" пад рэдакцыяй І. М. Сечанава).

Цікава адзначыць таксама "не знойдзеную" кнігу "Голя" (Ч. Хола) "Два гады ў эскімосаў, падарожжа да паўночнага полюса" (СПб., 1865) адной з амерыканскіх арктычных экспедыцый, у якой удзельнічалі грэнландскія эскімосы, "Старажытнасць чалавека" Ч. Ляйэля (СПб., 1864), "Антрапалогія" Я. Малешота (СПб., 1865). Пра пераклад Малешота паведамлялася, што "прынятыя захады, каб рускі пераклад з'явіўся адначасова з арыгіналам".

Вядомы пісьменнік, ураджэнец Менска Ежы Путрамант, сябар шэрагу вядомых беларусаў, наведаў ЗША ў 1955 г.

Мы прагледзелі яго кнігу "Два глыткі Амерыкі" і знайшлі ў ёй практычна толькі адно важнае месца, якое адносіцца да нашай тэмы - і пры гэтым не да ЗША. Путрамант прыйшоў да высновы, што "амерыканскі дабрабыт не на экспарт. Злучаныя Штаты - вялікая дзяржава імперыялістычнага лагеру. Іх дабрабыт не з'яўляецца іх унутранай справай. Ён з'яўляецца адваротным бокам вялікай галечы Лацінскай Амерыкі. Багацце і тэхнічную перавагу Штатаў немагчыма ўявіць без галодных індзейцаў Балівіі, якая пастаўляе Штатам волава".

У кнізе пра рыбалку "З вудачкай праз тры кантыненты" (1968) і яе расшыранай версіі "З вудачкай праз чатыры кантыненты" (1971) ёсць глава "Белы чуку-чан" ("Bialy ssak", англ. white sucker), якая пачынаецца з успаміну пра лоўлю гэтай рыбы ў Амерыцы.

Путрамант апісаў сваё "індзейскае" дзяцінства, якое праходзіла перад пераездам у Ліду ў Новай Вілейцы.

"Яловыя ўзгоркі былі цёмныя, панурыя і ўрачыстыя. На іх было поўна вавёрак. Для гульняў падходзілі надзвычайна. Як, зрэшты, і ўсё навокал. Дастаткова было мінімальнага павароту нейкага ўнутранага шарыка, і пагоркі станавіліся раўнапраўным адпаведнікам Скалістых гор, ручаёк - Місісіпі, Альбарт - каманчам ці апачам. Уласна, мы знаходзіліся "на індзейскім этапе".

Але было нешта большае ў тых стэрэатыпных зацікаўленнях. Прыгадваю сабе сёння тыя часы і розныя іншыя, больш познія моманты і даходжу да высновы, што я ўжо ў той час быў моцна ўлюбёны ў прыроду. Выражалася гэта ў розных упадабаннях і захапленнях, сярод якіх "індзейства" было вельмі павярхоўным, неістотным і кароткачасовым. Па тых пагорках мы з Альбартам швэндаліся цалкам бязмэтава, па-просту, каб імі насыціца. Адзін з іх называўся Напалеонаўская гара. Быццам бы Напалеон на ёй снедаў пасля выступлення з Вільні. Але суседнія пагоркі былі больш крутыя, маляўніча пазарослыя. Мы іх паназывалі таксама. Потым зрабілі цэлую карту гэтай ваколіцы. Была на ёй Небяспечная гара (там якраз раслі тыя бессаромнікі...), гара Вавёрак, гара Альбарта, гары Ежага не было. Адчуваў, што гучала б гэта занадта звычайна. Не тое што Альбарт. У той жа час нашае замілаванне прыродай вельмі спецыфічна сканкрэтызавалася. Швэндаючыся па лугах над ручаём, па яловых загайніках, а ўжо, асабліва, па лясных палянках, поўных кветак, мы знайходзілі шмат насякомых, матылёў, жукоў, конікаў. Зрэшты, вучылі іх на ўроках прыроды. І Альбарт, і я пачалі іх збіраць хаатычна і абы як".

"Віленскія астаткі: зелень у Цялятніку і на Замкавай Гары. Мы атрымалі ў Філамацыі барвы і страшна гэтым ганарымся. Запісваем канікулярныя адрасы. Парубанак і Яшуны, Беняконі і Стасілы, Воранава і Бастуны, назвы як экзатычныя назвы плямён індзейцаў з "Песні пра Гаявата".

Пра Варшаву, куды паехаў вучыцца ў палітэхніцы: "Пасяліўся ў чатырохмесным пакоі недзе на сёмым ці шостым паверсе. Акно выходзіла ў глыбокую студню падворка. Звычаі жыхароў падаваліся мне дзіўнымі, як звычаі цалкам ізаляванага племені індзейцаў".

Цікава, што ў апавяданні Г. Сянкевіча "Успамін з Марыпозы" недалёка ад індзейцаў знаходзім нейкага Путраманта…

У час вайны Ежы Путраманту прыходзілі ў галаву параўнанні з індзейцамі. У артыкуле "Ноч над Масквой" ("Noc nad Moskwa", 1941) збіранне "скальпаў" - пазітыўны занятак.

"Масква самая прыгожая раніцай. […] Горад, горад будучыні, велізарная Масква перажыла чарговы авіяналёт і будзе стаяць вечна".

Збілі бамбардзіроўшчык. "Маладыя хлопцы, а іх у падраздзяленнях супрацьпаветранай абароны шмат, смяюцца з запальных бомбаў. На працягу некалькіх дзён сярод іх разгарнулася своеасаблівае спаборніцтва, хто больш згасіць гэтых бомб, збярэ стабілізатараў - гэта своеасаблівыя "скальпы". Самалёт нерухомы, крылы яго зламаныя, рухавік зламаўся".

У 1944 г. у артыкуле "Фабрыка смерці ў Майданэку" са скальпамі ўжо наадварот.

"Загінула столькі, колькі пар абутку тут ляжыць.

А абутку тут больш, чым носіць на сваіх нагах насельніцтва шматсоттысячнага горада.

Індзейцы з аповесцей Купера пахваляліся лікам забітых ворагаў; яны здымалі з забітых скальпы і насілі іх за поясам як рэчавы знак сваёй доблесці.

Немцы вось такіх скураных скальпаў набралі столькі, што не падняць іх і цэлай арміі.

Няхай не падумаюць, што я параўноўваю індзейцаў з немцамі. Тыя былі звычайнымі дзікунамі. Яны забівалі ў баі, самі рызыкуючы жыццём, і скальпы насілі без усялякіх прыкладных мэт.

Немцы забівалі бяззбройных і слабых. І здзіралі з мёртвых усё, што магло прынесці хоць капеечны прыбытак.

Немцы сапраўды вельмі запаслівыя. Нішто не знікае ў іх, акрамя чалавека, чалавецтва, чалавечнасці".

Здаралася, што індзейцы ўсё ж забівалі і "бяззбройных і слабых", але ўсе ж гэта была не сістэматычная дзяржаўная машына па знішчэнні - не была "фабрыка", як у немцаў у час ДСВ.

Валянцін Канстанцінавіч Лукашоў нарадзіўся ў 1938 г. у Ленінградзе ў сям'і прафесара, рэктара ЛДУ, які выступіў і ў ролі "дзяржаўнага менеджара" ў савецка-амерыканскіх адносінах (Амторг). Дзяцінства будучага вучонага праходзіла ў ЗША (1939-1944) і Маскве (1944-1953).

Мы звярнуліся да Валянціна Лукашова, спадзяючыся даведацца, што індзейскае запомнілася яму ў тым яго малым узросце, у якім ён жыў у ЗША (7.04.1992 № 76 Інстытут геахіміі і геафізікі Акадэміі навук Беларусі): "Мы азнаёміліся з Вашым нарысам у "Нёмане". Рыхтуем падрабязную гісторыю беларуска-індзейскіх сувязей; былі б удзячныя за кароткі агляд Вашых "індзейскіх" уражанняў, а таксама ўказанні на прамыя кантакты з індзейцамі Вашага бацькі (не сумняваемся, што яны былі ў Вашай сям'і падчас знаходжання ў ЗША, а ў Канстанціна Ігнатавіча - яшчэ і ў Мексіцы)". (У яго артыкуле "Прэзідэнт "Амторга", або ленд-ліз: як гэта было" ў "Нёмане" (1990, № 5) - толькі "індзейскае лета".) Адказу не было, а ў 1998 г. ён памёр ад спынення сэрца ў Швецыі (Упсала), дзе быў на сустрэчы геахімікаў.

Канстанцін Лукашоў у 1956 г. у час знаходжання ў Мексіцы ў складзе савецкай дэлегацыі на ХХ Міжнародным геалагічным кангрэсе меў магчымасць назіраць помнікі старажытнай культуры і сучаснае жыццё індзейцаў.

Паездкі тады па Мексіцы групы савецкіх геолагаў апісаў акадэмік Д. Шчарбакоў (нар. у 1893 г. у Навазыбкаве Чарнігаўскай губерні ў сям'і інжынера шляхоў зносін, які працаваў на чыгунках Беларусі і Украіны) у цікавых падарожных нататках.

Літ.:

4103 Karlowicz J. Szkice z wystawy filadelfijskiej 1876 r. // Biblioteka Warszawska. 1877. T. 1. Z. 1. S. 25-37.

12217 Дарвин Ч. Происхождение видов. Отд. 1. Изменения животных и растений вследствие приручения. Прирученные животные и возделанные растения / пер. с англ. с согласия и при содействии авт. В. Ковалевский; под ред. И.М. Сеченова, ботан. часть под ред. А. Герда. Т. 1-2. СПб., 1868. (2 т.: ил. в тексте и на отд. л.; 22. Изд. вышло в 7 вып.; на обл. вып. 1-4 дата: 1867; на обл. вып. 7: 1869.)

11984 Putrament J. Pol wieku: mlodosc. Warszawa, 1962.

4167 Putrament J. Dwa lyki Ameryki: reportaze. Warszawa, 1956.

4168 Putrament J. Puszcza: powiesc. Warszawa, 1966.

4169 Putrament J. Puszcza: powiesc. Warszawa, 1967.

11880 Путрамант Е. Паўвеку / пер. з пол. С. Судніка // Лідскі летапісец. 2010. № 4 (52); 2011. №1 (53); №2 (54); №3 (55); № 4 (56); 2012. № 1 (57); № 4 (60); 2013. № 1 (61); № 2 (62); № 3 (63); № 4 (64); 2014. №1 (65); №2 (66). (Пераклад па кн. "Паўвеку. Маладосць" (Варшава, 1962).)

692 Путрамент Е. Пуща / пер. с пол. Л. Кашкуревича и В. Киселева; послесл. М. Игнатова. М., 1970.

12503 Путрамент Е. Фабрика смерти в Майданеке // Славяне. 1944. № 9. Сент. 1944. С. 21-24. (Ежемесячный журнал Всеславянского комитета.)

12504 Путрамент Е. Фабрика смерти в Майданеке: впечатления современника // Новые исторические перспективы: от Балтики до Тихого океана. 2019. № 2 (15). С. 49-55. (С. 47-49 - уводзіны да тэксту, які перадрукаваны з часопіса "Славяне".)

1549 Лукашев В. К. Географические очерки природы Белоруссии. Мн., 1983.

2784 Лукашев В. К. Геологические аспекты охраны окружающей среды / ред. К. И. Лукашев. Мн., 1987.

1551 Лукашев К. И. Геология четвертичного периода. Мн., 1971.

6092 Вадковская И. К., Лукашев К. И. Химические элементы и жизнь в биосфере. Мн., 1981.

ГРЫНКЕВІЧ Мікалай (12) - пераклалі дзве часткі праекта на балгарскую мову два вядучыя індзеяністы Балгарыі: Дзімітр Венкаў і Любамір Кюмюрджыеў. Разам з Сандрай Бусата гэта адзіныя індзеяністы сярод перакладчыкаў у праекце. Пісьмовы кантакт з Дзімітрам і, адпаведна, балгарскім таварыствам "Арліны круг" (Българско индианско общество "Орловият кръг", Eagle Circle, https://www.eaglecircle.org) быў наладжаны ў 1992-1993 гг., а ў 2007 г. адноўлены па электроннай пошце. Любамір вядомы сваёй сувяззю з балгарскай версіяй "Нэшнл джыагрэфік".

Лісты ў Балгарыю і адказ ад людзей з народа, які мы ўспрымалі найбольшымі братамі сярод славянскіх народаў, - у сканах.

Балгары значна адсталі па прысутнасці ў Каліфорніі і ў цэлым у Амерыцы 19 ст. ад іншых славян - і ад беларусаў, і тым больш ад народаў колішняй Югаславіі, але ў пэўным сэнсе балгарскім эмігрантам можна лічыць доктара Руселя, які выехаў у Сан-Францыска з Плоўдзіва (да вызвалення ад туркаў ужывалася пераважна назва Філіпопаль), у якім жыў з 1881 па 1887 г.

Брашура Руселя 1895 г., у адрозненне ад тэкстаў пра канфлікт у Сан-Францыска ў іншых версіях, затрымалася са з'яўленнем у інтэрнэце, менавіта таму нашы ўрыўкі з яе служаць балгарам пэўнымі дадатковымі адкрыццямі. Яны нямала пісалі пра Русселя - з павагай, якая належыць чалавеку, які паўплываў на Хрыста Боцева і паўстанне супраць туркаў.

"Бих могъл да се отнеса с известно недоверие към жалбите на служителите (чиновниците) и свещениците, знаейки, че "гарван гарвану око не вади", както и че в тези недоволства вероятно има известно преувеличение - но не мога да остана равнодушен към оплакванията на беззащитните деца, върху които новият епископ е упражнявал своята власт на архипастир. Между другото при мен често идваше човек на име Гринкевич, завършил духовна академия и изпратен да бъде псалт в Америка като наказание за нетрезво поведение. Той разказваше възмутителни неща за училищните порядки и думите му изцяло потвърждаваха оплакванията на нещастните момчета. Помолих го да изложи писмено това, което ми бе разказвал за училищните безобразия. Гринкевич се съгласи да изпълни тази моя молба и написа долуизложената бележка, която прилагам дословно, тъй като тя превъзходно характеризира въведените от Владимир порядки. [trans. into Bulgarian by Lyubomir Kyumyurdjiev]

ЗА УЧИЛИЩЕТО

В училището има 23 момчета. Те са разделени на 3 класа. Класните стаи служат едновременно и за подготовка на домашните. Изобщо няма стая за отдих. Всички класни стаи (а също и спалните) се намират в сутерена. Две от тях са с толкова слабо осветление, че в средата на стаята вече не може да се чете печатна книга. Няма никаква вентилация. Влага и смрад. Втори клас и столовата се намират в една и съща стая.

Осемгодишните момчета са подложени на същия правилник и живеят по същия начин както и 15-годишните. Броят на заниманията е такъв: учебни занимания с учители 3 1/2 часа (от 1 1/2 до 5 след обяд); подготовка на уроците 3 часа (8 - 11 сутринта); пеене 2 часа (11 - 12 сутрин и 5 - 6 вечерта); църковна служба 2 часа (6 1/2 - 7 1/2 сутрин). В събота и на празници продължителността на службата е 6 часа дневно. Карат децата да носят дълги коси, поради което имат много въшки...

Епископа е присвоил парите, с които момчетата са пристигнали тук. На всички тях (12 души) са им били дадени пари за път, и от тези пътни на всеки са останали не помалко от 200 долара. Няколко човека от пристигналите момчета вече са изпратени в Аляска, и на нито едно от тях не са дали пари, даже за да си купи някакви дрешки, въпреки повече от очевидните нужди". [trans. into Bulgarian by Dimitar Venkov]

(Доктор Русел за Николай Гринкевич / прев. от рус. Любомир Кюмюрджиев // Веснік БІТ. 2014. 5 жн. № 43; Гринкевич, Николай. За училището / прев. от рус. Димитър Венков // Веснік БІТ. 2014. 15 ліп. № 39).

Літ.:

1135 Гілевіч Н. Верныя вялікім запаветам: сучасная балгарская паэзія. 1956-1976: літаратурна-крытычныя эцюды. Мн., 1977.

2243 Гілевіч Н. Голас незагойнай раны // Леўчаў Л. Мелодыя для флейты: Вершы / пер. з балг. і прадм. Н. Гілевіча. Мн., 1990. С. 3-12.

2466 Незнакомаў П. Банкаўскі чыноўнік з Фларэнцыі Амерыга Веспучы, або Сіла хлусні / пер. з балг. У. Анісковіча // Далягляды: літаратурны зборнік. Мн., 1977. С. 203-211.

978 Бонов А. Мифы и легенды о созвездиях / [пер. с болг. В. А. Карпова]. Мн., 1984.

4750 Караткевич У. Синевата и златото на деня / прев. Х. Берберов // Белоруски разкази. София, 1968.

3704 Короткевич (Караткевич?) В. Страна Цигания / прев. С. Владимиров // 10 белоруски разсказвачи. София, 1977.

8585 Макайонок А. Захвърленият апостол: пиеса // Сборник от репертоарни материали за самодейни колективи. София, 1971.

ПАШКОЎСКІ Леанід - відэаблогер-падарожнік, сюжэты якога на youtube.com уключаюць: "Індзейцы-трансы, маці грыбоў, вяселле з кракадзілам і лазня па-індзейску. Вар'яцкія традыцыі Мексікі"; "Каб дабрацца да вёскі індзейцаў у Коста-Рыцы, прыйшлося ісці праз джунглі"; "Індзейцы ў джунглях Панамы: секс, дэмакратыя, малітвы аб электрычнасці" ("Леанід Пашкоўскі прыляцеў з Беларусі ў рэспубліку Панама, каб паказаць нам, як жывуць без электрычнасці, а часам і нават без сцен, толькі з дахам над галавой, індзейцы ў глухой вёсачцы").

Прыклад больш падрабязнай анатацыі эпізоду з цыклу "Хачу дадому" пра Коста-Рыку: фінал 2 сезона (змешчана 23.07.2018):

"У фінале другога сезона "Хачу дадому" Лёня Пашкоўскі вырашыў абысціся без глабальных праблем і пякельнага трэшу, адпачыць ад небяспекі і наведаць спакойнае і прыемнае месца - вёску індзейцаў брыбры, карэннага народа Коста-Рыкі.

У мора аўтэнтыкі акунуцца не ўдалося, таму што брыбры ўжо даволі шчыльна ўпісаліся ў сучасны лад свету і доўга не маглі сцяміць, якую ж цану за наведванне вёскі назваць чалавеку, які прыйшоў у яе пешшу праз лес, а не прыплыў з гідам на лодцы.

Але пагаварыўшы па душах з выпадковымі жыхарамі вёскі, якія сустрэліся па дарозе, Лёня ўсё ж такі змог крыху даведацца пра культуру і традыцыі народа - атрымаўся кароткі канспект на хаду: пра матрылінейнасць індзейскага роду, легенды, веру ў бога і д'ябла, сексуальнае выхаванне і жыццёвую важнасць бананаў".

Літ.:

10106 Отдых с достоинством // Юрисконсульт. 2008. № 5 (нояб.). С. 225-128. (Otium cum dignitate = Отдых с достоинством (в пер. с лат.); "Увага! Акцыя! Стань дэтэктывам! Разгадай дэтэктыўную лагічную мініяцюру, апублікаваную ў № 3-5 часопіса"; "- Калі хочаце, я раскажу вам пра тое, як мне дасталася баявая сякера амазонскіх індзейцаў. - Гэта, напэўна, дзіўная прыгода! - [у]склікнула графіня Вольга. - Дзіўная і небяспечная, графіня, - сказаў Руселоўн. - Яна ледзь не каштавала мне жыцця".)

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou, researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, Indians, indigenas, indios de America y Belarus;Grinkevich On the School Project.

Маёнтак Падварышкі і суседнія Гайцюнішкі

Леанід Лаўрэш

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Верагодна, сядзібны парк плошчай у 3 га, быў заснаваны каля 1820 г. У старой частцы парку знаходзілася вузкая алея даўжынёй у 200 м з высокарослых ліп, пасаджаная ў выглядзе літары "L". Выгін яе галінаў ствараў сапраўдны тунэль 16.

Рышард Кярсоўскі, успамінаў: "У доўгай, але ўсяго ў некалькі метраў шырынёй, алеі з густа пасаджаных высокіх ліп, галіны дрэў на невымернай вышыні над галавой злучаліся як быццам скляпенні арак вузкага нефа ў гатычным саборы. Алея, пачыналася за некалькі дзесяткаў крокаў ад задняга ганка і потым паварочвала пад прамым вуглом. Такім чынам, з двух бакоў (з усходу і з поўдня) яна стварала перыметр парку. Па-сярэдзіне, паміж гэтымі алеямі, мелася як быццам круглая альтанка, якая складалася з аднолькавых лiпаў, iх ствалы датыкліся адзiн да аднаго ўнізе і крыху разыходзіліся ўверсе … і здалёк выглядалі вялізным букетам.

Такія ліпавыя алеі з альтанкай пасярэдзіне меліся і ў іншых суседніх сядзібах, ... але гэткіх, як у нас, ліп я ніколі больш не бачыў, нідзе больш ні на свае вочы, ні нават на фота не бачыў і такой альтанкі, як у Падварышках. Таму гэтая алея была прадметам асаблівай увагі фатографаў. Сам Ян Булгак, наш сябар і далёкі сваяк, доўгія гадзіны праводзіў у альтанцы, пісаў за садовым сталом свае нарысы з серыі "Блуканні фатографа" ("Wеdrоwki fotografa"), а прыгажосць дрэў, ствалоў і галін фіксаваў на шматлікіх фотаздымках, якія потым, да маміных імянін аформіў у тоўсты альбом. Гэты альбом, нягледзячы на яго дзіўны лёс, захаваўся і ляжыць сёння ў мяне на стале, таму, пакуль я гэта пішу, хоць алей ужо няма, яны не толькі стаяць маіх ў вачах, але і перад вачыма" 17.

Парк, занядбаны пасля Першай сусветнай вайны, упарадкавалі падчас будаўніцтва новага сядзібнага дома. Былі расчышчаны зарослыя пляцоўкі і пасаджаны новыя дрэвы, кусты і кветкі, галоўным чынам перад пад'ездам і ў непасрэднай блізкасці ад яго. Каштоўным помнікам у складзе сядзібных забудоў з'яўляўся стары драўляны шасцігранны будынак лядоўні, накрыты саламяным дахам. Лядоўню шчыльна абкружалі ліпы, падобныя да тыя, што былі на алеі. Гэта пабудова згарэла ў 1944 г. 18 Прафесар Кярсноўскі пісаў: "Асабліва захапіла мастака (Яна Булгака - Л. Л.) лядоўня - шасцігранная пабудова з тоўстых бярвенняў, складзеных у зруб, накрытая канічнай саламянай страхой, накшталт футравай шапкі. Нізкія дзверы вялі ўнутр, у цемнату і прахалоду ад вялікіх кавалкаў лёду, якія ляжалі глыбока ў яме і былі пакрытыя пілавіннем. Лёд паходзіў з сажалкі ля млына, наразаўся і звозіўся на санях у канцы зімы, калі яго таўшчыня дасягала некалькіх дзесяткаў сантыметраў. Ён трымаўся ўсё лета, бо да ўсяго, лядоўня была акружана цесным колам цяністых ліп, такіх жа, як і ў алеі, з якой ён суседнічаў, і ліпы ледніка, можна сказаць, складалі арганічнае цэлае з ліпамі алей. Ствалы чапляліся за сцены будынка, угрызаліся ў яго дах і падпіралі яго, а гэта значыць, што лядоўня і дрэвы былі аднолькава старыя. Адны казалі, што пабудова гэтая нагадвае нейкае паганскае капішча, іншыя здзіўляліся, што ж такога цікавага ўбачыў у гэтай халупе добры фатограф, які зняў яе з усіх бакоў і такім чынам выратаваў ад забыцця помнік, якога ўжо няма, бо ў канцы вайны агонь перакінуўся з палаючага побач хлява на саламяны дах, ахапіў ляднік і абвугліў навакольныя ліпы" 19.

У другой паловы ХІХ ст. у парку з'явілася алея каштанаў, якая ішла паралельна галоўнай восі дома і заканчвалася высокай лістоўніцай. Пад лістоўніцай ляжаў прывезены з поля вялікі і шурпаты валун, які нібыта быў метэарытам. Яловая алея аблямоўвала больш новую частку парка. Сярод многіх іншых відаў дрэў у парку раслі вялізныя бярозы 20.

"Над алеямі, над альтанкай, над вялізнай лістоўніцай, над домам і над усім светам было неба, адрознае ад усіх нябёсаў у блізкіх і далёкіх краінах. Гэта ведалі ўсе, хто нарадзіўся пад гэтым небам, ці доўга пад ім жыў. Менавіта пра гэтае неба калісьці казаў граф Тадэвуш Сапліца, а Фердынанд Рушчыц маляваў гэтае неба, пагрозліва завіслае над раллёй, і Ян Булгак здымаў яго ў прыгажосці аблокаў, што бялеюць над паркам. Як сцвярджаў селянін Балуць, які пасля свайго нараджэння нікуды не сыходзіў з сядзібы больш, чым на некалькі дзён, менавіта тут быў цэнтр неба, тут была самая высокая кропка, і таму, калі часам ішоў дождж у Рымшышках ці Беняконях - у Падварышках было суха, а часам здаралася і наадварот, бо самі ведаеце - усё ж тут "сярэдзіна нябёс". Больш пераканаўчымі былі сведчанні метэарыта. Яшчэ перад Першай сусветнай вайной плуг наляцеў на ўкапаны ў зямлю валун. Калі яго адкапалі, дык убачылі дзіўны камень, які меў форму амаль паўсферы, дыяметрам амаль што ў метр, цёмны, нібы жалезны, шчыльны, увесь пакрыты глыбокімі звілістымі дзіркамі, як нейкі шлак, губка, ці кавалак дрэва, з'едзены гіганцкімі караедамі. Мой дзед загадаў прывезці яго ў парк і паставіць каля лістоўніцы - ніхто не сумняваўся, што гэта метэарыт. Мне ніколі не ўдавалася сустрэць падобнага экзэмпляра ні ў геалагічных музеях, ні ў іншых парках, і таму, напэўна, менавіта тут быў цэнтр неба, з якога некалі зваліўся такі ўнікальны камень. Магчыма, гэта здарылася ў канцы жніўня, бо тады часцей за ўсё мы бачылі падаючыя зоркі 21 , якія згасалі над дрэвамі саду Падварышак" 22 - гэтак рамантычна апісваў родныя мясціны гістарычнай Лідчыны Рышард Кярсноўскі.

Заўважу аднак, што гэты дзіўны камень, пра які так прыгожа расказаў Кярсноўскі, на жаль, - не метэарыт. Высновы спецыялістаў адназначныя - гэты камень з'яўляўся жвірова-галечна-валунным кангламератам. Гэтая парода ўтварылася пад ціскам ледніка пры ўдзеле мінералізаваных раствораў. Такіх камянёў шмат, і яны не ўяўляюць ніякай цікавасці для навукоўцаў з пункту гледжання навукі метэарытыкі 23.

Але, бясспрэчна, галоўным і самым прыгожым для кожнага з нас з'яўляецца неба нашай радзімы, неба нашага дзяцінства: "Нябесны купал быў не вельмі шырокі. Ён ахопліваў мястэчка Беняконі, дзе ўзвышаліся дзве касцельныя вежы, а таксама воданапорную вежу на чыгуначнай станцыі, званую па-руску "водокачка". Пад гэтым купалам знаходзіўся склад і сядзібны дом у Старых Беняконях, абаронены высокімі дрэвамі - нашым бліжэйшым наваколлем і месцам летніх шпацыраў да сажалкі, у якой мы купаліся" 24.

Кярсноўскі апісвае і маёнтак Старыя Беняконі з сямейнымі могілкамі свайго роду: "Захапленне выклікала вісеўшая на сцяне у сядзібе Старыя Беняконі мядзведжая шкура - былы трафей аднаго з паноў Галімонтаў - мядзведзяў тут даўно ўжо не было. Меўся тут таксама фотаздымак гэтай сядзібы ў рамцы з подпісам Юзафа Пілсудскага, зробленым на памяць пра начлег у Старых Беняконях, куды ён увайшоў вясной 1919 г., калі ішоў з войскам па лідскай дарозе на Вільню. У той жа час і ў нашы Падварышкі зайшлі некалькі маладых жаўнераў, якія пагрозліва патрабавалі ежы, з якой, пэўна, мелі цяжкасці. А мой дзед Раман Рымша шырока-насцеж раскрыў рукі і сказаў: "Бярыце ўсё, што трэба", - і радаваўся, што дажыў да гэтай хвіліны. Аднак радасць яго была нядоўгай, бо праз некалькі месяцаў ён захварэў на тыф. Калі памерлі мой дзед, а потым яго брат Эдвард з Гайцюнішак і сястра Марыя, - яшчэ раней, усе разам для сябе яны пабудавалі дом і двор на ўскрайку лесу, паміж двума радавымі сядзібамі і назвалі іх Рымшышкамі, тут для нашых сямейных могілак адвялі месца на невялікім пагорку і першым прынеслі ў ахвяру майго дзеда. Пазней тут дадаліся яшчэ дзве рымшаўскія магілы ..." 25.


І напрыканцы некалькі слоў пра апошняга гаспадара Падварышак Рышарда Кярсноўскага. Ён нарадзіўся 4 лістапада 1925 г. у Вільні ў сям'і абшарніка і віленскага адваката Тадэвуша Кярсноўскага і Ганны з Рымшаў, дзяцінства правёў у Вільні і ў Падварышках. Вучыўся ў славутай Віленскай гімназіі імя Жыгімонта Аўгуста. Прафесар Рышард Кярсноўскі, быў членам Польскай акадэміі ведаў і Варшаўскага навуковага таварыства, напісаў 11 кніг і каля 200 артыкулаў, пераважна ў галіне нумізматыкі і гісторыі грошай у Сярэднявеччы. Памёр у Варшаве 7 ліпеня 2006 г. пасля працяглай і цяжкай хваробы. Пахаваны на Павонзкаўскіх могілках.

Дадатак

Рышард Кярсноўскі

Гісторыя Гайцюнішак

Сярод нешматлікіх помнікаў ваеннай архітэктуры асаблівае месца займае замак у Гайцюнішках, мястэчку, якое знаходзіцца за 45 кіламетраў на поўдзень ад Вільні.

Гэты аб'ект, які называюць замкам ці ўмацаванай сядзібай, не толькі рэдкі ўзор невялікай фартэцыі пачатку XVII ст., але таксама месца, дзе адбываліся значныя гістарычныя і літаратурныя падзеі. Прыгледзімся да гэтага будынка і ягоных ваколіц больш уважліва

Водны замак

Гэты мураваны двухпавярховы будынак, які мае форму прамавугольніка з памерамі каля 35 на каля 20 метраў, з круглымі вежамі на ўсіх чатырох кутах якія маюць вузкія байнічкі. Вежы злучаны са сценамі таўшчынёй у паўтара метра, а ў цэнтральнай частцы маецца квадратная ў плане, трох'ярусная вежа па тыпу рызаліта, пад якой знаходзіўся ўваход у замак і лесвіцы. Высокі вальмавы дах, першапачаткова быў пакрыты дахоўкай, пазней замененай на гонту. На першым і другім паверхах ёсць вокны, першапачаткова крыху вузейшыя, чым зараз. Замак быў акружаны няісным сёння ровам, які забяспечваўся вадой з ракі Жыжма, што цячэ побач і ўпадае ў Гаўю (правы прыток Нёмана). Унутраная частка замка падзелена на некалькі пакояў, на першым паверсе размяшчалася вялікая зала, якая займала палову будынка. У склепе меўся калодзеж. Самую раннюю выяву гэтага замка зрабіў Напалеон Орда ў 1877 г., а самы старыя фотаздымкі - Ян Булак у 1912 г.

Такі тып невялікіх, можна сказаць, кішэнных замкаў, якія з'яўляліся рэзідэнцыямі буйных рыцарскіх родаў, вядомы ў Нідэрландах, а таксама ў паўночнай Францыі і Вестфаліі, дзе яны атрымалі агульную назву "замкі на вадзе" (Wasserschlаsser), бо звычайна размяшчаліся "на вадзе", на востраве, да якога можна дабрацца толькі па мосце. Нягледзячы на тое, што гэтыя цвердзі было няцяжка заваяваць, яны давалі абарону ад малых вайсковых частак, а таксама ад розных бандытаў і марадзёраў, якіх было шмат падчас войнаў, асабліва ў XVII ст. Замак у Гайцюнішках добра ўпісваецца ў гэтую схему, што нядзіўна, калі ўспомніць, што ён быў пастаўлены ў 1611-1612 гг. віленскім гараднічым, галандцам па паходжанні Пятром Нонхартам, які ў 1590 г. атрымаў набілітацыю за свае заслугі падчас войнаў Баторыя і набыў шмат зямлі, на якой пабудаваў сваю ўмацаваную рэзідэнцыю. Фактычным будаўніком замка быў іншы галандзец, Ван Данэн, які, верагодна, для гэтай мэты прыехаў з Нідэрландаў. Абодва яны, дзейнічаючы разам, перанеслі на землі Вялікага Княства той заходні ўзор, якога раней у нас не было.

Гайцюнішкі, аднак, не ствараліся на цалкам пустым месцы. Прыкладна за паўкіламетра ад замка, таксама на беразе Жыжмы, знаходзіцца мясціна, вядомая ў народзе як "Стары замак" або "Старае замчышча". Таму можна меркаваць, што і раней тут існаваў падобны аб'ект, але пра яго нічога не вядома з пісьмовых крыніц, таксама не засталося і слядоў якой-небудзь пабудовы, застаўся толькі невысокі вал, які даходзіць да Жыжмы і зарослы рэдкім хмызняком невялікі прырэчны пагорак. Гэта можа сведчыць аб тым, што раней тут было старажытнае паселішча. Аднак ніякі археолаг рыдлёўкай тут не капаў а апошнія ўладальнікі і жыхары Гайцюнішак казалі, што ў міжваенны час на гэтым месцы часта з'яўляліся ваўкі, магчыма, спакушаныя таямніцай нашай глушы.

Неўзабаве маёнтак Гайцюнішкі папоўніўся пратэстанцкім зборам, пабудаваным у 1633 г. дачкой Пятра Нонхарта Зузаннай за некалькі сотняў крокаў ад замка. Гэта быў аднанефавы прамавугольны ў плане будынак з аднасхільным дахам і сыгнатуркай, з масіўнымі контрфорсамі, крытымі шыферам. Шырокая піўніца служыла некропалем для ўладальнікаў Гайцюнішак, якія ад Пятра Нонхарта і далей, былі ў асноўным евангелістамі. Гэта сведчыць аб тым, што замак, акрамя абарончых функцый, быў яшчэ і рэзідэнцыяй, цэнтрам дысідэнтаў (пратэстантаў), пра што сведчаць імёны наступных мецэнатаў ажно да XVIII ст. У той час на Жыжме тут жа існаваў невялікі гаспадарчы комплекс з млыном, сажалкай, карчмой і маставым мытам, а таксама з папяровай фабрыкай, будынак якой стаяў на беразе ракі і бачны на згаданым вышэй малюнку Напалеона Орды.

Уладальнікі

Праз спадчыну, арэнду ці продаж, а перш за ўсё ў выніку шлюбаў маёнтак Гайцюнішкі пераходзіў у рукі ўсё новых і новых гаспадароў. Першыя звесткі пра іх паходзяць з 1562 г., калі маёмасць была перададзена ўрадніку вялікага князя Лукашу Ленскаму, але неўзабаве, ужо ў 1589 г., Ленскі прадаў маёмасць Себасцьяну Пакошу, у якога каля 1600 г. яе набыў ужо вядомы нам Пётр Нонхарт. Яго дачка Зузанна прынесла Гайцюнішкі ў пасаг ваяводзе наваградскаму Юрыю Храптовічу. Гайцюнішкі заставаліся ў руках гэтага магутнага роду прыкладна да 1660 г., калі за 45 000 злотых былі набыты палкоўнікам Вільгельмам Корфам, прыдворным Яго Каралеўскай Мосці.

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

14 Адынец А. Э. Успаміны пра мінулае. С. 324., 352.

15 Aftanazy Roman. Dzieje rezydencji … T. 4. S. 289.

16 Там жа. S. 290.

17 Kiersnowski Ryszard. Tam i wtedy w Podweryszkach… S. 4.

18 Aftanazy Roman. Dzieje rezydencji … T. 4. S. 290.

19 Kiersnowski Ryszard. Tam i wtedy w Podweryszkach… S. 4.

20 Aftanazy Roman. Dzieje rezydencji … T. 4. S. 290.

21 Маецца на ўвазе метэорны паток Персеіды, актыўнасць якога прыходзіцца на жнівень.

22 Kiersnowski Ryszard. Tam i wtedy w Podweryszkach… S. 8.

23 Бутов Илья, Алексинский Вадим. Аномалии и загадки Вороновского района // https://www.ufo-com.net/publications/art-8936-anomalii-voronovskogo-raiona.html.

24 Kiersnowski Ryszard. Tam i wtedy w Podweryszkach… S. 10.

25 Там жа.

У Гарадзенскай вобласці праводзіцца літаратурны конкурс імя М. Багдановіча

Гарадзенскім абласным выканаўчым камітэтам 30 чэрвеня прынята рашэнне № 332, якім прадугледжана заснаванне абласнога літаратурнага конкурсу імя М. Багдановіча і зацверджана Інструкцыя аб парадку яго правядзення.

Конкурс накіраваны на: папулярызацыю дзейнасці пісьменнікаў Гарадзенскай вобласці; стымуляванне стварэння высокамастацкіх літаратурных твораў; выяўленне таленавітых аўтараў і новых імёнаў у літаратуры; павышэнне статусу пісьменніка ў грамадстве.

Удзельнічаць у мерапрымстве можа аўтар літаратурнага твора, які на дату падачы заяўкі дасягнуў 18-гадовага ўзросту і зарэгістраваны (фактычна пражывае) на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці.

Да ўдзелу дапускаюцца адзін ці некалькі аўтараў у некалькіх намінацыях з рознымі творамі.

Інструкцыяй вызначаны наступныя намінацыі: "Паэзія"; "Проза"; "Дзіцячая літаратура"; "Публіцыстыка і краязнаўства"; "Літаратуразнаўства і крытыка"; "Драматургія"; "Адкрыццё года".

На конкурс прадастаўляюцца неапублікаваныя раней літаратурныя творы на дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь. Размяшчэнне літаратурных твораў або іх фрагментаў у сацыяльных сетках і інтэрнэце прыраўноўваецца да публікацыі.

Мерапрыемства будзе праводзіцца Гарадзенскім аблвыканкамам раз у два гады.

НПІП, Аблвыканкам.

З добрым настроем да людзей

Вакальны калектыў "АЛЬТАНКА" стварае добры летні настрой жыхарам вёсак Лідскага раёна.

На мінулым тыдні яны забраліся ў Несікоўшчыну і Навасёлкі Дубровенскага сельсавета.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX