Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 24 (76) 


Дадана: 13-06-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 24 (76), 14 чэрвеня 2023 г.

ХХII Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі "МАЛАДЗЕЧНА - 2023"

Увечары 9 чэрвеня ў летнім Амфітэатры прайшло щрачыстае адкрыццё ХХII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі "Маладзечна - 2023".

Па традыцыі яно пачалося з віншавальнага прывітання ад кіраўніка дзяржавы. Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Мечыслававіч Маркевіч зачытаў прывітальны адрас А.Р. Лукашэнкі.

Жыхароў і гасцей г. Маладзечна парадавала канцэртная праграма "Усе зоркі сышліся" з удзелам артыстаў тэлевізійных праектаў "Х-Фактар", "Фактар.BY". Нязменным удзельнікам і душой фестывалю стаў Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі" пад кіраўніцтвам Максіма Рассохі, у суправаджэнні якого былі прадстаўлены музычныя выступленні.

Канцэрт меў незвычайны фармат: удзельнікі праграмы, маладыя таленты, перанесліся ў розныя часы гісторыі Беларусі. Па задумцы аўтараў, пражыўшы гісторыю кожнага часу, героі вярнуліся ў сучасны свет з разуменнем важнасці і гонару за сваю краіну.

У гонар фестывалю завяршэннем першага святочнага дня стаў яркі феерверк.

На пляцоўцы Палаца культуры падчас Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі "Маладзечна - 2023" адбылося адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар М.Я.Фінберга. Народны артыст Беларусі, славуты савецкі і беларускі дырыжор, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі бязмежна любіў Беларусь і аддана служыў культуры. Міхаіл Якаўлевіч стаяў ля вытокаў фестывалю, а яго аркестр стаў своеасаблівым брэндам форуму. Сёння фестываль выкон-вае важную місію па захаванні беларускай музычнай спадчыны.

З урачыстымі словамі на мерапрыемстве выступілі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч, старшыня Маладзечанскага райвыканкама Юрый Горлаў. На адкрыцці таксама прысутнічалі салісты Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь "Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я. Фінберга".

Мемарыяльная дошка - работа скульптараў Уладзіміра Слабодчыкава, Арцёма Мядзведзева і архітэктара Віктара Карако.

Прадстаўнік Менскай вобласці Данііл Савеня стаў уладальнікам Гран-пры і спецыяльнай прэміі імя Уладзіміра Мулявіна на Нацыянальным конкурсе маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні

На сцэне Палаца культуры г. Маладзечна 10 чэрвеня адбыліся ІІ і ІІІ туры рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.

У конкурсе прымалі ўдзел маладыя спевакі з 6 абласцей і горада Менска. Асаблівасцю гэтага года - жывая трансляцыя конкурсу на тэлеканале "Беларусь 3".

Падчас ІІ тура ўдзельнікі праявілі свае вакальныя здольнасці пад фанаграму "-1". Выступленні прайшлі на высокім узроўні і парадавалі публіку. III тур прайшоў у суправаджэнні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь "Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я. Фінберга" пад кіраўніцтвам Максіма Рассохі.

Пераможцам конкурсу і ўладальнікам спецыяльнай прэміі імя Уладзіміра Мулявіна стаў прадстаўнік Менскай вобласці Данііл Савеня. Першае месца лаўрэата ў яшчэ аднаго прадстаўніка Менскай вобласці Маргарыты Шыбаевай. Другое - падзялілі Аляксандр Журовіч (г. Менск) і Аляксандр Малашэнка (Віцебская вобласць). Трэцяе месца дасталося прадстаўніку Магілёўскай вобласці Дар'і Часлаўскай. Урачыстае ўзнагароджанне лаўрэатаў конкурсу адбылося на сцэне летняга Амфітэатра падчас канцэрта-закрыцця.

На сцэне канцэртнай залы Палаца культуры адбыўся творчы вечар "Добрыя людзі" заслужанага дзеяча мастацтваў, беларускага кампазітара і выканаўцы Алега Мікалаевіча Елісеенкава.

Сцэну ўпрыгожвалі старыя фотаздымкі горада Маладзечна, гучалі ўсім знаёмыя кампазіцыі і панавала душэўная атмасфера. На працягу ўсяго канцэрта не спыняліся гучныя авацыі і апладысменты. Публіка з цеплынёй і любоўю сустракала Алега Елісеенкава, які вырас у Маладзечне.

У канцэртнай праграме прынялі ўдзел заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Алена Сало, Алег Сямёнаў, саліст Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь "Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я. Фінберга" Аляксандр Салаўёў, саліст Маладзёжнага тэатра эстрады Яўген Ермалковіч, Алеся Шэстак, а таксама маладзечанскія артысты: народны вакальны ансамбль "Менестрэлі" і народны ансамбль папулярнай музыкі "Крашчэнда", Алеся Кульша, Павел Данілаў, Дзіяна Бажко, Мілана Соніч і іншыя.

Міністэрства культуры. ФОТА: Я. Стэльмах і www.belta.by.

У гарадах Беларусі прайшлі шматлюдныя працэсіі Божага Цела

У нядзелю 11 чэрвеня па вуліцах Менска прайшла традыцыйная эўхарыстычная працэсія. Працэсіі прайшлі і ў іншых гарадах.

Раніцай духавенства і вернікі з усіх парафій беларускай сталіцы сабраліся каля касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы.

На палявым алтары, усталяваным побач з залатагорскай святыняй, адбылася святая Імша, якую ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Разам з прадстаўніком Папы Францішка ў нашай краіне маліліся Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Генеральныя вікарыі архідыяцэзіі біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, а таксама больш за два дзясяткі душпастыраў, якія нясуць служэнне ў сталіцы, у тым ліку і з грэка-каталіцкай супольнасці.

Працэсія з Залатой Горкі рушыла ў бок плошчы Перамогі. На пачатку шэсця неслі крыж, далей ішлі мужчыны з касцельнымі харугвамі, а таксама прадстаўнікі каталіцкіх рухаў і супольнасцяў са сваёй сімволікай. Дзеці ў белых строях неслі падушачкі з рэлігійнай атрыбутыкай.

Чатыры святары неслі трон з усталяванай на ім манстранцыяй з Целам Хрыста, перад якім дзяўчынкі пасыпалі пялёсткі кветак са словамі малітвы.

У працэсіі ішлі шматлікія вернікі, многія - цэлымі сем'ямі, у тым ліку з маленькімі дзецьмі. Людзі маліліся, спявалі псалмы і рэлігійныя спевы, праслаўляючы імі Бога.

Калі працэсія выйшла на плошчу Перамогі, духавенства з Найсвяцейшым Сакрамэнтам прайшло на цэнтр, да манумента, дзе побач з Вечным агнём быў усталяваны другі алтар, а ўсе астатнія ўдзельнікі засталіся на ходніках.

Перайшоўшы па мосце цераз Свіслач, удзельнікі працэсіі скіраваліся па праспекце Незалежнасці да Кастрычніцкай плошчы, дзе быў усталяваны трэці алтар. Там, каля палаца Рэспублікі, у ганаровай варце перад Езусам у Эўхарыстыі стаялі юныя ўдзельнікі каталіцкага скаўцкага руху ў сваёй адметнай форме і са штандарам, на якім змешчаная выява скаўцкай лілеі - сімвала Маці Божай на фоне крыжа.

Апошні, чацвёрты алтар быў падрыхтаваны каля менскага кафедральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі. Цэнтральны фасад галоўнай святыні архідыяцэзіі ўпрыгожвала копія абраза Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі, 25-годдзе з часу каранацыі якой адзначаецца сёлета.

На заканчэнне арцыбіскуп Юзаф Станеўскі выказаў падзяку ўсім удзельнікам працэсіі, перадусім прадстаўніку Папы Францішка ў нашай краіне нунцыю Антэ Ёзічу.

Паводле СМІ. Фота: Catholic.by.

Дзень Святой Тройцы ў Крупаве

Дзень Святой Тройцы ўрачыста адзначылі ў Крупаўскім касцёле, які і носіць гэтае імя. Незадоўга (праз год-другі) святыня ў Крупаве, што на Лідчыне, будзе святкаваць свой юбілей - 100 год. Вялікую гісторыю захоўвае ў сабе мясцовы храм.

У нядзелю, 4 чэрвеня тут адбыўся фэст, парафіяльнае свята. У касцёл, які носіць імя Святой Тройцы, прыехаў і біскуп з Гародні Аляксандр Кашкевіч. У гэты дзень епіскап Гарадзенскай дыяцэзіі ўдзяліў сакрамант бежмавання. І гэта добра. Парафіяне задаволены, бо былі агорнуты ласкай Божай, шчырымі малітвамі... А што больш трэба!

Наш кар.

У Клімавіцкім раёне аралі ваду

Пачатак лета выдаўся засушлівым, а вільгаць цяпер вельмі неабходная, таму ўдзельніцы народнага фальклорнага ансамбля "Астранка" з вёскі Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна вырашылі стымуляваць прыроду, правёўшы старадаўні абрад "Зазыванне дажджу", піша раённая газета "Родная ніва".

Узяўшы з сабой саху і пугу, жанчыны сабраліся каля ракі Асцёр. Прачыталі малітву "Ойча наш", перахрысціліся і згодна з абрадам вымавілі такія словы: "Дай, Госпадзі, дапамажы, Госпадзі, прынясі вятры, прынясі нам хмары, палі зямельку, напаі травы, поле, лясы, дай жыцця нашай зямельцы, каб добра ўрадзіла і ўсіх напаіла…".

Далей, паводле раённай прэсы, "раптам, у адно імгненне, як па ўзмаху чароўнай палачкі, пайшоў дождж, бо хвіліну таму свяціла сонца і на небе не было ніводнай хмаркі. Вось і не вер пасля гэтага ў магічную сілу старажытных рытуалаў".

Але абрад на тым не скончыўся, яго трэба было абавязкова завяршыць, каб ападкі выпадалі ў патрэбны час і ў патрэбнай колькасці. Таму жанчыны ў святочных кашулях зайшлі ў ваду і пачалі цягнуць па дне ракі плуг - "аралі ваду". Прычым, дзве цягнулі плуг, трэцяя ішла за ім, а яшчэ адна пугай паганяла, астатнія ж спявалі абрадавую песню "Ой, не стаяла б ды белая бярозачка над вадою".

У 2016 годзе традыцыйны абрад "Зазыванне дажджу" быў унесены ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Засуха - з'ява не рэдкая для ўсёй Беларусі. Таму і абрад арання вады (ракі, возера) ведалі таксама па ўсёй краіне.

Паводле СМІ.

Чарговае даследванне гарадзенскіх навукоўцаў

Культурная спадчына Уніяцкай Царквы Беларусі (1596-1839 г.) / С. В. Марозава, С. П. Марозаў - Гродна: "ЮрСаПрынт", 2023. - 298 с. ISBN 978-985-7257-71-3.

У Гародні выйшла чарговая кніга С. В. Марозавай і С. П. Марозава "Культурная спадчына Уніяцкай Царквы Беларусі (1596-1839 г.)". Манаграфія прысвечана ўдзелу Уніяцкай Царквы Беларусі (1596-1839 г.) у культуратворчых працэсах канца XVI - першай паловы ХІХ ст. і яе ўкладу ў развіццё адукацыі, кніжнай культуры, архітэктуры, скульптуры, жывапісу, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, музыкі і тэатра Беларусі. Паказаны лёс культурнай спадчыны Уніяцкай Царквы ў ХІХ ст.

Прааналізавана гістарыяграфія царкоўнай Уніі як з'явы культуры. Гістарычна-культурная спадчына Уніі і адраджэнне Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы разгледжаны скрозь прызму сучаснага канцэпту "месцы памяці".

Кніга прызначана для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй і культурай Беларусі.

Наш кар.

LIDBEER вяртаецца

Арганізатары распавялі падрабязней аб LIDBEER-2023

2 верасня фэст LIDBEER збярэ дзясяткі тысяч беларусаў у адным месцы, каб адсвяткаваць 700-годдзе Ліды. У гонар гэтай значнай даты фэст будзе бясплатным, пра гэта паведамляецца ў прэс-рэлізе кампаніі.

Галоўным адрозненнем LIDBEER-2023 ад мінулых фэстаў стане яго абноўлены фармат пад слоганам "Аб'ядноўваем розных". Лідзян і гасцей горада чакаюць адразу некалькі фэстаў у адным: музыкі, ежы і феерверкаў. На цэлы дзень Ліда ператворыцца ў велізарную пляцоўку з квэстамі, фуд-кортамі, зонамі адпачынку і, вядома ж, з музыкай.

У гэты раз музыка будзе гучаць не з адной сцэны, як гэта было на папярэдніх фэстах, а з трох. Традыцыйны рок-фэст дапоўняць поп і фолк выканаўцы, а каля замкавай сцяны на працягу ўсяго дня будуць граць DJ-сэты.

Падчас выступаў можна будзе папесціць сябе смачнай ежай. На тэрыторыі фэсту размесцяцца каля 200 розных ятак, прычым не толькі са звыклым і любімым многімі фастфудам. Нават самыя спрактыкаваныя гурманы знойдуць штосьці па гусце: тут і веганскія стравы, і карысная ежа, а яшчэ разнастайнасць нацыянальных кухняў.

Упершыню ў рамках LIDBEER пройдзе фэст феерверкаў. Іх будзе на свяце шмат: апроч вялікага вячэрняга завяршальнага салюту, можна будзе нацешыцца і некалькімі дзённымі.

LIDBEER-2023 абяцае аб'яднаць дзясяткі тысяч людзей з рознымі густамі і стаць для кожнага святам, напоўненым яркімі эмоцыямі і незабыўнымі ўражаннямі.

А пакуль што, калі ласка, у Музей лідскага бровара. Там вельмі цікава.

Lidskae.

Восем выпускнікоў школ Лідскага раёна ў 2023 годзе атрымалі 100 балаў па беларускай мове

Урачыстая цырымонія ўручэння медалёў і атэстатаў з адзнакаю лепшым выпускнікам школ і гімназій Лідскага рэгіёна прайшла 10 чэрвеня 2023 года

Святочны вечар пачаўся на Кургане Неўміручасці з ускладання кветак да яго падножжа і тэатралізаванай праграмы. Так выпускнікі аддалі даніну памяці і павагі тым, дзякуючы каму ў іх ёсць магчымасць жыць, вучыцца, будаваць планы на будучыню.

Пасля выпускнікі дружнай калонай адправіліся ў Палац культуры, які стаў урачыстым эпіцэнтрам усіх падзей.

А за два дні да гэтага сталі вядомыя вынікі другога цэнтралізаванага іспыту, які праходзіў 21 траўня па навучальных прадметах на выбар. Па выніках двух уступных выпрабаванняў выпускнікамі Лідскага раёна атрыманы 41 стобалльный вынік. Уладальнікамі сертыфікатаў адразу па двух прадметах стануць пяць выпускнікоў Лідчыны.

11 максімальных вынікаў у гімназіі, па 4 - у СШ №1, №15, №16; па 3 - у СШ №17, СШ №2 г. Бярозаўкі, Крупаўскай СШ; па 2 - у СШ №8 і Мінойтаўскай СШ. Найвышэйшыя балы таксама ў выпускнікоў ліцэя, СШ №9 імя А.В. Нічыпорчыка, СШ №1 г. Бярозаўкі і Бярозаўскай СШ №3.

Уладальнікамі сертыфікатаў адразу па двух прадметах стануць 5 выпускнікоў:

Сабаткоўская Ксенія і Лашко Ангеліна (гімназія),

Нікановіч Вольга (СШ №8),

Дычак Паліна (СШ №16),

Кашлей Вераніка (Крупаўская СШ).

У тым ліку, 15 стобальных вынікаў па рускай мове, 8 - па беларускай мове.

Сярод профільных прадметаў ЦЭ лідыруе матэматыка (8), 4 максімальныя вынікі па грамадазнаўстве, 3 - па хіміі, 2 - па ангельскай мове.

Жадаем нашым дзецям паспяховай здачы ЦТ!

Няхай усё ў вас атрымаецца!

https://lidanews.by/news/molodezh/29623news.html

Навіны Германіі

Abiball у нямецкай школе ці як праходзіць выпускны вечар у Германіі

Лета - гэты час здачы выпускных іспытаў, заканчэння школы і выпускных баляў. Як жа адзначаюць нямецкія школьнікі заканчэнне школы?

У Германіі абітурыенты святкуюць свой выпуск стыльна і з шыкам. Афармленнем выпускнога вечара займаюцца прафесійныя дызайнеры і выпускнікі школы.

Выпускнікі школы адказваюць за адзінае мастацкае афармленне футболак, плакатаў, адмысловай газеты і інтэрнэт-старонкі. Адмыслова для гэтай падзеі ствараецца інтэрнэт старонка, якая адносіцца сёння да нязменных атрыбутаў свята. Кожны год для свята выбіраюць лозунг, амаль заўсёды гумарыстычны. Самае цікавае, што ў дэвізе імпрэзы павінна прысутнічаць слова ABI. Самымі папулярнымі былі прызнаны такія дэвізы, як: "HABI Potter - Wir verlassen die Kammer des Schreckens", "ABIgasmus - Aber das war nur das Vorspiel", "KABItаn Blaubаr - Immer blau und trotzdem schlau", "WhatsABI - Zuletzt online 2016"

Паколькі нямецкія выпускнікі пасля 12-13 гадоў навучання ўсе пагалоўна ўжо дасягнулі паўнагоддзя, дапушчальны некаторыя вольнасці, вядома, да вызначанай ступені. Гэтыя вольнасці ажыццяўляюцца падчас так званага "Abi-Streich", які праходзіць да выпускнога вечара. Старшакласнікі на нейкі час становяцца гаспадарамі школы, самым легальным чынам зрываючы ўрокі пад падставай каранціну з-за свінога грыпу, выкрадаючы настаўнікаў і вытвараючы іншыя выхадкі на радасць вучням сярэдніх і малодшых класаў.

У дзень выпускнога вечара праходзіць урачыстае мерапрыемства ў актавай зале школы, на якое запрашаюцца ўсе чальцы сям'і выпускніка (бабулі і дзядулі абавязкова). Ва ўрачыстай абстаноўцы гаворацца развітальныя прамовы і ўручаюцца атэстаты пра школьную адукацыю (Abiturzeugnis). Кульмінацыяй свята з'яўляецца абітурны баль (Abiball), які адрозніваецца адмысловым гламурам: адмысловая стрыжка і ўкладка, вячэрняя сукенка, высокія абцасы і мамчыны каштоўнасці для дзяўчынак, мушкі і святочныя гарнітуры ці фракі для хлопчыкаў. Джынсы і футболкі ў гэты час становяцца табу.

Нязменным атрыбутам свята з'яўляецца ўрачыстая вячэра і адкрыццё балю першым танцам абітурыентаў.

Выпускное свята - гэта кранальнае і вясёлае свята ў Германіі.

Паводле СМІ.

220 гадоў з дня нараджэння Адольфа Янушкевіча

Імя Адольфа Янушкевіча (1803-1857), якому 9 чэрвеня спаўнілася 220 гадоў з дня нараджэння, належыць да той плеяды беларускіх літаратараў першай паловы ХІХ стагоддзя, якія самым непасрэдным чынам былі звязаны з грамадска-палітычным рухам: Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Адам Чачот, Леанард Ходзька, Юльян Урсын-Нямцэвіч і іншыя асобы. І хаця пры жыцці ні ён сам, ні яго сучаснікі не разглядалі яго дзейнасці як літаратурную, яго "Лісты з кіргізскіх стэпаў" з'яўляюцца на сённяшні дзень каштоўным пісьменніцкім здабыткам.

Адольф-Міхал-Леанард Янушкевіч нарадзіўся ў горадзе Нясвіжы ў сям'і генеральнага рахункавода ўладанняў віленскага ваяводы князя Міхала Радзівіла, які з 1796 года паступіў на службу ва ўладанні князя Дамініка Радзівіла, Міхала Тамашавіча і Тэклі Сакалоўскай. Ён быў старэйшым з 4 сыноў у сям'і і меў яшчэ братоў Яўстаха, Рамуальда і Януарыя і сясцёр Зоф'ю, Юлію і Касільду. Міхал Янушкевіч 26 красавіка 1821 года ў Вільні атрымаў дакумент на права валодання маёнткам Дзягільна Менскага павета. У далейшым было аформлена права спадчыннага валодання гэтым маёнткам, і Дзягільна надоўга стала родавым гняздом сям'і Янушкевічаў.

Адольф скончыў тры класы Нясвіжскай дамініканскай школы, пасля чаго выхоўваўся ў сям'і бяздзетнага дзядзькі свайго бацькі ў Падольскай губерні. У 1819-1821 гадах ён вучыўся ў Вінніцкай гімназіі, у 1821-1823 гадах - у Віленскім ўніверсітэце, вядомым сваімі студэнцкімі таварыствамі і вальнадумствам. Да студэнцкага перыяду яго жыцця адносяцца яго першыя творы, напрыклад сентыментальная дума "Мелітон і Эвеліна" (1821), надрукаваная ў "Dzienniku Wilenskim". Пасля гучных універсітэцкіх працэсаў філаматаў і філарэтаў, у 1823 годзе Адольф вярнуўся на Падолле і асеў у Камянцы. Тут ён пачаў кар'еру чыноўніка і паступіў на службу засядальнікам Падольскай палаты цывільнага суда, альбо інакш Другога Дэпартамента Галоўнага Падольскага суда. У 1829 годзе ён пакінуў службу і ў сувязі са складаным станам здароўя выехаў за мяжу. Падарожнічаў па Германіі, Паўднёвай Францыі і Італіі, пасля чаго вярнуўся на Радзіму.

Новы этап у яго жыцці пачаўся ў 1830 годзе, калі на землях былой Рэчы Паспалітай выбухнула нацыянальна-вызвольнае паўстанне. У снежні 1830 года Янушкевіч перабіраецца ў Вільню, пасля чаго - у Коўню, адкуль - у сталіцу паўстання Варшаву. Тут ён увайшоў у склад Камітэта Літоўска-Валынскага легіёна, дзе выконваў абавязкі касіра. У сакавіку 1831 года Адольф Янушкевіч атрымаў чын падпаручніка і пасаду ад'ютанта камандзіра коннай часткі гэтага легіёна. У адным з баёў ён атрымаў 7 раненняў і трапіў у палон. На гэтым для яго ўдзел у паўстанні скончыўся. Пасля палону ён быў вывезены ў Вятку, адкуль перавезены ў Кіеў. Рашэннем ваеннага суда першапачаткова быў прысуджаны да смяротнага пакарання, але канфірмацыяй камандуючага Першай арміяй Фабіяна фон Остэн Сакена ад 27 лютага 1832 года яно заменена на ссылку ў Сібір з канфіскацыяй маёмасці. У паўстанні бралі ўдзел таксама двое яго братоў - Яўстах і Рамуальд, якія пасля паражэння адправіліся ў эміграцыю. Яўстах стаў вядомым выдаўцом і літаратарам, Рамуальд - адным з найбольш гарачых прыхільнікаў такога эміграцыйнага паўмістычнага вучэння як тавянізм. Ніводзін з іх больш не вярнуўся на Бацькаўшчыну і не бачыў Адольфа.

У 1832 годзе Янушкевіч быў высланы ў Табольск, з чаго пачаўся яго больш чым 20 гадовы этап жыцця ў ссылцы. З 1833 года ён жыў у горадзе Ішыме, дзе набыў дом і стварыў бібліятэку для ссыльных. У 1839-1840 гадах Адольф Янушкевіч пераклаў "Гісторыю заваявання Англіі нарманамі" Агюстэна Ц'еры. Са жніўня 1841 года жыў у Омску, адкуль у 1846 годзе адправіўся ў экспедыцыю ў Ала-Тулаў. У 1853 годзе атрымаў дазвол і перасяліўся з Омска ў Ніжні Тагіл Пермскай губерні, дзе служыў бібліятэкарам. Толькі ў 1856 годзе ён атрымаў амністыю, паводле якой змог вярнуцца на Радзіму, але ўжо з моцна падарваным здароўем - цяжка хворы на сухоты. Менш чым праз год - 6 чэрвеня 1857 года - наш зямляк памёр у маёнтку маці.

Са ссылкі Янушкевіч пісаў маці лісты, дзе апісваў сваё жыццё і свае ўражанні ад тых мясцовасцяў, дзе знаходзіўся. Ужо ў хуткім часе пасля яго смерці гэтыя лісты разам з яго дзённікавымі нататкамі былі перададзены за мяжу і трапілі да яго брата Яўстаха, які ў той час ужо меў сродкі і багаты вопыт для іх выдання. Сумесна з яшчэ адным эмігрантам - ураджэнцам Троцкага павета Феліксам Уратноўскім - ім было выпушчана ў свет аб'ёмнае выданне пад назвай "Жыццё Адольфа Янушкевіча і яго лісты з кіргізскіх стэпаў". Кніга складаецца з некалькіх частак - падрабязнага жыццяпісу Адольфа Янушкевіча на 240 старонак, уласна яго лістоў і дзённіка падарожжа па Сібіры (больш за 330 старонак). На беларускую мову яны былі перакладзены зусім нядаўна. Да гэтага часу кніга застаецца помнікам сасланым з Беларусі ўдзельнікам нацыянальна-вызвольнага руху, як гэта і задумвалася яе выдаўцамі.

Вікіпедыя.

300 гадоў Францішку Папроцкаму

10 чэрвеня споўнілася 300 гадоў з дня нараджэння выдаўца, перакладчыка, гісторыка, доктара філасофіі, аўтара навуковых прац па Вялікім Княстве Літоўскім Францішка Папроцкага (1723-1805). Гэта Францішак Папроцкі пачаў выдаваць першую перыядычную агульнаінфармацыйную газету ВКЛ "Кур'ер Літоўскі" у красавіку 1760 года.

Францішак Папроцкі быў са шляхецкага роду герба "Ястрабец. Вучыўся ў езуітаў у Полацку. У 17 гадоў уступіў у ордэн езуітаў і праз 10 гадоў напружанай падрыхтоўкі прыняў святарскае пасвячэнне. У 1753-1756 гадах Францішак Папроцкі працаваў настаўнікам у варшаўскім Collegium Nobilium. Езуіцкія калегіюмы, дарэчы, былі лепшымі навучальнымі ўстановамі ў свеце. Канкурэнтная барацьба з піярамі толькі ўзбагачала гэтыя два ордэны, якія выкарыстоўвалі лепшыя дасягненні ў арганізацыі свайго навучання. Collegium Nobilium, толькі што створаная па піярскім узоры ўстанова, быў, бадай, лепшым сярод лепшых, бо канцэнтраваў у сваіх сценах найвыдатнейшых езуітаў, якія падтрымлівалі цесныя кантакты з навукоўцамі, аб'яднанымі вакол Бібліятэкі Залускіх. Творчае асяроддзе Collegium Nobilium і Бібліятэкі Залускіх было выдатнай глебай для далейшага ўдасканалення ведаў айца Папроцкага і заахвоціла яго да пісьменніцкай і выдавецкай дзейнасці. Першым яго дасягненнем стаў прысвечаны графу Юзафу Андрэю Залускаму школьны дапаможнік па геаграфіі "Еўропа з частак Свету першая апісаная", выдадзены ў езуітаў у Варшаве ў 1754 годзе. Ён вытрымаў шмат перавыданняў і ў далейшым выкарыстоўваўся ў сістэме Адукацыйнай камісіі. Гэта быў разлічаны на шырокія масы даведнік, у якім змяшчалася інфармацыя пра кожную дзяржаву Еўропы - яе геаграфічнае становішча, межы, адміністрацыйны падзел, галоўныя гарады, прыродныя ўмовы і карысныя выкапні, рэлігіі, штогадовы прыбытак, форму кіравання, колькасць арміі, грошы і г.д. У 1757 годзе ў Вільні ў свет выйшаў першы "Палітычны каляндарык" Францішка Папроцкага. На старонках каляндарыка ішла рашучая барацьба супраць забабонаў і астралогіі, акрамя гэтага, змяшчаліся тэксты найважнейшых законаў краіны, навуковыя і папулярныя артыкулы па гісторыі, астраноміі, геаграфіі і фізіцы.

Вікіпедыя.

Р а ж а н к а

Леанід Лаўрэш

З "Паведамленнях аб літоўскіх шляхах" ("Die Littauischen Wegeberichte") бачна, што каля 1400 г. гэтую маёмасць меў Доўкша Кімантовіч, і ў крыжацкіх крыніцах Ражанка мае назву Кімантэдорф. На поўдзень ад Ражанкі жыў Васюта, уладальнік вёскі "Waisedendorf" 1. "Паведамленне аб літоўскіх шляхах" з'яўляецца важнай крыніцай па гісторыі ВКЛ і Лідчыны XIV ст., яно было напісана на мяжы XIV-XV ст., напярэдадні Вялікай вайны ВКЛ і Польскага каралеўства з Тэўтонскім ордэнам. Гэты тэкст утрымлівае апісанне дарог праз тэрыторыю заходняй часткі ВКЛ, у большасці сваёй зробленае паміж 1385 і 1404 г. шпіёнамі Ордэна.

Першы вядомы ўладальнік Ражанкі Доўкша Кімантавіч атрымаў герб Пяршхала ў Гародлі. У Віленскай дамове 1401 г. як сведкі выступаюць Кімант з сынам Доўкшам. Апошні раз Доўкша Кімантавіч згадваецца ў Хрыстмемельскай дамове 1434 г. Яго бацька Кімант упершыню згадваецца ў прывілеі Вітаўта 1388 г., апошні ў 1401 г. у Віленска-Радамскай дамове. У 1396 г. Кімант быў прызначаны Вітаўтам кіраўніком дэлегацыі на перамовы з Ордэнам пра межы. Ёсць меркаванне, што Кімант паходзіў з Гародні 3.

Потым маёмасць пераходзіць ад бацькі да сына - пасля Доўкшы ўладальнікам стаў яго сын Пац Доўкшавіч Кімантавіч 4. Упершыню згадваецца ў Гарадзенскай дамове ў 1434 г., да якой ён прыклаў пячатку са знакам негарадзельскага паходжання. На пячатцы Паца Доўкшавіча напісана імя яго дзеда - Кімант. Імя Паца Доўкшавіча прысутнічае ў прысязе да Берасцейскага міру ў 1435 і ў 1447 гг. У 1434 і 1435 гг. ён займаў пасаду гаспадарскага маршалка. Юзаф Вольф лічыць Паца Доўкшавіча пачынальнікам роду Пацаў, вядома, што ён меў сына Юрыя. Акрамя Ражанкі, Пацы мелі вотчынную зямлю ў ваколіцах Гародні і маёнткі ў Камянецкім павеце 5.

Пац Доўкшавіч некалькі разоў згадваецца ў Метрыцы ВКЛ: "Пацу Довъкшевичу Довъкгяловы люди, транадцать ч(о)л(о)в(е)ковъ Овъдеевичи, на имя: Олекса, Яков, Воробеи Павел, Ходот, Ондрон, Конон, Климъ, Тищъ, Осипъ, Величко, Микита, Ондрониск" і "Пацевичи Довкшевичи шесть ч(о)л(о)в(е)ка" 6.

Пасля Паца Доўкшавіча па чарзе Ражанкай валодалі: Юры Пацавіч 7 - сын Паца Доўкшавіча, герба Газдава. Юры Пацавіч упершыню згадваецца ў 1480 г., памёр ён у 1505 ці 1506 г. Быў жанаты два разы: з першай жонкай Анастасіяй меў сына Мікалая, які потым ажаніўся з дачкой князя Аляксандра Юр'евіча Гальшанскага Аляксандрай. Другая жонка Фядора (ці Федзька), дачка Яна Рагатынскага. Юры Пацавіч у 1480-1492 гг. займаў пасаду гаспадарскага маршалка, у 1486-1492 гг. - кіеўскага ваяводы. У 1492-1496 гг. - наваградскі стараста 8. Гэтую пасаду Юры Пацавіч атрымаў пасля таго, як Аляксандр стаў вялікім князем ВКЛ, і на гэтай пасадзе ён быў адпраўлены бараніць Смаленск, а ў лютым 1495 г. сустракаў у Нямешы будучую жонку вялікага князя Алену, якая ехала на шлюб у Вільню 9. У 1495 г. разам з жонкай Анастасіяй, сынам і групай кіеўскіх святароў Юры Пацавіч запісаўся ў брацтва св. Духа ў Рыме. У 1496-1500 гг. Юры Пацавіч - полацкі намеснік, у 1505 г. - мерацкі стараста 10. Да Юрыя Пацавіча і яго другой жонкі Фядоры, мы яшчэ вернемся.

Наступны гаспадар Ражанкі - сын Юрыя Пацавіча - літоўскі лоўчы і падкаморы ды падляшскі ваявода - Мікалай Юр'евіч Пац (+1545/1546) 11, ён атрымаў гэтую маёмасць пасля смерці сваёй мачахі. У 1511 г. Мікалай Юр'евіч Пац паведаміў пра сваю маёмасць каля Гародні, якой валодалі яго продкі: "И панъ Микола поведалъ передъ нами: тая де пашня здавна дедина и отчизна моя была …" 12.

Віленскі кашталян Павел Пац (+1595) у 1594 г. перадаў Ражанку ў заставу літоўскаму падскарбію Дзмітрыю Халецкаму (+1598) 13 і пасля гэтага на працягу каля 90 гадоў Ражанка была маёмасцю гэтага роду.

Пасля смерці Дзімітрыя Халецкага маёмасць успадкаваў яго сын, лідскі маршалак Аляксандр Халецкі (+1651), потым яго ўдава Альжбета з Раецкіх якая запавядала маёнтак свайму другому мужу, літоўскаму падчашаму Кшыштафу Патоцкаму. Ад яго застаўныя правы на Ражанку перайшлі да кракаўскага ваяводы Фелікса Казіміра Патоцкага, а ад яго - да Гедэона і Яўфіміі Халецкіх.

Першым з Пацаў пажадаў вярнуць сямейную сядзібу вялікі літоўскі гетман і віленскі ваявода Міхал Казімір Пац (1624-1628), які 20.03.1682 г. падпісаў дамову з Халецкімі аб выкупе маёмасці. Аднак яго раптоўная і безпатомная смерць 04.04.1682 г. зрабіла вынікі дамовы нядзейснымі. Пасля яго смерці спадчыннікі зракліся ад праў на Ражанку на карысць батоцкага старасты Яна Кшыштафа Паца які пасля яшчэ 3-х гадовай спрэчкі з Халецкімі, 03.04.1685 г. увайшоў у права валодання маёнткам, хоць усе юрыдычныя праблемы былі вырашаны толькі 19.06.1687 г. Пасля яго безпатомнай смерці ў 1702 г. маёнтак перайшоў да яго ўдавы Зоф'і з Падбярэскіх (+1720 г.). Чарговым дзедзічам Ражанкі стаў пляменнік Яна Кшыштафа, вілейскі стараста Пётр Пац (+1756 г.), які ў 1727 г. атрымаў для мястэчка Ражанка права на тры кірмашы ў год.

Наступным уладальніка Ражанкі стаў Юзаф Пётр Пац (1736-1797), з магнацкага роду Пацаў герба Газдава. Бацька - стараста пінскі і вілейскі Пётр Пац, маці - князёўна Ефрасіння з Агінскіх, сёстры - Бенядзікта і Альжбета. Дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, у 1757 г. Юзаф Пётр Пац атрымаў патэнт генерал-маёра літоўскіх войскаў, а не пазней за 1758 г. - патэнт генерал-ад'ютанта вялікай літоўскай булавы 14.

У дэпешы ад 2 кастрычніка 1767 г. да прэзідэнта калегіі замежных спраў Расійскай імперыі Мікіты Паніна, расійскі пасланнік Мікалай Рапнін назваў Юзафа Паца годным чалавекам для рэалізацыі расійскіх планаў на сойме 1767 г., куды ён абіраўся ад Лідскага павета 15. Абіраўся Пац і дэпутатам ад Лідскага павета на канфедэратыўны сойм 1776 г. Ён з'яўляўся праціўнікам так званай "Фаміліі" - партыі Чартарыйскіх і Панятоўскіх. 16 сакавіка 1792 г. Юзафа Паца ўзнагародзілі ордэнам Белага арла.

24 красавіка 1794 года на плошчы перад ратушай ў Вільні быў урачыста абвешчаны "Акт паўстання", які пацвярджаў адзінства віленскіх інсургентаў з паўстанцамі Тадэвуша Касцюшкі. У той жа дзень была створана Найвышэйшая Літоўская Рада на чале якой стаў Юзаф Несялоўскі. Сярод іншых у склад Рады ўвайшоў і вілейскі стараста Юзаф Пац, ён лічыўся ў складзе ваеннай камісіі Рады. Пра сур'ёзнасць намераў гэтага "паўстанца" кажа тое, што 15 чэрвеня 1794 г. ён ахвяраваў паўстанню ажно тры лёгкія янычарскія ружжы! Нагадаю, што Юзаф Пац быў вельмі багатым чалавекам, бо ў сваім тастаманце (06.03.1797 г.) акрамя вялікай нерухомасці, ён пералічвае і грашовыя квоты ў памеры 4 мільёнаў злотых. Не дзіва, што ў ліпені 1794 г. Пац выехаў у Галіцыю " для папраўкі здароўя на водах" і вярнуўся толькі пасля задушэння паўстання.

Юзаф Пац меў вялікую зямельную маёмасць у Лідскім і іншых паветах, памёр 13.03.1797 г. ва ўзросце 61 год бяздзетным і быў пахаваны ў капліцы касцёла ў Ражанцы, дзе меў вялікую маёмасць (пісаўся - "граф на Ражане"). У тастаманце ад 09.03.1797 г. усю сваю маёмасць, акрамя раней запісанай для касцёла ў Ражанцы, запісаў свайму далёкаму крэўнаму Людвіку Міхалу Пацу " як апошняму з дома і роду пацаўскага" 16.


Генерал Людвік Пац (+1835 г.) быў апошнім уладальнікам Ражанкі, якая за удзел генерала ў паўстанні 1831 г. была ў 1832 г. канфіскавана і пераведзеная ў дзяржаўную маёмасць 17.

Людвік Пац (1780-1835) быў сынам Міхала і Людвікі з Тызенгаўзаў. Цікава, што бацька Людвіка Паца - Міхал Пац "запаў у меланхолію і памёр 29 студзеня 1800 г. у Мыто (каля Ліды - Л. Л.), маючы 46 гадоў" - памёр у маёнтку свайго сына але быў пахаваны "ў катакомбах Езненскага касцёла" 18.

Па сведчанні сучаснікаў, Людвік атрымаў "стараннае выхаванне ў Францыі, Англіі і на радзіме", а ў 1796 г. стаў студэнтам Віленскай акадэміі. Праз год атрымаў у спадкі ад далёкага сваяка Юзафа Паца вялікую маёмасць: ключы 19 Ражанку (з Мыто) і Гарадзішча на Лідчыне і Наваградчыне, Даўспуду, Рачкі і Мазуркі на Беласточчыне, якая ў той час стала часткай Прусіі, палацы ў Вільні і Гародні і тыя самыя 4 мільёны злотых гатоўкай, пра якія я пісаў вышэй.

У 1802 г. Людвік па тагачасных законах стаў паўнагадовым і распачаў ваяжы па Еўропе: наведаў парыжскі салон княгіні Ганны Сапяжанкі, а потым з яе братам Станіславам Замойскім у 1803 г. перабраўся ў Лондан. Тут, у Англіі, Шатландыі і Ірландыі, ён вывучаў сельскую гаспадарку. У 1808 г. у Парыжы са званнем "шэф эскадрона" 20 паступіў у полк лёгкаконнай гвардыі. Ваяваў у Іспаніі, дзе атрымаў раненне багнетам у сцягно. Прыняў удзел Аўстра-Французскай вайне 1809 г., належаў да эскорту Напалеона, атрымаў ордэн Ганаровага легіёна, пасля чаго пайшоў у адстаўку і пераехаў у Варшаўскае княства. Адсюль ён займаўся арганізацый выведкі на тэрыторыі былога ВКЛ і перад кампаніяй 1812 г. атрымаў чын палкоўніка. Напачатку камандаваў 15-м палком уланаў, а ў траўні 1812 г. атрымаў 2-гі ўланскі полк. Пасля ўваходу Напалеона ў Вільню, сустракаў яго тут у сваім палацы. 16 ліпеня атрымаў чын брыгаднага генерала і прайшоў з Напалеонам да Масквы праз усе бітвы. У 1814 г. стаў дывізіённым генералам і камандаваў кавалерыйскай брыгадай, якую сам і сфармаваў. Пры канцы вайны камандаваў усёй французскай коннай гвардыяй і недалёка ад Парыжа быў паранены. На баку Напалеона прайшоў чатыры ваенныя кампаніі і пасля адстаўкі, у траўні 1814 г,. выехаў у Англію, дзе зноў пільна вывучаў сельскую гаспадарку.

Пасля амністыі Людвік Пац вярнуўся дахаты і тут, разам з Адамам Чартарыйскім, прэтэндаваў на руку Ганны Сапяжанкі. Канкурэнцыя з Чартарыйскім за руку і сэрца дзяўчыны набыла палітычнае адценне, бо Адам Чартарыйскі быў сябрам маладосці цара Аляксандра І і ў 1804-1806 гг. займаў пасаду міністра замежных спраў Расійскай імперыі. Справа даходзіла да дуэляў са шчаслівым канкурэнтам і цікава, што апошняя дуэль паміж імі адбылася, калі абодва рывалі ўжо былі жанатыя.

У 1817 г. Людвік Пац бярэ шлюб з Каралінай Малахоўскай, якая прынесла яму 1 мільён злотых пасагу. Але хутка, у 1822 г. ён аўдавеў. Жыў у беластоцкіх маёнтках і быў віца-прэзідэнтам мясцовага Аграрнага таварыства. Пабудаваў цікавы палац у стылі англійскай готыкі ў Даўспудзе і перабудаваў куплены ў 1823 г. у Радзівілаў палац па вуліцы Мядовай у Варшаве, пасля рэканструкцыі, тут паўстала "адно з самых арыгінальных прасторавых рашэнняў Варшавы". Палац паступова ператварыўся ў музей, дзе месціліся калекцыі Людвіка Паца, у тым ліку і калекцыя антыкаў, купленая ім асабіста ў Рыме і Пампеях. Тут былі грэцкая, гатычная, і маўрытанская залы і калекцыі жывапісу, у тым ліку і партрэты Пацаў розных эпох. Госці з захапленнем разглядалі сервізы са срэбра, крышталю, наборы сеўрскай парцэляны коштам у дзесяткі дукатаў за талерку. Жартавалі, што гэты гмах актуалізаваў даўнюю прымаўку: "Варты Пац палаца". Менавіта ў гэтым палацы і жыў калятар царквы ў Мыто. Перад 1830 г. нерухомасць Паца ў Польскім каралеўстве ацэньвалася ў 3 мільёны, а ў былым ВКЛ - у 1 мільён злотых 21.


Касцёл у Ражанцы з'явіўся па ініцыятыве вельмі цікавай жанчыны Фядоры з Рагатынскіх, асобы, якая як быццам, зышла са старонак авантурнага гістарычнага рамана. Раскажу пра як, спасылаючыся на вядомага гісторыка Юзафа Вольфа.

Першым мужам Фядоры быў князь Іван Сямёнавіч Кобрынскі, які вядомы нам па сваіх набожных фундацыях. Разам са сваёй жонкаю Фядорай у 1473 г. фундаваў царкву ў гонар Божага Нараджэння ў сваім маёнтку Дабучаны (цяпер Пружаны). Фядора была дачкою пана Івана Рагатынскага, а ўнучкаю (па маці) князя Андрэя Уладзіміравіча Альгердавіча. Абое, князь Іван Сямёнавіч Кобрынскі ды ягоная жонка княгіня Фядора (ці Федка), у 1478 г. пацвярджаюць запіс князя Андрэя Уладзіміравіча, які са сваёй жонкаю Марыяй запісаў маёнтак Осава на царкву Прачыстай Маці Божай у Кіеве, а ў наступным годзе пацвярджаюць святару Якубу загадванне царквою Маці Божай у Кобрыне. Князь Іван ад імя сваёй жонкі ў 1484 г. судзіцца з князем Сямёнам Іванавічам Валадзімеравічам (Бельскім) за маёнткі жончынага дзеда, князя Андрэя Уладзіміравіча, i гэтыя маёнткі кароль прысудзіў княгіні Фядоры. На сваю жонку княгіню, дачку пана Івана Рагатынскага, а ўнучку князя Андрэя Уладзіміравіча, князь Іван Сямёнавіч Кобрынскі запісаў трэцюю частку ўсёй сваёй маёмасці, а 25 студзеня 1487 г. запісвае на яе як пасаг дзве тысячы дукатаў з дзвюх іншых часткаў. Тым самым днём княгіня Фядора Іванава Сямёнавіча Кобрынская, адпісвае свайму мужу 2 000 злотых з дзвюх частак маёмасці, атрыманай у спадчыну па дзеду, князю Андрэю Уладзіміравічу. Наступным днём муж ды жонка павялічваюць суму, выдадзеную на царкву ў Дабучанах, фундатарамі якой былі. У хуткім часе, каля 1490 г., памёр князь Іван, а княгіня Кобрынская Фядора, выконваючы волю нябожчыка мужа, 10 чэрвеня 1491 г. адпісвае манастыру Збавіцеля ў Кобрыне маёнтак Корчыцы. Па мужчынскай лініі на князі Іване скончыўся род князёў Кобрынскіх, і Кобрын вярнуўся да караля, які пакінуў княгіні Фядоры валоданне ім.

Каб маёмасць працавала на карысць дзяржавы, у канцы 1491 ці напачатку 1492 г. кароль выдаў Фядору за намесніка кіеўскага пана Юрыя Пацавіча. Юры Пацавіч у 1501 г. адышоў ад грамадскага жыцця ды пачаў кіраваць маёнткамі жонкі. Пад канец жыцця ён атрымаў ва ўладанне маёнтак Марэцкае і памёр каля 1506 г. Пані Юр'ева Пацэвіча Федзька ў хуткім часе па другім аўдавенні, у 1506 г., дабіваецца ад караля і вялікага князя Аляксандра пацверджання запісаў свайго першага мужа, князя Івана Сямёнавіча Кобрынскага, які запісаў на яе трэцюю частку ўсёй сваёй маёмасці. Спешка тая мела аснову, бо ейныя сваякі выказвалі сваё права на спадчыну. Ужо ў наступным годзе перад каралём Жыгімонтам зноў узнікае справа пані Юр'евай Пацэвіча з сястрою ейнага першага мужа Вацлававай Касцевічавай, якая, лічачы Кобрын сваім спадчынным маёнткам, выклікала на суд пані Пацаву. Кароль не прызнаў правоў пані Вацлававай ды яшчэ раз пацвердзіў валоданне Кобрынам пані Пацавай. У тым самым 1507 г. пані Пацава выйшла з усходняга абраду, якому ейныя продкі шчыра служылі, і перайшла ў каталіцызм, узяўшы імя Соф'я. Факт пераходу ў каталіцызму найлепей засведчаны ў пастанове каралевы Боны ад 1541 г.: архімандрыт Кобрынскага манастыра выклікае Мікалая Жамбоцкага на суд за зямлю, якую надаў манастыру князь Іван Сямёнавіч Кобрынскі, на гэта Жамбоцкі прызнаецца, што пані Соф'я тыя землі дала ягонаму бацьку, аднак з увагі на тое, "што пані Соф'я па смерці свайго (першага) мужа князя Івана Сямёнавіча Кобрынскага выйшла за пана Паца i перайшла на рымскую веру, таму мела права тыя землі забіраць у царквы", аднак каралева загадвае вярнуць ix архімандрыту.

Адказваючы на позвы сваякоў, пані Юр'ева Пацава у 1508 г. выклікае на суд Вацлава Касцевіча ды ягоную жонку за нанесеныя шкоды ў маёнтках i за запіс князёўны Кобрынскай. Каб дамагчыся свайго, пані Юр'ева Пацавіча Соф'я паказала каралю запіс княгіні Юлляны, сваёй свякрові, маці пані Вацлававай Касцевіча Ганны, якім яна адпісвае Юрыю Пацавічу ды ёй 600 коп грошаў з дзвюх частак Грушава і Чаравачыцаў; але кароль адхіляе скаргу пані Пацавай ды пакідае Касцевічам валоданне маёнткамі.

Хаця была ўжо ў гадах, пані Пацава у 1508 г. пашлюбавалася яшчэ і ў трэці раз, з Мікалаем Радзівілавічам, ваяводам Віленскім ды канцлерам Літоўскім. Перажыла яна, аднак, і трэцяга мужа, які памёр 16 ліпеня 1509 г. Трохразовая ўдава фундавала касцёл у Кобрыне ды адпісала Станіславу Жамбоцкаму зямлю Мардвіноўшчыну пад Кобрынам.

Будучы тры разы замужам, наша гераіня памерла без нашчадкаў у ліпені ці жніўні 1512 г.. Пахаваная была ў Ражанцы, у маёнтку свайго пасынка Мікалая Юр'евіча Пацавіча. Зараз жа пасля ейнай смерці блізкія і далёкія сваякі заявілі пра свае правы на спадчыну.

У гэты ж час кароль пацвярджае ігумену Кобрынскага манастыра запіс нябожчыцы княгіні Іванавай Сямёнавіча Кобрынскай Фядоры на сяло Корчыцы. Сваім тастамантам, які падпісалі кароль i нават рымскі папа, Фядора-Соф'я запісала на свайго пасынка Мікалая Паца двары Лемніцу, Палонна з сёламі: Ходчам, Аляксеніцамі, Беразовічамі i Белым, 500 коп са Славенску, Магільна ды Кунасы, 250 коп доўгу княгіні Слуцкай i 80 коп доўгу князю Сакалінскаму; пры гэтым даручае яму пабудаваць касцёл у Ражанцы, дзе хоча быць пахаваная ды расплаціцца з даўгамі.

Пац не мог захаваць тое, што адпісала яму мачаха і быў выкліканы на суд князем Юрыем Сямёнавічам Слуцкім, князем Канстанцінам Астрожскім ды Аляксандрам Хадкевічам. Каб пазбегнуць працэсу, пачаў перамовы, у выніку чаго саступіў князю Канстанціну маёнткі "ў рускай старане", а менавіта - двары Лемніцу і Палонну, а таксама частку сумы, што запісала на яго мачаха. І нават праз некалькі дзесяткаў гадоў Пацу прысудзілі выплату віленскаму бургамістру 180 коп доўгу ягонай мачахі 22.

Ражанкаўская парафія згадваецца ў 1522 г. 23 але, верагодна, існавала яшчэ раней, разам з касцёлам св. Пятра і Паўла, які, як і жадала Фядора-Соф'я быў фундаваны ў 1514 ці 1516 г. Мікалаем Юр'евічам Пацам і яго жонкай Аляксандрай Гальшанскай. Ёсць інфармацыя што пад час Рэфармацыі касцёл стаў кальвінскім зборам, але калі гэта і сапраўды так, дык ужо ў 1595 г. храм у Ражанцы фігуруе ў спісе каталіцкіх парафій.

У 1578 г. будучы праваслаўны мітрапаліт Анісіфар а ў той час "дваранін Яго Каралеўскай Міласці" Міхаіл Пятровіч Дзевачка прадставіў у Гарадзенскі земскі суд выпіс з актавых кніг Віленскага гродскага суда аб продажы яму кіеўскім рымска-каталіцкім епіскапам-намінатам Мікалаем Пацам часткі грунту ў маёнтку Ражанка за 60 коп літоўскіх грошаў. Сам дакумент аб продажы быў складзены ў Вільні яшчэ 28 жніўня 1577 г., а актыкаваны ў Віленскім гродскім судзе 15 снежня 1577 г. З дакумента вынікае, што на гэты час Міхаіл Пятровіч быў свецкай асобай і сямейным чалавекам - грунт набываецца пакупніком з магчымасцю перадачы "малжонце, детемъ и потомъкомъ его". З дакумент бачна, што Пац прадае гэты кавалак зямлі, бо ён яму мала патрэбны і ляжыць асобна ад іншых земляў маёнтка Ражанка "межы кгрунтовъ пана Девоччыных". Пададзена і падрабязнае апісанне межаў гэтага кавалка: "Идучы от Рожанки от грушки до ростани, отъ которое ростани две дороги пошли, делячы тые кгрунъты от кгрунтовъ пана Девоччыных, одна дорога по левеи идеть в болота Терпиж, тое дорогою до межы, которая делить кгрунт пана Девоччын названыи Глинаковщину тою межою в дорогу зъ Заболотья дворов земян повету Городеньского пановъ Павловичовъ Гамшеевъ и пана Залеского под двор Девоччынъ, а дорогою оною до тое ж вышеи мененое грушки и ростани от кого ся початокъ тым кгрунтомъ сталъ". Калі паглядзець на карту, то можна ўбачыць, што гэтыя землі належаць да маёнтка Алешавічы - у той час радавога маёнтка будучага мітрапаліта 24.

Бясспрэчна, першы касцёл быў драўляным. У першай палове ці каля сярэдзіны XVII ст. у Ражанцы паўстаў мураваны храм, пра такое датаванне, па меркаванні гісторыкаў архітэктуры, сведчыць тагачасная барочная архітэктура касцёла: агульны выгляд, тып скляпення і двухвежавы тып фасада, высокі празбітэрыюм з доўгімі вокнамі яшчэ гатычнай традыцыі, пра што вядома з вопіса 1700 г.

У 1659 г. касцёл быў разрабаваны, знішчаны ўсе дакументы, а пробашч касцёла Сымон Птак забіты. Наступны пробашч Стэфан Дранеўскі з 1668 г. займаўся рамонтам касцёла, і 17 чэрвеня 1674 г. біскуп Мікалай Слупскі высвяціў адноўленую святыню.

З візітацыі 1700 г. бачна, што касцёл быў пабудаваны ў форме крыжа з дзвюмя капліцамі, меў дзвюхвежавы фасад, сігнатурку і вежачкі над шчытамі капліц, а таксама аднапавярховую сакрыстыю.

У 1796 г. занатавана, што касцёл "па большай частцы развалены і зараз пусты", набажэнтвы адбываліся ў часовым, драўляным касцёле, пабудаваным у 1793 г. за грошы Юзафа Паца. У 1797 г. Пац загадаў зруйнаваць патрэсканы фасад старога касцёла. Ён не смог пачаць пабудову новага касцёл і пераклаў гэта абавязак за свайго спадкаемцу Людвіка Паца, пра што зрабіў запіс у сваім тастаманце 25.

5 сакавіка 1797 г. ён напісаў тастамант "Юзаф Пац будучы па сваім бацьку Пятру, ёсць старастам Вілейскім, дзедізічам маёмасці Ражанка з авульсамі (авульс - фальварак без сялян) Далкеўшчынай і Запольем, фальваркамі Тур'я, Малевічы, Багушоўшчына і Дражна ў Лідскім павеце [далей ідзе пералік маёнткаў па-за межамі Лідскага павета] … акрамя таго маючы палац ў Вільне і Гродне, аддаю ўсё гэта свайму найбліжэйшаму крэўнаму … Людвіку Пацу … як апошняму з дома і імені Пацаў ..". Таксама Юзаф Пац запісаў Людвіку Пацу маёмасць якую ён сам набыў ў Лідскім павеце: "Вялікую Дзітву ці Мыто а таксама Жыжму" і 4 мільёны злотых гатоўкай. Уладальнік Ражанкі пажадаў быць пахаваным у Ражанкаўскім касцёле 26.


Апошні з Пацаў - Людвік Пац, які меў палацы ў Варшаве, Вільні і Гародні, працягнуў будаваць у Ражанцы дасканалую рэзідэнцыю. У Варшаве ён трымаў дыстанцыю ад палітыкі, тым не менш з'яўляўся сенатарам каралеўства. Прыняў удзел у паўстанні 1830-1831 гг. і ахвяраваў на паўстанне 100 000 злотых - больш за ўсіх іншых сенатараў. Пасля паразы паўстання выехаў у Парыж 27.

Царскі ўрад канфіскаваў усю маёмасць Людвіка Паца, у тым ліку і ключ Ражанку (1351 душ) , але нейкія капіталы ў яго захаваліся, і таму і за мяжой граф заставаўся багатым чалавекам. У 1834 г. з рознымі даручэннямі кола эмігрантаў Пац выехаў з Парыжа ў Італію - жыў у Генуі, Рыме, Неапалі, дзе, пакінуўшы дачку пад нагляд манахінь, усю зіму бавіўся ў арыстакратычным "элегантным свеце". У 1835 г. выехаў у Грэцыю, дзе таксама займаўся палітычнымі справамі. З Афін перабраўся ў старажытны грэцкі горад Смірна, што ў Малой Азіі 29, дзе 31.08.1835 г. памёр. Некаторыя даследчыкі лічаць, што Людвік Пац для Адама Міцкевіча з'яўляўся правобразам Графа ў паэме "Пан Тадэвуш" 30.

Адзіная дачка Людвіка Паца - Людвіка (1819 г.н.) выйшла замуж за князя Ксаверыя Сапегу з Высокага Літоўскага. Аднак яна мала што магла ўспадкаваць ад свайго бацькі, маёмасць якога была канфіскавана за ўдзел у паўстанні 1831 г. Канфіскавана была таксама і Ражанка. З "Слоўніка геаграфічнага" даведваемся, што ў другой палове XIX ст. маёнтак Ражанка быў дзяржаўнай маёмасцю, якая паступова была распрададзеная мясцоваму насельніцтву.

Напрыканцы XVIII ст. Юзfф Пац пабудаваў новую сядзібу па праекце італьянскага архітэктара Карла Спампані, двухпавярховую аранжарэю, пейзажны парк і гаспадарчы двор, істотна пашыраны пры наступных уладальніках Ражанкі. У 1960-я гг. дом разабралі. Да цяперашняга часу захаваліся толькі стайня, рэшткі аранжарэi, парку і брукаванай дарогі.


Палаца-паркавы комплекс з'явіўся тут напрыканцы ХVІІІ стагоддзя. Праект італьянскага дойліда Карла Спампані як нельга лепш адказваў амбіцыйным запатрабаванням гаспадароў, ён уключаў ўключаў аднапавярховы сядзібны дом з высокім ламаным дахам, два аднапавярховыя флігелі - раскоша панавала тут і ў архітэктурных формах, і ў інтэр'ерах. Сядзібу акружаў шыкоўны парк з круглымі газонамі, англійскім садам і мураванай аранжарэяй на два паверхі, дзе, безумоўна, валадарылі ружы. Флігель, канюшня ды фрагменты парку - гэта, на жаль, усё, што сёння засталося ад колішняга фальварка.

Да 1939 г. у Ражанцы ў добрым стане захоўвалася вялікая сядзіба, якая магчыма, паходзіла яшчэ з XVII ст. У гэтым двары, да смерці Юзафа Паца, сям'я мела сваю рэзідэнцыю. Аднапавярховы сядзібны дом меў форму шырокага прастакутніка. Ад фронту, з правага бока да дома была дабудавана вялікая веранда. Высокі гонтававы дах амаль што ў два разы перавышаў вышыню самога дома. У 1920-30-я гг. у гэтым доме знаходзілася сельскагаспадарчая школа, дзякуючы якой быў захаваны вялікі парк з вялікім газонам перад фронтам дома 31.

Адметнасцю мястэчка Ражанка, безумоўна, і сёння з'яўляецца памятны слуп-каплічка, які Людвік Пац загадаў устанавіць у памяць усіх загінуўшых салдат падчас Айчыннай вайны 1812 г.


Людвік Пац досыць доўга не выконваў волю свайго памерлага сваяка і прыступіў да рамонту і перабудовы касцёла толькі ў 1824 г. Падчас гэтых работ, касцёлу быў нададзены сучасны, неагатычны выгляд. Вонкавыя працы былі закончаны ў 1828 г., а ўнутраныя ў 1830 г. - менавіта ў гэтым годзе былі пастаўлены мураваныя неагатычныя хоры і амбон. Пры выкананні работ не быў парушаны агульны контур ранейшага барочнага касцёла акрамя выгляду галоўнага фасада. Быў разабраны двухвежавы фасад і пабудаваны новы, плоскі фасад з гарызантальнымі падзеламі і мазаікай, які завяршаўся трохкутным шчытом.

Архітэктар Генрык Марконі спраектаваў неагатычны касцёл у Ражанцы для генерала Людвіка Паца і таму сучасны выгляд касцёла - вынік перабудовы, бо ранейшы касцёл быў пабудаваны ў стылі барока. Ролю галоўнага элемента фасада сёння выконвае вежа, ссунутая на правы край. Першапачатковы праект Марконі прадугледжваў больш элементаў готыкі, чым мае сучасны касцёл. Адхіленнем ад першапачатковага стала тое, што камнем быў абліцованы ўвесь галоўны фасад, была захавана сакрыстыя i паўцыркульныя вокны на капліцах, бакавых фасадах і апсідзе, а таксама адмовіліся ад дзвюх дадатковых вокнаў на капліцах 32. Неаготыка, прыўнесеная на тэрыторыю сучаснай Беларусі Пацам, праз нейкі час стала асноўным стылем у каталіцкай архітэктуры.

Акрамя Марконі ў Ражанцы працавалі яшчэ два італьянцы, якіх запрасіў Людвік Пац. Нікола дэ Анджэліс з 1823 па 1828 г. намаляваў абраз свсв. Пятра і Паўла для новага галоўнага алтара. А Карла Аўрэлі ў 1823 - 1826 гг. выканаў для касцёла скульптуры з стука свсв. Пятра і Паўла.

Энрыка Марконі (1792-1863 гг.) лічыцца адным з самых буйных польскіх архітэктараў XIX ст., ён нарадзіўся ў Рыме і быў старэйшым сынам італьянскага архітэктара Леанарда Марконі і Элеаноры з Гербертаў.

Цікавую інфармацыю пра касцёл у Ражанцы паведаміў прыхаджанін суседнягя касцёла ў Жалудку Яўстах Шалевіч. Як вядома, каталіцкім касцёлам у 1850-х гадах быў ініцыяваны рух за цвярозасць, які разглядаўся ўладамі як пагроза напаўненню бюджэту і небяспечная "польская" грамадская ініцыятыва. Аднак ураду давялося пайсці на пэўныя захады, каб зменшыць спажыванне алкаголю. Пасля 1863 г. ксяндзам было забаронена ўтрымліваць брацтва цвярозасці, але некаторыя ксяндзы не склалі зброі і рабілі справу, пераважна, на споведзі. Шалевіч пісаў:

"Такім быў кс. Рыхлевіч з Ражанкі. Прыходзіць да яго чалавек да споведзі:

- А ці ты п'еш водку?

- П'ю, ксёнжачку!

- Тады ідзі сабе, з Богам, я цябе спавядаць не буду.

Пасля гэта чалавек кідаў піць і толькі тады ішоў да споведзі. І гэтак ксяндзы працягвалі сваю барацьбу" 33.

Таксама, Шалевіч паведаміў, што вікарый жалудоцкі кс. Ішора, пасля таго, як у 1863 г. прачытаў у сваім касцёле паўстанчы маніфест, "у той жа дзень выехаў да кс. Рыхлевіча ў Ражанку ... Кс. Ішора мог пайсці ў лес ці выехаць за мяжу, але яго арыштавалі, бо ён сам аддаў сябе ў рукі ўладаў, кажучы пры гэтым: "Я маніфест чытаў, бярыце мяне, пробашч не вінаваты …" 34.

У другой палове XIX ст. Ражанка стала звычайным яўрэйскім мястэчкам. Сёння ў былой сінагозе пачатку XX ст., якая ў савецкі час выкарыстоўвалася як клуб, размясцілася праваслаўная царква.

У 1924-1925 гг. адбыўся грунтоўны рамонт касцёла падчас якога з'явіўся насценны роспіс віленскіх мастакоў Казіміра і Міхала Роўбаў (роспіс не захаваўся да нашага часу).

Без страт касцёл у Ражанцы перажыў Другую сусветную вайну. Аднак пасля арышту ў 1949 г. апошняга пробашча кс. Яна Мароза, касцёл не працаваў 40 гадоў. У 1961 г. была знесена плябанія, у 1974 г. згарэў дах касцёла пасля чаго было знішчана скляпенне і насценныя роспісы.

У 1991 г. прайшла рэканструкцыя касцёла, пасля якой папярэдні інтэр'ер не быў узноўлены, з-за чаго сёння лепш чытаецца барочны стыль старога касцёла. І на галоўным фасадзе, як і раней, усіх наведвальнікаў касцёла сустракае тарча з выявай герба Пацаў Газдавай 35.

1 Лаўрэш Леанід. Лідчына ў XIV стагоддзі // Лідскі Летапісец. 2020. № 3(91). С. 14-32

2 Пятраўскас Рымвідас. Літоўская знаць у канцы XIV-XV ст.: Склад - структура - улада. Смаленск, 2014. С. 248.; 285.

3 Там жа. С. 258.; 248.

4 Wolff. Pacowie : materyjaly historyczno-genealogiczne. Peterburg, 1885. S. 225.

5 Пятраўскас Рымвідас. Літоўская знаць у канцы XIV-XV ст.: Склад - структура - улада. С. 285.

6 Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 3. (1440-1498). Vilnius, 1998. P. 37., 64.

7 Wolff. Pacowie : materyjaly historyczno-genealogiczne. Peterburg, 1885. S. 225-227.

8 Пятраўскас Рымвідас. Літоўская знаць у канцы XIV-XV ст.: Склад - структура - улада. С. 285-286.

9 Wolff. Pacowie : materyjaly historyczno-genealogiczne. Peterburg, 1885. S. 7-8.

10 Пятраўскас Рымвідас. Літоўская знаць у канцы XIV-XV ст.: Склад - структура - улада. Смаленск, 2014. С. 285-286.

11 Wolff. Pacowie : materyjaly historyczno-genealogiczne. Peterburg, 1885. S. 225-227.

12 РИБ. Т. 20. С. 753.

13 Wolff. Pacowie : materyjaly historyczno-genealogiczne. Peterburg, 1885. S. 225-227.

14 Polski Slownik Biograficzny. Wroclaw-Warszawa-Krakow-Gdansk. 1979. T. 24. S. 705.

15 Носов Б. В. Установление российского господства в Речи Посполитой. 1756-1768 гг. Москва, 2004. С. 668.

16 Polski Slownik Biograficzny. T. 24. S. 705.

17 Uchowicz K. Sladami Pacow. Rzecz o kosciele w Rozance. Menotyra. 2013. T. 20. nr. 1, S. 22-23.

18 Wolff J. Pacowie : materyjaly historyczno-genealogiczne. Peterburg, 1885. S. 284-285., 305.

19 Ключ - вялікі двор, які дзяліўся на фальваркі ці засценкі.

20 У французскай арміі слова "шэф" з'яўлялася часткай назваў воінскіх званняў: маёр французскага войска традыцыйна называецца "шэф батальёна" (фр. Chef de bataillon) або "шэф эскадрона" (фр. Chef d'escadron).

21 Polski Slownik Biograficzny. T. 24. S. 718-720.

22 Вольф Юзаф. Князі на абшарах Вялікага Княства Літоўскага ад канца XIV ст. // Спадчына. 1993. №6. С. 86-88.

23 Kurczewski Jan. Biskupstwo wileтskie Wilno, 1912. S. 177.

24 Лісейчыкаў Д.В., Бобер І.М. "Варуючы и милуючы малъжонку мою законную веньчалъную...": жыццё і смерць мітрапаліта-"дваяжэнца" Анісіфара Дзевачкі // Беларускі гістарычны часопіс. № 5. 2018. С. 14.

25 Uchowicz K. Sladami Pacow. Rzecz o kosciele w Rozance. Menotyra. 2013. T. 20. nr. 1, S. 24-26.

26 Wolff. Pacowie : materyjaly historyczno-genealogiczne 1885. S. 284-285., 305.

27 Polski Slownik Biograficzny. T. 24. S. 721-720.

28 Лаўрэш Леанід. Паўстанчы дух. 1812, 1831, 1863 гады на Лідчыне. Гродна, 2016. С. 209.

29 Разваліны Смірны знаходзяцца зараз на тэрыторыі сучаснага турэцкага горада Ізмір.

30 Polski Slownik Biograficzny. T. 24. S. 720.

31 Aftanazy. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. Tom 4. S. 337-338.

32 Uchowicz K. Sladami Pacow. Rzecz o kosciele w Rozance. Menotyra. 2013. T. 20. nr. 1, S. 26-27.

33 Szalewicz Eustachy. Historja koscila Zoludzkiego oraz wspomnienia o Zoludzkiej parafji. Slow pare o obok lezacej Iszczonskiej parafji. Slow kilka o Szczuczynie. Lida. Parafja Kolesnicka // ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 4. Спр. 482. Арк. 8.

34 Там жа.

35 Uchowicz K. Sladami Pacow. Rzecz o kosciele w Rozance. Menotyra. 2013. T. 20. nr. 1, S. 33-34.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

У Сан-Францыска і Мексіцы: Грынкевіч, Кацюшэнка; "Беларусь - індзейцы" - погляд з вышыні 2004 года

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-23 (53-75) за 2023 г.)

Прыкладна ў 2004 г. мы надоўга адклалі ў бок "комплекс" БІС (беларуска-індзейскім сувязей) як кірунак дапрацоўкі тэкстаў, аж да канца 2019 г. займаючыся пераважна, калі абазначаць тэму з акцэнтам на індзейцах, гарадскімі індзейцамі Сан-Францыска перыяду 1887-1896 гг. (або, скажам, да 1898 г. - у 1887 г. у Сан-Францыска з'яўляецца доктар Русель з жонкай Леакадзіяй (верагодна, у пачатку таго ж года - яго брат Эміль), у 1888 г. - псаломшчык Грынкевіч, у 1891 г. прыязджае консул Арцімовіч, у 1892 г. з'язджаюць Руселі, у 1896 г. пакідае Сан-Францыска Грынкевіч і ў 1898 г - Арцімовіч). Мы не адносім да беларусаў вучня і як мінімум часткова тлінкіта Мікалая Саўчанку, чаму - і чаму гэта, аднак, не выключаецца, - гл. у арт. "Грынкевіч".

Аглядны артыкул па БІС 2004 г. пісаўся па просьбе аднаго англамоўнага часопіса. Пасля ж адпраўкі яго мы не атрымалі нават адмоўнай яго ацэнкі - не атрымалі ніякай. У пачатку чэрвеня перакладзены намі на беларускую мову з англійскага арыгінала, які меў загаловак "Belarus - Indians: some current trends in Belarusian - American Indian studies".

БЕЛАРУСЬ - ІНДЗЕЙЦЫ: НЕКАТОРЫЯ БЯГУЧЫЯ ТЭНДЭНЦЫІ Ў БЕЛАРУСКА-ІНДЗЕЙСКІХ ДАСЛЕДАВАННЯХ (2004)

Беларуска-індзейскае таварыства было заснавана ў студзені 1987 г. Сэрцам ініцыятывы быў Гомель, але дзясяткі яго членаў у розных краінах, не выключаючы тых, хто паехаў жыць у ЗША, дапамаглі Штаб-кватэры набыць імпульс.

Галоўнымі мэтамі таварыства былі аб'яднанне ўсіх асоб, якія цікавяцца пытаннямі, звязанымі з індзейцамі і карэнным насельніцтвам, кантакт з як мага большай колькасцю плямён, арганізацый і асобных індзейцаў, стварэнне серыі даведнікаў, манаграфій і хрэстаматый для ўсёй беларуска-індзейскай супольнасці, якую можна ўявіць [imaginary]... урэшце, зрабіць Беларусь "праіндзейскай" краінай.

Усе запланаваныя работы грунтуюцца на паняцці беларуска-індзейскіх (БІ; беларускія індзеяністы рэдка ўжываюць тэрмін "карэнныя амерыканцы", які ўводзіць у зман) адносін.

З самага пачатку "беларуска-індзейскіх даследаванняў" адным з найбольш інтрыгуючых было пытанне, якія краіны Еўропы найбольш "індзейскія" па арыентацыі (не па аб'ёме інфармацыі, а па духу братэрства) і па ўжыванні параўнаўчага матэрыялу (пашукайце ў інтэрнэце на "індзейцы Еўропы", і вы знойдзеце іх у некаторых рэгіёнах, у тым ліку на паўднёвым захадзе Беларусі (Чэслаў Мілаш і Сакрат Яновіч у гэтым выпадку не мелі на ўвазе этнічных беларусаў, але БІТ сабрала мноства строга "беларуска-індзейскіх" сцвярджэнняў)).

Польскія індзеяністы (або "сябры "індзейцаў") з гонарам гавораць пра польскі феномен (індзеянізму). У немцаў ёсць свае шматлікія "плямёны" (гульнявых індзейцаў [Play Indians]). Расіяне ваююць з чачэнцамі (некаторыя індзеяністы былі сапраўды ўцягнутыя), як быццам "індзейцы ваююць з іншымі індзейцамі".

Неверагодна актыўныя і ініцыятыўныя палякі, як і яўрэі, атрымалі доступ і да важных пасад, і да выгады ў індзейскіх справах. Добрым прыкладам для беларусаў з'яўляецца Польска-амерыканскае этналагічнае таварыства. Прадстаўнікі акадэмічнай навукі і энтузіясты ў Беларусі наўрад ці падтрымалі б усебеларускае аб'яднанне этнографаў (ці этнолагаў, як яны сябе называюць з 1990-х гг.).

Беларусы больш сціплыя і сарамлівыя, але даволі ўпартыя, як індзейцы... і гэтыя "дзікуны" здольныя дзесяцігоддзямі збіраць "крыўды", а потым навукова апрацаваць матэрыял у выдатны том "прэтэнзій" [claims].

Ці ведаеце вы, напрыклад, пра Ігара Стравінскага і Марыю Толчыф?

Традыцыйна БІТ падзяляе ўсю даступную інфармацыю на вялікую колькасць моўных, тэматычных і функцыянальных патокаў. "Бюро перакладаў" БІТ знаходзіцца ў пастаяннай напружанасці з-за пераважнай прысутнасці рускай мовы і патрэбы ў большай колькасці тэкстаў на англійскай мове, каб зацікавіць замежнага чытача.

Даследаванне беларуска-індзейскіх сувязей уключае наступныя асноўныя "раздзелы": інфармацыя, яе структура і крытыка (яе бібліяграфічнае ядро на сёння складае тысячы запісаў), дзейнасць (індзейцы ў розных сферах індывідуальнага і калектыўнага жыцця і творчасці), кантакты (паміж беларусамі, асобамі часткова беларускага паходжання, усе "народжаныя ў Беларусі" і "любога індзейскага" паходжання), параўнанні ("Добра, беларусы індзейцы", пагадзіўся Валерый Пазнякоў [Пазднякоў] у 1997 г. у Гродне [на канферэнцыі]), уплыў (індзейскі ўплыў на Беларусь і беларусаў і, у пэўнай ступені, часам амаль неадчувальна [intangibly], беларускі на індзейцаў (артыкул "Карэнныя нацыі ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый" прафесара Джэка Форбса з "Powhatan-Renape/Delaware-Lenape" быў апублікаваны як мінімум у чатырох індзейскіх перыядычных выданнях (Yakama Nation Review, News From Indian Country, Eyapaha, Micmac-Maliseet Nations News)... і больш вынікаў пошуку па запыце "Беларусь" і г.д., з індзейскага інтэрнэту, індзейскіх медыя ан- і афлайн)).

Нарэшце, ёсць дзейныя БІбібліяграфія, біяграфічны даведнік, інфармацыйны бюлетэнь (на беларускай і англійскай мовах) і, спадзяёмся, будзе Беларуска-індзейская энцыклапедыя, якая асвятляе разнастайныя рэаліі індзейскага свету і сферу беларуска-індзейскіх узаемаадносін.

Папяровыя і электронныя калекцыі БІТ поўныя імёнаў і фактаў... Для распрацоўкі найбольш важных і цікавых пытанняў неабходны міжнародныя намаганні. Гэты артыкул закліканы натхніць і спрыяць даследаванням у некаторых няясных [obscure] галінах, у якіх павінны ўдзельнічаць індзеяністы і неіндзеяністы розных прафесій і канфесій.

БІТ асабліва патрэбны даныя па такіх недаследаваных тэмах, як беларусы ў рэзервацыях, першыя індзейцы ў Беларусі, беларусы ў Рускай Амерыцы, праваслаўныя і каталіцкія місіянеры беларусаў сярод індзейцаў, беларуска-індзейскія метысы, беларускі індзеянізм у параўнанні з аналагічнымі плынямі ў іншых краінах свету, рэсурсы для ўзаемадапамогі на "карэннай" аснове ў этнанаркалогіі, этнапсіхіятрыі, этнаанкалогіі і іншых галінах "выжывання".

Эмацыянальна асабліва прыцягваюць глыбіні Далёкага заходняга рубяжа [Far West Frontier]. Такія "першапраходцы-беларусы Захаду", як Леа Трусевіч (яго сын лічыцца ўсыноўленым індзейцам (Арызона)), а ў нядаўнім часе беларускія індзейскія настаўнікі ў Мантане і Брытанскай Калумбіі прадстаўляюць унікальную групу "А хто там ідзе?" (Янка Купала).

Між тым, многія яўрэі, якія нарадзіліся ў Беларусі, сапраўды вядомыя сваімі сустрэчамі з індзейцамі ў многіх рэгіёнах ці працамі, звязанымі з імі. Соня (Іванаўна) Блікер, "стваральнік радасці" [delight maker] не толькі яе любімага Паўднёвага Захаду, найбольш прыкметная сярод іх: паспрабуйце сабраць усе яе кнігі для падлеткаў пра апачаў, ацтэкаў, чыпева, чэрокі, кроў, дэлавараў, інкаў, іракезаў, майя, наваха, нэперсэ, пуэбла, семінолаў, сіў, а таксама (місійных) індзейцаў Каліфорніі і плямёны паўночна-заходняга ўзбярэжжа...

Далей дадайце фуіджынцаў [Fuegians] (індзейцаў Вогненнай Зямлі), якіх паказаў Янка Маўр у аповесці "Сын вады", мапучэ (Ігнасіа Дамейка і яго "Араўканія і яе жыхары"), гуронаў, паўхатанаў, татанакаў, галібі, індзейцаў гор Гуантанама як частку кубінскага насельніцтва гуахіра і вы атрымаеце спіс самых "беларускіх" карэнных народаў Амерыкі.

Апачы і славяне Паўднёвага Захаду, безумоўна, "дома" ў Беларусі, бо ў Гомелі з 1979 па 1984 г. існаваў Цэнтр па вывучэнні апачаў. На думку прэтэнцыёзнага беларускага апачыяніста [Apachelogist], трывалае захапленне апачаўскай упартасцю сур'ёзна канфрантуе з дзіўнай беларускай міжканфесійнай традыцыяй пілігрымак, непасрэдна звязанай з гістарычным гуронскім фонам, што, праўда, рэдка згадвацца, Беларускага памятнага крыжа ў Мідландзе, Антарыа, - які не ў курсе збліжэння, прымірэння і больш паліткарэктных падыходаў да індзейскіх народаў і іх пакутнікаў.

Праблема першага індзейца ў Беларусі па-ранейшаму застаецца адной з тых, што найбольш інтрыгуюць. Індзеец з Вісконсіна ўдзельнічаў у першым савецка-амерыканскім маладзёжным форуме ў Мінску ў 1972 г. Яго каментарыі пасля сустрэчы былі кароткімі, але беларусам маглі б спадабацца яго больш разгорнутыя ўспаміны.

У ЗША і ў свеце "занадта шмат чэрокі", мяркуе адзін з аджыбвейскіх сяброў Беларусі. Два чэрокі добра ведаюць Мінск, і нашчадак чэрокі дагэтуль вучыць там маладых беларусаў размаўляць па-амерыканску. У яго ўласных беларускіх дзецях можна выявіць індзейскую кроў. Некаторыя балівійскія студэнты ў сваіх горацкіх (сельскагаспадарчая акадэмія) асабовых анкетах пазначалі мову "кечуа"... У Балівіі жывуць беларуска-індзейскія метысы. Аднак звестак пра гэтых беларусаў Анд і іх індзейскіх (кечуанскіх) жонак бракуе.

У рысах уругвайскай жонкі беларускага яўрэя было нешта індзейскае, паводле Карласа Шэрмана. Ён нарадзіўся ва Уругваі, вырас у Аргенціне, большую частку жыцця пражыў у Беларусі. Будучы ў цяперашні час "кубінскім паэтам-выгнаннікам у Нарвегіі" (памылка камерунскага выгнанніка ў Польшчы), ён вядомы як сын маці "амерыканскай індыянкі" [Amerindian]. Пасля першага выдання яго мінскай "індзейскай" паэтычнай кнігі (The Cardinal Points = Nakirunki sveta, іспанскі арыгінал з беларускім, англійскім і рускім перакладамі, Мінск, 2000) выйшла новае выданне ў Нарвегіі (Himmel-retningene) у 2004 г. (Крысціянсан).

Нягледзячы на тое, што ёсць некалькі этнічных беларусаў, якія з'яўляюцца адначасова "высокапастаўленымі" або "вядомымі", напрыклад, у СМІ Канады, і "пракарэннымі", беларусы не жадаюць "тамагаўчыць" [to "tomahawk"] улады (Мэдлін Сіняк была ўшанавана індзейцамі за падтрымку карэнных пытанняў, але яна адна ў спісе, хоць некаторыя карэнныя атрымліваюць узнагароду, названую ў гонар яе бацькі).

Беларусь у 19 і 20 стагоддзях мела вялікіх пракарэнных ("на жаль", выказваюць шкадаванне беларускія індзеяністы, не праіндзейскіх) лідараў [дзейнасць на карысць карэнных народаў, але на іншых кантынентах, астравах]. Найвялікшым палітыкам і лекарам быў Мікалай Русель (Судзілоўскі-Русель) на Гаваях, але нельга недаацэньваць і ягоны побыт у ЗША. Яго падарожныя запісы, перакладзеныя і апублікаваныя ў кнізе, падрыхтаванай Тэрансам Эмансам ("Па Каліфорніі ў 1891 г.", Стэнфард, 1991 г.), пакуль малавядомыя ў Беларусі (рускі арыгінальны тэкст у лічбавым выглядзе чакае выдаўца ў Беларусі [беларускі пераклад, апублікаваны ў трох газетах у 2021 г., быў бы больш зручны для азнаямлення ў кніжным фармаце]).

Пасля многіх гадоў "прадчування" гомельскія індзеяністы з радасцю атрымалі першыя рэльныя імёны людзей (сялян і мяшчан, саслоўяў сярэдніх нізоў), якія выехалі з Беларусі ў Рускую Амерыку (Аляска і Каліфорнія). Імёны: Мірон Цімарэеў [Цімафееў] з Улазавічаў [было памылкова: Бешанковіцкага раёна, насамрэч - аднайменнае месца непадалёку ад беларуска-расійскай мяжы ў Себежскім раёне Пскоўскай вобласці, раней Віцебская губерня]; Сысой Кумачоў з Віцебска; Дзяменцій Кавінскі (таксама пісаўся Каванскі) з Веліжа (цяпер Расія, г.зн. ён будзе выключаны са спісу, калі акажацца не беларусам па нацыянальнасці). Прынамсі адзін ураджэнец Віцебскай губерні [Цімафееў-Цімарэеў] жыў у Форт-Рос [не гістарычная руская назва, а больш позняя, англійская і руская, - для паселішча або крэпасці Рос у Каліфорніі], які тады фармальна знаходзіўся на тэрыторыі Мексікі, да яго пакідання ў 1841 г. Гэта значыць, што ён і яго магчымыя суайчыннікі падтрымлівалі з індзейцамі сувязь літаральна кожны дзень. Некалькі імёнаў да- і пасля-пакупных праваслаўных місіянераў Аляскі гучаць па-беларуску [місіянер, у тым ліку сярод індзейцаў у Нулата на Юкане іераманах Гаўрыіл (Мілашэвіч), які спачатку захварэў псіхічна, пасля чаго адмовіўся з'язджаць і ў 1860 г. памёр]. Ужо ў наш час зроблены ў Мінску звон з атапаскім надпісам, звоніць, каб і іх "згубленыя" душы "вярнуліся ў Беларусь".

Знакамітыя беларускія [White Ruthenian] браты былі шматнацыянальным згуртаваннем, якое рухалася на ўсход і захад, з "абарыгенным" вопытам, прыўнесеным у абодвух месцах прызначэння (кніга "Memoras de um Jesuita prisioneiro de Pombal" "нямецка-бразільска-партугальска-латвійска-беларускага" езуіта Ансельма Экарта - лепш за ўсё нагадвае іх рухі і даступная ў Бібліятэцы БІТ дзякуючы ветлівасці бразільскага правінцыяла). Бліскучы айцец Францішак Дзеражынскі мог наведваць у якасці інспектара індзейскія місіі. Айцец Антоній Расадоўскі, францысканец з Навагрудчыны, жыў у Тэхасе ў гады рэальнай пагрозы з боку індзейцаў ліпанаў (апачаў). Яны былі "польскімі". Рэйманд Гаўронскі, Т. І. (індзейскія місіі на Паўночным Захадзе), - гэта ўжо, у нашым вызначэнні, "амерыканец часткова беларускага паходжання". Айцец Атаназы [Язэп] Рэшаць, O.S.B. (Ордэн Святога Бенедыкта), быў цалкам беларускім, і яго "місіянерка" сярод індзейцаў была заменай Радзімы ў яго "неамерыканскай" душы.

Задача частковай дэпаланізацыі - сотні вядомых палякаў, ураджэнцаў Беларусі. З найменш прывязаных і паўплываных Польшчай найбольш важным падарожнікам і аўтарам з'яўляецца Аляксандр Галынскі, першы беларускі (па паходжанні) "амерыканіст" з надзвычай шырокімі інтарэсамі. З іншага боку, ёсць мэта дэрусіфікацыі. Мы ганарымся як паходжаннем, так і вопытам / эстэтыкай Пятра Набокава, аднаго з выдатных аўтараў кніг пра індзейцаў са славянскімі каранямі, бацька якога нарадзіўся ў Любчы. Ці можна лічыць яго "часткова беларусам"?

Кампаратывістычныя даследаванні ахопліваюць такія тэмы, як "рэзервацыйны феномен" (неверагодная, беспрэцэдэнтная ў свеце калекцыя згадак тэрміна для азначэння беларускіх рэалій у мінулым і сучаснасці), "раздвоеныя языкі" (моўная сітуацыя ў Беларусі; нават не варта каментаваць!), захаванне Беларуссю сваёй "першабытнай культуры" (самая "паганская" і "культурна адсталая" краіна ў славянскім свеце, а можа, і ва ўсёй Еўропе), "францір" (і "Паўночна-Заходні край" ["Northwest Territory"] (рускі "францір"), і kresy (польскі)), асацыяцыя "бізон-зубр" (амерыканскія карэнныя яшчэ не настолькі палітычна свядомыя і міжкультурна адукаваныя, каб прызнаваць яе выключныя значэнне і каштоўнасць).

Маладыя бізоны (зубры) сённяшняй Беларусі прызнаюць ролю першага індзейца (напалову шаена) сенатара ЗША Бэна Найтхорса Кэмпбэла [Ben Nighthorse Campbell] у "падтрымцы дэмакратыі" ў Беларусі ("Сенатар Кэмпбэл і Беларусь" - магчымая тэма для дысертацыі), але яны яшчэ вагаюцца стаць "індзейцамі" Беларусі. Мары нашага дзяцінства!.. і дылема быць "прыгнечанымі індзейцамі" або "беларускімі канкістадорамі" ляжыць на іх сумленні разам з многімі іншымі постсавецкімі "забабонамі" ["prejudice" patterns].

Як індзейцы ўспрымаюць нас, беларусаў, хтосьці можна спытаць. Ці дастаткова дасціпныя і іранічныя "індзейцы", каб лічыць нас, у цэнтры Еўропы, "амаль індзейцамі" ці "таксама індзейцамі"?

На жаль, яны дагэтуль не "адзначаюць" сваіх беларускіх братоў і сясцёр за ўсе іх пачынанні. Сярод індзейцаў, вачыма амерыканца-беларуса, які мае "шмат кантакту" з імі, можна знайсці шмат добрых сяброў, але... "Але я баюся, што вы знойдзеце іх вельмі дэпрэсіўнымі, бо яны маюць велізарнае казіно на сваёй зямлі і не цікавяцца Зямлёй і жыццём".

Чаму беларускія і іншыя еўрапейскія індзеяністы хвалююцца за індзейцаў, у той час як індзейцы не хвалююцца за іх? "Праверце" найбольш сур'ёзныя сацыяльныя праблемы: наркотыкі, алкагалізм, сямейны гвалт, папрашайніцтва, недахоп самапавагі. Гэтыя заклапочанасці выглядаюць як індзейскія ці "квазііндзейскія" ў нашых уласных краінах. Нават атлусценне (магчымае ў спалучэнні з беднасцю) для індзеяністаў "індзейскае".

Ідэалагічны сэнс калекцыі БІТ - у падтрымцы "традыцыйна-наватарскага" духу як Індзейскай Амерыкі, так і Беларусі... перш за ўсё Беларусі. "Мы больш верым у беларускі этычны кампанент у нашых адносінах, чым у саміх індзейцаў", - адзначае індзеянісцкі "магіканін", які выжыў у Гомелі.

Літ.:

5792 Баравая I. "Вітаю" па-навахаўску - гэта "Добра!" па-беларуску / на фотаздымках: беларускія і расійскія індзейцы (фота А. Жылінскага) // Беларусь. 1997. № 3. С. 50-51.

3320 Боровая И. "Здравствуй!" на языке навахо - это "хорошо" / фото О. Жилинского // Беларусь. 1997. № 3. С. 50-51.

6898 Апачэвіч А. Законнае пранікненне ў індзейскі рай. Гомельшчына - Веракрус. Мінск і Мехіка адпачываюць // Атака. Альтернативная социальная газета (Гомель). 2002. № 6/7. С. 8.

ГРЫНКЕВІЧ Мікалай - сярод яго вучняў з Аляскі з не зусім ясным паходжаннем - Мікалай Саўчанка. Ён можа быць біялагічным сынам Дзям'яна, прозвішча якога насіў і кім быў усыноўлены, - але даказаць гэта праблематычна, бо сведчанняў, ад каго быў сын яго "падчарыцы" Аграфены, няма. Але ён частка тэмы ўзаемаадносін індзейцаў і беларусаў у Сан-Францыска і на Алясцы - на востраве Кадзьяк (Каддзяк, Kodiak, раней - і яшчэ ў часы Сачанкаў - Kadiak) доўгія гады ў адным доме жылі нашчадкі беларусаў і тлінкітаў. Гэта было простае жыццё, але для нас яно больш цікавае, чым жыццё сем'яў "чыстакроўных" беларусаў-інтэлектуалаў у Амерыцы і нават жыццё айца Мікалая і яго руска-амерыканскай жонкі Аляксандры.

Сведчанне Грынкевіча, уключанае ў брашуру доктара Руселя, тычыцца і Мікалая Саўчанкі, хлопца з тлінкіцкімі каранямі па маці. Пераклады Тэрэнса Эманса і, уласна "Пра школу", Ірыны Варабей зроблены па нашай просьбе:

"As a doctor; that is, someone who could approach the bishop's dependents on a plausible pretext without arousing his suspicions, I became acquainted first hand, so to speak, with the negative aspects of his character. And insofar as unprovoked persecutions were assuming wholesale proportions in regard to everybody in any way connected with the bishop with whom he was dissatisfied; that is, employees, dependents, pupils of the school, etc., not a day went by that someone among them did not come to me with bitter complaints about "the new arrangements" and the undeserved insults delivered by the new bishop. The employees complained that they didn't have enough to live on, since Vladimir had reduced their salaries by half and even two-thirds, without any right or reason to do so. They also complained about senseless nagging, whose only aim was to transform their service into a kind of forced labor. The schoolchildren complained about rotten and insufficient food and about cramped and uncomfortable conditions in the damp basement. They complained that they were being eaten by lice, that they would be locked all night in a cell, where they were bitten by rats; that they were exhausted: from morning to evening without respite they had studies and church duties. The veracity of their complaints was confirmed by their emaciated, pale, scrofulous faces, and by their ragged and dirty clothing.

I could take the complaints of the employees and church personnel with a grain of salt, thinking "birds of a feather flock together," and that there was, perhaps, a certain amount of exaggeration in their complaints, but I could not remain indifferent to the complaints of defenseless children, over whom the new bishop extended his super-pastoral authority. I often had the visit among others, of one Grinkevich, who had graduated from the church academy and had been sent to America with the grade of a mere sexton as punishment for drunken behavior. He had scandalous things to say about conditions in the school, and his words fully confirmed the complaints of the unfortunate boys. I asked him to write down what he had told me about the disgraceful conditions at the school. Grinkevich fulfilled my request and wrote the following remarks, which I introduce verbatim, as they superbly characterize the order of things established by Vladimir. [Trans. by Terence Emmons]

"ABOUT THE SCHOOL

There are 23 boys in the school. They are divided into 3 classes. The classrooms are used at the same time for homework. There is no room for recreation. All classrooms (as well as bedrooms) are in the basement. The light in two of them is so poor that it is impossible to read a printed book in the middle of them. There is no ventilation. There is dampness and stench everywhere. The classroom of the second grade and dining-room are in the same premises.

Eight-year-old boys are subject to the same rules and lead the same lifestyle as 15-year-old ones. The quantity of their studies is as follows: class lessons with teachers - 3 1/2 hours (from 1 1/2 to 5 in the afternoon); homework - 3 hours (8-11 in the morning); singing - 2 hours (11-12 in the morning and 5 - 6 in the evening); church service - 2 hours (6 1/2 - 7 1/2 in the morning). On Saturdays and holidays, the length of service is up to 6 hours a day. They force the children to wear a long hair, that's why they suffer from lousiness…

The bishop has embezzled the money of the boys arrived with him here. They all (12 persons) had been given travelling allowances, and there are not less than 200 dollars from everyone's travelling allowance left. Some of the the arrived boys have been already sent off to Alaska, and no one got any money, even for buying some clothes, despite they badly needed it". [Trans. by Iryna Varabei]

(Змешчана: Russel (Sudzilovskii), Nikolai. Deontology in the Diocese of the Aleutians and Alaska / Trans. from the Rus. by Terence Emmons // Веснік БІТ. 2015. 20 сак. № 16; Doctor Russel about Nikolai Grinkevich / Trans. from the Rus. by Terence Emmons // Веснік БІТ. 2015. 15 сак. № 15; Grinkevich, Nikolai. About the school / Trans. from the Rus. by Iryna Varabei // Веснік БІТ. 2014. 10 жн. № 44.)

КАЦЮШЭНКА Міхаіл - быў супрацоўнікам і рэдактарам беларускіх газет, што важна - працаваў у "Чырвонай змене", якую не здолелі захаваць не менш таленавітыя, чым ён, што прыйшлі пасля яго; меў асаблівы аўтарытэт, калі ўзначальваў "Знамя юности". Пісаў па-руску і па-беларуску, у т.л. прозу. У загалоўках яго апавяданняў сустракаем словы "Пеле", "Джэк", "дзікуны", "Манах", артыкулаў - словы і фразы "на скры-жаваннях планеты", "следапыты", "вольны свет", "кантроль над думкамі".

Яго артыкул 1984 г. пра паездку ў Мексіку мае падзагаловак або назву "главы" "Адчуць сябе Калумбам…". Гістарычныя экскурсы, асабліва ў індзейскую старажытнасць, займаюць немалое месца і ім. Прапускаем, як звычайна, большасць з іх, як і апісанні прыроды, калі ў іх не з'яўляюцца абарыгены. Але часам немагчыма не падаць мілыя кавалкі тэксту з пейзажам, раслінным і жывёльным светам.

"Праходзяць нейкія вельмі кароткія, але даволі непрыемныя імгненні, і мы зноў вяртаемся з уздыхам на зямлю ў вобразе вузенькай, у шырыню аўтобуса, які шалёна нясецца, дарогі, мудрагелістай і, напэўна, вельмі старажытнай, як і ўся зямля ацтэкаў - Мексіка... За шклом аўтобуса, ва ўсякім разе, вышэй ўсяго на некалькі метраў, плывуць, агінаючы зялёна-ліловыя горы, аблокі, і калі яны апускаюцца, як старажытныя каравелы, уніз, і, ужо нагадваючы заснежаныя вяршыні, плывуць далёка ўнізе пад вамі, пад аўтобусам і дарогай, якая кідае яго то ўніз, то ўверх, паміж цяснінамі, прорвамі... Досыць аднаго імгнення, або адмовы тармазоў... Але кіроўца вясёлы. Напяваючы нейкую песеньку, ён і не збіраецца скідаць хуткасць і працягвае спакойна круціць руль на паваротах. Можа, толькі дзякуючы найвысачэйшаму прафесіяналізму выгляд у яго быў спакойным, таму што некаторыя рэчавыя доказы не маглі нават чалавеку з жалезнымі нервамі і выдатнай падрыхтоўкай не азмрочваць настрой. Мы бачылі тут жа, побач, могілкі аўтамабіляў, кіроўцам якіх не ўдалося даць рады з горнымі дарогамі. На іх былі нумары самых розных краін, яны былі самых розных марак, але зараз пякліся пад гарачым мексіканскім сонцам знявечаныя да непазнавальнасці, абгарэлыя...

Мы нямала дзён прабылі ў Мексіцы, штодня прараблялі па шмат кіламетраў, і дарогі амаль заўсёды былі аднымі і тымі ж, прывыкнуць да іх было немагчыма як і да таго, што было вакол.

Часам пасля сучасных пабудоў узнікалі, нібы мроі [видения] даўно мінулых дзён, хаціны індзейцаў і яны самі, ветлівыя, даверлівыя, якія прапануюць, напрыклад, самы нечаканы тавар, - ад сувеніраў, вырабленых з каменю, да жывых, паўмятровых яшчарак, прывязаных да рукі гаспадара спецыяльнымі вяроўкамі, якія моцна нагадваюць сабачыя ашыйнікі".

"...Толькі што была паездка па Мехіка, доўгая, знясільваючая, таму што горад проста бясконцы, ён, шаснаццацімільённы, расце і цяпер, распаўзаючыся па ўзгорках, якія атачаюць яго, і вось на поўдзень ад яго ўзнікаюць перад позіркам вулканы-двайняты".

"...У Мексіцы беражліва захоўваюць традыцыі, звычаі ацтэкаў. Каля старажытнага Тэатыўакана нас сустрэлі самыя сапраўдныя індзейцы ва ўборах, як дзве кроплі вады падобных на ўборы ацтэкаў. Яны і сапраўды ўражвалі! Яркія, якія падкрэсліваюць непераможны воінскі характар. У даліну Мехіка ацтэкі прыйшлі ў XIV стагоддзі (вось тады яны і ўбачылі піраміды Месяца і Сонца на руінах Тэатыўакана). Ацтэкі славіліся як воіны, якія змагаліся з тараскамі на захад (мы сустрэліся з іх нашчадкамі на востраве Каніцыа), з татанакамі і хуастэкамі - на ўсход і атамі [ў публікацыі - отами, са скажэннем; у іспанскім этноніме otomi ёсць указанне на націск у канцы] - на поўнач. За даволі кароткі час ацтэкі стварылі магутную дзяржаву, якая збірала даніну з тэрыторыі, якую можна параўнаць з сучаснай Мексікай. Яны славяцца і сваім мастацтвам. Гэта яны пабудавалі новую сталіцу Тэначтытлан".

"Мы падоўгу блукалі па старажытных вулачках і пляцах такіх гарадоў, як Таска, Марэлья, Керэтару [Керэтара], спыняліся перад помнікамі канкістадорам і храмамі, куды сілком зганялі індзейцаў... І самі гарады, і пляцы, і вуліцы, і людзі непаўторныя. Уявіце цэлы горад, які на працягу 500-400 гадоў не крануў час, нават лаўкі, на якіх і сёння, як некалі, сядзяць закаханыя, засталіся некранутымі... Многія падзеі пранесліся над імі. І гарады, гэтая арэчаўленая гісторыя Мексікі, - маўкліва захоўваюць памяць пра іх".

Матэрыял падпісаны "М. Кацюшэнка, спец. кар. "Знамя юности", і ён жа пазначаны ў канцы нумара як рэдактар.

У Кацюшэнкі ёсць таксама канадскія і амерыканскія нарысы, артыкулы. Ён асвятляў для савецкай аўдыторыі падзеі алімпіяды ў Манрэалі (1976). Пісаў і пра зімовую алімпіяду ў Лейк-Плэсіде (1980). Матыў Лейк-Плэсіда ёсць у рамане " Урок маўчання " (эпізод "З амерыканскага дзённіка Андрэя Жыліча" (с. 229-240) у главе 23), дзе ўражанні пра Амерыку самога Кацюшэнкі падаюцца ад імя кінарэжысёра Андрэя Жыліча, які паехаў здымаць алімпіяду.

"...Усё больш станавілася вакол снегу - мы ехалі на поўнач штата Нью-Йорк [Нью-Ёрк], амаль да самай граніцы з Канадай. Вакол аўтастрады былі скалы, пячоры, у цяснінах гор цяклі хуткія рэкі. Так і ўяўлялася, што на скалістым беразе вось-вось з'явіцца індзеец на кані са знаёмых кінабаявікоў [кінабаевікоў]... То абганяў, то адставаў ад нас стары "Крайслер". Наверсе - дзве пары лыжаў. Унутры - усмешлівыя твары маладой парачкі. Дзяўчына працягнула з акна маленькі амерыканскі флажок, указала пальцам на нас: "Амерыканцы?"". Яны не былі амерыканцамі, як і маладыя людзі - індзейцамі.

Літ.:

2842 Катюшенко М. Силуэты страны ацтеков // Знамя юности. 1984. 29 фев.

12446 Кацюшэнка М. Урок маўчання: раман // Кацюшэнка М. Урок маўчання: раман, апавяданні. Мн., 1988. С. 5-245.

12368 Арцёмаў А. Не дойдзе да Тэначтытлана ацтэкскі ваяр... // Маладосць. 2014. № 1. С. 28-31.

4156 Paradowska M. Polacy w Meksyku i Ameryce Srodkowej. Wroclaw, 1985.

12448 Narbutt T. Dzieje starozytne narodu litewskiego. T. 2: Sledzenia poczatkow narodu litewskiego i poczatki jego dziejow. Wilno, 1837. ("Нават у новым свеце, як і ў старым, народы прыходзяць з поўначы, напрыклад, тыя, што першымі засялілі Мексіку". "Няма такога народа, які б у кароткі перыяд свайго росквіту не глядзеў бы з гонарам на дзікія пустыні, якія ён проста разумее, што адкрыў, і з якіх, магчыма, незлічоныя часы раней, першы зародак яго уласнай сілы выйшаў. Еўрапейцы адкрылі Амерыку 300 гадоў таму, паселішчамі яе засялілі і сапсавалі. Хто ведае, ці шмат тысячагоддзяў назад амерыканцы не адкрылі Еўропу і не глядзелі на нашы берагі з такім жа гордым жалем, з якім іспанцы на іх". https://pawet.net/library/history/bel_history/narbutt/02/dzieje_starozytne_narodu_ litewskiego._tom_drugi.html.)

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou, researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Лідская раённая бібліятэка імя Я. Купалы - лепшая

Падведзены вынікі абласнога конкурса на лепшую віртуальную віктарыну, інтэрактыўную гульню, анлайн-крыжаванку "Бібліятэка.bу"!

Дыплом І ступені ў намінацыі "Лепшы інфармацыйна-забаўляльны рэсурс, створаны раённымі (цэнтральнай гарадской) і гарадскімі бібліятэкамі" атрымала Лідская раённая бібліятэка імя Я. Купалы за падрыхтоўку краязнаўчага web-квэста "Усяму пачатак тут, у краі маім родным".

ГІСТАРЫЧНА-ЛІТАРАТУРНЫ ЧЭЛЕНДЖ "РАСКАЖУ ПРА ГОРАД Я З ЛЮБОЎЮ"

ТК "Культура Лідчыны".

Толькі пад небам роднай Беларусі кожны з нас можа знайсці сваё месца, раскрыць свае здольнасці, прынесці карысць грамадству, адчуваць сябе сапраўднымі патрыётамі Беларусі. Ліда лічыцца адным з самых цікавых мясцін, знакамітых сярэднявечным замкам і іншымі славутасцямі.

Ліда - родны горад для вялікай колькасці людзей і з такой жа вялікай гісторыяй. 9 чэрвеня на гістарычна-літаратурны чэлендж "Раскажу пра горад я з любоўю", прысвечаны 700-годдзю горада, у Лідскую раённую бібліятэку імя Янкі Купалы былі запрошаны навучэнцы ДУА "Сярэдняя школа № 5 г. Ліды".

На мерапрыемстве дзеці ўзгадвалі легенды пра горад, вершы і песні. Даведаліся шмат цікавых фактаў пра Лідскі замак і яго заснавальніка князя Гедыміна. Бібліятэкар расказала пра гісторыю гарадской сімволікі, пра значэнне кожнай дэталі герба, сцяга.

На сталах перад дзецьмі былі прадстаўлены кнігі і фатаграфіі горада. Чытаючы і разглядаючы іх, яны разважалі і спазнавалі свой край. Усе дзеці прынялі ўдзел у стварэнні плаката "Мой горад Ліда".

Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу К.С. Сандакова.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX