Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 20 (72) 


Дадана: 16-05-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 20 (72), 17 траўня 2023 г.

Для ЦЭ амаль 22% беларускіх адзінаццацікласнікаў выбралі беларускую мову

Пра гэта паведаміў БелТА дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый Міксюк.

- Для ўдзелу ў цэнтралізаваным экзамене зарэгістравана 53 316 чалавек. Большасць з іх - 41 776 школьнікаў - выбралі для выпрабаванняў рускую мову, 11 509 - беларускую, - распавёў Юрый Міксюк.

Экзамен стартаваў па ўсёй краіне адначасова 14 траўня ў 11.00. Выпускнікі цэнтралізавана ў суправаджэнні педагогаў прыбылі у пункты ЦЭ за гадзіну. Варыянты экзаменацыйных заданняў засакрэчаныя, яны былі дастаўлены фельд'егерскай службай непасрэдна ў пункты здачы. Такіх па краіне налічваецца 144.

Удзельнік ЦЭ, які не з'явіўся на выпрабаванне або вызвалены ад яго непасрэдна падчас экзамену па ўважлівых прычынах (захворванне або іншыя не залежныя ад навучэнца абставіны, пацверджаныя дакументальна), зможа здаць ЦЭ ў рэзервовыя дні ці іншыя тэрміны. Першы этап рэзервовых дзён адбудзецца 23 і 25 траўня, другі этап запланаваны на 13 і 15 ліпеня, трэці - на 21 і 23 жніўня. Неабходна памятаць, што тыя, хто здае цэнтралізаваны экзамен у жніўні ўдзельнічаць у прыёмнай кампаніі ў ВНУ не змогуць, пайсці вучыцца можна будзе толькі ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Інфармацыю аб выніках ЦЭ можна будзе атрымаць на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Сертыфікат удзельніку выдадуць у яго ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі пад подпіс пры прад'яўленні дакумента, які сведчыць асобу.

БелТА.

Заўтра - Ушэсце

Хрыстус пасля свайго ўваскрасення неаднаразова аб'яўляўся вучням, а на саракавы дзень на іх вачах узнёсся на неба з Аліўнай гары. Выраз "Унебаўшэсце Пана" паходзіць з апісання гэтага факту св. Лукой у Дзеях Апосталаў (пар. Дз 1, 9-11).

Месцам унебаўшэсця Езуса была Аліўная гара. З гэтай гары, дзе распачалася мука Хрыста, узяла пачатак і Яго хвала. Езус наказаў Апосталам не адыходзіць з Ерусаліма, але чакаць абяцанага Айцом - спаслання Духа Святога (пар. Дз 1, 4-5). Пасля вяртання з Ерусаліма Апосталы "трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, маці Езуса, і з братамі Ягонымі" (пар. Дз 1, 14).

Пан Езус жыў таямніцаю свайго ўнебаўшэсця яшчэ задоўга да яе здзяйснення. Ужо падчас Апошняй Вячэры Хрыстус абвясціў Апосталам аб сваім адыходзе да Нябеснага Айца.

Урачыстасць Унебаўшэсця Пана ў часы ранняга хрысціянства звязвалася з таямніцай Спаслання Духа Святога на Апосталаў. Аднак гісторыя літургіі ведае гэтую ўрачыстасць толькі з IV ст.

Дні пасля ўрачыстасці Унебаўшэсця Пана рыхтуюць вернікаў да прыняцця Духа Святога: літургічныя чытанні кажуць пра гэтае абяцанне Айца, дадзенае яшчэ праз прарока Ёэля (V ст. да Н. Хр.), у касцёлах моляцца Навэнну да Духа Святога. З алтара прымаецца фігура Хрыста Уваскрослага, застаецца пасхал і крыж з чырвонай стулай.

Унебаўшэсце з'яўляецца днём каралеўскай інтранізацыі, трыумфам, які рыхтуе свайму Сыну Бог Айцец. Менавіта таму столькі радасці адчуваецца ў літургічных тэкстах.

catholic.by.

Да Дня Дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь

З азнаямлення з найважнейшымі дзяржаўнымі сімваламі пачынаецца патрыятычнае выхаванне дзяцей і моладзі. У Дзень Дзяржаўнага герба, Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь у публічных бібліятэках Лідчыны традыцыйна праводзяцца святочныя мерапрыемствы.

Так, у філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 2" для дзяцей з ДУА "Дзіцячы сад № 29 г. Ліды" ладзілася пазнавальная гадзіна "Тры колеры беларускай славы", а бібліятэкары філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 1" падрыхтавалі агляд-рэпартаж "Дзяржаўныя сімвалы маёй краіны".

ТК "Культура Лідчыны".

Родная мова вызначае здольнасць успрымаць музыку

Згодна з новым даследаваннем, мова, на якой мы размаўляем, значна ўплывае на наша пачуцце рытму і мелодыі.

Да такой высновы прыйшлі амерыканскія навукоўцы, якія параўналі здольнасці звыш паўмільёна чалавек з розных краін свету, якія размаўляюць на 54 мовах, адчуваць рытм і мелодыю. Вынікі свайго даследавання яны апублікавалі ў часопісе Current Biology.

Танальнай называецца мова, у якой кожны склад вымаўляецца з пэўным тонам. У залежнасці ад гэтага мяняецца і значэнне. Такія мовы шырока распаўсюджаны ў Паўднёва-Усходняй Азіі і Афрыцы. Самая вывучаная танальная мова, вядома, кітайская.

У танальных мовах навукоўцы выдзелілі падгрупу моў з музычным націскам (pitchaccent language). Да іх адносяцца, напрыклад, шведская, нарвежская, славенская, харвацкая, літоўская, японская і карэйская мовы.

Да нетанальных моў адносяцца такія мовы, як беларуская, украінская, расейская, англійская, французская, арабская, хіндзі. У іх вышыня тону можа быць выкарыстана толькі для перадачы эмоцый ці пытання, і ніяк не мяняе значэння слова.

У даследаванні бралі ўдзел носьбіты 19 танальных моў, 29 - нетанальных і 6 - моў з музычным націскам.

Удзельнікам даследавання давалі тры музычныя заданні, якія правяралі іх здольнасць успрымаць мелодыі, што злёгку адрозніваліся адна ад другой (гэта тая ж мелодыя ці іншая?), асаблівасці рытму (ці б'е барабан у такт песні?) і невялікія адрозненні ў вышыні тону (ці патрапляе вакаліст у ноты?).

У залежнасці ад таго, наколькі добра ўдзельнікі рашалі заданні, ім прапаноўваліся ўсё больш складаныя тэсты, у якіх адрозненні ў мелодыі былі больш тонкія, рытмы білі амаль у такт, а вакаліст спяваў практычна так, як трэба.

У цэлым даследчыкі выявілі, што тып роднай мовы звязаны з успрыманнем мелодыі і рытму, але не ўплывае на здольнасць людзей вызначыць, трапляе нехта ў ноты ці не.

Навукоўцы адзначылі, што носьбіты танальных моў у сярэднім лепш адрознівалі мелодыі, чым носьбіты нетанальных моў і моў з музычным акцэнтам. Гэты эфект быў вымяральны з эфектам, атрыманым пры занятках музыкай. Але пры гэтым гэтыя ўдзельнікі горш рашалі заданне, заснаванае на рытме.

Апошняе стала для даследчыкаў нечаканасцю. Аўтары лічаць, што гэта, магчыма, звязана з тым, што носьбіты танальнай мовы надаюць менш увагі рытму і больш - вышыні тону, таму што тон больш важны для камунікацыі.

Пытанне аб тым, ці могуць носьбіты танальнай мовы быць больш музычнымі, ужо вывучалася раней, але папярэднія даследаванні не маглі аддзяліць уздзеянне мовы ад уплыву культуры.

"Папярэднія даследаванні ў асноўным проста параўноўвалі носьбітаў адной мовы з іншымі, звычайна англійскай з мандарынскім або кантонскім варыянтам кітайскай мовы. Аднак носьбіты англійскай і кітайскай моў адрозніваюцца сваім культурным паходжаннем і, магчыма, тым, як часта і якую музыку яны слухалі і як навучаліся. Вельмі цяжка выключыць гэтыя культурныя фактары, калі вы проста параўноўваеце дзве групы", - адзначае адна з аўтараў даследавання Цзінсюань Лю (Jingxuan Liu), псіхолаг з Універсітэта Дзюка (ЗША).

Аўтары новага даследавання выкарыстоўвалі значна шырэйшую выбарку і выявілі, што ўплыў роднай мовы на ўспрыманне музыкі захоўваецца незалежна ад культуры, адукацыі і сацыяльна-эканамічнага статусу.

Па словах Лю, вынікі пацвярджаюць тэзіс аб тым, што ярка выяўленае пачуцце мелодыі ў носьбітаў танальных моў звязана з іх агульным моўным досведам, а не з культурнымі адрозненнямі.

Па словах аўтараў даследавання, засталіся пытанні, якія патрабуюць дадатковых даследаванняў.

Напрыклад, навукоўцы змаглі прааналізаваць здольнасці тысяч носьбітаў шасці моў з музычным націскам да ўспрыняцця музыкі. Аднак вынікі атрымаліся незразумелымі і супярэчлівымі пры выкарыстанні розных метадаў аналізу. Носьбіты моў з музычным націскам таксама дэманстравалі вялікую варыятыўнасць унутры кожнай моўнай групы.

У выніку навукоўцы не змаглі знайсці сярод удзельнікаў даследавання нейкага агульнага моцнага або слабога боку. Збольшага гэта звязана з тым, адзначаюць даследчыкі, што мовы з музычным націскам цяжэй класіфікаваць, чым танальныя мовы, бо яны па-рознаму выкарыстоўваюць вышыню гуку.

Паводле СМІ.

Беларускі Жуль Верн

10 траўня беларускаму пісьменніку Янку Маўру (1883-1971) споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння.

Янка Маўр быў пісьменнікам-першапраходцам, адкрывальнікам. Ён асвоіў невядомыя раней нашай беларускай дзіцячай літаратуры тэмы і жанры, спрыяў яе інтэлектуальнаму ўзвышэнню і мастацкай дасканаласці. У сваёй творчасці арыентаваўся на ўзроставыя асаблівасці юных чытачоў, умеў задаволіць іх цікаўнасць, узбагаціць іх веды, актывізаваць фантазію, станоўча ўплываць на фарміраванне характару. Пісьменнік быў упэўнены, што дзіцячая кніга павінна быць толькі добрай, цікавай і карыснай. I ён падарыў юным чытачам такія творы, якія і сёння ў актыве нашай дзіцячай літаратуры.

У 1927 годзе выйшла з друку першая кніга пісьменніка - аповесць "Чалавек ідзе" і мела вялікі поспех. У тым жа годзе Янку Маўру прапанавалі падпісаць дамову на новую кнігу. Дырэктар Беларускага дзяржаўнага выдавецтва Цішка Гартны зазначыў, што ў Беларусі не шмат прыгодніцкіх кніг беларускіх аўтараў, а дзецям яны патрэбны; ён падказаў таксама, што гэта магла б быць кніга падарожжаў. У 1928 годзе ў свет выйшла прыгодніцкая аповесць Янкі Маўра "У краіне райскай птушкі", у тым жа годзе ўбачыла свет і аповесць "Сын вады", а ў 1929 годзе - раман з загадкавай назвай "Амок". Адначасова друкаваліся апавяданні Янкі Маўра аб далёкіх краінах: "Слёзы Тубі", "Лацароні", "Незвычайная прынада", "Звяры на караблі" (цяперашняя назва "Бунт звяроў") і іншыя. Так з'явіўся цыкл шырока вядомых таленавітых твораў Янкі Маўра пра далёкія краіны. Яны назаўсёды замацавалі за ім славу выдатнага майстра прыгодніцкага жанру. З павагай называем мы яго нашым беларускім Жулем Вернам. Матэрыялу па тэме жыцця ў іншых краінах у пісьменніка было дастаткова, бо заўсёды цікавіла яго тое, што адбывалася не толькі ў Беларусі, a і ва ўсім свеце. Не выпадкова яшчэ ў 1903 годзе ён дасканала авалодаў штучнай міжнароднай мовай эсперанта. На яго імя ў 1920-1930-я гады, а потым і пазней, прыходзіла карэспандэнцыя ледзь не з паўсвету: з Новай Зеландыі, Інданезіі, Амерыкі, Румыніі, Галандыі, Італіі, Новай Гвінеі, Явы і іншых. Сам Янка Маўр выпісваў перыёдыку і іншую літаратуру на мове эсперанта. З канца 1920-х гадоў асноўнай у творчасці Янкі Маўра стала тэма роднай Беларусі, жыцця і спраў беларускіх дзяцей. У 1930 годзе выйшла з друку вострасюжэтная прыгодніцкая аповесць Янкі Маўра "Палескія рабінзоны". У ёй чытач адпраўляецца ў незабыўнае падарожжа па беларускім Палессі. У сюжэт аповесці "Палескія рабінзоны" ўключаны элементы дэтэктыва, тут шмат прыгод, шырока выкарыстаны прыёмы загадкавасці, таямнічасці, нечаканага ўскладнення і абрыву дзеяння. I сёння з цікавасцю чытаецца аповесць Янкі Маўра "ТВТ" - Таварыства Ваяўнічых Тэхнікаў (1934 год). У ёй няма незвычайных прыгод, бо напісана яна пра самае будзённае, у якім знайсці што-небудзь рамантычнае няпроста. Як лепшы твор беларускай дзіцячай літаратуры аповесць "ТВТ" у 1934 годзе была адзначана першай прэміяй на Усебеларускім конкурсе. На Усесаюзным з'ездзе пісьменнікаў у тым жа 1934 годзе Самуіл Маршак назваў яе лепшым творам усёй савецкай дзіцячай літаратуры. За поспехі ў галіне літаратуры і грамадскай дзейнасці Янка Маўр узнагароджаны трыма ордэнамі, медалямі. У 1968 годзе яму было нададзена ганаровае званне заслужанага дзеяча культуры БССР, а ў 1972 годзе Янка Маўр першы з беларускі дзіцячых пісьменнікаў быў адзначаны (пасмяротна) Дзяржаўнай літаратурнай прэміяй БССР.

Паводле СМІ.

Легенда беларускай бібліяграфіі

14 траўня споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння Ніны Ватацы (1908-1997) - знакамітага беларускага бібліёграфа, літаратуразнаўцы, заслужанага дзеяча культуры Беларусі. Ніна Ватацы нарадзілася ў горадзе Цэсіс, Літва. Закончыла літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1930 годзе. Па накіраванні Наркампраса БССР працавала ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР з 1930 (зараз НББ). У гады Другой сусветнай вайны была загадчыкам бібліятэки эвакуацыйнага шпіталя № 1701. У 1933 годзе Ніна Ватацы выйшла замуж за аспіранта Аляксандра Саўчанку, але сямейнага шчасця амаль не зведала. Толькі паспелі адгуляць мядовы месяц, як Аляксандра рэпрэсавалі, і ў 1941 годзе ён быў накіраваны як вораг народа ў штрафбат, на фронт, дзе і загінуў у 1942 годзе. Юрыдычна Ніна была замужам 9 гадоў, а насамрэч усяго толькі месяц. Рэпрэсаваны Аляксандр Саўчанка быў па даносе сябра. Больш замуж Ніна не выходзіла: рана засталася на ўсё жыццё. Але яна не зламалася, не страціла дабрыню і павагу да людзей. Напрыканцы 1950-х гадоў Ніна Ватацы звярнулася да даволі нераспрацаванай на той час тэмы - жыццё і творчасць цудоўнага песняра Максіма Багдановіча. Апантаная гэтай справай, яна пісала лісты да родных і знаёмых Максіма Адамавіча. Ялта, Уладзімір, Сочы - далёка не поўны пералік расейскіх гарадоў, куды ішлі лісты Ніны Барысаўны з адной толькі мэтай: знайсці рукапісы славутага песняра, яго фотаздымкі, архіўныя дакументы. Яе грунтоўныя доследы пачалі прыносіць адпаведныя здабыткі. Разам з Алегам Лойкам быў створаны цудоўны альбом "Максім Багдановіч. Жыццё і творчасць" (Менск, 1968). Напісала і выдала кнігі "Беларуская літаратура і работа з ёю ў масавых бібліятэках"(1958), "Шлях паэта"(1975), "Песня Максіма"(1981), "Шляхі"(1986) і іншыя. Ніна Ватацы сабрала столькі найкаштоўнейшых матэрыялаў, што на аснове яе фондаў у Менску быў адкрыты Дзяржаўны музей Максіма Багдановіча, які паспяхова працуе і сёння. У Маскоўскім архіве літаратуры і мастацтва яна адшукала пісьмо Максіма Багдановіча да Валерыя Брусава, пазнаёмілася са сваякамі паэта, якія жылі ў Горкім, і якія вельмі шмат дапамагалі ў пошуках звестак пра Максіма Багдановіча.

Ніна Ватацы падрыхтавала і выдала шэраг памятак пра творчасць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Кандрата Крапівы, Міхася Лынькова, Пятра Глебкі, Паўлюка Труса, Піліпа Пестрака, Івана Шамякіна, Пімена Панчанкі і іншых пісьменнікаў. І калегі, і пісьменнікі, і сябры яе называлі легендай беларускай бібліяграфіі.

Паводле СМІ.

Навіны Германіі

Гарады Германіі: Глюксбург

Глюксбург. Калі вы шукаеце супакою і адзіноты ў мястэчку, у якім трывала злучыліся старажытная гісторыя, курортныя перавагі і пышныя пейзажы на фоне чыстай воднай роўнядзі, то Глюксбург цалкам будзе адпавядаць вашым падвышаным запытам. Наведайце гэта невялікае, сціплае мястэчка, і вы даведаецеся шмат новага і цікавага, убачыце адзін з самых прыгожых замкаў Германіі, а таксама нацешыцеся відамі цудоўнай балтыйскай прыроды па пешым маршруце з невялікім перападам вышынь.

Геаграфічнае размяшчэнне

Сучасны Глюксбург - курортнае мястэчка, галоўнай славутасцю якога лічыцца замак у выглядзе падковы. Вакол яго раскінуліся па-экалагічнаму чыстыя лясы і сенажаці. Прыродная візітная картка Глюксбурга - "кававае" пясочнае ўзбярэжжа і глыбокія сінія воды.

Месцазнаходжанне Глюксбурга - паўночная частка Германіі (Шлезвіг-Гальштэйн), каля мяжы з Даніяй. Нягледзячы на чыста нямецкі дух, гісторыя мястэчка цесна павязана і з гэтым дзяржавай. Шукайце яго па карце на адлегласці 11 кіламетраў ад Фленсбурга. Яго асаблівасць - акуратныя, дагледжаныя кварталы і вулачкі, "мульцяшныя" хаткі з прыгожымі дахамі, вялікая колькасць акацый, займальныя музеі, рэстаранчыкі і раскошныя паркі.

Гістарычны экскурс

Заснаванне паселішча і яго развіццё было непарыўна звязана з мясцовымі феадаламі, каралеўскімі дынастыямі і замкавым збудаваннем на вадзе. Высокі велічны будынак пабудаваны такім чынам, каб з яго вокнаў было добра відаць мора. Архітэктура ў стылі моднага ў позняе сярэднявечча Рэнесансу дадае яму не толькі пампезнасці, але і ненадакучлівай элегантнасці.

Нагадваем, што замак быў пабудаваны на выспе сярод азёрнай роўнядзі. Ён акружаны маляўнічым садам, па якім можна шпацыраваць гадзінамі. Моцны, магутны падмурак мае значную вышыню - 2,5 метра. Архітэктар праекта - Нікалаўс Карыес.

Glucksburg першапачаткова лічыўся адным з самых важных замкаў на поўначы Еўропы. Яго будавалі на працягу ўсяго пяці гадоў (1582-1587 гады), выконваючы заданне герцага Іягана (Ганса). Да пераможнага шэсця рэлігійных вучэнняў Лютара і Кальвіна на гэтым месцы ўзвышаўся стары манастыр цыстэрцыянцаў Rudekloster. З яго гранітных блокаў і быў збудаваны высокі падмурак новага палацавага збудавання, які служыў не толькі надзейнай асновай, але практычным сутарэнным памяшканнем. У ім захоўвалі прадуктовыя запасы, рыхтавалі ежу для гаспадароў і шматлікай чэлядзі, трымалі пад вартай зняволеных. У наш час на самым ніжнім паверсе размяшчаецца адміністрацыйнае кіраўніцтва замка, жылыя памяшканні і офісы.

Першы паверх палаца ў даўнія часы выконваў функцыі асобных спальняў, сталовай і гасцінай. Вы можаце ўбачыць у гэтых памяшканнях пышную мэблю 18-19 стагоддзяў. Вежы замка прылягаюць да кутніх пакояў. Тут можна ўбачыць Чырвоную бальную залу. Сваю назву яна атрымала, дзякуючы чырвоным шпалерам. Таксама прыцягвае ўвагу барлінны ляпны арнамент - такая стылістыка была ўпершыню ўжыта на поўначы Германіі пры афармленні замка Глюксбург.

На сценах унутраных памяшканняў можна ўбачыць шмат партрэтаў 16 стагоддзя - яны ва ўсёй поўнасці адлюстроўваюць гісторыю сем'яў Ольдэнбурга і Бергер, заадно ўказваючы на нечаканыя кульбіты нямецкай і дацкай палітыкі.

У замкавым музеі вам абавязкова пакажуць рэдкія экспанаты паўстання ў 1848 годзе і дакументальныя сведчанні, якія тычацца нямецка-дацкай вайны 1864 года. Знатакі мэблевага, шкладуўнага і ткацкага майстэрства змогуць убачыць арыгінальныя гарнітуры ў стылі ракако і бідермайер, пышны посуд з парцаляну і срэбра, а таксама фламандскія габелены.

Звярніце ўвагу, Глюксбург - "самы паўночны замак" у Германіі. Гэты велічны палац выконваў функцыі рэзідэнцыі толькі час ад часу, тым не менш, заўсёды займаў вельмі важнае месца ў гісторыі рэгіёна Шлезвіг-Гальштэйн і Скандынавіі. Гэта і нядзіўна, бо заснавальнік рэзідэнцыі герцаг Johann (Hans) быў братам караля Даніі і курфюрста Саксоніі. Цяжка паверыць, але ў яго было 23 дзяцей. Частка нашчадкаў герцагаў стала нямецкімі князямі, ды і сам Іяган Ганс нязменна выяўляў сімпатыю да германскіх кіраўнікоў. Сямейнай рэзідэнцыяй герцагаў замак служыў на працягу некалькіх стагоддзяў. Апошні нашчадак герцага памёр у 1779 годзе. Права на палац і тытул атрымаў герцаг Вільгельм з радавой спадчынай Шлезвіг-Гальштейн-Sonderburg-Бек.

З сярэдзіны 19 стагоддзя ў летнія месяцы палац служыў месцам для пражывання караля Фрэдэрыка Сёмага, затым штаб-кватэрай прускага войска і шпіталем. Пасля таго, як княства Шлезвіг увайшло ў склад Прусіі, палац быў вернуты дому Шлезвіг-Гальштэйн-Sonderburg-Glucksburg.

Прайшло амаль 100 гадоў з тых часоў, як замак Глюксбург увайшоў у спіс германскай і еўрапейскай культурнай спадчыны. Пачынальна з 1923 года, палац выконвае функцыі важнага рэгіянальнага музея з адчыненымі дзвярамі для шматлікіх турыстаў.

Заўвага. Атмасфера, характэрная для пражывання герцагаў паўночных земляў, у замку захавана цалкам. Вы зможаце ўбачыць менавіта тую абстаноўку пакояў, якой бачылі яе ранейшыя ўладальнікі. А калі пашанцуе, нават паўдзельнічаеце ў абрадзе шлюбу маладых пар у капліцы старога архітэктурнага комплексу.

Паводле СМІ. Фота: shutterstock.com.

У Беластоку прайшла канферэнцыя, дзе абмяркоўвалі будучыню вывучэння беларускай мовы на Падляшшы

Адбылася канферэнцыя беларускіх дзеячоў Падляшша аб дзейнасці Падляшскай управы адукацыі ў Беластоку і Міністэрства адукацыі і навукі адносна змены асобнага характару статутаў ліцэяў беларускай нацыянальнай меншасці ў Гайнаўцы і Бельску-Падляшскім.

Беларускія арганізацыі на Падляшшы пратэстуюць супраць патрабаванняў Упраўлення адукацыі і Міністэрства адукацыі, каб навучэнцы двух ліцэяў з беларускай мовай навучання не павінны былі вывучаць гэтую мову ў абавязковым парадку і здаваць па ёй іспыты на атэстат сталасці. Размова ідзе аб змяненнях у статуце двух ліцэяў у Гайнаўцы і Бельску-Падляшскам з дадатковымі ўрокамі беларускай мовы.

- Да гэтага часу ліцэі ў Гайнаўцы і Бельску-Падляшскам мелі статус ліцэяў беларускай нацыянальнай меншасці. На працягу некалькіх месяцаў дзейнасць Падляшскай управы адукацыі і Міністэрства адукацыі і навукі была накіравана на тое, каб пазбавіць іх гэтага статусу, - паведаміў прафесар Алег Латышонак, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства і Беларускага культурнага цэнтра ў Беластоку.

- На жаль, чыноўнікі застаюцца глухімі да нашых заклікаў і аргументаў. Між тым, рашэнні, якія яны прасоўваюць, прывядуць да ліквідацыі Гайнаўскага ліцэя ў яго цяперашнім выглядзе, - запэўніў Яўген Вапа, кіраўнік Беларускага саюза ў Польшча, і дадаў, што ён быў вучнем і настаўнікам у Гайнаўскім ліцэі, які таксама скончылі восем чалавек з яго сям'і.

Паводле Яўгена Вапы, на сайце petitioneonline.com з'явілася петыцыя арганізацыяў беларускай меншасці наконт захавання беларускай мовы ў цяперашнім выглядзе, якую можа падпісаць кожны ахвочы, і гэта ўжо зрабілі 15 арганізацыяў беларускай меншасці.

poranny.pl. Фота: poranny.pl.

Віленская газета "Слова" пра вяртанне Францішка Аляхновіча, верасень 1933 г.

Юзаф Мацкевіч

Ад міража культурнай працы ў Менску да Салавецкага і Карэла-мурманскага папраўча-працоўнага лагера

6-га верасня 1933 года, паміж станцыямі Негарэлае і Стоўбцы, адбыўся абмен вязняў паміж Польшчай і СССР. З польскай вязніцы быў выпушчаны грамадовец Браніслаў Тарашкевіч, а з салавецкай катаргі звольнены для абмену знаны беларускі дзеяч, паэт і літаратар Францішак Аляхновіч.


Гэта страшны кавалак жыцця Францішка Аляхновіча, пра які ён зараз спакойна распавядае з урачыстым выразам твара, з высілкамі прыпамінаючы некаторыя імёны. Голас яго гучыць роўна, ён коратка і выразна фармулюе свае ўспаміны пра сямігадовыя пакуты. Няма пафасу ў гэтай аповесці пра страчаныя ў катаржным жыцці ілюзіі.

Гэтак і ёсць. 6 верасня адбыўся абмен, 7 верасня ён быў у роднай Вільні. Тарашкевіча бачыў на мяжы. Сказалі адзін аднаму па некалькі вітальных слоў.

Мары пра беларускі тэатр

- У Савецкую Расію - распавядае нам сп. Аляхновіч, - выехаў у верасні 1926 года, з польскім замежным пашпартам і савецкай візай. Хацеў убачыць сваякоў, блізкіх, родных. Прыехаў у Менск. Здавалася мне … здавалася, што знайду там вялікія магчымасці для культурнай працы. Больш за ўсё мяне цікавіў тэатр. У Савецкай Беларусі ёсць тры дзяржаўныя, добра аплочваныя, тэатры. Адзін у Менску, адзін у Віцебску і адзін раз'язны. Вырашыў застацца і шукаць месца кіраўніка літаратурнай часткі ў адным з гэтых тэатраў. Менавіта ў гэты час павінна было адбыцца адкрыццё тэатра ў Менску.

- Ці дазваляюць умовы ў дзяржаўным, бальшавіцкім тэатры працаваць у ім беларускаму паэту і літаратару?

- Так. Ставяцца, пераважна, арыгінальныя творы маладых беларускіх аўтараў. Відочна, аўтары мусілі быць прасякнутыя рэвалюцыйным духам, згодна з партыйнай ідэалогіяй. Аднак яны ў кожным выпадку выказалі свае вялікія веды ў тэатральнай тэхніцы і сцэне. Іх творы мелі поспех сярод менскага грамадства. У Віцебску пераважна ставіліся класічныя п'есы ў вельмі добрай пераробцы і перакладзе. Гралі Шэкспіра, "Вяселле Фігара" Бамаршэ, "Эраса і Псіхею" Жулаўскага. Натуральна, я працаваў бы з думкай пра будучыню. За падбор твораў адказвае дырэкцыя тэатраў. Аўтары, рэкрутаваныя з маладой генерацыі беларускай інтэлігенцыі, выхаванай пры камуністычным рэжыме, добра ведалі яго патрабаванні. Аднак мы верылі ў эвалюцыю беларускага руху. Але не будзем кранаць палітычныя тэмы.

"Участие в организации действующей в направлении помощи международной буржуазии"

- Гэтак гучаў акт абвінавачвання, які я атрымаў праз няпоўныя шэсць тыдняў свайго побыту ў Менску. - Вяртаўся з Віцебска. У вагон увайшлі функцыянеры ГПУ і арыштавалі мяне. Адвезлі ў Менск і пасадзілі ў ппадвале ГПУ па вуліцы Савецкай, ранейшай Захар'еўскай. Тое абвінавачванне, якое я падаў вышэй, атрымаў толькі праз два тыдні. Мяне палічылі членам Беларускай Рады ў Вільні, чаму, відавочна, я не мог пярэчыць і пра што беларускія ўлады ведалі і раней, калі выдавалі мне візу.

- Доўга трымалі ў Менску?

- Сядзеў без перапынку ў тых перапоўненых падвалах да ліпеня. Потым у Менску пабудавалі новую вязніцу, вядомаю пад назвай "Амерыканка". Чаму так называецца - не ведаю. Можа таму, што пабудавана на ўзор амерыканкай вязніцы? Гэты будынак мае выгляд круглай вежы. Крымінальнікаў трымалі ў старой, даваеннай, турме. А я сядзеў у падвалах. Са мной сядзелі беларускія сяляне, сядзелі вяскоўцы з памежжа, абвінавачаныя ў шпіянажы на карысць Польшчы, сядзелі людзі, якія чакалі судовай расправы, сядзелі хабарнікі, была група беларускіх студэнтаў, абвінавачаных у "контррэвалюцыі". Бачыў у тых падвалах шмат беларускай моладзі, якая ў пошуках лепшай долі і палітычных умоў збегла з Польшчы. Усе сядзелі і чакалі завочнага выраку ГПУ.

Такі вырак даецца на падставе меркавання следчага, і яго немагчыма абскардзіць. Свайго я дачакаўся ў ліпені 1927 г. - атрымаў ссылку на 10 гадоў на Салавецкія выспы.

Мях і "дрын"

Першае - гэта выспа, другое - сістэма, якая там панавала. - Аляхновіч расказаў, як яго этапам прывезлі на бераг Белага мора. Покуль цягнік давалокся да далёкай Поўначы, ужо пачалася зіма. Патрапіць на Салавецкія выспы не было ніякай магчымасці. Навігацыя спынілася. Яго прывезлі на станцыю Сарокі, а адтуль пагналі пешкам 80 кіламетраў на выспу Мях. Ляжыць яна на адлегласці 10 км ад берага, і гэта малая адлегласць, пакрытая трывалым ільдом.

- Па льду, - кажа, - дайшлі да выспы, месца ссылкі. Знаходзілася там 400 вязняў, пераважна крымінальнікі. Каля адной чацвёртай складалі палітычныя, "каэры" ці так званыя "контррэвалюцыянеры". Жылі ў бараках.

Сп. Аляхновіч раптоўна замаўкае і пра нешта думае.

- Там было вельмі цяжка? - пытаюся ціха.

- О, так. Для чалавека, які не прызвычаіўся да фізічнай працы, умовы былі не да вытрымання. Нас будзілі а 3-й гадзіне ночы. У 3 з паловай - праверка і раздача прыладаў: піл, сякер. А гадзіне 4-й выхад на працу ў лес. Ісці трэба было 10 кіламетраў, вяртацца таксама 10. Працаваць цяжка. А трэба вам ведаць, што панаваў там прынцып "дрына", так завуць кій. Білі часта, не толькі за правіны але і за невыкананне нормы працы. Натуральна, той хто неяк атрымаў пратэкцыю ці нечым спадабаўся ахоўнікам, унікаў кары. Я, напрыклад, падараваў люльку. Меў добрую англійскую люльку. Падараваў яе ахоўнікам… Былі розныя кары. Распраналі да бялізны і нейкі час трэба было прастаяць на марозе.

- Гэта страшна.

- Так.

- Як кармілі?

- Нядрэнна. Гэта значыць … зараз пану раскажу. У тыя часы, 1927-28 гады, нам давалі есці два разы ў дзень. На раніцы - сняданак: густы суп з гароху ці сачавіцы, часам - густая грачаная каша з маслам ці густы суп з макаронамі. Абед атрымлівалі ўвечары. Зноў міску густога супу, а ў ім кавалачак салёнага мяса. Хлеб мелі ў дастатковай колькасці, нешта каля 1 кілаграма на асобу. - Так, кармілі нядрэнна. - Пачухаў твар рукой. - Цяжка, было вытрымаць.

30 траўня 1928 года, з першым параходам, адвезлі на Салаўкі.

Змякчэнне "дрына", санацыя і голад

- Свой побыт у ссылцы падзяліў на дзве часткі: панаванне "дрына" ці кія, які прайшоў для мяне нядрэнна і другая частка - спыненне фізічных здзекаў, паляпшэнне санітарнага стану і ў той жа час галодныя порцыі для вязняў.

У 1930 годзе тое што робіцца на Салаўках, відавочна, стала вядома ў Маскве. Было вельмі дрэнна там у нас, у бараках. Прыехала адмысловая камісія, якая разглядала сітуацыю на месцы. Шмат хто з адміністрацыі сам пайшоў у ссылку, многіх расстралялі. Начальнік лагера Зарын атрымаў 10 гадоў катаргі, іншы вышэйшы чын Мардвінаў, таксама атрымаў 10 гадоў за сувязь з шайкай зладзеяў на выспе і г. д. Раскажу, чаму так адбылося:

Тыф на гноі пакінутых стайняў

- Калі прыехаў на Салаўкі, там было вельмі шмат вязняў, нешта каля 22 тысяч. Увесь час прывозілі новых і новых. Недзе было ўсіх размясціць. Часткова вязні жылі ў былых кляштарных келлях, часткова ў цэрквах ці спецыяльна пабудаваных бараках. Не было больш месца. Зноў-прыбылых сялілі ў пакінутых стайнях, проста на гноі, у вільгаці, у страшных умовах. Людзі былі пакрытыя казуркамі. Паўсюдна клапы і вошы. Восенню 1929 года выбухнула страшная эпідэмія плямістага тыфу. Капалі вялікія долы для сотняў нябожчыкаў, звозілі туды памерлых, а калі роў запаўняўся, прысыпалі і капалі новы.

- Шмат памерла?

- Трошкі меней за палову. Нешта, каля 5 ці 6 тысяч. Адміністрацыя змагалася з эпідэміяй даступнымі для яе сродкамі. Гэта значыць - аглядала інфіцыраваныя баракі, не дазваляла камунікаваць і г. д. Відочна, шпіталі не маглі ўмясціць нават нязначную колькасць хворых. І калі прыехала камісія, яна даведалася, што эпідэмія выбухнула праз тых, каго пасялілі ў стайні.

- Потым стала лепей?

- Не было потым такога прасунутага фізічнага здзеку, і санітарныя ўмовы трошкі палепшыліся.

- А здзекі маральныя?

У адказ, Аляхновіч шырока і дакладна апавядае пра Салаўкі.

"Слон", "Сікмітл", "Слаг"

- Такую эвалюцыю скаротаў назвы перажылі лагеры ссыльных на далёкай поўначы Расіі. Першая назва: "Салавецкія лагеры асобага прызначэння", потым "Салавецкія і Карэла-мурманскія папраўча-працоўныя лагеры". У канцы: "Салавецкія лагеры". Гэтыя лагера знаходзяцца не толькі на Салавецкіх выспах, але і ўся поўнач Расіі заселеная ссыльнымі. Суседнія выспы і суседнія землі, вялікія, непраходныя лясы і паўсюдна пасёлкі вязняў. Разбэшчанасць, голад, хваробы і пакутніцтва. Народы ў вязніцы. Там ёсць усе: рускія, беларусы, палякі, украінцы, якуты, чувашы, народы Каўказа, чарамісы, туркмены і г. д. і г. д., летувісы, эстонцы, немцы, фіны. Ёсць там навукоўцы, акцёры, музыкі, мастакі, літаратары, юрысты, былыя вайскоўцы, інжынеры, рабочыя, сяляне -шмат сялян. Гэтых найбольш. Найбольш "кулакоў", а сярод іх найбольш украінцаў.

Салавецкія выспы - гэта сусвет сам у сабе. Сусвет, які не толькі маральна але і гаспадарча адарваны ад глобуса. І разнастайнасць прафесій вязняў добра спрыяе сістэме такога кшталту. Салаўкі маюць свае прамысловыя прадпрыемствы, свае аграрныя арганізацыі, свае фабрыкі, млыны, ганчарні, тартакі, тэатры, бібліятэкі, маюць усё - усё, акрамя свабоды.

Новы ссыльны атрымлівае анкету, пасля чаго так званыя "дарадчыкі" пасяляюць яго ў бараку па яго прафесіі. Я асабіста - кажа Аляхновіч - быў лесарубам, вартаўніком, акцёрам, канцылярыстам, суфлёрам, мастаком - гэта на працягу сямі гадоў.

Сны пра ўцёкі

- Такія сны сняць пэўна ўсе. Уцячы з Салавецкіх выспаў немагчыма. З мацерыка значна прасцей. Аднак з тысяч і тысяч вязняў, толькі адзінкам, пры незвычайна спрыяльных абставінах, уцёкі могуць удасца. Найперш трэба мець грошы і вопратку. Ісці дарогай немагчыма. Дарог мала і заўсёды на іх сустрэнеш жыхароў краю, якія выдаюць уцекачоў ў рукі аховы, бо за кожнага выдадзенага вязня, карэл атрымлівае 2 пуды белай мукі. - Прабачце, атрымліваў калісьці раней, яшчэ у часы "Нэпа". Зараз два пуды белай мукі каштуюць вялікіх грошай і, пэўна, улады ўжо не могуць такім чынам узнагароджваць тубыльцаў. Уцёкі напралом праз лясы? Не ведаю, асабіста мне гэта здаецца немагчымым. Летам перашкаджаюць балоты, зімой снег. Відочна, людзі даведзеныя да апошняй мяжы роспачы, могуць пайсці на ўсё. Чуў, што ў 28 годзе былі расстраляны 70 чалавек, якія планавалі бунт і захоп аднаго з караблёў на выспе. Ведаю, што іх расстралялі, але ці сапраўды яны планавалі паўстанне - цвердзіць гэта з пэўнасцю не магу. - Усе ж найбольшая праблема, гэта вопратка. Яна старая і робіць ўражанне лахманоў. Маючы пратэкцыю, можа апрануцца лепш, амаль што ў новае. Але гэта рэдка каму ўдаецца. Калі прыехаў, выдалі мне валёнкі, ватныя порткі і ватнік.

Памада для губ і алоўкі да броваў

- Трэба ведаць ўсе выпрабаванні, усю разбэшчанасць, дэмаралізацыю і голад, каб цалкам зразумець крыніцы шырокай прастытуцыі на Салаўках. Колькасць жанчын на Салаўках складае ад 17 да 20 %. Ёсць паміж іх старыя, сівыя, гарбатыя, знішчаныя фізічна. Гэтым можна верыць, яны самыя сумленныя. Астатніх хутка разбэшчваюць.

Жанчыны і мужчыны жывуць асобна. Аднак спатыкаюцца падчас працы, у канцылярыі і г. д. Жанчыны мыюць і прыбіраюць установы, у якіх працуюць мужчыны. Усе блізкія адносіны сурова караюцца, тым не менш прастытуцыя шырыцца да пагражальных памераў.

- Пан кажа прастытуцыя?

- Так, у асноўным толькі за грошы. Да гэтага прымушаюць умовы і, галоўнае, - голад. Гэта цалкам агульная з'ява з якой эфектыўна змагацца не магчыма. Чуў, што 80% жанчын на Салаўках хварэюць на венерычныя хваробы. Там ёсць кааператывы, у якіх можна набыць пэўную, абмежаваную колькасць тавараў. Напрыклад, цукру, гарбату, селядцы. Але самым вялікім попытам карыстаецца памада для губ, паста да зубоў, алоўкі для броваў. Купляюць гэта жанчыны, каб … лепш сілкавацца.

- А ці бываюць выпадкі, калі ссылаюць сужэнцаў?

- Натуральна, нават часта. Аднак сужэнцтва гэтае, у лагеры звычайна трымаецца толькі на пачатку, а потым, сужэнцы расходзяцца. Інакш быць не можа. Маральнай гніллю прасякнуты кожны кавалак выспы, кожная пядзя зямлі. Нэндза і роспач кіруюць там.

Не ямы, а скрыні для нябожчыкаў

- Выбачайце, але вы казалі, што можаце падзяліць сваё знаходжанне ў лагеры на дзве часткі, што зараз ёсць лепш чым раней.

- Зараз смяротнасць больш-менш нармальная. З-за клімату і дрэннага сілкавання вязні паміраюць ад цынгі, туберкулёзу - у асноўным маладыя, потым ад чыроў, якія пакрываюць усё чалавечае цела. Зараз ёсць так: штодзень а 5-й гадзіне са шпіталя выязджае адмысловая скрыня, у якой ляжыць 8 ці 10 нябожчыкаў. Каля скрыні крочаць санітары ў белых халатах і чорных, гумовых рукавіцах. Змесціва скрыні выкідваюць у яму, яму закапваюць, і скрыня вяртаецца на месца.

- Вось так …

- Тым часам сілкаванне станавілася штораз горшым. Чаму? Думаю таму, што ўжо і на мацерыку няма ежы. У апошні час, на раніцы, на сняданак нам давалі трошкі салёнага супу, прыгатаванага на салёнай рыбе з цалкам небачным дамешкам кашы проса. Пад вечар зноў суп і адна салёная рыба на дваіх. Тым, хто цяжка працуе выдавалі 800 грамаў хлеба, тым, хто на больш лёкай працы, - 550, канцылярыстам - 400, інвалідам - 300. Трошкі цукру раз на паўмесяца. Колькасці паўмесячнай порцыі цукру хапала, каб засаладзіць дзве шклянкі гарбаты. Гэта ўсё. Сілкаванне паступова пагаршалася з 1930-га года. Новапрыбылыя казалі мне, што ў СССР пануе голад, асабліва на Украіне.

- А рэпрэсіі, пераслед?

"ІСА"

- Яны вельмі цяжкія, як вытрымаць. Існуе такая інстытуцыя з назвай "ІСА" - інспекцыйна-следчы аддзел. У яго руках усе шпегаўскія ніці і кіраванне цэлай правакатарска-выведкавай сістэмай. На Салаўках, наогул, няма вольных людзей. Нават адміністрацыя, нават узброеная ахова - людзі, якія афіцыйна вольныя, але сасланыя сюды за нейкія правіны. І каменданты, і большасць аховы рэкрутуюцца з вязняў. Гэтыя найгоршыя. Яны паказваюць уладзе сваю руплівасць, у кожнай келлі, бараку, пакоі - усюды ёсць шпегі. Яны сочаць за думкамі вязняў, даюць ім характарыстыкі і даносяць пра кожны учынак. Жывеш увесь час ў страсе і самакантролі.

- Як там крадуць!

- Бадай, самай вялікай пошасцю Салаўкоў ёсць крадзяжы. Крадуць усе і ўсё. Крадуць з келлі, з баракаў, з кішэняў, нападаюць увечары і ў белы дзень, на дарозе, на сходах канцылярыі, на полі, у лесе. Нападаюць па некалькі чалавек, адбіраюць атрыманую пасылку і бяскарна зносяць яе, затрымліваюць, рабуюць. Эканамічныя ўмовы тамтэйшага жыцця стварылі гэтую сітуацыю, Адміністрацыя не ў стане гэтаму перашкаджаць, тым больш, што яна знаходзіцца ў сціслай сувязі са зладзеямі, якія дзеляцца крадзеным і таму застаюцца непакаранымі. Вязень ні гадзіну не можа быць спакойным, ні хвіліну. У кожны момант на яго можа напасці рабаўнік і ўсё адабраць.

На Салаўках багатая бібліятэка

Сп. Аляхновіч расказвае, што на Салаўках існуе вялікая і добра дагледжаная бібліятэка, якая складаецца як з белетрыстыкі гэтак і з навуковых кніг.

- Ці існуе практычнае магчымасць карыстацца гэтай бібліятэкай у тамтэйшых умовах, сярод цяжкай фізічнай працы, нэндзы, холаду і голаду? - пытаю.

- Мяркуйце самі, на чытанне заўсёды знойдзецца час, асабліва для людзей, для якіх чытанне кніг ёсць адзіным магчымым адпачынкам. Мы мелі кнігі розных галін ведаў. Былі рускія, французскія, нямецкія і нават італьянскія кнігі, былі кнігі на скандынаўскіх мовах. Акрамя таго мы мелі тэатр.

- Тэатр таксама …

- Казаў ужо, якая вялікая колькасць людзей розных прафесій знаходзілася ў Салавецкай ссылцы. У 1927-28 гадах быў сапраўдны росквіт тэатра на Салаўках. Сярод вязняў меўся шэраг выбітных акцёраў, спевакоў, музыкантаў. Мы стварылі першакласную трупу. Наш тэатр быў сапраўднай з'явай. У ім працавалі спецыялісты: дэкаратары, грымёры, электратэхнікі, цырульнікі, інжынеры. Колькі іх там ёсць, мой Божа! Гралі як мужчыны, гэтак і жанчыны. Давалі чатыры прадстаўленні штотыдзень. Два платныя і два бясплатныя па жаданні адміністрацыі лагера. На бясплатных прадстаўленнях мужчыны і жанчыны сядзелі ў зале паасобку. Але на платных кожны мог выкупіць сабе білет на месца, якое яму падабаецца. Таму платныя прадстаўлення мелі вялікі попыт, бо кожны хацеў мець каля сябе выбранніка свайго сэрца. Тэатральныя прадстаўленні часта мелі характар зборных ранішнікаў, што было б немагчыма ў нармальных умовах.

Вегеракша - Дарога чараўніц

- Верасень 1932 года яшчэ застаў мяне на Салаўках. Але ў гэтым месяцы я дабіўся пераводу ў горад Кемь, які знаходзіцца на мацерыку, за некалькі кіламетраў ад Белага мора. Каля горада ляжыць вялікі лагер для вязняў, аточаны калючым дротам - т. зв. Вегеракша, што па-карэльску "Дарога чараўніц". У лагеры каля 3000 вязняў. Там таксама існаваў лагерны тэатр, які абслугоўваў нават вольных жыхароў горада. Граў у тамтэйшых клубах, публічных залах і г. д. Таму я прасіў пераводу.

Праз няпоўны год, раптоўна, 13 ліпеня 1933 г. мяне выклікалі ў канцылярыю і загадкава загадалі хутка рыхтавацца да дарогі, пасля чаго пасялілі ў ізалятары. У ізалятары сядзелі людзі, які зрабілі вялікае парушэнне ці злачынства. Назаўтра пасадзілі на цягнік і выслалі ў Маскву.

З Бутырак на волю

- Патрапіў у вядомую Бутырскую турму. Нічога не ведаючы, сядзеў там да 4 верасня. Калі праз 7 тыдняў мне выдалі чыстую бялізну, павялі ў лазню і пагалілі - з'явілася надзея, што ў маім лёсе нешта можа змяніцца да лепшага. І ў той жа дзень стала вядома, што мяне абмяняюць. Аўтамабілем быў адвезены ў цэнтральны будынак ГПУ па вуліцы Лубянка, 2, дзе мяне прадставілі прадстаўніку польскага пасольства ў Маскве. Ён пацвердзіў інфармацыю пра абмен і засведчыў, што заўтра я ўжо буду ў Польшчы.

7 верасня ў адкрытым аўто разам з афіцэрам і жаўнерам, па вуліцах Масквы быў адвезены на вакзал і ў адмысловым вагоне даехаў да польскай мяжы. 6-га адбыўся абмен, 7-га быў у Вільні.

Аляхновіч цяжка і глыбока ўздыхнуў, як быццам стомлены сваім аповедам.

* * *

- Ці можаце вы мне сказаць пра свой сучасны погляд на беларускі рух у межах СССР?

- Цяжка мне пра гэта казаць. Думаю, што ў Саветах наступае павольнае, але сістэматычнае ліквідацыя гэтага руху. Сам быў сведкам гэтага і адчуў гэта на сабе. У Менску працягваюцца арышты беларускай інтэлігенцыі. У 1931 г. там адбылася вялікая "чыстка", зараз яна зноў паўтараецца. Цяжка мне пра гэта казаць. Сем гадоў быў адарваны ад жыцця, жыў у голадзе, эпідэміях, хваробах, пакутах і іншых атрыбутах катаргі. Здаецца мне, аднак, што няма ніякай будучыні ў беларускага руху пры сістэме, якая пануе ў Расіі.

- Ці можна вас спытаць пра вашы планы на бліжэйшую будучыню?

- Буду працаваць на беларускім культурным полі: літаратурным, публіцыстычным, буду засцерагаць ад зману "сацыялістычнага будаўніцтва" асоб, якія цягнуцца туды з надзеяй знайсці сваю бацькаўшчыну, гэтак, як тыя беларускія сяляне, якіх бачыў на катаргах Расіі, як тыя віленскія рабочыя, якіх бачыў у Бутырскай турме. Не ўспамінаюць яны добрым словам людзей, якія іх намовілі і з'агітавалі да гэтага. Лічу сваім абавязкам засцерагаць шырокія масы ад пераходу савецкай мяжы, дзе яны знойдуць голад і вязніцу.


a. ż. [Józef Mackiewicz] Ad mirażau kulturnaj pracy u Miensku po “Sołowieckiej i koreło-murmanskije isprawitelno trudowyje łagery” // Słowo. 1933. Nr. 264.


Пераклад Леаніда Лаўрэша.


Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

На злётах, канферэнцыях і раскопках па ўсім свеце: Богуш, Красулін; зубр-бізон: крос-культурная трактоўка "апошняй мяжы"

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-19 (53-71) за 2023 г.)

Тэкст, які змяшчаем ніжэй, рыхтаваўся для канферэнцыі Міжнароднай акадэміі вывучэння нацыянальных меншасцей (АНМ) 1999 г. "Культура беларуска-ўкраінска-расійскага сумежжа" ў Мазыры. Аўтарскі загаловак быў: "Зубр-бізон: крос-культурная трактоўка "апошняй мяжы" (спроба вызначэння кірункаў этназаалагічнага і этнапсіхалагічнага кампаратывістычнага даследавання)".

На выбар тэмы ў пэўным сэнсе паўплывала іншая канферэнцыя, якую таксама ладзіў выдатны навуковец і арганізатар навукі С. Яцкевіч (тады быў прачытаны даклад, большая частка якога з'явілася ў зборніку - як "Неэтнацэнтрычны курс гісторыі і этнаграфіі карэнных амерыканцаў для беларускай дыяспары ў ЗША"; у арыгінальным загалоўку было: "…карэнных амерыканцаў для беларускіх амерыканцаў"). Яна адбылася ў Брэсце, а калегі з Міжнароднай асацыяцыі крос-культурнай псіхалогіі правялі адзін са сваіх кангрэсаў у польскай Белавежы. Гэта паслужыла ідэяй.

Паводле праграмы-запрашэння, VI Міжнародная навуковая канферэнцыя па нацыянальнай адукацыі "Адукацыя дыяспар" павінна была адбыцца ў Нацыянальным парку "Белавежская пушча" 1-3.04.1998 г., але па прыбыцці ў Берасце стала вядома, што яна пройдзе ў абласным цэнтры. Як кампенсацыя, для ўдзельнікаў канферэнцыі была праведзена экскурсія ў запаведнік, у час якой ім пашчасціла ўбачыць вольных зуброў. У пэўны момант адзін з іх пачаў пагражальна рухацца да нас; мы рэціраваліся да аўтобуса, але былі вельмі задаволеныя.

Сувязь той сустрэчы з зубрамі з наступным тэкстам аўтара для серыі "памежных" канферэнцый "вакол Беларусі" АНМ, "Зубр-бізон…", відавочная. Ён не быў прыняты аргкамітэтам "для Мазыра", але быў уключаны ў праграму і зборнік канферэнцыі таго ж года з той жа серыі і з той жа назвай - "Культура беларускага пагранічча", "Культура беларуска-ўкраінска-расійскага сумежжа" - у Горках (2-3.06.1999). Гэта было сюрпрызам, таму што на яе мы далі тэкст пра "рэзервацыі" (Яцкевічу С. А. 1.03.1999: "Паважаны Сяргей Анатольевіч! Пасылаю Вам тэкст на канферэнцыю "Рэзервацыі" руска-беларускага "сумежжа". Хачу заўважыць, што 60 цытат я знайшоў у выніку 23-гадовай апрацоўкі кніг і перыёдыкі - колькасць прагледжаных адзінак не называю, бо Вы не паверыце. З дапамогай самых моцных камп'ютэраў [камп'ютараў] у Менску, Вашынгтоне і Нью-Йорку [Нью-Ёрку] гэта пакуль немагчыма". У далейшым мы мелі некаторыя праблемы з публікацыяй поўных версій даследавання феномена "рэзервацый" - іх было створана некалькі, ад больш папулярных і кароткіх да падрабязных "метадычна-сухіх".

Ні даклад пра зуброў, ні даклад пра рэзервацыі не прэтэндавалі на нейкае "правакацыйнае" выступленне; яны былі далёкія ад спроб дакараць суседзяў - гэта была звычайная, хаця і заўсёды захапляльная, поўная здзіўлення "руціна" беларуска-індзейскай кампаратывістыкі, якую разумее кожны, хто ведае, што Амерыка каланізавалася выхадцамі са Старога Свету, а Беларусь паланізавалася і русіфікавалася. Загаловак даклада пра "рэзервацыі" быў крыху адаптаваны да тэмы канферэнцыі, але аўтар БСІ ні тады, ні цяпер не мог бы сказаць, што рускія з уласна Расіі былі галоўнымі героямі ў "гістарычнай гульні" "Загнаць беларусаў у (культурныя) рэзервацыі". Што да палякаў, то і тут іх вобраз далёкі ад вобраза ворагаў. Іншая справа, што могуць быць асобныя больш або менш адчувальныя для нацыянальных пачуццяў тэзісы, - нават не агучваючы іх, будзеш мець іх у напаўпрыхаваным выглядзе.

Перад змяшчэннем поўнай версіі хочацца яшчэ раз звярнуць увагу, што падзел Пушчы на польскую і беларускую часткі - хутчэй плюс, таму што ён "падвойвае" ўвагу да прыроды гэтых запаведных мясцін, асабліва да зубра, - ужо не так істотна, хто з двухногіх жыхароў раёна пушчы быў абарыгенам (справа свабоднага выбару: паглыбляцца ў пытанні пра маральныя, а не юрыдычныя правы; ганарыцца або не - тым, што хтосьці больш ранні жыхар; хто і як павінен шанаваць абарыгенаў і спрыяць высокаму статусу апошняга). Хаця мяжа стварае пэўныя нязручнасці для людзей і жывёл, асабліва ў крызісныя часы, гэта ўсё ж не катастрофа. Блізкай да катастрофы была б сусветная вайна, якая б дабралася і да каўказскай папуляцыі зубра - і тады б зубра магло зусім не стаць, заставаўся б толькі бізон, ды і то часова, бо вайна магла - улічваючы арганізацыйны германскі геній - дайсці і да Паўночнай Амерыкі.

У ідэале наяўнасць варыянтаў развіцця - "шматпалярнасць" - спрыяе пошукам найлепшых падыходаў.

Хаця з назвы канферэнцыі знік, у выніку "руху на перыметры", элемент "польскае", які больш адпавядаў бы тэме зуброў, але і ў Горках прысутнічалі ўдзельнікі з Польшчы - у Яцкевіча аказаліся добрыя калегі-кашубы. Прачытанне пэўных месцаў з даклада выклікала іх ажыўленне (фрагменты даклада пра зуброў-бізонаў, якія не з'явіліся ў зборніку, але былі часткова агучаныя на канферэнцыі, з пэўнымі варыяцыямі, дапаўненнямі ад "сябе", - выдзеленыя намі цяпер тлустым шрыфтам).

З нестандартных падзей на канферэнцыі ў Горках запомнілася невялікая вербальная сутычка паміж украінскім і расійскім удзельнікамі. А гэта быў толькі 1999 г., і выглядала так, быццам не падзялілі нейкі момант дзеці. Мы ж у пачатку свайго выступлення зрабілі заўвагу, што перакладаем яго ў рэальным часе з беларускай на рускую, каб зрабіць успрыманне яго гасцямі з Польшчы, Расіі і Украіны больш лёгкім.

"Этназаалогія - дысцыпліна, якая вывучае комплекс узаемасувязей паміж народамі (этнасамі) і фаўнай (відамі жывёл, распаўсюджаных на этнічнай тэрыторыі). Асабліва важнай часткай этназаалагічнага даследавання з'яўляецца вызначэнне ўплыву жывёл на менталітэт этнасу. Для некаторых "культурных абласцей" вызначальным, "базавым" фактарам была наяўнасць пэўнага "жывёльнага" рэсурсу. У Амерыцы бізон "этназаалагічна" звязаны з карэнным насельніцтвам фізіягеагра-фічнага [фізіка-геаграфічнага] раёна "раўнін". Месца бізона ў жыцці прэрыйных індзейцаў, уключаючы "інтэграцыю" яго вобраза ў духоўную культуру, асвятляецца ў велізарнай літаратуры, пачынаючы ад А. Н. Кабеса дэ Вака.

Для Беларусі, дзе недастаткова выразна праведзены нават падзел паміж такімі не супадаючымі дысцыплінамі, як этна- і крос-культурная псіхалогія, спроба спалучыць іх з этназаалогіяй прэтэндуе стаць піянерскай. Натуральны выбар аб'ектам падобнага даследавання зубра, які прызнаецца адным з сімвалаў Беларусі і за яе межамі, г.зн. з'яўляецца найважнейшай краіназнаўчай рэаліяй, хаця і не забяспечанай шматграннай "адаптацыяй" у культуры. У замежжы няма такога выразнага асацыятыўнага звязвання Беларусі з зубрам, як бізона з індзейцамі прэрый, але, несумненна, кампаратывістыка гэтая плённая і перспектыўная не толькі ў культуралагічным аспекце. Культурны і псіхалагічны феномен еўрапейскага і амерыканскага бізона ўзнік на памежжы (франціры або крэсах), прычым кантакт паміж палякамі, беларусамі, літоўцамі і іх племяннымі "продкамі", такімі як яцвягі, і еўрапейска-індзейскі кантакт - дзве розныя мадэлі ўзаемадзеяння, ахвярамі якога сталі самыя моцныя і прыгожыя прадстаўнікі жывёльнага свету Еўропы і Паўночнай Амерыкі.

Паступовае змяншэнне арэала звычайнай для Еўропы жывёлы ў рэшце рэшт, як і ў выпадку з бізонам, прывяло да з'яўлення пры апісанні зубра натуральнага ў падобнай сітуацыі эпітэта "апошні". Загаловак у "Охотничьем вестнике" за 1907 г. гучыць: "Апошнія бізоны ў Еўропе". У 1928 г. у Менску выдадзены "Зборнік незвычайных апавяданняў з жыцця дзікіх і свойскіх быкоў", які мае агульны загаловак "Апошні бізон". "Апошняе прыстанішча зубра" апынулася ў малана-селенай лясной мясцовасці ў беларуска-польскім памежжы, што давала шанц на выжыванне, але і ўскладняла яго, бо на буферную зону прыходзілася найбольшае напружанне ў час вялікіх катаклізмаў, выкліканых палітычнымі прычынамі. "Жудаснае па жорсткасці і нябачнае на размаху вынішчэнне" бізона і больш ускоснае, "шляхам знішчэння лясоў і культуры, што ўсе больш і больш развіваецца" (М. Мензбір), наступленне на зубра аднолькава выклікала ў лепшых прадстаўнікоў чалавецтва прадчуванне "трагічнай развязкі" і "немінучай пагібелі".

Гэты "памежны" (паміж жыццём і смерцю) стан збліжае беларусаў з індзейцамі, часам апасродкавана. А. Сянкевіч у белетрызаваных мемуарах паэтычна апісаў трагічны лёс індзейцаў штата Каларада, дзе была вялікая беларуская калонія, прывёўшы і спецыфічна беларускае параўнанне: "цяпер днём са свечкай не знойдзеш тут індыяніна. Як тых зуброў у Белавежы, трымаюць у амерыканскіх запаведніках астаткі плямён былых гаспадароў паўночнай Амерыкі.

Страціўшы волю і шырокія прасторы, яны хутка выміраюць".

Пры апісаннях зубра і бізона найбольш часта ўжываюцца, прычым і ў чыста навуковых працах, кампаратывістычныя тэрміны і выразы: "бліжэйшы сваяк", "сваяк" (родич), "найбліжэйшы суродзіч" (сродич), "родны брат", "разам адносімыя", "вельмі блізкія", "разам з бізонам", "разам з зубрам". Паводле М. Мензбіра, гэтыя жывёлы "крайне блізкія" "па ўнутранай арганізацыі", аднак шэраг аўтараў знаходзяць, што белавежскі зубр пераўзыходзіць бізона "жвавасцю" і "незвычайнай лютасцю". Некаторыя знешнія адрозненні "нашага літвіна" ад "амерыканіна" заўважыў і Г. Сянкевіч, якому, аднак, у час вандроўкі праз Белавежскую Пушчу "хвілінамі здавалася", што знаходзіцца ў Амерыцы.

Кампаратывістыка ў дыядзе "зубр-бізон" асабліва высокапрадукцыйная для народаў, гістарычны лёс якіх цесна звязаны з гісторыяй гэтых роднасных паміж сабой магутных жывёл. "Нацыянальны гонар" за сувязь з рэшткамі вялізнага раней арэала зубра могуць у той ці іншай ступені адчуваць прадстаўнікі такіх суседніх і аддаленых ад беларусаў народаў, як палякі і літоўцы, малдаване і абхазы. Але гэтыя ўнікальныя, "рэліктавыя" прадстаўнікі фаўн двух розных кантынентаў збліжаюць найперш беларускі і індзейскія народы.

Калі зубр "знік" у Еўропе, але заставаўся ў "Літве", за мяжой яго часам называлі "літоўскім бізонам"; калі Літва "вярнулася" ў свае этнічныя межы, зубр часцей "дыпламатычна" называўся "белавежскім". Пры царызме ён быў "адзіны рускі звер, якога нельга забіць інакш, як з найвысачэйшага дазволу". У савецкі час у рускамоўнай і беларускай літаратуры ён зваўся таксама беларускім. У масавай свядомасці, па абодва бакі польска-беларускай мяжы ў рознай ступені, звязванне ў адну фразу - "польскі бізон" менш характэрна, што адпавядае гістарычным рэаліям. Арэал зубра ў новы час амаль цалкам ляжаў на этнічнай тэрыторыі беларусаў (як зубровы статак, так у пэўнай ступені і мясцовыя сяляне-беларусы "анархічна" не ўспрымалі Белавежскую Пушчу часткай той ці іншай дзяржавы). Паколькі "польскі патрыятызм" амаль заўсёды выключае паняцце беларускай традыцыйнай этнічнай тэрыторыі, якая ўсё яшчэ існуе ва ўсходніх ваяводствах, то дуалізм "украдзенай, падзеленай радзімы", а разам з ім і "(часткова) украдзенай жывёлы" прасочваецца галоўным чынам у этнапсіхалогіі беларусаў. У адносінах да палякаў, якіх налічваюць сотнямі тысяч на сучаснай тэрыторыі Беларусі, не так яскрава праводзіцца паралель, якая для беларусаў гучыць "зубры і беларусы падзелены дзяржаўнай мяжой на сваёй традыцыйнай тэрыторыі".

"Прыналежнасць" зубра да Беларусі ў "большай ступені", чым да Польшчы, дастаткова аргументавана, але свету навязваліся памылковыя "атрыбуцыі", як вынік "крадзяжу" Заходняй Беларусі ("усходняя Польшча" фігуруе з многіх заходніх крыніцах як месца, дзе загінуў апошні зубр і дзе яго папуляцыю здолелі пазней адрадзіць).

Рэальны ўплыў зубра на этнапсіхалогію беларусаў мала вывучаны. "Зубрамі красовымі" ў перыяд адсутнасці дзяржаўнай мяжы называлі людзей розных нацыянальнасцей, якія адрозніваліся надзвычайнымі якасцямі асобы.

У 19 ст. "зубрамі" называліся беларускія абшарнікі, польскія магнаты, "паўнапраўныя" гаспадары сваіх мясцін, часцей - славутыя, буйныя роды. Як пра зуброў "не столькі літоўскіх, колькі беларускіх" пішуць біёграфы амерыканіста А. Галынскага пра яго сям'ю. З другога боку, "зубрам" маглі называць і прынцыповых моцных непахісных людзей з яўнай станоўчай дамінантай.

Паколькі "моцны", больш ідэальны тып чалавека кожным новым пакаленнем адносіўся да эпохі, якая папярэднічала, то спалучэнне "апошні зубр" "замяняла" прынесены з-за акіяна выраз "апошні з магікан". І як у выпадку з "магіканінам", зубр мог мець негатыўны "характар" ("зубр рэакцыі" Я. Карскі ў вызначэнні З. Жылуновіча), але падобныя ўжыванні фіксуюцца дастаткова рэдка. Тыя ж суадносіны назіраюцца ў байках і палітычнай карыкатуры.

Пытанне, наколькі паводзіны, увесь спосаб жыцця зубра могуць быць суаднесены з этнапсіхалагічнымі рысамі беларусаў, неадназначнае. Зубр, як і беларус, міралюбівы, спакойны, стрыманы ("кроткие и пугливые животные"), але магутны, шалёны і раз'юшаны ("горячность" зубра ў пэўных крытычных сітуацыях нагадвае дзеянні беларускага партызана, "загнанага ў кут").

У "зааморфных" інтэрпрэтацыях феномена "душы" народа зубр займае сваё месца паміж "рускім мядзведзем", "чачэнскім ваўком" і іншымі падобнымі праявамі "бытавога татэмізму".

Такім чынам, унікальнасць жывёлы заключаецца не толькі ў тым, што яна найбуйнейшая ў Еўропе, але і ў тым, што яна апынулася на АПОШНЯЙ МЯЖЫ, але выжыла, хаця і страціла статус "гаспадара пушчы". Зубр, як сведчаць публіцыстычныя выступленні, на пэўным этапе становіцца сімвалам адраджэння.

Штучная падзеленасць, умяшанне геапалітычных фактараў звычайна ўспрымаюцца як перашкоды ў нацыянальнай кансалідацыі, але на практыцы раздзеленасць як чалавечай, так і жывёльнай папуляцыі (адзін этнас або адзін від) стварае дадатковыя ўмовы для яе развіцця. Гісторыя зубра пацвярджае гэта. Прычым, у выратаванні гэтага віду мела значэнне часовая, дазіраваная "метысацыя" з бізонам, прадстаўніком таго ж роду, аддзеленым у свой час Берынгавым пралівам.

Звязванне "пазітыўных" рыс зубра з рысамі беларуса мае значэнне пры далейшым замацаванні яго як Вобраза Беларусі, па якім яго будуць беспамылкова пазнаваць ва ўсім свеце. Не выпадкова ў час дыскусіі вакол дзяржаўных сімвалаў Беларусі гучалі прапановы зацвердзіць у афіцыйнай геральдыцы выяву зубра".

P. S. У Белавежскай пушчы і Пружанскім раёне мы мелі некалькіх карэспандэнтаў, у г.п. Клепачы (п/а калгаса "Савецкі") жыла дзяўчына, якая далучылася да нашага індзеянісцкага таварыства. У якасці ілюстрацый да матэрыялу пра зубра і бізона можам прапанаваць лісты ад дырэктара гаспадаркі "Белавежская пушча" і ад пісьменніка Мікола Купрэева з Пружан (раней гэты "літаратурны зубр" жыў і настаўнічаў у вёсцы Папялёва Пружанскага раёна; у свой час, згубіўшы пашпарт, ён паказваў як пасведчанне асобы сваю кнігу "Непазбежнасць" (1967), дзе было яго фота, - маем яе ў Бібліятэцы БІТ), а таксама фатаграфію з Віскулёў - з экскурсіі ў час канферэнцыі 1998 г., першы справа на якой - аўтар серыі БСІ, а трэці - С. Яцкевіч. Інфармацыя ад Марвіна Осбарна з рэзервацыі шашонаў-банак Форт-Хол (Айдаха) пра іх "супрацоўніцтва" з бізонамі адносіцца да серыі лістоў, якімі мы абмяняліся індзейскімі і неіндзейскімі "бізонаводамі". Адной з мэт тых абменаў было садзейнічаць больш шырокаму распаўсюджанню гадоўлі зубра і нават бізона ў Беларусі.

Літ.:

3386 Астраўцоў С. Бізонаў мастачка называла зубрамі // Свабода. 1996. 6 верас. (Т. Стагановіч.)

274 Каленкович С. Даешь зуброводство! // Белорусская нива. 1991. 23 марта.

2623 Каленкович С. Перспективы зуброводства // Томагавк (Сыктывкар). 1993. № 5. С. [15-16].

11934 Каленкович С. Перспективы зуброводства // Томагавк (Сыктывкар). [Ярославль, 2021]. 1993. № 5. С. [15-16]. (Факсімільнае выданне, Яраслаўль, 2021.)

9583 Bajko P. Czlowiek, ktory uratowal zubra od zaglady // Glos Bialowiezy. 2014. № 11-12.

9582 Bajko P. O pozytkach z zubra // Czasopis. 2013. № 4. S. 44-46.

3962 Козло П. Возвращение зубра // Неман. 1998. № 3. С. 169-189.

9833 Козло П. Г., Буневич А. Н. Зубр в Беларуси. Мн., 2009.

9610 Козло П. Г., Буневич А. Н. Зубр в Беларуси. Мн., 2011.

7770 Акудовіч В. "Бізоны" Валянціна Акудовіча (Нацыянальныя міфы. Частка IV) // Свободные новости. 2002. 13 июня.

47 Робэртс Ч. Апошні бізон / паводле Ч. Робэртса // Апошні бізон: зборнік незвычайных апавяданняў з жыцця дзікіх і свойскіх быкоў. Мн., 1928.

11677 Геніюш Ю. Паляванне на "бізона" // Геніюш Ю. Смыком па сэрцы / склад. і ўступ. слова М. Лукшы. Беласток, 2013.

186 Тулупава Н. Бізоны-рабінзоны: вясёлыя, крыху фантастычныя гісторыі-казкі / маст. Я. Жылін. Мн., 1983.

БОГУШ Міраслаў (Bogusz) - Беата Левандоўская была краўчыхай, а Міраслаў - сталяром, калі ў выніку знаёмства на глебе індзеяністыкі і кахання, што ўзнікла, яны заключылі шлюб, а цырымонію афіцыйна правялі з выкарыстаннем індзейскай атрыбутыкі. Газета, якая дала рэпартаж пра незвычайную падзею, паведаміла, што гэта быў другі такі "індзейскі" шлюб у Польшчы. Беластоцкі індзеянісцкі лідар Ежы Талочка даслаў выразкі з газеты - нататка з фатаграфіямі з нумара за 18.04.1988 г. "Кур'ера падляскага" ("Indianie w USC", г.зн. Urzedzie Stanu Cywilnego; подпіс "(TAR)", фота Анджэя Пацкевіча). Усяго маем тры фота з газеты: на адным - маладыя накіроўваюцца да ўваходу ў ЗАГС, на другім - прысутныя ў індзейскіх строях і, нарэшце, - пара з прадстаўніцай ЗАГСа на першым плане - шлюб у сваёй аснове быў "наш, польскі" - з абменам залатымі пярсцёнкамі.

Мы бачыліся з Міраславам у яго сціплай "індзейскай вёсцы", размешчанай недалёка ад Беластока ў бок Супрасля, а таксама і на злёце ўжо каля самога Супрасля - там у 2015 г. быў і як мінімум адзін індзеец - перуанскі. У час наведвання намі з Маракам Гыекам "вёскі" Мірака (30.04-1.05.2015 г.), якое ўключала начлег у ціпі з ацяпленнем вогнішчам, гаспадар паведаміў, што "ўсе яны" - "усе мы", г.зн. і індзеяністы Беласточчыны, - маюць штосьці па той бок мяжы (карані, іншыя сувязі). Канкрэтна ў Міраслава Богуша - карані ў Свіслачы.

Спачатку госці з Беларусі маглі часта бачыць і яго ў "індзейскай вёсцы" ў раёне славянскай вёскі Юроўцы каля Беластока па дарозе з Гародні, затым партнёры вымушаны былі разысціся - Мірэк паспрабаваў стварыць сваю вёску, якая знаходзілася ўсё ж не на такім актыўным маршруце, у Грабаўцы (Грабуўка, Grabowka) - каля 7 км ад цэнтра Беластока і 12 км ад Супрасля на трасе ў Баброўнікі. Вёска ж "юрскага перыяду" зрабіла "цікавы" ход у адносінах да ўсіх наведвальнікаў яе сайта з Беларусі: заблакіравала беларускіх карыстальнікаў (раней былы партнёр Мірака Роберт Пясецкі пісаў нам, што беларусы часам аказваюцца ненадзейнымі кліентамі - магчыма, блакіроўка была звязаная з гэтым).

У Беларусі таксама ёсць як мінімум адна "індзейская вёска", хаця і ў некалькі спрошчаным выглядзе, са "стылізаванымі індзейскімі хацінамі" ("глэмпінг"), - экаагратурыстычны комплекс "Утрына" каля вёскі Моргі і ракі Шоша ў Глыбоцкім раёне (Галубіцкая пушча). Муж і жонка Мельнічэнкі практычна піянеры гэтага даволі распаўсюджанага на захад ад Беларусі бізнесу (каля аднаго толькі Беластока мы налічылі ажно 3 "індзейскія вёскі"). У матэрыяле Н. Беніцэвіч "Гламур у лесе. У беларусаў расце мода на адпачынак у глэмпінгах", датаваным 8.05.2023 г., можна парчытаць: "Гісторыя індзейскай вёскі "Утрына" пачалася сем гадоў таму з любові да Галубіцкай пушчы, якая знаходзіцца ў Докшыцкім і Глыбоцкім раёнах, і адзін да аднаго: эколага з Калінінграда і міжнароднай мадэлі з Менска. Маладыя людзі сустрэліся, каб запусціць у гэтым рэгіёне бізнес-праект - у выніку стварылі і сям'ю, і незвычайны турыстычны аб'ект".

Літ.:

256 (ся). Наша пошта. А. Сімакоў, Гомель, БССР // Ніва. 1988. 21 лют. С. 6. (першае "індзеянісцкае" з'яўленне ў друку аўтара серыі БСІ было ў беластоцкай "Ніве"; "(cя)" - крыптанім Сакрата Яновіча.)

КРАСУЛІН Яўген - пакуль недаступны для каментарыяў, якія былі б асабліва важныя ў сувязі з яго паездкай для археалагічнага вывучэння культуры майя.

Нарадзіўся ў 1970 г. у Менску. Скончыў гістарычны факультэт і аспірантуру МДУ (2000). Браў удзел у археалагічнай экспедыцыі ў Мексіцы. У 2003 г. у Маскве абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму "Ідэалогія і царская ўлада ў старажытных майя (па матэрыялах іерагліфічных тэкстаў Паленке)". Выкладаў на гістарычным факультэце БДУ з 2001 г. Сфера яго навуковых інтарэсаў пазначалася як "гісторыя дакалумбавых цывілізацый Амерыкі і традыцыйнага грамадства; рэлігія традыцыйнага грамадства". Разам з В. Забельнікавай, В. Радзіеўскай, Д. Гулак ён уваходзіць у спіс беларускіх аўтараў з найбольшай колькасцю навуковых публікацый па індзеяністыцы.

Мы выкарысталі спіс работ Красуліна з сайта БДУ - можна пераканацца, што, хаця і праз акадэмічнае пасрэдніцтва Масквы, і незалежная Беларусь унесла практычны ўклад у "амерыканскую археалогію", або "археалогію Новага Свету", у майяністыку. На жаль, Яўген адышоў ад сваёй кароннай тэмы і паглыбіўся ў публіцыстыку, у якой наўрад ці зможа сказаць новае слова.

Заакіянская археалогія, асабліва лацінаамерыканская, трывала асацыюецца з несумленнасцю, фальсіфікацыямі і містыфікацыямі, з рабаўнікамі магіл, нелегальным трафікам каштоўнасцей, са скандаламі і незадаволенасцю індзейцаў абыходжаннем з іх святынямі. У выніку - і на сумленных вучоных распаўсюджваецца такі імідж прафесіі. Тым не менш, забараняць археалогію не сталі нават самыя рашучыя палітычныя лідары з ліку "чырвоных" нацыяналістаў. Мы спадзяёмся, што беларускія археолагі ў Амерыцы яшчэ скажуць сваё слова - і яно будзе адпавядаць станоўчаму ў цэлым этнічнаму стэрэатыпу беларусаў.

Літ.:

1381 Каваляўскас В. Раскопкі на індзейскіх могілках // Чырвоная змена. 1986. 27 лістап.

1399 Каменные орудия труда, кости бизона, древестный уголь обнаружили ученые из университета штата Оклахома в районе, местонахождение которого они пока не раскрывают // Знамя юности. 1989. 29 марта.

1840 Радары адкрываюць тайны // Звязда на меліярацыі Палесся. 1987. 9 ліп.

9168 Красулин Е. Идеология и царская власть у древних майя (по материалам иероглифических текстов Паленке). Автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата исторических наук. М., 2003.

9163 Красулин Е. Иероглифический текст на сосуде К5366 // Мезоамериканские исследования: проблемы истории и культуры цивилизаций древней Мексики: сборник статей. М., 2000. С. 32-38. (Центр мезоамериканских исследований им. Ю. В. Кнорозова, РГГУ.)

9165 Красулин Е. Иероглифический текст на сосуде К2284 // Мезоамериканские исследования: проблемы истории и культуры цивилизаций древней Мексики. М., 2000. С. 39-44.

9166 Красулин Е. К вопросу о зарождении мезоамериканского города // Мезоамериканские исследования: проблемы истории и культуры цивилизаций древней Мексики. М., 2000. С. 44-51

9161 Красулин Е. "Пополь-Вух" в ряду мифологических систем народов мира и проблема "общего" в конструировании "мира", начале "деяния" и становления отношений "зла" и "добра" // Мир психологии. 1998. № 3. С. 61-69.

9164 Красулин Е. Богиня луны в мифологических представлениях индейцев майя: реинкарнационный аспект // Развитие цивилизации в Новом Свете: сборник статей по материалам Первых Кнорозовских чтений. М., 2000. С. 65-79.

9162 Красулин Е. Богиня луны в религиозных представлениях индейцев майя // Латинская Америка. 2000. № 8. С. 117-125.

9167 Красулин Е. Сакральная организация пространства селения у индейцев майя // История и семиотика индейских культур Америки. М., 2002. C. 225-249.

12343 Красулін Я. А. "Трыяда Паленке" як версія блізнечнага міфа // Лістападаўскія сустрэчы - 5. Праблемы старажытнасці і сярэднявечча: зборнік артыкулаў па матэрыялах Міжнароднай навуковай канферэнцыі ў гонар акадэмікаў М. М. Нікольскага і У. М. Перцава (13-14 лістапада 2003 г., Мінск) / навук. рэд. В. А. Фядосік і І. А. Еўтухоў. Мн., 2005. C. 29-33.

10320 Красулін Я. А. Іерагліфічныя тэксты Храма Надпісаў у Паленке // Материалы VI Международной научной конференции в честь академиков АН БССР Н. М. Никольского и В. Н. Перцева, 7-9 апр. 2005 г., Минск / под ред. В. А. Федосика, И. О. Евтухова. Мн., 2005. С. 41-43.

9169 Красулин Е. "Триада Паленке" и проблема легитимизации царской власти у древних майя. М., 2006.

9170 Красулин Е. Иконография Паленке: наглядная агитация (к вопросу о легитимизации царской власти). Мн., 2007.

9172 Красулін Я. Уплыў спадчыны дакалумбавай эпохі на сучаснасць // Актуальные проблемы истории Нового и Новейшего времени (к 100-летию профессора Л. М. Шнеерсона): междунар. науч.-теорет. конф. Мн., 2012. С. 39-43.

9175 Красулін Я. Лацінская Амерыка ў ХІХ - пач. ХХ ст. Мн., 2012.

9176 Красулин Е. Латинская Америка в ХІХ - нач. ХХ в. Мн., 2012. (Уч.-наглядное пособие.)

9174 Красулин Е. Центральная и Южная Америка в колониальный период (XVI-XVIII вв.). Мн., 2012. (Уч.-наглядное пособие.)

9173 Красулін Я. Цэнтральная і Паўднёвая Амерыка ў каланіяльны перыяд (XVI-XVIII стст.). Мн., 2012. (Вуч.-наглядны дапаможнік.)

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou, researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian) connections.

Шляхецкі баль у палацы Дамбавецкага

21 траўня ў 14:00 маёнтак Дамбавецкага ў Бердаўцы Лідскага раёна запрашае ўсіх на шляхецкі баль.

Сустрэнуць гасцей галоўныя персанажы свята Аляксандр і Марыя Дамбавецкія. Маршрут насустрач гістарычным прыгодам пачнецца святочным балем. Усе прысутныя закруцяцца ў танцах. Паланез, вальс, кадрыля, мазурка - самыя папулярныя танцы 19 стагоддзя станцуюць на гэтым свяце пары-ўдзельніцы балю.

У прысядзібным парку адбудзецца паркавы шпацыр, будуць працаваць фотазоны, гарбатны і гульнявы салоны. Прагучыць шмат вершаў і рамансаў у Музеі сям'і, які працуе ва ўстанове.

Шляхецкі баль і палац Дамбавецкага нікога не пакінуць абыякавымі і адкрыюць свае дзверы ў такі цікавы і таямнічы свет танцаў, гісторыі і мастацтва!

ТК "Культура Лідчыны".

Дзень сям'і ў Лідзе

Бібліятэкары ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" прынялі ўдзел у свяце "Хай светам кіруе любоў", прысвечаны Дню сям'і, які прайшоў на Дажыначнай плошчы каля Палаца культуры.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX