Папярэдняя старонка: 2011

№ 35 (1030) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



НАША СЛОВА № 35 (1030) 31 жніўня 2011 г.


700-ты нумар "Нашага слова", выдадзены ў Лідзе

Слова пра сябра

20 жніўня гэтага года, напярэдадні святкавання 20-х угодкаў абвяшчэння беларускай незалежнасці, адышоў у лепшы свет знакаміты беларускі гісторык, архівіст, публіцыст, краязнавец і грамадскі дзеяч Віталь Скалабан. Лёс звёў мяне з гэтым унікальным чалавекам у 80-я гады мінулага стагоддзя, калі ён працаваў у рэдакцыі Беларускай Энцыклапедыі. Дзякуючы яму і нашаму старэйшаму сябру Міхасю Ткачову выйшлі ў свет шматтомная гістарычная энцыклапедыя Беларусі, Энцыклапедыя археалогіі і нумізматыкі Беларусі і іншыя энцыклапедычныя выданні.

Віталь Скалабан быў адным з самых дасведчаных і прафесійных краязнаўцаў. Менавіта ён падрыхтаваў і выдаў унікальны том кнігі "Памяць", прысвечаны яго роднаму Ляхавіцкаму раёну, распрацаваў тэму радзімазнаўства, гісторыі беларускіх гарадоў і мястэчак, выкладаў курс гістарычнага краязнаўства ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.

Як гісторык і архівіст В. Скалабан вывучаў гісторыю Беларусі ХХ ст., вытокі стварэння БНР і БССР, "Літбела" і "Сярэдняй Літвы", біяграфіі знакамітых беларусаў канца ХІХ - першай паловы ХХ стст. Менавіта ён у суаўтарстве з Людмілай Рублеўскай напісаў п'есу "Людвіка і Фабіян", у якой ідзе гаворка аб каханні Зоські Верас і Фабіяна Шан-тыра, дзеячоў беларускага адраджэння пачатку ХХ ст.

В. Скалабан знайшоў першую каляровую выяву бел-чырвона-белага сцяга на ўлётцы 1917 года, якую выпус-цілі беларусы-вайскоўцы на Румынскім фронце.

Вялікая роля В. Скалабана ў стварэнні БСДГ. Працуючы разам з Міхасём Ткачовым, Скалабан рашуча вы-ступаў за аднаўленне беларус-кай сацыялдэмакратыі менавіта на нацыянальнай глебе, на прыкладах беларускіх грама-доўцаў пачатку ХХ ст., ініцыятараў абвяшчэння БНР у 1918 годзе.

Калі ў 1995 годзе да кіраўніцтва у БСДГ прыйшлі людзі, якія вырашылі павярнуць курс партыі ў "левы" бок і пайшлі "яднацца" ў адзін блок з маргінальнымі палітычнымі групоўкамі на чале з Каравайчыкам і Булахавым у доме-музеі І з'езда РСДРП, Скалабан узначаліў у БСДГ "фракцыю за захаванне Грамады" як партыі беларускіх адраджэнцаў, а не левых марксістаў-авантурыстаў. Сённяшні глыбокі крызіс беларускай сацыял-дэмакратыі Скалабан прадбачыў ужо ў 1995-1998 гадах. Не жадаючы ўдзельнічаць у шматлікіх партыйных спрэчках, пасля 2010 года ён адышоў ад партыйнага жыцця.

Калі я быў дэпутатам ВС 12 склікання, Віталь стаў маім памочнікам і дарадцам у 33-й Мірашнічэнкаўскай акрузе г. Менска. Яго невялікая кватэра на вуліцы Мірашнічэнкі побач з Курапатамі была нашым штабам, дзе мы працавалі з выбаршчыкамі, арганізоўвалі розныя мерапрыемствы, збіралі подпісы за розныя дэмакратычныя ініцыятывы.

З 2002 года Скалабан перайшоў на сталую працу ў Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Узначальваючы ад-дзел публікацыі дакументаў, ён адшукаў і надрукаваў невядомыя раней дакументы, звязаныя з дзейнасцю Янкі Купалы і Якуба Коласа, сабраў унікальныя матэрыялы для літаратурнага музея імя Максіма Багдановіча. Асобная тэма, якую ўдала распрацаваў Віталь Скалабан, - гэта ахова і знішчэнне нашай культурнай спадчыны, асабліва падчас Другой Сусветнай вайны. Ён надрукаваў дзённік тагачаснага кіраўніка Беларусі Панамарэнкі, матэрыялы пра лёс крыжа Ефрасінні Полацкай, спіс экспанатаў Беларускага дзяржаўнага музея і карціннай галярэі, якія былі вернуты з Германіі ў СССР у 1947 годзе. У дакументах 1948 года, знойдзеных і надрукаваных Скалабанам, апісанне вернутых каштоўнасцей было больш дакладным, чым яно было зроблена потым. Шмат цікавых публікацый даследчыка было прысвечана дзейнасці Доўнар-Запольскага, Улашчыка, Гарэцкага, Ігнатоўскага і Платонава.

Склабан добра ведаў і актыўна карыстаўся беларускай мовай, быў сябрам ТБМ, цікавіўся тэмай беларусізацыі ў 20-я гады мінулага стагоддзя. Яго апошнім жаданнем быў беларускамоўны надпіс на сваім надмагіллі.

Было б добра ўшанаваць памяць пра Віталя Скалабана ў назвах вуліц у яго род-ных Ляхавічах і ў Менску, дзе ён пражыў значную частку свайго жыцця.

Алег Трусаў.


Канферэнцыя беларусаў Балтыі і Беларусі

Пятая юбілейная канферэнцыя беларусаў Балтыі і Беларусі прайшла 27-28 жніў-ня у Вільні. Удзел у канферэнцыі бралі прадстаўнікі суполак з Латвіі, Эстоніі, Літвы, Расіі, Польшчы. Ад бела-рускіх арганізацый на канферэнцыі былі: старшыні Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" Алена Макоўская ды Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў. Запрошаныя госці: паэт Генадзь Бураўкін, журналістка сайта Хартыя-97 Наталля Радзіна, жонка палітзняволенага Аляксандра Атрошчанкава, Дар'я Корсак Цягам двух дзён удзельнікі абмяркоўвалі сітуацыю ў беларускіх суполках за межамі Беларусі, але ўвага перадусім за-сяроджаная на Беларусі. Да ўдзельнікаў з'езду звярнуліся Хведар Нюнька, Генадзь Бураўкін, Алена Макоўская.

Цягам першага дня канферэнцыі ўдзельнікі пра-слухалі выступы, на дугі дзень прынялі заявы па выніках канферэнцыі, аб сітуацыі з "ТБК" ў Літве ды сітуацыі ў Беларусі.

Наш кар.


Канферэнцыі ТБМ у Гародні

28 жніўня 2011 года ў Гародні прайшлі справаздачна-выбарчыя канферэнцыі Гарадзенскай абласной і Гарадзенскай гарадской арганізацый ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны". Былі заслуханы справаздачныя даклады старшынь арганізацый і старшынь рэвізійных камісій. Дзейнасць арганізацый была абмеркавана падчас выступаў дэлегатаў з Гародні і рэгіёнаў. Былі абраны рады і рэвізійныя камісіі абедзвюх арганізацый.

У склад Гарадзенскай абласной рады ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" былі абраны: Алесь Крой (Гародня), Станіслаў Суднік (Ліда), Аляксей Пяткевіч (Гародня), Алесь Місцю-кевіч (Гародня), Тацяна Трафімчык (Слонім), Віталь Карнялюк (Гародня), Святлана Тарасава (Гародня), Іван Буднік (Гарадзенскі р-н), Міхась Вераціла (Ваўкавыскі р-н). Старшынём рады абраны Алесь Крой.

У склад Гарадзенскай гарадской рады абраны: Аляксей Пяткевіч, Барыс Іванчук, Тацяна Канопкіна, Віктар Парфёненка, Святлана Тарасава. Старшынём рады абраны Аляксей Пяткевіч.

Абраны дэлегаты на з'езд ТБМ у кастрычніку. Ад абласной рады дэлегатамі з'езду сталі А. Крой, Т. Трафімчык, І. Буднік, В. Карнялюк, М. Вераціла. Ад гарадской арганізацыі дэлегатамі абраны: А. Пяткевіч, В. Парфёненка, С. Тарасава, Н. Кануннікава.

Наш кар.


Хай слова ў душы адгукнецца …

(Да 75- годдзя з дня нараджэння У.А. Дзіско)

Уладзіміру Антонавічу Дзіско - 75 гадоў! У такое цяжка паверыць, але гэта факт. Рухавы, бадзёры, энергічны, ён робіць уражанне няўрымслівага, утрапёнаапантанага чалавека, які пастаянна рупіцца клопатамі для адукацыі, для вучнёўства, для людзей, для ўсіх, з кім зводзіў яго лёс; непакоіцца пра тую вялікую справу, якой ужо служыць больш паўвеку свайго жыцця, і сродкамі роднага слова, прыкладамі беларускай літаратурнай класікі, багатай нацыянальнай спадчынай сцвярджае велічнасць і нязломнасць свайго народа, яго імкненне да адвечнай волі, лепшай долі, сапраўднага людскога шчасця. Ветэран педагагічнай працы, настаўнікметадыст вышэйшай катэгорыі, выдатнік адукацыі, аўтар шматлікіх публікацый па праблемах выкладання беларускай мовы і літаратуры, аўтар і складальнік праграм, метадычных рэкамендацый, вучэбных дапаможнікаў для школ, ён і сёння самааддана служыць свайму прызванню - сеяць "разумнае, добрае, вечнае". Добры, лагодны, спакойны, разважлівы, надзвычай дружалюбны і паважлівы, Уладзімір Антонавіч - мой даўні сябра, калега, аднакурснік па ўніверсітэту, з якім я сябрую ўжо 55 гадоў. Менавіта ў верасні 1956 года лёс і жыццёвыя абставіны звялі нас на першым курсе гістарычнага факультэта Менскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага (сёння гэта Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка), хоць пасля аб'яднання з філалагічным мы ўжо заканчвалі ў 1961 годзе гісторыкафілалагічны факультэт, атрымаўшы такім чынам больш шырокую спецыялізацыю. І па заканчэнні нашы аднакурснікі выбіралі сабе працу па густу і па абставінах: хто выкладчыка гісторыі і грамадазнаўства, хто філасофіі ці сацыяльных навук, а найбольш ішлі выкладчыкамі беларускай ці рускай мовы і літаратуры. І ўсе гэтыя пражытыя 55 гадоў мы не гублялі адзін аднаго з поля зроку, хоць жыццёвыя дарогі не раз разводзілі нас па розных адрасах, а з 1980 года, калі Уладзімір Антонавіч стаў менчанінам, нашы кантакты і сувязі сталі рэгулярнымі і праяўляліся не толькі ў сяброўскіх сустрэчах, але і ў разнастайных сумесных мерапрыемствах. І ні разу ў мяне з ім не было нават нейкіх нязначных перамовак, непаразуменняў, славесных баталій. Гэтым мы абодва можам ганарыцца, паважаць і шанаваць адзін аднаго.

Уладзімір Антонавіч Дзіско - вядомы педагог, настаўнікпрактык з 59гадовым педагагічным стажам, метадыст вышэйшай катэгорыі рэспубліканскага ўзроўню, мовазнаўца, паэт і асветнік, і ў кожным з гэтых кірункаў дзейнасці ён пакінуў адметны след. Яго добра помняць былыя вучні школ, дзе ён выкладаў, навучэнцы сярэдніх спецыяльных устаноў, студэнты ВНУ, якім чытаў лекцыі, калегі па месцах працы, аднакурснікі, знаёмыя, сябры, бо чалавек ён неардынарны, адметны, паважаны. У яго адраснай кніжцы каля дзвюх соцень адрасоў, хто яму піша, дасылае паштоўкі, шле тэлеграмы, віншуе па тэлефоне, каму ён заўсёды дае адказы. Увага да сваіх адрасантаў - будзь то дзень народзінаў, вяселле, нейкая важная асабістая падзея, свецкае ці рэлігійнае свята, - у яго заўсёды знойдзецца шчырае слова для віншавання і пажадання жыццёвых даброт і зямных радасцей. Гэта з аднаго боку інтэлігентная ўвага да таго, хто з ім у кантакце, трымае сяброўскую сувязь, і зацікаўленасць далейшым лёсам, здароўем, жыццёвымі праблемамі кожнага адрасанта. Мяркую гэта па сабе, бо маю некалькі дзесяткаў віншавальных паштовак, вітальных і дзелавых пісем, юбілейных прывітальных адрасоў з нагоды маіх памятных дат, дзе няма штампаў і казённых фраз, а шчырыя, сардэчныя, надзвычай цёплыя словы зычэнняўпажаданняў. Які ў іх прыгожы стыль, якая прыемная логіка, які яркі прыклад прамоўніцкага майстэрства!

Уладзімір Антонавіч Дзіско нарадзіўся 6 верасня 1936 года ў вёсцы Брольнікі Наваградскага раёна Гарадзенскай вобласці. У той час гэта была Заходняя Беларусь, тэрыторыя пад уладай панскай Польшчы. Яго бацькі - звычайныя беларускія сяляне: працавітыя, гаспадарлівыя, багатыя і шчодрыя душой. Бацька, Антон Аляксандравіч, змог у свой час скончыць толькі адзін клас царкоўнапрыходскай школы, бо пачалася Першая Сусветная вайна, і тэрыторыя была акупавана кайзераўцамі. Ды і працаваць давялося вельмі рана: спачатку вучнем у мясцовага сталяра, а потым наёмным работнікам у польскага пана Пянткоўскага, пакуль узбіўся на нейкія грошы, каб ажаніцца і завесці нейкую ўласную гаспадарку: купіць лесу, збудаваць дом, прыдбаць каня і іншую жыўнасць. Маці, Фаціна Іванаўна, вучыцца не змагла, хоць літары і лічбы ведала і нават магла распісацца.

Першыя дзіцячыя ўспаміны, як праз сон, адносяцца да верасня 1939 года, калі ў вёску ўваходзіла конніца Чырвонай Арміі. 1941 год пяцігадовы Валодзя ўжо добра помніць, калі нямецкія самалёты бамбілі райцэнтр - горад Наваградак. У гады часовай акупацыі прыйшлося наглядзецца і перажыць многае: і расстрэл мясцовых рамеснікаўяўрэяў, і адпраўку ў Германію маладых юнакоў і дзяўчат, у тым ліку стрыечнай сястры Вольгі, і арышты мясцовых актывістаў, хто не паспеў адысці на ўсход … Дні былі трывожныя: удзень у вёску часцяком наведваліся немцы і паліцаі, уначы, ужо пазней, прыходзілі партызаны і сярод іх - дзядзька Коля, сваяк, муж мамінай малодшай сястры Каці. Валодзя ўспамінае, як аднойчы дзядзька дазволіў нават стрэльнуць з вінтоўкі: паставіў вінтоўку на бочку ў двары каля хаты, а хлопец з усяе сілы націснуў на курок - і паляцела куля ў неба.

У лютым 1944 года марознай раніцай немцы акружылі вёску - шукалі партызан, але тых не аказалася, і давай рабаваць некаторыя гаспадаркі, у тым ліку гаспадарку бацькоў. Хутчэй за ўсё прычынай было тое, што нехта данёс: сваяк у партызанах. Акупанты забралі ўсё: з хаты, з гумна, з хлява. Маці арыштавалі і павезлі ў Наваградак, а Валодзя з бацькам на той момант хварэлі тыфам і ў гарачцы, знясіленыя і бездапаможныя, заставаліся ляжаць у хаце на ложку, і немцы іх не чапалі, бо, як агню, баяліся тыфу, але загадалі паліцаям, каб тыя ўсё вынеслі з хаты, пакінуўшы нечапаным толькі ложак. Праз некаторы час маці адпусцілі дадому, бо старэйшая сястра Аляксандра дамаглася прыёму ў каменданта і аддала яму свой вясельны пярсцёнак і такім чынам "выкупіла" маці Валодзі. Застаўшыся ні з чым, сям'я жыла тым, чым дзяліліся сваякі і суседзі.

У ліпені 1944 года, калі ўжо блізілася вызваленне, васьмігадовы Валодзя добра памятае гул самалётаў, страляніну, ракеты ноччу. Прыйшлося хавацца ў лесе, бо праз вёску адыходзілі на захад машыны, матацыклы, брылі нямецкія салдаты, заадно хапаючы астатніх авечак, цялят, курэй.

У верасні 1944 года, крыху пераросткам, Валодзя пайшоў у школу, якую арганізавалі ў былым панскім доме, а бацька пайшоў на фронт. На шчасце, вярнуўся жывы, нават не раніла, толькі кантузія была ад выбуху варожай бомбы дзесьці на тэрыторыі Польшчы. Дадому вярнуўся ў снежні 1945 года.

У першым класе настаўнікам Валодзі быў Аляксандр Аляксандравіч Лазарэвіч - чалавек сталых гадоў, які яшчэ да рэвалюцыі настаўнічаў у вясковых школах, строгі і нават суровы, часам дапускаў "антыпедагагічныя" прыёмы: ставіў у вугал, прымушаў амаль цэлы ўрок стаяць перад класам, некаторым даставалася лінейкаю па руках ці спіне, не гаворачы ўжо пра цяганне за вушы. Дзівосным было, што настаўнік вельмі прыгожа пісаў на дошцы па разлінаваных радках і даваў узоры ў сшытках, вывераныя, каліграфічныя, з вензелямі і завітушкамі. Таго патрабаваў і ад вучняў: быў жа тады прадмет - чыстапісанне. Вучыліся ў першым класе дзеці розных узростаў - ад 7 і больш гадоў, бо ў вайну школа не працавала: партызаны спалілі будынак, а настаўніца ўцякла ў Наваградак.

У другім класе заняткі вяла Ганна Аляксандраўна Кіклевіч - маладзенькая, стройная, светлавалосая завочніца Наваградскай педвучэльні, вельмі сарамлівая, чырванела і хвалявалася, калі штосьці не так атрымлівалася, прасіла прабачэння і амаль не ставіла двоек. Праз год выйшла замуж за стрыечнага Валодзевага брата, студэнта Віленскага ўніверсітэта, і з'ехала ў Літву. Новая настаўніца, Настасся Паўлаўна Нарановіч, запомнілася тым, што вельмі часта хваліла Валодзю як лепшага вучня: добра чытаў тэксты з кнігі, без памылак пісаў дыктанты і пераклады, правільна рашаў прыклады і задачы, выразна чытаў вершы на памяць. З пятага класа пачалі выкладаць настаўнікіпрадметнікі. Найбольш помняцца: настаўніца беларускай мовы і літаратуры Надзея Сцяпанаўна Думбасар, строгая, патрабавальная, без усякага "сюсюкання" з вучнямі (відаць, сказвалася суровае партызанскае жыццё); настаўніца рускай мовы і літаратуры Валянціна Пятроўна Карніенка; дырэктар сямігодкі, настаўнік гісторыі і геаграфіі Сцяпан Андрэевіч Трусаў; настаўніца матэматыкі і фізікі Зінаіда Паўлаўна Цяцёркіна (пасля замуства Дрозд); настаўнік нямецкай мовы і фізкультуры Сяргей Уладзіміравіч Дрозд. Вельмі прыемнае ўражанне пакінула настаўніца батанікі і заалогіі Вера Васільеўна Лістападава, надзвычай інтэлігентная, мяккая, чулая, ласкавая жанчына, якая ніколі не павышала голасу, была як маці для вучняў і вельмі паважаная сярод вяскоўцаў. Карэнная расіянка, прыехаўшая працаваць у беларускамоўную школу, за першую чвэрць вывучыла мову і цудоўна ёю валодала. І хоць яе ўжо няма ў жывых, старэйшыя жыхары Брольнікаў яшчэ і сёння ўспамінаюць яе добрым словам.

Вучыўся Валодзя ў школе на выдатна і быў вельмі актыўным вучнем, арганізатарам многіх школьных праектаў і мерапрыемстваў. У сёмым (выпускным) класе ён стаў камсамольцам, і як лепшага вучня яго выбралі сакратаром школьнай камсамольскай арганізацыі. Быў дэлегатам раённай камсамольскай канферэнцыі, дзе яго выбралі дэлегатам на абласную, і ён прадстаўляў вучнёўскую моладзь раёна ў Баранавічах, на абласной канферэнцыі, дзе пабачыўся з многімі тагачаснымі моладзевымі актывістамі, былымі франтавікамі, партызанамі, падпольшчыкамі. Асабліва запомніўся С.А.Пілатовіч. Школу закончыў з пахвальным лістом, і ў Наваградскую педвучэльню яго прынялі без экзаменаў, бо ў пасведчанні былі адны пяцёркі. Вучэльню скончыў у 1956 годзе, дзе атрымаў дыплом выдатніка па спецыяльнасці "настаўнік пачатковых класаў". А вучылі яго выдатныя майстры сваёй справы, надзвычай кваліфікаваныя педагогі: дырэктар педвучэльні М.М. Кавалёва, завуч А.М. Кашчэеў, выкладчыкі М.М. Жук, Ц.Р. Петрашкевіч, Г.І. Кукаловіч, А.І. Гулевіч, І.І. Вінаград, І.А. Агароднікаў, Р.І. Палеес і інш.

У 1956 - 1961 гадах Уладзімір Антонавіч вучыўся ў Менскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А.М. Горкага. Тут я з ім і пазнаёміўся і правучыўся ў адной групе 5 гадоў. А чыталі лекцыі нам, праводзілі семінары і практычныя заняткі такія выбітныя выкладчыкі (прафесары і дацэнты, дактары і кандыдаты навук), як Ф.М. Янкоўскі, М.С. Яўневіч, М.А. Лазарук, С.А. Умрэйка, А.Я. Ленсу, А.В. Палонскі, А.П. П'янкоў, А.У. Бабчынскі, М. М. Пятровіч, Я.І. Марголін, М.Р. Гнеўка, А.Г. Сагараў і інш. А куратарам нашай групы была маладзенькая, толькі што закончыўшая аспірантуру, выкладчык дыялекталогіі Эвеліна Данілаўна Блінава, якая толькі што адсвяткавала сваю чарговую юбілейную гадавіну жыццёвага шляху, аб чым быў цікавы артыкул Алеся Чэчата ў "Нашым слове".

Паводле размеркавання ў жніўні 1961 года Уладзімір Антонавіч паехаў выкладаць беларускую мову і літаратуру ў Аршанскую індустрыяльнапедагагічную вучэльню (сёння гэта педагагічны каледж). Сваёй любімай справе ён аддаў 19 гадоў. Тут ён стаў сапраўдным педагогам, набыў аўтарытэт, павагу і папулярнасць. Яго палюбілі навучэнцы, паважалі калегі за веды, эрудыцыю (выйграў галоўны прыз - тэлевізар - у рэспубліканскім конкурсе "Ці ведаеш ты сваю рэспубліку?"), актыўную грамадскую дзейнасць (досвед яго лектарскай працы абагуліла гарадское таварыства "Веды" пры Аршанскім гаркаме КПБ), кіраваў палітгуртком і праводзіў заняткі ў сістэме палітвучобы ў раённым вузле сувязі. І праз дзесяткі гадоў, як ён пакінуў сцены педвучэльні і з'ехаў з Оршы, былыя выпускнікі не забываюць свайго выкладчыка, пішуць яму лісты, віншуюць са святамі і днём народзінаў, тэлефануюць. Яго вучні неаднойчы змяшчалі ў раённым і рэспубліканскім друку лісты са словамі памяці і падзякі свайму выкладчыку. Напрыклад: "Шмат незабыўных сустрэч і ў памяці настаўніцы Сенькавіцкай школы Івацэвіцкага раёна Галіны Васільеўны Кошаль. На першы погляд, яны нічым не вызначальныя, бо ў аўдыторыю да навучэнцаў Аршанскай педвучэльні прыходзіў звычайны выкладчык - без тытулаў і вучоных званняў. Але "… колькі было паэзіі ў тых мінутах, якія праводзілі мы на ўроку разам з Уладзімірам Антонавічам Дзіско, цяпер супрацоўнікам Рэспубліканскага метадычнага кабінета, - з захапленнем піша Галіна Васільеўна. - Мы былі прама закаханыя ў беларускую мову. Пакуль не стрэла на сваім шляху гэтага цудоўнага чалавека, то, па праўдзе сказаць, нават не ведала, што родная мова такая прыгожая і мілагучная. Чалавек шырокай душы, шчырага сэрца, Уладзімір Антонавіч заўсёды быў для нас сапраўдным таварышам і надзейным радцам". Уласна кажучы, чаму быў? Ён і цяпер атрымлівае ад былых навучэнцаў шмат пісьмаў, ні адно з якіх не застаецца без адказу .

"Ёсць людзі, сустрэча з якімі пакідае след назаўсёды, памяць пра іх з часам не гасне. Менавіта такім чалавекам для нас з'яўляецца выкладчык беларускай мовы і літаратуры Аршанскай педагагічнай вучэльні Уладзімір Антонавіч Дзіско. За чатыры гады вучобы мы разам з ім ішлі цікавымі і непаўторнымі дарогамі па краіне ведаў, кожны дзень адкрываючы для сябе новае, каштоўнае патрэбнае.

Уладзімір Антонавіч аддаў педагагічнай справе каля двух дзесяцігоддзяў. Ён быў і застаецца для нас аўтарытэтам настаўніка, выхавацеля, чалавека, з якога можна браць прыклад. Кожны яго ўрок - гэта старонкі вялікай і змястоўнай кнігі ведаў, узор педагагічнага майстэрства. З вялікім жаданнем і нецярплівасцю чакалі мы хвілін сустрэчы з любімым настаўнікам, бо ведалі, што заняткі прынясуць радасць, магчымасць дакрануцца да духоўнай культуры нашага народа. Менавіта ён, Уладзімір Антонаввіч, раскрыў перад намі цудоўны паэтычны свет Янкі Купалы, Якуба Коласа, Петруся Броўкі і Максіма Танка, Аркадзя Куляшова і Пімена Панчанкі. Мы жылі жыццём, думкамі, марамі, учынкамі герояў Кузьмы Чорнага і Міхася Лынькова, Івана Мележа і Івана Шамякіна, Янкі Брыля і Васіля Быкава. Гэта было незвычайнае пачуццё, калі мы разам з імі, героямі кніг, марылі аб свабодзе і шчасці, імкнуліся наблізіць светлае заўтра, змагаліся з тым, што замінае прыгожа жыць і працаваць.

Вясёлы па натуры, вытрыманы, тактоўны ў адносінах да навучэнцаў, ён шчасліва спалучае ў сабе якасці добрага педагога і цудоўнага чалавека. Уладзімір Антонавіч умее радавацца поспехам і перажываць няўдачы сваіх навучэнцаў. Мы ніколі не бачылі яго абыякавым да таго, чым жылі самі. Яго выступленні можна было чуць на камсамольскіх і прафсаюзных сходах. Калі наш настаўнік чытаў лекцыі ў інтэрнаце, ленінскі пакой быў перапоўнены. На вечарах адпачынку ў канцэртах не раз прымаў удзел і Уладзімір Антонавіч. Добры знаўца паэзіі, ён сам піша вершы. Вельмі часта першымі слухачамі і крытыкамі яго былі мы, навучэнцы. Часта яго паэтычнае слова гучала са сцэны нашай вучэльні, не адзін раз імя У. А. Дзіско мы знаходзілі сярод аўтараў літаратурнай старонкі мясцовай газеты "Ленінскі прызыў".

Уладзімір Антонавіч з'яўляецца класным кіраўніком, рэдагуе насценную газету вучэльні "Таварыш", чытае лекцыі ў маладзёжных інтэрнатах і вучнёўскіх аўдыторыях, прымае актыўны ўдзел у рабоце камсамольскай арганізацыі вучэльні. Сотні выпускнікоў удзячныя У.А. Дзіско за ўрокі жыцця і чалавечнасці, сумленнасці і дабраты" - пісалі пра яго навучэнцы ў "Настаўніцкай газеце".

(Заканч. у наст. нум.)

Анатоль Валахановіч


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў верасні

Анацка Лявон Яўгенавіч Анісім Алена Мікалаеўна Анішчанка М.І. Арэх Мікалай Уладзіміравіч Асіпенка Аляксандр Георг. Багдановіч Алена Іванаўна Барада Людміла Баран Павел Баршчун Валянціна Дзмітр. Барысенка Аляксандр Анат. Барэйка Юры Мікалаевіч Батура Людміла Віктараўна Баярэвіч Ксенія Аляксандр. Белакоз Алесь Бізгень Людміла Бондар Юлія Сяргееўна Бубновіч Ніна Булатава Зоя Міхайлаўна Булаўская Марына Булыга Анастасія Ваніслаўчык Дзмітры Варановіч Крысціна Васілеўскі Валянцін Васільева Галіна Іванаўна Васілючак Міхаіл Вікенц. Вінакурава Кацярына Войніч Вікторыя Іосіфаўна Вочка Ірына Пятроўна Высоцкая Таццяна Валянцін. Вяргей Валянціна Габрусевіч Сяргей Гадзюка Юрась Аляксандр. Гайдучэнка Алег Сяргеевіч Галубовіч Зміцер Галянкова Альбіна Валер. Гідлеўская Людміла Гілевіч Ніл Сымонавіч Грынько Вольга Ігараўна Гуркоў Алесь Уладзіміравіч Данілюк Алег Іванавіч Даўгашэй Франц Дземідовіч Андрэй Дземянцей Наталля Ермал. Дзмітрыева Зося Дзягілеў Лявон Дзям'яненка Ванда Баляслав. Дранец Алена Дробыш Алёна Сяргееўна Дрык Юлія Дубоўская Кацярына Дуганаў Алег Міхайлавіч Дэц Аксана Аляксандраўна Еўстратоўскі Уладзімір Пар. Ехілеўская Кацярына Леанід. Жолудзеў Анатоль Пятровіч Жук Мікалай Мікалаевіч Жукоўскі Барыс Жытко Канстанцін Іванавіч Жышкевіч Людміла Зайка Антаніна Іванаўна Занкевіч Зміцер Сяргеевіч Збірэнка Алена Зяновіч Ганна Аляксандраўна Іванова Вольга Аляксандр. Ісаевіч Наталля Анатольеўна Ісенава Марыя Ісмаілава Тамара Якаўлеўна Казак Мікалай Мікалаевіч Казлоўская Іна Іосіфаўна Каладынская Вольга Эдвард. Калбасіна Ірына Канановіч Алена Кануннікаў Дзмітры Сярг. Карпека Андрэй Валер'евіч Карповіч Сямён Іванавіч Карценька Алена Карэнька Зінаіда Іванаўна Кашчэеў Алесь Квандзель Таццяна Уладзім. Кіенка Генадзь Колас Уладзімір Георгіевіч Корбут Віктар Андрэевіч Котчанка Уладзімір Коўзель Ян Уладзіміравіч Кошчанка Уладзімір Алякс. Краснагір Аляксей Рыгор. Краўцоў Андрэй Краўчанка Ала Круглік Юлія Віктараўна Кузьміна Галіна Кузьміч Вольга Аляксандр. Купчык Мікола Курдзя Антаніна Юр'еўна Лагун Таццяна Лазко Любоў Іванаўна Лапухова Часлава Чаславаўна Лапцік Валянціна Лісай Уладзімір Аляксеевіч Літвін Уладзімір Ліхашэрст Макар Васільевіч Ліцвінчук Алена Лужкоўская Юлія Юр'еўна Лукашэнка Любоў Яўгенаўна Лунёва Настасся Лызо Дмітры Сяргеевіч Ляшкевіч Сяргей Іосіфавіч Малочка Таццяна Мандрык Канстанцін Алякс. Марзалюк Ігар Аляксандр. Маркелаў Валер Анатольевіч Марозаў Валер Марук Мікалай Анатольевіч Марцінкевіч Ганна Масла Марыя Мацкевіч Васіль Васільевіч Мацулёў Мікалай Пракоп. Мельнікава Зоя Пятроўна Мельнікаў Мікалай Алякс. Міхайлоўская Вікторыя Люд. Міхалькова Алена Мудрова Таццяна Мудроў Вінцэсь Леанідавіч Мурашка Надзея Мусік Святлана Валянцін. Навумік Зінаіда Новік Марыя Іванаўна Пабірушка Таццяна Валер. Паўлініч Ліза Паўловіч Наталля Юр'еўна Паўлоўская Марыя Ігараўна Пацялежка Андрэй Петрыкевіч Валеры Міхайл. Піваварчык Ірына Вайцех. Пінчук Мікалай Фёдаравіч Піткевіч Алесь Пранікава Тамара Прасольная Вольга Анатол. Прыстаўка Яніна Ігараўна Птушка Алена Міхайлаўна Пузанкевіч Вікенці Пянкрат Пётр Аляксеевіч Пяткевіч Тамара Сымонаўна Пятроў Дзяніс Валер'евіч Рабкоўскі Валянцін Разжалавец Ніна Рамашэўскі Барыс Іванавіч Савостава Наталля Юр'еўна Саламевіч Кацярына Алякс. Салдатава Аліса Сяргееўна Сарока Надзея Свяколкін Антон Віктаравіч Сенчанка Наталля Сідар Павел Сідарчук Яўгенія Сідарэвіч Сяргей Паўлавіч Сметаненка Александр Смольнік Вольга Георгіеўна Содаль Уладзімір Ілліч Станілевіч Б.А. Станкевіч Вячка Суднік Алена Вячаславаўна Суднік Арцём Станіслававіч Сусла Мікалай Валянцінавіч Сухаверхая Кацярына Мін. Сцяжко Канстанцін Ігаравіч Сяльверстава Святлана Яўг. Ткачоў Максім Трапашка Аляксей Усеня Уладзімір Мікалаевіч Фёдарава Ірына Пятроўна Флярко Сяргей Аляксандр. Хляба Ігар Вітальевіч Чаркасаў Л.І. Чэчат Лілія Пятроўна Шаміёнка Сяргей Эдуардавіч Шпірыч Раіса Сяргееўна Штанюк Наталля Аляксандр. Шульчанка Вольга Анатол. Шэметава Вікторыя Якавец Т. Я. Янкоў Дзмітры Уладзіслав. Ярмушчык Антаніна Яфрэмаў Алег Анатольевіч Яшкін Уладзімір Уладзімір.


Баранавіцкія сябры ТБМ дамаглісядобраўпарадкавання тэрыторыі ля Крыжа сталінскіх ахвяраў

Баранавіцкія грамадскія актывісты дамагліся добраўпарадкавання тэрыторыі ля Крыжа сталінскіх ахвяраў у гарадскім скверы па вуліцы Смаленскай. Гэта стала вядома з пісьма, якое атрымаў старшыня гарадской Рады ТБМ Віктар Сырыца. Пісьмо падпісаў генеральны дырэктар Баранавіцкай гарадской жыллёва-камунальнай гарпадаркі Р. Касабуцкі. У ім паведамляецца, што па контуру кветніка ля Крыжа сталінскіх ахвяр ўжо зроблена агарожа з каменнай пліткі. Працоўныя ЖКГ скасілі траву і падрэзалі кусты, пасадзілі кветкі, паставілі металёвыя заглушкі на крыжы і выканалі рамонт асфальтавых ходнікаў наўкол крыжа, а да канца жніўня будуць зроблены астатнія работы па добра-ўпарадкаванні тэрыторыі сквера.

Віктар Сырыца адзначыў, што добраўпарадкаванне тэрыторыі ля Крыжа сталінскіх ахвяраў 2 разы на год традыцыйна ажыццяўляюць прадстаўнікі недзяржаўных грамадскіх арганізацый горада. Але выкананне адзначаных работ ля тэрыторыі крыжа стала магчымым пасля таго, як грамадскія актывісты ТБМ напісалі калектыўны ліст ў ЖКГ і сабралі больш за 100 подпісаў грамадзян горада.

Якуб Лушынскі.


Лідская вёска - беларускамоўная

21 жніўня ў Лідзе прайшлі раённыя "Дажынкі". Адным з элементаў свята з'яўляецца прэзентацыя падворкаў аграпрадпрыемстваў. Сёлета практычна ўсе падворкі прэзентаваліся толькі на беларускай мове.

Пры ўсіх праблемах лідская вёска застаецца беларускамоўнай. Ад татальнай русіфікацыі цераз многія дзесяткі тэлеканалаў яе ратуе, мабыць, тое, што ў вёсцы тыя каналы глядзець няма калі, а школы ды ўстановы культуры працуюць тут па-беларуску. І начальства тут не з глыбінных губерній імперыі, а сваё, тутэйшае. То і жыве мова, то і жыве Беларусь.

Наш кар.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Лазарук Тамара - 10000 р., г. Менск

2. Лепешаў Іван - 30000 р., г. Гародня

3. Катлярова Раіса - 20000 р., г. Магілёў

4. Сазонаў Алесь - 50000 р., г. Магілёў

5. Бабраўнічы Мікалай - 20000 р., г. Менск

6. Супаненка Ігар - 52000 р., Менскі р-н

7. Павідайка В.М. - 20000 р., г. Менск

8. Птушка Сяргей - 10000 р., в. Хільчыцы, Жыткавіцкі р-н

9. Гвара Віктар - 20000 р., г.п. Лельчыцы

10. Ждановіч Міхась - 10000 р., г. Менск

11. Раманік Тацяна - 50000 р., г. Менск

12. Цынгалёў Васіль - 10000 р., г. Жлобін

13. Восіпава Аляксандра - 20000 р., г. Гомель

14. Ілюкевіч Сяргей - 10000 р., г. Менск

15. Казлоўская Т.Л. - 50000 р., г. Менск

16. Руткоўская Яўгенія - 50000 р., г. Менск

17. Кручкоў Сяргей - 10000 р., г. Менск

18. Каханоўская Ларыса - 50000 р., г. Менск

19. Шкірманкоў Фел. - 30000 р., г. Слаўгарад

20. Падголін Аляксандр - 100000 р., г. Менск

21. Чыжыкава Т.В. - 123000 р., г. Менск

22. Клуб "Спадчына" - 17000 р., в. Дварэц, Дзятлаўскі р-н

23. Глушакова Тарэса - 30000 р., г. Менск

24. Ждановіч Міхал - 10000 р., г. Менск

25. Кукавенка Іван - 20000 р., г. Менск

26. Прылішч Д.І. 50000 р., Менскі р-н

27. Пухоўская Юлія - 10000 р., г. Менск


Плошча Незалежнасці

(Менск у дні жнівенскага путчу ГКЧП, 1991 года)

У 1991 годзе ў буйных гарадах СССР склалася рэвалюцыйная сітуацыя, калі нізы (народ) не хацелі жыць па-старому, а вярхі не маглі кіраваць па-старому, бо трэба было праводзіць эканамічныя і палітычныя рэформы. КПСС раскалолася амаль на тры часткі: адны падтрымлівалі рашучага аратара-рэвалюцыянера Барыса Ельцына, другія памяркоўныя былі задаволены рэформамі Міхаіла Гарбачова, а трэція - згрупаваліся вакол Ягора Лігачова і Ніны Андрэевай, якая выступіла ў газеце "Советсткая Россия" з праграмным антыперабудовачным артыкулам "Не могу поступиться принципами". Ідэалагічная барацьба ў КПСС не спынялася. Камуністы пачалі ма-сава пакідаць КПСС, а пасля выхаду з КПСС Б.М. Ельцына гэты працэс набыў катастрафічны характар. Утвараліся дэмакратычныя партыі. Узнік-ла некалькі і ў Беларусі. На аснове дэмакратычнай платформы КПБ утварылася Аб'я-днаная дэмакратычная партыя Беларусі (АДПБ). На адным з мітынгаў улетку 1991 года на плошчы Леніна ў Менску, непадалёку ад помніка правадыру і заснавальніку савецкай дзяржавы, стаяў механік М. з творамі У.І. Леніна (адзін том са збору ПЗС В.І. Леніна і брашура "Как организовать соцсоревнование"). Я падышоў да яго і запытаўся, чаму ён агітуе за кампартыю. "А я не агітую. Я тлумачу людзям: хто такі Ленін, і чым ён праславіўся. Вось пачытайце, што я падкрэсліў", - сказаў ён. Я пачаў чытаць і не верыў таму, што там было напісана: "Наказывать священников и проституток вплоть до расстрела". Гэтыя ленінскія работы я не раз чытаў, але не звяртаў увагі на такую жорсткаць юрыста, адваката У. Ульянава, які сам фактычна нідзе не працаваў, а як стаў кіраўніком дзяржавы дазволіў без суда расстрэль-ваць папоў і дзевак, якія вымушаны, гандлюючы сабой, зара-бляць сабе на пражытак. Так я тады канчаткова развітаўся з ідэалогіяй ленінізму. І той механік шмат людзей пераканаў такім шляхам. Я прапанаваў яму ўсе падкрэсленыя цытаты надрукаваць у газеце. Праз пару гадоў ён гэта і зрабіў. Зда-ецца, тыя ленінскія цытаты былі надрукаваны ў газеце "Народная газета", якую тады рэдагаваў Іосіф Сярэдзіч. У 1990 годзе кансерватыўныя камуністы ўтварылі сваю партыю ВКП(б). Яе сакратаром стала Ніна Аляксандраўна Андрэева. Заручыўшыся пад-трымкай КДБ СССР і Ягора Лігачова, камуністы ВКП(б) рашылі адкрыта выступіць супраць М.С. Гарбачова і А. Якаўлева, А. Адамовіча і ін-шых. Такім чынам, 13 ліпеня 1991 года, у Менску, у Доме палітычнай асветы (па вул. Кастрычніцкай), адбылася ўсе-саюзная канферэнцыя прыхільнікаў ВКП(б). Яе правяла сакратар ЦК ВКП(б) Н.А. Андрэева. На гэтую канферэн-цыю я трапіў як журналіст і па фіктыўным запрашэнні. Безу-моўна, мой учынак амаральны, але я, як журналіст і гісторык, даведаўся аб тым, што іншыя не ведалі. Беларускай дэлега-цыі раздалі дакументы з адрасамі і тэлефонамі, па якім трэба тэлефанаваць, калі наступіць час "Х". Пачытаўшы дома, я зразумеў: М.С. Гарбачову засталося няшмат часу кіраваць, яго здымуць. Для таго і правялі канферэнцыю бальшавікоў, на якой я прысутнічаў.

На той канферэнцыі адзін мой знаёмы У. Іскрык, які ўступіў у КПСС у 1991 годзе, калі іншыя выходзілі, хацеў мяне з канферэнцыі вывесці, але я знаходліва сумеў апраўдацца. Выратаваў мяне членскі білет КПСС, які я захаваў сабе на памяць.

19 жніўня 1991 года быў панядзелак. У гэты дзень праваслаўныя вернікі адзна-чаюць яблачны Спас (Праабражэнне Гасподне). Я прыйшоў на работу ў рэдакцыю часопіса "Роднае слова". З радыёпрадуктара даносілася музыка з балету "Лебядзінае возера", калі музыка заціхала дыктар паведамляў аб складзе ГКЧП і загад аб увядзенні ваеннага становішча па ўсёй тэрыторыі Савецкага Саюза. Беларускія ўлады, здаецца, не давалі ніякіх каментароў. Уся інфармацыя паступала толькі з Масквы. У рэдакцыі толькі аб гэтым і гаварылі. Ніхто не ведаў, як разгорнуцца падзеі далей. На душы было трывожна. У сярэдзіне дня мне нехта патэлефанаваў (сваё прозвішча не назваў) і прапанаваў мне прыйсці пасля работы ў Менскі гарадскі выканкам і чакаць у вестыбюлі, каля вартавога міліцыянера. Было зусім незразумела - навошта мне туды прыходзіць. Я быў актывістам АДПБ (Аб'яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі), адзін з яе заснавальнікаў. Цяпер гэта АГП. Апрача таго я быў сябрам БНФ. Адкуль тэлефанавалі? Мне было невядома. А можа з міліцыі? Як прыйду ў будынак гарвыканкама, надзенуць кайданкі і ў аўтазак ("варанок"). Далей ужо працаваць не хацелася. Акуратна склаў паперы. Можа іх будуць разбіраць ужо без мяне.

Пасля работы я адпра-віўся ў гарвыканкам. Каля Менскага паштамта я сустрэў члена АДПБ Афанассева. Павіталіся. І ён ішоў таксама ў гарвыканкам па выкліку. Не ведаў і ён - чаго і хто нас туды выклікае.

На плошчы Леніна бы-ло няшмат людзей з бела-чыр-вона-белымі сцягамі, але яны былі, і іх ніхто не праганяў, не затрымліваў. Войска і міліцыі не было відаць. Гэта нас абна-дзеіла і, крыху пахваляваў-шыся, мы зайшлі ў будынак Менскага гарадскога выканкама. Каранасты міліцыянер з нейкім грамадзянінам так за-хапіўся гутаркай, што на нас не звярнуў аніякай увагі. І хоць ужо было пасля 18 гадзін, мы змаглі б свабодна падняцца і вышэй, дзе знаходзяцца кіраў-нікі выканкама. Мы пачалі чакаць. Што будзе далей? Міліцыянер зноў не звяртаў на нас увагі. Пасля па нас нехта прыйшоў. Магчыма, гэта быў дэпутат Менскага гарадскога Cавета Андрэй Завадскі, які быў прыхільнікам дэмакратыі і М.С. Гарбачова. Нам сказалі, што трэба ісці на Рабкораўскі завулак, у хатку Змітрака Бядулі (філіял музея Максіма Багдановіча). Пайшлі туды ўтраіх. Там ужо былі людзі. Па сярэдзіне хаты стаяў столік, і хто прыходзіў павінны быў запісаць сябе і напісаць свой адрас. Гэта я зрабіў. Запісаўся сёмым ці восьмым. Зянон Пазь-няк прыйшоў пазней і запісаўся напэўна ў межах 13 - 15. Усяго сабралася ад 20 да 30 чалавек. Усе самі запісаліся ў спіс палітычных праціўнікаў ГКЧП. Сход вялі Зянон Пазьняк (старшыня БНФ), Юрась Хадыка (намеснік старшыні БНФ), Анатоль Гурыновіч (намеснік старшыні Менскага гарвыканкама). З. Пазьняк адзначыў, што члены ГКЧП не перамогуць, бо ўпусцілі момант. Барыс Ельцын на свабо-дзе і мы таксама на свабодзе. Значыць, у нас ёсць шанцы перамагчы. Яны марудзяць. Мы дзейнічаем, - сказаў ён і прапанаваў зрабіць заяву і паслаць тэлеграму ад сходу грамадскасці Менска М.С. Гарбачову ў Фарос і Б.М. Ельцыну ў Маскву. Там я пачуў, што С.С. Шушкевіч за тыдзень да гэтага пакінуў шэрагі КПСС. Можа ён цяпер і шкадуе, што так паступіў. Удзельнікі сходу заяву і прывітанні М.С. Гарбачову і Б.М. Ельцыну прынялі аднагалосна. Зараз я не магу ўспомніць усіх, хто тады быў у беларускай хатцы Зм. Бядулі, але некаторых магу. Гаспадаром хаткі быў паэт Эдуард Акулін. Ён нас і прымаў. Я не памятаю, ці быў дырэктар Музея Максіма Багдановіча Алесь Беляцкі. Але без яго згоды сход беларускіх палітыкаў у тым музеі не мог адбыцца. Быў там паэт Яўген Гучок, з актывістаў БНФ Станіслаў Гусак, дэпутат СССР ад Серабранкі (я за яго галасаваў), сябра АДПБ Аляксандр Дабравольскі. Я іх запомніў, бо калі быў аб'яўлены перапынак, я з імі развітваўся і прасіў схаваць спіс удзельнікаў сходу, бо ён бяспечна ляжаў на стале. Я сам яго хацеў забраць з сабой, але не забраў, бо падумаў, што калі мяне ноччу забяруць з тым спісам, дык акажацца, што я ўсіх і здаў. І на мне будзе пляма ў гісторыі, рэдактар беларус-кага часопіса здаў беларускую апазіцыю. А дамоў я пайшоў раней таму, што пачаў балець бок. І дома боль яшчэ ўзмацніўся. Мая жонка, лекар, выявіла, што гэта міжрабрынная неўра-лгія, бо перажываў і нерваваў-ся. Пасля боль прыціх, а ноччу я доўга слухаў рэпартажы ра-дыёстанцыі "Свабода" з Ма-сквы. Перадача вялася ўсю ноч. Хацеў дома не начаваць, але падумалася, што калі не забяруць ноччу, дык заўтра могуць узяць на рабоце.

20 жніўня на рабоце ўвесь час мы слухалі радыё. Час ад часу дыктар перадаваў супярэчлівыя звесткі з Масквы. У Менску была цішыня: ні войскі, ні міліцыя, ні КДБ ніякіх мер не прымалі і глядзелі, чакалі, што там будзе ў Маскве. У Менску знайшлася група людзей, якія падтрымлівалі дзеянні ГКЧП, але рабілі гэта толькі на словах. Да такіх адносіўся Старшыня Вярхоўнага Савета БССР Мікалай Дземянцей, сакратар парткаму Менскага гадзіннікавага завода Віктар Чыкін ды іншыя. Старшыня КДБ БССР Эдуард Шаркоўскі пазней прызнаўся, што заявіў старшыні КДБ СССР Кручкову, што ён будзе падпарадкоўвацца Вярхоўнаму Савету БССР, які прызначыў яго на гэтую пасаду.

Пасля работы я пайшоў на плошчу Леніна, што перад Домам Ураду. Там было шмат народу. Ішоў мітынг. Падпалкоўнік Мікола Статкевіч (выкладчык Менскага зенітна-ракетнага вучылішча), які быў у вайсковай форме, заклікаў запісвацца ў батальён добраахвотнікаў, каб адправіцца, калі спатрэбіцца, дапамагаць Б. Ельцыну ва ўзброенай барацьбе. Ён сказаў, што з Менска батальён паедзе ў Маскву са зброяй. Зброі хопіць усім. Пасярод плошчы на лаўцы вёўся запіс у батальён валанцёраў. Запісваліся толькі хлопцы і дзяўчаты. Запісацца ў такі спіс я не рызыкнуў. Ваяваць мне не хацелася. Хопіць таго, што ўчора падставіўся. Як мне сказалі, запіс змагароў супраць ГКЧП пачаўся яшчэ ўчора. У беларускай хатцы Міколы Статкевіча ўчора не бы-ло… Аднак на плошчы ён здзейсніў гераічны вычын. За такі заклік у час ваеннага ста-новішча яго маглі расстраляць, без судовага разбору.

Вярнуўшыся позна ўвечары дамоў, я зноў уключыў радыёпрыёмнік і да дзвюх гадзін ночы слухаў і запісваў навіны з Масквы. А пасля паставіў друкарскую машынку на стол і аддрукаваў каля дзесяці ўлётак і вырашыў раздаць іх армейскім афіцэрам і пажадана ў штаб Беларускай вайсковай акругі. Недзе ў сярэдзіне дня 21 жніўня я сустрэў каля прадуктовага ма-газіна, што пад шпілем, на рагу вуліц Камуністычнай і Чырвонай, падпалкоўніка ці палкоўніка са штаба БВА і ўручыў яму ўлётку, якая заканчвалася та-кім сказам: "Падумайце з кім Вы - з народам ці са злачынцамі з ГКЧП?" Афіцэр прачытаў мой зварот, усміхнуўся і сказаў мне: "Вы спазніліся з інфарма-цыяй. У нас болей свежая - Ваенны Савет Міністэрства абароны СССР вырашыў вы-весці войскі з Масквы ў казармы. Міністр Язаў ужо аддаў загад. Войскі выводзяцца, а без войска ГКЧП нічога не зможа". Ён падзякаваў мяне за адвагу і патрыятызм. Навіна была цікавая, але я паставіў усё пад сумніў, бо ведаў, што ёсць яшчэ войскі Міністэрства ўнутраных спраў (міністр Пуга) і войскі КДБ СССР, якіх хопіць, каб арыштаваць апазіцыю ў Маскве. Аднак члены ГКЧП пасля вываду з Масквы армейскіх частак зразумелі, што не варта пачынаць грамадзянскую вайну, бо яны прайграюць і будуць расстраляны. Тут яны паступілі мудра, таму і пакаранне атрымалі лёгкае. Пасля пісалі, што на пазіцыю міністра абароны Язава моцна паўплывала рашучае непрыняцце ГКЧП маладым камандуючым Ваенна-Паветраных Сіл Шапашнікавым, які заявіў, што ён не прызнае ГКЧП і верны Прэзідэнту М.С. Гарбачову, і ні адзін самалёт без яго дазволу не падымецца з аэрадрома. А Шапашнікава ваенныя лётчыкі любілі. Раскол Савецкай Арміі аказаў вялікі ўплыў на Язава. І Язаў прыняў правільнае рашэнне - вывесці войскі з маскоўскіх вуліц. Такім чынам, афіцэры Савецкай Арміі і КДБ СССР не захацелі развязваць грамадзянскую вайну. А, што яна магла б быць, няма ніякага сумнення. Народы Прыбалтыкі, Украіны, Заходняй Беларусі і Каўказа ваявалі б за дэма-кратыю і незалежнасць.

21 жніўня на плошчы перад Домам Ураду ў Менску зноў быў мітынг. Знаёмыя віншавалі адзін аднаго з перамо-гай. Шматразова гучаў заклік "Жыве Беларусь!". Было шмат бела-чырвона-белых сцягоў. Трэба сказаць, што ўсе мітынгі апазіцыі адбываліся і адбываюцца толькі пад нацыянальнымі сцягамі - бела-чырвона-бе-лымі. На гэты раз я доўга не затрымаўся. Пайшоў дадому, каб паглядзець па тэлевізары, што там робіцца ў Маскве. У Менску становішча стабілізавалася.

Увечары, 22 - 23 жніў-ня 1991 года, на плошчы Леніна перад Домам Ураду, збіраліся людзі з бела-чырвона-белымі сцягамі. Ніякага дазволу не патрабавалася. Ідучы з работы, людзі ішлі спачатку да Дома Ураду, каб заявіць, што яны за дэмакратыю і неза-лежнасць.

У суботу, 24 жніўня, адкрылася нечарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР. Яе правядзенне пачалі трансляваць на плошчу. Людзі слухалі дэпутатаў. На плошчу часам выходзілі дэпутаты з фракцыі БНФ, каб падтрымаць маральны дух тых, хто стаіць на плошчы. Такім чынам, плошча пад-трымлівала апазіцыю ў Вярхоўным Савеце БССР. Вярхоўны Савет БССР прыпыніў дзейнасць КПБ і ЛКСМБ.

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

Сымон Барыс

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX