Папярэдняя старонка: 2005

№ 38 (724) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 38 (724) 5 КАСТРЫЧНІКА 2005 г.


КАНГРЭС ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛАЎ БЕЛАРУСІ

Менску прайшоў Нацыянальны кангрэс дэмакратычных сілаў Беларусі. У кангрэсе ўзялі ўдзе 813 дэлегатаў і некалькі соцень гасцей. Кангрэсу папярэднічала вялікая праца ў рэгіёнах Беларусі па вылучэнні дэлегатаў, а таксама паддывановая барацьба ў аргкамітэце і на самім Кангрэсе. Так афіцыйна не брала ўдзелу ў Кангрэсе Таварыства беларускай мовы, хаця сябры ТБМ і яго прыхільнікі складалі, мабыць, палову дэлегатаў форуму. Прадстаўнікі рэдакцый выданняў ТБМ газет "Наша слова" і "Тэлескоп", а таксама часопіса "Лідскі летапісец" былі пазбаўлены статусу дэлегатаў за некалькі гадзін да пачатку Кангрэсу. Усё гэта рабілася, каб аслабіць пазіцыі беларускамоўнага прэтэндэнта на пасаду адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на будучых прэзідэнцкіх выбарах Аляксандра Мілінкевіча.

І гэта ў некаторай ступені ўдалося. Першы тур не выявіў пераможцы. У другі тур галасавання па абранні адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сіл выйшлі лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і прадстаўнік трэцяга сектара Аляксандр Мілінкевіч.

За А. Мілінкевіча прагаласавалі 383 (47,1 %) з 813 дэлегатаў, узяўшых удзел у галасаванні. А. Лябедзька атрымаў 263 галасы (32,3 %). Трэці прэтэндэнт - лідар Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін - атрымаў падтрымку 152 дэлегатаў (18,7 %).

У другім туры камуністы амаль пагалоўна падтрымалі А. Лябедзьку, але і гэта не дапамагло

Адзіным кандыдатам у прэзідэнты Беларусі ад дэмакратычных сіл на выбарах 2006 года абраны адзін з лідэраў трэцяга сектара Аляксандр Мілінкевіч.

У галасаванні ўзялі ўдзел 809 дэлегатаў. За Аляксандра Мілінкевіча прагаласавалі 399 (49,32 %) чалавек, за старшыню Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку - 391 (48,33%). 13 дэлегатаў прагаласавалі супраць усіх прэтэндэнтаў; 3 бюлетэні былі прызнаны несапраўднымі.

Даведка. Мілінкевіч Аляксандр Уладзіміравіч нарадзіўся ў 1947 годзе ў сям'і настаўнікаў (прапраўнук рэпрасаванага ўдзельніка паўстання 1863 года, унук актывіста беларускага руху 1920 гадоў). Скончыў фізікаматэматычны факультэт Гарадзенскага педагагічнага інстытута. Кандыдат фізікаматэматычных навук, дацэнт. З 1969 года працаваў у Інстытуце фізікі Акадэміі навук БССР. З 1976 года выкладаў у Гарадзенскім універсітэце. З 1990 па 1996 год - намеснік старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму па пытаннях культуры, адукацыі, медыцыны, спорту, моладзі і міжнародных адносінах. З 1996 года - старшыня Гарадзенскага грамадскага аб'яднання "Ратуша", ліквідаванага судом у 2003 годзе. У 2001 годзе - адзін з кіраўнікоў выбарчага штаба кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Сямёна Домаша. З 1998 года - старшыня Беларускай асацыяцыі рэсурсных цэнтраў (БАРЦ), кіраўнік праграм Фонду садзеяння рэгіянальнаму развіццю.

Кангрэс прыняў шэраг рэзалюцый, у тым ліку рэзалюцыю "Пра абарону беларускай мовы" .

На Кангрэсе з дакладам выступіў старшыня ТБМ Алег Трусаў. Сябры ТБМ З Менска і Ліды вынеслі на Кангрэс рэзалюцыю "Аб вяшчанні на Беларусь радыёстанцыі "Deutsche Welle". У ходзе Кангрэсу аўтары знялі сваю рэзалюцыю на карысць больш шырокай "Пра абарону беларускай мовы".

Яраслаў Грынкевіч.

На здымках: 1. Пад эмблемай Кангрэсу "Дрэва беларускай дэмакратыі"; 2. А. Мілінкевіч з жонкай Інай пасля абвяшчэння вынікаў 2га туру; 3. Адзінства захоўваецца; 4. У зале Кангрэсу; 5. Сябры ТБМ акадэмік Радзім Гарэцкі і Фёдар Нюнька з Вільні на Кангрэсе.


РЭЗАЛЮЦЫЯ
Кангрэсу дэмакратычных сілаў пра абарону беларускай мовы

У Беларусі, традыцыйна талерантнай краіне, сістэматычна парушаюцца моўныя правы грамадзян. Палітыка выціскання беларускай мовы на ўскраіну грамадскага жыцця стала афіцыйнаю. Стан навучання беларускай мове, якую лічаць роднаю 73% насельніцтва Беларусі, жахлівы. Так, у гарадах Беларусі засталіся лічаныя школьныя класы з беларускай мовай навучання. У краіне няма ніводнай беларускамоўнай вышэйшай навучальнай установы. У кнігарнях зніклі нават аддзелы беларускамоўных кніг. На ўсю краіну выходзіць толькі адна дзяржаўная грамадска-палітычная газета на беларускай мове - "Звязда". На тэлеканалах БТ і АНТ фактычна не гучыць беларуская мова.

Дзяржаўныя ўстановы, пачынаючы з найвышэйшага ўзроўню, ігнаруюць беларускую мову, дыскрымінуючы грамадзян па моўнай прыкмеце. На жаль пад уплывам моўнай палітыкі кіраўніцтва Беларусі некаторыя міжнародныя структуры таксама ігнаруюць беларускую мову ў інфармацыйных і адукацыйных праектах, прызначаных для грамадзян Беларусі.

КДС канстатуе, што становішча з захаваннем беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь крытычнае і вымагае тэрміновых захадаў з мэтай забяспечыць ёй гістарычную перспектыву. Кангрэс выступае ў абаронубеларускай мовы, як спрадвечнай мовы тытульнай нацыі і прапануе:

- дэмакратычнай грамадскай супольнасці нашай краіны - паслядоўна адстойваць правы беларускамоўных грамадзян, падтрымліваць ініцыятывы, скіраваныя на зберажэнне і развіццё беларускай мовы, выкарыстоўваць яе ў практычнай дзейнасці;

- уладам - спыніць фактычны пераслед беларускай мовы, аднавіць яе прысутнасць ва ўсіх сферах ужытку ў ступені, неабходнай для яе гарантаванай будучыні;

- міжнароднай грамадскасці - спрыяць раўнапраўнай прысутнасці беларускай мовы ў сусветнай інфармацыйнай і камунікацыйнай прасторы; забяспечваць беларуска-моўнасць міжнародных інфармацыйных праектаў, прызначаных для беларускага слухача; дбаць пра захаванне беларускай мовы ў рэгіёнах, суседніх з Беларуссю краін, дзе жыве беларуская меншасць.

Разам з тым Кангрэс перакананы, што толькі ў свабоднай і дэмакратычнай Беларусі родная мова беларускага народу набудзе сапраўдныя гарантыі захавання і развіцця.

(Рэзалюцыя прынятая аднагалосна.)


Роля беларускай мовы ў дэмакратызацыі Беларусі

(Даклад старшыні ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алега Трусава на Кангрэсе дамакратычных сілаў Беларусі)

Вытокі беларускай мовы, як і іншых еўрапейскіх моў, сягаюць у ІХХ стагоддзі. У ХІІІХVII ст. яна выконвала функцыю дзяржаўнай мовы ў адной з самых вялікіх еўрапейскіх краінаў Вялікім Княстве Літоўскім, а таксама была мовай міжнацыянальных і міждзяржаўных зносінаў на вялікіх абшарах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Нягледзячы на доўгачасовую паланізацыю і русіфікацыю, беларуская мова не знікла з моўнай мапы свету і канчаткова склалася як літаратурная мова ў другой палове ХІХ пачатку ХХ ст. Невыпадкова наш знакаміты суайчыннік Адам Міцкевіч называў беларускую мову адной з самых прыгожых і дасканалых славянскіх моваў.

У ХХ ст. беларуская мова перажыла некалькі перыядаў адноснага росквіту і заняпаду, выкліканых зменлівым лёсам гісторыі Беларусі.

Найгоршая сітуацыя з развіццём беларускай мовы ў Беларусі склалася ў 6070х гадах. Напрыклад, у Мінску напрыканцы 1981 года існавала ўсяго 6,4 % шыльдаў з назвамі толькі на беларускай мове і яшчэ 4,6 % шыльдаў, што былі аформленыя пабеларуску і паруску. Рускамоўных шыльдаў было 89 %. У сталіцы БССР не было ніводнай беларускамоўнай школы ці класа, беларускую мову вывучалі з чацвёртага класа. Былі выпадкі, калі паруску вывучалі нават гісторыю беларускай літаратуры. Аднак у часы "перабудовы" беларуская інтэлігенцыя стала ўсё болей звяртаць увагу на моўную сітуацыю ў краіне. У студзені 1990 г. быў прыняты "Закон аб мовах", які стаў да 1995 года юрыдычнай базай для пашырэння нашай мовы ва ўсіх сферах жыцця краіны.

У гэты час беларускамоўных выданняў, асабліва падручнікаў, дапаможнікаў, слоўнікаў і энцыклапедый, было надрукавана больш, чым за папярэднія чатыры стагоддзі. Была канчаткова сфармавана навуковая і тэхнічная беларуская тэрміналогія, а ў школах у 1994/95 гадах ужо навучалася пабеларуску 75% вучняў. Назіралася ачышчэнне мовы ад шкодных запазычанняў, была звернута ўвага на вяртанне класічнага беларускага правапісу і існаванне беларускага лацінскага алфавіту.

Складанасць барацьбы за мову заключалася не ў тым, дасканалая яна ці не, прыгожая ці не, мілагучная ці не. Складанасць заключалася ў тым, што мова патрабавала вялікай працы. Увядзенне ці адмена сцяга, герба, гімна патрабавала невялікай колькасці людзей, і то ў парадку выканання службовых абавязкаў.

Іншая справа мова. Супраць мовы паўстаў дзяржаўны апарат, клас чыноўнікаў, вайскоўцы і значная частка інтэлігенцыі, асабліва тэхнічнай. Бо мова закранула ўсіх і прынесла ім дадатковую нагрузку, дадатковую працу за тыя ж грошы. І не антаганізм да мовы рухаў імі, а звычайная лянота, звычайнае гультайства. У Беларусі, як былой калоніі, разам з каланіяльнай адміністрацыяй засталася і каланіяльная тэрміналогія. Гэтая тэрміналогія з невялікімі перапынкамі насаджвалася 200 гадоў, амаль сем пакаленняў, і дасягнуць таго, каб яна за год ці два знікла, саступіла месца новай беларускай тэрміналогіі, не так проста. І гэтаму перш за ўсё заміналі адсутнасць у краіне нацыянальнай сістэмы дзяржаўнага будаўніцтва і нацыянальнай сістэмы адукацыі.

Таму і выкарыстала ўлада ўсе вышэйзгаданыя чыннікі, каб правесці моўны рэферэндум у 1995 г.

Пасля рэферэндуму дзяржава не зрабіла прыкметных захадаў па рэалізацыі выказаных праз яго пажаданняў, галоўным з якіх з'яўлялася забеспячэнне роўнасці беларускай і рускай моваў у афіцыйным жыцці. Сёння няма аніводнай сферы, у якой была б такая роўнасць. Службовае справаводства дзяржаўнага апарату практычна цалкам абслугоўваецца рускай мовай. Падобнае можна сказаць пра вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю, прафесійнатэхнічныя вучылішчы. Вельмі незайздроснае становішча беларускай мовы на беларускім радыё і тэлебачанні і зусім цяжкое - ў кінематографе. Пры гэтым на тэлеэкран і ў радыёэфір няма доступу нашым прадстаўнікам творчай інтэлігенцыі, вядомым беларускім пісьменнікам, мастакам, кінарэжысёрам і навукоўцам. Колькасць вучняў у нашых школах, якія працягваюць вучыцца пабеларуску, скарацілася з 75% у 1994/95 навучальным годзе да 27% у 2004 - 2005 н. г. Падпіска на беларускамоўныя выданні зменшылася ў дзесяткі разоў і зведзена практычна да нуля. Ствараецца ўражанне, што дзяржава па сваёй ці чужой волі свядома не дапускае роднае слова тытульнай нацыі краіны ў афіцыйнае жыццё.

Апошні раз сваю нязломную волю да выжывання беларуская мова яскрава засведчыла падчас апошняга перапісу насельніцтва Беларусі ў 1999 годзе. 86% беларускага насельніцтва Рэспублікі Беларусь назвалі беларускую мову сваёй роднай, а 37% жыхароў Беларусі афіцыйна засведчылі, што яны штодня размаўляюць пабеларуску.

24 лютага 2003 г. на другім беларускім канале ў праграме "Выбар" выйшла перадача, прысвечаная будучыні беларускай мовы. У тэлефонным галасаванні прыняло ўдзел каля 26 тысячаў гледачоў і 65% выказаліся ў падтрымку яе развіцця. Гэта перадача яшчэ раз пацвердзіла вынікі перапісу і жаданне грамадзян Беларусі шырока карыстацца беларускай мовай як дзяржаўнай. Пасля гэтага рэдактар праграмы быў звольнены з працы.

У апошнія гады наша моладзь, асабліва ў Мінску і іншых буйных гарадах актыўна стала вывучаць і выкарыстоўваць беларускую мову. Пра гэта сведчаць вынікі тэставання апошніх гадоў. Напрыклад, у 2004 годзе большасць абітурыентаў свядома абралі экзамен па беларускай мове, нягледзячы на тое, што частка з іх скончыла школу з рускай мовай навучання.

Гэта сітуацыя занепакоіла ідэолагаў інкарнацыі Беларусі ў склад пуцінскай Расіі, і яны пачалі праводзіць палітыку русіфікацыі рукамі беларускай рускамоўнай апазіцыі. Асабліва тут шчыруюць сябры АГП і розныя вольныя палітыкі накшталт генерала Фралова. На словах яны і за беларускую мову і за развіццё культуры, а на справе зусім наадварот. Напрыклад, газета "Народная воля" друкуе артыкулы на той мове, на якой ён напісаны. Вышэйназваныя "господа" прынцыпова свае матэрыялы друкуюць на мове суседняй дзяржавы, тым самым спрыяюць палітыцы русіфікацыі. У гэтым годзе да русіфікацыі Беларусі былі падключаны і заходнія саюзнікі пуцінскіх інтэгратараў.

У ліпені 2005 г. ТБМ атрымала інфармацыю аб стварэнні асобнай праграмы на дзяржаўнай нямецкай радыёстанцыі "Deutsche Welle" для вяшчання на Беларусь на рускай мове. Падтрымліваючы стварэнне такой праграмы, ТБМ звярнулася з адпаведным лістом да кіраўніцтва радыёстанцыі і ў нямецкую амбасаду ў Беларусі. У лісце ўтрымлівалася прапанова вяшчаць пабеларуску, узяўшы за прыклады радыё "Свабода", "Палонія", "Ватыкан", "Швецыя".

Неўзабаве мы атрымалі зняважлівыя па сваёй сутнасці адказы, дзе паведамлялася, што ў Беларусі амаль усе гавораць паруску, акрамя вясковых прыхільнікаў цяперашняй улады, а рускамоўныя грамадзяне больш апазіцыйныя і лепей успрымаюць каштоўнасці заходняй і расійскай дэмакратыі. Таму горшай рэчы за беларускае вяшчанне няма.

ТБМ звярнулася да грамадзян Беларусі і іншых краін з прапановай выказаць свой рашучы пратэст супраць чарговай спробы русіфікацыі Беларусі і накіроўваць адпаведныя лісты ў нямецкую амбасаду і кіраўніцтву радыёстанцыі. На нашу просьбу адгукнуліся тысячы грамадзян і дзесяткі грамадскіх арганізацый, якім мы выказваем шчырую ўдзячнасць.

У гэты самы час прэзідэнт Расіі У. Пуцін публічна адмовіў беларусам у праве быць асобнай нацыяй, а ва Ўладзівастоцкім выданні "Ежедневные новости" беларускую мову назвалі "языком международного общения подонков".

Аднак пад ціскам міжнароднай супольнасці, асабліва дэпутатаў Еўразвязу ад Польшчы, Літвы і Эстоніі, Еўракамісія мусіла тэрмінова змяніць умовы тэндэра на права будучага вяшчання на Беларусь (у памеры 2 млн. еўра штогод) і акрамя рускай на роўных з ёй умовах увесці беларускую мову. "Deutsche Welle" сабралася гаварыць пабеларуску адзін дзень на тыдзень. Такім чынам, відавочныя першыя прыкметы нашай перамогі. Для таго, каб замацаваць і пашырыць вынікі нашага змагання, мы звяртаемся да грамадзян Беларусі і суседніх краін паскорыць збор подпісаў за вяшчанне пабеларуску на "Deutsche Welle" і іншых радыёстанцыях, якія атрымаюць на гэта грошы з бюджэту Еўразвязу. Мы спадзяёмся, што сваё слова ў нашу падтрымку скажуць Саюз пісьменнікаў, БАЖ, ТБШ і Беларускі ПЭН-клуб, а таксама дэлегаты Кангрэсу дэмакратычных сілаў Беларусі.

Сёння адукаваны чалавек на Беларусі, які не ведае беларускай дзяржаўнай мовы, не можа лічыцца інтэлігентам. Пакуль наша інтэлігенцыя не загаворыць пабеларуску на вуліцах, на працы, з дзецьмі і ўнукамі, пакуль не стане ўсе рускамоўныя бланкі на пошце, у банку, міліцыі, падатковай інспекцыі прынцыпова запаўняць пабеларуску, яна будзе заставацца гаротнай і зняважанай пры любой уладзе. Бо любая ўлада лічыцца толькі з тымі, хто можа сябе годна абараніць. Нездарма кажуць, што беларус "заўжды размаўляе на мове начальства".

Таму нашай інтэлігенцыі варта як мага хутчэй вылучыць са сваіх шэрагаў новага нацыянальнага лідэра, які ў любых абставінах будзе лёгка і нязмушана карыстацца беларускай мовай.

Як толькі народ убачыць, што на змену малаадукаванай, "сярмяжнай" уладзе з яе "трасянкай" і рускім жаргонам ідуць высокакультурныя людзі, якія, акрамя беларускай, ведаюць і іншыя еўрапейскія мовы, але пераважна карыстаюцца сваёй, поспех новаму лідару і яго "камандзе" забяспечаны.

Таму вырашыць моўнае пытанне наша духоўная эліта зможа толькі сваім актыўным удзелам у палітычнай барацьбе, калі вядучымі палітыкамі краіны стануць яе лепшыя прадстаўнікі. Спадзяюся, што дэлегаты нашага кангрэсу змогуць паскорыць гэты палітычны працэс.


ПРАЕКТ РЭЗАЛЮЦЫІ

Нацыянальнага Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў Беларусі "Аб вяшчанні на Беларусь радыёстанцыі "Deutsche Welle".

У сувязі з тым, што нямецкая радыёстанцыя " Deutsche Welle " спланавала пачаць вяшчанне на Беларусь на рускай мове і атрымала пад гэта грошы ад Еўразвязу Нацыянальны Кангрэс Дэмакратычных Сілаў Рэспублікі Беларусь:

- выказвае заклапочанасць тым, што Еўракамісія ў гэтым пытанні паказвае сваё неразуменне сітуацыі ў Беларусі, збіраецца несці нам ідэі дэмакратыі на мове колішніх каланізатараў. Што б не гаварыла " Deutsche Welle " па-расейску, усё будзе ўспрымацца як пазіцыя Расеі, а не Еўропы. Каб адрадзіць дэмакратыю ў Беларусі, неабходна перш за ўсё адрадзіць беларускую мову, беларускую культуру, беларускую нацыянальную годнасць;

- мы ўспрымаем няўступчывасць радыёстанцыі "Deutsche Welle" ў пытанні пераходу на беларускамоўнае вяшчанне, як недастатковасць у іх тэхнічных і, перш за ўсё, інтэлектуальных магчымасцяў для такога пераходу;

- мы рэкамендуем Еўракамісіі перагледзець вынікі тэндару па выдзяленні сродкаў "Deutsche Welle" для вяшчання на Беларусь і перадаць гэтыя грошы адной з радыёстанцый Польшчы, Літвы або Украіны, для якіх арганізацыя беларускамоўнага вяшчання не ёсць праб-лемай;

- мы звяртаем увагу ўсіх народаў Еўропы, што беларусы - самабытны і самадастатковы еўрапейскі народ. Не выпадае еўрапейцам бачыць у нас васалаў Расіі і размаўляць з намі мовай Расіі.

Гэты праект рэзалюцыі быў вынесены на разгляд Кангрэсу групай дэлегатаў - сяброў ТБМ ад Менска і Ліды, але пасля складаных перамоваў старшыні ТБМ Алега Трусава з аргкамітэтам Кангрэсу быў зняты на карысць больш агульнай рэзалюці Кангрэсу ў абарону беларускай мовы.


Справаздача Лідскай гарадской рады ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" аб дзейнасці Лідскай гарадской арганізацыі ў 2003 - 2005 гг.

Асноўная дзейнасць Лідскай гарадской арганізацыі ў адпаведнасці з асаблівым статусам нашай арганізацыі, якой з'ед ТБМ даручыў выданне цэнтральнага органа ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" газеты "Наша слова" палягала ў выдавецкай плоскасці:

- рэгулярна выходзіла газета "Наша слова" (100 нумароў за два гады);

- з 1 кастрычніка 2004 года была адноўлена выданне беларускамоўнай газеты "Тэлескоп", апошні нумар якой выйшаў у ліпені 2005 года. Пры адпаведнай перагрупоўцы сілаў і сродкаў выданне газеты ў бліжэйшы час будзе працягнута;

- выдадзены 8 нумароў "Лідскага летапісца", нажаль апошнія нумары ішлі здвоенымі, але, затое, вялікага аб'ёму;

- выдадзены 1 нумар часопіса "Ад лідскіх муроў";

- падрыхтавана выданне кнігі Алега Трусава "Падсумаванне";

- падрыхтаваны 2 выпускі бюлетэня "Спадчына";

- сябар ТБМ Лявон Лаўрэш самастойна вядзе Лідскі сайт у "Інтэрнэце";

- падрыхтавана выданне кнігі Вольгі Іпатавай "Задарожжа":

- падрыхтавана выданне кнігі Алеся Нічыпара "Паўночная песня".


Астатняя дзейнасць групуецца па наступных кірунках:

Арганізацыйная дзейнасць.

Арганізацыя дзейнічала ў складзе:

Цэнтральная суполка,

Паўднёвая суполка,

Слабадская суполка,

Суполка ПТВ - 235,

Арганізацыя педкаледжа (10 суполак).

Так і не аформіліся Раслякоўская і Паўночная суполкі.

Усяго ў арганізацыі - 207 чалавек.

Пасля аб'яднання горада і раёна арганізацыя ўвайшла ўсклад Лідскай арганізацыі ТБМ.

Мы ўдзельнічалі ва ўсіх мерапрыемствах Лідскай арганізацыі, некаторыя свае мерапрыемствы, якія сягаюць за межы горада праводзілі сумесна.

Мы прыклалі сур'ёзныя намаганні, каб не дапусціць закрыцця Лідскай арганізацыі з-за юрыдычнага адраса. Былі знойдзены тры адрасы. Два з іх далі задні ход: уладальнік дома каля абутковай фабрыкі і калгас у Едках, але на Лідааптгандлі ў Даліне арганізацыю перарэгістравалі.

Паседжанні рады склікаюцца па меры неабходнасці, як правіла раз на месяц, і калі трэба прыняць нейкае афіцыйнае рашэнне. Актыў арганізацыі: сябры рады і кіраўнікі суполак збіраюцца фактычна штотыднёва.

Арганізацыя не ставіць перад сабой задачы значнага павелічэння масавасці, але Паўночную і Раслякоўскую суполкі мы проста мусім стварыць. Людзі ёсць, застаецца толькі іх зрушыць да больш актыўнай дзейнасці.

У снежні 2004 года на базе педкаледжа мы правялі ўрачыстае паседжанне, прысвечанае 15-годдзю Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ. Ветэранам ТБМ, удзельнікам устаноўчай канферэнцыі 1989 года былі ўручаны памятныя падарункі (кнігі "Верш на свабоду").

Захаванне гістарычнай спадчыны.

24 чэрвеня 2004 г. па ініцыятыве Лідскай гар. арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны праведзены "круглы стол" кіраўніцтва горада з грамадскімі арганізацыямі. За "круглым сталом" быў разгледжаны ўвесь спектр праблемаў па нацыянальна-культурным адраджэнні і захаванні гістарычнай спадчыны.

У выніку было дасягнута пагадненне аб размежаванні абавязкаў і аб сумесным дзеянні.

У гэты час нам давялося рабіць выбар паміж супрацоўніцтвам з уладамі і рускамоўнымі дэмакратамі, якіх ачольваў тады яшчэ дэпутат А. Пятаеў і якія выказвалі зацікаўленась у працы па замку. Для нас у пазіцыі Пятаева было непрымальным тое, што яны прадугледжвалі прыватызацыю замка. Мы на гэта пайсці не маглі. Замак ніколі не быў прыватным. Таму ТБМ асноўны ўпор зрабіла на супрацоўніцтва з уладай.

У выніку быў адкрыты рахунак для назакашвання сродкаў на рэстаўрацыю замка.

Райвыканкам заключыў дамову з "Белрэстаўрацыяй" па распрацоўцы праекту 2-га этапу рэстаўрацыі.

Нарэшцэ замак у першыню за сваю гісторыю прыняў міжнародны рыцарскі турнір. На падрыхтоўку да яго выдаткавана 24 млн. рублёў.

Безумоўна, што асноўная нагрузка кладзецца на горад. Наш удзел носіць лакальны характар;

Мы прынялі ўдзел у конкурсе на ўзор сцяга горада, прадставілі тры варыянты.

З дапамогай менскага клуба "Спадчына" арганізавалі стварэнне макета коннага помніка заснавальніку г. Ліды Вялікаму князю Гедзіміну (скульптар Аляксандр Лушчык), карціны "Кароль Літвы і многіх рускіх Гедзімін ля Лідскага замка" (народны мастак Беларусі Шчамялёў) і барэльефа з выявай Вялікага князя Гедзіміна.

Райвыканкам зрабіў запыты ў розныя інстанцыі па пытанні правамернасці пастаноўкі такога помніка і атрымаў шэраг станоўчых заключэнняў. Адно з іх зрабіў сябар ТБМ доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч.

Зараз задача адна - давесці справу да рашэння выканкаму аб пастаноўцы помніка.

З дапамогай Рады ТБМ (г. Менск) ініцыявалі стварэнне паштовай маркі і канверта з выявамі Лідскага замка (марка выйдзе ў 2005 годзе, канверт - у 2006);

Выступалі пасярэднікамі ў стварэнні мемарыяльнай дошкі ксендзу Адаму Станкевічу і ўстаноўкі яе ў Вільні. Дошка зроблена ў Лідзе Рычардам Грушам і ўстаноўлена ў Вільні.

Выпрацавалі абгрунтаванне адкрыцця ў доміку Таўлая менавіта Лідскага літаратурнага музея.

Правялі традыцыйную імшу на магіле паўстанцаў 1863 года ва ўрочышчы "Крыжы" паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы 25 ліпеня 2004 года і 24 ліпеня 2005 года;

Бралі ўдзел ва ўскладанні кветак на магілы генерала Цыпрыяна Кандратовіча (Воранава, 25 сакавіка 2004 года і 25 сакавіка 2005 года), ксендза Адама Фалькоўскага (Ліда, 25 ліпеня 2004 года і 24 ліпеня 2005 года), Валерыі Цехановіч (Ліда, 25 ліпеня 2004 года і 24 ліпеня 2005 года).

Сябры ТБМ У. Круцікаў і М. Бурачэўскі правялі цыкл фотавыставаў "Храмы Лідчыны" ў навучальных установах раёна, пры гэтым экспанаты пакідаліся па месцы выставы.

Мы атрымалі згоду выканкаму на ўстаноўку памятнага знака на магіле ксендза Адама Фалькоўскага, але дагэтуль не маем рашэння выканкаму, якое яшчэ будзе ўзгадняцца з аблвыканкамам.

Па нашай ініцыятыве мастак Уладзімр Мельнікаў стварыў партрэт Валянціна Таўлая, а зараз працуе над партрэтам Канстанціна Горскага.

Сябар ТБМ і сябар Саюза мастакоў Алесь Судар па замове арганізацыі стварае макет Лідскай ратушы. У бліжэйшы час мы зможам падняць пытанне аб яе рэканстукцыі.

Наступныя крокі арганізацыі ў гэты кірунку вядомыя: стварэнне партрэта лідскага першадрукара Яна Карцака, устаноўка памятнага знака Яну Карцаку ў Вялічках або Мінойтах, аднаўленне крыжа ў Беліцы ,устаноўка манумента "Героям Грунвальда", рэстаўрацыя сядзібы Дамейкі ў Заполлі і інш. Тут на гэтыя планы каб жыцця хапіла.

Аздабленне навакольнага асяроддзя.

Дзякуючы нашым мастакам, усе новыя шыльды. Якія яны робяць, робяцца па-беларуску. Але ёсць і іншыя фірмы, якія займаюцца вонкавай рэкламай.

Буйныя гандлёвыя прадпрыемствы: "Патсдам", ВКФ "Ліда", Каапгандаль усе свае крамы афарммляюць па-беларуску. У астатніх месцах, як давядзецца. Але прыблізна палова ўсіх шыльдаў у горадзе беларускамоўныя.

Трэба адзначыць, што выканкам трымае парытэт у моўным пытанні. Усе святочныя расцяжкі робяцца на дзвюх мовах. На масавых мерапрыемствах беларуская мова не забываецца. Асаблівая роля тут належыць Цэнтральнай бібліятэцы. Там дзе яны арганізатары і вядоўцы, там цудоўная беларуская мова.

Усе астатнія праблемы кожны з нас ведае.

Сродкі масавай інфармацыі.

Тут справа горшая. Лідскае радыё і Лідскае тэлебачанне фактычна рускамоўныя. Лідская газета беларускамоўная напалову. "Прынёманскія весці" рускамоўныя фактычна цалкам.

Нашыя выданні, пра якія было сказана ў пачатку, само сабой беларускамоўныя, але наклад іх непараўнальна меншы за рускамоўныя выданні, і таму казаць пра нейкі парытэт не выпадае.

Акрамя сказанага мы арганізавалі распаўсюджанне беластоцкай беларускай газеты "Ніва" (100-150 асобнікаў штотыднёва), у тым ліку мы забяспечваем "Нівай" не толькі Ліду, але і Менск. Быў перыяд, калі на працягу паўгода мы рассылалі "Ніву" па ўсёй Беларусі. Гэта было спынена з-за немаверных цэнаў на перасылку ;

Намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Міхась Мельнік узначаліў літаратурнае аб'яднанне "Суквецце" пры "Лідскай азеце" і рыхтуе з пэўнай рэгулярнасцю літаратурную старонку ў гэтай газеце.

Васіліся Пазнухова, хоць афіцыйна не ўваходзіць у ТБМ, арганізавала цыкл беларускамоўных літаратурных перадач на Лідскім радыё, у тым ліку і з многімі сябрамі ТБМ.

У іншых плоскасцях:

Мы ўдзельнічаем у шматлікія літаратурных праектах і імпрэзах у Лідзе, раёне і, нават, Менску.

У лістападзе 2003 года ўдзельнічалі ў мерапрыемствах да 140-х угодкаў паўстання Кастуся Каліноўскага ў г. п. Свіслач і Белавежскай пушчы.

Удзельнічалі ва ўстаноўцы памятнага знака Міколу Ермаловічу ў Маладзечне.

Удзельнічалі ва ўстаноўцы помніка Ларысе Геніюш у Зэльве ў 2004 годзе і ў традыцыйнай імпрэзе ў Зэльве ў 2005 годзе.

У Менску выйшла кніга "Спевы пра даўніх ліцьвінаў", пераклады з польскай мовы 55 баладаў Яна Чачота, 31 балада перакладзена Станіславам Суднікам;

Да 190-х угодкаў М. Ю. Лермантава Станіслаў Суднік зрабіў пераклад паэмы Лермантава "Ліцьвінка", апублікаваная ў "Лідскім летапісцы";

Лідская гарадская арганізацыя ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" рыхтуе дакументы для абгрунтавання неабходнасці правядзення Дня беларускага пісьменства і друку 2007 года ў Лідзе.

І поўны правал мы маем у сферы адукацыі.

Летась у горадзе бы адзін 1-шы беларускамоўны клас,сёлета ні аднаго.

Што рабіць?

Мы можам склікаць "круглы стол" па адукацыі. Улады пойдуць на яго, але што мы скажам? Што мы можам патрабаваць? Нават, калі мы атрымаем поўную падтрымку лідскіх уладаў, што рабіць далей. Часта мы маем галоўным ворагам беларускасці нашага ж настаўніка і бацькоў, нашых жа лідскіх жыхароў.

Баюся што адной Лідзе тут не справіцца. Трэба меры на ўзроўні дзяржавы.

Мы будзем шукаць шляхі.

Магчыма, нешта знойдзем.

Мы здольныя выпрацаваць шэраг прапановаў да рэспубліканскай улады, але гэта рабілася ўжо не адзін раз.

Тым не менш.

Мы маем у горадзе магутны пласт нацыянальна свядомага насельніцтва. Актывізаваць яго - адна з нашых задач.

Старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" С. Суднік.


"Сланы Ганібала"

Запрашае Ўладзімір Арлоў

Новую кнігу Ўладзіміра Арлова склалі выбраныя эсэ апошніх пятнаццаці гадоў-своеасаблівая хроніка зменаў, што адбываліся ў нашай краіне і навакольным свеце. Вандруючы ў прасторы і часе пісьменнік паўсюль - у Лондане і Нью-Ёрку, у полацкіх лабірынтах і на руінах Карфагена - нязменна шукае Беларусь і беларусаў.

Эсэ "Незалежнасць - гэта...", напіса-нае ў 1990 годзе да чарговых угодкаў БНР, было перакладзенае на дваццаць моваў, сталася амаль легендарным, але, на жаль, дагэтуль не страціла актуальнасці.

Прэзентацыя кнігі адбудзецца ў аўторак, 11 кастрычніка, у вялікай зале Дома літаратара (вул. Фрунзе, 5).

Удзел бяруць сябры і калегі аўтара, а таксама вядомыя беларускія барды. Сярод выступоўцаў Адам, Глобус, Андрэй Хада-новіч, Зміцер Бартосік ды іншыя.

Чакаюцца сюрпрызы і неспадзяванкі. Але вечарына адбудзецца пры любым надвор'і.

Пачатак у 18.30.

Уваход вольны.


Матэматычны форум

Cайт адрасаваны настаўнікам матэматыкі, якія маюць патрэбу ў актыўных кантактах з ка-легамі, а таксама і іх зацікаўленным у навуцы вуням.

У аснову сайту пакладзена ідэя нефармальнага дыялогу паміж яго наведнікамі. Добра вядома, дыялог у Інтэрнэце можа быць інтэрактыўным, што як раз і адпавядае духу самой навукі, яе вывучэнню і выкладанню. Кожная змястоўная матэматычная задача мае задачы-спадарожнікі, якія падобныя на зыходную фармулёўкай, ідэяй альбо метадам рашэння. Уявім сабе сукупнасць усіх такіх задач. Гэта завершаны блок, канцэнтр ведаў па некаторай тэме. Паводле меркаванняў педагогаў, складанне падобных канцэнтраў вельмі карысны і цікавы занятак для ўсіх, хто вывучае (і выкладае) матэматыку. Бо падобнага роду серыі задач спрыяюць найбольш глыбокаму пагружэнню ў матэматыку, трываламу яе спазнанню.

Аўтар ідэі сайту (і гэтых радкоў) прапануе распачаць падборку задач, звязанную з наступным, добра вядомым фактам:

Калі знутры правільнага трохвугольніка ўзяты адвольны пункт, то сума адлегласцяў ад яго да старон трохвугольніка ёсць велічыня пастаянная.

Задача, безумоўна, мае працяг. Яе можна развіць у розных кірунках. Дык, няхай чытачы, і настаўнікі і школьнікі, зайшоўшы на сайт, запішуць на адпаведным раздзеле сваю задачу. Пры патрэбе абмяркуем і рашэнні. Цікава будзе пабачыць, наколькі можна развіць зыходную задачу. У выніку, настаўнікі папоўняць сваю метадычную скарбонку важкім матэрыялам, які можна будзе эфектыўна cкарыстаць у класе. Па сканчэнні серыі распачнецца новая. Ініцыяваць падборкі задач можа кожны ўдзельнік праекта. Таму сайт задуманы як супольная творчасць паза межамі школьнае руціны ды афіцыёзу.

Другой мэтай сайта з'яўляецца пашырэнне на Беларусі кампутарнай праграмы па дынамічнай геаметрыі Geometer's Sketchpad (далей GSP). У Расіі яе назвалі Жывой Геаметрыяй. Праграма дае ў распараджэнне карыстальніка віртуальную геаметрычную прастору і класічныя інструменты цыркуль і лінейку. Можна ствараць геаметрычныя канфігурацыі, выводзіць на манітор іх параметры і, што істотна, рухаць аб'екты. Падчас рухаў фігуры могуць дэфармавацца пэўным (зададзеным) чынам. Велічыні пры гэтым непарыўна змяняюцца. А гэта дае ўнікальную магчымасць для розных доследаў, фармавання гіпотэз пра ўласцівасці геаметрычных (графічных) аб'етаў. У GSP магчыма вывучаць і алгебру: будаваць графікі функцый, пераўтвараць іх і, бадай найгалоўнае, рашаць задачы з параметрамі.

На сайце створана магчымасць запампаваць праграму на свой уласны кампутар. Настаўнікі і вучні 811 класаў змогуць абменьвацца файламі, увогуле, сваімі ідэямі і напрацоўкамі. Праграмай GSP актыўна займаюцца ў розных краінах школьнікі, студэнты і выкладчыкі матэматыкі сярэдніх навучальных устаноў і універсітэтаў. Так, напрыклад, шмат расійскіх школ атрымалі нядаўна ў карыстанне падвойны кампактдыск "МАТЕМАТИКА, 511 классы. Практикум", дзе GSP скарыстоўваецца ў якасці абалонкі для практыкума па геаметрыі. (Ваш пакорны слуга адзін з аўтараў гэтага праекта). Аналагічная і вельмі актыўная праца праводзіцца у ЗША, таксама ў Кітаі і некаторых іншых "матэматычных" дзяржавах. Надыйшоў час заняцца ўсім гэтым і ў Беларусі. Пагатоў, што ідэя дынамізацыі геаметрычных аб'ектаў, як магутнага метаду рашэння задач, у нас добра вядомая, дзякуючы працам нястомнага рупліўца ў галіне эўрыстычных падыходаў у навучальным працэсе праф. А.Б. Васілеўскага з БГПУ ім. М. Танка і яго наступнікаў. Канешне ж, з дапамогай нашага сайту магчымыя і іншыя рэчы: агляды кніг і публікацый у часопісах, дыскусіі, распрацоўка тэстаў і абмен імі. Усе зацікаўленыя могуць прапанаваць штосьці сваё.

Падаем адрас сайту: math.barmica.org. Таксама яго можна адшукаць у сістэме Google ды іншых каталогах. Да сустрэчы ў webпрасторы!

І.С. Храпавцкі, СШ №3 г. Глыбокае, каарды-натар сайту janka_x tut.by.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў кастрычніку

Акаловіч Леанід Аляксан. Алейнік Юрый Леанідавіч Архуцік Мікалай Аўдошчанка Валянціна Барташэвіч Антаніна Бобрык Алена Валянцін. Брыцько Аляксей Бубала Антон Буйніцкая Марына Булавацкі Міхась Пятр. Бялецкі Віктар Пятровіч Валуненка Ірына Іванаўна Ваўкавыцкая Таццяна Вератынскі Кірыл Віктар. Восіпава Аляксандра Гіль Міхаіл Нікадзімавіч Грышчук Ганна Рыгораўна Даржынкевіч Генрых Фел. Дзедушкова Алена Дзенісевіч Лідзія Дзеружынская Вераніка А. Дзмітрыенка Анатоль Іван. Долбік Ларыса Рыгораўна Дудар Таццяна Аляксандр. Думанская Ганна Рыгор. Ермаковіч Леанід Іванавіч Ермаловіч Васіль Васіл. Жагалава Тарэза Міхайл. Жаўток Уладзімір Зянковіч Юрась Кавалевіч Зінаіда Мікал. Кавецекая Наталля Уладз. Казак Валянціна Казлоў Алег Яўгенавіч Камкоў Пятро Каратай Уладзімір Арсен. Караткоў Мікалай Касцючэнка Ірына Качарагіна Людміла Ал. Крой Аляксандр Ільіч Крупіца Валянціна Крывецкая Ірына Сцяпан. Кулеш Алена Кутас Тамара Кушнер Васіль Федаравіч Лебедзеў Уладзімір Ануфр. Лебядзевіч Д.М. Лепешаў Іван Якаўлевіч Ліс Дар'я Алегаўна Лучко Валянцін Станісл. Люкевіч Уладзімір Паўл. Лявонава Галіна Ляўчук Валеры Аляксеевіч Мазырка Аляксандр Малец Таццяна Малышка Іпаліт Міхайл. Малько Вячаслаў Алякс. Мальцава Ірына Масяйчук Аляксандр Матысюк Вера Мінаў Леанід Уладзімір. Міняйла Ганна Сяргееўна Міцкевіч Уладзімір Валян. Мішчанчук Мікалай Іван. Навумчык Іосіф Адамавіч Несцярук Валеры Фёдар. Палсцюк Валеры Віктар. Панамарова Лізавета Сяр. Пераходзька Святлана С. Піліпенка Алена Пракаповіч Ілля Мікалаев. Праневіч Генадзь Мікал. Пунько Вольга Язэпаўна Пухоўскі Юрый Мікалаев. Пярова Маргарыта Сярг. Пярова Наталля Юр'еўна Раманцоў Зміцер Уладзім. Савацееў Кім Сяргеевіч Сагановіч Яніна Генадз. Сёмкіна Вольга Віктар. Семянчук Генадзь Сікора Алег Георгіевіч Смашная Марына Уладз. Спосабаў Іван Іванавіч Станеўская Людміла Станкевіч Георгі Стральцоў Алесь Уладзім. Суднік Святлана Георг. Сухаверхі Андрэй Сямён. Сухарэвіч Віталь Пятровіч Сухоцкі Андрэй Аляксеев. Сцежкін Кірыла Аляксанд. Сямёнава Анастасія Васіл. Сямёнаў Віталь Тарасаў Кастусь Іванавіч Угрын Аляксандр Сяргеев. Фалейчык Алесь Філіповіч Дзіяна Леанід. Хадачок Міхаіл Хадневіч Цімафей Хархардзін Уладзіслаў Цішкевіч Юлія Іванаўна Чайкоўскі Павел Іванавіч Чмарава Марына Шалястовіч Людміла Вас. Шаршнёва Наталля Анат. Шохан Вольга Шуй Вольга Васільеўна Шыдлоўскі Раман Яўген. Яканюк Ала Валянцінаўна Яроменкаў Аляксандр Л.


Пад агніста-цёплым колерам восені

Спяваем па-беларуску

Новая праграма Зміцера Вайцюшкевіча "Месяц і сонца", якую аматары беларускай музыкі мелі магчымасць паслухаць у канцэртнай зале "Менск" 22га верасня, нагадвае рамантычнае падарожжа па краіне Узыходзячага сонца. Квеценне дрэваў, сполахі лісцяў, шолахі траў, ранішнія туманы, магутныя і недакранальныя вяршыні гор гэтыя вобразы паўсталі перад гледачамі. Вабіла і прагулка па ўзбярэжжы акіяна, блуканне па светлых мелізнах, дзе ходзяць чароды маленькіх рыбак. Захапляла мелодыя сельскага свята, дзіцячыя гульні, што аднолькавыя ва ўсім свеце.

Песні новага альбома напісаны Зміцерам Вайцюшкевічам на вершы японскіх аўтараў і на старажытныя матывы. Дакрананне да арыгіналу стала магчымым пры дапамозе спадарыні Масакі Тацумі, а пераклад вершаў на беларускую мову зрабіў Алесь Камоцкі. Праграма, у якой прымаў удзел з чытаннем вершаў паэт і мастак Адам Глобус, суправаджалася цудоўным шматкаляровым відэарадам..

Малады артыст, які ўжо шмат падарожнічаў па розных кутках зямлі, спяваў у Расіі, Польшчы, Нарвегіі, Італіі, цяпер перадаў бачанне краіны Узыходзячага сонца вачыма шчырага беларуса. Ен знайшоў у старадаўняй японскай паэзіі шмат сугучнага сучаснасці, агульначалавечага, пашырыў свой далягляд, каб лепш зразумець і палюбіць нашу родную краіну.

І вось, у ходзе выступлення зноў адбываецца перамена тэматыцы, быццам вяртанне дадому, дзе няспынным рухам ідзе жыццё на гаспадарцы, спее жыта, пяюць пеўні, пасвяцца на лузе коні, і ў нядзелю народ ідзе да храма, каб падзячыць і ўславіць Бога. І зноў - вяселы кірмашовы пляц, дзе гучыць спеў і жарт, чуецца зычанне дабрабыту і шчасця, урадлівасці, цяпла і утульнасці ў хаце.

Горача ўспрымала публіка любімыя песні з папярэніх альбомаў "Паравінаў году", "Паравоза кахання", ды знакавы твор "Я нарадзіўся тут".

Атрымалася вельмі добрая вераснёўская праграма, якую б варта было слухаць на вялікай плошчы сярод моцнага гурта народу. Тыя, каму пашанцавала бачыць новы канцэрт Зміцера Вайцюшкевіча, адчулі, што адбылося прыгожае восеньскае свята музыкі, дзе радасна было чуць беларускую гаворку з вуснаў як дзяўчатакстудэнтак, так і знакамітых мэтраў мастацтва і культуры.

Ствараць сцэнічныя вобразы Зміцеру Вайцюшкевічу дапамагалі ўдзельнікі яго аркестру: Ксенія Мінчанка, Юрась Мартынаў, Аляксандр Сазонаў, Алег Івановіч, а з імі разам і Аляксандр Памідораў. Пранікнёна гучалі патрыятычныя вершы Адама Глобуса, якія акцэнтавалі беларускую тэматыку.

Пажадаем маладому артысту далейшага творчага росквіту і служэння роднай мове і Айчыне!

Э. Оліна.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX