Вярнуцца: Лiда i лiдзкi павет 150 гадоў таму

Шлюбныя войскі

Аўтар: Мірон Брaніслаў Нарбут,
Дадана: 01-11-2003,
Крыніца: "Tygodnik ilustrowany", tom 1, nr. 18 29.04.1876r. Пераклад з польскага Галіны Лаўрэш.



Часта і цяпер сярод лідзян старэйшага веку можна пачуць тытулы-мянушкі: "капітан войска Лясковіча", "маёр войска Валёвай" і т.п., якімі жартаўліва называлі людзей сямейных. А гісторыя з'яўлення такіх тытулаў наступная.

Быў у лідскім павеце заможны месціч-стараста па прозвішчу Валь, уладар Ішчалны, Голдава і другіх невялікіх гаспадарак. Ажаніўся ён у сталам веку з паннай з Шукевічаў. Будучы закаханым, перад шлюбам апісаў на жонку усю сваю маёмасць. Пані Валёва была досыць энергічнай жанчынай, бо самастойна кіравала не толькі маёнткам, але і асобай мужа, пра існаванне якога ўжо і забыліся, бо ў размовах упаміналі толькі пра пані Валёву. Стары чалавек быў заваяваны да такой ступені, што жонка пасылала яго з пісьмамі да сваіх сябровак, а седзячы пры стале ў сваім доме, на "шэрым" канцу, рэдка калі наважваўся паўдзельнічаць у агульнай бяседзе. Здараліся выпадкі, калі ў госці да пані Валёвай заязджалі яе больш заможныя знаёмыя, дык з гаспадаром дома іх нават не знаёмілі. Аднаго разу, калі ў дыскусіі пры стале Валь некалькі разоў адазваўся, адна з такіх пань цішком запыталася ў Валёвай: "Як завуць гэтага старога, напэўна гэта эканом пані?". І тая пачырванеўшы, працэдзіла праз зубы: "Гэта мой муж".

Сястра пані стараставой - пані Валёвай была замужам за Каралем Лясковічам. Лясковіч быў чалавек небагаты, але меў добрую галаву і моцную волю. Сваёй палавінай кіраваў дэспатычна. Прыкладна гэтак жа, як Валь у жонкі, яна не мела аніякага голасу ў мужа. Абедзве пары жылі разам, бо Лясковіч быў даверанай асобай Валёвай і займаўся яе гаспадарчымі справамі. Валёвы не мелі дзяцей, і па тастаменту Валёвай уся маёмасць па іх смерці пераходзіла Лясковічам.

Караль Нарбут, крайчы (пасада пры княскім двары з ХIII ст.: наразаць ежу пасля таго, як стольнік прынёс стравы на княжскі стол - БГЭ, стар. 444. т.8.) і земскі пісар лідскі, будучы чалавекам вясёлага характару, падзяліў сваіх жанатых суайчыннікаў на два войскі: войска Валёвай і войска Лясковіча. Усе мужчыны, якія былі пад абцасам у жонак, і тыя, што паслухмяна выконвалі жаночыя загады, адносіліся да афіцэраў войска Валёвай. А у залежнасці ад ступені заслуг, гэта значыць хто больш ці менш быў пакорны і падатлівы, атрымоўвалі патэнт на рангі, ажно да звання генерала. І наадварот, мужы, што трымалі сваіх жонак моцна, былі афіцэрамі войска Лясковіча.

Армія Валёвай мела ў сваіх шэрагах і капэланаў. Гэтымі капэланамі былі пробашчы, якіх заваявалі гаспадыні іх парафіяльных дамоў.

Патэнты войска Валёвай гучалі прыблізна так:

"Мы, з яснавяльможнай ласкі, фельдмаршал войска Валёвай, абвяшчаем усім навокал і кожнаму асобна, каму аб гэтым ведаць патрэбна, што капітану NN прызначаецца (пералічваліся заслугі (падзеі), якія давалі права на ўзнагароду) званне маёра; пра гэта абвясцілі і даводзім: усім генералам, штаб і обер-афіцэрам, усім шараговым вышэйназванага NN прызнаваць за маёра і належным чынам вайсковы гонар аддаваць. Выдадзена ў нашым галоўным штабе".

Подпіс фэльдмаршала і начальніка штаба, а таксама пячатка на воску. На пячатцы быў вобраз тоўстай бабы, якая сядзела ў фатэлю з пугай, а перед ей укленчаны муж. Вакол іх надпіс: " Пячатка войска Валёвай." На пячатцы войска Лясковіча быў барчысты мужчына ў караючай постаці, а перад ім схіленая жанчына і унізе надпіс: "Гэта я, служка пана майго". Вакол надпіс: "Пячатка войска Лясковіча". Калі ж хто-небудзь з афіцэраў войска Валёвай знаходзіў адвагу стаць самастойным у сям'і, яго пераводзілі ў войска Лясковіча; аднак гэта здаралася рэдка, і часцей афіцэры войска Лясковіча пераходзілі да Валёвай, бо нездарма Красіцкі напісаў: "Мы кіруем светам, а намі жанчыны".

У войску Валёвай быў асобны катэхізіс: чальцы былі абавязаны верыць, што адкупіла і асвяціла іх Яе яснавяльможнасць. Як узнагароду за заслугі вышэйшыя афіцэры атрымоўвалі ад Яе яснавяльможнасці "раку падпраменняў", г.зн. бліноў без агня і вады, белай ручкай пані на марсавых іх палічках спечаных.

Добры шляхецкі гумар выяўляўся ў гэтых жартах. Жартавалі ўзаемна не крыўдуючы. Прылічалі сябе да найстаражытнейшых рыцараў, бо першы чалавек Адам ужо ў раю прыслугоўваў Эве. Гэтыя вайсковыя званні так увайшлі ў моду ў Лідскім павеце, што амаль кожны абывацель меў пэўны вайсковы чын і прыпіску да аднаго з войскаў.

На той час у Лідзе гасцяваў расейскі фельдмаршал Рэпнін. Чуткі пра незвычайныя войскі яго зацікавілі, аднак гарадскія улады патлумачылі якога кшталту гэтыя войскі. Аднойчы падчас балю ў Перапечыцах, што пад Лідай, Рэпніна пазнаёмілі з крайчым Нарбутам. Падчас знаёмства Рэпнін сказаў: "Я з'яўляюся фельдмаршалам расейскай арміі і быў бы задаволены даведацца аб тым тытуле, які мог бы мець у войску, створаным панам Нарбутам". На што Нарбут адказаў: "Гэта будзе залежаць ад заслуг Вашай княжскай светласці заўважаных на гэтым адпаведным полю славы, прызначаным выключна для гэтых войскаў".

Праз некаторы час дамы намовілі княжну Рэпіну падыйсці да мужа, які граў у карты, і палашчыць яго па твары, што яна і зрабіла. Прайшло некалькі хвілін, і камердынер прынёс на тайстры вялікі запячатаны пакет, які падаў князю. Рэпін неадкладна адкрыў пакет і знайшоў у ім патэнт на чын падхарунжага войска Валёвай. Задаволены, схаваў гэты патэнт, сказаўшы, што далучыць яго да іншых, на вайсковыя тытулы і узнагароды.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Guestbook] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX
  Билеты Петербург. Продаем железнодорожные билеты саратов санкт петербург и не только.