Вярнуцца: Лiда i лiдзкi павет 150 гадоў таму

Шляхта ваколічная

Аўтар: Мірон Брaніслаў Нарбут,
Дадана: 01-03-2000,
Крыніца: Пераклад з польскай Галіна Лаўрэш. "Zіemіa Lіdzka" №40/1997г..



Шляхта засцянковая, альбо як яе паўсюдна на Літве называюць - ваколічная, найвялікшая ў Лідзкім павеце, у парафіях: Эйшышкі, Pадунь, Ліда, Нача, Забалаць, а таксама і ў іншых ваколіцах; у вёсках, што цягнуцца на некалькі дзесяткаў дамоў, дзе жыве толькі сама шляхта часам і нават аднаго прозвішча, як напрыклад: Едка, Чапля, Вільканец, Гервіль, Болціч, Сонгін, Павятоўскі і інш.

Віленскі шляхціч

Ваколіцы гэтыя маюць толькі невялікія адрозненні ад звычайных вёсак парабчанскіх строем забудовы: з аднаго боку стаяць дамы пад жылле, свіран, студня з жоравам, агароджаны падворак, пасярэдзіне вуліца, а на другім баку - гумно, стайні, аборы для жывёлы, птушкі хлеўнай. Розніца існуе толькі ў дамах.

Дом шляхціца мае сені, з якіх адны дзверы вядуць у гасцінны пакой - пакой з большымі вокнамі, з драўлянаю ці цаглянаю падлогай; сцены пабеленыя, а на іх абразы Збаўцы, Маткі Божай, Святых Патронаў, у некаторых партрэты Касцюшкі альбо князя Юзафа Панятоўскага. Ля сцен стаяць зэдлікі накрытыя кілімкамі (дыванамі бяз ворсу), альбо некалькі старасвецкай работы крэслаў, столікі простыя ці шліхтаваныя, а часам са стальніцай у краты для гульні ў шашкі; на століку можа быць калода старых зашмальцаваных карт для гульні і некалькі кніжак да набажэнства, жыццеабрысы святых, з рэдку якая-небудзь іншая кніжка з тэкстам свецкім: Старажытная Хроніка , альбо Марфей-разгадчык сноў, альбо Гісторыя пра Мелюжына.

За гасціным пакоем - другі пакой званы альковам, дзе стаяць куфры з адзеннем, бялізнай. Адначасова алькоў з'яўляецца спальным пакоем для гаспадароў. Пад абразам Маткі Божай Вострабрамскай старанна захоўваюцца завешаныя фіранкай старая карабэля і пара пісталетаў ці флінтa - як памяткі пра прадзедаў.

З другой паловы сяней дзверы вядуць у вялікую хату, дзе месціцца чэлядзь, з малымі вокнамі, цагляным токам; печ без коміна толькі з дымнікам, званым пякарняй. Хата гэта нічым не адрозніваецца ад звычайнай парабчанскай хаты літоўскай.

Беларускi шляхцiч з кнiгi А. Смолiча

Проста ад уваходу ў сені бывае камора (кладоўка), дзе захоўваецца варанае і розныя гаспадарчыя прыпасы.Ва усіх шляхецкіх дварах захоўваецца аднолькавая планіроўка з розніцай толькі ў тым, што ў некаторых дамах замест алькова на адзін пакой болей. У дварах есць сады, дзе пад садовымі дрэвамі стаяць вуллі, а на градах квітнеюць камелі (рамонкі), кракосы (календула), півоні, астры, зелянее рута, божае дрэўца (мірт), мята пярцовая.

У такіх дамках жыве грамадства шляхецкае: дзяды, бацька з дарослымі сынамі, дачка з малымі дзецьмі. Усе разам працуюць, уласнымі рукамі абрабляюць частку зямлі, перайшоўшую ім у спадчыну, што іх корміць і якую яны любяць. Рэдка шляхціц прадае сваю сялібу, хоць бы яму і добра абяцалі плаціць.

Вопратка засцянковага шляхціца розніцца кроем ад парабчанскай сярмягі. Найчасцей носяць кароты з даматканага альбо крамнага сукна ў фалды з тылу на манер тарататкі, альбо сурдут доўгі за калена, камізэльку, каляровую хустку і боты. Шляхцянкі носяць сукенкі з рысавальнага паркалю, альбо з воўны, чапцы і капелюшы. Паненкі галаву не пакрываюць. У часе работы нават на полю, а асабліва ў жніво, шляхцянка засцянковая заўсёды убрана ў сукенку, шырокаполы саламяны капялюш і ніцяныя пальчаткі.

(56KB) Малюнак М.Андріёлі.

Уся сям'я з патрыярхальным укладам паслухмяная гаспадару. Раскоша для яе чужая, патрэбы абмежаваныя. Ужо некалькі гадоў вольная ад падатку шляхта не ведае бядноты. А стaранны шляхціц меў добры запас грошай, што згодна са старадаўнім звычаем змяшчаў пад працэнты ў больш заможнага грамадзяніна, не даючы веры адшчаднаму банку і іншым крэдытным расейскім інстытутам. У такой шляхецкай сям'і заўсёды панавалі адзінства і пакой. Простая шчырая вера, пабожнасць і гасціннасць, любоў да айчыннай зямлі - гэта ва усе часы адметныя рысы засцянковага шляхціца.

Да касцёла моладзь найчасцей едзе конна, мужчыны сталага веку і жанчыны - у брычках. Калі шляхціцу надарыцца ісці пехатою, то боты нясе на кійку, набліжаючыся да мэты падарожжа абувае іх, а робіць гэта дзеля замілавання навакольных. Піяцтва і разбэшчанасць рэдка сустракаецца між шляхтай, аднак часцей піяцтва, якое найбольш заўцятых даводзіць да самагубства. Штодзённая ежа шляхецкія розніцца ад ежы парабчанскай большай разнастайнасцю страў . На бяседах і ўпамінках, вяселях, хрысцінах, ушанаваннях і т.п. - вялікая колькасць ежы, багацце страў. На стале апроч гарэлкі і піва з'яўляецца мядок і кіслае віно з бліжэйшага мястэчка, а ў больш заможных кава і гарбата. Танцы шляхты - гэта ўжо не скокі і матляханні, а паланэз, англес, вальс, галопада, часам мазурка і овертас. Апрача набожных песень, калі надыйдзе вясёлая пара, з прыемнасцю можна паслухаць песні, што спяваюць мужчыны: "Курдэш над Курдэшамі", "Сядзіць заяц пад мядзведзем" і іншыя, альбо паненка заспявае: "Выйдзі, выйдзі прыгожая з хаткі" , "Тыя некалькі бяроз", "Чaго вочкі заплакала", "Страціўшы шчыгла" і т.п., якія для патрыёта роднай зямлі з'яўляюцца узорам тэксту, і мелёдыі.

Шляхта засцянковая лідская заўжды пільнуецца дому і гаспадаркі, рэдка выязджае за межы павету, таму часта ў размовах з людзьмі карыстаецца досць скажонай польскай мовай, якае мае удзельныя, толькі ёй уласцівыя правінцыяналізмы і звароты мовы. Напрыклад: "Мусі быць в тым лесе веверкі ест", "Як я в бабкі паньскей служыл і седзял в столе пшы вечежы", альбо на пытанне: "Пане С, чы сон юж ксенжа в косцеле?" Шляхціч адказаў: "Ту сон вшыстке народы, але не вшыстке обычае", гэта значыць: тут людзі розных заняткаў, але духавенства няма; альбо на пытанне адной грамадзянкі: "Пані Р, ці добра аддала дачку замуж і за каго?", шляхцянка адказала: "Ласне я пані не мувіла? За Мядовскегo ",- "Чы добже?"- "Ат добже, недобже, ды пшынаймней пільноваць не тшеба!".

Пасля дажынак, восенню па Усіх Святых, шляхта адпраўляе ўпамінальныя службы за душы памерлых родных. Гэтыя службы ў парафіях населеных шляхтай, адпраўляюцца кожны дзень цэлы месяц і прыносяць немалы даход пробaшчу. Пасля службы госці звычайна запрашаюцца на цэлы дзень і пры чарцы успамінаюць пра годнасці і прыгоды памерлых, пра лепшыя часы, у якія тыя жылі.

У шляхты лідскай есць сімпатыі да Францыі і вера, што толькі з яе дапамогай Край уздыхне. Вера гэта глыбокая і паходзіць з памяці старэйшага пакалення, што помніць яшчэ Вялікую Армію Напалеона, якая ў 1812 годзе ішла праз Літву да Расеі. Пры набліжэнні француза ніводнага маскаля на Літве не было. Помню, аднаго разу вярнуўся я з Вільні, зайшоў да мяне сусед шляхціц засцянковы Буйко па навіны з гораду, і калі я яму апавеў, што выйшаў указ, каб сыны грамадзян маючых сто душ, абавязкова служылі ў вайсковай альбо цывільнай службе, Буйко з вялікай упэўненасцю сказаў: "Калі так, то будзе вайна, даю Пану слова!" Пытаюся: "Адкуль такая ўпэўненасць і чаму павінна быць вайна?" - Адказаў: "Француз гэтага ня сцерпіць". Я змаўчаў на гэткі пераканаўчы аргумент.

(24KB) Малюнак М.Андрiёлi .

Пераслед і уціск на засцянковую шляхту праводзіўся касаваннем яе шляхетства, запісам у aднаасобнікі і забіраннем у рэкруты, знявераная і абдзіраная чынавенствам, з памяццю ад дзядоў і бацькоў пра свае даўнейшыя свабоды і роўнасці грамадзянскія, калі шляхціц на нарадзе быў паважаны за роўнага з ваяводам, шляхта засцярожылася ў сабе і старанна захоўвала ў сваіх сэрцах ва усіх пакаленнях любоў да Айчыны і дух пасвячэння для яе, а ў звычаях хатніх - народныя традыцыі з даўніны. Калі б пісьменнікі гістарычных аповесцей хацелі б праўдзіва намаляваць паспалітую шляхетнасць, то толькі і трэба, што змаляваць з натуры больш сталага па узросту прадстаўніка шляхты засцянковай лідскай.

Пасля заняпаду Рэчы Паспалітай і падзелу Краю шляхта лідская мала клапацілася аб навуцы і адукацыі сваіх сыноў. Зрэдку пасылала іх да школ піярскіx пры сваіx касцёлax, што фінaнсаваліся з розных прыватных фундацыяў, пакуль тыя не былі забраныя на скарб расейцамі; альбо аддавалі іх за паслужнікаў да ксяндзоў - прафесараў, aльбо пры багацейшых панічах - студэнтах, з якімі разам вучыліся ў школах. Такія шляхецкія сыны па заканчэнню школ павятовых найчасцей мелі працу ў канцылярыі павету і не раз займалі высокія ступені ў чынавенскай іерархіі, не трацячы пры гэтым поўнасцю рысы народнага духу Рэчы Паспалітай. Другія паступалі ў семінарыі свецкіх ксяндзоў альбо да новіцыніятаў законных, альбо арандавалі драбнейшыя маёнткі . Шляхцянкі ў кляштарах у законніц навучаліся работам і выходзілі да прaцы служанкамі і аптэкаркамі. Паўсюдна навука шляхціца і шляхцянкі засцянковай абмяжоўвалася веданнем катэхізіса, уменнем чытаць, пісаць і лічыць. Уменне набывалася ў шляхціца, што зімой кватараваў у доме, альбо ад мясцовага арганіста. Аднак значная частка шляхты наогул не умела пісаць.

Лідская шляхта давала на усю Літву аканомаў, намеснікаў, пісарчукоў павятовых. З яе кола былі арганісты, садоўнікі, ключвойты (ключвойт - выбраны прадстаўнік ад жыхароў усяго ключа. Ключ - вялікі двор, які дзяліўся на фальваркі ці засценкі. Есць сляды самаўрадавання такіх ключоў. Прыкл. у Радзівілаўскіх дварох. Паводле Слоуніка расейска - крэўскага пад рэд. В. Ластоускага; заўвага перакладчыка). Рамяством і гандлем, як і даўней, шляхціц не займаўся. Да службы вайсковай расейскай таксама не уступаў, хіба што прымусова, калі былі перароблены на аднаасобнікаў.

У часы калі шляхта засьцянковая лідская жыла лепей, чым звычайныя грамадзяне, т.е. па пoл-панс¬ку, узнікла патрэба навуковага выхавання дзяцей, і шляхта пасылала сваіх сыноў не толькі ў шко¬лы, але і ва універсітэты, а дачок , найчасцей з сем'яў аканомаў, навучалі ў прыватных пансыёнах. Паненкі затым працавалі гувернанткам, а некаторыя праз жанімства з заможным чалавекам, па¬ды¬ма¬лі з упадку ўсю сваю збяднелую сям'ю.

У 1831 годзе і ў апошнім паўстанні 1863 г. шляхта засцянковая пастаўляла найвялікшы кантынгент моладзі у шэрагі народныя, несла апошні грош на ахфяру дзеля Краю, таму шляхта засцянковая цярпела найбольшы пераслед з боку урада. Спальваліся дамовыя пастройкі, забіраліся маёнткі і цэлыя сем 'і шляхецкія высылаліся этапам у Сібір альбо ў глыб Расе і, нават бяз aніякай прычыны, дастаткова было даносу першага жандарма альбо паліцыянта, што захоўваецца зброя, альбо што калісьці ў засцянку укрывалі паўстанца. Так у Лідскім павеце ў Дзембраўскай парафіі вынішчана цэлая ваколіца Шчукі і некалькі іншых.

На высылцы ў Расеі, наколькі я мог бачыць, шляхта засцянковая вызначалася працавітасцю, учцівасцю, міласцю да веры дзядоў-прадзедаў сваіх і глыбокай верай у блізкае ўваскрашеннe і будучую спрыяльнасць Айчыны.

Ня зламаны пераследам дух неаднойчы узбуджаў пашану ў саміх маскалеў. На высылцы ў Расе і часцей шляхціц браўся за рамяство і нават займаўся дробным гандлем.

У вязні ў Вільні ў кляштары св. Пятра бачыў шляхціца засцянковага з-пад Ліды Стэфана Вільбіка. Ен набіраў самаахотнікаў да аддзeлаў Людвіка Hарбута ў Лідскім павеце і дастаўляў жывёлу. Павязаны расейцамі з мандатам Ураду Народнага, асуджаны быў і ў вязні адданы пад ваенны суд. Захоўваў поўны спакой і моцную волю і нікога не скампраментаваў. У калегі па вязніцы, каторы яго мне прадставіў, Вільбік пытаўся: "Скажы, Пан, як і можа мне быць дэкрэт?". "Могуць павесіць" - той адказаў. Задумаўся трошкі Вільбік, але праз хвіліну спытаў: "А чы я буду ў гісторыі ? - Абавязкова - гісторыя пераказвае нашчадкам імёны ўсіх, хто заслужыў ў Айчыны - адказаў той. На што Вільбік з усей энергіяй выказаў: "Хвала Богу - няхай вешаюць!". Потым яго выслалі на цяжкія работы ў Сібір.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Guestbook] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX
  Обслуживание вывесок, любая наружная реклама в столице! . забивка свай . Интернет магазин фирменных сумок - celine сумки. Бесплатная доска объявлений.