Лідзкі павет - даўнейшы асяродак маёй сям'і (Нарбутаў-заўв pэд.), якая заўсёды прысвячалі сваё жыццё грамадскім справам. Там я нарадзіўся, там правёў значную частку свайго жыцця, таму гэтая "малая Радзіма" дарагая мне заўседы. Успаміны пра яе мілыя майму сэрцу і цешаць мяне ў самоце, у якую увагнала мяне жыццё. Не раз уваскрасаюць у памяці знаёмыя постаці, вядомыя калісці шырокаму колу грамадзян; жыва паўстаюць перад вачыма розныя здарэнні, найбольш значныя акалічнасці з грамадскага жыцця павета, разнастайныя выпадкі: калі самотныя, калі смешныя, а часам і узнёслыя, якімі багатая гісторыя кожнай шляхэтскай сям'і на Літве.
І будзіцца ахвота занатаваць хоць што-небудзь з тых успамінаў, каб найдаўжэй захаваць іх для сябе, бо толькі імі жывіцца выгнанец паміж сваімі.
Ліда - павятовы горад Віленскай губерні, месціцца на раўніне над малой рэчкай Лідзеяй, жыхарства ў большай часцы жыдоўскае, налічвае да 4000 жыхарў. Па - жмудску выраз "Ліда" азначае месца, выцерабленае ад лесу. У даўнейшыя ліцвінскія часы належала ўдзельным князям Гальшанскім, мела значжнне малога абарончага замку, рэшткі муроў якога - адзіныя сведкі старажытнасьці ў гэтым горадзе. За польскім часам Ліда была павятовым горадам Віленскага ваяводства, пасля падзелу Краю яе прылучылі да Гарадзенскай губерні, а ў 1843 годзе зноў была прыпісана да Віленскай губерні. Адзіная доўгая вуліца пад назвай Віленская праходзіць праз усю даўжыню горада на адлегласць вярсты. Упоперак ідзе другая доўгая вуліца Каменская, бочна - кароткія вуліцы: Сенатарская і Крывая, напрыканцы - рынак, дзе прадаюць розныя спажывецкія тавары. Ёсць тры касцёлы: фара - фундацыі Масевічаў, кармеліцкі - фундацыі Нарбутаў і піярскі (перароблены на расейскую царкву), пабудаваны ў тым ліку за кошт расейскага цара Паўла І, і некалькі мураваных камяніц.
Горад мае павятовую школу, якую даўней утрымоўвалі піяры, аптэку, цукерню ды вайсковую лякарню. На прыгожых і добра дагледжаных, старанням і Клары Якавіцкай з агульных складак, парафіяльных могілках ёсць драўляны касцёл фундаваны Вінцэнтам Нарбутам - мясцовым пробашчам і дэканам.
Даўней, калі ў цэлай Рэчы Паспалітай віравала грамадскае жыццё, і Ліда мела цікавейшыя часы: вялікія зборы шляхты на Сеймік для абрання дэпутатаў і паслоў на Сейм, шумнае агітаванне за тых ці іншых паслоў.
Пасля падзелу Краю пры панаванню Аляксандра І, на якога ліцвіны ускладалі вялікія надзеі палепшання будучыні Краю, існавалі гучныя казіно і забавы. Пазней з гэтага развілося шулерства, разбесчанасць і п'янства так, што гэтыя звады панавалі тут болей, чым дзе-нeбудзь у другім месце. Моцна і голасна высмейваў іх друкаваны ў тыя часы ў Вільні сатырычны часопіс "Навіны Бруковыя" ( "Wіadomoscі Brukowe").
Трымаў у Лідзе вінны шынок жыд Азік, (якога я помню яшчэ з часоў, калі хадзіў у школу). Апроч тых гасцей, што прыбывалі з павету і наведвалі гэту ўстанову, было некалькі жыхароў горадa сталага ўзросту, якія цэлыя дні праводзілі ў шынку. Гэта былі так званыя агульнікі - пастаянныя наведвальнікі, якія плацілі Азіку поўную квоту і мелі права піць у яго гарэлку без разліку, зразумела, нікога не частуючы. Жыд дасканала ведаў ступень жадання і мажлівасці кожнага дарослага жыхара наваколля і таму ніколі не меў страт. Апавядалі мне і пра гульню, што праводзілася толькі ў вінярні Азіка. Кола бібулаў (гуляк - заўв. перакл.) сядала вaкол стала, у келіхі налівалася віно і ў найглыбшым маўчанні, з напружаннай увагай, адпільноўваўся лёт мух: на чый келіх першай сядала муха, той выйграваў, г.зн. меў права выпіць віно з усіх налітых келіхаў. Гульня гэта называлася "мушка". Зусім пьяных Азік укладаў спаць у асобым алькове і адтуль выдаваў мужоў шукаючым жонкам.
Калі ў Лідзе панавала п'янства, паміж піякамі быў распаўсюджаны спеў: "Гімн перад выпіццём гарэлкі":
Вітай змест над крышталем!
Усе цябе хваляюць.
Ты суцяшаеш у смутку.
Ты саграваеш у азнобе.
Цябе паны, цябе пані
За пасілак маюць раньні,
Табе цэлае людское племя,
Носам рыючы, б'е ў зямлю,
О радасць, о вясельле!
Поўнай губай пійце сьмела!
Аўтар гэтага гімна пан Маркевіч, чалавек меўшы востры розум і язык, уздзейнічаў зброяй сатыры на сваіx землякоу. Ён меў на мэце паправіць
стан іх маральнага здароўя. Для Таварыства Трубна-Бібуларнага ён злажыў статут, які складаўся з вельмі камічных прадпісанняў для сяброў. Сябe Маркевіч называў маршалкам гэтага Таварыства. Аднаго разу, вяртаючыся ад знаёмага уранку, заехаў да касцёла на рараты (пачатак а 8-і раніцы - заўв. перакл.), і усеўшыся на лаўку згледзеў уваходзячага да касцёла хіcткім крокам мажнага мужчыну напалову п'янага, каторы сеў у другую лаўку. Гэта быў граф Платэр, дзедіч Шейбакполя, вызнаўца Бахуса. Пасля набажэнства Маркевіч зайшоў да гвардыяна Францішканаў на гарэлачку. Знайшоў там і Платэра з некалькімі іншымі суседзямі. Гвардыян пазнаёміў Маркевіча і Платэра. Маркевіч аддаўшы паклон кажа Платэру: "Пане граф! Міла мне ў асобе пана пазнаць мужа сапраўднай заслугі. Дагэтуль я быў маршалкам Таварыства Трубна-Бібуларнага і упіваўся звычайна каля 10-і рана - найперш за любога іншага сябра; сёння я пераканаўся, што нягодны гэтай пасады і аддаю яе ў больш прыстойныя рукі пана, што умее быць п'янага ужо на раратах. Прашу толькі распавесці як можна дайсці да такой дасканаласці?" На што ўзрадаваны Платэр адказаў: "Вельмі проста - наогул нятрэба працверазаць". Потым былі моцныя пацісканні рук, абдымкі і запрашэнні Маркевіча з суседзямі да двару, дзе Платэр паіў усіх адборным віном тры дні.
У часы майго жыхарства у Лідзе, г.зн. ад 1846 года п'янства ўжо амаль не было, але шулерства (махлярства) існавала. Выбраны бургамістр шляхціц Ян Андрушкевіч, чалавек праўдзівы, энергічны і рассудны, сваім уплывам на грамадзян, а таксама пробашч дэкан Хлявінскі сваімі трапнымі прамовамі навучаючы паству ў касцёле, значна паўплывалі на падвышэнне маральнасці гарадской супольнасці. У 1848 годзе маршалак павятовы граф Путткамер уваскрасіў даўнейшае казіно пад змененаю назвай "Рэсурсы", куды госці з павету запрашаліся асабіста, і таньчылі аж да упаду. Аднак, мерапрыемствы, прыпадаючые на свята Святога Юp'я рымскага, што год былі менш колькасныя і горад ня мог прыйсці да заможнейшага стану.
Найбольш значнымі ў гісторыі Ліды былі: побыт у ёй караля Александра Ягелончыка некалькі дзён у часе хваробы, ад каторай ён памер у Вільні; праезд цара расейскага Паула І з сынамі Александрам і Канстанцінам, пад час якога ён выдаў грошы з уласнай шкатулкі на будаўніцтва касцёла піяраў; у 1831 годзе сутычка расіян з аддзелам польскім генерала Хлапоўскага і, напрыканцы, у 1863 годзе расстрэл S.P. (светлай памяці) Фалькоўскага, пробашча ішчалнянскага за абвяшчэнне з амбону маніфесту Народнага Ураду аб паўстанню.
Цяпер звыклую цішу прарывалі хіба што мясцовыя плёткі і раз на год 14 верасня на Узнясенне СВ. Крыжа 40-гадзіннае набажэнства ў касцёле Фарным, на якое збіраліся з усяго павету грамадзяне і ксяндзы. Некалькі дзён панаваў ажыўлены рух: прызначаліся ўзаемные візіты, у заімпрэзаваных парярэдне салонах збіраліся патаньчыць. У гадох 1847-48 у Лідзе існавала агульнадаступнае і больш сучаснае прыстасаванне да забаў. Усе работнікі ўстаноў, нават нежанатыя, адзначалі Дні сваіх імянін з музыкай і танцамі. "Рэсурсы" папаўняліся заўжды гасцямі, але жыццё грамадзскае заўседы ў ей спала. Моладзь, што працавала ва установах, ігнаравала кніжкі, аддаючы перавагу гульні ў карты. З газетай ва установах нават нязручна было сустрэцца.
Жыхарства горада Ліды захоўвае найветлівейшую і найўдзячнейшую памяць аб S.P. Фабіяне Шушкевічу, каторы з заможнага грамадзяніна з-за захаплення картачнай гульнёй, дайшоў да таго, што быў вымушаны працаваць, здабываючы хлеб рознай працай, асеў у Лідзе і хоць меў вялікую радню, умеў заўседы знайсці сродкі для паляпшэння гаротнага стану найбяднейшых жыхароў горада і заслужона насіў клубны тытул "Бацькі убогіх".
Ржэвускі (аутар "Лістапада") у творы "Апавядданні старца" выдадзенага ў Варшаве ў 1854 г., у томе ІІ на стар. 220 успамінае пра цуд, здейснены ў Лідзе богалюбівым капланам базіліянам Атаназам Галаўней, каторы ў часы голаду, які панаваў на Літве у 1744 годзе на гарадскім рынку сярод дня , стос камянеў у стос боханаў знакам святога крыжа перамяніў, што падцьверджана паказаннямі сведкаў: болей за тысячу сялян і некалькі дзесяткау шляхты хлебам накормленных.
Лідскі павет меў каля 80 000 жыхароў пераважна рыма-каталіцкага веравызнання: 21 парафія ў невялікай частцы па-над берагам Нёмана да мяжы Навагрудскага, Слонімскага, Ваўкавыскага і Гарадзенскага паветаў, 12 парафій даўней уніяцкага абраду (цяпер праваслаўныя па расейскаму вызначэнню) па некалькі сот душ, а таксама жыды і татары. Павет за польскім часам быў населены заможнай шляхтай - зямельнымі уладальнікамі; з магнатаў жа тут мелі вялікую маёмасць: графства Беліцкае, князь Кароль Радзівіл - ваявода віленскі званы "Пане Каханку" зараз уласнасць князя Віттгенштэйна; графства Шчучынскае, Юзэф дэ Кампо Сцыпіон - стараста лідскі; графства Жалудокскае, Тызенгаўз - падскарбі літоўскі і графства Гародненскае (вытворнае ад Гародна), Тышкевіч (цяпер прыватнасць Маўрыцыя графа Патоцкага).
У выніку падзелаў Краю, расходаў на свецкае жыццё, утрыманне партый на Сеймах і Сейміках вялікія маёнткі заможных радзін: Нарбутаў, Александровічаў, Фрыцкевічаў, Шушкевічаў, Жэльцаў, Гінетаў, Шэмётаў, Длускіх, Скіндэраў прайшлі праз падзел і з'явілася шмат новых дробных гаспадароў. А акрамя таго, ад даўнейшых часоў тут была густа расселена засценковая шляхта ваколічная і да сённяшняга дня не гледзячы на пераслед яе расейскім урадам дастаткова колькасная. Дзякуючы гэтаму ў павеце усталявалася большая роўнасць грамадзян і дух шляхэцка-дэмакратычны, які існуе і да сёння. Цяжка знайсці ў Лідскім павеце дзьвух грамадзян-уладальнікаў зямлі, якія б ня ведалі адзін аднаго асабіста. Адсюль салідарнасць шляхты ў пытаннях, што тычацца скарбу Краю. Яна была большай, чым у іншых паветах на Літве. У апошнія часы, з пункту гледжання навуковай асветы і узроўню культуры, супольнасць лідчукоў стаяла невысока, але захоўвалася лепей чым іншыя, колькі старалітоўскіх каштоўнасцей, а агульная пабожнасць, гасціннасць і гатоўнасць пасвяціць сябе Айчыне і суродзічам была выдатнейшыя. У гэтым павеце у 1863 годзе найперш, чым у астатняй Літве была зарганізавана Народная харугва, а імя яе кіраўніка - Людвіка Нарбута айчынная гісторыя запісала на сваіх старонках для пераказу наступным пакаленням.
У даўнейшыя часы шляхта лідская была ахвочая на сеймах да спрэчак і схільная да недысцыплінаванасці і келіха, а таксама да абароны межаў Рэчы Паспалітай ад нашэсця ворагаў: у канфедэрацыі Барскай, у паўстанню Касцюшкі, і ў пазнейшых баях з акупантам несла свае жыццці на ахвяру Краю. Павет Лідскі на Сеймах меў прадстаўнікоў, якія голасна адстойвалі цэласнаць межаў Рэчы Паспалітай - гэта Тадэвуш Нарбут, падкаморы лідскі, пасол на сейм вальны 1776 г. Пры ратыфікацыі першага падзелу Рэчы Паспалітай ён выступіў супраць і за гэта пераследваўся уладамі; затым пасол караля Станіслава Августа - Войцэх Нарбут, шамбелян - актыўны грамадскі дзеяч, прамоўца на сейме варшаўскім 1794 г., на каторым адбылася без пралівання крыві польская грамадзянская рэвалюцыя, прыняўшая векапомную Канстытуцыю 3-га Мая, якая дазволіла ушляхціць цэлы народ, даць яму грамадзянскія свабоды, якімі дагэтуль карысталася выключна шляхта.
У часе апошняга падзелу Краю шляхта лідская яшчэ пратэставала супраць палітычнага гвалту над ужо безабаронным Народам. Такімі, як Тыматэвуш Боньча Вільканец, быў прыняты маніфест да жыхароў горада і павета, пакідаючы пазнейшым пакаленням абавязак вяртання адабранай маёмасці і грамадзянскіх свабодаў. Дух вольнасці так моцна прышчапіўся ў лідчукоў, што і па падзеле Краю, пры расейскай уладзе, лідскія Сеймік былі найвыбітнейшы: так, напрыклад, Сеймік, які праводзіўся праз некалькі трохгадовых тэрмінаў у барацьбе за маршалкоўства павятовае, паміж Каралям Лясковічам і Аляксандрам Нарбутам, з каторага заўсёды гэты апошні выходзіў пераможцам, умеючы трапным выступам і папулярнасцю знайсці сімпатыі большасці шляхты. У 1812 годзе пры французах падпрэфектам лідскім быў перанаіменаваны (з маршалка) Ігнацы Скіндзер - уладар маёнтка Ляцк. Паслом лідскім на сейм варшаўскі гэнеральнай канфедэрацыі каралеўства Польскага, выбраны быў з 822 галасуючых 688 галасамі Войцэх Нарбут. Кандыдатамі на пасольства былі: Нарбут - 688 галасоў "за", Караль Лясковіч - 522, Кастравіцкі - 200, Рассудоўскі - 50. Нават пры маёй памяці сеймік лідскі заўсёды праходзіў з гарачкавай дзеяльнасцю партый. Так працягвалася аж да сеймікаў, канчаткова прыпыненных праз урад, пасля паўстання 1863 года на Літве і Русі.
Пад час уваходу ў 1812 годзе у Літву французаў, амаль уся тагачасная шляхетская моладзь Лідчыны аб'ядналася пад айчыннымі харугвамі. Некаторыя вярнуліся пакрытыя ранамі, другія палеглі ў бітвах, а былі і такія, як Каспер Длускі, якія падаліся потым у Амерыку і там біліся за свабоду. Длускі, вярнуўшыся з Амерыкі паранены, стаў ксяндзом. Быў пробашчам у Наваградку, а у 1831 годзе пакінуў месца пробашча і, як каплан мясцовага аддзелу паўстанцаў пад кіраўніцтвам Кашыца, сеў на каня. Потым эміграваў з польскім войскам у Францыю. У 1855 годзе пасля амністыі вярнуўся да Краю, і тут, у Наваградскім павеце, у вайсковага калегі Владыслава Брахоцкага - маршалка Наваградскага ў Вераскове, скончыў свой слынны жыццёвы шлях.
Лідчукі - людзі таварыскія, сардэчныя, гасцінныя ў доме, рэдка калі выязджалі за межы павету, а яшчэ радзей за межы Краю. Тут мала населена іншаземцаў, усе свае, родныя, ліцьвіны. Шануюцца тут даўнейшыя хатнія традыцыі, дзе ўсё пачыналася ад Бога і канчалася з Богам. Жанімства (шлюбы) былі па згодзе, дзеці шанавалі бацькоў, моладзь з належнай павагай ставілася да сівога веку, а жанчын залётных і дрэнных паводзін ніколі я не бачыў. Выхаванне местачковай моладзі доўга было ў заняпадзе, абмяжоўвалася навучаннем сыноў у гімназіі альбо ў павятовай школе, а па заканчэнні гэтых установаў адпраўлялі хлопцаў у войска, ці ў якую-небудзь дзяржаўную установу. Сыны больш заможных грамадзян пасля заканчэння школы асядалі на вёсках пры бацьках альбо асобна; і вучыліся граць у прэферанс, гандляваць коньмі на ярмарках ці трохі паляваць. З такімі ведамі лічыліся самастойнымі грамадзянамі. Рэдкі лідчук пасылаў сыноў ва універсітэты. Толькі з 1855 года настаў больш шчаслівы паварот з пункту гледжання набыцця адукацыі. Засцянковая шляхта найперш, а за ёй і усе астатнія грамадзяне пачалі выхоўваць сваіх дзяцей ва універсітэтах і іншых вышэйшых навуковых вучэльнях, а іншыя на тэхнікаў і інжынераў. Дзяўчынкі ў большай частцы выхоўваліся дома пад наглядам матак альбо ў прыватных пансіёнах у Вільні, і па сутнасці іх выхаванне было больш практычнае, чым у мужчын, ад каторых яны часта стаялі вышэй з пункту гледжання маралі і розуму. З 1860 годзе, кал і ў цэлым Краю пачаў абуджацца рух разумовы, актыўна клапаціліся вакол заснавання народных школ і лідчукі, а духавенства пашырала братэрства цьвярозасці з даволі паспяховым вынікам, так, што побыт лідчукоў значна палепшыўся, і ў 1862 годзе спаткаць п'янага лідчука было ужо рэдкасцю.
* * *
У 1863 годзе павет з усёй адказнасцю служыў справе Айчыны і даў ёй на ахвяру цэлы букет сваёй моладзі. Так у бітвах пад Кавалькамі і Дубічамі палеглі: Людвік Нарбут, Краінскі, Францішак і Аляксандр Бразоўскія, Уладыслаў Навіцкі, Войцэх Нарбут, Уладзімер Паплаўскі, Пакемпіновіч, Стэфан Губаровіч, Уладыслаў Жукоўскі і іншыя. Расстраляны: Балеслаў Калышка, Ляснеўскі і Альберт Лясковіч, а таксама ксяндзы: вікарый жалудокскі Ішора, пробашч вавёрскі Земацкі, пробашч Ішчалненскі Фалькоўскі. Пакрытыя ранамі высланныя да цяжкіх работ у Сібір: капітан Уладыслаў Клімантовіч, рэктар Пясэцкі, Войцэх Мінскі, рэктар Струміла; на высылку - Балеслаў Нарбут, Андрейковіч, Анзэльм Патрыкоўскі, Ян Жукоўскі і многія другія, а таксама ксёндз Ануфры Сырвід - пробашч васілішскі. Вывезенныя грамадзяне: Адам Марачэўскі, Ксавэры Александровіч, Грымала Фелікс, Браніслаў Нарбут, Яраслаў Таленскі. Тэадор Вільканец, Казімір Шалевіч, Адольф і Александр Зверовічы, Людвік Гензель, Томаш Шукевіч, Вінцэнт Захватовіч, Масальскі, двое Маргевічаў, Станіслау Ржансніцкі, Ян Семашка, трое Янковічаў, доктар Тышкевіч і інўыя; са шляхты засценкавай цэлая ваколіца Щук з парафіі Дэмвброўскай, Стэфан Вільбік, Фелікс Сумарок з братам і многа асуджаных у салдаты. Лідскі і Троцкі паветы найболей пацярпелі ў часе паўстання. Троцкі павет амаль вылюднеў. Падаліся ў эміграцыю лідчукі: Францішак Нарбут, Юзэф Сумарок, Цыпіян Таленскі, Тэадора Манчуньская, Уладыслау Гензель, Генрых Клімантовіч і інш. Дзве сястры Альжбета і Антаніна прысуджаны да цяжкіх работ, на высылку Крыстыны Нарбут, Клуковіч і Масальская з роду Захватовічаў (памерла ў часе прысуду).
Рыма-каталіцкае духавенства лідскага павету вылучалася сваёй адукаванасцю, адказнасцю ў выкананню сваіх абавязкаў і гарачай міласцю да Краю. Такія капланы як кс. Ануфрый Сурвід пробашч васілішскі, кс. Ішора, кс. Фалькоўскі - сапраўдны гонар Краю, кс. Дыанізый Хлявінскі - дэкан лідскі, магістр тэалогіі, кс. Райцевіч - пробашч новадворскі, кс.Ясінскі - пробошч жалудокскі, кс. Адам Зарэцкі - пробашч забалацкі і кс. Рыхлевіч - пробашч ражанкаўскі былі агорнутыя заслужанай павагай сваіх парафіян.
Лідскія татары: Рамановічы, Сабалевічы, Талькоўскія і іншыя, такая ж засцянковая шляхта татарская, палюбілі сапраўдную Літву, дзе вялікія князі далі ім розныя правы і свабоды, і заўсёды верна служылі Краю. У Лідскім павеце яны мелі свой мячэт у Некрашунцах парафіі Нача.
Ваколічная засцянковая шляхта пераважна жыла ў парафіях Эйшышкі, Ліда, Ваверка, Забалаць і Радунь, але не было ніводнай парафіі, дзе б не было ваколіц. Дагэтуль ваколічная шляхта захавала пачуццё гонару, шляхэтнасці і рыцарства.
Вясковы люд Лідскага павету, ў палове павету, адмежаванай ракой Пеляса на ўласціва Літву і Русь, гаворыць мовай беларускай і 1/2 ёсць рыма-каталіцкага веравызнання, а на 1/2 даўней грэка-каталіцкага веравызнання, а цяпер праз урад прылічаны да праваслаўя. За ракой Пелясой, пачынаючы ад Праважы аж да мяжы з Троцкім паветам, у парафіях Нача, Радунь і Эйшышкі гавораць на летувіскай мове і усе бяз выключэння рыма-каталіцкай рэлігіі. Вясковае насельніцтва Лідскага павета глыбокай верай у Бога, працавітасцю, інтэлігентнасцю перавышала вяскоўцаў, насяляючых занёманскія паветы Літвы. У часе апошняга паўстання 1863 года не толькі сімпатызавала справе народнай, але нават сяляне скарбовыя ў многіх мясцовасцях станавіліся ў шэрагі, і многія з іх загінулі на полю славы ці былі высланы на паселішча у Сібір. Я сам у Арэнбургу сустрэў дастаткова вялікую партыю сялян з парафій Эйшышкі, Нача і Радунь, якіх гналі на пасяленне ў Башкірыю за удзел у паўстанні. Селянін Лідскага павету нават свайго роднага брата, які вяртаецца з войска да дому, заўжды называе маскалём. Сяляне прывязаны да страхі айчыннага дому; дзяўчаты ня цешацца выходзіць замуж у другія вёскі з гэтай самай парафіі, а тым болей да больш аддаленых, кажучы:" Не хачу жыць у чужой старане!" Займаюцца гаспадаркай, часам рамяством і зусім ня маюць ахвоты гандляваць, а таму ніколі гандлем не займаюцца. У падарожжа пускаюцца толькі да бліжэйшых мястэчак на кірмаш ці да цудоўных месцаў, дзеля адпушчэння грахоў, а найдальшыя падарожжы - да Вільні ці да Гродна, калі селянін наймаецца дзеля завозу на продаж якіх-небудзь прадуктаў. 2/3 вясковага насельніцтва ўмее чытаць па-польску, або па-літоўску. Умеючых пісаць нямнога. У Лідскім павеце найбольш сустракаюцца людзі дваровыя, якія і пасля атрымання волі не пакідаюць сваіх гаспадароў, служачы ім верна усё жыццё. Я і сам меў слуг з такіх вяскоўцаў, што былі мне сапраўднымі сябрамі.
Звычаі насельніцтва нічым не адрозніваюцца ад існуючых у іншых мясцовасцях Літвы. Народныя танцы розныя і вясёлыя, як мяцеліца, скакуха, казак і інш. Спевы павольныя, сумныя і працяглыя. На Раство існуе выключны звычай, якога не сустрэнеш нідзе болей: паходы з віншаваннямі па дамах праз цэлую ноч. Грамада віншуючых складаецца з некалькіх маладых мужчын з падабранымі галасамі і скрыпкай, якія падходзяць пад вакно і просяць дазволу на віншаванне. Атрымаўшы дазвол, адзін са старэйшых, пачынае са слоў: "Няхай будзе ўхвалёны Езус Хрыстус" - гаворыць прамову і звычайна завяршае зварот словамі: "Каб дачакалі свята за год у малых грахах і вялікіх пацехах, каб жыццё вечнае атрымалі!". Потым увесь хор спявае для гаспадароў дому песню: "Wesoly nam dzіs dzіen nastal " (" Вясёлы настаў для нас сёння дзень"). Для кавалераў і дзяўчат святочныя песні складаюцца асобна. Звычайна ў іх спяваецца пра удзячнасць той, каторую віншуюць, пажаданні добрага мужа "паніча, каралевіча", а на заканчэнне кожнай такога роду песні, наступнае:
Жадаем пана дарам дарыці
Да віно ж, віно зеляно.
Дарам дарыці, нам заплаціці
Да віно ж, віно зеляно.
Сорак яек на полум і сак
Да віно ж, віно зеляно.
К і лбаскаю акружыце
Да віно ж, віно зеляно.
Белым сырком заквяц і це
Да віно ж, віно зеляно.
І пры тым чырвоны злоты
Да віно ж, віно зеляно.
Мужыку на боты
Да віно ж, віно зеляно.
Разагрэтыя гарэлкай і свянцоным, абдараныя пэўнай квотай грошай, віншуючыя, ці як люд іх называе, галасоўшчыкі, рухаюцца далей да бліжэйшага двара або вёскі. Паход працягваецца цэлую ноч, а вярнуўшыся з начной вандроўкі, дзеляцца сабранымі грашамі і свянцоным.
Убор сялян Лідскага павету прыгожы. Мужчыны носяць белыя або сівыя сярмягі, шырокія скураныя пасы, называныя дзяга, доўгія боты і высокія сукенныя шапкі аздобленыя футрам шэрага барана. Замужнія жанчыны надзяваюць каляровыя гарсэты з паркалю або сукна, цёмна-сінія спадніцы, яскравыя фартухі, кашулі з белага паркалю, на галовах - белыя высокія шапкі або каляровыя каптуры з матэрыялу, з-пад якіх выглядае лістачка чапца, ці каляровыя хусткі, завязаныя з тылу без канцоў; на шыі пацеркі, а на грудзях шкаплерка. Дзявочы убор падобны да убору замужняй жанчыны з той розніцай, што носяць валасы сплеценыя ў два вузлы з мноствам уставак, або таксама хустка на галаве са спушчаным на тыл доўгім канцом, болей каляровых пацерак на шыі і меней шкаплерак.
Вёскі у Лідскім павеце па большай частцы файна забудаваны, звычайна па адной старане вуліцы стаяць: хата, насупраць свіран, пасярэдзіне падворка студня з жоравам, за хатай садок або гародчык, а па другой старане: гумно , стайня, аборы для жывёлы, птушкі і іншыя гаспадарчыя забудовы. Падворкі агароджаны. Бывала, што забудовы гаспадароў цягнуцца дастаткова доўгім радам.
Люд дастаткова рассудны, але ў яго легендах і казках заўсёды прысутнічае паэтычная вера ў цуд.
Лідскі павет меў людзей, якія займалі не апошняе месца ў дзеях айчыннай літаратуры: піяра Казіміра Нарбута, аўтара першай на польскай мове логікі, паэта Антона Гарэцкага, мужа вялікай эрудыціі, аўтара "Dzіejow Narodu Lіtewskіego" і іншых прац гістарычных Тэадора Нарбута, Юстына Нарбута - аўтара "Dzіejow wewnetrznych Narodu Lіtewskіego" і Камілу Нарбут - аўтарку некалькіх аповесцей. Знакамітым талентам малярства вылучаўся заўчасна памёршы сын Антона Гарэцкага, пакінуўшы ўдаву Марыю, дачку нашага бессмяротнага паэты Адама Міцкевіча. Помню, як нейкі час у Лідскім павеце жыў Там
аш Зан - заснавльнік Таварыства Прамяністых, якое аб'ядноўвала выдатных лідзян: Ксавэрыя Турскага, Ваўжынца Путткамера (мужа апяванай Міцкевічам Марылі), Тэадора Нарбута, Аляксандра Карловіча, Алаіза Бародзіча і інш.
Меў Лідскі павет і свайго вершаплёта - вандроўніка шляхціца Лабуха, каторы памятаў пра кожныя імяніны ў павеце. І кожны імяніннік або імянінніца атрымоўвалі ад яго напісаныя ўласнаручна на файнай паперы прыгожыя віншаванні. За што ён звычайна атрымоўваў пэўны ганарар. Рэдкасны быў і тып вандруючага кантора касцельнага, якім у павеце быў шляхціц Саковіч. Ён з'яўляўся на кожным фэсце і ўрачыстым набажэнстве ў касцёле і браў апекунства над спяваючымі ружанец ці другія святыя песні і, як капельмайстр, дэрыгаваў спевам, выбіваючы такт. Летам вандраваў аж да Вільні да кальварыі і там служыў правадніком пабожным пры абходзе стацый пакут Збавіцеля.
Лідскі павет дзяліўся на пяць акругоў ці ўчасткаў (станаў): Жырмунскі, Жалудокскі, Шчучынскі, Васілішскі і Эйшышскі. У каждай такой акрузе ёсць ассесар (становой пристав), г. зн. ураднік выканаўча-адміністратыўнай паліцыі; і меў 21 рыма-каталіцкую парафію, як та: Лідская, Белагрудская, Нецечская, Ельнінская, Жырмунская, Воранаўская, Беняконская, Асаўская, Эйшышская, Нацкая, Радунская, Забалацкая, Васілішская, Ваверская, Ішчалненская, Жалудокская, Лацкая, Новадворская, Шчучынская, Ражанкаўская і Дземброўская. Гэтыя парафіі належаць да двух дэканатаў: Лідскага з рэзыдэнцыяй дэкана ў Лідзе і Радунскага з рэзыдэнцыяй дэкана ў Беняконях. Найпрыгажэйшыя касцёлы: Шчучынскі, Жалудокскі, Ражанкаўскі (з пункту гледжання ахітэктуры) і Забалацкі з прыгожымі абразамі ў вялікім алтары - Пана Езуса на крыжы, а ў бакавых алтарах - святой сям'і і святой Ганны, вельмі добрага пэнзля. Найвялікшы касцёл - Эйшышскі. Царквы даўней уніяцкія (цяпер расейскія) драўняныя размешчаны: у Сабакінцах (з 1939 г перайменаваны у Першамайскі - заўвага перакладчыцы), Радзівонішках, Ганчарах, Зблянах, Астрыно, Орле, Ракавічах, Турэйску, Бабрах, Глыбокім і Беліцы; найвыдатнейшыя ў Дзікушках і Мураванцы (вельмі старажытная). У Беліцы ёсць драўняны кальвіньскі касцёлік. Да 1835 г. існавалі наступныя кляштары: кармелітаў - у Лідзе і Жалудку; дамініканцаў - у Васілішках фундацыі Лімонта з Ельнай; францішканаў у Шэйбакполю; піяраў у Шчучыне і Лідзе; базыліянаў - у Глушнях і сясцёр міласэрдзя - у Шчучыне. У Радунскай парафіі быў філіяльны касцёл у Дубічах, пабудаваны ў лесе над возерам, дзе знаходзілася фігура Пана Езуса слынная сваімі ласкамі. Сюды з розных нават далёкіх старон збіраліся людзі для атрымання адпушчэння граху. Цяпер па загаду урада расейскага касцёл знесены, а фігура Збавіцеля перанесена да касцёла парафіяльнага у Начы.
Праз Лідзкі павет плывуць рэкі: Неман, Дзітва, Пеляса, Котра, Лебяда, Невіша і Лідзея; ёсьць некалькі вазёр, найвялікшае - Дубічскае і Дзявочае Вока. На выспе возера руіны замку каралевы Боны.
Лідзкі павет мае прыгожыя і абшырныя лясы, над Дзітвой вялікае мноства лугоў. З прадрыемстваў на тэррыторыі павета размешчаны: гута шкляная каля Веренова і шорная фабрыка у Беняканях, паперня у Больцішках; у мястэчках дзейнічаюць невялікія жыдоўскія гарбарні. Гандаль збожжам з Каралеўцам праходзіць на выцінах, а галоўны порт для выцін і аптовыя крамы-склады ў Перекопе належалі маршалку лідзкаму Юзэфу Марачэўскаму.
Мястэчкі у Лідзкім павеце наступныя:
Шчучын Літоўскі - маёмасць князёў Любецкіх, з касцёлам піярскім і кляштарам сясцёр міласэрдзя, гімназыю слынную на усю Літву перад 1830 г., утрымліваемую Піярамі; чыстае і файна забудаванае, мае някепскія крамы, дом паштовы, аптэку; праходзяць ярмаркі па продажу коней.
Эйшышкі - абшырнае і дастаткова люднае, але бруднае мястэчка. Па канстытуцыі 3 Мая на кароткі час было сталіцай асобнага Эйшышскага павету; праводзіўся буйны гандаль збожжам, коньмі , свіньмі , хатняй жывёлай. Кожны чацьвёрты чацьверг адбываліся вялікія таргі. Гэта мястэчка называецца Віленкім прадмесцем, бо перакупшчыкі з Вільні прыязджаюць сюды рабіць закупы разнастайных прадуктаў. Касцёл мураваны, пабудаваны часткова на грошы з квесту, часткова з фундацыі s.p. пробашча эйшышскага Каліноўскага.
Жалудок - маёмасць графа Урускага, чыстае і добра ўпарадкаванае мястэчка, мае невялікія крамы і вінны шынок, зрэдку бываюць ярмаркі па продажу коней; прыгожы парафіяльны касцёл.
Астрыно не малое, але бедна забудаванае мястэчка. Насельніцтва жыдоўскае вельмі убогае.
Васілішкі - мястэчка люднае і гандлёвае, мае добрыя крамы і разнастайных рамесьнікаў-жыдоў; мураваны касцёл дамініканаў фундацыі маршалка лідзкага Ліманта.
Веренаў славіцца малымі абважанкамі, якія там выпякаюць; мае драўняны касцёл.
Беліца - маёмасьць князя Віттгенштэйна, раскінутае над Неманам з царквой і касьцёлкам Кальвінскім.
Орля таксама над Неманам з царквой.
Радунь - мястэчка малое і беднае.
Ражанка - маёмасьць графа Паца (цяпер сканфіскавана у даход дзяржавы) з касьцёлам парафіяльным шыкоўнай архітэктуры, фундацыі Паца.
Палажэнне Лідзкага павету раўніннае, узгоркі сустракаюцца рэдка. Грунты па большай частцы жытнія, пшаніцы сеюць меней. Польную гаспадарку праводзяць даўнейшым спосабам: трохполля. Жывёла звычайная. Авечак мерыносаў нямнога. Коні сустракаюцца часцей добрыя. Матэрыяльнае становішча насельніцтва павета больш заможнае, чым у суседніх паветах.
Жыды ў Лідзкім павеце ў большай частцы цёмныя і фанатычныя, але досыць працавітыя; акрамя гандлю займаюцца разнастайным рамёствам і часта сустракаюцца вельмі добрыя цесляры. Прывязынныя да Краю; я нават ведаў некалькіх з іх гарачых патрыётаў.
Як сведкі гістарычных падзей стаяць Лідзкія курганы каля Шейбакполя; у гэтым месце адбылася вальная бітва літвінаў з татарам і, у якой Шейбак, брат хана Батыя, быу забіты. З той пары гэтая мясцовасць атрымала назву Шейбакполя. У 1863 г. каля ваколіцы Вільканцаў у Эйшышскай парафіі зімовай парой некалькі дзесяткаў людзей бачылі бітву паветраннага войска ў старажытнай вопратцы; пісаў аб гэтым s.p. Тэадор Нарбут да тагачаснага губернатара гарадзенскага Доппельмейра з просьбай прыслаць каго-небудзь са спецыяльных людзей дзеля дазнання: ці была гэта фатамаргана, ці мэтцеор невядомай дагэтуль прыроды. Але замест астранома быў прысланы спраўнік, як і забараніў пад страхам быць павешанным усім сведкам гаварыць аб тым, што бачылі, і на гэтым справа скончылася. У Шаўрах, маёнтку s.p. Тэадора Нарбута знаходзілася многа археалагічных літоўскіх знаходак з розных раскопак у Лідзскім павеце; некаторыя камяні з гэтых раскопак былі умураваныя ў браму на дарожцы да саду.
Герб горада Ліды, наданы 17 верасня 1590 г.