Папярэдняя старонка: Мемуары

Успаміны Ушакевіча 


Аўтар: Ушакевіч Станіслаў,
Дадана: 15-02-2023,
Крыніца: Ушакевіч Станіслаў. Успаміны // Лідскі Летапісец. 2022. № 3-4(99-100). С. 71-77.



Большая частка сялян Такарышак вяла гаспадарку, можна сказаць, па-старому, прымітыўна. Так іх ужо прывучылі царскія ўлады. Я нават помню двух сялян на хутарах, якія аралі зямлю сохамі, гэта Кандратовіч Антоній, ці, як яго звалі, Антачка, і прымак з Загорцаў, таксама, здаецца, Кандратовіч. Апошні нават сечку карове рэзаў не сячкарняй, а касой. Для падняцця культуры земляробства ў Валожынскай акрузе Валожынскі соймік выкупіў маёнтак у Лаздунах і арганізаваў там сельскагаспадарчую школу для сялянскіх дзяцей. Сельскагаспадарчая школа на сваёй базе не раз арганізоўвала выстаўкі. Мой бацька стараўся быць перадавым селянінам і быў падпісчыкам сельскагаспадарчага журнала "Plon" - "Ураджай". Адтуль не раз чэрпаў ён патрэбныя веды і прымяняў іх у сваёй гаспадарцы. Для павышэння выдайнасці ў жывелагадоўлі вучоныя заахвочвалі садзіць кармавыя буракі. Мой бацька скарыстаў з гэтай рэкламы і пасадзіў нейкую плошчу кармавых буракоў, даглядаў іх згодна паданай рэкамендацыі. Буракі выдаліся выдатныя, ен павёз іх нават на выстаўку ў Лаздуны. Жыў у Такарышках яшчэ адзін чалавек з бурлівай натурай, які любіў за многае хапацца, улезці, дзе трэба і дзе не трэба. Для майго бацькі быў нават сватам, а потым бацька паняволі, выпадкова, стаў кумам пры хрышчэнні яго малодшага сына. Звалі гэтага чалавека Савіцкі Косцік (Канстантын). Дык і ён таксама садзіў кармавыя буракі, але з недастатковага догляду яны добрымі не ўдаліся, а на выстаўцы хацелася яму засвяціцца. Дык вось ён і прыстаў да майго бацькі, каб ён даў сваіх буракоў. Бацька не любіў ашуканцаў і розных круцялёў, але свату мусіў даць сваіх буракоў. На выставе абодва занялі прызавыя месцы і былі прэміраваны па пяць прышчэпаў яблынь. На той час, хваліўся мой бацька, гэта была добрая прэмія. Туды, на выставу, некаторыя сяляне вадзілі добра дагледжаную, прадуктыўную жывёлу і таксама атрымлівалі ўзнагароду. Вёска памалу падымалася на ногі. Мой бацька, Сапяжынскі і Гаштольд, якога ўжо падмяняў сын Кандрат, набылі конныя прывады, вырабленыя ў Лідзе фабрыкантам Шапірам. Бацька са сваім цесцем на дваіх купілі конную малатарню. Яшчэ была малатарня і ў Сапяжынскага. Здаецца, нехта меў і ручную малатарню. Была пара арфаў для ачысткі намалочанага збожжа. Мой бацька пазычаў заўсёды арфу ў сваёго калегі Радзвіловіча Юзіка. Конны прывад у гаспадарцы майго бацькі ў зімовы час выкарыстоўваўся для рэзкі жывёле сечкі. Бацька са мною за гадзіну-дзве наразаў сечкі на цэлы тыдзень для дзвюх кароў, каня, цялушкі. Бацька быў каля сячкарні, а я ездзіў на дышлі прывада і падганяў каня.

Усе дзеці школьнага ўзросту ў абавязковым парадку абавязаны былі хадзіць у школу. Школа знаходзі лася ў Гэлькі Дабаровічавай на хутары. Некаторым дзецям было далекавата хадзіць да школы, напрыклад, дзецям з Гварака, які стаяў на сённяшнім скрыжаванні дарог Юрацішкі-Эйгерды і Такарышкі-Крынічкі. Найдалей было да школы Дзюні Даўгялавай. Зімой яе бацька падвозіў на санях, а потым забіраў, дык падбіраў і нас, каму хапала месца на санях. Вучыў нас Казімеж Клідзіо. У яго было трое дзяцей. У 1938 годзе я пайшоў у першы клас, а сын Клідзіо Генрых хадзіў ужо ў другі клас. Вучыліся ў дзве змены: старшыя два класы ў першую эмену, а першы і другі па абедзе.

Дом, у якім знаходілася школа, дзяліўся на дзве палавіны: у адной была школа, у другой кухня і жытло самой гаспадыні. Як прыходілі ў школу, то чакалі на кухні, і было не павярнуцца нават самой гаспадыні. У яе якраз мелася дзіцё, дык у плеценай калысцы знаходзілася на печы. Калі яно зачынала плакаць, то Ваня Агафонаў - найбольш адважны з нас - мігам, як кот, скакаў на печ і там яго супакойваў. У класе на сцяне вісеў крыжык і некалькі партрэтаў кіраўнікоў польскай дзяржавы, але я не помню іх прозвішчаў. Навуку зачыналі і канчалі кароткай малітвай да Бога. У школе праводзілася акцыя збору грошай на будовы новых школ. Збор быў невялікі - усяго пяць грошаў, і каму ўдавалася дастаць ад бацькоў гэтыя грошы, то настаўнік даваў значок, на якім была адлюстравана тыповая школа з надпісам па-польску: "Budowa szkol powszechnych" - "Будова пачатковых школ". Такія школы ўжо былі пабудаваны ў Верашчаках, Даўгірдзішках, Эйгердах, але савецкія партызаны іх папалілі. Далей чатырох класаў вучыцца было вельмі цяжка - у бацькоў не было на гэта грошай. Майго бацькі суседа Кандратовіча Антака сын Уладак вельмі прагна хацеў вучыцца, а ў бацькі не было многа грошай, і да таго яшчэ быў ён вялікім скупярдзяем. Таму, калі сын Уладак вучыўся ў дзесяцігодцы ў Іўі, то хадзіў туды і дадому пешшу, а калі не меў чаго есці, то хадзіў у лес збіраць грыбы. У 1939 годзе ён ужо вучыўся ў Лідзе ў Бухгалтарскай школе ксяндзоў-піяраў і адначасова на аэрадроме займаўся ў гуртку авіятараў. 3 верасня ўжо ішла вайна з Германіяй, а ён здаваў экзамен на палёт на планеры, аб чым потым меў дакумент. Таксама ўжо ўпамянуты Савіцкі Косцік старэйшую дачку Вандзю вывучыў за прадаўца і збіраўся ў сваім доме адкрыць другі вясковы магазін. Але вайна перашкодзіла. На вясковым могільніку вёскі Такарышкі, дзе цяпер стаціь помнік савецкім салдатам, была брацкая магіла нямецкіх салдатаў з Першай сусветнай вайны. Рыхтуючыся да новай вайны, немцы пачалі выкопваць парэшткі сваіх салдат і звозіць у Германію. Мае калегі вучні, якія жылі блізка могільніка, бегалі глядзець эксгумацыю, а потым дзяліліся бачаным у школе. Казалі, што асобныя труны не былі поўнасцю згніўшымі, і як іх адкрывалі, то там былі чалавечыя твары, адзенне, а як да іх датыкаліся рыдлёўкай, то ўміг рассыпаліся ў попел. 1939 год быў трывожным. На трэцяе мая бацька са мною ездзіў у Юрацішкі на набажэнства ў касцеле. Духавенства і польскія ўлады змушалі святкаваць гэтае свята, а калі хто гэтым днём спрабаваў працаваць на полі, то рызыкаваў атрымаць кару ад паліцыянта, калі б той дзе тут накруціўся. Пасля ўрачыстасці ў касцёле ў мястэчку каля гміны адбываўся мітынг. Юрацішкі на той час былі невялікім мястэчкам. Акрамя гміны, там яшчэ былі праваслаўная царква, новапабудаваны касцёл, сямігадовая школа. Пакуль будаваўся касцёл, набажэнствы адбываліся ў спартыўнай зале школы. Я там быў пару разоў з бацькамі. Школа знаходзілася па цяперашняй вуліцы Савецкай, на яе фундаменце цяпер стаіць чатырохкватэрны дом.

Па ўспамінах майго бацькі на могільніку ў Такарышках і Гердушках былі каталіцкія капліцы, але іх разабралі царскія ўлады на рамонт царквы ў Юрацішках. Узгаданая раней Радвіловіч Марыя (1906-1992) успамінала, што яе бацька расказваў, як некалі праз акно ў фундаменце лазіў у падзямелле капліцы, дзе стаялі труны гаспадароў маёнтка. Калі цяпер пасля зімы зазірнуць на вясковы могільнік, то недалёка ад помніка савецкім воінам, злева, добра бачацца фундаменты былой капліцы. На захаваўшыхся помніках на могільніку прозвішчы жыхароў не з Такарышак. Відавочна, яны былі неяк звязаны з маёнткам.


Надышла трывожная восень 1939 года. У астатніх днях жніўня пачалася мабілізацыя мужчын, потым коней, вазоў. Колькі мужчынаў пайшло на вайну, я не помню. Некаторыя з іх не вярнуліся, як шавец Станчыц. Мабілізацыйны пункт коней і вазоў быў аж у Дзярвянішках. Адтуль мой бацька вярнуўся без воза, які змабілізавалі з ацэнкай сто злотых - вартасцю на той час адной каровы.

Нашага настаўніка Казіміра Клідзіо таксама мабілізавалі перад першым верасня. Мае калегі казалі, што бачылі, як ён ад'язджаў з дому ў форме польскага афіцэра з шабляй пры боку. З гэтай прычыны першага верасня заняткі ў школе ў нас не распачаліся, і перапынак быў аж да прыходу саветаў. Маім бацькам таксама па распараджэнні солтыса прыйшлося здаць падкормленага вяпрука для жыўлення войска. На ўсе змабілізаваныя прадметы выдаваліся гарантыйныя квітанцыі выплаты гэтых сум дзяржавай. Аднак гісторыя склалася так, што гэтыя паперкі засталіся толькі гістарычнай памяткай. Нямецкая авіацыя лятала беспакарана. Немцы збамбілі Іўе. Мой бацька чакаў з дня на дзень мабілізацыйнага квітка, а матуля кожны дзень моцна плакала і прасіла Бога, каб наш дом, сям'ю абмінула гэтая няшчасце, бо што б было рабіць маці адной па гаспадарцы з чацвярыма малымі дзецьмі ва ўзросце 8, 6, 4, 1,5 года. На наша шчасце Бог адхіліў гэтую бяду. У вёсцы сяляне мелі пару радыёпрыёмнікаў, і весткі з фронту паступалі з кожным днём усё больш сумныя. Надышла нядзеля 17 верасня. Мужчыны, што яшчэ не былі змабілізаваны, па старым звычаі пайшлі ў Юрацішкі на набажэнства - адны ў касцёл, другія ў царкву. Насельніцтва Такарышак моцна паміж сабой не дзялілася па канфесіях, а таму і на набажэнства ў Юрацішкі стараліся хадзіць групкамі, каб весялей разам прайсці гэтыя 7-8 кіламетраў, падзяліцца рознымі сялянскімі навінамі і палітычнымі плёткамі. Дадому вярталіся ўжо канфесійнымі групамі, бо ў касцёле набажэнства канчалася значна раней, чым у царкве. Мой бацька таксама пайшоў да касцёла. З раніцы стаяў густы туман, і маці прытрымала каровы ў хляве, а як трошкі туман пачаў радзець, паслала мяне выгнаць каровы з хлява на цялятнік, каб да абеду тут папасвіліся. Пасля абеду статак выганялі на незааранае яшчэ іржышча. Калі я выйшаў на падворак, то пачуў недзе за хлявамі цяжкі гул самалётаў. Па гуле нямецкіх самалётаў я ўжо навучыўся адрозніваць бамбардзіроўшчыкаў ад легкавых самалётаў. На гэты раз былі бамбардзіроўшчыкі і ляцелі яны недзе ў напрамку вёскі Забалаць. Не паспеў я загнаць кароў на цялятнік, як пачулася некалькі глухіх, але магутных выбухаў. Я моцна спалохаўся і хутчэй пабег дадому, а маці пытаецца, што там здарылася. Мы вельмі затрывожыліся за лёс бацькі. Недзе ў абед на дарозе Эйгерды-Такарышкі паказалася некалькі дзясяткаў польскіх жаўнераў. Я адразу кінуўся да сябра Вані Раманова (Сарокі), і праз некалькі хвілін мы былі за рэчкай і беглі да бярозаў, дзе цяпер зроблены прыпынак аўтобусаў у напрамку Эйгердаў. Тыя дзве бярозы потым спілавалі, як будавалі шашу. Салдаты сядзелі на абочыне дарогі, паздымаўшы каскі. Нехта з жыхароў Гварака прынёс салдатам вады. Іх было можа чалавек з трыццаць, на сабе яны мелі скручаныя колам шынялі. Пасля нядоўгага адпачынку адзін з салдатаў падняўся і зайграў у трубу. На яе сігнал усе салдаты падняліся і памаршыравалі далей у напрамку Юрацішак. Калі я стаў дарослым і начытаным па гісторыі, то дайшоў да вывадаў, што гэта былі жаўнеры з нейкай пляцоўкі КОПа (Korpus ochowy pogranicha), які, даведаўшыся аб савецкай агрэсіі на Польшчу, адступаў на захад. Бацька вярнуўся з Юрацішак і сказаў, што саветы пайшлі вайной на Польшчу, а войт Пялецкі на сваім падворку паліць нейкія дакументы. Запрэжаны ў брычку конь, на якім ён ездзіў на працў ў гміну ў Юрацішкі, стаіць напагатове. Відаць, ён збіраўся некуды ўцякаць. Дом войта стаяў метраў сто ад дарогі ў вёску Верашчакі, недалёка, дзе цяпер пракапана глыбокая канава. У Такарышках, хто меў радыёпрыёмнікі, даведаўся аб гэтай падзеі. Адным з такіх быў ужо ўпамянуты Савіцкі Косцік, які любіў усюды ўлезці. Ён і Гансоўскі Ясь былі калегамі па камуністычнай ідэалогіі і, як аказалася, бальшавіцкімі агентамі і нават атрымоўвалі пры Польшчы з Саюза значную фінансавую падтрымку. Суседзі іх у гэтым падазравалі, але польскія ўлады былі даволі няўважлівыя і не цікавіліся, хто і адкуль мае фінансавыя сродкі. Абодва гэтыя сябры, на вялікі жаль, былі кумы майго бацькі, а адзін быў яшчэ і сватам. Вось іх характарыстыка.

Гансоўскі Ясь да 1938 года паспяхова перабудаваўся на калёнію (хутар), меў чацвёра дзяцей: тры сыны і дачку. Старэйшай была дачка Валюня, потым сыны Віктар, Павел і Янак. Мой бацька быў хрышчоным для Валюні. Ясь меў ровар, а на той час гэта азначала, што сёння мець які небудзь мэрсэдэс-бэнц. Савіцкі Косцік таксама да 1938 года адбудаваў на хутары новую хату ў гладкі вугал. Меў шасцёра дзяцей, а ў гаспадарцы прыёмнік, ровар. Старэйшую дачку Вандзю вывучыў на прадаўца і збіраўся ў сваім доме адкрыць магазін. Быў Косцік бурлівай натуры і заўсёды стараўся недзе без патрэбы ўлезці. Спачатку ён належаў да Беларускай грамады, цэнтр якой месціўся ў Гародзьках. Грамада была арганізавана праз бальшавіцкую агентуру і вядома ж працавала супраць Польшчы. Дык вось, у гэтых Гародзьках адбываўся нейкі збор Грамады, на якім быў і Савіцкі. Польская паліцыя частку членаў Грамады арыштавала. Савіцкаму неяк удалося пазбегнуць арышту і за ноч, як смяяўся мой бацька, са смярдзючымі порткамі прыбегчы ў Такарышкі. Потым ён улез у польскую сельскагаспадарчую арганізацыю "Azoty" (Азоты). Як жаніўся мой бацька, то ў сваты паехаў у вёску Загорцы да Пляхімовіч Яніны. Савіцкага узяў за свата. У сваты ў той час ездзілі на вечар, каб не перашкаджаць гаспадарам у дзённым рытме працы. Варочаліся са сватоў ноччу. Дарога да Загорцаў бегла па даволі рухлівым шляху, але зусім неўпарадкаваным. З Загорцаў у Такарышкі ехалі праз вёску Куцькі, за якой цягнулася лясная паласа аж да чыгункі Ліда-Маладзечна. Пасля ўезду ў лес недалёка ад краю цягнулася даліна, вясной і восенню заўсёды забалочаная. У лужынах дно была пясчанае, цвёрдае, і конь без вялікай натугі цягнуў воз. Называлі гэтае месца Рэзаніца. З правага боку ў гэтай Рэзаніцы недалёка ад дарогі рос многагадовы карклаты дубок. Магчыма, ён і сёння яшчэ жыве, бо сваім ствалом не гадзіўся ні на якую добрую справу. Дык вось варачаецца мой бацька са сватоў з Савіцкім Косцікам, а як пад'ехалі да гэтага дубка, конь наставіў вушы і захроп. Прыглядаюцца пасажыры і бачаць у прыцемках летняй ночы каля дуба чалавека. Напэўна, нейкі рабаўнік, але, угледзеўшы на возе двух мужчын, не адважыўся на рабунак і добра зрабіў, бо для яго ўсё, напэўна, скончылася б трагічна. Аказваецца, Савіцкі прыхапіў з сабой рэвальвер, палажыў яго на калені, а як трохі ад'ехалі ад таго дубка, выстраліў уверх, даючы знаць лясному незнаёмцу, што яго магло напаткаць. Даведаўшыся 17 верасня 1939 года, што саветы, ці, як іх тады называлі, бальшавікі, пайшлі вайною на Польшчу, Савіцкі і Гансоўскі селі на ровары і паехалі праз Вішнева на Валожын спатыкаць тых бальшавікоў. Не спаткаць іх было б для іх вялікім грэхам, бо і ровар, відаць, быў куплены за савецкія грошы. Сталін не шкадаваў грошай на падрыўную працу ў суседніх дзяржавах. Вось і равары Савіцкі і Гансоўскі атрымалі з дапамогай бальшавіцкага падполля, каб маглі больш эфектыўна працаваць, бо пешшу далёка не зойдзеш. Спаткалі яны Чырвоную армію пад Валожынам у вёсцы Стайкі, а к вечару з баявым духам вярнуліся дадому. Не маглі бедалагі прадбачыць, якую трагічную памылку рабілі сабе і сваім сем'ям.

Раніцай, як толькі развіднела, па дарозе з Вішнева на Юрацішкі пацягнулася чарада машын. Паветра стала невыносна смярдзючым. На той час аўтатэхнікі не было, ці, правільней сказаць, яна па гэтай дарозе не ездзіла. Паветра было на сто працэнтаў чыстым, натуральным. Таму праезд нават аднаго грузавіка атручваў паветра на вялікую адлегласць. Гэта сёння нашыя арганізмы так прыстасаваліся да розных смуродаў, што мы іх не заўважаем, калі толькі не стаім каля выкідной трубы. Гаспадар маёнтка Радкевіч Вітольд з жонкай раніцай 17 верасня з'ехаў з маёнтка, пакінуўшы ўсё у пакоях, у тым ліку і лямпавы радыёпрыёмнік. Як даведаліся аб гэтым мужчыны, то забралі яго і перанеслі ў дом маткі Кастуся Куляша Агаты. Яе дом стаяў прытуліўшыся да могільніка. Пачалі вясковыя мужчыны збірацца на вячоркі ды слухаць, што дзеецца на белым свеце. Асабліва атрутнай была гітлераўская прапаганда адносна Польшчы. Бацька ўспамінаў, прыйшоўшы з такога вечарка, што гітлераўцы смяяліся з палякаў, якія выехалі на мужыцкіх вазах і хацелі даехаць аж да Берліна. Савіцкі з Гансоўскім са сваіх асоб стварылі самазванчы камітэт, прыбылі ў маёнтак і пачалі дзяліць маёнткавае дабро: каму карову, каму каня, каму каня з возам. Пры Польшчы хадзілі розныя чуткі аб жыцці ў саветаў. Польская прэса, у тым ліку і рэлігійная, пісала аб страшных справах, якія адбываліся ў гэтай краіне. Камуністычнае падполле распаўсюджвала розныя прапагандысцкія лістоўкі і газеткі, дзе пісалася, што ў ССР ужо створаны амаль што рай на зямлі. Таму, як толькі пацягнулася чарада калонаў Чырвонай арміі, з бліжэйшых вёсак прыйшлі да маёнтка Такарышкі мясцовыя людзі паглядзець на савецкіх салдатаў. Заўсёды па стане арміі: абмундзіраванні, экіпіроўцы, выглядзе - можна беспамылкова меркаваць і аб дзяржаве. Чырвонаармейцы ў параўнанні з польскімі салдатамі, а асабліва афіцэрамі выглядалі вельмі дрэнна, нагадвалі нейкіх жабракоў, якія мала чым розніліся ад тых, што у 1917-1920 гадах хадзілі ў лапцях, а вінтоўкі насілі на вяроўках. Магчыма, рамяні ад вінтовак выкарыстоўвалі на рамяні да портак. Больш праворлівыя жыхары ад першага погляду зразумелі, што гэта "Фядот ды ня тот". Хто раней трохі верыў ў саветаў, цяпер, апусціўшы нос, вяртаўся моўчкі дадому, рашчараваны ўбачаным. У ліку цікаўных аказаўся і мой бацька. Паглядзеўшы на салдатаў, пайшоў паглядзець, што там за рух у маёнтку. Самазванчы камітэт у гэты момант "працаваў" у складзе, які знаходзіўся ў каменным будынку былога бровара і меў два паверхі. Угледзеўшы майго бацьку, кінуліся яны да яго і за рукаво ўцягнулі ў склад, кажучы, што хочуць пачаставаць яго яблыкамі. Бацька мой не любіў браць чужое і аднекваўся ад пачастунку, але адзін з іх пайшоў у вугал склада, знайшоў нейкі мяшок, усыпаў кошык яблыкаў і палажыў бацьку на плечы. Дзявацца не было куды, мусіў несці дадому. Свайго пладавітага саду яшчэ не было, прэміяльныя дрэўцы толькі падрасталі, а прынесеныя бацькам з панскага саду антонаўкі мы вельмі смакавалі.

Прыйшоўшыя за вайскавымі часткамі энкавэдысты пачалі наводзіць савецкія парадкі. У першую чаргу забралі панскі радыёпрыемнік, з якога мужыкі цешыліся каля тыдня. Відавочна, баяліся, каб сяляне з якой-небудзь замежнай радыёстанцыі не даведаліся аб "шчаслівым" жыцці ў СССР. У доме, у якім жыў эканом маёнтка, размясцілі сельсавет. На старшыню сельсавета выбралі з Нарэяк камуніста Завацкага. Такарышскія кандыдаты міма іх старання чымсьці не падыходзілі на пасады і так і засталіся незаўважанымі бальшавікамі аж да вайны з немцамі. У час сталінскага тэрору бальшавіцкае падполле ўзмоцнена распаўсюджвала прапаганду аб шчаслівым жыцці ў саветаў. Да гэтага, можна здагадацца, мелі дачыненне Савіцкі з Гансоўскім. Пяць маладых такарышскіх хлопцаў клюнулі на гэтую прапаганду і падаліся на ўсход. З прыходам бальшавікоў сем'і гэтых хлопцаў цешыліся, што вось хутка яны ўбачаць сваіх сыноў з вялікімі грашыма, магчыма, большымі, чым у тых, што вярталіся з Францыі ці Амерыкі. Аднак хутка беглі месяцы, а хлопцы не вярталіся ў сваю вёску, а да гэтага той-сёй неяк даведваўся ад савецкіх салдат, савецкіх служкаў, якія пачалі прыязджаць з усходу, вельмі сакрэтную і кароткую інфармацыю ад тым, як сапраўды жывецца людзям у СССР. Родзічы зразумелі, што, напэўна, іх сыноў ужо няма ў жывых. Вельмі добра такі момант пераходу граніцы з Польшчы ў СССР апісвае Васіль Быкаў у сваёй аповесці "Доўгая дарога дадому". Акрамя працягнутай брацкай рукі заходнему беларусу, як трубілі бальшавіцкія палітрукі, надалей ахоўвалася польска-савецкая граніца да 1939 года, і праехаць яе можна было толькі па пропуску НКВД. Відаць, савецкая ўлада вельмі баялася, каб усходні беларус не заразіўся буржуазнай ідэалогіяй.

У газеце "Звязда" за 1994 год быў надрукаваны жудасны артыкул аб лёсе ўцекачоў з Польшчы. Каля Негарэлага праходзіла лінія фронту ў час Першай сусветнай вайны, і там засталіся незасыпаныя франтавыя акопы. Пасля Рыжскага мірнага дагавору гэтыя акопы аказаліся ў прыгранічнай паласе саветаў і засталіся без змен. Калі пайшла мода на будову дач, гэтую тэрыторыю з дапамогай бульдозераў упарадкавалі і раздалі дачнікам. Калі ўласнікі зямельных участкаў пачалі будаваць на іх дачныя домікі і капаць дол пад фундамент, пограб, падвал, то многія наткнуліся на групавыя чалавечыя пахаванні. Людзі паднялі трывогу і пачалі высвятляць, што ж гэта тут рабілася. Хутка мясцовыя старажылы адкрылі ім праўду. Тут расстрэльвалі ўцекачоў з Польшчы і, каб аблегчыць сабе працу, энкавэдысты расстраляных укідалі ў былыя траншэі і зверху прысыпалі зямлёй. Так па-зверску бальшавікі спачатку заахвочвалі жыхароў Польшчы на ўцёкі ў СССР, а на граніцы іх забівалі.

Пасля арганізацыі адміністрацыйнага падзелу на акупаваных трыторыях заходняй Беларусі бальшавікі прыступілі да арганізацыі школ. Многіх вучняў адкінулі на адзін клас ніжэй. Відаць, палічылі, што польская адукацыя ніжэйшая за савецкую. Я мусіў зноў пайсці ў першы клас. Школа засталася ў ранейшай гаспадыні з усім школьным інвентаром. Настаўнікам быў Бабровіч Фёдар, які да выхаду вёскі на хутары праз некалькі гадоў наймаўся вясковым пастыром (пастухом), але, відаць, з царскіх часоў трохі падвучыўся грамаце. У школе знік крыжык, а на сценах з'явіліся выразаныя з газет партрэты Леніна, Сталіна, Калініна, па краях абклееныя чырвонай паперай. Ужо не трэба было перад урокамі адмаўляць малітву, а сын упамянутага Косціка Савіцкага гаварыў: "Дзякуй богу, што бога няма". Бацька яго выхаваннем сына, відаць, не займаўся.

Такарышкі па новым адміністратыўным падзеле належалі да Такарышскага сельсавета Юрацішкаўскага раёна Баранавіцкай вобласці. З устанаўленнем савецкай адміністрацыі бальшавікі ўвялі і новыя павіннасці, якіх нашыя людзі не зналі, - гэта бясплатныя сутачныя дзяжурствы пры райвыканкаме з канём, запрэжаным у воз ці сані. Звычайна прызначалі пару дзяжурных. Пасылалі дзяжурыць, ці, як тады казалі, "на стойку" работнікі сельсаветаў. Наступіла марозная зіма 1939 -1940 года. 9 лютага прызначылі майго бацьку на гэтую "стойку". Старшыня сельсавета Завацкі знаў, што будзе адбывацца гэтай ноччу, і таму падбіраў на стойку "гаспадарлівых" людзей, у якіх мелася адпаведная вупраж, добры конь, сані, а гаспадары мелі зімовую вопратку. Калі мой бацька вечарам прыехаў пад будынак НКВД, які размяшчаўся ў Ясюлевічавай хаце, што стаяла з правага боку цяперашнях лазні Юрацішак, то ўбачыў вялікую групу з запрэжанымі ў сані коньмі, ды яшчэ пад'язджалі наступныя. Фурманы пачалі трывожыцца, што гэта магло азначаць, бо да гэтага звычайна прызначалася толькі пара фурманаў. Праз пару гадзін, як пачалася ноч, да будынка НКВД прыбылі каля пару дзясяткаў салдатаў у доўгіх шынялях з вінтоўкамі са штыкамі. Фурманы зразумелі, што заносіцца на нейкую злачынную справу. Пасля нядоўгага пабыцця салдат ў будынку выйшлі і падышлі да саней і пачалі называць, хто з такой ці іншай вёскі. Назвалі і вёску Такарышкі. Бацька адазваўся, і два салдаты селі ў сані і сказалі везьці іх ў вёску, а як даедуць, каб сказаў, што яны на месцы. Ехаў бацька з трывожнай думкай, ці не па сваю едзе сям'ю. Як даехалі да Такарышак, сказалі, каб вёз пад дом, дзе пражывае сям'я Клідзіо, які пайшоў на польскую вайну і не вярнуўся. Відаць, трапіў у бальшавіцкія рукі, а можа, яго занёс у адпаведны спісак старшыня сельсавета. Жонка настаўніка пасля таго, як муж пайшоў на вайну, не мела вялікіх запасаў для пракармлення сям'і з чатырох душ і пачала галадаць. Людзі ў той час шанавалі настаўнікаў і іх сем'і, таму патроху пачалі падкормліваць гэтую сям'ю: то кошых бульбы, іншы гарнец круп ці мукі, а перад Калядамі дык і кілбаску. Гэтая сялянская дапамога андак не магла рэгулярна ўтрымаць гэтую асірацелую сям'ю - маці і трох дзяцей. Старэйшаму сыну Генрыку было каля 9 год, а яшчэ двое малых. Таму пані Клідзіо пайшла ў сельсавет да старшыні прасіць якой-небудзь дапамогі. На гэты момант і мой бацька аказаўся па нейкай справе ў сельсавеце. Старшыня ў гэты час адпачываў у сваім пакоі, лежачы на падлозе і падлажыўшы пад галаву сядло. Для даезду з Нарэяк у Такарышкі на працу і раз'езду па вёсках Завацкі меў каня і сядло, якое, магчыма, належала раней эканому маёнтка. Не падымаюячыся з падлогі, старшыня адказаў пані Клідзіо, што пастараецца ёй дапамагчы. І вось, магчыма, пры яго старанні ў ноч з 9 на 10 лютага 1940 года і прыехала "дапамога". Салдаты разбудзілі гаспадароў дома Гаштольдаў і сям'ю Клідзіо. Пані Клідзіо сказалі, што яна прызначана на высяленне з вёскі і павінна збірацца. Часу даецца адна гадзіна. Пачуўшы гэта, пані Клідзіо страціла прытомнасць, але гаспадары дома яе апрытомнелі і пачалі дапамагаць адзяваць дзяцей, якія моцна плакалі, разбуджаныя сярод ночы. Мы, вясковыя дзеці, на той час мелі больш як напалову адзенне самаробнае. Яно выглядала не элегантна, але затое было цёплае. Зімой насілі капоты. Пашытыя з шарачку з падкладкай, а паміж імі тоўсты слой мяккага пакулля. Іншыя мелі "баранчыкі", гэта значыць, кажушок, абцягнуты зверху шарачком ці паўсукенкам, а дзеці бльш заможных бацькоў мелі кажушкі. Дзеці Клідзіо былі адзетыя ў фабрычне адзенне, больш элегантнае, але затое і больш зімнае, а тут за вакном мароз 40 градусаў. Ад яго аж лопаліся з трэскам некаторыя ствалы дрэў і бярвенне ў сценах пабудоў. На шчасьце, мой бацька, выязджаючы на стойку ўсе рагуці добра запакаваў сенам, не толькі для каня, але і каб самому можна было добра адпачыць. Каб уратаваць дзяцей ад марозу, бацька сярод рагуцей у сене зрабіў нібы гняздо, якое выслалі коўдрамі, і туды шчыльна пасадзілі дзяцей, потым іх акрылі нейкімі дзяружкамі, палажылі сціплы набытак, які НКВД-ысты пералічылі, каб ведаць, што можна браць. Гаштольды аддалі ім хлеб, які мелі на той час і трохі іншай драбязы. Маці села, прытуліўшыся да сваіх дзяцей, нібы тая гаротная птушка, закрываючы іх ад ворагаў. НКВД-ысты селі ззаду на вуглах рагуцёў, а бацьку засталося месца ў санях амаль пад хвастом у каня. Калі ўладкаванне ў санях было закончана, НКВД-ысты далі бацьку загад напрамку язды на станцыю Юрацішкі. Пасля двухгадзіннага падарожжа праз Верашчакі, Брадзішча, Дарэні, глыбокай ноччу аказаліся яны на чыгуначнай станцыі Юрацішкі. Стаяў цягнік з таварных вагонаў, ці, як іх тады называлі, быдлячых, а каля іх бегалі НКВД-ысты з вінтоўкамі і камандавалі, пад які вагон пад'язджаць прыбываючым то з аднаго, то з другога боку саням з "пасажырамі". Атрымаў і мой бацька ўказанні, куды пад'язджаць, дзверы вагона адчынілі і сказалі загружацца. НКВД-ысты таксама пачалі дапамагаць, бо работа была нялёгкая: парог дзвярэй быў вельмі высокі. Спачатку ўсадзілі дзяцей, потым укінулі іх багаж, пасля чаго пані Клідзіо жалобна і сардэчна развіталася з маім бацькам. Ёй дапамаглі забрацца ў таварняк да дзяцей, і дзверы вагона салдаты зачынілі. Бацьку сказалі, каб ехаў дадому, аперацыя закончана. Бацька пад раніцу вярнуўся дадому і як зайшоў у хату, я ужо не спаў, выйшах да яго на кухню. Маці і мне бацька расказаў аб страшных і жудасных дзеяннях НКВД. Раніцай я павінен быў ісці ў школу, дык бацька загадаў мне, каб я ў школе ні слова не гаварыў аб пачутым, бо можа, хутка і нас спаткае такая самая доля. Але з настаннем раніцы чуткі аб злачынстве бальшавікоў папаўзлі па цэлай вёсцы. Сям'я Клідзіо была не адзінай ў ваколіцы, якую спаткала такая нядоля. З Юнкавічаў (каля Эйгердаў) гэтай ноччу вывезлі сям'ю лесніка Грышкевіча. З пад Яхамоўшчыны таксама вывезлі сям'ю лесніка, але гаспадар змог збегчы і нейкі час хаваўся ў лесе за вёскай Магенцы, у якой была яго фамілія. НКВД-ысты потым вынюхвалі, дзе ён хаваецца, і завербавалі з вёскі Забалаць Дроздзіка, каб ён яго высачыў і забіў. Дроздзік (магчыма яго прозвішча было Дрозд) у Магенцах залез на вышкі ў гумне і там пільнаваў лесніка, бо ведаў, што ён гэтым загуменнем прыходзіць з лесу да сваякоў. Тут гэты Дроздзік лесніка і забіў. Якую ўзнагароду ён атрымаў ад бальшавікоў, я не ведаю, але як прышлі немцы, мясцовыя людзі аб гэтым расказалі, і немцы яго застрэлілі. Хаты вывезеных гаспадароў вясной пачалі перавозіць у Юрацішкі, даючы пачатак бурнаму росту мястэчка. Да гэтага часу Юрацішкі былі маленькім мястэчкам. З поўдня астатняй хатай была хата бацюшкі, з захаду - праваслаўны могільнік, касцёл і плябанія, якія захаваліся да сённяшняга дня. З поўначы апошні быў дом Журко, дзе цяпер мураваны магазін, а на другім паверсе сталовая. З усходу граніцай мястэчка была вузкакалейка, а потым малочны завод.

Але вяртаемся ў Такарышкі. У другой палове навучальнага года настаўніка Бабровіча замяніла Ванда Станіславаўна Альшэўская, мая стрыечная сястра. У 1939 годзе з 1 верасня яна ўжо была гімназісткай другога курса Гарадзенская жаночай гімназіі. З закрыццём бальшавікамі гэтай установы яна з сястрою вярнулася да бацькой у Загорцы, а потым пасля кароткіх курсаў пачала настаўнічаць у Такарышках. Давучыла нас да канца года. З 1 верасня 1940 года ў Такарышкі прыслалі з Менска маладога настаўніка Бадылевіча Фёдара Фёдаравіча. Пасяліўшыся ў Такарышках, ён хутка ажаніўся з дачкою Гансоўскага Яся Валюняй, хрышчонай майго бацькі, і ў іх жыў. Сям'я гэтая аказалася інтэрнацыянальнай. Ясь Гансоўскі падчас Першай сусветнай вайны нейкім чынам блытаўся па Паволжы і адтуль, як быў падпісаны мірны дагавор паміж Польшчай і СССР, прыехаў дадому і прывёз сабе за жонку немку Лідзію. З рацыі кумаўства яна час ад часу заходзіла па нейкіх агародных справах да маёй матулі. Нам, дзецям, было вельмі смешна ад яе руска-беларуска-польскай трасянкі. Яна гаварыла прыкладна так: "Моя Павля ходзіла". Гэта азначала, што яе сын Павел хадзіў. Настаўнік Бадылевіч правучыў нас 1940-1941 год. Я ужо перайшоў у 3 клас і меў амаль што ўсе падручнікі для 3 класа, але бацька, як прыйшлі немцы, іх папаліў, бо там у чытаннях былі партрэты Сталіна, Леніна і адпаведныя тэксты. Бацька баяўся, што немцы за іх могуць без патрэбы прычапіцца.

Вясной 1940 года бальшавікі надзялілі зямлёй тых сялян, якія хацелі працаваць і гатовы былі плаціць за яе падаткі, як пры Польшчы. Аднак меркі ўжо былі далёка не тыя. Пры Польшчы падаткі на зямлю былі амаль смехатворныя. Захаваўся адзін польскі квіток на гаспадарку майго бацькі за 1939 год на падатак, які сведчыць, што з гаспадаркі плошчай зямлі 9,48 га трэба было заплаціць 8 злотых і 14 грошаў, а за абавязковую страхоўку будынкаў, ацэненых на суму 3330 злотых, гадавая аплата выносіла 14 злотых і 25 грошаў. І ўсяго разам плата складала 22 злотыя 39 грошаў. А цяпер параўнайма, што гэта выходзіла: адзін пуд жыта цаной 2 злотых - 11 пудоў. Відаць, пры заробку за дзень рабочага касца 2-2,5 злотых 11-9 дзён працы. Заплаціўшы ў час прызначаны падатак і страхоўку, селянін не ведаў ніякага польскага начальніка апрача солтыса і штогод з вясны паліцыянта, які, як я ўжо узгадваў, правяраў чысціню і парадак на сядзібе селяніна. Пры Польшчы ўсім гаспадарам прызначалася абавязковая некалькідзённая праца па добраўпарадкаванні дарог. Гэта засталося і з прыходам бальшавікоў. Толькі пры Польшчы гэтую павіннасць звалі "шараваркай", а пры бальшавіках "гужтруд". Відавочна, тыя дзве меліярацыйныя канавы, якія выкапалі пры выйсці на хутары, былі выкапаны за кошт шараваркі. Захавалася ў маёй памяці і ўпарадкаванне дарогі на Подушкі ў 1938 годзе. Пачаткова гэтая дарога была звычайнай палявой дарогай паміж вёскамі. Пры выйсці на хутары яна была значна пашырана да памераў устаноўленых стандартаў, але сяляне надалей засявалі па старых мерках. І вось, як закончыліся палявыя працы, усім сялянам на шараварку было загадана прыйсці на гэтую дарогу адным з рыдлёўкамі, а іншым з коньмі, запрэжанымі ў плугі і бароны. Прыбылі нейкія начальнікі, відаць, інжынеры ад пабудовы дарог, і адзін паліцыянт. Пасля таго, як былі выткнутыя лініі дарогі з поўдня, бо з левай роўным радам стаялі капцы дубовых слупоў. Ужо было высокага росту жыта, і гаспадарам прапаноўвалася тут жа яго скасіць без супраціву і скандалу, бо для гэтага і прывезлі паліцыянта. Потым мужчыны пачалі ўздоўж дарогі гараць і баранаваць пашыраную паласу. Людзей з рыдлёкамі раставілі па ўсёй даўжыні дарогі. Нам, дзецям, было вельмі цікава назіраць за гэтай працай. Дабаровіч Болюсь, які мей прыдомак "Магдулін", прыйшоў з рыдлёўкай і сабакам. Паліцыянт адразу выняў рэвальвер і застрэліў сабаку, а потым з ашыйніка зняў рэгістрацыйны жэтон. Сабакі ва ўсіх гаспадароў у абавязковым парадку павінны былі быць зарэгістраваны, на ашыйніку мець жэтон і быць на ўвязі ці ў адпаведнай загародзе. Катэгарычна забараняліся бадзячыя сабакі. Кожны паліцыянт быў абавязаны знішчаць бадзячых сабак, якія былі разносчыкамі шаленства. У 1905 годзе ва ўзросце каля сарака гадоў з шаленства ад сабакі памёр мой дзед. Застрэленага сабаку Дабаровіч тут жа на дарозе закапаў, а потым заплаціў кары 5 злотых. Гэта цяпер па вёсках і нават па горадзе Лідзе бадзяецца процьма безгаспадарчых сабак, якіх з кватэр выкідаюць іх былыя бяздушныя савецкага выхавання гаспадары.

Але вернемся ў Такарышкі. Польскі грашовы падатак сялянам замянілі натурай - трэба было здаваць рознага гатунку збожжа, а каб было куды яго ссыпаць, на чыгуначнай станцыі Юрацішкі пачалі будаваць два вялікія драўляныя збожжасховішчы, якія вельмі доўга служылі па сваім прызначэнні, выкарыстоўваліся пазней і акупантамі. За здадзеннае збожжа і сена бальшавікі плацілі мізэрныя грошы. На рынку гэтае збожжа каштавала значна даражэй, ды і колькасць прымусовай здачы збожжа майму бацьку ўжо была не пад сілу: не 11 пудоў, а ў тры разы больш. Сяляне, якія ўзялі панскую зямлю, прыраўняліся да сераднякоў, і плаціць трэба было больш высокія савецкія падаткі. Некаторыя пасля карыстання панскай зямлёй хацелі ад яе адмовіцца, бо выходзіла так, што селянін вымушаны быў больш працаваць на саветаў, чым на сваю зямлю. Але назад зямля не прымалася, таму пасля заканчэння Другой сусветнай вайны сяляне, накормленныя зямлёй "першымі саветамі", не ўзялі ані гектара панскай зямлі. Так і валялася яна адлогам аж да арганізацыі калгасаў у 1949-50 гадах. Хто меў коней з сялян, то на "гужтруд" у 1940-1941 гадах мусілі ездзіць аж у Жэмыслаў на некалькі дзён і там вазіць каменне і жвір на распачатае будаўніцтва аэрадрома. Апрача ўжо узгаданых павіннасцяў, накінутых сялянам бальшавікамі, вялікай карай была добраахвотная падпіска на пазыку, аплачваная грашыма з беднага сялянскага бюджэту. Помню, як у 1940 годзе падчас жніва да нас прыйшлі падпісчыкі пазыкі. У гэты момант мы прывезлі ў гумно воз збожжа, а ззаду і падпісчыкі пазыкі як прычыпіліся да маіх бацькоў, каб падпісаліся на вялікую суму, мусіць, на сто рублёў, дык аніяк не маглі ад іх адгаварыцца. Прымянялі яны не толькі ўгаворы, але і застрашванні кшталту кары за антысавецкую настроенасць. І гэты страх людзям бальшавікі ўжо ў значнай ступені змаглі нагнаць пастаянным тэрорам, бо пасля вывазу 10 лютага 1940 года некаторых жыхароў быў яшчэ і наступны вываз вясной і летам катэгорыі людзей, залічанных да ворагаў савецкай улады. І так маім бацькам давялося падпісацца на пазыку, якую акрэслілі падпісчыкі. Найбольшым зморам для сялян, акрамя іх бедных грашовых бюджэтаў, быў гандаль. Пасля таго, як 17 верасня 1939 года прыйшлі бальшавікі, польскія грошы перасталі хадзіць, і ніхто іх не мог вымяняць на савецкія. Разам з гэтым закрыліся і ўсе прыватныя магазіны. Наступіў поўны параліч гандлёвай сістэмы і фінансаў. Сяляне паміж сабой пачалі разлічвацца спосабам першабытных людзей - натурай. За эталон гандлёвага эквівалента быў абраны кошт аднаго пуда жыта. Гэтая сістэма разліку паміж людзьмі, створаная бальшавікамі ў 1939 годзе, трымалася даволі доўга і скончылася пасля Другой сусветнай вайны, калі трохі ўрэгулявалася савецкая грашовая сістэма. У Такарышках магазін працаваў у будынку былога панскага дома. Там пачаткова нічога не было для продажу, нават вучнёўскіх сшыткаў, алоўкаў. З часам пачало трохі з'яўляцца рознай нізкаякаснай дробязі. Напрыклад, завезлі з Расеі драўляныя лыжкі, распісаныя рознымі ўзорамі і пакрытыя лакам. З'явілася некалькі лыжак і ў нашам доме, але паспрабавалі імі карыстацца і кінулі, бо не адпавядалі нашай культуры. Смяяліся, што гэтыя лыжкі надаюцца толькі для бальшавікоў, бо ў іх шырокія азіяцкія горлы. Час ад часу ў магазіне можна было купіць без чаргі цукеркі "падушачкі", бо яны былі такой формы з некай начынкай у сярэдзіне. Прадавалася і кава ў выглядзе спрасаваных брускоў у ўпакоўцы. Складалася яна з нейкіх адходаў і падпражаных засалоджаных сухафруктаў. Мы, дзеці, куплялі гэтую каву і грызлі са смакам, як сёння гэта робім з шакаладам. Для нас тады гэта быў савецкі прысмак.

Некаторыя тавары пачалі прадавацца нармавана. Пагалоўна для ўсяго насельніцтва пачало бракаваць солі і газы, а калі прывезлі нейкую ёмкасць на газу і паставілі ў адным з адсекаў панскіх гаражоў, то газу прадавалі на дом адзін-два літры. Для гэтага каля бочкі вісеў спецыяльны чарпак ёмкасцю 1 літр, якім магазіншчык Ілюковіч па спісу прадаваў тавар. Сваім гандлем бальшавікі выклікалі ў насельніцтва пагалоўную непавагу да гэтага ладу, людзі паміж сабой пачалі называць іх смярдзюшнікамі, башлыкамі (ад шапак- будзёнавак у чырвонаармеёцаў, бо яны ў нейкай ступені нагадвалі башлыкі да сялянскай суконнай вопраткі з грубага валянага сукна з капюшонам, які таксама звалі башлык).

Час ляцеў міма ўсяго хутка. Бальшавікі пачалі распаўсюджваць па падпісцы сваю прэсу на беларускай, расейскай і польскай мове. Мой бацька падпісаўся на польскамоўнае выданне, якое называлася, калі не заводзіць мне памяць, "Чырвоны штандар". Гэтую газету чытаў і я, паміма таго, што скончыў толькі адзін клас польскай школы. У нашым доме ў бацькоў мелася трохі рэлігійных каталіцкіх выданняў, такіх, як "Rzycerz Niepokalanej" ("Рыцар беззаганнай"), сельскагаспадарчы часопіс "Plon" ("Ураджай"). Акрамя таго, стрыечныя сёстры Вандзя і Лёдзя Альшэўскія, калі пачалі вучыцца ў Гародні ў гімназіі, перадалі мне ўсю сваю дзіцячую літаратуру і нават пару кніг з Валожынскай публічнай бібліятэкі. Гэтыя кнігі захаваліся ў мяне як каштоўныя гістарычныя памяткі мінулага часу. У вольныя часіны я любіў дастаць календары "Рыцара беззаганнай" 1931 года выдання, маіх равеснікаў, і пачытаць цікавыя звесткі не толькі рэлігійнага зместу, але і пра іншыя падзеі, якія адбываліся ў СССР. Бацька мой гэтыя выданні трохі прыхоўваў, каб не трапілі на выпадак рэвізіі НКВД-ыстаў. Увогуле за паўтара года бальшавіцкага гаспадарання людзі ўжо былі імі змучаны амаль пагалоўна, апрача тых, хто аказаўся на савецкай службе і меў ад саветаў нейкую карысць. Напрыклад, Юзя (Іосіф) Сарокаў, якога выкінулі з Францыі, з Парыжа, за камуністычную настальгію, расчараваўся ў бальшавіках. Многа пазней, недзе пасля 1960 года, мне давялося разам з ім ісці з Такарышак аж да Юрацішак. Ён мне без страху перад саветамі расказваў, як далёка наша жыццё ад французскага, якое яму давялося пабачыць яшчэ задоўга да вайны.

Ва ўзброеных сілах Савецкай Арміі значную цяглавую сілу займалі коні, але былі не найлепшай кандыцыі. Таму пасля захопу польскай тэрыторыі інтэнданцкія службы пачалі скупляць добрых коней, пачынаючы аж з-пад Беластока, а, магчыма, забіраць іх з польскіх конезаводаў ці з маёнткаў і табунамі прыганяць на савецкую тэрыторыю. На ноч, дзе яны затрымліваліся, у мясцовага насельніцтва скуплялі для коней сена, канюшыну і авёс. За зіму 1939-1940 года два разы прайшлі такія табуны праз Такарышкі. Начавалі ў будынках маёнтка, а кармы закуплялі па бліжэйшых хутарах, а дакладна ў майго бацькі, куды мог скіраваць старшыня сельсавета, бо найлепей ведаў, хто можа мець лішкі кармоў. Таму пры звароце камандзіра перагоншчыка коней, якія былі ў вайсковым абмундзіраванні, ахвотна прадаў ім канюшыну і авёс. Пасля разліку за кармы камандзір з ад'ютантам ахвотна згадзіліся на вячэру ў нас. Бацька знайшоў недзе пару чарак барышу за пакупку, бо плацілі нядрэнна, і вячэра прайшла добра. Праз кароткі час гэты самы камандзір гнаў ужо наступны табун коней і зноў заначаваў у Такарышках, а для пакупкі кармоў прыехаў да майго бацькі, як да добрага знаёмага.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX