Папярэдняя старонка: Мемуары

З успамінаў Вандаліна Шукевіча 


Аўтар: Шукевіч Вандалін,
Дадана: 27-01-2024,
Крыніца: Шукевіч Вандалін. Голас з Рудніцкай пушчы // Наша Слова. № 16 (1375), 18 красавіка 2018..



Голас з Рудніцкай пушчы [1]

Адзін з эпілогаў паўстання. З успамінаў Вандаліна Шукевіча


Дзякуючы Юзафу Шукевічу - пляменніку Вандаліна Шукевіча мы атрымалі магчымасць надрукаваць фрагмент тэксту аб першых паўстанні 1863 г. напісаны праз гады Вандалінам Шукеічам на падставе уласных успамінаў дзяцінства (Рэд. Віленскага Кур'еру).


У памятным для кожнага мясцовага чалавека студзені 1863-га года амаль што не было зімы. Толькі трохі закранула яна сваім снежным крылом нашу краіну і ўмацавалася дзесь далёка за Дзвіной і Дняпром, пакінуўшы зямлю голай і бруднай, але не замарожанай а загорнутай у шэрыя туманы якія час ад часу разрывала яркае сонца якое дасылала зямлі свае гарачыя пацалункі. Старэйшыя людзі не памяталі такога цяпла ў гэту пару і прыпісвалі такую з'яву ласцы Пана Бога, які злітаваўся над тымі, хто пакінулі свае сямейныя ачагі і самае дарагое ў жыцці, хто туляўся па лясах і ваяваў на баку святла пры гэтым цэлымі тыднямі не меў даху над галавой.

У красавіку вясна была ўжо у самым росквіце, яна рассявала па зямлі якая ўжо прачнулася ад зімовага сну свае чарадзейныя дары і напаўняла людскія сэрцы надзеяй.

Надзея! Хто тады не меў яе ў нашым краі? Каму не мроіліся вялікія планы адбудовы сваёй дзяржавы? Бо хто не марыў той не меў веры ...

"Гэта труна, якая стаіць падпёртая рукой гіганцкага ката, разломіцца" [2]. Хто не чакаў уваскрашэння! Але іншыя былі планы Ўсявышняга! Гром праходзіў за громам, героі гінулі за ідэю і пакідалі пасля сабе пустату якую нельга было запоўніць. Нягледзячы на вялізныя высілкі герояў, Святая справа не перамагла.

Адна з першых сцэн гэтай гістарычнай трагедыі разыгралася ў лідскім павеце. Галоўным акцёрам драмы быў Людвік Нарбут, сын Тэадора, знанага гісторыка Літвы. І трэба сказаць, што Людвік выканаў даручаную яму ролю па-майстэрскі. Згодна з меркаваннямі адмыслоўцаў, ягоная тактыка вайны была настолькі дасканалай, што яе потым вывучалі ў вайсковых школах як узор партызанкі. Быў ён тут майстрам, загартаваўся ў агні вайны на Каўказе, куды быў сасланы з віленскай гімназіі ў 1848 г. і 11 гадоў служыў шараговым жаўнерам, удзельнічаў у больш за 90 сутычках і вялікіх бітвах. Вярнуўся дамоў, бо кроўю заслужыў афіцэрскі чын. Ледзь паспеў адпачыць ад небяспечных вайсковых спраў і прызвычаіцца да цяпла хатняга ачагу - як Айчына, якая пачала ўставаць з труны, паклікала яго да зброі. Прызначаны кіраваць збройным паўстаннем на Лідчыне ён збірае людзей і на Грамніцы, выконваючы свой доўг, выступае з групай байцоў. Але я не маю намер пісаць гісторыю партызанскага руху якім на працягу больш за два месяца кіраваў Нарбут. Хацеў бы толькі дзеля памяці нашага героя і яго сяброў падаць некалькі успамінаў з тых бурлівых дзён якія засталіся нават у маёй дзіцячай памяці.

Людская памяць ненадзейна. Асабліва ў памяці дзіцячых гадоў часта нават дробныя дэталі могуць мець вялікую вагу, заціраючы больш значныя эпізоды і такім чынам ствараць невыразнае хаатычнае цэлае з якога час ад часу усплываюць розныя факты і фактыкі. У маёй памяці, перад усім, захавалася адчуванне напружанасці, якое ахоплівала мяне, калі я здалі бачыў жаўнерскую масу якая сунулася на дарозе ад чыгунцы [3]. Гэта жаўнерская маса рабіла ўражанне гіганцкай змяі ў якой зіхацяць на сонцы жалезныя шыпы - багнеты.

Я ведаў, што гэтая змяя паўзе каб знішчыць нас і страх ахопліваў маю дзіцячую душу - як быццам я бачыў постаць самой смерці! І дзіўная рэчы - не думалася пра пагрозу сябе асабіста, хоць пагроза не раз была вельмі блізка бо паўстанцы не абміналі наш дом. Але я адчуваў што шэрая маса на дарозе - гэта смерць нашых братоў а бляск багнетаў гэта маланкі накіраваныя ў нашых багатыроў, якія змагаліся за волю. Далей памятаю агідныя уражанні выкліканыя гукам стрэлаў бітвы ў Лакштунцах [4], потым глухія весткі пра паразу і рассеянне паўстанцаў, пра смерць Нарбута пад Дубічамі і нарэшце пра пахаванне ахвяр, енкі роспачы ўсіх дарослых.

Страчана надзея, цемра без прамені агню, пекла.

Гэтыя ўспаміны мінулага, нібы пералётныя птушкі, абселі мой розум. За ўвесь час не забылася гора аб забітых Злом, гэтым горам жылі старэйшыя пакаленні, гора, таму што столькі сіл і энергіі, столькі гераізму пайшло марна! Бо колькі было неабходна гераізму каб пайсці на смяротную справу не маючы надзеі, што нават асабістая смерць створыць умовы для жыцця наступных пакаленняў. Такой надзеі Нарбут не мог мець бо як прафесійны ваенны добра ведаў моц абодвух бакоў. Бачыў што паўстанне не толькі не пашыраецца але нават наадварот - гасне з кожным днём, што сілы з кожным днём змяншаюцца а дапамога якую чакалі, не прыходзіць. Але пры гэты не падаў духам, змагаўся да апошняй кроплі крыві і аддаў сваё жыццё за Бацькаўшчыну. Сутычка ў Лакштунцах, гукі якой так адбіліся ў маёй дзіцячай душы, была адносна паспяховай. Бо толькі не утрымаліся і адступілі перад рэгулярным войскамі, якія значна пераважалі, мелі нават гармату. Але ваявалі спраўна і значна прарэдзілі шэрагі рускіх. Таму іх не праследавалі і паўстанцы маглі адступіць ў балоты рэк Котры і Пелясы на поўдзень ад Дубічаў. Тут Нарбут, адчуваючы сябе у адноснай небяспецы, дазволіў трохі адпачнуць пасля доўгіх і цяжкіх пераходаў, чакаў папаўнення з Троцкага павету. Не дачакаўся, бо 4 мая выбухнула другая бітва, апошняя ў яго жыцці. Бітву пад Дубічамі добра не памятаю, ведаю толькі, што палкоўнік Цімафееў, высланы супраць Нарбута на чале аддзелаў гвардыі, стаяў каля Начы а потым пайшоў у Дубічы, дзе ён нейкі час затрымаўся перад ударам па паўстанцам якія атабарыліся паміж рэкамі і балотамі. Гэта прамаруджанне тлумачылася па-рознаму: адны даводзілі, што яго трымаў страх няўдачы бо не ведаў якія сілы мае Нарбут і чакаў дапамогі, іншыя тлумачылі прамаруджанне міралюбнасцю Цімафеева, які не жадаў дарэмна ліць кроў сваіх жаўнераў і таму цягнуў час, каб даць Нарбуту час адступіць у бяспечнае месца Гродзенскай пушчы. За апошняю версію кажа факт з якога пачаўся бой: пасля трох ці чатырох дзён бяздзеяння некалькі афіцэраў, лічачы, што паўстанцы далёка, выбраліся на лодках на паляванне і ў некалькіх вёрстах уніз па рацэ неспадзявана наткнуліся на паўстанца. Той выстраліў і пабег да сваіх а афіцэры як хутчэй вярнуліся ў Дубічы [5]. Адразу пасля гэтага рускае войска выйшла з Дубіч шукаць паўстанцаў. Пры пераправе праз раку каля Дубіч па вузкай кладцы ім ніхто не перашкаджаў. Жаўнераў праводзіў знаёмымі сцежкамі сярод балот селянін Базыла [6] (павешаны потым паўстанцамі з атрада Віславуха [7]). Так жаўнеры дайшлі да паўстанцкага лагеру. Бой быў кароткім. Пасля першых стрэлаў Нарбут быў паранены ў нагу. Паплечнікі згрудзіліся каля яго і пыталіся вынесці з прастрэльваемага месца. На гэта звярнуў увагу непрыяцель і менавіта на гэту групы сканцэнтраваўся агонь жаўнераў, амаль што усе паплечнікі Нарбута былі забіты (менавіта гэты момант намаляваны ў Андрыёлі) [8]. Загінуў Нарбут, якога неслі на руках, загінулі Леон Краінскі з Грышанішак, Францішак і Аляксандр Бразоўскія з Гурнофеля што пад Васілішкамі, Уладзіслаў Жукоўскі з Лацка, Губарэвіч, Пётр Янкоўскі, Пакемпіновіч, Скірмунт з Піншчыны, Ёдка з Петрашунцаў, Лукашэвіч з ваколіцы Меканцы, селянін Грэмза з вёскі Ліпканцы і іншыя [9]. Рэшта паўстанцаў рассеялася па лясах і часткова патрапіла ў рукі ворага, часткова памерла ад ран і голаду, часткова далучыліся да іншых паўстанцкіх атрадаў. Але атрад Нарбута перастаў існаваць.

Пасля разгрому паўстанцаў, палкоўнік Цімафееў вярнуўся ў Дубічы і даў дазвол пахаваць палеглых з набажэнствам. Гэты, для таго часу, людскі ўчынак прынёс яму сімпатыю. Па лесу былі падабраная трупы паўстанцаў і перанесеныя да мясцовага касцёла і зложаныя ў бабінцу.

Страшны, грозны а таксама балючы быў выгляд пакутнікаў за свабоду, распранутых да кашулі і ляжалых ў рад, нібы зжатыя смерцю снапы. Такая невымерная павага, такая веліч адчувалася ў гэтых постацях, што мы глядзелі на іх як на святых, як на найлепшую частку нашага народу, якую страцілі назаўжды і з якой назаўжды будуць пахаваныя нашы надзеі і самыя прыгожыя мары.

Вестка пра дазвол пахаваць герояў разышлася хутка і кожны паспешыў да касцёла і кожны прывёз ўсё неабходнае для цырымоніі пахавання. Людзей было так шмат, што яны запоўнілі не толькі касцёл але і ўсе могілкі і адусюль да нябёс уздымаліся малітвы. Чуліся енкі і крыкі роспачы, гэтыя гукі плылі па хвалях блізкага возера, шумелі бурай у блізкай пушчы і агромністай скаргай узнімаліся да скляпення нябёсаў завучы да помсты і ратунку народа які гінуў. Усе ціснуліся ў натоўпу каб хоць здалёк пабачыць чорную панурую піраміду з нябожчыкаў, якая танула ў зелені, затопленая патокамі святла і дыму ад кадзільніц. Кожны стараўся назаўжды запомніць бледныя і змярцвелыя дарагія рысы, якія яшчэ зусім нядаўна жылі з запалам і любоўю да Айчыны. І прыняла іх парэшткі маці-зямля, якую яны так кахалі а людзі сваімі далонямі засыпалі іх вялікі як народная крыўда дол. Толькі скончыўся балючы абрад, толькі раз'ехаліся апошнія удзельнікі пахавання як прыйшоў іншы вайсковы аддзел з казакамі каб разагнаць сабраўшыся тутэйшых. Але спазніліся і таму каб сцерці з паверхні зямлі след "бунтовщиков" толькі зруйнавалі курган над магілай. Некаторыя з мясцовага люду апавядалі яшчэ горшыя рэчы, а менавіта, што ўначы труны былі выкапаныя і кінутыя ў пасярод возера. Зараз месца, дзе магіла герояў, адзначана доўгай упадзінай з камяням на якім надпіс "Леон Краінскі, 1863", пасярэдзіне [10]. Пуста і глуха зараз у гэтым закінутым куту нашай Радзімы, нічога не напамінае трагедыі, якая тут адбылася раней і нават людская памяць гэтыя светлыя вобразы нашай гісторыі захавала ў выцвілых барвах ...

Ці былі высілкі герояў марнымі?

Для паўнаты разумення падзей у Лідскім павеце, дазволю сабе дадаць яшчэ адзін эпізод, які адбыўся пры канцы бою пад Дубічамі. Адзін з удзельнікаў быў паранены ў нагу, страціў шмат крыві і перамагаючы боль ён краўся ў бок мястэчка Забалаць. Паўстанец прылёг у лесе каб набрацца сіл і пабачыў вайсковы аддзел з афіцэрам на чале які ішоў у яго бок. Ні хвіліны не марудзячы, не думаючы пра наступствы, ён выстраліў у афіцэра з пісталету і забіў яго. Жаўнеры кінуліся да паўстанца і літаральна узнялі яго на багнеты, пасля чаго вырашылі, што герой загінуў і таму пакінулі ў лесе, а цела афіцэра ўняслі з сабой. Аднак атымаўшы шаснаццаць ран, паўстанец не быў памёр, яго знайшлі і перанеслі ў бліжні маёнтак. Ён выжыў, цалкам выздаравеў і зараз ранамі, якія пакрываюць яго цела, можа засведчыць праўдзівасць сваёй гісторыі. Гэта адзін з шматлікіх фактаў, якія паказваюць баявы дух які жыў у мужных сэрцах нашых ваяроў за свабоду і уздымаў іх да вышыняў сапраўднага гераізму. Наша павага ім за пралітую кроў, за ахвяры якія яны панеслі дзеля бацькаўшчыны. Павага да мучанікаў якія загінулі з-за любві да свабоды. Хай памяць пра іх застанецца ў наступных пакаленнях а пралітая кроў, нібы вясеннія патокі, хай угнаіць глебу нашага духу, якая страціла урадлівасць пад цяжарам няволі і падрыхтуе яе да прыняцця божага пасеву.

Пераклад і каментаванне Лаўрэша Леаніда



[1] Kurjer Wilenski №22(2912) 24 stycznia 1934.

[2]"Że grób ten pęknie, co stoi wśród świata przyparty ręką olbrzymiego kata" - радок Зыгмунта Красінскага (Zygmunt Krasiński). - Л. Л.

[3] У 1860-1862 гадах праз паўночна-заходні ўчастак Лідскага павету была пракладзена чыгуначная лінія Санкт-Пецярбург-Варшава праз Вільню, на якой былі пабудаваны станцыі Вільня, Ландвараў, Руднікі, Алькенікі, Араны, Марцінканцы, Парэчча і Гродна. Гэта чыгунка актыўна выкарыстоўвалася уладамі для перавозкі войск.

[4] Ва ўрочышча Лакштунцы адбываліся фінальныя падзеі бітвы пад Кавалькамі 20 красавіка 1863 г. Удзельнік паўстання Міхал Эльвіра Андрыёлі пісаў пра гэта: " Акружаныя і заціснутыя маскалямі, якія мелі за справу гонару разбіццё аднаго аддзелу, што меў славу на Літве, цэлую ноч адступалі без дарог, змучаныя, галодныя, замёрзлыя. Ксёндз Гарбачэўскі, Краінскі, Нарбут і праваднік са свечкаю ў руках шукаюць дарогі па пушчы. Мы парамі, хістаючыся ад стомы і сплючы на маршы, чапляючыся за калоды і вываратні, сунемся следам за агеньчыкам. Бываюць хвіліны, што нашы праваднікі губляюцца ў вялізарнай пушчы, кажуць аддзелам спыніцца, а самі разыходзяцца шукаць слядоў дарогі: тады адны стоячы, другія прысеўшы, іншыя абапёршыся зноў засынаюць чуткім сном. Зноў каманда: "Руш" - і цягнецца сонная, змучаная дружына.

Пад раніцу, пераканаўшыся, што кружым вакол, кідаем асцярожнасць і галодныя спыняемся недалёка ад хаты лесніка ва ўрочышчы Лакштунцы. Пра выбар пазіцыі няма гаворкі. Бо мы думаем, што маскалі, збітыя нашым начным бадзяннем, пакінуць нас у спакоі. Затрымаліся ў сярэдзіне вялізнага лесу, маючы за сабой балота, а перад вачамі невялікую прасеку, цераз якую вілася сцежка да лесніка. Сонца пачынае прыпякаць, пад адзінаццаць раніцы становіцца горача. Кожны размясціўся, як мог, захоўваючы, аднак, баявую лінію, павернутую фронтам да прасекі. Адны спяць, другія ядуць, іншыя выграваюцца на сонцы, некаторыя чытаюць кніжкі альбо лісты.

Каля другой пазіцыі ад паўдня зменены пікеты, цішыня ў лагеры нечуваная, чуцён піск мух і камароў. Нарбут на хвіліну адышоў за зараснік, звыклая пільнасць на гэты раз аслабла, цяпло і стома апанавалі ўсімі.

Раптам стрэл здалёку, а за ім два іншыя: "За зброю, за зброю!". Нарбут ужо паміж намі. Забурліла, як у катле, падхопліваюцца задрамаўшыя... пытанні, неспакой, замяшанне. Толькі начальнік спакойны, гаворыць пасунуцца наперад на 300 крокаў і заняць баявую лінію па трое ўздоўж краю лесу і прасекі.

Пераканаліся тады, што можа халодная адвага аднаго чалавека. Усе, хвіліну назад трывожныя, неспакойныя, гатовыя ўцякаць, зараз прытомныя, зручна пазаймалі прызначанае сабе месца. Касінеры з афіцэрам у баявой калоне залеглі праз 200 крокаў за стралкамі. Тыя ж, хаваючыся за пнямі і ў кустах, галавой наперад з руляй перад сабой і пальцам на спуску, чакалі каманды да стральбы, а здалёку ўжо гралі маскоўскія трубы баявы сігнал: "Рассыпались молодцы! За камни, за кусты, по два в ряд!" Знаёмы той сігнал дагэтуль гучыць у вушах. У лесе, дзе кожны куст, кожнае дрэва хавае засаду, дзе ніколі нельга палічыць непрыяцеля, дзе кожнаму здаецца, што толькі ён і некалькі бліжэйшых яшчэ бароняцца, а рэшта ўжо ўцякла, дзе рэха сто разоў паўтарае стрэлы і рык маскалёў, а небяспека, здаецца, атачае з усіх бакоў - вайсковая труба робіць немалое ўражанне. "Пане Пілецкі, - гукае Нарбут, - вазьмі 10 чалавек і руш на рэкагнасцыроўку, - а праз хвіліну: - Калі ласка, не рызыкуй". Пілецкі, былы студэнт Пецярбургскага ўніверсітэта, смелы, талковы, разважлівы, а прытым ветлівы і далікатны хлопец, быў улюбёнцам усяго аддзела. Яму то Нарбут давяраў найрызыкоўнейшыя справы, пэўны ў тым, што той з іх смела і разважліва выйдзе.

Пасля адходу Пілецкага наступіла ціша, якой нават маскоўская труба не прарывала. Толькі сэрцы біліся хутчэй. Нарбут перабягае ўздоўж усёй лініі з шашкай у адной і шапкай у другой руцэ, спыняецца, слухае і зноў выглядае, ці ўсе на месцы.

Страшную цішу неспадзявана разрываюць гукі некалькіх стрэлаў, загралі трубы і даляцела: "Ура-Ура", якое лес падхапіў і на тысячу таноў паўтарыў. Зашамацелі кусты, і з стрэльбамі, якія яшчэ дыміліся, выскачылі нашы рэкагнасцыроўшыкі. Твары белыя, дыханне прыспешанае: "Пане начальнік! Ідуць шасцёркамі, лінія вялізарная, займаюць крылы!" - Добра! На месца! Ціха... ніякіх галасоў! Хто крыкне - расстраляю! Страляць прыцэльна! Чакаць, пакуль не загадаю! Каб мне ніхто не піскнуў! А ад стрэлаў маскоўскіх здавалася, што ломіць лес, кулі капаюць зямлю. Ужо сям-там чуваць: "Езус, Марыя! Правядзіце мяне на воз!" Але загадана не страляць. І кожны сэрцам, што гучна б'ецца, з стрэльбай наперад чакае, пакуль яму пакажацца маскаль.

Гулка грыміць лес. Стрэлы і крыкі ў 100 раз гусцейшыя і бліжэйшыя, ломяцца галіны, чуваць рух цяжкай масы. Праз хвіліну ўбачым маскоўцаў, а перад намі прасека, ціхая аблітая сонцам.

Замігалі шэрыя шынялі, бліснула зброя і белыя акруглыя аблочкі на фоне лесу. Маскалі займаюць супрацьлеглы край прасекі. Хаваюцца за дрэвы, але наперад, нягледзячы на загады афіцэраў, не рухаюцца. Відаць, іх непакоіць ціш з нашага боку. Нарэшце з трэскам і стрэламі рухаюцца шасцёркамі. Была то хвіліна збавення, сэрцы біліся гвалтоўна, яшчэ 40 крокаў і вытнуць у штыкі, але раздаўся знаёмы нам моцны голас: "Агонь, хлопцы, усёй лініяй!" І ад канца да канца праляцеў выбух больш сотні стрэлаў, а потым ціша і дым.

Не граюць трубы, маўчыць "Ура!".

- Добра, добра, спраўна, набіць зброю, востра, хлопцы! - гукае расчырванелы Нарбут, абабягаючы ўсю лінію.

Зноўку граюць трубы, і чуваць маскоўская каманда, зноўку грымяць стрэлы і: "Ура, вперёд, ребята!". Ломяцца кусты. Прымушаныя, гнаныя сілай паслушэнства, кідаюцца маскалі галавою ўніз з штыкамі наперад. Ужо, ужо сядзяць нам на карку. Яшчэ хвіліна - і ўсе кінемся наўцёкі. Але на выгук: "Агонь, прыцэльна!" запаляюцца 150 стрэльбаў на нашай лініі. Воблака дыму закрывае ўсё, уціхае трэск, чуваць толькі енкі параненых і канаючых з абодвух бакоў.

Але не доўга трывае цішыня, падходзіць падмога. Зноў заенчыў лес, стрэлы, крыкі, паніка... Даём агню некалькі разоў, яшчэ трымаемся. Раптам пабегла левае крыло, зламанае націскам маскалёў, стараемся ўтрымацца, але ўжо позна. Кідаемся направа, за малое балотца, дзе ўсё фармуецца вакол начальніка. ...Агонь аддаляецца, чуваць толькі адзіночныя стрэлы, галасы ціхнуць, лес замаўкае, ціша, але як яна адрозніваецца ад ранейшай. Бітва скончылася. Пунцовае сонца села за лесам. Здалёк даходзіць да нас глухі шум размоў, водгалас трубы і ад часу да часу далёкі стрэл. Ноч..." - Цыт. па Суднік Станіслаў. Людвік Нарбут // Наша Слова № 37 (1084) 12 верасня 2012 г.

[5] Па рускай версіі, для пошуку паўстанцаў, быў пасланы на другі бераг выведнік. Вярнуўшыся, ён расказаў, што за ракой ёсць пікет паўстанцаў. Выведніку з мясцовых не асабліва давяралі, і таму штабс-капітан Рэнвальд, камандзір 1-й стралковай роты, вызваўся праверыць гэтае данясенне. Пераапрануты паляўнічым, ён ўзяў з сабой стрэльбу і сабаку і, сеўшы ў човен, загадаў двум веслярам, таксама ўзброеным стрэльбамі, плыць уніз па рацэ. Пад'ехаўшы да таго месца, дзе першы выведнік бачыў пікет, афіцэр выйшаў з лодкі і пачаў аглядаць процілеглы бераг, быццам бы адшукваючы дзічыну, і неўзабаве ўбачыў пікет інсургентаў. Складзеныя ў сошкі стрэльбы з развешанай на іх бялізнай даказвалі, што паўстанцы не чакалі з'яўлення выведніка. Аднак вартавы заўважыў Рэнвальда і прыцэліўся ў яго, тады афіцэр хутка знік з берага, дабег да чоўна і паплыў да сваіх. - Цыт. па История Лейб-гвардии Павловского полка. СПб., 1890. С. 418.

[6] Па іншай версіі - Адам Карповіч. Менавіта з дапамогай падкупленых сялян Адама Карповіча і Антона Талікоўскага (ці Талочкі), былі знойдзены сляды інсургентаў і потым здраднік Адам Карповіч ад сялян дазнаўся, што аддзел Нарбута знаходзіцца ў Дубіцкай пушчы каля возера Пеляса і данёс Цімафееву - Гл. [6] Karbowski W. Ludwik Narbutt. Życiorys wodza w powstaniu styczniowem na Litwie. 1935. S. 111-119.

[7] 1 чэрвеня па прысудзе Нацыянальнага Ўраду ў вёсцы Мантаты быў павешаны Адам Карповіч. Потым былі запісаны апошнія словы Карповіча, і мы ведаем на якой мове паўстанцы размаўлялі паміж сабой. Калі інсургенты шукалі вяроўку, каб павесіць здрадніка, ён сказаў ім літаральна наступнае: "Паны, нашто шукаеце вяроўку, я маю дзяжку, тай павесьце", у польскім тэксце кнігі за гэтымі словамі, запісанымі лацінкай, ідзе пераклад на польскую мову. Здраднік вісеў два тыдні перад хатай Баневіча ў Мантатах, пакуль яго не знялі рускія салдаты. - Гл. Karbowski W. Ludwik Narbutt. ... S. 128-130.

[8] Вакол Нарбута сабралася групка самых верных байцоў. Яны адыходзілі, падтрымліваючы камандзіра і адстрэльваючыся. На гэтую групку быў накіраваны агонь большай часткі салдатаў. Амаль што ўсе, хто быў разам з Нарбутам, былі забіты. Апошнімі да палкоўніка падбеглі Уладзіслаў Клімантовіч і Севярын Якубоўскі, яны і пачулі яго апошнія словы: "Dulce est pro patria mori" ("Салодка памерці за Радзіму").

[9] Паўстанцы, загінуўшыя пад Дубічамі:

1. Нарбут Людвіг, 32 года

2. Бразоўскі Аляксандр, 32 года, лекар з Гурнофеля.

3. Бразоўскі Францішак, 35 гадоў, жыхар Гурнофеля.

4. Грэмза Казімір, 25 гадоў, селянін з Ліпкунцаў.

5. Губарэвіч Стэфан, 35 гадоў, жыхар Галавічполя

6. Едка Станіслаў Ян, 22 года, жыхар Петрашунцаў.

7. Краінскі Леон, 35 гадоў, жыхар Грышанішак,

8. Пакемпіновіч Юзаф, 22 года, студэнт Кракаўскага універсітэта.

9. Паплаўскі Уладзімер, 28 гадоў, жыхар Капцюха.

10. Скірмунт Томаш, 30 гадоў, з Піншчыны.

11. Тарашкевіч Ігнат, 38 лет, фельчар з Ліды.

12. Жукоўскі Уладыслаў Вандалін, 27 лет, жыхар Лацка.

13. Адам, прозвішча невядома, сябар Нарбута.

[10] Успаміны напісаны да 1914 г. 70 гадоў магіла паўстанцаў выдзялялася толькі адным каменем з надпісам "Лявон Краінскі, 1863", які ўсталявала сям'я аднаго з 13 пахаваных тут паўстанцаў. У 1933 годзе, па ініцыятыве жаўнераў і афіцэраў 76 Лідскага палка пяхоты ў Дубічах паставілі помнік памяці Людвіка Нарбута і палеглых паўстанцаў. Сродкі на яго пабудову былі сабраны спецыяльным Камітэтам Лідчыны, на чале якога стаяў генерал Эдвард Рыдз-Сміглы. Праект помніка выканаў Фердынанд Рушчыц.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX