Папярэдняя старонка: Мемуары

З долі і няволі. Успаміны выгнанкі 


Аўтар: Табенская Альжбета,
Дадана: 19-11-2023,
Крыніца: Табенская Альжбета. З долі і няволі. Успаміны выгнанкі // Лідскі Летапісец. 2020. № 2(90). С. 74-82.; 2020. № 3(91). C. 69-72.; 2020. № 4(92). С. 92-96.; 2021. № 1(93). С. 61-64.; № 2(94). С. 80-84.; 2021. № 3-4(95-96). С. 75-84.; 2022. № 1-2(97-99). С. 39-42.; 2022. № 3-4(99-100). С. 88-92.; 2023. № 1(101). С. 66-72.; 2023. № 2(102). С. 76-80.



З долі і няволі

Успаміны выгнанкі [1]

Сям'і, сябрам, суайчыннікам

і ўсім сваім вучням і вучаніцам,

а таксама ўнукам і ўнучкам

прысвячае

бабуня А. Табенская.


Не заўсёды бяжыць жыцце,

Роўненька прастуе,

Не заўжды яго дзясніца

Шчасце нам рыхтуе.

Для адных - дык светла, ціха,

Слодыч успамінаў,

Для другіх - нядоля, ліха,

Быццам Бог іх кінуў.

А ўсё ж з дзённіка выгнанкі

Шмат для павучання

З чорных ночаў, шэрых ранкаў

Возьмеш пры жаданні.

Нават сёння з тых цярпенняў

І шляхоў нядолі

Возьмем новым пакаленям

Моц для новых ролляў.

Мала думаць, мала марыць,

Справы, справы трэба:

Мужных чынаў, цяжкай працы...

Рэшту дасць нам неба.

J. S.

Да чытачоў

Толькі той, хто правёў доўгія гады на выгнанні, далёка ад Бацькаўшчыны - сям'і і суайчынікаў - у болі і тузе, толькі той здалее зразумець, якім шчасцем ёсць вяртанне на радзімую зямлю!

Бо каго зычлівасць родных, прыяцеляў, знаёмых і нават незнаёмых суайчыннікаў прывітае так цёпла і сардэчна, а спагада высакародных людзей сваёй апекай так аточыць, як мяне - выгнанку, якая вярталася на Бацькаўшчыну, атачыла, той забудзе пра боль мінулага. Дабраславенна для Бацкаўшчыны жыць, працаваць і цярпець, дабраславенна вярнуцца на яе лона, каб пры гаснуўшым ужо жыцці пачувацца блізка да сэрца Маці і засынаць з той думкай, што спачынеш сярод сваіх - на лоне радзімай зямліцы.

Вільня - мая радзімая! Кракаў і Варшава ў абдымкі свае мяне прынялі!... Загаіліся тут крывавыя язвы, і раны сэрца супакоіліся ад болю... Варшава на працягу дванаццаці гадоў дала мне ўсё, што патрэбна для душы і цела. Маю тут да канца жыцця прытулак, і плямяннікам маім, сіротам па бацьку-выгнанцу ў прыстасаванні да працы дапамагаю. І Кракаў тых кроўных маіх абдорвае. Вільня, сама ў нядолі, хоць не можа дапамагчы, памяццю сваёй і зычлівасцю суцяшае і абдорвае.

Кроўныя мае, плямяннікі, унукі і ўнучкі, прыяцелі, вучні і вучаніцы, старэйшыя, малодшыя і дзеці з захапленнем і спачуваннем слухалі мае апавяданні, а паколькі я не магла ўсіх сабраць і ўсім, хто хацеў мяне пачуць, распавесці, абяцала, што некалі пра долю маю і нядолю напішу.

Жыццё кацілася цяжкім колам, і акалічнасці не складваліся спрыяльна, таму абяцанне маё не магло ажыццявіцца раней. Думкі той, аднак, я не пакінула і прагнула з маіх успамінаў аснаваць змест беднай, але праўдзівай гісторыі жыцця. Дзеці любяць чытаць цікавыя, поўныя казачных і выдуманых здарэнняў аповесці - чытаюць столькі, чаму ж бы не мелі прачытаць некалі і тое, што было праўдай і пераплялося не ружамі, а цернем.

Няздарнае гэтае маё пісанне сёння, можа, з ні адной крытыкай не спаткаецца. Можа, таксама, ні адно халоднае сэрца не зразумее і не ўспрыме той думкі, якая мной кіравала. Знойдуцца аднак і такія, якія прачытаўшы ўспаміны выгнанкі, параўнаюць сённяшняе жыццё з днямі мінулага і зразумеюць, што нават такой дробяззю, такой пясчынкай, як мае ўспаміны, пагарджаць не трэба, бо і са спаеных пясчынак паўстаюць горы, а з жыцця адзінак сплятаецца жыццё народа.

Не вымагайце ад гэтай маёй працы дасканаласці, калі сонца заходзіць - цемра распасцірае навокал свае крылы. Калі жыццё дагарае, цямнее ўжо розум, гасне зрок, тупее слых, пяро дрыжыць у руцэ, і думка не мае крылаў для палёту. Сэрца, адно сэрца б'ецца аднолькава, адной любоўю да Бацькаўшчыны гарыць, адным няктарам нязломнай веры напіваецца. Гэта сэрца не ўцішанае, ні супакоенае, гэта сэрца яшчэ і цяпер у змроку гадоў сівой старасці прагне дзейнасці, і яно прагне падаць унукам з шэрых успамінаў тоненькую тканку.

Прыміце ад мяне тое, што вам магу сказаць: "Чым хата багата - тым рада".

І будзьце перакананыя, што да апошняй хвілі жыцця вас кроўных - далёкіх і блізкіх - і ўвесь мой народ, усю Бацькаўшчыну любіла і люблю горача і шчыра.

Бо да вас, малодшых, да моладзі звяртаюся з сардэчнай просьбай: "Любіце Бога, святую веру, Бацькаўшчыну і цноты! Шануйце час, як рэч найдаражэйшую, бо за кожную хвіляй маем здаць справаздачу перад Богам, і з кожнай хвіляй жыццё наша праходзіць, а чалавек ёсць панам толькі гэтай хвілі. Хвіля, якая прыйдзе, - няпэўная, а якая прайшла - не вернецца. Будзьце паслушнымі бацькам і старшым, бо непаслушэнства, з якога звычайна паходзяць кепскія ўчынкі, засмучаюць іх і аддаляюць ад вашага дома Божае дабраславенства!"

Пасля майго вяртання ў край я са смуткам заўважыла, што цяпер наступілі вялікія змены ў паводзінах дзяцей адносна старэйшых. У мае часы дзеці мусілі слухаць старэйшых і ісці за воляй дасведчаных людзей. Сёння бацькі стараюцца ўгадваць думкі сваіх дзяцей, дагаджаць ім, і старэйшыя паддаюцца, каб імі кіравалі капрызы дзяцей.

Страх Божы, які ёсць пачаткам усялякай мудрасці, быў прышчэплены нам змоладу. Сёння шырыцца ігнараванне рэчаў святых і вялікіх, а моладзь мае сэрцы, перапоўненыя самалюбствам. Гультайства і фанабэрыя ўзялі верх над прастатой і працавітасцю. Ідэалы сёння высмеяны, матэрыялізм пастаўлены на першае месца. Жыццё сёння не сягае ў глыбіню духу - у думку і сэрца, не шукае праўдаў - ахвяраў і вялікіх чынаў, а задавальняецца тым, што лёгкае, зручнае і выгаднае. Вы, хто ёсць будучыняй народа, глядзіце ўважліва, каб з пустатой у сэрцы і душы не ісці да таго заўтра, пра якое ніхто не ведае, якім яно быць можа.

Некалькі гэтых думак маіх няхай будуць вам перасцярогай і развітаннем. Маё сонца нахілілася да захаду, неўзабаве згасне, ваша няхай узыдзе высока і азалоціць праменямі цноты - любові і веры - вас і любую Бацькаўшчыну.

Развітваюся з вамі ўсімі, даючы невялічкі падарунак і дабраславенства, накрэсленая дрыжачай рукой. Любіўшая вас да апошняй хвілі жыцця цётка і бабка

А. Табенская.

9 чэрвеня 1897 г.

І

Бацькі мае, Тэкля з Навіцкіх і Міхал Табенскі мелі малую вёску Рудаў у Віленскай губерні, Лідскім павеце, Васілішскай парафіі. Вёска тая была за 4 вярсты ад касцёла, у які мы ездзілі разам з бацькамі ў нядзелі і святы. Ад вёскі вяла дарога да прыгожага ляску, які называўся барком, барок гэты, малы абшарам, меў выдатныя сосны са стваламі такімі тоўстымі, што нас чацвёра дзяцей, узяўшыся за рукі, абняць іх не маглі. Праз барок праходзіў шырокі гасцінец з парафіяльнага мястэчка Васілішкі на Забалаць. У барку, які быў для нас наўлюбёнейшым месцам забаваў, сядаліся мы летняй парой з бацькам, і ён нам у той час апавядаў шмат прыгожых і цікавых рэчаў.

Бацькі нашы, сумленныя і працавітыя людзі, якія карысталіся павагай навакольных жыхароў, дзяцей сваіх выхоўвалі сурова; грымасы, капрызы, непаслухмянасць бацькоўскім кодэксам былі нам забароненыя, а няхай бы толькі бацечка на нечым падобным нас злавіў, адразу была ў рабоце розга, бо па-першае: "Розгай Дух Святы дзетачак біць раіць!" Наколькі памятаю, было нас у той час у доме чацвёра дзяцей: найстарэйшая сястра Віцуся, жывая, смяшлівая, вясёлая, але, нажаль, слабая на розум. Бедная сястрычка, маючы ледзве чатыры гады, упала два разы са стала на галоўку і так нешчасліва, што адразу анямела. Толькі праз некаторы час мова пачала вяртацца, але ўжо нейкая невыразная: розум відочна аслаб, бо бедалага паняцця ні пра што не мела, і не можна было яе навучыць ані чытаць, ані пісаць, ані нават лічыць да дзесяці. Другая сястра Амілька была добрым дзіцяткам і свааёй мілай знешнасцю латва да сябе сэрцы прыцягвала. Была яна фаварыткай нашай маці і кузінаў, якія нас адведвалі летам. Потым па чарзе ішла я, а за мной Костусь, вельмі растаропны і добры хлапчына. Найстарэйшага брата Аляксандра ў гэтую эпоху я не памятаю, быў ён у кузіна нашай маці Фрыдэрыка Нарбута, дзе яму было не вельмі добра. Алесь вярнуўся дадому вялікім ужо хлопцам, з якім мы, дзеці, баяліся прывітацца. Праз нейкі час прыбыў нам яшчэ адзін брацік, якому на святым хрышчэнні далі імя Цыпрыян. Дзядзіна наша, прысутная на хрысцінах, сказала маёй маці, што возьме мяне на выхаванне; я не разумела яшчэ значэнне гэтага выразу, але з падказкі маці за абяцанне падзякавала. З гэтага часу я пачала вучыцца чытаць, навука ішла някепска, а калі яшчэ знаёмы пан Бернатовіч падараваў мне малюткую святую гісторыю з малюнкамі, радасць мая не мела межаў. З цікаўнасці да значэння малюнкаў я ўчытвалася, хоць з цяжкасцю, у маю кніжачку, шкадавала Авеля, аплаквала яго смерць, гневалася на Каіна, цешылася, што Ісак пазбег ахвярнай смерці, а потым з нецярпеннем чакала прыходу бацькі на абед, каб яму распавесці, што ў маёй кніжцы вычытала.

Бацька наш быў вельмі заняты сельскай гаспадаркай, аднак у вольныя хвіліны, калі мы з Костусем падбягалі да яго, тлумачыў нам сельскую працу, вучыў, як называецца начынне і для чаго служыць; як зерне сеецца і якія стадыі праходзіць, пакуль не ператворыцца ў смачны хлеб. Гаварыў нам бацька пра дрэвы і кветкі, плады, грыбы і ягады, а я, даведаўшыся, што ўвесь гэты свет, такі прыгожы, створаны рукою Бога, набралася ўяўлення пра дабрыню і ўсемагутнасць божую; пастанавіла любіць таго добрага Творцу, старанна вучыцца і навучаць іншых, як мяне мой бацька навучаў. Маючы пяць гадоў, я ўмела ўжо чытаць, таму дарагая маці мая вырашыла, што я павінна вучыцца працы. Першая праца была работа на двух прутках, патлумачаная маці і бацькам, які яе сам так добра ўмеў, што і мяне вельмі хутка навучыў. З таго часу што дзень давалі мне пэўнае заданне, па сканчэнні якога я магла рабіць, што захачу. Таму я з любімым брацікам Костусем гуляла і размаўляла; сёстры Віцуся і Амілька любілі займацца гаспадаркай, наймілейшая для нас усіх аднак забава была вясной і летам у агародзе. Быў там велізарны дуб, разложысты, з пнём, спарахнелым унізе. З дапамогай пастушка нашага Юзафа Лапешы і габрэя Мендалька, чые бацькі ў нашага бацькі арандавалі карчму, якая знайходзілася пры гасцінцы, ачысцілі дуб унутры і зрабілі канапку з дзёрну. У тым салоне мы гулялі ў госці, наносілі сабе візіты, спраўлялі прыёмы, на якіх фігуравалі моркаўка і рэпка, парэзаныя на танюткія кружочкі, што замянялі цукеркі; кавалак дошкі служыў за паднос, а ліпавыя і іншыя лісты - за сподкі; дадаваць не трэба, што нажы і відэльцы мелі натуральныя. Часам мы мелі больш пышныя прыёмы, калі любімы наш дзядуня, Алойзы Табенскі, прыносіў нам сапраўдных абаранкаў; дзядуня быў госцем нашым наймільшым, у дадатак да прыемнай постаці такі добры, лагодны, ніколі не бачыла, каб ён гневаўся. Не было для нас больш прыемнай гасціны, як ва Укольніках у дзядуні і дачкі яго Матыльды, якая з мужам і двумя дзецьмі: Юзем і Зосяй жыла пры дзядулі.

І зноў неўзабаве адбылася ў нас новая змена. Пан Бог даў нам маленькага браціка Мечыслава, цяпер ужо ў добрым веку ксендза каноніка, які жыве ў Рызе. Да хрышчэння яго трымалі Аўгустын і яго жонка Навіцкія, вельмі сумленыя людзі і шанаваныя нашымі бацькамі, Францішак Якімовіч і яшчэ адна кума, чыё прозвішча не памятаю. З гэтай урачыстасці адна акалічнасць асабліва ўрэзалася мне ў памяць: неяк перад хрышчэннем ніхто не падумаў пра выбар для браціка патрона - калі пры цырымоніі ксёндз запытаў, якое імя будзе мець дзіця, хрышчоныя бацькі, не падрыхтаваныя, адразу не адказалі, я ведаючы ўжо трохі польскую гісторыю і палюбіўшы Мечыслава І за ўвядзенне святой веры ў наш край, з усёй сілы закрычала:

- Мечыслаў!

Тады ксёндз зрабіў заўвагу, што яшчэ павінны абраць другога, больш вядомага святасцю патрона - я зноў адазвалася:

- Францішак, - бо гэта было адно з імён хрышчоных бацькоў, пана Якімовіча.

На хрышчэнні браціка Меці прысутнічаў кс. Дамінік Бурачэўскі, апошні з аа. дамініканцаў васілішскага кляштара, які даўней належаў аа. францішканцам.

(У тым кляштары жыве цяпер нейкі бацюшка са сваёй сям'ёй. Васілішскі касцёл аддадзены пад царкву, так выслужыўся кс. Сільвестр Шмігер, тамтэйшы пробашч. Бо мог абараніць васілішскі касцёл ад забрання, калі прымусілі да вырашэння таго, які касцёл мусіць быць ператвораны ў царкву - ці гэты дамініканскі, абдараны ад святой сталіцы многімі ласкамі і святамі, які меў цудоўныя абразы Маці Божай у вялікім алтары і святых панскіх з двух названых ордэнаў - ці той малы, стары касцёлік, прылеглы да плябані і аддалены ад мястэчка Васілішкі за вярсту? Пробашч, нягледзячы на моцныя просьбы і ўгаворы васілішскіх жыхароў, нягледзячы на тое, што хочучы захаваць касцёл сабралі складкі ў памеры 2000 рас. руб. для спраўніка, які таксама хацеў гэты касцёл уратаваць, пробашч той, ад якога залежала выказванне просьбы, згадзіўся, нажаль, аддаць васілішскі касцёл! І бедалага за ўчынак свой пры жыцці ўжо пакутуе! Жыццё сваё праводзіць у апошняй нястачы, не маючы нават за што купіць папяросаў, так што толькі недакуркі па падлозе збірае! Такія дзіўныя, але справядлівыя дзеі Боскія.)

Ад часу, калі нам прыбыў наймалодшы брацік, найбольшай уцехай Костуся і маёй было сядзець пры ім, прыглядваць за ім і марыць, кім гэта ён будзе, як вырасце. Аднаго разу, прыйшоўшы на звыклае наша паседжанне, мы засталі маці моцна плакаўшай; на від яе смутку і мы пачалі плакаць, а маці нам сказала з болем:

- Няма ўжо дзядзевай нашай, памерла! Малыя яе сыночкі сіротамі засталіся.

Мы прасілі нашую матухну, каб супакоілася, а калі гэта не дапамагло, пабеглі да бацькі, які, апавешчаны пра няшчасце, ішоў якраз дадому. Расказалі яму пра смутак маці і прасілі распавесці нам, чаму дзядзіна памерла, што з ёй цяпер будзе, што значыць быць сіротамі? Бацька ў кароткіх словах нам тое вытлумачыў, за што мы яму былі ўдзячныя, бо ў нашым узросце (я мела 8 гадоў, а Костусь - 5) нашыя паняцці ў другі свет яшчэ не сягалі. Неўзабаве за гэтым прыехаў да нас дзядзька Навіцкі, смутны, бледны. Маці наша прывітала яго не з радасцю, як звыкла, а са слязамі. Пасля прывітання дзядзька сказаў:

- Жонка мая абяцала табе, сястра, узяць на выхаванне Альжуню тваю. Бог у мяне жонку забраў да сябе, а без яе не магу выхоўваць дзяўчынку. Хачу, аднак, выканаць тое яе пажаданне, таму прашу: дайце мне на выхаванне Костуся. Я буду мець пры маіх хлопцах прыстойнага старога француза, які будзе заўсёды з дзецьмі; Марыся - добрая кабета, кухарка, жонка Міхала будзе іхняй нянькай, я буду старацца і маці ім замяніць.

Дзядзька і наша маці пачалі плакаць абое, сардэчна абдымаючыся, маці падзякавала дзядзьку, гаворачы аднак, што не ведае, ці бацька згодзіцца. Мы не ведалі, ці з таго цешыцца, ці смуткаваць, але тое, што бацька наш можа праект не дазволіць, вельмі нас зацікавіла. Маці наша даручыла нам знайсці бацьку і папрасіць яго, каб прыйшоў дадому пабачыцца з дзядзькам. Мы заўважылі, што бацька зрабіў гэта неахвотна; маўчаў, калі мы расказвалі пра тое, што дзядзька сказаў маці, а прыйшоўшы не прывітаў дзядзьку з прыязню. Дзядзька адразу ж абазваўся:

- Ведаеш, пане Міхале, пра маё няшчасце?

- Няхай вас пан Бог суцешыць, пане Тадэвушу.

- Я прыехаў да вас з тым, каб узяць вашага Костуся на выхаванне; здольнае гэта і да навукі ахвотнае дзіця, дам яму адукацыю, разам з маімі сынамі выхаваю, і, дасць Бог, выйдзе на чалавека.

- Гэта добра, - адказаў бацька, - але мне хацелася б, каб я мог сам вывесці яго на чалавека; гэта маё любімае дзіця, здольнае, разумнае, да навукі ахвотнае! Хацеў бы, каб атрымаў адукацыю, але не ў стане даць яму яе, а ласкі ад нікога прыняць не хачу! Няхай гэтае дзіця застанецца пры мне, няхай я лёсам яго пакірую, я бедны, няхай і ён будзе бедны. Навучыўшыся панскага побыту, можа б старым бацькам пагарджаў бы! Будзь здароў, пане Тадэвушу, не дам пану Костуся!

І выйшаў без развітання вельмі ўзбуджаны. Дзядзька ад таго амаль змяртвеў, маці яшчэ больш. Мы чулі потым, як бацькі размаўлялі паміж сабой павышанымі галасамі, як бацька закрычаў з абурэннем:

- Брацік твой - пан, а я - шляхціц, я не хачу яго ласкі, няхай аддасць твой пасаг, і я дам Костусю адукацыю.

Скончылася, аднак, на тым, што аддаў Костуся да дзядзькі, сказаўшы маці:

- Вязі сама Костуся, я да браціка твайго не паеду, скажы яму, што нага мая ў дом яго ніколі не ступіць!

Праз пару дзён дарагая матуля, забраўшы Костуся і мяне, паехала ў Валэйшы, маёнтак дзядзькі. Не спадабаўся мне яго дом; быў непараўнальна большы за наш, але неяк цёмна ў ім было і не так весела, як у нас. Сынкі дзядзечкі то былі прыгожыя, далікатныя хлопчыкі; Костусь быў на многа мацнейшы, меў не такія прыгожыя і далікатныя рысы твару, цела цёмнае і рукі цёмныя, што пры Уладзю і Эмануэльку тым больш было відно. Абедалі ў дзядзькі; пасля яго затрымаліся яшчэ на хвіліначку; надышла нарэшце хвіля ад'езду, мы развіталіся з Костусем, які, уражлівы з натуры, з вялікім жалем з намі расставаўся, і адны ўжо вярнуліся дадому

Некалькі тыдняў прамінула, а я браціка майго любімага не бачыла! Я займалася цяпер больш работай; навучылася абрабляць хустачкі для носа, рабіць на пяці прутках усю панчоху - занятая моцна працай часу не мела на нуду. Праз некалькі тыдняў мы ўбачылі прыехаўшага дзядзьку з трыма хлопчыкамі, адзінакава прыбранымі. Што за радасць была для нас і для Костуся! Нацешыцца не мог, калі бачыў бацькоў і нас усіх; абдымаў нас цалаваў, хацеў расказаць адразу, чаму навучыўся, колькі ад дзядзькі чуў розных рэчаў, розных апавяданняў і аповесцяў. Пастаянна быў пры бацьку, дэкламаваў яму вершыкі, апавядаў, што бачыў чуў. Нарэшце задаў пытанне:

- Бацечка, я ведаю, што гэты дом, гэты барок, гэтыя пчолы - гэта наша, але няхай мне татусь скажа, чаму я ў дзядзькі? Ці мяне бацькі дзядзьку прадалі ці падарылі?

- Не, мой любімы, - адказаў бацька з перажываннем, - ані мы цябе падарылі, ані прадалі, толькі далі мы цябе дзядзьку на выхаванне, каб вучыўся і быў разумны - і бачыш, што ў такі кароткі час многім ужо скарыстаўся, а цяпер, як будзеш добра ўмець чытаць, як дзядзька возьме адукаванага настаўніка, які цябе ўсяму навучыць!

Пацалаваў яго бацька, абняў, як найчулей і не гневаўся ўжо на дзядзьку, бачачы, як Костусю ў яго карысна.

Дзядзечка сказаў бацькам, што не можа пасля смерці жонкі жыць у Валэйшах, што яму невыносна смутна, а вырашыў і даў слова ўміраўшай жонцы, што сам будзе клапаціцца над выхаваннем сваіх сыноў. Не могучы тыя дзве рэчы прымірыць, прадае Валэйшы і мае намер узяць маёнтак Любар у арэнду ад князя Юзафа Любэцкага, які жыве ў Шчучыне, парафіяльным мястэчку, якое з'яўляецца яго ўласнасцю. Была там некалі слаўная школа аа. піяраў, дзе вучыліся наш дзядзька і амаль усе жыхары нашага павета, з якіх, падобна, ужо ніхто не жыве. Бацькі мае прызналі слушным, што дзядзька зменіць Валэйшы на Любар, бо першыя прыгняталі яго балючымі ўспамінамі, а другі прыпамінаў яму любы школьны час. Дзядзька пакінуў сваіх хлопчыкаў у нас, а сам паехаў у Шчучын для заключэння дамовы з князем Юзафам Любэцкім. Мы вельмі абрадаваліся, што брацікі засталіся з намі, забаўляліся весела, і ніколі нам для забаваў тэм не забракла. Праз некалькі дзён дзядзька вярнуўся і сказаў, што ўмова ўжо заключана і што ён неўзабаве выедзе ў Любар. Выезд той неўзабаве наступіў; забраў дзядзька і нашага Костуся, з якім мы ад таго часу бачыліся толькі на ўрачыстыя святы, у час якіх дзядзька разам з сынкамі і брацікам нашым звык нас адведваць.

Мы ж пачалі патроху вучыцца. Маці наша старалася даць нам нейкае такое выхаванне, каб мы пры заможных нашых сваяках не выдзяляліся невуцтвам.

У Шчучыне быў кляштар Сясцёр Міласэрнасці, фундацыі графіні Сцыпіён, бабкі князёў Юзафа і Аляксандра Друцкіх-Любэцкіх. Манахіні мелі ў тым кляштары школы: адна называлася "Клас польскі", другая - "Клас французскі". З гэтага кляштара маці прывезла маладую, прыгожую і ветлівую паненку, якая мела быць у нас на канікулах, а пазней выехаць на ўмоўленую пасаду. Паненка тая нам падабалася, але не было ад яе ніякай карысці; маладзенькая, сама не ведала, што мела з намі рабіць; пазней была другая, старэйшая за яе, тая вучыла нас патроху, але несумленна, нядбала, больш была занята ўласнай работай, на нас зусім не звяртала ўвагі, мы рабілі, што нам падабалася. Бацькі з даверам уручылі ёй нас, не дапускаючы нават думкі, каб беручы аплату, можна было быць такой несумленнай. Не лепшай была і трэцяя настаўніца, якая выкладала французскую мову і музыку. Настаўніца тая няўдачна сапсавала сабе рэпутацыю падчас побыту ў апошнім сваім месцы; жыла потым у сваіх знаёмых, якія раілі ёй канешне, каб прыняла месца ў нас, пакуль якой лепшай пасады не знойдзе. Настаўніца на гэта згадзілася, маці старалася даць ёй усялякія выгоды, сабе і нам іх адмаўляючы; і так, напрыклад, мы не пілі ніколі гарбаты, для пані Марыі знайшлася яна як раніцай, так і вечарам. Дзіўныя гэта былі ўрокі з той паняй Марыяй - ніколі нам нічога не расказвала, не тлумачыла; задавала нам звычайна па 10 радкоў ці з катэхізму, ці са святой гісторыі, ці з геаграфіі, гісторыі, што выпадала ў штодзённым раскладзе ўрокаў. Потым ішла ў сад трохі пашпацыраваць, а мы павінны былі за той час урокі падрыхтаваць. Вярнуўшыся з прагулкі пыталася: "Вывучылі ўрокі?" "Вывучылі", - адказвалі мы. "Ну, то добра, назаўтра вывучыце 10 радкоў далей, якія вам пазначу алоўкам". Вось такім спосабам адбываліся ўрокі на працягу некалькіх тыдняў.

У той час дзядзька прыслаў нам малое фартэпіяна. Таму пані Марыя вучыла нас патроху музыцы, сама грала шмат і прыгожа, што рабіла нам вялікую прыемнасць. Шкада мне сваю дарагую паню Марыю, нудзілася яна ў нас, бо ніхто тут не бываў, таму што ўсе былі заняты гаспадаркай у полі.

Праз некалькі месяцаў прыехаў дзядзька з дзецьмі: радасці было - не апісаць. Настаўніца, папярэджаная пра прыезд дзядзькі, пачала нас вучыць паклонам; трэба было зрабіць тры крокі ад дзвярэй, а потым прыгожы рэверанс. Мне гэта давалася з вялікай цяжкасцю, бо я была вельмі нясмелай; таму таксама, як дзядзька прыехаў, жагналася са страху перад выхадам для прывітання. Выйшла нарэшце, а калі дзядзька паглядзеў на мяне, так жудасна змяшалася, што, забыўшы пра вывучаныя крокі і пра рэверанс, пацалавала толькі руку дзядзькі, абняла братоў і ўцякла ў другі пакой, плачучы, што ў мяне так не атрымалася.

На другі дзень папрасіў дзядзька, каб пані Марыя Каменская дазволіла яго хлопчыкам праэкзаменаваць нас з таго, чаму мы навучыліся. Пані Марыя згадзілася на гэта; мы паказалі брацікам нашы кніжкі, але былі вельмі прысаромлены, бо нічога нават пачаць не ўмелі; бедны Костусь за нас чырванеў, а Уладзя і Эмануэлак смяяліся, што не веды, а чарот ці капуста расце ў нашых галовах. Костусь і кузіны паўгода мелі вельмі добрага і сумленнага настаўніка; быў гэта студэнт былога Віленскага ўніверсітэта, 10 гадоў назад, у 1825 годзе, скасаванага царом Мікалаем І, нейкі пан Ян Мысліцкі, плямяннік шляхціца Міхала Мысліцкага, які жыў блізка ад Рудава. Вельмі разважлівы, ветлівы, настаўнік па прызванні, быў цалкам адданы сваім вучням: вучыў іх у час прагулак і пры гульні ў садзе, апавядаў ім, як які дзядуня, размаітыя, займальныя і карысныя рэчы. Кузіны нашы і Костусь за гэты кароткі час многае ўжо спасціглі, мы ж нічога наогул.

Спыніліся ў канцы на тым, што па парадзе дзядзькі неўзабаве маці адвезла мяне і Амільку ў Шчучын, бо пані Марыя атрымала вельмі добрую пасаду настаўніцы ў пані падкаморыхі Марачэўскай ва Уніхоўшчыне.

Мяне маці пасяліла ў пані Пелагеі Гурыновіч, а Амільку хацела яшчэ забраць дадому, маючы на ўвазе яе вельмі малады ўзрост. Аднак атрымалася іначай. Мы пайшлі з маці ў кляштар для дамовы са старшай паняй Ганнай Задэйкай пра ўмовы майго прыняцця; тая непараўнальна добрая кабета амаль нічога ад маіх ведаў не вымагала, а, гледзячы на Амільку, спытала ў маці, што з ёю думае рабіць. На адказ, што думае забраць дадому, бо яшчэ малая, пагладзіла Амільку па твары, гаворачы: пакінь яе пані ў нас, маем яшчэ меншую за яе. Маці з удзячнасцю прыняла гэтую прапанову, і з'явілася наступная дамова: за мяне маці нічога за вучобу не плаціла, а за Амільку, якая памяшчалася там на ўсім гатовым, маці была абавязана заплаціць збожжам, бочку жыта і гароху. Так мы пачалі вучыцца сістэматычна, дзякуючы той слаўнай манашцы. Мне добра было ў пані Гурыновіч, а Амілька мела не асабліва добраё жыццё і жыллё.

Дзіўнае ўражанне зрабіў на мяне кляштар, манашкі і іхняя прыгожая капліца, у якой мы штодзень слухалі святыя імшы. Капліца тая падалася мне як нешта надзямное, манашкі - як святыя, здзіўлялі іх пабожныя манеры, канцэтрацыя духу ў час святой імшы, прыняцце святой камуніі, усе паводзіны ў касцёле і класе. Палюбіла іх усёй душой і дагэтуль не трачу найвышшай павагі да духоўных асоб.

Амілька была ва ўступным класе, я паступіла ў першы. У адной вялізнай зале быў польскі клас, дзе шмат дзяцей і вялікіх паненак, вучылася самым розным работам. У канцы той залы вісеў абраз вялікага памеру. Пан Езус дабраслаўляў дзяцей з подпісам: "Дазвольце дзеткам прыйсці да мяне". У другім класе, які называўся французскім, насупраць уваходных дзвярэй быў павешаны абраз Маці Божай, якая пакрывала сваім плашчом грамадку дзяцей. Акрамя манашак, якія займаліся ўрокамі, настаўніцкі калектыў у Шчучыне складаўся з ксендза-бернардынца, які выкладаў катэхізм, пана Шпакоўскага, які вучыў геаграфіі, і пана Крэдыта - арыфметыка і расейская мова. Былі таксама дзве настаўніцы: пані Станкевіч, якая выкладала французскую мову, і пані Араноўская, асоба з вельмі сімпатычнай знешнасцю. Расклад дня ў нашым пансіянаце быў наступны: мы ўставалі а пятай, а палове сёмай ішлі на святую імшу ў капліцу. Перад тым аднак, сабраўшыся ў адным з класаў, мы станавіліся парамі; дзве манашкі праходзілі каля шэрагу, пытаючыся кожную з нас нешта з катэхізму, пасля чаго ў строгім парадку, парамі мы ішлі на святую імшу і ўкленчыўшы маліліся: вучаніцы французскага класа з правага, а польскага класа з левага боку. Нельга было аглядацца, размаўляць, а толькі мець увагу звернутую на алтар. Па святой імшы адна з сясцёр, містрыня 1-га класа, прамаўляла ўголас літанне да святога Вінцэнтага а Паўло, у пятніцу да Пана Езуса, а ў суботу да Маці Божай. Потым выходзілі ў парадку - пансіянаткі ішлі ў рэфектаж (трапезную), а прыходныя дадому на сняданне. Урокі пачыналіся а восьмай і ішлі да паўдня без адпачынку, а пасля абеду - ад другой да пятай. Навука мне давалася добра, я мела да яе ахвоту, пры тым мела добрую памяць і паняцце. Амільцы таксама няцяжка было, але яна хацела працы і часта ў час урокаў маленькая і міленькая хавалася паміж старэйшых і большых каляжанак, каб рабіць шыдэлкам карункі, за якія ад заможнейшых паненак атрымоўвала нешта з яды. На святы мы заўсёды ездзілі дадому, і так час ляцеў у любімым кляштары, дзе мы з Амількай прабылі два гады. Пад канец другога года нашага там побыту, перад вакацыямі, увайшла аднойчы ў наш клас начальніца, Старшая Панна, як яе ўсе называлі. Мы паўставалі, як звыкла, на яе прывітанне, а яна сказала нам са смуткам:

- Мае дзеткі, пасля вакацый вы ўжо не можаце быць у мяне! Цар Мікалай не дазваляе, каб мы займаліся вашай адукацыяй, такая, відаць, воля Божая! Напішыце вашым маці, каб прыехалі вас забраць.

Мы пачалі плакаць, а Старшая Панна сказала:

- Не плачце, любыя дзеткі, пойдзем у капліцу памаліцца і папрасіць пра апеку над намі.

Мы пайшлі ў тую ж хвілю, а з намі Старшая Панна. Наша сястра-містрыня ўголас прамовіла тры "Ойча наш", тры "Здровась Марыя" і тры "Слава Айцу", потым псалом "Хто ў апецы" і літанне да Маці Божай; пасля выхаду з капліцы мы ўпалі на калені перад выходзіўшай Старшай Паннай, 80-гадовай бабуляй, цалуючы ёй рукі і ногі, яна ўжо нічога не гаварыла і ў маўчанні пайшла да сябе.

Неўзабаве прыехала наша бедная маці: паклікалі нас да яе, у пакой, суседні з пакоем Старшай Панны. Маці нашая плакала, начальніца была сумная: улады дазволілі застацца вучаніцам яшчэ на два ці тры тыдні пасля св. Пятра, потым усіх мелі разабраць. У кляштары засталіся рэзідэнткі ці асірацелыя бабулькі, якія мелі пэўны фундуш (сродкі на ўтрыманне) і хацелі закончыць жыццё пад апекай сясцёр міласэрнасці; застаўся яшчэ польскі клас і шпіталь.

Надышоў неўзабаве час развітацца назаўсёды з мілым Шчучынам, шаноўнай Старшай Паннай і іншымі манашкамі, высакароднай паняй Гурыновіч. Шмат слёз каштавала мне гэтае развітанне. Я выехала з найпалымянейшым жаданнем закончыць адукацыю, Амілька - з ахвотай, абы ўжо больш не вучыцца. Так сталася; праз пяць ці шэсць гадоў споўніліся мае мары, аддалі мяне ў Вільню ў пансіянат для заканчэння адукацыі; у тым самым годзе Амілька выйшла замуж за геаметра (землямера) Зыгмунта Урублеўскага. Абое ўжо памерлі, і найменшая іхняя дачка Ядвіга Шмерт памерла, пакінуўшы двухгадовую сіротку Марыхну, якую маю ў думках, пішучы гэты аповед; бо 10-гадовая мая ўнучка старанна вучыцца і вельмі любіць чытаць цікавыя і добрыя рэчы.

Вярнуўшыся са Шчучына, мы былі ў доме нашых бацькоў, у тым часе Пан Бог даў нам сястрычку Антосю, на 14 гадоў малодшую за мяне. Займаліся мы пераважна работкамі, на цюлі гафтавалі ўстаўкі для падшывак; калі работа была скончана, паехала маці з намі да сваёй прыяцелькі пані Рахелі Знанецкай, якая жыла ў Хадзялоні. Пры пані Рахелі знайходзіліся яе дзве плямянніцы - Аміля і Юстына Шукевіч, дарослыя ўжо паненкі. Там вельмі часта бывалі госці, таму была арганізавана латарэя, на якой наша работка была разыграна. Усе хвалілі нашую працавітасць, старэйшыя паненкі былі незадаволеныя, бо ім цётка пры гасцях ставіла нас у прыклад.

За грошы, атрыманыя ад латарэі, справіла нам маці паркалёвыя салопкі на ваце; дасканала памятаю іх дасюль, так мне падабаліся, што думала, што ніхто падобных не мае. Канешне, ніхто не меў такіх салопак, як нашы; быў гэта, як ужо сказала, паркалік - на чорным фоне блакітныя і жоўтыя досыць вялікія кветкі; пры гэтым пашытыя былі не надта добрым краўцом Лейбкам, які меў аднак тую перавагу, што за работу браў танна, а шыў моцна, што доўга нічога не паролася.

У той час, калі мы так працавалі ў Рудаве, дзядзька Навіцкі доўга ў нас не паказваўся. Ён рабіў старанні, каб памясціць Костуся ў Берасцейскі корпус на скарбовы кошт, а сваіх сынкоў - у школу інжынераў у Пецярбург. Непрыязнь бацькі да дзядзькі ў той час яшчэ больш павялічылася - азнаёміў нарэшце дзядзька бацькоў пра свой намер; паехала маці развітацца з Костусем, а пазней бацька. Хацеў бацька забраць Костуся для развітання з дзядулем Алойзым Табенскім, але дзядзька на гэта не згадзіўся.

Пры ад'ездзе бацькі адбылася прыкрая сцэна; бедны Костусь са слязамі кінуўся да ног бацькі і крычаў з плачам:

- Ойча, забяры мяне з сабой, я хачу з дзядунем развітацца.

Бацька яго падняў і выгукнуў:

- Я не маю права гэтага зрабіць; дзядзька ёсць тваім бацькам, дабрадзеем і ўсім, а я - нічым, я нічога не магу зрабіць!

Акалічнасці склаліся так нешчасліва, што дзядзька не мог выканаць пажаданняў нашага бацькі; быў гэта балезненны ўдар, нанесены беднаму Костусю, невылечная рана, зародак маральных боляў яго сэрца. Адчуваў ён з той хвілі крыўду на маці, што аддала яго дзядзьку, крыўду на дзядзьку, непрыязнь да яго сыноў, якія не адчувалі і не ўмелі падзяліць яго пачуццяў; яго апанавала непераадольная агіда да корпуса, да вайсковай службы, адно ў ім толькі засталося любоў да навукі і любоў да Бацькаўшчыны. Пісаў бацькам сваім у лістах, каб сыноў сваіх малодшых не песцілі, бо ім цяжка будзе прывыкаць да жыцця паміж чужымі. Меў у той час гадоў 9, калі першы ліст з корпуса напісаў. Потым з войска ўжо пісаў да маці: "Я, як расліна, перанесеная на чужую зямлю, невядома мне чуласць мацярынскага сэрца, невядома пяшчота маці!" Костусь заўсёды добра вучыўся і ў 14 гадоў быў першым па вучобе кадэтам. Аднаго разу, калі сталі на муштру ў шэрагі, дяжурны афіцэр зрабіў яму суровую вымову, што мае гузікі на мундзіры кепска пачышчаныя, і, паказваючы на апошняга ў вучобе кадэта, сказаў: "Вось, бяры прыклад з яго!" Костусь на гэта засмяяўся - афіцэр паскардзіўся на яго перад генералам, і брат быў пакараны пазбаўленнем заслуг (меў званне сяржанта) і, наколькі сабе прыпамінаю, на дэградацыю з першага вучня на апошняга. Костусь гэта моцна перажываў, асабліва, калі заўважыў, што калегі пачалі трымацца ад яго наводдаль і як бы пагарджаць ім пачалі.

Пісаў тады да дзядзькі, просячы яго забраць з корпуса, што не хоча ўжо служыць у войску, а будзе ксендзам. Выцерпеў шмат, аж нарэшце супакоіўся. З корпуса кадэтаў у Берасці выслалі вучняў на два гады ў Пецярбург, у так званы Дваранскі полк, для заканчэння вучобы. Костусь пісаў бацькам, просячы іх з усіх сіл, каб прыехалі ў Ліду пабачыцца з ім у час пераезду. Ліст прыйшоў запозна! Іншыя бацькі прыехалі, ён сваіх дарэмна выглядаў, і яго чуллівае сэрца атрымала новую рану.

Калі ўжо закончыў вучобу ў Пецярбургу, перад экзаменамі было паслана са школы запытанне, ці бацькі ў стане забяспечыць сына пры выхадзе ў афіцэры гвардыі, што было першай за вучобу ўзнагародай. Папера тая праляжала на стале маршалка, не адасланая бацькам; ад іншых прыйшлі адказы. Канстанціну адказалі маўчаннем. Таму сказалі яму здаваць экзамен у артылерыю, ужо быў на палове тых з адзнакай здаваных экзаменаў, калі раптам невядома чаму перастаў на іх хадзіць. Не прыпомню, дзе ён у той час быў, дастаткова, што прыехаў да яго пасланы афіцэр даведацца, што такое сталася. Канстанцін, запытаны пра прычыну сваёй адсутнасці, адказаў, што мае парваныя боты і, не маючы за што новых купіць, на экзамен ісці не можа. Афіцэр ветліва з ім пагаварыў, ахвяраваў яму 50 рублёў, просячы па прыяцельску іх прыняць і закончыць экзамены. Паслухаў брат добрай рады, здаў экзамены, стаў афіцэрам і адразу пайшоў на Севастопальскую вайну, там настроены на смерць у любую хвіліну, атрыманае жалаванне адразу адсылаў бацькам, да якіх яго сэрца заўсёды рвалася. Мы ж у той час працавалі з Амількай, каб нешта сабраць на нашую вопратку. Я сумавала па вучобе і паўтарала штодзень патроху тое, чаму навучылася ў Шчучыне; для чытання нічога не мела, толькі кніжкі, па якіх вучылася, да гэтага яшчэ нейкія дзве кніжкі: "Пілігрымка ў Дабрамілю" і "Гісторыю Польшчы", апавяданні дзядзькі плямяннікам, знайшлася таксама аповесць Камілы Нарбут "Мечыслаў і Стэфанія", пакінутая напэўна некаторай з былых настаўніц. Я пастаянна марыла пра тое, каб быць у Вільні ў пансіянаце - бацькі, аднак, не былі ў стане гэтага зрабіць, бо ім бракавала патрэбнага фундушу.

ІІ

У 1847 годзе я з цёткай Нарбутовай (Нарбут), роднай сястрой маёй маці, выехала ў пансіянат у Вільню. Маці, занятая домам і дзецьмі, не магла ад іх ад'ехаць, даручыла мяне цётцы, якая ехала ў той бок. Падарожнічала з намі пані Гелена Замятынаўна, старая панна, касавокая і нягжэчная. Па дарозе заехалі да брата мужа цёткі Нарбутовай, і ў яго маёнтку Ракунцах затрымаліся на ноч. Змучаная падарожжам з болем галавы з радасцю прытулілася да падушкі, а смачна праспаўшы цэлую ноч, была гатова назаўтра да далейшага падарожжа. Пасля абеду мы вырушылі з Ракунцаў - на від Вільні сэрца маё дрыжала з радасці; не памятаю, дзе мы з цёткай затрымаліся, досыць, што цётка пераапранулася, і мы адразу падаліся да Германаў. Пан Герман выслухаў аповед цёткі пра незаможнасць маіх бацькоў і згадзіўся прыняць мяне з аплатай 1000 злотых (150 рас. рублёў), уключыўшы ў гэта і музыку. Была прынятая ў тую ж хвілю, трэба было яшчэ справіць мундзірчык, які цётка абавязалася выстарацца. Пан Герман паслаў па адну са сваіх вучаніц, просячы даць узор матэрыялу на сукенку. Панна Гундзісоўна з выгляду сімпатычная і гжэчная паненка, любімая вучаніца пана Германа, распавяла, дзе купіць матэрыял, па чым і каму даць пашыць. Потым, гжэчна пакланіўшыся, адышла. Пан Герман запытаў мяне, чаму я вучылася і да якога класа падрыхтаваная - адказала, што да трэцяга; адвёў мяне адразу ў той клас і прадставіў некалькім паненкам як новую каляжанку. Быў гэта пачатак школьнага года, вучаніцы яшчэ не паз'язджаліся, і ўрокі не пачаліся, таму мела трохі часу, каб разгледзецца ў маім новым становішчы. Паміж паненкамі, якіх ужо застала, была Антаніна Слепсіноўна, вучаніца чацвёртага класа, вельмі вясёлая і мілая паненка, якая пачала мной апекавацца. На другі дзень я пайшла з цёткай да краўца, потым, адведзеная ў пансіянат, развіталася з цёткай, папрасіла, каб падзякавала яшчэ раз маім бацькам за спаўненне маіх мараў і каб ім сказала, што я шчаслівая.

На трэці дзень пасля майго прыбыцця ў пансіянат пачаліся ўрокі. Класы што раз больш напаўняліся, а наш быў найбольш шматлікі. Прадметы ніякай цяжкасці мне не ўяўлялі, перажывала толькі над тым, што цяпер мне няма чаму вучыцца, а на наступны год ужо вярнуцца сюды, напэўна, не змагу. Слепсіноўна, даведаўшыся пра гэта, абяцала мне дапамагчы і парадзіла прасіць пана Германа пра перавод мяне ў чацвёрты клас. Вечарам мы падышлі пад дзверы кабінета пана Германа - адвагі мне не хапала, каб туды ўвайсці, стаю, жагнаюся, але ні кроку не раблю.

- Ідзі, ідзі хутчэй, - гукае таварышка.

- Зараз, зараз, баюся.

- Не бойся, - сказала і моцна папхнула мяне ў дзверы. Не агледзелася, як аказалася перад панам Германам, здзіўленым такім маім уваходам. Расказала яму пра маё жаданне закончыць адукацыю, што, напэўна, на другі год з-за недахопу фундушу вярнуцца не змагу, што мне вучоба ў трэцім класе ідзе за лёгка, і я пачуваюся ў сілах да вучобы ў чацвёртым класе, што толькі бяда з нямецкай, якой я не вучыла. Пан Герман дадаў мне ўпэўненасці, заахвоціў да працы.

- Рабем, што можам, - сказаў, - аддаючы будучыню ў рукі Бога.

З вялікім запалам узялася я за навуку; мы мелі ў той час 10 настаўнікаў, а з іх усіх найвысакароднейшым, найшляхетнейшым, найідэальнейшым чалавекам падаўся мне выкладчык усеагульнай гісторыі і польскай літаратуры пан Аляксандр Здановіч. Ад першага ўрока я была захоплена яго да нас прамовай і бацькоўскім прывітаннем.

- Я маю намер даць паням спазнаць важнасць і вялікасць значэння жанчыны ў грамадстве, яе місію; буду вам гаварыць пра прызванне і абавязак настаўніц, пра цяжкую барацьбу з перашкодамі ў выхаванні дзяцей, вам давераных, пра працу над уласным удасканаленнем у навуцы, пра пастаянны канроль над сабой. Кожная з вас няхай уважае сябе сама за істоту, давераную вам Богам, пра якую вы павінны клапаціцца, удасканальваць і дарогай цноты весці да вечнага жыцця. Ваш прыклад павінен ім заўсёды свяціць, вучачы іх любові да Бога, Бацькаўшчыны і бліжняга. У сэрцы іхнія засявайце зерне цнот, а навукай удасканальвайце і ўзбагачайце мысленне - шануйце пры тым заўсёды здароўе, час і зароблены грош.

Заплакаў, закончыўшы сваю прамову, і з усяго класа адазваліся галасы падзякі і ацэнкі яго добрых жаданняў і абяцанні, што словы яго захаваем заўсёды ў сэрцы і памяці. Які быў пачатак, такі быў і кожны ўрок А. Здановіча; прыносілі яны карысць для нашых сэрцаў і думак. Я вучылася заўзята, мела па ўсіх прадметах годныя балы апрача нямецкай, якая прыносіла мне ў дар тройкі. З дапамогай добрых каляжанак і гэта ішло неяк так, магла гэтай мове прысвяціць больш часу і працы, бо іншыя прадметы ўспрымала з лёгкасцю. Аднак часта галаўныя болі абцяжарвалі вучобу і кепска адбіваліся на маім здароўі. Патрыятызм у нашым пансіянаце быў моцна развіты; сам с.п. Ян Герман, хаця і гаварыў ломанай пальшчызнай, быў усёй душой палякам, займаўся нашымі палітычнымі справамі, а калі даведваўся нешта новае і важнае, дзяліўся тымі весткамі з вучаніцамі IV класа. Дачка яго Аўрэлія, надзвычай таленавітая, энтузіястка, пры тым патрыётка ў найвышэйшай ступені, была аточана людзьмі мастацтва і моладдзю, пранікнутая святым запалам любові да Маці-Айчыны, запал той удзяляўся і вучаніцам, развіваў іхнюю думку і ўдасканальваў сэрцы. Адна з вучаніц Анеля Бакшанская, пісала дзённік, у якім выказвала думкі і пачуцці свае і атрыманыя ўражанні ад таго, што чула з вуснаў пані Аўрэліі і ксендза Васыньскага.

Быў гэта 1848 год. У папярэдні год выехала тая вучаніца на канікулы да сваіх бацькоў, сельскіх жыхароў. Быў таксама і яе брат, які закончыў вучобу ў Віленскай гімназіі. Падчас канікулаў прыехала паліцыя для правядзення ператрусу, арыштавалі яе брата, забралі яго паперы, паміж якімі аказаўся і той дзённік. У выніку гэтага захісталася існаванне нашага пансіяната: справа цягнулася доўга, адбывалася ўсё больш арыштаў, і віленская цытадэль запоўнілася вязнямі, якімі былі пераважна вучні гімназій, бо Віленскі ўніверсітэт быў скасаваны ўжо ад 1825 года, а на яго месцы быў закладзены Дваранскі інстытут, у якім моладзь выхоўвалася дзяржаўнымі настаўнікамі, умела шулерстваваць і п'янстваваць, але не адчуваць і думаць як шляхетная моладзь Віленскага ўніверсітэта. Г. Васыньскага, слыннага прамоўцу і прапаведніка, выслалі ў Вятку; Галер, тагачасны дырэктар Віленскага інстытута, паехаў у той час, як казалі, за кошт Германа ў Пецярбург для апраўдання яго ад падазрэнняў і абвінавачванняў, але дзейнічаў, падобна, у супрацьлеглым кірунку. Так усхваляваны быў увесь наш пансіянат, аж тут прыходзіць шаноўны пан Герман і так да нас звяртаецца;

- Развітваюся з вамі, любімыя мае вучаніцы, загадана мне вас пакінуць, цар Мікалай бярэ вас пад апеку, я з вамі развітваюся, будзьце здаровыя, мае дзеці!

Як бы выцятыя перуном з енкам і плачам кінуліся мы цалаваць і паціскаць рукі высакароднага старога - плач быў жудасны.

- Такая воля Бога, будзьце здаровыя, мае любімыя паненкі, - гукнуў яшчэ раз бедны стары і знік з нашых вачэй.

Прыйшла потым пані Аўрэлія, і падобная сцэна паўтарылася; кожны з настаўнікаў на апошнім уроку развітваўся з намі, бо не дапускалася, каб каторы з іх мог застацца надалей.

Ці ж трэба гаварыць, што з кожным развітваліся мы з жалем, а што ўжо казаць пра любімага намі прафесара Здановіча! Так раптам усё сталася, што мы не ведалі, што з сабой рабіць; большая частка маіх каляжанак выехала да бацькоў на свята, я, не могучы так хутка звязацца, засталася ў пансіянаце. Прыйшла пазней адна з настаўніц сказаць нам ад імя пана Германа, які захварэў, каб мы заставаліся на месцы, бо пансіянат будзе функцыянаваць, толькі пад іншым кіраўніцтвам. Я занялася перапісваннем польскай і французскай літаратуры, усеагульнай гісторыі, граматыкі польскай, французскай і нямецкай; не траціла ні хвілі часу, бо ў вольныя ад заняткаў хвіліны сядзела пры адной з хворых настаўніц, былой вучаніцы пана Германа. Аднаго дня перад святамі прыйшла да пана Германа нейкая пані з дырэктарам Гелерам, потым наведала памяшканні і дайшла да пакоя, дзе мы знаходзіліся з хворай. Убачыўшы нас, пачала выпытваць, хто мы, адкуль і г.д., і сказала да хворай:

- Будзь, пані, спакойнай, я пастараюся пра ўсё, што толькі будзе ў маёй магчымасці, будзе пані мець доктара, лякарствы і выгоды да выздараўлення.

Потым звярнуўшыся да мяне сказала:

- Будзьце, калі ласка, спакойныя! - і, прыняўшы нашыя падзякі, пайшла.

Была гэта пані Главацкая, прызначаная ўладамі начальніцай пансіяната. Бацька яе Шэраль эміграваў з Францыі ў Расію; жыў у Адэсе, дзе маладзенькая 13-гадовая яго дачка выйшла замуж за графа д'Густа, які займаўся спачатку яе адукацыяй, а потым адсунуў кніжкі і забаўкі і ўзяў за жонку. Пасля смерці мужа жыла ў Адэсе разам з дачкой графіняй д'Густ, потым выйшла замуж за аднаго з настаўнікаў гімназіі, Главацкага, і неўзабаве была прызначана начальніцай нашага пансіяната.

Па святах распачаліся ўрокі; той самы, што даўней, парадак, расклад урокаў і гадзін, тыя самыя выкладчыкі, нічога не змянілася; пані Главацкая набыла ад пана Германа ўсё, што было для набыцця: фартэпіяна, мэблю, мапы, глобусы, кніжкі і г.д. Пан Герман стараўся яшчэ добрым учынкам закончыць сваю працу над выхаваннем сваіх вучаніц. Паколькі пані Главацкая сказала, што пакіне небагатых вучаніц на такіх умовах, на якіх былі прынятыя панам Германам, шаноўны стары, памятаючы пра маю вялікую просьбу аб заканчэнні навук, падаў, што за мяне плачана 75 рас. руб. у год з музыкай, таму другія 75 руб. ужо за будучы год былі заплачаны.

Вучоба пайшла ў мяне добра, здала экзамен, магла атрымаць патэнт, але пані Главацкая, бачачы маю любоў да навукі, сказала прыбыўшай па мяне маці, што хацела б, каб я яшчэ на год на тых самых умовах засталася. Так і выйшла. З той жа пільнасцю вучылася, канешне, многа ўзяла і закончыла пансіянат з першай узнагародай, якая была ў той час упісаннем на чырвонай табліцы залатымі літарамі імені і прозвішча вучаніцы, а таксама прыгожа апраўленая кніжка.

Як пасля скасавання Віленскага ўніверсітэта ўлады ўстанавілі Дваранскі інстытут, так пасля скасавання першаразраднага пансіяната Германаў утвораны ўладамі жаночы пансіянат насіў назву "Пансіянат для паненак шляхецкага паходжаня" і даваў першаразрадным вучаніцам права заснавання свайго пансіяната.

Пры заканчэнні экзаменаў мы прасілі любімага нашага настаўніка А. Здановіча, з якім са слязамі развітваліся, напісаць нам якую-небудзь сваю думку на памяць. Кожная з нас паслала аркушык паперы са сваім прозвішчам, і мы атрымалі ў адказ агульны ліст да ўсіх, і на аркушыку кожная знайшла нейкую думку або параду з любімага прафесарам паэта Казіміра Брадзінскага. Я атрымала на памяць такі верш:

"Рабі кожны ў сваім коле,

што кажа Дух Божы,

А цэласць сам Бог зложыць!"

Гэта я ўзяла за дэвіз майго жыцця, пачынанняў маіх, і гэтую вось сціплую працу маю ў канцы жыцця з гэтай думкай раблю.

З жалем пакінула я пансіянат, начальніцу, настаўнікаў і каляжанак і вярнулася ў дом дарагіх маіх бацькоў. Неўзабаве адбыўся шлюб маёй сястры Амількі з Зыгмунтам Урублеўскім; некалькі чалавек з кола сваякоў было ў Рудаве на вяселлі; праз пару тыдняў пасля гэтага прыехаў да нас капітан Мікалай Глаголеў з Вільні, жанаты з Людмілай Доўгердаўнай (Доўгерд), нашай сваячкай па бацьку і прапанаваў, каб прыняла ў іх абавязкі настаўніцы і аплату 150 рас. руб. у год, на што я вельмі ахвотна згадзілася. Была гэта сям'я праваслаўная, бо ён быў расейцам, а яна, дачка кальвіністкі, пры шлюбе прыняла каталіцтва і ўсім сэрцам палюбіла гэтую веру. Вялікім болем для яе было, што дзеці мусілі выхоўвацца ў праваслаўі; залівалася слязамі, калі яны ішлі са мной або бацькам у царкву. Пані Глаголева была надзвычай добрай, лагоднай і цярплівай асобай, нажаль, заўсёды хворай; пры канцы першага года майго побыту ў іх раптоўна памерла ў дзень Зялёных святаў.

Прымаючы абавязкі настаўніцы ў Глаголевых, выгаварыла ў іх прыняць маю кузіну Зосю Руткоўскую, бо хацела выканаць абяцанне, дадзенае ў дзяцінстве яшчэ любімай цётцы Матыльдзе Руткоўскай, што калі стану настаўніцай, то дапамагу яе дачцэ з адукацыяй. Панства Глаголевых згадзілася на гэта, але што выцерпела бедная Зося ад дзяцей. Моцна ёй дакучалі, а я не ўмела даць сабе з імі рады і яе абараніць. Неапісальна цяжкай была для мяне тая першая мая настаўніцкая праца: хлопцаў я вучыла толькі французскай і нямецкай мовам, старэйшую дзяўчынку рыхтавала ў другі клас пансіяната, малодшую пачала вучыць самым пачаткам. З Зосяй займалася толькі ад 7.30 да 8.00 з раніцы і ад 10.00 да 10.30 вечарам. Раніцай задавала ёй урокі, вечарам выслухвала яе, а яна заўсёды ўмела ўсё без памылак. Хоць ва ўзросце была паміж намі досыць значная розніца, бо я была на 8 гадоў старэйшая за яе, Зося не раз раіла мне, як з жыццём уладзіцца, як з дзецьмі паступаць. Я была надзвычай нясмелая, няўпэўненая ў сабе, прызвычаеная з дзяцінства не мець сваёй волі, а прыстасоўвацца да іншых; уплывала на гэта і выхаванне дарагой маці, залежнае жыццё ўжо ў дзяцінсттве, характар з натуры нясмелы і нарэшце пранікнутасць парадамі пані Гофман, у кніжцы якой прачытала: "Быць другой у супольнасці, не вышукваць новых шляхоў, а ісці ўжо ўбітым, выконваць волю іншага і да т.п. - вось гэта ёсць сэнсам паклікання жанчыны". Цяпер, калі ўсё залежала ад мяне, калі трэба было дзейнічаць самой без нічыёй парады, я не магла, не ўмела спраўляцца. Калі б усе дзеці роўна рухаліся ў вучобе і каб тая вучоба магла адбывацца па-польску, лягчэй мне было б. Тут, аднак, усё ішло на расейскай мове, і хоць яе я пільна вучыла і добры бал па ёй мела, калі мне давялося на ёй выкладаць, рота не адважвалася адкрыць. А 11 гадзіне перад абедам дзеці мелі паўгадзіны адпачынку; вось тады выйшаўшы з імі і седзячы на лавачцы на Замкавай гары, дзе мы жылі, і маючы перад сабой найпрыгажэйшы від Вільні і гуляўшых дзяцей, аддавалася думкам пра абавязкі настаўніцы, на чым яны грунтуюцца, спасцігала, што не на вывучэнні чужых моваў, спеваў або музыкі, не вучоба мае вышэйшае прызначэнне, што настаўніца не павінна атрымоўваць аплату за такое пробнае навучанне, а павінна працаваць бясплатна, даходзіла да найвышэйшай экзальтацыі і фантазій - не вызначала межаў абавязкаў настаўніцы так далёка, што лічыла за абавязак суправаджаць дзяцей у царкву, не смеючы хадзіць у касцёл, на малітву нават не мела часу! Добрая пані Глаголева аказвала мне вялікую прыхільнасць; пасля 8 вечара пасля заканчэння ўрокаў і гарбаты мы сядаліся з ёю ў салоне на размовы. Пан Глаголеў бываў звычайна на гарбаце ў свайго начальніка, з якім пазней прыходзіў дадому. Да 10 цягнуліся гэтыя пасядзелкі, ад удзелу ў якіх я не адважвалася адмовіцца. Пан Глаголеў меў звычай сядзець у тым жа салоніку раніцай ад 8 гадзін, калі я ў прылеглым пакоі, дзверы якога былі адчынены, пачынала ўрокі з дзецьмі. Можа пан Глаголеў не меў таго на думцы зусім, але мне здавалася, што слухае маё выкладанне, пачувалася прысаромленай, жудасна мяшалася і рабіла памылкі ў выказваннях па-расейску. Пасля чатырох месяцаў такога напружання пайшла раз у касцёл да споведзі ў час, калі пан Глаголеў з дзецьмі пайшоў у царкву, бо гэта было расейскае свята. Спавядаў мяне адзін з ксянзоў пралатаў, здаецца, ксёндз Мяшкоўскі, моцна мной зацікавіўся і ўдзяліў святых парад. Даручыў мне ісці да доктара Абіхта, прафесара былога ўніверсітэта, які ў раннія гадзіны даваў парады бясплатна. Д-р Абіхт выэкзаменаваў, даследаваў мяне старанна і прапісаў пігулкі, пасля прыёму якіх мяне пакінуў смутак, праца падалася мне лягчэйшай. Перад урачыстасцю Божага Нараджэння я напісала доўгі ліст да А. Здановіча, віншуючы яго са святамі і выказваючы маю ўдзячнасць яму за дабрачыннасць навукі, удзеленай нам, за ўклад у нас пачуцця абавязкаў жанчыны і настаўніцы - гаворачы, як пачуваюся няздольнай да такіх абавязкаў, як мала я заслугоўваю імя настаўніцы. Мне гаварылі, што высакародны гэты прафесар чытаў са слязамі мой ліст сваім вучаніцам у пансіянаце пані Андрэйкавічавай.

Перад Зялёнымі Святамі прыехала сястра пані Глаголевай пані Ірэна Седлікоўская; зрабіла нам сваім прыездам вялікую прыемнасць.

Забылася сказаць, што два месяцы назад павялічылася сям'я Глаголевых, прыйшла на свет дачушка. З-за той слабасці пані Глаголевай, выказвала яна мне некалькі разоў апасенне за сваё жыццё, абавязваючы мяне, каб у выпадку яе смерці не пакінула сірот, а была іхняй апякункай. Я не дапускала думкі, каб у тым хутка наступіла патрэба, і для заспакаення хворай дала жаданае слова. А цяпер вяртаюся да свят. Першы іх дзень мы правялі вельмі прыемна, пад вечар я пайшла з дзецьмі на шпацыр у Батанічны сад, маці сама іх прыбірала, пасля вяртання мы весела размаўлялі пра супольных знаёмых у родных краях, потым а гадзіне 11-й мы пайшлі на спачын, а а 4-й раніцы ўскаквае да мяне мамка, гаворачы:

- Пані памерла!

Уражаная, я апранулася, чым найхутчэй і пабегла ў пакой пані Глаголевай. Убачыла яе сціскаўшай нагу малога дзіцяткі ў стаяўшай каля ложка калысцы! Апранулі нябожчыцу; я, даручыўшы дзяцей іхняй цётцы Седлікоўскай; пайшла да пані Главацкай, у якой мела быць настаўніцай у пансіянаце ад канікулаў, распавяла ёй пра здарыўшаеся няшчасце, а таксама, што мушу застацца пры асірацелых дзецях. Адказала мне пані Главацкая, каб я адразу той дом пакінула, што і на суткі ў ім застацца не павінна, бо не прыстала б мне паводле грамадскай думкі заставацца ў маладога чалавека. Я гэтага не разумела:

- Як гэта я маю пакінуць сіротаў, калі паміраўшай маці дала слова, што пры іх застануся?! Гэтага зрабіць не магу, Пан Бог пакараў бы мяне за гэта. Пані ведае, як я прагну быць пад яе апекай, як мне прыкра не трымаць дадзенага ёй слова, але сірот пакінуць не магу, пакуль я ім патрэбная!

- Павінна, аднак, гэта зрабіць, ідзі да твайго спаведніка па параду, калі табе маёй не дастаткова, раскажы яму ўсё, як ёсць, і пераканаешся, што 24 гадзіны ў доме маладога расейца застацца табе не дазволіць.

Без адкладу сказала, што зраблю так і пайду да майго спаведніка, якім быў ксёндз місіянер Фелікс Рашкоўскі, вікарый у дамініканскім касцёле. Як вырашыла, так і зрабіла. Але ўжо падходзячы да касцёла пачала траціць адвагу, самыя розныя думкі праходзілі праз паю галаву: ксёндз Рашкоўскі мяне не ведае асабіста, падумае, што пані Главацкая лепей мяне можа ведаць, як былую сваю вучаніцу, што, відаць, палічыць мой характар за слабы для такога выпрабавання... То зноў: перш за ўсё ксёндз будзе мець літасць да сіротаў, - з майго боку было б гэта злачынствам!... З тымі думкамі ўвайшла ў закрыстыю, просячы закрыстыяна, каб далажыў ксендзу, што адна пані просіць яго на хвіліну з нагоды пільнага інтарэсу.

- А які інтарэс?

- Не магу сказаць, але важны, ідзі папрасі як найхутчэй.

- Ксёндз не мае часу, а як пані называецца?

- Ідзі, пан, як найхутчэй!

Пайшоў, а я пачала думаць, што маю сказаць ксендзу, адвага мяне ўжо пакінула. Уваходзіць ксёндз Рашкоўскі, пытаецца, хто я, чаго хачу? З цяжкасцю, з плачам выказваю, што сталася, што пані Главацкая прыслала мяне да ксендза па параду.

- Для мяне гэтая рэч вельмі цяжкая, - гаворыць ксёндз, - я не ведаю таго пана, пані сама павінна тое добра падумаць, тое толькі скажу, што недатрыманне слова, неразважна дадзенага, не ёсць грахом.

- А ці не ёсць грахом пакінуць няшчасных сірот без апекі?

- Не, пані, той пан знойдзе апякунку для дзяцей паміж расейцамі, раю пані, наколькі можна, скараціць яе побыт у таго пана Глаголева і ў любым выпадку папрасіць, каб узяў якую добрую гаспадыню, бо пані сама ўсяго не падолее.

Развіталася з ксендзам, падзякавала за параду, але не магла надзівіцца, што ксёндз так мала клапоціцца пра сірот!

Адбылося пахаванне пані Глаголевай, пані Седлікоўская выехала. Пасля пахавання пан Глаголеў падаўся проста да пані Главацкай зрабіць ёй вымову за тое, што яна хоча прыняць удзел у павелічэнні яго нядолі, не дазваляючы, каб я засталася пры бедных сіратах; даў ёй слова гонару, што не дапусціць утраты мною добрай рэпутацыі і што пасля канікулаў папросіць яе прыняць старэйшую дачку ў пансіянат.

Так я засталася пры дзецях з найвышэйшага жадання, каб не даць ім адчуць сіроцтва: размясцілася на ложку памерлай, і хоць баялася і ў вачах мне не раз уставала нябожчыца, я вытрымала размяшчэнне пры асірацелым маленстве, якое разам з мамкай спала пры мне. Я займалася ўсім: расчэсвала дзяўчатак, дапамагала ім апранацца, падавала снеданне і г.д., мардавалася без літасці над сабой, а тут дзеці капрызнічаць пачалі ва ўсім, асабліва ў ядзе, а малы Паўлуша закрычаў раз, калі пададзенае малако было не зусім добрае:

- Без мамы хоча нас атруціць!

Выходзіла з дзецьмі на шпацыр, а калі я, хочучы ім дагадзіць, спытала, куды б хацелі пайсці, у які бок, то кожнае з іх цягнула ў які-небудзь розны бок, а я млела ад такой іхняй нязгоды, не разумеючы, што сама была таму прычынай.

Маці мая, як толькі даведалася ад пані Седлікоўскай пра смерць Глаголевай, неспакойная за мяне адразу прыехала ў Вільню і цвёрда зажадала ад пана Глаголева, каб узяў для вядзення дома даўнюю яго знаёмую, а маю цётку Руткоўскую. Так і зрабілі. Пасля канікулаў, на якія я ўжо дадому не ездзіла, заняла я ў пансіянаце пані Глагоўскай пасаду старшай настаўніцы. Мая старэйшая вучаніца Ліза Глаголева была прынята ў пансіянат, у ІІ клас, малодшая Маша наведвала, як прыходзіўшая, іншы пансіянат, а хлопцы Мікалай і Павел былі аддадзены ў корпус. Зося Руткоўская пайшла ў пансіянат да пані Радзівіловіч у ІІІ клас, а я з братам яе Юзафам пансіянат за яе аплачвалі. На другі год пані Радзівіловіч пакінула яе на тых умовах, што як стане настаўніцай, то ёй доўг заплаціць. І, канешне, пасля заканчэння пансіяната Зося атрымала месца ў Гародні на 180 рас. рублёў, дзе на другі год атрымоўвала ўжо 300 рублёў. Разважная, добра складзеная, вельмі здольная да музыкі, пры тым паненка з тактам і ўпэўненая ў сабе, яе ўсюды добра прымалі і любілі. Брат яе Юзаф, які пасля заканчэння гімназіі ў Гародні атрымаў нейкую пасаду ў Вільні, у 1863 годзе быў прысуджаны да цяжкіх работ і высланы на Байкал, дзе моцна нявінна пацярпеў за "забайкальскую справу" [2]. Пасля вяртання ў Край без здароўя і без грошай праз нейкі час атрымаў пасаду на чыгунцы ў Лібаве, дзе некалькі год працаваў пры маці і сястры. Пасля смерці маці прыехаў з сястрой у Кракаў і дагэтуль тут жыве.

ІІІ

Пасля двухгадовага майго побыту ў пансіянаце пані Главацкай, падчас якога я мела пры сабе наймалодшую сястрычку Антаніну (цяперашнюю ўдаву Лазоўскую), выехала я з Вільні на вёску для папраўкі здароўя па парадзе доктара. Паўгода была ў паноў Ніласлаўскіх у Ёчвах на Белай Русі, у Віцебскай губерні. Праз 6 месяцаў паны Ніласлаўскія выехалі на жыхарства ў Вільню, а я з Антосяй, якая цяпер была пры мне, паехала да паноў маршалкоўства Марачэўскіх, дзе затрымалася на паўгода, бо пастаянна сумавала па бацьках. Я вырашыла пасяліцца на вёсцы пры іх і заняцца выхаваннем абывацельскіх дачок. Я распавяла пані Марачэўскай мае паняцці пра выхаванне польскіх дзяцей. пра неабходнасць прыбраць ад іх усё, што ў навуцы і маральным удасканаленні можа перашкаджаць, і атачыць усім, што гэтаму спрыяе. Таму, лічачы, што ўплыў ураду скоўвае свабоду думкі і чыну, а ўплыў свету перашкаджае ў набыцці грамадзянскіх цнотаў, у замілаванні да ўсяго, што ўзнёслае і светлае, задумала пасяліцца ў вясковым зацішку пад апекай маіх бацькоў, дзе знайду ўсё, што спрыяе ў дасягненні мэты маіх імкненняў, у спаўненні таго, што кажа Дух Божы, пані Марачэўская пахваліла гэтую маю задуму, сардэчна абняла мяне, жадаючы Божага дабраславення ў маіх намерах і абяцаючы падтрымку гэтага прадпрыемства праз заахвочванне знаёмых і суседак да аддання да мяне іхніх дачок. Вось так я выехала ад паноў Марачэўскіх з Уніхоўшчыны да маіх бацькоў у Рудаў у 1856 годзе.

Верачы ў Божую міласэрнасць, апеку Маці Найсвяцейшай і дапамогу маіх шаноўных бацькоў я была пяць гадоў самай шчалівай і паспяховай. Усё спрыяла маім памкненням - звярталася па дапамогу да настаўніц, але тыя хацелі практыкавацца бясплатна; першай такой настаўніцай была Юзэфа Араноўская, сястра згаданых Ганны і Зофіі Араноўскіх з Шумкаўшчыны, маладзенькая асоба, якая якраз у гэтым годзе скончыла навучанне, вельмі здольная ў спевах і музыцы; потым яе малодшая сястра Міхаліна, наступнай, не памятаю ўжо, як тое сталася, прыбыла да мяне францужанка Графцяўкс, просячы, каб прыняла яе 15-гадовую вучаніцу Юлію Патэ і навучыла б яе прадметам, якія ў мяне выкладаліся, а за гэта мае вучаніцы карысталіся б з французкай мовы Юліі. Я згадзілася на гэта, а паненка тая, выхаваная сваёй пабожнай цёткай, была для таварышак сваіх узорам усіх цнотаў, усяго добрага і заставалася пры мне аж да канца.

Па прыкладзе сясцёр міласэрнасці ў Шчучыне я брала вельмі малую аплату за дзяцей і то ў большай частцы правізіяй, каб было можна пражыць. Харчаванне ў пансіянаце было смачнае і здаровае, не хацела б нічога іншага і ў канцы жыцця. Мы ўсе працавалі не для матэрыяльнай карысці, але для ідэі, і Божае дабраславенства было нашай узнагародай.

Цётка Яноўская падаравала мне старое пасажнае сваё фартэпіяна, а я за грошы, пазычаныя ад цётчынага брата E. N. зафундавала сваім вучням яшчэ новае піяніна. Высакародны прафесар Аляксандр Здановіч даваў мне дабрачынныя парады ў навучанні дзяцей паводле задумы Божай, указваў творы найпатрэбнейшыя для чытання; ксёндз Ануфры Сырвід, васілішскі пробашч, разам з вікарыем прыязджалі да мяне на перадвакацыйны экзамен, дабраслаўлялі і заахвочвалі да вытрымкі і працы. І так спакойна праходзілі мне тыя гады, прысвечаныя працы на славу Бога: пераследу і непрыяцеляў не мела, страху і непрыязні не знала, была аточана павагай і шанаваннем, была шчаслівая. Першымі кадэткамі маімі былі: выхаванка пані Марачэўскай, 15-гадовая сірата, з якой пазнаёмілася і якую палюбіла ва Уніхоўшчыне, плямянніца кс. Чачота, пробашча ў Асаве ў Лідскім павеце, прыгожая і добрая паненка, другая была Юлія Жукоўская, дачка заможных мяшчан з Ражанкі, а потым іншыя; ад самага пачатку мела адразу некалькі вучаніц са свайго павета, пазней прыбывалі і са Слонімскага, больш за дзесяць аднак не прымала. Зофія Лукашэвіч са Слонімскага павета прыбыла да мяне, маючы ўжо 17-ты год; здольная і пільная вучаніца пасля паўтарагадовай падрыхтоўкі ў мяне паехала ў Вільню ў пансіянат, паступіла ў IV клас, а праз год здала там экзамен на настаўніцу. Сястра мая Антося вучылася чатыры гады ў Рудаве, паехала потым у Вільню здаць экзамен і вярнулася да мяне, каб быць найпрацавіцейшай, найлепшай, найвысакароднейшай, дзеючай па адной думцы са мой памочніцай.

Усё ішло ў нас удачна, калі, нажаль, навесну 1860 года бедная маці мая пачала хварэць і нарэшце памерла. Разам з яе жыццём скончылася мая ўдача, і распачалася нядоля. І нічога ў тым дзіўнага, калі рука маці кіруе дзіцем, ніколі яна яго на кепскі шлях не завядзе, калі яе апека распасціраецца над ім, нічога ніколі бракаваць яму не будзе, бо сэрца маці гэта ёсць такая бездань любові, падтрымкі, ахвярнасці, такая моц сілы і вытрымкі, на якія толькі маці можа быць здольнай.

Маёй маці, гэтаму анёлу-ахоўніку майго жыцця, хачу ў гэтай працы прысвяціць пару слоў.


Дзед наш, Ян Навіцкі, жанаты з Юзэфай Губарэвіч, жыў у вёсцы Валейшы, ад якой быў дэпутатам. Поўны высакароднасці характару і прытым разумны быў любімы і шанаваны ў сваім павеце, бабка наша памерла ў маладым веку, пакінуўшы двое сірот: сынка Тадэвуша (дзядзьку нашага) і дачушку Тэклю (маю дарагую маці). Змаркочаны дзед пасля страты каханай жонкі, не могучы пакінуць любімай пасады і сваіх сіротак, пастараўся знайсці для іх апякунку, жаніўся з паннай Катажынай Турскай, роднай сястрой Ксаверыя Турскага, шаноўнага грамадзяніна ў нашым павеце. Мачыха не любіла малых сірот. Выдзяляла ад сваіх дзяцей, крыўдзіла ва ўсім, таму бедныя сіроты ўнікалі яе вачэй, хаваючыся летам у двары. а зімой у якім-небудзь куточку паміж слугамі. Дзеці мачыхі былі заўсёды добра апрануты, своечасова пачалі вучыцца. ездзілі ўсюды з маці, у нядзелю брычкаю да касцёла, у той час як наша маці і дзядзька, кепска апранутыя, падчас мусілі ісці за імі пеша. Выязджаючы на некалькі дзён да сваякоў. мачыха забірала сваіх дзяцей з сабой, пакідаючы сіротак пад апекай слуг, даючы ім хлеб і малако, якім аблівалі зелле, пасыпанае мукой і падрыхтаванае для кармлення індыкаў. Слугі, хоць самі мелі невялікі штомесячны заробак, дзяліліся з сіротамі тым, што мелі. Прыпамінаю сабе, як маці казала нам заўсёды маліцца за душу Стэфана, быў гэта шаноўны фурман, які, выязджаючы куды-небудзь з панствам у госці, пакідаў дзецям нябожчыцы пані кавалак свайго хлеба, а вяртаючыся прывозіў ім заўсёды гасцінец. Сіроткі, што праўда, сядаліся з усёй сям'ёй за стол, але заліваліся слязамі, слухаючы, як мачыха несправядліва абгаворвае іх перад бацькам, які заміраў і маўчаў, не хочучы выклікаць прыкрых сцэн, а ў канцы зусім стаў абыякавым да дзяцей. Бедныя сіроткі не мелі ані настаўніка, ані ў школу не хадзілі. Толькі прыязджаўшыя кузінкі навучылі маці маю чытаць, пісаць, лічыць, розным добрым работам, а маці, сама добра не ўмеючы, дзялілася сваімі ведамі з братам. Дзядзька меў у той час гадоў дзесяць. Не раз сядалася гэтая сямейка ў якім куточку і радзілася, як бы гэта ім беднае іхняе жыццё палепшыць. Спыніліся нарэшце на тым, што Тадэвушык вырушыць у свет. Пры дапамозе Стэфана, узяўшы кавалак хлеба ў торбачку і чула развітаўшыся з сястрычкай, падаўся Тадзік з фурманкамі, што везлі на продаж жбожжа, у Вільню. Прыбыўшы туды, бедны хлапчына сеў на вуліцы і прасіў праходзіўшых паноў, каб хто ўзяў яго на службу; адны на яго просьбу нічога не адказвалі, іншыя пыталіся з літасцю: "А што ж бы ты рабіў. мой хлопчык, такі яшчэ малы?" "Чысціў бы пану боты", - адказваў бедны са слязамі. Не знайшоў аднак у нікога ў Вільні спачування. Але не спасціжныя выракі Божыя. Усё гэта сталася яму на дабро. Тым часам разышлася вестка па ўсёй Забалацкай парафіі, што згінуў Тадэвушык Навіцкі, шукалі, але без выніку. Нарэшце нехта даў знаць дзеду Губарэвічу, што ў яго вёсцы Касьляны ёсць нейкі малы хлопчык, ціхі і добры, які вучыць вясковых дзяцей. Дзядзька загадаў прывесці яго ў двор, і аказалася, што быў гэта шуканы Тадэвушык Навіцкі. Пастанавілі тады крыўды сірот і іх ратаванне прызнаць за абавязак грамадзянскі; дзядзька з трыма суседзямі падаліся з Тадэвушкам у Валэйшы і вымаглі ад пана дэпутата, каб як найхутчэй аддаў сына свайго ў навуку да ксяндзоў піяраў у Шчучыне. Дзякуючы ўдзелу тых шаноўных грамадзян заблішчала ад гэтага часу шчасце для Тадэвушка. Маці наша пастаянна знаходзілася ў Валэйшах, час ад часу выязджаючы ў Нікадэмава да кузінаў Нарбутаў. Там пазнаёмілася з нашым бацькам. Калі яна напісала да дзеда Навіцкага, свайго бацькі, пра пасаг, бо ёй застаўся даволі вялікі пасаг па нябожчыцы маці, бацька ёй так адпісаў: "Маеш тры паркалёвыя сукенкі і тры кашулі, гэтага павінна табе выстарчыць: я ў тваім веку смачней спаў без падушкі і на цвёрдай пасцелі, чым сёння на пухавіках, таму не павінна маці вымагаць больш за тое, што мае". Уплыў мачахі быў тут аж занадта відавочны, але што ж было рабіць? Маці выйшла за Міхала Табенскага, не дапамінаючыся нічога ў сваіх бацькоў. Дзядзьку пашанцавала ў свеце, калі памёр дзед Навіцкі, запісаўшы жонцы сваёй пажыццёва Валэйшы, дзядзька Тадэвуш нахіліў мачаху да таго, што зраклася таго пажыццёвага, а ўзамен атрымала фальварак Перахобы, дзе дзядзька абавязаўся пабудаваць дом, прывесці ў парадак усе гаспадарчыя пабудовы і забяспечыць інвентаром. У той час ажаніўся дзядзька з паннай Крыстынай Сяклюцкай, дачкой абывацеляў, меўшых вялікае значэнне і значныя маёнткі ў Лідскім павеце. Як сваяк, грамадзянін, сусед і чалавек разумны, практычны, не падлеглы ніякім уплывам, дзядзька быў так любімы і шанаваны, што не здарылася мне напаткаць, падобнага на яго чалавека. Да маці нашай захаваў глыбокую прывязанасць; таму таксама надзвычай балесным было непаразуменне бацькі з дзядзькам, якое вынікла з наступнай нагоды: дзед Навіцкі, будучы натуральна пад уплывам сваёй жонкі, пакрыўдзіў нашу маці, запісаўшы ёй 10 000 зал. р., але на векселях, так, што, хочучы нешта ўзяць, з кожным даўжніком трэба было судзіцца, уводзіла гэта ў пэўныя страты, бо некаторыя крэдыторы, хоць бы і хацелі аддаць, не былі ў стане. Паслухаўшы парады дзядзькі, маці скончыла справу кампрамісам, і хоць у тастаманце было сказана, што калі каторы з крэдытораў усяго не заплаціць, то дзядзька змушаны будзе даплаціць, паколькі ж справа скончылася кампрамісам, то ўжо з дзядзькі маці не магла зыскваць, бо дзядзька не прызнаваў абавязковым даплачваць сястры, што бракавала. Нягледзячы на гэта, на кожнае яе патрабаванне спяшаўся з дапамогай. Бацьку гэта вельмі не падабалася, і ён меў да дзядзькі пастаянныя прэтэнзіі. Нягледзячы на тыя, не вельмі прыязныя стасункі з бацькам, дзядзька аказваў нам аднолькавую зычлівасць, а, апавешчаны пра смерць маці, прыехаў адразу, дамогся ад бацькі, каб той дазволіў яму самому заняцца пахаваннем і прыняць усе выдаткі на сябе. Выпытваў у мяне пра кожнае яе перадсмертнае слова, ці пра яго маці не гаварыла, ці сказаць чаго не даручала. Бо маці наша таксама была кабетай вялікіх цнотаў і непараўнальных заслугаў. Без вялікай адукацыі, бо ледзве чытаць, пісаць і лічыць умела, але мудрая розумам Божым, рэлігійная і цнатлівая ў малітве чэрпала веды жыцця. Свяціла мне прыкладам жыцця свайго на зямлі, апякуецца мной з высокага неба, а памяць і ўдзячнасць да той маці-полькі ў магілу са мной пойдзе.


Пасля смерці маці я працавала яшчэ год пры любімым бацьку, але надышлі падзеі, якія змусілі мяне выехаць у Ліду. Пажар стайні і вазоўні пазбавіў нас вупражы і брычкі. Хваробы вучаніц: круп у адной і тыф у другой, значная адлегласць да доктара і аптэкі, усё гэта зрабіла немагчымым далейшае знаходжанне ў Рудаве. Выкліканая і падахвочаная маршалкам Стэфанам Буткевічам, я выбралася ў Ліду. Прыбыў у той час з-за граніцы брат мой Канстанцін, капітан у адстаўцы, і заняўся чынна і зычліва маім пераездам. Я не мела ні найменшых сродкаў пры выездзе з Рудава: Канстанцін усё залатвіў уласным коштам, наняў памяшканне ў Лідзе, з Вільні даставіў мэблю, а сам, маючы сціплыя сродкі, для змяншэння выдаткаў і хочучы, каб пад яго наглядам у цэласці дайшла да Ліды, ішоў пехатой пры нанятых фурманках. Цэлы год жыў у Лідзе, дапамагаючы мне ў вядзенні гаспадаркі і ў кіраўніцтве навучальным працэсам. Вёў рахункі, старанна і ўмела, выкладаў арыфметыку і польскую гісторыю ад Касцюшкі да найноўшых часоў, падмацоўваючыся ў тым скарочаным перакладам з нямецкай, які сам зрабіў. Ксёндз К. вучыў рэлігіі, настаўнікі школы для хлопцаў Штаск і Голуб - іншым прадметам, былі яшчэ мая сястра Антаніна, Юлія Патэ і абедзве Араноўскія, чатыры нястомныя працаўніцы. Таму вучоба ішла ўдала, і колькасць вучаніц што раз узрастала. Пасля заканчэння школьнага года і разлікаў са мной Канстанцін выехаў у Вільню і з запалам аддаўся нацыянальнай справе.

Браты мае, Цыпрыян і Мечыслаў, не ведалі пра смерць маці, едучы на вакацыі дадому. Цыпрыян ехаў на Пецярбург, каб пабачыцца з братам Мечыславам і, відаць, для паразумення са студэнтамі пецярбургскага ўніверсітэта. Сам ён у гэтым годзе скончыў універсітэт у Маскве на факультэце прыродазнаўчых навук са ступенню кандыдата. Ксёндз Мечыслаў пасля заканчэння семінарыі ў Вільні ў тым жа годзе перад вакацыямі быў высвечаны на ксендза і запрасіўшы аднаго ксендза-прафесара і адзінаццаць калег-клерыкаў, ехаўшых у Вільню, на сваю прыміцыю ў Васілішкі, прыбываў у Рудаў. Цыпрыян даручыў паведаміць пра гэта бацькам. Было гэта на другі дзень пасля пахавання маці. Мы паехалі з сястрой у Васілішкі і, як звыкла, маліліся перад вялікім алтаром. Цыпрыян. прыехаўшы ў Васілішкі, бачачы касцёл адчыненым, увайшоў, думаючы, што знойдзе маці на сваім звычайным месцы, заўважыў нас, але, не хочучы перапыняць нам малітвы, чакаў, пакуль мы яе не скончым. Калі мы падняліся з калень, і Цыпрыян з-пад доўгай вопраткі ўбачыў жалобу, здагадаўся, што маці ўжо няма і пайшоў шукаць свежую магілу. Тут мы яго плакаўшага і засталі... Пасля сумнага прывітання паехаў брат адразу па важнай справе да некага з суседзяў, забыўшы паведаміць нам пра прыезд кс. Мечыслава. Мы з сястрой паехалі да нашай сваячкі п. Юліі П., аж тут прыбывае ганец ад нашага бацькі, што паслязаўтра будзе прыміцыя кс. Мечыслава ў Васілішках, пасля чаго ён са сваімі гасцямі будзе ў Рудаве на абедзе. Мая мэбля і кухоннае начынне былі ўжо ў Лідзе. Што рабіць? Добрая пані Юлія супакоіла нас, гаворачы, што ўсім зоймецца, таму мы вярнуліся дадому, адкуль выслалі лісты да сваякоў, запрашаючы на той дзень на імшу ў Васілішкі і на абед у Рудаў. Пані Юлія прыслала ўсё: мэблю, прадукты на абед, кухара, лакея, самавары, словам: усё і ўсіх. На другі дзень мы паехалі ў Васілішкі, дзе сабраліся ўсе сваякі. Што за ўрачысты, а таксама і балесны быў гэты дзень для нас! Бедны кс. Мечыслаў! Якія пачуцці напаўнялі сэрца яго, як яму не хапала маці ў гэты ўрачысты дзень...

Некалькі тыдняў правёў ксёндз у Рудаве; мы ездзілі разам на св. імшу ў Забалаць, там малады апостал праўды і дабра першы раз засядаў у канфесіянале, былі ў Дубічах, дзе пазней паляжа ў бітве Нарбут з таварышамі па зброі. Пасля вакацый кс. Мечыслаў быў прызначаны ў Беласток. Цыпрыян выехаў у Кобрынскі павет, я - у Ліду з сястрой Антанінай. У Лідзе я працавала, як ужо згадвала, з задавальненнем. Пачаліся дэманстрацыі, провады Баляслава Колышкі, наладжаныя падчас вакацый у маім доме, выклікалі пераслед; мне загадалі з Ліды выехаць.


Нарбут якраз прыняў галоўнае камандаванне над грамадкай паўстанцаў. Мужнасць і запал ад правадыра пераходзілі на ўсіх жаўнераў; змагаліся, верачы ў сваю добрую справу, жадючы памерці або перамагчы. Але ж чаму ж трэба на гэтым свеце, каб столькі справаў і ўчынкаў узнёслых, ледзве распачатых, гінула і да буйнага росквіту дайсці не магло! Чаму ж і паміж тых абаронцаў святой нацыянальнай справы знайшоўся здраднік, які столькі сваіх братоў аддаў на смерць ворагам? А аднак жа так было. Адзін са стральцоў Гарадзенскай пушчы Базыль паказаў месца знаходжання Нарбута і яго таварышаў. Ужо цэлы тыдзень палкоўнік Цімафееў са сваім войскам пераследаваў Нарбута, які, не маючы адпаведных сіл, каб даць бітву, умела і лоўка адступаў да добра знаёмай мясцовасці ў ваколіцах Дубічаў. Калі нарэшце палкоўнік адвёў змучанае свае войска да Ліды і на сем вёрст ужо адышоў, дагнаў яго стралец Базыль і сказаў, што правядзе войска туды, дзе знайходзіцца шуканы Нарбут. Цімафееў даў яму рубля за здраду і хоць, як казалі, неахвотна пайшоў за здраднікам да вёскі Кавалькі, размешчанай паблізу Дубічаў. Нарбут пасля адходу расійскага войска лічыў сябе ў поўнай бяспецы і змучаны да найвышэйшай ступені затрымаў партыю і ўсеўся над берагам возера з мэтай адпачынку. Малады ад'ютант яго, Адольф Краінскі, сказаў: "Начальнік, пойдзем далей, маю кепскае прадчуванне". "Не магу, - адказаў, - змучаны, не маю сілаў". Праз хвілю Краінскі паўтарыў сваю просьбу. Нарбут, які валіўся з ног ад стомы, рушыць з мейсца не хацеў. Тады бачаць нашы двух чалавек, якія плылі з другога берага. "Трэба адкрываць агонь, начальнік". - закрычаў Краінскі. "Гэта нашыя стральцы", - адказаў Нарбут. Быў гэта нягоднік Базыль, які паказваў дарогу палкоўніку Цімафееву. У тую ж хвілю раздаліся выстралы, і некалькі куль выцялі ў грудзі Нарбута. Чатыры паўстанцы: Юзаф Пакампіновіч, студэнт з Кракаўскага ўніверсітэта, Адольф Краінскі, абывацель Лідскага павета (асіраціў маладую жонку і дзяцей), Аляксандр Бржазоўскі, абывацель таго ж павета і маладзенькі Стэфан Губарэвіч, сын Станіслава, абывацеля Лідскага павета, схапілі любімага правадыра, каб аднесці яго ў больш бяспечнае месца, але нагнаныя кулямі ўпалі з дарагой ношай. Чатыры іншыя занялі іхняе месца: Францішак Бржазоўскі, брат Аляксандра, Уладзімір Паплаўскі, сын абывацеля з Лідскага павета, маладзенькі вучань гімназіі, сын абывацеля Уладзіслаў Жукоўскі і яшчэ адзін з маладых абаронцаў, прозвішча якога не памятаю. Ім ужо паміраўшы Нарбут сказаў: "Пакіньце мяне, ужо паміраю - ратуйцеся ўцёкамі". Не паспелі адказаць правадыру, кулі ў іх трапілі; чацвёра іншых Нарбута панеслі, і гэтыя неўзабаве леглі смерцю храбрых, пацвяджаўшай іхнюю прывязанасць да Айчыны і правадыра. З гадзіну, як кажуць, трывала бітва. Страляніну было чуваць на пяць міль наўкола; перапалох і кепскія прадчуванні агарнулі ўсіх, але не хацелася верыць, што Нарбут забіты. Ніхто не мог адважыцца падацца на месца бітвы і пра яе вынікі даведацца. Калі ані ўпрасіць, ані наняць нікога нельга было, сястра мая, 19-ці гадовая Антаніна, якая пару месяцаў знаходзілася ў Шаўрах, маёнтку Тодара Нарбута, бацькі палеглага правадыра, конна сама падалася ў Дубічы. Прыбыўшы на месца і сустрэўшы рускія пікеты, сказала, што хоча бачыцца з палкоўнікам Цімафеевым. Калі яе прапусцілі, ідучы да яго ўбачыла са страхам кучу целаў, залітых крывёю на адным месцы, а наводдаль цела Людвіка Нарбута пад аховай чатырох узброеных салдатаў. Наблізіўшыся да палкоўніка, прасіла яго дазволіць пахаваць тыя целы паводле абрадаў, якія касцёл наш пры пахаванні загінулых ужывае. "Ці пані мае брата паміж палеглымі?" - спытаў Цімафееў. "Яны - усе мае браты, бо я полька!" - адказала. Атрымаўшы дазвол, разаслала пасланцаў ва ўсе бакі, просячы дапамогі ў доглядзе параненых і пахавані забітых. Што за боль праймаў сэрцы на выгляд той моладзі, палеглай ў росквіце маладосці, бо найстарэйшы з іх Нарбут меў ледзве 31 год; некалькі дзён назад такой поўнай запалу, так рваўшайся да дзейнасці, а цяпер халоднай, без пачуццяў, мёртвай!... Паводле дазволу Цімафеева, усе целы былі ўнесены на ноч у прысценак касцёла, які на Літве завецца бабінцам; кроў з іх так лілася, што сляды ў яе струменях заставаліся. Назаўтра ранютка прыбыло некалькі пань, паненак і сялянак. Прывезлі бялізну і вопратку для 12 мёртвых, бялізну, корпію, бінты, лекі і прадукты для 15 параненых. Адным з іх быў Уладзіслаў Нікалаі, афіцэр дзейнай службы, які пасля выздараўлення быў у Вільні расстраляны. Доктар Цыпрыян Пясецкі, як усе іншыя, сасланы ў Сібір, пахаваны ў Табольску, Пётр Янкоўскі прыгавораны да катаргі, а іншых прозвішчаў не памятаю. З пань, якія адразу прыбылі з чыннай дапамогай для параненых, вядомая мне толькі пані Тараевіч з Салтанішак, сапраўдная патрыётка і панна Юзэфа Вісмант, настаўніца. Іншыя пані, панны і вясковыя дзяўчаты пад іх кіраўніцтвам абмылі, так скажу, слязамі сваімі, і найстаранней перавязалі раны пакалечаных і накармілі іх. Касцельныя бабкі і іншыя бабулькі з суседняй вёскі, жаласна лямантуючы, як бы ўласных сыноў аплакваючы, абмылі і апранулі целы забітых. Цела яшчэ аднаго паўстанца, знойдзенае пасля бітвы ў лесе, было разам пахавана. Дванаццаць немаляваных трунаў, а трынаццатая абабітая чорным паўаксамітам, былі без катафалкаў у касцёле пастаўлены: пад нізам - шэсць трунаў, на іх - чатыры, далей - дзве, а на версе адна труна Нарбута завяршала тую піраміду. На трэці дзень ад самага рання з'ехаліся на пахаванне палеглых бацькі, браты, сёстры, крэўныя, прыяцелі, хто толькі мог. Было з дзвесці чалавек, ксяндзоў - 14. Які боль сэрцы напаўняў, які там быў плач і енк, таго апісаць немагчыма. Не было мужчыны, які б не плакаў. Пані Бржазоўская з Гурнофеля, гледзячы са слязамі на труны сваіх двух сыноў, выгукнула: "Шкадую сваіх дзяцей, але яшчэ больш Нарбута! Уся няшчаснвя Літва з ім надзею на свабоду ў магілу кладзе!" Пасля набажэнства ўсе труны былі памешчаны ў адной магіле, у рад, адна пры адной пастаўленыя, і ўсю тую вялізную магілу засыпалі кветкамі. Усе дзякавалі маёй сястры за арганізацыю пахавання, вечную ўдзячнасць ёй абяцаючы, бо такое ўрачыстае пахаванне любімага правадыра і яго таварышаў усім асірацелым вялікую палёгку ў болі прынесла.

. . .

Пасля пахавання палкоўнік забраў 15 параненых, якія шкадавалі, што засталіся жывымі, што разам з правадыром і таварышамі не палеглі, і пайшоў з войскам у Вільню. Наступнікам Нарбута стаў Аляксандр Парадоўскі, якога звалі Астрогай; сястра мая неўзабаве пасля пахавання Нарбута, едучы да партыі паўстанцаў пад камандаваннем Астрогі, што знаходзілася ў Гарадзенскай пушчы, праз здраду заміж вернага нашай справе стральца была заведзена на месца, дзе стаяў аддзел расейскага войска; там яе арыштавалі і праз два дні знаходжання ў вёсцы Кракшлі адвезлі ў Вільню. Самыя розныя, жудасныя весткі, для застрашвання іншых, непрыяцелямі паўстання лжыва распаўсюджваныя, былі прычынай найвялікшага для бацькі і для мяне смутку. Я вырашыла даведацца на месцы арышту, што з Антосяй сталася. Бедны, шаноўны мой бацька не хацеў мне гэтага дазволіць, гаворачы: "Не маю ўжо двух сыноў і Антосі; ты пры мне застанься, я тваю будучыню забяспечу, дом асобны для цябе выбудую, не адпушчу цябе ад сябе, будзе нам усяго досыць".

Не паслухала майго найлепшага бацькі. Пастаянным моцным наляганнем дамаглася ад бацькі, які ніколі не меў сілы мне ў чым-небудзь адмовіць, што даў мне коней, і я паехала да Маргевічаў. Была гэта шаноўная шляхецкая сям'я, якая складалася з трох братоў, добрых патрыётаў. Старшы Ігнацы быў жанаты з Квінтоўнай; Пётр нежанаты і ўсёй душой адданы справе паўстання, абодва былі на выгнанні ў Табольскай губерні, малодшы Людвік. найсумленнейшы хлопец, але пад пагрозай павешання па загадзе ўладаў выдаў маю сястру, аддаў яе ў рукі маскалёў. Фальварак Маргевічаў Ганелькі ляжаў на дарозе да Кракшляў, таму я найперш падалася да іх. Тут я знайшла каня майго бацькі і калымажку, на якой Антося з сумленным селянінам нашым Юзафам Ляпешам даехала да непрыяцельскага войска. Каня таго і калымажку падарылі Людвіку Маргевічу, таму ён мне іх аддаў. Не падазравала Людвіка ў здзейсненай адносна маёй сястры віне, здзівіла мяне аднак няпэўнасць яго, неахвотныя, як бы пад прымусам адказы на шматлікія пра маю сястру пытанні, так што неўзабаве праўда адкрылася. Расказалі мне там пра смутнае становішча паўстанцаў пад кіраўніцтвам Астрогі; прасіў ён дапамагчы з прадуктамі, якіх ужо тры дні яго аддзел не меў, паказалі мне падрыхтаваны транспарт правізіі, гаворачы, што ўсё марнуецца, бо да аддзела ніхто даехаць не можа таму, што моцна яго пільнавалі. Я доўга не раздумвала, сказала, што я давязу. Адправіла чалавека з коньмі дадому, сама ж забраўшы прадукты ў калымажку, запрэжаную нашым канём і, развітаўшыся з Маргевічамі, пусцілася ў тое небяспечнае падарожжа, не зважаючы на іх перасцярогі, што ў пушчы кружаць аддзелы казакаў, а тыя, спаткаўшы мяне з запасам прадуктаў, дадумаюцца, куды еду, і нагайкамі могуць мяне забіць.

IV

Даручыла сябе Божай апецы, прамаўляла"Пад Тваёй абаронай" ды "Хто пад апекай" і ехала, першы раз у жыцці сама кіруючы возам. Стралец, прысланы Астрогам, ішоў наводдаль, баючыся, каб яго разам са мной не схапілі казакі. Добры конь ішоў як найспакойней па знаёмай яму дарозе, бо мая бедная сястра ўжо не раз па ёй ездзіла. Я пра сябе прадумвала, як тлумачыцца пры спатканні з казакам, як выцярпець іхняе біццё, каб не выдаць ніякай таямніцы... Вырашыла гаварыць, што патрэбны грошы на аплату работніка (было гэта ў пачатку жніўня), таму вязу вяндліны, хлеб і ўсё, што маю ў сваім свірне, на продаж войску, бо ведаю, што добра плацяць за такія рэчы. Праваднік, набліжаючыся сяды-тады да мяне папярэджваў пра месцы больш цяжкія для праезду - даехалі нарэшце да двух дарог, тады падбег праваднік, каб мне паказаць, якой мушу пільнавацца пры вяртанні, бо ён не зможа мяне правесці, таму шко начальнік А. загадаў яму быць на світанні ў іншым месцы. Сказаў мне, што адна дарога вядзе на Кракшлі, а другая - на Ганулькі. Ехала яшчэ нейкія паўгадзіны; праваднік загадаў мне затрымацца, а сам пабег у аддзел. Праз чвэрць гадзіны, не больш, пачуліся крокі некалькіх чалавек па вадзе, бо была гэта, як у многіх месцах пушчы, даліна пакрытая балотнай травой, урочышча. З'явіліся перада мной тры паўстанцы, узброеныя фузіямі і пісталетамі, прывіталі мяне выказваннем пашаны па-вайсковаму; здавалася мне, што бачу ў іх пасланцоў з неба для вызвалення Бацькаўшчыны, герояў гатовых ахвяраваць сваё жыццё за браццяў. Начальнік, а гэта быў ён з двума ад'ютантамі, наблізіўся да мяне, ішоўшай яму насустрач, падзякаваў за маю адданасць і распавёў пра сваё найсмутнейшае становішча: ён меў загад Нацыянальнага ўрада заставацца на месцы, а ніхто не хоча дапамагаць яму ўтрымліваць аддзел, што, відаць, хочуць замарыць паўстанцаў голадам, што няшчасныя абарванцы, без абутку, з палкамі заміж зброі чакаюць наступлення непрыяцельскага войска, сказаў, што на яго загады, некалькі разоў паўтораныя, пра дастаўку патрэбнага харчавання парафіяльны ўрад ніякага адказу не дае, (парафіяльны ўрад, цывільны ўрад, які атрымоўваў загады начальніка і павінен быў дастаўляць харчаванне), даў мне даручэнне да двух парафіяльных урадаў, далей распавёў па-французску пра ўпадак духу няшчасных паўстанцаў, якіх ён толькі суровасцю і пагрозай смяротнай кары ўтрымовае ў лесе. Са слязамі, развітаўшыся з няшчаснымі, паехала. Праваднік яшчэ раз паўтарыў перасцярогі, каб трымалася, зробленых ім адносна дарогі, указанняў і падаўся ў іншы бок выконваць загад начальніка. На самай справе той апошні казаў яму яшчэ далей мяне правесці, але я не настойвала на тым, баючыся, каб ён на азначаны час не спазніўся. Пагружаная ў найсмутнейшыя думкі, адпусціла цуглі, даверыўшыся вернаму каню, які вёз мяне ўважліва па вядомай яму дарозе, але ў адным месцы мне падалося, што ён мыляецца, і я павярнула яго ў іншы бок. Пасля гэтага я ехала доўга, вельмі доўга, аж пакуль не зразумела да вялікага майго ўражання, што блуджу! Конь ішоў з апушчанай галавой, як бы журботны, як бы выгаворваў мне, што звярнула яго з добрай дарогі. Ехала без малейшай надзеі выбрацца з пушчы, у досыць цёмнай начы, уяўляючы самыя жудасныя малюнкі ў сябе перад вачыма.

Нарэшце пачало світаць. Выехала на нейкі лужок у лесе, дарога вяла на мост - новы, незакончаны, без ніякага падмашчэння; бедны конь ускарабкаўся на вышыню, адкуль мусіў скакаць уніз. Я за шчаслівае пераадоленне гэтай небяспекі дзякавала Богу і была ўдзячная вернаму каню. Густы туман пакрываў луг, я не магла нічога бачыць за пару крокаў; раптам убачыла перад сабой другі мост, а далей нейкі бляск сталі, зброі! Ведаючы, што паўстанцы зброі не мелі, была ўпэўнена, што гэта непрыяцельскае войска. Ад'язджаць назад ці ехаць далей, было не да разумення. Спыніла разумную жывёліну і пачала горача маліцца да Бога аб паратунку і міласэрнасцю над маёй душой, не мела ўжо надзеі пазбегнуць лютай смерці. Начная імгла пачала распаўзацца, світанне станавілася ўсё больш выразным, пачалі адрознівацца прадметы, і я ўбачыла, што тую зброю ўдавалі косы добрых гаспадароў з вёскі Кракшлі. О, што за шчасце гэта для мяне было! Яны таксама мяне згледзелі і са здзіўленнем наблізіўшыся і на майго каня паглядзеўшы, сказалі, што яго яны ведаюць. Я не разумела іхняй мовы, бо размаўлялі паміж сабой па-літоўску, але была далёкая ад усялякага страху, бо спачуванне і дабрата выяўляліся на іхніх тварах. Знайшліся паміж імі і такія. якія ўмелі па-польску; гэтыя мне распавялі. што сюды на гэтым кані прыязджала маладая паненка, якую маскалі, што стаялі ў вёсцы, забралі; абяцалі завесці мяне ў хату, дзе яна бедная два дні была, пакуль яе не адвезлі ў Вільню. Потым, выпрагшы каня, каламажку перанеслі на другі бок, мне для пераходу зрабілі кладку і вельмі дзівіліся, як я магла пераехаць цераз незакончаны мост. Патлумачылі мне, што гэта новая дарога для руху расейскага войска да чыгункі, якая будавалася паблізу.

Калі мы прыбылі ў вёску, сабраліся натоўпам кабеты і з вялікім спачуваннем і плачам пачалі апавядаць пра прыгоды маёй сястры, паказваючы месца, дзе яе ўзялі, дзе сядзела, як на яе крычалі, як фурмана білі нагайкамі, а яна ад гэтага плакала, як нарэшце з войскам, якое ішло праз два дні ў Вільню, яе вывезлі. Так горка плакалі тыя кабеты, як бы гэта здарылася з іхняй найбліжэйшай крэўнай. Мужчыны каня майго накармілі, напаілі, мяне кабеты паклікалі паесці, далі гарачага малака, яечні, а потым на чыстай пасцелі спаць мяне паклалі. Ціха было ў хаце, бо ўсе пайшлі на працу, засталася толькі адна, якая гатавала есці. Я доўга не магла заснуць, але ў канцы такі моцны сон мяне ўзяў, што не чула, як сабраліся на абед, прачнулася толькі, калі мужчыны выходзілі. Папрасіла, каб каня адразу запрэглі і нягледзячы на моцныя іхні наляганні, каб даўжэй адпачыла, рушыла ў дарогу пры шчырых развітаннях і абсыпаная дабраславенствамі. Прыехаўшы шчасліва да занепакоеных пп. Маргевічаў і, папасвіўшы там каня, познім ужо вечарам вярнулася да чакаўшага з нецярпеннем бацькі. Плакаў мой добры бацька, слухаючы маё апавяданне пра прыгоды Антосі, а потым пра мае ўласныя. Праз некалькі дзён, у нядзелю, паехаў бацька ў Васілішкі на набажэнства, вярнуўся чамусьці ў кепскім гуморы, маўклівы, паабедаў, сказаў мне, што мусіць ехаць у Васілішкі да асэсара, што вернецца пад вечар. Праз пару гадзін вярнуліся коні, але бацькі не было. Я паехала ў Васілішкі даведацца, што з ім стала, там яго ўжо не знайшла, вывезлі яго ў Ліду. Адразу назаўтра падалася ў Ліду, бачыла любімага бацьку ў вязніцы. 75-гадовы стары быў вясёлы, ні чым не трывожыўся, нават рады быў з таго, што нягледзячы на старасць трапіў пад агульны пераслед. Сардэчна мяне абдымаў, радаваўся мне, пра ніякія справы не гаварыў, бо ўсё даручаў Богу, на яго ўсклаў усю надзею. Я мела надзею, што бацька неўзабаве будзе вызвалены, і не засталася пры ім. Сёння для мяне гэта вялікі боль, і мучаць мяне згрызоты сумлення.

Паколькі зняволенне маёй сястры ўразіла ўсіх кабет так, што страцілі адвагу, я вырашыла паказаць, што нельга нам спыняцца на дарозе пасвячэння, што надышла для полек хвіля, калі ў працы, адданасці і адвазе мы павінны зраўняцца з мужчынамі, што ўласна такім спосабам павінна пачацца нашая эмансіпацыя. Таму я найчынней занялася выкананнем даручэнняў і загадаў начальніка - была пару разоў у Вільні, а бацька мой бедны дарэмна ў натоўпе людзей, якія атачалі вязніцу пры вывазе яго ў Вільню, смутным позіркам дачку сваю вышукваў, якая ў такую хвілю ля ног яго быць павінна была. Распавядалі мне потым, як на звароты да яго не адказваў, не чуў, мяне адну толькі бачыць прагнуў, а мяне там не было. Трымаў пад пахай падушку, якую дала яму на час побыту ў Лідзе мая даўняя служанка, і думаў, што яна ад мяне, аддаць яе не хацеў, на просьбы служанкі не зважаючы.

Па суседстве ды і па ўсім павеце ішлі арышты, шмат абывацелеў, шмат паўстанцаў зняволілі; ведаючы пра тое, што і я магу быць неўзабаве арыштавана, па парадзе некалькіх чалавек надумала прадаць інвентар, збожжа, рухомасць бацькі і пакінуць сабраныя грошы ў пэўных руках у Вільні для ўручэння бацьку, калі яго выпусцяць з вязніцы. Аднак знайсці добрых купцоў не магла; таму, баючыся, каб усё гэта не было змарнавана, раскрадзена, прадала за бясцэнак. Коні - па 15 руб., каровы - па 3 руб., бочка жыта (18-20 пудоў) - па 3 руб. Палажыла тыя грошы ў панны Э.О., маёй прыяцелькі ў Вільні, і яны былі пазней найсумленней бацьку майму аддадзены. З тых сабраных грошай пакінула для сябе 50 руб. і для зняволенай сястры на руках згаданай асобы - 30 руб. Пакідаючы гэтыя квоты для сябе, цешылася надзеяй, што яшчэ праз нейкі час буду жыць у Вільні, што забяспечу бацьку патрэбнай вопраткай, не думала, што мяне так хутка схопяць.

Каб атрымаць якія-небудзь весткі пра майго бацьку і сястру, ужо некалькі месяцаў зняволеных, паехала ў Вільню, маючы пры тым даручэнне ад начальніка партыі паўстанцаў да нашай вышэйшай улады. Узяла ў ключвойта ў Васілішках нейкае там пасведчанне, паперку, якая нічога не значыла і якую паказвала па дарозе, у вёсках і на гасцінцы, затрымліваўшым мяне вартавым, дабралася да Вільні і адтуль вярнулася шчасліва. Прыбыўшы на месца, першую ноч перабыла ў высакародных, добрых маіх знаёмых, сям'і палкоўніка Бжазінскага. Назаўтра, памаліўшыся ў Вострай браме, цэлы дзень хадзіла, каб залатвіць справы і выканаць даручэнні; ні з бацькам, ані з сястрой пабачыцца не магла, хадзіла толькі пад вокнамі вязніцы св. Пятра, дзе дарагі мой бацька знайходзіўся, думкамі прабіваючы тыя муры, якія мяне ад яго аддзялілі, ля ног яго пачувалася, каб іх абліць слязамі і дабраславення папрасіць. Такое ж развітанне было з Антосяй, зняволенай некалькі месяцаў назад у цытадэлі, бо і з ёй пабачыцца не магла. Такую толькі мела пацеху, што даведалася, што жывыя, здаровыя і ніякіх здзекаў і цяжкіх пакаранняў не пераносяць, пра якія фальшыва кружылі жудасныя весткі. Радзілі мне, каб як найкарацей была ў Вільні, бо ўжо вядома было, што мяне шукаюць, таму ў пп. Бжазінскіх на другую ноч ужо застацца не магла, не хочучы іх падвесці пад якія-небудзь непрыемнасці, а пераначавала ў пані Марыі Путкамер, той незабыўнай Марылі песняра Адама. Пані Марыя, ведаючы, што хаваюся, што за прыём мяне ў сваім доме можа адказваць, нягледзячы ні на што, так прыветліва, так па-прыяцельску мяне прыняла, так да мацярынскага сэрца прытуліла, усякімі выгодамі атачыла, а прыпыніўшыся над тым, што мяне чакае, пры развітанні такой парадай падтрымала:

- Вер Богу, Ён цябе не пакіне; падтрыманая яго ласкай, усё вынесці патрафіш, і шчасліва выйдзеш з грозных няшчасцяў, сама церпячы, іншых не выдасі, у сабе самой ніякай не шукай веры, бо толькі чалавек, ласкай Божай падтрыманы, можа не ўпасці.

Я была ўражаная тымі словамі, бо моцна пастанавіла: лепш памерці ў засценках, чым іншых падвесці пад пераслед - не дапускала нават, каб магло быць іначай; пазней пераканалася, што словы любай Марылі і побыт у яе перад тым, што мяне чакала быў адным з праяваў найбольшай міласэрнасці Божай. Я палюбіла яе, яшчэ яе не ведаючы і пра знаёмства не марачы, цяпер найне-спадзяваней аказалася ў яе доме і з вуснаў яе пачула тыя выратавальныя словы! Праніклі яны мне глыбока ў памяць і назаўсёды засталіся ратункам ад роспачы, святлом з неба, якое сярод цемры, атачаўшай мяне, раз'яснялася над пропасцю.

З паняй Путкамер мы былі ў лідскага маршалка пана Сэфана Буткевіча, які пасля адбыўшагася нападу на Дамейку быў у вялікай трывозе. Выехала пад вечар у маёнтак пані Путкамер Болценікі, дзе, забяспечаная яе лістом да служанкі, найспакойней і найвыгодней пераначавала. У Рудаў вярнулася без ніякіх дрэнных прыгод, аднак у найсмутнейшым настроі, ведаючы, што гэтае дарагое, святое для мяне месца, дзе я так спакойна, шчасліва, хоць і бедна жыла, шчасця мне не верне. Сустрэлі мяне з тым, што шаноўны дзяржавец Рудава шляхціц Шумковіч атрымаў ад васілішскага асэсара загад, каб пра мой прыезд яму паведаміў, таму я вымушана была адразу выехаць. Укленчыла ў месцы, дзе два гады назад паміраўшая маці нас усіх чацвярых сясцёр, укленчыўшых ля яе ног, дабраславіла, запавядаючы, каб мы адна другую любілі і адна другую ў патрэбе падтрымлівалі, прамовіла за яе душу "Анёл анскі" і "Пад тваю абарону", пацалавала тую дарагую для мяне зямлю, заглянула ва ўсе куткі дома, укленчыла перад апусцеўшым ложкам майго бацькі, зычліва развіталася са слугамі, паспешна села ў брычку і, заліваючыся гаручымі слязамі, паехала да жыўшай за 10 вёрст ад Рудава с.п. маёй малодшай сястры Эміліі Урублеўскай. Малы той фальварачак у Ішчалнскай парафіі, які швагер трымаў у арэндзе ад п. Люцыяна Кастравіцкага, называўся Устронь. Прыехаўшы ва Устронь, не заязджаючы на дзядзінец, я адправіла чалавека з коньмі, сама пайшла каля плоту, аж тут сустрэла швагра, с.п. Зыгмунта, які мяне папярэдзіў, каб не заходзіла да іх у дом, бо шукаюць мяне і маю служанку Аляксандру Ёч, і трэба, каб пра мой побыт у іх ніхто не ведаў. Правёў мяне праз агарод у малы свіран, там знаходзілася два тыдні, мяне адведвалі і кармілі найлепшая сястра і швагер, ніхто з дзяцей або слуг пра маю прысутнасць не ведаў. У адным месцы падлогі падымалася дошка і там я мела схавацца ў выпадку небяспекі. У адну з начэй, як мне здаецца, з суботы на нядзелю я запаліла свечку, трохі чытала, і тое святло мяне выдала. У нядзелю сястра Эмілія паехала да касцёла ў Ішчалну, швагер па справах - у Васілішкі, я малілася ў сваёй схованцы, вялікі смутак агарнуў мяне, запрагнула пабачыць дзяцей і маю старэйшую сястру Вінцэнту. Таму выйшла са свірна і пайшла да іх. Сустрэлі мяне ўсе дзеці з радасцю, крычаць пачалі: "Цёця, цёця! Адкуль цёця, а дзе коні?" Пасля найчулівейшага прывітання сястра і старэйшыя дзеці: дванаццацігадовая Марыня і дзесяцігадовы Казя пачалі круціцца, чым бы мяне прыняць. Нічога мне не хацелася, цешылася іхнім выглядам: падалі самавар, выпіла толькі шклянку гарбаты, аж убачыла, што свіран акружаны казакамі і ўвесь падворак напоўнены жаўнерамі. Гляджу, аж тут усоўваецца ў пакой асэсар з афіцэрам і пачынаюць шукаць нешта па ўсіх кутках. Падышоў нарэшце асэсар да мяне са страху як бы прыкутай да канапы і запытаў:

- Ці пані ведае, дзе знаходзіцца Ёчаўна (Ёч)?

- Не ведаю нічога пра яе, - адказала.

- Дзе сястра пані?

- Паехала ў Ішчалну.

- А муж пані?

- Швагер мой паехаў у Васілішкі.

Асэсар выйшаў з пакоя, а спаткаўшы ў сенях пяцігадовага Уладзю, майго хрышчонага сына і плямянніка, спытаў у яго:

- Ці гэта твая мама?

- Не, гэта цёця Альжбета.

Вяртаецца асэсар у пакой і пытаецца мяне:

- Ці пані ёсць Альжбета Табенская?

- Так.

- Чаму ж мне пані гэтага адразу не сказала, я так даўно пані шукаю.

- Не ведала, што мяне пан шукае.

- Няхай пані будзе ласкава збірацца, бо пані паедзе са мной.

- Добра.

Пайшлі ў свіран, напонены жаўнерамі, якія адрывалі ад сцен паліцы з салам і вяндлінамі, папрасіла іх, каб выйшлі, змяніла хутчэй бялізну, апранулася, надзела капялюш і прыйшла развітацца з дзецьмі. Што за плач быў, што за крыкі роспачы:

- Цёця, цёця! Што з цёцяй будзе?

Не была ў стане сягнуць думкай у будучыню, не прадчувала, як далёка прастора часу і месца ад любімых істот і мясцін мяне аддзеліць, колькі нядолі трэба будзе перажыць нам усім, перажывала, але тых перажыванняў апісаць не патрафлю. Мусіла нарэшце развітацца з сястрой і тымі мілымі дзеткамі, з якіх наймалодшая Таклюня ледзве пачынала хадзіць, і сесці ў брычку з асэсарам і афіцэрам. Ад'ехаўшы з той ганаровай, як бы пахавальнай вартай, так, можа, з вярсту дарогі, убачыла вяртаўшуюся з касцёла сястру Эмілію. Прайшло гадоў 30 ад той хвілі, а я вобраз болю маёй найчулліўшай сястры бачу і цяпер так выразна перад вачыма, як бы на яе гляджу, хоць яна ўжо шмат гадоў спачывае на Бернардынскіх могілках. Калі мы абедзве з брычак выйшлі, Эмілія да ног маіх упала, балесным крыкам роспачы ўсіх працінаючы, трымала мяне ў сваіх абдымках, адыходзіць не хацела. Мне загадалі ехаць; села, і павезлі мяне ў Васілішкі, з шэсць вёрст ад Устроня; ледзьве туды даехалі, а ўжо сястра са шваграм прыбылі. Мы ўсе трохі супакоіліся, заблішчала смутным святлом надзея майго вызвалення. Трэба, аднак, было ехаць далей, люд натоўпам сабраўся каля дома асэсара, шмат было зычлівых паміж імі, агульны галосны плач разлягаўся:

- За што? За што?

Гэта была першая ў тых краях вывазка. Асэсар загадаў гнаць коней галопам, пакуль не знікнуць мне з вачэй любімая сястра, швагер і Васілішкі.

Была, можа, гадзіна сёмая, як мяне вывезлі з Васілішак. Ехаў са мной малады афіцэр фінляндскага палка і два жаўнеры. Мы ехалі цэлую ноч і на світанні прыехалі ў Ліду; прывялі мяне да начальніка павета палкоўніка Алхазава; досыць доўга чакала ў сенях, дзе была сялянка з-пад Дубіч, якая плакала і праклінала паўстанцаў за тое, што яе мужа павесілі за здраду. Была гэта жонка стральца Базыля, які паказаў маскалям месца знаходжання Нарбута. Калі пасля смерці таго Астрога прыняў камандаванне паўстанцамі, Нацыянальны ўрад загадаў яму рушыць у Дубічы і здрадніка Базыля павесіць. Калі паўстанцы прыйшлі ў яго хату з апавяшчэннем выраку смерці, без здзіўлення прыняў тую весту, просячы толькі, каб яго на тонкім паску павесілі, і вось жонка Базыля плакала і заклікала да помсты за смерць мужа. Алхазаў суцяшаў яе, гаворачы, што муж яе памёр за цара, за Айчыну, але яна крычаць не пераставала і паказваючы на двух ці трох прыведзеных вязняў, лемантавала:

- Вот он моего мужа повесил! Он! Этот самый!

Палкоўнік загадаў выправадзіць вязняў. а потым павярнуўся да мяне з іскрыстымі ад гневу, вялізнымі чорнымі вачамі, лаяў на розныя лады і закончыў так:

- Повесят вас, повесят, вы первая мятежница!

І загадаў адвесці мяне на гаўптвахту. Дайшла туды ў суправаджэнні жаўнераў, радая, што яшчэ рана, што апрача некалькіх яўрэяў ніхто мяне не бачыў, толькі пры ўваходзе ў гаўптвахту здарыўся прыкры эпізод, калі стары Ёч па загадзе жаўнера ўстаў са сваёй пасцелі на саломе, каб мне месца вызваліць, а сам некуды іначай пайшоў. Быў гэта бацька Аляксандры, прысланай да мяне на нейкі час для выканання даручэнняў нашага ўрада, а хутчэй паўстанцкай партыі. Бацька, які не падзяляў яе перакананяў, гневаўся на яе, сварыўся. Жудаснае ўражанне зрабіла на мяне тая роспач няшчаснага старога, які ўсё жыццё правёў спакойна, шаноўна, а сёння яго як злачынца жаўнеры пераводзілі з вязніцы ў вязніцу. Аляксандра Ёч, маладая, здаровая, адважная, растаропная, перапранутая ў жабрачку, шматкратна прыбягала з папярэджаннямі, каб данесці да партыі Астрогі пра набліжэнне непрыяцельскіх войскаў, або давезці якія-небудзь прадукты. Колькі разоў, схопленая жаўнерамі. лоўка ад іх выслізвала, пачынаючы якую-небудзь вылазку, бясстрашная Аляксандра, прыбраная ў старую сярмягу жабрачкі, з галавой, абвязанай хусткамі, з торбамі за плячыма, падала на калені перад абразом Маці Божай Вастрабрамскай, прамовіўшы "Пад Тваю абарону", са слязамі ў вачах, але з верай і адвагай у сэрцы, бегла туды, куды яе задума вяла. Бацька яе, прызнаны за невінаватага, быў неўзабаве вызвалены.

Журботныя падзеі ўчарашняга дня, бяссонная ноч і тое, што ў Лідзе даведалася, найжудасней мяне прыгнялі. Пераследаваная прыкрымі думкамі хадзіла ўздоўж па пакоі, аж раптам дзверы адчыніліся і ўляцеў са злосцю ваенны начальнік Лідскага павета Чартоў, пачаў мяне выпытваць пра знаёмых мне людзей, дзе яны ёсць? Але нічога не даведаўшыся, стукнуў дзвярыма, крыкнуў:

- Повесят вас, повесят! - і пайшоў, адкуль прыйшоў. Добрыя, ласкавыя знаёмыя прыслалі мне гарбаты, пячэння, падушку і коўдру; якім вялікім дабрадзействам для мяне была іхняя памяць, распавесці цяжка. Шаноўны лідскі тракціршчык п. Андрушкевіч прыслаў мне абед, пад вечар пані прэзідэнтша - фруктаў, соку, канфецюр. О, Божа, узнагародзь іх усіх за тую дабрыню да мяне! Я ўвесь час хадзіла па пакоі, адчуваючы то гарачку. то дрыжыкі, нарэшце прыйшла ноч. Спала я неспакойна, перарывістым сном, пад раніцу прачынаюся, а тут жаўнер, які пільнаваў мяне, падышоў ціхенька да канапы, на якой я спала і падсунуў руку пад падушку.

- Што гэта значыць? - крыкнула

- Нічога, нічога, я шукаў у вас папяросы.

Назаўтра мне зноў прыслалі гарбату і пячэнне. А 10-й прыйшоў Алхазаў і без злосці пачаў мяне пераконваць, каб ва ўсім прызналася, каб сказала, дзе быў і дзе цяпер знаходзіцца Вітольд Гажыц; што яму ўсё пра мяне вядома; але што ўласным прызнаннем магу атрымаць палёгку. Адказала яму на гэта:

- Пан палкоўнік сказаў мне, што маю быць павешанай; верачы словам яго, я занятая толькі падрыхтоўкай да смерці, ні пра што іншае не думаю, нічога не скажу; аднаго прагну - памерці шчасліва. Прашу мяне ні пра што не пытаць.

Разгневаны, ляснуў дзвярыма і выйшаў. Бачыла праз акно ішоўшага пад вартай п. Рыхлевіча, суседа з прылеглага пакоя, якога напэўна вялі на допыт. Прыехала ў Ліду бедная сястра Эмілія; хадзіла каля гаўптвахты, хацела са мной пабачыцца - мы глядзелі адна на адну, але прыблізіцца жаўнеры нікому не дазволілі. Я гаварыла да яе праз акно, але натуральна, голасу майго не чула. Апошні раз тады бачыла тую сваю любімую сястру, найдарожшую таварышку маіх дзіцячых гадоў! Бачыла праз акно нямала праходзіўшых знаёмых і прыязных людзей; паглядалі на мяне зычліва, але ўкрадкам, ніхто не падышоў паразмаўляць са мной, каб не выклікаць да сябе падазрэння. Пані прэзідэнтша Шукевіч, пані доктарша Горская, старая пані Петрушкевіч і іншыя добрыя пані прысылалі мне яду і розныя прысмакі, але я нічога есці не магла, губы мела спечаныя ад гарачкі, жаўнеры за мяне ўсё з'ядалі і ўзнікла ўражанне, што я хачу замарыць сябе голадам, у выніку чаго паспяшаліся з адпраўкай мяне ў Вільню. Паставілі жаўнера на варце ў маім пакоі, і ад той яго прысутнасці я не магла ні на хвілю вызваліцца ні днём, ні ноччу, вялікія нязручнасці мела; ужо сам смырод дзёгцю, якім свае боты чысцілі, невыносны мне быў і боль галавы выклікаў; а гэтая змена варты кожныя тры гадзіны, што мне ўначы неспакою дадавала. Пры кожнай змене жаўнер падходзіў да мяне, каб пераканацца, ці жывая.

Пан Баляслаў Жукоўскі, які быў пад хатнім арыштам у Лідзе, не зважаючы на ўглядаўшыхся жаўнераў, прайшоў блізенька ад акна маёй вязніцы і, гледзячы ў другі бок, як бы сам да сябе голасна выгукнуў:

- Faites venir le medecin, vous etes malade! Eutendey-vous? Faites venir le medecin, l`officier de service ne vous le refusera pas!

Была гэта дапамога праз яго з неба пасланая! Сказала жаўнеру, што я хворая і прашу дзяжурнага афіцэра прыслаць мне доктара; жаўнер прынёс мне адказ, што доктар заўтра прыдзе. Назаўтра рана, падкупіўшы, напэўна, жаўнераў, увайшоў да мяне капелан лідскай школкі кс. Ян Свірскі, мой зычлівы знаёмы. Мімавольна сагнуліся ў мяне перад ім калені, прасіла яго пра дабраславенства, гаворачы, што слабая, упала духам і баюся, каб каго не выдаць. Ксёндз ані слова да мяне не прамовіў, перажагнаў і паспешна выйшаў. Праз гадзіну можа ўвайшоў вядомы доктар п. Горскі, карыстаючыся з хвілі, пакуль уваходзячы за ім дзяжурны афіцэр затрымаўся ў дзвярах, нешта гаворачы жаўнеру.

- Усё ведаюць, ці маю прызнацца? - запытала.

- Барані Божа, - а бачачы, што афіцэр набліжаецца, - што ў пані баліць, - запытаў і пачаў церпяліва даследаваць. Потым, напісаўшы рэцэпт, аддаў яго афіцэру, і абодва выйшлі. Я, падмацаваная духоўна дабраславенствам каплана і парадай доктара, дзякавала Богу за гэтую дапамогу, бо ўжо не ведала, што рабіць. Не памятаю, колькі дзён была ў Лідзе, ведаю толькі, што не доўга; заходзіў да мяне Чартоў і Алхазаў, нарэшце сказалі мне, каб збіралася ў дарогу. Прынеслі мне з горада абед, памятаю, былі смачныя калдуны, пакаштавала іх, але не ела. Пасля ранняга абеду, які прыслалі шаноўныя пані, паведамленыя пра мой выезд, вывезлі мяне з Ліды; стаяла чацвёрка паштовых коней, запрэжаных у брычку, у якой сядзеў афіцэр і два жаўнеры, адзін на козлах з паштальёнам, другі на пярэднім сядзенні брычкі, а афіцэр са мной ззаду. Сабраўся натоўп людзей, маса яўрэяў - плач, лямант разлягаліся; па загадзе афіцэра паштальён выцяў коней, я кіўком галавы развіталася з сабранымі, перажагналася і паўтараючы толькі словы: "Божа. злітуйся нада мной!", горка плакала. Цэлы дзень надвор'е нам спрыяла; едучы, напружвала зрок, каб наглядзецца на такія прыгожыя мясціны любімай Літвы і насыціць вочы іхнім выглядам. Пры змене коней на пошце хацела трохі пахадзіць, але прыемным гэта не было, бо жаўнер са зброяй у руках ступаў за мной крок у крок, ад яго нагляду і на хвілю вызваліцца не магла.

V

Прыехалі ў Вільню ноччу, не магла пазнац горада, зразумець, куды мяне вязуць; муры падаваліся мне дзіўнай вышыні, нейкія фантастычныя дамы, пастаянна бачыла перад сабой падзямеллі і шыбеніцы. Спыніліся нарэшце ў цытадэлі. Паглядзелі мне там у вочы, афіцэр нешта сказаў, і праз некалькі хвілін пасадзілі мяне ў тую самую брычку і зноў праз незнаёмыя, нейкім страшным мурам апаясаныя вуліцы павезлі мяне недзе далей. Запытала нарэшце афіцэра, ці збіраюцца мяне вешаць? Адказаў на гэта:

- Вздор, женщин не вешают! (Глупства, жанчын не вешаюць!)

Прывезлі мяне, як я пазней даведалася ў місіянерскі кляштар; правялі найперш у турэмны надзор, а адтуль жандарм і служка адвялі мяне ў прызначаны 25 нумар. Жандарм выйшаў, служка сказала мне распрануцца, перагледзела старанна кожны элемент маёй вопраткі і, нічога не знайшоўшы, пайшла. У тую ж хвілю ўвайшоў жаўнер, няпрошаны і неадступны мой таварыш да выхаду з вязніцы. Пры святле тускла гарэўшай і высока павешанай лямпы я агледзела мой пакой, келлю некалі аднаго з набожных капланаў. Не было ўжо толькі ні крыжа, ні абраза. Вокны закратаваны жалезам, ложка з саламяным сянніком і такая ж падушка, з чорнай з простага сукна, тоўстай прастынёй падшытая і на саван падобная коўдра; з другога боку стаяў столік і крэселка; была таксама і печ, а насупраць яе фрамуга, у якой сядзеў мой шаноўны вартаўнік. Папрасіла жаўнера, каб выйшаў на хвілінку, адказаў мне:

- Нельзя (Нельга).

Упала на калені, уручаючы маю долю Айцу Нябеснаму, і легла на ложка. Хадзенне жаўнераў па калідоры, змена варты ноччу, адмыканне дзвярэй у прылеглыя нумары, усё гэта мяне кранала. Назаўтра вязні, па калідоры ходзячы і бачачы, што новы нумар ужо заняты, пачалі заглядваць у акенца ў дзвярах. Я хутка ўскочыла з ложка і наблізіўшыся да акенца на пытанне, хто я, назвала сваё прозвішча, у адказ пачула:

- Звяровіч.

Тыя пытанні і адказы паўтараліся што хвілю. Пачула тут прозвішчы: Пётр Янкоўскі, Ксаверы Александровіч, Томаш Шукевіч і яшчэ некалькі, якіх не памятаю. Ад жаўнераў даведалася. што ў суседнім 24 нумары знаходзіцца маладая і прыгожая ўдава п. Касакоўская, а з другога боку - шэсць ксяндзоў. На другі дзень выклікалі мяне ў камісію. Два ці тры былі там генералы, дапытвалі яны мяне, не выказваючы ніякай зласлівасці, абыякава, і з іх пытанняў я зразумела, што маюць пра мяне фальшывыя звесткі. Быццам бы шкадавалі мяне, што ўлезла ў тыя кампраментаваўшыя мяне перад урадам і ганебныя для жанчыны справы, што яшчэ магла б выйсці замуж, шануючы сябе і да т.п. Адказвала, што ніколі ў жыцці не зганьбілася ніякім кепскім учынкам, што паехала ў Кракшлі, вёску, размешчаную за некалькі міль ад Дубічаў, каб даведацца, што сталася з сястрой маёй Антанінай, арыштаванай і зняволенай у ваколіцах той вёскі, а заблудзіўшыся ў лесе выпадкова напаткала паўстанцаў, якія паказалі мне дарогу. Прыйшла ў сваю вязніцу моцна прыгнечаная тым першым у жыцці нападам на мае погляды. Была гэта можа гадзіна 10 раніцы; прынеслі мне гарбату. Шклянка са сподкам, два імбрыкі, адзін з гарачай вадой. другі з запаранай гарбатай, некалькі кавалкаў цукру, добрае печыва, усё пры тым чысцютка падана, так што з прыемнасцю паела першы раз ад часу зняволення. У параўнанні з тым, што мяне дагэтуль спатыкала, становішча маё падалося мне на шмат лепшым, а таварышы па вязніцы, якія зычліва мной цікавіліся, вялікую палёгку мне прыносілі. П. Звяровіч і п. Шукевіч дапытваліся, ці не трэба мне чаго, але я толькі дзякавала ім за ўсё. Пан Пётр Янкоўскі і іншыя таварышы хацелі ведаць пра дэталі і прычыны майго арышту. Маючы пакінутую мне служкай кніжку для набажэнства, выдрала з я яе 1-шы аркуш і шпількай ад валасоў напісаўшы на ёй пару фраз падала аднаму з паноў праз акенца так, каб жаўнер не бачыў. Абодва жаўнеры, адзін перад дзвярыма, а другі, які стаяў у маім пакоі, атрымоўвалі ад вязняў папяросы і дазвалялі прамовіць пару слоў. Нельга было прачытаць майго пісання шпількай; адзін з паноў, падаючы мне праз акенца дзве папяросы, сказаў, што трэба абавязкова, каб я курыць навучылася, што гэта будзе мне прыемным. З яго мовы я зразумела, што тыя пяпяросы маюць нейкае іншае значэнне. Жаўнер пастаянна хадзіў ад дзвярэй да акна; я седзячы пры століку і трымаючы кніжку для набажэнства разгорнутай, удавала, што малюся, а сама, прыглядваючыся да папяросаў, убачыла, што заміж тытуню ў адной была цыдулка ад тых спадароў, а ў другой кавалак чыстай паперы і аловак. Прасілі мяне, каб ім што-небудзь пра сябе напісала і як раней праз акно падала. Бо з той цыдулкі яны нічога не даведаліся. Баючыся звярнуць на сябе ўвагу жаўнера, які пастаянна хадзіў па пакоі, прыкідвалася, што малюся, калі паварочваўся да мяне, пісала хутка на лісціку, калі аддаляўся.

Такім спосабам я распавяла таварышам па няволі пра арышт Антосі, бацькі і нарэшце пра мой. Яны пісалі і гаварылі вельмі шмат пра маю сястру, якую ўсе называлі Антосяй; падтрымлівалі мой дух і для заахвочвання для вытрымкі цяжкіх выпрабаванняў пры допытах, праходзячы каля майго нумара, паўтаралі: "О, стойкая Антося, стойкая, добра трымаецца!" Антося была вясёлая, поўная энергіі і надзеі на лепшую будучыню; а я смутная, пастаянна ў слязах, бачачы подступ ва ўсім і невясёлую будучыню для Бацькаўшчыны і сям'і, а для сябе шыбеніцу. Да таго ж жаўнеры, якія мяне пільнавалі, стараліся мяне "ўцешыць", апавядлі пра прайшоўшыя экзекуцыі і пра ўвядзенне смяротнай кары для жанчын. Не магу распавесці таго, што адчувала, што ў маёй душы рабілася! Была гэта агонія з тысячай уразлівых зданяў, бяздонных пропасцяў, выяў мардаванай моладзі і шляхты, а паміж імі і маёй любімай сям'і. Чула галасы роспачы, енкі болю, а найменшай палёгкі чакаць не магла! Падала нарэшце на калені і, заліваючыся слязамі, доўга клікала: "Божа, злітуйся над намі!"

Праз нейкі час дзверы адчыніліся, і ўвайшоў жандарм з выклікам мяне ў камісію. Сабралася як найхутчэй і пайшла за ім. Сэрца ў мяне білася, у вачах у мяне цямнела. Увайшоўшы ў залу следчай камісіі, застала сядзеўшых за сталом чатырох генералаў, якія і мяне запрасілі сесці. Пачаліся пытанні: адкуль родам, кім працую і да т.п., адказы мае запісвалі ў пратаколе. Потым выказалі мне вялікія спачуванні, што так моцна правінілася, што мяне за гэта строгі суд чакае і з тым мяне адпусцілі. Вярнулася пасля таго допыту яшчэ больш прыгнечанай, ужо без найменшай надзеі на вызваленне. Адразу пачаліся стукі ў акенца з пытаннямі, пра што мяне пыталіся, што адказвала, і з парадай не падаць духам. Не памятаю, колькі часу сплыло ад таго допыту; бадай, ці не праз два тыдні паклікалі мяне зноў у следства. У той самай, што раней зале, застала зноў некалькі генералаў, якія сядзелі за сталом, пры якім і мне паказалі месца, сказалі, што прыдуць сведкі, якія пра ўсё, што рабіла, у вочы мне скажуць. Праз хвілю сталі перада мной тры няшчасныя маладзёны з выразам смутку і нібы перапуду на тварах, бо яны дзеля вызвалення ад смерці лгарствам мяне мелі абвіняць. Два сыны абывацелеў Лідскага павета, мае суседзі: Антоні Клімантовіч, малады драгунскі афіцэр з Васілішскай парафіі, Другі Аляксандр Янкоўсекі з Навадворскай парафіі і трэці Караль Кюхлер са Слонімскага павета. Усе тры паведамілі, што я дастаўляла правізію і зброю ў партыі Любіча, Віславуха і Астрогі. Клімантовіч абвініў мяне яшчэ ў тым, што падгаварыла яго да паўстання. Сказала ім, што гэта абман! Спытала Клімантовіча, дзе б з ім магла размаўляць, калі зусім не мела стасункаў з яго родзічамі і нідзе яго ў таварыстве не сустракала? Ён мне на гэта смела адказваў, што яго намовіла на цвінтары пад касцёлам у Васілішках, нібыта пагражаючы яму, што калі мяне не пачуе, то ўсе ім не толькі пагарджаць будуць, але яшчэ дом маці яго спаляць, уся гаспадарка, усе пабудовы будуць паўстанцамі знішчаны. На што, звяртаючыся да чальцоў камісіі, дадаў са слязамі: "Бачыце, паны генералы, такая была пераканаўчая! Як пачала мяне намаўляць, дык не быў у стане супраціўляцца ўгаворам!" А мне, карыстаючыся тым, што адышоў найбліжэй сядзеўшы генерал, сказаў:

- Нічога табе, пані, не сталася б, каб у тым прызналася, а мяне вызваліла б ад смерці.

- Шкадую, што таго прадбачыць не магла, - адказала.

Сказалі выйсці тым сведкам. У той час адзін з генералаў наблізіўся да мяне, гаворачы:

- Загубіла пані таго чалавека ў росквіце веку. Ён будзе пакараны смерцю, бо падобна, што быў нават часовым начальнікам нейкай партыі.

- Я яго намаўляла да паўстання, - сказала, - але што ён не быў начальнікам партыі, то ведаю добра, бо калі я ехала ў вёску Кракшлі, каб даведацца, што сталася з сястрой, то сустрэла некалькі паўстанцаў, блукаўшых па лесе, і паміж імі Клімантовіча, які ішоў з думкай, каб здацца паліцыі.

Можа, тое маё прызнанне, як нібыта непрыязнай асобы для абвінавачанага, паслужыла на змякчэнне выраку, бо выслалі яго на катаржныя работы на 20 гадоў, а быў прысуджаны на смерць праз расстрэл. Памёр, аднак, у дарозе ад воднай пухліны пасля тыфу. На пытанне генерала, чаму гэтыя маладыя людзі так згодна гавораць мне ў вочы, што ведаюць, і чаму я прызнацца не хачу. Адказвала, што баязнь смерці, якою ім пагражаюць, калі не будуць гаварыць так, як ім паны кажуць, да таго іх давяла. Праз некалькі месяцаў пасля таго допыту ўвайшоў да мяне жандарм з азнаямленнем, што заўтра павінна быць дастаўлена для выслухвання майго выраку, а потым буду выслана на месца прызначэння. Паўтарыла мне тое самае жанчына, якая мяне абслугоўвала. Прасіла іх на прамілы Бог пра залатвенне спаткання з сястрой, а за зробленае мне абяцанне абдарыла іх, чым магла з маёй вопраткі; ведаючы, што сястра мая спіць без падушкі, прасіла аддаць ёй маю, але нікчэмныя ашукалі мяне! Цэлую ноч не спала, дарэмна чакаючы прыходу сястры.

Назаўтра а 8-й гадзіне паклікалі мяне да наглядчыка, загадаўшы апрануцца на выезд; пасля ў суправаджэнні двух жандармаў правялі мяне праз калідор. Праходзячы міма пакоя, у якім жыла Антося, я крыкнула: "Антося! Бывай!" Яна высунула руку праз прыад чыненыя дзверы, але жандармы пацягнулі мяне за сабой, не даючы нам абмяняцца развітальным поціскам рук! Увялі мяне да наглядчыка, прасіла літасці, дзаволіць мне развітацца з сястрой - дарэмна! Як раней жандармы, так цяпер ён адказваў: "Нельга!" У роспачы з плачам гаварыла:

- Дабра зрабіць, то і ваш усемагутны цар не мае ўлады, але зло то і самы ліхі наглядчычак можа! Слёзы нашы, кроў наша клічуць аб помсце да Бога! Прыдзе час кары на вас за здзекі вашыя над намі!

Плакала ўголас, так прыгаворваючы.

- Аддайце мне грошы мае, што адабралі ў мяне пасля прыбыцця ў вязніцу!

Але наглядчык, нічога не адказаўшы, выйшаў у другі пакой, жандармы выправадзілі мяне і, усадзіўшы ў дрожкі, завезлі ў цытадэль для выслухвання выраку. Сплаканая, змучаная, я ўвайшла ў велізарную залу; вакол стаяць жаўнеры з суровым выразам твару, як статуі, з паднятай зброяй у руках. Перад жаўнерамі - некалькі генералаў, і цішыня ў зале магільная. Праз хвілю, як Люцыфер, выходзіць наперад пракурор з паперай у руках, грозным тонам пачынае чытаць вырак. Была пэўная, што прыгавораць мяне да павешання, таму слухала. Спачатку пералічвалі ўсе мае злачынствы, а потым "праз невыказную ласкавасць найяснейшага гасудара паслаблены вырак на пасяленне ў Томскай губерні з пазбаўленнем усялякіх правоў: шляхецтва, спадчыны і да т. п. цяпер і ў будучыні". Такім быў вырак цара ўсёй Расіі, шчасліва!? пануючага Аляксандра ІІ, так ласкава прыгаворваючы на Сібір мяне, "няверную падданую, якая брала ўдзел у бунце супраць яго, наладжвала стасункі з мяцежнікамі" і да т. п. Пасля выслухвання выраку адвялі мяне ў залу, дзе апраналі вязняў, прыгавораных на падарожжа ў Сібір. Сказалі мне там зняць маю вопратку і апрануць арыштанцкую; сярмягу з шэрага сукна з жоўтай латкай на плячах і страшны каптур з таго ж сукна на галаву. У хвілю, калі мяне так апраналі, увайшоў доктар Шымон Станкевіч, таксама з місіянерскай вязніцы. Змяніўся быў да непазнання, бо з галавы і твару зніклі аздабляўшыя яго валасы, мускулы на твары яго дрыжалі, прытым апрануты быў таксама ў страшную сярмягу. Бачачы маё здзіўленнне, сказаў: "Абяцалі перад тым выпусціць мяне, зусім не прадбачыў, што так сурова буду асуджаны, высылаюць мяне на катаржныя работы". Чакалі досыць доўга ў тым месцы, нарэшце сказалі нам апрануць кажухі. Так здарылася, што нейкі яўрэй, вязень, замяніў свой кажух на мой, а паколькі вялікая была паміж намі розніца ў росце, то хоць для мужчын давалі кароткія кажухі, яго быў для мяне зацяжкі і задоўгі і цягнуўся па гразі, калі нас з цытадэлі вялі ў астрог на Лукішкі. Потым вывелі нас на падворак, дзе іншыя вязні на нас чакалі. Было гэта ў лістападзе, гразюка была страшэнная, я не магла справіцца з маім доўгім кажухом, а прунелевыя боцікі, якіх мне зняць не загадалі, прамоклі зусім. Таварыства наша складалася з 60 мужчын і мяне адной жанчыны. Казакі на конях нас суправаджалі і пастаянна да хутчэйшага маршу падганялі. Я не магла паспець за таварышамі, падала ад знямогі. Убачыўшы праходзіўшую міма мяне нейкую паненку, крыкнула: "Я - Табенская!", а казак на гэта закрычаў, падымаючы нагайку:

- Я тебе сейчас покажу! Научу тебя молчать!

Нарэшце мы прыбылі ў астрог на Лукішках, і мяне памясцілі ў аддзел для жанчын- крымінальніц. Ад выгляду іхніх жудасных постацяў страх мяне праняў; многія рэчы перабачыла, але ніколі не думала, што акажуся ў падобнай кампаніі. Не мела адвагі наблізіцца да каторай з іх, траціла прытомнасць. Уселася на зямлю пасярод пакоя, гразь сцякала з кажуха, а тут уваходзіць нейкая добрая пані з прыслугі, прыносіць шмат рознай вопраткі, бялізны, некалькі цёплых хустак, некалькі рублёў. Крымінальніцы пасля яе адыходу атачылі мяне, уселіся вакол мяне і з цікавасцю прыглядаліся да прынесеных рэчаў. Неспадзявана паказаўся дзяжурны афіцэр і, падышоўшы да мяне, спытаў прозвішча, а потым, ці не сястра я Аляксандра Табенскага, які быў у войску яго таварышам? На сцвярджальны адказ выказаў вялікія да мяне спачуванні і па-прыяцельску радзіў, каб рэчы не брала з сабой, бо была б вымушшана несці іх на сабе, ідучы ў Сібір пеша. Паверыла яго словам і параздавала ўсё жанчынам, якія сядзелі вакол мяне. Далі мне знаць, што нехта прыйшоў пабачыцца са мной. Пайшла спешна за жаўнерам, які вёў мяне да частаколу, што ўтвараў агароджу вязніцы, і з вялікай радасцю ўбачыла там с. п. Паўліну Кандратовіч з двум сынкамі Казем і Людвісем. Заплакалі высакародныя хлопцы на від маёй нядолі. Маючы прамочаныя ногі, я то адну то другую падымала для сугрэву; холад мяне працінаў; пакінулі мяне неўзабаве мілыя госці, і я вярнулся ў астрог. Не памятаю, як я тую ноч у астрозе правяла, здаецца мне, што седзячы на сярэдзіне пакоя і пільнуючы мае рэчы, г. зн. кажух і клунак. Назаўтра рана прыйшоў ксёндз з Панам Богам да адной хворай з цывільных злачынцаў, а калі перад удзяленне святой камуніі сказаў: "Ото - баранак Божы!" - упала яму да ног і прасіла пра дабраславенства на дарогу і жыццё ў Сібіры. Ксёндз быў вельмі ўзрушаны, не мог ні мяне адапхнуць, ні ісці далей; падышла тады адна сястра міласэрнасці, анёл Божы на зямлі, і лагодна прамаўляючы вызваліла з абдымкаў ногі ксендза, які, трымаючы камунікат, слова вымавіць не мог, бо я непрытомна крычала: "Ойча, дабраславі мяне няшчасную, дабраславі!" Назаўтра, не памятаю ўжо, у якую пару дня, вывелі нас на падворак для адпраўкі на чыгунку. Пры выхадзе з астрогу ўбачыла п. Эвяліну Асціловіч, найлепшую, сапраўдную сяброўку сваю з іншымі нейкімі панямі, якія развіталіся са мной са слязамі ў хвілю пакідання роднага краю, са сваіх нікога не было. Не маю слоў, каб абмаляваць мае пачуцці пры вывазцы мяне з Вільні. Боль і жудасны страх мной авалодалі. Такія пачуцці вядомы хіба толькі перад хвіляй смерці тым, хто да яе прыгавораны! Любімы, найлепшы мой бацька, 75-гадовы стары, застаўся ў вязніцы; сястра Антаніна - у вязніцы; слабая на галаву Вінцэнта - без апекі; братоў маіх дарагіх не ведала нават дзе думкай шукаць; увесь край у нядолі і жалобе; у кожнай сям'і забракла некага з найбліжэйшых; вязніцы перапоўнены; сястра мая Эмілія з малымі дзеткамі найнешчасліўшая; яна пазней закончыла жыццё галоднай смерцю.

Пасадзілі нас у арыштанцкі вагон, закратаваны жалезам; так нас там было поўна, што не толькі рухацца, але і дыхаць было цяжка. Я была адна сярод мужчын, пачатак падарожжа, якое мела трываць год, быў жудасны. Пры пасадцы на цягнік у Вільні знік яўрэйчык, які замяніў мой кажух. Кінуліся за ім, але ён абмануў пагоню; цягнік рушыў, і мы паехалі. У Пецярбургу завялі нас у залу ІІІ класа, дзе мы пілі гарбату; з першым цягніком выправілі нас у Маскву. Тут я была памешчана ў астрогу з жанчынамі простага люду; было там некалькі сямей заградовай шляхты з ваколіц Ібяны на Жмудзі. Адна з іх з малюткім дзіцем, бо на трэці дзень пасля родаў была выслана, бедная кабета была моцна аслабленая, а мела яшчэ двое дзетак, якім было па некалькі гадоў. Калі нас прывезлі ў Маскву, пані, не пазбаўленыя шляхецкіх правоў, былі лепш размешчаны, а іншыя так, як я, у астрозе. Было там вельмі людна, але яшчэ лепей, чым пазней на этапах, дзе мужчын размяшчалі разам з жанчынамі. Адных дзяцей, па большай частцы малюткіх, было ў нашай камеры сорак. Плакалі яны ноччу; паветра было кепскае, душнае; пад ранак, калі дзеці заціхалі, то іх маці пачыналі спяваць гадзінкі; мілыя гэта Богу і людзям спевы, але не тады, калі спаць пасля мучэнняў хацелася. Папярок камеры ад адной сцяны да акна месца для сну, нары (від ложка з дошак накшталт збітага моста, пракладзенага ад сцяны да сцяны, агульнае ложка для мужчын і жанчын). Працягнуты быў шнур тут жа пры печы, і тут сушылася брудная, нямыта, самая розная бялізна. Вечарам лічылі нас, выклікваючы па прозвішчах і запісвалі, колькі "штук". Пасля запісу, які меў месца а 8-ай вечара, засоўвалі на засаўку і замыкалі дзверы вязніцы; а 8-ай раніцы адчынялі і дазвалялі мужчынам увайсці ў жаночую камеру. Пазней прыносілі ў катле ежу для ўсіх, якой я не спрабавала, бо, дзякуючы шаноўным віленцам, мела цукар, гарбату і грошы на булкі. Гаспадарлівыя жанчыны распальвалі агонь у печы, а пасля выпальвання, згарнуўшы жар далей, ставілі свае гаршчкі, спачатку радамі - адзін каля другога, потым на двух гаршчках сподніх - адзін зверху, і так далей, аж пакуль печ не запоўняць; у тыя гаршчкі ўкладвалі ўсё, што мела стаць ежай, хто што меў і што хто хацеў улажыць, і потым засоўвалі печ жалезнай засланкай. У катле пры печы была гарачая вада. таму можна было заварыць гарбату, памыць посуд і бялізну. Я доўгі час жывілася адной гарбатай, бо да печы не магла б даступіцца, а зрэшты не мела найменшага апетыту. Смутак напаўняў мне душу; недахоп паветра, пастаянны рух і гоман кепска ўплывалі на маё здароўе; упала сіламі і атрымала кружэнне галавы. Аднаго дня пасля нашага прыбыцця ў астрог, у поўдзень, прыйшоў у вязніцу нейкі генерал, высакароднай паставы, ужо сівы, у суправаджэнні двух ураднікаў. Агледзеў камеру, праходзячы з аднаго канца ў другі, і пытаўся, ці каму з нас чаго трэба. Жанчыны з Ібян прасілі затрымаць іх у Маскве да прыбыцця мужоў, іншыя прасілі паведаміць, дзе іхнія мужы. Адзін з тых ураднікаў запісваў указанні генерала, а другі запісваў просьбы. Пасля выхаду генерала я даведалася, што гэта быў князь Абаленскі, цывільны губернатар Масквы, добры чалавек, які стараўся аблегчыць кожнаму цяжкую долю. Тады прыйшла мне думка таксама папрасіць князя пра некаторыя рэчы. Дастала кавалак паперы. чарніла і пяро і на простай, трохі памятай, паперы напісала па-французску роспачлівы ліст, выказваючы тую думку, што калі б ведала, што князь такі ж зверскі, як Мураўёў у Вільні, то прасіла б яго пра пазбаўленне мяне жыцця, для скарачэнне жудаснай нядолі, але ведаючы, што князь зусім іншы, прашу яго пакінуць мяне ў Маскве да прыезду маёй сястры, якая, як думаю, будзе неўзабаве выслана з Вільні; далей прасіла пра памяшчэнне мяне ў шпіталь, бо я хворая, і пра вызваленне маіх грошай, затрыманых наглядчыкам турмы ў Вільні. Падала тую просьбу на рукі ўрадніка, якога прыслаў князь, каб забраць нашыя просьбы; быў гэта чыноўнік для спецыяльных даручэнняў пры князі-губернатары. Назаўтра, здаецца а 9-й раніцы пачалі выклікаць тых, хто запісаўся ў бальніцу. Пасля іншых выклікалі і мяне і сказалі ісці ў канцылярыю шпіталя; прыйшоўшы туды пад экскортам жаўнера са зброяй, застала 12 крымінальніц у кайданах, я была трынаццатая. На від твкой кампаніі я моцна перапужалася і пачала плакаць. Тады падышоў да мяне нейкі пан, пачаў мяне супакойваць і прасіць, каб не плакала. Быў гэта француз, некалькі гадоў назад зняволены ў Маскве і няслушна падазраваны ў забойстве ўласнай жонкі. Сказаў мне, што таксама спачатку быў у роспачы, але гэта на нішто не прыдалося, цяпер у гэтай самай жудаснай вязніцы са спакоем і пакорай чакае свайго вызвалення. Прасіў мяне настойліва, каб супакоілася і не паддавалася роспачы. Не доўга чакала ў канцылярыі; можа, праз паўгадзіны адвялі мяне ў шпіталь, які ў параўнанні з астрожнай турмой зрабіў на мяне прыемнае ўражанне; нацёрты паркет, узорная чысціня пасцелі на ложках, ветлівыя наглядчыцы - толькі непрыемныя фізіяноміі жанчын, каля якіх мне ложка паказалі, рабілі мне прыкрасць. Адразу даведалася, што ў тым шпіталі ёсць і полькі, пасля таго, як перапранулася ў шпітальную вопратку, чаго вымагалі наглядчыцы, пайшла ў суседнюю палату, якая называлася камерай. Вельмі абрадавалася сустрэўшы там паню Станкевіч, маладую жанчыну, якая ехала з маладым мужам і малым дзіцем. Сустрэла гэтае панства ў Маскве і палюбіла, бо былі да мяне дабразычлівыя і ветлівыя; паколькі акрамя слабасці і прыгнечанасці я не мела іншых хвароб, таму не клалася ў ложка, а сядзела пры пані Станкевіч, даглядаючы яе патроху. У другой палаце знайшла яшчэ адну польку - Чарняўскую, ужо не маладую асобу і вельмі хворую. на трэці дзень майго ў шпіталі побыту здарыўся вельмі прыкры для мяне выпадак; рыхтавалі шпітальную бялізну для прання, а калі яе перад адданнем прачцы пералічвалі, забракла адной простыні; не могучы яе знайсці, мяне ў крадзяжы абвінавацілі. Наглядчыца, якую назы валі нянечкай, напала на мяне вельмі разгневаная, загадваючы неадкладна аддаць скрадзеную простыню і грозячы суроваю караю за зладзейства ў выпадку, калі не аддам, гаварыла з гневам, што я адна хаджу па палатах, таму ніхто іншы толькі я "прыўлашчыла" (сцягнула) тую простыню. Не маючы сродкаў для апраўдання, была ў вялікім страху, пад канец пры моцных росшуках страта знайшлася. Назаўтра прыйшоў у шпіталь князь Абаленскі і, наблізіўшыся да мяне спытаў па-французску, ці мне тут добра, сказаў, што ўсё, пра што я яго прасіла, будзе зроблена, і што, калі папраўлюся, буду мець лепшае памяшканне, хоць пра гэта не прасіла. Падзякавала. Віленская губернатарша Патапава, з дому Абаленская, прывезла ў Вільню памілаванне для прыгаворанага на смерць ксендза Ануфрыя Сурвіда, а калі нястомная ў сваіх дабрадзействах да няшчасных віленцаў памерла, то ўвесь горад яе аплакваў, і яшчэ сёння, хоць ужо з таго часу 40 год сплыло, удзячныя віленцы яе імя ўспамінаюць. Пасля выйсця князя Абаленскага наглядчыца з вялікай цікавасцю спытала, што князь гаварыў мне і што я яму адказвала. Была задаволеная, што я на яе не скардзілася і таму была да мяне вельмі ўважлівая. Праз два дні чыноўнік, які мой ліст, напісаны ў астрозе, уручыў князю Абаленскаму, прынёс мне 25 рублёў; я была пэўная, што гэта з Вільні мне іх прыслалі, але ён мне сказаў, што гэта князь прыслаў гэтую квоту, пакуль не прыйшлі забраныя ў Вільні мае грошы, і прасіў распіску ў атрыманні, што я адразу і зрабіла...


З дазволу князя адведала мяне ў шпіталі знаёмая мне яшчэ ў дзяцінстве п. Эмілія Шукевіч, пляменніца с.п. Знанецкай, прыяцелькі маёй нябожчыцы маці.

Пані Эмілія была настаўніцай недалёка ад Масквы і прыехала ў горад, каб пабачыцца з нейкім знаёмым сваім у вязніцы, а даведаўшыся пра мяне ў астрозе, прыйшла мяне адведаць. Яна паведаміла пра мой побыт у Маскве майму шаноўнаму дзядзьку с.п. Тадэвушу Навіцкаму, а той высакародны дзядзька прыслаў мне на яе адрас 25 рублёў. Паведамленая пра тое, што мне з Вільні не аддадуць маіх грошай, прасіла князя Абаленскага прыняць прысланыя мне дзядзькам 25 рублёў. Праз некалькі дзён да хворай полькі Чарняўскай выклікалі ксендза дзеля Пана Бога. Ад думкі, што хворая памрэ на чужой зямлі, авалодалі мной жудасныя пачуцці. Упала на калені перад дзвярыма палаты, у якой ксёндз спавядаў хворую, і забыўшыся на ўсё, што мяне атачала, уголас, заходзячыся ад плачу, звярталася да Пана Езуса, каб злітаваўся над намі, каб не даў нам памерці на зямлі непрыяцеляў нашых, каб успомніў пра заслугі продкаў нашых, каралёў і князёў нашых, якія ў Яго гонар у Вільні і ва ўсім краі ўзносілі цудоўныя святыні, сёння на цэрквы, казармы ці нейкія там склады паперамененыя, каб вярнуў нам свабоду і не дапусціў, каб косці нашыя былі ў паняверцы на непрыяцельскую зямлю кінутыя, а спачылі на родных нівах. Крычала ў роспачы:

- О, Езу! Езу! Божа, так шанаваны Пястамі і Ягелонамі, злітуйся, злітуйся над намі!

Боль раздзіраў сэрца пры той роспачлівай малітве, якую ніхто не перапыняў. Апамяталася ад голасу званка, які даў пачуць знак, што можам увайсці да хворай. Апомнілася ў той жа час і ўбачыла закрыстыяна, залітага слязамі, які ўкленчыў каля мяне, і плакаўшую Станкевічыху. Адышоў пад канец слуга Божы. Пасля прыходу нябеснага Пана настала ціша. пакуты хворай палягчалі, але мяне боль не адпусціў. І сёння, як тады, сэрца маё разрываецца на від нядолі краю, перследу ўраду, адсутнасці братняй, касцюшкаўскай любові паміж намі; на від таго пераследу і крыўд удоў і сірот, устае мне перад вачыма шэраг ахвяр, палеглых у паўстанні, павешаных, расстраляных, памерлых у вязніцах і на выгнанні, а Бацькаўшчына ўсё нясе свае цяжкія кайданы!


А цяпер вяртаюся ў шпіталь у Маскве. Маючы грошы, прысланыя дзядзькам, і агонь, распалены ў печы нашай палаты, прасіла жанчыну, якая прыслужвала хворым, купіць малака, цыкорыю і булак; прыгатавала цыкорыю на малаку без вады і разам з п. Станкевіч пачаставаліся той кавай, якая была нам вельмі смачная. Але вечарам таварышка мая адчула сябе нядобра, а ноччу вельмі захварэла. Калі пакліканая прыбегла да яе, застала яе крычаўшай:

- Паміраю, паміраю! Ратуйце, ратуйце!

Уражаная, я ўбегла ў пакой наглядчыцы з крыкам пра ратунак і доктара для хворай.

- Помилуйте, это невозможно звать доктора ночью в острожную больницу. (Злітуйся, пані, гэта немагчыма клікаць ноччу доктара ў астрожны шпіталь).

- Малю паню аб тым, - запрычытала, - ці ж можна пакінуць без ратунку, даць памерці маладой жанчыне, беднай польцы! Доктара! На праміласць Божую, доктара! Князь Абаленскі пахваліць пані за такі клопат!

Праз чвэрць гадзіны прыйшоў галоўны доктар са сваім памочнікам. Пасля распытвання хворай пастанавіў, што ёй зашкодзіла цыкорыя і што пасля прыняцця прапісанага лякарства паправіцца. Так і сталася; дзякуй Богу, наглядчыцы і пану доктару, які зусім не загневаўся, што яго выклікалі ноччу, хворая хутка выздаравела.

VI

Праз некалькі дзён мяне адвезлі ў Сушчэўскую частку (паліцэйскі ўчастак), дзе я застала дзвюх полек: пані Дызманьскую і панну Браніславу Вечаркоўскую. Першая - маладая ўдава і, падобна, заможная кабета, другая - нешчаслівая, хворая на галаву, якая жыла ў пп. феліцыянак у Варшаве, у альтанцы, у садзіку на першым паверсе, а на другім паверсе быў пакойчык, дзе жыла пані Тэкля Траханоўская, таварышка далейшага майго падарожжа з Масквы ў Томск. Траханоўская, не зважаючы на настойлівыя просьбы пп. феліцыянак, каб не ўлазіла ў справы, якія маглі б скампраментаваць яе перад урадам, і ў якія ім, манашкам, умешвацца было нельга, бо толькі на такіх умовах далі ёй у іх жыллё. Траханоўская кпіла з манашак і са слова ім дадзенага і выконвала без іх ведама нейкія даручэнні. У выніку гэтага прыйшлі раз жандармы з паліцыяй для правядзення ператрусу, салдаты атачылі альтанку, а тут з акна выпаў гаршчок кветак з нейкай пад ім схаванай паперай Нацыянальнага ўрада, здаецца, з нейкім мандатам. Каля ног салдата, які стаяў унізе, аказалася гэтая папера, а паколькі гэта адбылося пад акном п. Вечаркоўскай, абвінавацілі яе ў стасунках з Траханоўскай і пасля допытаў і турмы выслалі на жыхарства ў Арэнбургскую губерню. П. Вечаркоўская баялася маёй кампаніі, са страхам глядзела на маю арыштанцкую вопратку і прыдумала сабе, што яе высылаюць па волі ксендза Дунаеўскага, пазней ксендза-біскупа і кардынала кракаўскага. Пісала яна князю Абаленскаму лісты па-французску і высокім стылем апавядала пра свой без віны пераслед і маліла адаслаць яе ў Край. Князь узяў тую справу да сэрца і, выклікаўшы мяне ў другі пакой, запытаў, ці сапраўды ўсё так, як п. Вечаркоўская гаворыць? Я адказала, што нявінная п. Вечаркоўская ў справе, у якой не толькі найменшага ўдзелу не брала, але нават пра яе не ведала, гэта праўда, але праўда ёсць таксама і тое, што хворая на галаву, і выказванні, якія робіць пра кс. Дунаеўскага, пра феліцыянак і пра мяне, ёсць ураенні хворай думкі. Князь дазволіў п. Вечаркоўскай паехаць у Цітаўскія казармы, каб пабачыцца з Траханоўскай і пагаварыць з ёй пра тую справу, бо ў камісіі гаварылі, што Траханоўская прызналася ў стасунках і знаёмстве з ёй. Не ведаю, што пазней з п. Вечаркоўскай сталася, узбуджала яна ў мяне літасць сваімі паводзінамі. Нейкі вязень, расеец, якога высылалі ў Арэнбургскую губерню за нейкае злачынства і які бегла гаварыў па-французску, моцна яе апякаў, і яна яму моцна давярала. Праз тыдзень выехалі мае таварышкі з Сушчэўскай часткі, а мяне перавезлі Цітаўскія казармы, дзе князь Абаленскі дазволіў мне застацца да прыезду сястры. Знайшла тут вялікую кампанію палітычных вязняў і паміж імі с.п. Вітольда Гажыца. Тут я пазнаёмілася з Тэкляй Траханоўскай, да якой прыязджала п. Вечаркоўская.

З Цітаўскіх казармаў дазволілі мне паехаць да касцёла, дзе мела шчасце выслухаць святую імшу, спавядацца і прыняць Пана Езуса (прычасціцца, рэд.). Таварыства знаёмых і знаёмства з п. Траханоўскай добра на мяне ўплывала. Я паважала яе як старэйшую векам, вышэйшую розумам, як тую, якая не паддаецца роспачы, а пры тым мае здароўе слабейшае, чым у мяне. Прыходзіў да нас часта Гажыц, быў да мяне вельмі дабразычлівы, мы з ім гаварылі адкрыта пра многія рэчы; быў бедалага прыгнечаны духам, спазнаўшы шмат інтрыг, пры тым яго асуджалі за здраду нашай справе, за тое што выдаў некалькі абывацеляў Лідскага павета, дзе быў цывільным начальнікам. Я не верыла таму, бо на няшчасце дапускаліся розныя падазрэнні і паклёпы, чым няшчасныя самахоць сваю нядолю павялічвалі. Гажыц быў праваслаўны, маці, падобна, - з уніятаў, аднак ён сваёй веры не любіў і ў наступнае жыццё не верыў.

Вельмі зычлівай да мяне была пані Ляшчынская, удава, добрая, лагодная і хворая кабета, а таксама яе знаёмая - вясёлая і энергічная асоба, прозвішча якой сёння не памятаю. У Цітаўскіх казармах быў адзін малады, шаноўны хлопец па імені Станіслаў, кухар па прафесіі. Ён прапанаваў мне, каб з яго дапамогай я занялася прыгатаваннем абедаў для таварышаў па падарожжы, я згадзілася на гэта, і ў час побыту нашага ў той вязніцы і пазней яшчэ ў дарозе аж да месца прызначэння Станіслава ў арыштанцкія роты некаторыя з нашых таварышаў мелі добрыя, здаровыя і не дарагія абеды, бо ішлося нам не пра заробак, а пра нейкі занятак і дапамогу таварышам. Станіслаў умела ўзяўся за працу, пакупка патрэбных прадуктаў ніякай цяжкаці не ўяўляла, бо мяса, масла, рыбу розных гатункаў, словам, усё, што толькі патрэбна было, мы мелі ад перакупшчыкаў, якія сядзелі пад брамай вязніцы. Станіслаў гатаваў і выдаваў абеды. Я вяла рахункі і распараджалася грашыма.

Мы жылі разам, п. Траханоўская і я, і хоць абедзве былі ўжо не маладыя, бо я мела 35 гадоў, а яна яшчэ на 10 гадоў старэйшая за мяне, прытым праўдамоўная і патрабавальная, гарнуліся да нас маладыя людзі, якія адчувалі недахоп сямейнай зычлівасці дамашняга агменя. Кожны з іх меў за сабой балючую мінуўшчыну, а што за будучыня іх чакала? Марнавалася велізарная колькасць моладзі: так, напрыклад, два браты Левандоўскія - Канстанцін і Мечыслаў, студэнты ўніверсітэта - на месцы ссылкі працавалі ў шынку; п. Юзаф Сільванд, студэт апошняга курса ўніверсітэта ў Пецярбургу - нейкі час працаваў на вёсцы ў мужыка, потым недзе ў іншым месцы за вучэнне дзяцей далі яму жыллё ў кухні і нейкую спажыву, але і ў тым яму хутка адмовілі, бо ім здалося, што занадта мала для іх умеў. І так многія з той прыгожай, добрай моладзі, якая магла б сабе светлую будучыню наваражыць, мусілі здольнасці свае закопваць у неадпаведнай іх прызванню працы. Калі сёстры-віленкі даведаліся, што я займаюся кухняй і што мне не хапае вопраткі, прыслалі для мяне адпаведныя рэчы: былі там фартухі, ватовая алжырка з дамашняга сукна, у белыя паскі з блакітным, трохі бялізны, спаднічку з кафтанікам, гарусавы каптурык на галаву, вялікі парасон ад дажджу, кніжкі для набажэнства: "Вастрабрамскі алтарык", "Прыклад Пана Езуса" і да т.п. Я не магла даведацца прозвішчы асоб, якія мне гэта прыслалі, але былі яны тыя самыя, якія бралі чынны ўдзел у вітанні мяне, калі вярталася. Якая я ўдзячная тым шаноўным віленкам за памяць пра мяне, пра майго бацьку, які цярпеў у вязніцы, пра маю сястру Антаніну, якая, бедалага, прабыла 15 месяцаў у турме. Найперш чатыры месяцы ў цытадэлі, у вільготай, цёмнай камеры, без змены вопраткі, і так, як была апранута пры арышце летам, так чатыры месяцы прабыла, потым трапіла ў яшчэ горшую Дамініканскую турму, а потым яшчэ на некалькі месяцаў яе замкнулі ў сакрэтную. Ад тых высакародных віленак мелая яна толькі за Божую ласку апеку. Няхай іх за гэта неба ўзнагародзіць. Князь Абаленскі быў нястомны ў сваёй апецы над намі, падчас, калі іншыя ўрадоўцы высокага рангу часта карысталіся паслугамі сваіх падуладных, ён сам заўсёды кожны дзень у розны час прыходзіў да нас, заўсёды прыносячы нам магчымыя палёгкі. Прыходзіла да нас часта пані Ганчарова, якую мы памылкова называлі паняй генеральшай, залатвіла яна пакупку рэчаў, патрэбных для вопраткі, таму і я, даючы ёй 7 рублёў, прасіла купіць якое-небудзь цёплае футарка і галёшы. Купіла мне салопку на футры з шэрага зайца з чорным каціным каўняром і цёплыя галёшы, магла я ўжо неяк так, нібы трошкі лепей прыадзецца і кажухом не карыстацца. Пасля гэтага ўсяго роспач мая пачала ўступаць месца хрысціянскай пакоры, а думка пабачыць сястру пры пераездзе, а можа і злучэння з ёй на далейшае падарожжа была маёй наймілейшай марай. Не раз у сне выгуквала: "Антося! Антося!", - з-за чаго разбуджаная пані Тэкля адразу назаўтра мяне пытала, якога гэта я Антося клікала. Дакучала яна мне не раз нейкімі падазрэннямі, не верыла або не хацела верыць, што я пра тое, як казала, глупства для сябе ніколі не думала, маючы пакліканне настаўніцы, як капланкі, дадзенае мне ад Бога. Бо калі б і мела калі нейкія мары выйсці замуж, ці ж на гэта тады быў час і становішча, мне так збалелай, нешчаслівай, так нядоляй сям'і маёй і Бацькаўшчыны прыгнечанай у такія пустыя мары ўдавацца? Але немагчыма было паню Тэклю пераканаць, маўчанне мусіла быць адзінай абаронай. Тым часам найнеспадзяваней дайшла да нас вестка, што нам усім: мужчынам, жанчынам і дзецям загадана выехаць. І гэта быў загад нашага тагачаснага апекуна князя Абаленскага. Трое таварышаў нашых уцяклі, і ў выніку гэтага ўсіх іншых загадалі выслаць. Кожны лёгка адгадае мае і пані Тэклі страхі, калі пра гэта даведаліся. У Маскве мы былі ад паловы лістапада да 5 сакавіка 1864 года. Нельга і так было б вымагаць даўжэйшага побыту ў Маскве; калі б не гэты выпадак, пачакалі б, можа, яшчэ пару тыдняў да паляпшэння дарогі, цяпер аднак трэба было пагадзіцца з лёсам і паўтарыць у думках: "Такі лёс выпаў нам, сёння - тут, заўтра - там". Песенька, якую нашыя таварышы хорам па дарозе і пры выездзе з этапаў спявалі. Выязджаючы з Цітаўскіх казармаў развіталіся са шчырым жалем з п. Ляшчынскай і іншымі таварышамі. прыгаворанымі на пасяленне ў еўрапейскай Расіі, і падаліся з п. Тэкляй на ўказаныя нам вазы. Таварыства наша складалася з маладых людзей, апранутых у кажухі і брадзяхі з каляровымі латкамі на плячах. Былі яны прыгавораны да пасялення ў Сібіры з пазбаўленнем усякіх правоў, да катаржных работ або ў арыштанцкія роты. Смутны вобраз узнік перада мной пры выездзе з Цітаўскіх казармаў, але не было часу на роздум, трэба было хутка сядацца на высокі воз, наладованы рэчамі, і добра трымацца, каб не зляцець, што пры фатальнай дарозе і вялікіх выбоінах магло лёгка здарыцца. Везлі нас хутка, каб не спазніцца на адыходзячы цягнік; кабеты крычалі, калі сані правальваліся ў глыбокія выбоіны, дзеці плакалі; даехалі мы аднак да вакзала без ніякага здарэння, але страшна абляпаныя граззю. На чыгунцы афіцэр, які з намі прыехаў, выказваў літасць да жанчын, размяшчаў іх як мага найлепей, а п. Тэклю і мяне размясціў у вагоне, прызначаным для яго і салдатаў; даў мне на падсцілку сваё футра і падушку, то я неўзабаве, заснуўшы смачна, некалькі гадзін праспала. А першай гадзіне ночы спыніліся ва Уладзіміры на Клязьме, дзе цягнік затрымаўся на тры чвэрці гадзіны, пасля чаго паехалі ў Ніжні Ноўгарад. З чыгуначнага вакзала адвезлі нас у астрожную турму, якая называлася "Перасыльнай"; адтуль этапным шляхам высылалі вязняў у далейшае падарожжа на Сібір. Каб дабрацца да вязніцы, трэба было пераправіцца цераз раку, дзе ўжо ў многіх месцах вада стаяла на лёдзе. Караван наш быў велізарны; жанчыны і слабейшыя мужчыны ехалі на вазах, мацнейшыя разам з жаўнерамі ішлі пеша. Кацап, які вёз пані Тэклю і мяне, апавядаў нам, як уласна ў гэтым месцы ўтанула нядаўна некалькі чалавек; таму страх быў агульны, дзякуй Богу - цераз раку шчасліва перабраліся. Нарэшце прыязджаем мы на этап, але паколькі перад выездам нашым з Масквы не прыйшло сюды ніякага распараджэння, мы мусілі доўга чакаць на санях, пакуль нас упусцяць, і так таго першага, так нас даўней пужаўшага этапа мы чакалі цяпер з нецярпеннем, і калі ўжо дзверы ў яго адчыніліся, то, хто мог, бег, каб чым найхутчэй размясціцца, кожны пачуваўся змучаным і патрабаваў адпачынку, асабліва тыя, якія прамоклі, пеша ідучы цераз Волгу. Пра нас ніхто не думаў, і нічога дзіўнага, кожны з нас пачаў тое, страшнае самім аповедам, этапнае жыццё, тое жыццё, у якім кожны быў асобна адарванай адзінкай і мусіў думаць толькі пра сябе і не зважаць на іншых. Гэта звычайна называецца эгаізмам і ёсць дзіцем крайняй нядолі і вынікаўшай з яе маральнай галечы. Нехта нарэшце дапамог пані Тэклі залезці на нары, я, здаецца мне, сама на іх узабралася; п. Тэкля размясцілася ў куточку пры сцяне, далей я, а за мной п. Пётр Янкоўскі, з якім я пазнаёмілася ў Місіянерскай турме ў Вільні. П. Пётр Янкоўскі, хочучы дачакацца аднаго з калегаў, які заставаўся яшчэ ў кскс. місінераў у Вільні, застаўся ў Ніжнім Ноўгарадзе. Нары і этапы незвычайны стрэс у мяне абуджалі, таму я вырашыла ехаць на месца майго прызначэння без затрымкі ў дарозе. Гэтыя нязносныя этапы і нары пасля заваявання Сібіры былі пабудаваны для расійскіх цывільных і палітычных злачынцаў; ад часоў царыцы Кацярыны пачалі там размяшчаць і няшчасных палякаў, як у месцах адпачынку, пастаўленых па дарозе.

П. Тэкля намагалася застацца ў Ніжнім Ноўгарадзе; шмат жанчын з простага люду таксама хацела чакаць на мужоў. Прыкра мне было адной ехаць, але мусіла. Напіўшыся гарбаты, прыгатаванай адным з таварышаў, развіталася з усімі і пайшла сядацца на воз.

Чакаючы некалькі гадзін на вывазку нас на другі этап, бачачы, што аказалася адна сярод мужчын зусім незнаёмых і чужых, паддалася смутным думкам, поўнаму сумненню. Бо зніклі падманныя надзеі вызвалення Бацькаўшчыны з няволі, паўставалі мне перад вачыма ўсялякія пераследы, уся нядоля нашага Краю пасля паўстання, прыгавор для 300 000 чалавек з розных сфер нашай супольнасці на змарнаванне па турмах, этапах і ў Сібіры. Любімы мой бацька, пакінуты ў турме, уся сям'я, поспех якой быў маім шчасцем, зруйнавана, і маё ўласнае становішча ахвоты да жыцця не дадавала. Пагружаная ў такія думкі, найнеспадзяваней убачыла некалькі жанчын з простага люду і п. Тэклю, якіх вялі на выезд, бо старанні іхнія застацца ў Ніжнім Ноўгарадзе аказаліся бевыніковыя. Уцешылася іхнім відам і шкадавала, што аддавалася непатрэбнаму смутку, забыўшы, што воля Бога ўсім кіруе, што Бог пасля непрыемнасцяў суцяшэнне пасылае і што ніколі не пакідае тых, хто ў яго веру мае. Ад Ноўгарада сунуліся далей і далей амаль без ніякіх змен, заўсёды ў адным парадку, робячы па 20 вёрст у дзень і адпачываючы на этапах.

Звычайна перад выездам з этапа будзілі нас вельмі рана, перад усходам сонца, а потым па некалькі гадзін на возе чакаць загадвалі. На этапах заўсёды тыя самыя нязручнасці; голаду толькі не было, бо маючы гарбату, ад часу да часу малако, яйкі і мяса, выжыць можна было. Пасля прыбыцця на этап адразу парадкавалі сабе месца для сну. Часта здаралася, што афіцэр уступаў нам свой пакой на этапе, дзе мы з п. Тэкляй размяшчаліся, даючы яшчэ месца некалькім мужчынам. Афіцэр праводзіў ноч паблізу ў сваіх знаёмых ці падначаленых. П. Тэкля, як варшавянка, не была пазбаўлена сваёй вопраткі, пры тым мела пасцель у валізцы, з чым зручней было ёй падарожнічаць. Прыбыўшы на этап, даставала з валізкі дыванок, на які клала пярыну і падушкі і пасля малога падсілкавання забіралася на спачын. Драўляная скрынка і валізка былі маім ложкам; прысланая мне віленкамі падушка з вялікай хусткай і бурка былі добрай пасцеллю, на якой, калі толькі не было насякомых, спала выдатна.

На пятым па чарзе этапе, дзе мы мелі двухдзённы адпачынак, пабудзіла мяне ў першую ноч моцнае, колькікратнае пастукванне ў маёй скрынцы; мала зважаючы на тое, заснула неўзабаве нанава. На другую ноч былі такія моцныя ў скрынку ўдары, што аж ложка пані Тэклі затрэслася; прачнулася п. Тэкля і спаўшыя ў тым пакоі паны і запалілі свечку, аказалася, што аднаго з паноў схапілі канвульсіі, перапужаныя таварышы ўбачылі яго з тварам, уткнутым у падушку; малады гэта быў і моцны мужчына, з цяжкасцю ўдалося яго падняць, уся падушка была заліта крывёю, мог бы задушыцца, каб яго яшчэ на некальуі хвілін так пакінулі.

Мы з паняй Тэкляй не заўсёды разам ехалі, пры кепскай дарозе асобна было нам выгадней, тым больш. што п. Тэкля часта патрабавала мужчынскай дапамогі - прызвычаеная да выгодаў, старэйшая ўжо векам і слабога здароўя з цяжкасцю пераносіла такое падарожжа на Сібір. Са мной нейкі час ехаў пан Юльян Дзядзюль, малады, добры чалавек, у дарозе распавядаў мне пра сваю маладую жонку, з якой мусіў расстацца, падтрымліваў воз, каб не перавярнуўся і мяне, каб не вылецела, ва ўсім зычліва мне дапамагаў. Зычлівымі таксама для мяне былі паны Ігнацы і Пётр з нашага павета, лідзяне; п. Напалеон Враноўскі, малады і прыстойны маладзён з Каралеўства Польскага, які доўгі час складаў у дарозе кампанію п. Тэклі, а ехаў у Табольскую губерню, прыгавораны да пасялення з пазбаўленнем шляхецтва. На сёмы дзень нашага падарожжа мы спыніліся ў Васіліі-Шурскім, павятовым горадзе Ніжне-Наўгародскай губерні, тут мы мелі днёўку. Спраўнік быў такі ветлівы, што дазволіў мужчынам прабыць той дзень у горадзе, у тамтэйшых жыхароў, а нам з п. Тэкляй не толькі свае два пакоі саступіў, але яшчэ даў каня для перавозкі нашых рэчаў. Такі адпачынак у выгадным. чыстым памяшканні быў для нас вялікім дабрадзействам; не на зямлі седзячы, як звыкла, а за столікам у кампаніі паноў Маргевічаў і Н. Враноўскага пілі гарбату. Дзве ночы мы там прабылі, пазней нас павезлі далей. Дарога была кепская, этапы агідныя. Пераехалі мяжу Ніжне-Наўгародскай і Казанскай губерній, дзе слуп з гербам Казані (алень з бронзы) тую мяжу паказваў. Дагэтуль везлі нас чарамісы, люд, які адрозніваўся ад расейцаў вопраткай і мовай. Прымушаныя адступнікам Юзафам Сямашкам прыняць праваслаўе за часы цара Мікалая І, чарамісы кепска гавораць па-расійску, жанчыны апранаюцца, як мужчыны, носяць кашулі, спушчаныя на шаравары; наверх апранаюць капоты, гладкія спераду і фальдованыя ззаду. Спадніц зусім не носяць, а доўгія боты і нязграбна завязаная на галаве хустка дапаўняюць строй. Жанчыны, як і мужчыны, зусім не грашаць прыгажосцю.

Далей мы мелі вёску чувашоў, тыя самі не ведаюць, якой яны веры, гавораць, што вераць у рускага Бога, моляцца ў рускай царкве, а святкуюць пятніцы. Чувашы яшчэ брыдчэйшыя за чарамісаў. Жанчыны носяць шапкі на галовах, у вопратцы не адрозніваюцца ад мужчын, толькі што на шыі вешаюць металічныя манеты заміж пацеркаў. Усе нас шкадавалі, называючы невінаватымі і няшчаснымі. У Васіліі-Шурскім я хадзіла гатаваць есці да адной кабеты: маленькі пакойчык з перагародкай, чысцютка і ўзорна трыманы, усё кухоннае начынне як найстаранней памыта, уладальніца ветлівая, гасцінная, гаварыла, што мае да палякаў вялікае спачуванне, дапытвалася пра прычыны нашай высылкі і расплакалася, слухаючы маё апавяданне. Была гэта ўдава з чацвёркай дзяцей, бедная, але працавітая і парадачная жанчына; прыйшоўшы першы раз да яе застала яе піўшай гарбату з разынкамі заміж цукру, чым і мяне адразу пачаставала.

Пазней мы мелі два дні вельмі кепскай дарогі і гаротнае жыццё ў этапных памяшканнях. Нарэшце спыніліся ў мястэчку Чабаксары Казанскай губерні. З-за кепскай навесну дарогі і разліву рэк трэба было на нейкі час заставацца ў Чабаксарах. Мы атрымалі пакой у нейкага адстаўнога салдата з грубаватым абыходжаннем, размясціліся неяк так з паняй Тэкляй, я была два дні хворая на горла; жонка салдата, была трохі больш гжэчная за яго, прыслужвала нам, падавала самавар, хоць мы адмаўляліся ад таго, але яе настойлівасці мусілі ўступіць, на кепска нам гэта выйшла, бо пры выездзе ўсе дні былі палічаны і за ўсё заплаціць сказана, што нас амаль зруйнавала. У дзень Звеставання Н. П. Марыі глыбокі смутак мяне агарнуў: летась у сваім краі з любімай сям'ёй гэтае свята адзначала - сёлета дзе я ёсць, а праз год дзе буду?

Наша мужчынскае таварыства было памешчана ў этапе, частаколам абгароджным. Ажывілася тут наша моладзь, хадзілі па падворку, спявалі польскія песні, развесяліла іх вясновае сонца і тое, што за частакол часам па двое - па трое з салдатам ім выйсці дазвалялі. Мы нудзіліся і моцна сумавалі, асабліва я, бо ніякай работы мець не магла. У Чабаксарах нічога купіць нельга было, нічога для чытання мы не мелі, адзіным заняткам маім было гатаванне нейкай яды, пра якую я ніколькі не клапацілася, бо найменшага апетыту не адчувала. Непакоілі мяне ўспаміны пра бацьку, пакінутага ў вязніцы, пра ўсю сям'ю, сэрца рвалася да іх, мучылі згрызоты сумлення, што бацьку свайго пакінула, будучыня ўяўлялася як пропасць для ўсяго народа нашага як для выгнанцаў, так і для тых, хто застаўся ў Айчыне пад уладай Мураўёва і яму падобных. Сны мае, у якіх, як у люстэрку, адбіваліся дзённыя перажыванні, былі таксама жудасным спадарожнікам з нядоляй і з роспаччу, што з яе вынікала.

Даведліся нарэшце, што маем пакінуць Чабаксары. Фурманкі, якія тут называюцца падводамі, стаялі ўжо другі дзень да нашага вывазу падрыхтаваныя; брацці нашыя пастанавілі патрабаваць і прасіць улады ў Казані, каб прызначылі больш як чатыры капейкі штодзень на пражыццё, і не хацелі выязджаць без задавальнення іхняй просьбы, гаворачы, што пры такім ліхім жыцці сіл не маюць для далейшага падарожжа. Этапны начальнік, афіцэр, які нас суправаджаў, і начальнік інваліднай каманды ўжывалі ўсялякія спосабы, каб нахіліць іх да выхаду, але нашы пастанавілі трымацца на сваім. Правадыр нашай партыі, якога называлі старастам, п. Сломскі агульнае жаданне выказаў. Назвалі яго за гэта зачыншчыкам і гразілі кайданамі, калі будзе ўпарціцца. Два разы тэлеграфавалі ў Казань, адказу не было. Этапны і інвалідны начальнікі даставілі для страху кайданы і роту ўзброеных салдат; сышлося многа люду, хацеўшага паглядзець на сцэну, якая мела адбыцца з палякамі. Калі б у той час каторы з нас адазваўся не гжэчна, або гнеўна павысіў голас, без сумнення быў бы закуты ў кайданы, але ўсе найспакойней, найгжэчней і аднадушна адказвалі, што не збіраюцца бунтаваць і таму толькі выйсці не могуць, што сіл няма. Начальнікі адказалі, што гэта "дваране" ва ўсім вінаваты, бо просты люд не бунтуе, таму дваране будуць за гэта пакараны. Вербную нядзелю і вялікі панядзелак мы прабылі ў Чабаксарах у грунтоўнай падрыхтоўцы да падарожжа. Нарэшце пасля трохтыднёвага там побыту, у вялікі аўторак мы выехалі ў далейшае падарожжа, маючы абяцанне чыноўнікаў, што ўлада зробіць усё, што зможа, каб мы мелі большыя кармавыя. Надвор'е вясенняе, не кепскае, вазок не трасецца, таварыш мой п. Дзядзюль у добрым гуморы, таму ехалі шпарка і не заўважылі, што зноў этап наблізіўся. На этапе, дзе не палілі, было вельмі холадна; галава і зубы ў мяне разбалеліся, мела гарачку і не магла спаць. Назаўтра адбылася нейкая замінка з фурманкамі, мы доўга іх чакалі, затое потым без адпачынку праехалі дзве станцыі 19 і 30 вёрст і познім вечарам спыніліся на начлег. Вялікі чацвер, вялікую пятніцу і вялікую суботу мы былі ў дарозе, у якой спазналі розных прыгод і прыкрасцяў. Плылі Волгай сем вёрст, надвор'е было ціхае і мілае, калі б у іншым месцы і ў іншых акалічнасцях, у такім шаноўным таварыстве было б прыемна, цяпер жа ні на што не зважалі, усе да ўсяго былі абыякавыя. Стараста маёй партыі п. Рытвінскі паставіў самаварчык і пані Тэклю, мяне, а таксама некалькі калегаў частаваў гарбатай. Аказаліся нарэшце на беразе, на высокай гары павятовы горад Свяжск падаўся нам прыгожым; два паны ўзвялі мяне на гэтую стромую гару, але так была змучаная, што ледзве магла аддыхацца. Тут чакалі нас дзве роты салдатат, прысланых для супакаення нашай партыі, і два ці тры афіцэры. Капітан Пузына, добры чалавек, дазволіў перад выездам пані Тэклі і мне зайсці ў рэстаран на снеданне, і так быў пры гэтым памяркоўны, што не даў нам жаўнераў для нямілага таварыства, але сам іх замяніў. Выйшаўшы ў горад, купіла ўсяго, што мне магло быць патрэбным для пячэння, якое я збіралася спячы ў Казані для таварышаў падарожжа. Тым часам у Казань мы дабрацца не маглі, бо Волга разлілася на некалькі вёрст. Са Свяжска мы выехалі а 9-й раніцы, ішоў моцны дождж. Мы прыбылі на халодны этап, дзе прамоклыя да ніткі нават абсушыцца не маглі, і так, зусім не распранаючыся, мы з паняй Тэкляй леглі спаць. Была так моцна стомленая, што не магла спячы да гарбаты нейкага пячэння, каб несумненна таварышам зрабіць прыемнасць. Прыйшло мне ў галаву, як летась праводзіла гэтае свята ў доме майго бацькі з сёстрамі і дамашнімі. Мы былі на разарэкцыі ў васілішкім касцёле, і ўжо там усіх агарнуў смутак, што ўжо не было паміж намі шаноўнага кс. пробашча Сырвіда. Ён заўсёды ў гэты дзень адпраўляў набажэнства, прамаўляў казанне падчас сумы і складаў любячым яго парафіянам свае найлепшыя зычэнні, а потым запрашаў на свянцонае. У гэтым годзе быў ксёндз-пробашч у вязніцы, у руках Мураўёва, а таварышы яго, калегі Станіслаў Ішора з Жалудоцкай парафіі, Рамуальд Зямацкі - ваверскі пробашч і Адам Фалькоўскі - пробашч з Ішчалны былі расстраляны. (Ксёндз Станіслаў Ішора малады, не меў і 30 гадоў, пасля прачытання Маніфеста Нацыянальнага ўрада выехаў быў з дому, але калі праз некалькі дзён ксёндз-пробашч быў арыштаваны, у той жа час вярнуўся аб'явіць, што без ведама і волі пробашча гэта зрабіў. Ксёндз Зямацкі і ксёндз Фалькоўскі самі прачыталі маніфест, за што першы ў Вільні, другі ў Лідзе былі расстраляны. Ксёндз Ануфры Сырвід памёр у Спаску ў Тамбоўскай губерні.) Прыпомніла сабе, як у мінулым годзе пасля набажэнства падышла да мяне п. Стэфанія Юльянава П. і дрыготкім ад страху голасам прамовіла: "Ці ведаеш, што наш абаронца, вызваліцель Людвік Нарбут разбіты пад Новым Дваром! Ян Францкевіч быў у Новым Двары, чуў страляніну і гэтую сумную вестку нам прынёс!" Лёгка ўявіць, як хутка гэтая вестка ўсіх дасягнула і ўсіх уразіла. Не чакаючы на бацьку і сясцёр я вярнулася дадому каламажкай, на якой бацька да касцёла прыехаў, і адразу падалася на вёску шукаць шаноўнага і нашай справе адданага Юзафа Ляпешу і з ім разам падацца на месца бітвы і спраўдзіць вестку пра яе вынікі. Не застаўшы аднак Ляпешы дома, вярнулася да сябе, падрыхтавала свянцонае для сям'і і для службы, а з касцёла над'ехаў бацька разам з сёстрамі. Зрабіў мне бацька вымову, што яму нічога не сказала пра мой ад'езд; заняты пошукамі мяне па касцёле не даведаўся нават пра дайшоўшую да ўсіх сумную вестку. Пры дзяленні свянцоным яйкам са слязамі віншавалі мы самі сябе з тымі святамі, маючы на думцы такую грозную і няпэўную будучыню, якая нас чакала. Пасля свянцонага і кавы бацька пайшоў спачыць у свой пакой, а мы з сястрой Антосяй паехалі з яго дазволу да суседзяў Араноўскіх. Але тое непераадольнае жаданне даведацца пра лёс Нарбута і яго таварышаў папхнула нас у Новы Двор. аддалены ад нас на дзве з паловай мілі.

Там ад ксендза пробашча Райцэвіча, які нас ветліва і ласкава прыняў, даведаліся пра ўдалы вынік бітвы і паспяшаліся дадому падзяліцца з бацькам той жаданай ведамасцю. Уцешыўся стары тым, што ад нас пачуў, і не гневаўся, што мы яго на так доўга аднаго пакінулі. А цяпер што за свята! Бацька мой і сястра ў вязніцы, я ў падарожжы на Сібір, у абрыдзелым этапе. Занятая такімі думкамі, доўга не магла заснуць. На досвітку калегі заспявалі Алялюя. Не маю слоў, каб выказаць тое, што ў гэтую хвілю адчула. Плакала горка, маючы перад вачыма мінуўшчыну, цяпершчыну і будучыню. О, колькі ж многа чалавек перажыць і перанесці можа!... Потым прыйшлі калегі павіншаваць нас са святам, з тых 30 чалавек, якіх я сталавала ў Чабаксарах, з'явіўся толькі адзін малады хлопец, Антоні Урбасевіч, студэнт Маскоўскага ўніверсітэта, вельмі пачцівы і высакародны, з якім шмат размаўлялі пра яго сям'ю; паказаў нам фатаграфію сваёй сям'і і кніжку для набажэнства, якую заўсёды насіў у паперу абгорнутую і трымаў у вялікім шанаванні. Іншыя яго калегі пасаромеліся прыйсці, не маючы іншай ад дарожнай вопраткі. П. Тэкля зрабіла мне вымову, што спраўдзіліся яе перасцярогі, што тыя панове не цанілі зусім маёй працы; можа быць, але я заставалася на тым, чаго шукала, г.зн., каб у працы мець забаву і асалоду ад прыкрага жыцця. Не я адна была ў той дзень сумная, у многіх мужчын ад думак пра сям'ю, прыяцеляў і сваякоў балючая сляза ўпала. Пан Рытвінскі з балесным уздыхам паведаміў: "У мінулым годзе меў маці, цяпер яе не маю". Правялі з паняй Тэкляй той дзень за гарбатай з добрымі вяршкамі і калачамі; на другі дзень, маючы мяса і ўсё, што трэба для печыва, занялася з дапамогай шаноўнага кухара Станіслава прыгатаваннем абеду на 30 чалавек. Аднак вялікія прыкрасці спазнала ў даставанні дроў і патрэбнага начыння, бо ва ўрачыстае свята ўсе жыхары былі п'яныя. Паўдня ў кухні прабыла, галава мне разбалелася, а таварышы былі незадаволеныя, бо з абедам спазнілася.

На другі дзень, не маючы ўжо патрэбных прадуктаў і жадаючы заняцца рамонтам зношаных рэчаў, апавясціла таварышаў, што абедам заняцца не магу. Скончыўшы свае заняткі, чытала трохі гісторыю Бантка, якую мне пазычыў п. Урбасевіч.

Назаўтра мы паплылі параходам у Казань; дзень быў пагодны. Волга шырокая і паўнаводная, кампанія выдатная. Не мелі аднак яе берагі і яна сама такой для нас прыгажосці, як нашы любімыя рэкі. Лясы зеленню яшчэ не пакрытыя, вёскі смутныя, без садзікаў рабілі на нас прыкрае ўражанне. Калі мы прыбылі ў Казань, наглядчык, нейкі падпалкоўнік, сустрэў нас з суровай, грознай мінай і выказаўся такім чынам:

- На бунты ёсць у мяне кайданы і розгі.

П. Тэклю і мяне загадаў замкнуць асобна; праз нейкі час афіцэр, які суправаджаў нашую партыю і таму называўся намі парцыённым, прыйшоў да нас і выклі-каў мяне да наглядчыка, які стаяў за некалькі дзясяткаў крокаў ад яго. Не хочучы быць яму паслушнай, сказала, што хворая і прашу, каб палкоўнік сам паклапаціўся да мяне падысці. Падышоў і гнеўна сказаў:

- Ступать сейчас же и не разговаривать! (Ісці цяпер жа і не размаўляць).

Разгневаная на яго, сказала, што прыйду, калі рэчы збяру. Калі я прыйшла на месца выкліку, з'явіўся праз хвілю палкоўнік і, звяртаючыся да мяне, сказаў, што ведае ад парцыённага афіцэра, што добра сябе паводзіла і што адукаваная, а на п. Тэклю, звярнуўшы строгі погляд, закрычаў, што гэта яна ўсю партыю бунтавала ў Чабаксарах, што я магу выходзіць на дзядзінец, а ёй нельга, і паўтарыў грозна пра кайданы, розгі і нейкія чаравікі. Бедная п. Тэкля так перапужалася, што аж прыхварэла.

VII

У Казані мы знайшлі трыццаць шэсць браццяў-варшавякаў з ліку тых, што ў Варшаве за ўдзел у арганізацыі публічным судом былі прысуджаны ў войска, але за тое, што не хацелі прынесці прысягі цару, былі прысланы пад вайсковы суд у Казань. Тут, прыгавораныя на два месяцы на хлеб і ваду, сядзелі ўжо некалькі месяцаў у Казані, заўсёды цвёрдыя ў сваім пастанаўленні, прымусілі ўлады моцным супрацівам і энергічнымі выступленнямі да стварэння ім патрэбных умоваў; выламалі дзверы турмы, збілі аднаго з прыгнятальнікаў, аблаялі астатніх. З тога часу дазволілі аднаму з вязняў выходзіць штодзень у горад для залатвення патрэбных пакупак. Жывуць яны вельмі ашчадна; для захавання свабоды думак і разнастаення часу вынайшлі сабе забавы і працу. Арганізавалі гімнастыку, вучаць мовы, словам не бяздзейнічаюць, а такім спосабам перамагаюць нуду. З уладамі трымаюцца адважна, з годнасцю, так што паважаюць іх і наглядчыкі. Спраўныя гэта, энергічныя і шляхетныя маладзёны. Пасля нашага прыбыцця адразу пазнаёміліся з намі, атачылі нас увагай і дапамагалі ў залатвенні нашых патрэбаў. Падзівіліся мы з паняй Тэкляй на іх разважлівасць і шляхетнасць характару. Як толькі мы прыехалі, адзін з іх пан Віткоўскі паставіў самавар і сам яго нам прынёс; другі раз зрабіў такі ветлівы ўчынак п. Антоні Цішэўскі. П. Тэкля знайшла ў іх зычлівых братоў, то таксама выступала перад імі, як перад старымі прыяцелямі, апавядала пра прыкрасці, якія ў няшчасным падарожжы ад таварышаў і ад уладаў спазнала; акрыяла бедалага трохі духоўна. Раптам нам паведамілі, што маем выязджаць. Я, не прадчуваючы такога раптоўнага выезду, рыхтавала сабе абед і ўласна, калі павернутая да агню ў нашым пакоі смажыла кавалак мяса, пачула нейкі нязвыклы рух і незнаёмыя галасы, кінула свой занятак і ўбачыла салдатаў са зброяй, крычаўшых:

- Ступайте сейчас же! Убирайтесь прочь! (Выходзьце зараз жа! Вон!)

Як найхутчэй сабралася на выхад, праз некалькі хвілін мы былі ўжо ўсе на дварэ і ўбачылі ўзброеных салдатаў з нейкім лысым афіцэрам, сапраўдным д'яблам, на чале. Быў гэта экспедытар. З ім то і пайшлі жаўнеры ў другі дом для адпраўкі пазасталых з нашай партыі. Там знайшлі моцны супраціў, шаноўныя варшавякі з запалам баранілі сваіх братоў, а калі адзін з жаўнераў ударыў прыкладам вязня, атрымаў за тое ў зубы, дайшло да бойкі. Удары жаўнераў не былі моцныя, загадалі ім, напэўна, толькі настрашыць вязняў; ніхто не быў ні забіты, ні паранены. Для супакаення вязняў выклікалі губернатара; ён сам не прыйшоў, але прыслаў свайго ад'ютанта; нашы брацці падалі яму скаргу, што ўжо тры дні не даюць нам кармавых і да т.п. Пан Ілініч, малады хлопец, выступіў ад імя ўсіх, просячы меру справядлівасці, якой не знае маскоўскі ўрад; калегі ацанілі яго добрае жаданне, але прамовай яго не былі задаволеныя. Лысы экспедытар быў вельмі перапужаны і не мог схаваць свайго страху. Ад'ютант як бы не разумеў, што яму гавораць, намагаўся выйсці, але яму заступілі дарогу. Пры ім пан Карызна аблаяў экспедытара, і скончылася на тым, што выпусцілі двух арыштантаў: ліцвіна і караняжа, для якіх розгі ўжо былі падрыхтаваны. Пры адходзе афіцэра высунуўся недарэчы адзін з маладых людзей з падзякаю, іншыя яе паўтарылі, пра што потым усе шкадавалі.

Мы выехалі з Казані а 6-й вечарам. Горад вельмі прыгожы, мае прыгожае размяшчэнне, парк і прыгожыя дамы, усё, што мы праездам угледзець маглі, зрабіла на нас прыемнае ўражанне, а калі заўважылі наш каталіцкі касцёлік, узрадавалася душа нашая, мужчыны знялі шапкі, каб ушанаваць Бога ў найсвяцейшым сакраманце, мы з п. Тэкляй заплакалі. Убачыўшы могілкі, прамовілі "Анёл Панскі" за душы, спачываўшых на іх нашых суродзічаў. Я не прадчувала тады, што буду некалі ў Казані і спазнаю шчасце ўбачыць сястру маю Антаніну. Але пра тое потым. Падарожжа з Казані было досыць прыемнае, на этап мы прыбылі а 1-й ночы. З пачаткам вясны падарожжа па этапах стала больш зносным; за некалькі гадзін прыкрага знаходжання на этапе ўзнагароджвала нас выдатная, прыбраная ў захапляльныя шаты прырода. Што раз прыгажэйшыя лясы, велізарныя абшары прыгожых лугоў і шырокі гасцінец, з абодвух бакоў абсаджаны дрэвамі. нагадваў нам нашыя паштовыя тракты, заўважала не раз у найпрыгажэйшых мясцовасцях падабенства да нашых родных мясцін. дзякавала Пану Богу за сонца, якое мне і суродзічам маім свяціла, за паветра, якое ўсіх і ўсё на зямлі ажыўляе, але калі ў думках аказвалася каля бацькі, сёстраў, братоў, то ўжо слёз утрымаць не магла і гаручымі слязамі плакала. Раз, памятаю, калі ў нядзелю сядзела на парозе не ведаю ўжо якога этапа, пагружаная ў падобныя думкі, заўважыла воддаль плакаўшую сялянку-жмудзінку, якая, углядаючыся ў даль, нейкую песню ці малітву нудна цягнула; я не магла зразумець, што сялянка тая да мяне прамовіла, тады падышоў п. Францішак Рапцэвіч, малады хлопец, які мне часта ў падарожжы складаў кампанію і патлумачыў мне яе словы. Кабета гэтая, молячыся сёння, прыпамінае сабе парафіяльны касцёл, набажэнсты ў ім, малітвы люду, спевы капланаў, святыя абразы, тыя дарогі і сцежкі, якімі да касцёла хадзіла, і плача. Сказала яму:

- Мы, жанчыны, без зброі, сілай схопленыя, нічога дзіўнага, што знаходзімся там, куды нас вязуць, але вы - моцныя, узброеныя і маладыя, чаму вы тут? Лепей было б, каб наш жоўты пясок вочы вам прысыпаў і магіла ваша была аброшана слязамі суродзічаў.

Няшчасная гэтая ўдава ў адным з баёў страціла адзінага сына, дачка памерла яшчэ перад паўстаннем; выслана разам з іншымі жанчынамі з ваколіцы Ібян, далучылася да адной з тамтэйшых сямей і з ёй свой лёс з'яднала.

Не раз здаралася, што афіцэр дазваляў нам прайсціся трохі наводдаль ад этапа. Аднойчы, шпацыруючы з адной малой дзяўчынкай - Міхалевічаўнай, прайшла вярсты з тры. Мы мовілі пацеры і забылі пра нашае становішча. добра было нам на душы. Тады мы сустрэлі нейкую кабету, арыгінальна апранутую; ішла яна, трымаючы малога хлопчыка за ручку, і абое дзіка неяк на нас глядзелі. Бачачы, што ў фартуху несла яйкі, я спытала, ці б мне такіх не прадала; перапужаная кабета адказала мне: "Бельмель", што значыць "Не разумею" і схавалася, чым найхутчэй разам з хлопчыкам у стаяўшую наводдаль хатку. Ні ў той хатцы, ні каля яе нікога не было, а тое жыллё і тая жанчына вельмі мяне заінтрыгавалі. Вярнуўшыся на этап распавяла таварышам, якое мела спатканне, і адразу салдаты расказалі, што гэта татарская люднасць. Маюць яны непераможны недавер да сваіх захопнікаў хрысціян, усю сваю маёмасць хаваюць ад іх, у дамках амаль пуста, бо яны хаваюцца ў схованках, калі згледзядзь мінакоў або салдатаў.

1 (13) траўня мы мелі днёўку ў павятовым горадзе Малмыжы. Здалёк заўважылі велізарны белы мураваны дом, так як і ў малых гарадках, найлепей выглядаў астрог, які знаменаваў панаванне Расіі ў краі, ёй захопленым. На трэці дзень мы выехалі з Малмыжа а 9-й гадзіне раніцы, пакідаючы ў астрозе 68 нашых браццяў, найбольш мазураў з простага люду, засуджаных у арыштанцкія роты ў Вятку. З імі застаўся шаноўны кухар Станіслаў Кушчык, які нам у Маскве і Чабаксарах рыхтаваў абеды і быў вялікай для нас дапамогай. Заплакаў бядак, развітваючыся з намі, мы ўсе так яго шкадавалі; п. Рытвінскі, наш стараста, сабраў для пазасталых бедакоў малую складку, бо выпала толькі па 2 зл і 7 грошаў на кожнага. Бедныя тыя людзі не мелі нічога больш, акрамя атрымоўваных 4 кап штодзённа, т.зв. "кармавых". Голадна і холадна ім было, бо ўжо ў Казані адабралі ў іх кажухі, хаця паветра нічога агульнага з цяплом не мела.

Сем вёрст ехалі паштовым гасцінцам, дарога была дасканалая, потым дванаццаць вёрст плылі на барках, таму ўсім нам тое падарожжа было прыемнае. Угаварылі Пясляка, які меў самавар, каб арганізаваў гарбату, а так кожны, маючы нейкі запасік хлеба, масла вяндліны, меў у цэлым някепскі падмацунак. Ад ракі да этапа правезлі мяне з п. Тэкляй на малым тарантасіку, а паколькі этап быў вельмі малы, размясцілі нас на вёсцы.

5 траўня мы былі на этапе Вялікі Кільмеш. Потым ехалі ўвесь час праз вялікі лес; са мной ехаў пан Рапцэвіч і апавядаў пра сваю сям'ю і пра сваю радзімую старонку, пра прыгоды свайго дзяцінага і юнацкага веку, а мне зноў прыпаміналіся нядаўнія часы, любімая мая радня, якая весела праводзіла час, і як заўсёды, пасля такіх успамінаў зрабілася мне смутна; на думку пра другога брата Цыпрыяна, якога ўжо не мела ўбачыць на зямлі, нічога тады яшчэ не прадчуваючы, сардэчна аднак плакала.

Даехалі мы да Сямсюла. Далі нам добры, чысты пакойчык на вёсцы. Я запрасіла да нас хворага п. Васілеўскага, зрабіла яму гарбату з цытрынай, а калі трохі паляжаў, лепей яму стала, мусіў аднак уступіць месца п. Тэклі, якая была вельмі незадаволена, што яе дазволу на прыём п. Васілеўскага не спытала. Калі мы пілі гарбату, прыйшоў адведаць нас пан Маргевіч, размаўлялі трохі пра яго сям'ю; казаў, што нейкі час хварэў, а прычынай яго нездароўя быў неспакой за жонку і дзяцей. Ад часу выезду з Казані мелі мы з паняй Тэкляй служку; называўся Ясь Рагеліс, працавіты жмудзін, вельмі пачцівы хлопец, прыслужвае нам ахвотна, а ў вольную хвілю шые сабе кашулі. Служыў у войску гадоў 15, вярнуўся дадому з белым білетам, не меў з чаго жыць, калі завязалася паўстанне, пайшоў служыць святой справе, за што быў высланы ў Табольскую губерню на пасяленне. Бачачы яго працаваўшым, не раз думала: "Хто ж будзе залатвіваць патрэбы яго старога бацькі, хто падумае пра яго!" У Сямсюле першы раз пачула спеў салаўя, выспеўваў так прыгожа, як у нашым краі. Прыпомнілася мне, як адной прыгожай травенскай ноччу ў нашым садзе з братам Цыпрыянам і сястрой Антанінай слухалі падобны спеў. Ах, я не ўмела дзякаваць тады Богу за ўсё, што мне прызначаў і цешыцца ў дадзеную хвілю спазнаным шчасцем!

Ноччу цёплы дожджык асвяжыў усю прыроду, а калі засвяціла сонца, уся мясцовасць, як бы прыбраная ў свежыя шаты зелені, прадставіла вачам цудоўны від. Прыбыў на той этап з Малмыжскага шпіталя пан Вярбіцкі, на працягу месяца хварэў на тыф, і цяпер быў яшчэ вельмі аслаблены і бледны. Апавядаў, што ў тым шпіталі пра лячэнне хворых зусім не думаюць, лекар ніякіх парад не дае, дазваляе есці такую ежу, якая хворым шкодзіць, таму за сваё вяртанне да здароўя ўдзячны пан Вярбіцкі толькі Божай дапамозе, а не іншай якой. З Сямсюла мы вельмі хутка прыехалі ў Кажыль. Памясцілі нас у пісара, жонка якога, полька, была досыць сімпатычнай кабетай, але хцівая і на грошы лакамая. Я даведалася, што ў іх нейкі час знаходзілася манашка, сястра міласэрнасці з Вільні Ганна Дамброўская, 70-гадовая бабулька, пазбаўленая ўсіх правоў, з манашскай сукні вынятая і пераадзетая ў брадзяжную. Трапіла яна ў вязніцу наступным чынам: да адной з сясцёр таго ж ордэна і таго ж дому, у якім была сястра Дамброўская, да сястры Ганны Гаеўскай прыйшоў аднойчы нейкі мужчына, прадставіўся яе сваяком, назваў прозвішчы родных сясцёр, з якімі яна пасля паступлення ў кляштар не падтрымлівала ніякіх стасункаў, але якія сапраўды былі яе роднымі, сказаў, што яго пераследуе паліцыя, і просіць схаваць яго ў кляштары. Сястра Ганна Гаеўская паверыла мнімаму сваяку і пагаварыла пра тое з п. Дамброўскай; не прадчуваючы ніякай здрады, прынялі шпіёна як найбольш гасцінна, накармілі яго, дапамаглі вопраткай і трохі грашыма і паказалі ў горадзе знаёмых, у якіх у выпадку патрэбы знайшоў бы патрэбную дапамогу. Неўзабаве з'явіўся гэты здраднік з паліцыяй, паказаў на абедзвюх сясцёр, гаворачы ім у вочы, пра што з ім гаварылі, паказвае месца, дзе мелі схаванае нейкае кампраментуючае іх перад урадам пісьмяцо, і вось вынік той здрады: манашкі аказаліся высланымі з Краю; сястра Гаеўская - у адну з губерняў еўрапейскай Расіі, здаецца, у Тамбоўскую; сястра Дамброўская, як больш вінаватая - на Сібір, у Томскую губерню.

Я пазнаёмілася з імі абедзвюма ў дарозе; першая малодшая, мацнейшая і лягчэй асуджаная, несла цяжкі крыж нядолі, бо мукі і згрызоты сумлення, што міма волі сталася нагодай няшчасця вельмі ёй шанаванай манашкі - ужо старой і да таго ж вельмі хваравітай; а другая ў Нарыме была вялікім дабрадзействам для няшчасных выгнанцаў.

Выязджаючы з Томска, у якім не захацелі ёй дазволіць асесці, купіла лекаў і розных зёлак, якімі лячыла потым не толькі сваіх, але і тамашніх жыхароў. У нядзелі і святочныя дні збіраліся да яе католікі на супольную малітву і пабожныя чытанні. На Куццю арганізоўвала яна вячэру, дзялілася з выгнанцамі аплаткамі, якія ўмела пячы; на Вялікдзень рыхтавала свянцонае, на якое ўсе складаліся. Сціплыя і бедныя былі тыя пачастункі, але тое паяднанне пад Божым дахам на выгнанні, тая супольная малітва, харавыя спевы пабожых песняў і чытанне слова Божага былі для бедалаг сапраўдным дабраславенствам. Пазней быў туды сасланы нейкі ксёндз, а потым, яшчэ праз паўтара гады ці болей, знаходзіўся шаноўны рэктар семінарыі ў Варнях на Жмудзі кс. Юзаф Давідовіч, адзін з хрысціянскіх светачаў за часы жудаснага Мураўёва, гэтага Нярона нашай зямлі. Не ведаю, што сталася з сястрой Дамброўскай, бо пасля 6-гадовага знаходжання ў Томску я выехала ва Усходнюю Сібір і не магла атрымаць карэспандэнцыі ад знаёмых. Здзіўляла толькі заўсёды такая вялікая міласэрнасць Божая і апека над ёй, што ў веку ўжо падхадзяшчым, прытом слабаватая, магла перанесці цяжкае і знясільвальнае падарожжа па этапах у Сібір.

Дабрадзеем яе быў афіцэр, які суправаджаў партыю і заўсёды саступаў ёй сваё месца, а Бог удзяляў ёй сілаў і здароўя для перадолення ўсякіх невыгод і цяжкасцяў.

У Кажулі, у шпіталі памерла з тыфознай гарачкі 8 нашых браццяў. Этапавы начальнік, паляк, католік дазволіў пахаваць іх на астрожных могілках, дзе спачывала некалькі яго дзяцей. Год назад ні адзін з тых васьмі не думаў, што такой смерцю ў тым месцы закончыць жыццё. Сумняваюся, ці звесткі пра памёрлых і рэчы, якія пасля іх засталіся, пераслалі асірацелым сваякам, бо адрасоў не было.

Пан Антоні Урбасевіч, пра якога я ўжо не раз успамінала, пасля доўгіх старанняў дабіўся нарэшце свайго. Скарбовыя грошы, якія зваліся кармавымі, давалі шляхце па 15 капеек, а вязням з простага люду па 4 капейкі, ад гэтага часу дзялілі пораўну. Ён таксама арганізваў тое, што пачалі вучыць непісьменных, а таксама праводзілі павучальныя гутаркі.

Мы выехалі з Кажуля, маючы аднаго хворага на тыф; тры дні ён быў зусім непрытомны; пры хворым ехалі два таварышы, адзін цалкам здаровы, другі ўжо хворы; абодва не заўважылі, як ім у дарозе згас таварыш, без братняй малітвы, без каплана і свечкі. Быў гэта каваль з простага люду, Францішак Масілоўскі; двух сыноў адправіў у паўстанне, а сам памёр на чужбіне. Пан Рытвінскі прасіў "парцыённага" афіцэра дазволіць пахаваць памерлага перад выхадам нашай партыі; пасля доўгіх угавораў афіцэр згадзіўся і дазволіў 19 калегам заняцца пахаваннем нябожчыка. Месца яго спачыну называецца Жузі, за сялом Дэбеса. І так мы патроху трацілі таварышаў падарожжа; у Чабаксарах, Казанскай губерні, пахавалі маладога, якога любілі ўсе калегі, Франкоўскага, тут вось Масілоўскага, а мелі з сабой 25 хворых на тыф. Енчылі бедакі, едучы на траскіх вазах, пазбаўленыя клопату сваякоў і ўсякіх выгод, свежае паветра было іхнім адзіным лякарствам. Паны Рапцэвіч, Гроцкі і Бесякерскі былі найбольш клапатлівыя каля хворых; астатнія сыноўскай апекай атачалі хворага пана Сымпліцыя Пяткевіча, а клопат Божы быў над усімі.

На свежым вясеннім паветры падарожжа нашае ў лёгкіх тарантасах было нават прыемным; толькі начлегі і днёўкі ў цесных этапах, багатых на рознага роду паразітаў, або размяшчэнне ў вясковых хатах, дзе для прыгатавання абеду печы распалялі да немагчымага. былі для нас нязносныя. На этапе Даброўскае мы з п. Тэкляй былі ветліва прыняты жонкай этапнага начальніка ў ахайным і чысцюткім памяшканні, якога ад часу зняволення не бачылі.

Прырода, прыбраная ў маёвую зеляніну, захапляла нас сваім выглядам, падсалоджвала нашыя маральныя мукі так, што нейкі спакой уступіў мне ў сэрца. Непакоіла нас аднак маўчанне газет адносна нашай справы, мы не ведалі, што робіцца на Бацькаўшчыне, што з браццямі паўстанцамі.

Пакінуўшы Даброўскае, мы праехалі добрай дарогай 26 вёрст і спыніліся ў Аханьску а 11-й гадзіне раніцы. Насупраць этапа ўбачылі шпіталь, з якога выглядала некалькі нашых браццяў; я падышла спытаць пра іхняе здароўе і якія маюць умовы? Адказалі, што ў кожным шпіталі на этапнай дарозе ніякіх лекарскіх клопатаў не адчуваюць і ніякіх умоваў не маюць. У той жа час пачуўся крык на этапе; афіцэр загадаў набіваць зброю, бо этап быў настолькі малы, што ледзьве палова вязняў магла памясціцца ў ім, таму нашы ў той этап заходзіць не хацелі, што было названа бунтам, і на нашую ветлівую просьбу пра размяшчэнне ў некалькіх сялянскіх хатах, што некаторыя з афіцэраў дазвалялі, адказалі нам грубасцю і пагрозамі. Мы з п. Тэкляй доўга сядзелі на сонцы, нарэшце далі нам памяшканне ў сутарэнні з салдатамі; былі там яшчэ тры кабеты, жмудзінкі, хворыя на гарачку. У шпіталі каля нашага памяшкання я сустрэла няшчасную п. Гувальд з Вільні, прыгавораную да катаржных работ на 4 гады, бо знайшлі ў яе шафы перапоўненыя абуткам і вопраткай для паўстанцаў. Арыштавалі яе спачатку ў выніку даносу, а потым двое яе дробных дзетак, пачастункам цукеркамі і пяшчотаю ашуканыя, на пытанне, што робіць мамуся, адказалі, што шые з цёцяй вопратку, і паказалі месца, дзе тую вопратку хавае. Да якіх падступстваў даходзілі подлыя маскоўскі шпегі!

У тым сутарэнні апанавалі нас раямі насякомыя, нельга было ад іх абараніцца, змена бялізны таксама нічога не давала, так што трэба было выйсці і цэлую ноч праседзець на дварэ.

Чацвёртага ліпеня прыбылі мы ў Пермь. Прыезд у кожнае месца быў прыкры і пакутлівы для нас; вось і ў Пярмі сядзелі цэлы дзень на дварэ, трэба было чакаць, пакуль знойдуць якое-небудзь памяшканне. Далі нам нарэшце нейкае малюсенькае памяшканне; пані Тэкля адразу занялася ўладкаваннем ложка, г. зн. паслання на лавах, а тут увайшлі да нас некалькі паноў з бліжэйшых знаёмых, аднак аднаго, які без нашага дазволу там размясціўся, вымушаны былі выправадзіць. Быў гэта нейкі пан Сулькоўскі, немалады ўжо чалавек, які, здаецца, пасля вяртання ў край скончыў раптоўнай смерцю. Я звыкла пры размяшчэнні рабіла пратэкцыю маім зычлівым аднапаветнікам і тым, хто нам дапамагаў у дарозе, але шкода мне заўсёды было таго пана Сулькоўскага. Прысутныя карысталіся нашай гасціннасцю: Колышка, цёзка павешанага ў Вільні Баляслава Колышкі, Круповіч і яшчэ некалькі.

Даведаўшыся, што ў адным месцы гатуюць танныя абеды, сказала пра тое маім таварышам, і 20 чалавек карысталіся з гэтага адкрыцця. У Пярмі сустрэлася мне вельмі мілая неспадзяванка: праз акно ад дома паліцыі заўважыла праходзіўшую знаёмую мне таварышку па вязніцы сястры маёй Антаніны, п. Ідалію Бандзынскую. Клікнула яе і пасля сардэчнага прывітання даведалася, што маці яе была прыгаворана на 8 месяцаў заключэння ў пермскай турме. Атрымаўшы ад оберпаліцмайстра дазвол пайшла яе адведаць. Запомнілася мне, як яна ціха, спакойна пераносіла тое прыкрае жыццё. П. Ідалія, міленькая паненка, здаецца, выйшла замуж за пермскага паліцмайстра, немца на ўрадавай службе. Калі прыйшла да іх, застала абедзвюх за шыццём кашуль для вязняў-палякаў. П. Ідалія са слязамі апавядала мне, якім прыкрым ёсць для яе побыт у вязніцы; прасілі, каб я засталася ў Пярмі на два тыдні, але я не згадзілася на тое, пастанавіўшы без затрымак прадаўжаць шлях да месца майго прызначэння. Праз пару дзён мы выязджалі з Пярмі а трэцяй раніцы. Невыносны быў такі ранні пад'ём, спаць жудасна хацелася, асабліва пані Тэкля гэта прыкра пераносіла. Хацела яна застацца на нейкі час у Пярмі, пакрыўджаная няветлівымі паводзінамі таварышаў па падарожжы; партыя наша складалася ў большай частцы з моладзі рамесніцкага класу, і хоць была і шляхта, але без належнага хатняга выхавання, не ўмеўшая паважаць ні ўзрост, ні нядолю. З гэтай прычыны падарожжа нашае было прыкрым, але нельга было прадбачыць, як бы было далей, можа яе памясцілі б з цывільнымі злачынкамі, расіянкамі, а можа як прыгавораную да катаржных работ памясцілі б яе з кайданнікамі. Я хацела адразу не лезці з парадамі, але пры такіх думках, бачачы яе смутнай і плакаўшай, пачала прасіць, каб ехала з намі. У Пярмі далучылі да нас больш вязняў, так што партыя наша складалася з 315 чалавек; паміж новапрыбылых, як мы падазравалі, было некалькі шпегаў.

Ад Чабаксар, дзе мы пахавалі Франкоўскага, мелі мы заўсёды хворых на тыф; пад'язджаючы да Екацярынбурга захварэў паміж іншых пан Антоні Урбасевіч; не хацеў бядак расставацца з калегамі, якіх, нягледзячы на іхнія недахопы, палюбіў усёй душой, але лекары прызналі неабходным пакінуць яго ў шпіталі. На гэтую вестку заплакаў бядак, як дзіця. Найбольш шкадаваў свайго прыяцеля. Не знаючы стану свайго здароўя, моцна перажываў, што калегі не хочуць браць яго з сабой. Праводзячы яго, выязджаўшага ў шпіталь, так зламанага мукамі фізічнымі і маральнымі, я не магла ўстрымацца ад слёз і як роднага брата з болем праводзіла. Назаўтра я пайшла ў шпіталь, каб яго адведаць; тады першы раз адкрыта выгаварыўся мне, што мае крыўду на калегаў, якія ў хваробе зусім яго пакінулі, што калі ў дарозе дождж яго намачыў, то на этапе не паклапаціліся пра сухую пасцель, спаў на мокрым, а ніводзін з калег не падышоў да яго, каб на яго глянуць.

- Пані адна сястрой мне была, - сказаў.

- Бо я ў пану бачыла брата, - адказала яму са слязамі.

Паміж хворымі п. Яскулоўскі з Берасцейскага павета пачуваўся найгорай, быў непрытомны, пазнаў мяне ўсё ж і прасіў, каб я яго яшчэ на другі дзень адведала. Я выканала тое пажаданне, пайшла назаўтра развітацца з хворымі, гатова была нават застацца з імі, але ўзважыўшы добра акалічнасці, зразумела, што ім бы гэта ні на што не прыдалося, а сябе папхнула б у пропасць. Хворыя самі нават прасілі, каб не заставалася; я наняла двух добрых людзей, каб даглядалі хворых, і з жалем развіталася з імі. Урбасевіч не разумеў таго, што хворы на тыф і перажываў, што доктар Акуліч памясціў яго разам з хворымі на тую гарачку, быў зусім прытомны. Чула, што быццам бы выздаравеў, але з ліку тых, хто застаўся ў Екацерынбургскім шпіталі, нікога ўжо ніколі не бачыла.

Апошнія ночы ў Пярмі зусім не магла спаць, праходзілі ў мяне перад вачыма вобразы палеглых братоў паўстанцаў, іх ганебнае смерць ад рукі ката; бачыла стрыечнага брата, Уладзіслава Навіцкага, які, паранены ў балоце пад Дубічамі, не меў сілы, каб з яго выбрацца, і так, стоячы, сканаў... Бачыла Баляслава Колышку, павешанага ў Вільні, і іншых замардованых за жаданне бараніць Бацькаўшчыну. Пыталася, ці той зруйнаваны быт столькіх сямей і зямля, залітая крывёю, нейкі плён дасць, ці гнеў і міласць Божую прынясе, ці ж боль жонак, сясцёр і матак, бачыўшых, як іхнія мужы, браты і сыны на эшафоце гінулі, не перапросіць Бога за нашы і продкаў нашых віны і не вымаліць лепшай для народа нашага долі? У думках маіх узнікала бура, у сэрцы пякло, а ў душы жудасны боль. Не магла супа коіцца і з хрысціянскай пакорай маліць пра міласэрнасць Збаўцы, які да апошняй кроплі кроў сваю праліў на крыжы за нас і за тых, якія яго крыжавалі, і ў жудасных муках маліўся да Айца свайго нябеснага, гаворачы: "Ойча, даруй ім, бо не ведаюць, што робяць!" Не ўмела маліцца з пакорай волі Божай і ў ім толькі, а не ў людзях, шукаць уцехі.

Даехаўшы да Кунгара, павятовага горада ў Пермскай губерні, там трохі ажыла. Знайшла пару знаёмых чалавек, між іншымі Уладзіслава Міцкевіча з нашага павета, які разам з бацькам маім быў зняволены ў Вільні ў "святога Пятра", потым сям'ю Далеўскіх, якая складалася з маці, наймацнейшай старой, і трох дачок: Зузанны, Юзэфы і Ксаверы. Што гэта за высакародныя былі жанчыны, узор патрыётак і хрысціянак, якія пасвяцілі сябе няшчасным і іншых да падобнага пасвячэння заахвочвалі. Як анёлы божыя, на зямлю пасланыя, неслі дапамогу хворым у шпіталі, апякалі іх, аддавалі апошнія паслугі паміраўшым і памёрлым, сустракалі прыбываўшыя партыі выгнанцаў і аказвалі ім мажлівую дапамогу, падсалоджвалі іх смутную долю, цэлыя дні, а часам і ночы праводзілі за шыццём кашуль і бялізны для вязняў. Прынялі да сябе ў навуку беднага хлопчыка, каб яго далучыць да карыснай працы і да ўсёй той дзейнасці самі прыклад падавалі. Я прабыла ў іх двое сутак. Прыйшоўшы да іх я была так змучана нядоляй, такая непрытомная, што не ведала, што рабіць, а яны добрыя, мілыя, так сардэчна мяне прынялі, што як бы святло божае заззяла, зніклі чорныя думкі мае. Запрасілі таксама блізкіх маіх знаёмых пп. Рапцэвіча, Лапінскага і Сакалоўскага; у выніку я супакоілася і прыйшла да сябе. Са смуткам і ўдзячнасцю я пакідала сям'ю пп. Далеўскіх, бо загадалі рушыць далей. Падарожжа станавілася ўсё больш нязносным з-за павялічваўшайся гарачыні і мноства абрыдлых насякомых на этапах.

10 ліпеня мы прыбылі ў Цюмень; размясцілі нас у астрозе, у асобным пакоі пры шпіталі. Мужчынам у этапе было вельмі цесна, душна, паветра жудаснае, у горад ім выходзіць не дазвалялі; у нашым досыць вялікім пакоі размясціліся тры сям'і. На трэці дзень вечарам, калі ўжо дзверы былі замкнёныя, п. Тэкля самлела. Будзіла яе, як магла, нічога не дапамгло, пачала крычаць, клікаць, стукаць у дзверы, прасіць доктара; прыйшоў адзін, потым другі; п. Рапцэвіч застаўся пры хворай пільнаваць ноччу, а лепей ёй не рабілася. Змучаная была бедалага такім складаным і цяжкім падарожжам. Чацвёра сутак мы знаходзіліся ў Цюмені; чым бліжэй мы былі да нашага месца прызначэння і далей ад любімай Бацькаўшчыны, тым смутней нам усім было. Сарваныя без ніякай падрыхтоўкі тым ходам агульных падзей, не мелі разумення пра тое жыццё, якое нас чакала. Я ведала людзей толькі з боку добрага, ідэальнага, на малым прасторы нашай зямлі; пасля вывазкі з краю зразумела, што трэба быць асцярожнай і людзей баяцца. Вельмі мучыла мяне гэтая думка, што сястра мая ў выніку такой недасведчанасці прыме яшчэ больш пакут. 31 ліпеня ўжо выехалі з Цюмені. Мы былі там цэлы тыдзень; хадзіла на могілкі, дзе знайшла 11 свежых магіл, адны з надпісамі, іншыя без; забалела мне ад той абыякавасці калегаў, якія хавалі памерлых сваіх браццяў, бо ўсе, прынёсшыя свае жыцці на алтар Бацькаўшчыны, заслужылі памяць. Была таксама і ў нашым касцёле, малы гэта касцёлік, як каплічка, адзін толькі алтар, некалькі абразоў, малая гармонія, 6 харугваў і лаўкі па абодвух баках.

Пані Тэкля засталася ў Табольску, шкада мне яе было, бо хоць не раз нязносная яна для мяне была, шанавала я яе і любіла; разумная, практычная, называлі яе эгаісткай, але была сведкай, што астатнім магла падзяліцца з тым, каму сапраўды трэба было, была літасцівай над нядоляй і сапраўднай патрыёткай. Не хацелася ёй спяшацца на катаржныя работы, таму засталася там, дзе ёй трохі лепей было.

Сеўшы на параход, я не адчувала ні прыемнасці, ні нязручнасцяў падарожжа; не маючы чым заняцца і забавіцца, аддалася зноў роспачлівым думкам пра страшную будучыню. Ніякай уцехі, ніякіх жаданняў не адчувала ў сэрцы, толькі велізарная туга мяне агарнула, туга па бацьку, па сёстрах, а асабліва па наймалодшай Антосі, якую выхоўвала. Яна ў настаўніцкай працы была найлепшая, найсумленнейшая, трывалая і бескарысная памочніца мая, калі мне прыйшла думка заняцца выхаваннем дзяцей суседзяў і сваякоў спачатку на вёсцы пры маіх бацьках, а пасля смерці маці нашай - у Лідзе, яна мне была ў думках і днём, і ноччу, у сне і наяву. Ад пачуццяў падобнай тугі няхай Бог захавае кожнага, хто ў Яго верыць! Трэба было аднак жыць і далей, што раз далей ехаць. У тым маім нешчаслівым становішчы ніколі аднак не думала пра скарачэнне сабе жыцця самазабойствам, хаця такой жудаснай мне падавалася смерць на зямлі ворагаў і такой вялікай мая прывязаннасць да зямлі бацькоўскай. Некаторыя жанчыны мелі шчаслівую думку ўзяць з сабой трохі пяску з бацькоўскіх мясцін і хавалі яго, як каштоўную рэліквію, як лекі супраць тугі, памерлым браццям пасыпалі трохі той нашай зямлі на вочы, каб ім тая чужая зямля лягчэйшай падавалася.

Бацьку свайго найлепшага я ўжо ніколі не ўбачыла; памёр ён у найвялікшай нядолі і патрэбе: шкадавалі яму ўсяго, нават кавалка хлеба. Так бедалага пісаў да мяне: "Усё ў мяне адабралі, усяго мяне пазбавілі, нічога не маю". Нейкі час у селяніна свайго, даўнейшага прыгоннага, меў прытулак; у курнай, як на Літве, мужыцкай хаце, з яды маючы толькі капусту, гарох з канапляным алеем; хворы на астму так цэлы пост перажыў. Як цернь у зраненым целе, так думка пра тую нядолю бацькі майго і ўсіх чальцоў сям'і сэрца маё раздзірае!

VIII

Цяпер трэба мне вяртацца да апавядання, г.зн. туды, куды мяне вязуць, дзе мне загадана знаходзіцца, у Томск! Карабель плыве спраўна, спакойна па Обі, берагі якой таксама спакойныя. Рака фанабэрыцца, што цяжару вязняў не чуе, як бы гуляе з караблём, звіваецца, шуміць, хвалюецца. Кожны з вязняў то сядзіць у выбраным кутку, то ходзіць або размаўляе, дзеліцца з таварышамі сваімі думкамі, я толькі смутная, пагружаная ў мінулае, жагнаю ў думках месцы, дзе закончылі жыцці тыя, хто змагаўся за край, дзе іхняя кроў пралівалася. Знайходжу нарэшце на параходзе сям'ю Астраменцкіх, бацьку пана Віталіся, жонку Казіміру з Лапацінскіх, трох малых дачушак: Марысю, Габрыню і Ядвісю, а таксама брата пані Казіміры, п. Лапацінскага. Ведалі яны майго брата Цыпрыяна, які пасля заканчэння маскоўскага ўніверсітэта пайшоў у паўстанне ў Кобрынскім павеце і быў у партыі Траўгута. Пп. Астраменцкія запрасілі мяне ў сваю каюту; былі гэта вельмі шаноўныя людзі, пры гэтым разумныя, практычныя, дзетак мелі мілых, ветлівых, то і мне лепш было ў іхняй кампаніі. Плылі да вечара, нарэшце карабель затрымаўся на цэлую ноч за 8 вёрст ад гарадка Сургута. Стараста наш п. Вецкі з 10-цю калегамі і жаўнерам паехалі ў горад для пакупкі харчавання; я цэлую ноч амаль вока не заплюшчыла; дзень 6 жніўня прывітала ўспамінам, як у мінулым годзе сабраўшыся ў вялікім ліку ў лідскім касцёле прасілі Бога пра змену долі любімай нашай Бацькаўшчыны Мы плылі далей і далей, берагі амаль заўсёды роўныя, пакрытыя лазой або елкамі, рака, як кажуць, шырынёй з вярсту, дзе-нідзе відаць толькі пару асцяцкіх хатак, карой пакрытых. Бедны народ асцякоў жыве толькі рыбай, збожжа ніякага не сеюць, хлеба не маюць. Нашы брацці за кавалак выдзеленага ім хлеба атрымалі па некалькі рыб. Аднаму старому падарылі бялізну; радаваўся бязмерна, найхутчэй у яе пераадзеўся, а апрануўшы на яе яшчэ свае лахманы, перажагнаўся і кланяўся да зямлі, 15 паклонаў адбіў, дзякуючы за падарунак.

На параходзе ў нашай каюце месцілася 9 чалавек: сям'я пп. Астраменцкіх з братам складалася з 6 чалавек, потым былі пп. Вашчынскія і я: цесна, душна і нязручна нам было. П. Астраменцкая, непараўнальная жонка і маці, адданая сваёй сям'і, пастаянна была занятая дзецьмі, гэта быў увесь яе свецік, гэтая мілае сямейнае колка; яна не мела і не шукала іншых прыемнасцяў, таварысцкія стасункі падтрымлівала толькі па абавязку.

Пан Астраменцкі займамаўся ў краі адміністрыраваннем і інтарэсамі маёнткаў у добрах п. Элізы Ажэшкі; яго будучая жонка была па суседстве настаўніцай. Нягледзячы на выдатную падрыхтоўку, нягледзячы на найшчырэйшую ахвоту і любоў да працы, не мог п. Астраменцкі знайсці ў Томску ніякага занятку для сябе, таму жонка, якая ведала дасканала французскую і нямецкую мовы і ехала з мужам па ўласнай волі, вывучыла расейскую мову і выстаралася выкладання гэтых моваў у гімназіі, што дало магчымасць для ўзорнага ўтрымання і надання дзецям адпаведнага выхавання. Пасля смутнай смерці жонкі, якая памерла ад раку грудзей, пан Астраменцкі перабраўся з асірацелымі дочкамі ў Казань.

Не памятаю, як доўга мы ехалі; у дзень прыезду ў Томск было холадна, і ішоў дождж. Найперш моклі на прыстані, чакаючы на фурманкі, якія мелі нас перавезці ў астрог, размешчаны на супрацьлеглым канцы горада. Прыехалі нарэшце да велізарнага, некалькіпавярховага гмаха, які мог змясціць звыш тысячы вязняў - быў гэта астрог. Тут зноў чакалі на холадзе і дажджы да вечара, пакуль нас не размясцілі: сем'ям і мужчынам раней далі месцы; нарэшце і мяне выклікалі; замерзлая і прамоклая я ўвайшла ў абшырны і цёплы пакой, а адтуль прызначаны падафіцэр, астрожны наглядчык, завёў мяне ў сваё памяшканне. Спытаў маё прозвішча і здзівіўся, калі яго пачуў; праз хвілю запытаў зноў, ці не дачка я Алойзы Табенскага з Вугольнікаў, адказала, што я - яго ўнучка; выказаў вялікае да мяне спачуванне, папрасіў адразу сваю жонку стварыць для мяне ўсякія магчымыя выгоды, а мне загадаў, каб адразу распранулася і легла ў чысты і мякка пасланы ложак. Сказаў яшчэ, што лічыць сябе шчаслівым прыняць і адратаваць з няшчасця ўнучку сп. Антонія Табенскага, які яго таксама пашкадаваў, калі будучы яшчэ жаўнерам, належаў да тых, якія будавалі сігнальны тэлеграф у Вугольніках, маёнтку майго дзядулі. Развітаўшыся з шаноўным наглядчыкам, легла ў ложак і на цэлы тыдзень ў ім засталася з гарачкай, якую займела ад холаду і стомленасці.

Вось жа спаткала вялікую божую міласэрнасць над сабой, бо пасля такога доўгага і пакутлівага падарожжа не атрымала, як уяўляла сабе, месца для смерці ў астрозе, запоўненым тысячамі хворых на тыф, а такое выгаднае для мяне памяшканне і ўсялякія выгоды. З глыбіні сэрца я дзякавала Даўцу ўсялякага дабра, Айцу Нябеснаму, за яго міласць і апеку нада мной; пераканалася, што і на выгнанні можна знайсці добрых людзей, трэба толькі ўсю веру ў Бога ўлажыць і з палёгкай аддацца волі Яго Найсвяцейшай, якая для дабра нашага кіруе падзеямі.

Пасля тыднёвай хваробы я пачала ўжо хадзіць, якраз у той дзень віца-губернатар Томска, п. Фрызель, інспектаваў вязніцу, зайшоў таксама і да мяне. Гаварыла з ім па-французску і прасіла яго, каб мне застацца ў Томску; сказаў, што згодзіцца на гэта і можа запрапануе мне, каб засталася ў яго пры дзецях, калі я згаджуся на прапанаваныя ўмовы. Сказала, што гэта будзе залежаць толькі ад майго здароўя, калі буду магчы, то ахвотна і з удзячнасцю прыму яго прапанову; гаварыць так мусіла з ветлівасці, бо ўваходзіць у дом чыноўніка лічыла за горшае для мяне, чым уваходзіць у вязніцу, тым больш, што знаёмая мне маладая пара пп. Каралькоў, зайшоўшы да кс. пробашча прасілі пра пратэкцыю для мяне і даведаліся, што знаёмыя палякі прасілі ксендза выстарацца якую настаўніцу з поляк, сасланых у Сібір за палітычныя злачынствы. На другі дзень пайшла ў касцёл з п. Аляксандрам Штэйнам, правізарам аптэкі з Вільні, які пазней стараннямі ксендза ў Томску, у п. Мальгудовіча застаўся. П. Штэйн быў апрануты ў світку з простага сукна, я мела таксама кепскую вопратку, пайшлі найперш да касцёла, дзе ў глыбіні сэрца падзякавала Пану Богу, што даў мне шчасце бачыць Яго ў Найсвяцейшым Сакраманце, просячы яго пра апеку, дзякуючы за прызначэнне мяне на жыхарства ў месца, у якім ёсць святыня Панская.

Пазней падаліся да пробашча. Той, пабачыўшы нашыя строі, завагаўся, дзе нас прыняць; мы не доўга раздумваючы, увайшлі ў пакой для адпачынку, дзе з радасцю прывіталі слугу божага, кс. Юзафа Энгельгарда, які праз пару гадоў у Казані, купаючыся ў рацэ, утануў.

Ласкава нас прыняў ксёндз-пробашч, частаваў нас гарбатай і абяцаў пагаварыць з пп. Пацалаеўскімі, якім патрабавалася настаўніца.

Гэта былі мае першыя няпэўныя і баязлівыя крокі на той чужой зямлі ў Томску!


П. Штэйн адразу паступіў у аптэку п. Мальгудовіча; вельмі шмат з таварыства выправілі далей на месцы прызначэння, але іншых пакінулі ў Томску да распараджэння тутэйшай улады. Вяртаючыся ў астрог затрымалася на мосце і, абапёршыся на парэнчы, задумалася, гледзячы на раку. Неспадзявана спыняецца каля мяне пан Лапінкі і пытаецца:

- Што, пані, тут робіш?

- Гляджу ў раку і думаю, што лепей было б у яе хвалі кінуцца, чым хадзіць па тутэйшай зямлі.

- О, няхай пані не ўпадае ў роспач, маю яшчэ трохі часу, пайшлі шукаць жыллё для пані.

Пайшлі, і з яго дапамогаю знайшла вялікі пакой, чысты, з утрыманнем, г.зн. пражываннем, мыццём, самаварам раніцай і вечарам за 8 рус. руб. штомесячна.

Вяла да яго дарога, добра брукаваная плоскімі камянямі, па баках былі драўляныя ходнікі з парэнчамі. Увайшоўшы ў касцёл, атрымоўваеш мілае ўражанне на выгляд так чыста ўтрымоўванага прытулку Панскага, дзе найняшчаснейшыя з людзей, вязень, жаўнер, бадзяга, які тужыць па Айчыне і сям'і, у цішыні можа выліць боль душы, распавесці пра свій прыгнёт, крыўды і маральныя пакуты, дзе кожны спазнае ўцеху, умацаванне духу і адвагу да барацьбы з лёсам!

Сёння томскі касцёл узорна ўпрыгожаны стараннямі цяперашняга пробашча кс. Валерыя Грамадскага.

З вялікім смуткам развіталася з ад'язджаўшым таварыствам; кожнага з іх чакала цяжкае жыццё, знявагі, нястача, самотнасць, праца, неадпаведная іхнім здольнасцям; а прадыхі толькі пагубныя, якія нішчылі здароўе і як атрыта дзейнічалі на маральнае жыццё. З 300 000 сасланых у Сібір у 1863 годзе, не ведаю, ці дзясятая частка вярнулася ў край не змарнаваная фізічна і маральна; бо цяжкая праца, якую яны выконвалі, з цягавітым, моцным тамтэйшым людам, падрывала хутка іхнія сілы, а за гэта давалі ім назву недалэнгаў….


Пасля развітання з таварышамі вярталася дадому, прайшоўшы кавалак дарогі, аглянулася яшчэ раз, але бляск сонца і слёзы ў вачах не далі мне іх бачыць. Яшчэ гляджу, а тут даганяе мяне п. Лапінскі:

- Хачу яшчэ раз з паняй развітацца, - гукае.

Я была ўдзячная яму за гэта, і мы пайшлі разам ў маё жыллё, а па дарозе зайшлі яшчэ да п. Штэйна. П. Баляслаў Лапінскі быў прыгавораны ў Бернаўт у Томскай губерні; з пункту гледжання клімату і кампаніі было гэта адно з найлепшых месцаў у гэтай губерні. На маё пытанне:

- Што мусіш, пан, рабіць? - адказаў:

- Не ведаю, можа знайду месца якога памочніка эканома.

Вось на такую працу трэба было марнаваць дарагія гады маладосці і занядбаць набытую ва ўніверсітэтах навуку!

Развіталіся тады назаўсёды! Пасля вяртання ў край са зламаным здароўем быў на лячэнні ў Меране, і было яму ўжо лепей, але адной ночы пачалася жудасная бура, адчынілася акно ў яго пакоі, устаў з ложка спацелы, каб яго зачыніць; у гэтую хвілю агарнуў яго холад, атрымаў запаленне лёгкіх, ад якога памёр.

Я даведаўшыся, што ксёндз з Томска мае выехаць у Табольск для выканання сваіх абавязкаў перад парафіянамі, пайшла на споведзь перад пачаткам новага на выгнанні жыцця. Не была гэтая споведзь з добрай падрыхтоўкай і супакаеннем, але з міласэрнасці Божай прынесла вялікую пацеху маёй душы. У малітве і ўдзяленні святых сакрамантаў шукалі ўсе полькі-выгнанкі ўцехі і чэрпалі сілы для змагання з тугой, якая нас апаноўвала. Праз некалькі дзён пасля пакідання вязніцы і шаноўных доглядчыкаў, якія мне аказалі вельмі шмат спачування, з нанятага ўжо жылля пайшла да віца-губернатаршы сказаць ёй, што здароўе маё, знішчанае доўгім і нязручным падарожжам, патрабуе лячэння і адпачынку; таму вымушана адмовіцца ад гонару прыняцця абавязкаў настаўніцы пры іхніх дзецях, як гэта мне п. губернатар прапаноўваў.

Неўзабаве пасля гэтага прыехала п. доктарша Пацалаеўская пазнаёміцца са мной. Выпытвала дэталёва пра маю падрыхтоўку ў навуках. Я смела адказвала на яе пытанні і дала слова, што сумленна займуся выхаваннем яе дзяцей; прасіла, каб зайсці да іх для знаёмства з яе мужам і дзецьмі. Мусіла на тое згадзіцца, хоць у такой вопратцы, якую мела, прыкра мне было ім прадстаўляцца. Назаўтра раніцай прыслалі па мяне коней, і я паехала да пп. Пацалаеўскіх. Усё мне ў іх падабалася, пачаўшы ад мілых дзяўчынак да самога доктара; толькі пакоік, прызначаны мне, малюткі, досыць цёмны і з вялікай печчу нязручным мне падаўся, асабліва для заняткаў. Што да платы, то сказаў мне п. Пацалаеўскі, што будучы незаможным, не можа мне прызначыць больш, як 250 рас. руб., тым больш, што дочкі яго распачалі ўжо вучобу і што ён задаволены настаўнікамі, таму не можа перарываць заняткі. І так былі настаўнік музыкі п. Габрыель Міхалоўскі з Вільні, добрую мае методыку і прыязныя стасункі з ім атрымоўваюцца, англічанка выкладае ангельскую. Нейкая расейка вучыць сваёй мове і матэматыцы, з той рассталіся б, каб тыя заняткі не былі для яе адзіным сродкам для жыцця. Мяне прасіў пра мацярынскую апеку над дзецьмі, пастаянны за імі догляд, да таго ж пра навуку рэлігіі, польскую, французскую і нямецкую мовы, польскую і агульную гісторыю, геаграфію і ручную працу. Я згадзілася на гэтыя ўмовы, гаворачы, што ў сённяшнім маім становішчы нічога іншага жадаць не магу, што мне ў іх падабаецца, што маю надзею з прынятымі абавязкамі сумленна справіцца. Прасіла даць мне 20 рас. руб наперад для прывядзення сябе ў парадак. Настаяла на той умове. Справіла сабе за гэта сякую-такую вопратку і зажыла. Было гэта свята нараджэння Маці Божай. Выходзячы з касцёла, сустрэла прысланых сюды перада мной абывацеляў Лідскага павета пп. Адама Марачэўскага і Яна Рыхлевіча; абодва гэтыя некалі вельмі заможныя грамадзяне, памерлі больш за дзеяць гадоў таму назад ужо пасля вяртання з Сібіры. С. п. Адам Марачэўскі пазнаёміў мяне з усімі сваімі знаёмымі, з сям'ёй найшаноўнейшых паноў Віткевічаў, у якіх, як і ў самім пану Адаму, мела зычлівых і прыязных мне людзей аж да выезду з Сібіры. Пані Вітковіч, мілосніца цярпеўшай люднасці, была непараўнальнай у пасвячэнні сябе і ахвярнасці для бліжніх, у абмежаванні сябе самой. Ішла з кійком у руках, сціпленька апранутая, у хустачцы на галаве, але з лёгкасцю можна было пазнаць у ёй высокае паходжанне і вялікую дабрыню пры найлепшым выхаванні. Я займела ад высакароднай гэтай матроны шмат дабрыні, і гэтага ёй да магілы не забуду. На другі дзень пайшла ў паліцыю, каб аддаць лісты да маіх крэўных у краі; тут сустрэла сястру Дамброўскую з Вільні, апранута бедна, па-свецку; не было каму старацца, каб пакінуць яе пры касцёле ў Томску; таму няшчасная манашка мусіла аддаліцца ад гэтага месца ўцехі і ехаць у балоцісты гарадок Нарым. Шкада мне яе было сардэчна, здавалася мне, што яшчэ пры жыцці ідзе ў магілу!

Знаёмыя мае, пра якіх успамінала, адведалі мяне пару разоў. Доктар Струміла прасіў прыняць для захоўвання грошы аднаго з яго знаёмых, які, хворы на тыф, мусіў застацца ў томскім шпіталі. Зашыты яны былі ў палатняны пас, а калі іхні ўладальнік п. Пшавоскі прыйшоў да здароўя, аддала яму схаваныя грошы, якія ў шпіталі лёгка маглі б знікнуць. У суботу 14-га верасня ў дзень Маці Божай, а 5-й гадзіне па паўдні паехала да пп. Пацалаеўскіх і прабыла ў іх пяць гадоў. Старэйшая іхняя дачушкаЛюця мела 11 гадоў, малодшая Коця - 9. Люця прыгожая была, Коця менш ладная, але вялікіх здольнасцяў да навук, абедзве міленькія, вясёлыя, Коця асабліва была гуллівая і свавольная. Самі паны Пацалаеўскія вельмі сімпатычныя.

Дні міналі за днямі пры рэгулярнай працы і розных занятках, якіх ніколі не бракавала; сплылі нарэшце два гады майго ў панства побыту; таму задумалася мне падрыхтаваць маіх вучаніц да 1-й святой камуніі. Паразмаўляла пра тое найперш з п. Пацалаеўскай, якая мяне вельмі прасіла пра іх падрыхтоўку; бацька не быў супраць, я ўзялася за годную, наколькі гэта ў людской моцы, падрыхтоўку дзяўчынак да прыняцця імі Бога і Пана.

На некалькі дзён перад тым перапыніла ўсе ўрокі і забавы, і былі мы занятыя набліжаўшымся ўрачыстым днём. Маці сказала пашыць ім прыгожыя белыя сукенкі, адзетыя ў іх з вяночкамі і вэлюмамі на галовах пайшлі перад выездам да касцёла развітацца з бацькам. Бацька сардэчна іх пацалаваў, але быў нейкі задумлівы і смутны.

Прыгожая была душа ў гэтым чалавеку, але вялікія захапленні і заляцанні прывабных сібірскіх жанчын, а таксама занядбанне рэлігійных практык зрабілі на яго найгоршы ўплыў, знішчылі спакой душы і здароўе. Я ніколі шкадаваць не перастану і дараваць сабе не змагу, што не была з ім адкрытая, наадварот пазбягала яго таварыства. Чалавека такой прыгожай натуры, такога шляхетнага характару, пры тым вялікага розуму, энергіі, адвагі, ненавідзеўшага фальш, а аднак ляцеўшага ў пропасць разбэшчанасці, ніколі не сустракала.

Кс. Міхал Скарубскі, які спавядаў маіх вучаніц і ўдзяліў ім першую св. Камунію, бываў у нас, размаўляў з дзецьмі, гуляў і жартаваў з імі, і паненкі былі шчаслівыя, калі ён заглядваў да нас на хвілю. Праз нейкі час панства Пацалаеўскіх змяніла жыллё, з таго часу мы з дзяўчынкамі жылі асобна, у афіцыне дома, у якім размяшчалася панства Пацалаеўскіх. Мы мелі два пакоікі, пярэднюю і кухеньку разам з шаснаццацігадовай дзяўчынкай для прыслужвання. На абед мы хадзілі да панства Пацалаеўскіх, а гарбату рана і ўвечар мелі ў сябе. Калі хто да нас прыходзіў, пані Пацалаеўская таксама нас адведвала, чым рабіла нам вялікую прыемнасць. Доктар у доме таксама быў госцем, бо выконваючы абавязкі гарадскога лекара, быў вельмі моцна заняты, а пры тым запрашаўся знаёмымі вечарам на карты. Знаёмыя мае па ссылцы адведвалі нас таксама час ад часу, прыходзіла часта п. Віткевіч, яе дочкі Марыня, маладзенькая 14-гадовая паненка, Геня - меўшая 9 ці 10 гадоў, і брацік іхні Стась, які меў 15 гадоў; былі гэта дзеці шаноўных бацькоў, надзвычай старанна выхаваныя, таварыства якіх добра ўплывала на маіх вучаніц, і таму было вельмі мне пажаданым. Але заўважыла пані Пацалаеўская, што Стась (які цяпер ёсць вядомы ўсім як мастак і пісьменнік п. Станіслаў Віткевіч) мае пэўную прыхільнасць да Люці, абавязала мяне, каб маладога Стася не запрашала на свае імяніны, якія набліжаліся. З вялікім смуткам я мусіла на тое згадзіцца і ніколі не забуду той прыкрай для мяне хвілі, калі Стась, у якім я бачыла найпрыгажэйшыя прыкметы душы, прыйшоў павіншаваць мяне з імянінамі і не быў мной запрошаны, пайшоў смутны, не могучы схаваць узрушання. У пп. Вітковічаў вучаніцы мае найлепш гулялі, а я цешылася з таго, што развіваліся ў тым доме іхнія польскія пачуцці. Гулялі там у розныя гульні, за фанты прысудзілі Стася і прыяцеля яго Конрада Прушынскага, сённяшняга народнага пісьменніка, чалавека вялікіх на тым шляху заслуг, дэкламаваць якую-небудзь паэзію; менавіта ў адзін з вечароў адзначыліся маладзёны прыгожай дэкламацыяй не толькі твора нашага прарока Адама, але і ўласных сваіх вершыкаў. Да таго дзіцячага кола польскага таварыства належалі дачушкі пп. Астраменцкіх і Жэня Прушынская, іхняя прыяцелька і таварышка ў навуцы, сястра п. Конрада Прушынскага.

ІХ

У той час я моцна зажурылася, бо мяне закранулі балючыя страты. Памёр бедны, дарагі мой бацька, у самоце, у нястачы, у занядбанні. Страціла таксама любімага брата Цыпрыяна. У дзень, калі атрымала пра яго смерць вестку, была вымушана суправаджаць паненак на святочны вечар, дзе бачачы весялосць і паўсюль усмешлівыя твары, сэрца мне разрывалася ад думкі пра мае пакуты і страты. Назаўтра адбылося жалобнае набажэнства за спакой яго душы; было шмат зычлівых да мяне асоб, пераважна жанчын, бо мужчыны ў тую пару амаль усе былі занятыя. Дзве пані, якія любілі мяне, Вікторыя Пянькоўская, жонка Людвіка Пянькоўскага і жонка доктара Марыя Гутаровіч, прыйшлі раней, перад набажэнствам і пасля заканчэння ўсяго пайшлі. Няхай ім Бог небам заплаціць за іх сардэчнасць. Штораз смутней было мне ў панства Пацалаеўскіх. Сам пан доктар пачаў цярпець на здароўе, не гаварыў нікому пра тое, але відочна худнеў і смутнеў. Жонка яго ўражана была падобнымі праяўленнямі, я пасля перанесеных стратаў не магла ўцешыцца. Шаноўны доктар пан Конрад Хмялеўскі [3], радзіў мне, каб змяніла неяк лад жыцця, і было б вельмі добра, каб магла выехаць куды-небудзь на вёску. Не мела на гэта фінансаў, а пакінуць працу, каб стаць каму-небудзь цяжарам, не хацела. Бясцэнны доктар выпытваў яшчэ, чаму не куру папяросаў, як перад тым? Адказвала на гэта, што атрымала ліст ад сястры, у якім мне піша, што цэлую зіму з шасцёркай дзяцей прабыла ў неацепленым жыллі, харчуючыся толькі хлебам, таму нягодна, каб пры такой смутнай рэчаіснасці дазваляла сабе такія непатрэбныя выдаткі. На другі дзень шаноўны доктар прынёс мне вялікі пудэлак папяросаў, каб я ўпрыемніла сабе жыццё, бо ўбачыў ужо ўва мне схільнасць да меланхоліі. Адчувала, што са мной кепска, не ведала, як сабе парадзіць. Сказала пану Пацалаеўскаму, што мушу пакінуць іхні дом і змяніць занятак; доктар, як і пані лічылі гэта за капрызы з майго боку; нікому з іх не прыйшло ў галаву, што мне ўжо не хапае маральных сіл, што такі быў у мяне вынік прайшоўшых падзей, атрыманых удараў. Доктар Хмялеўскі прыйшоў аднаго дня паведаміць мне, што мае ўжо для мяне жыллё з усімі выгодамі і бясплатна.

Падзякавала яму найсардэчней за яго зычлівасць, але рашуча адмовіла прыняць гэтую ахвяру, гаворачы, што ніхто з нашага таварыства не ёсць такім заможным, каб мог аказаць мне падобнае дабрадзейства. Дачулася, што каталіцкае таварыства шукае чалавека, які б заняўся вучобай і апекай над дзецьмі бедных католікаў, сірот па польскіх жабраках, вырашыла гэтым заняцца. Прызналі гэта за вар'яцтва - пан Пацалаеўскі гневаўся на мяне, а не дадумаўся, каб прапісаць мне нешта ўзмацняльнае, нейкія сродкі для супакаення нерваў. Трэба мне было абавязкова болей спаць, не прымушаць сябе да рэчаў прыкрых, такіх як вымушаныя візіты да суб'ектыўных асоб.

У апошні год майго побыту ў панства Пацалаеўскіх прыйшоў на свет сынок, якога назвалі Домцем, бо імя бацькі было Дамінік. Прыгожанькае гэтае дзіцятка сталася пацехай для бацькоў, якія з сапраўднай любоўю мітусіліся каля прыгожанькага маленькага.

Паненкі станавіліся ўжо паўнагадовымі, трэба было іх ужо ў свет выпраўляць, а я не была здольная прыняць на сябе гэты абавязак суправаджаць іх на ўсіх забавах, знаёмствах. Баялася адказнасці ў выпадку няўдачнага выбару Люці сярод дабіваўшайся яе рукі моладзі; а магло гэта наступіць вельмі хутка, бо з Люці была прыгожая паненка. Каб яе выбар упаў не на паляка, я таго б не перанесла, а пярэчыць усёў сям'і панства Пацалаеўскіх не хацела. Пры тым мела непераадольную агіду да гэтага таварыства, яго звычаяў, да тых розных строяў і бяссонных начэй. Вось якія былі прычыны, з-за якіх я мусіла расстацца з сям'ёй панства Пацалаеўскіх, з сумам для іх і болем для мяне, бо як бы там ні было, палюбіла гэты дом, які мне Пан Бог з міласэрнасці сваёй для жыцця на выгнанні прызначыў. Прыняла абавязак наглядчыцы ў прытулку на Ялані, томскім прадмесці, дзе пан Чыгір разам з кс Юзафам Давідоўскім, рэктарам семінарыі ў Варнянах на Жмудзі, нанялі для дзяцей памяшканне. Нарэшце я пакінула дом панства Пацалаеўскіх. Суровыя ў меркаваннях людзі называлі гэта шаленствам, так было на першы погляд, але ў рэчаіснасці іначай.

Не буду апісваць сцэны расстання майго з домам доктара: скажу толькі, што п. Пацалаеўскаму і мне шмат яно здароўя і жыцця каштавала. З-за нагавораў п. Малгудовіч змяніў ужо доктар свае добрыя пра мяне думкі, аднак не ведаў зусім, што дочкі яго ўжо былі нядобрымі да мяне, што цалкам былі аддадзены паням Аршалавай і дзвюм іншым, што ў іх дамах і іхнімі стараннямі меліся рабіцца планы на будучыню яго дачок і г.д. Доктар наяву ні ў чым мяне не абвініў, нядаўна яшчэ прасіў, каб над дочкамі яго наглядала, гаворачы:

- Пані не ведае, якія гэта жанчыны, якія сапсутыя! Няма ні адной шаноўнай, хоць маюць мілую і сціплую знешнасць. Не хачу думаць, што можа стацца з Люцяй і Коцяй пасля маёй смерці, страх мяне агарнае! Я павінна была хаця б яшчэ на год у іхнім доме застацца; цяпер шкадую і кару сябе, што таго не зрабіла.

У прытулку было больш за дзясятак дзяцей: дзяўчынкі і хлопчыкі; у тым самым доме жыў ксёндз рэктар Давідовіч з некалькімі ксяндзамі, з якіх прыгадваю кс. Міхала Валоўскага, вельмі набожнага старца, якога раней, хоць вельмі коратка і рэдка, адведвала, і ён рады быў мяне бачыць; кс. Ігнацыя Дашкліневіча, старога, але яшчэ моцнага; кс. Плацыда Шаркоўскага, маладога яшчэ, вялікага аскета. Усе яны што дзень адпраўлялі святую імшу; айцец рэктар вучыў дзяцей рэлігіі і моцна працаваў над падрыхтоўкай іх да Св. Камуніі. Спавядаліся яны ў вялікую сераду, а ў вялікі чацвер прынялі Пана Езуса вельмі набожна з вялікім засяроджаннем духу. Яшчэ вечарам таго ж дня прыехала з вёскі сястра адной з дзяўчынак - Альжбеткі, каб яе забраць з сабой. Айцец рэктар не згадзіўся на гэта, хочучы, каб яшчэ адзін дзень яна правяла ў канцэнтрацыі духу. Разгневаная гэтай адмовай, жанчына пайшла да губернатара, абвінаваціла кс. Дашкліневіча ў заснаванні школкі і прымусовым утрыманні Альжбеткі, патрэбнай ёй у тыя дні на гаспадарцы; кідала пры тым найабрыдлівыя ачарненні на ксендза рэктара. У выніку таго абвінавачвання кс. Дашкліневіч быў арыштаваны і пасля некалькідзённага ўвязнення высланы ў Каінск на поўнач Томскай губерні, а дзяцей загадалі распусціць. Кс. рэктару дазволілі заглянуць яшчэ перад ад'ездам дадому; смутнае гэта было для мяне расставанне, увесь Томск, а дакладней каталіцкае таварыства аплаквала выезд айца рэктара. Паколькі некаторыя дзеці паходзілі з вёсак патрэбны быў пэўны час на апавяшчэнне бацькоў, каб іх забралі, іншыя зноў не маглі знайсці прытулак так хутка, а тут паліцыя пастаянна прыходзіла, прымушаючы, каб іх не было. У роспачы я пайшла да губернатаршы і благала яе пра апеку над няшчаснымі сіротамі; сказала ёй, што я - апякунка і старшыня ва ўсіх прадпрыемствах для няшчасных у Томску, таму няхай жа мае літасць над найняшчаснейшымі з усіх польскімі сіротамі, якія ніадкуль не могуць атрымаць дапамогі на той чужой зямлі. З гневам адказала мне, што ўсё тое, што робіцца па волі і загадзе яе мужа, ёсць справядлівае.

- Не пярэчу таму, але я пэўная, што тыя, хто выконвае загады пана генерала дапускаюць злоўжыванні, бо не магу дапусціць, каб пан генерал загадаў гэтых бедных дзяцей выкінуць на вуліцу ў такія моцныя марозы без цёплай вопраткі для таго, каб памерзлі.

Пайшла генеральша злая і разгневаная, але паліцыя не выганяла дзяцей, пакуль іх не паразбіралі. Альжбетку забрала пані губернатарша пад сваю апеку і памясціла ў прыюце для праваслаўных дзяцей. Я пасялілася на нейкі час у Астраменцкіх. Пайшла мне на дабро тая размова з губернатаршай, бо калі адзін з золатапрамыслоўцаў прыехаў у Томск, каб знайсці настаўніцу для сваіх дзяцей, і не могучы знайсці ні адной расейкі, наладзіў вечар пад назвай "Крышэнне капусты" і запрасіў п. губернатаршу і жонку начальніка жандармерыі і ў вясёлай размове прасіў тых паняў даць яму настаўніцу; у гэты час п. губернатарша прыпомніла пра мяне і сказала, што ведае адну польку, праўда сапраўдную фанатычку, але якая добра гаворыць па-французску, і можа яе рэкамедаваць. Абедзве гэтыя пані абяцалі звярнуцца да сваіх мужоў па дазвол для мяне на выезд з Томска, калі той пан згодзіцца прыняць мяне пад сваю адказнасць. З таго часу я зноў мела за што жыць, а з матэрыяльнага погляду мела ўмовы лепшыя, чым перад тым. Яшчэ да майго выезду ў паўднёвую енісейскую тайгу да пп. Квяткоўскіх настаўніцай даведалася я пра невылечную хваробу пана Пацалаеўскага. Ксёндз Давідовіч, ведаючы таксама пра гэта, напісаў "Трактат аб споведзі" і прыслаў мне тую кніжачку, абавязаўшы мяне аддаць яе доктару Пацалаеўскаму. Я, ведаючы ўзрыўны характар доктара, не мела на гэта адвагі, як таксама і ніхто са знаёмых, бо ўсе ведалі, што ад часу сваёй жаніцьбы доктар не спавядаўся і заўсёды кпіў з касцельных набажэнстваў і сакрамантаў. Знайшоўся нарэшце адзін з ксяндзоў, які адважыўся ўручыць брашурку доктару Пацалаеўскаму. Сказаў так:

- Пайду ў імя Божае, мо ж той пан мяне не заб'е, а нічога больш не баюся.

Быў гэта с. п. кс. Ігнацы Дашкліневіч. Пайшоў смела; калі зазваніў у дзверы, сам пан Пацалаеўскі адчыніў яму іх і ветліва прывітаў прыйшоўшага, адказаўшы на вітанне ксендза

- На векі вякоў, аман.

Калі селі для размовы, ксёндз Дашкліневіч адазваўся:

- Ксёндз Давідовіч, ведаючы, што пан цяжка хворы, і клапоцячыся пра панскую душу напісаў "Трактат аб споведзі" і патрабуе шаноўнага пана прачытаць яго цалкам, робіць ён гэта з найлепшага сэрца, вельмі просіць, каб пан прачытаў гэтую яго працу ад пачатку да канца і даў яму ў тым слова

Доктар выслухаў спакойна тую прамову, пацалаваў руку ксендза і даў слова, што выканае просьбу ксендза Давідовіча, як ксёндз таго вымагае. На другі дзень прасіў жонку, каб прывяла мяне. Калі я прыйшла, сказаў так:

- Ксёндз Давідовіч напісаў для мяне "Трактат аб споведзі" - прашу напісаць яму падзяку за яго да мяне зычлівасць і сказаць, што прачытаў ад пачатку да канца; не ўсё супадае з маімі перакананнямі, але зраблю тое, што мне ксёндз Давідовіч радзіць; буду спавядацца, а паню прашу аб арганізацыі мне споведзі.

Я паехала адразу да кс. Валерыя Грамадзкага, у той час яшчэ вікарыя, з просьбай пра спаўненне пажаданняў хворага доктара Пацалаеўскага. Пазней рабіла падрыхтоўку ў доме для прыёму ксендза з Панам Богам, што мела адбыцца назаўтра а 10-й раніцы. Пасля вельмі кароткай споведзі і Св. Камуніі, а потым пасля выхаду ксендза жонка, дочкі і я прыйшлі павіншаваць хворага са шчасцем, якое спазнаў; доктар выказаў вялікае задавальненне з паяднання з Панам Богам і некалькі разоў сказаў:

- Ото, ксёндз, ото, ксёндз, каб усе былі такія. Што ж можна вымагаць ад слабога чалавека!

Праз два, здаецца, тыдні выехаў хворы доктар не на лячэнне, як гаварыў, а на свой канец у Белакурыцкую, не могучы перанесці віду любімай сям'і пры сваёй смерці. Вёска Белакурыцкая размешчана за 70 вёрст ад Томска ў прыгожай мясцовасці, паблізу канца адгалінавання Алтайскіх гор, мела свежае паветра, якое вельмі карысна дзейнічала на хворых, і належала таму да лячэбных месцаў, мала яшчэ зведаных. Праз нейкі час патэ-лефанаваў пан Пацалаеўскі, каб мы неадкладна прыехалі: кс. Грамадзкі, старэйшая яго дачка Люцыя і я. Жонка хацела абавязкова ехаць з намі, але пані Аршавулава і Шушлаева, без парады якіх ужо нічога не рабілася, а таксама Люцыя, не дазволілі таго, гаворачы, што нельга нічога рабіць супраць волі хворага, што калі б хацеў, каб жонка прыехала, то тэлефанаваў бы і да т.п. Я прасіла з усіх сіл пані Пацалаеўскую, каб ехала, гаварыла, што прыбыўшы на месца магла б адразу не паказвацца, а была б гатова, калі б муж паклікаў; Люцыя аднак цвёрда не дазволіла маці ехаць, і мы паехалі ўтраіх.

Ложка хворага стаяла пасярод пакоя, доктар ляжаў на ім без руху, рукі меў складзеныя на грудзях, як у памерлага. Калі мы ўвайшлі, павярнуў на нас смутна-радасны позірк:

- А жонка! Дзе жонка? Чаму не прыехала?

Пацалаваў потым дачку, прывітаў ксендза і мяне.

- Стань насупраць мяне, дзіцятка маё, - сказаў да Люці, - так, каб вочы мае на цябе глядзець маглі. Але чаму жонка не прыехала? - звярнуўся з пытаннем да мяне.

Адказала што прыедзе, а засталася, каб знайсці надзейную асобу, каб ёй даверыць малога Домця.

- О, жонка, жонка! Якая добрая жонка! Якая цярплівая жонка! О, чаму яна не прыехала і калі прыедзе!?

Я адразу затэлефанавала, каб прыехала да нас з доктарамАжэшкам, бо баялася за яе ў такім смутным і хваравітым тым падарожжы. Хворы нецярпліва выглядаў жонку; колькі разоў дзверы адчыняліся, павяртаў зрок свой у той бок і пытаўся, ці гэта не жонка. З Люцяй размаўляў вельмі шмат; мы сядзелі пры доктары наперамену. Пану Буткевічу, які зычліва пры ім знаходзіўся, доктар, паказваючы на мяне, сказаў:

- Гэта сапраўдная наша прыяцелька.

Ксендзу сказаў, што спавядацца не будзе, бо святой камуніі ўжо прыняць не можа. Калі ў чарговы раз мы з Люцяй знайходзіліся пры хворым, апошні раз сказаў:

- Няма жонкі, прагнуў бы яе ўбачыць. О, жонка! Найлепшая жонка!

Потым папрасіў мяне, каб пакінула яго з Люцяй, прамовіў:

- Як буду паміраць, паклічу пані.

Недзе праз паўгадзіны ўвайшла пакліканая, доктар сказаў:

- Бывайце.

Паглядзеў з болем, пачалося хрыпенне. Доктар Грамадзкі пачаў малітву за канаючых. Доктару падалі грамнічную свечку, ён уткнуў зрок у адну кропку і зрабіў апошні выдых.

Пры дапамозе пана Буткевіча апранулі памерлага і паклалі яго на тапчане; маліліся пры ім наперамену. Была сям'я панства Буткевічаў, яшчэ некалькі католікаў, прыходзілі таксама тамтэйшыя жыхары. Гарачыня была вялікая, і цела пачало разлагацца, нягледзячы на прымяненне ўсякіх сродкаў нельга было зменшыць удушлівага паветра, таму забілі труну і перанеслі яе ў пакой, дзе прыезджы ксёндз адпраўляў набажэнства і спавядаў. Са святой імшой чакалі да 11-й гадзіны; было ўжо па ахвяраванні, калі пачуліся званкі, і пані Пацалаеўская ўбегла ў пакой і кідаючыся на труну з болем загаласіла:

- Што вы нарабілі, чаму не далі мне пабачыць мужа! О, муж мой дарагі!

Трэба было ўгаворваць няшчасную, каб аддалілася ад так жудасна чутнага паветра і каб не перашкаджала ксендзу адпраўляць святую імшу.

Жудаснага болю і роспачы гэтай беднай кабеты апісаці не здоляю. Удары адзін за другім падалі на яе; пасля страты мужа пахавала ў наступным годзе прыгожага сынка, двухгадовага Домця, праз год шаснаццацігадовая дачка Коця памерла ад сухотаў і так хутка злучылася з бацькам, па якім невыказна сумавала.

Уміраючы Коця прасіла маці, каб дазволіла Люці выйсці замуж за аўдавеўшага пару месяцаў назад доктара Фларэнцыя Ажэшку, які быў яшчэ жанатым падчас смерці доктара Пацалаеўскага. Маці не адмовіла паміраючай дачцы; Люця аддала сваю руку пану Ажэшку, і я бачыла яе ў першыя гады жыцця з мужам, на 17 гадоў старэйшым за яе, як шчаслівую жонку, добрую маці і мачыху, выхоўваўшую двух сынкоў, якія засталіся ад першай жонкі доктара Ажэшкі. Яны дагэтуль у Томску, дзе пасяліўся доктар з часоў высылкі ў 1863 годзе. (Доктар Ажэшка быў родным братам с.п. Ажэшкі, мужа нашага празаіка Элізы Ажэшкі.)

Пасля вяртання ў Томск з асірачонай сям'ёй я падалася да паноў Астраменцкіх, адкуль 20 лістапада мусіла выехаць у паўднёвую Енісейскую тайгу, як настаўніца да паноў Квяткоўскіх, золатапрамыслоўцаў.

У пярэдадзень майго выезду, які быў разам і днём маіх імянін, я споўніла пажаданне пані Астраменцкай, хочучы развітацца з таварыствам палякаў у Томску, запрасіла бліжэйшых знаёмых на гарбату. Вечарам прыйшоў пасланец з паведамленнем ад пана Квяткоўскага, што заўтра выязджаем, таму каб была падрыхтавана. Назаўтра я паехала ў кватэру яго крэўных, у якіх спыніўся. Прыняў мяне пан Квяткоўскі ў сваім кабінеце і гледзячы на мяне пытліва і сурова, запытаў гнеўна:

- Какое это сборище было у вас вчера? (Які гэта сход быў у вас учора?)

- Было толькі некалькі чалавек, зычлівых знаёмых, якія хацелі са мной развітацца, а таксама скласці пажаданні да дня імянін, якія на ўчора прыпалі, - адказала.

Тым жа голасам і загадным тонам сказаў, каб я асцерагалася, бо ён мае права нагляду за мной і што кепска мне будзе, калі захачу сабе занадта дазволіць. Хоць у крытычным маім становішчы я вымушана была выехаць на пасаду, аднак папярэдзіла пана Квяткоўскага, што не згодная, каб са мной так паступалі, няхай сабе шукае каго іншага на маё месца. У гэты момант вочы пана Квяткоўскага прынялі іншы выраз, усмешка з'явілася на твары, і прамовіў да мяне па-польску, абяцаючы, што мне добра ў іх будзе, гаварыў, што сам быў даўней палякам і католікам і г.д. Мусіла ехаць, бо іначай быць не магло.

Калі назаўтра вечарам прыбыла да іх паўторна, застала звыш дзясятка чалавек, якія сядзелі ва ўрачыстым маўчанні. Святло яскрава асвятляла ўсё таварыства. З прыветлівай мінай тлусты, чырвоны, у арыгінальным строі, у доўгіх ботах і кароткім кафтане працягнуў пан Квяткоўскі мне руку на прывітанне, потым не стоячы, як гэта звычайна робяць расейцы, але з цяжкасцю ўкленчыўшы, пачаў адбіваць паклоны, ад якіх яму вочы страшна крывёю набеглі. Па сканчэнні малітвы паднялі яго, і пачалося цалаванне ўсіх, не разбіраючы полу і ўзросту. Потым наступіла апрананне і выезд. Жудаснае мела падарожжа з тым п'яным панам, пачувалася куранём у кіпцюрах крэчата; у дарозе мусіла прыкурваць яму папяросы, бо яму, апранутаму ў велізарнае мядзведжае футра цяжка было паварушыцца; пра розныя спазнаныя прыкрасці мушу прамаўчаць.

Прыбыўшы ў Марынск затрымаліся на двухгадзінны адпачынак. Пан Квяткоўскі быў заняты размовай, а я, маючы з Томска адзін ліст для паслання, паслала яго з прыслужнікам. Пан Квяткоўскі, даведаўшыся пра гэта, моцна разгневаўся, а таму я сказала, што далей не паеду, а вярнуся ў Томск, бо ранейшыя яго нягжэчныя паводзіны абяцаюць мне вельмі кепскае жыццё ў яго дома, што 100 руб., дадзенага мне ім і ўжо выдаткавагага задатку, вярну яму ў Томску, бо была пэўная, што пакуль іх не зараблю, мае знаёмыя пазычаць мне патрэбныя грошы. Пан Квяткоўскі адразу палагоднеў і свае пагрозы замяніў на жарт. Таму паехалі далей, да так званай рэзідэнцыі Каргіно, дзе золатапрамыслоўцы мелі вялікія склады самых розных матэрыялаў: вопраткі, абутку, правізіі, патрэбных для жыцця ўсяго насельніцтва, якое складалася з работнікаў, пасяленцаў, г.зн. злачынцаў, якія адбылі прызначаныя гады пакарання на цяжкіх работах, атрымалі ад урада зямлю і грошы на будаўніцтва і тым спосабам утварылі абшырныя вёскі. Усе тавары дастаўляліся з Краснаярска, калі рэкі ставалі і з лёгкасцю можна было перавезці іх цераз Енісей у Тайгу. Едучы да Каргіна набраліся досыць страху з-за пачаўшайся вялікай снежнай замяці; густы снег сыпаўся і сыпаўся, коні ісці не хацелі; тады фурман, якога звалі конюхам пачаў думаць пра ратунак. Сані нашы былі запрэжаны ў два кані, але не пры дышле, а адзін за адным, бо на вузкіх тамтэйшых дарогах памясціцца не маглі. Фурман выпраг пярэдняга каня, падняў аглоблі ўверх, каб нас лягчэй было знайсці. Я была страшна перапужана, увесь час малілася, а мой таварыш драмаў, час ад часу адзываючыся парай слоў. Дзякуй Богу, вёска была блізка, і неўзабаве пачуліся галасы людзей, прыбыўшых нам на ратунак. Раскапалі снег лапатамі, сані не былі яшчэ цалкам засыпаны, іхні верх і нашыя галовы падымаліся яшчэ над снегам, так што мы маглі дыхаць. Раскапалі снег і на дарозе, і а 12-й ночы мы спыніліся ў Каргіно. Правялі нас у домік рэзідэнта, чалавека простага стану, які прымаў транпарты, высыланыя з Краснаярска і дастаўляў іх золатапрамыслоўцам у тайгу. (Тайга - гэта пушча, у якой у пэўных месцах, на берагах рэк ёсць золата). Домік рэзідэнта быў малы, нізкі з малымі вокнамі, а шыбы былі пакрыты тоўстым слоем снегу.

Далі мне на ноч маленькі пакойчык, які магу параўнаць з магілай, такое гнятлівае зрабіў на мяне ўражанне. Я так здранцвела маральна, што не падумала ні пра Бога, ні пра Маці Найсвяцейшую, ні пра анёла ахоўніка, у якім магла шукаць і знайсці суцяшэнне. На другі дзень далі мне снеданне і сказалі, што неўзабаве паедзем далей. Пан Квяткоўскі, заняты рахункамі, прамовіў да мяне пару слоў, паведаміўшы пра выезд. Рухаючыся ў дарогу з Краснаярска я мела на сабе два футры: адно доўгае, як шляфрочак на белых зайцах, другое шырокае вавёркавае; боцікі высокія, да калень, на белых зайцах, з сукна і на гузікі зашпіляныя. Цяпер на ўсё гэда мусіла надзець яшчэ доху, г.зн. від мяшка, пашытага з аленевых шкур, шэрсцю наверх, з каптуром на галаве. Паколькі за намі ехалі другія сані някрытыя, я прасіла пана Квяткоўскага, каб ехаць асобна, а каб не здарыўся выпадак, пра якія пан Квяткоўскі апавядаў, што пры хуткім бегу коней у гарыстых мясцовасцях падарожны выпадаў з саней і заставаўся на дарозе, прывязалі мяне паскамі да саней, у якіх я ляжала, як у ложку. Дзіўная рэч, сані нясліся пастаянна з гары на дол, з долу на гару, а я смачна спала. А поўначы аказаліся на месцы, у Тайзе паноў Квяткоўскіх. Я прасіла, каб мяне правялі ў мой пакой, бо змучаная дарогай не хацела займацца туалетам і прадстаўляцца сабранаму таварыству. Пані Квяткоўская разам з полькай паняй Сабалеўскай, якая знайходзілася ў іх, прыйшлі са мной знаёміцца. Пані Квяткоўская, кузіна томскага арыстакрата Асташова, з заможнай сям'і, была асобай, усюды любімай у таёжным таварыстве, вельмі прыветліва мяне прывітала і праз увесь час майго побыту ў іх быда добрая да мяне. Была гэта жанчына набожная, рэлігійная, добрага сэрца і хрысціянскіх цнотаў. Дзеткі былі мілыя і ветлівыя: 10-гадовая дзяўчынка Юленька - дзіця з вялікімі да навук здольнасцямі; 9-гадовы Ціша (Ціхан), 7-гадовая Маша, з якой займалася па 15 хвілін, 5-гадовы Кеня (Інакенцій), малы растаропны хлопчык, наймалодшы ў сям'і, улюбёнец маці. Трэці хлопчык, сын парабка, прыняты ў таварыства, дапамагаў дзецям у гульнях. Былі яшчэ два старэйшыя сыны панства Квяткоўскіх: Пётр - адстаўны марскі афіцэр і Базыль - пакалечаны, гарбаты, кіраваў прыіскам у бацькі. Паляк Дамброўскі, студэнт Кіеўскага ўніверсітэта, выконваў абавязкі матэрыяльна адказнага, г.зн. афіцыяла, які выдаваў матэрыялы, патрэбныя для дома і работнікаў, а таксама меў надзор над свірнамі, якія там называюцца амбарамі. Гэта было ўсё дамашняе таварыства. Госці часта адведвалі панства Квяткоўскіх, але пераважна асобы, якія гулялі ў карты. Я хутка прывыкла да ўсяго і да ўсіх; імпанавала мне прастата ў жыцці, у абыходжанні, у вопратцы, лёгкасць і шчырасць у размовах. Вучні мае былі вельмі лёгкія ў кіраванні. Пасля перадабедзенных урокаў хадзілі мы з дзецьмі на шпацыр, хоць марозы былі вельмі моцныя, звыш 40 градусаў, але мы цёпла апраналіся: у авечыя кажушкі, футраныя шапкі і валёнкі. Дзеці гулялі блізка каля дому, дзе снег быў больш утаптаны: ездзілі на малых саначках, самі сябе возячы, у чым і дзяўчынкі ім дапамагалі.

Я не мела дастатковых навыкаў у расійскай мове, хоць у Літве ў гімназіях і пансіёнах вучылі ўсе прадметы на той мове, і мой першы настаўніцкі абавязак у расійскім доме выпадаў, то пазней адвыкла ад яе і часта была заклапочана, як выказацца, прасіла не раз пана Дамброўскага выратаваць мяне ад клопату. Па яго парадзе пачала чытаць рускія часопісы, знаёміцца з літаратурай; падабаліся мне перакладзеныя з нямецкай і ангельскай прыгожыя аповесці, і лягчэйшай стала для мяне на той мове размова.

Надышла вясна, зніклі снягі, у канцы траўня зямля пакрылася прыгожай зелянінай, і з'явіліся кветкі; лягчэй мне зрабілася на душы, але сумавала па касцёле і па сваіх.

У капальнях пачаліся работы; у час адпачынку мы хадзілі з дзецьмі паглядзець на працу работнікаў. Дзеці апавядалі мне з вялікім веданнем справы і вялікім захапленнем пра ўсё, што тычылася тых работ. Панства Квяткоўскіх, седзячы ў цёплыя дні на верандзе, назірала за рухам, які панаваў на ўсім прыіску; усё там ажыло, прырода і людзі, работы ішлі ў вялікай спешцы, з запалам, бо лета будзе кароткае, а работы вельмі шмат. Адразу ў першыя дні траўня разышлася вестка, што некалькі работнікаў уцякло. Вялікую гэта крыўду рабіла ўладальніку капальні, бо замяніць іх не было каму, паколькі толькі зімой стараліся прыдбаць работнікаў. Неўзабаве злавілі няшчасных уцекачоў, бо, не знайшоўшы ў тайзе ніякага харчу, падходзілі да прыіска, каб дастаць хлеба. Адзін з уцекачоў, агаладалы, слабы, да цяжкай работы не здатны, прызначаны быў з дзвюмя кабетамі да капання градак пад кветкі каля акон дома; другі - да работ свайго прызначэння, і ўсе заўсёды без яды да абеду, які даваўся ў звычайную пару. Прыехаў памочнік спраўніка з казакамі, а паколькі на прыіску час вельмі дарагі, то адразу пасля пачастунку ўрадніка прыступілі да суда над злачынцамі, прызначэння і выканання кары, якая была выканана хвастаннем казацкімі нагайкамі. Не далічыліся паміж вінаватымі таго, які з кабетамі капаў градкі пад кветкі. Кабеты паўтаралі, што няшчасны гаварыў ім пару разоў, што не перажыве цялеснай кары. Быў, наколькі я ведаю, чалавекам інтэлігентным, які дзіцем страціў бацькоў, быў прыняты і выхоўваўся як уласнае дзіця ў вельмі заможнага купца. Па заканччэнні навук вёў справы свайго апекуна, размаўляў на замежных мовах, належаў да заможных таварыстваў. На няшчасце палюбіў гульню ў карты, пачаў траціць сродкі свайго апекуна, які не звяртаў на гэта ўвагі, пакуль ішло пра малыя сумы, нарэшце ўвайшоў у гульню з шулерамі па прафесіі, прайграў значную суму свайго дабрадзея, за што заключылі яго ў вязніцу і пасля доўгага сядзення быў прыгавораны да цяжкіх работ.

Гэтага няшчаснага пачалі шукаць. Знайшлі яго ў так званай хлебапякарні, дзе пекары пяклі хлеб для работнікаў і варылі яду, павешанага пад нізкім дахам у пазіцыі ўкленчанага, бо з-за свайго высокага росту не мог бы інакш памясціцца.

Калі прыступілі да пакарання астатніх вінаватых, падышоў адзін з іх да Базыля Квяткоўскага, які ў маёнтку бацькі быў "упраўляючым" кіраўніком прыіска, і закрычаў, падаючы перад ім на калені:

- Васіль Аляксандравіч, прабачце мяне!

Базыль адказаў, што не можа, бо ён ужо другі раз уцякае, тады ўцякач ударыў яго нажом у жывот. Разлёгся страшны крык. Пані Квяткоўская, пачуўшы яго і ўбачыўшы любімага сына, якога са звешанай галавой няслі некалькі чалавек, крыкнула:

- Забілі Васю, забілі! - і ўпала самлеўшая.

Пасля агляду параненага ўбачылі, што ўсё раненне абмежавалася разрэзам летняй вопраткі і лёгкай драпінай шкуры на жываце. Страта прытомнасці была ад перапуду. Работнік быў у роспачы, бо ў якасці прылады помсты меў толькі малы, тупы сцізорык, які склаўся пры ўдары. Вінаватага пакаралі нагайкамі, адаслалі ў вязніцу, дзе яго асудзілі на 12 гадоў катаржных работ. Пясля адбыцця прызначанага тэрміну вязніцу даўно пакінуў.

Прыведзены клапатлівай маці доктар застаў пана Базыля зусім здаровым, але стары бацька, уражаны здарэннем, захварэў і праз тры дні памёр. Ніхто не прадбачыў ніякай небяспекі, дапускалі толькі, што нездаровы, бо выпіў, можа больш, чым звычайна. То сядзеў на верандзе, то ляжаў, а калі я прыйшла да яго сказаў мне сваім звычайным голасам, падаючы папяросу:

- Rauchen Sie!

Адразу пасля гэтага крыкнуў:

- Прападаю! Дабраславёны, хто веруе!

Ноччу маці і сыны сядзелі пры хворым, я ляжала на ложку, не распранаючыся. А 1-й ночы ўвайшоў пан Пётр да мяне і, заліваючыся слязамі, гукнуў:

- Бацька сканаў!

Я застала малодшых дзяцей укленчыўшымі пры ложку, залітымі слязамі.

Суседзі з'ехаліся на пахаванне. Мы з дзецьмі вілі вянкі і паклалі ў труну шмат свежых кветак. Пахавалі нябожчыка на прыіскавых могілках, дзе ўжо спачывала найстарэйшая дачка панства Квяткоўскіх, якую бацькі і сваякі называлі Кацяй, далей некалькі магіл з ліку службоўцаў і работнікаў. Скончылася існаванне чалавека, абдаранага добрым сэрцам, досціпам, здаровым розумам, сімпатычнай знешнасцю. Шчасце яму спрыяла, меў добрую жонку, паслушных дзяцей, здольных да навук, са шляхетным характарам, любімы ўсімі суседзямі - з тым усім, аднак, кепска скончыў, бо страціў веру. Сам яе не меў і дзецям яе не пакінуў, то таксама не спазналі яны шчасця ў жыцці, бо без веры кепска жыць і паміраць.

Не магу нічога не распавесці пра гэтую сям'ю, якую маю добра ў памяці, і так:

Пётр ажаніўся неабдумана ў Пецярбургу, страціў надзею і кепска скончыў, пакінуўшы малую дачушку;

Базыль памёр нежанаты, працуючы ў прыісках на чужых;

Іван пасля заканчэння ўніверсітэта ажаніўся і працуе доктарам у паўднёвай енісейскай тайзе;

Аляксандр, студэнт універсітэта, ажаніўся перад заканчэннем навук, у часы ўладарання Аляксандра ІІ быў замешаны ў справе сацыялістаў і павешаны;

Цімафей, юрыст, перад заканчэннем навук за ўдзел у справе Софіі Пяроўскай быў сасланы ў далёкую Усходнюю Сібір;

Ціхана, майго вучня бачыла 14 гадоў назад у Пецярбургу ўжо як студэнта ўніверсітэта;

пра сёмага брата Інакенція нічога не ведаю;

Юлія, мая вучаніца, скончыла ўніверсітэт са ступенню доктара медыцыны;

наймалодшая Марыя стала фельчаркай.

Бачыла неяк пані Квяткоўскую, Ціхана і Марыю ў Пецярбургу; пасля яшчэ, купляючы білет у Маскве ў касе, сустрэла пані Квяткоўскую і Машу - што цяпер з імі, не маю звестак.

Х

Восенню я атрымала ліст з чорнай пячаткай; была гэта смутная вестка пра смерць маёй сястры Эміліі Урублеўскай, якая памерла ў Вільні. Паведаміла мне пра гэта найстарэйшая яе дачка Марыя. Я перахварэла гэтую вестку і пастанавіла ад гэтага часу жыць і працаваць для асірацелай сям'і, якая аказалася ў крайняй нэндзы пад апекай старой вернай прыслужніцы, заградовай шляхцянкі, далёкай крэўнай нашай маці Анелі Макарэвіч. Дзякуючы яе апецы дзеці не памерлі з голаду і неяк так выйшлі на людзі, а было іх шасцёра. Наймалодшая дачка с.п. Эміліі, Ядвіга Шмердт, памерла, пакінуўшы двухгадовую дачушку Марыхну, якая мае на сёння 11 гадоў і вучыцца ў школе для чыгуначнікаў у Стшамешыцах Івангродскіх. Гэтай Марыхнай апякуецца і вядзе гаспадарку найстарэйшая яе цётка Марыя Хомская, дачка Эміліі, тая, якая прыслала мне вестку пра смерць маці. Апека над сям'ёй, якая засталася пасля памерлай сястры, патрабавала большай зарплаты, а я не была пэўная, ці такую мне маглі б плаціць, паколькі пасля смерці мужа інтарэсы пані Квяткоўскай захісталіся. Таму трэба было шукаць сабе новае месца. Я размаўляла з паняй Вр., шкада мне было пакідаць іхні дом, так што абедзве паплакалі, гаворачы пра нашае расстанне. Я прыняла абавязкі ў панства Гелз для дзвюх дзяўчынак: іхняй дачушкі Альжбеткі, якую звалі Ляляй, і для другой паненкі па суседстве, Воленькі Плотнікавай.

Пан Гелз быў спраўнікам, таму займаў важную пасаду на прыісках. Пані Гелз, старэйшая за мужа на гадоў 10 і вельмі непрыгожая, абавязкова хацела пазбавіцца ад настаўніцы, маёй папярэдніцы, якая яе не вельмі паважала, са мной заўсёды была добрай і ветлівай.

Я атрымоўвала ў гэтым доме 600 рас. рублёў зарплаты, мела вялікі пакой з веніцыянскім акном, прыслугу і ўсякія выгады. Вучаніцы мае, добрыя і ветлівыя дзяўчынкі, былі здольныя і ахвотныя да навук. Акрамя адзінай дачушкі мела панства Гелз пад апекай плямянніка Паўлушу Костарава, 12-гадовага хлопчыка. Бацька яго, жанаты з сястрой пані Гелз, быў ваенна-марскім афіцэрам. Жылі некаторы час у Японіі, дзе неўзабаве абое памерлі, пакінуўшы малога сынка смяртэльна хворым, як здавалася, на водную пухліну пад апеку старэнькай нянькі. Была гэта верная іх прыгонная, надзвычай прывязаная да пані Костаравай і да пані Гелз, якіх выхавала. Няня гэтая з цяжка хворым дзіцем, забраўшы пажыткі, якія засталіся пасля яго бацькоў, адалела такое далёкае падарожжа па сушы і вадзе, лячыўшы, як магла, тое дзіця, дабралася да Пецярбурга, дзе ў той час жыло панства Гелз. Яна вельмі любіла свайго выхаванца, пра яго толькі думала, для яго жыла, каго Паўлуша любіў, таго і яна любіла, напружваючы заўсёды сваю ўвагу, ці выпадкам панства Гелз не рабіла якой розніцы паміж Ляляй і Паўлушам. Не магла яна перанесці і найменшай яго адсутнасці, калі ён быў на ўроках са сваім настаўнікам, стаяла пад дзвярыма, прыслухоўваючыся да размовы, а часта, не могучы ўжо зладзіць з сабой, уваходзіла ў пакой, несучы ім чаго-небудзь смачнага з'есці ці папіць. Уся ўзрушаная, прасіла Паўлушу, каб быў паслушны, ветлівы, у навуках пільны. І добрае было з Паўлушы дзіця! Не ведаў ён сваіх бацькоў, няня, якая выхоўвала яго, была простай вясковай жанчынай, а ён вызначаўся вялікай шляхетнасцю характару і здольнасцямі і тактам у паводзінах. Паўлуша атрымаў добрых апекуноў найперш у асобе няні, якая ўратавала яму жыццё, потым у шаноўных дзядзькі з цёткай і нарэшце ў пане Сільванду, сваім настаўніку, як бы з Божай ласкі яму пасланым. Пан Юзаф Сільванд быў польскім патрыётам, нягледзячы на французскае прозвішча. Студэнт Пецярбургскага ўніверсітэта, за паўстанне 1863 года сасланы ў Сібір, быў запрошаны панствам Гелз настаўнікам для іхняга плямянніка. Пан Сільванд быў чалавекам разумным, вучоным, энергічным, найшляхетнейшага характару, з вялікім веданнем свету і тактам паводзін у таварыстве і ў розных акалічнасцях жыцця, быў ён узорам для ўсіх нашых братоў-палякаў. Такі шаноўны чалавек выхоўваў сірату; Паўлуша палюбіў свайго настаўніка, слухаў яго парады і навукі, з якіх доўга яшчэ карыстаўся, перапісваючыся з ім.

На прыіску пані Квяткоўскай пасяліўся жанаты доктар п. Дзьячэнка; жонка яго старалася заняць маё месца ў панства Гелз, якіх без усякіх цырымоній часта адведвала, распавядаючы ім пра сваю дасканаласць ва ўсіх навуках, а на мяне нагаворваючы самыя розныя пакасьці. Калі гэта ўсё ні да чаго не прывяло, заняла месца ў пані Вр., дзе магла працаваць нават з карысцю для дзяўчынак, бо як расейка дасканала ведала сваю мову і літаратуру, стала канкрэтна для Юліі Вр. добрай праваднічкай на шляху набыцця ведаў, а можа нават пад яе ўплывам Юля пазней паступіла ва ўніверсітэт.

На вечарах у панства Гелз бывалі звычайна палякі, маладыя людзі, якія па большай частцы займалі нішы неадпаведныя іхнім здольнасцям у навуках, аднак іх усюды ахвотна прымалі, бо былі сапраўднай аздобай таварыства. Вось гэтыя паны, прыязджаючы да панства Гелз, заходзілі да мяне перад пачаткам забавы, і час наш сыходзіў на размовы аб прыгодах нашага жыцця, нашай долі і нядолі. Бо я ішла з маімі выхаванкамі спаць а 10-й, а вячоркі трывалі да 6-й - 7-й раніцы. А 8-ай падавалі снеданне мне і дзецям, а 9-й я пачынала ўрокі. Паны Гелз прыходзілі на снеданне найраней а 12-й, а я са сваімі выхаванкамі і пан Сільванд з Паўлушам складалі ім таварыства, маючы разам гадзіну адпачынку і другое снеданне. Потым быў урок музыкі і кароткая перадабедзенная прагулка, бо абед падавалі а 5-ай; вечарам летам адбываліся доўгія шпацыры, зімой было чытанне дзіцячых часопісаў, забавы з лялькамі, ручная праца для іх. І так час мне праходзіў прыемней, чым у Томску, прыкрым толькі была аддаленасць ад касцёла; міналі тыдні, месяцы і нават гады, а нідзе ўбачыць славы Божай, нідзе прагненняў душы заспакоіць не магла. Нават і мужчыны, маладыя людзі, якія прыходзілі да мяне на гутаркі, гаварылі: «Усё ў нас ёсць, добра нам тут, а толькі прагнень душы нашай і сэрца заспакоіць не можам, таму так нам тужліва і журботна!». Няшчасны быў той, хто ўдаваўся ў прыязныя стасункі з тамтэйшымі жыхарамі, або хто жаніўся, праз кароткі час упадаў у п'янства, марнаваўся і ў нэндзы гінуў. Нічога яго задаволіць не магло, бо адна толькі рэлігія і малітва, якая з яе выплывала, вера ў прысутнасць Бога на кожным месцы не аднаму журботнаму выгнанцу прыносіла палёгку. Будучы яшчэ ў панства Вр., бачыла нейкага старога жаўнера, які сядзеў пад акном казармы, у якой ноччу мелі прытулак работнікі, і чытаў нешта ў акулярах, падышла бліжай і ўбачыла кніжку для набажэнства, зусім цёмную ад доўгага ўжытку. Запытала ў яго па-польску, як называецца і адкуль у яго гэтая кніжка? Адказаў, што паляк, называецца Навіцкі, узяты быў у войска перад 1831 годам, пасля паўстання ў пакаранне высланы ў сібірскія палкі, заканчвае тут сваё жыццё, прыняты вартаўніком з міласэрнасці пана Квяткоўскага. Калі бачыла яго другі раз, бядак горка плакаў, бо прапалі яго акуляры і ўжо маліцца з кніжкі не можа.

Адзін жаўнер з Камчаткі пеша прыйшоў на Літву, на родную зямлю, бо журба давала яму крылы для ўцёкаў; адна маці з шасцёркай дзяцей вярнулася з Сібіры ў родны край на Літву толькі на жабрачым хлебе. О, бо як маці роднай, так і радзімай зямлі ніхто і нішто паляку замяніць не можа. Таму жудаснымі і бязлітаснымі ёсць выказванні некаторых варшавякаў да бедных ліцвінаў, якія туды прыбывалі:

- Чаго пан ці пані прыехаў або прыехала ў Варшаву? Мусіш пан або пані мець значныя грошы.

Пачуць гэта з вуснаў паляка маці, якая хацела дзяцей сваіх выдабыць з зямлі выгнання і прывесці іх у любую Айчыну, якой прысвяціла сваю маладосць, здароўе і шчасце; маці якая тужыла вечна па той Айчыне і прагнула дзяцей сваіх навучыць асновам веры сваіх бацькоў і іхняй мове, такія словы ад землякоў пачуць, гэта для яе стылет убіць у сэрца, гэта для яе страшней, чым смерць ад ворага прыняць! О, палякі, майце ж літасць над беднымі выгнанцамі. Вы ж ведаеце, што цар не дазволіў ліцвінам вяртацца на іх родную зямлю, на іх любімую Літву. Што ж ім выгаворваць, што збіраюцца сюды, у Варшаву, адкуль іх у 1863 годзе заклікалі да паўстання, што хочуць тут прыладзіць сваіх дзяцей да нейкай працы і навучыць польскай мове. Ці ж хочаце, каб нашчадкі польскіх патрыётаў змарнаваліся? О, такія не вартыя назвы палякаў і католікаў!...

Паўтара года, здаецца мне, была я ў панства Гелз; у гэты час стараліся яны за пасаду і атрымалі такую ў Пецярбургу, з гэтай нагоды пан Сільванд і я мусілі шукаць новай працы. Адна пані, жонка золатапрамыслоўца, прапанавала мне, каб я занялася выхаваннем яе дачкі, гаворачы мне, што яе муж ахвотна дасць мне 600 расійскіх рублёў, а яна ад сябе дадасць яшчэ 100 рублёў і гарантуе найлепшае абслугоўванне і выгоды жыцця, бо як добрай прыслугі мне даць не магла, то мне сама зробіць усё, што трэба будзе і прыслужыць мне. Аднак я не мела адвагі застацца ў таго панства, бо вядомы быў сам той пан як нахабны, таму баялася, каб не спаткалі мяне ў іхнім доме якія непрыемнасці, і таму я прыняла абавязкі настаўніцы ў начальніка жандармаў у Краснаярску, палкоўніка Разіна за 400 рублёў. Мы выехалі ўсе ў Краснаярск, золатапрамысловец, які жыў на паўдарозе с.п. Браніслаў Завадскі даў вечар развітання для паноў Гелз. Заехалі мы да іх і былі надзвычай пышна прынятыя: танцы, музыка, спевы, гульня ў карты працягваліся цэлую ноч да белага дня, у кожнай з тых забаў браў удзел пан Сільванд.

Аднаго разу падышла да мяне маладая паненка Таццяна Іванаўна Папова, са слязамі кідаючыся мне ў абдымкі і пачала распавядаць пачуцці кахання і шкадавання з прычыны ад'езду пана Сільванда, а таксама абыякавасці яго пры расстанні. Шкада мне яе было, супакоіла, як магла, параіўшы, каб узяла сябе ў рукі, бо пан Сільванд выехаць мусіць і што становішча яго такое, што не можа абяцаць ёй шчаслівай будучыні, нарэшце павінен вярнуцца ў радзімы край і да сям'і. Нарэшце пачуліся паштовыя званкі і экіпажы сталі перад ганкам; тады ўсё таварыства сабралася ў салоне, п. Сільванд сыграў на развітанне марш з такім пад'ёмам і сілай, што за малым струны фартэпіяна і сэрцы праводзіўшых і праводзімых не палопаліся. Пасля заканчэння марша развітаўся з усімі і выйшаў сядацца ў экіпаж, за ім вышлі і ўсе астатнія. У дарозе пан Сільванд быў смутны, я ўнікала з ім размовы, а з Краснаярска напісала яму, каб парай ветлівых слоўцаў уцешыў Таццяну І. П., дадаючы, што калі пачуццем за пачуцце заплаціць не можа і не павінен, то на спачуванне яна мае права. Падзякаваў мне за параду і выканаў яе, у выніку чаго Таццяна выйшла замуж за некага са сваёй нацыянальнасці. Пана Сільванда праз шмат гадоў бачыла летась. Заўсёды шляхетны і высакародны гэты чалавек не ажаніўся, але пасля многіх цяжкасцяў жыцця цешыцца дабрабытам і павагай у людзей, займае пасаду натарыюса ў адным з гарадоў Ломжынскай губерні.

Я ў Краснаярску знайшла добрую ўдачу ў доме панства Баніных, якія былі са мной вельмі ветлівыя, дзеці мелі добрыя сэрцы, але былі капрызныя, асабліва дзяўчынка, распешчаная бацькам. Найбольш мела з ёй клопату падчас урокаў музыкі, на якіх капрызнічала, упіралася і нічога не хацела вучыць. Пані Баніна была надзвычай гаваркая. Ніколі ў жыцці, ні перад тым, ні пасля таго не здаралася мне чуць асобу, якая б так шмат гаварыла. Мучыла яна мяне ўдзень і ўначы. Днём перарывала нам урокі, а ноччу пазбаўляла сну. Што нядзелю я бывала з дзецьмі ў царкве, а што месяц прыходзіў поп адпраўляць малітвы за памерлых, на набажэнстве я разам з дзецьмі мусіла прысутнічаць. Наймільшымі маімі перадышкамі былі шпацыры з дзецьмі, пеша ці экіпажам, а таксама адведзіны панны Тэклі Траханоўскай, якая стараннямі пана Баніна і доктара Мазарава была вызвалена ад цяжкіх работ у Іркуцкай губерні і пакінута ў Краснаярску. Жыла яна ў малым доміку адна, зусім не звяртаючы ўвагі на меўшыя месца ў Краснаярску выпадкі забойстваў. Пасля забойства адной швачкі, полькі, прыбылай з Варшавы, я радзіла ёй, каб не жыла адна, а пры якой-небудзь польскай сям'і. Панна Тэкля і слухаць пра гэта не хацела, хоць магла апасацца за свой спакой, бо мела рэпутацыю заможнай - даўгоў не мела і за ўсё плаціла наяўнымі. Жыла самотная 20 гадоў у Краснаярску, не адчувала недастачы, атрымоўвала штогод 100 рас. рублёў ад пані Анелі Паклеўскай, вядомай у нашым краі і на Сібіры філантропкі, Далей мела 50 рублёў ад доктара Вільгельма Віламоўскага, жыхара Краснаярска і прысыланых з Варшавы грошай ад былой сваёй вучаніцы пані Мушанавай і іншых людзей. Пасля яе смерці знайшлі ашчаджаных 600 рублёў. Няшчасная толькі была, што праз увесь час побыту ў Краснаярску не спавядалася і памерла таксама без споведзі, гневалася на мяне, што пасля вяртання майго ў край рэдка да яе пісала.

Паколькі панства перабіралася ў Благавешчанск, дзе пан Банін меў атрымаць пасаду губернатара, я мусіла шукаць іншае месца, бо не хацела ехаць з імі і што раз аддаляцца ад любімай Бацькаўшчыны. Пасля расстання з імі я паехала ў Іркуцк, каб пабачыцца з сястрой Антанінай. Любімая Антося па дарозе ў Сібір знайшла вернага таварыша сваёй долі і нядолі ў асобе пана Эдварда Лазоўскага.

Што гэта за сціплая была падрыхтоўка да ўрачыстага абраду зашлюбін. Панна маладая спякла булачку для таварышаў і ўзялася за мыццё і шмараванне бруднай этапнай хаткі, дзе мела адбыцца «выгнанскае вяселле». І што за неспадзяванка! Ксёндз прыбыў раней, чым на яго спадзяваліся, а маладая «гаспажа» з хвалявання рады сабе даць не магла. Без пышнасці, без шлюбных картэджаў, без кветак і яркіх агнёў дабраславіў слуга Божы двух верных яму дзетак.

Падарожжа да Іркуцка было вельмі нязручнае, я ехала з Краснаярска з нейкім Сасноўскім, казацкім есаулам, старым кавалерам, вялікім грубіянам. Па дарозе мы затрымаліся на нейкай паштовай станцыі, дзе нават парадачнага прытулку не было, адзін дрэнны пакой з выбітым акном, холадна жудасна, спала не распранаючыся, а хутчэй толькі драмала, бо да кампаніі есаулу прыйшоў даглядчык пошты, пілі, елі і смяліся гэтыя паны. У дадатак даглядчык быў брухамоўцам і хваліўся гэтым перад сваім таварышам. Што гэта была за непрыемная размова. Назаўтра мы спыніліся ў горадзе Канску, а даведаўшыся, што там ёсць адна польская сям'я, падалася да іх, просячы пераначаваць. Вельмі гасцінна мяне прынялі, сам пан Н. паехаў паразмаўляць і разлічыцца з есаулам. У той жа дзень дапамаглі мне гэтыя паны ў адшуканні новага таварыша падарожжа, быў гэта нейкі гандляр з Уладзівастока, падобна, яўрэй, які перайшоў у праваслаўе, неканкрэтная асоба. Па дарозе забіраў ён нейкія тавары, якія абцяжарвалі сані, я баялася, ці гэта не золата, потым прыняў у свае сані нейкай падазронай знешнасці чалавека, словам пачало мяне гэта ўсё непакоіць, і я вырашыла пры першай магчымасці з ім расстацца. У адным сяле пасля вельмі небяспечнай пераправы цераз раку, цэлы тыдзень мусілі чакаць пакуль дарога не ўсталюецца. Я размясцілася ў аднаго вяскоўца, у якога дома жанчыны былі прыветлівыя, а домік чысцюткі, а таварыш мой спыніўся ў заездзе. Пасля тыдня чакання рэкі сталі, мы выправіліся ў падарожжа і затрымаліся ў паштовым заездзе. Там я знайшла нейкага адстаўнога афіцэра з жонкай, якія ехалі ў Іркуцк, і прасіла надалей прыняць мяне ў іхняе таварыства. Калі яны на тое згадзіліся, пераканала майго гандляра, што яму больш выгадна будзе ехаць з якім мужчынам, заплаціла, што належала і паехала далей у новым таварыстве.

Што за радасць была пры сустрэчы з любімай Антосяй, яе шаноўным мужам і малымі дзеткамі. Найстарэйшая дачушка Маня мела гадоў 6, малодшая Ядвіня - 4, а наймалодшы Стась яшчэ хадзіць не ўмеў. Пазнаёмілася там з прыяцелем Лазоўскіх, шаноўным іркуцкім пробашчам, ксендзам Янам Швярніцкім і з іншымі палякамі, якія там жылі.

Лазоўскія вельмі хацелі, каб яў іх засталася, але я ўжо мела дамоўленае месца ў панства Корзунаў у Табольскай губерні і пастанавіла прыбліжацца да радзімы, а не аддаляцца ад яе. Шмат на маё такое рашэнне паўплывала пані Траханоўская, але расстанне з сястрой і яе слёзы пры развітанні, смутак шаноўнага любімага швагра, не пачутыя мной настойлівыя ўгаворы ксендза Швярніцкага ёсць для мяне назаўсёды балючым успамінам. Бедны мой швагер! Пры сустрэчы са мной праз пару гадоў у Смаленскай губерні ў маёнтку Вянзноўцы сказаў мне:

- Пачаткам нашых няшчасцяў быў твой выезд з Іркуцка.

Адно магу сказаць на маё апраўданне, што Лазоўскія, бачачы мае цвёрдае рашэнне, завагаліся ва ўгаворах і паказвалі награную абыякавасць, што канчаткова паўплывала на маё рашэнне, што да Траханоўскай, то яна ўласна мела на мэце інтэрас, бо п. Корзун была плямянніцай п. Альфонса Паклеўскага, слаўнага народнага дабрачынца, магната, які варочаў мільёнамі ў Сібіры, таму пані Тэкля думала, што, будучы ў Корзунаў, я пазнаёмлюся з панам Паклеўскім і выпрашу для яе значную суму. Пакрыўдзілася аднак на мяне, бо я была перакананая, што яна мае больш грошай, чым патрэбна, а зрэшты я не мела адвагі каго-небудзь пра што-небудзь прасіць.

Вялікі смутак агарнуў мяне пры выездзе з Іркуцка, але не магла адважыцца ехаць 2000 вёрст далей на Алакму, куды мусілі ехаць Лазоўскія. Швагер стараўся знайсці для мяне нейкае лепшае таварыства, што яму ўдалося. З ваколіц ракі Лены ехаў нейкі малады афіцэр, адстаўны кавалерыст, які быў жанаты з дачкой генерала ў Пецярбургу і загадваў прыіскамі ў нейкага магната золатапрамыслоўца. Ехалі мы хутка без затрымак і адно толькі мелі здарэнне, якое не мела, дзякуючы Богу, ніякіх кепскіх вынікаў. Едучы адной ночы доўгай Іркуцкай тайгой, дзе не было відаць ніякага чалавечага жылля, мы размаўлялі пра розніцу выхавання жанчын у Польшчы і Расіі; афіцэр ставіў на многа вышэй спецыяльную адукацыю поляк, чым сваіх землячак. Мы былі вельмі занятыя той размовай як заўважылі бегшага да нас чалавека, які ўскочыў у сані. Афіцэр закрычаў:

- Хто ты і чаго хочаш? - выхапіў пісталет і, не атрымаўшы адказу, хацеў страляць. Я, уражаная, стрымала яго руку, тут двое нейкіх людзей хапаюць за ногі гэтага чалавека і цягнуць яго па снезе. Аказалася, што гэта быў нейкі «падрадчык», дастаўшчык, які пакрыўдзіў нанятых людзей, а тыя хацелі яго пабіць ці забіць, таму ён шукаў ратунку ў праезджых, кінуўся ў нашы сані і амаль жыццём за гэта не заплаціў. Мы былі вельмі задаволены, што ад нас ён пайшоў цэлым. Афіцэр разважаў над тым, што б было, каб ён яго застрэліў. Ехаў ён у Пецярбург з важным для золата-прамыслоўца і сябе інтэрасам, а быў бы затрыманы, суджаны, страціў бы пасаду, абяздоліў бы жонку і г.д. Таму дзякаваў Богу і мне, што ўтрымала яго ад забойства чалавека. Быў гэта малады чалавек, той шаноўны афіцэр, ветлівы, адукаваны, добра думаў, а да таго найвыдатна размаўляў па-французску.

Вельмі хутка мы аказаліся ў Краснаярску, бо толькі праз шэсць дзён дарогі. Таварыш мой паехаў далей, а я затрымалася ў п. Тэклі Траханоўскай і пасля некалькіх дзён адпачынку мелася выехаць да пп. Корзунаў у Табольскую губерню. Жонка прамыслоўца, ехаўшага з Енісейскай Тайгі, якая, можа, хацела мяне за настаўніцу для сваёй дачкі, даведаўшыся цяпер пра мой выезд, прыбыла ў Краснаярск са сваім 12-гадовым сынам, просячы, каб завезла яго ў Томск да сваякоў, якія меліся памясціць яго ў гімназію, на што я ахвотна і бясплатна згадзілася. Панна Тэкля вельмі перажывала ад расстання са мной, яна старалася сабраць нейкую сумку, каб выехаць са мной; дастала нават у доктара Віланеўскага і багатага купца Кузняцова на тую мэту грошы, але гэтага было недастаткова на ўсё падарожжа ў Варшаву і на пачатковае жыццё там, а ўлічыўшы, што я яшчэ Сібіры пакінуць не магла і была зрэшты сталай апекай для яе, змушана была бедалага застацца на месцы. У палове снежня ваыехала я з маім малым таварышам наёмнымі коньмі ці так званай вольнай поштай. Па сібірскіх вёсках мужыкі маюць для падарожных падрыхтаваныя коні, сустракаюць падарожных, наймаюцца таней, чым на пошце, а вязуць так жа хутка. Я дамовілася з фурманам, каб давёз мяне да пошты, не хочучы затрымлівацца ў заездах, з-за боязні, каб не трапіць на дом разбойнікаў, тым больш, што за таварыша падарожжа мела 12-гадовага абаронца. Едучы хутка, мы наблізіліся да першага сяла за Краснаярскам, цёмна ўжо было на свеце, я адразу заўважыла, што фурман мінае пошту і надзвычай хутка вязе нас недзе іначай, я пачала крычаць на яго, але ён мне нічога не адказваў, зусім быццам не чуў; ляціць далей, аж нарэшце затрымліваецца перад нейкай хатай і нічога не гаворачы здымае рэчы з саней. З хаты выходзяць некалькі барадатых мужыкоў і ўносяць нашыя пакункі ў хату. Мы праходзім праз вялікі пакой, поўны моцных мужчын, у другі меншы пакойчык, у якім нас памясцілі. Спыталі, ці хочам гарбаты, я за яе падзякавала, а мой малады таварыш, сплаканы пасля развітання і змучаны дарогай заснуў адразу на прыгатаванай на зямлі пасцелі. Я заснуць не магла, пастаянна думала, што нас гэтай ноччу заб'юць, таму рыхтавалася да смерці, горача малілася Пану Богу, адчытала 15 таямніц ружанца, які падаравала мне яшчэ ў астрозе мая віленская цётка марыявітка, Ганна Табенская; пасля пажару кляштара ў Порыве знайшлі яе спаленай пад дзвярыма прэлажонай разам з дзвюмя манахінямі, сястрой Барбарай і сястрой Калюмбай. Пасля ўсіх тых малітваў, пастаянна чакаючы прыбыцця разбойнікаў, змучаная заснула. Не ведаю, як доўга так спала, разбудзіў мяне ўваход мужыка са святлом і яго вокліч:

- Уставайце! Чацвёртая гадзіна, пара ехаць! - Усё было ўжо падрыхтавана: вада для мыцця, самавар, які блішчаў, як золата, малако да гарбаты і адборныя калачы. Мы падсілкаваліся і вырушылі ў дарогу, дзякуючы Богу, што нам яшчэ жыць дазволіў. Назаўтра мы спыніліся ў горадзе Каінску, дзе жыў доктар Старагродскі з сям'ёю, мае знаёмыя з Томска; сям'я доктара сардэчна нас прыняла, дапамаглі купіць кашму на ногі, якой мы накрывалі сабе ногі, як лямцавай коўдрай, едучы на санях. Я мела цяпер уласны экіпаж, бо на першай паштовай станцыі за Краснаярскам купіла сані за 7 рас. рублёў. Цэлыя суткі мы прабылі ў доктара Старагродскага: частавалі нас адборнай смятанай са свежым тварагом, чаму дзеці асабліва радаваліся. Калі я запытала пані Старагродскую, ці гэта здорава для дзяцей, адказала: «Няхай ядуць, колькі і што хочуць, пакуль я жывая". Маладая гэтая кабета памерла неўзабаве, пакінуўшы чацвёра дзяцей, з якіх дачку Ядвігу і сына Мечыслава я бачыла пазней у Смаленску ў іхняй цёткі пані Плахецкай.

Прыехаўшы шчасліва ў Томск, заехала найперш да сваякоў ехаўшага са мной хлопчыка, пакінула яго ў іх, а сама паехала да Люці з Пацалаеўскіх Ажэшка, маёй былой выхаванкі. Затрымалася ў яе на пару дзён, была некалькі разоў у любімым касцёліку, дзе перад тым на працягу 6 гадоў майго побыту ў Томску шмат пацехі для душы атрымала; бачылася са знаёмымі і пакінула Томск назаўжды!

Выехала зноў уласным экіпажам і на першай паштовай станцыі сустрэла двух паноў, якія ехалі ў Пецярбург. Адзін з іх быў, здаецца, генерал Іваноў, а другі - ураднік для спецыяльных даручэнняў ці таксама давераная асоба нейкага магната з Сібіры. Абое - людзі інтэлігентныя і шаноўныя, аказалі мне дапамогу з наёмам коней, бо мы ехалі ў адзін бок; абавязалі мяне таксама, каб на станцыях не казала асобна падаваць для сябе самавар, а піла гарбату разам з імі, на што я ахвотна згадзілася, бо размова з тымі панамі прыносіла мне сапраўдную прыемнасць. Былі яны знаёмыя з нашай літаратурай, многа чыталі, а цывільны пан ведаў нават пару вершаў нашага Адама Міцкевіча. Чакаючы на станцыі на коней я мела вельмі прыкрую сустрэчу. Вось жа едучы некалі ўжо перад тым у Іркуцк затрымалася для змены пошты. Чакала таксама на коней нейкае панства, маладая сям'я. Марскі афіцэр з Уладзівастока, малады бландзін, прыстойны паручнік і яго жонка, якая не мела поўных 16 гадоў. Я пазнаёмілася з імі і праз увесь час чакання на коней з імі размаўляла. З усёй шчырасцю апавядаў мне той малады чалавек, што ажаніўся па каханні з паненкай, якая скончыла навуку ў прыватным пансіёне, і вязе цяпер сваю жонку да яго маці, абывацелькі Кастрамской губерні з просьбай, каб занялася яе выхаваннем, якое дагэтуль ёсць ніякім. Бо пансіён ва Уладзівастоку, як казаў, нічога не варты, ніякіх паняццяў пра грамадскае жыццё, пра навуку не дае. Таму едзе да маці, якая яго вельмі любіць і ёсць вялікай высакароднасці жанчына, таму не адмовіць просьбе сына. Відаць было, што маладая сям'я, толькі месяц назад злучаная шлюбнымі вузламі, была моцна закаханая; ён яе абдымаў, апранаў, вельмі цешыўся, як дзіця з цацкай.

Цяпер ізноў на станцыі сустрэла гэтую маладую асобу, ужо ўдаву! Сказала яна мне, што едучы з Уладзівастока ў Кастраму мелі сціплыя на дарогу грошы, таму муж мусіў прадаць сваё футра, а тут схапіла іх марозная зіма, што празяб яе бедны муж, захварэў у Табольскай губерні і памёр ад чорнай воспы! Маладая няшчасная жонка не мела грошай на пахаванне мужа, не мела з чаго жыць. Можа, высланыя ад маці грошы былі ў дарозе, але цяперашняе становішча маладой удавы было жудаснае. Я распавяла пра той спутны выпадак таварышам падарожжа; яны далі мне 25 рас. руб. з просьбай, каб уручыла іх беднай удаве. Я зрабіла гэта і развіталася з няшчаснай, але яна з намовы атачаўшых яе людзей прыйшла да ад'язджаўшых, каб ім падзякаваць; паны сабе таго не хацелі б, баючыся заражэння хваробай.

У далейшай нашай дарозе выпаў з маіх саней, дзіравых у нагах, абраз, вельмі дарагі для генерала, бо дадзены быў яму з дабраславеннем у дзень шлюбу. Генерал вельмі тым засмуціўся, таму мы выслалі адразу пасланца з абяцаннем узнагароды, калі прынясе назад згубу, што і сталася.

У Омску на пошце я развіталася з шаноўнымі таварышамі падарожжа і, узяўшы дрожкі, паехала да генерала Расетэра, паводля дадзенага мне паняй Корзун рэкамендацыі. Пані генеральша была з дому графіня Корф, пан генерал быў інтэндантам у Омску, абое найвысакароднейшыя людзі, найлепшыя католікі; у кожным горадзе, дзе асядалі, былі дабрадзеямі касцёла. Будучы ў Омску разам з панам Альфонсам Паклеўскім, цывілізатарам Заходняй Сібіры, які за фундамент асветы прызнаваў рэлігію, спрычыніўся да прабудовы нашых касцёлаў і святынь іншых вызнанняў, і панства Расетэр, пан генерал-губернатар Хрушчоў, а пасля яго генерал-губернатар Дугамель спрычыніліся да пабудовы і ўпрыгожання касцёла ў Омску. Усе яны сардэчна прынялі сасланага ў Сібір перад паўстаннем 1863 г. маладога каплана, інтэлегентнага чалавека, з сэрцам, якое гарэла любоўю да Бога і бліжняга, каплана, які клапаціўся пра славу Бога. Той верны слуга Хрыста, кс. Валеры Грамадскі, цяпер пробашч томскі, выказваў патрэбы касцёла, а высакародныя, названыя вышэй, паны ахвотна іх залагоджвалі. Выклікалі яны таксама мастакоў айчынных і замежных для аздаблення Божай святыні, у чым ім слава і падзяка. Вось жа, калі я прыбыла да панства Расетэр, пані генеральша прыняла мяне ветліва і радзіла, каб далей я ехала з маімі таварышамі, бо лепшых не знайду, а адной ехаць небяспечна, а пры тым панства Корзун ўжо два месяцы чакае майго прыезду. Выслала адразу лакея да тых паноў, просячы затрымацца яшчэ на пару гадзін, забяспечыла мяне правізіяй на дарогу, дала пасылачкі і рэкамендацыі для пані Корзун і потым адразу адправіла мяне з Омска. Пасля некалькідзённай дарогі я аказалася ў Падуні ў доме п. Уладзіслава Корзуна. Быў тут галоўны ў Заходняй Сібіры бровар п. Альфонса Паклеўскага, а загадчыкам гэтага завода быў п. Уладзіслаў Корзун, жанаты з дачкой Вінцэнта Паклеўскага і плямянніцай п. Альфонса. Пан Корзун быў інжынерам па адукацыі і як такі, і пры тым падпалкоўнік - меў пасаду ў Астрахані; але жонка сумавала па радзімых краях, мусіў пайсці ў адстаўку, а потым прыняць пасаду загадчыка на бровары п. Альфонса Паклеўскага. Быў гэта чалавек парадачны, разумны, інтэлегентны, добра выхаваны, паўсюль любімы і шанаваны. Жонка яго пані Анета, выхаваная сваёй цёткай, жанчынай з мужчынскім характарам, укладам і прывычкамі, была дакладнай копіяй сваёй цёткі, розум хуткі, сэрца залатое, характар шляхетны, але дзікасць ва ўчынках. Дзеці, Ядвіня і Вітольдак, разумныя, да навукі ахвотныя і здольныя, вельмі мне падабаліся.

Усё атачэнне ж складалася з нікчэмных нахлебнікаў. Былі Ў Падуні тры браты Шаневічы, якія займалі пасады афіцыялістаў: Фларыян, Фелікс і Францішак, жанаты з сястрой прыяцеля панства Корзунаў, чыноўніка па асобых даручэннях пры егамосці губернатары ў Омску. Пані Францішчыха была нахлебніцай і любіўшай плёткі кабетай, кпіла яна з мяне, высмейвала і дзяцей супраць мяне кепска настройвала. Пані Анеце я адразу не спадабалася; яна кабета эмансіпаваная, апранутая па-мужчынску, валасы кароткія, шапачка на галаве, жалезная палачка ў руцэ, жанчын старога, як гаварыла, пакрою пераносіць не магла. Папярэдніца мая, панна Юзэфа, была маладая, прыстойная і эмансіпаваная, усім Шаневічам падабалася. Але я не мела тых прыкідаў і не смелая з натуры ўпала духам, засумнявалася ў сабе і сваёй адукацыі, адным словам прыдурэла. Дзеці аднак пачалі ў навуках паспяваць. Ядвіня сказала маці, што пры мне за два месяцы больш даведалася, чым пры панне Юзэфе за цэлы год. Праца з маімі выхаванцамі і прагулкі з імі былі для мяне найвялікшай прыемнасцю; але ў таварыстве, пра якое ведала, што яно мне не спрыяла, знайсці сабе месца я не ўмела. Трэба было ні на што не зважаць, энергічней паступаць, не таіцца, як я, што ўжо ўласнага ценю баялася. Мінула зіма і вясна, насталі вакацыі, на якіх пастаянна былі госці, то кузіны пані Корзун, то зноў нейкія знаёмыя чыноўнікі акцызу і іншыя; потым прыехалі паны Расетэры.

Калі кузіны ад'ехалі, у доме прыціхла, але я не супакоілася. За 700 вёрст ад Падуня быў у нейкай вёсцы, высланы з маёй сястрой шаноўны фурман і селянін майго нябожчыка бацькі Юзаф Ляпеша. Я напісала яму, што намерана выехаць з Сібіры. Пасля атрымання майго ліста ён прыехаў у Падань, каб са мной развітацца. Я прасіла пана Уладзіслава Корзуна, каб пакінуў яго ў сябе, на што ён ахвотна згадзіўся, разгледзеўшы ў Ляпешы парадачнага чалавека. Калі пазней я спазнала нейкія непрыемнасці і не захацела там жыць, я папрасіла пані Расетэр, каб была ласкавая паведаміць панам Корзунам, што я мушу, ад іх выехаць. Сталася, як я хацела, паны Корзуны не ўгаворвалі мяне застацца, але абое былі журботныя і засмучаныя. Пан Корзун даў мне каня да Цюмені, а за правадніка шаноўнага Юзафа Ляпешу. Выехала на пачатку верасня. Чамадан мела пры сабе, а куфар, у якім былі кніжкі, ноты і бялізна, быў прывязаны ззаду тарантаса. Ехалі мы хутка, раптам Юзаф, які сядзеў з фурманам, пачущшы нейкі стук, выскачыў з тарантаса з рэвальверам у руцэ і ўбачыў, што шнуры, якія прытрымлівалі куфар разрэзаны і куфар на зямлі. Мы ўзялі куфар у тарантас і паехалі далей, не ўбачыўшы нават злодзея, бо напэўна схаваўся недзе ў рове. Я была ўдзячная пану Корзуну, што даў мне шаноўнага Ляпешу за правадніка, і з таго часу шкадую, што не патрафіла пагадзіцца з акалічнасцямі і не засталася ў іх даўжэй, бачачы, што дзеці ў навуках паспяваюць. Калі б не пастаянны смутак на душы і не туга па краі, можа б гэтага не зрабіла. Паны Корзуны выслалі дзяцей у Рыгу на выхаванне, самі, хоць яшчэ не старыя людзі, памерлі, спачатку пані Анета, а пазней яе муж Уладзіслаў. Ляпеша, які быў пры іх смерці, гаварыў, што пані Анета хацела спавядацца, але ксендза не было; пан Уладзіслаў памёр раптоўнай смерцю ад анеўрызму, ужо перакананы ў нешляхетнасці і інтрыгах Шаневічаў. Памерлі яны абое ў Падуні, а пахаваны былі ў Таліцы ў фамільным магільніку пп. Паклеўскіх у Пермскай губерні. Пан Адам Паклеўскі быў дабрадзеем Падуня, які засялялі спачатку дзікімі, паходзіўшымі з разбойнікаў, пасяленцамі, а пазней ён стаў месцам жыхарства найвыдатнейшых людзей; Падунь стаў вялікім сялом, жыхары яго мужчыны знайходзілі заробак на бровары п. Альфонса, жанчыы займаліся гаспадаркай і гандлем; знайшліся самыя разнастайныя рамесніцы; заквітнела кемлівасць, а з ёй пачала святлець парадачнасць. Я не раз чула, як тамтэйшы люд дабраслаўляў свайго дабрадзея, як з удзячнасцю прамаўляў яго прозвішча, як яго расхвальваў. Вітольд Корзун, мой вучань, надзвычайных здольнасцяў юнак, памёр пасля заканчэння вучобы; сястра яго Ядвіня вучылася далей ва ўніверсітэце ў Швейцарыі. Таленавітая, высока адукаваная, з залатым сэрцам, любімая ўсімі сваякамі па бацьку і па маці.

ХІ

Маючы пасля маніфеста ў 1876 г. права пакінуць Сібір, я адразу скарысталася з дазволу і, едучы ў Смаленскую губерню, заскочыла ў родны край, у любімую Вільню.

У Вільні пры моцным старанні с.п. Аўрэліі Герман я атрымала дазвол затрымацца толькі на адзін тыдзень. Прабыла гэты час у найвысакароднейшай маёй кузіны Юліі Прыбыткі, якая жыла на Зарэччы, была ў п. Аўрэліі Герман, у графіні Наталіі д'Густ дэ Кондрай, у п. Паўліны Прыбыльскай і ў іншых прыязных асоб; склала аднак найперш падзякуБогу і Маці Божай Вастрабрамскай за міласэрдзе нада мной, за ласку, што бачу любімую Айчыну. Аблівалася гаручымі слязамі радасці і ўдзячнасці да Бога…, аплаквала смерць дарагіх людзей з сям'і, сваякоў, і прыяцеляў, і тых, хто прыняў пакутніцкую смерць у Вільні на Лукішках і ў іншых мясцовасцях нашага краю… Найвысакароднейшая прыяцелька мая п. Эвеліна Асціловіч, якая пры няшчасным выездзе з Вільні да апошняй хвілі не пакідала мяне, а цяпер была амаль неадлучная. Атрыманых пачуццяў і ўражанняў не здольна я апісаць; ведаю толькі, што радасныя злучаліся з найсмутнейшымі. Не хапала мне найлепшага бацькі, дзядзькі Тадэвуша Навіцкага, брата Цыпрыяна, сястры Эміліі Урублеўскай, столькіх людзей прыязных і кроўных, не хапала мне шчасця Айчыны. Тыдзень хутка мінуў, паліцыя загадала мне выязджаць. Дабралася чыгункай да станцыі Араны, а адтуль нанятым возам да пп. Тараевічаў. Позна ўжо трохі было, а мы ехалі лесам, дарога кепская, гразкая, ненадзейная. Нарэшце ўбачылі з чалавекам, які мяне вёз, нейкае святло; быў гэта ўжо дом паноў Тараевічаў, да якіх мы дабіраліся. Сабакі загаўкалі, мы заехалі пад ганак; выйшла служка правяла мяне ў вітальню, дзе ўжо быў пан Тараевіч, зацікаўлены прыбыццем незнаёмай нечаканай падарожніцы. Я, бачачы тое, смела сказала:

- Прыехала з далёкіх краёў, прашу начлегу. Я - Табенская.

На тыя словы выбегла схаваная за дзвярыма п. Тараевіч і кінулася мне ў абдымкі.

- Пані - панна Альжбета Табенская?

- Так, пані.

О, як жа яна мяне чулліва абдымала, не маглі гаварыць, абедзве плакалі. Пані Тараевіч мяне даўней не ведала, толькі сястру маю Антаніну Лазоўскую. Плямянніца пані Тараевіч панна Браніслава Прабароўская, міленькая паненка, занялася гарбатай, арганізацыяй начлегу для мяне. Ноччу мы доўга размаўлялі, я сказала, што надоўга ў іх затрымацца не магу і прашу коней на заўтра; бо я кіравалася да майго брата, які жыў у фальварку Рудаў, дзе я правяла апошнія хвіліны перад арыштам, і хацела чым найхутчэй абняць пазасталую пасля дарагой сястры Эміліі сям'ю. Пры тым баялася парушыць дазвол. Назаўтра п. Браніслава першая вычэквала майго абуджэння і першая мяне прывітала; я хутка апранулася і пасля кароткай малітвы ўсе селі за снеданне. Я даведалася пра смутную долю землеўладальнікаў у нашых краях, пра кантрыбуцыі, пераследы, пра цяжкасці з выхаваннем дзяцей, пра пазачыненыя касцёлы, пра ніякую надзею на будучыню. Смутак напоўніў мне душу… Мы з паняй Тараевіч плакалі, панна Браніслалава старалася перапыніць нашую смутную размову, пачала гаварыць пра таварыства паненак па суседстве, што маюць часопісы і газеты, дастаўляюць кніжкі і часопісы для чытання і г.д., гэта робіць іхняе жыццё трохі рознабаковым. Вялікі недахоп моладзі мужчынскага полу, ніякіх забаў, смутна, нудна ў краі, як пасля пахавання. Трынаццаць гадоў сплыло ад паўстання, а раны, нанесеныя грамадству, яшчэ не загаіліся. Распавядалі мне, што не было дома, дзе б некага з сям'і не бракавала. Насельніцтва зменшылася, парадзела: то ў паўстанні, то на выгнанні смерць рознымі спосабамі забірала свае ахвяры; з дзяцей Польскай зямлі; тыя, што засталіся енчылі ў кайданах няволі. Па школах загадалі вучыць рэлігіі па-расійску, польска мова была забаронена, ксяндзы сасланыя на выгнанне, касцёлы пазачынены, панішчаны, пазняважаны, прыстасаваны пад розны ўжытак: як казармы, свірны. Вораг-прыгнятальнік усё патрафіў знішчыць, а прыйдзе ўсё ж час, калі будзе павінен здаць справаздачу са свайго валадарства, адказаць за пралітую кроў, за збуранае шчасце сямей, за ўсе пакуты і катаванні.

Пасля абеду я развіталася з высакароднымі панамі Тараевічамі і паехала дп паноў Квінтаў, даўніх прыяцеляў і суседзяў нашых сваякоў. Жылі яны ў адным з маёнткаў гр. Патоцкіх, змарнаваным цяпер іхнім спадчыннікам Аўгустам Патоцкім. Застала ўжо толькі дачок пп. Квінтаў, яны самі абое памерлі. Змены людзей, месцаў і побыту былі да непазнання. Ад паннаў Квінтаў выехала ў Рудаў, але даведаўшыся, што па дарозе ў Забалаці жыве стары кс. Рачыньскі, затрымалася, каб яго адведаць. Прыняў мяне прыветліва, як выгнанку, прыбыўшую з далёкіх краёў; падзякавала яму за ўдзяленне святых алеяў майму паміраўшаму бацьку. Запозна выкліканы не мог ужо ксёндз яго спавядаць, а толькі надзяліў канаўшага старога святымі алеямі. Кс. Рачыньскі жыў у той час у Васілішскай парафіі, дзе перад паўстаннем на працягу 30 гадоў быў пробашчам кс. Ануфры Сыльвід. Потым перабраўся ў Забалаць, дзе наймаў памяшканне пры плябаніі і нядаўна памёр, маючы 90 гадоў. Быў гэта экс-піяр, таварыш і прыяцель з семінарыі кс. біскупа Красінскага. Распавяла яму, як вяртаючыся з Сібіры заехала, а дакладней завярнула ў Вятку, каб пабачыцца з маім братам кс. Мечыславам Табенскім, які быў хатнім капеланам кс. біскупа, быўшага ў Вятцы. Расказала, як ласкава кс. біскуп мяне прыняў, як мне апавядаў пра сваю тугу, пра заняткі садаводствам, кветкамі, канарэйкамі, у чым шукаў і не мог знайсці ўцехі і забыцця. Расплакаўся стары кс. Рачынскі, слухаючы гэтае маё апавяданне; асабліва быў узрушаны, калі яму распавяла, як у дзень майго выезду пасля св. імшы, той біскуп пакутнік дабраславіў мяне на далейшае падарожжа і на далейшае жыццё.

Адведала ў Забалаці на могілках магілу шаноўнага майго дзеда Алойзага Табенскага, дзядзькі Фелікса, пахаванне ўсёй сям'і Араноўскіх, якія сябравалі з маімі сваякамі, ані аднаго чалавека з гэтай іхняй шматлікай сям'і не засталося, магілы ўсіх узвышаюцца на гэтых могілках.

Развіталася з ксендзам Рачыньскім і Забалаццю і рушыла далей. Заехала ў маёнтачак Варонічы, які знаходзіўся за некалькі вёрст, дзе жыла ўдава з Нарбутаў Зофія Жураўская, дачка Нікадэма Нарбута. Бацька пані Зофіі ўфундаваў у Заблоцкай парафіі малы драўляны касцёлік, у якім на вялікія святы і ўрачыстасці Божай Маці адпраўляліся набажэнствы. Шмат людзей тады туды з'язджалася, як таксама і нашы родзічы са сваімі сем'ямі. Пасля касцёла мы ездзілі на абед да пп. Нарбутаў, дзе іхняя дачушка Зофія, сястра мая Эмілька і я весела забаўляліся. Памятаю, як п. Нікадэм Нарбут у касцёле перад св. імшой прагаворваў ружанец, а потым голасна гукаў: "Вытніце ў Нікадэма", бо мяне надзвычай дзівіла гэтае біццё Нікадэма, якога я сабе ўявіць не магла. П. Зофія Жураўская была першай маёй сваячкай, якую я сустрэла на радзімай зямлі. Мне можна было правесці з ёй двое сутак, шмат мы мелі для расповядаў, нажаль, смутных рэчаў.

З Вароніч адвезла яна мяне ў Васілішкі, дзе я хацела памаліцца на магілах маіх бацькоў. У дарозе адгаворвала ўголас ружанец; кузінка дэкламавала, а я здзівілася яе памяці, бо ўвесь той, з 15 таямніц складзены ружанец, умела па-старасвецку на памяць, без пропуску ніводнай з малітваў, якія ўваходзілі ў склад таго ружанца.

Смутны быў для мяне від прыгожага францішканскага, а пазьней дамініканскага касцёла ў Васілішках, пераробленага цяпер у царкву. Адведала могілкі, дзе спачывалі парэшткі маёй набожнай маці, а потым падаліся на новыя за Васілішкамі могілкі, на якіх быў пахаваны мой бацька. Паплакалі абедзве на яго магіле і адмаліліся сардэчна за яго і за ўсіх, а асабліва за тых, хто развітаўся з жыццём пасля майго выезду.

Васілішскія яўрэі са здзіўленнем і прыязнасцю, а разам і з сумнымі ўспамінамі пра мінулае мяне прывіталі. Усё змянілася ў Васілішках, бо нішчыцелям дабрабыту ў іхняй справе яшчэ і пажар дапамог.

З Васілішак паехала ў Рудаў, дзе ўжо не сустрэў мяне любы бацька, не загаўкаў на прывітанне наш стары сабака Даскор; усё было новае ў тым доме. Непрыязнь панавала паміж маімі братамі, судзіліся паміж сабой. Від той іхняй нязгоды быў ударам для сэрца майго. Не доўга пабыла ў Рудаве і падалася ў Ліду, дзе бачыла для сябе зычлівую сям'ю пана Віталіса Яноўскага, далёкіх, але сэрцу майму блізкіх сваякоў, п. Валераву Юзэфу з Гумбарэвічаў Нарбут, Зыгмунта Урублеўскага, майго швагра, і яго дочак, сірот па Эмільцы, маёй сястры, у якой мяне арыштавалі і якая так перажывала маю ссылку.

Была ў касцёле, у якім у час дэманстрацыі мы так урачыста спявалі "Божа, што ж Польшча". Не было ўжо ў тым касцёле кс. дэкана Хлявінскага, пазбавілі яго таго дэканства і выслалі ў малую парафію Асаву. Змены ў грамадстве былі велізарныя; едучы ў Ліду, я заўважала маёнткі, заселеныя зусім новымі ўладальнікамі; заехала пад ганак даўніх маіх знаёмых пп. Бердаўскіх, а тут выходзіць служка і гаворыць, што ўладальнікі маёнтка нейкія расейцы, што ранейшая пані жыве ў афіцыне, а пан высланы ў Сібір. Пані Бердаўская ад цяперашняга ўладальніка ў арэндзе трымае свой маёнтачак. Правяла мяне пасля тых тлумачэнняў у сціплы пакойчык і пайшла па паню. Праз кароткі час у пакой увайшла п. Валерыя з Александровічаў Бердаўская, і я не пазнала яе. Пакідала яе маладой элегантнай, а цяпер мела перад сабой нейкую постаць, загорнутую ў нейкі шырокі шляфрок, у цёплай хустцы на галаве. Прыйшла са стадолы, дзе сама наглядала за малацьбітамі.

Такія і падобныя ім былі змены амаль у кожным маёнтку. Толькі ў Красулі пацешылася відам усіх шаноўных, любімых сваякоў: найшаноўнейшай старой Юліі Яноўскай, стрыечнай сястры маёй нябожчыцы маці, яе сына Тэафіла, нявесткі Брыгіды са Стычынскіх і ўнука Вінцэнта.

Гнаная боязню адказнасці і жаданнем пабачыць усіх, дарагіх майму сэрцу, пасля некалькігадзіннага побыту ў пп. Яноўскіх з Красулі падалася ў Дайноў, дзе жыла пані Адальфова з дачкой Зофіяй і сынам Уладзіславам. Бо, на жаль, старэйшыя яе дзеці: Вальдэмар, Людвіка і сястра Анета ўжо паўміралі. Якую ж вялікую розніцу знайшла ў гэтым доме. Пані Адольфава выглядала так, як бы з яе выдзерлі сэрца. Была поўная, як заўсёды, анёльскага цярпення, ціхая, але збалелая, з выразам болю і адчаю ў вачах. Мы ўспаміналі пра нашых памерлых, смерць якіх заўсёды была для душ і сэрц нашых балючай ранай. Сястра мая Антаніна лічыла панну Адальфову за найлепшую сваю прыяцельку, таму ўжо і для сапраўднай іх заслугі былі яны для мяне невыказна мілымі. Уся сям'я пп. Адольфаў была ідэальна добрая і нейкай непараўнальнай ціхасці і лагоднасці. З Дайнова паехала ва Уніхоўшчыну да пп. маршалкоўства Марачэўскіх. Тут, як і ўсюды ў тым падарожжы, пры прывітанні спазнала пачуцці вялікай радасці. Пані маршалкова жыла ў Вільні для навучання сваіх дзяцей; была яна ў прыязных стасунках са с.п. маім любімым дзядзькам, які сваёй дабратой падсалоджваў маё жыццё ў падарожжы ў Сібір і на месцы выгнання. Быў ён найшаноўнейшым, вялікага розуму, даўнейшых грамадзянскіх прынцыпаў і цнот чалавекам; карэспандэнцыя ад яго поўная заахвочвання да вытрымкі на дарозе пакут, падтрымліваў мяне на духу, а маімі лістамі з Сібіры дзяліўся з паняй Марачэўскай, разам іх чыталі.

Сам збалелы, няўцешны пасля страты сына, Уладзіслава, сапёра, які загінуў пад Дубічамі, не выказваў таго, што адчуваў перад бліжнімі прыяцелямі, аднак умеў мне падаць падтрымку.

Пасля тых маіх візітаў, якія не больш як тыдзень часу ў мяне забралі, вярнулася ў Ліду. Забрала маю плямянніцу Тэклю Урублеўскую, 16-гадовую паненку, якую хацела памясціць у Варшаве ў кравецкую навуку. З Ліды да чыгуначнай станцыі Араны даехала коньмі, а адтуль чыгункай да Варшавы.

ХІІ.

Аказаліся на месцы ноччу ці познім вечарам; памятаю толькі, што мяне, непрызвычаеную да падарожжаў у польскіх краях, такое выдатнае асвятленне вакзала, рух, гамонка і элегантнасць канкрэтна асляпілі. Пасля розных прыгодаў той ночы, бо:

1) Не магла знайсці жылля добрых знаёмых, якія ў выніку пераезду, змянілі адрас;

2) Мая сціплая вопратка зачыняла перада мной дзверы гатэляў, заехала нарэшце ў Саскі гатэль, у якім не я, а мой рамізнік дамаўляўся пра нумар, там мяне нарэшце прынялі.

Назаўтра пасля кароткай малітвы ў касцеле мы падаліся на горад з мэтай знайсці каго-небудзь са знаёмых і знайшлі сям'ю пп. Лясковічаў, якія нас вельмі прыветліва прынялі і запрасілі перабрацца да іх. Таму мы пакінулі гатэль і пачалі з п. Лясковіч шукаць памяшканне для Таклюні. Знайшлося, але ў цэлым не асабліва добрае з усіх поглядаў; і так, хоць Таклюня ўжо добра ўмела шыць, мусіла заплаціць за першы год 100 рас. руб., толькі другі быў без аплаты. Бедная Таклюня цярпела голад, а працаваць мусіла амаль што без перапынку. Работа трывала ад 6-й раніцы да 12-й ночы з малымі перапынкамі на снеданне, абед і вячэру, якая складалася са шклянкі гарбаты і адной булкі. Было ў тым магазіне некалькі паннаў, працавалі яны не пры акне, але пры супрацьлеглай сцяне, каб не выглядалі на вуліцу і не перашкаджалі сабе. Вечарам шылі, пакуль зусім не цямнела, а потым пры запаленай лямпе дзяўчаты сядзелі да паўночы, пастаянна працуючы; не да шмат чаго тая іх работа прыдавалася, бо вочы ім зліпаліся, і часта тое, што нашылі, трэба было пароць. Дарагая і шаноўная мая Таклюня спазнала там шмат бяды.

Пасля размяшчэння Таклюні пералічыла свае грошы і са страхам убачыла, што ўжо маю вельмі няшмат. Трэба мне было абавязкова выстарацца нейкае месца і выехаць у якую-небудзь з губерній еўрапейскай Расіі. Вельмі перапужаная тым, прайшла ў касцёл святога Аляксандра шукаць суцяшэння ў малітве. Калі вярталася дадому па вуліцы Новы Свет, пачаў ісці дождж. Я ўвайшла ў нейкую браму, каб на хвіліну схавацца, а за мной паспяшалася яшчэ шмат людзей.

Тады гляджу, а тут стаіць каля мяне знаёмы мне з Томска доктар Зыгмунт Брадоўскі, з жонкай якога я сябравала ў Томску. Я вельмі абрадавалася гэтаму спатканню, але ў гэтую хвілю прыйшло мне на думку, што, можа, не захоча прызнацца ў знаёмстве са мной, бо становішча змяняе людзей… Стаю так у нерашучасці, што рабіць, а пан доктар, убачыўшы мяне, загукаў са здзіўленнем:

- Пані Табенская, што пані тут робіш?

- Схавалася ад дажджу.

- Ну, так, але ў Варшаве, як даўно прыехала пані? Якія маеш намеры на будучыню?

- Маю намер шукаць пасады настаўніцы ў якой-небудзь з губерній еўрапейскай Расіі, - адказала.

- Я зараз шукаю настаўніцы для сынка майго Зыгмуся; жонка мая марыла пра тое, каб пані выхавала нашых дзяцей; цяпер яна ўжо памерла. Марыся наша вучыцца ў пансіёне ў Кракаве, для Зыгмуся патрэбна настаўніца, каб падрыхтаваць яго ў першы клас гімназіі. Едзь, пані, да мяне! Я жыву ў Смаленскай губерні, у заштатным мястэчку Ельна.

- Вельмі ахвотна, - адказала.

А паколькі была ў тым доме фатаграфія фірмы Пуцяты, у якой працаваў наш супольны з Томска знаёмы п. Антоні Прушынскі, доктар запрапанаваў, каб мы прыйшлі да яго, каб пагаварыць пра наш інтэрас. Калі доктар запытаў, якой аплаты хачу, сказала, што ад калегі ссыльнага не вазьму больш як 20 рас. рублёў. Так адразу была заключана дамова. Бачачы ў тым вялікую міласэрнасць Божую нада мной, пабегла ў касцёл св. Аляксандра, падзякавала правідзенню за такую апеку нада мной; слёзы мае змяніліся на радасць, бо чаго ж Бог зрабіць не можа!

Шчасліва пачувалася ў доме доктара Брадоўскага, чалавека шаноўнага, правага характару; малы Зыгмусь - сапраўдны анёлак, падобны да сваёй нябожчыцы мамусі, з доўгімі светла-бландзіністымі валасамі, тып польскага хлапчаняці. Ён быў надзвычай прывязаны да боны, немкі, якая яго, паўтарагадовага сіротку, пасля смерці пані доктаршы ўзяла пад сваю апеку, здорава і маральна яго выхоўвала, маючы таксама да яго вялікую прывязанасць.

Памятаю, раз адна са знаёмых пацыентак доктара запрасіла мяне і Зыгмуся да сябе на гарбату. У размове пра розныя рэчы мы зачапілі і панну Шарлоту; гаспадыня смяялася з яе, паўтараючы, як дзіўна яна некаторыя выразы вымаўляе па-расейску - забаўна гэта было па сутнасці, але Зыгмуся гэта разгневала. Калі мы вярталіся дадому, я сказала яму:

- Не зважай, Зыгмусь, на тыя жарты, і не пераказвай п. Шарлоце таго, што чуў; нічога тут па сутнасці няма кепскага, але, можа, ёй прыкра будзе.Чужаземцы звычайна кепска размаўляюць па польску і па-расейску, бо гэтыя мовы цяжкія для іх, не саромеюцца яны гэтага, бо стараюцца ведаць тыя мовы толькі настолькі, на колькі ім абавязкова патрэбныя для выказвання сваіх думак.Гэта толькі мы, палякі, стараемся грунтоўна ведаць чужыя мовы.

- Як гэта! - выгукнуў Зыгмусь, - пані хоча, каб я нешта ўтаіў ад панны Шарлоты, якая мяне выхавала, як маці. - І не даўся нічым сябе пераканаць. Шаноўная панна Шарлота была сапраўдным дабрадзействам для гэтай сям'і: працавітая, гаспадарлівая, усё ўмела рабіць, усё дагледзець.

Мястэчка Ельна вельмі нагадвалв мне радзімыя месцы. З сапраўднай прыемнасцю рабіла я з Зыгмусем два разы дзённыя прагулкі, пад час якіх праводзілі французскую канферэнцыю.

Год і пару месяцаў была я ў доме доктара Брадоўскага, а калі Зыгмуся адвезлі ў школу, выехала ў Варшаву, дзе застала пп. Завадскіх, знаёмых з Енісейскай Тайгі і прыняла ў іх абавязкі настаўніцы для іхніх дзяцей: Вікці, Генрыся і малюткага 10-ці месячнага Больця, якога разам з мамкай мела мець пад сваёй апекай. Аднак, калі паны Завадскія выехалі на Сібір, дзе мелі сваю капальню золата і былі вымушаны быць там яшчэ тры гады, я з дзецьмі была гэты час ў доме шаноўных пп. Залескіх, сваякоў пані Завадскай, у маёнтку Крупіцы, у Гарадзенскай губерні, Бельскім павеце, у Сямятыцкай парафіі. Тут мяне ў працы Пан Бог дабраславіў: дзеткі цалкам да заняткаў не прызвычаеныя з замілаваннем браліся за навукі і ручную працу. У бабуні Залескай была яшчэ дачушка пп. Завадскіх Геня, якая прыйшла на свет у Сібіры і якую я ў Краснаярскім краі трымала да хрышчэння. Геня, фіглярная, вясёлая, а часам капрызная, была пестаю, фаварыткаю бабці. Летам мы праводзілі цікавыя паходы ў лес; бабця забяспечвала чародку ўнукаў пажыўнымі прысмакамі, дзеткі са смехам забаўляліся на свежым паветры, размаўлялі са мной, і я з прыемнасцю бачыла, што розум іхні развіваецца, а сэрцайкі запаўняюцца пачуццямі набожнасці і любові да бліжняга. Калі мае выхаванкі навучыліся добра чытаць, я прапанавала для Генрысі «Прыяцеля дзяцей», а для Вікці - «Сямейныя вечары». Мае дзеткі з гонарам літаратараў засядалі за кнігі, а потым доўга і падрабязна размаўлялі пра тое, што чыталі.

Шаноўныя паны Залескія абдаралі мяне сваёй прыязнасцю, а я мела да іх вялікую павагу і давер ды таксама прывязалася да маладой чародкі. Так мне добра было ў тым доме, як у найлепшых і найбліжэйшых сваякоў; трэба дадаць, што само адчуванне, што я ўжо ў сваёй Айчыне, напаўняла мяне шчасцем. Дагэтуль я зусім не ведала гэтай мясцовасці, але хоць незнаёмая, была гэта, аднак, польская зямля, такая любімая, а не айчына маіх ворагаў! Пп. Завадскія, будучы далёка ад дзяцей, хацелі, каб яны што тыдзень да іх пісалі. Я вельмі ахвотна згадзілася на тое, бачачы ў тым маральную карысць для дзяцей, у якіх развіваліся такім чынам іх думкі і пачуцці, і што вучыліся дзяліцца імі са сваімі бацькамі, а паколькі я патрабавала, каб добрым і прыгожым пісьмом таксама рабілі прыемнасць бацькам, таму ў арфаграфіі і каліграфіі таксама стараліся.

Тры гады былі мы ў Крупіцах. Нарэшце прыехалі з Краснаярска пп. Завадскія. Была гэта радасць не для пісання як з боку пп. Залескіх, так і пп. Завадскіх ды іхніх дзетак. Нядоўга, аднак, затрымаліся пп. Завадскія ў Крупіцах, інтарэсы клікалі іх у Варшаву, дзе Генрысь ў гімназію, а Віктуся ў пансіён п. Жаляшкевіч мелі паступіць. Таму я пакінула мілы дом п. Залескай і падалася ў Варшаву.

Даўнія мае выхаванцы сёння выраслі; Вікця цяпер пані Лагунова, жонка афіцэра і маці двух мілых сынкоў - жывуць у Варшаве; Генрысь на трэцім годзе ў Кракаўскім універсітэце; Геня - пані Пушкевіч, жонка тэхніка ў Краснаярску і мае ўжо малую дачушку; Болек - вучань VIII класа філалагічнай гімназіі ў Варшаве.

Пабыўшы кароткі час у Варшаве, я мела ехаць у Казань да Лазоўскіх, якія пару месяцаў назад у тым горадзе пасяліліся. Швагер мой Эдвард, будучы некалькі гадоў у тайзе ў Якуцкай вобласці над Ленай, пачаў моцна хварэць на вочы, мусіў пакінуць сваю карысную пасаду і падацца для лячэння ў Казань да слаўнага акуліста, паляка Адамінка. На жаль, надзея нас усіх падвяла, хвароба вачэй аказалася невылечнай, была гэта так званая «зялёная вада». У выніку пасля аперацыі бедалага бачыў трохі левым вокам, правае было зусім страчана.

Развітаўшыся ў Варшаве з панствам Завадскіх, падалася да маіх сваякоў. Падарожжа было ўдалае, і вялікая радасць была пры сустрэчы з Лазоўскімі, якую аднак памяншаў від калецтва няшчаснага Эдварда. Лазоўскія мелі ўласны домік над Волгай. Перад домікам іхнім спыняўся трамвай, моцна аблягчаючы ім камунікацыю з цэнтрам горада. За домам быў дужа вялікі сад, у ім некалькі дзясяткаў пладовых дрэў, дзве альтанкі, з якіх адна з двума вокнамі, з падлогай, з лаўкамі і сталом, другая ўтворана з гонкіх раслін, якія густа зрасліся, аточаная дрэвамі, давала такі мілы цень. У альтанцы з лаўкамі арганізоўвалі мы не раз гарбату, і там нам міла праходзіў час у апавяданні прыгод, што здарыліся ў час нашага побыту на выгнанні. Дзеткі Лазоўскіх былі вельмі мілыя, наймалодшы з іх Казя, які нарадзіўся на Алакмеце, а ахрышчаны ў Казані, быў хворы, слабенькі, заўсёды на руках у нянькі з сумным тварыкам, калі яго хацела ўзяць на рукі, адварочваўся смутна, гаворачы:

- Нага баліць, - што мела значыць: «Не хачу».

Дзіўная была мова гэтага дзіцяці; некалькі слоў, якія вымаўляў, не абазначалі прадметаў, якія належала пад тымі назвамі разумець. Напрыклад, цукар называў «вока», разынкі - «малпа», салдатаў - «права - лева», «не хачу» - «нага баліць». А гаворачы гэта ўсё хаваў галоўку на грудзях няні. Ніхто не меў надзеі, што гэтае дзіця будзе жыць. Бацька і іншыя дактары вырашылі, што мае страўнікавыя сухоты, бедная маці лячыла яго, як магла хатнімі лекамі.

Аднойчы, калі яго насіла па садзе, малы Казя ўбачыў спелыя маліны і паказаў іх ручкай маці, даючы ёй зразумець, каб яму іх дала. Бедная маці, якую вяло прадчуванне, сарвала дзве спелыя ягадкі, думаючы, што яму ўжо ўсё адно, бо і так на смерць прыгавораны, падала свайму малечы. Казя з'еў іх з прагнасцю і прасіў болей, радасць у вачах яго блішчала, і ад гэтага дня пачаў прыходзіць да здароўя. Пасля прыезду ў Казань спазнала вялікую радасць з нагоды неспадзяванкі, якую мне справіў шаноўны Эдвард. Ён паклікаў дзевяцігадовую Ядвіню і васьмігадовага Стася і загадаў ім зайграць на скрыпачках тое, што для мяне вывучылі. Былі гэта некалькі народных спеваў, якія яны вельмі прыгожа выканалі.

У Казані знайшліся знаёмыя са школ, яшчэ адзін настаўнік з Казанскай гімназіі, які пазнаёміў Эдварда з п. Юшкевічам, сваім калегам з гімназіі. Першая з тых сямей мела двух сыноў, другая сына і дачушку. Дзеці тыя моцна пасябравалі, хаця маладое пакаленне Лазоўскіх на шмат маладзейшае было за рэшту таварыства.

Прыбыў у той час у Казань аж з Акатні вельмі шаноўны, набожны і вялікай навукі ксёндз Эразм Ключэўскі, пакутнік, ссыльны, прыгавораны на цяжкія работы ў Тунцы і Акатуі, мясцовасцях, прызначаных для сасланых ксяндзоў. Ксёндз Эразм Ключэўскі вызначаўся не толькі высокай адукацыяй, але і непараўнальна добрым сэрцам. Таму пп. Юшкевічы, людзі вельмі шаноўныя і набожныя, карыстаючыся з прысутнасці кс. Ключэўскага, запрасілі яго, каб быў ласкавы падрыхтаваць іхніх дзяцей: Вітольдзіка і Антосю, дваіх дванаццацігадовых блізнятак, да 1-й святой камуніі.

Набожныя і выхаваныя рэлігійна дзеці Лазоўскіх, 12-гадовая Марыня і 10-гадовая Ядвіся, разам з імі адпраўлялі рэкалекцыю і рыхтаваліся да такога вялікага і святога акту, які меў на ўсё жыццё вельмі вялікае значэнне. Дзень 1-й святой камуніі тых дзетак быў вялікай урачыстасцю не толькі для іх саміх, але і для сямей Юшкевічаў і Лазоўскіх, для вялікага кола прыяцеляў і знаёмых.

Ксёндз Ключэўскі ў пярэдадзень гэтага акту, вечарам выспавядаў дзетак - назаўтра рана была яшчэ папраўка. Дзеткі былі вельмі прыгожа ўбраныя ў белае, у вэлюмах і вянках на галаве; Вітольдзік быў цераз плячо перавязаны стужкай і меў букецік кветак пры сэрцайку, і ўсе таксама мелі белыя рукавічкі. Сем'і і госці сабраліся ў касцеле і маліліся за тых чацвярых дзяцей; выглядалі яны вельмі прыгожа, такія набожныя, такія заглыбленыя ў малітву. Ксёндз Ключэўскі сказаў казанне, потым адправіў святую імшу і ўдзяліў святую камунію. Пасля святой імшы адгаварыў уголас з дзецьмі падзячную малітву, сказаў невялікае казанне і абдарыў памятнымі абразкамі. Панства Юшкевічы запрасілі ўсіх да сябе на абед, а на другі дзень шматлікая тая кампанія сабралася ў Лазоўскіх; цэлы дзень правялі ў садзе, бо паветра было цёплае і надвор'е спрыяла.

Жыццё ў Казані ў прыемным атачэнні падалося нам раем, але бедны наш Эдвард, не могучы і не хочучы ўжо займацца медыцынай, смутнеў што раз больш, задумваючыся над тым, што будзе ў будучыні, бо ішло, як па масле, капіталік, які меў, не даваў дастаткова працэнтаў, і не раз трэба было яго парушаць. Знаёмыя Лазоўскіх - пп. Юшкевічы, Валіцкія і іншыя радзілі, каб заняўся нейкім прадпрымальніцтвам, напрыклад, пякарствам. Эдвард, які не любіў медыцыны, і толькі з волі маці вучыўся ёй, схапіўся за пададзеную думку. Прадаў свой міленькі домік і адразу пачаў шукаць месца для пякарні. Усё ішло, як па масле, надзвычай хутка наняў прыдатнае памяшканне, дамовіўся з пекарамі. Сястра мая засмучаная жудаснай стратай выгляду каханага мужа, цяпер цешылася, што выручае яго, будзе магчы на ўсю сям'ю і на выхаванне дзяцей зарабіць. Так адчынілі пякарню; першым печывам падзяліліся з прыяцелямі, на другі дзень ужо пачалі прадаваць. Антося сама прадавала пячэнне, муж вёў ёй рахункі, я займалася гаспадаркай, рынак быў блізка, усё можна было лёгка дастаць без гандлявання, бо з тамтэйшымі перакупшчыкамі лёгка дамовіцца пра цану, і што важней - не ашукаюць яны, як яўрэі, на цэнах і гатунках. Прыстасоўвалася да звычаяў, там прынятых: і так, напрыклад, на свята Спаса (што адпавядае нашаму Перамяненню Панскаму) пяклі пірагі з яблыкамі, у пятніцу рыхтавалі іх з рыбай. Часта смажыла яблычнае павідла і ракушкі, якімі наядаліся дзеці. Пячэнне, якое пастаўляла пякарня Лазоўскіх, было выключнае, усе палякі з прылеглых, а некаторыя з дальшых вуліц у іх печыва бралі. Два прафесары ўніверсітэта пп. Бандонін і Крушэўскі, некалькі генералаў-палякаў і нават расіян, хочучы падтрымаць існаванне пякарні, бралі штодзень на кніжачку, а ў канцы месяца аплачвалі належнае. Даход быў даволі значны, але гэтая пастаянная без адпачынку праца была зацяжкая для беднага Эдварда, які страціў цікавасць да яе пасля адкрыцця, што яго чалядніцы на ўсім яго абкрадаюць: на муцэ, дражджах, яйках, цесце сырым і печаным.

Эдвард, такі высакародны і добры чалавек, як найлепш абходзіўся з людзьмі, а тыя няўдзячныя па-зладзейску яму адплачвалі. Потым на давяршэнне да ўсяго пекары Эдварда, падкупленыя ўладальнікамі іншых пякарань, якія дбалі пра свае інтарэсы, пачалі псаваць цеста, так што не раз усё печыва было сырым, да яды не прыдатнае. Бяда і клопат з тым усім вычарпвалі Эдварда: пачаў наракаць, скардзіцца. Антося адна, без дапамогі, не магла ўсяго адолець. Аднойчы адна з яе знаёмых пані Дульванд, зайшоўшы да яе, застала яе змучанай, амаль непрытомнай, падмяніла яе на пару гадзін, каб бедная Антося пашла ўздрамнуць і адпачыць трошачкі.

Пякарня Лазоўскіх была размешчана ў прыгожым месцы. Насупраць яе быў Дзяржавінскі парк, у якім знайходзіўся помнік гэтаму паэту. Парк быў выдатна дагледжаны, вельмі прыгожыя клумбы, кветкі, высакародныя дрэвы, элегантныя альтанкі; быў таксама там і рэстаран, дзе што дзень вечарам грымела музыка і ў які са шпацыру заходзіла шмат людзей. Жылы дом Лазоўскіх быў у падворку, я з дзецьмі там размяшчалася, а Лазоўскія прыходзілі толькі на кароткі адпачынак.

Але ўжо ніякія прыемнасці і прыязнь знаёмых не здолялі падсаладзіць жыццё Лазоўскіх, роспач агарнула беднага Эдварда, а няшчаснай сястры забракла сіл маральных і фізічных на той від глядзець - упала ў роспач. У такім становішчы, пакінуўшы жонку, Эдвард выехаў з Казані, не гаворачы нікому, куды едзе. Праз пару дзён толькі напісаў са Смаленска, што купляе маётак за пару тысяч, размешчаны за дзве мілі ад гэтага горада. Было гэта неяк восенню. Антося ўзяла на дапамогу паню Барбару Сянькевіч, якой меўся дапамагаць п. Паплаўскі, прыяцель Эдварда, з тым разлікам, што калі перака-наецца, што гэта добры інтэрас, то пякарню ад Лазоўскіх адкупіць. Але неўзабаве пераканаўся, што кожны дзень прыносіў нейкі нават значны дэфіцыт, прыходзіў усё ж дапамагаць пані Сянкевіч і мне. Потым заступіў яго пан Астрамецкі, мой знаёмы з Томска, а яго добрая знаёмая заступіла паню Сянкевіч. Тады Антося, не думаючы доўга, забрала дзяцей і што забраць удалося ды паехала да мужа, пакідаючы ў Казані мяне са Стасем да канца школьнага года. Я працавала заўзята, дом здала студэнтам, Стась таксама меў там пакойчык; я мясцілася ў пякарні. Апавясціла, што пякарня прадаецца і нарэшце прадала яе доктару Стравінскаму за 300 руб. з усім абсталяваннем, якое каштавала Лазоўскаму каля 3000 руб. Сама зняла для сябе і для Стася памяшканне ў закрыстыяна пры касцёле. Стась хадзіў у школу, я варыла яму абед і рыхтавала снеданне. Ад Лазоўскіх пачала атрымліваць досыць суцяшальныя навіны: Антося зусім не шкадавала, што пакінула Казань, бо яе муж увесь у роспачы, не мог сам адолець клопаты і інтарэсы. Маёнтачак іхні быў малы, але выдатна размешчаны і забудаваны, дом выгадны, абшырны з высокімі столямі, падлога ясенева, паркетная, вокны мэбля і абіцце вельмі добрыя і каштоўныя, інвентар, павозкі летнія і зімовыя, коні і вупраж, мясцовасць найвыдатнейшая, суседскае таварыства зычлівае. Вазноўка была размешчана за 12 вёрст ад Смаленска, і ездзілі ў яе добрай брукаванай дарогай.

З нецярпеннем чакала вакацыяў і выезду з Казані. Загадзя сказала ўпакаваць добрае, новае піяніна, за якое Эдвард заплаціў 100 руб, а на версе размясціла пазакручанае ў коўдры больш даражэйшае сталовае начынне, для віаланчэлі сказала зрабіць футарал, дзве пары скрыпак, дзве фузіі і ўсю мэблю выслала загадзя ў Смаленск. А сама са Стасем, калі ўжо здаў экзамен і атрымаў перавод з уступнага ў 1-шы клас, адразу з Казані выехала. Як доўга ехалі чыгункай, не памятаю, у Смаленску наняла пошту, і мы рушылі ў Вазноўку. Стась не мог яе дачакацца, пра ўсё дапытваўся паштальёна, не раз выскакваў з брычкі і бег, зрываючы па равах кветкі. Нарэшце ўбачылі чаканую Вазноўку. Пакуль фурман адчыняў вароты, Стась выскачыў з брычкі і пабег пад ганак, куды на яго сустрэчу выйшлі бацькі і ўся сям'я. Якія ж прыемныя і якія вясёлыя былі тыя вакацыі, ніколі гэтага не забуду! У Вазноўцы быў вялікі сад, хаця яшчэ занядбаны; меў прыгожую ліпавыя алеі, выдатныя пладовыя дрэвы, цяністыя альтанкі. За садам былі навозы, лес, а трохі далей невялікі ручаёк, але для купання выдатны! Антося аказалася дасканалаю гаспадыняю - што за масла, малако і смятанку там мелі, а якія смачныя радыскі, салаты і бульбачкі, найпрыгажэйшыя кветкі, насенне якіх аж з Рыгі здабывала. Трэба было дзякаваць Богу за тую прыгожую Вазноўку і ў ёй ціха сядзець, але на гэтым свеце шчасце не трывалае, такім яно было і для Лазоўскіх.

Яшчэ ў час вакацый я пісала ў Пецярбург, даведвалася, калі і на якіх умовах прымаюць паненак у пансіён святой Кацярыны. Атрымаўшы адказ у азначаны час, адвезла туды Маню і Ядвіню і памясціла ў Маскве ў французскім інтэрнаце. Абедзве гэтыя ўстановы былі толькі для дзяцей каталіцкага вызнання. За Маню плацілі бацькі, а Ядвіня стараннем ксендза дэкана Баранцэвіча, калегі майго брата кс. Мечыслава была прынята бясплатна. Школа тая, а хутчэй інтэрнат, вельмі мне падабалася з усіх бакоў; была яна пад кіраўніцтвам прэлажонай, рэлігійнай, набожнай францужанкі; бібліятэка складалася з найлепшых маральных і карысных кніжак, а пачаўшы ад прэлажонай і закончыўшы вартаўніком, усе там былі французамі. Абедзвюх сваіх плямянніц я сама на месца адвезла, падарожжа прайшло шчасліва, і я мела вялікую прыемнасць, бо сустрэла ў Маскве на вакзале паню Квяткоўскую з яе дачкой Марыяй; спыніліся мы ўадным гатэлі, таму бачыла і Ціхана, яе сына і майго былога выхаванца, цяпер ужо студэнта ўніверсітэта.

Стась быў памешчаны ў смаленскую гімназію, а жыў у нейкай панны Лідзіі. Нешчаслівае было для яго размяшчэнне, вучылі яго там кепскаму, меў кепскую кампанію.

Неўзабаве для Лазоўскіх пачаліся розныя прыкрасці. Блізка ад Вазноўкі пры даврозе стаялі па абодва бакі корчмы. Адна належала Эдварду Лазоўскаму і прыносіла яму 300 руб. Гадавых дывідэнтаў. Другая належала нейкаму багатаму чыноўніку, які меў уласную дысцілярню (спіртзавод). Той пан дабіўся ва ўладаў, каб другая карчма мусіла быць знесенай. Такая няўдача моцна расстроіла Эдварда і паўплывала на тое, што здаў у арэнду Вазноўку латышам за 500 руб. Тыя латышы ў колькасці 36 чалавек, сабраўшы з поля збожжа і вымалаціўшы яго, забралі ўраджай з Вазноўкі і ўцяклі ў сваю латышскую зямлю. І так адразу страцілі Лазоўскія збожжа, увесь інвентар, коней, упраж, вазы, брычкі, крытыя і някрытыя, таксама сані, скрыпкі, віаланчэль, фузіі, нават і падлогу, якую выдралі. Здэпрэсаваныя такім знішчэннем іхняй прыгожай Вазноўкі, Лазоўскія ўжо вяртацца ў яе не хацелі, таму, прадаўшы яе, купілі вёску Паляны, размешчаную за 6 вёрст ад Смаленска, узяўшы на гэтую пакупку банкаўскую пазыку, бо ўжо грошай у іх не хапала. Вёска была харошая, зямля вельмі добрая, але не было жылога дома, і мясцовыя ўмовы былі вельмі кепскія.

Маня, іхняя дачушка, якая была ў пансіянаце ў Пецярбургу, вярнулася дадому, бо ёй пецярбургскі клімат не падходзіў: 9 месяцаў хварэла, так што толькі тры засталіся на вучобу

Ад таго часу пачалося няшчасце Лазоўскіх і дайшлі яны да апошняй згубы. У Палянах няшчасны Эдвард памёр ад роспачы. Антося яшчэ пару гадоў прабыла ў Смаленскай губерні.

Я ў сябе мела трох хлопчыкаў на выхаванні, а Антося прыбыла ў Варшаву на 10 год пазней.

Я паехала ў Варшаву ў 1885 г. Пераканалася, што мела слушнасць, сумуючы па краі і імкнучыся ў яго. Дабрачынная Варшава хлебам і соллю прыняла бедных выгнанцаў, літоўскіх бадзягаў. Знайшліся высакародныя сэрцы, чулыя да нядолі бліжняга, якія рознымі спосабамі ўмелі прыйсці нам на дапамогу.

Ядвіня Лазоўская паспяхова закончыла сваю вучобу. Стась, найстарэйшы з братоў, які адзін толькі меў такое шчасце, бо першымі яго крокамі на полі вучобы кіравалі бацькі і іхнімі стараннямі пачаў разумовую працу, сам уласнымі стараннямі вучобу скончыў. Іншыя тры з дапамогай добрых і спагадлівых людзей вучыліся ў Варшаве. Даўні малюткі і слабенькі Казя, закончыўшы школу рамёслаў у Варшаве п. Кюнэ, атрымаў атэстат і пасля здачы экзаменаў у школу майстроў у Дэмбраве, з-за адсутнасці вакансій застаўся практыкантам на вугальных шахтах. Гэта была цяжкая і поўная небяспекі праца. Мы стараліся адгаварыць Казю ад таго выезду, а адзін са знаёмых шахцёраў дадаў, што для тае працы патрэбны атлетычныя сілы, вялікае здароўе, што даўней толькі разбойнікі і прыгавораныя да цяжкіх работ там працавалі. Мы з маці не хацелі дазваляць выезд, Казя папрасіў выбачыць, што ў гэтым выпадку нашых парад не паслухае, і пасля споведзі і выслухвання Святой Імшы поўны рашучасці выехаў у імя Божае, гаворачы, што перакананы ў тым, што палякі, хіба толькі пад зямлёй працуючы, могуць сабе сякую-такую будучыню забяспечыць. Як шаноўны Казя, так і браты яго з дзяцінства мусілі змагацца з лёсам і перажылі доўгія хваробы, якія трывалі па некалькі гадоў.


Я бедная тулячка не расчаравалася ў веры, якую ўкладала на найвышэйшага Тварца. Заўсёды да канца жыцця буду дзякаваць Богу за прытулак, які ў міласэрнасці сваёй знайсці сказаў; дзякаваць буду, што мяне да бацькоўскай зямлі вярнуў, паміж братамі памясціў, што нада мной бедным чарвяком яго вечнае вока адчуваецца. Захоўваю таксама ў маім сэрцы нязгаслую ўдзячнасць да тых, якія бедным бадзягам у імя літасці да бліжняга і ў імя польскай Айчыны з дапамогай і парадай паспяшаліся. Хоць ведаю, што людзі іхніх прынцыпаў і іхняга характару не любяць, каб левая рука ведала пра тое, што робіць правая, няхай мне вольна будзе, ідучы за поклічам сэрца, успомніць шаноўных дактароў Касінскага J., Матлакоўскага, Малеў, Бонды, Цяшкоўскага і Пшацлаўскага, якія сваёй дапамогі сям'і нашай ніколі, у любую пару дня і нават ночы не адмовілі і заўсёды ахвотна на ратунак спяшылі. Шаноўная дабрачынная сенатарша Рамбялінская і с.п. графіня Аляксандрава Аўгустова Патоцкая сваёй пратэкцыяй і апекай таксама падтрымлівалі нас у цяжкія хвіліны жыцця. Ім усім шаноўным панам, мужам справядлівым і шляхетным матронам пры заканчэнні гэтай маёй працы ад шчырага сэрца: «Бог заплаціць», - выказваю.



[1] Пераклад з польскай мовы Станіслава Судніка. Паводле: Elżbieta Tabeńska. Z doli i niedili. Wspomnienia wugnanki. Kraków, 1897.

[2] Забайкальская справа - паўстанне ссыльных 1863 года на будоўлі Калябайкальскай дарогі. Заўв. перакл.

[3] Конрад Хмялеўскі (нар. 1838 у Вільні, пам. 10 жніўня 1899 у Налянчове) - польскі лекар, дырэктар курорту ў Налянчове, удзельнік аргшанізацыі па падрыхтоўцы Студзеньскага паўстання, сібірак.

Сын Аляксандра і Пелагеі Алендскай. Закончыў Шляхецкі інстытут у Вільні і Лекарскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта (1860). Удзельнічаў у падрыхтоўцы Студзеньскага паўстання, належаў да арганізацыі "белых". У студзені 1862 года быў арыштаваны і сасланы ў Верхнеудзінск, Табольск і Томск. У 1867 годзе яму дазволілі вярнуцца ў край.

З 1867 да 1869 года практыкаваў у Ковелі, потым перабраўся ў Варшаву. Разам з Фартунатам Навіцкім і Вацлавам Ігнацым Лясоцкім уваскрэсіў Лячэбную ўстанову ў Налянчове, дырэктарам якой быў ад 1886 года да смерці.

Памёр у Налянчове, быў пахаваны на гарадскіх могілках у Бахотніцы.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX