Папярэдняя старонка: Ад Лідскіх муроў 10

МЕМАРЫЯЛ 


Дадана: 17-08-2022,
Крыніца: Ліда, 2022.

Спампаваць




Памёр Алесь Стадуб

8 чэрвеня 2020 года пасля доўгай хваробы пайшоў у Нябес-ную Беларусь сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, паэт Алесь Стадуб.

Стадуб Алесь (Аляксандр Дзям'янавіч) нарадзіўся 24.04. 1938 г. у в. Юшавічы Нясвіжскага раёна Менскай вобл. Скончыў 10 класаў у Нясвіжы. Пасля службы ў войску закончыў Усесаюзны інстытут імя Крупскай (музыка, клас гармоніі). Узначальваў маладзёжны хор у Яраслаўлі. Там закончыў філфак педінстытута. Выкладаў у школе, працаваў у мясцовых газетах. У 1972 г. пераехаў у Ліду, дзе быў намеснікам старшы-ні таварыства «Веды». Друкаваўся ў абласных і рэспубліканскіх выданнях. Аўтар звыш 10 кніг: "Твае вочы", "Вузел (трыялеты)", "Споведзь натхненнем", "Летапіс пачуццяў", "Калінавыя гроны", "Шэпты крыл","Сюжэт на фоне адвячорку", "Водгук ісціны", "Скрыжалі", "Мільянерка" і інш. Сябар СБП з 2007 года.

Пахаваны ў Лідзе.

ЮШАВІЧЫ

Раслі ў бяссмерце Юшавічы,

Але ўсё ж век свой аджылі.

Раслі тут Коласы, да Вінчы,

Свае гісторыі былі.


Няма ў паміне сельсавета

І школы, крылаў ветракоў.

Няўмольны час закрэсліў гэта

І крумкачоў-бальшавікоў.


Спакусы ў сад чужы вадзілі,

Спакусны сад, хоць і не рай.

А дзе ж сяброў цяпер магілы?

Яны даўней лілі праз край.


Дамашнія малых не лічаць,

А што лічыць, калі адно.

Бацькі мяне нястомна клічуць:

"Прыедзь. Наведваў нас даўно".

НЕМАГЧЫМА

Падлетак шукаў ідэал:

Краіну? Паехаць? Біць лынды?

Пытанняў нахлынуўся вал,

І ён да мужчыны з-пад Ліды:


- Парайце вы мне, чалавек!

І той адказаў:

- Эй, хлапчына,

Без нас Беларусь пражыве,

Ды нам без яе немагчыма!

ДУБ

Ля акна я студжу кіпень-чай,

Хай астыне мой чай нетаропкі,

Паглядаю на дуб неўзначай,

Жалуды ля ствала, нібы кропкі.


У юнацтве яго вецер гнуў,

Ды і бура заўжды нахіляла,

Ён маланкі прыцэл абмінуў,

Калі тая ад хмары страляла.


На дварэ ўсё дажджыць

і дажджыць,

Лістапад гоніць мокрыя хмары,

Гэты дуб можа нас перажыць:

Мае вершы і вашыя мары.

СПАКУСЫ

Раздумваю на рубяжы

Дабра і зла, святла і ценяў.

Мяне, анёл мой, сцеражы

Ад памылковых летуценняў.


Спакусліва і ўмець, і мець,

І мару ў сутнасць перайначыць.

Прашу, набытаму ўзамен

Дай пару крыл скупой удачы.

Так хочацца разгон набраць,

Так вабіць новая арбіта.

На рубяжы дабра і зла

Дарога ў вечнасць зноў адкрыта.

* * *

Шукалі мы сябе

Уброд.

Пашкодзіла нязгода.

"Не наракаю на народ,

Які не стаў народам".


Ды гэта не мае радкі -

Алеся Пісьмянкова.

Да нашых дзён

Ён не глухі,

А мо сказаў да слова?


Абразіў вартых "смельчакоў",

Змаўчала крыўда нацыі.

Няўжо сур'ёзна?

Між вякоў

Людзьмі ці будзем звацца?


На подзвіг кожны не гатоў.

Гатоў мо выпадковы.

Сказала Праўда:

- Вы ніхто

Без гонару,

Без мовы.

ЧАЛАВЕК

З чаго ты, браце чалавек?

З душы, з ідэі ці з любові?

Гляджу на вочы і на бровы:

З чаго ты, браце чалавек?

Ці ў вечнасці ты выпадковы?

Ці ёю створаны на здзек?

З чаго ты, браце чалавек?

З душы, з ідэі ці з любові?

Пайшоў у лепшы свет лідскі краязнавец Анатоль Крупа

Калі мяне спытаюць, што для мяне Бердаўка, то я адкажу: "Гэта наша школа". І не важна, як называлася або называецца гэтая ўстанова адукацыі - сямігодка, сярэдняя школа ці дзіцячы сад-сярэдняя школа. Галоўнае іншае - яна была, ёсць і будзе. Але ж наша школа - гэта не толькі трохпавярховы будынак, не толькі светлыя з вялізнымі вокнамі класы і шырокія калідоры. Школа - гэта людзі! Людзі, якія кожную старонку гісторыі пісалі сваім лёсам! І самая багатая, самая непаўторная старонка належыць Анатолю Леанідавічу Крупе, які 34 (!) гады кіраваў штурвалам школьнага карабля ў Бердаўцы. Але, на жаль, ужо былому ветэрану педагагічнай працы, былому дырэктару Бердаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы, былому настаўніку гісторыі, былому заснавальніку і кіраўніку Бердаўскага гістарычна-краязнаўчага народнага музея. Гэта страшнае слова былому...

8 кастрычніка 2020 года сэрца Анатоля Леанідавіча Крупы перастала біцца. Сёння многія і многія людзі - родныя і сябры, былыя калегі і выпускнікі, аднавяскоўцы і таварышы, знаёмыя блізкія і далёкія - прамаўляюць ва ўнісон: такога не можа быць!

Не верыцца... Не ўсведамляецца... Не прымаецца ні розумам, ні сэрцам...

Ніводзін яго дзень на пасадзе дырэктара школы і ў якасці настаўніка гісторыі не прайшоў дарма. Адзін толькі школьны музей склаў бы славу кіраўніку любой школы! А кожны з бердаўчан ведае, што без Анатоля Леанідавіча Бердаўскі гістарычна-краязнаўчы народны музей не стаў бы тым, чым ён сёння ёсць.

На розных узроўнях годная праца настаўніка і кіраўніка Бердаўскай школы адзначалася шматлікімі ўзнагародамі. З 1996 года Анатоль Леанідавіч Крупа - Выдатнік асветы Рэспублікі Беларусь. Любові да роднага краю, да Беларусі і роднай мовы мясцовыя хлопчыкі і дзяўчынкі вучыліся найперш у свайго настаўніка гісторыі. Маладыя калегі захапляліся энтузіязмам і вытрымкай дырэктара, бралі за прыклад асноўнае яго правіла як настаўніка: урок - гэта святое! За арганізаванасць і тактоўнасць, за чуласць і дабразычлівасць паважалі кіраўніцтва і калегі, педагогі і работнікі ўстановы адукацыі, былыя вучні і іх бацькі, аднавякоўцы...

Будучы дырэктарам Бердаўскай школы, ён не толькі падтрымаў стварэнне суполкі ТБМ у Бердаўскай школе, але і даў юрыдычны адрас у школе для рэгістрацыі суполкі. Такіх школ у Лідскім раёне аказалася ўсяго дзве.

Анатоль Крупа ўзначаліў Лідскую раённую арганізацыю Таварыства беларускай школы і рабіў усё, каб лідскія школы былі беларускімі па духу і форме, прынамсі Бердаўская школа была адной з самых беларускіх, апорнай для любых мерапрыемстваў ТБМ.

Так, немагчыма словамі выказаць тыя роспач і смутак, якія сёння ахінаюць усіх, хто ведаў Анатоля Леанідавіча Крупу. Але няхай жа добрыя словы і ўспаміны пра гэтага светлага і чулага Чалавека і Педагога дапамогуць вылечыць душу і сэрца тых, у каго яны разбітыя непапраўным горам - яго родным і блізкім.

Галіна Альшэўская.

У беларускае неба пайшоў Валер Санько

22 лістапада 2020 года ў беларускае неба - не ў чарнобыльскае, а ў лідскае, але ўсяроўна ў беларускае - пайшоў таленавіты пісьменнік Валер Санько.

Валерый (Валер) Аляксеевіч Санько (нар. 29 жніўня 1939, в. Вялікая Сліва, Слуцкі раён) - беларускі пісьменнік, журналіст, краязнавец, кнігавыдавец, доктар народнай медыцыны, магістр нетрадыцыйнай медыцыны, член-кар. МА энергаінфармацыйных навук. Аўтар і суаўтар каля 20 кніг. Бацька трох сыноў.

Пасля заканчэння Вяліка-Сліўскай СШ з адзнакаю закончыў Баранавіцкае медвучылішча (1958). Загадваў (адкрываў) Лосіцкім ФАПам у Пінскім раёне. З арміі (1958-1961) прыйшоў сяржантам. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ (завочна, 1961-1967, стараста курса), Менскую ВПШ (1976-1978). Вучыўся ў медінстытуце (1964-1965). Закончыў аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР (1968-1971). Здаў кандыдацкія экзамены, але дысертацыю на тэму "Беларуская чарадзейная казка" не абараніў. Некаторыя яго запісы беларускага фальклору надрукаваны ў газетах, часопісах, у трох тамах акадэмічнага 50-томнага выдання беларускага фальклору.

Працаваў памочнікам санітарнага ўрача ў Менску, журналістам у газетах "Чырвоная змена" (1963-1965) і "Звязда" (1965-1972). Загадваў рэдакцыяй медыцынскай і фізкультурна-спартыўнай літаратуры выдавецтва "Беларусь" (1972-1975). Працаваў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса "Здравоохранение Белоруссии" (1975-1976), намеснікам галоўнага рэдактара выдавецтва "Народная асвета" (1978-1982), загадчыкам рэдакцыі краязнаўства, турызму, фізкультурна-спартыўнай літаратуры выдавецтва "Полымя" (1982-1990), намеснікам рэдактара чарнобыльскай газеты "Набат" (1990-1991), дырэктарам заснаванага Беларускім дзіцячым фондам Беларускага выдавецкага Таварыства "Хата" (1992-2006). За сваё жыццё падтрыхтаваў да друку 1089 кніг іншых аўтараў.

З 1960 года з'яўляўся членам КПСС, адкуль у 1989 годзе выйшаў дабраахвотна. Быў намеснікам старшыні Цэнтральнай Рады Беларускай Сялянскай партыі, ад яе тройчы вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі (Слуцк, 1995; Салігорск, 1996; Салігорск, 1996). Удзельнік шасці (1993-2013) з'ездаў Беларусаў свету (на апошніх чатырох выступаў з прамовамі).

Першае апавяданне надрукавала ў студзені 1958 года Баранавіцкая раённая газета, першую аповесць - "Чырвоная змена" (жнівень - верасень, 1964). Надрукаваў шэсцьдзесят восем апавяданняў. З шаснаццаці надрукаваных аповесцей - восем у газетах, "Пакуль не зайшло сонца" - у часопісе "Маладосць" (1977, № 6), адна ў кнізе прозы трох аўтараў "Знаёмства" (1982). Аўтар і суаўтар каля дваццаці кніг, у тым ліку дзевяць уласных празаічных, тры - пра лячэнне травамі, дзве - прыкметы, абярэжніцтва. Найбольш значныя кнігі прозы: "Жыватворныя крыніцы" (1979), "Знаёмства" (1982), "Усё скончана: мы прайшлі па Маскве" (1993), "Не плач, маці" (1995), "Дахаты пойдуць усе" (1999), "Ненадрукаванае. У белдзяржлітструктурах" (2009), "Грэх на іх нязмыўны" (2013). У суаўтарстве - "З вудай і стрэльбай" (1974), "Беларускія спартсмены ў баях за Радзіму" (1985).

У кнізе "Згарэў у Слуцку суд народны" падрабязна апісаў і даследаваў храналогію стыхійнага бунту случчакоў у кастрычніку 1967 года.

Даследаванні чарнобыльскай тэматыкі выліліся ў дакументальны раман "Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе" (612 стар., 2013), над матэрыялам кнігі аўтар працаваў 19 гадоў. У рамане апавядаецца пра прычыны выбуху на ЧАЭС, даюцца біяграфіі ліквідатараў, перасяленцаў. Дзевятнаццаць фрагментаў з рамана "Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе" друкаваліся ў газеце "Наша слова" (23.11.2011 - 08.05.2013).

У лістападзе 2016 выдаў кнігу "Карыды вогненныя іскры". На беларускай, рускай, іспанскай мовах. У ёй апісвае пра сувязь карыдных феерыяў і спектакляў з беларускімі Купаллем і Калядамі.

Апошняя кніга - "Прыкмета і прырода - сябры назаўсёды" (2019).

Прыняла парэшткі пісьменніка вялікасліўская зямля.

Вечная памяць і цёплы ўспамін.

Не стала таленавітага паэта Юры Карэйвы

5 студзеня 2021 года не стала аднаго з таленавітых паэтаў Гарадзеншчыны Юры Карэйвы. Гэта Юра пісаў і пакінуў нам цудоўныя паэтычныя радкі:

Насустрач чорным сілам хіжым Усе мы выйдзем, як адзін!

Вось толькі б выйсці,

Толькі б выжыць…

А там, нарэшце, -

Паглядзім!..

Юра Карэйва нарадзіўся 29 траўня 1961 года ў Лідзе. Закончыў СШ № 4 (1978 г.) і філалагічны факультэт Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (1995 г.). Працаваў выкладчыкам у Гародні ў СШ № 26 і 18. Навучаўся пры касцёле Святога Духа ў Вільні, а потым вучыўся ў Маскве ў Сучасным Гуманітарным Універсітэце на юрыдычным факультэце. З вершамі Юра Карэйва выступаў у многіх рэспубліканскіх выданнях. Быў рэдактарам альманахаў "Ад лідскіх муроў" (№ 4, № 5). Аўтар зборнікаў вершаў "Краявід" і "З разбітае ліры". Напісаны ім і не выдадзены сотні паэтычных твораў. Калі Юра Карэйва вучыўся ў Гарадзенскім універсітэце, ён быў адным з актыўных сяброў універсітэцкага літаб'яднання "Наднёманскія галасы", яго вершы з задавальненнем друкавалі розныя беларускія выданні. Паэтычныя радкі паэта адрозніваліся ад іншых сваёй філасофічнай афарбоўкай і роздумам пра жыццё:

Гляньце ж, вы, -

ад народзін да крыжа

Шлях ваш -

церні ды ў цемры знічы…

Дык ці ж хочаце,

хто яшчэ выжыў

Заставацца навечна з нічым?..


Ю. Карэйву пахавалі ў Лідзе на гарадскіх могілках "Зосіна-2".

Кароткі ўспамін пра Ларысу Канчэўскую

15 сакавіка 2021 г. памерла Ларыса Георгіеўна Канчэўская.

Дачка афіцэра, яна нарадзілася 9 кастрычніка 1946 г. на востраве Сахалін. У дзяцінстве жыла ў Расіі і Латвіі. З 1956 г. - у Лідзе.

Скончыла філалагічны факультэт БДУ. Была рабочай, лабарантам на заводзе электравырабаў, мастаком-афармляльнікам, касірам у банку, малодшым навуковым супрацоўнікам у гарадскім архіве, інструктарам гарвыканкама, інжынерам па эстэтыцы, выкладчыкам у педвучылішчы.

Заўсёды знаходзілася ў самым цэнтры інтэлектуальнага жыцця горада Ліды, была душой любога калектыву, генератарам ідэй, стваральнікам сэнсаў.

Грала ў народным тэатры, усё жыццё пісала вершы і прозу, мела "абсалютны" літаратурны слых і вытанчаны густ. Калі-нікалі друкавалася ў "Лідскай газеце", газеце "Чистый мир", у альманаху "Ад Лідскіх муроў", у "Лідскім летапісцы".

Ларыса Канчэўская заўсёды была сябрам маіх сяброў, але працяглы час мы з ёй былі толькі знаёмы, покуль у лістападзе 2014 г. не стэлефанаваліся, і я прыйшоў да яе, ужо вельмі хворага чалавека, у госці. Мая першая фраза пры нашай сустрэчы потым увайшла ў адзін з яе тэкстаў:

- Мы з вамі … амаль не перасякаліся. Затое мае сябры ... у пэўныя перыяды свайго жыцця бясконца паўтаралі: "Ларыса Канчэўская ды Ларыса Канчэўская ...".

Шмат пра што размаўлялі з ёй у той дзень, і яна перадала мне для публікацыі рукапіс цікавых мемуараў Уладзіміра Крушэўскага пра лідскі рок-фестываль 1982 г. (надрукаваны ў менскім альманаху "Асоба і Час", Вып. 8). Пасля той сустрэчы яна пачала пісаць свае цудоўныя белетрызаваныя ўспаміны. Напісала найкарыснейшыя ўспаміны пра нашага з ёй агульнага сябра Валянціна Ляцецкага (Лідскі летапісец. 2015. № 4), і таленавітую "Маленькую аповесць пра любоў" - лірычныя ўспаміны пра дзяцінства, якое прайшло ў нашым горадзе ("Ад лідскіх муроў", № 8). Пасля аповесці, з канца 2015 г., пачала пісаць раман успамінаў і працавала над ім каля года. Напісала, па маіх разліках, каля чвэрці рамана, але давесці справу да канца ёй не дазволіла хвароба. Я ўпэўнены, што мы надрукуем яе апошні тэкст у чарговым альманаху "Ад лідскіх муроў", а фрагмент з яго нават ужо быў надрукаваны ("І Быкаў такі малады... Да 70-годдзя Ларысы Канчэўскай" // Лідскі летапісец, 2016. № 4 (76)).

Не хачу пісаць стандартныя словы пра тое, што мы яе ніколі не забудзем. Пасля кожнага з нас застаецца, толькі тое, што ён пакінуў на гэтым свеце. Пасля майго сябра Ларысы Канчэўскай застануцца яе тэксты.

Леанід Лаўрэш, пісьменнік.

3 гады не дажыў да 100

8 кастрычніка 2021 года пайшоў з жыцця найстарэйшаы краязнавец Лідчыны Мікола Дзікевіч


Мікалай Мікалаевіч ДЗІКЕВІЧ нарадзіўся 20 верасня 1924 г. у в. Дзітрыкі Беліцкай гміны Лідскага павета Наваградскага ваяводства. Да 1936 г. вучыўся ў Дзітрыкаўскай чатырохкласнай школе, у 1939 г. закончыў Ганчарскую паўшэхную школу, у 1945 г. - Лідскае педвучылішча, пачаў настаўніцкую працу. Служыў у арміі (1946-1947). Закончыў Менскі інстытут фізічнай культуры (1955). 46 гадоў працаваў настаўнікам у школах Лідчыны - Цыбарскай, Дзітрыкаўскай, Папернянскай, Ганчарскай, Нёманскай, да 1993 г. З іх - 44 у Нёманскай (Сялецкай). Узнагароджаны медалямі "За доблесную працу" (1970), "За працоўную доблесць" (1981).

Аўтар краязнаўчых кніг "Дзітрыкі. Згукі заснулай цывілізацыі" (200 стар.) "Сялец. Прынёманская рэчаіснасць" (294 стар.), а таксама шэрагу публікацый у перыядычным друку.

Мікола Дзікевіч:

"Як я навучыўся чытаць

і палюбіў беларускую мову"

Краязнаўцу, аўтару кніг-даследаванняў Міколу Дзікевічу зусім нядаўна споўнілася 97. Нягледзячы на ўзрост, ён плённа працаваў і рыхтаваў да выдання чарговую кнігу.

Чатыры гады назад Мікалай Мікалаевіч паспеў расказаць, як ён навучыўся чытаць і як палюбіў беларускую мову. Якая кніжка была самай першай і як нараджалася, гучала, жыло беларускае слова ў вясковым асяроддзі, з якога выйшаў і ён сам - чалавек, які шмат напісаў аб роднай старонцы на роднай мове?

З вясковых падмосткаў - беларускае слова

- Мама мая, Ганна Міхайлаўна Гец, родам з вёскі Сялец, замужам была за Дзікевічам у вёсцы Дзітрыкі Беліцкай гміны. Мы часта хадзілі за 6 км у Сялец да бабулі Агаты і дзядулі Міхася (па-вясковаму Міхалюка).

У гэты складаны час у вёсцы дзейнічаў гурток Таварыства беларускай школы, які быў створаны ў 1921 годзе з вяртаннем шматлікіх сялян-бежанцаў. ТБШ вяло барацьбу за беларускую школу, дэмакратызацыю адукацыі, распаўсюджванне беларускіх газет і кніг. Гэта, так бы мовіць, статутная дзейнасць, але сябры гуртка ў асноўным ладзілі мастацкую самадзейнасць. Маладая, бадзёрая, не атуманеная гарэлачным чмыром моладзь без указак і патуранняў цягнулася ў згуртаванні - былі арганізаваны драматычны і харавы гурткі. Удзельнікі самадзейнасці выступалі таксама перад жыхарамі навакольных вёсак Ганчары, Дзітрыкі і іншых. У рэпертуары былі п'есы "Паўлінка", "Збянтэжаны Саўка", "Конскі партрэт", "Модны шляхцюк", "Сурдут і сярмяга", "Колісь", "Змагары за ідэю", "Дзядзька ў Вільні", беларускія і рускія песні.

Спачатку, перад рэпетыцыяй, п'есу патрэбна было ўзгадніць у пастарунку паліцыі, які месціўся ў Сяльцы, а на самім канцэрце прысутнічаў камендант або яго намеснік.

Дзівуешся: некаторыя сяляне жылі бедна і хлеба са сваёй зямлі мелі столькі, што яго не хапала да вясны, і тым не менш збіраліся па хатах і рэпетыравалі. Выступленні ладзілі вечарамі па суботах. Жыццё было цяжкім, гаротным, але бурлівым.

Мне, тады яшчэ малому, дзякуючы ўдзельніку самадзейнасці - дзядзьку Міхаілу - давялося прысутнічаць на некалькіх канцэртах, што адбываліся ў школе. Памятаю, як дзядзька Міша махаў шабляй.

"Унуча, якая прыгожая і зразумелая мова! Чытай болей!"

- Маёй першай чытанкай на рускай мове была кніжачка казак у фармаце алфавіта. Я не ведаў літар рускага алфавіта і прачытаць не мог - толькі разглядаў прыгожыя малюнкі на глянцавай паперы.

У дзяцінстве ў нашай хаце гучала беларуская мова. Мама наведвала школу няпоўны год, а распісацца пры атрыманні пенсіі магла толькі крыжыкамі. Мы з братамі Ціханам і Санем навучылі яе распісвацца, але ўжо польскімі літарамі. Размаўляла яна вельмі добра. З маленства ад бацькоў мной быў набыты навык размовы на роднай мове.

Старэйшы брат Ціхан часта гасцяваў у бабулі Агаты і дзядулі Міхаіла, у цёткі Ядвісі і дзядзькі Валодзі. Паўсюдна чулася матчына мова.

Як трапляла беларуская літаратура ў Сялец? Невядома. Магчыма, яе прывозілі з Ліды. Аднак добра памятаю аповеды мамы і брата Ціхана, як дзядзька Мікалай апранаў якаснае паліто з унутранымі кішэнямі, капялюш, браў модную палку і ездзіў у Вільню. Рызыкаваў, але прывозіў агітацыйныя ўлёткі.

Напэўна, так да нас трапіла і паэма "Сымон-музыка" Якуба Коласа. Яна была прывезена з Ліды, а надрукавана ў 1928 годзе ў Вільні (перашапачаткова - у 1925 годзе ў Менску).

Варта расказаць пра братоў... Яны раслі сіротамі. Іх бацька ў 1914 годзе загінуў у баі пад Гародняй, там жа пахаваны. Брат Ціхан правучыўся ў Дзітрыкаўскай польскай пачатковай школе два гады, Саня - не больш. Мяне здзіўляла, што яны даволі добра чыталі і пісалі па-польску, а таксама чыталі па-беларуску і па-руску. А яшчэ, магчыма, дапамагалі заняткі, арганізаваныя гмінай для сялянскай моладзі. Браты наведвалі іх асеннімі і зімовымі вечарамі. Вёў іх настаўнік Васіль Пятровіч Лагонда. Дарэчы, цікавая гісторыя гэтага настаўніка. Васіль Пятровіч нарадзіўся на Берасцейшчыне ў сям'і святара (святаром быў і дзед). У сям'і бацькі расло сямёра дзяцей: два сыны і пяць дачок. Усе дочкі сталі настаўніцамі і выйшлі замуж за святароў. Пасля заканчэння польскай паўшэхнай школы Васіль Пятровіч вучыўся ў духоўнай семінарыі. Закончыў яе паспяхова, але святаром не стаў. Насуперак бацькоўскай волі паступіў у настаўніцкую семінарыю. Бацька ў пакаранне ўхіліўся ад вучобы сына. Невядома, з якімі вынікамі Васіль Пятровіч закончыў семінарыю, але нейкі час вечарамі працаваў настаўнікам вясковай моладзі ў вышэйзгаданай Дзітрыкаўскай і пазней у Бандарскай школах. Пасля вайны, да выхаду на пенсію - у Беліцкай сярэдняй школе.

Цяга да ведаў у маіх братоў была вялікай. Брат Ціхан пазней нават рашаў сыну квадратныя ўраўненні, папярэдне прачытаўшы тэорыю ў падручніку. Я пераняў у іх гэты навык чытання. Восенню 1937 года з бабуляй, на цёплай печы, пры пяцілінейнай лямпе, пачынаў "бэкаць" паэму "Сымон-музыка". Бабуля слухала ды казала: "Унуча, якая прыгожая і зразумелая мова! Чытай болей!" Напэўна, гэтыя словы былі для мяне не горш за цяперашнія настаўніцкія адзнакі.

Гучанне ў дзяцінстве роднай мовы ў хатнім асяроддзі, наведванне вясковай самадзейнасці, з'яўленне згаданай абшарпанай кніжкі, яе чытанне вызначылі накірунак майго жыцця.

Вясковы паэт Аркадзь Дэк. Можа, хто памятае, ведае?

Родная мова жыла, чулася паўсюдна ў суседніх вёсках. Успамінаю жыхара вёскі Супраўшчына Аркадзя Дэка. Неяк моладзь вёскі Дзітрыкі арганізавала вечарыну. Ігралі музыкі Урбановічы з вёскі Жомайдзі. У светлай палавіне хаты скакала моладзь. На кухні дзядзька Аркадзь у белай вышыванцы, падпяразанай саматканым поясам, у хадаках з белымі анучамі, акуратна заматанымі вяровачкамі, расказваў уласна напісаныя жартоўныя вершы і гумарэскі. Гэта было так прыгожа і смешна на беларускай мове! Цікавы ён быў чалавек. Нарадзіўся ў 1908 годзе ў вёсцы Панікарты Дзятлаўскага раёна. Родзічы расказваюць, што быў у бежанцах дзесьці пад Масквой. Там жылі адной грамадой. Вучыўся. Вечарамі збіраліся па хатах, цёплымі - на вуліцы. Размаўлялі па-беларуску, апраналіся - таксама. Успаміналі радзіму і спявалі беларускія песні. Дзядзька Аркадзь чытаў і пісаў па-беларуску.

Хата яго была за аселіцай, каля алешніку. Месца балоцістае. Ён любіў дзяцей. Ладзіў ім арэлі і гульні.

Я вучыўся ў Ганчарскай школе (1936-1939) з яго пляменнікам. Часта заходзіў да яго ў хату. Мэбля была змайстравана дзядзькам Аркадзем з мясцовага матэрыялу: вольхі, бярозы, лазы. Памятаю крэсла з падлакотнікамі, спінкай з дубчыкаў з карой і без яе, дзе сплеценых, дзе змацаваных самаробнымі цвікамі. На сядзенні ляжала падушка, напоўненая сенам.

Дзядзька Дэк - чалавек кампанейскі. Да яго цягнулася вясковая моладзь. Каля яго хаты збіраліся, бавілі час, спявалі беларускія песні.

Такая дзейнасць выклікала падазрэнне ў польскай паліцыі. Яго часта наведвалі, рабілі ператрусы па ўсіх кутах. Трапляў у пастарунак. Дапытвалі моладзь. Як ні дзіўна, ніхто з іх не выдаў дзядзьку Аркадзя, не прызнаваўся, што ў яго бачылі ці чыталі камуністычную літаратуру. А тое, што дзядзька Аркадзь і іншыя бежанцы "захварэлі" пад уздзеяннем бальшавіцкіх агітатараў камуністычнымі ідэямі, было добра вядома нават мне: чуў іншы раз размовы родзічаў-бежанцаў. Напэўна, дзядзька Аркадзь гаварыў з моладдзю аб жаданай шчаслівай долі.

Яго сястра ўспамінала, што брат бедаваў, калі паліцыя забрала тоўсты самаробны сшытак з вершамі, гумарэскамі. Цяпер не толькі суседзі - нават родзічы не памятаюць яго літаратурнай спадчыны. Апошні раз мне пашчасціла слухаць вершы вясковага самародка ў выкананні Якуба Буйніцкага, жыхара вёскі Дзітрыкі. Ён майстраваў нам грубку і чытаў іх на памяць.

Лёс Аркадзя Дэка склаўся трагічна. У 1940-1941 гг. ён працаваў старшынём калгаса. У 1941 годзе немцы ці паліцаі расстралялі яго.

Была польскай - стала беларускай

Набліжаўся першы дзень верасня 1939 года. Раніцай на прыпынку каля вёскі Баравічы я не дачакаўся аўтобуса. На ўсход ляцелі самалёты трыма звёнамі, утворанымі з трох двухматорных. Чорны шлейф дыму падымаўся над горадам Лідай. Пачалася вайна.18 верасня Чырвоная Армія была ў Лідзе. А ў канцы месяца я атрымаў павестку аб яўцы ў Лідскую гандлёвую гімназію. У пачатку кастрычніка пачаліся заняткі. Урокі вяліся на польскай мове па праграме 1 класа гімназіі, толькі замест польскай мовы выкладалі беларускую, і не было гісторыі Польшчы. Некалькі настаўнікаў загаварылі па-беларуску.

Не ўсе гімназісты з'явіліся на заняткі. Становішча ў класе склалася напружанае. Многае нам было незразумела. Збіраліся па інтуіцыі. Утварыліся гурткі старэйшых і малодшых, гараджан і вяскоўцаў, палякаў і беларусаў. У такіх абставінах правучыўся да Новага 1940 года. З 1 па 21 студзеня ў маім жыцці былі самыя доўгія зімовыя канікулы: настаўнікі на трохтыднёвых курсах вывучалі беларускую мову.

За гэты час прайшла рэарганізацыя школьнай сеткі. Лідская гандлёвая гімназія была пераўтворана ў сярэднюю школу № 2, а нас, гімназістаў 1-га класа, перавялі ў 5-ы. Нашы веды за сем класаў польскай школы прыраўнялі да чатырох класаў беларускай школы.

Канешне, я мог бы пайсці вучыцца ў 5 клас Ганчарскай школы, але там да навучання прыступілі ў пачатку кастрычніка. Дома пагадзіліся з тым, каб я прадоўжыў вучобу ў Лідзе. Тут за кошт іншых прадметаў павялічылася колькасць гадзін на беларускую мову. Вывучэнне беларускай мовы ў пятым класе ў Лідзе пакінула прыемныя ўспаміны. Вучыла нас маладая настаўніца з Усходняй Беларусі. Яе ўдалыя чытанне апавяданняў, дэкламаванне вершаў здзіўлялі і радавалі нас. Тады ў мяне быў закладзены падмурак вывучэння беларускай мовы на ўсё жыццё. Напэўна, ніякую навуку я не вывучаў так, як граматыку беларускай мовы.

З 1 верасня 1940 года рыхтаваўся вучыцца ў шостым класе Ганчарскай школы. Веды за пяты клас у Лідзе атрымаў дастатковыя. Погляды і інтарэсы вясковых навучэнцаў былі мне бліжэй, чым погляды і інтарэсы гарадскіх хлопцаў і дзяўчат. Сярод равеснікаў-вяскоўцаў адчуваў сябе роўным сярод роўных. Вучоба ў горадзе, наадварот, ставіла мяне ніжэй за гарадскіх, хоць вучыўся не горш за іншых.

Павінен сказаць, што беларускую мову ў Ганчарскай школе выкладала Зоя Іванаўна Шуціла. Яна з вясковымі настаўнікамі таксама вывучала беларускую мову на зімовых трохтыднёвых курсах. Даволі добра валодала мовай і пераказвала змест беларускіх твораў згодна са школьнай праграмай. У нашай школьнай бібліятэцы мелася па два-тры экзэмпляры кніг, атрыманых у падарунак ад вучняў Усходняй Беларусі.

Сям'я, якая ведае свае радавод і мову, не памрэ

Нядаўна знайшоў часткова згублены даваенны дзённік, у якім на беларускай мове запісваў хатнія падзеі, падзеі ў школе і падчас службы ў арміі. Почырк прыгожы, а пісьменнасць жудасная. На вокладцы двух вучнёўскіх сшыткаў напісана: "Днеўнік вучня шостага класа Ганчарскай няпоўнай сярэдняй школы №7 М. Дзікевіча". Пачынаюцца занатоўкі 14 красавіка 1941 года і заканчваюцца 1 траўня 1941 года. Далей працягу няма. І толькі ў нядзелю 29 красавіка 1945 года адноўлены запісы (па 30 красавіка 1946 г.).

Прачытаў - і нахлынулі ўспаміны. Вось я, 12-гадовы падлетак, любуюся з акна роднай хаты вясёлкай, якая раскінулася ад вёскі Жомайдзі да Сяльца і якую, бы сапраўдны паэт, назваў "вобразам вясны". А вось стаўлю сабе першую сур'ёзную мэту - "штотыдзень самастойна праходзіць па дзве чытанкі нямецкай мовы" - і перажываю першы смутак: "з надыходам сяўбы прыйдзецца развітацца з навукай і школай". А вось агляд самадзейнасці, на які мы, сялецкія школьнікі, развучыўшы "Песню трактористов", "Калинку", "Краснофлотскую" і танцы - лявоніху ды гапак - прыехалі ў Лідскі раённы Дом піянераў, а я пасля гэтага пішу: "Як добра, што мы можам развіваць свае здольнасці дзякуючы партыі і ўраду..." А вось я навучэнец Лідскага педвучылішча. Дзень Перамогі. А потым - павестка з райваенкамата і служба ў арміі. Станаўленне характару, думкі, ваганні... У адно імгненне быў гатовы развітацца са сваёй марай стаць настаўнікам, але любоў да роднай беларускай мовы і жаданне дасканала вывучаць яе, несці святло людзям перамаглі, сталі маім светачам праз усё жыццё. Родная мова навучыла, адкрыла прыгажосць свету, сэнс жыцця, важныя ісціны...

Сям'я, якая ведае свой шматгадовы радавод і сваю родную мову, не памрэ, як не памрэ і яе мова. У маёй сям'і заўсёды гучыць і жыве беларускае слова. Сын, які зараз жыве ў Маскве і валодае не адной замежнай мовай (англійскай, польскай, чэшскай і інш.), тэлефануе дамоў, і першае, што кажа, - па-беларуску: "Тата, добры день!"

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX