Папярэдняя старонка: Ад Лідскіх муроў 10

ЛІТАРАТУРНАЕ ЖЫЦЦЁ 


Дадана: 17-08-2022,
Крыніца: Ліда, 2022.

Спампаваць




"Залаты апостраф" за "Белае шматкроп'е"

15 лютага 2020 г. падчас адкрыцця Стральцоўскага фэсту прайшла 17-я цырымонія ўзнагароджання прэміяй "Залаты апостраф" за найлепшую публікацыю ў часопісе "Дзеяслоў".

"Залаты апостраф" у намінацыі "Дэбют": Кацярына Янчэўская. "Белае шматкроп'е". Вершы. № 101.

IV адкрыты рэгіянальны літаратурны конкурс імя Веры Навіцкай

20 лістапада 2020 г. у канферэнц-зале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы адбылася ўрачыстая цырымонія падвядзення вынікаў і ўзнагароджання пераможцаў ІV адкрытага рэгіянальнага літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям". Конкурс праводзіцца адзін раз на два гады Лідскай бібліятэкай пры падтрымцы газеты "Наша слова", пачынаючы з 2014 года.

Арганізатары конкурсу імя Веры Навіцкай імкнуцца вярнуць у беларускую літаратуру згаданае імя і заахвоціць лідскіх паэтаў і пісьменнікаў да напісання твораў для дзяцей.

Некалькі слоў пра дзіцячую пісьменніцу Веру Сяргееўну Навіцкую, чыё імя носіць конкурс. Вядома, што яна некалькі гадоў - з 1908 па 1915 год - жыла ў Лідзе, з'яўлялася начальніцай мясцовай прыватнай жаночай гімназіі. Аўтар кніг "Добра жыць на свеце", "Вясёлыя будні", "Ціхамірныя гады", "Першыя мроі" (тэтралогія аб жыцці Марусі Старабельскай), "Галя", "Наташа Славіна" (аповесці для юнацтва, у якіх дамінуе любоўная лінія), "Басурманка" (аб жыцці прыёмнай сіраты-францужанкі ў рускай сям'і). Апошнія пяць кніг напісаны ў Лідзе, і, магчыма, апісаныя ў іх падзеі звязаны з нашай лідскай зямлёй.

Сёлетні літаратурны конкурс імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям" праходзіў у дзвюх намінацыях - "Паэзія" і "Проза". Удзел у ім прынялі 11 лідскіх літаратараў, сярод якіх як вопытныя аўтары, якія маюць свае зборнікі, так і тыя, хто займаецца літаратурнай творчасцю з нядаўняга часу. Асабліва шмат было даслана на конкурс вершаў - каля 200. Празаічных твораў значна меней - 9 апавяданняў. Тэматыка дасланых твораў самая разнастайная.

Журы нялёгка было вызначыць трох пераможцаў конкурсу. У выніку дыпломам ІІІ ступені (у намінацыі "Паэзія") узнагароджана Людміла Русь, дыпломам ІІ ступені (у гэтай жа намінацыі) - Міхась Мельнік, дыпломам І ступені (у намінацыі "Проза") - Таццяна Сямёнава, найстарэйшая з удзельнікаў конкурсу. Пераможцы таксама атрымалі грашовыя ўзнагароды. Усе астатнія ўдзельнікі конкурсу атрымалі заахвочвальныя прызы. Пералічым і іх імёны - гэта Уладзімір Васько, Станіслаў Суднік, Наталля Хейфец, Ларыса Кавалеўская, Людміла Краснадубская, Станіслава Белагаловая, Ганна Лазоўская, Канстанцін Якубчык.

Усе дасланыя на конкурс творы ўвайшлі ў падрыхтаваны бібліятэкай зборнік "Дарослыя - дзецям-2020".

Была захавана традыцыя прадстаўляць на гэтым мерапрыемстве рэдкую кнігу. У 2016 годзе гэта была 1-я кніга тэтралогіі Веры Навіцкай на беларускай мове "Добра жыць на свеце", у 2018 годзе - дзіцячая кніга Марыі Канапніцкай "Ад зімы да лета", сёлета гэта "Я сумавала па вучобе. Дзіцячыя і школьныя гады Альжбеты Табенскай з-пад Васілішак. Успаміны". Тут змешчаны першыя два раздзелы кнігі "З долі і няволі. Успаміны выгнанкі", выдадзенай у Кракаве ў 1897 годзе.

Прадстаўляючы кніжачку рэдактар "Нашага слова" Станіслаў Суднік звярнуў увагу прысутных на адну фразу: "... Шануйце час, як рэч найдаражэйшую, бо за кожную хвілю маем здаць справаздачу перад Богам, і з кожнай хвіляй жыццё наша праходзіць, а чалавек ёсць панам толькі гэтай хвілі. Хвіля, якая прыйдзе, - няпэўная, а якая прайшла - не вернецца". Што зроблена сёння, тое і зроблена. Дарэчы, на 32 старонках кніжачкі шмат цікавай інфармацыі. Да прыкладу, згадана кніга Камілы Нарбут "Мечыслаў і Стэфанія". Кнігі гэтай няма ў Інтэрнэце, нават згадкі пра яе няма. А гэта твор беларускай польскамоўнай літаратуры часоў Міцкевіча. Сама Альжбета Табенская - удзельніца паўстання 1863 года, старэйшая сястра знакамітай Антаніны Табенскай.

На заканчэнне імпрэзы быў абвешчаны чарговы пяты конкурс, на які запрашаюцца ўсе ахвотныя. Конкурс жа міжрэгіянальны.

Аляксей Круповіч.

Хто з кнігаю дружыць, ніколі не тужыць

15 верасня 2021 г. на пляцоўцы каля Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы было шматлюдна, панавала святочная атмасфера - тут адбыўся фестываль кнігі і друку "Зоркі лідскіх небасхілаў", які з'яўляецца традыцыйным для нашага горада культурна-масавым мерапрыемствам у Дзень бібліятэк. З году ў год фестываль закліканы нагадаць аб вялікіх беларускіх асветніках і друкарах мінуўшчыны і ўшаноўваць работнікаў бібліятэк, а таксама ўсіх, хто мае дачыненне да стварэння друкаванай кнігі, іншай друкаванай прадукцыі.

У час фестывалю на пляцоўцы каля раённай бібліятэкі былі разгорнуты кніжныя выставы, забаўляльныя пляцоўкі, дзіцячая гульнявая зона, розныя майстар-класы - кожны наведвальнік змог знайсці сабе занятак па гусце. Месцам жа асноўных дзеянняў фестывалю стала імправізаваная сцэна ля ўвахода ў бібліятэку. Падцягвацца бліжэй да гэтай сцэны заклікалі людзей удзельніцы фальклорнага гурта "Талер" аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры.

Спачатку з Днём бібліятэк усіх прысутных павіншавалі галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама Наталля Вайцюкевіч і сакратар Лідскай епархіі протаіерэй Максім Цыгель.

- Без кніг жыццё чалавека абядняецца, - падкрэсліў у сваёй прамове айцец Максім. - Калі чалавек чытае добрыя кнігі, ён абнаўляе свой вобраз і вобраз Божы ў сабе.

Многае гаварылі вядоўцы імпрэзы аб бібліятэках як захавальніках духоўных, культурных і інтэлектуальных скарбаў, аб кнігах як падмурку духоўнага жыцця народа, крыніцах ведаў. "Хто з кнігаю дружыць - ніколі не тужыць", - сцвярджалі яны. Прысутным (а сярод іх было многа школьнікаў) нагадалі пра беларускіх асветнікаў Ефрасінню Полацкую, Кірылу Тураўскага, Кліменція Смаляціча і, канешне ж, пра Францішка Скарыну.

Падзякавала раённай бібліятэцы за супрацоўніцтва і перадала ёй у дар кнігу аб журналістах Гарадзеншчыны член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, галоўны рэдактар "Лідскай газеты" Кацярына Серафіновіч. З гісторыяй і днём сённяшнім Лідскай друкарні азнаёміла яе спецыяліст Валянціна Нічыпар. Стаць сябрамі магазіна "Кніжны свет" заклікала прысутных яго загадчыца Галіна Станевіч. Подзвігам назваў летнюю акцыю раённай бібліятэкі "Літфэст па-лідску" з выхадамі з кнігамі ў народ, да дзяцей паэт, рэдактар газеты "Наша слова", гістарычна-літаратурнага часопіса "Лідскі летапісец", а таксама літаратурна-мастацкага зборніка "Ад лідскіх муроў" Станіслаў Суднік і прачытаў свой верш, прысвечаны друкаванай кнізе, якая і ў век інтэрнэту застанецца з намі.

Вершы на розныя тэмы - аб бібліятэцы, "Лідскай газеце", Радзіме, роднай мове, помніку Вялікаму князю Гедыміну - чыталі з імправізаванай сцэны сябры літаб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты" Ірына Маркевіч, Станіслава Белагаловая, Людміла Русь, Тарэза Смольская, кіраўнік літаб'яднання Аляксандр Мацулевіч.

У завяршэнне імпрэзы аб двух новых маштабных праектах, у якіх змогуць прыняць удзел паэты Лідчыны, - моладзевым праекце "І з мышкай, і з кніжкай" і конкурсе на атрыманне літаратурнай прэміі імя Валянціна Таўлая за найлепшы патрыятычны твор - коратка расказала першы сакратар Лідскага раённага камітэта БРСМ Вольга Міхаловіч. Палажэнне аб літаратурнай прэміі імя В. Таўлая на лепшы твор патрыятычнай тэматыкі было апублікавана ў газеце "Наша слова" пад канец 2021 года.

Аляксей КРУПОВІЧ.

Вярхоўны суд ліквідаваў ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

1 кастрычніка 2021 года Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь аб ліквідацыі грамадскага аб'яднання "Саюз беларускіх пісьменнікаў". Рашэнне вынес суддзя І. Г. Мільто.

Нагадаем, што 23 верасня ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь адбыліся слуханні па пазове ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" да Міністэрства юстыцыі па абскарджванні пісьмовага папярэджання, вынесенага 14 ліпеня 2021 года за непрадастаўленне дакументаў для маніторынга дзейнасці НДА. 24 верасня Вярхоўны суд Рэспублікі Белпрусь вынес рашэнне і пакінуў у сіле пісьмовае папярэджанне, вынесенае Мінюстам на адрас ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".

14 ліпеня Следчы камітэт правёў ператрус у офісе арганізацыі, пасля чаго памяшканне было запячатана, дакументы і тэхніка канфіскаваны. Пазней былі заблакаваны банкаўскія рахункі арганізацыі, што паралізавала працу аб'яднання.

У Саюз беларускіх пісьменнікаў у свой час уваходзілі лідскія літаратары: Валянцін Таўлай, Ніна Тарас, Данута Бічэль, Валер Санько, Крысціна Лялько, Ірына Багдановіч, Станіслаў Суднік, Уладзімір Васько, Пятро Макарэвіч, Алесь Стадуб, Леанід Лаўрэш.

Паводле СМІ.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX