Папярэдняя старонка: Ад Лідскіх муроў 10

ЛІТАРАТУРАЗНАЎСТВА 


Дадана: 17-08-2022,
Крыніца: Ліда, 2022.

Спампаваць




Лідскія пісьменніцы XVIII - XIX ст.

Леанід Лаўрэш

Ганна Патоцкая. Графіня Ганна Марыя Ева Апалонія Патоцкая, народжаная Скумін-Тышкевіч (26.03.1779, Варшава - 16.08.1867, Парыж) увайшла ў гісторыю як пісьменніца і мастачка. Ганна - дачка польнага літоўскага гетмана, вялікага літоўскага маршалка, графа Людвіка Скумін-Тышкевіча (†1809) і князёўны Канстанцыі Панятоўскай (1759-1830), сястры князя Станіслава Панятоўскага і пляменніцы апошняга караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У Літве кароль вырашыў абаперціся на Тышкевічаў. Адну з сваіх пляменніц, дачку князя Казіміра Панятоўскага, кароннага падкаморыя, выдаў замуж за Людвіка Тышкевіча, для другой, Тарэзы, дачкі Андрэя Панятоўскага, аўстрыйскага фельдмаршала, выбраў Вінцэнта Тышкевіча, літоўскага ардынарыя.

Скуміны-Тышкевічы - старажытны беларускі род з XVI ст. сцісла злучаны з Лідчынай. У XVIII ст. Тышкевічам на Лідчыне належалі Радуньскае, Эйшышскае, Васілішскае, Каняўскае і Дубіскае староствы. Бацька Ганны, Людвік Скумін-Тышкевіч, цэнтрам сваёй рэзідэнцыі выбраў маёнтак у Гародна, які ён атрымаў у спадчыну ад сваёй стрыечнай бабулі Саламеі Радзівіл. Зямельная маёмасць Людвіка Скуміна-Тышкевіча, падзеленая на дзве вялікія зоны, складалася з 65 вёсак. Добры гаспадар, трымаў свае маёнткі на высокім гаспадарчым узроўні. Ганна Тышкевіч, хоць і гадавалася ў сваёй беластоцкай цёткі Браніцкай, але, безумоўна, жыла і ў сямейным гняздзе Тышкевічаў Гародна.

Людвік Тышкевіч чакаў прыезду караля і, як кажа мясцовае паданне, на працягу аднаго года пабудаваў драўляны, вельмі прыгожы палац у класічным стылі па праекце архітэктара Ф. Эйсена. Палац звонку не вылучаўся нічым асаблівым, але ўсярэдзіне быў бліскуча і з добрым густам аздоблены. На ўпрыгожванне сядзібы Тышкевіч выдаткаваў вялікія сумы, запрашаючы мастакоў-дэкаратараў і майстроў, а таксама выпісваючы матэрыялы наўпрост з Парыжа. Кароль Станіслаў Панятоўскі ў Гародна так і не прыехаў, аднак будынак быў закончаны і, нягледзячы на гульню лёсу, дастаяў да Другой сусветнай вайны. У бібліятэчным пакоі палаца меліся чатыры кніжныя шафы. Акрамя бібліятэкі, Тышкевічы захоўвалі багаты архіў дакументаў (з 1470 г.) усіх уладальнікаў маёнтка і іншых асоб. Пасля 1831 г. частка кніг была перавезена ў Беласток у Інстытут паненак, які там ствараўся.


Ганна Тышкевіч гэтак пісала пра свайго бацьку. Працытую вялікі кавалак цікавага тэксту, які наўрад ці можна лічыць гістарычнай крыніцай: "Падчас апошняга падзелу ён далучыўся да невялікай колькасці асоб, якія адмовіліся падпісаць несправядлівы і зневажальны акт Таргавіцкай канфедэрацыі, прадыктаваны Расіяй. З-за гэтага адважнага ўчынку ўся яго маёмасць была секвестрована, але ён з цвёрдасцю, моўчкі падпарадкаваўся гэтаму суроваму прысуду - выніку яго непахіснай волі і патрыятызму.

Праз некалькі гадоў, каб выклапаціць захаванне старажытнага Літоўскага статута, Вялікае Княства Літоўскае паслала дэлегацыю ў Пецярбург да імператрыцы (у 1795 г. - Л. Л.). Дэпутацыя, якая складалася з самых знакамітых вяльможаў, была прынята Кацярынай з чароўнай ветлівасцю, пры дапамозе якой яна так па-майстэрску падкупляла сэрца ... дэпутаты былі ёй запрошаны ўдзельнічаць у пяці бліскучых прыёмах і лічылі сваім абавязкам не прапусціць ні аднаго з іх. І толькі мой бацька з'яўляўся да двара выключна, калі гэтага патрабавалі ўскладзеныя на яго абавязкі.

Імператрыца, здзіўленая і пакрыўджаная падобнымі паводзінамі бацькі, не магла ўтрымацца, каб не выказаць яму свайго незадавальнення, і рэзка заўважыла, што ён адзін не праяўляе цікаўнасці і не імкнецца ўбачыць усе цуды прыдворных святкаванняў. Не збянтэжыўшыся і як бы прымаючы кінуты яму папрок за выраз адмысловай Божай ласкі, бацька з глыбокім паклонам адказаў, што становішча, у якім знаходзіцца яго краіна, не дазваляе яму хаваць свае журботныя пачуцці і што, на яго думку, не варта азмрочваць бліскучых свят выглядам няўцешнага смутку. Хітрая Кацярына, адразу зразумела, што ўяўляе з сябе гэты чалавек, які адважыўся адказаць ёй падобным чынам і ўсклікнула, што нічым на свеце яна так не захапляецца, як незалежнымі і ўзвышанымі пачуццямі, і дадала:

- Як жанчына, я спачуваю тым няшчасцям, прадухіліць якія мне, як царыцы, перашкаджае суровая палітыка.

І перш чым выйсці, яна адкалола ад пояса малы гадзіннік, аздоблены смарагдамі і падала майму бацьку, просячы яго прыняць гэты падарунак як доказ сваёй незвычайнай павагі і захаплення высакароднымі паводзінамі графа. Пасля гэтага быў зняты секвестр з маёнткаў майго бацькі".

Сваю маці маладая графіня ўзгадвала разам з апошнім каралём Рэчы Паспалітай: "... я таксама каралеўскага роду ... мая маці была пляменніцай нашага апошняга караля - Станіслава-Аўгуста Панятоўскага. Высакародная фігура гэтага манарха, веліч яго манер, ласкавы і меланхалічны погляд, серабрыстыя валасы і прыгожыя, злёгку прыпухлыя рукі - усё гэта жыве ў маёй памяці. ...

Мая маці пайшла за каралём у Гародню, куды ён прымушаны быў адправіцца па патрабаванні рускай партыі. І там з акна маленькага пакойчыка, куды мяне пасялілі разам з гувернанткай, я кожную раніцу магла назіраць выезд палоннага караля. Рускія салдаты так напалохалі маё дзіцячае ўяўленне, што патрэбен быў увесь аўтарытэт маці, каб прымусіць мяне пераступіць парог пакоя, - хоць і не без супраціву і слёз з майго боку. ...

Пры іншых абставінах Панятоўскі з годнасцю займаў бы пасад. Яго валадаранне склала эпоху ў навуковых летапісах. Ён уваскрэсіў густ да мастацтва i літаратуры, задушаных уладай саксонскіх курфюрстаў, грубасць якіх спарадзіла па ўсёй краіне пагібельную рэакцыю.

Станіслаў Панятоўскі, наадварот, знаходзіў задавальненне ў высакародных і карысных занятках і амаль увесь свой вольны час праводзіў у коле навукоўцаў і мастакоў. Шырокая і рознабаковая адукацыя злучалася ў ім з вытанчаным густам і розумам, поўным зачаравання. ... Ён меў высакароднае і ўзвышанае сэрца, велікадушна дараваў сваім ворагам, часта не ведаючы межаў сваім дабрадзействам; але прырода, якая гэтак шчодра адарыла яго як чалавека прыватнага, адмовіла яму, як уладару, у тым, без чаго нельга валадарыць: у сіле характару і цвёрдай волі.

Пасля таго, як кароль з'ехаў у Пецярбург, мы вярнуліся ў Беласток, дзе жыла мая цётка, кракаўская кашталянка - удава кракаўскага кашталяна графа Браніцкага і сястра караля Станіслава-Аўгуста Панятоўскага ...".


Адукаваная, начытаная дзяўчынка, адзіная дачка ў сям'і і спадчынніца дзвюх вялікіх маёмасцяў, была засватана ў чатырнаццаць гадоў за роднага дзядзьку, які меў ужо каля шасцідзесяці гадоў. На шчасце, вяселле не адбылося.

Хатняя адукацыя маладой графіні была настолькі выдатнай, што Анетка (так звалі яе ў маладосці) лічылася інтэлектуалкай варшаўскіх салонаў. Панна Тышкевіч нават у бліскучым атачэнні вызначалася надзвычайным розумам - хуткім і зласлівым, мела добры густ і цвярозыя меркаванні аб рэчах і людзях. Але графіня да канца жыцця дасканала не ведала ні польскай, ні французскай моваў, і яе правапіс пакідаў жадаць лепшага.

Значна лепш яна была адукавана ў галіне выяўленчага мастацтва, у якім маладая графіня Тышкевіч мела пэўны талент. Моднаму ў той час малюнку, падчас яе знаходжання ў Дрэздане і Вене ў 1795 г., Анетку вучыў французскі жывапісец і гравёр Ігнацы Дзюўе (1758-1832). З 1797 г. Ганна брала ўрокі ў Зыгмунта Фогеля (1764-1826) - мастака і кабінетнага рысавальніка караля Станіслава Аўгуста і, верагодна, брала таксама ўрокі ў Яна Пятра Норбліна.

Горш было з жаночай прыгажосцю, якая, здаецца, не адпавядала вялікай жаноцкай прывабнасці Анеткі. Мастачка, калекцыянерка, аўтарка прац па археалогіі Наталля Ганна Кіцкая з Біспінгаў (1801-1888), якой маладая графіня не падабалася, паведамляла ў сваіх мемуарах: "Вельмі сутулая (па-польску - "garbata", не ведаю, можа і сапраўды гарбатая, а не сутулая - Л. Л.), у меру сімпатычная з рэзкай кемлівасцю і нястрыманым фліртам, да трыццаці гадоў яна не магла знайсці дастаткова смелага мужчыну, які б ажаніўся з ёй". Нават калі меркаванне Наталлі Кіцкай было не вельмі аб'ектыўным, яно сведчыць, што Анетка не была прыгажуняй і, магчыма, не карысталася вялікай сімпатыяй свайго кола.

"Пад уплывам вялікіх паэтаў мой розум і сэрца былі перапоўненыя нейкім дзіцячым захапленнем. Я марыла пра герояў Расіна ці рыцараў ..., аб глыбокай жарсці, аб раптоўнай сімпатыі, аб вялікіх і высакародных подзвігах ... І я чакала! Але калі ўбачыла, што час праходзіць і не з'яўляюцца ні Брытанік, ні Ганзальё Кардуанскі, і нават наўрад ці з'явіцца Грандысан, вырашыла сысці з аблокаў на зямлю, з сумам думаючы, што, хутчэй за ўсё, давядзецца, як і ўсім, дзеля прыстойнасці, па разліку выйсці замуж", - пісала Ганна пра сваю маладосць.

27 траўня 1805 г. у віленскім касцёле св. Яна адбыўся шлюб Ганны Тышкевіч з графам Аляксандрам Станіславам Патоцкім. Разлік збольшага апраўдаўся: Аляксандр Патоцкі лічыўся адной з лепшых партый у Польшчы. Ён быў сынам графа Станіслава Косткі Патоцкага, і адносіны Ганны са свёкрам склаліся надзвычай добра, маладая нявестка была ў захапленні і мела моцную прыхільнасць да бацькі свайго мужа, але стасункі са свякрухай не склаліся, і таму адносіны з мужам таксама пачалі разбурацца.

Трэба заўважыць, што маладая сям'я жыла ў прыгожым Вілянаўскім палацы Варшавы, які быў пабудаваны ў 1677-1698 г. для караля Яна Сабескага і з'яўляецца шэдэўрам барока. У 1805 г. Станіслаў Костка Патоцкі адкрыў у палацы адзін з першых у Польшчы музеяў. Таксама Патоцкія перабудавалі прыдворны касцёл св. Ганны і збудавалі побач з палацам фамільную пахавальню.

Адразу пасля свайго замуства Ганна Патоцкая многа малявала і нават атрымала вядомасць праектамі паркаў, у тым ліку ў Наталіне, у Заторы і Мокатаве (у гэтым парку зараз гуляе мой унук). У двух апошніх парках яна перабудавала рэзідэнцыі ў духу рамантызму (стылю неаготыкі). Таксама была ініцыятаркай і сузаснавальніцай помніка князю Юзафу Панятоўскаму ў Варшаве. Шмат у чым у сваёй адукацыі Ганна была абавязана сваёй свякрусе - дасведчанаму спецыялісту ў жывапісе і антычнасці.

Падарожнічаючы па Еўропе, маладая замужняя жанчына Ганна Патоцкая наведвала майстэрні вядомых мастакоў, знаёмілася з экспазіцыямі музеяў і прыватных калекцый. У 1810-1811 гг. у Парыжы яна вывучала жывапіс мастакоў Жака-Луі Давіда, Анэ-Луі Жырадэ дэ Трыёсан і Франсуа Жэрара, а таксама пазнаёмілася з генеральным дырэктарам Збораў мастацкіх калекцый Дамінікам Віванам Дэнонам. Разам з генеральным дырэктарам яна вывучала яго прыватныя калекцыі і наведвала Луўр. Свае ўражанні Ганна ўвекавечыла ва "Успамінах відавочцы" [1], напісаных праз шмат гадоў. Між іншым, у гэтай кнізе чытаем пра яе зачараванне падчас агляду ў калекцыі Дэнона ад "малюсенькай лапкі [егіпецкай] муміі, такой цудоўнай, такой мілай, так прыгожа пацямнеўшай за стагоддзі, што захацелася скрасці яе і зрабіць прэс-пап'е для кабінета".

Ганна Патоцкая таксама паспрабавала свае сілы ў гравюры, тут яна выкарыстоўвала любімую аматарамі тэхніку афорту. У гэтай тэхніцы па сваіх уласных малюнках яна зрабіла некалькі гравюр: "Выгляд фантана ў Лазенках" і "Від на плошчу Жыгімонта ў Варшаве" (абедзве падпісаны і датаваны: Вена, 1795), а таксама гравюру руінаў царквы ў Гародні. Маладая жанчына малявала віды гарадоў, складала архітэктурныя праекты, малявала пейзажы і кніжныя ілюстрацыі. Калекцыя сям'і Патоцкіх у Вілянава, сярод іншага, мела яе атмасферныя ілюстрацыі да чацвёртага раздзела рамана Эн Рэдкліф "Удольфскія таямніцы" (The Mysteries of Udolpho). Гэтыя ілюстрацыі зараз знаходзяцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы.


У часы Варшаўскага княства пад французскім пратэктаратам Ганна мела сувязь з прыгожым (па агульным меркаванні) Артурам Патоцкім. Пазней нейкія адносіны звязвалі яе з Каралем Флахаўтам, з якім яна пазнаёмілася ў Варшаве ў 1807 г.

Асаблівага кахання паміж мужам і жонкай не было, Патоцкія пражылі разам больш за дзесяць гадоў, нарадзілі траіх дзяцей: двух сыноў і дачку (Аўгуста, Маўрысія і Наталлю, якая выйшла замуж за князя Сангушку), у 1821 г. мірна развяліся, і абодва ўступілі ў новыя шлюбы.


У 1826-1827 гг., пасля разводу з Аляксандрам Патоцкім, Ганна падарожнічала па Італіі і напісала кнігу. Толькі ў 1899 г. рукапіс кнігі "Падарожжа па Італіі" быў апублікаваны ў Парыжы Казімірам Стрыенскім.

Другім мужам Ганны стаў палкоўнік граф Станіслаў Дунін-Вансовіч (1785-1864), які ў 1812 г. быў лейтэнантам імператарскай гвардыі і перакладчыкам пры паходнай канцылярыі Напалеона (некаторыя аўтары пішуць, што ён з'яўляўся адным з ад'ютантаў Напалеона). Гэты шлюб, несумненна, азначаў пэўнае паніжэнне сацыяльнага і сяброўскага становішча, і жонка палкоўніка, нягледзячы на тое, што да другога шлюбу мела свой салон у сталіцы, пакінула свецкае жыццё. Мемуарысты пісалі пра яе ўсё меней, але былі і выключэнні, якія варта працытаваць: "... яна выйшла замуж за Вансовіча, чалавека з праўдзівым і шчырым характарам. Ён трымаў яе цвёрда, не дазваляў ёй заляцацца і какетнічаць, нагадваў пра яе ўзрост, і таму ніхто ўжо больш не пакутаваў ад яе рэзкай дасціпнасці", - пісала ўсё тая ж Наталля Кіцкая.

У другім шлюбе нарадзілася дачка Мацільда. Гэты шлюб быў значна шчаслівейшым, чым першы, але сужэнцам давялося з'ехаць у эміграцыю: Вансовіч актыўна ўдзельнічаў у паўстанні 1831 г. З 1851 г. графіня Ганна Дунін-Вансовіч разам з мужам жыве ў Парыжы, і яе парыжскі салон лічыцца адным з самых бліскучых у Другой французскай імперыі. Графіня цалкам аддалілася ад так званай Вялікай эміграцыі і яе знакамітага штаба - гатэля "Ламбер". Тым не менш яна працягвала цікавіцца палітыкай, чытала літаратурныя навіны і часта гуляла на біржы. Верагодна, апошні ўспамін пра графіню Вансовіч паходзіць з 1863 г.: "... Мяне ўразіў бляск яе вачэй, якія захавалі нешта ад яе маладосці" (гэты радок быў выкраслены з прадмовы да яе ўспамінаў выдаўцом Казімірам Стрыенскім).

Апошняя графічная выява Ганны Патоцкай-Вансовіч - літаграфія жывапісца Фларыяна Ліпінскага (1812-1882), датавана 1836 г. і грунтуецца на малюнку мініяцюрыста і венскага партратыста Ёгана Непамука Эндэра (1793-1854). У рысах твару амаль што 60-ці гадовай жанчыны, апранутай у карункавы капот і захутанай ў муслінавы вэлюм, цяжка пазнаць маладую і жывую Анетку, увекавечаную на знакамітым партрэце Юзафа Грасі (1794) і ў мініяцюры Вінцэнта Лясэра, якая паўтарае гэты партрэт.

Памерла Ганна Патоцкая-Вансовіч у Парыжы 16 жніўня 1867 г.


У 1897 г., праз трыццаць гадоў пасля смерці Ганны Патоцкай-Вансовіч, у Парыжы былі апублікаваны яе ўспаміны [2]. У іх графіня Патоцкая (выдавец вывеў аўтарку пад прозвішчам, якое яна мела ў перыяд, апісаны ў мемуарах) распавядае пра Напалеона І і Аляксандра I, цікава апісвае імператрыцу Марыю-Луізу, маршала Мюрата, Паліну Баргезе, Талейрана, герцага Басано, вялікага князя Канстанціна, Навасільцава, князя Юзафа Панятоўскага, графіню Валеўскую і іншых. Хутка мемуары Ганны Патоцкай былі перакладзены на рускую мову [3], пасля чаго неаднаразова перавыдаваліся. Як я ўжо пісаў вышэй, таксама пасмертна, у 1899 г. былі апублікаваны яе дарожныя запіскі пад назвай "Voyage en Italie" ("Падарожжа ў Італію").


У канцы артыкула яшчэ раз скажу пра радавы маёнтак Тышкевічаў Гародна на Лідчыне (сучасны Воранаўскі р-н). Пасля смерці Людвіка Скумін-Тышкевіча ў 1808 г. усю вялікаю маёмасць бацькі атрымала ў спадчыну ягоная адзіная дачка Ганна Патоцкая. Тастамантам ад 1867 г. яна перапісала Гародна сыну ад першага шлюбу Маўрысію Патоцкаму (1812-1879), пасля смерці якога, у 1880 г. уся маёмасць перайшла наступнаму спадчынніку графу Аўгусту Патоцкаму.

Сусед Аўгуста Патоцкага, сын уладальніка маёнтка Лябёдка Тадэвуш Іваноўскі (брат Вацлава Іваноўскага), успамінаў: "Самым вялікім з магнацкіх быў двор графа Аўгуста Патоцкага ў Гародна. Гэты апошні з усімі фальваркамі і лясамі займаў некалькі дзесяткаў тысяч гектараў. Ва ўласных маёнтках гэтыя багачы не жылі - праводзілі час у Варшаве ці за мяжой. Мелі давер да сваіх эканомаў, чыім абавязкам было выцісканне з двароў і дасыланне ўладальнікам максімальных даходаў. Пан з візітам прыязджаў рэдка, заставаўся на некалькі дзён і зноў з'язджаў. Менавіта так рабіў знаны гуляка, уладальнік Гародна Аўгуст Патоцкі, які мог за адну ноч прайграць у карты свой найлепшы фальварак. Таму яго маёмасць растала, як вясновы снег: першымі былі прададзены лясы, а сапраўдную каралеўскую рэзідэнцыю за малыя грошы купіў рускі генерал ..."

Напрыканцы ХІХ ст. Аўгуст Патоцкі прадаў маёнтак разам з кніжнымі зборамі і архівамі рускаму генералу Асатураву, ад якога маёнтак перайшоў да графа Ігнаццева і далей - да генерала Кіпрыяна Кандратовіча, будучага міністра абароны БНР. У той час маёнтак складаўся з 23 200 дзесяцін зямлі і 15 фальваркаў, але Кандратовічы купілі толькі ягоную частку разам з Гароднам.


Графіня Сафія дэ Шуазёль-Гуф'е, народжаная Тызенгаўз (1790-1878) - фрэйліна рускай імператрыцы, аўтарка шэрагу гістарычных раманаў і мемуарыстка. Пакінула каштоўныя ўспаміны пра часы царавання Аляксандра I, вайну 1812 года і замежныя паходы рускай арміі ў 1813-1814 гг.

Сафія Тызенгаўз нарадзілася на Лідчыне ў маёнтку Жалудок, які тады ўваходзіў у склад Рэчы Паспалітай. Праз пяць гадоў пасля яе нараджэння праз трэці падзел Рэчы Паспалітай наш горад быў далучаны да Расійскай імперыі. Сафія з'яўлялася дачкой апошняга шэфа літоўскай гвардыі графа Ігната Тызенгаўза (1760-1822) ад яго шлюбу з Мар'янай Пшаздзецкай (1763-1843). Па маці была ўнучкай літоўскага падканцлера Тадэвуша Антонія Пшаздзецкага і пляменніцай княгіні Алены Радзівіл (з Пшаздзецкіх) - жонкі віленскага ваяводы Міхала Ераніма Радзівіла.

Бацькі развяліся, калі Сафія была яшчэ дзіцём, і таму яна вырасла ў маёнтку сваіх сваякоў недалёка ад Вільні. Атрымала добрую хатнюю адукацыю, якая адпавядала яе арыстакратычнаму статусу, акрамя стандартных агульнаадукацыйных прадметаў, вывучала музыку і маляванне. Хатнім настаўнікам малявання юнай Сафіі быў вядомы мастак, будучы прафесар жывапісу Віленскага ўніверсітэта Ян Рустэм. У доме Сафіі гаварылі па-французску, і гэтая мова для яе была роднай.

Вясной 1812 г. маладая графіня пазнаёмілася з расійскім імператарам Аляксандрам I. Паміж імі склаліся сяброўскія адносіны, якія падтрымліваліся да канца жыцця расійскага манарха. Адна з нешматлікіх прадстаўнікоў нашай арыстакратыі Сафія Тызенгаўз атрымала прыдворнае жаночага званне фрэйліны світы расійскіх імператрыц Лізаветы Аляксееўны (жонкі Аляксандра I) і Марыі Фёдараўны (маці Аляксандра I) і атрымала права нашэння адпаведнага фрэйлінскага шыфра (дыяментавай заколкі ў выглядзе манаграмы імператрыц), пра што пісала ў сваіх успамінах.

Калі прыйшлі французы, маладая жанчына разам з іншымі прадстаўнікамі шляхты, сустракалася з Напалеонам. Потым графіня пісала, як яна адкрыта дэманстравала свае сімпатыі да расійскага двара - на сустрэчу з Напалеонам прынцыпова прыйшла ў сукенцы з дыяментавым фрэйлінскім шыфрам з манаграмамі расійскіх імператрыц. Імператар Францыі быў цывілізаваным чалавека і публічна адобрыў гэты жэст Сафіі. Нягледзячы на адабрэнне Напалеонам, гэты учынак чамусьці зрабіў Сафію вельмі папулярнай у рускім грамадстве і арміі.

Пасля вяртання рускай арміі, галоўнакамандуючы фельдмаршал Міхаіл Кутузаў наведаў графіню Сафію Тызенгаўз, з якой быў знаёмы раней. Ён ухваліў паводзіны маладой графіні і даў у яе гонар вечар у Вільні, на якім усяму расійскаму генералітэту прадставіў Сафію такімі словамі: "Вось маладая графіня, якая надзела шыфр на сустрэчу з Напалеонам".

Кажучы сучаснай мовай, графіня Сафія Тызенгаўз добра валодала высокім мастацтвам піяру. Вядома, што ў той час пры рускім штабе ў Вільні было шмат маладых жанчын авантурнага складу. Дастаткова толькі ўзгадаць другую нашу зямлячку Юлію Лабаржэўскую з Нарбутаў, якая потым стала жонкай адмірала і міністра Шышкова. Каб зразумець атмасферу баляў Кутузава ў Вільні 1812 г., працытую вядомага віленскага мемуарыста Станіслава Мараўскага пра Юлію з Нарбутаў: "Прайшла яна ўсе каляіны жыцця і скончыла яго на высокай грамадскай прыступцы, на якой усе яе памылкі адышлі ў нябыт ... Была гэта жанчына qui a fait tout, mais tout [4] у сваім жыцці, аж да выдзірання з шпагі герцага Вюртэмбергскага вялізнага дыямента падчас балю ў Кутузава ў Вільні. Князь Кутузаў-Смаленскі, які быў закаханы ў яе тады да смерці, на самой справе выпрасіў у яе на раніцу гэты дыямент і вярнуў яго герцагу, аднак, нягледзячы на сакрэт, уся Вільня пра тое ведала". Мараўскі таксама ўспамінаў, што, перш чым зрабіцца жонкай Шышкова, "сп. Лабаржэўская з дому Нарбутаў прайшла праз рукі, сэрца і кішэню князя Кутузава-Смаленскага, у той час генерал-губернатара Вільні, і некалькіх яшчэ спадароў у Пецярбургу, а пры канцы выйшла замуж за міністра асветы, адмірала Шышкова" [5].


Трэба ведаць тагачасныя настроі нашай шляхты, а для гэтага дастаткова нагадаць лёсы родных братоў Сафіі - Канстанціна і Рудольфа Тызенгаўзаў, якія са зброяй у руках ваявалі на баку Напалеона. 19-ы пяхотны полк арміі ВКЛ сфармаваў і ўзначаліў 26-гадовы палкоўнік граф Канстанцін Тызенгаўз, а яго брат граф Рудольф Тызенгаўз на свае грошы сфармаваў конна-артылерыйскую роту. Канстанцін Тызенгаўз разам са сваім палком мужна змагаўся пад Вільняй, Кёнігсбергам, прымаў удзел у знакамітай абароне цвердзі Модлін, а потым і ў бітвах у Германіі. У 1813 г. ён быў узнагароджаны французскім Крыжам Ганаровага Легіёна. Вайна для яго скончылася толькі вясною 1814 г. Канстанцін Тызенгаўз спачатку застаўся ў гарадку Клярмон, а пасля ўказу аб амністыі Аляксандра І ад 30 жнiўня 1814 г. вярнуўся ў Паставы, якія атрымаў у спадкі. Дадам, што Канстанцін Тызенгаўз - заснавальнік айчыннай арніталогіі. Другі брат, Рудольф Тызенгаўз, атрымаў у спадчыну Жалудок.

Не дзіва, што яшчэ да 1812 г. у адным са сваіх першых аповедаў "Ванда і Радыгер" Сафія Тызенгаўз выказвала надзею на адраджэнне Напалеонам яе радзімы - Рэчы Паспалітай. Пазнейшыя паводзіны і мемуары Сафіі дазволілі захаваць сямейную маёмасць, і трэба адзначыць, што гэтая жанчына была прыроджаным дыпламатам.

Але пойдзем далей.

Пасля вайны, ва ўзросце 28 гадоў, Сафія выйшла замуж за графа Антонія Людвіга Актавія дэ Шуазёль-Гуф'е (1773-1840). Бацька Антонія Людвіга, французскі дыпламат, член французскай акадэміі навук Агюст дэ Шуазёль-Гуф'е (1752-1817), падчас французскай рэвалюцыі быў амбасадарам у Канстанцінопалі і, не прызнаўшы новыя ўлады, атрымаў запрашэнне жыць у Пецярбургу. На пачатку імператрыца Кацярына ІІ абяцала французскаму навукоўцу пасаду прэзідэнта Акадэміі навук, але потым з-за прыдворных інтрыг, страціла да яго цікавасць. Пасля смерці імператрыцы, новы імператар Павел І палічыў, што Агюст дэ Шуазёль-Гуф'е быў пакрыўджаны яго маці і надаў французу вялікі маёнтак у Літве.

Шлюб адбыўся 3 лютага 1818 г. ў касцёле св. Мацея каля маёнтка Рокішкі (зараз - Рокішкіс у Літве). Хрышчоным бацькам адзінага сына графіні Аляксандра (1821-1896) быў расійскі імператар Аляксандр I.

Графіня разам з мужам жыла ў Францыі, дзе яе прадставілі двару караля Людовіка XVIII. Была асабіста знаёма з Аляксандрам Дзюма-бацькам і многімі іншымі віднымі еўрапейскімі пісьменнікамі свайго часу. У 1829 г. атрымала французскае грамадзянства.

Шлюб яе быў не вельмі шчаслівым, і, аўдавеўшы, кожную зіму графіня Сафія дэ Шуазёль-Гуф'е шмат падарожнічала па Еўропе, а летам і вясной яна жыла ў сваім маёнтку Плацеляй, дзе перабудавала цэнтральны дом маёнтка. Яшчэ ў 1816 г. па загаду графа дэ Шуазёль-Гуф'е тут было створана адно з самых вялікіх у сучаснай Літве вадасховішчаў, т. зв. Плацеляйскае возера.

Вядомы віленскі доктар медыцыны Юльян Цітыюс пісаў пра графіню дэ Шуазёль-Гуф'е ў Вільні. Ішоў апошні год перад паўстаннем 1863 г., баль з удзелам цара быў праігнараваны, і на яго прыйшлі толькі некалькі мясцовых арыстакратаў: "Дайшло да таго, што Назімаў быў прымушаны папярэдзіць Аляксандра ІІ … Назімаў жадаў зрабіць баль для высокага госця і прыбыўшага з ім вялікага князя Саксен-Веймарскага (стрыечнага брата цара), князя Гесэн-Касельскага (швагер цара) і двух прускіх князёў у памяшканні цывільнага губернатара, бо свой палац ён уступіў цару. Я быў на тым бале і бачыў толькі некалькі мясцовых дам. Цар танцаваў з імі паланезы і доўга размаўляў са старой сяброўкай Аляксандра І, знакамітай пісьменніцай, графіняй Шуазёль-Гуф'е (з Тызенгаўзаў)".

У апошнія гады жыцця графіня Сафія дэ Шуазёль-Гуф'е жыла ў Ніцы, дзе і памерла 28 траўня 1878 г.

Нарадзіўшаяся на Лідчыне Сафія дэ Шуазёль-Гуф'е, лічыцца адной з першых жанчын-пісьменніц у гістарычнай Літве. Мы без сумнення можам лічыць яе і часткай нашай культуры, бо была яна сапраўднай еўрапейкай, наўрад ці сама сябе прывязвала да нейкай часткі Еўропы і пісала на французскай мове. Большая частка зробленага ёй - гістарычныя раманы, якія заснаваны на рэальных падзеях і прысвечаны жыццю сучасных ёй жанчын.

Цікавай гістарычнай крыніцай з'яўляецца кніга "Успаміны графіні Шуазёль-Гуф'е пра імператара Аляксандра I і імператара Напалеона" (1-е выданне - 1829 г., гэтая кніга ёсць у інтэрнэце). Значная ўвага ў мемуарах графіні нададзена імператарам Аляксандру I і Напалеону I, а таксама фельдмаршалу Міхаілу Кутузаву, з якімі графіня была асабіста знаёмая. Таксама расказана пра лёс Вільні падчас вайны 1812 г.

Няпоўная бібліяграфія Сафіі дэ Шуазёль-Гуф'е:

1. Reminiscences sur l'empereur Alexandre Ier et sur l'empereur Napolеon Ier (1862).

2. Шуазель-Гуфье София. Исторические мемуары об Императоре Александре и его дворе. С.-Петербург, 1829.

3. Воспоминания об императоре Александре I и императоре Наполеоне I графини Шуазель-Гуфье. С.-Петербург, 1879.

4. Воспоминания об императоре Александре I и императоре Наполеоне I графини Шуазель-Гуфье. Москва, 2007.

5. Reminiscencijos apie imperatoria Aleksandra I ir apie imperatoria Napoleona I (2004)

6. София Шуазель-Гуфье: Исторические мемуары об императоре Александре и его дворе. Библиотека проекта Б. Акунина ИРГ. Москва, 2020.

7. Barbe Radziwil, roman historique (par la Ctesse de Choiseul-Gouffier). Paris, 1820.

8. Vladislas Jagellon et Hedwige, ou la Reunion de la Lithuanie a la Pologne, nouvelle historique (1382), par Mme la Ctesse de Choiseul-Gouffier. Paris , 1824.

9. Le Nain politique, roman historique, par Mme la Ctesse de Choiseul-Gouffier, nee Ctesse de Tisenhaus, 1826.

10. Memoires historiques sur l'empereur Alexandre et la cour de Russie, publies par Mme la Ctesse de Choiseul-Gouffier, nee Ctesse de Tisenhaus. Paris, 1829.

11. Halina Oginska, ou les Suedois en Pologne, par la Csse de Choiseul-Gouffier, nee Csse de Tisenhauz. Paris, 1839.



[1] Wspomnienia naocznego swiadka (cz. 1-3), oprac. B. Grochulska; przekl. J. R. przejrzala i uzupelnila na podst. rekopisu: sygn. 308a Z. Lewinowna. Warszawa) 1965.

[2] Memoires de la comtesse Potocka (1794-1820), publies par Casimir Strienski. Paris. 1897.

[3] Гл: Мемуары графини Потоцкой // Исторический вестник, № 4. 1897.

[4] Якая рабіла ўсё, але гэта ўсё. (фр.)

[5] Гл: Лаўрэш Леанід. Юлія Шышкова з лідскіх Нарбутаў // Маладосць. 2019. № 6. С. 114-122.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX