Папярэдняя старонка: ПРОЗА

Уладзімір Калеснік 


Дадана: 17-08-2022,
Крыніца: Ліда, 2022.

Спампаваць




Пошукі Таўлая

Валянцін Таўлай - асоба, якая на сённяшні дзень цікавіць многіх літаратуразнаўцаў. І з кожным разам, калі знаходзіш, здаецца, нязначную драбніцу, якая мае сувязь з яго творчасцю і самім жыццём, займае дух. Без сумневу, шмат загадак стаіць за гэтай асобай, за гэтым мужным патрыётам, адданым сынам беларускай зямлі. Чалавек-канспіратар, чалавек з добрым сэрцам…

Не дарэмна, што па творчасці Валянціна Таўлая пішуць драматычныя творы, як напрыклад, у Міколы Арочкі "Сцэны з драматычнай паэмы "Шляхі і краты"", змешчаныя ў зборніку "Дзень паэзіі - 84". А супрацоўнікі Дома Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея ствараюць інсцэніраваныя аповеды "У Таўлая пабываем…", дзе ў галоўных ролях самыя музейшчыкі пераўвасабляюцца ў паэта Валянціна Таўлая і яго жонку Кіру Бранд.

У архіве "Белтэлерадыёфонда" захоўваецца дакументальны фільм "Яго напевам выпаў слаўны лёс.... В. Таўлай", які быў зняты ў 1981 годзе, і дзе дзеляцца сваімі ўспамінамі людзі, якія добра былі знаёмыя з паэтам: Ніна Загорская, Людміла Здановіч, Галіна Таўлай, Ірына Раснянская, Сафія Таўлай, Вера Таўлай, Уладзімір Калеснік, Якуб Міско, Янка Брыль, Мікола Арочка.

17 верасня 2021 года была абвешчана Літаратурная прэмія імя Валянціна Таўлая на лепшы патрыятычны твор. Палажэнне аб прэміі зацверджана на бюро Лідскага раённага камітэта БРСМ.

Вядомыя мастакі, скульптары стваралі і ствараюць мастацкія работы паводле жыцця і дзейнасці паэта. Дзеляцца ўспамінамі ў сваіх мемуарах пісьменнікі, лёсы якіх перасякаліся з творцам падчас розных жыццёвых абставінах. Валянціну Таўлаю прысвячаюць творы. Адзін з такіх, найбольш значных твораў, быў напісаны вядомым беларускім літаратуразнаўцам Уладзімірам Калеснікам, які ў сваёй аўтабіяграфіі "Сваім следам" за 23 лістапада 1964 года пазначыў: "Зараз працую над дакументальнай аповесцю пра Валянціна Таўлая…".

Гэты твор - "Аповесць пра Таўлая" быў надрукаваны ў часопісе "Полымя" ў № 10 за 1964 г., у № 8 за 1965 г., у № 9 за 1965 год. Акрамя гэтага, газета "Літаратура і мастацтва" ў 1969 годзе ў нумары за 21 лютага змясціла на сваіх старонках таксама ўрывак з гэтай аповесці (так пазначана яе аўтарам Уладзімірам Калеснікам), які чамусьці не ўвайшоў у сам твор, што быў змешчаны ў "Полымі". Гэтую аповесць і ўрывак з яе цудам удалося знайсці. Аналіз тэксту наводзіць на думку, што гэта толькі частка поўнай аповесці пра Таўлая. Недзе, можа, у архівах павінна быць другая частка, якая выводзіць падзеі непасрэдна на паказаныя ва ўрыўку.

Рэдкалегіяй літаратурна-мастацкага зборніка "Ад лідскіх муроў" было вырашана адшуканыя часткі твора змясціць нанова для шырэйшага кола чытачоў, каб заахвоціць да пошуку той часткі, што адсутнічае.

Алесь Хітрун

Алесь Хітрун нарадзіўся 17 жніўня 1982 года ў вёсцы Крупава Лідскага раёна. Скончыў Крупаўскую сярэднюю школу (9 класаў), скончыў Лідскае ПТВ-196 (майстар сельгаспрадпрыемства), музычную школу (клас баяна), завочна - філалагічны факультэт Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (выкладчык беларускай мовы і літаратуры). Працаваў у прыватных фірмах на дрэваапрацоўцы, на будоўлі. Цяпер працуе ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі навуковым супрацоўнікам літаратурнага аддзела. З'яўляўся кіраўніком літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты" (са студзеня 2012 па люты 2019). Друкаваўся ў часопісах "Маладосць", "Вожык", "Вясёлка", "Лідскі летапісец", у гадавіку "Галасы", у газетах "ЛіМ", "15 суток", "Гродненская правда", "Маладзёжны кур'ер", "Звязда", "Настаўніцкая газета", "Принеманские вести", "Лідская газета", "Наша слова", у зборніку "Ад лідскіх муроў". Фіналіст і лаўрэат ІІ Міжнароднага маладзёжнага фестывалю-конкурсу паэзіі і паэтычных перакладаў "Берега дружбы" (Расія, Растоўская вобласць, Няклінаўскі раён, сяло Пакроўскае) у 2017 годзе. Піша вершы, апавяданні, гумар, перакладае вершы на беларускую мову, займаецца краязнаўствам, даследуе фальклор.


Уладзімір Андрэевіч Калеснік (17 верасня 1922, в. Сіняўская Слабада, Карэліцкі раён, Гарадзенская вобласць - 15 снежня 1994, Берасце) - беларускі літаратуразнавец і крытык. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Заслужаны работнік вышэйшай школы БССР (1979). Кандыдат філалагічных навук, прафесар (1983).

Скончыў філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута (1949), аспірантуру пры гэтым інстытуце. З 1952 года - загадчык кафедры літаратуры Бабруйскага настаўніцкага інстытута (1952-1954), затым у Берасцейскім педагагічным інстытуце з 1956 г. - загадчык кафедры беларускай мовы і літаратуры. Узначальваў Берасцейскае літаратурнае аб'яднанне. Сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі (з 1960), быў сакратаром яго аддзялення ў Берасці.

Літаратурную дзейнасць пачаў з 1952 як крытык. Выдаў кнігі "Паэзія змагання: Максім Танк і заходнебеларуская літаратура" (1959), "Час і песні" (1962), "Зорны спеў" (1975), "Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі" (1977), "Максім Танк" (1981), "Лёсам пазнанае" (1982), "Тварэнне легенды" (1987), "Янка Брыль" (1990), "Усё чалавечае" (1993). Складальнік зборнікаў паэзіі Заходняй Беларусі "Сцяг і паходні", "Ростані волі". Даследаваў заходнебеларускую літаратуру, адкрываючы яе як грамадскі і эстэтычны феномен у беларускай літаратуры 1920-х гадоў. Аўтар дакументальна-мастацкіх твораў пра В. Таўлая ("Аповесць пра Таўлая", 1964-1965), заходнебе-ларускага рэвалюцыянера і публіцыста А. Альшэўскага ("Пасланец Праметэя", 1979). Адзін з аўтараў дакументальнай кнігі "Я з вогненнай вёскі…" (1975, з А. Адамовічам і Я. Брылём). Працы Уладзіміра Калесніка выдзяляюцца высокай творчай культурай, глыбінёй даследчыцкай думкі, імкненнем да аб'ектыўнасці і шматбаковасці даследавання, уменнем стварыць жывыя творчыя партрэты грамадскіх і літаратурных дзеячаў. Аўтар шматлікіх вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў для студэнтаў педінстытутаў і ўніверсітэтаў.

Быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, "Знак Пашаны", Дружбы народаў, а таксама медалямі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа за ўдзел у напісанні двухтомнай "Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры" і "Гісторыі беларускай савецкай літаратуры" і літаратурнай прэміі імя І. Мележа (1994).

АПОВЕСЦЬ ПРА ТАЎЛАЯ

(твор быў змешчаны ў часопісе "Полымя" за № 10, 1964 г., №№ 8-9, 1965 г.)

Уладзімір Калеснік

Фрагменты

Слова аўтара

Я хачу пісаць пра Валянціна Таўлая, хоць, прызнацца, хвалююся і нават крыху трывожуся. Мабыць, не ў мяне першага, не ў мяне апошняга такія пачуцці. Жыццё і творчасць чалавека, які, маючы пятнаццаць гадоў, паспеў стаць рамантычнай фігурай у літаратуры былой Заходняй Беларусь, юным Гaўрошам яе ідэйных барыкад, а ў сталым узросце, перажыўшы незвычайныя выпрабаванні лёсу, застаўся сціплым, ветлым, лагодным, свойскім хлопцам, - вабіла і, відаць, абнясмельвала літаратараў. Пра Таўлая пісалі і пішуць нямала, але ўсё яшчэ няма твора, які б сабраў у адно жыццё і творчасць гэтага самабытнага чалавека.

Мне здаецца, што гэта не выпадкова. У Валянціне Таўлаі я бачу праяву складаных сувязей паміж грамадзянскім і паэтычным самасцвярджэннем асобы мастака ў свеце. Калі паэт актыўна дзейнічаў на грамадска-палітычнай арэне як рэвалюцыянер, духоўная аддача паступала толькі ў адно рэчышча, і яму здавалася, што ён поўнасцю выяўляе сябе ў справах і думках, аформленых у публіцыстычныя творы. Але памяць збірала і захоўвала яшчэ іншыя ўражанні - эстэтычныя. Каб ператварыць іх у вобразы і творы, Таўлаю патрэбны былі абставіны спакою, калі розум мог засяродзіцца на найтанчэйшых душэўных эмоцыях, з якіх снаваліся вершы.

Складанасць суадносін паміж жыццём і творчасцю паэта надаўміла мяне ўжыць розныя жанры у адной працы: для апісання жыцця Валянціна Таўлая, поўнага амаль фантастычных прыгод, выкарыстаць - баюся сказаць, мастацкі - белетрызаваны жанр, а для аналізу творчасці і грамадска-палітычных абставін - навукова-публіцыстычны (тыпу нарыса, эсэ, артыкула).

Вядома, такую разнамасную працу падпільноўвае небяспека: публіцыстыка з белетрыстыкай могуць не зліцца, застануцца двума рознымі пластамі. Ну што ж, мажліва, так яно і здарыцца, але я адважваюся на гэты эксперымент.

Белетрызаваныя раздзелы гэтых фрагментаў напісаны паводле ўспамінаў блізкіх Валянціну Таўлаю людзей. Домысел выступае галоўным чынам як сродак псіхалагічнай матывіроўкі паводзін дзейных асоб.

Паядынак

Валянцін агледзеў перон. Пасажыраў было мала. Ніхто не здаўся яму падазроным. Раней ён думаў гуляць са сваёй выпадковай сяброўкай да самага адыходу цягніка. Разважаў так: калі тыя тыпы з'явяцца тут зноў і памкнуцца ў вагон, дык ён прытворыцца, быццам зазяваўся, і прапусціць гэты цягнік, а паедзе наступным у іншым кірунку. Але цяпер, убачыўшы амаль пусты перон, вырашыў ускочыць у цягнік, а дзяўчыну адпусціць.

- Шчыра дзякую за кампанію, - звярнуўся ён да спадарожніцы. Паставіў чамадан, дастаў кашалёк-падкоўку, выняў пяцізлотавую манету. - А гэта "сястрычцы" на цукеркі. Хай салодка ўспамінаецца наша сустрэча.

Расшпіліў яе сумачку і апусціў срэбны кружок. Падведзеныя бровы яе ўзмахнуліся ад здзіўлення. Першы раз у жыцці Валянцін пашкадаваў аб сваёй шчодрасці.

Калісьці ў Вільні наслухаўся ён нямала гісторый пра валацужных паненак, якіх тайная паліцыя наймала ў суполку для чорнай работы. "А што, калі гэтая таксама нанята?.." Але ён адагнаў падазрэнне: не трэба баяцца ўласнай дабраты. Дабрата - найлепшы наш памочнік. Не падвядзе!

Ступіўшы да дзяўчыны, ён паціснуў ёй руку і чмокнуў у шчаку.

- Бывай, хай табе будзе шчасна. Дзенькуе!

- Узаемна. Пульхныя вусны маеш, кацапік, пся твая мама!

- Што ты сказала? - халадзеючы нутром, перапытаў ён. А ў галаве маланкай жахнула думка: "Папаўся ў пастку!" Хацелася перавесці пачутае ў жарт, але ён не мог авалодаць сабою. Сэрца біла, як звон на пажар, займала дух. I ён ведаў: калі адкрые рот, каб загаварыць, з горла вырвецца чужы, хрыплы, перарывісты зык.

- Ха-ха-ха! - зарагатала яна. - Што, не прывык чуць такіх пяшчотак ад кабет? Я ж вулічніца. А ты, пане ладны, хоць мной пагарджаеш, а сапраўды ж сам крэсовяк: "бацвінне", "дзенькуе" - нараспеў, як у кальварыйскага дзеда. Я ў Вільні жыла, красовую гаворку ведаю. Ты таксама з-пад Вільна? Прызнайся!

Ён моўчкі кіўнуў галавою, адчуваючы, як паступова адыходзіць здрантвенне ў руках і нагах.

- Так, я не прывык да такога грубага блазенства. Але давай развітаемся ў згодзе. Не затрымлівайся, калі ласка, ідзі ўжо.

- А я маю час, памахаю шчэ ручкай міламу "браціку".

- Нe трэба, прашу, без камедый!

- Хай будзе так, як "брацік" зычыць. Толькі запомні, святоша: калі баішся пакахаць - не лезь. Хочаш і жыцця паспытаць і да споведзі стаць чыстым? Я адна магла дараваць такую абразу. Скажы яшчэ раз дзенькуе!

- Дзенькуе! - машынальна вымавіў ён і ўбег у тамбур.

Напружанне спадала, усё цела апаноўвала млявасць. Miнуты да адпраўлення доўжыліся. Цяпер толькі, застаўшыся адзін, ацаніў яе паслугу. Захапіўшыся роляй шукальніка прыгод, ён нават забываў пра небяспеку.

Нарэшце жаданае гу-гу! Паравоз адсапнуў, тузануў з усёй сілы. Рывок-другі - і, лязгаючы літаўрамі буфераў, састаў пасунуўся на ўсход. Валянцін разгледзеўся - у вагоне ён быў адзін. З палёгкаю ўздыхнуў: пранесла!.. Так добра было разваліцца на лаўцы, расшпіліць паліто, выцягнуць натруджаныя ногі, паслабіць шнуркі ў туфлях і ўсім стомленым целам аддацца рытмічнаму калыханню. Ён задрамаў у цяпле...

Бачыў сябе ў Рудаўцы малым і бесклапотным. Нібыта прачнуўся раніцою і ляжыць пад цёплай коўдрай. Бабка Аўдоцця запаліла печ, але ў хаце ўсяроўна холадна. Настыла за ноч хата, а пад коўдрай ім з Шурам так міла. Старая бразгае скавародамі, а мачыха ўстае памагаць падходжвацца. Пачало світаць, патушылі газніцу. Вось мачыха, ціхая, падыходзіць да іх ложка і лагодна ўгаворвае: "А на дварэ сняжок белы-бялюткі... I зайка шэранькі ў гародчык набег... Уставайце, хлопчыкі".

Валя хоча глянуць на снег, але боязна пакідаць пасцель. Спрасоння ён пацягваецца, а мачыха прыгаворвае, усміхаючыся: "Пацягушкі-пацягушкі, малым дзеткам падрастушкі", - абнімае яго і дастае з-пад коўдры на холад: "Будзем адзявацца, сынок".

За Беластокам дзверы ў тамбуры бразнулі, і ў вагон пацягнула холадам. Увайшлі двое нецікавых на пагляд мужчын. Іх можна было палічыць і за дробных чыноўнікаў, і за маклёраў, якія развозілі па вёсках розную драбязу. Такія вось субчыкі, Валянцін помніў, прадавалі, бывала, "шпэлер" - лякарства ад усіх хвароб; за плоскую бутэлечку смярдзючай брыды выманьвалі дзесятак яек або сыты абед. Яны збывалі ў глухіх вёсках заляжалыя тканіны, ачмураючы рэкламнымі штукарствамі правінцыяльных модніц.

Разгорне такі прайдзісвет танны адрэз шэрсці, спрытна накіне збянтэжанай красуні на плечы, прыгладзіць на бюсце, прыхваціць спрытнымі пальцамі за талію, адхінецца ўсім целам назад, апусціцца на адно каленка - і застыне ў нямым захапленні:

- О, божа... Які цуд можа зрабіць з прыстойнай дзяўчынай густоўнае адзенне!.. - I, звяртаючыся да маці, якая вось-вось збіралася вылаяць нахабніка за вольныя жэсты, пяе анёльскім галаском: - Матухна! Маючы такую слічную дачку, грэшна не апранаць яе па модзе. Вы абкрадаеце яе хараство. Слова гонару!

Не даючы апамятацца абедзвюм, маклёр жвава падхопліваецца на ногі, зрывае тканіну з дзявочых плячэй і, крывячыся, паказвае пальцам на пачырванелую, як півоня, ахвяру:

- Бачыце, што засталося ад нядаўняй красуні - нічога, адна прыкрасць. Але не ў красе толькі штука. Глядзіце, мамуся, што я раблю.

I прадавец камячыў ужо тканіну ў руках, кідаў жмуткам на табурэтку, садзіўся на яе верхам, як на каня, і рабіў выгляд, што камечыць тканіну.

- Hу, што? Бачылі дзіва - не мнецца, не ломіцца! Якасць, пся косць! Ніякага ашуканства! Сумленны гандаль. Шчасце прыйшло ў дом. Ну, матуля, берацё?!

Апошні эксперымент дабіваў практычную гаспадыню, і яна шамоль-шамоль - ішла да скрыні даставаць грошы...

Фацэтны абразок так жыва прабег перад вачыма, што Валянцін усміхнуўся. Але вось заныла ля сэрца, вярталася насцярожанасць. Прабуджэнне, калі недаспіш, - прыкрая штука, а тут спаў чалавек, як той заяц пад кустом, з адкрытымі вачыма.

Гэта былі ўжо не тыя тыпы з Варшавы, але былі гэта, мабыць, яны... "Яны ці не яны?" - гадаў ён, вырываючыся з сонных мар. Выгляд як на шпіцляў у іх быў ідэальны - гэта значыць, яны не мелі выгляду: узрост, рысы твару, вопратка - усё ў іх было сярэднеарыфметычнае. Яны з той пароды людзей, аблічча якіх помніцца, пакуль на іх глядзіш, адвярнуўся - тут жа забудзеш, паспрабуй уявіць - замардуешся, і нічога не выйдзе. Ніякіх асаблівых прымет. Праўда, валасы ў аднаго былі крыху цямнейшыя і пад носам дзве палоскі вусікаў. Такія вусікі насіла тады добрая палова мужчын, таму і гэтая дэталь не магла быць адметнай. У даным выпадку вусікі адрознівалі толькі гэтых тыпаў паміж сабою.

"Яны, няйначай яны... Нарэшце трапіў у мілае таварыства. Калі пройдуць - не яны, калі спыняцца - яны..."

Яны прыпыніліся, паглядзелі на яго і пайшлі далей. Селі ў суседнім аддзяленні. Потым вярнуліся. Пачціва перапрасіўшы за турбацыю, адзін з напускной ветлівасцю папрасіў дазволу прысесці ў таварыства.

Звычайна, покуль небяспека кружыла здалёк і ад яе можна было выкруціцца, Валянцін хваляваўся, часам нават наганяў на сябе такога пуду, што хоць памірай. Не раз нават бачыў сябе мёртвым, станавіўся ахвярай уласнай фантазіі. Але як толькі бяда заглядала ў вочы, набліжалася тварам у твар - увесь спалох нібы рукою знімала. Фантазія адключа-лася, і ён, апынуўшыся перад суровай неабходнасцю, дзейнічаў адважна, рашуча і цвяроза.

Няпрошаныя госці напускалі на сябе тую сумесь ветлівасці з нахабнасцю, якая лічылася шыкам у дробнамяшчанскім асяроддзі: наперабой перапрашалі, што патрывожылі "салодкі сон". Яны, маўляў, не пасмелі б прыйсці ў гэта аддзяленне... каб ведалі, што патурбуюць...

Буркнуўшы нешта неўразумелае ў адказ на перапросіны і прывітанне, Валянцін усё яшчэ сядзеў уразвалку. Міргаючы спрасонку, ён глядзеў на нязваных падсуседзяў абыякава. На твары ўзнікала грымаса нездаволенасці, натуральная ў чалавека, якога ўспаролі са сну.

Але думка яго працавала востра.

"Калі не просяць дакументы - значыць, або не ведаюць, хто я і што я, або хочуць выкарыстаць мяне як падсадную качку: папільнаваць і паглядзець, хто прыляціць на прыманку. Не выключана, што маюць загад арыштаваць, але самі рашылі пагуляць у кошку-мышку... А можа гэта яшчэ і не яны..." - падшэптвае надзея.

"Пабачым. Трэба рыхтавацца да горшага. Добра хоць, што не арыштавалі ў Беластоку. На допыце абараняцца цяжэй, чым у вольнай размове. "Тайнякі" [1] тут абавязаны паважаць чалавека і вытрымліваць такт. Паспрабуйце, панове, пагаварыць з суб'ектам, які мае права ставіць сябе на роўную нагу і патрабуе захавання таварыскіх правіл. Вы прывыклі, нябось, гаварыць лупцуючы, а зараз мы пагаворым жартуючы..."

Атрымалася ў рыфму, і ён усміхнуўся ад нечаканай сугучнасці слоў. Нібы прымаючы гэты выклік, ягомасць з вусікамі загаварыў:

- Раз мы ўжо разбудзілі пана, дык давайце хоць знойдзем якую таварыскую забаўку. Давайце, каб не нудзіцца, будзем па чарзе расказваць вясёлыя здарэнні з уласнага жыцця. Так і пазнаёмімся бліжэй. I час правядзём. Пану, відаць, ехаць далёка?

- Да Баранавіч, - на ўсякі выпадак зманіў Валянцін.

- О, нам таксама. Дык пан далучаецца да мае прапановы?

Валянцін паціснуў плячыма.

- Баюся,- сказаў ён, - што гэта лішне круты ход для пачатку знаёмства. Можа так з гадзіну пагутарым, калі панове не супроць, пра пагоду. Ну, а калі хопіць досціпу расказваць смешнае пра пагоду...

Не закончыўшы фразы, Валянцін засланіў далоняй вусны і пазяхнуў.

- Я прапаную, - схіліўся вусаценькі, - залічыць пану гэта за досціп. Для пачатку няблага. Па заніжанай тарыфе сыдзе за досціп.

"Ого, - падумаў Валянцін, - гэты нахабны, напэўна, б'е на допытах, адначасова палкаю і кпінамі. А ў канцы прапануе паступіць на паслугі ў паліцыю".

Згладжваючы бястактнасць, другі загаварыў салодка:

- Мне, панове, хочацца расказаць свежанькі і зусім для мужчын прыстойны жарт, нават крыху палітычны. Можна? - глянуў на Валянціна.

Выгляд у гэтага быў такі, нібы ён толькі выскачыў з хімчысткі. Светлы плашч, штонікі-плюмпы ў модную клетку, ружовенькі тварык цукерачнага прыгажунчыка. Старанна зачасаныя назад, блішчастыя ад брыльянтыну бялявыя валасы.

"Такія любяць збіваць да паўсмерці і пяшчотна сюсюкаць да ахвяры", - падумалася Валянціну.

- У міністра Бэка ладная жонка. Прыходзіць аднойчы муж дамоў і бачыць у яе на запясці залаты браслет. "Скуль ён у цябе, каханенькая?" пытае муж. "Падарунак ад брата", - адказвае яна. Нахмурыўся пан міністр, прабурчэў: "Калі брат дорыць сястры залатыя рэчы, то альбо золата фальшывае, альбо брат". Што, добра разважыў? - лісліва звярнуўся да Валянціна расказчык, выпрошваючы прызнанне. - Ён то жыццё знае! Ха-ха-ха! Нездарма дыпламат...

Валянцін пазіраў на бялявага так, што нельга было зразумець, ухмыляецца ён ці моршчыцца.

Адазваўся вусаценькі:

- Фальшывых, падробленых рэчаў і людзей цяпер пайшло - ліха ведама колькі. Крызіс! А дзе крызіс, там і грэх, - цягнуў ён філасофскім тонам. - Хто хаваецца ад даўгоў, хто ад войска, а хто ад суду... - тут вусаценькі даў паузу, - за палітыку... - і ўздыхнуў.

Абодва ўтаропіліся на Валянціна, як бы хацелі з'есці яго вачыма.

Ён ацаніў адказнасць моманту. Здзіўлена паглядзеў у вочы то аднаму, то другому і сказануў тонам чалавека з манерамі:

- Штосьці змрочна ўспрымае ваш прыяцель жарты. Ён у вас мізантроп? - Нe чакаючы адказу, гаварыў далей з пачуццём перавагі: - Мне ўспомніўся жарт пра жарты. Самы лепшы той жарт, калі ўсе смяюцца, а расказчык не. Жарт другога гатунку - калі жартаўнік смяецца разам са слухачамі. Трэцяга - калі смяецца адзін "жартаўнік", а слухачы кажуць: "Лезь пад стол за дурноту". Выхаванне не дазваляе мне цаніць жарты маіх спадарожнікаў ніжэй як па першай катэгорыі... Скажу шчыра, панскі жарт пра міністра не дужа смачны. Ці варта брыдзіць імя дзяржаўнага дзеяча, падстаўляючы ў сітуацыю, дзе кожнае іншае імя пасавала б лепш? А заўвага вашага друга - проста гумар вісельніка. Пан не думае падаваць кандыдатуру на месца пана Маціеўскага? [2] Кажуць, ён ідзе на пенсію. Я, канешне, жартую, і таксама няўдала. Адным словам, панове, нам усім патрэбен ільготны тарыф. На гэтым пагодзімся?

- А пан лішне амбічны і занадта зласлівы, як на свой узрост, - гаварыў вусаценькі. - Вызваляем пана ад ільготных тарыфаў. За Бэка, аднак, не хвалюйцеся. Запаўняю вас, яго рэпутацыя страчана. Стаўка на чырвоных падарвала б аўтарытэт самога маршалка, а не то што... Лепш бы браталіся з Гітлерам, чым з чырвонай чумой. Во загіне дзяржава. Пан не згодзен?

- Палітыка не ў маім гусце, - спакойна адказаў Валянцін. - Хай займаюцца гэтым старэйшыя ягамосці. Я не маю ахвоты глядзець на свет праз шэрае шкельца палітыкі.

- Ай-яй-яй! Ну і моладзь цяпер расце... - ківаў галавою вусаценькі. - Адно толькі трэлькі-бамбэлькі ў галаве. Мы таксама з панам Камінскім не дзеячы, а ўсяго толькі былыя гандлёўцы. Але якая, пане, зараз камерцыя, калі крызіс. - Вусаценькі скрывіўся, нібы ў яго раптам занылі ўсе трыццаць два зубы. - Дзяржава без гроша - і абываталь таксама. У гэтай праклятай сітуацыі нехаця задумаешся пра палітыку. Мы страцілі працу. I цяпер беспрацоўныя. Прафесія - самая папулярная сёння.

"Кляйма на вас няма, мярзотнікі, - абурыўся ў душы Валянцін. - Што праўда, то праўда прафесія ў вас папулярная. Каб жа і на самай справе вы сталі беспрацоўнымі - колькі б грудзей уздыхнула вальней у "вольнай" Польшчы! Але дарма хлусіце. Не дачакаецеся, каб я стаў агітаваць такіх "беспрацоўных". Прадзешавілі, панове "беспрацоўныя". Далі мне козыра ў рукі".

- А пан, мабыць, на ўтрыманні таты, дык не адчувае безграшоўя? - не супакойваўся вусаценькі.

- Не, сам зарабляю.

- Пан служыць?

- Так.

- Гэткі маладзён - і служыць. А дзе, калі не сакрэт?

- У школе, - хмурачыся ад назоллівасці субяседніка, адказаў Валянцін.

- Кім?

- Настаўнікам.

- У якой школе?

- У пачатковай, - ужо нездаволена, як ад надакучлівай мухі, адмахваўся ад вусаценькага.

- Я хацеў спытаць, у якім горадзе?

- У маім родным, - з'едліва адрэзаў Валянцін, даючы зразумець, што цікавасць субяседніка перабрала ўсе межы.

Той схамянуўся і пачаў разводзіць тары-бары пра сваё жыццё і справы. Валянцін сцяміў, што праціўнік рыхтуе новы плацдарм для наступлення. Дае крэдыт, які трэ будзе сплачваць расказам пра сябе. Уразумеў ён і другое: па цвёрдасці голасу, амаль загадным тоне, па шпаркім тэмпе, у якім задаваліся пытанні, і азартным бляску вачэй ён пазнаў прафесійную хватку следчага.

"Дык вось вы якія бываеце, сейбіты гора, жаху і смерці", - думаў ён. I сам здзівіўся, што факт гэты ніколькі не ўстрывожыў яго. Нібыта сапраўды яго гэта не датычыла. Ён пачаў дражніцца, пераводзячы размову на самыя пустыя тэмы, і ў душы рагатаў. Пры кожным яго манеўры ў вачах спадарожнікаў загараліся агеньчыкі: іх разбіраў азарт, а яго - смех. Яму падабалася абыходзіцца з "беспрацоўнымі" так сабе - "зверху".

Урэшце ён стаў пазяхаць, выказваючы, што страціў цікавасць да іх. "Не, панове, нічагуткі вы не даведаецеся, пакуль не пакажаце сваіх шпіцлёўскіх бляшак. А паказваць іх вам не выгадна - хочаце пабыць беспрацоўнымі". Яму страшна захацелася ўбачыць бляшкі пад штрыфлямі пінжакоў.


Валянцін далей дэманстраваў пагарду. I гэта падзейнічала. Бялявы (ужо не просячы прабачэння) адвёў вусаценькага ў канец вагона, штосьці пашаптаў і знік у тамбуры. Вусаценькі вярнуўся на месца і паведаміў, што яго прыяцель пайшоў купіць папярос у кандуктара.

"Ага, панове, сумняваецеся. Значыць, пайшоў шныраць па цягніку, шукаць больш падазронага, чым я".

Мінут праз дваццаць бязвусы вярнуўся. Яны пасакрэтнічалі між сабою, і відаць было, што збавілі цікавасць да Валянціна. Ён жа прадаўжаў ставіцца да іх звысоку. Бесцырымонна разваліўся, пазяхаў, павяртаючы твар да шыбы вагона, а сам у гэты момант удакладняў арыенціроўку на мясцовасці.

Яшчэ паўгадзіны - і можна будзе рызыкнуць.

Нарэшце. Мінулі Зельву, потым Плецянічы. Ён ведаў тут кожны заваротак, кожны ўзгорак і спуск. I не дзіва! Колькі разоў ездзіў у Вільню, у Гродна. I па сваёй ахвоце, і пад канвоем...

Пазяхнуўшы з зацяжкаю, ён вінавата ўсміхнуўся, кіўнуў галавою, нібыта дзівіўся: "Адкуль гэта бярэцца?" - і ўстаў.

Трэба асвяжыць твар, а то вывіх шчэлепаў дастаць можна.

Ён мармытаў гэта, не звяртаючыся ні да кога канкрэтна. Потым дадаў прымірэнча:

- Вось што значынь пажыць у сталіцы... Чалавек робіцца вялы, як мех з атрускамі. Панове, нікуды не збіраецеся?.. - спытаў ён, кінуўшы позірк на свой капялюш і чамадан.

- Проша, проша, - усміхнуўся бялявы ў адказ. - Пальто таксама раю зняць, зручней будзе.

- Не, не, там здыму, штосьці мне зябка.

Валянцін дастаў з чамадана ручнік і мыла, нядбала піхнуў іх у кішэню паліто і падаўся да праходу. Хістаючыся, ён марудна паплёўся ў канец вагона. Зірнуў у люстэрка на дзвярах туалета і пакруціў галавою: хвалістыя пасмы валасоў навіслі на лоб, вочы глядзелі зморана з-пад напухлых пачырванелых павек. "Ну, выгляд кавалерскі. Ледзь пазнаў самога сябе".

Ён азірнуўся. За ім ніхто не сачыў. "Вось і добра, - гаварыў ён у думках, - шпіцлі, бач, перасталі зважаць на заморка". Валянцін знарок моцна грукнуў дзверкамі туалета і хуценька пракраўся ў тамбур. Цягнік падыходзіў да павароту. Ён высунуўся на надножку. Твар абдало золкім ветрам. На заломе машыніст збавіў ход. "Скакаць толькі ўперад - па ходу... - маланкава білася думка. - Толькі па ходу".

I раптам страх пачаў ахопліваць яго: "Хаця б не зачапіцца крысом паліто! Аднойчы бацька расказваў пра выпадак..." Ён зразумеў, што калі дасць волю фантазіі і ўявіць той выпадак, пра які расказваў бацька, то не хопіць духу скакаць.

"Толькі ўперад, толькі па ходу, толькі ўперад", - паўтараў ён, каб вызваліцца ад нерашучасці. Вось пукаціна павароту. Цягнік пачаў набіраць хуткасць.

"Альбо зараз, альбо ніколі..."

Ён адштурхнуўся праваю нагою і адпусціў поручань...

Апомніўся, калі ляжаў на гразкай узбочыне чыгункі, аглушаны грукатам колаў. Балела ў правым калене. Паварушыў нагою. Не паламаў, а толькі моцна ўдарыў. Пацёршы каленка, правёў рукой па галёнцы да ступака. Ax, ліханька! На туфлі не было галёша. Устаў, пачаў шукаць, абмацваючы зябкую зашэрхлую гразюку. А цемрань непраглядная. Раптам пачуўся ў далечыні скрыгат паязных тармазоў, ляск буфераў: цягнік, які не ад'ехаў яшчэ кіламетра, стаў збаўляць ход і - стоп - спыніўся.

- Тут, браце, не да галёша. Дай божа ногі... - мармытаў сабе над нос Валянцін, сігаючы па шпалах у кірунку Зельвы.

Бег колькі было моцы, а калі азірнуўся, то ўбачыў, як ад састава аддзяліліся два агеньчыкі электрычных ліхтарыкаў.

"Не, гады, не зловіце! Вам адна дарога, а мне - усе чатыры".

Грудзі распірала радасць. Бег ён на подзіў лёгка, проста не чуючы ног.

На могільніку

1. Ноч

Угнуўшыся, Валянцін подбегам спяшаўся супроць ветру. Ногі ў туфлях прамоклі, у правым, што быў без галёша, ажно чвякала слізкая вільгаць. Вада, нібы кампрэс, адцягнула нясцерпна пякучы боль, што дакучаў яму ўсе дні блуканняў. Чалавек трое сутак не разуваўся, ногі папрэлі, падэшвы гарэлі агнём. Цяпер стала лягчэй, хоць ён разумеў, што дорага будзе каштаваць гэта часовая гаючая прахалода.

З шэрага прадоння бясшумным роем выляталі вільготныя снегавыя восы, сярдзіта жыгалі ў твар, аблеплівалі грудзі, плечы, валасы, раставалі на гарачых шчоках і ручаінкамі сцякалі за шыю. Ён так злаўчаўся выдыхаць, каб кожны раз здзьмухваць вадзяныя кроплі наперамену то з барады, то з кончыка носа. А ўсё ж вада знаходзіла дзесьці дарогу і зябкімі казытлівымі вужачкамі запаўзала за пазуху, здаецца, дабіралася аж да нутра. Валянцін унурваў галаву ў плечы, курчыўся, уздрыгваў, але ішоў. Не да парасят, калі свінню смаляць, не да выгоды, калі ззаду пагоня.

Праз якую гадзіну ў снегавой куламесе замаячылі цёмныя сілуэты будынкаў. Паказалася Зельва. Валянцін прыпыніўся: "Што далей? Валіць проста ў мястэчка?.."

Па вуліцах, яму казалі, ноччу хадзіла варта. Праўда, вартавалі па чарзе самі жыхары, перадаючы з двара ў двор драўляную калатушку - сімвал надаедлівага абавязку. Бывала, некаторыя хітравалі, выкручваліся, але "вобчаства" на сходках падсцёбвала нядбалых: "Гэта вам не хаханькі! А што, калі, не давядзі божа, пажар? Пагарым тут сосну!" Пасля такіх натацый вартавалі спраўней.

"Наткнешся на якіх старанных прыдуркаў, - вагаўся Таўлай, - і прапала сукала... А, гараць яны гарам, з вуліцамі! Абыду лепш заплоткамі. А куды ж, уласна, ісці?.."

Ён аж сумеўся, што дагэтуль не рашыў такое закавыкі: усё пёрся наперад, наперад, усё адрываўся ад пагоні, стараўся збіць з тропу тых двух ганчакоў, выбіраў голыя падмёрзлыя праталінкі - хоць бы не пакінуць следу. Выбіўшыся на дарогу, нават прадбачліва сцягнуў той астатні галёш і пульнуў у кусты: калі маюць аставацца сляды, дык няхай хоць будуць сляды як сляды, а то туфель і галёш... Адным словам, дагэтуль усе думкі і трывогі скіроўваліся на тое, што за спіной, а цяпер непакой перакінуўся на тое невядомае, што чакала ўперадзе.

Гарадок ужо даўно пагасіў агні. Дабудзіцца жывое душы можна было хіба ў якой абэржы. Але як паказацца туды зімою без шапкі? Застукае гаспадар і капне паліцыі…

"Не, братка, заезны дом не для цябе", - уздыхнуў Валянцін, павяртаючы на заплоткі.

Трэ было нешта рабіць, бо ўспацелыя плечы праймала дрыжыкамі, а душу апаноўвала трывога. "Паспрабаваць заваліцца ў якую бедную хаціну? Хто яго ведае... Рызыкоўна ноччу, не ведаючы да каго заходзіш... Уліпнеш - ганьба..."

Адчуванне таго, што і тут, на зямлі тваёй роднай няма табе прытулку, няма патолі, пакутліва гняло яго. Спакой і ўтульнасць, адпачынак і сон станавіліся нязбытным жаданнем. Нечакана гэтае жаданне вынесла з тайнікоў падсвядомасці вобраз маці. Яна помнілася з адной фотакарткі: пышная фальбоністая сукенка і праставаты бледны, лагодны твар, асветлены сумна-пяшчотнай усмешкай. Маці трымае яго, яшчэ маленькага, на руках, а ў вачах незямное балеснае шчасце мадоны. Не той італьянскай спакуслівай прыгажуні, а гатыцкай, сціплай, непрыгожай, але вельмі людскай, міласэрнай і чыстай жанчыны.

"Яна ж тут, мая добрая-добрая, мая любая матуля!"

Хваля трагічнага смутку і нейкай цьмянай надзеі падхапіла яго і несла на могільнік. Пералезшы цераз агарожу, ён марудна караскаўся на круты пагорак, а потым, прыгнуўшыся, доўга шукаў памятны з маленства курганок у зманлівым паўзмроку начное завеі.

Маці пахавалі ў 1919 годзе. Зельва тады адвыкла была ад цвёрдага парадку, за гады вайны і разрухі ўлады мяняліся бясконца, і ніхто ні ў кога не пытаўся, дзе яму жыць і дзе хаваць нябожчыкаў... Бацька, у той час начальнік станцыі, выбраў для свае сяброўкі самае ўзвышанае месца на могільніку - перад капліцай. Удзень адсюль відзён быў увесь гарадок, як на далоні. З усходу яго абвівала рэчка Зяльвянка. Яе блакітная шыракаватая істужка бэрсалася ля станцыі мудрагелістымі петлямі пратокаў і старыц-азярын. Дзесьці ля самага далягляду сінь ракі расплывалася ў асмужаных лясных далях. Але ноччу нічога не было відаць, толькі сцішна рыпелі галінамі дрэвы ды падаў, падаў першы ў гэтым годзе вільготны снег.

Трывогі і нягоды, якім, здавалася, не будзе канца, перапляталіся ў думках Валянціна з салодкімі ўспамінамі бесклапотнага дзяцінства. З гэтае мешаніны карцін і настрояў у душы асядала горкае адчуванне самоты і немачы. Хацелася пачуць забыты матчын голас, прытуліцца шчакой да шчакі, замерці ў бяспечнай і ціхай задуме, акрыяць духам, набрацца сіл на новыя дарогі. Але замест жывое, добрае, клапатлівае маці была ўдзірванелая, забытая магіла.

Горла сціскалі спазмы, рабілася сцішна і соладка перад прывідам смерці, якая, здавалася, стаяла побач, насміхаючыся з марнасці чалавечых спраў.

"Мама, матуля любая, - не то ў думках, не то ўголас гаварыў сын. - Вось які я прыйшоў да цябе. Загнаны... Зашчуты... Беспрытульны... Ці такога ты мяне чакала?! Хіба мала я думаў пра цябе? Можа крыўдуеш, што не напісаў пра цябе вершаў? Не, ты добрая, ты разумееш, што не хапае мне слоў, каб выказаць сваю балесную любоў да цябе. Таму і не пішу. Каб ты жыла, усё пайшло б у нас інакш і лепей... I маё жыццё абарвецца таксама выпадкова і рана..."

Цвёрды балючы камяк засеў у гартані. Валянцін змоўк. З вачэй пацяклі слёзы. Але пакуль яны сплывалі па запалых шчоках, мяшаліся з талай вадою, і на губы траплялі халодныя і прэсныя струменьчыкі. Ён не ведаў - сапраўды плача ці толькі хоча заплакаць...

А фантазія жаласнымі і трагічнымі вобразамі малявала будучыню. Ён бачыў сябе прашытым паліцэйскімі кулямі. Ворагі закапалі яго ўпотай, а магілу зраўнялі. Ні сябры, ні родзічы не збілі яму дамавіны, не правялі на вечны спакой…

Сэрца шчымела, заходзілася ад жалю, нібы круг жыцця сапраўды трагічна самкнуўся. Пераблытваліся мроі з яваю, ён паверыў у сваю смерць...

Ён - мёртвы, а маці жывая... Яна адна нейкім цудам праведала пра яго пагібель, знайшла яго, узяла на калені яго скатаванае цела і застыла ў нямой мацярынскай жалобе. Ён не ведаў, дзе гэта адбываецца - на тым ці на гэтым свеце, нібы "Піету" Мікельанджэла, шмат разоў бачаную на рэпрадукцыях, нехта ажывіў. На месцы Марыі была яго маці, на месцы знятага з крыжа Ісуса - ён сам.

Душа скардзілася ўсяму свету, жалілася перад ценямі памёршых і перад сумленнем жывых. Ён меў скаргу на жыццё, што ў ім тварылася вялікая несправядлівасць, бушавала зло. Не хацеў ён змірыцца з гэтым, не хацеў, але не мог нічога зрабіць. Гэтае бяссілле і выціскала слёзы з вачэй.

Ён не стрымліваў слёз, хоць у душы саромеўся плакаць. Сведкай яго чуласці была адна толькі сівая ноч, а ёй, ап'янелай у мяцелістых гулях, асіплай ад свістаў віхуры, было мала спраў да людзей. Пры жывых сведках ён бы стрываў. Як большасць людзей яго ўзросту, Валянцін саромеўся слёз. Яму здавалася, што плачуць толькі слабыя, бесхарактарныя людзі. Рана яму было ведаць, што плачуць у цяжкіх абставінах усе, хто здольны моцна і глыбока перажываць. Слабцы перажываюць павярхоўна і вяла, тупіцы перажываюць ляніва і груба: першыя раскісаюць без прычыны, другія не здольны расчуліцца ніколі. Валянцін саромеўся слёз, бо хацеў быць героем на п'едэстале. Ён не разумеў, што такіх стандартных герояў няма ў жыцці, што іх стварыла жорсткая фантазія і злая воля людзей, якім хацелася лёгка і бесклапотна кіраваць героямі, змагарамі. Нe зусім разумеў ён тады, што змагар і герой - самы звычайны чалавек, толькі гэта яго звычайнасць узбуйненага маштабу. Змагар не можа быць іншым. Ён не мае права цурацца чалавечага, душыць і нішчыць у сабе чуласць. Змагар абавязаны разумець і любіць людзей: не для сябе ж аднаго ён бярэцца здабыць шчасце і волю. Для людзей. Калі не хоча вырадзіцца ў вульгарнага авантурыста і самадура, павінен змагацца толькі разам з людзьмі, толькі чалавечна.

Знаў бы ён гэтыя няхітрыя ісціны, не саромеўся б слёз у тую ноч, не праклінаў бы свае слабасці...

Колькі часу цягнулася яго размова з маці - Валянцін не помніў. Апомніўся, адчуўшы, што мерзне. I з гэтага моманту ніяк не мог ужо ўявіць сябе мёртвым, а маці жывою. Сілай нейкай інерцыі памяць вынесла радкі з верша яго любімага паэта Бранеўскага: "Umierac trzeba pieknie". У хвіліну праяснення ён заўважыў, што гэтыя словы пра смерць клічуць не паміраць, а жыць, жыць і жыць...

2. Дзень

Калі б хто забабонны трапіў на зельвянскі могільнік днём у пачатку зімы ў 1932 годзе, ён мог бы пабажыцца, што бачыў чорта не чорта, а ў кожным разе кагосьці "адтуль". Таўлай туліўся ў нішы храма, які быў раней царквою, а пры панах стаў касцёлам. Ніша засланяла ўцекача ад ветру. Тут было зацішна, і, як гавораць, можна было б жыць, каб не слабое паліто, ненакрытая галава, прамоклыя ногі. Ногі качанелі, і Валянцін грэў іх, дзубаючы наскамі свайго недарэчнага тут гарадскога абутку адзін аб адзін. Але гэта мала памагала, мароз прабіраў да самых касцей.

Пасля начной адліжнай мяцеліцы (першай у тым годзе) неба стала "падгульвацца" на пагоду, сям-там праблісквала сонца, а мароз прыпякаў усё ямчэй і ямчэй. Таўлай наставіў каўнер, абвязаў галаву і шыю белым вафельным ручніком, "спіцаваў" пальцы ў рукавах паліто, скурчыўся ўсім тулавам і зрабіўся надобны на француза, уцекача з-пад Масквы.

"За кабету ў хустцы я, мабыць, не сышоў бы: фaмільны нос выдасць". Вясковыя жартаўнікі дражніліся калісь: "Нос, нос, на траіх рос - аднаму дастаўся!" Чаго ж, дзябёлыя насы пасавалі высокім, здаравенным, жылістым мужчынам з нашага роду, адчуваліся крутыя і сукаватыя характары, а мне, нізкаросламу, не зусім пасуе. Нічога - навырост будзе! Апраўдаю".

Нос быў галоўнай дэталлю на твары Валянціна і надаваў яму крыху панылы выраз. Асабліва цяпер хлопец выглядаў, што і гаварыць, негераічна. Але і не ганебна. Пакутлівая паныласць змянялася злараднаю ўхмылкай: гэта ў азяблым галодным целе абуджаўся мастак, які вострым слоўцам падсмейваўся са свайго становішча.

Прыпомніўся па аналогіі стары жарт з папулярнае ў 20-я гады "Маланкі". Нейкі пан наняў селяніна ў падводчыкі - завезці ў горад. Прыходзіць, а мужык сядзіць за сталом і капусту сёрбае.

- Можа і пан паесць на дарогу?

- Не, не, не - я пілэм гэрбату [3].

Паеў мужык, абцёр вусы і давай кажух апранаць. Перавёў пагляд на панскую вопратку і зноў прапануе:

- Апрані і пан кажуха!

- Упшэйме дзенькуе, я мам пальто на ваце [4].

Паехалі. Мароз прыціснуў. Заляскаў пан зубамі, а мужык сядзіць ды пакурвае. Нарэшце бачыць - змерзне пан.

- Злазь, - кажа, - пане, ды бяжы пры возе, а то мо жывы ці астанешся.

Паслухаў пан, бяжыць, як цюцька, пры возе, а мужык каня лейцамі паганяе і прыгаворвае:

- Што кажух, то не вата, што капуста, то не гарбата!"

Ад успамінку пра капусту Валянціна аж перасмыкнула балючая спазма голаду. "Паўцарства за місу капусты!" - кпіў ён з сябе, перафразуючы шэкспіраўскі афарызм. Хацелася наклікаць на сябе яшчэ больш болю, яшчэ больш фізічных пакут: яны крыху апраўдвалі яго начную хліпкасць. Ён шчыра хацеў пакутаваць, але ў той жа час смаліў папяросу за папяросай, праганяючы адчуванне голаду. Зубы самахоць абгрызалі кісленькія канцы гільзаў, жавалі паперу на кашку. Грэць нос папяросай - адна-адзіная асалода, якую дараваў паганы лёс. Былі моманты, калі хацелася адмовіцца ад гэтае ласкі. Зларадна глядзеў ён, як пусцее пачак, а пальцы машынальна сціскалі гарачы яшчэ недакурак і вытрасалі рэшткі тутуню у карабок ад запалак. Эх, і моцны ж тутунь з недакуркаў! Згорнеш цыгарку - адна зацяжка за тры...

Учарашні разжалены хлопчык станавіўся яму цяпер чужы і мала знаёмы. Сёння Валянцін не толькі меў гатовы план дзеяння, у яго ажыла воля дзейнічаць. Усё радзей і радзей наведвалі яго прыступы сораму за начныя слёзы, праўда, успаміны за кожным разам білі ў гонар з патроенай сілай. У парыве самаабароны ён зусім нечакана для сябе вымавіў: "А ўсё ж лоўка прыдумаў я куды схавацца!" (Як бы і сапраўды думаў і свядома рашаў гэту задачу). Фантазія павяла яго далей: "Чорт вазьмі, здорава! Могільнік... Канечне ж, паліцэйскія набожныя і забабонныя да чорцікаў, ноччу на могільнік трактарам не зацягнеш. Раскажу Каці, як я дасціпна прыдумаў. Начлег і днёўка на могільніку рамантычна! Ото будзе рада за свайго Валю, зацалуе ад захаплення..."

Як ні дзіўна, вобраз каханай, якая асталася ў Мінску, прыйшоў на думку толькі цяпер, калі вярнулася яснасць, цвёрдасць і вера.

Дружба Валянціна і Каці абарвалася "па незалежных прычынах". Тoe, што ён успомніў пра яе, што адчуў смак папяросы, навучыўся падсмейвацца з сябе, - гаварыла, што крызіс прайшоў. Чалавек ажыў: да яго вярнуліся нармальныя маштабы ацэнак усяго навакол, разгарнуўся ўвесь веер вышэйшых духоўных патрэб, мэт і жаданняў...

Каторы ўжо раз Валянцін, як істужку дакументальнага фільма, праглядаў у памяці падзеі апошніх трох калочаных дзён. Карцела адгадаць, дзе ж прычына фатальнай няўдачы? Ён лаяў сябе за праклятую сваю маруднасць. Калі б не спазніўся на цэлы дзень і прыехаў у Варшаву, як было ўмоўлена - усё, можа, пайшло б па-другому. Заўчора, напэўна, чакалі сябры на явачным пункце.

Зрэшты, спазненне - не самая цяжкая бяда. Яны маглі прыйсці і назаўтра. Мабыць, здарылася нешта больш сур'ёзнае, Правал? Няўжо ў сістэме цэнтральнай сувязі? Няйначай, бо прыслалі б сувязнога і на другі дзень.

А калі правал у цэнтры, то ці варта выпрабоўваць запасны, апошні канал сувязі? Ён заходзіў у тупік. Інтуіцыя падказвала, што трэба на некаторы час прытаіцца, пачакаць, покуль сыскныя органы перакінуць сваю актыўнасць на іншыя справы. Тады - сігналіць па другім канале.

Толькі так, толькі так. А можа... Але ж не, не магло быць, каб сувязны не пазнаў яго. Ён жа пару гадзін хадзіў узад-уперад на ўмоўленай вуліцы, абгарнуўшы насаткай вялікі палец на правай руцэ. Шпацыраваў, прыглядаючыся да людзей. I раптам заўважыў двух чалавек. Тыя, як яму не без падставы здалося, цікавіліся яго асобай. Сэрца ёкнула трывожна і радасна: "Ну, вось і сувязныя. А навошта ўдвух? Можа так трэба..." Знарок выставіў абвязаны палец - маўляў, глядзіце, чэрці, вось наш пароль! Падыходзьце ж!.."

Але яны не квапіліся, міналі яго, як бы нічога не ведалі, не давалі водзыву. Напружанне нарастала. Унутры ўсё калацілася ад нецярплівасці. I раптам ён сцяміў, што яны прыйшлі па яго, ды прыйшлі не з таго лагера. Ён хуценька падаўся ў бакавыя вуліцы і тут заўважыў, што трапіў на прыцэл. Нервуючыся, забягаў у магазіны і кафэ, купляў папяросы, заказваў кубачак кавы, спадзеючыся, што яны або падыдуць, нарэшце, або адкаснуцца. А яны сабе топалі па пятах, шнуравалі па яго слядах.

Вось тады, як за тую саломінку топячыся, ён ухапіўся за вулічную дзяўчыну. Блукалі з ёю па людных завулках Варшавы, ныралі ў натоўп, аж покуль не адарваліся ад "апекуноў", а потым - на вакзал. Яму здалося, што выкруціўся. Ды гэта, на жаль, толькі здалося...

"Ой, сустрэла мяне пані Варшава! А ў Мінску ўсё выглядала так проста, рамантычна: давераны чалавек з Заходняй бярэ мяне за ручку, пераводзіць цераз граніцу, я саджуся на прыгранічнай станцыі ў цягнік і, як добры пан, прыязджаю ў сталіцу. Там жаданага госця сустракаюць, заводзяць на надзейную кватэру, знаёмяць з работнікамі цэнтральнай прэсы, і я пачынаю натхнёным словам нішчыць панскі лад. Ясны план аказаўся міражом. На справе ўсё пайшло цераз пень-калоду. Мусіць, залішне ясны быў план, вось і засляпіла гэтая яснасць вочы. У планах трэба пакідаць зазоры на ўсякі выпадак, хоць бы на гэтую маю маруднасць. Яе не запланавалі. Шчасце, што хоць астаўся запасны канал сувязі".

А як хораша думаў пра гэтую Варшаву, вывучаў яе жыццё па ўсіх даступных крыніцах. Асабліва цікавае і заманлівае было літаратурнае асяроддзе, варшаўскі Парнас. Нават учора, пад прыцэлам шпікоў, карцела пашпацыраваць па Мазавецкай вуліцы, кінуць вокам на вітрыны славутай кнігарні Мартковіча, зайсці ў кафэ "Малая Зямянская", дзе збіраліся "літаратурныя вярхі" сталіцы, паслухаць, паглядзець сваіх любімых паэтаў Бранеўскага, Шэнвальда, паслухаць дасціпных жартаў зубра літаратурнай крытыкі Бойя-Жаленскага.

"Нічога! Не апошні дзень жыву. Не назаўсёды рассталіся мы з табою, Варшава. Да сустрэчы!

А покуль што вітай, мілая Рудаўка, ты ніколі не падводзіла і цяпер не падвядзеш. Родная вёска дасць і прытулак, і раду, і падмогу!.."

Як прыйшоў да гэтага рашэння Таўлай дакладна ўстанавіць нельга. Мажліва, проста па аналогіі з тым першым выпадкам, калі праседзеў восень 1930 года ў малінніку цёткі Настасі, роднай сястры мачыхі, у Лідзе, покуль паліцыя шнырала за ім. А потым падаўся цераз "зялёную граніцу" ў Мінск. Тады ўсё ўдалося вельмі добра. Чаму ж было не паўтарыць той манеўр яшчэ раз?

Слова фактам

Сёння можна сказаць, што ён выбраў асцярожнае, але ў прынцыпе правільнае рашэнне. Паліцыя, праўда, ішла па яго слядах наўздагад, канкрэтных дадзеных, ці хоць бы сігналаў, у яе тады яшчэ не было.

Толькі 21 верасня 1933 года камендант паліцыі Беластоцкага ваяводства заносіць прозвішча Таўлая ў сыскны ("інвігіляцыйны") бюлетэнь, у якім паведамляе: "Таўлай Валянцін, сын Паўла і Мар'яны, народжаны 26 студзеня 1914 года ў вёсцы Рудаўка Міжэвіцкай гміны Слонімскага павета, кавалер, вучань, рост 162 см, бландзін, вочы шэрыя; у лістападзе 1930 года ўцёк ад арышту ў Савецкую Расію, адкуль пасля ўцёкаў пісаў пісьмы да бацькоў з Мінска.

Паводле нядаўна атрыманых інфармацый, Таўлай прыбыў у Польшчу і прабываў па партыйных справах на тэрыторыі акруговых камітэтаў КПЗБ Беластока і Вільні, а таксама ў Варшаве. Таўлай карыстаецца фальшывым вайсковым пасведчаннем, а таксама фальшывым білетам служачага, выданым на прозвішча нейкага Якімца, настаўніка пачатковай школы ў Брэсце над Бугам.

Перадаючы гэта, прашу аб садзейнічанні затрымаць Таўлая, якога ў выпадку затрымання належыць даставіць у следчы аддзел у Слоніме і адначасова паведаміць пра гэта тутэйшую ўстанову па справе L3/114" [5].

Анкетныя дадзеныя для гэтага дакумента паліцыя, напэўна, узяла з картатэкі слонімскага следчага аддзела, які завёў на Таўлая картку ў часе першага арышту ў 1928 годзе. Таўлай і фігуруе тут як вучань. Сакрэтныя ж інфармацыі 1933 года нічога не гавораць пра яго знаходжанне ў Рудаўцы. Тут ён атрымаў надзейнае сховішча.

Вядома, можна было рызыкнуць спыніцца ў любым горадзе або мястэчку і адтуль дабівацца сувязі з падполлем па запасным канале. Не выключана, аднак, што давялося б паказваць дакументы паліцыі, а ў яе быў вопыт распазнавання падробленых пашпартаў.

Зімовая спячка

Думка апярэджвае ногі, але гэта толькі здаецца. За гэты вечар Таўлай мо разоў пяць забягаў думкаю ў Рудаўку, а нагамі тупаў яшчэ ў даліне Зяльвянкі. Крыху чакаў у Баравізне - невялікім ляску, покуль не сціхне сяло. А ў марах даўно ўжо быў дома. Праўда, уяўленне пераносіла яго ў тую Рудаўку дзіцячых гадоў. Дык і выходзіла на справе: думкі мкнуліся наперад, а заляталі назад. Уяўляў сабе вёску такой, нібы ўсё жыццё тут спынілася і чакала, покуль ён дазволіць падзеям рухацца далей. А на справе ўсё было інакш.

Хата сустрэла яго па-байранаўску, праўда, у бацькі сабак не было, таму абышлося без рамантычнага брэху. Ён ціха падкраўся загуменнем. Час быў позні, а ў хаце блішчала газніца, чулася прыглушаная гамонка. "Мужчыны сышліся на пасядзенькі!" Любіў, бывала, паслухаць гэты непаўторны гоман, азартныя спрэчкі пра палітыку, роздумы пра жыццё-быццё, кпіны пра жанок - усё аднолькава проста і адкрыта. Ды зараз ці то праўда, ці то здалося - гаворка была нібыта цішэйшая, як раней. Гаварылі паўшэптам, уздыхалі, у інтанацыях чулася заклапочанасць, нейкая цягучая мляўкасць. Даляталі асобныя словы: "...мароз... дровы... грошы... хлеб...".

Валянцін стаў за вуглом, наважыў чакаць, покуль разыдуцца. Потым заглянуў у агародчык, дзе рос яго дубок, пасаджаны перад ад'ездам у гімназію. Дубок падрос. "Эх, бяжыць час"... Патаптаўся на месцы, але не было болей сіл трываць. З рашучасцю злодзеяняўмекі ён падступіўся да кухоннага акна і пастукаў у шыбу.

Выйшла мачыха.

- Хто тут?

Голас яе, заўсёды крыху ўзрушаны, як бы гатовы заламацца на слёзным слове, зараз прагучаў неяк безнадзейна, сумна, з хрыпатой.

- Павел Таўлай дома? - пытаннем на пытанне адказаў Валянцін, не вітаючыся.

- Дома, заходзьце ў хату.

- Скажыце, хай ён выйдзе на хвіліну.

Яна пастаяла не то ў спалоху, не то ў недаўменні і падалася назад у хату. А ён, уцяміўшы, што здарылася, ажно ахаў са здзіўлення: "Не пазнала... мяне не пазнала... Дзівота! Можа на сваё шчасце не пазнала... Так-так, падрос не толькі дубок..."

Бацька пазнаў адразу. Зрабіўшы крок з парога, ён замёр у нямым запытанні, а потым павольна, як бы вагаючыся, ступаць ці не ступаць, сунуўся да яго. Валянцін бачыў, як часта дыхае бацька. Абхапіўшы сына дрыжачымі рукамі, ён шэптам, поўным трывогі, пытаўся:

- Сынок! Валя! Як жа ты? Чаму ж гэта ты? Ці сам, сынок, ці паслалі?

- Так трэба, тата. Сам... і паслалі...

- То хавайся ж, хаваймася. Што ж мы гэта робім, чаго тут стаім?! - бацька рашуча зняў накінуты "наапашкі" кажух, загарнуў ім Валянціна, як маленькага, і, абхапіўшы рукою, павёў да адрыны.

- Вось тут на застаронку пасядзі, покуль разыдуцца мужчыны, а там будзем глядзець. Ці мо лепш у вазок залезь адпачні, там сена. Толькі не засні, глядзі не засні!

Голас яго пацвярдзеў, Валянціну стала добра ад паху бацькавага кажуха.

- Неспакойна, сынок, у нас - вобыскі, арышты, не дай, не прывядзі, але ж нічога, неяк яно будзе. У Кракотцы трое хлопцаў хаваюцца, чакаюць "на перавод" за мяжу... Мне трэ ісці, - схамянуўся ён. - Заўважыць хто з мужчын, што забавіўся тут. Маці не пазнала цябе?

- Не, - усміхаючыся, адказаў Валянцін.

- То і добра, не будзем ёй казаць, бо яна ж вельмі ўсё да сэрца прымае, баюся, хаця б не захварэла з перажыванняў, набожная такая стала... Ну, то я пайду.

У хаце прыкмецілі адлучку гаспадара і, па звычаях вёскі, дзе кожны пра другіх павінен ведаць усё да звання, нехта спытаў:

- Хто там прыходзіў, дзядзько Павал?

- Суседка запалку пазычыць прыбягала: раніцай па вуголле з гаршком - лянуецца.

- Нешта доўга пазычалі тую запалку, хе-хе-хе... Карабок адсырэў, а мо галоўка зашмэргалася... Мо кошку чорную лапалі, хе-хе-хе, упо-цемку ў сен...

Гаспадар строга глянуў, і жартаўнік прыкусіў язык на паўслове. Ніхто не смеў гаварыць пры Паўлу брыдкага: яго шанавалі як самага разумнага чалавека ў вёсцы, ды яшчэ мужчыну з крутым норавам.

Але ў кампаніі заўжды знойдзецца шаламок, для якога, як для таго прыдворнага блазна, і карона - не святасць.

- Глядзі ты! О-то, браце, натура Павал Дзям'янавіч - як той шкурат: круці яго, а ён мацнейшы робіцца, - дзівіліся вяскоўцы. - Hi ў чым не саступіцца, ні ў вялікім, ні ў малым, а калі што наважыць, то і ўсім сялом яго не звернеш, хоць бы муры пэнкалі. Вось, каб такія ўсе людзі былі, над кім бы паны панаваць мелі?

Дачакаўшыся, калі разышліся мужчыны, бацька павёў Валянціна да дзеда Мікалая. (У Кракотку весці перадумаў: далёка есці насіць, ды і не так бяспечна ў гурце Валю).

Дзядуля любіў Валянціна. Бывала, возьме ўнука ў поле каня разам пасвіць і любуецца яго лепетам: "Саплівец такі, жэўжык, а як стары разважае. Не агледзішся, калі той час праляціць".

Часам і стары, разахвоціўшыся, расказваў хлопчыку пра іх таўлаеўскі род.

- Прывёз, кажуць, пан майго бацьку, а твайго, знацца, прадзеда Кандрата аднекуль з Літвы, пасяліў, знацца, зразу пад Слонім у Нараставічы, а потым у Рудаўку. Атрымаў Кандрат пры адмене паншчыны цэлы надзел - 15 дзесяцін. А жанаты быў два разы і ад першай жонкі меў два сыны, а ад другое - тры. Падзялілі сыны зямлю, знацца, на пяць частак, так вось і маем па тры дзесяціны. Твой дзед нябожчык Дзям'ян усё жартаваў, бывала: "Многа поля - у бакі коле". Але, нябось, не коле, ніхто не адказваецца нешта, ліха матары... Мала поля - жывот падцягвае, вось што.

У дзеда Мікалая выходзіла не так складна, як у дзеда Дзям'яна, але больш праўдзіва. Што значыць "падцягвае жывот", у іх сям'і ведалі. На вёсцы ўсё жартавалі з мачыхі-настаўніцы, якая на поўным сур'ёзе пытала ў бабкі Аўдоцці: "Чаму-то ў нас карова ёсць, а масла няма?" Бабка маўчала, не апраўдвалася. Яна заложна і ціха цягнула лямку гаспадыні пры інтэлігентнай нявестцы. Так і памерла пад каровай - чацвёртае цыцкі не выдаіла. Старалася бабка Аўдоцця, ой, старалася, а масла не было...

Зайшлі ў двор да дзеда Мікалая. Бацька разбудзіў гаспадара. Спачатку сам зайшоў у хату. Валянцін пачуў pyx за сцяною, загарэлася святло, потым знікла - завесілі дзяружкай кухоннае акно. Выйшлі бацька з дзедам. Стары ўхапіў унука за рукаў і пацягнуў у хату. Там агледзеў пры газніцы, нібы не верыў, што гэта ён, і стаў бедаваць:

- А мы ўсе думалі, унучак, - ты там. А ты вунь дзе! А мае ж вы добранькія, а мы ж гадалі. Толькі ўчора адкрытку ад цябе з Мінска палучылі... Што гэта дзеецца на белым свеце?..

Потым, засаромеўшыся свае разгубленасці, стары ўладна загадаў жанчынам накарміць "чалавека" гарачым. Ён разумеў Паўлавы довады, што Валянціну тут будзе бяспечней і зручней, чым дзе-небудзь, і без лішніх слоў згадзіўся перахоўваць унука.

- Хай вось пад'есць - ды на печ. Месца хопіць.

- Што вы, тата, - умяшалася дачка Вера, - страшна ў хаце. У гумно трэ, на сена.

- Ат, у гумно-о, на сена, на шмена... На печ! Хай чалавек душу атагрэе.

Вера не магла сказаць, што ў іх хаце назначаны явачны падпольны пункт. А значыць вобыску і арышту можна чакаць кожную ноч. Яна была ўдзячна дзядзьку Паўлу, які таксама настойваў зрабіць схованку ў гумне. Дзед уступіў.

- Я і сам так думаў, Паўлюк... На печы яно, канешне, - старому толькі ўлежна. Заўтра хай сабе выграбе нару ў сене... Залез - лапу ў зубы і смакчы, як той мядзведзь у ломе. Так яно, пэўне, спакайней і яму і нам. А доўга, унуча, маеш хавацца?

Валянцін маўчаў. Знаёмы дух дзедавай хаты, цяплынь, дамавітасць размарылі яго. Ён глядзеў асалавелымі вачыма і не пазнаваў сваіх родзічаў: постаці іх то дваіліся ў вачах, то вырасталі ў вялізных, як дубы, асілкаў ды зацягваліся туманом... Раптам з імглы вынырала нейчая галава, а потым расла - угору, вочы сыходзіліся на пераносіцы ў адно велізарнае вока Паліфема... I яму не страшна было глядзець на гэтыя прывіды. На целе станавілася лёгка-лёгка, як бы быў пад хмелем.

- Ой, нагараваўся недзе, небарача. Бач, Павел, спіць наш маладзец! Ох-ха-ха! - цяжка ўздыхнуў стары. - Жытка-жы-ы-тачка!

Паўсонны Валянцін даплёўся, бэрсаючы нагамі, да печы. На чарэн ужо давялося падсаджваць. Усю ноч снілася Ялта, гарачыя пляжы, трапічныя расліны, якія яму з непрывычкі здаваліся некалі штучнымі, нерэальнымі, і ён кранаў лісты, бывала, пальцамі, каб пераканацца, што яны жывыя. Гэта было ў 1931 годзе, калі яго, як ахвяру паліцэйскіх рэпрэсій, паслалі на курорт...

Назаўтра Валянцін перабраўся ў гумно. Норка ў сене была па-свойму ўтульная: пахла рамонкам і чаборам, холад не дужа даходзіў; укрыўшыся коўдрай, а паверсе - кажухамі ды буркай, можна было ляжаць, думаць, драмаць. Нязручна толькі тое, што трэба ўкрывацца з галавою, каб не адмарозіць у сне вушэй ці носа. Потым прыбавіліся новыя прыкрасці: ляжаць так без руху доўга не вылежыш - як у дамавіне. Рабілася сцішна, нібы чалавек трапіў у панурае чорнае прадонне па той бок жыцця. Hi рук з-пад коўдры не дастаць - зябнуць, ні пачытаць. А бацька прынёс яму газет і кніжак, нават перадаў сшытак турэмных вершаў.

Валянцін рашыў на дзень вылазіць са свае схованкі. Перабіраўся ў гняздо, якое зрабіў сабе ў сене ля самага прычолку. У саламянай страсе праскуб дзірку, і там можна было з горам, з бядою разбіраць літары. Уявіўшы, як пацешна ён выглядае ў гэтай "буслянцы", хлопец напяваў жартам:

Сядзіць голуб на дубочку

Ды расіцу п'е.

Каля яго сізая галубка

Ды гняздзечка ўе.

Есці прыносіла часцей за ўсіх Вера. Валя быў з ёю ў старой дружбе і любіў яе за вясёлы характар, вострую памяць і дапытлівасць.

Вера садзілася побач і, покуль ён памалу сёрбаў варыва, расказвала навіны з усяе акругі. Гаварыла яна захоплена, усхвалявана і, хоць пераскоквала з аднаго прадмета на другі або забягала наперад, вярталася да прапушчанага, але слухаць яе было цікава. Мысленне ў яе было нейкае наподзіў канкрэтнае і вобразнае; усё - дэталі, факты, падзеі, вясёлыя, сумныя, смешныя і трагічныя - уперамешку.

- Ах, Валя, не помню, ці табе пісалі... Не - такі не пісалі. Ты Веру Хвясеню з Чамяроў ведаў? Дык вось яна замуж за Сяргея Багданчука ў Касцянёва выходзіла летам прошлага году. Дык узялі ды пажаніліся па-савецку - без папа. Іскрыка Рыгора ты, пэўна, знаў? Наш, партыйны хлопец. Ён маладым рукі насавым платком звязаў, вакол стала абвёў і кажа: "Вось вы і ўступілі ў шлюб. Так, як павінны ўступаць усе ідэйныя людзі". А Якуб Пракапчук сказаў прамову, і моладзі дужа такі шлюб спадабаўся, толькі старыя маракавалі, што гэта не шлюб, а няведама што, абраза боская. Паліцыя потым дазнанне рабіла, маладых і шафераў дапытвалі і катавалі... А ў нас, у Кракотцы, што здарылася, дык не паверыш. Роднага брата забіў брат за зямлю. А той зямлёю і не цікавіўся, той, ты павінен помніць Івана Філітовіча, палітыкай той цікавіўся. I зямлі б, тае свае долі, не даходзіў бы ў брата. Усе сёлы так абураліся, нават песню склалі, і пяе моладзь:

Ахвярай ты паў ад рукі свайго брата,

Залёг у дамавіну навек, здэцца, ты

Твой брат азвярэў і зрабіўся горш ката...

Валянцін слухаў, і на губах яго блукала сумная ўсмешка.

Вера тым часам знайшла новую тэму, яна ўспомніла кніжкі, якія Валянцін прыслаў ёй з Мінска.

- Так усім хацелася чытаць тыя кніжкі, асабліва "Цэмент" і "Гой", што недзе як пайшлі з рук у рукі, дык і не вярнуліся. А ўсім вельмі спадабалася адкрытка, што ты прыслаў летась, дзе старыя ў школе вучацца - сфатаграфіраваны. Ну, пацеха...

А як мяне арыштавалі ў Азярніцы летам ды перадалі ў Міжэвіцкі пастарунак - вот страшна. Паліцыянт, ёсць там адзін такі зараза, тваю картачку ў мяне забраў. "О, - крычыць, - камуніст! Выўратовец, пся крэў! Дзе цяпер гэты крымінал пражывае? Адказвай! Мы вемы, на шпіка ў Саветах вучыцца! Зловім і-і-і вось што мы яму зробім!" - схапіў ён тут ручку ды пяром табе, Валечка, адно і другое вока павыколваў. А я як закрычу... Адвярнулася і рукою твар закрыла. А ён рукі мне ад твару аддзірае і раве: "Не смей засланяцца, камуністка! Глядзі сюды! Пазірай што твайму мондраму браціку будзе!.." Так і прапала тваё фота...

Ты шмат, здымкаў, паштовак і кніжак прыслаў. Хлопцы вельмі рады былі кніжкам. Івану Місько з Какошыц як пачак цэлы прыслаў, дык мне хлопцы дзякавалі - душу, кажуць, хоць адвялі... Іван гэты, казаў - з табою вучыўся, ён таксама вершы піша, а падпісвае - Анатоль Іверс. Што за Іверс, я і не пайму. Старыя людзі кажуць, нейкая ікона іверская ёсць. Але яго псеўда, мусіць, не ад іконы.

- Пэўна, не ад іконы, - сказаў Валянцін. - Гэта, відаць, скарочанае слова, абрэвіятура: "Ів" - значыць Іван, а "эр" і "эс" трэба расшыфраваць. Мажліва, гэта азначае - "рабоча-сялянскі". Іван рабоча-сялянскі: падобна як называлі аднаго фламандскага мастака Пітэр Брэйгель - мужыцкі.

Вера не пярэчыла. Некалькі незразумелых слоў, якія Валянцін ужываў у тлумачэнні псеўданіма Іверса, пераканалі яе, відаць, больш, чым довады. Аўтарытэт брата быў для яе непахісны. А ён пашкадаваў, што перапыніў яе гаворку. Пасылаў ён шмат кніжак і паштовак яшчэ камусьці з іх кампаніі. Карцела даведацца і не выпадала пытацца пра таго адрасата. А Вера нібы знарок не ўспамінала яго імя. Расказвала пра блізкага сябра Аляксандра Маркевіча, якога судзілі нядаўна ў Слоніме за рэвалюцыйную работу, апавядала пра іншых камсамольцаў; Турлай Міша ў баптысты перайшоў. Паслалі бацькі вучыцца за столяра ў Брэст да баптыста: знарок паслалі, баяліся, каб у турму не сеў, а ён сабе іншую турму знайшоў, горшай не прыдумаць. Кулака Васю ў армію прызвалі, а Шуляк Мікола выехаў у Латвію батрачыць у маёнтак.

Валянцін здзівіўся, што за пару лічаных гадоў так разагналі ветры жыцця іх дружную кампанію. Сумна рабілася на душы ад гэтых звестак.

Нагаварыўшыся, Вера пакідала яго аднаго са сваімі думкамі, успамінамі і роздумам. Часцей за ўсё ўспаміналіся сябры з Рудаўскай камсамольскай ячэйкі, такія блізкія і недаступна далёкія сёння яму. Лезла ў галаву тая, пра каго маўчала Вера, а яму ніякавата было распытваць…

Начныя мроі

Як толькі заставаўся адзін, станавілася непрытульна на сэрцы, і з гэтага настырнага неспакою, перакрываючы яго, узнікалі ўспаміны, вясёлкавыя, духмяныя, ап'яняючыя. "Што б то было, каб у чалавека, асуджанага на адзіноту, адабраць памяць перажытага? Мусіць, не вытрымаў бы, марнеў бы, марнеў і счэз, - гаварыў сабе Валянцін. - Гэта была б самая страшная кара. Але няма такой сілы ў нелюдзей, каб пакараць мяне і яшчэ сотні, тысячы такіх жа падпольшчыкаў гэтаю жудаснаю караю".

Ён паіў запалоненае сэрца ўспамінамі і рады быў, што сабраў з жыццёвых дарог многа святла. У памяці, на шчасце, амаль не было горкіх памылак, якія б цяпер вярэдзілі кволую ў бяздзейнасці душу. Успаміналася часцей за ўсё прыгожае і ўзнёслае, чым можна было любавацца, нават ганарыцца.

Летам 1927 года, едучы з Віленскай гімназіі на канікулы, ён узяў шапірограф. Сказаў пра гэта Сашу Маркевічу. З Маркевічам яны былі, як кажуць, не разлі вада: разам калісьці хадзілі ў чацвёрты клас у Кракотку, разам ездзілі на начлег, разам гулялі. Саша падабаўся Валю больш за ўсіх хлопцаў з Рудаўкі і абодвух Кракотак - Вялікай і Малой. Ён быў з той пароды людзей, што шмат не гавораць і ніколі не хлусяць. Просты, напорысты, заложны ў дружбе і дзелавіты, Саша імпанаваў Валю практычнаю хваткай, чаго не хапала яму самому - летуценніку і фантазёру. Росту Саша таксама невялікага, але шырэйшы ў плячах, мускулісты. Маркевіч быў цудоўны слухач: калі Валя, бывала, расказваў змест прачытанай кнігі, той сабе глядзіць блакітнымі вочкамі - не зміргне, толькі зрэдку кіне заўвагу, і заўсёды дарэчы, трапна.

У той летні вечар, павітаўшыся з другам, Валя ўпаў у нейкі чуллівы настрой. Яму было шкада і як бы сорамна, што Саша не мог паехаць разам з ім вучыцца ў гімназію, што яго чакала доля хлебароба-гаротніка. Валянціну здавалася, нібыта ён быў вінаваты перад Сашам, што жыве ў горадзе, вучыцца... Дык вось пры сустрэчы ён з ходу запрапанаваў сябру справу, якая мелася іх зраўняць і яшчэ мацней зрадніць. Ён прыпамінаў тую размову.

- Ведаеш, Саша, што я табе скажу? Давай заложым ячэйку. У Віленскай гімназіі ўсе вартасныя вучні - у камсамоле. Будзем гуртам набываць палітычныя веды ды паднімаць свой культурны ўзровень. Свядомаму сыну працоўных мас патрэбны культура і веды. Я прывёз шапірограф, будзем лістоўкі друкаваць - заклікаць людзей да змагання за справядлівасць, за свае правы. - Чаму не, - адказаў Саша.

- Каго ты параіш? Я прапаную Мікалаеву Веру.

Разам яны падабралі кампанію сем чалавек - дзвюх дзяўчат і пяцярых хлопцаў.

Збіраліся надвячоркамі. Пасылалі ў дазор малышоў, а самі садзіліся на ганку ў Верынай хаце. Вакол быў добры агляд. Пачуццё небяспекі прыемна ўзрушала. Валянцін чытаў прывезеныя з Вільні кніжкі - мастацкія і палітычныя, нелегальныя - пра сацыялізм, а потым тонам настаўніка патрабаваў перадаць змест і папраўляў, калі хто мыляўся. Гэтыя вечары ўсім дужа падабаліся, хоць і не так уяўлялі яны сабе змаганне. Ды прыйшла чарга і на гэта.

Аднойчы Валянцін запыніў Веру на вуліцы і прашаптаў таямніча:

- Хачу даць табе сур'ёзнае камсамольскае даручэнне. Нам патрэбны чырвоны сацін і белая тасьма. Ты пойдзеш у Зельву і купіш. Да суботы.

- Куды я пайду, - аднеквалася Вера. - Я пайду вунь жыта жаць у маёнтак з дзяўчатамі аж за Азярніцу. На цэлы тыдзень наняліся. То дзе я куплю тыя прычындалы.

- Дзе? У Зельве, я ж сказаў. Стаўлю на гонар камсамолкі!

Вера ніколі не чула, каб ён гаварыў тонам рашучага загаду. Гэта яе, мабыць, уразіла: цэлы божы дзень рачкуе на ніве, пот вочы залівае, думаць ні аб чым не хочацца, але не-не ды сэрца ёкне - успомніцца даручэнне. I чым бліжэй падыходзіла тая субота (так яна потым расказвала), тым часцей брала за сэрца трывога і вінаватасць. У пятніцу яна не магла заснуць, варочалася да світання і, хоць усё цела ныла ад стомы, вачэй не заплюшчвала. Бо варта толькі заплюшчыць - дык тут жа бачыць яго ў гімназічнай форме. Задзірысты, нібы каршачок, глядзіць на яе і гаворыць па складах: "Як сабе хочаш, а дастаць му-у-сіш!" - "Нічога я не мушу, - злавалася ў думках яна, - мне вунь зарабіць трэ".

Але ён не адступаўся, стаяў на сваім: "Мусіш! Мусіш! Я кажу - мусіш!" Да відна Вера ўсё агрызалася ў нейкім трызненні, а потым да абеду жала, як і ўсе дні, толькі дзяўчаты заўважылі, што нейкая маркотная стала сяброўка, спахмурнела.

- Нешта ныеш ты сёння, Вера, невясёлая, ці не баліць што? - спыталі ў абед.

- Ой, дзяўчаты, не кажыце, не гаварыце: гэта ж успомніла, што грошы, адыходзячы, у хаце на століку пакінула. Каля трыццаці злотых. I сама не свая стала, як успомніла.

- Ай-я-ёй! - бедавалi дзяўчаты. - То ідзі, а то... Украсці то не ўкрадуць, але дзеці каб не зацягнулі куды. Цяпер дзеці ліха якія дасужыя. Завірушаць куды - і шукай ветру ў полі.

- Мусіць, пайду, дзяўчаткі. Вярнуся ў панядзелак.

- I яна пайшла, а вечарам прынесла і аддала Валянціну паўтара метра чырвонага саціну.

- Ці быў ты пэўны, Валя, што я прынясу яго?

- Ведаў, - напускаючы таямнічую міну, адказаў ён.

З гэтага моманту нешта перамянілася ў іх адносінах. Раней яна як старэйшая лічыла сваім правам і абавязкам апекавацца і кіраваць ім. Яму гэта і не дакучала. Вера скажа: "Валя, дай я табе хустачкі вымыю". - "На, вымый". - "Дай гузік у куртцы прышыю, бо згубіцца". - "Калі ласка". - "Дай шкарпэткі зацырую". - "Ну, можна разуюся". А цяпер яна адчула, што кіраўніцтва перайшло да яго. У самых важных справах кіраваць будзе ён. I яму ад гэтай перамены стала ніякавата, нібы цяжэйшую ношу адчуў за плячыма. Вера, як відаць, не дужа пранялася, ці мо і не ўлавіла гэтых змен, яна проста радавалася, нібы не даручэнне камсамольскае выканала, а яму пад свята кашулю вышыла. Гора з гэтымі жанкамі...

Неўзабаве надышоў Маркевіч, і яны ўтраіх узяліся за работу. Вера нашывала на сацін літары з белай тасьмы, а хлопцы варажылі каля шапірографа.

Валянцін гэтымі днямі напісаў першую сваю лістоўку. Перапісаць тэкст на васкоўцы папрасілі старэйшага за яго гімназіста Аляксандра Жыткевіча (той умеў пісаць друкаванымі літарамі - прыгожа і бяспечна: паліцыя па почырку не ўстановіць, хто).

Потым пашмаравалі васкоўку фарбай і прыкладвалі змочаныя ў вадзе вільготныя аркушы сшыткавай паперы. Кожны адбіты лісток здаваўся ім цудам тэхнікі і мастацтва. Любата!

Другія хлопцы-камсамольцы атрымалі заданне ноччу расклеіць лістоўкі: ля пастарунку паліцыі ў Кракотцы, на варотах школы, у маёнтку Біневічы (пану Міхайлоўскаму на веранду).

А яны з Маркевічам падаліся на рэчку з сякерай і жменяй цвікоў. Абышлі лугам абедзве Кракоткі, дайшлі аж да лесу. Прывалаклі тры бервяны і збілі невялікі плыток. Уваткнулі між дзеравяк два кійкі накшталт мачтаў.

- Ну, усё гатова. Цяпер глядзі, Саша, каб ніхто не надарыўся, а я дастану транспарант.

Ён зняў кашулю і адкруціў наматаны вакол сябе кусок чырвонага саціну, вышытага белымі літарамі. Асцярожна паклаўшы на траве, любаваўся і чытаў, узрушаны і горды: "Няхай жыве КПЗБ! Прэч акупантаў!".

- Нікога не відаць, Валя, - паведаміў Маркевіч.

- Хадзі, памажы мне прывязаць.

Яны паскідалі порткі, прывязалі лозунг да мачтаў, вывелі плыток на сярэдзіну рэчкі - плыві!

Хутка адзеўшыся, кінуліся наўцёкі. Беглі, адчуваючы, як за спіной вырасталі крылы, а грудзі распірала тая ўзнёслая радасць, якую можна перажыць толькі тады, калі, зрабіўшы рызыкоўны, мужны ўчынак, шчасліва выходзіш з-пад небяспекі. Хлопцы азіраліся і бачылі, як плыў па рацэ іх чырвоны штандар. Потым ён знік за аерам. Яны памчаліся да ўзгорка. Непадалёку ад Малое Кракоткі высіўся курган, нібы насыпаны рукой чалавека. На вяршыні расло некалькі кражыстых сасонак. Адгэтуль відна была рэчка кіламетраў на пяць у абодва бакі.

Задыхаўшыся, хлопцы дабраліся да вяршыні і пачалі ўглядацца ў далячынь.

- Не бачу я нашага плыта, - адазваўся ўпалым голасам Маркевіч, - мусіць, у бераг упёрся.

- А я бачу штандар!

- Дзе? Табе здаецца...

- Не, я бачу!

Праз вёску ішлі як нічога і не было, моўчкі несучы сваю таямніцу, сваю славу. "Такога не прыдумаў яшчэ ніхто", - радаваўся ён у душы сваёй выдумцы. Вывешваюць сцягі на дрэвах, на школьных будынках, на тэлеграфных слупах, а паліцыя здагадваецца, з якое вёскі гэта зрабілі. Перабірае падазроных і лічыць рэбры па пастарунку, покуль не выб'е сакрэту. А тут - лозунг па рэчцы плыве! Пайдзі знайдзі, з якога месца яго пусцілі на ваду. I паплыве аж да Нёмана. I будуць людзі па ўсіх вёсках і гарадах знаць, што ў Заходняй Беларусі кіпіць барацьба... Даплыве аж да мора, аж да Крулеўца, і там будуць людзі чытаць. Хоць не дазнаюцца, хто то зрабіў, якія то безымянныя героі - зрабіў беларускі народ. На нашай мове напісан пратэст і заклік да змагання! На мове Купалы. О, нездарма купалаўскі верш усе яны завучылі напамяць:

Чаго вам хочацца, панове.

Які вас выклікаў прымус

Загаварыць аб гэтай мове,

Якой азваўся беларус?!

Назаўтра хлопцы і дзяўчаты, якія расклейвалі лістоўкі, дзяліліся ўражаннямі. Твары ў іх былі ўзрушаныя і таямніча шчаслівыя. Асабліва, яму здавалася, прамянеў шчасцем і хараством твар Тоні Кулак. Ён заўважыў даўно ўжо, што не вытрымлівае яе позірку. Варта ёй паглядзець на яго гэтымі вялізнымі карымі вачыма, і ён адводзіць позірк, як вінаваты. Нават адчуваў, што румяніцца. Хоць на яго шэра-бледным твары не дужа прыкметны румянец, але баяўся, каб не прыкмецілі. Яе лічылі самай прыгожай дзяўчынай у Рудаўцы і абедзвюх Кракотках. У аматарскіх спектаклях Тоня іграла ролі маладых прыгажунь. Сярэдняга росту, зграбная, смуглявая, вясёлая, яна магла спадабацца і простаму хлопцу, што шукае ў дзяўчыне росквіту сіл, і чалавеку, што гоніцца за багаццем эмоцый, раскошай душы.

Слухаючы расказ пра начныя поспехі, здаецца Мішы Шуляка, Валянцін нечакана для сябе самога перапыніў хлопца і з пачуццём перавагі махнуў рукою:

- Што, гэта яшчэ дробязі. Паспрабаваў бы ты ў Вільні раскідаць лістоўкі. Во там рызыка, дык рызыка!

Краем вока ён сачыў за Тоняй - якое гэта зробіць уражанне на яе. Яна глядзела на яго і з надзеяй на нешта незвычайнае чакала расказу пра віленскія прыгоды. Але яму стала брыдка за пахвальбу як ніколі, ён змоўк і не мог нічога расказваць. Ахоплены скрухай, пачуў нават палёгку, калі прыйшоў Саша Маркевіч і заявіў ці то з насмешкай, ці то з прыкрасцю, што іх плыт не даплыў нават да Рудаўкі.

- Перавярнула наш плыт на быстраку. Касцы толькі і прачыталі лозунг. Я так і думаў, што нічога з гэтага не выйдзе.

У душы Валянцін ведаў, што перабраў тут меру, зафантазіраваўся, але поўнасню прызнаць паражэнне неяк не мог.

- Не кідайся ў паніку, - абрэзаў ён сябра, хоць добра разумеў, што гаворыць не тое, бо Саша спакойны і смелы. Калі б у яго самога запыталі, хто з іх дваіх схільны да панікі, ён без ваганняў ткнуў бы пальцам сабе ў грудзі. Але Валянцін востра адчуваў, што Саша ў нечым не мае рацыі. Не меў права Саша так насміхацца з гэтае дарагой ім абодвум аперацыі. Не, так нельга...

Тады ўвечар яны амаль не пасварыліся. Выратавала становішча Вера, якая разважыла спрэчку: мала што, маўляў, бывае. Хочаш так, а выйдзе крыху не так, а хто вінаваты? Ніхто. Так складваецца. Усяляк бывае, а кожны хоча як найлепш...

На справе аказалася, што сярод касцоў былі камуністы з Рудаўскай ячэйкі. Устанавілі кантакт. Гэта быў самы істотны вынік іх агітацыйных намаганняў. З гэтага часу яны сталі дзейнічаць пад кіраўніцтвам старэйшых.

Дамоў ён ішоў, помніцца, пануры, а Тоня ў той вечар неяк вельмі гарнулася да яго, трымалася побач, расказвала смешныя сцэны з п'есы, якую меліся ставіць у вёсцы, усяляк развясельвала кампанію, але ён здагадваўся, што гэта для яго ўсё, толькі для яго. I яму рабілася яшчэ больш маркотна, хацелася, каб да смерці было толькі маркотна і горка на душы. А як падышлі да яе весніц, Тоня раптам абхапіла яго за шыю і пацалавала. Ён чуць не самлеў ад шчасця. Не тое што, каб не цалаваўся ніколі, як іншыя вясковыя хлапчукі, што паддражніваюць адзін аднаго: "Ага, а я ведаю, а я ведаю - цябе маці, у пасцель кладучы, цалуе!" - "Што ты ведаеш, падхоплівае другі, - ён яшчэ матчыну цыцку ссе!.. Го-го-го!" I пачыналася бойка. Не, у іх сям'і дзяцей прывучалі не саромеючыся выказваць пачуцці да родных. Ён помніў пацалункі маці, такія родныя, любыя, што не адрозніш, дзе твае вусны, дзе яе; ён помніў сухія, засмяглыя вусны бабкі Аўдоцці, што так не пасавалі да азароных шчасцем вачэй, калі яна цалавала яго з Шурам, сваіх унучкаў-сіротак, ён помніў далікатныя і цнатлівыя вусны мачыхі... Але Тоніны былі не падобны ні на што ў свеце: гарачыя і дрыготкія, пяшчотныя і сарамлівыя... Адчуць гэты хмельны дотык яшчэ раз - і хоць памерці!

Ды яна ўцякла, пакуль ён апамятаўся. Назаўтра прагна чакаў, покуль яны зноў астануцца адны, а яна здалёк падала шорсткую, сухую, на дзіва маленькую, як на яе рост, руку.

- Тонечка, - памкнуўся ён абняць сяброўку, але яна рашуча адхінала яго ад сябе, перарывіста паўтарала:

- Перастань! Не трэба!

Тоня была старэйшая на цэлы год і больш рослая, нават можа дужэйшая за яго.

- Давай пацалуемся, - пачаў ён цыганіць.

- Што ты, - дзівілася яна, - я не ўмею.

- А ўчора?

- Што ўчора? Што ты выдумляеш, - у голасе яе пачуўся шчаслівы смех, - я не помню...

- А на сцэне, - настойваў ён, - на сцэне ты ж цалавала жаніха.

- То ж ты - не... - яна завагалася і паправіла: - То ж мы не на сцэне. Вунь, бачыш, вучыцель не спіць, у акно пазірае. (На кватэры ў іх жыў польскі настаўнік Гаротка).

- Хачу спаць, - вымавіла Тоня такім зморана-жаласным голасам, што ў яго апусціліся рукі.

Скарыстаўшы яго нерашучасць, дзяўчо шмыгнула ў брамку, а ён паплёўся дамоў, несучы поўнае жалю і крыўды сэрца. Адумаўшыся, ацаніў яе далікатнасць: устрымалася, не сказала "ты ж - не жаніх", бо гэта было б груба, падобна на тое, што стань жаніхом і цалуй...

Яна была непрыступная. Толькі, як яго выключылі з гімназіі, Тоня прывітала яго зноў цалункам. Усю весну і лета 1929 года яны дружылі, лічылі зоры, п'янелі ад салаўіных песень, ён прагна дабіваўся, а яна сарамліва і боязна маніла і ўцякала ад пяшчот.

А потым яго арыштавалі... У турме яна часта снілася. I ён пісаў вершы пра барацьбу і разлуку, пра маладосць, што нацалавацца не паспела, пра бунт і тугу запалоненага сэрца:

Ізноў загарэліся нашыя зоры,

аднак не пабачымся мы:

дарога мая напаткалася ўчора

на шэрыя сцены турмы.

Гэтыя радкі ён склаў ноччу, варочаючыся з боку на бок на мулкіх нарах слонімскага астрога. Цяжка было прывыкаць да астрожнай пасцелі.

Чаканне на прысуд прыгнятала яго, здавалася, што не будзе канца няволі, што асудзяць навек. Ад тугі выратоўвалі ўспаміны пра вёску, сяброў, вясну і каханне. У марах ён прадаўжаў блукаць з Тоняй над яснымі зорамі, абнімаўся, шаптаў пра каханне і шчасце. У турме і прывык раскашоўвацца думкамі-марамі. Не хацелася вяртацца ад лятункаў да шэрае явы.

О!.. Гэта не рукі дзяўчыны

На нарах і душна, і цесна.

Хачу я пяшчоты і песні...

I песцяць мне сэрца ўспаміны.


Зноў бачу я сцежкі і далі -

Іду, а дзяўчына са мною.

I ночы, якія вясною

Наскрозь салаўі прапяялі.

У турму Тоня пісала стрымана-цёплыя пісьмы, а калі ён выйшаў, сустрэла таксама сарамліва і горача, як тады ў той першы вечар. Паўтарылася бясконца шчаслівая хвіліна. А потым усё абарвалася таксама нечакана, як і пачалося: ён пайшоў за мяжу, пайшоў, як думаў тады, надоўга, а ёй, мабыць, думалася - разлука назаўсёды. З Мінска пісаў ёй, слаў кніжкі, адчуваў яе прысутнасць, і лягчэй было ўжывацца ў "новы свет". З адказаў Тоні, якія рабіліся ўсё карацейшыя і прыходзілі радзей і радзей, ён здагадваўся: нешта дзеецца з іх дружбай, з іх заманлівым шчасцем. Было адзінока на сэрцы, балюча і горка.

Тады ў яго жыццё ўвайшла Каця, мілая-мілая, вясёлая, сардэчная савецкая дзяўчына. Ён знаў яе, здаецца, навылёт, а яна вабіла яго ўсё больш і больш. З ёю было добра, радасна і ўзнёсла на душы. Яны разумелі адно аднаго. Для яе ён быў рамантычны бунтар з таго жахлівага і таямнічага свету, пра які пісалі кнігі, а для яго Каця была ўвасабленнем ідэалу новага савецкага чалавека, дачкою Кастрычніка, на дзіва гарманічнаю натурай, часцінкай самага перадавога класа (Каця працавала работніцай на абутковай фабрыцы), яна была з сям'і арлянят, якім спяваў песні-гімны Купала. Новае шчасце ахапіла яго так моцна, што, здавалася, не будзе яму ні канца, ні краю. Ён верыў і верыць, што гэта сапраўднае каханне, і адно назаўсёды. Бо што іх звязвала з Тоняй - юнацкая сімпатыя. Калі расказаў пра Тоню Каці, тая толькі ўсміхалася: от, маўляў, нявінныя дзіцячыя пачуцці. Нават калі чытаў Каці заключныя радкі з астрожнага верша, у якім гаварыў Тоні:

Калі я загіну - усё буду помніць.

I ты, жывучы, не забудзь...-

на твары ў Каці не было і ценю рэўнасці. "Добры верш, мне дужа падабаюцца апошнія радкі". I яна не прытваралася, гаварыла шчыра, нібыта словы гэтыя адрасаваны не Тоні, а ёй, Каці. Яна гаварыла так, што адчувалася спагада да яго першага пачуцця і спакойная ўпэўненасць, што толькі іх каханне сапраўднае і вечнае.


"Пэўна, так яно і было, толькі чаму ж тут, у роднай вёсцы, - разважаў Валянцін, - Тоня побач з Кацюшай устае перад вачыма і вабіць, вярэдзіць душу і заве зведаць нязведанае?..

А можа я кахаю дваіх? Што за пошасць. Атрымліваецца нейкая жахлівая гарэмшчына ў галаве. Чытаў жа нядаўна ў Бялінскага пра ўсходні тып кахання - чорт ведама што. Няўжо ж і ў мяне... Агідна, да чаго можа разбэсціцца фантазія. К чорту! Трэба канчаць. Ад бяздзейнасці можна цалкам разлажыцца.

Які ўсё ж ты - нягоднік, - дакараў ён сябе, - як ты толькі пакажашся на вочы Кацюшы! А яна, бедная, недзе чакае, думае, што ты тут робіш вялікую справу, толькі і думаеш пра свабоду роднага краю. Паганец!"

Назаўтра раніцай ён папрасіў Веру, каб неадкладна дастала яму пару паштовак і падрыхтавала чарніла і новае пяро. Позняй ноччу па дамоўленасці прабраўся ў хату і, усеўшыся за кухонным сталом, старанна, каліграфічным почыркам напісаў віншаванне "мілай цётачцы" з днём імянін. Заадрасаваў паштоўку ў Варшаву і сказаў Веры:

- Занясеш у Зельву і кінеш у паштовую скрынку.

Вера кіўнула галавою: "Усё разумею, занясу". Ён усміхнуўся ў адказ, параўнаўшы, як цяжка было даць тое першае даручэнне і як лёгка цяпер.

Слова фактам

Чытаючы гэтыя раздзелы, хто-небудзь можа падумаць, што жылося Таўлаю ў родзічаў зусім бяспечна, але гэта далёка не так. Слонімшчына з канца дваццатых гадоў была пад асаблівай увагай паліцыі. I хоць "напалеонаўскія планы" павятовага каменданта аб стварэнні ў Слоніме следчага аддзела са штатамі і фондамі аддзелаў ваяводскіх поўнасцю не здзейсніліся, але начальства, відаць, прыслухалася да яго дакладной і прыдумала таннейшы па бюджэту, але не менш надзейны спосаб разгрому рэвалюцыйнага падполля на Слонімшчыне.

У пачатку 1932 года сюды быў пасланы самы страшны ў Заходняй Беларусі правакатар Якуб Стральчук. Вось яны, жахлівыя і агідныя факты, цынічная споведзь прадажніка на допыце.

Стральчука дапытваюць у якасці сведкі абвінавачвання, і ён гаворыць спачатку анкетныя дадзеныя. З іх вынікае, што жыхар вёскі Крывая Пасвінкоўскай гміны Бельск-Падляскага павета Якуб Стральчук уступіў у КПЗБ з дазволу і па дамоўленасці з бельскай паліцыяй у ліпені 1931 года. Хутка ўваходзіў у давер'е: адразу стаў членам Бельскага райкама, потым Беластоцкага акругкама і нарэшце інструктарам ЦК КПЗБ.

"У кастрычніку-студзені 1932 года, - паказвае Стральчук, - я прыбыў на тэрыторыю Слонімскага павета. Прыязджаў сюды тры разы, праводзіў пасяджэнні АК, РК і інш. Другі раз прыязджаў у пачатку красавіка 1933 года рыхтаваць першамайскую кампанію" [6]. Трэці раз правакатар наведаў Слонімшчыну ў лістападзе 1933 года.


Калі ўлічыць, што Вера Таўлай была сувязной і мела падпольную "яўку", то стане ясна, якая небяспека падпільноўвала яе і Валянціна. Ім проста пашанцавала, што толькі ў апошні свой прыезд чорны груган правакацыі зачапіў кіпцюром за Рудаўку.

У верасні 1933 года Веру арыштуюць, але не збяруць доказаў і абмяжуюцца штрафам у 10 злотых за ўдзел у нелегальнай масоўцы. Але на гэтым не скончыцца справа. 30 красавіка 1935 года, пасля таго, як Стральчук будзе выкрыты і распачне масавае прадажніцтва, пракурор Гродзенскага акруговага суда дасць распараджэнне арыштаваць Вepy Таўлай паўторна і дапытаць у якасці абвінавачанай па арт. 97 пар. 1 Крымінальнага кодэкса.

Следчы правядзе допыт у Слоніме 1 мая 1935 года і пачуе: "Ніколі да ніякае камуністычнай арганізацыі не належала і не належу. Увосень1933 года была западозрана ў распаўсюджванні камуністычнай літаратуры, але пасля допыту ў следчага суддзі была зволена... Ніякім сакратаром камуністычнай ячэйкі я не была і не з'яўляюся" [7].

Нездаволены адказамі Веры Таўлай, следчы пусціць у ход свой самы моцны аргумент - правядзе вочную стаўку са Стральчуком. Але вынікі акажуцца не такія цікавыя:

"Паказанага мне чалавека не знаю і ніколі яго не бачыла. Не помню, ці гэты чалавек быў на той масоўцы ў лесе, толькі помню, што быў нейкі чалавек, які прамаўляў, падобны на яго, але ці быў гэта ён, напэўна не ведаю, бо крыху прыкрываў твар" [8].

Ці то можа следчы павядзе допыт няўмела, ці мо памяць у правакатара будзе перагружана больш важнымі падзеямі, у кожным разе Веры зноў пашанцуе - у пратаколе астанецца толькі наступнае:

"Сведка Стральчук паказвае: "У вёсцы Рудаўка я меў кантакт з дапытваемаю і пазнаю яе, але з якою мэтай кантактаваўся з ёю, не ведаю, не помню. Кантакт гэты быў вечарам. Дапускаю, што яна павінна быць членам КПЗБ і, напэўна, мела яўку" [9].

Органы пракуратуры не задаволяцца сабраным матэрыялам, Веру адпусцяць пад нагляд паліцыі і пачнуць пошукі Стральчука з мэтай дапытаць яго больш грунтоўна (у той час правакатар ішоў нарасхват: брэсцкая, беластоцкая, віленская паліцыя цягалі яго наперабой і высмоктвалі звесткі). Гродзенская пракуратура атрымае адказ з Брэста, што Стральчук там. Спецыяльны следчы 29 кастрычніка 1935 года правядзе ў Брэсце паўторны допыт правакатара, які пакажа наступнае:

"Што датычыць Веры Таўлай, якую мне таксама паказалі, то ў яе прысутнасці я меў кантакт з членам ЦК КПЗБ Бэркам Алехам, псеўда "Сцёпа". Прыпамінаю, што гэты кантакт адбыўся каля гумна, ці пры хаце Таўлай - не помню. Калі я прыйшоў на кантакт, то застаў там Бэрка Алеха і Таўлай, здаецца, што гэта іменна яна прывяла яго на кактакт. Было гэта ў вёсцы Рудаўка ў кастрычніку або лістападзе 1933 года. Ці з Таўлай сустракаўся я акрамя гэтага - не помню, і якое становішча займала яна ў партыі - не ведаю" [10].

Суд адбудзецца 28 лістапада 1935 года ў канцылярыі следчага суддзі ў Слоніме. Справу аддадуць на дадатковае расследаванне. Тады судовы працэс назначаць на 28 студзеня 1936 года, але галоўны сведка абвінавачвання правакатар Стральчук не з'явіцца на суд, позва вернецца са шматзначным надпісам на левым баку: "З'явіцца не можа, знаходзіцца ў адным са шпіталяў Вільні". Позву паўтораць яшчэ праз месяц, адказ будзе той жа. Суд правядуць без галоўнага сведкі. Вера Таўлай ("Хоць і не выказала скрухі" [11]) атрымае толькі год турмы, які па амністыі будзе заменены наглядам паліцыі.

Караючая рука рэвалюцыі насцігне прадажніка, спыніць яго агідную дзейнасць.

Калі правакатар поўзаў змяёю па Слонімшчыне, там у 1932 годзе ў вёсцы Чамяры ў доме сваячкі паэта Анатоля Іверса Вольгі Міско меў часовы прытулак той, хто цаною жыцця рашыцца выратаваць гонар рэвалюцыйнай Слонімшчыны, гонар КПЗБ - знішчыць правакатара. Сяргей Осіпавіч Прытыцкі, сакратар Слонімскага акругкома камсамолу, у перапынках паміж небяспечнай работай чытаў у Какошыцах кнігі, прысланыя Таўлаем Анатолю Іверсу, - "Дзесяць дзён, якія ўскалыхнулі свет" Джона Рыда і "Цэмент" Гладкова [12].

Стрэл Прытыцкага прагрыміць у зале Віленскага акруговага суда якраз тады, калі Вера Таўлай будзе чакаць прысуду. Многім людзям падполля прынясе гэты стрэл збавенне ад турмы і пакут, усім камуністам, усім сумленным людзям ён прынясе палёгку ад маральных пакут і ўмацуе веру ў жыццё, у перамогу справядлівасці і сумленнасці над подласцю і здрадай.

Перад пачаткам

Час ішоў, адказу на віншавальную паштоўку не было, прыходзілі толькі Веры яго паштоўкі з Мінска, падрыхтаваныя загадзя. Варшаўская ж "цётачка" была не дужа акуратная ў перапісцы. Давялося яшчэ раз напомніць пра сябе.

Аднак гэтыя нелады не маркоцілі Валянціна, ён верыў, што ўсё будзе добра, і жыў прадчуваннем справы. Гэта надавала чаканню трывожную слодыч. Моманты перад пачаткам - хіба не самыя паэтычныя хвіліны жыцця, нездарма ж людзі з дапатопных часоў навучыліся расцягваць і смакаваць іх. Наш далёкі продак перш, чым засеяць, зажаць, выгнаць статак вясною, чыніў магічныя дзействы: клаў зарокі, шаптаў заклінанні - падсцёбваў ваабражэнне, будзіў сілу і волю. Паэзія пачатку! Ты - самая старадаўняя, самая паэтычная паэзія.

Услухоўваючыся ў таемную песню прадчування новых падзей, Влянцін надаўмеўся, што можа і тая яго паганая маруднасць, праз якую выйшла столькі прыкрасцей, ёсць таксама разнавіднасць паэзіі пачатку. А паколькі ў жыцці дзейнічае дыялектыка, дык і даводзіцца плаціць за слодыч чакання звонкай манетай правароненых спраў. Валянцін, як і кожны мастак, быў крыху эпікурэец духу - любіў і ўмеў смакаваць гэты таемны цуд прадвесняў, цуд світанняў, цуд ранішніх зор. Але, змалку гартаваны ў агні барацьбы, ён умеў цаніць і суровую радасць адрачэння ад сваіх асалод у імя вышэйшых прынцыпаў неабходнасці, умеў і любіў ахвяроўваць паэзіяй мар дзеля драмы грамадскіх спраў.

Час ішоў, не адсланяючы таямніц лёсу. Праўда, з той пары, як Вера занесла паштоўку ў Зельву, думкі Таўлая перакінуліся ў будучыню. Ён спрабаваў уявіць тую варшаўскую "цётачку", што трымала ў сваёй сакрэтнай шкатулцы яго заўтрашні дзень. Асоба гэтая ўяўлялася даволі звычайнай, дужа падобнай на адну нізенькую, поўненькую настаўніцу віленскай гімназіі, якой вучні прыдумалі мянушку "панечка". Як ні дзіўна, а інакш тае варшаўскае жанчыны ён не мог уявіць - толькі двайнік віленскай "панечкі". Вось яна, плаўна перавальваючыся з нагі на нагу, падыходзіць да стала, мачае пяро ў чарніла і, прыжмурыўшы блізарукія вочы, пільна глядзіць на кончык пяра (ці вучні-штукары не наткнулі мухі?) і, паправіўшы кароценькімі пальчыкамі акуляры, мачае пяро яшчэ раз, потым думае і пачынае пісаць. Што ж яна піша? Запрашае ў госці. На гэты раз ён прыязджае з дакладнасцю да аднае секунды. Цёплая сустрэча, пачастунак і - за справу.

Адным словам, у думках паўтаралася тое, што ўжо было, толькі ў ідэалізаваным варыянце. Адмінусоўваліся паганыя выпадковасці.

Ці то яму здавалася, ці то было сапраўды, але не толькі думкі - рэальнае жыццё пабегла хутчэй, стала больш драматычнае і напружанае. Часцей заходзіў у яго сховішча бацька, а гаварыць з ім - не тое, што з Верай ці дзедам Міколам: трэба добра памазгаваць, каб адказаць на пытанні, якія ён, удумлівы і страсны чалавек, рыхтаваў грунтоўна, выношваў напружана.

Бацька быў расчараваны ў сваіх самых глыбокіх спадзяваннях убачыць сына адукаваным чалавекам з цвёрдай прафесіяй. Палітыка - гэта важная справа, але добра, калі яна не асноўная, а пабочная прафесія. Павел Таўлай разумеў, што сыну даручылі грамадска важнае, мо нават гістарычнае заданне. Але чаму якраз цяпер, не даўшы давучыцца, пасталець, узмужнець? Для яго васемнаццацігадовы Валя быў яшчэ ўсё дзіцем, горкім дзіцем свайго веку. Toe, што сын так многа ведаў, так стала разважаў і ў той жа час быў зусім непрактычны, бездапаможна непрактычны ў жыццёвых справах, балесна і горка сціскала бацькава сэрца. З гэтага болю нараджалася шмат свінцова цяжкіх пытанняў.

"Што ты тут зробіш супроць гэтае чорнае сілы?" - думаў ён, а ўголас гаварыў:

- Пры Грамадзе вунь як дружна выступалі ўсе, ды і то не дайшлі свайго, а зараз паглядзі - колькі народу па вёсках вушы апусціла, голад-бяда цісне, а яны толькі ўздыхаюць.

- Адна вёска пагоды не робіць, - горача пярэчыў Валянцін. - Ды і не на тых, што рукі апусцілі, трымаецца свет, не яны робяць пагоду. Сяляне ёсць розныя - факт. Ёсць такія, што адседжваюцца, апуджаныя. Але доўга не выседзіць селянін-бядняк на сваім загончыку-касніку, не сёння - заўтра пойдзе дамагацца свайго. Такі жалезны закон класавай барацьбы. Зрэшты, актыўны элемент і сёння змагаецца. Не горш, як пры Грамадзе, а ў нейкіх адносінах лепш.

- Не скажу, - ішоў на ўступкі бацька, - цвярдзейшыя людзі пайшлі да камуністаў. Ведаю, ды і сам не стаю збоку-прыпёку. Але што то за работа: афішак нараскідаць, сцяг вывесіць, масоўку склікаць - усё гэта, на мой розум, дэманстрацыя работы, а не сама работа. З тымі, хто мае смеласць афішку падняць або на нелегальную масоўку прыйсці, працаваць не так цяжка. А паспрабуй ты з тымі, хто паў духам, веру ці смеласць страціў, папрацуй! Гэткіх на вёсцы процьма. I сёння ён няцвёрды, а заўтра, глядзі, каталіцкую веру прымае, у стральцы запісваецца... А мы ўсё напаказ: сцяг вывесіў, чатыры гады турмы зарабіў - і герой. А справа - на месцы. Губім сілы дарма, вось што абідна...

Бацька з дакорам ківаў галавою, нібыта і яго сын прыйшоў сюды, каб здуру, без толку змарнаваць сілы, загубіць жыццё без карысці для справы.

- Згушчаеш, бацька, фарбы. Не так усё дрэнна, як здаецца. У вёсцы ідзе ператасоўка сіл, але ўжо сёння ў многіх раёнах вяскоўцы змагаюцца лепш, чым пры Грамадзе. Узваж хоць бы тое, што пішуць газеты пра забастоўку лесарубаў у Белавежы. А ўяві тое, чаго не пішуць! Лесарубы ж гэта сяляне, сыны вёскі. А якая арганізаванасць - сіла! Пралетарскія метады барацьбы.

Зрэшты, сарцавіна рэвалюцыі сёння - не вёска, а горад, нават не Заходняя Беларусь, а карэнная Полышча. Польскі пралетарыят - вось хто скажа рашаючае слова пра нашу будучыню. Мы - падсобная сіла, хоць і немалая. Трэба навучыцца ісці разам, поплеч. Цяпер дзяржава б'ецца ў цянётах крызісу. Растуць супярэчнасці: мацнее тэрор, але мацнее і гнеў рабочага класа, гнеў працоўнай гушчы. Больш ахвяр - больш вопыту змагання.

Польская кампартыя ўзяла курс на рэвалюцыйны выхад з крызісу. Правільны курс! Многае будзе залежаць у гэтай барацьбе ад таго, ці моцны будзе саюз рабочага класа з сялянствам, пралетарскага руху з нацыянальна-вызваленчым рухам. Адзінства руху становіцца фактам. Такога не было ў часы Грамады.

Па вопыту агітатара і публіцыста Валянцін ведаў, як важна ў спрэчках збліжацца з апанентам, знайсці стычныя думкі, заручыцца даверам, таму ён з асаблівым націскам стаў развіваць тыя слушныя заўвагі, што былі ў выказваннях бацькі.

- Ты маеш рацыю, тата, вельмі нават маеш у адным: тактыка барацьбы ў нас, камуністаў Заходняй Беларусі, яшчэ кульгае. Нe ўмеем цярпліва працаваць у масах, развучыліся спалучаць падпольную дзейнасць з легальнымі метадамі. Тэрор, фашызацыя развучылі... Авантурныя элементы часта навязваюць свае метады. Але ў кіраўніцтве партыі гэтыя недахопы ведаюць. Пачынаецца барацьба за генеральную лінію партыі, барацьба на два фронты - супроць авантурызму і супроць апартунізму. Вось і мяне, уласна, паслалі дзеля таго, каб праз партыйны друк умацоўваць сувязь авангарду з нізамі. Рэвалюцыю робяць масы. А мы будзем старацца здабыць іх давер.

Не забывай, тата, што за намі стаіць Савецкі Саюз, ён паможа нам у рашаючы момант не толькі маральна, ды і цяпер памагае, сам ведаеш... А міжнародны рэвалюцыйны pyx, рабочы клас капіталістычных краін таксама будзе з намі. Глядзі, пад яго націскам нават у мірных абставінах паны вымушаны манеўраваць - Тарашкевіча і іншых паслоў Грамады і "Змагання" выпусцілі, нябось, з астрогу. А калі надыдзе час генеральнай бітвы, падтрымка сусветнага пралетарыяту будзе яшчэ большая. Увесь свет стаіць напярэдадні вялікіх патрасенняў. Для нашага краю гэта будзе час вызвалення, з'яднання з Савецкай Беларуссю.

- Дай то божа, як гавораць старыя людзі, - уздыхнуў бацька. - Але скажы ты мне, як яно - там? - Ён вымавіў гэтае "там" з прыціскам, што азначала - у Саветах.

- Ёсць цяжкасці, непаладкі... Сацыялістычная перабудова вёскі - нялёгкая справа. Але цяжкасці гэта часовыя. Усё наладзіцца.

- А голад праўда ёсць? - ва ўпор ставіў пытанне бацька.

- Бываюць перабоі з прадуктамі...

- Дзе гэта ты, сынку, навучыўся праўду ў паперачкі загортваць? Праўда - не цукерка, а я табе не паненка, што трэ салодкім частаваць.

У словах яго, іранічных словах, прагучаў цяжкі сум і боль. Нязвычная для яго, мужнага і цвёрдага, журботная інтанацыя разанула Валянціна па сэрцы, на хвіліну ён разгубіўся, маўчаў. Але боязь, каб не прыбіць бацьку маральна, павяла яго зноў на абходныя шляхі.

- У Мінску ніякага голаду няма. А чуткі розныя ходзяць пра тыя раёны, дзе сухмень і недарод, дык што я буду табе плёткі ўсялякія расказваць, - пакрыўдзіўся ён на бацькаву дасужасць.

- Сухмень, недарод, - мякчэй ужо гаварыў бацька, нібы разважаючы з самім сабою. - Недароды ў засушлівыя гады бывалі і раней. Галадоўкі звычайна ішлі пасля таго ў Расіі. Але ж радыё (мы слухаем радыё адтуль) гаворыць, што людзі перамаглі там прыроду.

- Перамаглі часткова...

- Хай бы хоць часткова, хоць напалавіну перамаглі, і то б не павінна быць галадоўкі. Сацыялізм жа - усё агульнае. Размяркуй пароўну - і парадак, а там уродзіць - людзі разлічацца.

- Так яно і робіцца, але браць няма асабліва адкуль. Калгасы яшчэ не акрэплі, людзі не прывыклі працаваць калектыўна. Пералом круты ў вёсцы адбыўся.

- То навошта было крута вярнуць і ламаць? А памалу, разважліва, нельга?

- Хто яго ведае, мусіць, нельга было. Раз ужо ламаць...

- Ламаць то ламаць, а хто будзе склейваць?

- Само зжывецца, - вырвалася ў Валянціна, і яму зрабілася сорамна.

- Я кажу - як жа саюз рабочых і сялян, пра які ты клапоцішся, ці вытрымае ломку гэтую? А калі вайна?

- Вытрымае. Індустрыя расце - значыць, і сіла дзяржавы расце. Зараз армія на тэхніку садзіцца.

- А есці салдат што будзе?

- Арміі хопіць. Ды што ты мяне дапытваеш, як следчы. Думаеш, калі я там жыў, дык усё ўжо мушу ведаць. Я веру і ўсе савецкія людзі вераць, што ўсё - к лепшаму.

- Дык яно, пэўна ж, усё ведаць і ўсё разумець ніхто не можа...

Бацька адыходзіў, як адчуваў Валянцін, памацнеўшы на духу. Можа ад таго, што стары выкладваў перад ім усё, што набалела на сэрцы, а можа і таму, што сын усё ж развейваў хоць некаторыя трывогі.

Валянцін быў усё ж задаволены: "Во гэта дык зарадка для прапагандыста. Аднак, я тут часу не марную..."

Не толькі размовы з бацькам займалі і ўзрушалі яго. У аднастайны побыт заканспіраванага падпольшчыка ўрываліся па-свойму памятныя падзеі. Няма бо адной меркі на вымярэнне падзей. Маштабы - рэч адносная.

На праваслаўныя Каляды прыйшоў у водпуск сын дзеда Мікалая Іван. Высокі, падчапісты, ён служыў у кавалерыі ў Баранавічах.

Устаўшы ранічкаю, Іван падахвоціўся наскубсці сена ды падаваць каровам: звычайны, колісь нават надаедлівы занятак цяпер яму здаваўся чымсьці вельмі любым, цікавым. Там, у казармах, усё трэ было рабіць па загаду, а загадвалі рабіць часта такое, што на практычны сялянскі розум здавалася дурною непатрэбшчынай. Нават каня загадвалі чысціць тады, калі ён і без таго аж зіхацеў, рыштунак драіць да бляску, хоць там іржы і знаку не было. Вясковыя хлопцы, прывучаныя да цяжкай работы ў нішчымніцы, марнелі там на добрым харчы ды пры лёгкіх занятках. Ад іх забралі права думаць і рашаць, што і навошта ты робіш. Дык вось гэтае "падаваць каровам" азначала для Івана вярнуць сабе свабоду, рабіць толькі тое, што лічыш карысным і патрэбным.

Бацька, убачыўшы ахвоту салдата да гаспадарскіх клопатаў, затрымаў яго ў сенцах і сказаў:

- Ты ж толькі глядзі, не напалохайся хоць, сена скубучы.

- Ось сказаў, стары - як малы! А нашто шабля пры боку? - пажартаваў Іван.

- Шабля, шмабля... То ж я табе і кажу: не напалохайся там, герой. Бо ў гумне нехта ёсць.

- Хто там ёсць? - насцярожыўся салдат.

- Валя Паўлаў хаваецца, во хто там ёсць. Дык ідзі, ды не палохайся.

Іван знайшоў Валянціна ў палоўні за торпам сена. Павіталіся, пагаварылі пра сёе-тоё, а потым салдат запрапанаваў:

- Гэта ж свята на дварэ, а ты аброс. Схадзі ў хату хоць пагаліся.

- Каб хто не ўбачыў, ужо развіднела.

- То на во мой шынель апрані, шапку на галаву - ды ідзі сабе смела, шабляй пабрэнкваючы.

- Валянціну спадабалася выдумка. Кавалерыйскі шынель з рослага улана даставаў яму аж да пят.

- На, бяры і шаблю. Падперажыся, карацейшая шынелька стане, - раіў Іван.

ІІІаблю давялося прытрымліваць рукою, каб не баранавала па зямлі. Хатнія напацяшаліся, пабачыўшы падпольшчыка ў вайсковай форме. Толькі паспеў пагаліцца, як пад вокнамі затупалі дзіцячыя ножкі. Гэта бегла ў госці Тоня, унучка дзеда Мікалая ад старэйшай дачкі Ганны, што выйшла за Мікалая Турлая, селяніна з іх жа вёскі. Валянцін схаваўся за перагародку. Тоня ўвайшла ў хату, прынюхалася і пачала дапытвацца:

- А цым тут пахне? О, гэта мыла пахуцае. Цыё мыла? I руцнік крамны...

- Гэта дзядзя Ваня з войска прынёс, - адказала Вера, і дзіця задаволілася адказам.

Былі ў Валянціна і яшчэ раз клопаты з шасцігадоваю гарэзаю Тоняй. Ён перайшоў быў на нейкі час да Турлаёў, дняваў там у каморцы, А нанач прыходзіў у хату і спаў у самым бяспечным на сялянскае разуменне месцы - на печы. Аднойчы раніцою Ганна пачала будзіць яго:

- Валя, уставай, бо дзеці зараз прачнуцца.

А Тоня ўжо не спала.

- А, дзядзя Валя ў нас! Дзе ён? Я хацу на пец да дзядзі Валі...

Ганна разгубілася ад нечаканасці, а потым знайшлася:

- Дурное ты, - крыкнула на малую. - Не Валя, а Ваня, твой хросны. Выдумала: дзядзя Валя, дзядзя Валя... На печ ёй захацелася, яшчэ чаго, пястунка!

Дзіця прымоўкла ад матчынай злосці, але ў душы не паверыла. Нешта шапталіся з малодшаю сястрычкаю Маняй, а потым, калі ў хату зайшла суседка, дзяўчаткі пачалі дражніцца:

- А мы неста ведаем... Ага, мы ведаем, хто ў нас на пецы... Дзядзя Валя на пецы...

- Падурэлі, нягодніцы, - разгневалася не на смех Ганна. - Які вам Валя - дзядзя Ваня, я вам кажу! Бо як вазьму трапкач...

- То ж я пагляджу, - памкнулася суседка падняць дзяружку, што вісела над печчу.

- Ну во, і ты як маленькая, - са злосцю і страхам у голасе спыніла яе Ганна. Тая схамянулася, на які страшны крок важылася, і хуценька дала цягу з хаты.

Малых у той жа дзень Турлаі адправілі жыць да дзеда Мікалая, каб не заміналі. Але гэта таксама было не выйсце. Давялося Валянціну вярнуцца назад у гумно.

Неяк напрадвесні добра набраліся страху. Забег задыханы дзед, паклікаў Валянціна і сказаў шэптам:

- Ты не напалохайся, унучак, але каб цябе тут не спаймалі гэтыя гіцлі. Поўна вёска паліцыі! Кажуць, тутуню ў людзей шукаюць: хто самасад сее, у халодніцу таго заганяць маюцца, сабачая іх шкура.

Аставацца ў гумне было небяспечна: гумно вясною пустуе, не схаваешся, прыйдуць - адразу накрыюць. Валянцін папрасіў дзеда, каб той паклікаў Веру. Хай правядзе за вёску, каб не так кідалася ў вочы. Вера падвяла яго паўдарогі да Баравізны, там яны дэманстратыўна паручкаліся - развіталіся: маўляў, госця праводзіла. Умовіліся дарогай, што паказваць на выпадак допыту, і ён пайшоў. Вярнуўся толькі на досвітку.

Нават яго цярплівасць пачала вычэрпвацца, закрадваліся ўсялякія падазрэнні і невясёлыя здагадкі. Ажно - нарэшце! Вера прынесла жаданую вестку: "Прыехалі па цябе з Варшавы".

- Хто? - не адразу зразумеў ён.

- Ну, тая цёця...

- А як яна выглядае?

- Нішто сабе, чарнамазенькая, маладзенькая яшчэ, харошанькая.

- А чаму ты кажаш - прыехалі?

- Бо яна не адна, хлопец з ёю, гарадскі, відаць. Таксама прыстойны, высокі, куды там!

- Ізноў двое, - вырвалася ў Валянціна. Падазронасць пераходзіла ў абурэнне. - Ведаеш што, скажы ім: "Няма тут яго... Пайшоў, а куды - не ведаю і не знаю". Накармі іх, прыгледзься добра да дзяўчыны і, калі пакажацца свойскай, шапні ёй на адыходзе: хай адправіць кавалера і вернецца адна. Скажы: "Пашукаю яго, мо дзе знайду".

Так і зрабілі. Сувязная аказалася вельмі мілай дзяўчынай. Невысокая, але складная, тоненькая ў таліі, яна выглядала на падлетка, але хацела быць сур'ёзнай, толькі не заўсёды ёй гэта ўдавалася. Бліскаючы ў паўзмроку каморкі бялкамі вялізных чорных вачэй, нібы механічная лялька, яна гаварыла голасам пястункі, як бы ўсё перадражнівала звычайныя інтанацыі. Слухаць яе было міла і крыху пацешна: так і карцела ўшчыпнуць за кругленькі, абцягнуты цеснаватаю кофтачкай плячук і паглядзець, што яна будзе рабіць: па-дзіцячы хіхікне ці па-даросламу абурыцца - яшчэ раз блісне бялкамі чорных вачэй. Але Валянцін стрымліваўся.

Праз пару дзён абдумалі ўсе справы, згаварыліся, што далей, і яна паехала ў Варшаву. Вярнулася тыдні праз два з вялікім чамаданам, у якім была новая вопратка Таўлаю: шэры касцюм, светлы плашч і карычневы капялюш. Назаўтра яны адправіліся ў падарожжа. Дзяўчыну павёз Мікалай Турлай на сваім кані ў Азярніцу, а Валянціна - дзед Мікалай у Зельву. Ён і яна меліся сысціся ў цягніку, які ішоў на Беласток...

Быў позні вясновы вечар, у лазняку над Зяльвянкай заліваліся салаўі пад акампанемент незлічоных ансамбляў балотных пявунняў. Лагодны ветрык даносіў гаркаваты пах маладое лістоты. Ружавела вячэрняя зара.

Толькі летуцець у гэткі вечар, толькі гарнуцца да любай, шаптаць пяшчотныя словы, заміраць ад раскошы, а не туляцца па схованках, не баяцца чалавеку людзей. Валянцін уцягнуўся і прывык выходзіць начамі з будынка, каб усім целам адчуць прыглушаныя страсныя галасы жыцця, паслухаць таемныя зыкі. Ён і цяпер не думаў пра небяспеку, зліваючыся ў нямым захапленні з бяздонным акіянам жыцця.

Нават дзед Мікалай упаў у задуму. Шчырым сэрцам сына зямлі ён балюча адчуў разлад паміж натуральным жыццём прыроды і заблытаным, трагічным жыццём людзей.

- Пагляджу я, пагляджу на свет ды падумаю сабе: няма тое праўды ні ў людзей, ні ў бога. Вось чаму то так: ваша калена - самыя разумныя ў нашым родзе, a і самыя невязушчыя. Глядзі ты, хоць бы Павел, бацька твой: да чаго ж галава, а куды прыйшоў? Да дзедавага мужыцкага карыта. Там у Слоніме вучыўся - не давучыўся, як і ты. А ўсё праз гэтую вашую непакорнасць, заўсёды хочаце сваё даказаць, да ўсяго вам справа, больш як усяму свету вам трэба... Царскі партрэт прастрэліў, то і выгналі са школы... Хто ж такога раскола трымаць стане? Але такі на целяграфіста вывучыўся і работу добрую меў і жаніўся... Здаецца, чаго яшчэ? А на табе - вайна, жонка памерла, дзяцей бацьку на абедзве рукі пасадзіла... Хоць бы тут пабыў ціха: "Ласкавае цялятка дзве маткі ссе". Але дзе ж там - герой! - сваё дакажу!.. Даказаў: з работы выгналі. Яно то, пэўна, і гнуцца крукам перад усякім шалудзькам - гарыць яно гарам... Ды ты не помніш, мусіць, як прыехаў бацька ў Рудаўку - ні кала, ні двара: за вайну ўсё развалаклося. Дык рыдлёўкаю першы год поле скопваў у шынельцы чорнай чыгуначнай. Помню, полы тыя забрындаліся, сам худы, як драч, - горка глядзець, але не падае віду, што цяжка: салому, як той казаў, еш, а гонару не цярай.

Так і ў цябе, унучак, доля ў тыя сляды бацькавы ступае. Бывае, збяромся, мужчыны, на сяле ды балакаем - хто ў вёсцы самы вучоны, знацца, будзе чалавек? Хто кажа: "Пэўна, настаўнік, бо ён жа дзяцей вучыць". Другія кажуць: "Ні халеры - Валя Паўлаў яго за пояс заткне, як міленькага! Гэты, - кажуць, - Гаротнік, ці як таго настаўніка зваць, толькі семінару агораў, а Валя гімназію чуць не скончыў ды ў Мінску вышэй вучыцца, во якім чалавекам стане!" А яно вунь як выйшлася. Гаротнік, Гаротнік, а тваю загладуху прыкараводзіў...

- Што ты, дзеду, кажаш? - перапытаў Валянцін, а сэрца пахаладзела ад крыўды.

- Toe i кажу, што на кватэры стаяў ды Тоню прыкараводзіў. Павянчаліся ў мясаед. Адбіў тваю, знацца, дзеўку. А каб ты мо тут навуку праходзіў, то і сам бы...

- Не адбіў, дзеду, у мяне ў Мінску дзеўчына ёсць. Лепшая.

- Ну, то й добра. Людзі такі казалі ў вёсцы, што як на Валю надзею Тоня страціла, тады гэтаму настаўніку згоду дала. А то ўсё чакала.

Валянцін адчуў, як нешта ўнутры яго нібы абарвалася і стала лягчэй на душы: мужчынскі гонар быў заспакоены - не адбілі дзяўчыны.

- Ну, а тая ў Мінску, - пытаў дзед, - дажджэцца, думаеш?

- Тая напэўна дажджэцца.

- Хіба не доўга чакаць...

- Не, ужо не доўга, дзеду, на вяселлі чарку вып'еш... Камсамольскага вяселля, савецкага, не бачыў - дык пабачыш.

- Чаму ж, калі паклічаш, дык пабачу. Дай божа... Каб ужо людзі па-людску пажыць маглі.

Шустрая дзяўчына

Ад Беластока да Супраслі - рукою падаць. Тым больш на машыне, ды па гладкай дарозе - дваццаць мінут язды. Вячэрнім рэйсам пасажыраў ездзіла заўсёды многа, а цяпер нашушкалася столькі, што фанерны кузаў ажно трашчаў. У тумульце шафёр і не дагледзеў, як адзін прысадзісты бялявы хлапец, насунуўшы на вочы кепку, узабраўся без білета. На прыпынку ў Супраслі безбілетнік, вінавата стрыгучы вачыма з-пад доўгага брыля-жолаба, першы праціснуўся да дзвярэй і яшчэ на хаду сігануў з машыны. З выглядам чалавека, які прымчаўся па пільнай справе і якому ўсё роўна, што падумаюць розныя там разявякі, у якіх часу хоць адбаўляй, падарожны дзелавіта, амаль подбегам пашпарыў цераз плошчу, час ад часу памацваючы левай рукой пакуначак, які ўсё выязджаў з-пад пахі. Толькі пачуўшы вуркатанне матора пасажыр, не збаўляючы хады, азірнуўся, з палёгкай уздыхнуў, сцепануўся, нібы абтрос клопат, і пераможна ўсміхнуўся ўслед няхітрай машыне, быццам яна жывая і можа яго разумець. Здалёк і сапраўды аўтобус нагадваў закажанелага вепручка простай пароды з доўгім лычам. Нават каціўся ён падкідаючы куртаты зад на выбоінах, хрыпла рохкаючы сігналам - рыхтык галодны падсвінак.

Адышоўшыся ад цэнтра гарадка, наш знаёмы збавіў ход. На твары ў яго з'явілася грэблівая грымаса: "Няўжо гэтыя вось смарчкі-супрасляне маглі заварыць такое піва? Нашумелі на ўсю Еўропу. Але мяне гэта не цікавіць. Я еду сюды па кавалерскай справе. Паліцыі я не баюся".

На Касцельнай вуліцы ў Супраслі стаяў домік Пятра Будніка. Выглядаў ён як помесь гарадскога асабняка і вясковае хаты. Невялікі, але акуратны, драўляны, на бетонным падмурку, з прыбудаванаю верандай і бялюткімі аканіцамі, домік трымаўся зухавата, па-гарадскому, толькі сціплыя памеры выдавалі яго сваяцтва з вясковымі хатамі. Дом, праўда, ніадкуль не перавозілі, толькі самі гаспадары прыехалі ў 20-я гады з-пад Бераставіцы і прывезлі сялянскія маштабы і густы. Зрэшты, гэта не надта кідалася ў вочы, бо ўся Касцельная вуліца заселена была прыезджымі вяскоўцамі і больш была падобна на пасёлак, чым на прыгарад. Забудавалі яе толькі з аднаго боку выбоістай дарогі, на якой восенню каровы і авечкі размясілі непралазную калатушу, цяпер прысыпаную залаценькімі лістамі. Не памагала і гэта аздоба: вуліца выглядала шэраю, запусцелай і бязлюднай.

Ідучы паўз плот, падарожны перабіраў вачыма адрасныя дошчачкі, прыбітыя да вуглоў ля падстрэшкаў. Зірне на надпіс, пераступіць на пальчыках лужыну, спрытна хапаючыся за штыкеціны, ды ідзе далей. Прачытаўшы "Буднік Пётр", ён прыпыніўся, разгледзеўся навокал і завярнуў у брамку.

На падворку яго сустрэла пажылая жанчына з кошыкам свежай бульбы.

- Дзень добры, пані, - пакланіўся хлапец, здымаючы кепку. - Ці магу я пагаварыць з панам Пятром? - спытаў ён па-польску.

- Мужа няма дома, у лесе забавіўся. Прыйдзіце хіба ў суботу, - адказала яна па-беларуску. Адказ не засмуціў госця. Упэўніўшыся, што перад ім гаспадыня, ён таксама перайшоў на беларускую мову і даверліва спытаў:

- А Лена, цётко, дома?

- Лена ў хаце.

Тым часам дзверы адчыніліся, і з цёмнай прорвы сяней паказаўся гарэзны дзявочы тварык. Здрыгваючыся ад золкага ветру, дзяўчына пачала перадражніваць:

- Дзень добры, пане Конюх, нех пан бэндзе ласкаў встонпіць у наш гасцінны дом.

Калі той здымаў плашч і галёшы, яна ўсё пакеплівала з яго далікатных зваротаў на "пане".

- Сябра Конюх добра ведае, што пан Пётр днюе і начуе ў лесе на карчаванні. Днём шуркі ставіць, а нанач у манастыр ідзе. Богу маліцца. З ягуменам айцом Нікіфарам набожным гавэнды вядуць. Ды ў кілішкі звоняць па-старыкоўску... Ты ж усё знаеш.

- Ды я так, на ўсякі выпадак, для канспірацыі, - апраўдваўся ён. - Маму тваю першы раз бачу. Думаў, можа гэта тая пападдзя ці папоўна, пра якую ты расказвала, што ад вас не вылазіць, газеты прыносіць і маме тваёй пра палітыку чытае.

- Апраўдвайся! Паламацца на панскі лад гарадскія зухі любяць, - не пакідала паддражніваць дзяўчына.

Лена Буднік была дробненькае дзяўчо, а голас мела нізкі і моцны. Такія галасы бываюць у настаўніц, якім штодня даводзіцца расказваць у класах. Рухі ў яе былі жвавыя, а гаварыла яна павольна, з прыціскам вымаўляючы кожнае слова.

Лена - дзяўчына ў гадах, хоць тонкая, мініяцюрная постаць падлетка моцна маладзіць яе. У Лены дробны твар, даўгаваты нос і маленькія валявыя вусны. Коратка падстрыжаныя прамыя валасы, па-хлапечы зачэсаныя назад, адкрываюць прыгожы высокі лоб. З вачэй ажно струменіцца хітраватая цікаўнасць.

Крыху збянтэжаны насмешкамі Лены, Конюх таптаўся ля парога, аберуч трымаючы свой пакуначак.

- Што гэта ў цябе? - перарвала задуму гаманлівая дзяўчына. - Давай палажу. Ой-ёй-ёй! Які цяжар! Мусіць, бомба? Што будзем узрываць? Фабрыку Цытрона? Толькі баюся, што не пранясеш туды бомбы, пане Конюх. Нават выквінтныя манеры табе не памогуць. Шпіцляў столькі віжуе, што на аднаго рабочага, мо, па пяць выходзіць. А паліцыі - табала. Аж з Варшавы - пешая і конная... Увесь забастовачны актыў арыштавалі. Стральцоў, што перайшлі на бок дэманстрантаў, дапытваюць. А як забітых нашы хавалі, дык паліцэйскія шпалерамі аж да могільніку выстраіліся. Эскорт з кулямётамі ўслед за жалобнай працэсіяй ішоў... Такія справы, сябра Конюх, - горка ўсміхаючыся, паківала яна галавой. - Так што бомбачку сваю палажы сюды вось, на ўслончык. Хай яе...

- Дай ты рады, якая бомба, - не ў тон сур'ёзна і паныла загаварыў Конюх. - Ужо так падганялі, што грошай на білет не паспеў дастаць. Захапіў вось муфтачку ад кардана, прызапашана была, думаў, дам шафёру, то правязе. Але прашмыгнуў і так, без білета. Хіба назад едучы прыдасца.

Ён рады быў разводзіць і даўжэй, абы мець перадышку ад насмешлівай субяседніцы.

- А што здарылася? Пажар? - пайшла яна зноў у наступленне.

- Не ведаю, - паціснуў плячыма хлопец. - Сказалі перадаць, каб ты заўтра рана была ў Беластоку. Збірайся надоўга, мо на месяц, мо на год... Рэчы бяры з сабою. Прыходзіць у памяшканне Таварыства беларускай школы.

- А па якой справе? Нічога не казалі?

- Не, канспірацыя!..

- Ух, гэтая канспірацыя. Чым бы то фарсілі некаторыя сябры, каб не гэта цаца канспірацыя. Так ужо насакрэціліса некаторыя, што ўласнага імя не памятаюць...

Яна буркліва сыпала папрокі якомусьці непрыступнаму маўчуну, што ўвасабляў у яе паняццях звышканспірата. Сама ж думала-гадала: куды? Няўжо туды, у Саветы, на вучобу? Няўжо збудзецца яе мара? Ой, мусіць, не, бо пасылаюць туды тых, каму пагражаюць тут арышт, суд і цяжкая кара. Яе ж выкарыстоўвалі ўвесь час на легальных даручэннях. Камендант часта клікаў на пастарунак "для гавэнды", бывала, запіраў на пару дзён у арышце, а потым выпускаў, папярэдзіўшы. Да суду справа не даходзіла.

Лену Буднік лічылі здольным масавіком. Яна праводзіла ўсе выбарчыя кампаніі, была даверанай асобай, калі ў 1922 годзе выбіралі паслом па Сакольскай акрузе Валошына, а пазней, у 1928 годзе, - Рыгора Шырму ў Супраслі.

Праўда, Рыгора Раманавіча не ўдалося правесці - забалаціравала рэакцыя. Лепш сказаць, замахлярыла. Кіраваў перадвыбарнай кампаніяй у Супраслі ад імя левых сіл рабочы-шавец Баляслаў Садоўскі. Родам ён быў з Ломжы, карэнны паляк, але дужа цікавіўся беларускімі справамі, спачуваў вызваленчаму руху. Рыгора Шырму таксама выклікалі тады нібыта на сустрэчу з тэбэшоўцамі ў беластоцкі клуб ТБШ, а на самай справе для перагавораў з Садоўскім і сакратаром Супрасльскай арганізацыі ППС-лявіцы. Чаго ж выклікаюць яе?

Покуль Лена моўчкі перабірала старыя ўспаміны, забыўшыся на госця, Конюх, відаць, знецярплівіўся, загаварыў:

Дык можа я пайду ўжо...

Ну што ты, сябра Конюх, абразіўся? Даруй, я задумалася. Зараз кавай пачастую. Не пасядзеўшы, вяртацца не раю: паліцыя зараз насцярожана, як ніколі. Будзь ужо галантным кавалерам, пасядзі, пафліртуй з паненкай... За кавай госць памякчэў і сказаў Лене, што чуў краем вуха, нібыта маюць паслаць яе ў Вільню ў рэдакцыю якойсьці газеты.

Гэта звестка расчаравала Лену. Лепей бы не казаў. Але ноччу, лежачы ў ложку, яна ўжо бачыла сябе ў старажытнай шумлівай Вільні, знаёмілася з новымі людзьмі, бегала ў друкарню, цэнзуру, на пошту, прабівала ход сваёй газеце... Тры гады таму яна ўжо была ў Вільні рэдактарам "Нашай газеты", якую выдаваў Пасольскі клуб "Змаганне". Выйшаў, праўда, толькі адзін нумар - закрылі ўлады. Тры гады... А помніўся яшчэ востры пах друкарскай фарбы і радаснае ўзрушэнне, калі выйшаў той першы нумар. Помнілася і другое... Грубыя заляцанкі аднаго пасла. I той сумны выезд з Вільні, як закрылі газету. Але хіба ўсё благое мае паўтарыцца?..

А потым вярнуліся ўспаміны з выбараў. Успаміны, якія абарваў Конюх сваім: "А можа я пайду ўжо". Кожная партыя рыхтавала тады свае бюлетэні з пэўным нумарам. Агітатары раздавалі іх выбаршчыкам загадзя. Можна было назбіраць хоць пачак. А ў дзень выбараў чалавек ішоў на выбарчы ўчастак, браў канверт, заканвертоўваў аблюбаваны бюлетэнь і падаваў камісіі. Канверты не заклейваліся, гэта і давала волю махлярам. Старшыня выбарчай камісіі настаўнік Пшытула закрываў вочы на тое, як шулеры з выбарчай камісіі падмяняюць бюлетэні з нумарам 48 пілсудчыцкаю адзінкай. Вось тады Лена не стрывала, прыпільнавала аднаго "патрыёта" і схапіла за руку пад сталом. Канфуз! Але пан Пшытула напусціўся не на махляра, а на яе: "Скандалізуеце! Зараз усунемы такего мэнжа зауфаня!" [13] Праўда, давераную асобу выгнаць не пасмелі, але Рыгор Шырма ў сейм не прайшоў.

А па прафесіі Лена Буднік была "беларуская вучыцелька" без пасады. Папрацаваць у школе давялося адзін толькі гадок, ды і то не цэлы. Было гэта неяк скора пасля вяртання з бежанства. Жыла іх сям'я тады яшчэ ля Бераставіцы. У адной вёсцы не хапала настаўніка, дык бацькоўскі камітэт запрасіў яе. Школьны інспектар даў вусны дазвол, і яна працавала ўсю зіму, а потым у апошняй чвэрці прыехала настаўніца-полька з афіцыйным накіраваннем. Прыйшлося аслабаніць месца.

Працы па спецыяльнасці так і не атрымала больш. Стала сезонніцай. Капала зямлю на чыгунцы, саджала лес, збірала смолку...

А Вільню яна ведала добра. У разгар грамадаўскага руху даводзілася часта бываць там. Апошні раз ездзіла туды дэлегатам на з'езд ТБШ у мінулым годзе.

"Што ж, паедзем да новай прыгоды..." - з гэтай думкай яна засыпала. Але спаць не магла. Сніліся страшныя сцэны допытаў, пра якія чула ад сяброў-падпольшчыкаў, і Лена прачыналася. Так і перабыла-перамучыла ноч.

Жменя фактаў

За тых пару гадоў, што Валянцін Таўлай пражыў у Мінску як палітэмігрант, шмат розных змен адбылося ў Заходняй Беларусі. Услед за Грамадой было разгромлена "Змаганне", дашчэнту знішчана прагрэсіўная прэса. Чытаючы архіўныя дакументы пачатку 30-х гадоў, заўважаеш, як знішчаўся беларускі радыкальны друк. Не толькі паліцыя, пракуратура, павятовыя старасты ці ваяводы - паштовыя чыноўнікі зацята ганяліся за газетамі-аднаднёўкамі, за брашурамі, нават за часопісамі, адбітымі на шапірографе, - вылоўлівалі, знішчалі, не дапускалі да адрасатаў.

Пастаўскі камендант паліцыі ў цыркуляры ад 17 сакавіка 1933 года паведамляе, што... "на тэрыторыі Вілейшчыны выяўлены "Беларускае жыццё" і "Жыццё" - аднаднёўкі, друкаваныя ў Львове, "Шлях" - газета, друкаваная ў Вільні, "Барацьба" - газета, друкаваная ў Берліне;

"Пралом", "Студэнцкі кліч" - выданні, адбітыя на шапірографе ў Вільні, а таксама некалькі адозваў...

На пералічаныя вышэй часопісы аб'яўлены арышт, ад часопіса "Барацьба" адабраны паштовы дэбіт" [14].

КПЗБ рабіла адчайныя спробы ўзнавіць легальную прэсу ў Вільні і Беластоку, але перашкаджалі - з аднаго боку, новыя, больш суровыя законы аб друку, паліцэйскі разгул, а з другога - сектанцкія настроі ў самім кіраўніцтве кампартыі, якое не ўмела знайсці агульную мову з дэмакратычнымі групамі інтэлігенцыі і не адважвалася даверыць ім гэтую справу.

I хоць у партыйных дакументах была абвешчана правільная ўстаноўка: "Ні сектанцтва, ні капітулянцтва ў тактыцы адзінства фронту" - але гэта лінія не заўсёды вытрымлівалася. У "Бюлетэні" ЦК КПЗБ, выдадзеным 1 снежня 1932 года, пастаўлены заклік, яўна лявацкі па духу: "Трэба разгарнуць барацьбу супроць фашызацыі ТБШ" [15]. На справе гэта азначала пайсці на канфлікт з адзінаю масавай дэмакратычнай арганізацыяй, якая нейкім цудам уцалела ад разгрому і пры ўмелым падыходзе магла б стаць важным рычагом выхавання народных мас.

Паколькі стварэнне легальнай камуністычнай прэсы сустракала забароны і рэпрэсіі, КПЗБ, як магла, старалася развіваць цэнтральны і перыферыйны падпольны друк. Ва ўсе нізавыя партыйныя арганізацыі была разаслана спецыяльная інструкцыя ЦК КПЗБ аб утварэнні своеасаблівай службы інфармацыі (у кожнай партячэйцы выбіраўся чалавек, адказны за збор матэрыялу для партыйнай прэсы). 23 студзеня 1933 года ЦК КПЗБ распаўсюдзіў анкету, у якой ставіліся сярод іншых наступныя пытанні: "Ці атрымліваеце вы літаратуру на той мове, якая вам патрэбна? Ці пішацца яна дастаткова папулярна? Якія выданні вас найбольш цікавяць? Ці чытаюць нашу літаратуру члены партыі і што пра яе выказваюць?" [16] Камуністы Пружаншчыны ў тым жа годзе абвясцілі кампанію па зборы грошай у "Баявы фонд кампартыі". З гэтага фонду мелі карыстацца органы партыйнага друку. ЦК КПЗБ у пісьме да Пружанскага РК горача вітаў яго ініцыятыву: "Масы патрабуюць нашага друкаванага слова. Вы самі неаднаразова патрабавалі выдаваць "Бюлетэнь" не толькі па-польску, але і па-беларуску, і па-ўкраінску. Але партыя не мае грошай друкаваць патрэбную колькасць газет і лістовак для мас... З гэтых клопатаў партыю можа вывесці толькі калектыўнае намаганне ўсіх членаў..." [17]

Справы на ніве партыйнай гірапаганды ў Заходняй Беларусі пайшлі на паляпшэнне ўлетку 1933 года. З 8 чэрвеня ў Вільні начала выходзіць "Беларуская газета", паўлегальны орган кампартыі. Ранняй восенню ў рэдакцыю "Беларускай газеты" прыйшоў Валянцін Таўлай. Па даручэнні ЦК КПЗБ ён павінен быў ажывіць сувязь падполля з беларускаю інтэлігенцыяй.

Урад буржуазнай Польшчы да пары - да часу цярпеў камуністычную газету, паколькі быў устрывожаны прыходам да ўлады Гітлера і рабіў дыпламатычныя рэверансы перад СССР. Газета паспяхова вяла барацьбу з ідэалогіяй фашызму, гуртавала сілы антыфашысцкага фронту і стала баявой трыбунай працоўных вёскі і горада. Віленскі ваявода ў справаздачы аб палітычным становішчы, датаванай 7 лістапада 1933 года, пісаў на імя міністра ўнутраных спраў: "Беларуская газета" i яе рэдактар Карповіч Аляксандр падтрымліваюць кантакт з падпольным РК Ласёўка ў Вільні і прафсаюзам рабочых-будаўнікоў. Газета распаўсюджвалася сярод членаў гэтага прафсаюза". [18]

Праўда, сектанцкія настроі ў кіраўніцтве КПЗБ адбіліся і на выступленнях газеты: у ёй з'явіліся беспадстаўныя абвінавачванні прагрэсіўных дзеячаў нацыянальна-вызваленчага руху ў здрадніцтве і іншых "грахах". На гэтых памылках жыравалі рэакцыя і дэфензіва.

"Значныя поспехі, - піша часопіс "Коммунист", - дасягнутыя партыяй па развіцці нацыянальна-вызваленчага руху ў гады сусветнага эканамічнага крызісу, не маглі, аднак, засланіць таго факту, што ў дзейнасці кіруючага актыву КПЗБ пачалі праяўляцца сектанцкія погляды і метады работы, яны выцякалі з пашыранай тады ва ўсім камуністычным руху памылковай "тэорыі сацыял-фашызму", якая разглядала сацыял-дэмакратыю і сялянскія партыі як састаўную частку фашысцкага лагера" [19].

Але заслугай "Беларускай газеты" трэба лічыць акурат тое, што яна зрабіла пэўныя крокі ў пераадоленні дагматызму і сектанцтва, асабліва на ніве мастацкай літаратуры. "Беларускай газеце" ўдалося ідэйна аб'яднаць і згуртаваць значны атрад мастакоў слова, камуністаў і беспартыйных, у радах Літаратурнага фронту сялянскіх і рабочых пісьменнікаў Заходняй Беларусі. Ленінскі прынцып аб непрыгоднасці адміністравання ў кіраўніцтве літаратурнаю справай у асноўным вытрымліваўся газетай. I тут, як пабачыць чытач, немалая заслуга Валянціна Таўлая.

Васіль-Васілёк

У Вільню Лена Буднік ехала ў таварыстве пажылога мужчыны. Гэта быў добра знаёмы ёй папулярны на Беласточчыне дзеяч ТБШ, камуніст Ляшчынскі, якога выклікалі па партыйных справах. Спадарожнікі мала гаварылі, кожны думаў-гадаў пра сваё, і выглядала на тое, што сядзяць у вагоне першыя стрэчныя людзі.

З вакзала яны падаліся на Людвісарскую вуліцу і спыніліся перад цагляным асабняком. Ад вуліцы яго адгароджваў высокі глухі мур. Вароты былі не запёрты, Лена з Ляшчынскім свабодна прайшлі на падворак, разгледзеліся. На доме быў 8-мы нумар, а ў адным з двух пад'ездаў віднелася папяровая шыльдачка. Падышлі, прачыталі:

Рэдакцыя "Беларускай газеты".

Рэдактар-выдавец інж. магістр Аляксандр Карповіч.

Прыём наведвальнікаў у сераду і пятніцу ад 10 да 12 гадзін.


- Знайшлі, - вымавіла Лена, радая, што няблага ведае горад.

На іхні стук дзверы адчыніў высокі прыстойны мужчына гадоў пад трыццаць. Пачуўшы прозвішча Буднік, ён назваўся рэдактарам і ветліва запрасіў:

- Заходзьце, Алена Пятроўна, вельмі прыемна. Калі ласка, сябра Ляшчынскі. Заходзьце, даражэнькія, мы вас чакаем.

За гэтым "мы" была, акрамя яго, маладая, густоўна, па-гарадскому апранутая дзяўчына. Невысокага росту, жвавая, прыветная, усмешлівая, яна адразу спадабалася Лене. Вельмі міла было з яе боку не прыкмячаць, што Лена саромелася свайго не дужа прэзентабельнага паліто, перашытага з братавай паношанай "есёнкі". Да таго ж, бронзавы, колер гэтай адзежыны не пасаваў да сіняга барэта.

Пакой рэдакцыі - прадаўгаваты, але невялікі. Злева ад уваходу было шырокае акно, перад якім стаяў просты стол, завалены паперамі, а на падоўжнай сцяне насупроць стала вісела паліца-стэлаж, на якой таксама бязладна валяліся паперы, газеты, часопісы і кніжкі. Насупроць уваходу пры сцяне стаяў жалезны ложак, засланы шэраю коўдрай. Лена прыкмеціла, што на ложку не было аніводнай падушкі, ад чаго пакой выглядаў асабліва няўтульным і занядбаным.

Тут была і рэдакцыя і кватэра рэдактара-халасцяка. Гледзячы на яго модны накрухмалены каўнерык, на бялюткія абадкі манжэтаў, што ледзь-ледзь праглядвалі з рукавоў добра пашытага гарнітура стальнога колеру з зеленаватым адлівам, на бездакорна завязаны гальштук, - ніхто б і не падумаў, што такая асоба жыве ва ўбостве і запусценні. Здавалася, што ён тут - выпадковы госць, як і Лена, і яе новая знаёмая Люба, як Ляшчынскі.

Гаспадар ці ўжо так звыкся з кантрастам паміж вопраткай і абстаноўкай пакоя, ці не надаваў гэтаму значэння, у кожным разе ніякай збянтэжанасці не праяўляў. Увогуле ён быў інтэлігентны чалавек з ураўнаважаным лагодным характарам і добрымі манерамі. Ветліва выказаўшы належныя ў такіх выпадках знакі ўвагі да госці і госця, ён прысеў на скрыпучае гнутае крэсла і пачціва, гледзячы Лене ў вочы, сказаў, што задаволены сваёй будучай супрацоўніцай. Лена пачула, што румяніцца ад такога кампліменту, але хутка ўзяла сябе ў рукі і тады заўважыла, як лёгка і нечакана развіталася са сваім уяўленнем, што рэдактарам будзе яна. Карповіч, відаць, быў добра праінфармаваны пра дзелавыя якасці новага работніка. Ён гаварыў да яе як да вопытнай журналісткі, якая, маўляў, зубы з'ела на газетнай справе.

- Прыходзьце на працу, калі ласка, так прыблізна а дзесятай. Не лішне рана? Не? Вось і добра. Будзеце заносіць матэрыялы да Левіна, забіраць шпальты [20], вычытваць карэктуру, рассылаць тыраж (адрасы падпісчыкаў вам дадуць); ну, і вельмі мяне выручыце, калі захочаце весці розныя грашовыя разлікі. Вось, бадай, і ўсё.

Пачуўшы гэты пералік абавязкаў, карцела спытаць, а што будзе рабіць сам рэдактар, але ён гаварыў так ветліва, з нейкім мілым нядбальствам, нібыта ўжо наперад і апраўдваўся, і прасіў прабачэння. Лена ўстрымалася ад рэплікі. Па тоне відаць было, што рэдактарская прафесія яго не надта захапляе, ён не быў падобны да тых фанатыкаў друку, што гатовы аддаць уласную скуру на пергамент для юбілейнага нумара свайго часопіса. А Лена любіла энтузіястаў, яны былі зразумелыя, з імі было лёгка. Адно толькі абяззбройвала яе ў паводзінах Карповіча - апостальская бескарыслівасць. "Можа захочаце весці грашовыя разлікі", - паўтарыла яна ў думках яго прапанову і ўсміхнулася. А ён зразумеў, мабыць, гэту ўсмешку так, што яго новая супрацоўніца не зусім задаволена яго тлумачэннем. Рэдактар даверліва паглядзеў на яе сваімі вялікімі карымі вачыма, у якіх спачываў дзесьці затоены смутак, і прадаўжаў:

- Не турбуйцеся, Лена Пятроўна, падрабязнасці вам скажуць. Вось Люба Андрэеўна вас завядзе, там супачняце, пераначуеце. А потым і на кватэру ўладкуе. Вы, сябра Ляшчынскі, таксама пойдзеце з імі. На жаль, даражэнькія, я не маю чым вас пачаставаць... - Ён абвёў вачыма пакой і, здавалася, толькі зараз заўважыў беднасць свайго жылля, бо ўздыхнуў і бездапаможна развёў рукамі.

Развіталіся. Люба звычным жэстам гараджанкі запыніла рамізніка, усадзіла іх на задняе сядзенне - паехалі. Абагнуўшы будынак вакзала, накіраваліся ў неасветленыя вулічкі прыгарада, забудаваныя аднапавярховымі маленькімі домікамі.

- Гэта дзяльніца [21] называецца "Новы свет", - знаёміла Люба сваіх падапечных з горадам. - У прыстойнай публікі яна мае дрэнную славу разбойнага гнязда. Але гэта няпраўда. Жывуць тут пераважна рабочыя.

Упэўненасць, з якою трымалася і гаварыла Люба, перадалася Лене. На душы стала спакойна. Думалася: "Ты ў надзейных сяброўскіх руках, усё пойдзе добра".

У нейкім завулку Люба разлічылася з рамізнікам, а потым правяла прыезджых яшчэ пару кварталаў пехатою і завярнула ў падворак аднаго нічым не прыкметнага доміка. Яна ўзышла на ганак, адхіліла філёнку з левага боку дзвярэй, намацала засакрэчаную кнопку званка (другая, "афіцыйная", кнопка была прымацавана да вушака справа) і тройчы пазваніла. Адчыніў пажылы мужчына, прапусціў у дом і запёр дзверы на засаўку.

Кватэра складалася з сяней, кухні і двух невялікіх пакояў. У бакоўцы, куды прывяла іх Люба, было двое мужчын: адзін, мажны лысаваты брунет з круглым румяным тварам і прыкметным жывоцікам, стаяў ля акна. Лена заўважыла, што кручкі на аконнай раме былі адкінуты, а левая рука мужчыны ўпіралася ў раму. Ён быў напагатове. Другі, шчупленькі, у шэрым касцюмчыку, зусім яшчэ маладзён, сядзеў ля стала і курыў папяросу. Пазнаёміліся. Першы назваўся Юркам, другі Васілём. Гэты Юрка быў знаёмы Лене па Беластоку, толькі там ён меў клічку Пятрусь, помнілася ёй і яго сапраўднае, ці можа несапраўднае, прозвішча: Прэдка. Але тут ён не падаваў выгляду, што яны знаёмы, і гэта непрыемна ўразіла Лену.

Адкінуўшыся ўсім целам назад, ад чаго жывот яшчэ больш выдзяляўся, Юрка важна падаў Лене вялікую потную руку і, не выпускаючы Ленінай, прамовіў:

- Вам даручаюць, сяброўка Буднік, адказную справу. Газета ў нас партыйная, або, як нашы класавыя ворагі кажуць, пракамуністычная. Мы мусім дзейнічаць па-пралетарску рашуча і асцярожна (тут ён азірнуўся на акно). Віленская дэфа [22] напэўна пусціла ўжо на нас і шпіцляў і канфідэнтаў. Ваша справа адказная: будзеце сакратаркай, і карэктаршай, і бухгалтаршай, і кур'ерам - у вас усе даручэнні адказныя... На ўтрыманне мы вам дадзім не многа... Але ж і харчу вам трэ, як сінічцы - канапель клюнула і ўсё, ха, ха, ха - не тое што мне пры маёй камплекцыі. Так што і новае паліто захацеўшы справіце.

Лена вырвала руку і пакрыўджана сказала:

- Перастаньце, Пятрусь, што вы верзяце нямаведама што...

Субяседнік сумеўся, твар яго стаў набягаць крывёю, бровы нахмурыліся. Шумна хапіўшы паветра, ён пагрозліва вымавіў:

- Ніякага Петруся, грамадзянка Буднік, я не знаю і вам не раю знаць!..

- Ну, а я ведала нейкага Петруся Прэдку, падобнага, сябра, на вас, - уваходзіла ў азарт Лена.

- Глядзіце, сяброўка Буднік! Партыя нас заклікае да пільнасці і канспірацыі, а вы... Гэта вам не тэбэшоўшчына! Тут перадавы фронт класавай барацьбы.

Ён сыпаў газетнымі выразамі і палітычнымі заклінаннямі, напускаючы на сябе важнасць, а Лена не слухала. Яна ўжо зразумела, што дакуль тут будзе працаваць, датуль будзе агрызацца з гэтым бесцырымонным, адурэлым на пункце пільнасці чалавекам. Лене прыпомнілася першая сустрэча з Юркам, тады Петрусём, у Беластоку, на кватэры ў нейкага беднага шаўца-яўрэя. Там ён ляжаў на ложку, накрыты бруднаю ватнаю коўдрай, чорныя валасы ўскалмаціліся на падушцы, твар аброс шчаціннем, правая шчака была перавязана нейкаю шматай - Юрка заканспіраваўся пад хворага. Так лежачы ён і даваў ёй, дэлегатцы Акруговага з'езда ТБШ, указанні. Хоць Лена і разумела, што падпольшчыку даводзіцца выбіраць розныя спосабы маскіроўкі, але было неяк шкада яго, здаравяку-мужчыну, які прыкідваецца хворым. Яна любіла ў людзях прастату і тактоўнасць. На гэтыя якасці ў яе была асаблівая чуласць: Лена крыху пакутавала ад свайго маленькага росту і падсвядома дзяліла людзей на тых, што прыкмячаюць, і на тых, што не звяртаюць увагі на гэты недахоп. Тыя, што не прыкмячалі, былі ў яе вачах інтэлігентныя, далікатныя людзі, а тыя, што давалі адчуць, - грубыя. Амаль што так яно і было сапраўды. Выключэнне маглі складаць хіба толькі кавалеры з добрага таварыства, у якіх натрэніраваная манера далікатна абыходзіцца з жанчынамі на людзях замяняла сапраўдную тонкасць душы.

- Дык вы мяне слухаеце? - дайшоў да яе голас абражанага Юркі.

- Мне ўсё ясна, сябра Пятрусь, - нечакана для сябе падкалола яна, а потым паправілася, - сябра Юрка.

- Кінь ты, браце, давай адкладзём сур'ёзныя размовы на потым. Людзі стаміліся, трэба чаем хоць напаіць.

Гэта ўмяшаўся ў размову Васіль. Гаварыў ён ціхім, крыху сіплаватым голасам, але ў інтанацыях была амаль дзіцячая чысціня. Вось і цяпер у яго словах чулася сардэчная дабрата і ледзь улоўнае пачуццё перавагі над Юркам, якое ён умеў прыхаваць пад лагоднасцю інтанацыі. Гэты хлапчук, што выбавіў усю кампанію з няёмкага становішча, пачаў цікавіць Лену. Яна з удзячнасцю глянула на яго: хвалістыя светлыя валасы, зачэсаныя набок, прадаўгаваты бледны твар, буйны нос і поўныя, па-дзіцячы ўсмешлівыя вусны - у яго было вельмі свойскае, але "не банальнае аблічча. Юнак здаваўся простым, даступным і дабрадушным, але не наіўным. Звярнуўшыся да Любы, Васіль запрашаў:

- Ты, Любачка, таксама астанешся на чай? Дай памагу распрануцца.

- Астануся, Васілёчак, калі ласка.

Лена прыкмеціла, што гэтае "Васілёчак" Люба вымавіла тонам, з якім маткі звяртаюцца да дзетак або старэйшыя сёстры да малодшых брацікаў. "Сапраўды, - падумала Лена, ён не Васіль, а Васілёчак", - і самой захацелася вымавіць гэтае пяшчотнае слова.

- Ну, ладна - вячэраць, дык вячэраць, - махнуў рукою, ніяк не бянтэжачыся, Юрка. - Васіль дасць вам, сяброўка Буднік, канкрэтнае заданне. Вы будзеце - паміж ім і рэдакцыяй... - вярнуўся-такі да свае тэмы.

Але Васіль перапыніў яго:

- Дай ты агледзецца чалавеку. Пабудзе, асвойтаецца, сама таварыш Буднік усё зразумее, - ізноў у голасе пачулася лёгкая дабрадушная ўсмешка. - Заўтра мы нічога не робім, сходзіць у рэдакцыю, разбярэцца. Паслязаўтра, - ён павярнуўся да Лены, - калі ласка, зойдзеце да мяне з рэдакцыйнаю поштай. Вам Любаша пакажа, куды. Добра? - апошнія словы былі да Лены, у іх чулася такая сяброўская просьба, што адмовіцца было б немажліва, а падпарадкавацца - нават прыемна.

За чаем гаварылі пра сёе-тое. Асабліва ўважліва слухаў Васіль расказ Ляшчынскага пра тэбэшоўскія справы і яе расказ пра падзеі ў Супраслі. Юрка ж застаўся-такі верны сабе: улучыў момант папярэдзіць Лену, каб не ўздумала цікавіцца прозвішчам Васіля, бо гэта строга забаронена.

Па вячэры Лену палажылі спаць, Юрка з Ляшчынскім і Люба пайшлі, а Васіль усеўся пры стале, дастаў паперы і, нахіліўшы абажур на лямпу, пачаў нешта пісаць маленькім алоўкам. Лене цікава было даведацца, што гэтае хлапчанё піша. Яна бачыла, як твар яго рабіўся то сур'ёзны, то задуменны. Не могучы здагадацца па твары, што той пісаў, яна рашыла прынамсі не спаць, пакуль ён не скончыць. Але стрэлкі будзільніка на старой камодзе паказалі дванаццаць, а Васіль усё думаў і пісаў, трымаючы ў зубах патухлую папяросу. Так і не дачакалася Лена канца. Сон змарыў.

Аматар петыту

Раніцай, калі Лена прачнулася, Васіля ўжо не было. Яна ўмылася, пагутарыла з гаспадыняй дзеля бліжэйшага знаёмства. Гэта была бяздзетная старая кабета, жонка рабочага-пенсіянера. Жылі яны бедна, спачувалі камуністам і здавалі пакой для канспіратыўных сустрэч. На сняданне старая дала Лене лустачку хлеба з павідлам і кубак кавы.

Прыйшла Люба, "дзяўчыначка-весяліначка", як яе ў думках празвала Лена. Яна тут жа загадала Лене збірацца.

Пойдзем, я, Леначка, знайшла вам сталую кватэру.

Кватэра была ў гэтым жа раёне, таксама ў маленькім доміку рабочага-муляра. Муж і жонка яшчэ нядаўна пажаніліся, чакалі дзіцяці. Гаспадара, уласна, Лена і не пабачыла, ён ужо даўно страціў працу і вандраваў па мястэчках, здабываючы на пражытак выпадковымі заняткамі печніка. Жонка сказала, што муж зараз недзе ажно ля Ваўкавыска, павінен вярнуцца, як паасянее, - зімою пячэй людзі не робяць.

У хаце была бяднота, але гаспадыня, дбайная, акуратная, спадабалася Лене. Покуль яна разлажыла рэчы, крыху прыбралася сама, было ўжо за дзевяць. Пара ў рэдакцыю, не хацелася з'яўляцца першы раз са спазненнем. Праўда, рэдактар казаў прыходзіць дзе-небудзь а дзесятай, але гэта магло быць сказана і дзеля ветлівасці.

Роўна а дзесятай яна пастукала ў дзверы рэдакцыі. Ніхто не абазваўся, хоць за дзвярыма чулася валтузня ды падазроны стук і грук. Лена вагалася - ці не павярнуць, покуль не позна, - а потым рашыла зірнуць праз дзірку ад ключа.

Глянула і прыліпла да філёнкі са здзіўлення: пасярод пакоя стаяў у адных трусах рэдактар. ІІІырока расставіўшы сухія жылістыя ногі, ён аберуч то падымаў, то з грукатам апускаў на падлогу нейкі чорны, мабыць дужа цяжкі, шар, бо чутно было натужнае, перарывістае дыханне. Кучаравая чупрына гойдалася ў такт рухаў, пасмы валасоў насоўваліся на вочы, а ён усё вымахваў цяжарам, віхляўся, прысядаў, паднімаўся і зноў прымаўся за чорны цяжар.

"Чаго ж ён так выжыльваецца?" - дзівілася Лена. Пастаяла, пачакала, а потым настукала зноў. У пакоі апошні раз грукнула і сціхла. Дзверы прачыніліся, выглянуў рэдактар.

- А, гэта вы, Лена Пятроўна?... Выбачайце, калі ласка, я толькі што ўстаў ды - за гімнастыку, я зараз... Адну хвіліначку.

Праз пару хвілін ён выйшаў з ручніком, перакінутым цераз плячо, мыльніцай у адной, з парашком і зубною шчоткай у другой руцэ. Зноў папрасіў прабачэння, упусціў яе ў пакой, а сам падаўся недзе ўмывацца. Пры дзённым святле памяшканне выглядала яшчэ больш няўтульна, як надоечы. Непрыбраны ложак раскрываў усе свае дзівацкія сакрэты: на металічных перакладзінах ляжалі шчыльна збітыя дошкі, паверх якіх паслана адна толькі прасціна. Сенніка не было і ў паміне. Заглянуўшы пад ложак, Лена ўбачыла вялізную, з добры саган, паржавелую гіру з вышмуляным да бляску вухам. Гэта і быў той прадмет, якім з натугай арудаваў рэдактар.

Карповіч вярнуўся пабрыты, у кашулі і пад гальштукам, пахнуў мылам і брыльянцінам. Апрануў пінжак і зноў ператварыўся ў элегантнага пана. Ён ветліва распытаў пра ўражанні, пацешыў - "Прывыкнеце, Лена Пятроўна, зжывяцеся...", - сцісла растлумачыў, як разбіраць пошту, на якія пісьмы адказваць самой, а якія несці Васілю для выкарыстання ў газеце, і пайшоў сабе, накінуўшы плашч.

У рэдакцыю заглядалі незнаёмыя людзі. Даведаўшыся, што рэдактара няма, выходзілі. Гэта нервавала Лену, нібыта не рэдактар, а яна сама вінавата, што наведвальнікі адыходзілі, не справіўшы сваіх клопатаў.

Рабочы дзень скончыўся, а рэдактар не вярнуўся. Пачакаўшы з паўгадзіны, Лена замкнула пакой, палажыла ключ на ўмоўленае месца і пайшла дамоў з пачуццём нейкай трывожнай самоты і неспакою. Бестурботнасць рэдактара вымушала яе ўскладаць на сябе падвойную адказнасць. Але яна не ведала тутэйшых парадкаў, людзей і адносін, каб справіцца з гэтаю новай для яе роляй.

Прабіраючыся па вузенькіх, крутых завулках у танную сталовую, яна думала, чаму яно так бывае: калі ў чалавека золка на душы, дык абавязкова і пагода будзе паганая, і людзей будзеш сустракаць панылых. Ёй трапілася некалькі жабракоў, такіх маркотных, што жах было на іх пазіраць, а катрыншчык на Татарскай вуліцы круціў ручку свайго няхітрага інструмента так вяла, пазіраў у дол так нуркавата, што можна было падумаць, быццам яго прывялі сюды на вяроўцы. Толькі як з кухоннага акна на другім паверсе нехта выплюхнуў памыі проста ў рышток, запырскаўшы катрыншчыка, той вызверыўся дзікім фальцэтам. Катрыншчык быў даўгалыгі, апрануты ў чорнае намоклае рыззё, на галаве - чорны вялізны капялюш. Лаючыся, ён не задзіраў галавы, а выцягваў доўгую, усю ў чорных гузырах шыю, нібы імкнуўся дапнуцца да таго акна на другім паверсе і дзюбнуць свайго крыўдзіцеля. Убачыўшы Лену, ён змоўк, а потым паспрабаваў усміхнуцца і выдаўся ёй падобным на Карповіча. Падобны ён быў, як падобна карыкатура на партрэт: такі самы сухашчавы, смуглявы, з шылаватым носам і моцна вытыркнутым кадыком. Лена аж сумелася. А катрыншчык хрыпеў:

- Паненка паспрабуе шчасця? - і палез ужо за пазуху даставаць марскую свінку, якая цягнула "шчасце" са скрынкі.

- Я ведаю, што не маю шчасця, - адрэзала яна, пачуваючы сябе абражанай і прыбітай гэтым недарэчным падабенствам вулічнага валацугі на яе рэдактара, які быў ёй сімпатычны.

Стала нават страшнавата ісці адной у гэтым імглістым лабірынце звілістых, цесных і азяблых завулкаў. Здавалася, што тут можа здарыцца нямаведама што. Часам нават думалася, што прысніла нечаканы маркотны сон, а прабуджэнне не прыходзіла. "Як жа будзе з гэтай газетай? Рэдактар не дужа дбае, Юрка не вельмі ўмее, грамацей, відаць, невялікі, а хто ж рабіць газету будзе? Няўжо той падлетак Васіль-Васілёчак? Ды хіба многа вырабіць такое хлапчанё?"

Назаўтра яна панесла стус рэдакцыйнай пошты да Васіля. Домік, дзе ён быў на кватэры, Люба ёй паказала яшчэ надоечы. Пароль быў такі: калі на адным акне аканіца закрыта - значыць, уваход забаронены. Цяпер усе былі раскрыты. На кухні, куды яе ўвяла гаспадыня, гулялі двое дзетак.

- Я зараз паклічу Васілёчка, - ахвотна вызвалася жанчына.

- А-а, мамко, да дзядзі Васіля няможна хадзіць. Сама казала, а сама ідзеш…

- Мне можна і вось гэтай цёці можна, толькі малым дзеткам няможна.

- А ён казку пра воўка піша?

- Але, пра воўка і дзяўчынку Чырвоную Шапачку, - усміхаючыся, у тон сыну адказвала маці.

- А ён напіша, хоць ты ўвойдзеш?

- Напіша, напіша, вечарам шарай гадзінай пачытае.

Калі жанчына зайшла ў суседні пакой, дзеці яшчэ гаварылі пра "дзядзю Васіля".

- А во ложак дзядзін, - гаварыў старэйшы хлопчык, нібы адкрываў незнаёмай цёці вялікую таямніцу.

А меншы брацік, зусім яшчэ карапуз, толькі гладзіў адною рукою старэнькую ў ружы ды яблыкі байкавую коўдру, а другою трымаўся за пагнуты прэнт жалезнага ложка. I па тым, з якой стараннасцю разгладжваў ён коўдру, спадылба паглядаючы на незнаёмую цёцю, было відаць, што хлопчык раўніва любіць дзядзю Васіля.

Як толькі Васіль паказаўся ў дзвярах, дзеці навыперадкі кінуліся да яго і ўчапіліся абапал, так што той вымушаны быў спыніцца. Вінавата ўсміхаючыся Лене, Васіль пагладзіў малышоў па галоўках і, кланяючыся, прамовіў сваім ціхім голасам:

- Добры дзянёк, Лена Пятроўна! Ну як вы, акліматызуецеся па-крысе? - і, здагадаўшыся па яе твары, што настрой у яе няважны, спачувальна дадаў: - Толькі не вешаць носа... Уваходзьце, прашу.

Гаспадыня адвяла дзяцей ад Васіля, а ён, пацешыўшы малых, што вечарам казка будзе гатова, павёў Лену ў пакой. Там быў яшчэ адзін малады чалавек. Хударлявы, з высокім ілбом і вялікімі вачыма, у акулярах, ён меў выгляд "чыстага" інтэлігента. Такія кволыя інтэлектуальныя тыпы сустракаюцца часам сярод гарадскіх яўрэяў; гледзячы на іх, думаеш, што гэтыя людзі жывяцца толькі кашкаю з тае біблейскае манны, а сілы ў іх не больш, як у вераб'я. Але гэта, зразумела, няпраўда. Сілаю яны не ўступаюць іншаму ўдвая цяжэйшаму біцюку.

Васіль можа лепш, чым хто іншы, ведаў пра гэта. Сам не сілач, ён любіў адшукоўваць у людзей кантрасты паміж кволай знешнасцю і модным духам. А той, з кім яму трэба было пазнаёміць Лену, быў жывым увасабленнем такога чалавека. Назваўшы прозвішча Лены, Васіль на хвіліну задумаўся. Як адрэкамендаваць ёй таварыша?

Гэты чалавек зваўся Веніямін, а ласкальна Біня Эпштэйн. Сям'я Эпштэйнаў дала некалькі відных рэвалюцыянераў. Дзесьці ў снежні 1926 года яшчэ зусім юны Біня стаў перад судом у славутым працэсе 93-х. Як толькі старшыня зачытаў прысуд, асуджаныя ў знак пратэсту запелі "Інтэрнацыянал". Суддзі разгубіліся і моўчкі пакінулі залу, а пракурор Каверскі выклікаў паліцыю і загадаў ачысціць памяшканне. Палітзакі моцна абняліся за шыі, утвараючы неразрыўны круг. Паліцыя не ведала, як даступіцца да іх. Узялі хітрасцю: выклікалі трох дэлегатаў, нібыта на перагаворы, ды давай катаваць у самім будынку суда. Збітых да непрытомнасці дэлегатаў закавалі ў кайданы, паклалі ў фургон і павезлі на Лукішкі. Сярод іх быў і ён, Біня Эпштэйн. Нават дарогай раз'юшаныя канваіры не пераставалі біць. У хворага на сухоты Біні горлам пайшла кроў.

Турэмны камітэт патрабаваў доктара і пракурора. Два дні чакалі вязні, не змываючы крыві, а потым аб'явілі галадоўку. Эпштэйн уваходзіў у галадовачны камітэт, якім кіраваў сакратар ЦК КПЗБ Арсень Канчэўскі. На чацвёрты дзень наглядчыкі прымянілі штучнае кармленне. Вязні супраціўляліся. Іх звязвалі і гвалтам устаўлялі металічны шланг, ранячы да крыві раты. Напампаваўшы страўнік спажыўнай баландою, гналі ў камеру, прымушаючы скакаць цераз калоду, спецыяльна пакладзеную на турэмным двары. Па спінах свісталі нагайкі. Б'ючы, наглядчыкі яшчэ цынічна пасміхаліся: "Скачыце, пся ваша... Pyx патрэбен для стрававання!"

Калі не памагло і гэта, успомнілі стары мікалаеўскі спосаб - прагнаць праз строй. Пачалі з членаў галадовачнага камітэта. За экзекуцыяй на турэмным двары наглядалі начальнік турмы, пракурор і, нарэшце, доктар. Убачыўшы, што ў Біні зноў пайшла горлам кроў, доктар звярнуўся да пракурора:

- Гэтага трэба завесці ў шпіталь.

- Прашу завесці ў карцар, - паправіў доктара пракурор...

...Нібыта на кінаэкране, прайшлі перад вачыма Васіля гэтыя эпізоды з жыцця сябра. Яму хацелася неяк даць зразумець Лене, з кім яна знаёміцца, але ў апошнюю хвіліну Васіль устрымаўся: "У нашым становішчы лепш ведаць менш аднаму пра другога". I ён сказаў:

- Гэта - Даніла, студэнт і наш супрацоўнік. Ён спецыяліст па міжнародных пытаннях.

Васіль ведаў, што слова студэнт зробіць на Лену моцнае ўражанне, бо ў падполлі тады не шмат было адукаваных людзей. Сапраўды, яна павіталася з павагай.

На стале ляжалі розныя польскія, беларускія, рускія і яўрэйскія газеты. Даніла, мабыць, браў з іх матэрыял на артыкулы.

- Што цікавага ў рэдакцыі? - спытаў Васіль.

- Рэдактара цэлы дзень не было, - хмура начала Лена. Але Васіль яе перапыніў і растлумачыў:

- Не хвалюйцеся, ён цяпер па ўстановах вандруе: хочам атрымаць дазвол на арганізацыю Беларускага кааператыўнага аб'яднання. Рэдакцыйная пошта ў вас?

- У мяне. Лістоў можа два дзесяткі. З розных куткоў пішуць, але ва ўсіх адна балячка: прымусовая хутарызацыя, спрэчкі за сервітуты з абшарнікамі, безграшоўе...

- Знаёмыя злыбеды... Што тут параіш? Трэба гуртаваць грамадскую думку і сілу. Гэты вузел толькі рэвалюцыя рассячэ. Пра газету што кажуць?

- Хваляць газету, толькі шкадуюць, што выходзіць рэдка, хоць бы раз на тыдзень, просяць.

- Цяжка з грашыма, - уздыхаючы, азваўся Даніла. - Грошай крыху прыслалі падпісчыкі?

- Паступіла сем злотых і трыццаць пяць грошаў.

- Мала, але і гэта добра. Трэба падзякаваць у наступным нумары тым, хто грошы прыслаў. Лена Пятроўна, пагаварыце з рэдактарам і падрыхтуйце падзяку за матэрыяльную падтрымку газеты.

- Добра, прынясу матэрыял.

- А вершаў ніхто не прыслаў? - пацікавіўся Васіль.

- Прыслалі, а як жа, Паўлюк Сошка прыслаў, потым Пятрусь Граніт і, здаецца, Прамень...

- Гэта ўсё пачынаючыя. Энтузіястаў шмат, а плёну трэба яшчэ пачакаць. Няспелыя рэчы пішуць, школы творчай не прайшлі. Радасна тое, што з нізоў цягнуцца да паэзіі, да культуры. Народ абудзіўся. Граніт, напрыклад, брукар, днём каменне б'е, дарогі мосціць, а ноччу пры газніцы вершы і допісы ў газету складае. Каб там, у Саветах, такі рос - універсітэт бы скончыў, пісьменнікам стаў бы. Трэба неяк памагаць сваім хлопцам... хоць і не лёгка гэта зрабіць... А Звястун, а Міхась Васілёк нічога не прыслалі?

- Звястун, Звястун... пачакайце, здаецца, ёсць - вось "Зорка міргае слёзна"...

Васіль узяў аркуш і пачаў чытаць уголас:

Зорка міргае слёзна ў небе начным,

Цераз краты мігоча сваім пералівам;

Ціха шэпчацца цемра ў закуцці глухім.

Застывае густым квола-млеючым злівам.


Пасмы ценяў крылатых на сцены ляглі,

Затаілі ў сабе ночнай цішы стагнанне

I таемныя муры наўкол аплялі

Халодным і змрочным, нямым хваляваннем.


- Ну як, сябра Даніла, здорава напісана?

- Падтэкст, падтэкст багаты, і настраёвасць і думка ёсць... Відаць, вопытны ў паэзіі мастак, мысліць умее гэткімі, ведаеце, абагульняючымі катэгорыямі і словам валодае даволі свабодна... Моцна.

- А вам, Лена Пятроўна, падабаецца верш?

- Я не дужа разбіраюся. Здаецца, неяк складана вельмі напісана.

- Нічога, што крыху складана. Жыццё - не простая рэч. Ды і чалавек складаная істота, а паэзія з яго складанай душы вырываецца. Галоўнае - праўдзівасць кандэнсаванага пачуцця і мыслі. Прозай такога не выкажаш, гэта стыхія верша. Верш страшэнна не любіць размазанасці, разумееце, знешняй апісальнасці. Мнагаслоўнасць - вось што губіць паэзію часцей за ўсё. Трэба будзе абавязкова звярнуць на гэта ўвагу Граніта. Абавязкова. У Звестуна ёсць тое, што нам патрэбна: высокая ідэйнасць і значнае майстэрства. Канешне, прастата выказвання, даходлівасць твора - пажаданая і вартасная рэч. Вось вы пабачыце ў сёмым нумары (ён заўтра з друку выйдзе, хоць сёння кастрычнік - дата на ім вераснёўская), пабачыце верш Васілька. Не падумайце, што мой, - Міхася Васілька:

Цёмна ноч... Ярчэй зоры гараць!

Хоць грымоты нясуць за ударам удар -

Над здрузлеўшымі духам ўжо новая раць

Недасеяны сее абшар...

- Гэта прасцей сказана, праўда? Але тут і сама тэма прасцейшая. Усё залежыць ад тэмы і манеры аўтара. Для мяне ў вершы Звестуна, напрыклад, няма чагосьці пераўскладнёнага. Я чытаю верш і, здаецца, усім целам адчуваю панурую цемру турэмнае ночы і лаўлю невыразны, нарастаючы ў душы вязня бунт. Відаць, трэба самому перажыць усё гэта, тады ўловіш праўдзівасць настрою верша, яго рамантыку і драматызм. Са Звестуном я сядзеў у Гродні, гэта было. А наконт прастаты, Лена Пятроўна, вы ў прынцыпе маеце рацыю. I не бойцеся адстойваць гэты прынцып. Увогуле прывучайцеся разбірацца ў паэзіі, старайцеся больш чытаць, бо ў рэдакцыю будуць прыносіць свае опусы розныя, як гаварыў Маякоўскі, "кудреватые мудрейки, мудреватые кудрейки", і трэба будзе адбівацца ад іх і ясна выказваць нашы патрабаванні да паэзіі. Мы павінны заахвочваць паэтаў ствараць мастацтва для мас, для народа, для яго густаў... Перапішыце, Лена Пятроўна, верш Звестуна, паспрабуем даць яго ў газету... калі цэнзура не зарэжа.

Лена толькі кіўнула галавою ў адказ. Яна не апамяталася яшчэ ад нечаканага ўражання: ранейшы ціхі і сціплы Васілёчак зусім змяніўся, нават ростам вырас, калі стаў гаварыць пра вершы. "Адкуль у гэтага хлапчука такія веды? Гаворыць - як з кніжкі чытае. Не ўсё адразу зразумееш, але адчуваеш такую сілу, упэўненасць і перакананасць, што хочаш не хочаш - паверыш. А я сабе думала: рахманы Васілёчак… хлапчанё..."

Не паспела Лена перапісаць верш на вузкай і доўгай палосе паперы, як Даніла сказаў, што закончыў артыкул. На адыходзе ён папрасіў Лену спытаць рэдактара, колькі даплаты належыць у друкарню (да тых грошай, што атрыманы ад падпісчыкаў), і абяцаў перадаць ёй належную суму.

Васіль спытаў, ці Даніла згодзен з матэрыяламі, што падрыхтаваны да наступнага нумара, і, атрымаўшы станоўчы адказ, праводзіў сябра.

Калі яны асталіся ўдваіх, Лена спытала:

- А гэты Даніла, што ён, даўно ў "руху", ці толькі сімпатык?

Васіль паглядзеў на яе, падумаў, і па губах у яго прабегла ўсмешка.

- А вы ведаеце, за што бог адну жанчыну ператварыў у бусла? Не крыўдуйце на мяне, калі ласка. Пазнаёміцеся бліжэй, ён вам сам скажа. Пакажыце, як вы перапісалі верш Звестуна. О, зусім добра, акуратненька. Так і трэба. Гэтыя палосы паперы ў нас нарэзаны па стандарту. Калі пісаць акуратна, дык можна па даўжыні палоскі вылічыць, колькі будзе радкоў і колькі друкаваных знакаў. Перавёўшы падлікі на газетны шрыфт, можна накідваць макеты кожнай газетнай старонкі. Паглядзіце, як гэта робіцца. Не выключана, што вам самой, без мяне давядзецца рыхтаваць калі-небудзь нумар. Запамінайце.

Васіль дастаў кавалак шпагату, прылажыў да палосы паперы, запісанай старанным роўным почыркам, потым перахапіў пазногцямі даўжыню і перанёс шпагат на лінейку.

- Бачыце, вось мы маем сорак пяць радкоў, а газетных будзе або столькі ж, або ўдвая менш, усё залежыць ад шрыфту. Лепей было б падлічваць знакі па машынапісу, але мы бедныя, машынка ж дарагая... Ладна, абыдземся! Ці як у вас, на Беласточчыне, кажуць? Абыдземса?

- Абыдземса! - у тон яму паўтарыла Лена.

- На кожным кавалку тэксту, - прадаўжаў Васіль, - уверсе злева ўказана, якім шрыфтам набіраць і друкаваць. Шрыфтаў ёсць некалькі: корпус, устаў, курсіў, петыт і другія. У нас найбольш паважаны петыт. Гэта самы эканомны шрыфт, маленькі, значыць - шмат матэрыялу ў кожным нумары змесціцца. Газета выходзіць рэдка, дык чытачы не пакрыўдзяцца, калі давядзецца пасляпіць крыху вочы.

Лена пацікавілася для сябе: "А якія ў Васіля вочы? Блакітныя, невялікія, але разумныя, шчырыя, глядзяць неяк вельмі натуральна, часам жмурацца насмешліва. А вейкі прыпухлыя і пачырванелі - мала спіць. Пад яго позіркам адчуваеш сябе сястрою, і хочацца зрабіць гэтаму хлопцу нешта добрае..."

Васіль тым часам прадаўжаў:

- Наборшчыкі не любяць петыту, ім гэта не заработна, але вы, Лена Пятроўна, настойвайце, дабівайцеся. Толькі верш Звестуна хай набіраюць корпусам, а ўсё астатняе петытам. Запомніце: петытам!

- Ты, Васіль, мабыць, і сам паэт, вершы пішаш? - перайшла Лена на "ты", карыстаючыся правам старэйшай і тым, што яны сядзелі сам-насам.

- Не, цяпер не пішу. Працы журналісцкай шмат, не да вершаў. Тут артыкула абдумаць не паспяваеш як след. Наспех усё. Можна сказаць, адзін толькі артыкул "З народам" удалося апрацаваць прыстойна. Прачытайце і скажыце мне сваю думку. Астатняе робіцца гамузам, з лёту. Каб не спешка, можна было б лепш пісаць. Помню, мне ўдалася брашура "Да моладзі". У вас там, у Беластоку, гэта пісалася. Дык тады, помню, добра выспаўся, ніхто не падганяў, і пісаў я нават лежачы. Ляжыш на мяккай канапе, як бог па аблоках, думаеш - нібы плывеш у паднебным прасторы над усім светам. У галаве яснасць, на сэрцы лёгкасць. Вось і добра пісалася: сябры хвалілі... Вам, Лена Пятроўна, таксама трэба прабаваць пяро, уключайцеся ў журналістыку. Вазьміцеся хоць бы сабе інфармацыю напісаць па матэрыялах газет.

- Дзе там ужо мне, я ніколі ў газетах не выступала.

- Нічога, прывучыцеся, я памагу. Выбірайце сабе тэму, Лена Пятроўна, што вам бліжэй. Напішыце на чарнавік, а потым разам пасядзім, апрацуем, адным словам - "давядзём", як гавораць газетчыкі. Для нашай часопісі тэма нумар адзін - гэта разгул фашызму ў Германіі. Мы выкрываем усякі фашызм - нямецкі, італьянскі, польскі і беларускі. Гэта наш самы святы абавязак. Няма нумара газеты, дзе б мы не пісалі пра вандалізм фашыстаў: як яны паляць на плошчах кнігі класікаў сусветнай літаратуры, як падстройваюць працэс аб падпале рэйхстага, як плануюць пакарыць увесь свет. Адначасна мы, як бачыце, стараемся расказаць як мага больш і лепш пра Савецкі Саюз. Мы не прапускаем выпадку апісаць усе кантакты польскага ўраду з савецкім. Польскі ўрад сёння як бы на раздарожжы: баіцца Гітлера, але мае класавыя антыпатыі да Саветаў. Цяпер урад балансуе, і трэба ўзняць грамадскую думку, каб яна ўхваліла паляпшэнне адносін з Саветамі, развіццё гандлю. Вось нядаўна вяліся гандлёвыя перагаворы. I ў Польшчы паяўляюцца савецкія тавары: тытунь, ніткі, галёшы. Людзі купляюць, і кожная купленая рэч агітуе за Савецкую ўладу таксама, як і слова. Бо тавары паступаюць дабротныя, пабіваюць другія маркі.

- Нарэшце, - прадаўжаў Васіль, - мы шырока асвятляем рэвалюцыйны рух у самой Польшчы. Вось зараз, хоць са спазненнем, польскі друк інфармуе крыху пра паўстанне сялян на Кракаўшчыне. Так што выбар тэм, Лена Пятроўна, вялікі. Выбірайце.

- Угаварыў ты мяне, Васіль, паспрабую напісаць пра паўстанне сялян, гэта мне больш знаёма. Толькі як будзе дрэнна - нікому не скажаш?

- Шанаваць волю аўтара - абавязак кожнай рэдакцыі, а я, хоць паўафіцыйна, з'яўляюся членам рэдакцыі, - усміхнуўся ён.

Дамоў Лена нібыта на крылах ляцела, так стала добра на душы, учарашняга панылага настрою як і не было. Толькі пагода была такая ж зябкая і сырая.

Спрэчкі

Лена застала Васіля зноў за працай. Як заўсёды, ён ветліва прывітаў яе сваім любімым: "Добры дзянёк!", але нават і ў час прывітання з твару не сышла нейкая заклапочанасць і турбота.

- Што-то сёння мой Васілёчак нейкі панылы, ці мо не ў час прыйшла, мо перабіла мыслі?

- Якраз у пору прыйшлі, Алена Пятроўна. Вось пакутую тут над адным матэрыялам. Не магу давесці да ладу. Можа вы мне і паможаце. Пачытайце.

Лена кінула вокам на рукапіс, папраўлены почыркам Васіля, і грэбліва скрывіла маленькія вусны:

- Уй! Гэты Юрка... Зноў зморськаў перадавіцу. Ён жа кропак і косак ставіць не ўмее, толькі клічнікі лупіць за кожным словам. Думае - а-ёй, як баявіта выходзіць. "Кропкі і коскі, - пачала яна перадражніваць Юрку, - самі тут расстаўце, яны значэння не маюць. Шушамець - такія знакі, драбяза!..."

- Што там кропкі і коскі, - заклапочана азваўся Васіль. - Каб толькі тае бяды. Змест і тон не зусім падабаюцца. Пачытайце, Лена Пятроўна, тут пра Беластоцкі з'езд Таварыства беларускай школы. Вы, здаецца, былі там?

- Была то была, але гэта ж ужо амаль два гады прайшло, позна распісваць у газеце. Адкінуць гэту пісаніну, ды і баста. Давайце я яму з прыемнасцю вярну. Хай пазлуецца. Скажу - рэдактар не згодзен.

- Цяпер так нельга. Ён не толькі па сваёй ініцыятыве напісаў. Ёсць бо думка такая, што ТБШ фашызуецца. Не чулі хіба? Дык вось, мы з вамі не можам тут самавольнічаць. Трэба толькі апрацаваць матэрыял, каб усё было згодна з фактамі. Ніякіх козыраў у рукі ворагам.

- Нешта ты, Васілёчак, сёння загаварыў, рыхтык што Юрка. Гэта ён мне бясконца пра дысцыпліну бае, нібыта я маленькая. Калі хоча справадзіць мяне, каб астацца сам-насам з якім прыезджым таварышам, дае пяцьдзесят грошаў на рамізніка: "Паедзь, сяброўка, у горад, кіно паглядзі". А я знарок аднекваюся: "Не маю ахвоты, пасяджу тут". Ён кажа: "Нам трэба абгаварыць пэўныя справы". А я нібыта не разумею: "Ну то і абгаворвайце, кажу, - я вашых сакрэтаў падслухоўваць не буду". I якія там сакрэты, сказаць папраўдзе, - адзін прылік. Прыезджы, калі бывае знаёмы, наш, беластоцкі таварыш, дык мне больш раскажа, чым яму. А Юрка лютуе і аж сіпіць са злосці: "Ты, сяброўка, партыйную дысцыпліну ведаеш? Не падабаюцца мне твае паводзіны!" Аднаму майму знаёмаму дык гэты боўдзіла проста выказаў, што не давярае мне. Мне не давярае! Падумаць толькі, які паскуднік! Толькі сабе самому, і то раз у год, мусіць, давярае. Цярпець не магу гэтага боўдзілу.

- Што вы, што вы, Лена Пятроўна, кіньце так абурацца. У кожнага чалавека ёсць недахопы, але раз мы робім агульную справу, дык трэба неяк мірыцца, меркавацца... Зрэшты, вы даўно працуеце ў "руху", павінны разумець, што нам сапраўды ведаць лішняе - небяспечна ва ўсіх адносінах.

- Я і сама не хачу ведаць лішняга. Вось у цябе ж, Васіль, я не дапытваюса, хто ты і што ты. Хоць мо і здагадваюса, што адтуль прыйшоў. (Васіль заўважыў, што, хвалюючыся, Лена пачынала "сакаць"). Чаму? - спытаеш. Таму, што перапраўляеш скрозь слова "кабета" на "жанчына", а ў нас, у Заходняй, усе пішуць "кабета", толькі ў "Полымі рэвалюцыі" - "жанчына". Вось чаму.

- Гэта не факт. Для майго вуха слова жанчына больш мілагучнае.

- Я і не дапытваюса. Мне самой не хочацца быць пры яго размовах. Я мо б і сама выйшла, каб адчула, што ён хоць крыху бянтэжыцца і сказаць саромеецца. Але ж дзе там, адразу бачу, што бесцырымонна пачне выправаджваць, і на злосць чакаю: хай жа, хай! Ніякай ветлівасці няма, проста таўкач неаскрэбены. I заўсёды адно і тое ж: "На табе пяцьдзесят грошаў, язджай у кіно". Як заведзены, хоць бы іншае што прыдумаў, ну, проста абух...

Васіль спачувальна уздыхнуў і змяніў гаворку.

- Я вас папрашу, пачытайце гэты матэрыял. Добра? I раскажыце мне падрабязна, як там і што было на Беластоцкім з'ездзе. Трэба тэрмінова апрацаваць нам гэту рэч.

Лена прачытала і задумалася: усё як быццам правільна, але перасолена і накручана, ледзь можна зразумець. Яна пачала ўспамінаць інцыдэнты, якія ўзніклі на Беластоцкім з'ездзе ТБШ, а потым узялася расказваць:

- Мінулым летам з Гарадка ў Беласток паліцыя везла ў аўтобусе двух арыштаваных хлопцаў: Юрку Грэся і яшчэ аднаго. Як толькі аўтобус падышоў да Пясчанікаў (вёска там у нас такая ёсць), дык таварышы аршытаваных - яны пільнавалі ў кустах - смальнулі па машыне з вінтовак. Шафёра параніла ў нагу, а паліцыя - лататы! Падняўся вэрхал, замятня, хлопцы арыштаваныя ашаламіліся - стаяць... А потым як агледзеліся, што няма канвою, дык у другі бок ходу! У кайданах! Да сваіх прыбеглі, і там іх раскавалі.

- А як шафёр, жывы?

- Жывы, рана невялікая. Мяне самую пасылалі нашы падпольшчыкі праведаць яго ў шпіталі.

- Ну і як жа ён, лаяўся на камуністаў?

- Смяяўся: "Глупства то вшыстко, - гаварыў, - зажыве. Затое меў прыемнасць пабачыць, як "смелая" паліцыя давала драпу. На ўсю ваколіцу запахла!"

- Маладзец хлопец. Другі б на яго месцы...

- Слухай, Васіль, што было далей. - Лена хвалявалася і хацела хутчэй расказаць. - З'ехаліся на з'езд у Беласток дэлегаты Таварыства беларускай школы (акруговы з'езд), а ваявода прыслаў свайго наглядальніка. I як стаў прамаўляць Марцінчык - упаўнаважаны Галоўнай управы Таварыства, дык гэты чыноўнік, па прозвішчы Высакінскі, раз яму - і пытанне задаў: "Ці асуджае прамоўца той прыкры факт, што тэбэшоўцы звязаны з камуністамі, страляюць у аўтобус, дзе знаходзяцца кабеты і дзеці?" Марцінчык адказаў, што ён не толькі асуджае абстрэл аўтобуса, але патрабуе, каб тэбэшоўцы не лезлі ў палітыку. I гэта нашым не спадабалася, але маўчалі.

- А можа ён з тактычных меркаванняў так сказаў, каб не выклікаць рэпрэсій з боку ўраду?

- А хто яго ведае. Інтэлігент, доктар, нашто яму рэвалюцыя?!

- Чаму ж так? Лепшыя прадстаўнікі інтэлігенцыі пераходзяць на бок рэвалюцыі. Гэта заканамерна. Жалезны, можна сказаць, закон гістарычнага матэрыялізму. Рэвалюцыя прыцягвае найбольш здольныя адзінкі.

- Не ведаю я, якая ён там адзінка...

У голасе Лены пачулася не то пакрыўджанасць, не то папрок яму, Васілю. Маўляў, распытваеш, дык давярай, а не - дык не распытвай.

Васіль пусціў міма вушэй гэтыя, на яго погляд, жаночыя капрызы. Ён крыху прыпамінаў сабе Марцінчыка.

Мажны, смуглявы прыгажун Марцінчык працаваў у часе вучнёўскіх бунтаў у Віленскай гімназіі. Быў інспектарам у інтэрнаце па даручэнні Галоўнай управы ТБШ. I пакінуў неблагое ўражанне аб сабе. Чалавек вытрыманы, спакойны, але не баязлівы, роту нікому з вучняў не заціскаў, на падпольную работу выхаванцаў глядзеў паблажліва. Да начальства ставіўся незалежна. Але гэта было ў дваццаць восьмым... Гады многія былі смялейшыя і больш сумленныя, чым цяпер...

Пакуль Васіль узважваў усё за і супроць Марцінчыка, у хату ўваліўся Юрка, запаўняючы сваёй дзябёлай постаццю ўвесь пакой ад дзвярэй да акна, аж, здаецца, пацямнела ў хаце. Замест прывітання пачаў наступаць:

- Што, ізноў маю стаццю абгладжваеш, сябра, на апартунісцкі лад? Я, братко, хочу пісаць войстра, па-бальшавіцку, па-сталінску, а ты мне псуеш марку. Вы тут, інтэлігенцыя, усё баіцеся ворагаў рабочага класа ўгнявіць. Не мякчы!.. Кропкі і коскі там, братко, парасстаўляй, ды хай ідзе стацця.

- Я тут адну няўвязку фактычнага парадку знайшоў, - нібы не заўважаючы Юркавых грубых жартаў, адазваўся Васіль. - У цябе абвінавачанне: чаму Марцінчык асуджаў радавых тэбэшоўцаў за палітыку, а сваіх сяброў з Галоўнай управы не асудзіў за ўдзел у хадэцкай, як ты кажаш, контррэвалюцыйнай дэманстрацыі ў гонар Янкі Купалы і Якуба Коласа. Я прыпамінаю, што юбілей Купалы і Коласа святкаваўся, здаецца, пасля Беластоцкага з'езда. Дык хіба мог ведаць Марцінчык учора, хто пойдзе на юбілейны вечар заўтра, і каго трэ асуджаць?

- О, я ж так і казаў: Марцінчыка шкадуеце! Не шкадуй, сябра, яго, нябось, трасца не возьме. Трэ крытыкаваць, каб ажно шэрсць курэла. Ім, вучоным, здаецца, што ўсе розумы паелі, а палітычнай граматы на капейку не маюць. Яшчэ з нас пакепліваюць: "Утапісты, вузкія дактрынёры!" Вось я табе, другому, пакажу, дзе вузка, дзе шырока - сам ты ўтопішся. Да ўсіх кіраўнікоў TБШ таксама дабяромся. Калі не асудзяць здрады Марцінчыка... Дэмакраты... Бач, разважылі, разумнікі: калі была б здрада, дык агульны сход асудзіў бы... а не асудзіў - значыць, здрады не было. Будзе яшчэ сход той, што асудзіць усіх вас пагалоўна!

- Паслухай, сябра Юрка, - абазваўся Васіль зусім-зусім спакойна. - Калі крытыка несправядлівая, дык гэта ж прыніжае аўтарытэт газеты. Зашкодзіць усёй нашай справе.

- Ат, бачу я, што некаторыя вучоныя малайцы забылі простыя і ясныя ўстаноўкі. Калі ў крытыцы ёсць пяць працэнтаў праўды, дык і такая крытыка карысна для нас. Вось якая ўстаноўка, сябра! Крытыкнулі ў савецкай прэсе, скажам, Міхася Васілька, ён і паправіўся і зараз на лінію стаў... А што ён - барышня, каб з ім анцімоніцца... Так і кожнага... Даў пачостку - і парадак... Асцеражнейшы стане... Трэба, каб пабойваліся...

Напамін пра крытыку Міхася Васілька скрабянуў Васіля за жывое. Гэта яны з Алесем Салагубам, даверыўшыся не зусім сумленным інфармацыям, напісалі ў "Звяздзе", нібыта творчасць Міхася Васілька "аб'ектыўна грае контррэвалюцыйную ролю". А віны Міхасёвай там фактычна не было: здарылася так, што буржуазныя часопісы, рэпутацыі якіх паэт не ведаў, надрукавалі пару яго вершаў. А яны з Салагубам, не ўнікнуўшы ў справу, вынеслі аўтару палітычнае абвінавачанне. Напаролі гарачкі... Цяпер, працуючы ў "Беларускай газеце", Васіль паспрабаваў хоць як-небудзь выправіць несправядлівасць. У раздзеле "Паштовая скрынка" ён паведаміў, што Міхась Васілёк за апошнія гады зрабіў крок наперад "ідэйна і якасна". Але ўсяроўна ўспамінаць той крытычны наскок было непрыемна і сорамна.

- Дык ты, сябра мілы, нешта мяне не слухаеш, - выбіў Васіля з задумы павышаны Юркаў голас. - Пераконваць вас тут, бачу, - што гарохам аб сцену. Трэ будзе падказаць, каб сяго-таго паслалі падвучыцца, а то абяззубелі тут у варожым абкружэнні, класавую пільнасць траціце...

- А што ж сябра будзе рабіць без нас? Сам газету выпусціць? - агрызнулася Лена.

- I выпушчу, як партыя прыкажа. Падумаеш! - Юрка выпнуў жывот і зрабіў "рукі ў бокі". - Хопіць у партыі людзей, варона з куста - дзесяць на куст.

- А ці не здаецца табе, сябра Юрка, што ты зарваўся? - неяк вельмі ціха і падкрэслена спакойна вымавіў Васіль. Устаўшы з крэсла, ён з насмешкаю глянуў на Юрку і дадаў: - Газета - не твой, сябра, фальварак! Ёсць такая хвароба - камчванства. Ленін рашуча асуджаў яе. А ведаеш, што ў Леніна сказана пра нашу бальшавіцкую прапаганду? Яна сільна, бо гаворыць праўду! Вось што сказаў Ленін.

Юрка прыціх, залыпаў вачыма, на яго круглым твары з'явілася пакутлівая натуга: ён стараўся знайсці новы ход, каб адбіцца, але, відаць, пабойваўся ўліпнуць. Эрудыцыя Васіля бянтэжыла і гневала яго. Лена ж, пабачыўшы нерашучасць свайго крыўдзіцеля, пайшла ў наступленне:

- Рэдактар не прапусціць такога артыкула - вось і ўсё.

- Падумаеш, рэдактар - вялікая шышка! - кінуўся туды, дзе слабей, Юрка. - Для мышаняці няма звера страшней кашаняці. Не ведаю, хто гэта з вас мае артыкулы ўсё шмайстаў: Карповіча пытаю - кажа, Буднічанка адхіліла, а яна - рэдактар не пускае... Усё ж валяй ты, сяброўка, у кіно. Мяшаешся ўсюды...

- Як гэта мяшаюся? Чуў, сябра, што газета не чый-небудзь фальварак?!..

Лена пакрыўдзілася і выйшла.

- Ты, Юрка, - Васіль перайшоў на "ты", - нагадваеш мне часам унтэра з аповесці Купрына "Паядынак". Той дзівак любіў на занятках па "славеснасці" павучаць аднаго салдата, былога студэнта. Калі студэнт на пытанне: "Что такое знамя?" - адказваў: "Священная хоругвь", унтэр папраўляў: "Не хоругвь, а херугва!" Чытаў ты гэту кніжку? Пачытай, карысна будзе. Партыя - гэта арганізацыя адзінадумцаў, таварышаў, а ты сам паводзіш сябе як унтэр у казарме. Нядобра так...

- А што табе? Я к табе нічога не маю. Чаго ты за яе заступаешся, ты яе ведаеш? А рэдактар, што ён табе, брат ці сват? Ды ён ужо, між намі кажучы, сёння-заўтра сядзе. Замену я ўжо…

- А ты адкуль ведаеш, што сядзе, га? - рашуча перапыніў Юрку Васіль. - Адкуль ведаеш, гавары!

- Ты што, мяне падазраеш?!.. - амаль закрычаў Юрка.

- А што ты думаў, - націскаў Васіль, - адзін ты маеш такое права? Хто табе яго даў?

- Ну, браце, ты не жартуй! - у голасе Юркі пачуліся ноткі разгубленасці.

- А я і не жартую.

- Ох жа, і чорт ты, малы...

- А ты?

- Ладна, - прымірэнчым тонам азваўся Юрка, - дыскусій разводзіць не будзем. А стацця ўзгоднена дзе трэба. Хай усё ж ідзе ў друк.

- У друк - то ў друк, пайсці - пойдзе. Сумняваюся толькі, ці прынясе лаўры гэты артыкул аўтару і газеце.

- Я сам адказваю, - велікадушна прамовіў Юрка. - Не сумнявайся, хай нашы ворагі сумняваюцца!

- У тым жа і справа, што нахамутае адзін, а адказваць даводзіцца калектыўна.

- То давай троха абгаблюем стаццю, ты ж магік у гэтай справе. Зробіш - дык і камар носа не падточыць. Толькі, дружа, ніякіх прынцыповых уступак ворагу! Hi на макулінку!

Згрызоты

Уступак ворагам і не думаў рабіць Васіль, а Юрка не пажадаў зрабіць уступкі самой праўдзе.

Артыкул пра "здрадніцкія дзеянні" прадстаўніка Галоўнай управы на Беластоцкім з'ездзе ТБШ надрукавалі без істотных змен, а праз дзень рэдакцыя атрымала адкрытае пісьмо, дзе Марцінчык удакладняў факты, абураўся і апраўдваўся. З пісьма было відаць, што пытанне ваяводскага чыноўніка Высакінскага пра адносіны да абстрэлу аўтобуса ён расцаніў як правакацыю, таму і заявіў, што абстрэл асуджае. "Мы ж самі, камуністы, асуджаем тэрор, - думаў Васіль. - А гэты выпадак больш падобны на тэрарыстычны акт, чым на стыхійны выбух народнай помсты..." Тут Васіль адчуў на душы непрыемны асадак: суб'ектыўна яму падабаліся гэтыя дзёрзкія хлопцы, што адбілі ў паліцыі таварышаў. Не хацелася асуджаць іх... Але... Ён пачаў вывучаць пісьмо далей.

Другое абвінавачанне было ў тым, што Марцінчык заклікаў дэлегатаў з'езду не дапускаць адхіленняў ад статуту ТБШ і не ўносіць у работу арганізацыі "палітычных момантаў". У пісьме аўтар даваў вельмі цьмянае тлумачэнне: "...я заклікаў, каб у будучыні, калі б з'яўляліся паасобныя адзінкі ў радах ТБШ, імкнучыяся ісці па лініі, спрыяльнай тасаванню рэпрэсій да ТБШ - сапраўды ўносячы "статутовыя адхіленні" ці "палітычныя моманты" ў працу ТБШ - то заклікаў даць адпор гэтым адзінкам".

Разы тры перачытаўшы гэту мудрагелістую фразу, Васіль не мог скласці пэўных адносін да аўтара. Калі ён не думаў пра абставіны, пры якіх той выступаў на з'ездзе, дык адчуваў да прамоўцы непрыяз'насць: "Мы, камуністы, сцякаем крывёю, а легальныя культурнікі - супроць палітычнай работы! Нездарма Юрка іх дубасіць... Няхай..."

Калі ж Васіль уяўляў залу пасяджэння з'езду ТБШ і драпежны выраз на езуіцкім твары пана Высакінскага (яму здавалася, што Высакінскі меў іменна такі выгляд), тады гатоў быў апраўдаць Марцінчыка: гэта пытанне не трэба было ўздымаць, бо яго не вырашыш у прысутнасці Высакінскага, але раз чалавек пачаў гаварыць, то інакш сказаць не мог. Сапраўды, навошта афішаваць палітычныя моманты ў рабоце легальнай культурна-асветнай арганізацыі? Навошта патураць авантурыстам? Да чаго гэта прывядзе? Да рэпрэсій. А чым скончыцца? Добра, каб толькі выхадам з кіраўніцтва "згоднікаў". Але ж пасыплюцца з арганізацыі памяркоўна настроеныя члены: гэта ж не перыяд уздыму рэвалюцыйнай хвалі, калі, гаворачы купалаўскімі словамі, "ходзіць ходырам свет цэлы, смела ў бой ідзе нясмелы!". Цяпер паліцэйскі тэрор шалее па ўсёй Заходняй - карныя атрады... палявыя суды... Не дзіва, што нават смелы тэбэшовец асцерагаецца. Дык ці могуць пайсці кіраўнікі ТБШ на тое, каб адпалохваць членаў таварыства і аслабляць арганізацыю, якую яны стварылі сваімі рукамі? Вядома, не. А хіба сведчыць гэта аб тым, што ўсе яны страцілі сімпатыю да камуністаў? Не, не абавязкова. А мы, камуністы, хіба зацікаўлены ў аслабленні Таварыствa - адзінай дэмакратычнай арганізацыі ў краіне? Таксама не. Дык навошта махаць аглобляю? Ці не разумней на дадзеным этапе дамовіцца і праводзіць палітычную працу на ніве ТБШ употай? А настане час рэвалюцыйнага ўздыму, тады сувязь культурнай дзейнасці з палітычнай адкрыецца!

Дык чаму ж мы не робім так, а шкодзім самім сабе?

Гэтыя пакутлівыя разважанні паглыблялі канфлікт Васіля з Юркам. Ён разумеў, што Юрка выконвае волю партыйнага кіраўніцтва. I Васілю рабілася страшна, калі ён лавіў сябе на нязгодзе з ім. Выходзіла, што ў справе ТБШ ён не падзяляе тактыкі партыйнага кіраўніцтва... Гэта было жахліва, і Васіль спачатку баяўся прызнацца ў гэтым нават самому сабе: ён бачыў корань зла ў Юрку і хвілінамі ненавідзеў яго: "Каму даверылі выконваць волю партыі... Няўжо няма людзей талковых?.."

А потым Васіль раптам заўважаў, што адступае: Юрка становіцца для яго зайздросным эталонам цвёрдасці і адданасці партыі, у душы раптам вырастала нейкае пачуццё віны, і ён стараўся апраўдацца перад Юркам. Ha памяць прыходзілі словы таварышаў, якія хвалілі Юрку: "Не баіцца ў раёны ездзіць, работу ўмее ў нізавых ячэйках наладзіць, парадак навесці, кадры пачысціць і падабраць надзейныя. О, гэта цвёрды таварыш, адданы. Юрка не пахіснецца!" У Васіля абуджалася павага да гэтага таварыша. Юрка пачынаў узвышацца ў такія моманты да ролі суддзі, суддзі строгага і бязлітаснага. Пасля Васіль яшчэ больш ненавідзеў яго, як прычыну сваёй ганебнай скрухі. Жахліва было тое, што Юрка без дазволу ўваходзіў у яго самога, забіраўся ў душу, развальваўся сваёю мядзведжаю тушай і пачынаў распараджацца, як у сябе дома.

"Не, я не супроць вострых слоў, - размаўляў сам з сабою Васіль, - я не збіраюся ўгаворваць ідэйных ворагаў. Чорт вазьмі, я ж сам пачынаў артыкул супроць чорнасутаннікаў у тваім, Юрка, стылі: "Адказваць панам з "Крыніцы" - завялікі быў бы гонар для гэтых палітычных шулераў". I слушна, хіба можна весці дэбаты з мярзотнікамі, не прыніжаючы ўласнай годнасці? Хіба варта прымаць усур'ёз і аспрэчваць іх брудныя мянушкі і кпіны? Хіба можна прыніжацца да палемікі з нахабнымі ксянжулькамі, якія, забыўшыся на свой духоўны сан, абзываюць "Беларускую газету" байструком польска-савецкай дружбы? Ніколі! Хіба не я ўстаўляў у твае, Юрка, артыкулы пра верхавода беларускай санацыі пана Луцкевіча такія выразы, што сам ты паціраў рукі ад задавальнення? Бо я не магу спакойна пісаць пра тое, як гэты "эўрапэец" б'е паклоны фашыстам, выхваляе планы Розенберга стварыць пасля перамогі над бальшавікамі ўкраінска-беларуска-літоўскую федэрацыю? Гэта было прадажніцтва, і нельга было не абурацца і не называць рэчы сваімі імёнамі. А ты ж, Юрка, як мне здаецца, вышукваеш абразлівыя выразы спакойна. У гэтым я магу цябе падазраваць, бо сакрэты славеснай творчасці мне вядомы: не хвалюешся сам - не ўсхвалюеш. А ты, халодны і грубы, любіш усчынаць лаянку нават з тымі, каго трэба пераконваць. Нельга штучна ствараць ворагаў. Хіба іх яшчэ мала ў нас? Хіба разумна дашукоўвацца ў "Летапісе ТБШ" нацыяналізму, атручваць радасць нараджэння гэтага часопіса? З каго ж тады будзе складацца той нацыянальна-вызваленчы фронт, які імкнецца стварыць партыя? А каго ж тады ўводзіць у Цэнтр, які створан партыяй для кіраўніцтва нацыянальна-вызваленчым рухам? Што ж - выходзіць, там будзем сядзець мы з табою ды яшчэ некалькі партыйных работнікаў. Але што ж гэта дасць? Кіраўнікі ТБШ, нават самыя блізкія нам, аўтаматычна выйдуць з Цэнтра. Мы самі выкурым іх".

Чым даўжэй цягнуўся гэты дыялог з ценем Юркі, тым болей Васіль адчуваў, што ў яго пачынае калаціцца ўсё ўнутры. Чым далей, тым гарачэйшыя словы набягалі з грудзей, і ён ведаў, што гэты вадаспад будзе імчацца ўсё шпарчэй і шпарчэй, пакуль не затуманіцца галава. А потым, пасля бяссоннай ночы, настане крызіс: думкі запаволяць свой бег, і ён упадзе ў санлівую меланхолію, пачне вінаваціць ва ўсім сябе самога. Васіль баяўся гэтага бяссілля. Але не ведаў, як спыніцца...

Ды тут нечакана ў пырсках і пене заззяла вясёлка. Маленькая спачатку, яна расла, абдымаючы ўвесь небакрай яго разбушаванай фантазіі: "А што, калі Юрка, - думаў Васіль, - раздувае гэту гісторыю з Марцінчыкам, каб набіць сабе цану? Глядзіце, маўляў, які я пільны. Раз, два - і ўтварыў фронт ідэйнай барацьбы. Прызнавайце мае заслугі!.. Чаго тады варта яго непахіснасць? Трэба пагаварыць з Юркам. Пайду!"

Юркі Васіль не сустрэў ні ў той, ні ў наступны дзень. Толькі трэцяга дня адвячоркам удалося яго залыгаць, але размова пайшла зусім не так, як чакаў Васіль. Пасля той спрэчкі, калі Васіль уступіўся за Лену і рэдактара, Юрка быў памякчэў з ім. На гэты ж раз Юрка набычыўся і неспадзявана напаў на Васіля:

- Ты камсамольскі важак ці хто ты? Га? Віленскаму камсамолу пераходны сцяг сам ЦК КПЗБ уручыў за што? За барацьбу з апартунізмам! Калабіна з дарогі прыбралі, а ты ў той самы бок глядзіш. Глядзі, глядзі, ды азірайся. Хто табе даражэй: партыя ці...

Васіль адчуў у словах Юркі нешта такое, ад чаго яму зрабілася страшна, першы раз у жыцці страх ішоў ад чалавека, якога ён лічыў сваім. Васіль глядзеў не міргаючы на Юрку. Раптам адна жахлівая здагадка грымнула як выбух, ад якога скаланулася душа: "А можа ў кіраўніцтве партыі ёсць тайныя матэрыялы супроць кіраўніцтва ТБШ? Газета вымушана маўчаць пра такія факты, таму шукае прыдзірак. Што тады? Хто будзе мець рацыю: я ці Юрка? Не. Не хачу, каб так было. Не хачу..."

Кіраўніцтва рашыла надрукаваць ліст Марцінчыка побач з рэдакцыйным каментарыем, які зноў напісаў Юрка. Ён лупцаваў аўтара пісьма чым папала і як папала. Папярэджанне Васіля спраўдзілася: Марцінчык начыста адкінуў папрок газеты ў тым, што не асудзіў у сваёй прамове сябраў з Галоўнай управы ТБШ за ўдзел у юбілеі Купалы і Коласа. Ён растлумачваў газеце, што юбілей, арганізаваны нацыяналістамі, праходзіў пазней, чым Беластоцкі з'езд. Юрка, аднак, не збянтэжыўся, ён адрэзаў на гэта коратка і беспардонна: "Нашто варочаць ката хвастом дагары. Артыкул так не гаварыў".

Да Марцінчыка цяпер Юрка прыплюсаваў яшчэ Лукашыка, які, будучы сакратаром з'езду, "... пастараўся не запісаць шкодных для ТБШ слоў Марцінчыка... каб такім чынам змыліць сляды". У канцы Юрка рабіў вывад у сваім гусце: "Перад намі змова здрады і ашуканства".

Васіль быў згодзен, што кіраўнікоў ТБШ можна і трэба крытыкаваць, але ж абсурдна ператвараць іх жывасілам у ворагаў. Гэта людзі ў большасці асабіста сумленныя і аўтарытэтныя ў масах. Лепей было б шукаць з імі паразумення, асабліва ў перыяд разгулу рэакцыі, праз іх умацоўваць сувязь з масамі. Нападкі ў камуністычнай газеце яны могуць успрыняць як паслугу ўраду, а ён са свайго боку не скупіцца на рэпрэсіі: у лютым жа арыштоўвалі Шырму і Стацкевіча, судзілі...

Будучы ў Варшаве па выкліку ЦК, Васіль даведаўся, што ў самім кіраўніцтве партыі няма адзінства поглядаў на бягучы момант. Ён павесялеў: "Не я адзін". Праяснялася прычына непаслядоўнасці ў тактыцы. "Сектанты з памяркоўнымі водзяцца зачуб. А я з кім? Hi з кім, хочу быць з партыяй, з народам!" Усхваляваны сваім рашэннем, ён пачаў аналізаваць матэрыялы "Беларускай газеты".

Праграмны артыкул у першым нумары зыходзіў з таго, што на сучасным этапе назіраецца адплыў рэвалюцыйнага руху, таму (рабіўся слушны вывад) справай першай важнасці з'яўляецца ідэалагічная работа, выхаванне мас. Выхаванне праз легальны друк і легальныя арганізацыі, гурткі ТБШ, кааператывы, чытальні, самаўрады.

У тым жа нумары друкаваўся яркі артыкул "Аб самаадукацыі", які заклікаў грамадскасць наладжваць у самадзейным парадку адукацыю на роднай мове, калі ўрад не хоча адпускаць сродкаў на беларускую школу і асвету. А ўжо ў шостым нумары газета ўнесла папраўку. Быў выстаўлены новы лозунг - барацьба за самаадукацыю палітычную. Пры гэтым нехта груба, у Юркавым стылі, аблаяў усю заходнебеларускую інтэлігенцыю за апалітычнасць ды палітычную непісьменнасць.

"Шосты нумар, відаць, пераломны. Выйшаў ён пасля перамяшчэнняў у рэдакцыі: спачатку на месца фактычнага заснавальніка газеты Аніскевіча прыслалі Юрку, а на месца Якуба Міско - Лену Буднік, ды мяне ўвялі прыкладна ў тую ж пару. Дык, выходзіць, паварот у тактыцы? Не абавязкова... Аніскевіча, здаецца, пераправілі ў СССР у замежнае прадстаўніцтва ЦК КПЗБ, а Міско перакінуты ў падпольны друк, абслугоўвае тайны шапірограф нашага Цэнтра - заданне больш адказнае, чым карэктарская работа ў газеце. А што да кірунку газеты, дык ухвалілі ж нядаўна артыкул пра выкарыстанне самаўрадаў для мэт нацыянальна-вызваленчага руху. Матэрыял пайшоў як рэдакцыйны. Я ж, помню, дапрацоўваў яго, нібыта пісаў адкрыты ліст да бацькі".

Васілёвага бацьку і яшчэ шасцярых такіх, як ён, свядомых беларусаў паслалі сяляне раднымі ў Міжэвіцкую гміну. Іх аказалася большасць, і яны выбралі бацьку войтам. Праўда, нядоўга ён прабыў на гэтай пасадзе - усяго каля года (звольніў павятовы стараста), a і то бацька, адпісваючы шарваркі аднавяскоўцам, памог пабудаваць клуб у Кракотцы, даваў розныя палёгкі галетнікам. Радуючыся за бацьку, Васіль дакараў у артыкуле па-сектанцку настроеных таварышаў: "...урадавых інстытуцый мы не выкарыстоўваем, памылкова ўважаючы, што яны нам нічога не могуць даць, што самаўрадавая "калатня" нам не павінна абыходзіць, што, адным словам, гэта - не для нас..."

А ўзяць якасць крытыкі, не дзе, а ў папярэднім нумары "Беларускай газеты". Адзін з супрацоўнікаў слушна пісаў: "...не лаянкай, смехам або беспадстаўнаю сваркай павінны мы даказваць бязглуздасць думкі пра апалітычнасць тое ці іншае легальнае арганізацыі..." I даказваў, аргументавана даводзіў фактамі, што "апалітычны" кааператар інжынер Клімовіч і яго часопіс "Самапомач" служаць як нельга лепш на карысць буржуазнай палітыцы.

Ясна адно: корань справы - у розных ацэнках бягучага моманту кіраўнікамі партыі. Але чаму за апошні час стаў перамагаць левы погляд, быццам рэвалюцыйная сітуацыя ўжо наспела? Якія прычыны?

Ідучы з Беластока ў Вільню па падпольных дарогах, ён забягаў дамоў перад жытнім жнівом. На Слонімшчыне тады толькі і гаворкі было, што пра палявы суд над групай Бахара ў Навагрудку. Перадаваліся нават вусныя легенды па вёсках, нібыта Бахар і яго сябры напхалі саломаю мундзіры пабітых паліцэйскіх і чучалы ставілі ў сваёй зямлянцы. Гэта, вядома, плёткі. Расказвалі людзі, што сам Бахар, калі яго кат падвёў пад шыбеніцу і спытаў пра апошняе жаданне, адказаў: "Пацалуй ніжэй паясніцы, бо як павесіш, дык не дастанеш". Гэта на яго падобна. Васіль прыпамінаў Бахара, гарачага, анархічнага юнака з Навагрудскай гімназіі. Ён вечна дражніўся з папом на ўроках рэлігіі, даводзячы бацюшку да шаленства...

Даніла казаў, што Навагрудскаму акруговаму камітэту ўляцела за тое, што не ўзначаліў групы Бахара, расцаніўшы яе як тэрарыстычную, а не як стыхійны выбух народнага гневу, як сімптом набліжэння рэвалюцыйнага ўздыму. Значыць, адсюль пачынаецца паварот? Наўрад. Бо ў ацэнцы кобрынскіх падзей ЦК асудзіў спробы асобных работнікаў партыі штурхаць сялян без належнай арганізацыйнай падрыхтоўкі на паўстанне. А кобрынская справа куды важнейшая, чым справа Бахара.

Дык, можа, новая ацэнка бягучага моманту прыносіцца звонку? Можа, гэта пераймаюцца тыя крутыя формы мыслення і рэзкія тактычныя прыёмы, якія ён сустракаў там, у Саюзе, у перыяд калектывізацыі? Можа, адтуль пераносіцца лозунг: саюзнік альбо вораг, хто не з намі, той супроць нас? Можа, якраз дакацілася хваля крытыкі памылак Антося Сталевіча, пачатак якое Васіль чуў у Мінску перад выездам? Сталевіч быў яму асабіста знаёмы, ён кіраваў рэдакцыяй замежнага прадстаўніцтва ЦК КПЗБ і памагаў Васілю дапрацоўваць вершы і паэму. Абяцаў выдаць. Высокі, кучаравы, усмешлівы брунет у пенснэ, інтэлігент па манерах і па натуры, ён спадабаўся Васілю. Сімпатычная была яго ўлюбёнасць у беларускую вёску. П'есы Антося ставіліся па ўсёй Заходняй. Пісаў ён і апавяданні, і вершы, Васіль рэцэнзіраваў у "Звяздзе" яго зборнік "На заняволеных гонях", хваліў вершы за агітацыйную баявітасць. I вось Сталевіч дапусціў памылкі ў адным артыкуле. Казалі, ён вельмі перажываў, прызнаў і выпраўляў памылкі ў наступных артыкулах, але невядома чаму за ім астаўся ярлык бяззубага нацыянал-апартуніста... Дык, можа, і тут, у Заходняй, вядзецца прафілактыка? Як-ніяк, Сталевіч - кандыдат у члены ЦК КПЗБ.

Не, мабыць, не гэта галоўная прычына лявацтва. Тэрор - вось што не дае нармальна думаць і правільныя рашэнні прымаць людзям, якія гадамі жывуць пад страхам, якіх паліцыя знішчае фізічна. Гэта, мабыць, самае істотнае.

Васіль губляўся ў здагадках. Аднойчы ў размове з сабою ён дайшоў да вываду, што калі ў жыцці дзейнічае дыялектыка, дык і зло ёсць адначасна дабро. Лаем мы кіраўніцтва ТБШ, дык мо ўрад не стане рэпрэсіраваць. Арганізацыя астанецца, і ўсё пойдзе на лад. Адносіны пераменяцца, партыя разбярэцца ва ўсім.

"Вось будзе больш часу, тады прадумаю ўсё і дайду да сутнасці", - гаварыў сабе Васіль. Але часу станавілася ўсё менш. Увесь час паглыналі літаратурныя справы. I ў душы Васіль быў рады з гэтага. Літаратурная ніва была, можна сказаць, яго абладай. Юрка покуль што сюды не дабраўся. А калі важыўся, Васіль адпалохваў яго цытатай пра пісьменнікаў - інжынераў чалавечых душ.

Прайшло ўсяго якія два месяцы з той пары, як Васіль падрыхтаваў першую "Літаратурную старонку", а справа прасунулася далёка наперад. Вось ужо рыхтуецца першы з'езд рабоча-сялянскіх пісьменнікаў. Даклад ён абдумаў і, лежачы ў пасцелі, у думках перачытваў яго. Расказваў нябачным слухачам пра поспехі савецкай літаратуры, дэкламаваў вершы Маякоўскага, Купалы, Чарота, а потым пераходзіў да заходнебеларускіх літаратурных спраў. У нас ёсць многа талентаў-самародкаў, якія маглі б ствараць паэзію сапраўды народную. Уласна кажучы, тыя, пра каго ідзе гаворка, тут прысутнічаюць. Вы, сябры, шмат зрабілі для роднай літаратуры, але гэтага мала: вызваленчы рух патрабуе сваіх песняроў, сваіх трыбунаў, будзіцеляў народу, якія б звалі масы да барацьбы. Ці можам мы спадзявацца, што такія песняры з'явяцца? Можам! Ужо ў разгар першай рускай рэвалюцыі адсюль, з Вільні, прагучалі натхнёныя галасы Купалы і Коласа. Мы павінны стаць іх дастойнаю зменай. А дзеля гэтага трэба гартавацца ідэйна, авалодваць пралетарскім светапоглядам, адточваць класавую свядомасць. Паасобку гэта цяжка. Трэба гуртавацца. Тут дадзім слова Маякоўскаму:

Партия -

это единый ураган,

из голосов

спрессованный

тихих и тонких,

От него

лопаются

укрепления врага,

как в канонаду

от пушек перепонки.

Даклад складваўся ў думках лёгка і гладка. Калі на справе пойдзе крыху не так, давядзецца дзе паўтарыцца - нічога. Сутнасць дойдзе. Зрэшты, і недагаворак не павінна быць, бо многія думкі былі ўжо выкладзены ў газеце. У поспеху дакладу ён не сумняваўся.

Самае цяжкае - не даклад, а праект дэкларацыі. Вось над гэтым праектам ён парыўся некалькі вечароў - рабіў чарнавыя накіды, але клеіліся нейкія цьмяна-ўзнёслыя фразы з закавырыстым падтэкстам. Каб пісаць больш натуральна, ён змушаў сябе вяртацца да асобных фармулёвак у моманты, калі абдумваў нешта зусім іншае. Фармулёўкі праясняліся, але ўвесь тэкст не задавальняў яго. "Толькі Лену вучыў, як пісаць проста, а ў самога..." - іранізаваў над сабою Васіль. Потым раіўся з таварышамі, асабліва з Данілам, пацяшаў сябе тым, што ўдзельнікі з'езду адрэдагуюць праект дэкларацыі ў працэсе абмеркавання.

Паправіўшы некалькі фраз, Васіль адлажыў гэтую працу, прагледзеў газеты і ўзрадаваўся надыходу змроку. Сёння ён умовіўся з Ленай сустрэцца ля кінатэатра "Лютня". Яна мае прынесці свежы нумар іх газеты.

Васіль выбраўся з раёна Новы свет, перайшоў па мосце чыгуначнае палатно і выйшаў на вакзальную плошчу. Праходзіць праз Вострую Браму не адважваўся: яшчэ трапіцца які знаёмы беларускі католік, і будзе бяда і для яго, і для цябе. "Праўда, з таго часу, як пакінуў гімназію, выгляд мой досыць змяніўся, капялюш і добрае паліто надаюць пэўную саліднасць, але ж свае хлопцы Якуб Міско і Міша Тарасюк адразу пазналі... Зрэшты, праходзячы пад Вострай Брамай, трэба апірацца ля багамольцаў, здымаць капялюш... А ну яго..."

Лена першая заўважыла Васіля і падышла. Твар яе быў заклапочаны і маркотны. Васіль нейкім прадчуваннем улавіў нядобрае.

- Што здарылася? - трывожна пашаптаў ён.

- Прапала твая праца.

- Сканфіскавалі нумар?

- Ага... За твае "Выбары без галасавання".

- Не чакаў. Шкада тыражу... Грошай і так мала, паны як бы ведалі, што мы ў крызісе пухнем.

- Нічога, Карповіч казаў, што грошай дасталі, будзем перадрукоўваць тыраж нанава з белаю плямай на месцы твайго артыкула. Выйдзе паслязаўтра газета. А цяпер - трымай.

Лена спрытна дастала з унутранай кішэні акуратна згорнуты нумар газеты і, блізка падышоўшы да Васіля, сунула яму за пазуху.

- Прастудзішся, Васілёчак, на дварэ холадна, а ты ж мала ходзіш па вуліцы. Ды і твая ангіна... Зашпільвайся, хлопча, няма каму біць. - Яна паднялася на дыбачкі і паправіла яму шалік на шыі, захінула паліто і зашпіліла. - Ну вось, зараз добра.

Васілю стала няёмка ад яе пяшчотнай клапатлівасці. Ён лепей хацеў бы бачыць яе твар такім суровым, як хвіліну назад.

- А я па твары здагадаўся, па хмурых вачах, што прыкрасць нейкая.

- Не бойся маіх вачэй, ні хмурых, ні вясёлых. Проціў мяне ты замалады.

Ёй падабалася назіраць, як ён бянтэжыцца, але не траціць вытрымкі. Нібыта не чуе. Залаты хлопец. Некаму добры сябра будзе.

- Бывай, Васілёчак, мне пара. Заўтра многа спраў. Ды і небяс-печна сёння.

Яны разышліся не развітваючыся, нібыта брат з сястрою - стрэліся выпадкова на вуліцы, пагаварылі і пайшлі, а дома зноў сустрэнуцца.

Васіль ішоў дамоў хутка. Рызыкоўна было несці нумар газеты, употай здабыты Ленай у друкарні: рэчавы доказ, "довуд жэчовы", як гавораць на судзе. З другога боку, карцела яшчэ раз перачытаць свой артыкул, нібыта ад канфіскацыі ён стаў яшчэ цікавейшы і смялейшы па зместу. "Не спадабалася цэнзару іронія. Бо ў выразах артыкул стрыманы, толькі зачэплена аснова панскай дэмакратыі - выбары ў гмінах і павятовых сейміках сталі праводзіць не шляхам галасавання, а праз апладысменты... Цэнзар мае нюх".

А Юркавага ніводнага артыкула не сканфіскавалі!

Васіль здзівіўся, так нечакана прыйшла гэтая думка.

На з'ездзе

Івану Івашэвічу паштар прынёс пісьмо з віленскім штэмпелем. Мусіць, гэта інтрыгавала паштара, бо марудзіў, не выходзіў з хаты, папрасіў закурыць і ўсё тупаў ля парога, покуль адрасат чытаў ліст. Іван прабег вачыма па крэмавай дабротнай паперцы і адчуў, што дых займае ад радасці, але, перавёўшы позірк на цікаўнага паштара, абыякава махнуў рукою.

- Прычапіліся як смала: выпісвай газету ды выпісвай газету, а завошта выпісваць - не кажуць... - Іван зіркнуў спадылба быстрымі, глыбока пасаджанымі вачыма.

Паштар быў стары чалавек і даволі рахманы. Каб што другое, дык выслухаў бы ды змоўчаў, а тут - нёс, чалавеча, пісьмо, думаў хоць якую навіну пачуць, - і на табе! I стары адказаў з дакорам:

- Не памагай ты хвораму стагнаць. У цябе ўжо грошай няма? Хай бы хто плакаў... Усё лецейка зарабляў...

- Болей праробіш, як заробіш у такіх заработках, толькі - во (Іван паказаў мазолістыя далоні), мазалі з рук за ўсю зіму не сыдуць ніяк, а грошы даўно сышлі.

- Мне што, - прабурчаў паштар, - я ў тваю кішэню не палезу. Толькі праўды ў цябе не дапытаешся, наліхо табе, які ты хітры...

- Што табе, прысягу даваць, ці што, - нібы пакрыўдзіўся Іван, а потым, каб замяць размоўку, дадаў насмешліва, баском: - Я ж безвызнанёвец, значыць, прысягаць не магу. Можа і тут, скажаш, хітрую? За такую, дзядзька, хітрасць, як сам ведаеш, на пастарунку рэбры лічаць.

- Хай сабе... Я пайду ўжо.

Іван так і не ўразумеў, што хацеў сказаць той: хай сабе лічаць рэбры ці хай будзе праўда тое, што кажаш. Іван сапраўды-такі схітраваў. Не ў тым хітрасць, што казаў, нібы грошай зусім няма, - так прынята гаварыць на вёсцы. Любога, хто скажа, што мае грошы, палічаць хвальком, пустым чалавекам. Схітраваў Іван у тым, што не адкрыў, аб чым у пісьме напісана. Яго выклікаюць у рэдакцыю "Беларускай газеты" і грошы за дарогу абяцаюць вярнуць. Пішуць, што - па справе "Літаратурнай старонкі", значыць, зноў надрукуюць яго вершы, а калі пашанцуе, дык зборнік, можа, выдадуць.

Мара пра свой зборнік была яго таемнае і салодкае жаданне. Нават прыснілася раз, што сваю кніжку, тоўсценькую такую, у руках трымаў. А сябры, таксама паэты з іх ваколіцы - Струмень і Прамень, зайздросна і жаласна глядзяць, рукі цягнуць: "Пакажы, братка!" Такі сон - проста прачынацца не хацелася. I вось аказія: можа сон стане явай, калі пашанцуе.

Толькі таямніцы выдаваць нікому не трэба. Барані бог, як старыя людзі кажуць, пранюхаюць на пастарунку - прычэпяцца, і пабачыш Вільню, як сваё вуха. О, літаратурныя справы лепш трымаць у сакрэце! Людзі ў вёсцы, канешне, здагадваюцца, але свой псеўданім Іван беражэ, толькі сябры з падпольнай ячэйкі ведаюць пэўна, што Івашэвіч - гэта паэт Пятрусь Граніт. Але нельга інакш: ён жа ў ячэйцы сакратар. Псеўданім прыдумаў адмысловы: Пятрусь таму, што па бацьку Пятровіч, а Граніт - таму, што па прафесіі брукар, значыць - з каменя дарогі робіць і вершы хацеў бы даўгавечныя, як граніт, пісаць, каб на пакаленні паслужылі.

Працу брукара ён не то што любіць, а ганарыцца ёю: цяжкая праца, не кожны вытрывае. Паспрабуй цэлы летні дзень пад спёкаю молатам каменне трушчыць. Увесь потам сыдзеш, соль на кашулі выступіць, хоць бяры ды страсай саляны пыл на паперу і тою соллю страву падсольвай.

Або сядзіш, дарогу мосціш, і роўная, як струна, дарога бяжыць з-пад тваіх каленяў. Хацеў бы ўстаць ды памчацца ў тыя далёкія далі, у невядомыя гарады, да якіх вядзе твая дарога. Хочаш, а не можаш, кленчыш на каленях, глядзіш у сінь-даль ды зайздросціш тым, хто па тваёй дарозе, па бруку, па каменьчыках тых, сагрэтых тваімі далонямі, імчыцца на быстрай машыне. Што там машына! Зайздросціш балаголу, які хоць і зубы сціскае на дрогкім бруку, каб языка не прыкусіць, але ўсё ж едзе, а ты - на месцы. Зайздросціш няшчаснаму пешаходу, які хоць кійком падпіраецца, але дыбае. Любіць pyx дарога, і жыццё любіць pyx. Усякае жывое стварэнне рухаецца, куды яго цягне, а ты мусіш сядзець як прыкаваны. Часам ахвота ісці ў нязведаныя куткі так спакушала і таміла Іванаву душу, што хацелася кінуць гэтую катаржную работу - ды заламіся ты, прынука! Але выхаваная змалку руплівасць, сорам жыць без працы, кпіны з лёгкага хлеба, сялянская цвярозасць - усё гэта трымала яго на адным месцы.

Цяпер зіма, і ён - вольны казак: жыве, як усе добрыя людзі. Можна б і паехаць куды, карціць чалавеку на свет глянуць, але ж грошай, не дзеля адгаворкі, а сапраўды мала, шкада грошай. Людзі скажуць - здурнеў: зарабляў-зарабляў усё лета ды выпшыкаў за тыдзень. Захацеў у панах пахадзіць. Плытнікі вунь з-за свету, з-за Гродні пехатою вяртаюцца, плыты загнаўшы. Клункі за плечы - ды гайда! За тыдзень дамоў прыдыбае чалавек і, глядзі, - злотых сем-восем зберажэ. Капітал галадранцу! Восем злотых - чатыры пуды хлеба. На паўгода, лічы, аднаму едаку.

I вось нечаканае шчасце. Першы раз у жыцці... Іван збіраўся ў Вільню, як рупны гаспадар на кірмаш: і колы трэ падмазаць, і збрую агледзець, і каня накарміць-напаіць, і сабе торбу напакаваць, а галоўнае - выехаць загадзя, каб не цялёпацца ў свіныя галасы.

З рэдакцыі напісалі, што выклікаюць на дзесятае снежня, значыць, на нядзелю, але прыбавілі, што добра было б сустрэцца ў суботу. "Чаму не, - рашае Іван, - можна! Тым часам чалавек свабодны - зіма, а яшчэ сказаць, калі ўжо ехаць, дык ехаць".

Іван сабраў усе свае сшыткі і карткі з вершамі, перапісаў тыя, што пазаношваліся па кішэнях. Набраўся добры стус: вершаў сорак. Загарнуў свой набытак у газету, перавязаў шнурком і палажыў напашэўку, але ў такім месцы, што не вельмі каму ў голаў прыйдзе шукаць: паклаў на абечак старога рэшата ды павесіў у кухні на гвозд рагожаю на хату: здагадайся, калі ты хітры!

Наконт схаваць Іван, не хвалячыся, - мастак. Колькі вобыскаў было - ніколі нічога не знайшлі, запішуць у пратаколе - "вынік негатыўны", ды будзь здароў! Ён толькі знаў, што глядзець за паліцэйскімі, каб самі афішак не падкінулі з рукава, а наконт схаваных - і не шманаў. Раз было - сам камендант з пяццю сыскнымі шукаў, хату ўверх дном перавярнуў, дапытваў: "Ведаю, - кажа, - напэўна ведаю, што ўчора ў Дзятлаве пачку бібулы камуністычнай атрымаў. Дзе дзяваў? Прызнавайся".

А ў Івана адкуль тая смеласць узялася: "Не злавіў за руку - не кажы, што злодзей. Шукай, пане, пан на гэта наняты, а я вам памагаць не буду. Толькі самі тут не напаскудзьце, а за сябе я спакойны". Камендант не прывык да такіх адказаў, дык яму, відаць, і спадабалася смеласць; паглядзеў на Івана і кажа: "Лоўкі ты хлоп, Івашэвіч, холерне хітры!" - і спыніў вобыск. А лістоўкі, праўда, былі ў яго, у Дзятлаве паўтара кіло атрымаў, але ці ён дурны хаваць у будынках - на пашы, у ядлоўцавым кусце схаваў.

За два дні да паездкі Іван не хадзіў на вячоркі, ваксаваў боты, чысціў гарнітур, напярэдадні - падстрыгся, у самы дзень ад'езду аставалася толькі пабрыцца ды сказаць маці, каб сабрала торбу. Справы нядоўгія: сала адрэзаць, каўбасы адламаць, хлеба акраец на паліцы ўзяць - вось і ўся торба. А пабрыцца што? Шах-мах ды пабрыўся.

Адным словам, рушыў Іван у дарогу і за парой, і ў добрым зборы. Растаропны і не сарамяжы ў абыходжанні з людзьмі, ён мігам дабраўся да Людвісарскае вуліцы. Было ўжо гэта на сутонні. У рэдакцыі гарэла электрыка і сядзеў адзін чалавек такога ж узросту, як сам Іван, але, вядома, лепш апрануты. Пазнаёміліся. Гэта аказаўся рэдактар Карповіч. Ён задаў адразу практычнае пытанне:

- Спаць, даражэнькі, ёсць дзе?

- Хто яго ведае, нямашака, - замяўся Іван, быццам ён быў вінаваты, што ў чужым горадзе не мае кватэры.

- Ну то будзем вось тут удвух, - паказаў рэдактар на свой вузкі ложак.

- Дзякую, грамадзянін рэдактар! - павесялеў Іван.

Панаваты з выгляду рэдактар аказаўся свойскім хлопцам: добра аплятаў каўбасу, хлеб з салам і яшчэ пахвальваў Іванавы пачастункі. Іван асмялеў і павёў шчырую гаворку:

- Я думаў, што як хто ладна адзеты, дык і пан, адно ж, бачу - вы свой чалавек.

- Які я, даражэнькі ты мой, пан. Я з вёскі. Праўда, вучыўся ў Чэхіі, дыплом інжынера маю, але што той дыплом, калі пасады ляснічага мне не атрымаць. Дыплом не ўкусіш, вось каўбасу кусаць - можна. Добрыя каўбасы робіць ваша гаспадыня. Паклон ёй, даражэнькі, перадайце.

- А скажыце, калі не сакрэт, - як мог далікатней звярнуўся Іван, - адкуль самі будзеце, мо, часомся, зямляк мне прыходзіцеся, а я й ведаць не буду...

- Які ж сакрэт. Я чалавек легальны... Мір, такое мястэчка чулі?

- От дзіва што! Гэта дзе самы вялікі конскі базар на Міколу, ці то на Пакровы - вось добра не памятаю, знаю, што ў глухую восень... I там цыганы з усяго свету караля выбіраюць. Ведаю Мір, чаму ж. Дык з самога Міра вы? Значыць, мешчанчук, даруйце?

- Не з самага, а блізка ад Міра, па дарозе на Навагрудак.

- А часомсі не з засценка якога, не са шляхты?

- Даражэнькі ты мой... - з дакорам паківаў галавою Карповіч.

- Ды не, я нічога не маю... Толькі ў нашай мясцовасці дык усё са шляхты моладзь больш вучыцца.

- Карповіч, відаць, прыняў гэта тлумачэнне за дастатковае, каб не пакрыўдзіцца, бо ізноў перайшоў на шчыры, лагодны тон:

- Вёска мая Трашчыцы - адна з бяднейшых у ваколіцы. Загончыкі ў большасці сялян такія, што барана, даражэнькі, не месціцца. Сваркі з-за таго былі, што барануючы на суседава залазілі, дык цяпер перадзел самі сяляне робяць, каб у адно месца звесці зямельку. Але ж ад гэтага яе не прыбавіцца. У майго таты няма і двух гектараў, а сыноў апрача мяне чатырох, ды сясцёр трое. Бяднота мы з бядноты. Свечкагасам тата пры бацюшку аціраецца. Як падумаеш, дык сэрца баліць. Вучылі, спадзяваліся... I так хочацца памагчы ім, ды не толькі ім, а ўсім бедным, - Карповіч уздыхнуў і закончыў, - так што я, даражэнькі мой, можна сказаць, ад нараджэння - камуніст.

Гутарылі да позняга часу. Праўда, расказваў больш Іван, а Карповіч слухаў маркотны, задуменны.

Раніцою, наглядзеўшыся, як на праяву, на Карповічаву гімнастыку, Іван сам паспрабаваў памахаць гіраю, але ні цяжкасці, ні прыемнасці не адчуў.

- Вам гэта незразумела, - растлумачыў Карповіч, - вы фізічна працуеце. Бачыце, з твару вы як быццам благія, носік, прабачце, востранькі, шчокі запалыя, а біцэпсы пруткія, рукі жылістыя. Вы напэўна дужэйшы за мяне, бо я не маю мажлівасці фізічна працаваць, дык трэба хоць штучна падтрымліваць сілы, а то зусім змарнееш. Мне і прыемна і карысна такая зарадка.

Што гэта за біцэпсы, Іван не вельмі цяміў, але прыемна было чуць пахвалу.

Пачаўся рабочы дзень. Карповіч запрапанаваў Івану пахадзіць па горадзе да абеду. Калі ён змораны вярнуўся назад, то ўбачыў у рэдакцыі яшчэ аднаго гарадскога мужчыну і дробненькае дзяўчо. Рэдактар пазнаёміў яго з Ленаю і тым другім - Франуком.

Да яго прыходу тут ішла гарачая размова, нават вытрыманы Карповіч расчырванеўся. Іван унёс разрадку ў напружаную атмасферу, і гэта ўсім дало палёгку.

- Ну то, сябры, - азваўся Франук, - пачытаю вам яшчэ адзін, нешта пра паэтычнасць навук. Нейтральны, калі хочаце. Можна? - спытаў ён, схіляючы галаву і нібы кланяючыся Лене, паколькі яна была жанчына, а яму прыемна было падкрэсліць, што ведае і выконвае ўсе правілы этыкету.

- Слухаем, - адказала Лена тонам настаўніцы.

Франук адкінуўся на крэсла, паправіў пінжак, тузануў за адпрасаваныя канты нагавіц, падбіраючы іх вышэй на калені, кашлянуў, паправіў гальштук і пачаў:

- Філёлёгія ты мая мілая, філёлёгія!

Праз цябе дастаем мы сусветы многія...

Іван спачатку напружваў усю сваю ўвагу, стараўся ўцяміць, пра што гэты верш, разгублена глянуў на рэдактара і на Лену, як бы просячы падмогі ці спагады свайму неразуменню. Лена звяла бровы і прыжмурыла векі, а маленькія вусны яе ўздрыгвалі, яўна стрымліваючы смяшок. Рэдактар глядзеў кудысьці ўдаль, і на твары яго нічога нельга было прачытаць. Іван помніў, такі выраз твару меў адзін салдат з іх палка, калі стаяў на малітве. А быў той салдат няверуючы. Гэтыя назіранні падбадзёрылі Івана. Ён ужо смялей чакаў канца.

- Ну як? - спытаў Франук, закончыўшы чытанне тэатральным узмахам рукі. Ён абвёў прысутных позіркам пераможцы.

- А так, - холадна прамовіла Лена, - не ў каня корм. Для каго гэты верш напісаны?

- Як для каго? - схапіўся з крэсла Франук. - Для ўсяго чалавецтва, для сённяшніх і будучых пакаленняў!

- А наша газета пішацца для людзей працы, а не для ўсіх.

- То хай дарастаюць вашы людзі да сапраўднай паэзіі!

- Паэтам трэба ісці да народа. Не стог да казы ідзе, а каза да стога.

- Навошта сварыцца, сябры, - прымірэнча азваўся рэдактар. - Ведаеце, сапраўды, для нашай часопісі верш, калега Франук... гм-гм, не зусім надаецца. Лішне вучона і, як палякі кажуць, "гурналётна". Ды і шурпатасцей стылёвых... ведаеце... Хоць тэма, мушу вам шчыра сказаць, даволі такі элітарная... Вось чалавек свежы прыйшоў, Пятрусь Граніт, - як вы, сябра, э-э, зразумелі верш да канца?

- Сёе-тое... Неяк, здаецца, не па-беларуску пісаны, - смела адказаў Іван, рады, што і ён тут патрэбны.

- Ну вось, бачыце, сябра, э-э, калега Франук... Давайце, мо, сумесна паслухаем Граніта. Вы, сябра Граніт, прывезлі з сабою вершы?

- А як жа, - узрадаваўся Іван, - толькі схованы далёка, - тут ён замяўся, а потым, спахапіўшыся, амаль выкрыкнуў. - Дык я напамяць раскажу!

- А што мне слухаць, - іранічна працадзіў Франук, - ведаю я, як вам трэба пісаць:

Пройдзе зіма - будзе вясна,

Пройдзе вясна - будзе лета,

Пройдзе лета - будзе восень,

Пройдзе восень - будзе зіма...

А потым ізноў спачатку. Так і паўтараюць ад Пранцыся Багушэвіча адно і тое ж. I рады! А сёння трэ паэзіяй еўрапейскія краіны падбіваць.

Для вас буду пісаць спецыяльна вось так:

Дождж ідзе - пагода будзе,

Хмары знікнуць - сонца блісне...

- Чэсць! - тэатральна накланіўся ён, апрануў наліто, узяў капялюш - і выйшаў.

- Вось бачыце, у нас тут бываюць размоўкі, - апраўдваўся рэдактар. - Не звяртайце ўвагі. Дык што вы нам хацелі пачытаць?

- Ёсць у мяне адзін верш, што не запісаны на паперы, але ў нас хлопцы, хто смялейшы, любяць яго расказваць.

Іван, таксама, як і Франук, павярнуўся да Лены. Не дзеля ветлівасці, з боязі ды з павагі. Ён паспеў ужо зрабіць вывад: "Бачыш, дзяўчо з вузел ростам, а як рэжа, ого!" А сказаў:

- Вось паслухайце:

Б'ём мы пана чым папала,

Абы гаду тут не быць.

Каб слядоў яго не стала,

Песняй так жа трэба біць!

- О, не, не! - азваўся рэдактар. - Вы, даражэнькі Граніт, хочаце мяне без пары ў турму адправіць. Добра, што старонніх людзей няма, будзьце асцярожней, сябра... Рэдакцыя, бачыце, месца афіцыйнае, гэта не тое, што кватэра.

- То ў мяне другія ёсць, пісаныя. Толькі зашыты і, прабачце, у такім месцы... а ўчора не паспеў адпароць. Можа я зараз... тое зашыванне?

Лена адвярнулася, хаваючы ўсмешку, а Карповіч хоць бы што, ветліва адказаў:

- Нічога. Не абавязкова сёння, заўтра пакажаце, тут у нас збярэцца шмат пісьменнікаў, Міхась Васілёк павінен быць, Рэдзька, Чабор і другія. Усе будуць чытаць свае вершы. Абмяркуем у сваім асяроддзі...

- А вось і ён, - узрадаваўся рэдактар, - лёгкі на ўспамін Міхась Васілёк! Вы не знаёмы? Пятрусь Граніт. З астатнімі вы страчаліся.

- Нізкі паклон байцам на бастыёне рабоча-сялянскага праўдзівага слова! Хоць гаспадары і не сустракалі, але даруем ім гэта з увагі на адказнасць працы... Маё шанаваннейка мілай гаспадыньцы, - плыў, скланіўшыся, да Лены Міхась, а потым перайшоў да Івана:

- Ну, вось і сустрэліся, браты па пяру. Давай паручкаемся. Ого! Ручка ў цябе, што ў мядзведзя, толькі з твару благенькі. Нездарма Гранітам назваўся, ды яшчэ ў квадраце. Ведаеш, чаму ў квадраце? Бо Пятрусь таксама азначае скалу - значыць, скала гранітная. Здорава!

Васілёк сыпаў жартамі, дзе трапна, дзе не зусім, але ўсё сыходзіла, бо жарты былі бяскрыўдныя, не злыя, а паводзіў сябе жартаўнік дужа шчыра. Апрануты ён быў у даволі пацёртае паліто, з-пад якога відаць былі новыя фрэнч і галіфэ з паўсуконнага шарачку. Убачыўшы, што вопраткай яго зацікавіліся, Міхась расхінуў паліто і пачаў дэманстраваць якасці даматканага матэрыялу. Пры гэтым расхвальваў да нябёс мілую жоначку, чые залатыя рукі спралі і выткалі касцюм сялянскаму песняру.

Потым нібы схамянуўся Міхась і перайшоў з вясёлага на сур'ёзны лад. Стаў расказваць, як знішчыла скідзельская паліцыя рукапіс яго зборніка, як самога збівалі на пастарунку, прыгаворваючы: "Пільнуй гною, хаме, вось мы табе пакажам паэзію!"

Чым далей, тым больш сумныя рэчы расказваў Міхась Васілёк. Успомніў нябожчыка Міхася Явара, свайго земляка, паэта, друга, і праслязіўся. Яго блакітныя вочы сталі балесна-сумныя, як у сіраты. Сарамліва змахваючы з веек слязінкі і стараючыся ўсміхнуцца, перамагчы жаласлівасць, ён усё паўтараў:

- Хто б то мог падумаць, браточкі, што так чалавек скончыць. Адзінота, даражэнькія, глухамань, цэлымі днямі рыбачыць, з лазняком шэпчацца - нудота... I скажыце вы, - у вершах яго была і бадзёрасць, нават у гэтым, трагічным, што ў вашай газеце побач з некралогам надрукавалі, - "Паклон чалавечаму страданню", нават у ім ёсць мужныя ноткі:

Я мучанікам тым, якім ў пакутах вечных

За волю мілую пяе кайданаў звон,

Я скатаваным ўсім... я ценям іх - магілам.

Касцям струхлеўшым іх - я шлю гэты паклон!

Як яно ні жылося, а нельга было так... Што ты смерцю дабравольнай дакажаш? Нічога! Нават у народзе плеткары памяць з брыдотай рознаю, браточкі, змешваюць. Застрэліўся, кажуць, з-за дзеўкі, паненку - настаўніцу-польку - пакахаў, а тая любілася, а потым - узад. Выдумка гэта. Праўда, дружыў ён з настаўніцай-полькай, вельмі хораша дружылі, і яна некалькім жаніхам адмовіла. Гаварыў мне нябожчык, хай яму будзе лёгка зямліца, што яна інцыдэнты на службе мела за гэта іх каханне, але гатова была на ўсё. Хацела з ім жыццё злучыць. Толькі ён горды быў дужа. Не мог як бы ў нахлебнікі ісці, а ў дадатак сухотамі хварэў, можа гэтага збаяўся. Адным словам, згубіла чалавека не каханне, а жыццё нашае праклятае, паднявольнае. Ахвяра жыцця, слушна ў вашай газеце пісалася. I, скажу вам, магло такіх ахвяр больш быць, добра, што вы тут, дзякуй вам, памагаеце, падбадзёрваеце - чалавек прыедзе ў Вільню і як жывой вады глыне.

Карповіч улавіў момант, калі настрой Міхася Васілька пачаў паднімацца, і запрапанаваў яму пачытаць "Полымя рэвалюцыі". Некалькі нумараў гэтага часопіса рэдакцыя атрымала і частавала імі, як ласункам найбольш паважаных гасцей.

- Шаноўны Аляксандр Вікенцевіч, ну не думаў, што ты такі патайны. Чаму ж ты раней не сказаў, што маеце такія рэчы? Давай, браток, хутчэй давай, не тамі маю душу!

- Не ўсё зразу, ягамосці, - жартаваў Карповіч, здымаючы з паліцы моцна зачытаныя экземпляры.

Васілёк, а ўслед за ім і Граніт, накінуліся на паэзію. Чыталі моўчкі, толькі час ад часу адзін перад адным прачытвалі ўголас найбольш удалыя мясціны і шумна выказвалі захапленне.

Карповіч з Ленай абгаворвалі практычныя драбніцы, звязаныя са з'ездам. Лена хутка пайшла па справах, а рэдактар яшчэ раз перабіраў у думках, ці ўсё гатова, ці не забылі чаго важнага.

Так хутка прайшоў час. Сцямнела. Карповіч устаў з-за стала і аб'явіў, што пара збірацца. Міхасю, які добра ведаў Вільню, рэдактар назваў адрас дома, дзе меліся сабрацца (Букавая вуліца, 14), а Граніту сказаў ісці следам за сабою, адстаючы крокаў на дваццаць.

Міхась ізноў ажывіўся:

- А цёзка мой, Васіль, канешне, будзе?

- Пабачыцеся.

- Вельмі рад. Ты, Пятрусь, паглядзіш, што за чалавек тут ёсць у супрацоўніках, дзіву дасіся... Па часці вершаў - проста доктар. Дыягназы ставіць і вокам не маргнуўшы!


Дом, у які прывёў след Карповіча, паказаўся Івану даволі прыстойным, бо быў з ганкам. Зайшлі ў невялікі пакой, іх сустрэлі Люба з сястрою і Лена. У пакоі было яшчэ некалькі чалавек, апранутых як хто - адзін па-вясковаму, другі па-гарадскому. Былі тут і людзі сярэдняга ўзросту, страчаліся і зусім маладыя: Люба, што выконвала абавязкі гаспадыні, ды Васіль, шчупленькі юнак у шэрым касцюмчыку, пад гальштукам. Знаёміліся, называючы толькі імёны - Юрка, Янка, Алесь, і гэткае знаёмства мала што давала, толькі распальвала цікавасць: усяроўна кожны адзін другому заставаўся загадкай. Таямнічасць сустрэчы і сакрэтнасць праграмы абуджалі ў кожнага нейкую ўсхваляванасць, трывожную і бадзёрую напружанасць. Кожны адчуваў, што не можа трымацца натуральна, спакойна. Усім хацелася хутчэй прыступіць да справы, але ніхто не адважваўся запрапанаваць, каб не выдаць свае нецярплівасці, якая тут, пад пагрозай арышту, магла быць расцэнена як баязлівасць.

Міхась Васілёк, аддаўшы даніну ветлівасці жанчынам і гасцям, прысеў у куце і шэптам гутарыў з Васілём.

- Браток дарагі, цёзка, хоць і па псеўданімах, ты ж тут, як гаворыцца, у курсе ўсіх падзей, - даверліва пачаў Васілёк. - Ну скажы ты мне, ці то праўда, што хадэкі пішуць? Я маю на ўвазе арышты паслоў там, у Мінску.

- Нічога пэўнага, браце Міхась, не магу сказаць. Не хочацца верыць...

- А ваша ж газета таксама намёк рабіла...

- Так, але я асабіста думаю, што гэта нейкае непаразуменне, якое павінна высветліцца.

- Я таксама не магу паверыць у здраду. Ну, калі б там - птфу, птфу - не прагаварыцца - адзін які нягоднік знайшоўся, а то ўсе - быць таго не можа.

- Трэба чакаць. Будзем чакаць і думаць пра лепшае... Буржуазная прэса і Купалу ўжо даўно пахавала. Ёй абы сенсацыя.

- Ну, дзякуй табе, браток Валянцін, ці, праўда, Васіль...

Карповіч, Юрка і Лена стаялі разам і падлічвалі гасцей, якія дзеля ветлівасці абменьваліся агульнымі фразамі. Раптам моцна, каб усе чулі, азваўся Юрка:

- Дык на каго мы чакаем, сябра рэдактар?.. Здаецца, сабраліся ўсе, хто мог?

- Усіх, браткі, мы не збяром, - уздыхнуў Васілёк. - Не аднаго з тых, хто хацеў бы тут быць з намі, няма на волі, а некаторых і на свеце...

Заўсёды бадзёрая, энергічная Люба засмуцілася, слухаючы Васілька, уздыхнула яму ўлад: "Няма, многіх няма..." Яна падышла да дзвярэй, што вялі ў другі пакой, ды пачала запрашаць гасцей да стала.

- Дамовіліся, што сёння ў нас сямейнае свята, мае імяніны, калі што здарыцца...

Гэта асцярога была не лішняя. Віленская тайная паліцыя працавала спраўна і часта нападала на след нелегальных сходак. На ўсякі выпадак трэба было загадзя мець адгаворку. Паліцыю гэтым спосабам не вельмі правядзеш, але добра хоць тое, што наяўнасць адгаворкі супакоіць саміх удзельнікаў.

У другім пакоі на круглым стале стаялі бутэлька гарэлкі, некалькі бутэлек піва і закуска.

Расселіся. Настала напружаная цішыня. Карповіч абвясціў, што спачатку будзе даклад пра літаратурныя справы ў Савецкай Беларусі і ў Беларусі Заходняй, а потым спрэчкі. З крэсла падняўся Васіль і пачаў гаварыць. Гаварыў ён спакойна, разважліва, быццам настаўнік у класе: выкажа агульнае палажэнне - і растлумачвае, ілюструе прыкладамі.

Пра савецкую літаратуру многія ўпершыню чулі такую шырокую інфармацыю, таму стараліся злавіць кожнае слова.

- Савецкая літаратура, - гаварыў ён, - прызнаецца сёння перадавой літаратурай свету, бо яна самая праўдзівая і самая рэвалюцыйная. Там пісьменнікі авалодалі марксізмам-ленінізмам, які памагае пранікаць у самую сутнасць грамадскага жыцця. У чым жа мы бачым сутнасць сённяшняга грамадскага жыцця? А ў тым, што свет сучасны падзелены вялізнай барыкадай: з аднаго боку барыкады - людзі працы, якія мазолістымі рукамі ствараюць усе даброты, часта жывучы ў нэндзы, галечы, а з другога боку тае барыкады стаяць уладары жыцця, паны і іх падпявалы. Гэту суровую праўду адкрыў Маркс. Барацьба класаў - усеагульны закон, ёю пранізана ўсё - справы, думкі, пачуцці. Сучасныя людзі не могуць думаць і дзейнічаць інакш, як толькі з пазіцый таго класа, да якога яны душою і целам прыраслі. Ідэолагі пануючых класаў стараюцца давесці, быццам у грамадстве людзі спаяны не класавымі, а нацыяналь-нымі ці агульначалавечымі ідэямі. Яны хочуць скампраметаваць класавае мысленне, абзываюць яго тэндэнцыйным, вузкім, аднабокім, заклікаюць мастакоў уздымацца над класамі, пяяць пра вечнае.

Канешне, мы, беларусы, любім нашу шматпакутную Беларусь, мы, дзеці народа, любім людзей, але гэта любоў не сляпая. Яна тэндэнцыйная. Так, тэндэнцыйная. Любячы Беларусь, мы ненавідзім тых, хто яе падзяліў і заняволіў - польскіх і беларускіх паноў. Любячы людзей працы, мы ганьбуем іх прыгнятальнікаў. Вось - наша тэндэнцыя, сумленная і адкрытая. Мы не тоім яе. Рабочы клас і партыя ставяць сабе за мэту зрабіць шчаслівымі людзей працы, на руінах царства капіталу ўстанавіць царства свабоды і вольнай працы. Савецкія пісьменнікі, лепшая іх частка, ідуць за партыяй, аддаюць свае таленты народу, сацыялізму. Мастакі слова ў СССР стараюцца згуртаваць, з'яднаць людзей працы духоўна, натхніць на барацьбу за сацыялізм. Сацыялізм - самая сумленная і чалавечная ідэя, праслаўляць яе - гонар для мастака. Савецкая літаратура - самая сур'ёзная літаратура ў свеце, яна вучыць людзей, як жыць па-чалавечы і стварыць шчасце на зямлі. Савецкія пісьменнікі не разменьваюцца на дробязі, яны ўмеюць выбраць паміж лёгкаю спакусай пець рамансы пра асабістае шчасце і адказным абавязкам клікаць народ на барацьбу за ўсеагульнае шчасце. Выдатны прыклад мы бачым у Маякоўскага:

Капитализм - неизящное слово,

куда изящней звучит - "соловей",

но я возвращусь к нему снова и снова.

Строку агитаторским лозунгом взвей.

Я буду писать и про то, и про это,

но ныне не время любовных ляс.

Я всю свою звонкую силу поэта

тебе отдаю, атакующий класс.

Маякоўскі - самы вялікі паэт сучаснасці, ва ўсіх краінах ён мае сваіх паслядоўнікаў: у Польшчы - Бранеўскі, у Германіі - Бехер, у Францыі - Элюар і Арагон, у Паўднёвай Амерыцы - Пабла Неруда і г. д. Мы таксама павінны ісці за Маякоўскім, каб стаць рабоча-сялянскімі песнярамі...

Калі Васіль гаварыў пра савецкую паэзію, яго слухалі амаль з малітоўнай павагай, а калі перайшоў да заходнебеларускай літаратуры, настрой змяніўся. Людзі ажывіліся. Тут кожны чуў нешта знаёмае, сваё, здавалася, што Васіль выказвае нейкім чынам падслуханыя твае думкі. I было прыемна ўсведамляць, што на гэтым сходзе прагучалі твае асабістыя роздумы. Значыць, яны нечага варты.

Пасля дакладу Юрка ўнёс прапанову выказацца ўсім без выключэння, бо сход павінен прыняць рэзалюцыю, за якую ўсе павінны несці адказнасць. Першы ўзяў слова Янка Чабор. Насаты, светлавалосы, зачасаны на рад, ён знешне быў падобны на Васіля, толькі быў больш рослы і насіў акуляры. Па натуры ён быў гарачы і гаварыў палка.

- Яшчэ ў мінулым годзе я заклікаў да стварэння пралетарскай пісьменніцкай арганізацыі. Вы, пэўна, чыталі гэты заклік у "Wjadomoścjach literackich". Тады такая прапанова была заўчасная, бо мы не мелі свайго друку. Цяпер у нас ёсць свая "Беларуская газета". Справа аб'яднання стала рэальная. Трэба аб'ядноўвацца на ідэйнай аснове марксізму. Калі год назад я паднімаў голас і руку за аб'яднанне пралетарскіх пісьменнікаў, дык сёння я паднімаю абедзве рухі за Літаратурны фронт сялянска-рабочых пісьменнікаў...

Чабор згаджаўся з дакладчыкам, быў з ім заадно. Адукаваны і начытаны хлопец, які атрымаў адзін атэстат сталасці ў Віленскай беларускай гімназіі, а другі ў катаржнай турме за ўдзел у дэманстрацыі на пахаванні ахвяр рэвалюцыі, - Янка Чабор гаварыў складна і свабодна. Яго выступленне дало добры тон і ясны кірунак абмеркаванню даклада.

У спрэчках выступілі ўсе пагалоўна і ўсе падтрымалі дакладчыка: трэба гуртавацца пісьменнікам вёскі і горада, павышаць ідэйнасць твораў, каб стаць на ўзроўні эпохі, трэба змагацца супроць класавых ворагаў у літаратуры, каб яны не атручвалі сваімі шкоднымі ідэямі маладняк.

Васіль зачытаў праект дэкларацыі Літаратурнага фронту сялянскіх і рабочых пісьменнікаў Заходняй Беларусі. Сённяшні сход абвяшчаў сябе першым з'ездам гэтай арганізацыі. Прагаласавалі і рашылі, што заўтра ў рэдакцыі адбудзецца падпісанне дэкларацыі. Падпісваць павінен кожны сам за сябе.

Потым абмяркоўвалі пытанне пра выданне часопіса - органа літаратурнага фронту, які рашылі назваць "Літаратурнаю старонкай".

Гэтая частка сходу праходзіла не так афіцыйна, пілі чай, а аматары - піва. Да бутэлькі з гарэлкаю не дакрануліся: ахвотнікаў да "гары" не аказалася, а мо і быў хто, але стрымліваўся, дужа празаічна выглядаў бы гэты занятак пры такой узнёслай справе, якую яны рабілі.

Кожны ўносіў свае прапановы: які павінен быць гэты часопіс, якія павінен мець аддзелы і г. д. Тут былі пэўныя разыходжанні практычнага парадку. Каб не зацягваць гаворкі, рашылі выбраць рэдакцыю будучага часопіса і даручыць ёй дзейнічаць, кіруючыся духам і прынцыпамі, якія выпрацаваў з'езд. Рэдактарам абралі паэта Янку Чабора, сакратаром - Любу.

Разыходзіліся далёка за поўнач. На адыходак некаторыя пачалі абменьвацца адрасамі, каб у будучым падтрымліваць пісьмовую сувязь. Але Юрка ўмяшаўся ў гэтую справу і, як на яго манеры, даволі тактоўна папярэдзіў, што лепш не рабіць гэтага. Канспірацыя павінна быць строгая. На рэдакцыю вы можаце паспадзявацца, але ж і самі не падвядзіце.

Выходзілі па адным ды ішлі кожны на сваё месца начлегу.

Васіль і Лена засталіся начаваць у Любы. Стрымліваючы радаснае хваляванне, Васіль хадзіў па пакоі, зацягваўся папяросай.

- Ледаход пачаўся, - прамовіў ён. - Калі не скуе марозам - ачысціцца і паглыбіцца рэчышча нашай літаратуры....

- Лажыся, Васілёк, ты больш за ўсіх нас заслужыў сёння на адпачынак.

Назаўтра ў рэдакцыі было шумна: пасля падпісання дэкларацыі паэты чыталі свае вершы, спрачаліся. Лепшыя рэкамендавалі ў часопіс.

Пятрусь Граніт усё ж улучыў момант, каб запытаць у Міхася Васілька пра таго шчуплага хлапчука, яго цёзку.

- Міхась, хто гэты хлапец, што ўчора так складна гаварыў?

- Які хлапец, браточак? Каго ты маеш на ўвазе, вось гэтага Янку Чабора? - прыкінуўся, што не разумее, Міхась. - Чабора прозвішча Патаповіч, ён - студэнт, здаецца, ці нешта ў гэтым родзе.

- Ды не, я пра таго пытаю, учарашняга, таго доктара, ці як ты яго назваў. Ну, пра Васіля, дакладчыка.

- А ён, братко, калі табе праўду сказаць, такі Васіль, як я міністар.

- А хто ж ён?

- Ай, даражэнькі чалавеча, хочаш ты граху на маю душу, каб цябе качкі затапталі. Што з табою зробіш, толькі - ша! - паміж намі. Ладна?

- Ну, ты маленькага знайшоў, - абурыўся Іван.

- Не крыўдуй, браце. Толькі табе як Граніту гавару - ніякі ён не Васіль, а Валянцін Таўлай. Сам паэт, і можа лепшы, чым мы з табою разам узятыя, хоць ты і скала гранітная. Вось што. Тутэйшы ён, але ў Саветах вучыўся, таму і такі разумны. А болей, браточак, прасі ні прасі, пытай ні пытай - нават табе не скажу, хоць ты скала гранітная.

Гавораць дакументы

Над Цэнтрам нацыянальна-вызваленчага руху і яго друкаванымі органамі згушчаліся хмары. Чым большую актыўнасць праяўлялі арганізатары, тым больш зацята сачыла за іх дзейнасцю паліцыя.

Улады забілі трывогу, бо следчым органам ніяк не ўдавалася заслаць сваю агентуру ў групу і яны абмяжоўваліся толькі ўзмоцненым знешнім наглядам. У цыркуляры пастаўскага каменданта паліцыі ад 17 сакавіка 1933 года гаворыцца: "...асобы, якія прымаюць удзел у акцыі Цэнтра нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі, да гэтага часу яшчэ не "распрацаваны". Звяртаю ўвагу на неабходнасць дэталёвага расследавання праяў гэтай дзейнасці" [23].

29 ліпеня 1933 года пастаўскі камендант дае загад па гарнізонах паліцыі свайго павета: "...весці агентурную разведку на вашым участку, ці не прысылаецца на пошце "Беларуская газета".

Выдаўцом і галоўным рэдактарам названага часопіса з'яўляецца Аляксандр Карповіч, праваслаўны, беларус, нежанаты, інжынер, скончыў вучобу ў Празе чэшскай... і падтрымліваў кантакты з людзьмі, западозранымі ў падрыўной дзейнасці.

У сувязі з гэтым узнікае абгрунтаванае падазрэнне, што "Беларуская газета" з'яўляецца легальным органам КПЗБ...

Паведамляючы гэта, даручаю камендантам гарнізонаў даносіць мне і пану старасту аб перасылцы "Беларускай газеты" і адначасна ўказваць прозвішча адрасата" [24].

Канспірацыя ў Цэнтры была наладжана, трэба сказаць, узорна. Хто ведае, можа памагала тут і павышаная пільнасць Юркі ды і ўсяго падполля, але галоўнае - вопытнасць і палітычная культура ўдзельнікаў групы. Усё, што атрымалі сыскныя органы, было здабыта звонку, а не знутры, і то пераважна па чыстай выпадковасці.

Падсцёбнутая начальствам віленская тайная паліцыя віжавала як ніколі заядла і пару разоў наткнулася на схованкі лістовак, прыхованых кур'ерамі часова перад адпраўкай іх на раён. Але шапірограф Цэнтра дзейнічаў. Толькі за сем дзён да пісьменніцкага з'езду паліцыі пашанцавала. 3 снежня 1933 года, праводячы вобыск у віленскага беспрацоўнага Івана Цімафеева, зусім нечакана паліцэйскі патруль знайшоў 12 чыстых клішэ для шапірографа, кальку і некалькі пачкаў чыстай паперы. У суседняй кватэры Кудзіновічаў аказаўся і шапірограф, якога так даўно шукалі. Але ніводнай лістоўкі, ніводнай брашуры. Не быў затрыманы ніхто з супрацоўнікаў падпольнага выдавецтва.

Партыйнае кіраўніцтва было насцярожана і тым, што на з'езд не з'явіліся пісьменнікі Мікола Засім, Сяргей Юравец, Анатоль Іверс. Неўзабаве стала вядома, што іх затрымала паліцыя на месцах і не дапусціла ў Вільню.

Якубу Міско партыйнае кіраўніцтва загадала перайсці ў глыбокае падполле. Гэта ж распараджэнне Юрка перадаў неўзабаве пасля з'езду і Валянціну Таўлаю.

Сам Юрка з'ехаў на некаторы час з Вільні і сачыў, ці даведаецца паліцыя аб сувязі шапірографнага выдавецтва з газетай. Юрка не драмаў, ён дзейнічаў. Адліжнай ноччу вёў яго па лясных сцежках сакратар Свіслацкага райкама Язэп Жыўлюк з вёскі Раманаўцы ў Зарачаны на сход ячэйкі. Пад нагамі хлюпала снегавое месіва. Дзіравыя боты Жыўлюка пасвіствалі і чмякалі.

- Боты, ліха ім, неважнецкія, прамок у ногі, холадна, - паскардзіўся сакратар.

- Ды ты не выдумляй, - жартаваў Юрка. - У адну дзірку нацячэ, праз другую выцеча, а нага - сухая! Так што не дурыся, таварыш... А ведаеш, што я табе хачу сказаць: пераязджай у Вільню, апінія ў цябе покуль што добрая, станеш працаваць у "Беларускай газеце", мо і рэдактарам зробім. Хочаш? Тады і боты справім. Ну, згодзен?

- Падумаю.

- Чаго доўга думаць, вось на сходзе перадай справы, каму скажуць таварышы, ды - гайда. Індык думаў, думаў ды здох, чуў прыказку?

- Чуў, але крыху падумаць трэба.

- Ладна, запомні адрас і пароль.

Кірмаш [25]

У гэтым урыўку дакументальнай аповесці пра паэта-рэвалюцыянера Валянціна Таўлая апісана сустрэча галоўнага героя са сваім сябрам па Лукішскай і Гродзенскай турмах Васілём Аляксандравічам Ражко, якая мела месца ў першыя месяцы нямецкай акупацыі і дала пачатак падпольнай антыфашысцкай групе, створанай Таўлаем у Навагрудку.

У групу таксама ўваходзілі: сябар школьных гадоў паэта Леанід Аляксандравіч Барысаглебскі і таварышы па КПЗБ і турмах Кацярына Сцяпанаўна Главінская, Аляксандр Сямёновіч Кляпацкі, Уладзімір Ігнатавіч Вайніла, прысланы з-за лініі фронту капітан войск НКУС Павел Фаміч Адынец, таксама знаёмы Таўлаю па Гродзенскай турме.

Апошні быў неўзабаве схоплены жандармамі пры спробе дыверсіі ў Навагрудскім вайсковым гарадку, уцёк з-пад канвоя і пры дапамозе Таўлая і блізкіх яму людзей - настаўніцы Гаравіцкай школы Ганны Мікалаеўны Васілеўскай, селяніна вёскі Палужжа Уладзіміра Іванавіча Ханько - быў схаваны і вывезены за межы Навагрудчыны і апынуўся ў атрадах партызан на Палессі, пасля ранення быў перапраўлены на "вялікую зямлю", потым зноў у тыл ворага. Адынец загінуў у Ліпічанскай пушчы ў красавіку 1944 года.

Уладзімір Вайніла быў расстраляны паліцыяй. Астатнія ўдзельнікі групы дзейнічалі да канца вайны на Навагрудчыне, дапамагаючы Валянціну Таўлаю ў зборы разведзвестак для партызанскага атрада імя Катоўскага, а са студзеня 1944 года і для спецгрупы "Буравеснік", якою камандваў маёр Павел Ігнатавіч Лыскоў, псеўданім "Валеры".

Аўтар.


Першыя тыдні пасля прыходу немцаў наваградскі рынак пуставаў. Горад, нібы чалавек пад растрэлам, зацяў дыханне. Але жывое мусіць дыхаць, прайсцейшыя патрэбы жыцця напіралі: абысці іх не мог ніхто. Чым элементарнейшая патрэба, тым больш яна неадольная. Паспрабуй не есці, не адзявацца… Не курыць, і то для курца пакута, з якой не кожны справіцца. Раскатурханыя настырнымі вымогамі бытавання, людзі пацягнуліся туды, дзе спрадвеку заведзена было набываць прадметы першай патрэбы. Спачатку нясмела папаўзлі адны гаражанкі, потым, разведаўшы памалу, што для гандлю вялікага страху няма, на кірмаш папхалася вёска.

Пайшла мена.

Час нібы адступіў на тысячы гадоў назад. Старажытная гара Міндоўга, ля падножжа якой ляжаў наваградскі рынак, панура ўспамінала даўніну.

Калі тое было, што натуральны абмен панаваў на рынку? Даўно ўжо мена саступіла месца грошам, і толькі ў нейкія выключныя гады жыццё вярталася да аджытага. Тутэйшым старажылам такія павароты запаміналіся: першая сусветная вайна, потым гады разрухі, потым крызіс трыццаць трэцяга. Заўжды паяўлялася мена - спешны паратунак ад застою і голаду.

І вось зноў:

- Што прадаеш, чалавеча?

- Пуд мукі ржаное.

- Колькі просіш?

- Ты спытай, на што мяняеш, то мо старгуемся…

- Ну дык я і пытаю, што хочаш?

- А хто яго ведае, што табе сказаць. Гавары, што маеш.

- Не, ты спярша - што просіш.

- Што ж тут запрасіць, каб не пакрыўдзіць - га? Трэба якія чаравікі ці тухлі дзяўчыне, да зарэзу трэба; каптан зімовы хлопцу - з пастушка ростам. А што людзі дадуць - хто ж яго ведае, за гэты пуд мукі…

Грошы не толькі страцілі цану, а сталі ўтрапеннем чалавека на кірмашы.

Немцы прымушалі браць грошы сілаю: падступаў жандар да чалавека, забіраў масла, сала ці яйкі і тыцкаў "грошы". Каб хоць савецкія рублі, іх можна было б прыхаваць да лепшых дзён, а то сучылі акупанцкія маркі, паперкі, што не мелі навад ходу ў Германіі! А тут і ўвогуле не было магазінаў, дзе можна хоць што колечы купіць за іх. Гарадскія жыхары, праўда, разлічваліся маркамі за хлебны паёк. Але ўвесь паёк - па трыста грамаў на едака! Многа тут грошай трэба?.. Бяда, што за грошы, ды не купіш. Пайкі спачатку адпускалі па пашпартах, потым увялі карткі - маленькія талончыкі, падобныя на паштовыя маркі, на якіх стаяла матчынае слова "Хлеб". Займець бы лішнюю картку! А то грошы… Вяскоўцам, дык і ўвогуле такія грошы былі не патрэбны. Хіба толькі які дзівак-чалавек, што хаваў у скрыні яшчэ "кацярынкі", "керанкі", савецкія з дваццатага года, потым польскія, ізноў савецкія з трыццаць дзевятага, - хіба толькі такі мог зараз прадаць прадукт за грошы.

З надзеяй на чалавека, які прадасць за грошы, хадзіў па рынку Валянцін Таўлай. Хацелася есці і курыць. Смактала пад лыжачкай, туманілася і кружылася галава. Валянцін апытваў многіх прадаўцоў, але прадаць на грошы ніхто не хацеў.

Не харч, а нават посуд ішоў толькі на мену.

- Гарнушкі пачапаўскія, не б'юцца і ў агні не пэнкаюць! - зазываў людзей пажылы гаманлівы ганчар. - Купляйце, людзі добрыя! Як задарма! Насып гарнушак за гарнушак. Ці жытам, ці ярынкаю - усякаю пашнінкаю. Купляйце!

Пры адным упаміне пра грошы ніклі твары людзей: баяліся, каб не нанесла "тайнага", бо грошы сілком сучылі толькі жандары, паліцаі ды шпікі.

Настрой у Валянціна быў паганы: памятнае з турэмных год бяссілле жаданняў… Ды там было куды лягчэй зносіць гэтыя пакуты: турэмныя краты, абабітыя жалезам дзверы, глухія муры запіралі думку, скоўвалі волю і неяк памагалі сціснуцца целам і душою, задушыць жаданні, нават элементарныя: голад, ахвоту закурыць. Цяпер чалавек быў нібыта на волі, а заставаўся яшчэ больш бяссільным, як там. Ды што раўняць: там - калектыў, а тут - адзін, сапраўды Паўлюк Сірата, д'ябал падказаў калісьці гэты псеўданім.

Ранкі на Наваградчыне халодныя. Валянцін праціснуўся паміж вазоў, тулячы галаву ў абшмуляны каўнер пінжака. Ужо хацеў вяртацца назад да Алеся. Надзея рэалізаваць свае шэсць чырвонцаў, што заваляліся ў кішэні, прапала. А так хацелася прынесці хоць які ласунак Алесевай дачцы ды і самому разгавецца хоць жменькай "карашкоў" - таўчонага тытунёвага цаціўя.

- Чаравічкі-невялічкі для дзеўкі і маладзічкі! Налятай, жаніх!

Валянцін спыніўся. Ён любіў яшчэ гімназістам прыслухоўвацца да рэкламных раешнікаў у Вільні на Казюковым кірмашы. Сёння ж балбатня гандляроў раздражала, нейкім цынізмам несла ад бяздумнай весялосці. Але ён перамог сябе і стаў слухаць.

- Чобаты, чобаты вы мае, - выкрыкваў нейкі шыракароты балбатун, - нарабілі клопату ды вы мне! Каб не тыя чобаты, што зяць даў, ды за тыя чобаты дочку ўзяў. Чобаты, чобаты вы мае!..

І раптам за спіною пачуўся мяккі, знаёмы голас:

- Валянцін?..

Ён павярнуўся. Перад ім стаяў чалавек сярэдняга росту. Бледны твар. З-пад кепкі выдаваўся шырокі падлыселы лоб. Здзіўлена пазіралі блакітныя вочы, такія балесныя, як у дзяўчынкі-сіроткі.

- Васіль!..

- Няўжо ж! Я. Вось цябе ніяк не спадзяваўся… Каго-каго, а цябе тут, ну проста - як гара з гарою…

- А я цябе шукаў, - неспадзявана для сябе вымавіў Таўлай і адчуў, што гэта сапраўды так, што шукаў-такі блізкае душы ў рыначным натоўпе. - Чаму ж ты такі благі, Васіль, як з таго свету?

- Ты ўгадаў, - адтуль і выйшаў. А сам таксама выглядаеш…

Гэта быў Васіль Ражко. Сябры абняліся, прыцягваючы чуласцю прывітання цікаўныя позіркі. Каб не збіраць вакол сябе раззяў, яны сышлі ўбок і разгаварыліся.

- Я, братко, так рады і нават табе зайдрошчу, - жаліўся Васіль, - усё ж не так тут цябе ведаюць. А я - і дома, і ва ўцёках. Як заяц пад кустом. Надаеў, брацце, ужо і родным і няродным. І самому агоркла туляцца па гумнах. Ніводнай ночы дома не начую. Вось забрыў на кірмаш, а чаго, спытай - то, даль бог, не ведаю. Бяда гоніць у рух. На нешта спадзяешся, абы не на месцы… Змардаваўся, ох і змардаваўся - ушчэнт. Не магу ўжо… Добра, што цябе хоць сустрэў, як кажуць, друга па няшчасці. Ды табе, скажы, Валянцін, усё ж не так? За табою не палююць? А я ў любы мамэнт магу нарвацца. Давай сыдзем куды, што мы гэта так, на відавоку…

- Нейкі ты як не той, Васіль? Такі вынослівы палітзак быў! Яшчэ і мяне вучыў у галадоўку вашу наваградскую.

Наблізіўшыся да Васіля, Таўлай у паўголаса праскандзіраваў:

Нас не зломіць нядоля ліхая,

Не сагнемся прад ёю дугой…

Так, здаецца, таварыш Ражко?

- Ці-іх… - Васіль тузануў Валянціна за рукаў. - Я табе заўжды казаў, што не асцярожны ты. І ціхмяны ж, здаецца, такі, а што асцярогі - ні на макулінку. Пойдзем, братко, адгэтуль, покі не позно. А то, даспяваемасё, як тая курыца перад вялікаднем.

- Дык жа курыць ахвота. Душа смягне. Ты ж можаш…

- От яшчэ клопат! Як малое дзіця… Ну, ладна, пастой тут. Я, авось…

Васіль вярнуўся і падаў добрыя шчопаці едкага накрышанага самасаду. Яны паглядзелі адзін аднаму ў вочы, як змоўшчыкі, усміхнуліся той усмешкай, што мацней грэе за самыя цёплыя словы.

Завулкамі сябры пайшлі ў кірунку фарнага касцёла, выглянулі на замчышча, перабраліся цераз вал і прылеглі за ім у гушчары маладога парку на сухім подсцілле асенняга лісту. Немцы сюды не заходзілі. Яны лепш адчувалі сябе на самай гары, ля вежаў. Валянцін папрасіў расказаць пра знаёмых палітзакаў з Наваградчыны: ён ведаў, якая палёгка ў такі момант чалавеку - выгаварыцца; у размове пра сяброў чалавек пазбываецца цяжару адзіноты і бяссілля. У Ражка, відаць, душа была перагружана пакутлівымі ўражаннямі, бо, паабяцаўшы расказаць пра сяброў, - а як жа, братко, ведаю сёе-тое пра нашых хлопцаў, нават пра тых, што ты і не здагадваешся, - ён павёў гаворку пра сваё, перажытае, пра першыя дні вайны. Уздрыгваючы ад хвалявання, нібы перажыў усё спачатку, нібы апраўдваўся і хацеў пачуць словы пацехі, ён гаварыў:

- Прыбег я дамоў. Яшчэ нашы тут былі. Усе на месцах. Але ўжо сумятня, паніка, неразбярыха. Як у пекле. Адыходзіла і войска, і цывільныя - усе разам - з-пад граніцы. А ў Шчорсах у нас актывісты на чаку: ждуць распараджэння. Так і не дачакаліся. Я з групай хлопцаў рашыў у Любчу, у раён, даведацца, што рабіць. І раптам каля Сенна, вёсачка такая тут недалёчка, ідзём і сустракаем… Не здагадаешся, Валянцін, каго?

Васілёў твар прасвятлеў, вочы ажылі ранейшым бляскам, ён ужо расказваў пра ваенную завіруху, як пра нешта рэальнае. Чалавек, відаць, здолеў крыху паслабіць нервы, напятыя да адказу. Седзячы побач з сябрам, схаваны ад чужых вачэй, ён адчуваў сябе амаль шчаслівым. Валянцін таксама. Прагнаўшы васілёвым самасадам голад, ён слухаў з той урачыстай дабратою ў душы, якая наступала кожны раз, калі здаралася памагаць сябрам вызваліцца ад грузу трывог, страху, дэпрэсіі.

Праўда, цяпер у самаго не было той упэўненасці, што раней. Бывала, ён адчуваў сябе свабоднаю птушкай, жаўруком вялікай ідэі. Горыч сяброўскіх сэрцаў, якія не маглі яшчэ парваць сваёй сувязі з домам, сям'ёй, звычкамі клапатлівага дамашняга жыцця, і міжвольна, сваёй тугою па ўсім гэтым, уносілі нейкі дысананс у суровы турэмны калектыў, - была яму зразумелай. Ён шкадаваў сяброў і памагаў ім, адчуваючы сваё права на гэтую дапамогу, права ветэрана, права чалавека, які з дзіцячых год перамог сябе дзеля ідэі. Цяпер жа, як толькі ён спрабаваў стаць духоўным дарадчыкам, у сэрца закрадвалася збянтэжанасць, прычыны якой нельга было зразумець. Варта было адчуваць сябе дужэйшым за Васіля і толькі намерыцца прыняць частку яго непасільнае ношы, як адразу апаноўвала скруха і няяснае жаданне ісці шукаць яе, сяброўку жыцця, якую абавязаны быў уладкаваць у гэтым ашалелым свеце перш за ўсё, умацаваць веру, не для яе, а для сябе, каб мець поўнае права памагаць іншым, умацоўваць усіх, як вось і цяпер - гэтага, змардаванага жахамі лёсу сябра.

- Ты чуеш мяне, Валянцін? - настойваў Ражко на сваёй загадцы. - Мусіць пра нешта сваё думаеш? Не чуеш? Каго я мог спаткаць, га?

- Чаму ж…, - ачнуўся Валянцін, - я думаю… Кацю Главінскую, яна ж адгэтуль, здаецца, - Валянцін зусім нечакана назваў прозвішча іх агульнай знаёмай.

- Не, не яе братко. Давялося чуць, што яна тут, недзе хаваецца, але там была не яна.

- Тады не ведаю.

- Я і казаў, што не ўгадаеш, - ажывіўся Васіль. - Пестрака.

- Няўжо! Дзе ж ён?

- Пастой. Падыходзім мы да Сенна. Людзей розных на дарогах - каб ты толькі бачыў! Ужо нават не звяртаеш увагі на нікога - праціскаешся, абы прабрацца. Ажно бачу, сядзіць пад прысадаю групка. Я - зірк… Адзін твар знаёмы. Прыглядзеўся і пазнаў, адразу пазнаў. Піліп Пестрак! А побач жонка яго з дзіцем і яшчэ пару чалавек бежанцаў. Я да іх. Давай мы вітацца, абдымацца. І ведаеш, што мне расказалі? У іх блізняткі нарадзіліся, ты чуў?

- Бачыў, не толькі чуў. Я ж перад вайною ездзіў у Беласток. Зборнік мой там рыхтавалі да друку з Піліпавай і Максімавай дапамогай.

- Ты з Беластока - у Ліду, а я з Быценя, - падхапіў Васіль. - Прабіраліся ўсім гарфа. Бамбёжка рассеяла, разагнала, каго куды. Я дамоў прыбіўся і думаў са сваімі хлопцамі адыходзіць. А тут Пестрак… Дык, браце, у іх такая бяда!.. Як хаваліся ад бамбёжкі, нехта спадарожны адно іхняе дзіця падхапіў на рукі - памагчы ім. А ноч, адбіўся недзе з дзіцем. Прапала малеча! Вельмі гаруюць яны. Думаў, як ім дапамагчы, каб хоць вырваліся. Павёў у сваю вёску, у Балотца, угаварыў суседа свайго, Барэйку, падвесці іх. Казаў той чалавек, што давёз іх амаль да Стоўбцаў абалоннем, уздоўж Нёмана. А там бамбёжка ізноў. Усе разбегліся. Падводчык, мабыць, драпануў з перапуду. Дарма на Стоўбцы паехалі. Трэ было на Рубяжэвічы, цераз пушчу… Нашым старым падпольным шляхам. Я тудою, як быў сакратаром у Шчорсаўскім райкаме, усю літаратуру з Мінска прымаў. Колькі разоў самому хадзіць да старой савецкай граніцы прыходзілася, і ўдачна. Мясціны глухія. А, мо', якім спосабам і прарваўся Пестрак? Не ўгадаеш, кудою яно лепш… у такі час…

- Хай бы хоць ім пашанцавала, - услых падумаў Валянцін і адчуў нейкую як бы сваю вінаватасць, што сам не меў дзяцей і што яму з Кірай лягчэй за многіх давялося перажыць страшны час перамены. Ізноў ён убачыў сябе як бы недагружаным цяжарам жыцця і змагання ў параўнанні з Пестраком - вялікім пакутнікам і змаганцам сярод заходне-беларускіх паэтаў, іхнім нязменным турэмным старастам, аскетычным і бескампрамісным чалавекам, перад якім неяк заўсёды бянтэжыўся, як малодшы перад старэйшым. Бянтэжыўся і ў душы пабойваўся. "Што сказаў бы Піліп, каб паслухаў тут нас?" Крытыкаваў бы за слемазарнасць? Патрабаваў бы пратэставаць?.. Па спіне прабегла дрыготная гарачая хваля. Ён заўважыў, што яны даўно маўчаць, і неяк наспех і з удзячнасцю сказаў Васілю:

- Не бядуй, усіх бядот не перабядуеш. Ты зрабіў усё, што мог. Як жа ты там застаўся?

- Так і застаўся. Мянташыліся, мянташыліся ды бачым, што засталіся… Позна агледзеліся. Каб жа чалавек тое ліха ведаў, дык уцячы яно можна было. Хоць, сказаць па праўдзе, і там нас не вельмі чакалі - такіх сваякоў-заходнікаў… Нашы некаторыя, што швыдчэйшыя былі, то з-пад старой граніцы вярнуліся. Неяк і абідна было: савецкая ўласць і ўцякаць, усё на бабах кінуўшы - не ганарова… Завіхаліся, спадзяваліся: а ну ж, яшчэ нашы здачы немцу дадуць. Так і дачакалася баба Пятра - сыр есці. Паверыш, на валаску жывы застаўся.

- Кругом, браце, такое, хіба толькі у вас…

- У трыццаць дзевятым мы з табою цэлы верасень у Гродне былі. У баявой дружыне - памятаеш? А тут, ля Шчорсаў, тады дзень ці два, як нашы вызвалілі, было без улады. Я табе, здаецца, гаварыў, як у цябе ў Лідзе спыняўся, што нашы шчарсуны-падпольшчыкі тады стаўпецкага каменданта і заадно і шчорсоўскага войта сваім правам на той свет справадзілі? Гнеў накіпеў - расправіліся… А там знайшліся атлёты, што яшчэ пад гарачую руку давай і таго, каго падазравалі як даносчыкаў… І солтысавага сына - знаеш… гэты, во, браток, як бы нявінна… Так расправіўся люд - бяда! А ў кожнага родзічы… Хто б ён не быў, а свой за свайго стаіць. І захадзілі вось цяперака, як немцы занялі. А тут яшчэ збайкатаваны адзін настаўнічак-гіцаль ды млынарова Манька, ды яшчэ шантрапа ўсялякая спіскі, кажуць, напісалі, карнікаў наклікалі. Пахапалі на трэці дзень нас усіх, актывістаў, чалавек больш трох дзесяткаў. Усіх загалам. Заперлі ў графскім маёнтку пад стражу. Пахожа, як нас тады палітзакаў, у Гродне, палякі ў верасні. Ды не, не тое: палякі ўсё ж разбіраліся, хоць для віду. Прысуд нейкі там выносілі… А тут!... Тры дні чакаем без яды, без вады пад аховай. Прыйшлі немцы. Выстраілі ўсіх ля графскага амбара пад сцяну, вачыма да муру і давай браць па адным. Спытае не ў чалавека, а ў паліцыі: "Хто гэты?" "Актывіст, камуніст". "Адвясці!" Навальваюцца гуртам і - прыкладамі па галаве, па галаве… Акрывавяць. І ляжачага б'юць. А тады падымуць і да другое сцяны тварам ставяць.

Падышла да мяне чарга. Немец пытае чераз пераводчыка: "Кім гэты быў?" - Маўчаць. "Хто яго прывёў?" Маўчаць. А я, братко, стаю і не дыхаю. Абмерла ўсё. На шчасце маё, паліцэйскі, што мяне прывёў, недзе павалокся. "У сторану" ,- загадвае жандар. Такіх набралося нямнога - чалавекі чатыры. Адвялі нас і разам з байцамі-палоннымі заперлі ў школе. Астатніх пагналі на расстрэл. У парк. Ты ўяўляеш, як гэта перажыць, браток ты мой!.. І чуем мы, закрычалі там хлопцы пад расстрэлам як бы "ура!" А потым залп… А яны ізноў "ура!" - толькі цішэй, з енкам. Тады другі залп… - усё… Толькі вараннё як закрумчыць…Убягае тут на дзядзіцец жонка аднаго нашага хлопца, Надзя Каляда. З вузялком у руках. Мусіць перадачу хацела цераз ахмістрыню графскую перадаць. Як пачула ўсё - дык і аслупянела… А нехта з палонных паказаў ёй праз акно рыдлёўку, а потым рукі накрыж злажыў… Дык у яе ногі так і падкасіліся. А немец дула наставіў і да яе. Шчасце, што ахмістрыня надышла графская. Выхапіла ў Надзі вузялок і нешта паказвае, нешта гаворыць немчуры. Адбараніла. За шыю яе абняла і павяла да сябе ў флігель, як сонную вяла…

Валянцін перавёў позірк удалячынь: скруха і боль, пакутлівая бяссільная нянавісць падняліся ў душы і не мелі выйсця. Перад вачыма ўсталі чатыры высокія чырвоныя цагляныя сцяны і пасярэдзіне роспачны сілуэт жанчыны… На момант ён выразна ўбачыў яе твар і жахнуўся: гэта быў твар мачыхі, цёткі Стэфы, скрыўлены болем і жахам твар… Потым здалося, што гэта Каця, яе спалоханыя вочы, як у час расстання, урэшце, перасільваючы тыя здані, выплыла яна - Кіра. Як заўсёды, дзёрзкая, з сівой пасмай у чорных па-хлапечы стрыжаных валасах. Яму хацелася памкнуцца да яе, пазваць, але ж як толькі акрэслілася гэта жаданне - усё знікла… Толькі душа пакутліва смылела і часта з болем стукала сэрца. Ён усёй істотай разумеў, што з гэтых пакут не можа быць іншага выйсця, як толькі адно - паўстаць! Хоць загінуць, але не цярпець у бяздзейнасці.

Ад зямлі цягнула холадам. Валянцін павярнуўся на жывот, падставіў сонцу азяблы бок. Запахла церпкім водарам прэлага лісту.

- А я ўсё сяджу пад каравулам, - цягнуў Васіль. - Стаў прасіць аднаго з ахраны - усе ж, падлы, знаёмыя, тутэйшыя. Перадай, - кажу, майму бацьку: хай сходзіць да такога і такога паліцыянта ды пагаворыць, спытае, за што ён мяне сюды запякаў. Перадалі неяк. Бацька мой бягом да таго самага… Не ведаю, што там яму стары казаў, але такі дадзеў, мусіць. Стала таму ці брыдка, ці боязна, гарэчня яго там ведае. Бо то ж упершыню са сваіх жа вёсак ды столькі людзей загубілі… Ну, адным словам, не рашыўся ён даканаць мяне. Так і выпусцілі. Пасля таго я на вочы ім не паказваўся: па гумнах усё, ды па гумнах… Але ж і гэта не выхад. Яшчэ больш падазронасці на сябе набярэш… Думаў прайшоў самы хапун. Пранясло. Выйшаў. А мяне ізноў - цоп! - арыштавалі… Сам камендант удае немцам, што камуніст. То яшчэ шчасце маё, што вайсковы білет пры мне быў. Дастаю, глядзіце - беспартыйны. У цябе, Валя, таксама, ці ты аформіўся?

- Не паспеў…

- Дык вось гэта і мяне выбавіло. Ой, ці толькі надоўга? Ведаю, што сыходзіць павінен з дому, бадай яны сышлі кроўю. Трэба недзе неяк уладзіцца здалёк ад дому. Нічога не папішаш…

Да Васіля вярталася звычная яму сялянская разважлівасць і практычнасць. Чалавек мацней пачуў сябе на зямлі. Валянціну гэта спадабалася.

- Ты праўду кажаш: фашысты баяцца людзей бескантрольных. Не дадуць яны жыцця такім. Ведаюць, чым гэта пахне. Загад за загадам у горадзе, каб усе ішлі на працу. Пад пагрозай смерці…

- Дык вось жа… Дзе тую працу знойдзеш, - закавыка. Да гаспадара дзе прыладзіцца - набралі ўжо васточнікаў, хто меўся браць. Ды і падазронасць застанецца: чаму сам з вёскі, а дома не жывеш?..

- Я, здаецца, магу табе крыху дапамагчы, Васіль. Алесь Карповіч, інжынер, помніш, сядзеў на Лукішках, - абяцаў мяне ўладкаваць. Папрашу заадно для цябе. Ён чалавек памяркоўны, не адмовіць, паможа замаскавацца. А гэта цяпер самае галоўнае. Іх палітыка - вынішчаць самых актыўных, запалохаць народ, каб потым панукаць перапуджанымі людзьмі, як быдлам. Гэта д'ябальская тактыка. - Валянцін змоўк, засяроджана пра нешта думаючы. Потым глянуў на Васіля і загаварыў настойліва:

- Слухай, Васіль. Ты ж тутэйшы, шмат людзей нашых ведаеш. Усіх не знішчылі. Мы жывыя, значыць, ёсць і яшчэ. Трэба дзейнічаць. Даведацца пра настроі і згуртоўвацца паціху. Сувязі трэба ладзіць. Яны нам - як паветра… Асабліва з тымі, што маюць вопыт. Але, вядома, вельмі, вельмі асцярожна. На ражон не трэба лезці.

- Гэта так. Засталося нашых, вядома. Чаму ж. Вось у Падкасоўі мая сястра замужам. Да яе збіраюся ісці. Там ёсць некалькі хлопцаў-дружбакоў…

- Добра. Пакуль Алесь тут будзе тое-сёе рабіць для нас… схадзі ты. Справа вартая. І пільная. Справа лёсу. Не нашага з табою, а ўсіх чэсных людзей. Ведаеш, які дэвіз фашысты маюць: "Хто не зможа заарганізавацца супраць нас - той будзе з намі". Так што мы не толькі замаскіравацца, а павіны гуртавацца і дзейнічаць як мага хутчэй. Але як пойдзем да Карповіча, пра нашы намеры нічога не гавары. Не трэба яго страшыць. Ты ў яго ніколі не быў?

- Не даводзілася.

- Дык улічы, жонка яго вельмі набожная. Здаецца, ці не ў манашкі калісь збіралася. Глядзі, каб не абразіць пачуццяў. Ну, а сам Алесь, як і быў, - свой чалавек. Толькі напалоханы ўсім. Ён па натуры карэктны, мяккі, дык тут добра з людзьмі жыве. Нават з тымі, хто на вялікія пасады забраўся. Гэта трэба мець на ўвазе. А ў наступную нядзелю пабачымся. Прыходзь проста да яго. Я з ім пагутару наконт цябе, папярэджу. Слонімская вуліца. Сорак пяты нумар.

Можна было б і разысціся, але Валянцін бачыў, што Васіль хоча яшчэ нешта сказаць, а мо вызнаць нешта, ды не рашаецца. Валянцін закурыў ужо на адыход. Павагаўшыся, Васіль загаварыў, гледзячы некуды ў бок:

- Ну, чаму ж так сталася? Растлумач, браце, ты ж такі болей вучоны. Так жа верылі… А выйшла самахвальства ці што: мы разаб'ём любога ворага на яго тэрыторыі… І нас, капазэбаўцаў, не лічылі камуністамі. А немцы вунь лічаць - знішчаюць… Горка, братко, усё такое, як падумаеш, да слёз горка і абідна. Так іншы раз абідна, што хоць на сябе рукі налажы. На чым мы ў падполлі трымаліся? На чэснасці. І верылі сваім…

Заморгалі, памакрэлі васілёвыя вочы-сіроткі. Здавалася, што ён вось-вось расплачацца. Валянцін улучыў паўзу ў гаворцы і прамовіў як мага спакайней:

- У ходзе вайны ўсё стане на месца. Перамагчы такога ворага без даверу нельга. Ты ж чуў Сталіна па радыё? Звяртаўся да народа.

- Дзе мне чуць. У нас паліцыя ўсё радыё пабрала.

- А я слухаў. У Скрыбаве, у бацькі. Аказваецца, ужо ёсць шмат партызанскіх атрадаў…

- Дай бог, каб тое, што ты кажаш, не было толькі нашым хаценнем.

- Гэта, браце, хаценне агульнае: і наша і ўсіх чэсных людзей, усяго народа і партыі. Такія хаценні збываюцца. Нават гэта не хаценні, а жалезны закон жыцця. Вораг дэмагогію сее - ад калгасаў, маўляў, вызваліў, ад паставак, ад жыдоў… Трэба выкрываць дэмагогію. Бярэ пастаўкі не толькі зернем, не толькі жывёлай - а людзьмі, кроўю людскою. Яўрэямі расчынілі, а беларусамі, славянамі замесяць гэтае цеста… Вось што трэ гаварыць. Толькі адзін на адзін, па даверы. А слова перадасца. Народ прагны праўдзівага слова.

- Яно, пэўне, так… А хіба я не кажу слова? Мо', не так хлёстка, але сваім кажу…

Васіль уздыхнуў. Пачаў распытваць Таўлая пра яго вершы. Каб не даваць новага поваду для прыкрых разваг, Валянцін не расказаў яму пра сваю незваротную страту. Сказаў, што вершы ў надзейным месцы.

- Скончыцца вайна, дастану і надрукую. А мо і раней надрукуем… Як пастараемся з табою, Васіль!..

- Ты, братко, духам цвёрды, хоць і ціхі. Добра з табою. Як вады жывое напіўся. Аж раставацца не хочацца. Так бы і сядзеў тут… Ну, яшчэ пра адно спытаю. Як жа яна, жонка твая? Што? Дзе? Баяўся пытацца, але бачу, што ты не паў духам, дык думаю, давай спытаю…

- Жывая. Жывая… У сваіх людзей.

Валянцін запэўніў сябра, а сам адчуў, як пахаладзела ўсё ўнутры. Перавёў позірк удаль, і само вырвалася, ужо менш упэўнена:

- Веру, што жыве і выжыве.

- Я рады, што хоць так… Не буду выпытваць, дзе і што. Бо ў такіх справах ведаць зашмат нікому не трэба. Мы, старыя падпольшчыкі, сабаку, як кажуць, на канспірацыі з'елі, і не аднаго.

- Давай дамовімся, што гэтая наша сустрэча і размова - пачатак новага падполля. Згодзен?

- Пэўне. Даю руку - во!..



[1] Агенты тайнай паліцыі

[2] Маціеўскі - кат у буржуазнай Польшчы

[3] Не, не, не - я піў чай.

[4] Вельмі дзякую - у мяне паліто на ваце.

[5] Дзяржархіў Гродзенскай вобласці. Фонд 39, вопіс I. справа 8-і. аркуш 24.

[6] Дзяржархіў Гродзенскай вобл., ф. 52, воп. 2, спр. 314, арк. 149.

[7] Дзяржархіў Гродзенскай вобл., ф. 52, воп. 2, спр. 314, арк. 44.

[8] Там жа.

[9] Там жа.

[10] Дзяржархіў Гродзенскай вобл., ф. 52, воп. 2, спр. 314, арк. 151, на адвароце.

[11] Там жа, арк. 321.

[12] Гл. А. Іверс. "Пасылка Валянціна Таўлая" (газ. "Вольная праца" за 26 красавіка 1962 г.)

[13] Паднімаеце скандал! Зараз выдалім такую давераную acобу

[14] Дзяржархіў Мінскай вобл., філіял у Маладзечна, ф. 92-с, воп. 1. спр. 529, арх. 84.

[15] ЦДА Літоўскай ССР, ф. 31, воп. 230. спр. 378. арк. 412.

[16] Дзяржархіў Гродзенскай вобл., ф. 200, воп. 2, спр. 12, арк. 136.

[17] Дзяржархіў Гродзенскан вобл., ф. 200, воп. 2, спр. 12, арк. 137.

[18] Дзяржархіў Брэсцкай вобл., ф. 28, с/р - 1, воп. 9, спр. 2602, арк. 57.

[19] "За правильное освещение истории компартии Западной Белоруссии". "Коммунист" № 8 за 1964 г., стар. 76.

[20] Гранкі.

[21] Раён горада.

[22] Дэфензіва.

[23] Дзяржархіў Мінскай вобл., аддз. у Маладзечна, ф. р-92, воп. 1, спр. 329, арк. 84.

[24] Дзяржархіў Мінскай вобл., аддз. у Маладзечна, ф. р-92, воп. 1, спр. 329, арк. 45.

[25] Твор быў змешчаны ў газеце "Літаратура і мастацтва" за 21 лютага 1969 года.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX