Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Станіслава Белагаловая 


Дадана: 17-08-2022,
Крыніца: Ліда, 2022.

Спампаваць




Станіслава Іванаўна Белагаловая (Круповіч) нарадзілася 25 жніўня 1959 года ў вёсцы Крамушаўка Наваградскага раёна Гарадзенскай вобласці. Скончыла Налібоцкую сярэднюю школу, вучылася ў Гарадзенскім гандлёвым вучылішчы. Пасля заканчэння вучылішча засталася жыць і працаваць у Гародні. У 1977 годзе выйшла замуж. Разам з мужам у 1978 годзе пераехала жыць у Ліду. Мае дваіх дзяцей (сына Валерыя і дачку Наталлю), чатырох унукаў. Амаль уся працоўная дзейнасць прайшла ў Лідскім гархарчпрамгандлі (у цяперашні час - ААТ "ГПФ "Ліда"). З 2014 года на заслужаным адпачынку. Ветэран працы.

Пісаць вершы спрабавала ў юнацтве, але тады не прыдала гэтаму значэння. І толькі на пенсіі сур'ёзна занялася творчасцю. Некаторыя з вершаў пакладзены на музыку. Песні "Дочка-доченька" і "Мой сын" прысвяціла сваім дзецям, гэтыя песні гучаць на Лідскім радыё. У 2019 годзе выйшаў яе зборнік вершаў "Наедине с душой".

Зямелька плача...

Ніяк не адступаюць злыя маразы.

Зямля скаваная не можа прадыхнуць.

У вачах заплаканых не высыхаюць слёзы.

Паветра б трошкі цёплага глытнуць!


У жалобе кветачкі сцяблінкі апусцілі,

Ад холаду дрыжаць на скразняку

І так перапалохана пялёсткі прытулілі,

Як быццам дзякуюць апошняму дзяньку.


Ад болю стогне траўка на балоце -

Так моцна сціснула марозная спружынка.

Нязносна ёй змагацца ў адзіноце.

Для жыцця каштоўная кожная хвілінка.


Дабрадзей сняжок ад сэрца спачувае,

Усе сілы страціў, каб паспець,

Лагоднай, цёплай коўдрай накрывае -

Так да вясны зямельку будзе грэць.

Вясне дарогу!

З кожным днём надвор'е нас здзіўляе

Звычкамі, характарам вятроў,

То яркім промнем сонца абдымае,

То залівае праліўным дажджом.


Паветра ззяе водарам вясны,

Забылася пра лютыя марозы.

Як раптам злыя хмары напаўзлі -

Пад снегам траўка пралівае слёзы.


Сяўбу спынілі трактары ў полі.

Ізноў мароз паспеў зямлю скаваць.

А птушачкі буркуюць пра нядолю -

З-пад снегу цяжка ежу здабываць.


Зіма, ты будзь з вясною ў згодзе,

Хутчэй уступі дарогу для яе,

Своечасова дай ажыць прыродзе -

Яна бы ў дзіўнай казцы зацвіце!

Святое месца - родная старонка

Я ведаю, дзе ёсць такое месца

Для раненай і стомленай душы.

Там лёгка дыхаць, радуецца сэрца,

Там прыгажосцю захапляешся ў цішы.


Шчаслiвай бадзёрым ранкам прачынацца,

З цяплом i асалодай слухаць жаўрукоў,

З свавольнiцай зязюляй паспрачацца,

Каб трошачкi прыбавіла гадкоў.


На ўсходзе сонейка да рэчачкі прыйсці

I па-сяброўску, шчыра прывітацца.

Ад перашкод і сумных думак адысці,

У сне чароўным назаўсёды тут застацца.


Як i раней, на вузкім мосціку прысесці.

Найлепшы час для мараў, хвалявання.

З усмешкай прыгадаю, што калісьці

Было ў мяне тут першае спатканне.


З бацькоўскай хаткай цяжка развітацца.

Камяк зашчыміць моцна сэрца звонку.

Ад'еду... Але ж буду зноў вяртацца

Ў святое месца - сваю родную старонку.

Родная хатка

Калі на сэрцы смутак, неспакой,

Як абцугі, сціскаюць боль, самота,

Так хочацца да хатачкі сваёй.

Там не пасмее патрывожыць адзінота.


Каб праглядзець дзяцінства фотаздымкі,

Што засталіся ў памяці маёй,

Паслухаць зноў даўнейшыя пласцінкі,

Дзе кожна нотка льецца з цеплынёй.


На досвітку прыбегчы да крынічкі,

Што чароўнай вадзіцай паіла,

Адшукаць на гары чаравічкі,

У якіх я дзяўчынкай фарсіла.


У лёгкім змроку, вячэрняй парою

З каморы начоўкі прынесці.

Доўга мыцца жывою вадою

І шчаслівай пад коўдру залезці.


Спрабаваць рэдкі смак сырадою,

Ды з кавалачкам чорнага хлеба.

Бачыць маці здаровай, жывою,

І з падзякай звярнуцца да Неба.

Надзейны куточак

У маім сэрцы - бацькоўская хата.

Кожны дзень з цеплынёй яна сніцца.

З ёй сустрэча - заўсёды мне свята.

Тут пра смутак спрабую забыцца.


Каля бэзу ў цянёчку прысесці,

Моцна-моцна матулю абняць,

Слухаць стук мацярынскага сэрца,

Усе парады з павагай прыняць.

Гэтым момантам буду я жыць,

Светлы позірк у душы захаваю.

Толькі маці так можа любіць!

Як жыццё ёй прадоўжыць? Не знаю.

Тут удыхну я паветра глыток,

Буду матчынай ласкай лячыцца

І за кожны матулін гадок,

Колькі жыць, столькі буду маліцца!

Як страшны сон...

Якісьці жудасны, страшэнны сон

Збянтэжыў злосна нашыя галовы:

Без папярэджання мы трапілі ў палон

Сусветнай, невядомай нам хваробы.


Ён не дае спакойна жыць,

Як цень, за намі ходзіць,

Нас вучыць пільна рукі мыць,

Сяброў на метры два абходзіць.


На жаль, цяпер і не да свята:

Здароўем нельга нам рызыкаваць -

Дзяцей сваіх, сястру і брата

Па тэлефоне будзем віншаваць.


Як мышы, ціхенька сядзім,

Навіны ў інтэрнэце ловім,

Цікавы фільм зноў праглядзім

З надзеяй: вірус тут не зловім.


Не панікуем... Будзем жыць!

Не ўпершыню для нас выпрабаванне.

"Бліжэй да Бога трэба быць" -

Такое ад нябёсаў нам пасланне.

Позняя восень

Позняя восень, туманы, дрымота.

Цішком неба шэрае плача.

Няўтульная цемень, сцюжа і слота.

Гарэзлівы вецер святкуе і скача.

Аголены дрэўцы, пакрыўджана стогнуць.

Пакідае апошні ўзорны лісточак.

Галінкі прамоклі, сагрэцца не могуць.

Раптоўна знік цёплы дзянёчак.

Неспакойнае сэрца шчыміць, замірае.

Зусім не святочны настрой.

Нам надвор'е ўсур'ёз абяцае

Песціць сонечнай, ціхай зімой.

Смяротны вірус

Смяротны вірус крочыць па ўсім свеце.

Ніяк не можам мы яго спыніць.

Людзей бязлітасна знішчае на планеце.

Так страшна... Вельмі страшна жыць.


Прызнайся нам, сусветны злобны вірус:

За што ўз'еўся ты на нас?

У чым вінаваты мы? Дзе мінус?

Усё ж чакаем ад цябе адказ.


Наш мірны люд бязбожна косіш,

Як востраю касою сенажаць.

Сваю карону з гонарам ты носіш,

Як бачна, не спяшаешся здымаць.


Па дапамогу звернемся да Бога:

"Усемагутны, змілуйся, ратуй, дапамажы!

Каб назаўсёды знікла, згінула хвароба

І страшны сон не мучыў уначы".

Няхай прадоўжыцца імгненне

Вось і матухна-зіма

Ў госці завітала.

Дзе, свавольніца, была?

Дзе ты прападала?


Сумавалі без цябе

Дарослыя і дзеткі,

Нават бачылі ў сне,

Як мяцеш палеткі.


Нібы белым матыльком

Пырхаеш, узлятаеш.

Бялюткім, казачным сняжком

Зямельку шчыльна накрываеш.


Колькі крыку ў двары,

Колькі смеху, захаплення!

Гараць вочкі ў дзетвары.

Няхай прадоўжыцца імгненне!

У глыбокім роздуме

Адкрый нам тайну, Дзед Мароз,

Дзе ж ты так доўга прападаў?

Ці гэта жарт або ўсур'ёз?

Сваю Снягурку ты прадаў?


"Заморскі край... Так пагасціў!

Там шмат забаў і пачастункаў.

З сябрамі гучна затусіў -

Зусім забыўся пра Снягурку.


Калі ж я трошкі акрыяў,

Ад сна чароўнага прачнуўся,

Трывалы кій у рукі ўзяў,

Вось так дамоў я і вярнуўся.


Ну дзе ж Снягурачку знайсці?

Малю, сябры, мне падкажыце!

Якою сцежачкай ісці

Па ўсёй вялізарнай планеце?


Не знаю горшай я бяды,

Як воўк, сумую ў адзіноце.

І што скажу я дзетвары?

У глыбокім роздуме, турбоце…"

* * *

Каб не шукаць у старасці прытулку

І крыўдзіцца на кепскі лёс,

Шануй і беражы сваю Снягурку,

Што Бог паслаў табе з нябёс!

З 80-годдзем, "Лідская газета"!

Для вас, сябры, скажу я па сакрэту:

Каб быць у курсе ўсіх падзей,

Чытайце нашу "Лідскую газету",

Дзе шмат навін, артыкулаў, ідэй.


Усе звесткі нам, як на далоні,

Своечасова, дзень у дзень спяшаюцца раскрыць:

Як вёсачка жыве, якія справы ў полі

І дзе і як здароўе можна падлячыць.


Ёсць месца там і для рэкламы,

Падкажуць, дзе купіць і дзе прадаць.

Ёсць добрыя парады, як ад мамы,

Іх кожны ў жыцці павінен знаць.


Нам прапануюць і паэзіі старонку

Пад светлай назваю "Суквецце".

Апавяданні, вершы, гумар тонкі

З задавальненнем прачытаеце ў газеце.


Прыемна атрымаць усе віншаванні

Ад родных, блізкіх і сяброў

І выказаць з душою спачуванне,

Каб сэрца адышло ад чулых слоў.


Там падрыхтуюць і спартыўную старонку.

Сваіх герояў мы павінны знаць.

Калі наведаць нам футбольную пляцоўку -

Ад сэрца, шчыра перамогі пажадаць.


Сканворды, фотаздымкі - усім багата.

Мне немагчыма ўсё пералічыць.

Далейшых поспехаў, шаноўная газета!

Усюды і заўсёды першай быць!

Нібы казачны сон

Іграе сонейка ў акенцы.

Вясна з дарогі нас вітае.

Цяплей становіцца на сэрцы.

Душа, як птушачка, пырхае.


Зіма - зладзейка яшчэ тая.

Балюе, то злобна бурчыць,

Сняжку патроху падкідае,

Не згаджаецца месца ўступіць.


Вясне было цяжка змагацца,

Прыйшлося ўсе сілы аддаць,

Гаспадыняй сапраўднай застацца,

Прыгажосцю сваёю здзіўляць.

Вярбу не пазнаць нам здалёк.

Як агеньчык, блішчаць завушніцы.

А пярэсты лясны матылёк

Чаруе ля дзіўнай крыніцы.


Неверагодны і казачны сон.

Жаўрук так лагодна пяе.

Непаўторнай мелодыі звон.

Гэты гімн прысвяціў ён вясне.

Мястэчка сонечнага раю

Дзяцінства родненькая хатка

Упэўненасць і сілу прыдае.

Туды ж імчуся без аглядкі,

З цяплом чакаюць там мяне.


Абапал вуліцы таполі

Ў радочак роўненька стаяць.

Дугой раскінулася поле.

Чаруе прыгажосцю сенажаць.


Ах, жоўта-белыя рамонкі!

Мігцяць, як зорачкі ўначы.

Іх водар, тоненькі, салодкі,

Бальзам для стомленай душы.


А побач - дзіўныя званочкі

Чакаюць нашае спатканне.

Нібы ліхтарык, свецяць вочкі,

Рыхтуюць шчырае прызнанне.


Глядзіць і радуецца вока.

Бярозка кліча да сябе.

Сардэчна пачастуе сокам,

Нягледзячы, што 70 ёй міне.


Усім сэрцам я адпачываю.

Душа, як птушачка, пырхае.

Мястэчка сонечнага раю

Ніяк мяне не адпускае.

Зімовая капрыза

Нядоўга цешыліся мы

Дзіўнай прыгажосцю

Чароўнай мастачкі-зімы,

Што завітала ў госці.


Знік сняжок бялюткі,

Як і не было.

Стаў дзянёк цямнюткі.

Макроцця нанясло.


Раптам вецер наляцеў,

Бадзяга разгульны,

Вые, нібы звар'яцеў,

Свавольнік беспрытульны.


Стогне стомлены лясок -

Мучае разбойнік,

Выціскае з жылаў сок

Бязлітасны вандроўнік.


Ізноў паказвае зіма

Чарговую капрызу.

Толькі выправіць яна

Не зможа адразу.

Забудзем сумны год

Забудзем сумны год,

З палёгкай уздыхнём.

Якіх чакаць прыгод

Ці важных перамен?


Бязбожным быў Пацук,

Бяду і горыч нёс.

Бесперапынны сэрца стук.

Праліта мора слёз.


Няхай з табою згінуць

Хваробы і трывога,

Народы маскі здымуць

І звернуцца да Бога.


Каб ліху не бываць,

Каб быць спакою на планеце,

Дзяцей здаровых гадаваць,

Ім весялосці, даўгалецця!

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX