Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Уладзімір Васько 


Дадана: 17-08-2022,
Крыніца: Ліда, 2022.

Спампаваць




Уладзімір Васько нарадзіўся ў вёсцы Ліпічанка Шчучынскага раёна. Скончыў Гарадзенскі педінстытут імя Янкі Купалы. Працаваў у рэдакцыях шчучынскай (1959-1960), дзятлаўскай (1967-1972) і лідскай (1972-2000) раённых газет. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2007 па 2021 год. Жыве ў Лідзе. Друкуецца ў рэспубліканскім, абласным і раённым друку. Выдаў кнігі "Прасветленасць" (1981), "На схілах берагоў" (1997), "Кругазварот жыцця" (2011), "Лясная рапсодыя" (2013), "Зігзагі лёсу" (2017), "Энергія душы" (2018), "На перавалах часу" (2021). Лаўрэат прэміі імя Анатоля Іверса 2022 года.

Эксперымент

Недасканалы чалавечы род -

так, пэўна, прадугледжана прыродай.

Суіснуюць паэт і абармот,

і не заўжды між імі тчэцца згода.

Ёсць здольныя варожасць рассяваць.

Ёсць прагнучыя замірыць народы.

Адзін імкнецца не тварыць, а браць,

другі крыштальнай, чэснае пароды.

А што, каб быў бы ідэальны люд,

разумны, добры, з чыстымі вачыма?

Няўжо прыйшоў бы ўсяму капут?

Без супрацьлегласцяў, як быццам, немагчыма.

Хачу паставіць я эксперымент

хоць на адной хуцавенькай краіне,

каб стаў там люд, бы зладжаны квартэт,

а барацьба не існавала б і ў паміне.

Ды хто дазволіць гэта правясці?

- Сядзь, супакойся, фантазёр няшчасны.

Як шло дагэтуль, так і будзе йсці.

Чуў, быў Хрушчоў, ды быў і Сямічасны.

18.01.2021 г.

Заліжуць акіяны раны

Чаго чакаць ад заўтрашняга дня?

У далячыні часу пазіраю.

Падайце мне крылатага каня,

я больш пакуль нічога не жадаю.

На ім памчу ад роднай хаты,

адчую подых добрага і злога.

Паадбіваю рукі змею-кату,

прынікну духам да ўсяго святога.

І на даліне ці крутой гары

адчыніцца мне ў будучыню брама -

і ўбачу, што народ стварыў,

якой Зямелькі стала панарама.

Ну, а пакуль між люднасці хаджу,

крыху ўзнёслы, трохі занядбаны,

і сам сабе пад нос услых цвярджу:

заліжуць акіяны нашы раны.

18.01.2021 г.

Віна

Здаецца, нікому я зла не зрабіў,

а пачуваю сябе вінаватым.

Мурашку, пчалу абмінаў, а не біў,

на свет пазіраў не праз краты.

Радзіма, ніколі не здрадзіў табе.

Народ, хіба я запрадажнік?

Я голле малым не ламаў на вярбе,

дарослым не чуў сябе важным.

Адкуль адчуванне набеглай віны?

Чаму ўсё мяне так хвалюе, даймае?

Магчыма, духоўнай глытнуў труцізны,

якой у сучасных варунках хапае.

Ніяк не магу разабрацца ў сабе,

а іншаму поскудзь - настроі такія.

Сядзіць і маўчыць, і ў дзве храпы сапе,

запасы на век свой прыдбаў неблагія.

20.01.2021 г.

Небыліца

Куды на ільдзіне, адлюдны плыву -

у цемру вякоў ці ў прыгожыя далі?

Якія сустрэну цячэнні, скрыжалі,

якія напасці ўшчэнт разарву?

Таемны кірунак нязведаны шлях.

Укленчыў, малюся магутнаму Богу.

З кашулі зрабіў паласаценькі сцяг:

А вось хто ўбачыць, падасць дапамогу.

Парывісты вецер. Раве акіян.

А хвалі, здаецца, раскрышаць ільдзіну.

Які недавярак, які зладыян

мяне ў гэта пекла са злосці закінуў?

І ўсё ж я не вельмі баюся, дрыжу.

Марак не люляе ў сабе палахліўца.

І вам па сакрэту, на вушка, скажу.

Што гэта ўсяго толькі сон-небыліца.

27.01.2021 г.

Рыфмач

Зарыфмаплёціўся паэт,

забыўся пра дзяўчат і лета.

Складзе спакутліва куплет

і думае, што здатна гэта.

А горад люднасцю кіпіць,

мільгаюць міні-плісі кідка.

Дык перастань над рыфмай ныць:

ты ж усяроўна пішаш брыдка.

Устань. Па парку пахадзі

і ад жыцця адчуй падмогу.

Убок свой ліст ты адкладзі

і бразні ручку аб падлогу.

30.01.2021 г.

Бясплатна

… Задумаў грошай назбіраць.

Трымаўся ад растрат найдалей.

Не стаў напіткі, сок купляць.

Пусціўся ў прымітыўны гандаль.

Гарбуз на рынку прадаваў,

гуркі, капусту, памідоры.

Начамі цэлымі не спаў:

пра залатыя марыў горы.

Старэнькі ровар нейк прыдбаў

і часта ездзіў па маліны,

ды больш, чым грошай, назбіраў

бясплатнага халестэрыну.

16.02.2021 г.

Птушыны канцэрт

Разпагодзілі птушкі мяне.

Як люблю я гэтых салістаў!

Кожны нейк па-свойску пяе,

то са шчэбетам, то з прысвістам.

Слухаць іх - што ў паветра ўзлятаць.

Во ў каго нам патрэбна вучыцца,

як паводзіць сябе, як спяваць,

як кахаць, шчыраваць, весяліцца.

Проста сэрца ў грудзях растае

ад вясёлых і радасных песняў.

Як такіх спевакоў не стае

ў хрушчоўцы маёй цёмнай, цеснай!

17.02.2021 г.

Так проста

Так ярка росы зіхацяць,

так шпарка дзядзька з вудай крочыць,

так смела новы дзень прарочыць,

што шчасце будзем з неба браць.

Так здатна яблыні цвітуць,

так спрытна мёд збіраюць пчолы,

так шчыра моляцца анёлы,

каб нас ніхто не здолеў здзьмуць.

Так ціха рыбакі стаяць

на сонным беразе Лідзейкі,

так хораша смяюцца дзеўкі,

што бляск вачэй іх не суняць.

Так проста ўвесь Сусвет абняць,

так мірна круцяцца планеты,

так звыкла сноўдаюць паэты,

каб дзе хоць што надрукаваць.

Так гучна коціцца цягнік

па мосце - вунь! - на Маладзечна.

Няхай так будзе ў свеце вечна,

каб подых радасці не знік.

Так хораша ступаеш ты

па скверыку, па тратуары

і рассяваеш шчодра чары

на хлопцаў бравых, маладых.

Не проста мне цябе абняць:

баюся моцнай аплявухі.

Хто я? Паэцік аблавухі.

Табе ж раўні не падабраць.

20.02.2021 г.

У дарозе да праўды

Шукальнік праўды, руку дай!

Не стой у роспачы мінутнай:

з табой мы пойдзем аж на край

планеты нашай шматпакутнай.

Вазьмі ў дарогу харч які,

даляраў, еўрыкаў хоць трохі.

Абуй старыя хадакі,

бо туфлі будуць муляць ногі.

Не проста праўду нам знайсці -

мы гэта ведаем выдатна.

Ды трэба йсці, ісці, ісці

па полі, праз лясы, па трактах.

Да акіянаў, да мароў

праляжа шлях наш небывалы.

Пачуем многа розных моў,

сустрэнем швідкіх і кульгавых.

Не вер, хто скажа, што нідзе

да выспы праўды не дабрацца.

Патрэбна толькі пры хадзе

нічога, братка, не баяцца.

Сустрэнем процьму перашкод,

адчуем тысячы нападак.

Мо хто нагой піхне ў жывот

і ўрэжа кіем у дадатак.

Не разгубіся, не ўцячы,

і што наперадзе ні будзе -

мы знойдзем праўду, бы ключы,

і пра яе раскажам людзям.

22.02.2021 г.

Раненая чапля

Падбітая птушка валіцца вяла,

яна ў паветры пакуль што жыве,

ды трапная куля крыло ёй зламала -

і ўсё ў вачах набрынялых плыве.

Да Нёмна ляцела бядотніца ціха,

рыбачыць хацела ці так пастаяць,

ды во напаткала каварнае ліха -

і птушцы крыло ўжо болей не ўзняць.

Стралку не шкада пакалечанай чаплі,

ні бацькі, ні маці, ні сёстраў яе.

Што зробіш з людзьмі,

што зусім адзічалі,

якім мілажальнасці так не стае?!

Ад болі на пожні курчыцца чапля,

няма паратунку, падмогі няма.

А гэты мудак яе не чапае -

во па кім слёзна ўздыхае турма.

Ён рады, што здорава бахнуў і метка,

не прамахнуўся, сваё даказаў.

А можа ўнутры бушавала гарэлка?

А можа нячысцік стральнуць падказаў?

26.02.2021 г.

Захапленні

Не заганяю сам сябе ў скруху,

таму й такі парыўны, гаваркі.

Люблю хадзіць праз поле ў завіруху,

на лыжах ўздымацца на грудкі.

Да музыкі і да красуняў палкі

і так мілую разнастайны спорт,

і дня не пражыву без фіззарадкі,

без дачных разпацешлівых турбот.

І як магнітам цягне да рыбалкі,

да тоўстых соснаў, стромкіх берагоў.

Ці я такі ўрадзіўся страшна палкі,

ці афрыканская ўва мне бушуе кроў.

Зайздрошчу каскадзёрам і пілотам,

танцорам, касманаўтам, маракам.

Не падпускаю блізка абармотаў,

свярбіць на разбуральнікаў рука.

27.02.2021 г.

Мой сад

Залістападзіўся мой сад,

(а так квітнеў яшчэ нядаўна),

зусім змарнее да Каляд,

(а летам красаваўся хвайна).

У снежні пачарнее ён,

не стане небам любавацца

і, як стары Напалеон,

на нешта будзе спадзявацца.

Зімою зробіцца, як цень,

зусім глязецца будзе брыдка,

і толькі белая накідка

яго ўпрыгожыць хоць на дзень.

04.03.2021 г.

Паклёпнікі

Ці сам сябе загнаў я ў кут,

ці апанентаў злая зграя?

Мой верш паклёпнікаў збірае -

яны сціскаюцца ўсе ў жмут.

Дзе больш энергіі ў радках?

Дзе лепей рытміка іграе?

А ў іх эмоцый не хапае -

ідуць куплеты з малатка.

Пруць графаманы напралом,

а мы глядзім безабаронна.

Яны ўжо строяцца паротна,

каб узмацніць глухі свой гром.

Мной інтуіцыі парыў

на ўсіх кіруе скрыжаваннях,

а ў іх нікчэмных разважаннях,

як у брахні сабак, - надрыў.

Адзін канат у ста руках:

тут хто каго ўжо перацягне,

чыё акажацца візжанне

мацней, чым бой на кулаках.

07.03.2021 г.

Абурэнне ката

Загнала лайка на вярбу ката,

і той пачаў услых трывогу біць:

- Во развялася зараз свалата,

што немагчыма мірна крок ступіць.

Не хочацца ўжо мне крычаць: "Ура!",

хоць пакрысе і падсыхае гразь.

Такое асабачванне двара,

што хоць ты з дрэва на зямлю не злазь.

20.03.2021 г.

Цішыня

Не зварухнецца ні адзін лісток,

не паварушыцца і павуцінка.

Як на капусце белы матылёк,

стаілася на небе аблачынка.

Так міласэрна, хораша кругом.

Маўчаць вароны, не галосяць кані.

Прырода ў нейкім велічным чаканні.

Даўно заснуў недасягальны гром.

І хочацца міжвольна пастаяць,

паслухаць цішыню, яе дыханне,

прастор шырокі жнівеньскі абняць,

пацалаваць яго на развітанне.

Бо хутка-хутка прыляцяць снягі,

як цюлем, занавесяць далячыні,

заслоняць воблік сонца дарагі.

Заплачу я па ім, як па Айчыне.

25.03.2021 г.

Вось як…

Няхай даруе мне той дзядзька дбайны,

што на яго стажок я тут прылёг.

Як добра мне! Які куточак хвайны!

Як пахне мёдам скошаны мурог!

Булькочуць поруч хвалі несціхана,

бубняць пра нешта сонныя чмялі,

і нібы назнарок для закаханых

кудысьці хмаркі жвава паплылі.

Ад сінявы прыемна і лагодна.

Яна мне нагадала вочы той

дзяўчыны, што ў аўтобусе на Гродна

так захапляльна балаболіла са мной.

Студэнтачка, у беленькай сукенцы,

эх, каб прыбегла ты здалёк сюды -

у сто разоў палепшала б на сэрцы,

і не пайшлі б адсюль мы нікуды.

27.03.2021 г.

* * *

Не меч прынёс я вам, а верш,

каб душы ім ублагаволіць.

Пацеш сябе, дзяцей пацеш

і перадай яго другому.

Прывыклі ў полымі трывог

адзін другога біць, калечыць.

А тут я з мірам на парог.

Мо й удасца люд ачалавечыць?

Шмат заваёўнікаў было,

што йшлі на бой па ўласнай волі.

Ды тое ўжо ў нябыт сплыло

і не паўстане больш ніколі.

Не зырся на маё дабро

і пра варожасць не зюзюкай.

Вазьмі лепш лёгкае пяро

і тэкст для песні намазюкай.

30.03.2021 г.

Заставайся юнай

Як спатоліць прагу да цябе?

Ты далёка, за гарамі часу.

Дні праходзяць сумна, у журбе,

з успамінаў доўгіх не вылажу.

Цераз кожных дзесяць, пяць мінут

воблік твой узнікае перад мною.

Ах, як я бяздумна прамінуў

шчасце той гулліваю парою!

Як чаромха хораша цвіла!

Як прывабна вусны лепяталі!

Ты непараўнальнаю была!

Як на крылах мараў мы ляталі!

Усё мне гаманіла пра цябе:

бераг рэчкі, ліпы векавыя,

коцікі на маладой вярбе,

восенню бярозы залатыя.

Помню, мы па кладачцы ішлі,

я цябе рукамі падстрахоўваў.

Як прыгожа банцікі цвілі!

Як свяціла сонейка ахоўна!

Заклікаў зялёны далягляд,

маладое жыта красавала,

радасці было ў нас зашмат,

шчасце ў юных душах бушавала.

А цяпер, калі бываю там,

голас твой лаўлю пяшчотны чуйна.

Забыццю цябе я не аддам,

заставайся ў маім сэрцы юнай.

05.05.2021 г.

Байкі

Лось-лавелас

Прывабіў лось казулю да сябе,

наабяцаў ёй залатыя горы:

- Ты будзеш тут царыцаю цяпер,

забудзеш аб сваім нядаўнім горы.

Цябе ганялі шэрыя ваўкі,

ліхія паляўнічыя сабакі,

палохалі знянацку вепрукі -

цяпер яны табе ўсе да брамкі.

Прыслугай стануць той жа злосны воўк,

аматар да грыбоў - калючы вожык.

Вяпрук адзене ў залацісты шоўк,

ліса зайздросціць будзе, як вяльможы".

І напачатку, праўда, так было.

Пасля ж у блуд пусціўся лось сахаты,

зрабіўся, як апошняе хамло,

зусім адбіўся ад двара і хаты.

Завёў каханак ён ва ўсіх кутках

ляснога сакавітага абшару,

параздаваў усё дабро за так,

а ноччу п'яны па кішэнях шарыў.

"Ну вось што, мілы, я адсюдь пайшла, -

прамовіла ў роспачы казуля, -

я лепшага казла, чым ты знайшла,

і вось табе на развітанне дуля".

11.02.2021 г.

Ліса-знахарка

Заробкі ў лісы пайшлі не згорш:

яна сябе знахаркай абвясціла,

і кожная задрыпаная вош

лячыцца да хітрункі паспяшыла.

Між тоўстых дрэў, кустоўя і галля

прыбег звідна, бы з перапуду, вожык:

- Бабулька, даражэнькая, паглянь,

які я ёсць. Мо ў горы дапаможаш?

- А хто ж цябе так здатна прыдушыў?

Усе калючкі паламаў дарэшты.

Ты можа дзе свядома награшыў?

Мо ў лася пакраў з паліцы вершы?

- Ды не, я лісце для нары цягаў -

і тут наскочыў воўк, як леў, кудлаты

і больш гадзіны ўсё мяне таптаў,

і не баяўся, што паколе лапы.

Ліса іголкі выпрастала ўсе

і змазала яловаю смалою:

- Паправішся, братове, пакрысе.

Будзь болей пільным, думай галавою.

- А колькі трэба, пані, заплаціць?

- На першы раз давай "дваццатку", братка.

Мо прыйдзецца калі яшчэ лячыць,

Прыходзь, ды толькі, як мага, украдкай.

Праз тыдзень прыцягнуўся шэры воўк:

- Суседка, з мною гора адбылося.

Авечку з поля на плячах валок

і на калючым дроце пракалоўся.

Ліса ўсміхнулася і спакваля

агледзела ўсе чатыры лапы:

- Такога пра цябе й не сніла я.

Ну здорава ты іх, браток, падрапаў.

Ліса прамыла раны на нагах,

дала папіць зялёнага адвару.

- Ці вылечуся хоць? Аж цісне страх.

- Паправішся. Не налягай на згару.

- Не ведаю, як мне далей і быць…

А колькі заплаціць? Ці вып'ем чарку?

- Мне ад гарэлкі галава баліць.

Давай лепш, воўк, пакуль "пяцідзясятку".

Лячыліся ў лісы бабры, ласі,

дразды вавёркі, барадаты козлік,

барсук ёй грошай шмат перанасіў -

ды толькі не паправіўся ніхто з іх.

19.03.2021 г.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX