Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Данута Бічэль 


Дадана: 17-08-2022,
Крыніца: Ліда, 2022.

Спампаваць




Данута Бічэль (Загнетава), паэтка, празаік, перакладчыца. Нарадзілася ў вёсцы Біскупцы на Лідчыне. Вучылася ў Лідскай педвучэльні, скончыла педвучэльню ў Наваградку (1957) і гісторыка-філалагічны факультэт (беларускае аддзяленне) Гарадзенскага педінстытута імя Янкі Купалы (1962). Выкладала беларускую мову і літаратуру ў школах. У горадзе над Нёманам стварыла Музей Максіма Багдановіча.

Друкуецца з 1958 года. Была сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1964 г. і сябрам Міжнароднага Пэн-клуба з 1995 г. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы (кніга паэзіі "Дзе ходзяць басанож", 1984).

Аўтар кніг паэзіі "Дзявочае сэрца", 1960, "Нёман ідзе", 1964, "Запалянкі", 1967, "Браткі", 1979, "А на Палессі", 1990, "Снапок", 1999, "На белых аблоках сноў", 2002, "Іду сцяжынаю да Бога", 2012, "Дайсці да Каложы", 2017 і іншых.

Аўтар кніг прозы "Хадзі на мой голас", 2008, "Мост святога Францішка", 2010, "Правінцыя святога Францішка", 2013…

Выдавала кнігі для дзіцячага ўзросту… Увайшла ў кніжны праект "Беларускі кнігазбор. Выбраныя творы", 2016…

Перакладае з польскай мовы. Жыве ў Гародні.

ПАВОДКА

…Гаўя спяшаецца ў Нёман,

аднак не мялее з любові…

Цела душы маёй, рака мая Гаўя,

Скончыцца ў Гаўі паводка,

знікне ў асоках зямля, нібы лодка,

рыбы асветляцца, кожная рыбка - нямко,

разалье Малая Мядзведзіца па рацэ малако.


Нёман, куды ты загнаў тыя зялёныя хвалі,

іх срабрыста-нямыя рыбкі ў віры бунтавалі!?

Час луску абадраў з занядбанага слова.

Маўчанне рыбы. Маўчанне песні.

Нёман - Цмок шматгаловы!


Агнеадпорная, падпальваю вуголле ночы,

перасаджваю словы на градкі - не спіцца ўсяроўна.

Як хмарку пасля дажджу, і крыўдзіць ніхто не хоча,

хіба паэтка-крэацыяністка варона.


Ты магла мяне прытуліць, рака мая Гаўя,

у серабрыстай начы, у хвіліну маўчання,

калі рыба луской з дзікіх прорваў адчаю

без паводкі, без глыбіні знемагае…


Цела душы маёй Гаўя, мая блакітная кроў!

Ты магла перанесці мяне - аблачынку нямую…,

дзе на прывязі чоўнік гайдае цялятак і пастушкоў…

Ты пра мяне забыла… А я па табе сумую.

Божа, беражы нашы рэкі

Зберажы нам, Божанька добры,

рэчанькі нашы, азёры.

Як не зберажэш, то дзе ж удзень

начаваць будуць зоры,

знічкі ды месячык хворы?


Гаўя, чаму твае дзеці

шукаюць працы па свеце?


Малітва бабуліна - Гаўя -

цярпліва дзяцей чакае…

Толькі няхай не мялее,

не зарастае глеем…


Да ціхіх нябёс узвышаецца

ветразямі, ветракамі,

салоўкамі апяваецца,

наіўнымі жаўрукамі…


Ты, Божа, шануеш прыгожае…

Зберажы нашу рэчаньку Гаўю!

Наіўны верш пра святую крыніцу

Маці Божая на беражок ступае -

прабіваецца крынічанька святая.

У танок збіраюцца анёлкі,

з райскіх градкаў лекавыя зёлкі…

святаяннік, пакаяннік ды бязгрэшнік,

ад сардэчных болесцяў суцешнік…

берасцянкі, шчыглікі, сінічкі

песняй спеляць зёлкі ля крынічкі…


Сыплюцца пясчынкі проста з раю,

буслікі з буслянак іх збіраюць,

на шнурочкі ніжуць для аздобы,

буслікі не ведаюць хваробы…

Лазурыт, тапаз, карунд, алмаз…

перад райскімі слядкамі згас…


А нястомная крынічка б'ецца,

папраўляе стомленае сэрца…

Выпі, Сонейка, крынічнае вады

ад пякучкі, здрады, глухаты…


Тварык змый крынічнаю вадой…

Душачку малітвай супакой…

Уздыхні ў нязведаны бязмеж…

Пачытай сабе крынічны верш!...

Святыя крыніцы

Ды не прыдумалі мацнейшых лекаў,

чым кроплі чыстыя крынічных рэкаў…

Крынічная вада рачулкі Гаўі

ад цяжкіх болесцяў дапамагае…


Душы збалелай час ляцець у вырай?

Дык, умацуй вадзіцаю са жвірам!

Вучыся ад людзей - крынічак духу!

Не можаш працаваць? Малітвы слухай!

Сястрыца Нёмана - Гаўя

Рэчанька Гаўя

хмаркі гайдае

між берагамі

ды жвірам…


У жвір загарнецца,

у вір акунецца

ды адлятае ў вырай…


Гаўя-малеча

бегла здалеча,

як аблачынка худая…


Ускочыла ў Нёман,

тут яна дома,

сястрыца Нёмана - Гаўя.

Сляза матуліна - Гаўя

Сляза матуліна - Гаўя -

самотная, знемагае!

Не цешыцца салаўямі,

з гаем вясну не гукае!


Дзе вы, дзеці, на лодачках,

на чаўнах, на балейках -

у Бурдуках, у Суботнічках,

у сонных Залейках?!


Смела ў чародкі збірайцеся -

басанож, загарэлыя, голыя!

На мурожных лугах не знікайце,

драчы, качаняты вясёлыя.


На самаробных плытах

сплывайце ў бурлівы Нёман!

Гаўю - родавы шлях,

не пакідайце нікому!

Паміж берагамі Гаўі

Божа, я ўдзячна малітву складаю

за гэтыя цуды, якіх я не маю:

за ціхую рэчаньку Гаўю…


…за тую крынічку, як божую пстрычку,

за бухту, лагодную, бы маляўнічку, -

скакалі з абрыву,

як кропелькі з хмаркі,

худыя пачваркі,

бяз майткаў - галечы,

падсмаленыя - загарэлыя плечы, -

і, дзякуй Тваёй міласэрнай апецы,

што мы не паскручвалі каркі…


…за ўсе азяркі,

дзе ліні, акунькі

і ўсе плывункі мелі схоўкі…


Азёры, як студні,

з дыханнем прыблудным…

і мутныя чортавы змрокі…


Хто ў іх з непрытомнасці ўскочыў,

стаў прывідам-пострахам ночы…


Мой Божа, Табе я малітву складаю,

і дзякуй за рэчаньку Гаўю:


вадзіцай напоіць,

балячкі загоіць -

нырцуй сабе між берагамі…

Рэчанька Гаўя паэтак натхняе

Святлана Варонік,

абагулены вобраз

святой наіўноты…


Няўжо ты

ніколі

без болю,

у няволі - на волі,

без нотаў…

не іграла на хвалях рэчанькі Гаўі

свае экспромты-экзоты?

У Суботніках у суботку,

не забудзь пра маю знаходку,

пра Светку, дамаседку-паэтку,

ды пра Вароніка, зялёнага коніка…


апаўночы,

калі аднойчы

маладзёны

знайдзёны таямнічую

папараць-кветку…

Каб толькі не трапіла ў клетку!


Па Гаўі можна хадзіць у разведку!

Наіўна

Можна спачатку пачуць толькі гук,

паслухаць сэрца наіўны стук…

Калі ж нерытмічна тахкае сэрца,

І слоўца, як рыбка, у нерадзе б'ецца…


Думка ўрываецца, як натхненне,

як слязіна мутная ў воку…

А ты пераскоч праз сваё вымярэнне,

замры ў эпіцэнтры скоку.


…сэрца маё, нібы рэчанька Гаўя,

У Нёман перабягае…


Набухае, ламаецца лёд -

рэчанька Гаўя мяняе ход.

Разальецца раптоўна неяк

ад Дзівонішкаў да Залеек…


ад Сонтакаў да Казечына

дзівы дзеюцца недарэчныя.

Гаўя робіцца небяспечнаю -

шчупакі заплываюць у печы…


Адкуль у рэчанькі дзікія норавы -

ператвараецца ў бруднае мора,

падмывае карчы, валуны…

на Царкеўнішчы будзіць званы.


Напіваецца бор сасмяглы,

Пятры, Павалокі, Сяглы…

з-пад карчоў павылазілі д'яблы.


Мерцвякі блукаюць па хатах

ды палохаюць непамагатых…


З Альхоўкі ў Мядзведзеў лог…

ні грудкоў, ні брадкоў, ні дарог!

Гады набрынялі, як цмокі…

плавае цыклоп аднавокі.


Цяпер зусім невядома -

дзе рэчанька Гаўя, дзе Нёман…

і калі паводка ўгамоніцца,

ападзе ў балоты-бяздонніцы?


Ці там не звядуцца сініцы…

журавінкі, жабы і жоравы?

І калі спадзе гэта морыва?


…Толькі Біскупцы

застаюцца на выспачцы…

Можна выпрастацца,

Можна выспацца!


…Ды прыходзіць святая Вербніца,

распушыцца вярба, вербалоз.

Гаўя ў берагі свае вернецца.

Вялікдзень! Хрыстос Уваскрос!

Развітанне

Разліваецца паводкай стома.

Адплываю ў спрадвечны Нёман,

у вершы Божанькі-рыбалова…

…На пачатку было Слова.

11 студзеня 2022 г.

Псальм 91. Да Божай апекі

(адвольнае пераўстварэнне)

Хто прабывае ды ў Божай печы,

за Ўсемагутнага плечы

схаваны, -

так прашаптаў да Пана:


"Схоўка мая і Цвярдыня,

мой Божа, якому веру!


Ён мяне вызваляе

ад згубнага слова д'ябла,


срэбным перыйкам атуляе

у залатое крылле,

мацунак мой ад бяссілля,

зорак начных карона:

- Ён мой шчыт і заслона.


Не палохайся начной цемры,

ні стралы, пацэленай днём,

ані заразы паўзмроку,

ані мору, што слепіць вока.


Тысяча зваліцца ля твайго левага боку,

дзесяць тысяч - каля правіцы:

цябе гэта не напаткае,

толькі не забудзь памаліцца.


Ты на ўласныя вочы ўбачыш

з грэшнікамі расплату…


Ты ж маеш Пана, як мышка норку…

Абаронцы Найвышэйшага Ўладу.


Нядоля да цябе не прыстане,

Пярун не падпаліць хаты…


Сваім анёлам Пан загадае,

каб бераглі твае сцяжынкі,

і будуць насіць цябе на руках,

каб на камені ног не параніў.


Будзеш хадзіць па вужах і змеях,

затопчаш ільва і цмока.

"Яго Я вызвалю, бо ён Мяне выбраў,

абараню, бо Мяне паклікаў.


Пакліча Мяне, яго Я пачую,

буду з ім у яго адчаі,

вызвалю і ўзвялічу,

умацую доўгім жыццём,

збаўленне яму падарую!"

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX