М.Мажэйкава ўпершыню згадваецца ў 1511 г. у прывілеі вялікага князя ВКЛ Жыгімонта І Старога аб падараванні вёскі Шымкі Мацкавічу. Далей належала Яну Шымкавічу (сыну Ш.Мацкавіча, Палубенскім і іншым [9].
Да 1868 г. М.Мажэйкава належала Румэрам. Эмілія Румэр выйшла замуж за Рамуальда Кастравіцкага, атрымаўшы М. Мажэйкава ў спадчыну. Іх дачка Казіміра ўнесла гэты маёнтак, як пасаг, свайму мужу Аляксандру Брахоцкаму (герб Праўдзіц ). Апошнім гаспадаром сядзібы быў унук Аляксандра - Андрэй Брахоцкі [3]. Ён нарадзіўся ў 1895 г. у М.Мажэйкаве. Клясычную гімназыю скончыў у Вільні, а ў 1914 г. быў залiчаны на аграрны факультэт Рыскай палітэхнікі. У 1916 г. быў мабілізаваны ў войска, дзе атрымаў першы афіцэрскі чын прапаршчыка. У 1918 г. уступае ў Афіцэрскі легіён 1-га корпусу генерала Доўбар-Мусніцкага і ў ліпені 1918 г. вяртаецца ў М.Мажэйкава, каб фармаваць аддзелы польскага войска ў акрузе.

Разам з 13-м палком уланаў у аддзелах генерала Л.Жэлігоўскага прымаў удзел у баях за Вільню. Узнагароджаны найвышэйшым польскім ордэнам "Virtuti Militari" і крыжам заслугі "Litvy Srodkowej".
У 1921 г. вышаў у рэзэрв і прадоўжыў адукацыю ў Варшаўскай палітэхніцы, якую скончыў у 1927 г. з дыпломам інжынера-гідратэхніка. У 1931 г. становіцца гаспадаром М.Мажэйкава. Актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці Лідчыны і ў працы Віленскага таварыства сяброў навукі, якому дапамагаў матэрыяльна.
З верасня 1939г. звестак аб Андрэю Брахоцкім няма [4].У спісу польскага бізнесу 1929 г. ен запісаны землеўладальнікам, адрас: станцыя Скрыбаўцы вул. Дубенска 149.
Cядзіба М.Мажэйкава знаходзіцца на усходняй ускраіне вёскі, створана у 19 ст. [2]. На прыканцы 18 ст. і пачатку 19 ст. Румэры пабудавалі вялікі мураваны двор. Аляксандр Брахоцкі прадоўжыў будоўлю і канчатковы выгляд сядзіба прыняла ў 1908-1910 г. Панскі дом замест гонту быў пакрыты бляхай, зроблена ўнутраная перабудова. У левай палове дому змяшчаўся вялікі холл, сцены былі ўпрыгожаны аленімі рогамі і ваўчынымі галовамі. У правай палове - чатыры пакоі, найвялікшым з якіх была сталовая [3].
Зараз у сядзібе знаходзіцца сельсавет.
Сядзібны комплекс складаўся з трох зон: цэнтральнай - жылой, заходняй - гаспадарчай і ўсходняй - паркавай. Сядзібны дом - мураваны, прамавугольны, аднапавярховы будынак з двухсхільным дахам. Цэнтральная частка з мансардавым паверхам і чатырохкалённым дарычным порцікам. У гаспадарчай зоне знаходзяцца дзве атынкаваныя пабудовы: маслабойня і стайня - у класычным стылі, ад пачатку крытыя гонтам.
Усе тры будовы зараз прыведзены у добры стан, аднак адрамантаваны без уліку гісторыка-архітэктурных асаблівасцей аб'ектаў: пакрыты чырвонай дахоўкай.
Сядзібны парк займаў плошчу ў 6 га. Некалькі ліпавых алей разбiвалі парк на сэктары. Дрэвы былі высаджаны так, што іх галіны на вышыні 2,5м скіраваныя да сярэдзіны дарожак, стваралі гатычныя тунэлі. Парк злучаўся з садамі, якія раслі з тыльнага боку панскага дома [3].
Зараз сядзібныя сажалкі ў гаротным стане, паўднёвая на палову засыпана . Ад парку амаль нічога не засталося.
У пісьмовых крыніцах Вялікае Мажэйкава вядома з пачатку 16 ст. як фальварак у складзе Жалудоцкай воласці Трокскага ваяводства. З канца 16 ст. увайшло ў склад Лідскага павету. Да 1886 г. было цэнрам Вялікамажэйкаўскай воласці. У 1690 г. вёска налічвала 184 дамы. У 1885 г. чыслілася 67 рэвізскіх душ .
Сядзібна-паркавы комплекс знаходзіцца на паўночнай ускраіне вескі [11]. Адбудова сядзібы пачалася на пачатку 18 ст. пры Адаме Тадэвушу Хадкевічу . Комплекс аб'ядноўваў сядзібны дом, вялікі парк (10га), адпачатку з трох бакоў акружаны пладовым садам, мураваную агароджу, флігель, гаспадарчыя пабудовы : сабакарня, лядоўня, два дамы прыслугі - левы і правы, лямус, вялікі склад , альтанка, капліца (пабудаваная ў другой палове 18 ст., на пачатку 20 ст. была рэстаўравана па плану архітэктара Тадэвуша Раствароўскага), фантан, млын, дзве сажалкі, побач с сядзібай вінакурня 1839 г. [10] і піцейны дом [12].
У 1913 г. маянтковая винакурня (паравы рухавік у 25 к.с. і 7 рабочых) вырабіў 30 000 вёдзер гарэлкі на суму 22 тыс. рублёў [12].
Лічылася што агульны выгляд сядзібнага дома захаваўся толькі на малюнку Н.Орды [5], але пад час экспедыцыі лета 1999 г. сярод жыхароў В.Мажэйкава был знойдзены фотаздымак пачатку стагоддзя, на якім так сама бачны сядзібны дом і агароджа.
Сядзібны дом - будынак простакутнай формы на высокім падмурку з высокім ламаным гонтавым дахам. Па абодвух баках ад сядзібы сімэтрычна стаялі два аднатыпных будынка прыслугі (левы і правы) знешне падобныя на сядзібны дом. Згодна з мясцовай традыцыяй у іх месцілася панцэрная харугва Хадкевічаў. У абодвух будынках былі стайні на 20 коней і памяшканні для вершнікаў. У 19 ст. абодва дамы былі перапланаваны пад жытло для прыслугі. У 1920 г. згарэў левы дом. Зруйнаваны сядзібны дом згарэў ў 1915 г. у гады 1-й Сусветнай вайны, захаваліся толькі дзве калоны агароджы і вялікая куча друзу.
Aпошні гаспадар В.Мажэйкава - Міхал Верашчака з большага перабудаваў ацалелы правы дом пад жытло для сябе. Пакоі былі старанна адрамантаваны , але ужо не было ні каштоўнай мэблі, ні каштоўных твораў мастацтва [10].
Сядзібны парк знаходзіцца ў занядбаным стане: зарослы і засмечаны. Бачна, што працяглы час не даглядаўся. Ліхтары і прымітыўныя сталевыя альтанкі савецкіх часоў паразбіваныя і павывернутыя.
Раней меў сімэтрычную рэгулярную планіроўку. Складаўся з параднага партэра і сістэмы баскетаў, падзеленых сеткай грабавых, ліпавых і кляновых алей. Кампазыцыйная вось парку пачыналася брамай і завяршалася капліцаю. У паўднева-усходняй частцы парку была альтанка.
Ад альтанкі захаваліся прыступкі і падмурак.
У заходняй частцы знаходзіўся флігель. Ен прамавугольны, мураваны і атынкаваны. Вырашаны ў класічным стылі. Захаваўся адносна добра, месцамі абсыпалася атынкоўка. Выкарыстовыўваецца як жылы дом.
Вялікі склад і лямус размешчаны ў цэнтры сядзібы . Лямус двухпавярховы, квадратны ў плане будынак, аздоблены вонкавай драўлянай галерэяй на ўзроўні другога паверху. Першы паверх мураваны, другі драўляны. Вялікі склад і лямус захаваліся ў адносна добрым стане. У абодвух зараз калгасныя склады.
Мураваная агароджа захавалася фрагмэнтамі. Захаваліся рэшты слупоў брамы.
Лядоўня і сабакарня знаходзяцца з паўночнага боку саду, што мяжуе з вуліцаю Леніна. Абодва будынкі ў добрым стане. Над дзвярыма лядоўні захавалася дата маляваная фарбаю - 1790. Сведчанні аб будынку адсутнічаюць у даведніках.
Лядоўня мае вялікія лехі, там знаходзіцца студня . Сцены маюць таўшчыню каля 1м. Зараз лядоўня прыстасавана пад жытло.
Дом прыслугі захаваўся добра, зараз жылы дом.
Капліца і фантан не захаваліся.
Млын часткова захаваўся .
Дзве сажалкі зарослыя, у благім стане.

Жыхары В.Мажейкава памятаюць, што апошні гаспадар сядзібы быў з роду Верашчакаў. На пачатку 16 ст. сядзіба, якая абядноўвала Вялікае і Малое Мажэйкава належала Міхалу Гагіну, намесніку мазырскаму, які прыняў удзел у здрадзе М.Глінскага. Таму кароль Жыгімонт Стары перадаў маёнтак Івану Тышкевічу. Унучка І. Тышкевіча - Аляксандра (памёрла ў 1593 г.) выйшла замуж за Аляксандра Хадкевіча (памёр у 1578 г.) - старасту гарадзенскага, і, такім чынам, сядзіба перайшла да роду Хадкевічаў.
Але ўжо ў 17 ст. маёнтак належаў Нарушевічам. Каля 1666 г. Аляксандр Нарушевіч (памёр у 1668 г.) - падканцлер Вялікага Княства Літоўскага перапісаў В.Мажейкава разам з Дзікушкамі і Лябёдкай для сваей жонкі Аляксандры з Сапегаў. Цэцілія Соф'я Сапежанка (1688-1762 гг.) у 1710 г. выходзіць замуж за Яна Караля Хадкевіча (1686-1712 гг.) і В.Мажейкава на доўгі час становіцца дзядзінцам Хадкевічаў. У маентку доўгі час жыў Адам Тадэвуш Хадкевіч (1711-1745 гг.) ваявода берасцейскі, пашлюбаваны з Евай Чапскай (памёрла ў 1769 г.). Як доўга маёнтак належаў іх нашчадкам невядома , але ужо іх сын Ян Мікалай Хадкевіч (1738-1781 гг.) жыў у в. Турец на Навагарадчыне.
Невядома ў каго ў 1826 г. В.Мажейкава купіў Кароль Рафаіл Грабоўскі герба "Окша" (памёр у 1857 г., пахаваны ля касцела ў в.Ішчолна; глядзі "Лідскі Летапісец" № 8-1999г. старонка № 21) падкаморы пружанскі, сын Феліцыяна Грабоўскага, маршалка пружанскага, суддзі апеляцыйнага суда пружанскага, а потым лідcкага. Ад Караля Рафаіла Грабоўскага маёнтак перашоў да ягонага сына Станіслава, які не маючы сваіх нашчадкаў, перадаў маёнтак сваім сестрам - Тэадозыі Аскерка і Францішкі Верашчакі. У выніку сямейнай дамовы 1923 г. дзядзінец у 6000 га. быў падзелены між Аскеркамі і Верашчакамі ў прапорцыі 15/36 да 21/36. Вялікае Мажэйкава заступілі Верашчакі. Апошнім гаспадаром маентка быў Міхал Верашчака (жанаты на Яніне Ельскай). Міхал Верашчака нашчадкаў не меў, і на ім згас род Верашчакаў, да якога непасрэдна належала міцкевічава Марыля Верашчака [10]. У спісу Польскага бізнесу1929 г. ёсць адрэс М.Верашчакі : В. Мажэйкава 1625. У спісу ёсць так сама і Францішка Верашчака. За сям'ёй Верашчакаў акрамя зямлі запісаны так сама і млын і вінакурня.

![]()
![]()
![]()
Заўвагі:
[1] Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць.-Мн.,1986.-С.348.
[2] Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць.- Мн., 1986.-С.242.
[3] Aftanaz R. Mały Możejkow // Zemia Lidzka. Marzec 1999r. № 1(36) S.22.
[4] Zemia Lidzka. Styczen-kwiecien №18/19 . S.25.
[5] Страчаная спадчына.- Мн., 1998. С.161.
Герб горада Ліды, наданы 17 верасня 1590 г.