Папярэдняя старонка: Архітэктура

Стары дом паміж сучасным Ліцэем № 1 і Еўраоптам 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 08-07-2022,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Стары дом паміж сучасным Ліцэем № 1 і Еўраоптам // Лідскі Летапісец. 2021. № 3-4(95-96). С. 74.



Раней я чамусьці не звяртаў увагі на гэты вялікі, драўляны будынак, вокны якога зараз забіты дошкамі і ў якім ніхто ўжо не жыве. Дом стаіць у самым цэнтры горада, паміж сучасным Ліцэем № 1 па вуліцы Ленінская і Еўроптам па вуліцы Гагарына (каардынаты Злева - сучасны здымак з сатэліта, справа - аэрафотаздымак 17.04.1944 г. На абодвух стрэлкай пазначаны будынак, пра які ідзе гаворка. будынка: 53°53'18.7"N 25°17'44.1"E). Праграма-навігатар OsmAnd падказвае, што паштовы адрас будынка - Ленінская, 23 А.

Знешні від дома кажа, што пабудаваны ён недзе ў 1920-х ці, як найпазней, у 1930-х гг. З поўдня да гэтага старога дома прыбудаваны доўгі барак, які можна датаваць 1950-мі гг. Параўнанне сучаснага сатэлітнага здымка і аэраздымка, зробленага 17.04.1944 г., паказвае, што гэты драўляны будынак і насамрэч існаваў да 1944 г.

Вядома, што ў частцы сучаснага ліцэя, пабудаванай на пачатку ХХ ст., першасна знаходзілася жаночая прагімназія [1], потым польская дзяржаўная гімназія [2], потым аддзел Пракуратуры Акруговага Віленскага суда і Карны аддзел Акруговага суда [3]. Адрас былой гімназіі - вуліца Каменская (3-га Траўня), 45. Недалёка ад гэтага будынка, у доме № 53 прадавалася разліўное піва віленскага бровара «Шапэн». Улічваючы вялікую шчыльнасць тагачаснай забудовы, у старым будынку, які мяне зацікавіў, мог месціцца гэты піўны бар. Цікава, што тагачасная розніца паміж домам № 45 і 53 такая самая (8 дамоў), як і зараз паміж ліцэем (Ленінская, 15) і гэтым старым будынкам (Ленінская, 23 А), - усе тыя ж 8 дамоў.

Вуліца Гагарына ў 1920-30-х гг. мела назву "вуліца Домб-Бярнацкага". У тэлефонным даведніку 1939 г., на гэтай вуліцы меўся толькі адзін вялікі будынак - алейня «Шэмен» (вул. Домб-Бярнацкага, 38) [4]. Таварыства «Шэмен» належала нейкаму Шапетыньскаму i суполцы. У 1920-х гг. таварыства месцілася на вуліцы Сувальскай, а пазней пераехала ў будынак па вуліцы Домб-Бярнацкага (сёння - Гагарына) [5]. Ёсць верагоднасць, што ў старым будынку, які мяне зацікавіў, знаходзілася менавіта алейня «Шэмен».

На жаль, ужо няма людзей, якія маглі б расказаць мне пра гэты будынак. Што б ні месцілася раней ў гэтым старым, драўляным гмаху, стаяць яму засталося ўжо няшмат часу, таму хутка ад яго застануцца толькі фотаздымкі.





Здымак будынка, 02.03.2022. Здымак будынка, 02.03.2022. Здымак будынка, 02.03.2022.



[1] Лаўрэш Л. Л. Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг. Гродна, 2017. С. 23-25.

[2] Там жа. С. 158-161.

[3] Там жа. С. 208., 411.

[4] Там жа. С. 409.

[5] Там жа. С. 298.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX