Папярэдняя старонка: Палітыкі

Іван Дрозд 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 25-10-2017,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Іван Дрозд - грамадскі дзеяч і навуковец // Лідскі Летапісец. № 1(85). C. 23.



Іван Міхайлавіч Дрозд нарадзіўся ў 1895 г. [1] у сялянскай сям'і ў вёсцы Прэціма Арлянскай воласці Лідскага павета. З перапісу грэка-каталікоў Арлянскай царквы, вядома, што ў 1829 г. у вёсцы Прэціма жыве тры сям'і Драздоў [2].

Верагодна, як вялікая колькасць беларускіх дзеячоў, Іван Дрозд закончыў настаўніцкую семінарыю. Дакладна вядома, што ў часы Першай сусветнай вайны служыў афіцэрам [3].

У 1920 г. Беларускі нацыянальны камітэт ў Вільні накіраваў Івана Дразда для арганізацыі беларускіх школ у родную Орлю [4]. Пра вынікі яго працы кажа тое, што ў канцы 1920 - пачатку 1921 г. беларускія школы працавалі ў наступных вёсках Арлянскай гміны - Маскалях, Зачэпічах, Дзям'янаўцах, Орлі i Ліпічне [5].

У 1921 г. польскія ўлады пачалі ліквідоўваць беларускія школы на Лідчыне. У красавіку гэтага года інспектар адукацыі Лідскага павета Вус, давёў беларускім настаўнікам, што беларускіх школ у будучым 1922 г. не будзе, «усе зачыніць, а настаўніц і настаўнікаў ён церпіць толькі часова, думаючы, што з іх выйдуць добрыя настаўнікі польскіх школ, а не беларускіх» [6]. Справы інспектара Вуса не разыходзілася з ягонымі словамі. Увосень 1921 г. былі зачынены беларускія школы ў вёсцы Сарокі Арлянскай воласці, «дзе жывуць выключна беларусы, а замест яе лідскі школьны інспектар п. Вус стараецца адчыніць польскую» [7], з гэтай інфармацыі бачна, што Дрозд паспеў адкрыць беларускую школу і ў Сароках.

Іван Дрозд меў вялікі аўтарытэт сярод сваіх землякоў. Беларуская прэса паведаміла, што ўвосень 1921 г. валасная рада Арлянскай гміны Лідскага павета выбрала войтам гэтай «воласці свядомага селяніна-беларуса з вёскі Прэціма, настаўніка Янку Дразда, але стараста павета не зацвердзіў яго на пасадзе» [8].

Трэба сказаць, што ў тыя часы беларускія партызаны вялі сапраўдную вайну супраць польскіх уладаў, і якраз вясной 1922 г. яны перайшлі да актыўных баявых дзеянняў. Як заўжды ад ваеннага стану цярпела мірнае насельніцтва: «Звяртаем увагу паслоў дэмакратычных партый у польскім Сейме. З в. Воля Арлянскае ... воласці палякамі забраны гр. Мікалай Павачка, якога хацелі застрэліць толькі за тое, што ён казаў, што без валасных прыказаў жаўнеры ня маюць права браць падводы адзіночнымі асобамі. Калі гр. Павачка ўказаў, што ў дэмакратычнай дзяржаве так нябывае, як яны робяць, то яго забралі як контррэвалюцыянера і адаслалі чамута ня ў Ліду, а ў Слонім, а з Слоніма пашлюць у Варшаву ці Кракаў. Дзеля таго, каб узяць на парукі, патрабуе польская ўлада залогу 60 000 марак» [9].

Якраз у 1922 г. Іван Дрозд быў абвінавачаны ў падбухторванні сялян і арыштаваны, але настаўнік аказаўся сапраўдным зухам і ўцёк з Арлянскага паліцэйскага пастарунка ў Літву [10]. Праваслаўны святар Арлянскай царквы а. Васіль Харлап казаў, што Іван Дрозд меў кантакты з беларускім урадам Вацлава Ластоўскага ў Коўні [11]. З Коўні настаўнік перабраўся ў Менск і напісаў свайму сябру, фельчару ў Орлі і беларускаму актывісту Аляксандру Бучу, што ў Менску ён «вучыцца ў інстытуце» [12].

У БССР атрымаў вышэйшую адукацыю. У 1930 г. уступіў у ВКП(б). Быў жанаты. Арыштаваны 04.11.1935 г. у Горках. Падчас арышту працаваў дацэнтам кафедры палітэканоміі Горацкага сельскагаспадарчага інстытута. 27.03.1936 г. асуджаны асобай нарадай пры НКВД за «антысавецкую агітацыю і шпіянаж» да 3 гадоў ссылкі ў Казахстан. У канцы 1930-х г. прыгавораны да 10 гадоў папраўча-працоўных работ. Этапаваны ў Волжскі канцлагер Яраслаўскай вобласці. Далейшы лёс невядомы.

У камеры менскай турмы Іван Дрозд сядзеў у адной камеры з заходнебеларускім паслом у Сойм Ігнатам Дварчаніным. Былы беларускі пасол, якога прывезлі з паўночных лагераў па нейкай справе, паведаміў «жудасную гісторыю, як рыхтавалі іх да самапаклёпніцтва, пераконвалі, што гэта патрэбна і карысна партыі, што партыя павінна належным чынам ацаніць іх учынак. Яны перасварыліся паміж сабой... Адмовіліся размаўляць са следчым па гэтым пытанні. Прыйшоў прадстаўнік ЦК і аб'явіў, што гэта воля партыі», - пісаў Дрозд [13].

Іван Міхайлавіч Дрозд быў рэабілітаваны прэзідыумам Магілёўскага абласнога суда 02.02.1957 г. Асабовая справа Д. № 2411-сн захоўваецца ў архіве УКДБ Магілёўскай вобласці [14].



[1] Маракоў Леанід. Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. Мінск, 2004. Т. 3. Кн. 1. С. 368.

[2] ДГАЛ. Ф. 634. Воп. 1. Сп. 10. Спіс парафіян Лідскага дэканату 1829 г. Арк. 349-367.

[3] ДАГВ. Ф. 200. Воп. 2. Спр. 21. Арк. 53 адв.

[4] Там жа.

[5] Ляхоўскі Уладзімір. Беларуская справа падчас польскай акупацыі 1919 - 1920 гг. // Спадчына. 1994. № 6. С. 67.

[6] Наша Думка, № 21, 27 траўня 1921.

[7] Беларускія Ведамасьці №9, 7 лістапада 1921.

[8] Там жа.

[9] Наша Думка, № 21, 27 траўня 1921.

[10] ДАГВ. Ф. 200. Воп. 2. Спр. 21. Арк. 343.

[11] Там жа. Арк. 53 адв.

[12] Там жа. Арк. 4.

[13] Савіч А. А. Эпісталярная спадчына М.С. Арэхвы як крыніца па гістарыяграфіі Заходняй Беларусі // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманітар. навук. 2014. № 1. С. 61.

[14] Маракоў Леанід. Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. Т. 3. Кн. 1. С. 368.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX