Папярэдняя старонка: Агульная інфармацыя

Вытокі шляхты ВКЛ: землеўладальнікі беларускага Панямоння 


Аўтар: Данскіх Сяргей,
Дадана: 22-10-2007,
Крыніца: Данскіх Сяргей. Вытокі шляхты ВКЛ: землеўладальнікі беларускага Панямоння // Герольд Litherland. 2004. №3-4 (15–16). С. 110-112.



Станаўленне шляхецкага стану ВКЛ доўгі час успрымалася як малазначная для беларускай гістарыяграфіі праблема. Уся шляхта аўтаматычна залічвалася да палякаў і гэткім чынам выпадала за межы "нацыянальнай" гісторыі. Гісторыкі канца ХХ ст. - другой хвалі беларускага Адраджэння - разглядалі ўсю шляхту беларускіх зямель ВКЛ як беларускую, але спаланізаваную з цягам часу. Абгрунтоўваючы гэтыя погляды савецкія гісторыкі спасылаліся на крыніцы XVIII-XIX ды нават пачатку XX ст., а беларускія - часцей узгадвалі тэксты XVI-першай паловы XVII ст. Уласна вытокі беларускай шляхты, якія прыходзіліся на часы фарміравання ВКЛ, амаль не закраналіся даследчыкамі. Гэта датычылася як усёй Беларусі, так і памежнага Панямоння. Неўзабаве, далучэнне беларускіх даследчыкаў да еўрапейскай навуковай прасторы, дазволіла пазнаёміцца з малавядомымі заходнееўрапейскімі крыніцамі, якія шмат у чым дапамаглі ў разуменні беларускага мінулага.

Адной з такіх крыніц з'яўляецца "Паведамленне аб літоўскіх шляхах" - "Die Littauischen Wegeberichte", якая паўстала на мяжы XIV-XV ст. напярэдадні "Вялікай вайны" Польскага каралеўства і ВКЛ з Тэўтонскім ордэнам. "Паведамленне аб літоўскіх шляхах" было надрукавана ў другім томе "Scriptores Rerum Prussicarum" у Лейпцыгу ў 1863 г. [1]. Цяжкадаступную ва ўмовах Горадні крыніцу нам ласкава прадставіў гарадзенскі гісторык Генадзь Семянчук. "Паведамленне аб літоўскіх шляхах" утрымлівае апісанне дарог праз тэрыторыю заходняй часткі ВКЛ, у большасці сваёй зробленых паміж 1385 і 1404 г. 53 дарогі датычацца тэрыторыі Жамойці і 47 - Аўкштоты, якая ў паведамленнях крыжацкіх шпіёнаў атаясамляецца з Вялікай Літвой: "Auxteten oder Ober-Lіttauen". Фактычна, у інтэрпрэтацыі крыжакоў, гэта басейн ракі Мерачы (Мяркіса, сучасная літоўская Дзукія) і Нёмана да ўпадзення ў яго Мерачы (сучаснае беларускае Панямонне). На беларускае Панямонне з дадзенага спісу цалкам ці часткова прыпадае 2 дарога.

Шпіёнаў ды інфарматараў Ордэна - Паўла, Урбана, Івана і Астапку - ў першую чаргу цікавілі накірункі руху арміі, адлегласці паміж паселішчамі, наяўнасць вады і харчавання. Але часам яны ўзгадвалі імёны ўладальнікаў тагачасных беларускіх вёсак і двароў. Уласна гэта інфармацыя і можа разглядацца як крыніца па станаўленні шляхецкага стану ў беларускім Панямонні.

Большасць паселішчаў, у дачыненні да якіх узгадваюцца ўладальнікі, з'яўлялася княжацкай - "каралеўскай" - уласнасцю: Ашмяны, Біюцішкі, Цялежышкі, Васілішкі, Астрына, Азёры, Дзелятычы, Ізабелін. Толькі ў адным выпадку - у дачыненні да Азёраў - удакладняецца, што гэтым каралём быў Вітаўт. Горадня, Ліда, Наваградак ды Слонім ніколі не разглядаюцца як княжацкая ці прыватная ўласнасць. Верагодна, тут праявіў сабе нямецкі сярэднявечны стэрэатып, што горад з'яўляецца вольным суб'ектам грамадска-палітычнага жыцця і не можа быць прыватнай уласнасцю. Што датычыцца іншых уладальнікаў, то іх варта разбіць на дзве ўмоўныя групы: "ашмянскую" ды "лідскую".

На тэрыторыі будучага Ашмянскага павета хронікі крыжаносцаў зафіксавалі наступных уладальнікаў:

" Ангемунда (Гальшаны: "in Ongemundes hoff Galschan").

" Андрушку (Іўе і вёска ў ваколіцах Ашмянаў);

" Андрэя (уладальнік паселішча на шляху ад Гальшанаў да Вільні);

" Андрэя Патрыкеявіча (уладальнік невядомага зараз паселішча паміж Трабамі і Гальшанамі);

" Гаштольда (Геранёны); " Івана Патрыкеявіча (уладальнік вёскі ў міле на захад ад Ашмянаў: "Ywandorf Patrikeson");

" Манівіда (уладальнік вёскі паміж Геранёнамі і Трабамі);

" Манстына (уладальнік паселішча на шляху ад Гальшанаў да Вільні);

" Патрыкея (уладальнік паселішча на шляху ад Гальшанаў да Вільні);

" Сурвіла (Сурвілішкі каля сучасных Трабаў - "Surwillendorfe");

Магчыма, што Андрушка, Андрэй і Андрэй Патрыкеявіч з'яўляліся адной асобай, братам якой быў Іван Патрыкеявіч, а бацькам ці сваяком узгаданы вышэй Патрыкей. З вялікай верагоднасцю можна казаць, што ў дадзеным выпадку мы маем дачыненне з сапраўднай шляхецкай сям'ёй .

На тэрыторыі будучага Лідскага павета крыжакі адзначылі наступных уладальнікаў:

" Васюту (уладальнік вёскі на поўдзень ад Ражанкі: "Waisedendorf");

" Гасцілку (вёска "Hostilkandorf" на ўсход ад Горадні ў накірунку Ражанкі);

" Куманта (Ражанка); " Сангайла (Ліпічна);

" Сцегявіла (Жалудок і землі ўздоўж ракі Лябёды: "Stegewillen lant").

Дарэчы, на сучасным беларуска-літоўскім памежжы, паміж Мераччу ды Ашмянамі адзначаюцца ўладанні Івана, Мантэгірда, Ганнуса. Але незразумела на беларускім ці літоўскім баку трэба лакалізаваць іх паселішчы.

Як вынікае са звестак "Паведамлення аб літоўскіх шляхах" шляхта беларускага Панямоння мела як славянскае, так і балцкае паходжанне. Прычым немагчыма сцьвярджаць, што нейкія тэрыторыі былі пераважна славянскімі/хрысціянскімі, а іншыя балцкімі/паганскімі. У імёнах Васюты, Гасцілкі і, верагодна, Куманта можна нават бачыць славянаў-паганцаў. Адсюль паўстае заканамернае пытанне - наколькі ў сярэднявеччы ўвогуле варта разглядаць этнічнасць ці канфесійнае адзінства як фактар фарміравання дзяржавы ці стану? Можа іерархія асабістай адданасці шляхетнай асобе мела больш важнае значэнне?

Літаратура і крыніцы:

  1. Die littauische Wegeberichte.// Scriptores rerum Prussicarum.- Leipzig, 1863.- T.2.
  2. Tegowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczow.- Poznan-Wroclaw, 1999.
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX