Даследаванні па гістарычнай дэмаграфіі Расійскай імперыі на рэгіянальным узроўні разгарнуліся на постсавецкай прасторы ў пачатку 1990-х гг. У іх актыўна ўключыліся навукоўцы Масквы, Санкт-Пецярбурга, Барнаула, Яраслаўля і інш. Увага даследчыкаў была сфакусавана на вывучэнні дэмаграфічных паказчыкаў розных рэгіёнаў Расійскай імперыі ў гістарычнай рэтраспектыве. Абапіраючыся на так званыя масавыя крыніцы (метрычныя кнігі, рэвізскія казкі, споведныя ведамасці і інш.), навукоўцы разглядалі пытанні нараджальнасці, шлюбнасці, смяротнасці і працэсы міграцыі.
Прыемна адзначыць, што практычна адначасова аналагічныя даследаванні былі распачаты ў Беларусі Вячаславам Насевічам. Аўтар выкарыстаў напрацоўкі вядучых спецыялістаў гістарычнай дэмаграфіі С. Хока, Л. Анры, Дж. Хайнала, П. Ласлета [1]. Падчас аналізу дэмаграфічных паводзін насельніцтва Насевіч паспяхова спалучыў прымяненне колькасных метадаў апрацоўкі інфармацыі і апісальнай статыстыкі. Вынікі гэтай вялізарнай працы падведзены ў кнізе "Традыцыйная беларуская вёска ў еўрапейскай перспектыве" [2]. Манаграфія ўяўляе сабой комплекснае мікрагістарычнае даследаванне, якое адлюстроўвае ўзаемасувязь гісторыі рэгіёна і яго дэмаграфічных характарыстык.
Аб'ектам вывучэння В. Насевіча стала тэрыторыя Кораньшчыны, якая ўяўляла сабой адзіны ўладальніцкі комплекс. Маёнтак Корань Менскай губерні з'яўляўся часткай каталіцкай парафіі. Паселішчча Корань было вядома з XIV стагоддзя. Даследчык прасачыў гісторыю народанасельніцтва гэтага рэгіёна з XIV па сярэдзіну XX ст. Адносна перыяду другой паловы XVIII - першай паловы ХIХ ст. В. Насевіч абапіраўся ў першую чаргу на наступныя крыніцы: інвентары, метрычныя кнігі, рэвізскія казкі і рэвізіі насельніцтва Расійскай імперыі. Да гэтага часу гэта адзінае манаграфічнае даследаванне пытанняў гістарычнай дэмаграфіі ў беларускай гістарыяграфіі.
Для параўнальнага аналізу гістарычна-дэмаграфічнага партрэта лідскай шляхты вялікае значэнне маюць вынікі грунтоўнага артыкула Сяргея Токця. Артыкул прысвечаны дэмаграфічным параметрам і аналізу структуры хатніх гаспадарак маёнтка Скідзель Гарадзенскага павета Гарадзенскай губерні [3]. У якасці аб'екта даследавання аўтар вылучыў чатыры сацыяльныя групы: сяляне маёнтка Скідзель (1740 чал.), сяляне мястэчка Скідзель (259 чал.), мяшчане-яўрэі мястэчка (1014 чал.), аднадворцы Індурскай грамады (906 чал.) по дадзеных на 1858 г. Аднадворцы Індурскай грамады пражывалі ў 32 населеных пунктах, якія былі раскіданыя па тэрыторыі Гарадзенскага павета [4]. Гэтая сацыяльная група была сфарміравана расійскімі ўладамі ў выніку рэалізацыі ўказа 19 кастрычніка 1831 г. "Аб разборы шляхты ў Заходніх губернях і аб упарадкаванні такога роду людзей" [5]. У яе склад увайшлі прадстаўнікі шляхты, якія не здолелі пацвердзіць сваё дваранскае паходжанне. Паказчыкі, характэрныя для гэтай групы, найболей цікавыя нам у якасці магчымага аб'екта для параўнання.
У дадзеным артыкуле на падставе павятовага спісу 1835 г. у першую чаргу разглядаюцца наступныя дэмаграфічныя параметры шляхты Лідскага павета: полаўзроставы склад, шлюбныя стасункі, тыпы сямейных гаспадарак.
"Ведамасць алфавітная аб дваранах Лідскага павета Віленскай губерні і іншых губерняў, зацверджаных у дваранстве ў Гарадзенскім і іншых дваранскіх дэпутацкіх сходах 1835 г." (1963 чал. абодвух палоў) [6] была складзена на падставе пасямейных спісаў дваран. На працягу якога перыяду яны збіраліся, аўтару артыкула невядома. Прысутнасць у спісе вядомых гістарычных асобаў дазваляе ўдакладніць іх узрост. На гэтым шляху сустракаюцца непрыемныя, але добра знаёмыя даследчыкам, якія працуюць з расійскай дакументацыяй ХІХ ст., сюрпрызы. Так, калі ўзрост графа Ваўжынца Путкамера ў спісе (40 гадоў) адпавядае даце яго нараджэння [7], то Тэадору Нарбуту згодна са спісам было 42 гады. На самой справе, ён нарадзіўся 28 кастрычніка (8 лістапада) 1784 г. [8], г.зн. у 1835 г. яму было не менш за 49 гадоў. Можна выказаць здагадку, што для складання агульнага спісу дваран павета не заўсёды выкарыстоўваліся абноўленыя пасямейныя дадзеныя. Відавочна, павятовы маршалак, у абавязкі якога ўваходзіла падпісваць падобныя дакументы, не падвяргаў іх праверцы, што змяншае дакладнасць высноў, пабудаваных на іх падставе.
Удакладнім, што статыстычны ўлік у Расійскай імперыі развіваўся паступова і ў 30-я гг. ХІХ ст. быў далёкі ад дасканаласці. Асабліва гэта характэрна для ўліку дваран, як асоб непадатковага саслоўя. У большасці выпадкаў шляхціцы самі складалі патрэбныя спісы. Акрамя таго яны масава ўхіляліся ад уліку, каб пазбегнуць палітыкі "разбору", а таксама неаднаразовых спроб перасялення шляхты былога Вялікага Княства Літоўскага ў аддаленыя расійскія губерні.
Пасля задушэння паўстання 1830-1831 гг. урадавая палітыка "разбору шляхты" ў Расійскай імперыі была значна актывізавана. У адпаведнасці з указамі ад 19 кастрычніка 1831 г. [9] і 11 лістапада 1832 г. [10] дваранскім дэпутацкім сходам забаранялася выдаваць пацвярджэнні дваранства без зацвярджэння Герольдыяй Сената.Тым не менш, у спісе 1835 г. не больш за 4% дваран Лідскага павета былі зацверджаны Герольдыяй.
На жаль, "ведамасць алфавітная" 1835 г. не паказвае веравызнанне дваран.
Можна меркаваць (не заўсёды ясна пазначана ў спісе), што не менш за дзевяць чалавек у павеце мелі вышэйшую адукацыю. Дакладна сцвярджаць гэта можна ў дачыненні да скарбніка павета Юзафа Ельца, прафесара Віленскага ўніверсітэта Юзафа Юндзіла, інжынера-паручніка Казіміра Юндзіла, графа Ваўжынца Путкамера, гісторыка Тэадора Нарбута.
Адзначым высокі ўзровень самапрэзентацыі лідскай шляхты. Калі акінуць вокам спіс 1835 г., то ствараецца ўражанне, што практычна кожны шляхціц у павеце меў ва ўласнасці населены сялянамі маёнтак ці нават некалькі маёнткаў. На самай справе, большасць прадстаўнікоў саслоўя валодалі вельмі сціплымі долямі-ўчасткамі ў шляхецкіх ваколіцах. Беларускі даследчык Я. Анішчанка звярнуў увагу, што пераходы шляхты з маёнтка ў маёнтак у пошуках лепшых умоў для арэнды зямлі, перадача свайго маёнтка ў арэнду "за чынш" на час службы ў буйнога землеўладальніка прыводзілі да складанага перапляцення землеўладання розных асоб унутры аднаго паселішча, дзе ў шляхціцаў гістарычна фармаваліся асобныя радавыя долі, ці часткі [11].
Вельмі важным з'яўляецца пералік у спісе лідскай шляхты 1835 г. усіх жанчын і дзяўчынак, што дазваляе выкарыстоўваць яго ў якасці крыніцы для дэмаграфічных даследаванняў. На падставе вышэйназванага спіса аўтарам была складзена наступная табліца (Табліца 1.).
Табліца 1. Полаўзроставы склад шляхты Лідскагапавета (1835 г.)
Узроставаягрупа (гады жыцця) |
Колькасць (чал.) |
Доля ваўзроставайгрупе (%) |
Суадносіны колькасці жанчын і колькасці мужчын (%) |
||||
Мужчын |
Жанчын |
Асоб абодвух полаў |
Мужчын |
Жанчын |
Асоб Абодвух полаў |
||
Да 1 года |
6 |
3 |
9 |
0,6 |
0,3 |
0,5 |
50 |
1-4 |
108 |
122 |
230 |
10,3 |
13,4 |
11,7 |
113 |
5-9 |
101 |
112 |
213 |
9,6 |
12,3 |
10,9 |
111 |
10-14 |
127 |
106 |
233 |
12 |
11,6 |
11,9 |
83,5 |
15-19 |
94 |
102 |
196 |
9 |
11,2 |
10 |
108,5 |
20-29 |
164 |
151 |
315 |
15,6 |
16,5 |
16 |
92 |
30-39 |
154 |
139 |
293 |
14,6 |
15,2 |
14,9 |
90,3 |
40-49 |
130 |
85 |
215 |
12,4 |
9,3 |
11 |
65,4 |
50-59 |
86 |
53 |
139 |
8,2 |
5,8 |
7 |
61,6 |
60-69 |
48 |
27 |
75 |
4,6 |
3 |
3,8 |
56,3 |
70-79 |
25 |
9 |
34 |
2,4 |
1 |
1,7 |
36 |
80- |
7 |
4 |
11 |
0,7 |
0,4 |
0,6 |
57,1 |
Усяго |
1050 |
913 |
1963 |
100 |
100 |
100 |
87 |
У прадстаўленых дадзеных звярнем ўвагу на памяншэнне колькасці мужчын (на 27%) і яшчэ больш значнае - жанчын (на 38%) ва ўзросце 40-49 гадоў у параўнанні з папярэдняй узроставай групай.
Звернем таксама ўвагу на суадносіны палоў у розных узроставых групах. Ва ўзросце 10-14 гадоў дзяўчынак на 26% менш чым хлопчыкаў. Пачынаючы з 20-гадовага ўзросту, дыспрапорцыя ўзрастае на карысць хлопчыкаў, што назіраецца далей ва ўсіх узроставых групах і дасягае свайго піку да ўзросту 70-79 гадоў. Неабходна ўлічваць, што рэальная дыспрапорцыя была меншай за ўказаную ў спісе. Хлопчыкі, запісаныя ў складзе сем'яў сваіх бацькоў, часта вучыліся ў навучальных установах далёка ад дому.
У старэйшых узроставых групах многія мужчыны таксама не пражывалі ў павеце. Цэнтрамі прыцягнення для тых, хто знаходзіўся на дзяржаўнай службе, былі Гародня і Вільня. Ваеннаслужачыя неслі службу ў воінскіх частках на прасторах Расійскай імперыі. Шляхціцы, якія займалі пасады эканомаў, упраўляючых, канцылярыстаў у прыватных асоб, жылі ў самых розных канцах былога Вялікага Княства Літоўскага. Нягледзячы на вышэйзгаданыя заўвагі, гендэрны дысбаланс, адзначаны ў табл. 1, супярэчыць уяўленням пра суадносіны палоў, якія ўсталяваліся ў сучасным грамадстве.
Паспрабуем параўнаць дадзеныя табл.1 з матэрыяламі, апублікаванымі Сяргеем Токцем. Згодна з вынікамі яго даследавання, сярод аднадворцаў хлопчыкі складалі большасць: ва ўзросце 1-4 гадоў іх на 37 % больш за дзяўчынак, ва ўзросце 15-19 гадоў дзяўчынак менш нават на 42 %, 50-59 гадоў - на 3 %, 60-69 гадоў - на 50%, 70-79 гадоў - на 71%. Сярод сялян хлопчыкі ў большасці апынуліся толькі ва ўзросце да 10 гадоў і ў групе 50-59 гадоў. У апошняй групе іх больш на 14%. У астатніх узроставых групах пераважалі дзяўчынкі і жанчыны [12]. Такім чынам, па спісах сялян і аднадворцаў маёнтка Скідзель за 1858 г. таксама прасочваецца гендэрны дысбаланс на карысць асоб жаночага полу. Выяўлены феномен патрабуе далейшага вывучэння і тлумачэння даследчыкамі.
Паводле звестак С. Токця, значнае зніжэнне колькасці сельскага насельніцтва вёсак маёнтка Скідзель характэрна, пачынаючы з ўзроставай групы 40-49 гадоў. Колькасць сялян у параўнанні з узроставай групай 30-39 гадоў зніжаецца на 33% [13]. Што да аднадворцаў Індурскай грамады, то ў названай узроставай групе колькасць мужчын узрастае на 10 %, затое ва ўзроставай групе 50-59 гадоў падае адразу на 45%. Колькасць жанчын памяншаецца ва ўзросце 40-49 гадоў на 39% [14].
Зноў звернемся да зместу табл. 1. Сярод лідскай шляхты ў 30-я гг. XIX ст. своеасаблівы крытычны момант, калі рэзка зніжаецца колькасць насельніцтва, надыходзіць ва ўзроставай групе 40-49 гадоў, г. зн. у тым жа інтэрвале, што ў сялян і аднадворцаў маёнтка Скідзель. Такім чынам нельга сцвярджаць, што шляхта мела больш высокую працягласць жыцця ў параўнанні з падатным насельніцтвам.
У табл. 2 прыцягвае ўвагу значная колькасць халастых мужчын і незамужніх жанчын у розных узроставых групах. Сярод мужчын ва ўзросце 20-29 гадоў 80,5% былі халастымі, сярод жанчын гэтай узроставай групы 39,7% не выйшлі замуж. Нават ва ўзроставай групе ад 30 да 39 гадоў халастыя мужчыны складалі 46,8%, незамужнія жанчыны - 15,1%. Высокі працэнт халастых мужчын захоўваўся і ў старэйшых узроставых групах.
Названая тэндэнцыя характэрна і для аднадворцаў Індурскай грамады Гарадзенскага павета ў 1858 г. Па падліках С. Токця, ва ўзросце 20-29 гадоў халастымі заставаліся 75,9% мужчын і 59% жанчын былі не замужам, ва ўзросце 30-39 гадоў халастыя мужчыны складалі 28,3%, жанчыны - 14% [15]. Толькі ва ўзроставых групах старэйшых за 40 гадоў удзельная вага халастых і незамужніх аднадворцаў была значна ніжэйшай, чым у шляхціцаў Лідскага павета.
Табліца 2. Шлюбная структура шляхты Лідскагапавета (1835 г.)
Узроставаягрупа (гадоў) |
Мужчыны |
Жанчыны |
||||||
Усяго (чал.) |
Шлюбны стан |
Усяго (чал.) |
Шлюбны стан |
|||||
халастыя |
жанатыя |
удаўцы |
незамужнія |
замужнія |
удовы |
|||
15-19 |
94 |
94 |
- |
- |
102 |
91 |
11 |
- |
20-24 |
83 |
71 |
12 |
- |
71 |
42 |
29 |
- |
25-29 |
81 |
61 |
18 |
2 |
80 |
18 |
60 |
2 |
30-39 |
154 |
72 |
73 |
9 |
139 |
21 |
110 |
8 |
40-49 |
130 |
41 |
81 |
8 |
85 |
11 |
59 |
15 |
50-59 |
86 |
19 |
59 |
8 |
53 |
7 |
26 |
20 |
60-69 |
48 |
8 |
29 |
11 |
27 |
4 |
8 |
15 |
70-79 |
25 |
3 |
11 |
11 |
9 |
2 |
2 |
5 |
80-89 |
7 |
- |
4 |
3 |
4 |
1 |
- |
3 |
Усяго |
708 |
369 |
287 |
52 |
570 |
197 |
305 |
68 |
Аналізуючы спіс лідскай шляхты за 1835 г., можна вылучыць наступныя тэндэнцыі: для забяспечаных дваран характэрны больш позні тэрмін уступлення ў шлюб, а таксама адно-два дзіця ў сям'і. Раннія шлюбы характэрныя для шляхціцаў, якія непасрэдна займаліся сельскагаспадарчай працай. Згодна з пазначаным спісам самыя раннія па ўзросце шлюбы былі заключаны ў сям'і дваран Міхайлоўскіх і Шалевічаў. Жонцы Адольфа Міхайлоўскага (32 гады) Антаніне было 17 гадоў, пры гэтым іх сыну Мечыславу ўжо споўнілася два гады. Шалевічу Тамашу было 23 гады, а ягонай жонцы - 15. Роднаму брату Тамаша Іосіфу было 22 гады, яго жонцы - 14 гадоў.
Мужчыны-ўдаўцы часта бралі другі шлюб. Значна радзей аналагічная з'ява назіралася сярод удоў. У Лідскім павеце пятнаццаць мужчын ажаніліся другі раз, прычым адзін з іх стаў удаўцом двойчы. Для другіх шлюбаў характэрна больш значная розніца ва ўзросце паміж мужам і жонкай, а таксама значная розніца ва ўзросце дзяцей ад першага і другога шлюбаў.
Напрыклад, другой жонцы Юзафа Ельца (59 гадоў) Марыяне было 40 гадоў. Старэйшаму сыну Юзафа ад першага шлюбу Яўстахію споўнілася 26 гадоў, малодшай дачцэ ад другога шлюбу - 2 гады. Другой жонцы Юзафа Вайсяты (40 гадоў) Антаніне было 23 гады, сыну ад першага шлюбу Аляксандру - 17 гадоў, сыну ад другога шлюбу Тадэвушу - 3 гады. Другой жонцы Лявона Шульца (62 гады) было 25 гадоў. Жыццё бывае вельмі разнастайнае і дапускае выключэнні ў кожным правіле. Так, другая жонка Антона Талочкі (40 гадоў) была яго равесніцай. Звярну таксама ўвагу на вельмі шаноўны ўзрост "маладых" бацькоў. Напрыклад, малодшай дачцэ Мацвея Малеўскага (80 гадоў) Юстыне было 3 гады, а малодшай дачцэ Юрыя Наркевіча (80 гадоў) Ганне - 5 гадоў.
Як правіла, у сем'ях лідскай шляхты муж быў старэйшы за жонку. Сярод усіх шлюбных пар было выяўлена толькі дванаццаць, у якіх жанчына была старэйшай за мужчыну. Найбольшая розніца ва ўзросце зафіксавана ў сям'і Антона і Лізаветы Францкевічаў: ім было 29 і 54 гадоў адпаведна. Прычым у спісе пазначана, што ў 1835 г. муж і жонка пражывалі асобна: Антон - у маёнтку Лябёдка (66 прыгонных сялян м. п.), Лізавета - у маёнтку Стары Двор (7 прыгонных м. п.). У дакуменце нічога не сказана пра месца пражывання іх дзяцей: дачок Леакадзіі (11 гадоў) і Стэфаніі (8 гадоў), сыноў Каспера (7 гадоў) і Януша (5 гадоў). Тут цікавы сам факт фіксацыі ў дакуменце раздзельнага пражывання членаў сям'і. У вядомых мне спісах шляхты ўсходнебеларускіх губерняў: Віцебскай і Магілёўскай, падобны феномен у першай палове ХІХ ст. не сустракаецца [16]. Затое ў спісе лідскіх дваран за 1835 г. сустракаецца яшчэ адна шлюбная пара, якая знаходзілася "ў расстанні". Гэта сям'я надворнага радцы Ксаверыя Рылы і яго жонкі Амеліі (з Ромэраў). Месца пражывання дачок Альбярціны (18 гадоў), Стэфаніі (8 гадоў) і сына Канстанціна (7 гадоў) у спісе не пазначана.
Аўтар таксама зрабіла спробу вызначыць узрост уступлення ў шлюб лідскай шляхты. Арыенцірам стаў просты прынцып розніцы паміж узростам мужа і жонкі і ўзростам іх старэйшага дзіцяці плюс адзін год. Такім чынам сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб для мужчын склаў 31 год, для жанчын - 22 гады. Безумоўна, гэты паказчык з'яўляецца прыблізным і патрабуе ўдакладнення па іншых крыніцах.
Яшчэ ў 1960-х гг. брытанскі даследчык Джон Хайнал (JohnHajnal; у рускай транскрыпцыі сустракаецца таксама варыянт Хаджнал) прадэманстраваў перспектыўнасць параўнальнага вывучэння структуры сям'і ў розных рэгіёнах свету. На фоне спрэчак аб тым, якія фактары забяспечылі канкурэнтаздольнасць Захаду ў параўнанні з іншымі, значна больш старажытнымі цывілізацыямі ў Новы час, ён указаў фактар, які паддаваўся колькаснаму вымярэнню: спецыфічны спосаб шлюбных паводзін, за якім стаяла глыбокая розніца ў культурных і паводніцкіх стэрэатыпах.
Параўноўваючы дэмаграфічную статыстыку розных еўрапейскіх краін за перыяд з другой паловы XVIII да пачатку ХХ ст., Дж. Хайнал паказаў, што гэтыя краіны распадаюцца на дзве вялікія групы, раздзяляльную лінію паміж якімі ён правёў у напрамку ад Санкт-Пецярбурга да Трыеста. Даследчык вызначыў спецыфічны для Захаду спосаб арганізацыі двора-гаспадаркі: яна базіравалася на простай (нуклеарнай) сям'і, якая складаецца з бацькоў і іх дзяцей [17].
П. Ласлет (P. Laslett) працягнуў названыя даследаванні і вызначыў асноўныя параметры, характэрныя для структуры сям'і ва Усходняй Еўропе: высокая ўдзельная вага сваякоў, якія жывуць сумесна (шматпакаленныя і шматсямейныя гаспадаркі); вельмі нізкая прапорцыя адзіночак; нізкая ўдзельная вага простых і пашыраных сем'яў.
Развіваючы ідэі Дж. Хайнала, П. Ласлет і Ю. Хэмел (E. Hammel) прапанавалі наступную класіфікацыю сямейных формаў [18]:
1. Гаспадарка адзінокага чалавека (single);
2. Гаспадарка, чальцы якой маглі быць сваякамі, але не ўтваралі шлюбных пар (no family);
3. Гаспадарка на аснове адной шлюбнай пары з дзецьмі, так званая простая ці нуклеарная сям'я (simple family);
4. Пашыраная (extended) гаспадарка, у якой апроч шлюбнай пары прысутнічаюць іншыя сваякі (халастыя ці ўдовыя);
5. Шматсямейная (multiple family) гаспадарка ці складаная сям'я, у якой суіснуюць некалькі шлюбных пар.
Прытрымліваючыся дадзенай класіфікацыі, аўтар артыкула разгледзела размеркаванне сямейных формаў у асяроддзі лідскай шляхты.
Табл. 3 ахоплівае 488 самастойныя хатнія гаспадаркі, усяго ў разгледжаным спісе дваран Лідскага павета налічваецца 1963 чал. Такім чынам, у сярэднім сям'я складалася з 4 чалавек. Для параўнання выкарыстаем дадзеныя беларускіх даследчыкаў. У манаграфіі В. Насевіча прааналізавана 109 двароў дробнай шляхты ўніяцкага і каталіцкага веравызнання за 1834 г., якія пражывалі на тэрыторыі наступных парафій: Уздзенскага касцёла і Слабада-Пырашэўскай царквы Менскай губерні. Сярэдні склад сям'і па дадзенай выбарцы склаў 4,3 чалавекі [19]. Аналагічны паказчык па Індурскай грамадзе за 1858 г. таксама склаў 4,3 чалавекі [20].
Па падліках В. Насевіча, сярод дробнай шляхты Мінскай губерні ў 1834 г. нуклеарныя сем'і складалі 50,5%, адначасова значна болей на Міншчыне ў адрозненні ад Лідскага павета быў працэнт складаных шматсямейных гаспадарак (34,9 %), затое практычна адсутнічалі бабылі (0,5 %). Сярод хатніх гаспадарак Індурскай грамады аднадворцаў у сярэдзіне XIX ст. гаспадаркі адзінокіх людзей складалі 14,7%, гаспадаркі без утварэння шлюбнай пары - 7,6%, нуклеарныя сем'і - 39,8%, пашыраныя - 22,3% і складаныя сем'і - 15,6% [21].
Што тычыцца лідскай шляхты, то ў змесце табл. 3 прыцягвае ўвагу вельмі высокі працэнт адзіночак. На жаль, далёка не заўсёды можна вызначыць, ці ўтваралі адзінокія людзі асобныя хатнія гаспадаркі. На гэтую праблему звярнулі ўвагу яшчэ М. Мітэраўэр і А. Каган [22]. У спісе шляхты Лідскага павета сустракаюцца дарослыя сыны, якія займалі канцылярскія пасады ў павятовым і губернскім горадзе і жылі асобна ад бацькоў. Але мы не ведаем, ці вялі яны самастойную гаспадарку. З іншага боку, да групы несямейных гаспадарак аўтарам была аднесена, напрыклад, сям'я Грабіцкіх, што мела ва ўласнасці маёнтак (24 прыгонныя м.п.): Ян - 56 гадоў, Антон - 49 гадоў, Вікторыя - 55 гадоў, Францішка - 54 гады і Караліна - 53 гады. У спісе не пазначана, што пералічаныя браты і сёстры пражывалі разам. У цэлым, ва ўсіх спрэчных выпадках аўтар рабіла выбар на карысць сумеснага, а не паасобнага пражывання. Такім чынам, дадзеныя табл. 3 можна ўдакладняць у бок павелічэння колькасці адзіночных гаспадарак і простых сем'яў за кошт астатніх трох тыпаў хатніх гаспадарак, а не наадварот.
У спісе дваран Лідскага павета за 1835 г. першым у складзе сям'і заўсёды названы старэйшы па ўзросце мужчына (і толькі ў выпадках, калі такога ў сям'і не было, удава), што не дазваляе вызначыць: хто рэальна ўзначальваў гаспадарку ў шматпакаленных сем'ях? Даволі часта старэйшым у сям'і быў чалавек старэчага ўзросту, таму можна меркаваць, што рэальным кіраваннем гаспадаркі займаліся прадстаўнікі маладзейшага пакалення. Ускосным сведчаннем гэтай здагадкі з'яўляецца і дастаткова вялікая колькасць удаўцоў (52 чал.), што адлюстравана ў табл. 2.
Табліца 3. Сямейныя гаспадаркі шляхты Лідскага павета (1835 г.)
Тыпы сямейных гаспадарак |
Адно пакаленне |
Два пакаленні |
Тры пакаленні |
Усяго гаспадарак |
Разам, % |
1. Гаспадарка адзінокага чалавека |
139 |
- |
- |
139 |
28,5 |
2. Несямейная гаспадарка (без шлюбнай пары) |
16 |
- |
- |
16 |
3,3 |
3. Простая (нуклеарная) сям'я |
21 |
195 |
- |
216 |
44,2 |
4. Пашыраная сям'я |
14 |
43 |
5 |
62 |
12,7 |
5. Складаная сям'я |
2 |
25 |
28 |
55 |
11,3 |
Усяго |
192 |
263 |
33 |
488 |
100 |
У свой час М. Мітэраўэр і А. Каган выказалі наступнае меркаванне: высокі працэнт удаўцоў сярод кіраўнікоў сялянскіх сем'яў у дамавых гаспадарках Расіі з'яўляецца сведчаннем таго, што функцыі рэальнага кіраўніка сям'і бралі на сябе іншыя дарослыя чальцы групы. У аўстрыйскіх дворагаспадарках у сувязі з жорсткім эканамічна абумоўленым падзелам сялянскай працы, а таксама задачамі сям'і ў справе выхоўвання маладога пакалення абедзве цэнтральныя пазіцыі ў ёй (гаспадара і гаспадыні) павінны былі быць стала занятыя. Складаныя сем'і ў аўстрыйскіх дворагаспадарках сустракаліся рэдка, адсюль вынікала неабходнасць паўторнага шлюбу. Калі жонка гаспадара памірала, ён у найкарацейшы тэрмін павінен быў уступіць у новы шлюб. Калі ж ён быў для гэтага ўжо занадта стары, то перадаваў сядзібу свайму спадкаемцу. Тое ж самае тычылася аўдавелых сялянак. Страціўшы мужа, гаспадыня аказвалася перад выбарам: альбо ўступіць у новы шлюб, альбо перадаць сядзібу нашчадку. У складаных мультыфакальных супольнасцях Расіі сітуацыя была цалкам іншая. У выпадку смерці галавы сям'і ці яго жонкі ўзяць на сябе гэтую ролю маглі дарослыя чальцы групы. Таму вострай неабходнасці ў паўторным шлюбе, як у аўстрыйскіх сем'ях, у Расіі не існавала. Так, М. Мітэраўэр і А. Каган выявілі высокі працэнт удаўцоў сярод кіраўнікоў сем'яў у даследаваных імі крыніцах па Яраслаўскім павеце [23].
Прыкладам пашыранай сям'і можа служыць сям'я Бжазоўскіх. Разам пражывалі Бжазоўскі Вікенцій 53 гадоў, сям'я яго брата Франца 51 года (жонка Аляксандра 28 гадоў, дочкі Тэафілія 6 гадоў і Карнелія 1 года, сыны Франц 3 гадоў і Баляслаў 1 года), а таксама пляменніцы братоў Бжазоўскіх Анэля 60 гадоў і Людвіка 50. У спісе пазначана, што сям'я валодае спадчынным непадзельным маёнткам Гурнофель (58 прыгонных сялян), "дзе і жывуць".
Прыкладам складанай трохпакаленнай сям'я з'яўляецца сям'я Вісьмантаў, якая ўключала Ігнація - (сына Пятра) Вісьманта 75 гадоў, яго жонку Мар'яну 74 гадоў, сям'ю іх сына Антона 43 гадоў (жонка Зузанна 40 гадоў, сын Юзефа 4 гадоў, дачкі Вераніка 12 гадоў, Караліны ? гадоў і Адальфіны 1 года), а таксама роднага брата Ігната Вісьманта - Іосіфа 63 гадоў і яго жонку Ганну 57 гадоў (дзяцей у іх не было). Сям'я мела ва ўласнасці 3 прыгонных сялян і пражывала ў ваколіцы.
Такім чынам, аналіз дэмаграфічных параметраў і структуры сямейных гаспадарак па спісе шляхты Лідскага павета 1835 г. дазваляе зрабіць наступныя высновы:
1) ва ўсіх узроставых групах, пачынаючы з 20-гадоў, назіраецца дысбаланс у суадносінах палоў на карысць мужчын;
2) колькасць мужчын і жанчын значна памяншаецца, пачынаючы з узроставай групы 40-49 гадоў;
3) шляхта Лідскага павета характарызуецца вельмі высокай удзельнай вагой халастых мужчын і незамужніх жанчын у сваім складзе ва ўсіх узроставых групах;
4) сярод мужчын ва ўзросце 20-29 гадоў 80,5% былі халастымі, сярод жанчын аналагічнай узроставай групы 39,7% не выйшлі замуж. Нават ва ўзроставай групе ад 30 да 39 гадоў халастыя мужчыны складалі 46,8%, незамужнія жанчыны - 15,1%;
5) у структуры сямейных гаспадарак самым распаўсюджаным тыпам была простая нуклеарная сям'я (44,2 %), якая складалася з двух пакаленняў шляхціцаў;
6) колькасць гаспадарак адзіночак (28,5%) перавышала агульную колькасць пашыраных (12,7%), складаных (11,3%) сем'яў і гаспадарак без утварэння шлюбнай пары (3,3%).
Святлана Лугаўцова, кандыдат гістарычных навук, дацэнт
[1] Учебник по исторической демографии (2-е изд., Париж, 1970) / Перевод с фр. С. Хока, И. Антоновой, Ю. Егоровой. Айова: Изд-во Айовского ун-та, 1995. 182 с.; Анри Л., Блюм А. Методика анализа в исторической демографии. М.: РГТУ, 1997. 207 с.; Хок Стивен Л. Крепостное право и социальный контроль в России : Петровское, село Тамбовской губернии : перевод с английского; [пер. Ю. В. Чайникова]. Москва : Прогресс-Академия, 1993. 191 с.
[2] Носевич В. Традиционная белорусская деревня в европейской перспективе. Минск: "Технология", 2004. 350 с.
[3] Токць С., Дэмаграфічныя параметры і структура хатніх гаспадарак маёнтка Скідзель паводле рэвізскага перапісу 1858 года // Беларускі гістарычны часопіс. 2014. № 10 (183). С. 4-12.
[4] Там жа, с. 8.
[5] Полное собрание законов Росийской импери. Собрание второе: В 55 т. Спб., 1830-1884. Т. 6, № 4869
[6] Lietuvos valstybаs istorijos archyvas (LVIA). Ф. 391, воп. 9, спр. 129, арк. 1-86.
[7] Ваўжынец Станiслаў Ян нарадзiўся 14 жнiўня 1794 г. (гл. Лаўрэш Л. Род Путкамераў // Асоба і час. Беларускі біяграфічны альманах. Вып. 5. 2013. С. 302-313.).
[8] Бломберг М. Тэадор Матэвуш Нарбут (Остык-Нарбут) з лідскай зямлі: гісторык Літвы, інжынер і даследчык старажытнасці, а таксама бацька герояў-паўстанцаў Варшава. Ліда, 2011. 71 с.
[9] Полное собрание законов Российской империи. Собрание второе. Т. 6. Ч. 2, № 4869.
[10] Там жа, т. 7, № 5746.
[11] Анищенко Е.К. Шляхта Лидского повета. Минск, 2013. С. 8.
[12] Токць С., Дэмаграфічныя параметры і структура хатніх гаспадарак маентка Скідзель паводле рэвізскага перапісу 1858 года. С. 5, табл. 1.
[13] Там жа.
[14] Там жа, с. 7, табл. 7.
[15] Токць С.Дэмаграфічныя параметры і структура хатніх гаспадарак маентка Скідзель. С. 9.
[16] НГАБ. Ф. 2066, воп.1, спр. 13, арк. 1-241; воп. 1, спр. 14, л. 1-469.
[17] Хаджнал Дж., Европейский тип брачности в перспективе // Брачность, рождаемость, семья за три века. Сб. статей. Под ред. А. Г. ВишневскогоиИ. С. Кона. Москва, 1979. С. 14-70.
[18] Hammel E., Laslett P., Comparing household structure over time and between cultures // Comparative Studies in Society and History. 16 (1974). P. 73-109.
[19] Носевич В., Традиционная белорусская деревня в европейской перспективе. С. 167.
[20] Токць С., Дэмаграфічныя параметры і структура хатніх гаспадарак маентка Скідзель. С. 8.
[21] Там жа, с. 9.
[22] Миттерауэр М., Каган А. Структура семьи в России и в Центральной Европе: сравнительный анализ // Семья, дом и узы родства в истории. Отв. редактор О.Е. Кошелева. СПб., 2004. С. 34-80.
[23] Миттерауэр М., Каган А. Структура семьи в России и в Центральной Европе: сравнительный анализ // Семья, дом и узы родства в истории. Отв. редактор О.Е. Кошелева. СПб., 2004. С. 53-54.