Папярэдняя старонка: Агульная інфармацыя

Да пытання аб складзе палітычнай эліты шляхты Лідскага павета ВКЛ у другой палове XVII ст. 


Аўтар: Амелька Сяргей,
Дадана: 12-02-2011,
Крыніца: Амелька С. Да пытання аб складзе палітычнай эліты шляхты Лідскага павета ВКЛ у другой палове // Герольд Litherland № 17. 2006. С.86-96.



Праблема шляхецкіх элітаў ВКЛ для айчыннай гістарыяграфіі не новая. Аднак, даследаванні гэтыя знаходзяцца ў пачатковай стадыі, асабліва, калі гэта датычыць канкрэтных паветаў [1]. Апошняе справядліва і ў адносінах да Лідскага павета ВКЛ. У прапануемым артыкуле мы паспрабуем вызначыць склад палітычнай эліты лідскай шляхты на другую палову ХVІІ ст. Пры гэтым будзем абапірацца на даволі рэпрэзэнтацыйнае кола крыніцаў, пераважна ўжо апублікаваных: "Суфрагіі ваяводстваў і зямель Каронных і ВКЛ" (1648, 1674, 1697 г.) [2; 3], "Крыжапрыводную кнігу шляхты ВКЛ" (1655 г.) [4], "Рэестр падымнага Віленскага ваяводства ВКЛ" (1690 г.) [5], "Акты станаў ВКЛ на паспалітае рушанне ...сабраных" (1698 г.) [6] і "Попіс абывацеляў Лідскага павета, якія ставіліся... пад харугвай пана Міхала Аляксандровіча" (1698 г.) [7].

Як вядома, тэрмін "эліта" першым увёў у навуковы зварот італьянскі даследчык В.Парэта (1848-1923 г.). Паводле яго, эліта - гэта група людзей, якія займаюць высокі стан адпаведна ступені свайго ўплыву, палітычнай і сацыяльнай магутнасці. Кола гэтых людзей даволі вузкае і замкнёнае, дастаткова абмежаванае па колькасці, з моцнымі ўнутранымі сувязямі. Магчымасць уплываць на ўсе без выключэння функцыі і палітычныя дзеянні грамадства праз непасрэдны доступ да ўлады робіць з гэтых людзей палітычную эліту.

У трактоўках прычынаў элітарнасці вылучаюць два фактары. У першым выпадку гаворка ідзе аб людзях, якія валодаюць такімі сацыяльнымі якасцямі, як атэрыяльная перавага і багацце. Чым багацейшы прадстаўнік, тым ён больш значны. Называюць іх звычайна арыстакратамі, а ў рэаліях ВКЛ - магнатамі [8, с.255]. У другім выпадку ў эліту могуць уваходзіць людзі, што валодаюць такімі псіхалагічнымі (прыроджаннымі) і сацыяльнымі (набытымі праз адукацыю і выхаванне) якасцямі, якія забяспечваюць ім маральную і інтэлектуальную перавагу ("заслугі") над іншымі. Такія людзі карыстаюцца рэпутацыяй разумных, мудрых, адукаваных абывацеляў, чые псіхалагічныя і сацыяльныя якасці становяцца карыснымі з пункту гледжання ажыцяўлення ўлады. Ідэальным варыянтам з'яўляецца выпадак, калі эліта валодае ўсімі названымі якасцямі.

Палітычную актыўнасць лідскай шляхты можна прасачыць па яе ўдзелу ў выбарах манархаў Рэчы Паспалітай. Як сведчыць "Суфрагія" 1648 г. ад Лідскага павета кандыдатуру абранага Яна Казімера Вазы падтрымалі: Аляксандр Нарушэвіч, староста лідскі, Юры Юрыч, войскі лідскі і палкоўнік ЯКМ, Юры Пётр Лімант, чашнік лідскі, Геранім Глябовіч Дзежыц, мечнік лідскі, Мацей Альшэўскі, чашнік лідскі і інш. [2, s.100]. У 1669 г. абранне караля польскага і вялікага князя літоўскага Міхала Карыбута засведчылі ад Лідскага павета паслы: Тэафіл Дунін Раецкі, маршалак лідскі, Казімер Тэафіл Кунцэвіч, падстароста лідскі, сакратар ЯКМ, Аляксандр Масевіч, пісар гродскі лідскі, Эліяш Міхал Рымвід, суддзя гродскі лідскі, Мацей Альшэўскі, падсудак лідскі і Стэфан Камуняка, ротмістр ЯКМ [3, s.19]. Звяртае на сябе ўвагу асоба Мацея Альшэўскага. Род Альшэўскіх гербу "Слепаўрон" зменены паходзіў з Польшчы, але гэта не перашкодзіла Мацею, насуперак Статуту ВКЛ 1588 г., зрабіць кар'еру ў Лідскім павеце: "Maciey Olszewski wprzód cześnik, potem podsędek Lidzkj" [10, s.287].

Адразу кідаецца ў вочы, што названыя асобы займалі пэўныя пасады ў павятовай урадовай герархіі (пра гэта сведчыць іх тытулатура). Як вынікае з прыведзеных дакументаў, павятовыя ўрадоўцы яўна адносіліся да палітычнай эліты, хаця часта іх тытулы былі чыста намінальнымі. Але нездарма ў "Крыжапрыводнай кнізе", якую склалі акупацыйныя маскоўскія ўлады ў 1655 г., уся прысягнуўшая цару лідская шляхта была падзелена на тых, хто меў нейкі тытул (яны запісаныя першымі): Якуб Тэадор Кунцэвіч, падкаморы лідскі і палкоўнік ЯКМ, Ян Курч, харужы лідскі, Якуб Віскоўскі і Ян Вільканец, чашнікі лідскія, Мікалай Радашынскі, падстолі лідскі, Міхал Францкевіч Радзімінскі, староста лідскі [1] і проста шляхту [4, с.60-61]. Аднак, было б памылкай аднесці да палітычнай эліты толькі павятовых ураднікаў.

У 1674 г. "Суфрагію" новаабранага манарха Яна ІІІ Сабескага падпісалі сярод тых, хто меў нейкі павятовы тытул, некалькі дзесяткаў лідскіх шляхцічаў, якія не займалі ніякіх пасадаў, напрыклад, Мікалай Рыла, Аляксандр Даўгірд, Міхал Барановіч, Казімер Козіч і інш. Увогуле ўсіх падпісантаў "Суфрагіі" 1674 г. можна падзяліць на некалькі групаў: прадстаўнікі цэнтральных (напрыклад, Міхал Казімер Радзівіл, падканцлер, гетман польны ВКЛ і староста лідскі, Францішак Сапега, канюшы ВКЛ, староста алькеніцкі) і лідскіх урадаў (Тэафіл Дунін Раецкі, маршалак лідскі ці Ян Нарбут, суддзя земскі лідскі), ураднікі іншых паветаў (напрыклад, Ян Зуб, чашнік ашмянскі ці Юры Пяткевіч, скарбнік мазырскі), нашчадкі славутых родаў (напрыклад, Януш з Братошына Зяновіч), сваякі названых вышэй трох групаў (напрыклад, Марцін Дзежыц і Ян Дзежыц, чашнік лідскі, Самуэль, Канстанцін, Марцэліян Кунцэвічы і Ян Кунцэвіч, берасцейскі ваяводзіч) і нарэшце, прадстаўнікі старажытных, можна сказаць, "карэнных" лідскіх родаў такіх, як Козічы, Вільканцы, Пажэцкія і інш. [3, s.149-150]. Магчыма, большасць з іх утваралі кліентэлу Радзівілаў, але гэтая праблема патрабуе грунтоўнага даследавання. Радзівілы, сапраўды, у другой палове ХVІІ ст. дамінавалі на пасадзе лідскага старосты: у 1668-1676 г. ім з'яўляўся ўжо вядомы нам Міхал Казімер Радзівіл, падканцлер ВКЛ; у 1676-1681 г. - Дамінік Мікалай Радзівіл; у 1694-1704 г. - Ян Мікалай Радзівіл [9, s.387-388]. Увесь астатні час гэтая пасада была ў руках або Аляксандра Крыштафа Нарушэвіча (у 1648-1668 г.), або Казімера Яна Францкевіча Радзімінскага (у 1682-1694 г.) [9, s.387-388]. Тым не меньш, адзначым, што да палітычнай павятовай эліты яўна трэба аднесці прадстаўнікоў старажытных шляхецкіх лідскіх родаў, часта збяднелых, якія, відаць, ужо традыцыйна прымалі ўдзел ва ўсіх важных палітычных падзеях. Пры гэтым іх маёмасны стан не іграў вырашальнай ролі.

У якасці прыкладу можна прывесці род Лімантаў. На працягу другой паловы ХVІІ ст. яны займалі ў Лідскім павеце пасады чашніка (Юры Пётр Лімант, 1648-1653 г.), падчашага (Ян Лявон Лімант, 1658-1664 г.), канюшага (Ян Лімант, 1682-1713 г.) суддзі земскага (Марцін Станіслаў Лімант, 1649-1668 г.) і суддзі гродскага (Ян Лімант, канюшы, 1690 г.) [9, s.319, 328, 352, 370, 373]. За выключэннем дзвух апошніх, пасады былі пераважна намінальныя. Багаццем род таксама не вызначаўся. Ян Лімант, канюшы, напрыклад, у 1690 г. у маёнтку Саваўшчызна меў усяго 7 дымоў [5, s.227]. Тым не меньш, "Суфрагію" 1649 г. падпісаў Юры Пётр Лімант, чашнік лідскі, а "Дэкларацыю ваяводстваў і паветаў" 1662 г. і "Артыкулы Пакта канвента" 1669 г. - Марцін Cтаніслаў Лімонт, спярша суддзя земскі лідскі, васілішкаўскі староста, пасля - кашталян віцебскі [2, s.100, 429; 3, s.19]. Цікава, што апошні зрабіў кар'еру, будучы выразнікам інтарэсаў дробнай лідскай шляхты. Пра гэта сведчыць "Прамова Пана Марціна Ліманта мечніка і пасла лідскага да ЯКМ" на сойме 1639 г. [2], у якой ён абвінаваціў Януша Тышкевіча, ваяводу троцкага ў забойстве Юрыя Юндзіла, двараніна ЯКМ, харужага лідскага і заклікаў караля і вялікага князя: "...zebys napomniec raczył, JE°MРana Woiewode Trockiego, aby iako ubozszey braci swey, wsąsiedztwie, Panem im cięzkim niechciałbyć..." [12, a.69 адв.].

Маёмасную эліту Лідскага павета на канец ХVІІ ст. дазваляе вызначыць падымны рэестр Віленскага ваяводства 1690 г. Паводле яго заможнымі землеўласнікамі ці магнатамі (мелі ад 100 і больш дымоў) у Лідскім павеце былі:

1. Крыштаф Віктарын Збігнеў Ворбек Летаў, старадубаўскі маршалак (924 дымы) [3],

2. Людвіка Караліна Радзівіл (811 дымоў),

3. Казімер Ян Францкевіч Радзімінскі, лідскі староста, надворны падскарбі ВКЛ (365 дымоў) [4],

4. Юры Караль Хадкевіч, абозны ВКЛ (184 дымы),

5. Аляксандр Ян Масевіч, мсціслаўскі ваявода (131 дым) [5],

6. Стэфан Францкевіч Радзімінскі, староста слонімскі, харужы наваградскі (102 дымы),

7. Эліяш Міхал Рымвід, маршалак лідскі (100 дымоў) [6] [5, s.208-209, 212-214, 221-222, 228].

Аднак, з названых асобаў да палітычнай эліты шляхты Лідскага павета можна аднесці толькі Казімера Яна Францкевіча Радзімінскага, Аляксандра Яна Масевіча і Эліяша Міхала Рымвіда, якіх мы бачым на самых розных павятовых пасадах і якія стала рэпрэзэнтуюць павет у важнейшых палітычных акцыях. Так, Казімер Ян Міхайлавіч Францкевіч Радзімінскі cпачатку ў 1670-1682 г. быў падкаморыем лідскім, потым - старостай. Кар'ернаму росту спрыяла і тое, што жонкай яго была Аляксандра Нарушэвіч, дачка надворнага падскарбія ВКЛ Яна Нарушэвіча [9, s.359]. У сваю чаргу Аляксандр Ян Масевіч, пакуль не стаў мсціслаўскім ваяводай у 1689 г., прайшоў амаль усе ўрадовыя ступені як павятовыя, так і ваяводскія: пісар гродскі лідскі (1667-1671 г.), пісар земскі лідскі (1670-1683 г.), харужы лідскі (1683-1684 г.), сурагатар гродскі віленскі (1682 г.), падваявода віленскі (1682-1689 г.), маршалак лідскі (1684-1689 г.) [9, s.694]. Амаль падобны быў шлях наверх і Эліяша Міхала Рымвіда: суддзя гродскі лідскі (1668-1671 г.), падстароста лідскі (1671-1682 г.), падстолі лідскі (1678-1683 г.), сурагатар гродскі віленскі (1682 г.), падкаморы лідскі (1683-1690 г.) і, нарэшце, маршалак лідскі (1690-1696 г.) [9, s.720]. Адзначым, што прадстаўнікоў павятовай эліты звязвалі не толькі сваяцкія, але і сяброўскія адносіны. Як сведчыць тэстамент Казімера Яна Міхайлавіча Францкевіча Радзімінскага ад 22 жніўня 1694 г., ён не меў нашчадкаў і ў якасці апякунаў сваёй жонкі Аляксандры Нарушэвіч прызначыў Эліяша Міхала Рымвіда, маршалка лідскага і Аляксандра Нарушэвіча, старосту ўшпольскага, а ў сведкі запрасіў Багуслава Сяніцкага, стольніка хэлмскага, Яна з Дубравы Дубраўскага, падстолія вендэньскага і Лявона Казімера Губарэвіча, стражніка лідскага [7] [14, а.48].

Такім чынам, багацце і маёмасць у павеце не заўсёды сведчыла пра прыналежнасць уладальніка да павятовай палітычнай эліты. Гэта ў поўнай меры датычыць і Крыштафа Летава, і ўладальніцы "нойбургскіх маёнткаў" Людвікі Караліны Радзівіл, і Юрыя Караля Хадкевіча. Крыштаф Летаў, як маршалак старадубаўскі, не быў заангажаваны ў справы Лідскага павета, хаця тут і ляжалі яго асноўныя ўладанні. У сваю чаргу Людвіка Караліна Радзівіл стала жыла па-за межамі ВКЛ, а яе так званыя "нойбургскія маёнткі" здаваліся ў заставу розным асобам. Так, Дакудава (158 дымоў), Сялец (103 дымы) і Стокі (78 дымоў) у Лідскім павеце трымаў заставаю Генрык Дамаслаўскі, падстароста ваўкавыскі, а Смолач, Бабры і Пішчоўцы (30 дымоў) - Ян Дубраўскі, падстолі вендэньскі [5, s.210, 212]. Генрык Дамаслаўскі з 339 дымамі цягне нават на статус магната, але яны належалі яму толькі часова. Тым не меньш, у 1698 г. ён значыцца ў складзе Генеральнай харугвы Лідскага павета (гл. ніжэй). Што ж датычыць Юрыя Караля Хадкевіча, то яго 184 дымы Вялікага Мажэйкава былі пасагам жонкі Марыяны Тэклі Нарушэвіч [5, s.209].

Існаванне палітычнай эліты абумоўлена наяўнасцю нейкай палітычнай праграмы ці ідэалогіі. У адносінах да шляхты Лідскага павета можна адзначыць, што ў канцы ХVІІ ст. сярод яе не назіраецца адзінства. Адныя падтрымлівалі амбіцыі Сапегаў, другія стаялі на варце "залатых шляхецкіх вольнасцей". Так, падчас супрацьстаяння групоўкі Сапегаў з так званымі рэспубліканцамі ці шляхецкаю Рэччу Паспалітай (прыхільнікамі караля) [11, с.45], лідская шляхта падзялілася на два блёкі - як прыхільнікаў першых, так і другіх. Апошніх было болей, як сведчаць попісы харугваў Лідскага павета ў 1698 г., усе яны былі аб'яднаныя пад трыма харугвамі - "Генеральнай Лідскага павета", Уладзіслава Нарбута, падкаморыя лідскага і Міхала Яна Аляксандровіча, пісара земскага лідскага (Дадатак 1-2). Сапежынцы ж былі ў войску ВКЛ. Са складу лідскіх харугваў рэспубліканцаў відаць, што пазіцыі Сапегаў у Лідскім павеце былі даволі слабыя. Нядзіва, што "Суфрагію" 1697 г. падпісалі: Ян Міхал з Хржанова Хржаноўскі, чашнік лідскі, Міхал Нарбут, Уладзіслаў Нарбут, падкаморы лідскі, Ян дэ Кампа Сцыпіён, пісар гродскі лідскі, Канстанцін Міхал Кунцэвіч, Тэафіл з Борава Бароўскі, падчашы лідскі, Ян Самуэль Коркуць, гараднічы Лідскага павета і інш. [3, s.424]. Такім чынам, старажытнасць роду, асабістыя здольнасці, сямейныя сувязі, пратэкцыя манарха ці магната, павятовыя ўрады, маёмасць - вось формула поспеху, якую можна вывесці, разглядаючы палітычную шляхецкую эліту ў Лідскім павеце ў другой палове ХVІІ ст. Толькі ўсе разам, а не паасобку, згаданыя фактары гарантавалі ўваход у павятовае элітарнае кола. У Лідскім павеце яно было нешматлікае і ахоплівала прадстаўнікоў 10-20 родаў: Аляксандровічаў, Францкевічаў Радзімінскіх, Нарбутаў, Лімантаў, Рымвідаў, Масевічаў, Кунцэвічаў, Вільбікаў, Вільканцаў, Нарушэвічаў, Губарэвічаў, Дзежыцаў, Даўгірдаў, Сцыпіёнаў, Кастравіцкіх, Коркуцяў, Козічаў.


Дадатак 1.

"21 снежня 1698 г.

Харугва генеральная Лідскага павета:

Пётр Міхал Сарафіновіч, паручнік,

Казімер Дадзібог Вільбік, харужы,

Пётр Караль Вільчак, кашталяніч смаленскі,

Андрэй Казімер Вільбік, падчашы лідскі,

Генрык Дамаслаўскі,

Францішак Гадэбскі, P:S,

Юры Францішак Пракаповіч, каморнік лідскі,

Казімер Караль Залескі,

Мацей Казімер Залескі,

Ян Казімер Гурыновіч,

Крыштаф Францішак Мілюша,

Юры Тукала,

Казімер Міцкевіч,

Яўстахі Караль Навіцкі,

Мікалай Вільбік,

Марцін Камінскі,

Ян Саковіч,

Стэфан Вільканец,

Ян Ётка,

Казімер Наневіч, Saluis Iuribus W°.Xa.L°.,

Міхал Ян Чарніцкі,

Юзаф Таўгін,

Крыштаф Ётка,

Казімер Кралікоўскі,

Стэфан Войдак,

Казімер Чашкевіч,

Міхал Бянкевіч.


Харугва палкоўніцтва Вяльможнага Яго Міласці пана Нарбута, падкаморыя лідскага:

Уладзіслаў Нарбут, падкаморы і палкоўнік Лідскага павета,

Міхал Нарбут, суддзя земскі і паручнік Лідскага павета,

Адам Нарбут, харужы,

Уладзіслаў Дабашынскі Аляксандровіч, пісар лідскі,

Марцін Аляксандр Андрэеўскі,

Ян Крыштаф Шалевіч,

Багуслаў Волян,

Станіслаў Асецкі,

Мікалай Масевіч,

Лявон Радашынскі,

Траян Вільбік,

Аляксандр Грышан,

Антоні Нядзвецкі,

Аляксандр Даўгірд,

Міхал Даўгірд,

Юры Дамэс (Dames),

Марцін Гаршвіла,

Андрэй Шалевіч,

Стэфан Даўгірд,

Францішак Крыніцкі,

Адам Ян Тукала,

Аляксандр з Вышотаў Залескі,

Міхал Дамінік Андрушкевіч,

Мікалай Міхал Бейнаровіч,

Міхал Стэцэвіч,

Ян Кулікоўскі,

Ян Вілэйка,

Антоні Наневіч,

Гіпаліт Гурскі,

Аўгустын Тукала,

Тамаш Станіслаў Ёўць,

Андрэй Мацэвіч,

Сымон Грыгаровіч,

Андрэй Валадкевіч,

Адам Даўгірд,

Уладзіслаў Гарасімовіч,

Даніэль Вільбік,

Канстанцін Барташэвіч,

Міхал Барташэвіч,

Станіслаў Даўгірд,

Марцін Эвіконт,

Самуэль Запаснік,

Станіслаў Насовіч,

Ян Шастак,

Ян Круповіч,

Казімер Міцкевіч,

Францішак Адам Рыла ў адсутнасць ягомосці пана ротмістра нашага падпісваюся паручнік гэтай Харугвы Эйшышскай парафіі,

Канстанцін Міхал Кунцэвіч, харужы Эйшышскай парафіі падпісваюся да гэтага Laudum Salvis Iuribus Statutu W°.X:L°,

Адам Пяцельчыц, лоўчы ашмянскі.

Ян Дамброўскі,

Бенедыкт Ян Зуб,

Казімер Даўгяла,

Ян Пашыц,

Марцін Вільканец,

Ян Войдак,

Самуэль Свяцкевіч,

Юры Дзічканец,

Андрэй Юндзіл,

Войцех Коркуць,

Сымон Хeрман,

Казімер Ханевіч, Salvis Iuribus Statutu W°.X:L°.,

Крыштаф Кунцэвіч,

Андрэй Сямашка,

Казімер Міцкевіч,

Юры Прызмонт,

Казімер Кулеша,

Аляксандр Пяткевіч,

Войцех Рыла,

Міхал Стэцэвіч,

Крыштаф Ваневіч,

Ян Круповіч,

Ян Міцкевіч,

Валенты Бароўскі,

Сымон Вярсоцкі,

Аляксандр Дзякевіч,

Ян Габрыяловіч,

Міхал Каўнацкі,

Ян Ільцэвіч,

Даніэль Райніцкі,

Казімер Запаснік,

Ян Сямашка,

Міхал Карыцкі,

Юзаф Траццяк,

Самуэль Пэрэтка,

Ян Казакоўскі,

Якуб Табыяновіч,

Уладзіслаў Ільцэвіч,

Пётр Вільканец Няздзільскі,

Мацей Стэцэвіч,

Ян Золцевіч,

Адам Ладзята,

Ян Пяткевіч" [6, а.g1 адв.-g1].


Дадатак 2.

"Попіс абывацеляў Лідскага павета, якія ставіліся на паспалітым рушэнні, спачатку пад Каменкай, потым пры заключэнні трактатаў з войскам ВКЛ пад Скідзелем паміж Пузевічамі і Лаўна пад харугвай Яго Міласці пана Міхала Аляксандровіча, лідскага земскага пісара, ротмістра, сабраных у 1698 г., 20 снежня:

Міхал Ян Аляксандровіч, лідскі земскі пісар, ротмістр,

Францішак Курч, берасцейскі ваявода, паручык,

Самуэль з Кастравіцаў Кастравіцкі, наўгародска-северскі стольнік, гэтага ж павету харужы,

Аляксандр Нарушэвіч, ушпольскі староста,

Ян Сцыпіён, лідскі гродскі пісар,

Адам Сумарок mpp.,

Марцін Курынта,

Міхал Феліцыян Шэмет,

Станіслаў Вінча,

Мікалай Зыгмунт Бранеўскі,

Канстанцін Хмялінскі,

Самуэль Дамаслаўскі,

Юры Радзевіч,

Ян Міхал з Хржанова Хржаноўскі, лідскі чашнік,

Адам Макрэцкі,

Уладзіслаў Навіцкі,

Францішак Невяроўскі,

Андрэй Ваяводскі, лідскі абозны,

Казімер Макрэцкі,

Аляксандр Вамперскі,

Станіслаў з Сяклюкаў Сяклюцкі,

Пётр Макрэцкі,

Даніэль Шалевіч,

Павел Казімер Маршкоўскі,

Феліцыян Казімер Доўгірд,

Павел Зухоўскі,

Феліцыян Гурыновіч,

Міхал Гурыновіч,

Караль Мілеўскі,

Канстанцін Стэцкевіч, лідскі лоўчы,

Марцін Мілеўскі,

Уладзіслаў Гурыновіч,

Міхал Юкала,

Уладзіслаў Дайнека,

Андрэй Букоўскі,

Юры Міцкевіч,

Мацей Міхал Макарэвіч,

Уладзіслаў Букоўскі,

Самуэль Чыж,

Войцех Круповіч,

Якуб Адамовіч,

Стэфан Абрамовіч,

Аляксандр Крупель,

Барталамей Калясінскі,

Стэфан Скіндер,

Уладзіслаў Козіч,

Уладзіслаў Чаркоўскі,

Войцех Снарскі,

Уладзіслаў Кітаўрус Козіч,

Казімер Гаўрылкевіч,

Валерыян Каменскі,

Казімер Чапліц,

Станіслаў Вызга,

Пётр Каменскі,

Ян Левікоўскі,

Дамінік Бейнаровіч,

Казімер Букоўскі,

Ян Грышан,

Крыштаф Знамероўскі,

Аляксандр Гаеўскі,

Казімер Езярынскі,

Тамаш Чапля,

Казімер Вінча,

Захары Крупель,

Стэфан Андрэйковіч,

Багуслаў Чыж,

Базыль Ржансніцкі,

Антоні Віскоўскі,

Базыль Кулеша,

Марцін Вінча,

Аляксандр Скіндер,

Юзаф Херман,

Станіслаў Казімер Міткевіч,

Адам Нясецкі,

Ян Лімант, лідскі канюшы,

Людвіг Мацяевіч,

Ян Лямпартовіч Нямера,

Самуэль Сянкевіч,

Крыштаф Папроцкі,

Фларыян Губарэвіч,

Ян Міхал Дзічканец,

Станіслаў Астравух,

Даніэль Сідаровіч,

Станіслаў Булгак,

Эліяш Мацяевіч,

Ян Пракаповіч Роўба,

Адам Кохан,

Тэадор Крупель,

Шчасны Крупель,

Марцін Гурскі,

Грыгоры Краснік,

Юры Прокшыч Кандыба, уладзімірскі падчашы,

Уладзіслаў Прокшыч Кандыба,

Міхал Пяткевіч Страбскі,

Аляксандр Прокшыч Кандыба,

Стэфан Гардзяеўскі,

Казімер Валянціновіч Вінча,

Грыгоры Цыдзік,

Яраш Каменскі,

Канстанцін Руканец,

Казімер Шмыгіра,

Міхал Ярмаловіч,

Міхал Стэцэвіч,

Міхал Шалевіч,

Марцін Шалуха,

Ян Вамперскі,

Караль Юзаф Лойка,

Ян Качаноўскі,

Пётр Лазоўскі,

Адам Бейнаровіч,

Антоні Стэцкевіч Калусоўскі, ваўкавыскі лоўчы,

Мацей Канстанцін Вільканец,

Казімер Марцыян Мілеўскі, ашмянскі чашнік,

Аляксандр Кохан,

Казімер Краеўскі, берасцейскі (?),

Марцыян Гржымала,

Станіслаў Гржымала,

Міхал Гаўрылкевіч,

Ваўжынец Догіль,

Стэфан Талочка,

Геранім Адамовіч,

Аўгусціян Даўгірд,

Крыштаф Прэлемскі,

Францішак Кабылінскі,

Аляксандр Закрэўскі,

Марцін Тулоўскі,

Уладзіслаў Макрэцкі,

Андрэй Гарнастайскі,

Ян Калясінскі,

Ян Раманоўскі,

Якуб Ямант,

Ян Рымкевіч,

Андрэй Дзежыц,

Людзвіг Курмін,

Аляксандр Кавіцкі,

Дамінік Быкоўскі,

Марцыян Гарнастайскі,

Андрэй Дадзібог Пакаршэнскі,

Ян Руцкі,

Стэфан Грыневіч" [7, а.124-125].


Літаратура і крыніцы:

1. Козловская Н. Шляхта Гродненского повета: опыт реконструкции.// 60-летие образования Гродненской области: Мат-лы Междунар. Науч. конф., 3-4 марта 2004 г., Гродно./ Отв. ред. В.Белозорович.- Гродно: ГрГУ, 2004.- С.43-48.

2. VL.- Petersburg, 1859: Warszawa, 1980.- T.IV.- 501 s.

3. VL.- Petresburg, 1860: Warszawa, 1980.- T.V.- 463 s.

4. Крестоприводная книга шляхты Великого княжества Литовского 1655 г.: Памятники истории Восточной Европы: Источники ХV-ХVІІ вв./ Сост. Е.Е.Лыкова, М.Кулецкий.- М.: Древлехранилище, 1999.- Т.ІV.- 264 с.

5. Metryka Litewska. Rejestry podymnego Wielkiego Księstwa Litewskigo. Województwo wileńskie 1690 r./ Opr. A.Rachuba.- Warszawa, 1989.- 372 s.

6. Acta stanow Wielkiego Xięstwa Litewskiego na pospolite ruszenie vigore Lavdum Wilenskiego 14 Augusti 1698 postanowionego miedzy Ławnem a Pużewiczami w powiecie Grodzienskim zgromadzonych Anno Domini 1698 Dnia 21 Decembris, w Wilnie w Drukarni Oycow Franciszkanow Roku 1699, 10 Martij.// БРК ГДГАМ, № 01319/11.

7. РНБ у Санкт-Пецярбургу, ф.971, воп.2, аўт.183.

8. ВКЛЭ.- Мн.: БелЭн, 2006.- Т.2.- 792 с.

9. Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Województwo Wileńskie XIV-XVIII wiek./ Pod red. A.Rachuby. Oprac. H.Lulewicz, A.Rachuba, P.Romaniuk.- Warszawa, 2004.- T.I.- 764 s.

10. Kojałowicz W. Herbarz rycerstwa W.X.Litewskiego tak zwany Compendium./ Wyd. F.Piekosiński - Kraków, 1897.

11. Рахуба А.Палітычныя групоўкі ў ВКЛ (1569-1732).// Спадчына, 2002.- №5-6.- С.32-46.

12. НГАБ у Горадні, ф.1663, воп.1, спр.410, а.67-69 адв.



[1] Магчыма, памылкова, бо Г.Люлевіч, А.Рахуба і П.Раманюк такога старосту не ведаюць [9, .387].

[2] Як можна меркаваць, першым лідскім мечнікам быў менавіта Марцін Лімант. Г.Люлевіч, А.Рахуба і П.Раманюк яго не ведаюць, бо пачынаюць ад 1648 г., калі на гэтай пасадзе згадваецца Станіслаў Вайніловіч. Праўда, польскія даследчыкі адзначаюць, што такая пасада ў Лідскім павеце магла з'явіцца раней - у 1636 г. [9, s.23, 340].

[3] Валодаў яшчэ Барцянскім (320 дымоў) і Васілішкаўскім (117 дымоў) староствамі, a таксама каралеўскім маёнткам Кулешы (92 дымы) [5, s.233-234].

[4] Валодаў Лідскай эканоміяй (35 дымоў у 1667 г., 14 дымоў у 1690 г.) [5, s.234].

[5] Валодаў таксама каралеўскім маёнткам Канюхі (7 дымоў) [5, s.235].

[6] Валодаў таксама Навадворскім староствам (114 дымоў у 1667 г., 92 дымы ў 1690 г.) [5, s.234].

[7] Быў ім у 1688-1694 г. [9, s.392].

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX