Папярэдняя старонка: Уніяцкая царква Ў этнакультурным развіцці Беларусі (1596-1839 гады)

Глава 1 


Аўтар: Марозава С.В.,
Дадана: 05-09-2021,
Крыніца: Уніяцкая царква Ў этнакультурным развіцці Беларусі(1596-1839 гады). Гродна: ГрДУ, 2001.

Спампаваць




Глава 1. ГІСТАРЫЯГРАФІЯ І КРЫНІЦЫ……..…7

ГІСТАРЫЯГРАФІЯ……..…7

КРЫНІЦЫ……..…40


Глава І. ГІСТАРЫЯГРАФІЯ І КРЫНІЦЫ

ГІСТАРЫЯГРАФІЯ

Цікавасць да царкоўнага наватвору 1596 года мае 400-гадовую традыцыю. За тыя стагоддзі, што прайшлі пасля Берасцейскага сабора, вакол яго назапасілася цяжкаагляднае мора літаратуры рознай навуковай вартасці. Спроба яе ўліку, што вядзецца зараз у Рыме, ужо вылілася ў некалькі тамоў бібліяграфічнага паказальніка [1129]. Вакол гісторыі уніі награмаджаюцца 4 блокі праблем: царкоўныя, палітычныя, нацыянальныя і культурныя. Выдзяляюцца рэлігійны кірунак гістарыяграфіі уніі, для якога характэрна высоўванне на першы план абрадава-дагматычнага пытання, і свецкі, схільны да замоўчвання або прымяншэння канфесійнага боку. Першы ў сваю чаргу падзяляецца на праваслаўны, рыма-каталіцкі і грэка-каталіцкі, кожны з якіх імкнецца падкрэсліць лепшыя бакі сваёй веры і выпукліць недахопы іншай. Уласна навуковы, пазаканфесійны падыход да гісторыі Берасцейскай уніі зараджаецца ў пачатку ХХ ст., хоць рознага роду спрашчэнні, звязаныя з тымі ці іншымі канфесійнымі прыхільнасцямі, не зжыты да нашага часу.

Ва ўсходнеславянскім уніязнаўстве склаліся тры гістарыяграфічныя комплексы: першы аформіўся ў канцы ХVІ - першай палове ХVІІ ст.; другі гістарыяграфічны вузел завязаўся ў другой палове ХІХ - першай трэці ХХ ст.; трэці аформіўся ў канцы ХХ ст. У польскай гістарыяграфіі уніі дастаткова выразна выдзяляюцца наступныя перыяды: другая палова ХІХ - пачатак ХХ ст., 20-30-я і 80 - 90-я гады нашага стагоддзя.

Першыя адлюстраванні і інтэрпрэтацыі праблемы ўзыходзяць да вытокаў уніі, яны пісаліся на злобу дня і з'яўляліся тады магутнай зброяй міжканфесійнай барацьбы. Пытанні мовы, адукацыі, навукі, культурных традыцый, нацыянальнага гонару, якія востра паўсталі ў сувязі з новымі павевамі ў царкоўным жыцці, разглядаліся праз прызму тагачасных рэлігійных канфліктаў. Уніяцкія лідэры, гісторыкі і пісьменнікі канца ХVІ - ХVІІІ ст. І.Пацей [570; 571; 574; 576; 577; 641], І.Руцкі [584], Л.Крэўза [542], Я.Суша [648], Л.Кішка [533; 629], Ц.Жахоўскі [1475], І.Кульчынскі [538; 633] і інш. трактавалі берасцейскую згоду як кардынальную рэформу заняпалага праваслаўя, закліканую абудзіць духоўнае жыццё беларуска-ўкраінскага грамадства, вывесці яго са стану «невуцтва» і далучыць да дасягненняў заходнееўрапейскай культуры і навукі, зменшыць варожасць да «лацінства», пры захаванні, аднак, этнаканфесійнай самабытнасці краю. Іх канцэпцыя грунтавалася на тэзе аб культурна-інтэлектуальнай перавазе каталіцкага свету і няздольнасці Візантыі - спадкаёмцы высокай культуры антычнай Грэцыі - аказаць усходнеславянскім народам дапамогу ва ўзвышэнні і развіцці духоўнасці і культуры. Не чуючы гэтых довадаў, іх апаненты А.Вішэнскі [509], К.Астрожскі [555], З.Капысценскі [541], Х.Філалет [610], М.Сматрыцкі [596-598; 622], Л.Дрэвінскі [515], А.Філіповіч [611], Г.Каніскі [523; 540] і інш. ў сваіх працах звялі спробу хрысціянскіх лідэраў Беларусі і Украіны адрэгуляваць духоўныя працэсы да ўзроўню куплі-продажу месцаў у сенаце Рэчы Паспалітай. Яны крытыкавалі ўсе новаўвядзенні уніі, абвінавачвалі ў адмове ад культурна-рэлігійнай спадчыны продкаў, паганьбаванні нацыянальнага гонару.

Такім чынам, ужо з канца ХVІ ст. у поглядзе на Берасцейскую унію выразна акрэсліваюцца два падыходы: апалагетычны і скептычны, або дыскрэдытацыйны. Стаўшы ад свайго пачатку прадметам разладаў, яна і па сённяшні дзень выклікае спрэчкі па розных аспектах: філасофскіх, тэалагічных, культуралагічных, этнічных, палітычных, ідэалагічных і ўласна гістарычных. Грамадскія, дзяржаўныя, рэлігійныя, нацыянальныя сімпатыі і антыпатыі даследчыкаў не дазваляюць ім прыйсці да кансэнсусу адносна гэтай старонкі нашай мінуўшчыны.

Навуковая распрацоўка праблемы пачынаецца з канца ХVIII ст., калі змена рэлігійна-палітычнай сітуацыі ў гэтым рэгіёне Еўропы паставіла пытанне аб далейшым лёсе уніяцкай царквы і ажывіла цікавасць да яе гісторыі.

Паказальна, што ля вытокаў расійскай гістарыяграфіі Беларусі стаіць менавіта праца аб уніі, увага да якой абумоўлена ўдзелам Расіі ў яе лёсе. Яна была напісана ў 1794 г. па загаду Кацярыны ІІ М.Бантыш-Каменскім на аснове кампраментуючых беларускую уніяцкую царкву дакументаў Калегіі замежных спраў і прызначалася спачатку для службовага карыстання [689]. Сведчанні, што зыходзілі з уніяцкага лагера, да ўвагі не прымаліся. Гэты летапіс генацыду беларускага праваслаўнага насельніцтва пад уніяцка-каталіцкім ярмом стаў навуковым падмуркам урадавага курса на «выкараненне» уніяцкай царквы, а аўтар атрымаў за яго брыльянтавы пярсцёнак як ўзнагароду. Другое выданне кнігі з'явілася ў 1864 г. [690], калі на афіцыйным узроўні пачалася новая хваля апалагетызацыі царскай палітыкі на Беларусі. М.Мураўёў-вешальнік чэрпаў тады з яе аргументы для сваёй рэпрэсіўнай нацыянальна-рэлігійнай палітыкі. З лёгкай рукі Бантыш-Каменскага уніяцкая царква на наступныя два стагоддзі займела ў афіцыйнай гістарыяграфіі імідж ворага беларускага народа і яго культуры. Ніякіх кніг у абарону уніі расійская цэнзура не дазваляла, статутам 1828 г. забаранялася абмеркаванне царкоўна-рэлігійных пытанняў у друку, таму палажэнні першага расійскага уніязнаўцы паволі ўплывалі на фармаванне варожых адносін да гэтай канфесіі.

50 гадоў пасля Бантыш-Каменскага ніхто не займаўся спецыяльным даследаваннем уніі, якая дажывала апошнія дні і ў 1839 г. была знішчана. Выдадзеная тады Сінодам брашура падавала гэта як трыумф над уніяцкай царквой, якая «ўхіліліся» да Захаду і 2 стагоддзі разрывала адзіную да таго «рускую» сям'ю [551]. Падрыхтаваны тады па заданню ІІІ аддзялення і змешчаны ў замежнай прэсе артыкул з адказам «шматлікім нядобразычліўцам Расіі» быў выкліканы клопатам пра адпаведны міжнародны рэзананс вакол гэтага факта [25, 1-1 адв.].

Афіцыйная гістарыяграфія імперыі канца ХVIII - пачатку ХХ ст. дала сваё разуменне этнаканфесійнай падаплёкі ліквідацыі уніяцтва: на забраных у канцы ХVIII ст. землях Рэчы Паспалітай жыў рускі, ці расійскі, народ, які цярпеў рэлігійны ўціск, таму Расія мела маральны абавязак прыйсці гэтаму народу на дапамогу і гістарычнае права захопу тых зямель, а скасаванне уніяцтва зрабіла для яго магчымым вярнуцца да веры бацькоў і аднавіць падпсаваную уніяй «рускасць». У той час, калі ўся афіцыйная гістарыяграфія была падпарадкавана доказу справядлівасці, законнасці і «благодетельности» ліквідацыі уніяцкай царквы, зразумела, ніхто не збіраўся вывучаць культурныя асновы яе дзейнасці.

Аднак ужо ў першай трэці ХІХ ст. спалітызаваную вялікадзяржаўную канцэпцыю гісторыі уніі падрывалі працы прафесароў Віленскага універсітэта М.Баброўскага [712], І.Даніловіча, І.Анацэвіча, выдатнага вучонага П.Сасноўскага, а таксама прафесароў Я.Ярашэвіча [1377] і Т.Нарбута [1419], якім унія здавалася той рэлігіяй, што спрыяла захаванню Літвой-Беларуссю сваёй незалежнай пазіцыі паміж Польшчай і Расіяй. З уніяй, з захаванымі ў ёй старымі звычаямі і абрадамі яны звязвалі гістарычную і нацыянальную асобнасць сваёй Бацькаўшчыны і разглядалі яе гісторыю ў кантэксце мінулага і тагачаснага стану уніяцкай царквы. Пачынальнік беларускага славяназнаўства З.Я.Даленга-Хадакоўскі ў 1810-1820-я г. канстатаваў факт падтрымкі толькі ніжэйшым беларускім і ўкраінскім уніяцкім духавенствам і сялянствам даўніх звычаяў, традыцый і народнай мовы [665, с.61-62].

У другой палове ХІХ - пачатку ХХ ст. уніяцкая праблематыка трывала прапісалася на старонках манаграфій і перыёдыкі. Адназначна безапеляцыйна ачарнялі «злашчаснае злучэнне з Рымам», якое з пункту гледжання расійскага праваслаўнага месіянства не адпавядала гістарычнаму прызначэнню Расійскай імперыі, яе царкоўныя гісторыкі Макарый [979], П.Ізвекаў [846] і інш. Канцэпцыю вызвалення Заходняй Русі ад прыгнёту палякаў і «тлетворного влияния» каталіцкага Захаду замацоўвалі ў вялікадзяржаўнай гістарыяграфіі творы аб'яднаных праваслаўна-хрысціянскай культуралагічнай арыентацыяй славянафілаў І.В.Кірэеўскага, С.М.Салаўёва і інш., якія разглядалі Грэцыю і Рым, Расію і Заходнюю Еўропу як два паралельныя варыянты развіцця культуры, крытычна ставіліся да першага, асуджалі перайманне Захаду і ідэалізавалі другі варыянт.

На большасці прац тагачасных даследчыкаў беларускага паходжання ляжыць пячатка «западно-руссизма», які бярэ пачатак ад тых колаў праваслаўнага і уніяцкага духавенства, што ў сваёй барацьбе з польска-каталіцкім уплывам у ХVІІІ ст. пачалі арыентавацца на Расію. Яго хросным бацькам стаў літоўскі епіскап І.Сямашка, а ідэаолагам - вядучы дарэвалюцыйны даследчык уніяцтва, прафесар Пецярбургскай духоўнай акадэміі Міхаіл Каяловіч, выхадзец з сям'і уніяцкага святара з Беласточчыны, у якой захаваўся стары беларускі быт, звычаі, мова, але было незвычайна хваравітае замілаванне да Расіі як да абаронцы ад гістарычнага польскага ўціску [1292, с.144 - 145].

Праца над гісторыяй уніі стала справай усяго жыцця Каяловіча, прынесла яму прызнанне ў вышэйшых колах імперыі і сталічным навуковым свеце, зрабіла яго імя папулярным сярод славянафілаў і мясцовых «западно-руссов», дала прафесарскае званне, зрабіла прызнаным спецыялістам ва уніязнаўстве, але і спарадзіла нямала нядобразычліўцаў і крытыкаў сярод «ліцвінаў-патрыётаў», у беларускай нацыянальнай і польскай гістарыяграфіі, сярод расійскіх «западников».

Берасцейская унія ўяўлялася Каяловічу тым вузлом, развязаўшы які, можна было шмат што зразумець і растлумачыць у беларускай мінуўшчыне. У лёсе уніі для яго нібы сканцэнтраваўся лёс усёй «Заходняй Расіі».

Сваю канцэпцыю уніі Міхаіл Восіпавіч выклаў у шэрагу навуковых прац [911; 913], публіцыстычных артыкулаў [917], падрыхтаваных ім да друку зборніках дакументаў [907; 910], у публічных лекцыях для пецярбургскай эліты [909; 919], панегірыках магільшчыкам уніі І.Сямашку і В.Лужынскаму, палеміцы з П.Баброўскім [918]. Яго двухтамовая «Литовская церковная уния» [916; 917] па багаццю гістарычнага матэрыялу і распрацоўцы першарадных архіўных крыніц з'яўляецца адной з лепшых у сваім родзе. Заслуга аўтара ў тым, што, акрамя стварэння першага, заўсёды найбольш складанага, выкладу гісторыі уніі, ён увёў у навуковы абіход палемічную літаратуру канца ХVІ - пачатку ХVІІ ст. і вялікую колькасць фактаў.

Даследчык, на жаль, не змог стаць бесстароннім суддзёй у рашэнні праблемы гісторыі уніі, а выступіў хутчэй у ролі пракурора з абвінавачваннем у яе адрас. Аўтар не імкнуўся, як ён сам пазней прызнаваўся, да «бесплодной погони за объективной истиной». У аснову трактоўкі уніі ён паклаў славянафільскі суб'ектывізм. Выкарыстоўваючы крыніцы з уніяцкага асяроддзя, Каяловіч інтэрпрэтаваў іх са сваіх метадалагічных пазіцый, якія грунтаваліся на прызнанні месіянскай ролі Расіі, перавагі расійскай цывілізацыі і непрызнанні за Беларуссю права на самастойны, па-за межамі Расіі, шлях нацыянальна-культурнага і рэлігійнага развіцця.

Першы беларускі уніязнаўца зыходзіў з таго, што вызначальным фактарам гістарычнага развіцця Беларусі было сутыкненне дзвюх цывілізацый, якое зводзілася да барацьбы рускай і польскай сіл. Унія - адна з тых заганных рэчаў, якія даў Захад. Падмяніўшы яе ўнутраныя перадумовы вонкавым уплывам, Каяловіч аказаўся дастаткова далёкім ад раскрыцця сапраўдных яе прычын. Адзначыўшы, што ідэя уніі вітала ў галовах немалой колькасці людзей з духавенства, свецкай знаці, мяшчан і ўяўлялася ім справай зусім годнай, ён далей настойліва навязвае думку, што пайшлі на яе адны нягоднікі, якія дзейнічалі па чужых указаннях. Робячы правільную пасылку аб спалучэнні прымусу і добраахвотнасці пры распаўсюджанні уніі, аўтар там не менш падае яе выключна як жахлівы і трагічны час пакут і супраціву праваслаўных.

У доктарскай дысертацыі «История воссоединения западнорусских унитов старых времен» гісторык акцэнтуе ўвагу на лаціна-уніяцкіх і уніяцка-базыльянскіх супярэчнасцях, даказвае натуральнасць, заканамернасць і добраахвотнасць вяртання уніятаў, што прыцясняліся рыма-каталіцтвам, ва ўлонне праваслаўнай царквы ў канцы ХVIII ст. і гэтай генеральнай лініі падпарадкоўвае інтэрпрэтацыю крыніц. Праўда, гэтыя крыніцы вымусілі яго прызнаць, што «нявольныя праваслаўныя» пазней нарабілі шмат клопатаў ураду, што на тэрыторыі Мінскай, Полацкай і Магілёўскай губерняў «уз'яднанне» 1794 - 1795 г. сустрэла моцныя перашкоды. Пры гэтым найбольшы супраціў аказала «уніяцкая інтэлігентная сіла Міншчыны» [911, с.380].

Услед за Каяловічам «западно-руссы»: сын уніяцкага святара К.Гаворскі, А.Шчарбіцкі [1319; 1320] а таксама «цвет» буржуазнай гістарычнай навукі І.Чыстовіч [1301], Ю.Крачкоўскі [922], П.Жуковіч [827 - 832], Г.Кіпрыяновіч [878; 879], Г.Шавельскі [1303], І.Малышэўскі [980], П.Бранцаў [720], М.Пятроў [1138; 1139], П.Баброўскі [709; 713], А.Сапуноў [1190], С.Рункевіч [1176] і інш., усе - спецыялісты па уніяцка-праваслаўным узаемадачыненням - з уласцівым ім вернападданніцкім манархізмам і перакананасцю ў перавазе праваслаўя над уніяй пачалі сцвярджаць, што, знаходзячыся паміж дзвюма больш моцнымі культурамі - рускай і польскай - і рэлігіямі - праваслаўнай і каталіцкай, Беларусь занадта «слабая» для сваёй этнаканфесійнай самастойнасці і закрывалі вочы на намаганні уніяцкіх лідараў дасягнуць гэтай самастойнасці на падставе сваёй веры. М.Каяловіч і П.Жуковіч у Пецярбургу, Ю.Крачкоўскі ў Вільні стварылі цэлую школу па вывучэнню праблем уніяцтва, якая, аднак, ігнаравала або дыскрэдытавала яго дзейнасць на ніве культуры, а этнічныя аспекты трактавала ў духу ўвараўскай формулы «праваслаўе, самадзяржаўе, народнасць».

Д.А.Кропатаў прыпадобніў асімілятарскую дзейнасць уніяцкай царквы на Беларусі да «этнографической лаборатории, в которой народы разлагаются, перегорают и улетучиваются, совершенно утратив все признаки первоначального своего происхождения» [926, с.297]. Адукацыйную дзейнасць беразвецкіх базыльян адзін з прадстаўнікоў гэтай гістарыяграфічнай плыні прафануе наступным чынам: спачатку манахі займаліся навучаннем моладзі, але потым «асветніцкія задачы манастыра пашыраюцца - ў праграму ўводзіцца выкладанне прадметаў, якія не мелі блізкіх адносін да патрэб простага рускага народа: фізіка, матэматыка, маляванне, французская і нямецкая мовы» [701, с.9].

Вобраз уніі, створаны гісторыкамі імперскага кірунку і мясцовымі «западно-руссами», якія, тым не менш, былі падазроным элементам у вачах афіцыйнага Пецярбурга, бо ад іх саміх «пахне вуніяй» [1292, с.279], атрымаўся далёкім ад рэальнага. Тэндэнцыйнасць, зададзенасць, аднабаковасць іх падыходаў да асвятлення уніяцтва і яго дзеячаў, выбарачны падыход да крыніц нам сёння відавочныя.

50-годдзе «ўз'яднання» актуалізавала уніяцкую тэматыку. На мяжы ХІХ - ХХ ст. у мясцовым друку выйшаў шэраг папулярна-прапагандысцкіх брашур, разлічаных на просты народ [662; 670; 687; 1328], а ў Пецярбургу і Маскве з'явіліся прызначаныя адукаванаму чытачу даследчыцкія працы буйнейшых уніязнаўцаў імперыі А.Хайнацкага [1285], П.Жуковіча [827-832], С.Голубева [773 - 775], П.Гаручкі [779], С.Рункевіча [1176], П.Ізвекава [846] і інш. Даказваючы згубнасць уніі для беларускага народа і «благодетельность» яе скасавання, яны, тым не менш, утрымлівалі цікавыя прызнанні, што пры ўсім сваім этнакультурным шкодніцтве уніяцтва ўсё-ткі не змяніла «рускасці» беларусаў, ды й абраднасць, таінствы, храмы, кнігі ў іх у прынцыпе засталіся тымі ж праваслаўнымі; што ўрадавы наступ на іх веру выклікаў масавы супраціў, і да т.п. Аднак толькі П.Жуковічу і С.Голубеву сярод дарэвалюцыйных уніязнаўцаў удалося ўзняцца да пазаканфесійнага асэнсавання праблемы.

У апошняй трэці ХІХ ст. пачынаецца спецыяльнае навуковае даследаванне беларускай культуры, якое не магло праігнараваць яе уніяцкую частку. Напісаныя з артадаксальных пазіцый, працы Н.Трыпольскага [1243], С.Нядзельскага [1072], А.Мілавідава [1037 - 1039], К.Харламповіча [1276], Мадэста [1046; 1047], М.Далматава [803] і інш. у негатыўным святле падаюць дзейнасць брацкіх арганізацый, друкарняў, бібліятэк, школ, асоб, якія патуралі іншай ад праваслаўя веры.

Сфармаваўшы адыёзны вобраз уніі, незлічонай колькасцю вуснаў і друкаў гістарыяграфія пануючай нацыі пры дапамозе мясцовых «западно-руссов» змагла прышчапіць яго да гістарычнай свядомасці усходнеславянскіх народаў. Паўторанае ў дзесятках манаграфій, сотнях артыкулаў, у навуковых дакладах і царкоўных пропаведзях, палажэнне аб дэнацыяналізатарскай і культурна-разбуральнай місіі уніяцтва на землях Беларусі і Украіны стала ўспрымацца на абыдзеным узроўні як аксіёма.

Са сваімі меркамі да пытання аб рухальных сілах, мэтах і выніках Берасцейскай уніі падыходзілі польскія гісторыкі апошняй трэці ХІХ - пачатку ХХ ст. Разгорнутая ў канцы стагоддзя дыскусія аб прычынах падзелаў Рэчы Паспалітай і 300-я ўгодкі уніі ўзмацнілі навуковую цікавасць да яе, а расправа з падляшскімі уніятамі ў 1874 г., якая ўзрушыла Еўропу, адгукнулася ў Польшы ў шматлікіх навукова-папулярных выданнях, а таксама ў паэзіі, прозе і драматургіі [1388; 1435; 1449; 1473]. Э.Лікоўскі, М.Бабжыньскі [708], В.Калінка [1381], А.Прахаска [1434] і інш. разглядалі унію у асноўным у аспекце яе ўплыву на гістарычную перспектыву Рэчы Паспаліітай. У адрозненне ад расійскіх калег яны не выпрацавалі адзінага бачання царкоўна-рэлігійнага, палітычнага і этнічнага прызначэння берасцейскай згоды, хоць ў падачы Рэчы Паспалітай носьбітам асветы і культуры на беларускіх землях і пасрэдніцкай, цывілізуючай ролі уніяцкай царквы на «варварскім» праваслаўным Усходзе разыходжанняў паміж імі няма.

Польская гістарыяграфія, не выключаючы палітычнага значэння уніі, абсалютызаванага расійскімі даследчыкамі, падкрэслівала таксама яе канфесійны і культурны аспект, разглядала ў кантэксце еўрапейскіх уніянісцкіх тэндэнцый. Была высунута і дастаткова аргументавана ідэя аб «рускім» епіскапаце як актыўнай рухальнай сіле ў заключэнні уніі. Высока ацэнены выпрацаваныя ў 1595 г. умовы уніі. Вывучалася дзейнасць яе першых мітрапалітаў. Звернута ўвага на тое, што унія сустрэла на Беларусі меншы супраціў і была прынята хутчэй, чым на Украіне. Як правіла, асуджаецца пазіцыя каталіцкага епіскапата Рэчы Паспалітай, які закрыў яе кіраўніцтву доступ у сенат, чым напалову праваліў справу уніі. Закраналася пытанне аб яе культурнай ролі. Пры розных падыходах і ацэнках берасцейскай згоды польскія гісторыкі мяжы стагоддзяў у сваёй большасці зыходзяцца на яе адназначна негатыўных наступствах для гістарычных лёсаў Рэчы Паспалітай: яна раскалола «рускае» грамадства, стала адной з прычын казацкіх войнаў і ўтручання замежных дзяржаў; адмоўна адбілася на польскай каланізацыі Украіны і г.д. Прытым частка гістарычнай адказнасці за гэтыя наступствы ўскладваецца на ўрад Рэчы Паспалітай і польскае грамадства, якія не да канца зразумелі палітычнага і цывілізацыйнага значэння уніі, абыякава глядзелі на антыуніяцкія выступленні і ў крытычныя моманты прадстаўлялі яе самую сабе [727].

Значны ўклад ва уніязнаўства ўнеслі заснаваныя на багатай літаратуры і шырокай базе крыніц працы 1870-х - 1910-х г. пазнаньскага епіскапа Э.Лікоўскага [961;1396 - 1401]. Сучаснік ліквідацыі уніяцкай царквы на Падляшшы, ён сцвярджаў, што ў аснове расцягнутага на стагоддзе знішчэння Масквой уніяцтва ляжыць гістарычная фальсіфікацыя, якая атаясамлівае «рускіх» з расіянамі [1398, с.V]. Напісаная да 300-годдзя падзеі з польскіх, рыма-каталіцкіх пазіцый яго манаграфія «Брэсцкая унія (1596)» і на сённяшні дзень прызнаецца найбольш поўнай яе гісторыяй [1043, с.497].

Польская гістарыяграфія памежжа ХІХ - ХХ ст. заклала асновы далейшага вывучэння уніяцкай праблематыкі ў Польшчы, аказала ўплыў на даследчыкаў іншых краін. Аднак яна амаль не кранала ролі уніі ў станаўленні этнічнай самасвядомасці беларускага і ўкраінскага народаў і толькі паставіла пытанне аб уніі як з'яве культуры.

Ватыканскі погляд на праблему адлюстраваны ў працах А.Тэйнера [1459; 1460]. Прадстаўнікі гэтага гістарыяграфічнага кірунку даказвалі, што папскі прастол заўсёды бескарысліва клапаціўся аб лёсе Беларусі і Украіны, а уніяцтва - гэта адна з праяў такога клопату.

Рашэнне Ватыкана 1865 г. пашырыць ушанаванне св. Язафата (Кунцэвіча), абвешчанага паўстанцамі К.Каліноўскага патронам нацыянальна-вызваленчага змагання, на ўсю каталіцкую царкву выклікала атаку з боку Масквы і Пецярбурга. Яна была падмацавана шэрагам наспех выдадзеных кніжак, кампраментаваўшых уніяцкага пакутніка з мэтай не дапусціць яго кананізацыі [767]. На гэта заходнія вучоныя Марцін [1409; 1410] і Гвэпін [1368; 1369] з Францыі, Пелеш [1428] з Аўстрыі, Канціеры [1357] з Італіі, Лушорн [1402] з Германіі адказалі заснаванымі на багатым дакументальным матэрыяле працамі ў абарону св. Язафата, якія адбівалі атакі і парыравалі дакументальныя фальшыўкі (у тым ліку знакаміты ліст Л.Сапегі) Пецярбурга [1121, с.180 - 181].

Лонданскі часопіс у 1839 г. адазваўся на ліквідацыю уніі рэзкім артыкулам [645]. Нямецкі вучоны А.Брукнер [1348] і рэктар грэка-каталіцкай семінарыі ў Ведні, а пазней перамышльскі епіскап, Ю.Пелеш [1428] бачылі прычыну культурнага ажыўлення Беларусі другой паловы ХVI - пачатку XVII ст. толькі ва ўплыве Захаду. У першай трэці ХХ ст. палітыку рымскай курыі на «рускім» праваслаўным Усходзе вывучаў чэшскі даследчык Я.Шмурло [1311; 1312].

Сярод гістарыяграфіі расійскай і польскай арыентацыі з першай трэці ХІХ ст. пачынае прабівацца ліцвінска-беларуская плынь. Ля яе вытокаў стаялі прафесары і выхаванцы Віленскага універсітэта, якія сваімі працамі давалі адпор тэорыям польскай і расійскай культурна-рэлігійнай выключнасці. Прадстаўнікі беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі ХІХ - пачатку ХХ ст. спецыяльных уніязнаўчых даследаванняў не праводзілі, хоць кожны імкнуўся ў сваіх працах выказаць адносіны да веры, сляды якой і наступствы ліквідацыі востра адчуваліся ў тагачасным грамадстве.

У сярэдзіне ХІХ ст. помнікі уніяцтва на Беларусі апісвалі А.Кіркор [516], М.Без-Карніловіч [694], Ф.Турчыновіч [1247], П.Шпілеўскі [617] і інш. У 1862 - 1863 г. узяў уніяцкую царкву пад сваю абарону К.Каліноўскі, якога веравызнаўчая праблема цікавіла найперш з пазіцыі нацыянальнай самаідэнтыфікацыі і самадзейнасці беларусаў. У апошніх нумарах «Мужыцкай праўды» ён асудзіў рэлігійную палітыку самадзяржаўя на Беларусі і выступіў супраць падаўлення праваслаўем уніяцтва, якое лічыў «сапраўднай верай дзядоў і прадзедаў» [531, с.36, 57 - 58, 60].

Сваё разуменне этнакультурнай сутнасці уніяцтва далі ў канцы ХІХ - першай трэці ХХ ст. прадстаўнікі нацынальнай беларускай і ўкраінскай ліберальна-дэмакратычнай гістарыяграфіі. Сваімі працамі яны не толькі пасунулі уніязнаўства далёка наперад, але і раскрылі жахлівую неадпаведнасць паміж гістарычнай рэчаіснасцю і яе адлюстраваннем тагачаснай афіцыйнай навукай. В.Антановіч, М.Грушэўскі, А.Савіч, М.Доўнар-Запольскі, В.Ластоўскі, А.Станкевіч, А.Цвікевіч, У.Ігнатоўскі і інш. ў сваёй інтэрпрэтацыі Берасцейскай уніі зыходзілі з таго, што культурна-гістарычныя працэсы на беларуска-ўкраінскіх землях працякалі адасоблена ад аналагічных працэсаў у Расіі і Польшчы.

Адзначыўшы супярэчлівую ролю ў гісторыі Беларусі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў, іх прычыненне да заняпаду старабеларускай культуры і асіміляцыі народа, М.Багдановіч ўспрымаў уніяцтва як альтэрнатыву дэнацыяналізацыі ў рэлігійным жыцці беларусаў [688, с.342].

У поглядах М.Доўнар-Запольскага, В.Ластоўскага, У.Ігнатоўскага праявілася пэўная супярэчлівасць і эвалюцыя ад абвяшчэння уніі сродкам знішчэння беларускага этнаса да прызнання яе своеасаблівай формай нацыянальнай беларускай царквы. Крытычна ацэньваючы унію, Доўнар-Запольскі [817; 818; 820; 821] пайшоў далей афіцыёзнай гістарыяграфіі вялікадзяржаўна-манархічнага толку, застарэлыя палажэнні якой працягвалі прапагандавацца ў навуцы канца ХІХ - пачатку ХХ ст. Бачаннем дзвюх плыняў ва уніяцтве - на збліжэнне з каталіцтвам і на адстойванне асобнасці, якія ў ХVІІІ - першай трэці ХІХ ст. знаходзіліся ў барацьбе паміж сабой, ён пераўзышоў і многіх паслядоўнікаў - савецкіх гісторыкаў, якія адназначна і аднабакова ацэньвалі унію як шлях да акаталічвання.

Першае пакаленне беларускіх адраджэнцаў звязвала надзею стварэння нацыянальнай царквы з уніяцтвам, а не з праваслаўем, якое з'яўлялася тады носьбітам вялікадзяржаўнай, імперскай ідэі.

В.Ластоўскі ацэньвае унію як няўдалую спробу Беларусі рэлігійна самаакрэсліцца ў экспансіўным міжнародным праваслаўна-каталіцкім атачэнні, правалу якой спрялі як унутраныя фактары (супярэчнасці паміж белым і чорным духавенствам у самой царкве, лацінізатарская дзейнасць базыльянскага ордэна, цяжкае матэрыяльнае і маральнае палажэнне прыходскага кліра), так і вонкавыя (вераломства польска-каталіцкіх колаў, якія глядзелі на унію толькі як на спосаб зліцця беларусаў з палякамі; своекарыслівая царкоўная палітыка Расіі). Гісторык адзначае ролю базыльян у развіцці асветы і аграмадную пісьменнасць, выкліканую падзеяй 1596 года [949]. У напісанай ім гісторыі беларускага пісьменства Х - пачатку ХІХ ст. уніяцкія творы занялі сваё месца як помнікі нацыянальнай культуры [948].

Станоўча ацэньваючы саму ідэю скасавання падзелу ў хрысціянстве, У.Ігнатоўскі выносіць суровы прысуд уніі ў яе берасцейскім варыянце, у якім інтарэсы Польшчы, што прагнула скасаваць самабытны нацыянальна-культурны твар Беларусі, узялі верх над намерам апошняй спыніць рэлігійныя спрэчкі і ўтварыць нацыянальную дзяржаўную царкву. Ён асуджае трату беларускіх творчых сіл на непатрэбную рэлігійную барацьбу ў расколатым уніяй грамадстве. З аднаго боку, гісторык лічыць, што уніяцтва развівалася ў кірунку, зададзеным Польшчай, але, з другога, канстатуе: Польшча і езуіты перасталі лічыць яго патрэбным, калі выявілася, што яно, як мост, не пераводзіць пад польска-каталіцкі ўплыў шырокія масы так хутка, як яны на тое спадзяваліся [854, с.116 - 125].

Узвышэнне уніі да рангу нацыянальнай царквы, у якой «захоўвалася стыхія беларушчыны», назіраецца ў працах А.Цвікевіч [1292; 1293] і А.Станкевіча [1217 - 1219], паводле якога, з-за уніі Беларусь шмат страціла, але набыла значна больш - захавала веру сваіх бацькоў на працягу больш 243-х годоў і сваю нацыю, падняла асвету духавенства і народа, садзейнічала развіццю народнай літаратуры і стала адзінай апорай беларускай культурнай асобнасці [1217, с.9; 1218, с.104].

Ініцыятары неауніі ў Заходняй Беларусі вынеслі суровы прысуд уніі гістарычнай, бо яна «падрывала ля самай асновы той апошні бар'ер, якія ахоўваў культурна-нацыянальную своеасаблівасць і самастойнасць народа, адкрываючы яго для ўплыву і насілля з боку Польскага Рыма» [488, а.4 адв., 9 адв.].

Не пазбег супярэчнасцяў ва уніяцкім пытанні У.І.Пічэта. З аднаго боку, у захадах ВКЛ па ўнезалежненню сваёй царквы ад Масквы ён бачыць намер «пазбавіць свайго нацыянальнага твару беларускі і ўкраінскі народы», а ў Берасцейскай уніі - езуіцкія козні па адрыву беларусаў ад рускай народнасці, а з другога, называе барацьбу ў абарону праваслаўнай веры і царкоўнаславянскай мовы «кансерватыўна-культурным рухам», адносіць першыя паўнійнае паўстагоддзя да часу нацыянальнага адраджэння [1441] і прызнае уніяцкую царкву ХІХ ст. важным фактарам захавання нацыянальнай мовы [1140, с.20 - 21].

Беларускі акадэмік-рэлігіявед М.М.Нікольскі, які першы ў савецкай гістарыяграфіі асвятліў гісторыю царквы ў Расіі з пазіцый марксізму-ленінізму [1079], даў адрозную ад імперскай трактоўку мэтаў, метадаў і наступстваў ліквідацыі уніяцтва - як адзін з прыёмаў каланізацыі і русіфікацыі далучаных тэрыторый. Заклікаючы даследчыкаў не баяцца «ламаць высноў старых аўтарытэтаў, калі навуковыя факты вас да гэтага падводзяць», Нікольскі робіць трапныя, бязлітасныя, часам іранічныя заўвагі наконт скасавання уніі, якія разыходзяцца з ацэнкамі тых аўтарытэтаў (Бантыш-Каменскага, Каяловіча, Шавельскага), па чыіх працах ён вывучаў гэта пытанне. Апазіцыя «ўз'яднанню» ў яго падачы выглядае вельмі ўнушальнай. Акрэсліваецца яе сацыяльная база - беларускае сялянства, духавенства і шляхта [1077, с.287 - 295].

Дз.Даўгяла [806] і М.Ільяшэвіч [859, с.10 - 18] таксама акцэнтуюць ўвагу на царскай палітыцы падаўлення уніяцтва як сродку ўмацавання сваёй улады на беларускіх землях.

Пяру А.Савіча належыць грунтоўны артыкул пра беларускія уніяцкія школы, дзейнасць якіх ён, аднак, ацэньвае скептычна [1182]. Філалагічныя працы Я.Ф.Карскага праліваюць святло на спецыфіку культурна-моўных працэсаў на Беларусі ў ХVI - ХІХ ст. і месца ў іх уніяцкай царквы [869]. Мастацтвазнаўца М.Шчакаціхін прадпрыняў спробу сістэмнага аналізу айчыннага сакральнага мастацтва [1314]. Аднак сталінская барацьба з нацдэмаўшчынай на 40 годоў спыніла яго вывучэнне.

Беларускія каталіцкія святары 20-30-х г. бачылі ва уніяцтве ідэю, якая кансалідуе беларускі народ, пазбаўляе яго залежнасці ад іншаканфесійных суседзяў, а, па вялікаму рахунку, сілу, здольную аб'яднаць Усход і Захад [1242]. Адзін з іх - філосаф-паэт К.Сваяк лічыў яго найбольш адпаведнай нашаму народу формай хрысціянства і адзінай падставай для ўсебаковага развіцця нацыі з захаваннем усіх яе народных асаблівасцяў [1193].

Працамі айчынных гісторыкаў эпохі беларусізацыі і прысланых ім на дапамогу неардынарных расійскіх (У.Пічэта, М.Нікольскі) і ўкраінскіх (А.Савіч) вучоных, а таксама заходнебеларускіх даследчыкаў быў зроблены прынцыповы паварот у вывучэнні уніяцкай праблематыкі.

З уніяцкай праблематыкі пачыналася ўкраінская нацыянальная гістарыяграфія і шлях у навуку М.І.Кастамарава. У прадстаўленай ім у 1842 г. да абароны магістарскай дысертацыі «О значении унии в истории Западной Руси», у якой трактоўка прычын берасцейскай згоды разыходзілася з прынятай, пачынаючы вучоны ўбачыў унутраную неабходнасць рэфармавання беларуска-украінскай праваслаўнай царквы ў канцы ХVІ ст. [903]. Не адобраная цэнзурай, дысертацыя была спалена [1282]. Перапрацаваны ў адпаведнасці з афіцыйнымі ўстаноўкамі яе варыянт выйшаў пазней кнігай «Южная Русь конца ХVІ в.», якая ўжо, як і належала, акцэнтавала ўвагу на згубнай для ўкраінскага народа ролі уніі ў даўняй Рэчы Паспалітай. Чыноўнікі ад навукі прэтэнзій да аўтара больш не мелі.

І.Франко ў сваіх навуковых і публіцыстычных творах [1269; 1364] звязваў факт увядзення уніі з доўгатэрміновым працэсам і імкненнем украінска-беларускай эліты да паяднання Усходу і Захаду, з натуральнай унутранай патрэбай змен; лічыў, што унія адкрывае перад Украінай браму ў Еўропу; бараніў добрае імя яе ініцыятараў і з ёй звязваў інтэлектуальнае ажыўленне на ўсходнеславянскіх землях Рэчы Паспалітай, у тым ліку ў шэрагах апазіцыі, сярод якой з'явіліся розныя арыентацыі - ад кансерватыўна-аскетычных да абнавіцельскіх; абвяргаў тэзу аб імкненні уніятаў да лацінізацыі сваёй царквы, якіх у абрадавай справе лічыў традыцыяналістамі; высока ацэньваў І.Пацея, які першы з «украінскіх тэолагаў» адважыўся ўступіць у палеміку з грэчаскім тэолагам [1373].

Украінская гістарыяграфія канца ХІХ - пачатку ХХ ст. унесла значны ўклад ва уніязнаўства, даследуючы персаналіі буйнейшых культурна-рэлігійных дзеячаў канца ХVI - XVII ст. (працы А.Лявіцкага [954], І.Лявіцкага [953], С.Голубева, Н.Трыпольскага [1243] і інш.), перадумовы уніі (А.Лявіцкі), міжканфесійныя стасункі (В.Антановіч [675; 676], М.Грушэўскі, П.Куліш [935] і інш.). Высокім навуковым узроўнем і аб'ектыўнасцю вылучаюцца багатыя на дакументальныя дадаткі працы С.Голубева, прысвечаныя праваслаўнаму «западнику» мітрапаліту П.Магіле, якому ў кансалідацыйных планах уніяцкай эліты і яе намерах стварэння Кіеўскага патрыярхата адводзілася значная роля [774; 775]. Важнае значэнне мела работа А.Лявіцкага «Унутраны стан заходнерускай царквы ў Польска-літоўскай дзяржаве ў канцы ХVI ст. і Унія», у якой ён упершыню ва ўсходнеславянскай гістарыяграфіі звярнуў увагу на тое, што унія з'яўлялася вынікам унутранага развіцця праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай [956], у сувязі з чым дзеянні яе лідэраў атрымлівалі пэўнае апраўданне. М.Грушэўскі разглядаў унію як спробу культурна-нацыянальнага адраджэння беларуска-ўкраінскага грамадства [782; 783]. На ніве уніязнаўства ў першай палове ХХ ст. выступалі таксама М.Чубатый [1302], Д.Данцоў, Д.Дарашэнка, В.Шчурат, М.Войнар і іншыя прадстаўнікі ўкраінскай гістарыяграфіі, якія лічылі унію рухальнай сілай для свайго народа, падкрэслівалі яе важную ролю ў нацыянальным руху, асабліва пачынаючы з сярэдзіны ХІХ ст. Рэтраспектыўную ацэнку уніяцкая духоўна-культурная спадчына атрымала на унійных канферэнцыях і з'ездах, якія адбыліся ў Пінску і Львове [1252].

Першай у славянскай гістарыяграфіі спробай разгледзець унію на параўнальна шырокім цэнтральна-усходнееўрапейскім культуралагічным фоне стала праца А.Савіча «Нариси з історіі культурних рухів на Вкраіні та Білорусі в ХVІ - ХVІІІ вв.». Аўтар яе прыйшоў да высновы: галоўным пытаннем, якое стаяла перад беларуска-ўкраінскім грамадствам у другой палове XVІ ст., было - трымацца нацыянальнай культуры ці падпарадкаваца польскай? Унія 1596 г. - гэта арыгінальны спосаб вырашэння дадзенага пытання, свайго роду кампраміс. Базыльянскі ордэн, які на працягу двух стагоддзяў засяроджваў у сваіх руках асвету ва ўкраінскім грамадстве, Савіч лічыць «культурнай сілай» [1183, с.125, 226, 246].

Такім чынам, на змену набіўшым за ХІХ ст. аскоміну, але меўшым плён спекуляцыям вакол этнічнай тоеснасці уніятаў «западно-русской» школы на мяжы ХІХ - ХХ ст. прыходзіць асцярожная цікавасць да культурнага набытку уніяцтва, які па-ранейшаму ў цэлым трактуецца адмоўна. У 20-я г. яна змяняецца шчырым зацікаўленнем культурна-інтэлектуальнай творчасцю уніяцкай царквы ва ўкраінскай і беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі (працы А.Савіча, В.Ластоўскага), хоць дзесяцігоддзем пазней савецкая гістарычная навука з яе атэістычным падыходам, які наогул выключаў рэлігію з паняцця культуры, супрацьпастаўляў любую рэлігію духоўнаму прагрэсу, пераняла ад дарэвалюцыйнай у спадчыну традыцыйную варожасць да уніі.

У 30-я г. на галовы гісторыкаў нацыянальнай арыентацыі пасыпаліся ахінутыя ў навуковыя адзенні палітычныя абвінавачванні. Іх навуковыя выкладкі былі прызнаны шкоднымі для ўмацавання ідэйна-палітычнага адзінства савецкага народа і аддадзены гістарычнай навукай СССР забыццю як не ўяўляючыя навуковай каштоўнасці. Іх кнігі на шмат дзесяцігоддзяў папалі пад забарону, самі яны былі нізвергнуты з навукова-гістарычнага Алімпу, падвергліся рэпрэсіям або вымушаны былі эміграваць. Уніяцкая праблема стала небяспечнай для даследавання і папоўніла негалосны спіс табуіраваных тэм, якія старанна абыходзілі гісторыкі.

Першая палова ХХ ст. прыносіць выразную палярызацыю ў поглядах на Берасцейскую унію і ў польскай гістарыяграфіі ў сувязі з больш выразнай пастаноўкай пытання аб інтарэсах Польшчы і каталіцкага касцёла [1356, с.236]. Адны прызнавалі гістарычную унію, якая выконвала ролю маста паміж каталіцкім Захадам і праваслаўным Усходам, карыснай для культурнага развіцця славянскіх народаў, а яе культурна-экуменічныя набыткі - пераважаючымі над негатыўным уплывам на развіццё польска-усходнеславянскіх адносін, у той час як іх апаненты лічылі, што яна нарабіла польскай і «рускай» супольнасцям Рэчы Паспалітай непапраўную шкоду.

У сувязі з дыскусіяй, якая разгарнулася ў другой Рэчы Паспалітай у канцы 20 - пачатку 30-х г. адносна новых форм распаўсюджвання уніі на тэрыторыі Заходняй Беларусі, ў польскай гістарыяграфіі вызначыліся 2 тэндэнцыі: абарона уніі і яе адмаўленне. Зыходзячы з польскіх этнапалітычных інтарэсаў, адны ацэньвалі унію ўзору 1596 г. як найлепшы шлях дзяржаўнай асіміляцыі ўсходнеславянскіх народаў. Другія бачылі ў ёй крыніцы і форму беларускага і ўкраінскага нацыянальнага сепаратызму, лічылі эксперымент з неауніяй небяспечным для сваёй дзяржавы з усіх пазіцый, быццам ён нясе пагрозу ўзмацнення антыпольскіх настрояў на Беларусі і страты ўсходніх зямель. У гэты час друк СССР падаваў і старую, і новую унію выключна польскімі акцыямі [756, с.182 - 190; 1256, с.400 - 409; 1453]. У міжваенных спрэчках вакол неауніі першую ацэнку замацоўвалі ў гістарыяграфіі А. Халецкі і інш., другую - Ф.Канечны, Э.Старчэўскі , В.Піятровіч і інш.

Ф.Канечны лічыў унію няўдалым спосабам сінтэзу Усходу і Захаду ў касцёле, перашкодай для пашырэння рыма-каталіцтва на Усход. Калі б не унія, піша ён, то ўжо ў ХVIII ст. каталіцызм дасягнуў бы Урала, прынёсшы ў Расію перамогу цывілізацыі [1384, с.23]. З падачы Э.Старчэўскага, збліжэнне праз унію Польшчы з Усходам у ХVII ст. «бясконца паніжала нашу культуру і адрывала нас ад заходняй цывілізацыі. Што было, калі б мы прасунуліся яшчэ далей на Усход?» Менавіта унія, на яго думку, зрабіла русінскі арганізм такім непадобным у нацыянальных, культурных і грамадскіх адносінах да палякаў, што гэта рознасць перашкаджала суіснаванню двух народаў, так блізка злучаных паміж сабой гістарычна і тэрытарыяльна [1448, с.287, 321 - 322, 329 - 330].

Розныя аспекты уніі вывучалі ў міжваенны перыяд Т.Грабоўскі [1367], К.Хадыніцкі [1351] і інш. А.Халецкі чытаў у Ягелонскім універсітэце курс лекцый аб Фларэнційскай і Берасцейскай уніях.

На змену ўзмоцненай увагі да уніяцтва ўсходнеславянскай гістарыграфіі апошняй трэці ХІХ - першай трэці ХХ ст. прыйшла тэндэнцыя да застою ў вывучэнні праблемы, якую ў 30-80-ыя гады лічылі неактуальнай, далёкай ад культурных патрэб пралетарыяту, а пасля Вялікай Айчыннай вайны і наогул лічылі за лепшае не акцэнтаваць на ёй увагі. За гэтыя 60 гадоў у савецкай Беларусі выйшла толькі адна праца аб уніі - папулярна-прапагандысцкая брашура В.Ф.Гапановіча і Л.А.Царанкова «Учарашні і сённяшні дзень уніяцкай царквы» [754].

Гісторыя і культура пасляберасцейскай Беларусі былі амаль выключаны з поля зроку гісторыкаў. Усялякія сцверджанні аб спрыянні уніяцкай царквы культурнаму развіццю беларускага і ўкраінскага народаў абвяшчаліся фальсіфікатарскімі. Цікава, што прынцыпова варожая да рэлігіі і царквы савецкая гістарыяграфія цалкам унаследавала канфесійны дух старой імперскай школы. Ідэя аб супрацьстаянні на Беларусі «истинной православной» Русі каталіцкаму Захаду, якая зыходзіла яшчэ ад маскоўскай кніжнасці ХVІ ст., узмоцненая славянафільскай літаратурай ХІХ ст., была пракарэктавана з марксісцкіх пазіцый - дапоўнена тэзісам аб вырашальнай ролі народных мас у гісторыі і патрабаваннем класавага падыходу. Наступленне каталіцтва і уніі атаясамлівалася з узмацненнем прыгонніцтва, барацьба за праваслаўе - з абаронай ад росту феадальнага ўціску.

Унія стала падчаркай беларускай гістарычнай навукі, хоць і закраналася ў ёй толькі мімаходзь. Разглядаючы яе праз прызму ўсходнеславянскага адзінства, аўтары небеспадстаўна бачылі ў ёй сілу, якая дыферэнцавала беларускі народ ад рускага, што, аднак, ёй ставілася ў віну. Сталінізм, а затым застойны перыяд, затрымалі распрацоўку гісторыі уніі ў СССР - надалі ёй аднабаковы характар, ізалявалі савецкіх вучоных ад дасягненняў сусветнага уніязнаўства, практычна выключылі магчымасць выкарыстання замежных крыніц. У гэтым інфармацыйным вакууме запанавалі цытатніцтва і дагматызм.

Антысавецкая пазіцыя уніяцкай царквы Заходняй Украіны, ліквідаванай там ў 1946 г., і сярод беларуска-ўкраінскай дыяспары абумовіла новы тур яе шальмавання ў 50-80-я г., у чым мела асаблівы поспех украінская гістарыяграфія. Вялікая плеяда гісторыкаў, філосафаў, літаратуразнаўцаў зрабілі сабе імя ў навуцы на выкрыцці антынароднай сутнасці і рэакцыйнай ролі уніяцтва, на доказах яго несумяшчальнасці з народнымі традыцыямі і згубнасці для нацыянальнай культуры. Самі назвы іх кніг гавораць за сябе [666; 671; 674; 737 - 739; 804; 805; 814; 815; 880; 882; 885; 1025; 1021; 1058; 1083; 1123; 1156; 1170; 1203; 1230; 1307; 1308; 1465]. Яго служыцелі, як піша, напрыклад, В.Клімаў, захоплівалі і грамілі культурныя установы, брацкія школы, друкарні, пераўтваралі манастыры ў турмы для кніг і гістарычных дакументаў; аб'ектам іх ганенняў стала простая руская мова [884, с.15 - 16]. Даследчыцкія працы П.К.Ярэменкі [1332], П.К.Загайкі [836], М.В.Кашубы [877], В.Л.Мікітася [1032] разглядалі цікавячы нас аб'ект праз прызму антыуніяцкай барацьбы ў розных яе праявах - ад літаратурнай палемікі да ўзброеных выступленняў - у русле масквацэнтрычнай канцэпцыі беларуска-ўкраінскай гісторыі. Больш спакойна, хоць і негатыўна, ставіўся да уніі буйны кнігазнаўца Я.Д.Ісаевіч [848; 849]. На фоне павярхоўнасці большасці антыуніяцкіх прапагандысцкіх публікацый украінскіх аўтараў таго часу навуковай грунтоўнасцю, багатай базай крыніц, у тым ліку з цяжкадаступных даследчыкам СССР ватыканскіх архіваў, вылучаюцца працы 80-х г. С.Якавенкі [1330] і С.Плохія [1145; 1146], у якіх, аднак, этнакультурныя аспекты уніяцтва спецыяльна не даследуюцца.

Канцэпцыя гісторыі уніі, распрацаваная беларускімі вучонымі ў 40 - 80-я г., грунтавалася на нацыянальным нігілізме, некрытычным перайманні шэрагу палажэнняў дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі, вульгарным сацыялагізме. Штучна звужалася цікавасць да уніі, навязваўся комплекс яе няпаўнавартасці. Радавод уніяцкай царквы падаваўся як вынік ідэйных правакацый езуітаў, арганізацыі «польскіх інтрыг», патаемна выношваемых мясцовай іерархіяй намераў татальнага акаталічвання насельніцтва з мэтай знішэння беларускага і ўкраінскага народаў. Беларускасць звязвалася толькі з праваслаўем, а уніяцтву прыпісвалася роля ганіцеля нацыянальнай культуры, яго набыткі ў духоўнай сферы выстаўлялася як дэфармацыя гэтай культуры. Праваслаўная вера і барацьба за яе падаваліся асноўным рухавіком культурна-гістарычнага працэсу. Выпячваліся яе пакуты пад уніяцкім ярмом, але замоўчвалася, што тое само апынулася ў цісках сумежных канфесій. Асуджаючы ўсялякія спробы ВКЛ да царкоўна-рэлігійнай асобнасці, гісторыкі зыходзілі з памылковага тэзіса пра адвечную цягу беларускага і ўкраінскага народа да аб'яднання сваіх зямель вакол Масквы, заплюшчвалі вочы на адрозненні і супярэчнасці культурна-рэлігійнага развіцця ўсходнеславянскіх этнасаў.

Гісторыя уніі, якая перастала быць прадметам спецыяльнага даследавання, растваралася ў 50-80-я г. у гісторыі каталіцкай экспансіі на Беларусі (працы Я.Н.Мараша [988-993] і В.А.Мацкевіча [1024]) або ў гісторыі рускай праваслаўнай царквы (працы М.С.Корзуна [897-898]). Папулярнай тэмай для распрацоўкі стала антыуніяцкая барацьба, якая падавалася як супраціў этнацыду і разгулу тэрору ў дачыненні да беларусаў (працы А.Ф.Коршунава [902], А.П.Ігнаценкі [845], Л.С.Абэцэдарскага [658 - 660 ], С.В.Палуцкай [1152], сюжэты ў даследаваннях па гісторыі беларускіх гарадоў З.Ю.Капыскага [896], А.П.Грыцкевіча [781], В.І.Мялешкі [1028]).

У той самы час у гістарыяграфіі 60-х гадоў з'явілася новая тэндэнцыя - традыцыю замоўчвання і дыскрэдытацыі пачынаюць парушаць асцярожная цікавасць да уніі і яе дзеячаў, а таксама «крамольныя « думкі [1159; 1160], якія не толькі разыходзіліся з устаялай акадэмічнай канцэпцыяй, але і ёй супярэчылі. У 70 - 80-я гады гэта тэндэнцыя ўзмацняецца. Увагу У.Г.Кароткага [900; 901] і А.С.Пракошынай [1162; 1163] выклікала неардынарная супярэчлівая постаць М.Сматрыцкага, Г.А.Каханоўскага [874, с.17, 98] і Л.В.Аляксеева з Масквы [668] - асоба базыльянскага архімандрыта і першага беларускага гісторыка І.Кульчынскага. М.М.Улашчык выказваў меркаванне аб датычнасці уніяцкай царквы да беларускага летапісання [567, с.13], канстатаваў: «Наколькі шмат высунула навуковых дзеячаў вясковае уніяцкае духавенства, настолькі беднымі засталіся праваслаўныя, хаця ўмовы для іх былі несуразмерна больш спрыяльныя» [1250, с.121]. В.П.Грыцкевіч даказаў факт дамінацыі уніятаў у канфесійнай структуры насельніцтва Беларусі ў канцы ХVIII ст. і асуджаў кацярынінскую палітыку адносна іх [791]. Л.С.Лыкошына даследавала прычыны, формы і наступствы ўдзелу уніяцкага духавенства ў паўстанні 1830 - 1831 г. [966]. Аднак манаполія на навуковую ісціну не дазваляла адыходзіць ад агульнапрынятага канона. Усялякія спробы пераглядзець ацэнку уніі ў бок яе рэабілітацыі асуджаліся.

У той час як гісторыкі ў большасці сваёй працягвалі адмаўляць за уніяцтвам якісьці станоўчы ўклад у беларускую культуру, філосафы, літаратура-, мастацтва- і кнігазнаўцы пачалі даследаваць ў межах гісторыі нацыянальнай культуры яе амаль нераспрацаваную уніяцкую частку, паказваючы, такім чынам, удзел гэтай канфесіі ў культуратворчых працэсах XVII - XVIII ст. Э.Вецер [730; 731], Н.Высоцкая [530], Ю.Хадыка [1275], а таксама В.Пуцко [1164] з Украіны расшуквалі, сістэматызавалі і апісвалі уніяцкі абраз, А.Лявонава [973] вывучала скульптуру, А.Кулагін [930; 932] і У.Дзянісаў [809] - храмабудаўніцтва, В.Шматаў [1309; 1310], Ю.Лабынцаў [943 - 945] - кніжную культуру уніяцкай царквы. Пэўная ўвага была ўдзелена і уніяцкай сістэме асветы [683; 1091, с.419 - 429; 1092, с.304 - 305].

Шмат новага для разумення культурна-рэлігійных працэсаў на беларускіх землях у канцы ХVІ - ХVІІ ст. далі працы 70-80-х г. філосафаў У.М.Конана [894] І С.А.Падокшына [1149], гісторыка культуры Г.Я.Галенчанкі [537; 768; 770], філолага А.Мальдзіса [981; 983 - 985] і інш. Культурны ўзлёт на Беларусі пасля 1596 года - неаспрэчны на сённяшні дзень факт. Дыскутуюцца яго пабуджальныя матывы: увядзенне уніі ці адпор ёй? Прызнанне, з аднаго боку, уніі прычынай і пачаткам заняпаду нацыянальнай культуры, а з другога, - фактарам культурнага ажыўлення, літаратурнага ўздыму нярэдка ставіць даследчыкаў у тупік. Упершыню за савецкі час прадметам спецыяльнага даследавання стаў буйнейшы уніяцкі асяродак - Супрасль, які да таго ж паказаны Ю.Лабынцавым як беларускі культурна-асветны цэнтр [944]. Цікавыя прызнанні сталі прабівацца праз гнеўны паток антыуніяцкіх выпадаў гісторыка-літаратурных прац 60 - 80-х г.: аб наследаванні дзеячамі брацкага руху ў барацьбе за гегемонію ў духоўным жыцці народа уніяцкім калегам у выкарыстанні гутарковай мовы народа ў царкве; аб высокамастацкіх вартасцях уніяцкіх твораў М.Сматрыцкага, якія не саступалі славутаму «Фрынасу» [763, с.324, 328]. Аўтары першага абагульняльнага даследавання раз-віцця беларускага этнасу слушна адзначылі памылковасць тэзіса аб тым, што беларусы заўсёды ўяўлялі сабой выключна праваслаўную этнаканфесійную супольнасць, які значна звужае сапраўдны этнічны масіў народа. Даказана, што ў другой палове ХVІІ - ХVІІІ ст. яго асноўны этнічны масіў трымаўся ўжо не праваслаўнай, а уніяцкай веры [1327, с.132, 138, 147, 149].

Роля уніяцтва ўяўлялася айчыннай культуралогіяй, мастацтва-, мова- і літаратуразнаўствам напярэдадні і ў пачатку перабудовы вельмі супярэчлівай. І хоць падазронасць і насцярожанасць у стаўленні да яго не былі пераадолены, але «кананічная» версія аб пасляберасцейскай Беларусі як інтэлектуальнай пустэчы і антракце ў культурным працэсе была пастаўлена пад сумнеў.

Гэта праблема не засталася па-за ўвагі расійскіх, беларускіх і ўкраінскіх замежных даследчыкаў. Паводле Г.Флароўскага, у гісторыка-культурным кантэксце уніяцтва ёсць ініцыяваная пераважна звонку спроба «ўключэння» праваслаўна арыентаванай культуры ў «заходнюю традыцыю», «культурное западничество» [1264, с.40]. Для прац царкоўных гісторыкаў А.У.Карташава [870; 871], А.Мартаса [1022], І.І.Агіенкі [855 - 857; 1085] характэрна ігнараванне іншых ад праваслаўя канфесійных фактараў у развіцці ўсходнеславянскай культуры. Як сцвярджае А.Карташаў, культурна абяссілены «уніятызацыяй» народ Беларусі выратавала ад асіміляцыі толькі тое, што ён «уліўся ў агульнарускае імперскае цела» [871, с.268]. Мартас жа прызнае, што уніяцкая ў аснове вёска захавала сваё нацыянальнае аблічча [1022, с.51 -52]. Альтэрнатыўную трактоўку уніі, са сваім разуменнем культурна-гістарычнай спецыфікі Беларусі, з перакананнем, што менавіта уніяцкая царква адстойвала інтарэсы свайго народа, абараняла і захоўвала нацыянальныя традыцыі, з раскрыццём яе драматызму ў польска-расійскіх абцугах, даюць Л.Гарошка [756], В.Пануцэвіч [1120; 1121], А.Надсан [1063] і інш. Пануючы ў савецкай гістарыяграфіі стэрэатып уніі развенчваў П.Урбан [1253].

Найбольш актыўна ў галіне уніязнаўства ў 40 - 80-я г. працавалі ўкраінскія грэка-каталіцкія гісторыкі (І.Сліпы, М.Войнар, М.Германюк, М.Марусін, І.Нагаеўскі, І.Назарка, А.Пекар, І.Патрыла [1129], М.Ваврык і інш.). Яны вывучалі культурна-асветную, пісьменніцкую і навуковую дзейнасць лідараў уніяцкай царквы (працы М.Войнара, М.Салаўя [1447] і інш.), гісторыю базыльянскага ордэна (М.Ваврык [723]), яго сістэмы асветы (Ф.Галавацкі [771], С.Цёрах [1294]) і інш. пытанні. Іх даследаванні друкуюцца таксама ў серыйным выданні «Analeсta Ordinis S.Basilii Magno» («Записки чину св. Василя Великого»), які вось ужо паўстагоддзя выходзіць у Рыме. Прызнаным главой уніяцкай гістарыяграфіі з'яўляецца А.Вялікі, а яе характэрнай рысай - ідэалізацыя беларуска-ўкраінскага вопыту уніі.

Савецкі погляд аказаў вялікі ўплыў на трактоўку уніі ў пасляваеннай польскай гістарыяграфіі: адзначаецца паглыбленне яе негатыўнай ацэнкі, а ў другой палове 40-х - 50-я г. звязаную з ёй праблематыку амаль не падымалі. Але нават пры крытыцы беларуска-ўкраінскай уніяцкай царквы сама унія падавалася як вялікая царкоўная і цывілізацыйная справа [1426]. Лепшаму разуменню гістарычных падстаў узаемаадносін паміж хрысіцянскім Усходам і Захадам і месца ў іх уніяцкай царквы спрыяла кніга «Ад Фларэнцыі да Брэста (1439 - 1596)» польскага эмігранта О.Халецкага [1371]. Яна напісана на матэрыялах ватыканскіх архіваў і бібліятэк, якія сведчаць, што уніі жадалі беларуска-ўкраінскія іерархі, што яна мела падтрымку ніжэйшага духавенства, а масы вернікаў ёй не працівіліся. 1596 г., паводле А.Халецкага, спрыяў далучэнню Беларусі да ідэй і каштоўнасцяў, якімі жыло заходняе грамадства. Праблеме падрыхтоўкі кліру, якая адразу паўстала перад аб'яднанай царквой, прысвечана брашура М.Рэховіча [1437].

З 1956 г. у Польшчы пачынаецца трывалае даследаванне царкоўнай гісторыі, у якой раней панаваў аўтарытэт тэолагаў, а не аб'ектыўнае слова крыніц. У 60 - 80-я г. уніяцкая праблематыка знайшла адлюстраванне ў абагульняльных працах па гісторыі касцёла ў Польшчы [1345; 1372; 1382; 1385; 1424; 1455] і спецыяльных даследаваннях М.Шэгды [1450], С.Жахоўскага [1475], М.Підлыпчак-Маяровіч [1430], М.Бендзы [1342] і інш. Пры ўсім тым, што іх аўтары прызнавалі прыярытэт на Беларусі польскай цывілізацыі, навукі і культуры, даследаванні польскіх гісторыкаў, якія пасля 1956г., а потым пасля 1989 г., змаглі вырвацца з-пад партыйна-дзяржаўнага дыктату, трэба прызнаць больш грунтоўнымі і аб'ектыўнымі, чым у былым СССР.

Роля Берасцейскай уніі ў жыцці Беларусі і Украіны цікавіла даследчыкаў Англіі (М.Джаст [1380], рэлігіяведаў Оксфарда [1458; 1464]), Францыі (М.Джоберт [1378; 1379]), Германіі (Э.Вінтэр [733; 735; 1468]), ЗША (В.Ленцык [1393]). Паводле нямецкага акадэміка Э.Вінтэра, на працягу тысячагоддзя беларуска-украінскія землі былі «яблыкам разладу» паміж Візантыяй і Рымам, часовым кампрамісам у якім стала Берасцейская унія. Іх геапалітычнае становішча паміж Расіяй і Польшчай вымушала шукаць уласнае месца на царкоўным полі. Але гэтыя краіны ўзненавідзелі уніяцкую царкву з яе імкненнем да незалежнасці, і, раздзёртая паміж масквафіламі і прыхільнікамі лацінізацыі, яна не магла выканаць свайго вялікага прызначэння: быць мостам паміж усходняй і заходняй цэрквамі. Масква і Візантыя ўрэшце рэшт атрымалі перамогу коштам украінскай і беларускай народнасцяў [735].

Разняволенне навуковай думкі на мяжы 80 - 90-х г. зрабіла занядбаную раней гісторыю канфесій адной з прыярытэтных тэм айчыннай гістарыяграфіі, якая павярнулася тварам і да старой уніяцкай праблемы. Даследаванні апошняга часу дазволілі па-новаму ацаніць ролю царкоўна-канфесійнага фактару ў жыцці грамадства і фарміраванні грамадскай свядомасці, у міжэтнічных адносінах і ў працэсе інтэграцыі і дэзінтэграцыі славянскіх народаў. З пераадоленнем ідэалагічных наслаенняў пераасэнсаваны працы ранейшых аўтарытэтаў ва уніязнаўстве. Ідзе адмаўленне ад крайнасцяў яго «рускай» і «польскай» канцэпцый; падвергнуты сумненню ранейшыя аксіёмы. Пашырыліся кола даследчыкаў, сам прадмет даследавання і яго храналагічныя рамкі; узмацнілася дакументальная база работ. Пачаўся адыход ад спрошчанага разумення берасцейскага працэса. Яго новая навуковая трактоўка прыйшла ў поўную супярэчнасць з ранейшым «акадэмічным канонам». Характэрнай рысай часу стала «заміранне» абагульняльнай тэмы «Берасцейская царкоўная унія» і паглыбленае вывучэнне асобных яе бакоў і прыватных пытанняў.

Новы этап гістарыяграфіі уніі адкрыла перавыданне кнігі М.Нікольскага «История русской церкви» [1077; 1079] з раздзелам аб уніі, які па ідэалагічных меркаваннях быў апушчаны ў папярэдніх выданнях [1078]. З канца 80-х г. уніяцкая праблематыка заняла трывалае месца ў рэспубліканскай перыёдыцы, на канферэнцыях і ў навуковых зборніках.

Першым кінуў выклік устаялым поглядам Ю.Драгун, які паспрабаваў абвергнуць стэрэатып аб тым, што уніяцкая царква намагалася пазбавіць беларусаў іх роднай мовы і вяла да зліцця канфесій [823; 824]. «100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі» канстатавалі крамольныя тады, а для многіх яшчэ і цяпер, палажэнні пра уніяцкія манастыры як буйныя асяродкі нашае старадаўняе культуры; пра большую ўстойлівасць уніятаў у адрозненне ад беларусаў праваслаўнай і каталіцкай канфесій і да паланізацыі, і да русіфікацыі [1334, с.88, 177]. Менавіта ўпор на нацыянальныя здабыткі, выказаў думку П.Лойка, спрыяў пашырэнню веры [776, с.42, 75]. З 1993 г. ужо і сямікласнікі ведаюць, што распачатая як палітычная дзея пракаталіцкага кіраўніцтва Рэчы Паспалітай унія абярнулася адным з фактараў выжывання беларускага этнасу; што уніяцкая царква пераўтварыліся ў цэнтр захавання моўна-культурнай традыцыі беларусаў і тым самым паўстала бар'ерам каталізацыі ды паланізацыі беларускага горада і вёскі [965, с.89].

З'явіліся больш узважаныя трактоўкі дзейнасці уніяцкай царквы на ніве культуры ў абагульняльных працах. «Нарысы гісторыі Беларусі» прызналі, што менавіта павышэнне культурнага ўзроўню уніяцкай царквы праз рэформы другой - трэцяй чвэрці ХVІІ ст. спрыялі росту яе ўплываў сярод беларускага насельніцтва. Факт з'яўлення скульптуры «нізавога барока» ва уніяцкіх храмах пададзены як прыклад творчай перапрацоўкі еўрапейскіх традыцый на мясцовай глебе і далучэння Беларусі да набыткаў сусветнай культуры. З другога боку, унія бачыцца аўтарам «Нарысаў» адной з прычын расколу беларускага грамадства па сацыяльна-рэлігійнай прымеце, што разам са знішчэннем больш чым напалову беларускага этнасу ў войнах сярэдзіны ХVІІ - пачатку ХVІІІ ст. прывяло да заняпаду беларускамоўнай культуры, дзяржаўнасці, а значыць, і нацыянальнага развіцця [1066, с.178, 260, 297]. Упершыню тэрмін «уніяцтва» з'явіўся ў назве параграфа «Гісторы культуры Беларусі» [970]. Этнакультурныя аспекты уніяцтва выйшлі ў цэнтр дыскусіі, якая разгарнулася ў 1997 г. вакол канцэптуальных падыходаў да школьных падручнікаў па гісторыі Беларусі. В.М.Чарапіца прызнаў спараджэннем «уніяцка-каталіцкай, ці польскай культуры» беларушчыну, якую, аднак, адкідвае сам народ, зарыентаваны на руска-праваслаўную культуру [1298], чаму запярэчыў М.О.Біч [707].

Была адноўлена перарваная ў СССР у 30-я гады традыцыя даследавання персаналій замоўчаных або зганьбаваных савецкай гістарыяграфіяй уніяцкіх дзеячаў, заслугі якіх у духоўна-культурнай сферы прызнавалі нават іх дарэвалюцыйныя біёграфы іншай канфесійнай арыентацыі. Неардынарныя постаці І.Руцкага (на старонках публікацый І.Саверчанкі [1180; 1181] і У.Конана [886; 887; 891] і інш.), І.Пацея [952], Л.Кішкі [1323, с.188], М.Баброўскага [1060, с.174 - 176] паўсталі як буйныя прадстаўнікі беларускай культуры. Пераасэнсоўваецца феномен М.Сматрыцкага (У.Кароткі [867; 868], Ж.Некрашэвіч [1073]). Больш узважаныя трактоўкі атрымала палемічная літаратура і ўся ідэйная барацьба вакол Берасцейскай уніі (працы А.Коршунава [764], І.Саверчанкі [1178; 1179], Н.Кутузавай [938 - 940], В.Старасценкі [1220; 1225] і інш.). Абудзілася цікавасць да асветніцкай дзейнасці уніяцкай царквы (А.Самусік [1187 - 1189] і інш.). Творы уніяцкай кніжнасці даследуюць сёння Ю.Лабынцаў [942], Л.Шчавінская [1316 - 1318], М.Нікалаеў [1080], Н.Бярозкіна [722], Т.Самайлюк [1186]. У кантэксце развіцця беларускага мастацтва помнікі уніяцкай архітэктуры вывучае Т.Габрусь [743 - 747] і М.Кулагін [931; 933; 934], жывапісу - Ю.Хадыка [1271 - 1274; 1349], Т.Глушакова [765 - 766], Л.Вакар [724]. Увагу В.Дадзіёмавай [801; 802], У.Неўдаха [1074; 1075], Т.Ліхач [960; 962] прыцягнула музычная культура уніяцкай царквы.

Клубок супярэчнасцяў і скажэнняў, звязаных з роллю уніяцкай царквы ў этнакультурным развіцці Беларусі, імкнуцца разблытаць гісторыкі Л.Лыч [967 - 971], А.Грыцкевіч [787 - 790], С.Марозава [997 - 1020; 1050 - 1056; 1101 - 1119; 1151; 1154; 1155; 1418; 1433], Л.Іванова [852; 853], Г.Сагановіч [1184], І.Марзалюк [994; 995], літаратуразнаўцы А.Мальдзіс [982], М.Хаустовіч [1277 - 1279], этнографы М.Піліпенка [1142], І.Чаквін [1295; 1296], П.Церашковіч [1291], М.Мікуліч [1033; 1044; 1045], А.Рогалеў [1172] і інш. аўтары. Культурна- моўныя аспекты уніяцтва, якія выклікаюць асаблівую цікавасць у навуковым асяроддзі рэспублікі і замежжа, закранаюць С.Абламейка [661], Ю.Бохан [715], У.Шаставец [1304; 1305] і Г.Галенчанка [752; 753; 769], якія звярнуліся да унійнай традыцыі ў ВКЛ у ХV ст. і перадумоў 1596 г.; Я.Анішчанка [672; 673], У.Сосна [1210 - 1215], А.Філатава [786; 864; 1260], С.Таляронак [1129], С.Токць [1237; 1238] і інш., чые працы пераасэнсоўваюць дзяржаўную рэлігійную палітыку на Беларусі канца ХVIII - першай паловы ХІХ ст. і яе праламленне ў свядомасці і лёсе народа; У.Навіцкі і В.Грыгор'ева [785; 786; 864], І.Запрудскі [840] і інш., якія вывучаюць постунійную рэчаіснасць; В.Цяплова [1232- 1234].

Пачынаецца філасофскае асэнсаванне гісторыі уніі. Для гродзенскіх філасофаў унія - гэта арганічны прадукт уласцівага беларускай культуры адмаўлення ад крайнасцяў [684, с.216]. Фармаванню сучаснага навуковага ўяўлення па праблеме спрыяюць публікацыі У.М.Конана [888; 889; 892; 895], які лічыць Берасцейскую унію формай выяўлення беларускай ідэі, трэцяй духоўнай сілай паміж нацыяналізаванымі ў ХVІІ - ХVІІІ ст. расійскім праваслаўем і польскім каталіцтвам [890].

Новым сюжэтам у гістарыяграфіі стала пастаноўка пытання «Беларусь паміж Усходам і Захадам» [1148], на якім да нядаўняга часу ляжала негалоснае табу, а выснова аб спрадвечнай прыналежнасці Беларусі да заходнееўрапейскай цывілізацыі, якая напрошвалася ў кантэксце дылемы Усход - Захад, лічылася варожай і таму антынавуковай. Асэнсаванню феномена уніяцтва ў гэтым кантэксце прысвечаны працы С.А.Падокшына [1096 - 1100], які зыходзіць з палажэнняў аб адметным характары заходняга, беларуска-ўкраінскага праваслаўя і гістарычнай прадвызначанасці Берасцейскай уніі геапалітычным становішчам ВКЛ, якое прымушала шукаць шляхі захавання палітычнай і духоўна-культурнай незалежнасці дзяржавы; але заганнасці ідэі і практыкі лакальнай уніі і рэлігійнага прымусу як першароднага граху саюза 1596 г. Вучоны лічыць патрэбным пазбавіцца ад трактоўкі прыхільнікаў уніі - прадстаўнікоў спецыфічнага тыпу дзеячаў «на мяжы культур» - як банальных здраднікаў, якія, кіруючыся амбіцыямі і карысцю, адмаўляліся ад сваіх рэлігійных і духоўна-культурных каранёў.

Прызнаючы здабыткі нацынальна-культурнай дзейнасці на базе уніяцтва, філосаф у той жа час перакананы, што яна не змагла кампенсаваць страт, панесеных беларускай культурай у выніку ўзмоцненых уніяй рэлігійна-інтэлектуальнай нецярпімасці, канфесійнай дыскрымінацыі і пераследу іншаверцаў. Альтэрнатыўны Берасцейскай уніі «кіева-магілянскі» шлях інтэграцыі з Захадам, які грунтаваўся на добраахвотнасці, паступовасці, захаванні этнічнай і рэлігійнай адметнасці і свабоды, даў, на яго думку, для беларускай культуры больш.

Вызначальную ролю царкоўна-рэлігійнага фактара ў фармаванні нацыянальнай самасвядомасці беларусаў ХVІ-ХVІІ ст. улічвае яе даследчык В.У.Старасценка, які развівае ідэі С.А.Падокшына. Ён сцвярджае, што, нягледзячы на палітычную зададзенасць, унія тэарэтычна ўтрымлівала пазітыўную ідэю царкоўнага прымірэння і духоўна-культурнага сінтэзу. Праўда, услед за сваім настаўнікам, лічыць праваслаўны варыянт сінтэза ўсходніх і заходніх каштоўнасцяў больш прыймальным для беларускага і ўкраінскага народаў. Філосаф бачыць 2 тэндэнцыі ў канфесійнай і культурнай дзейнасці уніяцтва - беларусізацыі, якая выразілася ў фарміраванні элементаў нацыянальнай культуры і нацыянальнай самасвядомасці, і лацінізацыі-паланізацыі, якая найбольш ярка выявілася ва ўласна канфесійным жыцці і светапоглядзе. Пры ўсёй неадназначнасці і супярэчлівасці ўздзеяння уніяцтва на захаванне і развіццё нацыянальна-культурнай самабытнасці беларускага этнаса, заключае ён, на пэўных этапах сваёй гісторыі яно аб'ектыўна адыгрывала нацыянальна-ахоўную ролю і з'яўлялася перашкодай як масавай паланізацыі, так і русіфікацыі [1220 - 1225].

Адказам на ўзросшую цікавасць да праблемы навукі, якая усвядоміла няздольнасць традыцыйных падыходаў даць поўную і аб'ектыўную карціну уніяцкага царкоўна-рэлігійнага руху, і на попыт грамадства на аб'ектыўную, пазбаўленую ідэалагічных штампаў, інфармацыю аб уніі, стала правядзенне на Беларусі шэрагу навуковых канфрэнцый, на якіх разглядаліся не толькі гістарыяграфічна «збітыя» яе ідэалагічныя і палітычныя аспекты, але і новыя нюансы гісторыі: светапоглядныя, філасофскія, тэалагічныя, маральныя, асветніцкія, этнічныя і інш. [718; 719; 1070]. Аўтараў першага ў беларускай савецкай і постсавецкай гістарыяграфіі зборніка артыкулаў аб Берасцейскай уніі [833] аб'яднала разуменне, з аднаго боку, неардынарнасці і ўнікальнасці гэтай з'явы, а з другога, - яе складанасці, супярэчлівасці, а таксама імкненне да ўзважанасці, доказнасці, уліку разнастайных крыніц, пераадолення канфесійнай зададзенасці.

Канферэнцыі, дыскусіі і публікацыі 90-х г. унеслі істотныя карэктывы ў разуменне феномена уніяцтва, узбагацілі яго і прынеслі ў гістарыяграфію шэраг новых пазіцый. Сярод іх: аб наяўнасці ўнутраных фактараў у заключэнні уніі; прызнанне уніяцкіх ідэолагаў і дзеячаў літаратурнымі аўтарытэтамі і іх ролі ў развіцці нацыянальнай культуры, а самой уніі важнай састаўной часткай гісторыі культуры; прызнанне ідэалагічна-мастацкіх вартасцяў літаратурнай спадчыны М.Сматрыцкага уніяцкага перыяду жыцця і гуманістычнага характару прац І.Пацея; назіранне, што перайманне каталіцкага вопыту не перашкаджала уніяцкай царкве адстойваць сваю адметнасць; падвергнута сумненню палажэнне аб уніяцкай царкве як сродку асіміляцыі беларусаў; «легалізацыя» яе ўкладу ў развіццё архітэктуры, жывапісу, музыкі, асветы; прызнанне факта небезбалеснасці ліквідацыі царквы для беларускага народа і яго культуры і г.д.

Стала відавочным, што, нягледзячы на неабсяжнае мора кніг і артыкулаў пра унію, яна застаецца яшчэ малавядомай; што дарэвалюцыйныя і савецкія гісторыкі пісалі гісторыю не уніі, а антыуніі; што працяг гістарыяграфіі ў старым заміфалагізаваным ключы на аснове ўжо адпрацаваных крыніц, без уліку дасягненняў сусветнага уніязнаўства бесперспектыўны. Час запатрабаваў навуковага, пазаканфесійнага, асэнсавання канфесійнай гісторыі Беларусі на аснове нацыянальна-дзяржаўнай канцэпцыі.

Удзелам у міжнародных уніязнаўчых канферэнцыях у Кракаве, Любліне, Львове і Лондане беларускія навукоўцы ўнеслі ўклад у фармаванне сучаснай еўрапейскай навуковай думкі адносна уніі. Гэтыя сустрэчы паказалі, што ва унійнай праблематыцы яшчэ шмат рознагалоссяў, а этнакультурныя аспекты стварэння, фунцыянавання і ліквідацыі уніяцкай царквы, якія сёння выклікаюць найбольшую цікавасць у навуковым свеце, яшчэ далёкія ад сваёй канчатковай даследаванасці.

Аднак у бачанні падзеі 1596 г. і яе наступстваў сярод гісторыкаў краіны няма адзінства. 200-гадовая гістарыяграфічная традыцыя ганьбавання уніі выпрацавала ў шэрагу вучоных і дзеячаў царквы сапраўдны «антыберасцейскі сіндром». Спроба перагляду ранейшых схем прывяла да рэзкай контратакі ахоўнага кірунку гістарыяграфіі, схільнага ігнараваць найноўшыя дасягненні уніязнаўства. Гістарыяграфічныя навацыі 90-х выклікалі зразумелыя нараканні і незадавальненне праваслаўных царкоўных гісторыкаў і патрыётаў праваслаўнай царквы, якія зыходзяць з тэзы аб ісціннасці толькі іх веры, яе перавазе над іншымі канфесіямі і ўспрымаюць гісторыю уніяцтва толькі з пазіцый яго супрацьстаяння з праваслаўем. Для М.Гайдука [750], П.Баянкова, С.Гардуна [755], С.Латушкі, Д.Дораша [819] і інш. унія - гэта праява спрадвечнай, стала ідучай з Захаду пагрозы для пазнаўшых вышэйшую каштоўнасць грэка-візантыйскай традыцыі і ўласную культурную асобнасць праваслаўных беларусаў, іх нацыянальны вораг. Гэта тым не менш не перашкодзіла М.Гайдуку убачыць тэндэнцыю абуджэння уніяй у першай трэці ХІХ ст. ў яе адукаваных колах нацыянальнай самасвядомасці; заўважыць моцны рух у абарону уніі, у забароне якой базыльяне, магнаты, шляхта, гараджане і немалая частка духавенства ўбачылі не вяртанне да веры бацькоў, а навязванне чужой па мове і абраднасці «маскоўскай веры» [750, с.100-101, 104].

Аднак беларуская праваслаўная гістарыяграфія не пайшла далей за сваіх аўтарытэтаў - Бантыш-Каменскага, Каяловіча і інш., бярэ факты і аргументы з іх прац, а не з архіўных матэрыялаў, апошнімі далёка не вычарпаных. Няздольныя даць новыя грунтоўныя працы і трактоўкі Берасцейскай уніі, праваслаўныя клерыкальныя колы і блізкія да іх навукоўцы сталі на шлях перавыдання прац сваіх «класікаў» [842; 912; 914; 1263]. Ці не сведчыць гэта, што такі погляд на гісторыю Беларусі вычарпаў сябе на даным этапе?

Інерцыя ў ацэнцы уніі вельмі моцная і ў свецкай навуцы. Так склалася, што гістарыяграфічная традыцыя лічыцца ісцінай. Разбурыць створаны ў ХІХ - ХХст. намаганнямі многіх пакаленняў гісторыкаў адмоўны імідж уніі нялёгка. Традыцыйная канцэпцыя сёння прымаецца многімі на веру, без звароту да крыніц, часта аказваецца мацнейшай за ўсялякія навуковыя довады. Закансерваваць адыёзны вобраз уніі як культурна непаўнавартай і этнічна шкоднай канфесіі намагаюцца А.Залескі, Л.Царанкоў [1289], І.Акінчыц [663], Л.Крыштаповіч [924; 925], І.Рэкуц [1171] і некаторыя інш. Схільныя ігнараваць яе ролю ў развіцці культуры аўтары падручніка па гісторыі Беларусі для ВНУ, усё ж-такі абыйсці маўчаннем уклад у кнігадрукаванне, школьную справу, архітэктуру не змаглі. Новым для гэтага гістарыяграфічнага кірунку стала палажэнне, што уніяцкая царква «ўяўляла сабой сродак акаталічвання насельніцтва на нацыянальнай аснове», а выкарыстанне ёю беларускай мовы і захаванне праваслаўнага культа - гэта «інспірацыя Ватыкана і польскага каталіцкага духавенства» [760, с.197, 199, 242, 248, 252, 258].

Звяртае на сябе ўвагу, што гістарыяграфічную традыцыю, якая узаконіла ганьбаванне уніі, наследавалі тыя гуманітарыі, якія самі спецыяльна не даследавалі праблему спецыяльным даследаванням, не вывучалі па ёй архівы, а працуюць на аснове другаснага, значыць, ужо адпрацаванага матэрыялу і грунтуюць свае палажэнні на выбарачных «класічных» фактах і паблёклых аўтарытэтах папярэднікаў. У намаганнях сучасных паслядоўнікаў Каяловіча рэанімаваць масквацэнтрычны погляд на беларускую гісторыю справа даходзіць да тэрміналагічнай блытаніны («ненависть русских белоруссов к униатско-католической культуре» [679]), окрыкаў замест навуковай дыскусіі, навешвання ярлыкоў [749], і сапраўдных гістарыяграфічных недарэчнасцяў (перадрук раздзела «Беларуская» «народная» рэлігія» з брашуры Л.Абэцэдарскага пад іншым прозвішчам [658; 740]) . З поля зроку гэтых гісторыкаў і філосафаў часцей за ўсё выпадае шэраг абставін, прызнаных нават іх дарэвалюцыйнымі калегамі: наяўнасць моцнай плыні за захаванне самабытнасці ў саюзе з Ватыканам, масавага супраціву скасаванню веры ў канцы ХVIII - першай палове ХІХ ст. і інш.

Такім чынам, адвечная праблема ў беларускай гістарыяграфіі праблема «унія і лёс народа, культуры» яшчэ далёкая ад навуковага вырашэння. У існуючай літаратуры няма цэласнага сінтэзнага, на аснове цывілізацыйнага падыходу, з улікам сучаснага стану гістарычнай навукі і дасягненняў сусветнага уніязнаўства, асэнсавання блока нацыянальна-культурных праблем, звязаных з дзейнасцю уніяцкай царквы на Беларусі. У яе трактоўцы айчынная навука зайшла ў тупік, не могучы выпрацаваць адзінага зладжанага і ўзгодненага погляду. Неадназначнасць гэтай з'явы, наяўнасць у ёй розных плыняў, раскол, унесены ў 1720 г., незавершанасць працэсу развіцця уніяцтва, штучны яго абрыў у 1839 г. разам з ідэалагічнай і канфесійнай заангажаванасцю многіх даследчыкаў, якая зыходзіць з рэлігійнай, ідэалагічнай і культурнай раз'яднанасці беларусаў, ускладняюць фармаванне адзінай канцэпцыі, з'яўленне якой мела б для станаўлення беларускай нацыянальнай гістарычнай навукі вялікае практычнае і навуковае значэнне. Яе адсутнасць перашкаджае беларускай гістарыяграфіі стаць крыніцай кансалідацыі нацыі, чым з'яўляюцца польская і руская гістарыяграфіі для сваіх народаў.

Да моманту пералому ў гістарычнай навуцы на мяжы 80 - 90-х г. украінскае уніязнаўства ўжо мела салідную гістарыяграфію. Падзеі і працэсы апошняга дзесяцігоддзя і найперш пачатак будаўніцтва незалежнай дзяржавы даў новы імпульс для асэнсавання і вывучэння гэтай невычэрпнай дзялянкі беларуска-ўкраінскай мінуўшчыны. Яе распрацоўкай сёння займаецца Інстытут рэлігіязнаўства і Інстытут гісторыі царквы ў Львове, вучоныя: М.Кашуба [875; 876], І.Паслаўскі [1126 - 128 ], С.Плохій [1147], М.Гуменны [797], Я.Дашкевіч [807], Л.Цімашэнка [1235], Д.Сцяповік [1226; 1227], М.Фурса [1270], С.Якавенка [1331] і інш. і прадстаўнікі эміграцыі. Іх даследаванні, заснаваныя на грунтоўнай базе крыніц усходнеславянскага, польскага і ватыканскага паходжання, пазбаўленыя аднабаковага погляду на праблему, якім грашыла ранейшая гістарыяграфія, пахіснулі многія ўсталяваныя ў 30 - 80-я г. палажэнні. А серыя «Берасцейскіх чытанняў» [703; 704; 808; 860], на якіх параўноўваліся погляды на дзяржаўна-палітычнае, грамадскае і этнакультурнае жыццё Украіны да і пасля Берасцейскай уніі, і публікацыі названых інстытутаў сталі істотным укладам украінскай гуманістыкі ў сусветнае рэлігіязнаўства. Найбольшую цікавасць уяўляюць матэрыялы ІІІ чытанняў [704], на якіх упершыню зынтэгравана агаворваўся ўкраінскі культурны бум ХVII ст. даследчыкамі мовы, літаратуры, музыкі, мастацтва. Так, В.Німчук паставіў на іх праблему сувязі моўнай і царкоўна-рэлігійнай сітуацыі на Украіне і Беларусі ў канцы ХVI - XVII ст. [1081].

Публікацыі апошніх гадоў трактуюць Берасцейскі сабор і яго рашэнні як унікальны царкоўны і палітычны акт у імя выратавання ўкраінскай народнасці перад пагрозай паланізацыі [1248, с.4, 6, 18]. Узнікненне уніяцкай царквы звязваецца з агульнаеўрапейскім працэсам фарміравання нацыянальных цэркваў [1125]. Даследуюцца яе заслугі ў развіцці ўкраінскай культуры [677]. Заслугоўвае ўвагі параўнальны аналіз берасцейскай ідэі і магілянскай канцэпцыі ўкраінскай царквы [1124].

Відавочным з'яўляецца імкненне даследчыкаў Украіны прасачыць гісторыю уніі ў кантэксце дылемы Усход - Захад, якая шмат стагоддзяў стаіць перад іх краінай. М.Гуменны лічыць Берасцейскую унію рэвалюцыйнай зменай духоўнай арыентацыі пры захаванні свайго менталітэту і заклікае разглядаць царкоўны наватвор 1596 г. паўнацэннай духоўнай інстытуцыяй, якая адыгрывала інтэграцыйную ролю паміж Усходам і Захадам [797, с.44 - 45]. Альтэрнатыўнага погляду прытрымліваецца Я.Дашкевіч. Уніяцкі эксперымент, на яго думку, хоць і абудзіў шмат творчых сіл у народзе, але парушыў стабільнасць украінскага грамадства, прывёў да дэнацыяналізацыі арыстакратычна-магнацкай вярхушкі - патэнцыйнага нацыянальнага лідара. Паводле яго канцэпцыі, уніяцтва не абараняла народ ад непрыхільных нацый (польскай, расійскай) і іх канфесій, а наадварот, ставіла ад іх у залежнасць. Рым, аддаўшы унію ў польскія каталіцкія рукі, не падтрымліваў украінскіх нацыянальных спадзяванняў, але кідаў украінцаў у абдымкі дэнацыяналізацыі шляхам (фармальна забароненага) пераходу на рыма-каталіцызм. Непаслядоўнасць Рыма, які ніколі не падтрымліваў украінскую нацыянальную ідэю і не даваў эфектыўнай абароны ад пануючых нацый, прывяла да дэнацыяналізацыйных страт уніяцтва ў ХVIII ст. і канчатковага яго заняпаду на тэрыторыі Расійскай імперыі ў першай палове ХІХ ст. Зорны час уніяцтва, сцвярджае даследчык, прыпадае на ХІХ - ХХ ст. у іншых палітычных умовах - у абставінах частковага хоць бы звальнення ад польскага нацыянальнага ўціску [807].

Цень забыцця, які 70 савецкіх гадоў усё болей ахутваў «бясслаўную унію» ў Расіі, змяніўся ажыўленнем цікавасці да яе расійскіх даследчыкаў (М.Дзмітрыеў [810-813], Б.Флора [1265-1267], Т.Апарына [1086; 1087] і інш.). У адрозненне ад беларускай, украінскай і польскай навукі, якія так і не выпрацавалі адзінага бачання берасцейскага працэсу, характэрнай рысай найноўшай расійскай гістарыяграфіі уніі з'яўляецца яе канцэптуальная стабільнасць. Ідэя уніі падаецца глыбока чужой беларускаму народу, а Масква - гарантам стабільнасці і працвітання Беларусі ў процівагу падступным лацінянам, рымскаму прастолу і Рэчы Паспалітай. Гэткія падыходы ляжаць у аснове калектыўных зборнікаў [716; 717], аўтары якіх тым не менш прызнаюць усвядомленую ў канцы ХVI ст. неабходнасць правядзення рэформаў праваслаўнай царквы і грамадства. Спецыяліст па палемічнай літаратуры Т.Апарына з Новасібірска абвінавачвае унію ў разбурэнні адзінага да гэтага рэгіёна праваслаўнай славянскай культуры [1087, с.133].

Найбольш актыўна па уніяцкай праблематыцы выступае маскоўскі рэлігіязнаўца М.Дзмітрыеў [810 - 813; 816]. На аснове сучасных падыходаў да Контррэфармацыі як да паралельнага пратэстантызму адказу на патрэбы новаеўрапейскага індывіда, як да рэлігійна-культурнага перавароту, якому Еўропа ХVI ст. у аднолькавай з Рэфармацыяй меры абавязана сваім духоўна-культурным абнаўленнем, а да уніяцтва як да рэгіянальнага варыянта Контррэфармацыі, ён прапаноўвае пераглядзець канфесійна-суб'ектыўную гістарыяграфічную традыцыю зводзіць унію толькі да заняволення праваслаўнай царквы, а ў яе мясцовых дзеячах, якія не стаялі ў баку ад рэлігійных і сацыяльных «исканий» свайго часу, бачыць купку прадажных адшчапенцаў і атаясамліваць рэлігійна-культурную праграму уніятаў з мэтамі каталіцызму на ўкраінска-беларускіх землях. Дзмітрыеў сцвярджае, што выражаная ў помніках палемічнай літаратуры уніяцкая ідэалогія магла служыць каналам перадачы каштоўнасцяў рэнесансу і гуманізму ў беларуска-ўкраінскую культуру, што гуманістычныя традыцыі не чужыя уніяцкім публіцыстам, у чым ім да гэтага гістарыяграфія адмаўляла [812; 816, с.110 - 111, 118 - 119, 122 - 123].

Вельмі прадуктыўным на ніве вывучэння уніяцтва было апошяе дзесяцігоддзе ў Польшчы. У гэтай галіне плённа працуюць рэлігіяведы А.Мірановіч, Т.Хынчэўска-Генэль [1355 - 1356], М.Папежыньска-Турэк, Г.Дылянгова [1361 - 1362], З.Дабжыньскі [1360, М.Чубрыньска-Леанарчык, М.Підлыпчак-Маяровіч [1431], Б.Кумор [1389 - 1391], Л.Бенькоўскі і інш. На уніяцкія сюжэты выходзяць таксама Ю.Бардах, Я.Тазбір, Е.Клачоўскі [1354; 1382], Л.Заштаўт [1471; 1472], Я.Дзенгелеўскі, З.Вуйцік, А.Навумаў, В.Колбук [1383], Р.Радзік [1166; 1436], Б.Белаказовіч [1343] і многія інш. Глыбей, чым гэта дазваляла датыхчасовая гістарыяграфія, зразумець міжканфесійныя адносіны ў Рэчы Паспалітай, палітыку Ватыкана адносна уніяцкай царквы, міжнародную палітыку на восі Рым - Варшава - Масква - Канстанцінопаль дазваляюць заснаваныя на шырокай базе крыніц працы беластоцкага даследчыка А.Мірановіча [1040; 1411 - 1416].

Побач з даследаваннем уніяцтва ў традыцыйных - палітычным і рэлігійным - вымярэннях з'явілася моцная тэндэнцыя да яго разгляду ў кантэксце культурных працэсаў канца ХVI - ХХ ст., і гэта вымярэнне прыносіць найбольш пазітыўныя ацэнкі дзейнасці уніяцкай царквы, хоць ў польскай гістарычнай літаратуры існуюць 2 паралельныя думкі: пра пазітыўнае значэнне Берасцейскай уніі ў культурных працэсах славянскіх народаў і што унія не прынесла карысці для польскай і рускай супольнасцяў Рэчы Паспалітай.

Набыткам еўрапейскай навукі сталі матэрыялы міжнародных канферэнцый у Гданьску [1461], Кракаве [1463] і Любліне [1462], прысвечаныя праблеме культурных, царкоўных, нацыянальных і грамадскіх наступстваў Берасцейскай уніі. Яны ўнеслі шэраг карэктываў і навацый у яе разуменне як з'явы культуры. Найбольш верагодным полем знаходак новых твораў беларускай літаратуры з'яўляецца рэлігійнае пісьменства на пераломе ХVI - XVII ст. (Р.Лужны [1406]). Сфармаваныя к канцу ХVI ст. беларуская і ўкраінская мовы праходзілі канчатковую шліфоўку ў царкоўна-рэлігійнай палеміцы пад пер'амі «берасцейскіх» палемістаў (В.Віткоўскі [1463, с.76 - 82]); базыльянскае школьніцтва адыграла вялікую і карысную ролю ў развіцці адукацыі і было ці не найбольш прадстаўнічым на тэрыторыі Беларусі ў апошняй чвэрці ХVIII ст. (З.Нядзеля [1422]); уніяцкая літаратура жывіцца за кошт польскай і лацінскай літаратур, з аднаго боку, і з народнай рэлігійнай культуры, з другога (А.Навумаў [1420]); кожны акт ліквідацыі уніі з канца ХVIII ст. наносіў шкоду культуры і быў ускосна скіраваны супраць украінскай культурнай і нацыянальнай тоеснасці (М.Лэсіў [1394, с.166]) і інш.

А.Навумаў з Кракава прызнае, што ў пэўным сэнсе унія была спробай абароны асобнасці «рускай» культуры ў межах Рэчы Паспалітай, але спробай надзвычай трагічнай для той культуры, бо падарвала наймагутнейшы фундамент, які базаваўся на духоўным адзінстве з Візантыяй і ўсім хрысціянскім Усходам. Адна плынь «польска-літоўскага» праваслаўя, паводле Навумава, улілася ў традыцыю маскоўская праваслаўя, другая падверглася трансфармацыі ва уніяцкай царкве, якая намагалася прыстасаваць візантыйска-славянскую традыцыю ў адпаведнасці з патрабаваннямі рымскага касцёла, але гэта ў канчатковым выніку давяло да пошукаў сваёй тоеснасці па-за межамі ўласнай традыцыі, найперш у нацыянальнай ідэалогіі [1421].

Значнымі вехамі на шляху асэнсавання уніі праз прызму культуры сталі працы М.Чубрыньскай-Леанарчык, прысвечаныя ролі Супрасльскага базыльянскага кляштара ў гісторыі інтэлектуальнай культуры ХVIII ст. [624; 1358], і кніга І.Марошака аб мастацкай спадчыне уніяцкай царквы на Беласточчыне [1408].

Прадметам цікавасці польскай гістарыяграфіі з'яўляюцца таксама этнічныя падставы дзейнасці уніяцкай царквы. Для М.Папежыньскай-Турэк Берасцейская унія была плоскасцю расійска-польскага палітычнага сутыкнення і цывілізацыйнага сутыкнення Усход - Захад. Для несамастойных народаў Рэчы Паспалітай (беларускага і ўкраінскага) яна звязвалася з праблемай рэлігійнай і этна-нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, якая абаранялася у барацьбе з расійскай і польскай дамінацыяй. І праваслаўныя, і уніяты імкнуліся да пашырэння сферы дамінацыі ўласнай тоеснасці. Падтрыманыя дзяржавай, спачатку уніяты ў Рэчы Паспалітай, а потым праваслаўныя ў Расійскай імперыі імкнуліся навязаць сваю рэлігійную і этнічную тоеснасць другому боку. Рацыю ў гэтым супрацьстаянні заўсёды мелі тыя, хто сваю тоеснасць бараніў, незалежна ад таго, ці гэта былі уніяты, ці праваслаўныя [1426].

Спецыяліст па этнагісторыі Усходняй Еўропы Р.Радзік дапускае, што ў 1839 г. беларусы былі пазбаўлены таго грамадскага слоя, які стварыў найбольшыя шансы на нацыянальную эскалацыю іх беларускасці. У той сітуацыі, калі спаланізаваная шляхта не магла стаць базай беларускага нацыянальнага руху, калі беларусы не мелі ні значнага заможнага мяшчанства, ні сваёй свецкай інтэлігенцыі, ліквідацыя царызмам уніяцкай іерархіі пазбаўляла беларускае грамадства асяродка, які меў найбольшыя шансы на тое, каб - так, як гэта стала ў населенай украінцамі Усходняй Галіцыі, - выклікаць беларускі нацыятворчы працэс і кіраваць ім на пачатковай фазе яго развіцця. Падпарадкаваны расійскай царкве і царскім уладам расійскі ці зрусіфікаваны клір, які ў 30 - 60-я г. змяніў беларускі праваслаўны (былы уніяцкі) клір, прадстаўляў не беларускія нацыянальныя, але - у значнай ступені - імперскія інтарэсы, не быў зацікаўлены ў фарміраванні беларускай нацыі і да яе станаўлення не спрычыніўся [1436, с.42-43].

Сучаснай сусветнай гістарыяграфіі ўласцівы асаблівая цікавасць да змен, якія прынесла Берасцейская унія ў геапалітычны і культурны кантэкст народаў, комплексны інтэрдысцыплінарны падыход і погляд на унію з розных ракурсаў. Уніязнаўчымі даследаваннямі сёння займаюцца ватыканскія вучоныя С.Сенык [1198; 1199; 1442 - 1444], І.Музычка [1059], М.Марусін [1023], А.Пекар [1134; 1427], І.Патрыла і інш., схільныя падаваць папства цывілізуючым фактарам у гісторыі Украіны і Беларусі, а таксама даследчыкі ЗША Б.Гудзяк [792 - 796], В.Ленцык [957 - 959], Д.Флын [1375], Д.Фрык [1365], Канады А.Мончак [1048; 1049] Англіі Г.дэ Пікарда [825], Галандыі [1335], якім праблема бачыцца па-свойму - праз прызму ўключэння Беларусі і Украіны ў заходні культурна-цывілізацыйны кантэкст.

Даследаванне І.Патрылы аб артыкулах-умовах Берасцейскай уніі з іх публікацыяй [561] прымусілі перагледзець пазіцыю беларуска-ўкраінскага епіскапата ў этнаканфесійным пытанні і зыходны грунт, на якім будавала сваю дзейнасць уніяцкая царква. Дысертацыя, артыкулы і манаграфія доктара філасофіі Гарвардскага універсітэта Б.Гудзяка дапамагае зразумець генезіс ідэі Берасцейскай уніі ў кантэксце няпростых адносін Кіеўскай мітраполіі і Царгарадскага патрыярхата ў 1453 - 1596 г. [792 - 796] Разглядаючы унію праз прызму ўзаемадачыненняў Захаду і Усходу, прафесар гісторыі з Піцбурга Д.Флын лічыць культурную прываблівасць каталіцкага Захаду магутным стымулюючым фактарам для беларуска-украінскай праваслаўнай іерархіі канца ХVI ст. [1375]. В.Ленцык са Стэмфарда сцвярджае пра заўсёдную царкоўную і культурную цягу Украіны да Захаду, ад якога яе адцягвала варожа настроеная да Захаду Масква [957, с.132].

Такім чынам, у распрацоўцы тэмы аўтар не ішоў па гістарыяграфічнай цаліне. Мала якая з падзей беларускай мінуўшчыны можа паспаборнічаць з Берасцейскай уніяй узроўнем папулярнасці і няспынным ростам цікавасці ў айчынных і замежных даследчыцкіх колах. Найбольш плённа працавалі на гэтай навуковай ніве гісторыкі Расійскай імперыі ў другой палове ХІХ - пачатку ХХ ст., якія падводзілі «гістарычную базу» пад скасаванне уніі; украінскія даследчыкі канца ХІХ - ХХ ст.; польскія уніязнаўцы схіла ХІХ - ХХ і ХХ - ХХІ ст.; ватыканскія вучоныя другой паловы нашага стагоддзя і беларускія навукоўцы апошняй трэці ХІХ - першай трэці ХХ і канца ХХ ст. «Прайсціся» па гісторыі уніі, яе спецыяльна не даследуючы, лічыў сябе ўправе кожны даследчык беларускай мінуўшчыны ХVІ - ХІХ ст. Прарывы ж ва уніязнаўстве рабілі адзінкі: М.Каяловіч у Расійскай імперыі, Э.Лікоўскі ў Польшчы, М.Грушэўскі і А.Савіч на Украіне, В.Ластоўскі і С.Падокшын на Беларусі.

Унію хвалілі, лаялі, абыходзілі маўчаннем. Аформіліся два канцэптуальныя падыходы, паміж якімі вось ужо пятае стагоддзе ідзе барацьба. Гістарыяграфія Расійскай імперыі асудзіла уніяцкую царкву, не абцяжарваючы сябе вывучэннем працэсаў, якія адбываліся ўнутры яе. У апошняй трэці ХІХ - першай трэці ХХ ст. аформіўся альтэрнатыўны гістарыяграфічны напрамак, які, аднак, у 30-я гады быў разгромлены. Савецкая навука 30 - 80-х гадоў не пасунула пытання наперад, але звузіла і затармазіла яго вывучэнне, працягваючы тым не менш, фармаваць нелаяльнасць да уніі.

Разнадумства даследчыкаў у многім зыходзіць з іх палітычнай і ідэалагічнай арыентацыі, дзяржаўнай, нацыянальнай і канфесійнай прыналежнасці, вынікае з прычыны адсутнасці адзінага крытэрыя ў падыходзе да праблемы. Трактоўка гісторыкаў Польшчы і Расіі зыходзіла найперш з інтарэсаў іх дзяржаў. Пазіцыя беларускіх і ўкраінскіх даследчыкаў, як правіла, падзялялася паміж адстойваннем нацыянальных інтарэсаў і правядзеннем у навуку масквацэнтрычнай канцэпцыі уніі.

Зняцце ідэалагічнага прэсу з цэнтральна- і ўсходнееўрапейскай гістарычнай навукі пасля двух стагоддзяў цкавання уніі спачатку ў жыцці, а потым у навуцы, прывяла да росту даследчыцкай цікавасці да уніяцкай праблематыкі, найперш у яе навукова нерэалізаваным этнакультурным аспекце. Апошняе дзесяцігоддзе прынесла значныя канцэптуальныя адкрыцці ў еўрапейскім уніязнаўстве.

Каласальная гістарыяграфія і колькасць уведзеных у навуковае абарачэнне крыніц сёння дазваляюць лепш разумець Берасцейскую унію, чым нашым папярэднікам. Пры вялікім аб'ёме навуковай прадукцыі яны тым не менш з-за панавання пэўных стэрэатыпаў і догмаў (тэорыя афіцыйнай народнасці, партыйна-класавы падыход, спрошчана зразумелая ідэя славянскага адзінства) не змаглі раскрыць усю паўнату феномена уніяцтва, этнакультурная сутнасць якога была больш складанай, чым гэта нам ўяўлялася да нядаўняга часу. Недахопам папярэдняй гістарыяграфіі быў разгляд прадмета статычна. Даследаванне уніі раней замыкалася вузкім гарызонтам палітыкі і ідэалогіі. У яе даследаванні рэдка выходзілі ў свет культуры. Праблема «унія і этнакультура» і сёння калі не застаецца зусім у баку ад галоўных шляхоў беларускіх навукоўцаў, то па меншай меры знаходзіцца дзесьці на ўзбочыне іх навуковых інтарэсаў. Між тым гэта праблема - з катэгорыі сутыкнення цывілізацый, з таго комплексу канфлікталагічных праблем мінулага, дзе духоўны фактар цяснейшым чынам знітаваны з палітычным.

Не раскрыта ўся шматстайнасць фактараў, што прывялі да заключэння Берасцейскай уніі. Папярэдняя гістарыяграфія акцэнтавала ўвагу на тэндэнцыі збліжэння і зліцця уніяцкай царквы з рыма-каталіцкай. Другая плынь - на адстойванне сваёй самабытнасці ў межах інтэграцыі з Ватыканам - да гэтага часу не распрацоўваліся. Не ацэнена, як яна таго заслугоўвае, роля царкоўнага (у прыватнасці, уніяцкага) фактару ў далучэнні Беларусі да еўрапейскай культурнай прасторы і яго ўплыў на сістэму еўрапейскіх міжнародных адносін. У пачатковай стадыі знаходзіцца вывучэнне месца уніяцкай царквы ў развіцці адукацыі, кнігадруку, бібліятэчнай і архіўнай справы, музычнага мастацтва Беларусі. Перспектыўнай бачыцца распрацоўка пытання аб месцы уніяцкай царквы ў этнамоўных працэсах ХVІІ - ХІХ ст. Патрабуе даследавання роля уніяцтва ў фарміраванні менталітэту нашага народа. Нездавальным, супярэчлівым з'яўляецца вырашэнне пытання аб этнічнай тоеснасці уніятаў. Падлягаюць перагляду адносіны беларускага народа да дэмантажу уніяцкай царквы. Пара пераасэнсаваць ролю вонкавага фактару (польскага, расійскага) у жыццядзейнасці царквы. Яшчэ далёкае ад асэнсавання месца уніяцтва ў канфесійнай структуры насельніцтва Беларусі.

Гэтыя праблемы патрабуюць новага навуковага асэнсавання, адпаведнага сучаснаму стану гуманістыкі, з улікам новых крыніц і з беларускага пункту погляду, што асабліва відавочна на фоне дасягненняў сусветнага уніязнаўства. Даследаванне заклікана ў пэўнай меры запоўніць гэты прагал у гістарыяграфіі, каб, вярнуўшы Беларусі адабраную і збэшчаную старонку яе мінуўшчыны, паспрыяць пераадоленню ўшчэрбнага вобраза гісторыі і культуры нашай Бацькаўшчыны.



КРЫНІЦЫ

Унія, якая раней пачала выкладацца на паперы, чым была ўведзена на справе, пакінула багатую дакументальную спадчыну, толькі невялікая частка якой засталася на Беларусі. Астатнія або страчаны ад часу, пажараў, войнаў, міжканфесійных звадаў, рэнегацтва духвенства і мэтанакіраванага знішчэння або месцяцца ў замежных архівах. «Уніятыка» складаецца з разнастайных, разнародных і разнамоўных крыніц беларускага і замежнага (украінскага, літоўскага, польскага, італьянскага, расійскага, французскага і інш.) паходжання. У распараджэнні даследчыка пісьмовыя помнікі наратыўныя і дакументальныя, царкоўныя і свецкія, канфідэнцыйныя і публічныя, прадузятыя і аб'ектыўныя, створаныя ў розных лагерах. Праз іх з намі размаўляюць людзі рознага сацыяльна-прафесійнага складу і канфесійнай арыентацыі, якія ўжо даўно адышлі ў нябыт: лідэры сусветных цэнтраў хрысціянства, кіраўнікі дзяржаў і дыпламаты, вышэйшыя саноўнікі і прадстаўнікі мясцовых свецкіх і духоўных уладаў, вучоныя, пісьменнікі і мастакі, святары і манахі, магнаты і шляхта, гараджане і, радзей, сяляне.

Для рэканструкцыі падзей і працэсаў, звязаных з этнакультурнымі аспектамі з'яўлення, функцыянавання і ліквідацыі уніяцкай царквы на Беларусі, выкарыстана ўся відавая разнастайнасць пісьмовых помнікаў ад летапісаў і заканадаўства да мемуарыстыкі і перыёдыкі. Унікальны характар маюць найперш тыя іх старонкі, што гавораць вуснамі простага народа і шараговага кліра. Пры гэтым аўтар прыслухоўваўся да довадаў не толькі апанентаў рэлігійнага адзінства, якім толькі, як правіла, давярала большасць усходнеславянскіх навуковых аўтарытэтаў, але і імкнуўся пераадолець скептыцызм да крыніц уніяцкага паходжання.

Берасцейскае пагадненне яшчэ застала летапісанне, таму новыя тэндэнцыі ў царкоўна-культурнай сферы канца ХVІ ст. знайшлі адлюстраванне ў Баркулабаўскім летапісе [502, с.218 - 256], скупыя, але ад гэтага не менш яркія факты рэлігійнага жыцця гарадоў ўсходу Беларусі - ў Віцебскім летапісе [502, с.257 - 280], як мяркуюць, уніята С.Аверкі [567, с.13], Магілёўскай хроніцы [502, с.281-390] ненавісніка уніі Сурты [995, с.238] і «Запісках ігумена Арэста» [519], апошняга летапісца Беларусі, хутчэй за ўсё таксама уніяцкага веравызнання [1313, с.130].

Шырокую панараму рэлігійна-культурнага быцця канца XVI - сярэдзіны XVII ст., спосаб мыслення і канфесійную свядомасць, настроі тагачаснага грамадства высвечваюць палемічныя творы, якія сталі набыткам беларускай літаратуры. Канфесійна заангажаваныя, але заклапочаныя лёсам свайго народа аўтары абодвух лагераў уздымаюць на іх старонках пытанні яго царкоўнай гісторыі і будучыні, рэлігійнай традыцыі, праблемы культуры, мовы, навукі, адукацыі; падвяргаюць вострай і бескампраміснай крытыцы царкоўныя парадкі на «Русі»; абмяркоўваюць юрыдычна-прававыя аспекты уніі. Буйнейшыя царкоўныя і літаратурныя аўтарытэты П.Скарга [592 - 594], І.Пацей [570 - 574; 576; 577; 641], І.Руцкі [584], Л.Крэуза [542], К.Саковіч [585], А.Сялява [590] і інш. абгрунтавалі ідэю царкоўна-рэлігійнай і палітычнай кансалідацыі «рускіх» народаў ВКЛ на новай канфесійнай аснове. Яны даказвалі заняпад культурна-гістарычнай і рэлігійнай традыцыі Візантыі на фоне дасканаласці багаслоўя і свецкіх навук у каталіцкім свеце, у далучэнні да якіх бачылі выхад з сітуацыі культурнага запусцення Беларусі і Украіны. Адстойваючы тэзіс, што царкоўнае адзінства ёсць даўняя традыцыя ВКЛ, яны трактавалі Фларэнційскую унію 1439 г. як яго мадэль, а пагадненне 1596 г. як вяртанне да старыны і выкананне волі продкаў.

Праваслаўныя палемісты І.Вішэнскі [509], М.Бранеўскі [620], Х.Філалет [610], З.Капысценскі [541], М.Сматрыцкі [596 - 598], А.Філіповіч [611] і інш. адмаўлялі патрэбу для свайго народа ў культуры і навуцы каталіцкага Захаду, расцанілі унію як параджэнне сатаны, як нацыянальную здраду, навязваючы масавай свядомасці думку, што тыя, хто пайшоў на унію,1 - »зляшыліся». Яны даказвалі яе некананічнасць, бескарыснасць, рэакцыйны характар для сацыяльна-палітычнага і рэлігійнага жыцця Рэчы Паспалітай. Асаблівую ўвагу прыцягваюць апошнія творы М.Сматрыцкага [647], у якіх ён змяніў сваю жыццёвую пазіцыю і культурна-рэлігійную арыентацыю. Даследуючы палемічную літаратуру, трэба мець на ўвазе, што яна ў свой час фармавала грамадскую думку і ўплывала на ход падзей.

Уклад уніяцкай інтэлектуальнай эліты ХVІІ - першай паловы ХІХ ст. у развіццё адукацыі, навукі і культуры дазваляюць ацаніць тэалагічныя, гісторыка-літаратурныя, лінгвістычныя, педагагічныя працы І.Пацея, І.Руцкага, Я.Сушы [648; 649], К.Жахоўскага [1475], Л.Кішкі [533; 629], І.Кульчынскага [538; 633], А.Меніці [636], М.Баброўскага [628] і інш. Бачанне уніяцтва сумежнымі рэлігіямі ў канцы ХVІ-ХVІІІ ст. адбілася ў творах езуітаў П.Скаргі [592-594], А.Каяловіча [630], магілёўскага епіскапа Г.Каніскага [523; 540], стацкага саветніка Н.Бантыш-Каменскага [689; 690] і інш.

Вялікую навуковую цікавасць уяўляюць розныя праекты, праграмы, запіскі, «артыкулы», якія, не маючы юрыдычнай сілы, акрэслівалі сучасны ім стан і далейшы кірунак развіцця уніяцкай царквы, вызначалі яе лёс: умовы-артыкулы уніі [560]; захаваны ў шматлікіх спісах «Праект знішчэння Русі» 1717 г. [580; 618; 639]; запіска іераманаха Ф.Леантовіча «О пользе от защиты Россиею православных, живущих в Польше» 1762 г. [186], складзены на запыт Кацярыны ІІ допіс харкаўскага архіепіскапа Я.Булгарыса «О наилучшем способе воссоединения униатов с православной церковью» 1793 г. [517]; запіска пратаіерэя І.Сямашкі 1827 г. з праграмай рэфармавання уніяцкай царквы; запіска М.Мураўёва 1831 г. аб мерах збліжэння Беларусі з Расіяй; ананімны праект 1865 г. рэлігійнай уніі ў Расіі, і г.д.

Акрэсліць статус царквы ў грамадстве, дзяржаве, хрысціянскім свеце дапамагае шырокі спектр прававых помнікаў ХVІ - ХІХ ст., якія ўмоўна можна падзяліць на 3 групы. Да першай аднясём урадавыя акты на карысць уніі; прывілеі духоўным саноўнікам і культавым установам, брацтвам; соймавыя канстытуцыі і каралеўскія граматы па ўрэгуляванню міжканфесійных стасункаў ў Рэчы Паспалітай. Другая група складаецца з помнікаў кананічнага права: рашэнняў Фларэнційскага, Берасцейскага, Замойскага [650; 651], Полацкага сабораў; пастаноў базыльянскіх кангрэгацый (з'ездаў) [377; 378], правінцыялаў (кіраўнікоў правінцый) і статута ордэна; загадаў мітрапалітаў, епіскапаў, ігуменаў; указаў Беларускай (Полацкай) і Літоўскай кансісторый, уніяцкай калегіі ў Пецярбургу. Тут жа - ватыканскія дакументы: папскія булы і брэве, дэкрэты кангрэгацыі прапаганды веры; інструкцыі нунцыям, у якіх выкладаецца праграма дзеянняў і мэты апостальскага прастола, і г.д. У трэцюю групу ўваходзяць афіцыйна-дакументальныя матэрыялы расійскіх улад, накіраваныя на аддаленне уніяцкай царквы ад хрысціянскага Захаду, абмежаванне яе ўплыву і ліквідацыю, «высочайшие повеления», сенацкія і сінодавыя ўказы, пастановы, інструкцыі.

Несумненную каштоўнасць для вывучэння тэмы ўяўляе знешнепалітычная дакументацыя: міжнародныя пагадненні («вечны» мір 1686 г. з яго забаронай пашыраць уніяцтва за кошт праваслаўных, трактаты і інш. дакументы аб падзелах Рэчы Паспалітай з акрэсленнем новага статуса уніяцкай царквы); дыпламатычная перапіска (Ватыкана з польскімі каралямі, Пятра І з Аўгустам ІІ, Кацярыны ІІ са Станіславам Аўгустам і папам рымскім і г.д.); данясенні расійскіх камісараў на Беларусі і прадстаўленні расійскага ўрада ўладам Рэчы Паспалітай; данясенні консулаў заходнееўрапейскіх краін у Варшаве аб пераварочванні уніятаў і інш. Асобую групу складаюць звароты беларускага праваслаўнага духавенства да расійскага урада ў ХVІІ - ХVІІІ ст., якія раскрываюць працэс іх збліжэння на антыуніяцкай глебе: пасланне 1658 г. цару Аляксею Міхайлавічу [192], скаргі Г.Каніскага і інш. У нашым распараджэнні былі і асобныя матэрыялы Пасольскага загаду. Аб'ектыўнасць абсалютызаваных дарэвалюцыйнай гістарыяграфіяй скарг праваслаўнага духавенства свайму і суседняму ўраду не заўсёды з'яўляецца адэкватнай: людзі хацелі спадабацца боку, у якога прасілі прытулку або дапамогі, і не цураліся згушчаць фарбы.

Матэрыяльную аснову культуратворчай дзейнасці уніяцкай царквы забяспечвалі «наданні» - фундушы і завяшчанні, якія адлюстроўваюць стаўленне да яе розных слаёў: духавенства, магнатаў, шляхты, гараджан. Актавыя матэрыялы 1820-1830-х г. зафіксавалі працэс згортвання гэтай базы.

Багатае святло на праблему праліваюць матэрыялы царкоўнага і свецкага справаводства, якія адклаліся ў выніку дзейнасці розных органаў вышэйшага, цэнтральнага і мясцовага кіравання уніяцкай царквой: мітрапалічай і епіскапскіх канцылярый, духоўных кансісторый у Полацку і Жыровічах, уніяцкага дэпартамента рымска-каталіцкай калегіі, а потым грэка-уніяцкай калегіі ў Пецярбургу, Сінода, Сената, міністэрства ўнутраных спраў, упраўлення духоўных спраў замежных спавяданняў, губернскіх праўленняў, паліцыі, а таксама папскай нунцыятуры ў Рэчы Паспалітай, ватыканскай кангрэгацыі прапаганды веры і інш. Да іх прымыкаюць матэрыялы дзейнасці разнастайных камісій і камітэтаў: для прапарцыянальнага размеркавання культавых будынкаў (створана ў 1635 г.), для разбора скаргаў праваслаўных (1747 г.), Сакрэтнага камітэта па уніяцкіх справах (1835 г.) і інш. Сюды адносяцца пратаколы паседжанняў, справаздачы, даклады, агляды, дзелавая перапіска, прадпісанні, распараджэнні, цыркуляры, запыты, рапарты, данясенні, прадстаўленні і інш. Асаблівую цікавасць уяўляюць прашэнні, заявы, скаргі прыхаджан, брацтваў, прыходскіх святароў у розныя інстанцыі, з якіх гісторыя уніі паўстае праломленай у індывідуальных чалавечых лёсах з усімі яе перыпетыямі. У моры інфармацыі рэлігійнага, палітычнага, гаспадарчага, маёмаснага характару справаводчых крыніц зрэдку сустракаюцца цікавыя факты з гісторыі адукацыі, культуры і яшчэ радзей - з этнагісторыі. Такога роду звесткі ўтрымліваюць і матэрыялы судовага справаводства: даносы і скаргі з непазбежнымі перабольшваннямі, заявы, «позвы» ў суд, пратаколы допытаў, паказанні сведак, даведкі, прысуды, якія ўзніклі на глебе спрэчак за культавую маёмасць і паству, у сувязі з пераменай веры і г. д. Са старонак судова-следчых матэрыялаў першай паловы ХІХ ст. паўстае жудасны малюнак людскіх пакут, якім суправаджалася праграма ачышчэння абраду, масавага народнага супраціву скасаванню уніі і абароны сваіх сакральных каштоўнасцяў.

Кампактнымі, дастакова дакладнымі і інфармацыйна насычанымі крыніцамі па тэме з'яўляюцца гаспадарча-статыстычныя апісанні. Інвентары ўлічвалі рухомую і нерухомую маёмасць культавых устаноў, кадры духавенства, яго адукацыйны ўзровень, фіксавалі наяўнасць бібліятэк, архіваў, школ, шпіталяў, апісвалі архітэктуру, планіроўку, інтэр'ер храмаў, вялі ўлік твораў жывапісу, скульптуры, дэкаратыўна-прыкланога мастацтва, помнікаў кнігапісання і кнігадруку, музычных інструментаў. Недахоп інвентароў - адсутнасць, як правіла, звестак пра стваральнікаў, час і месца вырабу гэтых рэчаў і шляхі іх набыцця, што цікава для даследчыкаў.

Да інвентароў прымыкаюць акты «візітацый» (форма пастаяннага нагляду) базыльянскіх кляштараў, цэркваў, школ; дадзеныя рэвізій бібліятэк, архіваў, рэестры кніг і рукапісаў. Складанне, як правіла, людзьмі ганаровымі ў епархіі, - вядомымі вучонымі, прапаведнікамі, якія з адказнасцю і веданнем справы ставіліся да апісання царкоўнай маёмасці і стану школ, надае «візітам» характар каштоўнай крыніцы па гісторыі культуры. Пэўную інфармацыю этнакультурнага плана даюць спіскі манахаў-базыльян, што вучыліся ў папскіх калегіях і алюмнатах; ведамасці, што складаліся па загаду епархіяльнага начальства, калегіі, Сінода (колькасці прыхаджан, навучальных і дабрачынных устаноў, па асабовым складзе духавенства, стане культавых пабудоў і іх пераабсталяванні на ўсходні лад і г.д.), а таксама падпіскі, рахункі, кантракты, метрычныя кнігі.

На старонках большасці дакументальных крыніц дамінуюць зямельныя, фінансавыя, кадравыя і т.п. пытанні, якія ўсюды і заўсёды скрупулёзна занатоўваліся. Выкарыстаныя і створаныя уніяцкай царквой духоўныя каштоўнасці, як правіла, уліку і справаздачнасці не падлягалі, што ўскладняе вывучэнне яе дзейнасці на ніве асветы, навукі, культуры.

Праведзеныя ў канцы ХVІІІ - сярэдзіне ХІХ ст. эканоміка-геаграфічныя і гісторыка-статыстычныя апісанні беларускіх зямель дапамагаюць рэканструяваць вобраз тагачаснага селяніна-уніята і экс-уніята, зразумець бачанне канфесійнай спецыфікі Беларусі расійскімі вучонымі і чыноўнікамі, чужаземцамі, мясцовымі ўраджэнцамі [507; 516; 617; 634].

Традыцыйнае ўспрыманне царкоўна-культурных падзей на Беларусі канца ХVІ - сярэдзіны ХІХ ст. і звязаных з імі этнарэлігійных працэсаў істотна дапаўняюць, узбагачаюць і карэктуюць мемуары сучаснікаў. Вуснамі Ф.Еўлашоўскага заходнебеларуская шляхта памежжа ХVІ - ХVІІ ст. выказвае сваё стаўленне да уніі [1194]. «Дыярыуш» брэсцкага ігумена А.Філіповіча за 1637-1646 г. [611] падае яе вялікім нацыянальна-рэлігійным злом.

Найбольш пашанцавала ў мемуарным адлюстраванні апошняму перыяду існавання уніяцкай царквы. Дзяржаўныя чыноўнікі, якія па роду сваёй службы займаліся аправаслаўліваннем уніятаў, - Г.Дабрынін [527] і І.Жыркевіч - пакінулі ўражваючыя старонкі пра гэтыя акцы і рэакцыю на іх сялянства. Пазіцыю духавенства з ніжэйшых прыступак іерархічнай лесвіцы, прыціснутага польска-каталіцкім прыгнётам і ўбачыўшага выхад у далучэнні да праваслаўя, адлюстроўваюць запіскі Я.Чабодзькі [616]. Пра негатыўныя этнакультурныя наступствы ліквідацыі уніяцтва і зламаныя лёсы людзей сведчаць выяўленыя намі ў Кракаве унікальныя, пранікнутыя крыўдай і рэлігійным патрыятызмам рукапісныя мемуары пароха Г.Міцэвіча з Камянца, рэпрэсаванага за непрыняцце маскоўскага служэбніка [463].

З запісак бясконца ўпэўненых у праваце сваёй справы «ліквідатараў» уніяцкай царквы ва ўсёй непрыгляднасці паўстае дэнацыяналізатарская дзейнасць і вандалізм галоўнага акцёра ў акцыі «ўз'яднання» літоўскага епіскапа Іосіфа Сямашкі [520 - 522] і рэнегацтва яго паплечніка Н.Сушкова [605], несумленныя метады націску на апазіцыйных святароў беларускага епіскапа Васілія Лужынскага [518]. Прыведзеныя імі факты і канфідэнцыйныя матэрыялы часам гавораць зусім не тое, што хацелі сказаць іх аўтары. Постуніяцкая рэакцыя адбілася ў запісках А.Зубко [524] і дзённіку М.Ромера [1207].

Вобразы і справы найбольш значных постацяў у гісторыі хрысціянства на Беларусі І.Пацея і І.Руцкага ўвасобіліся ў іх жыццяпісах аўтарства адпаведна Л.Кішкі [533] і Р.Корсака; буйнейшага вучонага з уніяцкага асяроддзя М.Баброўскага - у яго ўласнаручным дзённіку і біяграфіі, што выйшла з-пад пяра яго пляменніка П.Баброўскага [628]; вобразы базыльянскіх педагогаў канца ХVIII - першай трэці ХІХ ст. - ва ўспамінах іх выхаванцаў А.Адынца [638], І.Ходзькі [621], а таксама У.Сыракомлі.

Інфармацыю рэлігійна-культурнага плана ўтрымліваюць дзённікі базыльянскіх манастыроў: брэсцкага за 1628 - 1788 і 1792 - 1802 г., віленскага Святатроіцкага за 1671 - 1781 г., полацкага Сафійскага за 1746 - 1778 г., Супрасльскай лаўры [613] і інш.

Чвэрцьтысячагадовая гісторыя уніяцтва і постунійная рэчаіснасць пакінулі багатую эпісталярную спадчыну. Захаваліся цэлыя комплексы перапіскі брэсцкага епіскапа, а потым мітрапаліта І.Пацея з кіеўскім ваяводам К.Астрожскім [575] і канцлерам Л.Сапегам; Л.Сапегі з І.Кунцэвічам [586]; ігуменаў з епіскапамі; І.Руцкага і Я.Сушы з рымскай кангрэгацыяй прапаганды веры; лісты аднаго з найвялікшых аўтарытэтаў у праваслаўным асяроддзі Рэчы Паспалітай М.Сматрыцкага [564; 565; 599], які пераглядзеў свае рэлігійныя і жыццёвыя пазіцыі; ліставанне І.Сямашкі, В.Лужынскага і полацкага архіепіскапа Смарагда з літоўскім і беларускім генерал-губернатарамі і Сінодам; «арэнбургскія» лісты падляшскіх уніятаў, высланых у 70 - 80-я г. [656]. Пра балючае стаўленне сялян да ломкі культурнай традыцыі сведчыць ліст прысланага на уніяцкі прыход праваслаўнага святара са Смаленска [550]. Карэспандэнцыя - афіцыйная і прыватная, унутраная і міжнародная [623; 627], адкрытая і канфідэнцыйная, беларуска- і іншамоўная, двухбаковая і разрозненыя лісты, надрукаваная і вядомая па архіўных дакументах - разам з мемуарамі часам ускрывае такія гісторыка-культурныя і этнаканфесійныя сюжэты, інфармацыю пра якія нідзе больш не знойдзеш. Унікальны характар носяць калектыўныя петыцыі, пратэсты і прашэнні 1830-х г. духавенства і народа супраць змены абраднасці і царкоўнага начыння, уніфікацыі богаслужэбных кніг.

Агонія уніяцтва адбілася на старонках замежнай перыёдыкі [645]. Постунійная рэчаіснасць, перажыткі уніі знайшлі адлюстраванне ў нашпігаваных нястрыманай супраць яе злосцю «Вестнике Западной России» і «Епархиальных ведомостях», якія, будучы рупарам расійскай афіцыйнай палітыкі на Беларусі, тым не менш, надрукавалі шэраг дакументаў высокай навуковай важнасці па мясцовай царкоўнай гісторыі ХVI - ХІХ ст. Заклік да адраджэння знішчанай веры прагучаў са старонак «Мужыцкай праўды» [531, с.57 - 60].

На дапамогу даследчыку уніі прыходзяць таксама захаваныя ў бібліятэках розных краін літургічныя тэксты, помнікі уніяцкага кнігапісання і кнігадрукавання [526; 534 - 536; 614; 615; 631]; уцалелыя ў музеях творы сакральнага жывапісу [530; 608], скульптуры, прыкладнога мастацтва [549]; змененыя да непазнавальнасці храмы [933; 934]. Для раскрыцця праблемы прыцягнута і такая нетрадыцыйная для яе крыніца, як фальклор - прымаўкі, выслоўі, вершы і песні, якімі гэта вера адбілася ў народнай свядомасці.

Аўтар імкнуўся да максімальнага ўліку фактаграфіі, зафіксаванай у акрэсленым коле даступных яму архіўных і апублікаваных крыніц. Назіранні і высновы грунтуюцца на дакументах і матэрыялах, выяўленых намі ў архівасховішчах і рукапісных аддзелах бібліятэк Беларусі і краін, з якімі ў мінулым яе звязвалі агульныя дзяржаўныя межы: у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі і Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі Гродне, Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве і Нацыянальнай бібліятэцы Расіі ў Санкт-Пецярбургу, Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў і Дзяржаўным гістарычным архіве Расійскай Федэрацыі ў Маскве, Нацыянальным гістарычным архіве Літвы і бібліятэках Акадэміі навук Літвы і Вільнюскага універсітэта, Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Украіны і Навуковай бібліятэцы імя В.Стэфаніка ў Львове, Галоўным архіве старажытных актаў і Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы ў Варшаве, у бібліятэках Варшаўскага універсітэта, Чартарыйскіх у Кракаве і Асалінскіх у Вроцлаве. Многія з архіўных крыніц упершыню ўводзяцца ў навуковае абарачэнне.

Найбольш кампактным, аб'ёмным і навукова значным для даследавання праблемы з'яўляецца фонд 823 Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва ў Санкт-Пецярбургу, вядомы пад рабочай назвай «Архіў уніяцкіх мітрапалітаў». Ён утрымлівае 5850 спраў, якія адклаліся ў 1470 - 1839 г. у выніку дзейнасці мітрапалічай канцылярыі і распавядаюць пра суіснаванне хрысціянскіх канфесій, іх збліжэнне, канфлікты, змену суадносін на Беларусі. Сярод дакументаў пераважаюць фінансавыя і маёмасныя справы, прывілеі, фундушавыя запісы, завяшчанні, матэрыялы судовых працэсаў. Архіў фармаваўся ў Вільні, Наваградку, Менску, Радамыслі і іншых гарадах, дзе знаходзілася рэзідэнцыя царкоўнага галавы, і стаў далёка не вычарпанай крыніцай для асэнсавання канфесійна-культурнай гісторыі Беларусі. З цікавячых нас яе аспектаў найлепш у ім прадстаўлены дакументы па пытаннях асветы. Яны раскрываюць захады уніяцкай царквы па арганізацыі, адкрыццю, матэрыяльнаму забеспячэнню навучальных устаноў, налажванню вучэбнага працэса, падбору і растаноўцы педагагічных кадраў, адлюстроўваюць стан уніяцкага школьніцтва ў розныя перыяды. У архіўных матэрыялах знайшла адбітак дзейнасць царквы па пашырэнню міжнародных культурных сувязяў Беларусі з краінамі Еўропы ў ХVІІ - ХVІІІ ст. і яе пераарыентацыя на праваслаўны Усход у канцы ХVІІІ - 30-я гг. ХІХ ст., дынаміка этнамоўных працэсаў ва уніяцкім асяроддзі - да сярэдзіны ХVІІ ст. пераважаюць паперы на беларускай мове, пазней - на польскай. Дакументы аб пабудове і рамонце храмаў, кантракты з іканапісцамі, рэзчыкамі, скульптарамі, арганістамі, прыходна-расходныя кнігі і інвентары адкрываюць асобныя старонкі гісторыі сакральнага мастацтва, кнігадрукавання і г.д.

Частка гэтага унікальнага збору была надрукавана ў другой палове ХІХ - пачатку ХХ ст. ў трох тамах «Актов, относящихся к истории Западной России», у першых двух тамах «Актов, относящихся к истории Южной и Западной России», «Вестнике Юго-Западной и Западной России». Выйшла 2-тамовае «Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов»[552; 553] з іх анатацыямі, урыўкамі, а часам і поўным тэкстам, а таксама рэестр тых, якія адлюстроўваюць царкоўна-рэлігійныя справы на Беларусі [501].

Вялікія комплексы крыніц па гісторыі уніяцкай царквы і народжанай ёю культуры сканцэнтраваны ў Нацыянальным гістарычным архіве Літвы ў Вільнюсе (фонд 634 «Літоўская грэка-уніяцкая кансісторыя»), Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Украіны ў Львове (фонд 201 «Грэка-каталіцкая мітрапалічая кансісторыя ў Львове», фонд 408 «Протаігуменат манастыроў ордэну Васіля Вялікага ў Львове»), Архіве Санкт-Пецярбургскага філіяла Інстытута расійскай гісторыі Расійскай акадэміі навук (фонд 52 «Калекцыя П.Н. Дабрахотава» [539]), у фондах культавых устаноў Беларусі ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Мінску (фонд 3245 «Беларуская грэка-уніяцкая кансісторыя», фонд 2617 «Тадулінскі манастыр»). Гісторыя уніяцкай царквы ў гэтых дакументальных комплексах пададзена як бы знутры - з пункту гледжання яе кліра і паствы.

Карціну царкоўна-рэлігійных падзей канца ХVІ - першай паловы ХІХ ст. на Беларусі і звязаных з імі этнакультурных працэсаў праз прызму бачання расійскіх свецкіх і духоўных уладаў, г. зн., з іншага ракурсу, утрымліваюць дакументы Расійскага дзяржаўнага архіва старажытных актаў (фонд 79 «Адносіны Расіі з Польшчай» і інш.) і Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі ў Маскве (фонд 109 «Сакрэтны архіў»), Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва ў Санкт-Пецярбургу (фонды 797 «Канцылярыя обер-пракурора Сінода» і 824 «Беларуска-літоўская духоўная калегія Сінода»). «Духоўныя справы грэка-уніяцкага спавядання» за 1802 - 1839 г. (вопісы 6,7) фонда 797 адлюстроўваюць рэгламентаваную расійскімі ўладамі культуратворчую дзейнасць уніяцкай царквы напярэдадні яе фінала, перапрафіляванне і закрыццё базыльянскіх школ і кляштараў, антыўз'яднаўчае бражэнне розумаў і хваляванні на Беларусі, рэпрэсіі афіцыйнага Пецярбурга супраць уніятаў, якія вярнулся ў сваю веру.

Багаты корпус дакументаў першай паловы ХІХ ст. аб міжканфесійных стасунках, уніяцкім храмабудаўніцтве і асветніцтве, рэформах 30-х гадоў, супраціве дэунізацыі, «падпісной» і антыарганнай кампаніі, акцыі замены служэбнікаў і інш. выяўлены аўтарам у фондзе 1 (Канцылярыя гродзенскага губернатара) Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў Гродне і фондзе 1297 (Канцылярыя віцебскага, магілёўскага і смаленскага губернатара) Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў Мінску.

Каштоўны збор актавых крыніц па тэме ўтрымліваецца ў фамільным архіве Радзівілаў, падзеленым паміж НГАБ у Мінску (ф. 694) і Галоўным архівам старажытных актаў у Варшаве (аддзел VІІІ «Духавенства»).

Разрозненыя, але ад гэтага не менш цікавыя дакументы выяўлены ў рукапісных аддзелах бібліятэк Вільнюса, Львова, Санкт-Пецярбурга, Варшавы, Кракава, Вроцлава.

Раскрыць дынаміку звязаных з функцыянаваннем уніяцкай царквы падзей, з'яў і працэсаў этнакультурнага характару дапамаглі тэматычныя і зборныя публікацыі крыніц. Частка іх была ажыццёўлена яшчэ за часам уніі: палемічныя творы, богаслужэбная літаратура, зборнікі урадавых актаў на карысць царквы, матэрыялы Замойскага сабора [650; 651], жыццяпісы І.Пацея, І.Кунцэвіча, І.Руцкага, уставы базыльянскіх ордэна [646] і школы [636] і інш.

Асабліва багатыя на выданне крыніц па гісторыі уніі другая палова ХІХ - пачатак ХХ ст. Аднак выбарчы падбор дакументаў, ігнараванне тых, што не ўпісваліся ў тагачасныя ідэалагічныя ўстаноўкі, падмена навуковай археаграфіі палітычнай, прадузятасць анатацый і заўваг да іх давалі чытачу шматлікіх расійскіх зборнікаў падставы рабіць высновы зусім не навуковага характару, навязвалі афіцыёзныя гістарыяграфічныя ўстаноўкі, паводле якіх беларусы ўяўлялі неад'емную частку расійскай народнасці, якая была дэфармавана накінутай ім звонку уніяй. Даверлівыя адносіны да тэндэнцыйна падабраных фактаў, што зыходзілі, як правіла, з лагера ворагаў уніі, стваралі ў даследчыкаў перабольшанае ўяўленне пра гвалт і пакуты і этнакультурнае шкодніцтва пры яе распаўсюджанні. На гэтым фоне няцяжка было стварыць ілюзію пра 1839 год як пра аднаўленне гістарычнай справядлівасці. Старонкі такіх зборнікаў былі прасякнуты апалагетыкай праваслаўя і самаўладдзя як выратавальнікаў беларусаў ад паглынання заходняй цывілізацыяй. Найбольш адыёзнымі ў гэтым плане былі «Сборник документов, уясняющих отношение латино-польской пропаганды к русской вере и народности» [588 - 589], «Документы, объясняющие историю Западно-русского края и его отношения к России и к Польше» [514], «Памятники православия и русской народности в Западной России в ХVІІ - ХVІІІ вв.» [560], «Материалы для истории церковной унии в юго-западной России» [546].

Значнай базай крыніц для даследчыка уніі з'яўляюцца, пры ўсёй іх вялікадзяржаўна-ахавальнай накіраванасці, публікацыі Віленскай, Санкт-Пецярбургскай і Кіеўскай археаграфічных камісій («Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси», «Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею», «Акты, относящиеся к истории Западной России», «Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России»), шмат- і аднаттамовыя дакументальныя і навуковыя зборнікі: «Историко-юридические материалы», «Чтения в императорском обществе истории и древностей российских при Московском университете», «Труды Киевской духовной академии», «Белорусский архив древних грамот» [506], «Собрание древних актов и грамот городов Минской губернии» [600], «Памятники полемической литературы в Западной Руси» [557 - 559] і інш., а таксама зборнік актавых і заканадаўчых матэрыялаў Рэчы Паспалітай «Volumina legum» [654; 655]. Шматлікія крыніцы былі тады надрукаваны ў часопісах («Вестник Юго-Западной и Западной России», «Вестник Западной России», «Литовские епархиальные ведомости» і інш.), змешчаны ў якасці дадаткаў да манаграфій і мемуараў.

ХХ ст. не можа пацягацца з дарэвалюцыйным часам інтэнсіўнасцю абнародавання дакументаў па гісторыі уніі. Асобныя з іх, звычайна надта далёкія ад этнакультурнай праблематыкі, друкаваліся ў «Гісторыі Беларусі ў дакументах і матэрыялах» [513], зборніках «Белоруссия в эпоху феодализма» [503 - 505], «Социально-политическая борьба народных масс Белоруссии. Конец ХIV в. - 1648 г.» [603] У другой палове ХХ ст. з'явіліся спецыяльныя зборнікі: «Правда про унию» [578; 579], «Львовский церковный собор: Документы и материалы. 1596 - 1946» [545; 652], «Уния в документах» [609]. Але іх складальнікі, як правіла, абмежаваліся перавыданнем ужо вядомых дакументаў з ранейшых публікацый, якія ігнаруюць культуратворчую і этнаахоўную дзейнасць уніяцкай царквы. Гэта адна з прычын таго, што савецкая гістарыяграфія уніі працавала, а сучасная гістарыяграфія праваслаўна-расійскай арыентацыі і сёння працуе па наезджанай крыніцавай каляіне.

Шэраг дакументаў і матэрыялаў першаступеннай важнасці надрукаваны ў Польшчы у «Relacje nuncuyszów apostolskich i innych osób o Polsce» [644], «Archiwum domu Sapiehów» [619], «Katalog druków supraskich» [624], ЗША («Collected works of M.Smotrycki» [622]), Англіі («The Pontifical Liturgy of Saint John Chrysostom» [653]).

Надзвычайную каштоўнасць для даследавання праблемы маюць дакументы, надрукаваныя ў Ватыкане і пачарпнутыя з яго архіваў - «Documenta Unionis Berestensis» [625], «Litteriae Nuntiorum Apostolicorum Historiam Ucrainae illustrantes» [635] і інш., закліканыя пераканаць чытача, што ідэя уніі нарадзілася ў асяроддзі праваслаўнай іерархіі, апраўдаць экспансію Ватыкана на праваслаўным беларуска-ўкраінскім усходзе яго клопатам пра гэтыя народы. Вялікую паслугу навуцы аказвае буйнамаштабная выдавецкая праграма, разгорнутая з сярэдзіны стагоддзя базыльянскімі гісторыкамі на чале з А.Вялікім. Яна ўключае публікацыю крыніц і з ватыканскіх архіваў, якія адлюстроўваюць абмеркаванне пытанняў бягучага рэлігійна-культурнага жыцця Беларусі ў апостальскай сталіцы і яе стратэгічных мэтаў і маюць неацэннае значэнне для вывучэння нашай царкоўнай і нацыянальна-культурнай мінуўшчыны (інструкцыі нунцыям, у якіх акрэслівалася праграма дзеяння і мэты папства; іх справаздачы - рэляцыі, запыты, лісты і інш.). Шмат крыніц друкуе перыядычнае выданне «Analecta Ordinis S.Basilii Magni». З публікацый апошніх гадоў вялікую каштоўнасць уяўляюць 8 рэдакцый артыкулаў-умоў Берасцейскай уніі [560], на аснове якіх стваралася і дзейнічала новая царкоўная арганізацыя.

Вывучэнне масіва даступных годных веры архіўных і апублікаваных крыніц, пры адмове ад іх падзелу на зручныя і нязручныя, па-першае, дазволіла аўтару ўбачыць уражвальную супярэчнасць паміж сведчаннем гістарычных помнікаў і намаляваным дарэвалюцыйнай расійскай і савецкай гістарыяграфіяй вобразам уніі; па-другое, паказала, што аб'ектыўна раскрыць сапраўдную карціну падзей і працэсаў выкарыстаннем крыніц толькі аднаго лагера немагчыма і, па-трэцяе, пераканала ў тым, што пры змене метадалагічных падыходаў з іх можна пачарпнуць нябачную, не заўважаную раней інфармацыю.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX