Папярэдняя старонка: Дзярновіч Алег

Крэўскі замак і старажытнае Крэва: праблемы датавання і культурныя асаблівасці 


Аўтар: Дзярновіч Алег,
Дадана: 03-02-2017,
Крыніца: Дзярновіч Алег. Крэўскі замак і старажытнае Крэва: праблемы датавання і культурныя асаблівасці // Беларускі гістарычны часопіс. - 2017. № 1. С. 5-16; каляровая уклейка - с. 1, 4; вокладка - с. 3.

Спампаваць




Час пабудовы замка

Крэўскі замак - адзін з першых мураваных замкаў-кастэляў ВКЛ. Дакладны час пабудовы Крэўскага замка застаецца дыскусійным - даследчыкі падаюць даты ад канцы ХІІІ ст. да 80-х гадоў XIV ст. Класічнай застаецца версія пра пабудову замка пасля 1338 г. (да 1345 г.) Альгердам як сваёй уласнай рэзідэнцыі. Магчыма, будаўніцтва замка распачалося яшчэ Гедымінам. Альгерд атрымаў Крэва ад свайго бацькі князя Гедыміна ў 1338 г. У Крэве жа ў 1345 было заключанае кампраміснае пагадненне паміж Альгердам і пасламі Кейстута пра падзел улады ў ВКЛ [1]. Названай датыроўкі пабудовы замка - 1330-я гады, - першапачаткова прытрымліваліся Міхась Ткачоў [2] (хоць дапускаў, услед за гістарычнай традыцыяй ХІХ ст., і 1320-я гады) [3]. Часам уладання Крэва Альгердам (да 1345 г.) датуе пабудову замка Тадэуш Поляк [4]. Пытанне пра храналогію будаўніцтва Крэўскага замка мае значэнне не толькі для гісторыі канкрэтнага помніка, але і для высвятлення ўвогуле праблемы генезіса мураванага абарончага дойлідства ВКЛ.

У 1980-1990-х гадах атрымала развіццё версія пра пачатак будаўніцтва Крэўскага замка ў канцы ХІІІ - пачатку XIV стст., актыўна падтрыманая беларускімі археолагамі (Міхась Ткачоў і Алег Трусаў [5], Ігар Чарняўскі [6]). Але ўпершыню падобную версію яшчэ ў першай палове 1960-х гадоў выказаў літоўскі гісторык архітэктар Стасіс Абрамаўскас [7]. У якасці аргумента прыводзіліся некаторыя асаблівасці будаўнічай тэхнікі - менавіта, архаічныя рысы ніжніх зон муроўкі сцен, выкладзеных на глінянай рошчыне, а таксама дабаўленне ў вапнавую рошчыну цамянкі (дробленай цэглы), што ў Балтыйскім рэгіёне датуецца ХІІІ ст. Праўда, у апошнім, пасмяротным выданні сваёй працы "Развіццё мураванага будаўніцтва Літвы ХІІІ-XVI стст." аналіз Крэўскага замка быў змешчаны аўтарам у раздзеле па XIV ст. [8] Беларускі даследчык Юрый Бохан на базе апублікаваных даследаванняў падтрымлівае думку, што будаўніцтва Крэўскага замка пачалося на мяжы ХІІІ і ХIV стст., але завяршылася ўжо ў часы кіравання Гедыміна [9].

Беларускія даследчыкі прыводзяць яшчэ адзін аргумент на карысць ранняй датыроўкі падубовы Крэўскага замка - характарыстыкі цэглы муроў замка. Найперш, крэўская цэгла - гэта вялікапамерная цэгла, але не пальчатка. На паверхні крэўскай цэглы адсутнічаюць барозны (канелюры), характэрныя для мураванага дойлідства ВКЛ XIV-XVIIІ стст., але з'яўленне якіх можно датаваць ХІІІ ст. [10] Менавіта падобную цэглу называюць "пальчаткай". Крэўская ж цэгла захоўвае тэхналагічныя сляды дошчачкі, з дапамогай якой здымалі лішнюю гліну, а таксама адбіткі лапак жывёл і дажджу, якія з'явіліся падчас сушкі цэглы-сырца. Сярэднія памеры крэўскай цэглы (меншых параметраў) 28-28,5 (30) x 13,5 (14,5) x 7,5-8 (9) см [11]. Паводле латышскага археолага Андрыса Цаўне цэгла падобнага фармата і з роўнай паверхняй уласціва для рыжскіх пабудоў ХІІІ ст., у прыватнасці, для сцен Домскага сабору першай паловы ХІІІ ст. (29 х 14 х 9 см) [12]. У дэкаратыўным цагляным пасе, які праходзіў па перыметры ўсёй знешняй сцяны Крэўскага замка, цэгла мае наступныя параметры: 30-31 х 17-17,5 х 9-9,5 см [13]. Мы бачым павелічэнне ўсіх параметраў цэглы, якая выкарыстоўвалася на апошнім этапе будаўніцтва асноўных муроў Крэўскага замка. На прыкладзе мураванага дойлідства Рыгі і замкаў Курляндыі таксама можна назіраць тэндэнцыю павелічэння найбольшага памеру цэглы ("лажка") - ад 28-29 см у ХІІІ ст да 30-31 см на пачатку XIV ст., і да 31 см ў канцы XIV ст. [14]

У любым выпадку звесткі, прыведзеныя прыхільнікамі ранняй датыроўкі будаўніцтва замка, сведчаць на карысць архаічнасці архітэктурна-будаўнічых асаблівасцяў Крэўскага замка.

Але далешыя падставы для дыскусіі даюць сведчанні пісьмовых крыніц. "Хроніка Літоўская і Жамойцкая" паведамляе, што Гедымін, «всех сынов за живота своего порядне поделив панствами уделными, забегаючи внутрней домовой незгоды», надзяліў «Олгердови Крево замок» [15]. Хроніка не дае дакладнай датыроўкі гэтай падзеі, але змяшчае гэтыя звесткі паміж 1323 і 1328 гадамі, хоць трэба разумець умоўнасць гэтага датавання.у любым выпадку, з гэтай цытаты вынікае, што Крэва было перададзена Альгерду (каля 1296 - 1377) яшчэ пры жыцці яго бацькі Гедыміна (каля 1275 - 1341). Трэба таксама звярнуць увагу на тое, што Крэва было адзіным, названы з акрэсленнем "замак". Але пры аналізе гэтых сведчанняў трэба памятаць, што сама "Хроніка Літоўская і Жамойцкая" была створана ў XVII ст. і шмат у чым блізкая (паўтарае) Хроніку Быхаўца і "Хроніку" Стрыйкоўскага. Звычайна, на звесткі па ранняй гісторыі Крэва спасылаюцца паводле "Хронікі Літоўская і Жамойцкая" [16]. Хроніка Быхаўца, створаная ў першай палове XVI ст., паведамляе толькі, што Гедымін пасадзіў "Olgierda na Krewo" [17]. Само ж вызначэнне "Крэва замак" мы сустракаем у "Хроніцы" Мацея Стрыйкоўскага [18], але там характарыстыка сеньёрыяльных рэзідэнцый як замак пададзена і да такіх цэнтраў, як Кернаў, Слонім. Як бачым, выраз "Крэва замак" ёсць пазнейшым запісам у "Хроніцы" Стрыйкоўскага, і адтуль ўжо магло патрапіць у "Хроніку Літоўскую і Жамойцкую".

Але якая самая рання крыніца называе Крэўскі замак? Такая прыгадка ўтрымліваецца ў летапісным рэестры "А се имена всем градом рускым далним и ближним", складзеным, як паказаў Міхаіл Ціхаміраў, хутчэй за ўсё паміж 1387 і 1392 гг. [19] У ліку літоўскіх гарадоў прыгадваецца "Крев камен" [20].

Яшчэ адна крыніца канца XІV ст. паведамляе пра Крэва - "Новая Пруская хроніка" Віганда Марбургскага, створаная ў 1393-1394 гг. Ордэнскі храніст паведамляе пра зняволенне Кейстута ў Крэве ("in Krewen") у 1382 г. [21]

Менавіта гэтае першае, дакладна датаванае паведамлення і дало падставы літоўскаму даследчыку архітэктуры Альгірдасу Жалнерусу аднесці час будаўніцтва Крэўскага замка, як і іншых кастэляў ВКЛ, да 1370-1380-х гадоў. Такім чынам, мы маем яшчэ адзін храналагічны полюс пабудовы замка [22].

У рэчышчы гэтай позняй канцэпцыі знаходзяцца таксама назіранні ўкраінскага археолага Сяргея Панышка, які вывучае мураваныя замкі Валыні і зацікаўлены ў выяўленні іх адрозненняў і супольных рысаў з замкамі гістарычнай Літвы. Параўноўваючы планы замкаў ва Уладзіміры-Валынскім і ў Крэва С. Панышка звяртае ўвагу на адну, як ён мяркуе, важную асаблівасць - прамалінейнасць прасел сцен гэтых замкаў (участкаў паміж кутамі ці вежамі). Мураваны замак ва Уладзіміры-Валынскім быў пабудаваны на загад польскага караля Казіміра ІІІ Вялікага пасля ўсталявання ім свайго кантролю над Заходняй Валынню пасля 1366 г. Кароль аддаў гэтыя землі пад кіраўніцтва Аляксандра Карыятавіча і для ўмацавання на новаздабытай тэрыторыі ва Уладзіміры, побач з старажытнымі драўлянымі ўмацаваннямі распачалося будаўніцтва муравананга замка. Гэты замак праіснаваў менш за два гады, бо ў 1370 г. пасля смерці караля Заходняя Валынь вярнулася пад кантроль ВКЛ і князя Любарта. Адміністрацыя ВКЛ у якасці сімвалічны акт разабрала замак Казіміра ІІІ. Пазенй, ужо ў XV ст., практычна на месцы разбуранага мураванага замка быў збудаваны драўляна-земляны замак літоўскага старасты. Ужо ў другой палове ХХ ст. археалагічныя даследаванні рэшткаў замка праводзіла Мар'яна Малеўская [23], якая і ўстанавіла факт просталінейнасць прасел. У гэтым фартыфикацыйным прыёме С. Панышка бачыць уплыў фактара распаўсюджвання агняпальнай зброі. А таму,што нам вядома дакладная дата пабудовы замка Казіміра ІІІ, то пашырэнне такога прыёму ўкраінскі даследчык датуе мінімум з 60-х гадоў XIV ст. [24] Праслы Луцкага замка, які пачаў будавацца ў 40-х гадах XIV ст., акруглыя, бо дойліды вымуроўвалі іх без досведу знаёмства з агняпальнай зброяй. Прамалінейнасць праслаў Крэўскага замка таксама выступаюць для С. Панышкі аргументам на карысць таго, што гэты замак пачалі будаваць у другой палове XIV ст., калі Альгерд ужо быў вялікім князем. Тут можна дадаць толькі адно - мураваныя кастэлі ў Прусіі і Лівоніі, таксама з прамалінейнымі прасламі, пачалі ўзводзіць ужо ў ХІІІ ст.

Найбольш жа абгрунтаваным застаецца традыцыйнае датаванне - 1320-1330-я гады. Ва ўсякім выпадку, Крэўскі замак стаў адным з першых цалкам мураваных замкаў Вялікага Княства Літоўскага, дзе да той пары, як і на беларускіх землях увогуле, не існавала традыцый мураванага дойлідства аб'ектаў такога маштабу. Узводзіўся замак, як нам бачыцца, пры ўдзеле ганзейскіх майстроў.

Захаваліся копіі шасці лістоў вялікага князя літоўскага Гедыміна, напісаных па-латыні ў Вільні ў 1323-1324 гг. і адрасаваных папу рымскаму Яну XXII, уладам ганзейскіх гарадоў Брэмена, Кёльна, Любека, Ростака, Грайфсвальда, Штеціна і іншых, а таксама нямецкім францысканцам і дамініканцам [25]. У лістах Гедымін заяўляў пра сваё жаданне прыняць хрысціянскую веру. Акрамя таго, у Літву запрашаліся рыцары, лекары, рамеснікі (шаўцы, цялежнікі, каменячосы, срэбнікі, балістарыі, солездабытчыкі, пекары), купцы, земляробы, рыбакі, а таксама святары. Усім запрошаным гарантавалася бяспека, свабода перамяшчэння, поўнае ці на некалькі гадоў вызваленне ад падаткаў і павіннасцяў. Лісты сведчаць аб імкненні літоўскага гаспадара да міжнароднага прызнання і дазваляюць бачыць у дзейнасці Гедыміна шырокую праграму эканамічнай, культурнай і ваеннай мадэрнізацыі Літвы. Менавіта пасля гэтай кампаніі запрашэнняў у Вялікім Княстве з'явіўся шэраг мураваных пабудоў абарончага дойлідства, якія да гэтага не былі ўласцівы нашым землям.

Мы маем пазнейшыя, з XV ст., сведчанні пра ўдзел рыжскіх майстроў у запачаткаванні традыцыяў замкавага мураванага дойлідства ў ВКЛ. Гэта ліст-пасланне старасты Віцебскага і Мцэнскага Мікалая Няміравіча да Рыжскай гарадской рады з просьбай ад імя караля і кялікага князя Казіміра прыслаць у Віцебск майстра для рамонту мураванай пабудовы ("склєпъ вєчаный ωправити") і з абмеркаваннем пытання аплаты працы [26]. Дакумент датуеца каля 1470 г. Для рамонту якога скляпення запрашаўся майстар з Рыгі? Якія мураваныя аб'екты існавалі ў Віцебску ў канцы 60-х гадоў XV ст.?

У другой чвэрці XIV ст. у Віцебску адбывалася маштабнае будаўніцтва - у 1330-х гадах (?) быў абмураваны Верхні замак, а ў 1351 г. завершана ўзвядзенне мураваных сцен і вежаў Ніжняга замку [27]. Пісьмовыя крыніцы называюць ініцыятарамі будаўніцтва Верхняга замка Альгерда, а Ніжняга - яго другую жонку Улляну ("замок Витебскии и вежу змуровала Улияна княгиня… и муром округ обвела з баштами вынеслыми и вежами") [28]. У абарончую сістэму Верхняга замку з боку Дзвіны ўваходзіла "палата мураваная" - палац князя Альгерда, на месцы якога пад час археалагічных раскопак выяўлена профільная цэгла нервюраў гатычных скляпенняў [29]. На гары Ламіха, што размяшчалася таксама на тэрыторыі Верхняга замку, з першай чвэрці ХІІ ст. узвышаўся патрыманіяльны храм Віцебскіх князёў - царква Архангела Міхаіла [30]. У сярэдзіне - другой палове XIV ст. царква была разбурана. Не зусім ясна, як выглядала царква Архангела Міхаіла ў XV ст. Вядома, што ў другой палове XVI ст. гэта быў драўляны храм на падмурку [31].

Сам жа Віцебск і яго замкі ў канцы XIV - першай палове XV ст. з-за ўнутарных разладаў у Вялікім Княстве Літоўскім неаднаразова станавіўся аб'ектам нападаў. У 1393 г. мяцежны князь Свідрыгайла бараніўся тут ад кааліцыі Вітаўта, Скіргайлы і Смаленскага князя Юрыя Святаславіча. Пасля ўзяцця Ніжняга замку альянты зацягнулі ў царкву Звеставання гармату і пачалі абстрэльваць Верхні замак. У рэшце рэшт горад здаўся. У 1396 г. Вітаўт зноў штурмаваў Віцебск, дзе чарговы раз знайшоў прытулак Свідрыгайла. У 1435 г. за мурамі Віцебска Свідрыгайла схаваўся ўжо ад войска Вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча. Горад канчаткова адчыніў брамы ў 1437 г. [32] Трэба думаць, што названыя падзеі прывялі да значных разбурэнняў у сістэме мураваных умацаванняў Віцебска ды іншых гарадскіх аб'ектаў.

Цяпер вельмі складана вызначыць аб'ект, для рамонту скляпення якога ў другой палове XV ст. запрашаўся рыжскі майстра. Мы можам назваць толькі найбольш верагодныя такія аб'екты з сістэмы віцебскіх замкаў і бажніцаў. Магчыма, майстра накіроўвалі ў Верхні замак і менавіта ў старажытны палац Альгерда. Бо Верхні замак выконваў рэзідэнцыяльныя функцыі і там спыняліся гаспадары ВКЛ. На карысць версіі Верхняга замка гаворыць і тое, што рыжскага муляра запрашалі для рамонту хутчэй гатычнага будынка, чым праваслаўных цэркваў. Але гэта толькі гіпатэтычныя меркаванні і іншых факталагічных падмацаванняў мы не маем.

І віцебскія "скляпенні", і Крэўскі замак ў XIV ст. аб'ядноўвае імя іх уладальніка - князя Альгерда. Таму сёння мы пэўна можам казаць, прынамсі, адно - Крэўскі замак вымуроўваўся за часамі і пры непасрэдным удзеле Альгерда.

Крэўскі замак як рэзідэнцыя

Сам Крэўскі замак, у Княскай вежы якога знаходзіліся жылыя памяшканні, паводле заключэння Ігара Чарняўскага, ляжыць у пачатках генеалогіі палацава-замкавых комплексаў у Беларусі [33]. Увогуле ж, першым выразна акцэнтаваў функцыі Крэўскага замка як рэзідэнцыі даследчык мастацтва Мікола Шчакаціхін [34]. Для такога меркавання сёння маюцца як сведчанні пісьмовых крыніц, так і інфармацыя, здабытая ў выніку археалагічных даследаванняў.

Крэўскі замак паўстаў як рэзідэнцыя аднаго з адгалінаванняў Гедымінавічаў - Альгерда, а потым і Ягайлы. У XIV ст. Крэўскі замак выконваў функцыі адной з вялікакняскіх рэзідэнцый. Невыпадкова менавіта ў ім быў падпісаны акт уніі ўніі 1385 г.

У 1382 г. Нямецкі ордэн у Прусіі дапамог Ягайле, які ўцёк да іх, перамагчы Кейстута: князь Трокаў і Жмудзі, апошні абаронца паганскай Літвы быў схоплены. У Супрасльскім летапісе аб гэтым сказана так: "Князя великого Кестутия... оковав ко Криеву послали и всадили во вежю... И там во Криеве пятой нощи князя великого Кестутия удавили коморники князя великого Ягайлавьі" [35]. Такі ж лес рыхтавалі Вітаўту, сыну Кейстута, які "седель во Криеве за твердою сторожею в комьнате" [36]. Вітаўт здолеў уратавацца ўцёкамі, а пазнейшыя крыніца пакінулі нам беспасярэднія указанні на выкарыстоўванне Княскай вежы ў якасці жылых памяшкканняў. Пры гэтым у ніжнім ярусе вежа, вельмі верагодна, знаходзілася вязніца Кейстута. Жылыя памяшканні, верагодна, знаходзіліся на трэцім і чацвёртым ярусах, а другі ярус выкарыстоўваўся для гаспадарчых патрэбаў [37].

Трэба прызнаць, што да XVІ ст. Крэўскі замак страціў сваё мілітарнае значэнне. Да таго ж, ён стаў агульнадзяржаўным замкам, што фіксуе факт утварэння староства. Хутчэй за усё, можна было б чакаць заняпад замка і пашырэння цытаты Герберштэйна ад 1526 г. на ўсю далейшую гісторыю замка: "Крэва - мястэчка з пакінутым замкам" [38]. З іншага боку мы ведаем, што ў 1564 г., паводле спрэчных прававых падставаў, Жыгімонт Аўгуст перадаў Крэва палітэмігранту князю Андрэю Курбскаму.

Апроч таго, археалагічныя даследаванні ў Княскай (Кейстутавай) вежы замка выявілі значную колькасць фрагментаў фрэсак (сценапісу), якімі былі аздоблены скляпенні і аконныя праёмы данжона (Іл. 2). Хімічна-тэхналагічны аналіз паказаў, што сценапіс мае тры пласты. Найранейшыя былі выкананыя ў XIV-XV ст. у тэхніцы all-secco (па сухой тынкоўцы), але на мяжы XVI-XVII стст. крэўскія роспісы былі часткова перапісаныя ў тэхніцы тэмпернага жывапісу [39]. Усё гэта сведчыць пра ўзнаўленне замка і далейшае яго функцыянаванне ў другой палове XVI - першай палове XVII стст. як службовай рэзідэнцыя ці цэнтр староства [40]. Што ж мы можам сказаць непасрэдна пра Крэўскі замак у святле апошніх даследаванняў?

Даследаванні Княскай вежы Крэўскага замка

У кастрычніку - лістападзе 2012 г. на тэрыторыі Крэўскага замка былі праведзены археалагічныя даследаванні. Мэтай даследаванняў было вывучэнне архітэктурных асаблівасцяў унутраных канструкцый Княскай вежы дзеля стварэння праекту рэканструкцыі вежы; вывучэнне культурнага пласту помніка. Працы праводзіліся экспедыцыяй Інстытута гісторыі НАН Беларусі ў адпаведнасці з дамовай з Праектным філіялам ААТ "Белрэстаўрацыя", які распрацоўвае праект рэстаўрацыі і кансервацыі Крэўскага замка.

Сітуацыйны план паўночна-заходняга кута Крэўскага замка і Княскай (Кейстутавай) вежы з размяшчэннем шурфоў.

У паўночна-ўсходняй вежы замка (данжоне), вядомай пад назвай Княскай (ці Кейстутавай) вежы, былі закладзены два шурфы. Археалагічныя раскопкі праводзіліся ва ўмовах складанага грунта, утворанага завалам вежы, пачынаючы яшчэ з (XVII ?)-XVIII ст. Верхні ж пласт разбурэнняў утварыўся у гады Першай Cусветнай вайны, калі ўвесь замак і вежа знаходзіліся пад абстрэлам артылерыі.

Крэўскі замак узведзены каля месца ўпадзення рачулкі Шляхцянкі ў Крэвянку. Каля чвэрці замкавай тэрыторыі (яе паўночная частка) знаходзіліся на пясчанай дзюне, што ўзвышалася над балоцістым рачным поплавам. Размяшчэнне замка ў забалочанай нізіне мусіла перашкодзіць ужыванне тэхнікі ў час аблогі, хоць у далейшым гэта не дазваляла ўзводзіць новыя лініі абароны замка. Трэба адзначыць, што ландшафт у наваколлях Крэва мае пагоркавы характар і замак цалкам можна было б пабудаваць на адным у узвышшаў. Такім чынам, на выбар месца для замка паўплывала канкрэтная фартыфікацыйная канцэпцыя. Крэўскі замак у плане мае няправільную трапецыю (85 х 108,5 х 71,55 х 97,2 м). Таўшчыня сцен дасягала 2,5 м, вышыня 12-13 м. На вышыню прыблізна 4 м яны былі выкладзены з валуноў на вапнава-пяшчанай рошчыне, вышэй ужывалася цэгла ў тэхніцы балтыйскай муроўкі Княская вежа. План шурфа 1 і цэнтральнага слупа. (два лажкі - адзін тычок). Унутраная частка сцен выкананая метадам забутоўкі. На фасадах замка ў выглядзе фрыза з цэглы быў зроблены шырокі атынкаваны і пабелены пас. Сцены завяршаліся баявой галерэяй, канфігурацыя якой застаецца невядомай. Брама знаходзілася ў паўночнай сцяне. Як мяркуецца, праз кароткі тэрмін ля паўночна-заходняга кута замка звонку была пабудавана Княская вежа-данжон вышынёй 25 м. Сцены вежы (17 х 18,65 м) выступаюць па-за перыметр сцен - гэтым самым забяспечвалі не толькі франтальны, але і фланкіруючы абстрэл подступаў да замка (дасягенне фартыфікацыі другой паловы XIV ст.). Жылыя памяшканні знаходзіліся на трэцім і чацвёртым ярусах, другі ярус выкарыстоўваўся для гаспадарчых мэтаў. Пра рэпрэзэнтатыўны характар вежы сведчылі таксама вялікія гатычныя ваконныя праёмы. Першым меркаванне адносна жылых функцый вежы выказаў у 1928 М. Шчакаціхін. У вежу можна было трапіць з баявой галерэі праз уваход, які знаходзіўся на ўзроўні трэцяга яруса. Перакрыцці верхняга (трэццяга) яруса было выканана з дошак на брусах, ад якіх у сценах захаваліся прамавуголныя адтуліны. Па цэнтру вежы быў узведзены крыжападобны слуп, на які абапіраліся нервюрныя скляпенні, што перакрывалі памяшканні цокальнага і другога ярусаў. І. Чарняўскі характарызуе Княскую вежу як прататып замкавага палаца [41]. Другая вежа, Малая, была збудавана ў паўднёва-ўсходнім унутраным куце замка, як мяркуецца, за часамі Вітаўта - на мяжы XIV-XV cтст. Паводле іншай версіі, Малую вежу збудавалі адначасова з Княскай. Квадратная ў плане вежа мела тры ці чатыры ярусы. На падворку замка ля ўваходу ў 1989 г. археолагамі былі выяўлены рэшткі мураванага будынка грамадзянскага прызначэння, узведзенага ў XIV ст. Квадратная ў плане пабудова (каля 8 х 8 м) мела скляпенні. Тэхніка муроўкі сцен цалкам аналагічна замкавым. Мяркуецца, што пабудова прызначалася пад княскі палац. А. Кушнярэвіч высунуў версію, што першапачаткова пабудова ўзводзілася як вежа (бергфрыд), а потым была прыстасавана пад палац.

Між іншым, невядомы ніводны эпізод нападу на Крэва нямецкіх рыцараў. Але гісторыя Крэўскага замка адметная важнымі палітычнымі падзеямі. 14.08.1385 тут была падпісана Крэўская ўнія (Крэўскі акт) аб аб'яднанні ВКЛ з Польшчай. У 1433 г. пад час міжусобіцы Крэўскі замак быў узяты войскамі князя Свідрыгайла, што мае непасрэднае дачынення да стратыграфіі культурнага пласта замка. Да канца XV ст. (да 1470 г.?) замак быў адноўлены. У 1503-1506 гадах Крэўскі замак значна пацярпеў ад набегаў крымскіх татараў. У жніўні 1519 г. Крэўскі замак быў узяты пад час глыбокага рэйду па тэрыторыі ВКЛ маскоўскія войскі. Паводле дакументаў пачатку XVII ст. вядома, што крэўскія мяшчане вызваляліся ад вартавой службы ў замку.

Кансервацыя муроў Крэўскага замка была праведзена ў 1929-1930 гг. польскімі спецыялістамі. Непасрэдная ініцыятыва кансервацыі разбураных муроў сярэднявечных замкаў належала тагачаснаму (1929-1935) кансерватару помнікаў Віленскага і Наваградскага ваяводстваў (адміністрацыйная пасада) Станіславу Лёрэнцу, які і ажыццяўляў кантроль над працамі [42]. Непасрэдна кансервацыйныя мерапрыемствы ў Крэве (як і ў Троках) ажыццяўляліся пад кіраўніцтвам архітэктара Яна Бароўскага, пастаянны нагляд над працамі ажыццяўляў прафесар Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, мастацтвазнавец і архітэктар Юліюш Клос [43].

Сённяшні выгляд Княскай вежы ў асноўным паўтарае тыя абрысы аб'екта, якія сфармаваліся пасля кансервацыйных прац 1929-1930 гг. Сістэматычнае археалагічнае вывучэнне распачалося ў 1970 г. (археалагічная разведка, М. Ткачоў), прадоўжылася ў 1985 г. (А. Трусаў і М. Ткачоў) [44] і 1987-1989 гг. (І. Чарняўскі) [45]. Раскопкі сезону 2012 г. сталі працягам гэтых прац.

У самым цэнтры вежы, вакол цэнтральнага слупа (з паўднёвага і паўднёва-ўсходняга боку), на які абапіраліся скляпенні ўнутраных памяшканняў вежы быў закладзены шурф памерам 4 х 4 м. У гэтым пласце завалу сустракаюцца таксама металічныя вырабы, вельмі характэрныя для замка - каваныя металічныя цвікі і арбалетныя балты канца XIV - пачатку XV cтст. У гэтым жа пласце завалу знойдзены рэдкі артэфакт, які належыць ужо непасрэдна да перыяду пабудовы замка - кельма муляра (Іл. 6).

У самым ніжнім гарызонце будаўнічага завалу знаходзіцца пласт пажару (вуголля), які дасягае таўшчыні 10-15 см. Пласт пажару займае ўсю плошчу шурфа, не занятую будаўнічымі канструкцыямі і перакрывае мураваную перамычку. Сляды ад гэтага ж пажару выразна захоўваюцца на мураваных канструкцыях у выглядзе абвугленай паласы.

Важна адзначыць, што пласт пажару быў выяўлены і на тэрыторыі замкавага дзядзінца - у 1985 г. ля заходняй сцяны замка былі раскапаны падмуркі драўляных жылых пабудоў XIV-XV ст., перакрытыя пластом вуголля. Апроч іншых матэрыялаў, у гэтым пласце былі выяўлены таксам каменныя ядры. Удалося звязаць гэты пласт пажару з штурмам замка войскамі Свідрыгайлы ў 1433 г. [46] Вынікі раскопак ў Княскай вежы пацвярджаюць гэтую версію. Менавіта ў пласце пажару, над перамычкай, быў выяўлены комплекс моцна каразаваных арбалетных балтоў (18 фрагментаў, з іх 7 утульчатых) і 4 маленькіх каваных цвікі, магчыма ад скрыні. Верагодна, гэта рэшткі замкавага арсеналу.

У паўночна-заходняй частцы шурфа над пластом пажару выяўлена праслойка вапны таўшчынёй 5-10 см. Верагодна, гэтую праслойку можна звязваць з адбудоваю унутраных канструкцый вежы пасля знішчэнняў у 1433 г.

Рэканструкцыя сістэмы каналаў цэнтральнага слупа Княскай вежы.

Унутры вежы знаходзіўся слуп, выяўлены ўпершыню пад час археалагічных раскоп 1988-1989 гг. (пад кіраўніцтвам Ігара Чарняўскага). Пры тых даследаваннях была выяўлена толькі верхняя разбураная частка слупа, што не дазволіла на той момант дакладна акрэсліць яго форму - яна была вызначана, як крыжападобная [47]. Вынікі раскопак 2012 г. дазволілі ўдакладніць канфігурацыю слупа. У аснове ён мае чатырохкутнік, блізкі да квадрата з памерамі 220 х 220 см (цалкам дакладнае вымярэнне будзе магчымым пасля ўскрыцця слупа цалкам - з заходняга і паўночнага бакоў). На кожнай з граняў слупа маюцца чатырохвугольныя выступы, таксама вымураваныя з цэглы, на які абапіраліся нэрвюрныя скляпенні. З паўднёвага боку такі выступ мае наступныя параметры: 60 х 80 х 60 см.

Княская вежа. Шурф 1. 'Цагляная' плітка падлогі.

Асноўны аб'ём слупа працінаюць каналы, якія, відавочна, засталіся ад унутраных драўляных арматурных канструкцый. Каналы вымураваны паралельна асноўных граняў слупа і перакрыжоўваюцца; у вертыкальным сячэнні яны маюць параметры 35 х 20 см. Дрэва ў каналах спрахнела, а бліжэй да кутоў слупа маюцца рэшткі абпаленага дрэва. Пра тое, што гэта не ўнікальны прыём, які выкарыстоўваўся толькі пад час вымуроўкі слупа, сведчыць наяўнасць арматурных тунеляў ў сценах як Княскай ("Кейстутавай"), так і малой ("Вітаўтавай") вежаў.

Слуп вымураваны з цэглы памерамі 27,5-28 (29) х 13,5-14,3 х 6,4-7,5 см. Паводле сваіх параметраў цэгла слупа адрозніваецца ад цэглы, скарыстанай пры ўзвядзенні сцен вежы, што дазваляе падтрымаць версію пра пазнейшае ўзвядзенне слупа. Па сваіх параметрах цэгла крэўскага слупа вельмі блізкая да цэглы першай паловы XVI ст. царквы ў Мураванцы: 27-29 х 13-14 х 7 см [48]. Муроўка слупа захавалася горш, чым муроўка сцен вежы з горшай якасці цэглы.

Датыроўка слупа паводле ранейшых даследаванняў - мяжа 20-30-я гадоў XV ст. [49], што звязваецца з перабудовай і аднаўленнем замка пасля разбурэння і пажару. Паводле даследаванняў 1985 г. праслойку вуголля, якая прасочваецца па ўсёй тэрыторыі замка, звязваюць з штурмам Крэўскага замка войскамі князя Свідрыгайлы ў 1433 г. [50] На сённяшні дзень можна сцвярджаць, што пацвярджаецца версія пазнейшага за асноўныя муры вежы будаўніцтва слупа. Але, калі звязваць праслойку пажару з разбурэннямі 1433 г., то відавочна, што слуп быў пабудаваны да гэтай падзеі, бо выразныя сляды пажару маюцца і на слупе. Дакладная дата пабудовы слупа застаецца пакуль адкрытым пытаннем.

Да паўднёва-ўсходняй грані выступу слупа, на ўзроўні падмуркавай яго часткі, прымыкае перамычка, выкладзеная з трох-чатырох шэрагаў цэглы, пакладзеных на ніжні шэраг камянёў. Цэгла і камяні змацаваны рошчынай. Паміж перамычкай і слупам маецца перавязка. Перамычка знаходзіцца пад праслойкай пажару. Шырыня перамычкі - 80 см і адпавядае шырыні выступу слупа.

На гэтым этапе даследаванняў функцыянальнае прызначэнне перамычкі застаецца не да канца высветленым. Магчыма, перамычка ёсць сведчаннем таго, што прастора ніжняга яруса была падзеленая на некалькі аўтаномных памяшканняў. На карысць гэтай версіі можа служыць выяўленне слядоў арсеналу (комплексу арбалетных балтоў), а таксама меркаванне, што менавіта ў цокальным ярусе вежы знаходзілася вязніца, дзе ў зняволенні ўтрымліваўся князь Кейстут (у "твердзы") [51]. Але таксама нельга выключаць версію, што выяўленая перамычка выконвала функцыі своеасаблівага кантрфорса слупа. Таксама нельга выключаць версію, што перамычка адначасова выконвала функцыю падмурка для драўляных сценак унутры вежы.

Княская вежа. Шурф 2. Графічная фіксацыя арачнага праёму.

Падчас правядзення даследаванняў шурфа выяўлены таксама рэшткі падлогі цокальнага яруса вежы. Падлога была выкладзена з амаль квадратных керамічных плітак памерамі 14,5-15 х 14,3 см. Гэтыя пліткі могуць нагадваць абсечаную цэглу, але іх таўшчыня выразна ўказвае на тое, што гэта менавіта плітка: 5 см. Хутчэй можна казаць пра аднолькавую тэхналогію вырабу цэглы і плітак падлогі, што паўплывала на падабенства гэтых будаўнічых матэрыялаў. Тым больш, што на працягу XIV-XV стст. асаблівасцю будаўнічай тэхнікі было пакрыццё падлогі цэглай, нярэдка спецыяльна нязначнай таўшчыні [52]. Плітка падлогі залягае пад праслойкай пажару, яна пакладзена на суглінку, які можна інтэрпрэтаваць, як мацярык (пласт зямлі, некрануты дзейнасцю чалавека).

Яшчэ адзін шурф памерамі 3 х 3 м быў закладзены ва ўсходнім куце вежы. Пад час распрацоўкі шурфа былі выяўлены важныя канструктыўныя асаблівасці кута вежы. Сярод важных высноваў можна адзначыць наступную - адсутнасць у вежы падвалаў (сутарэнняў). Фактычна, цокальны паверх, у якім адсутнічалі вялікія стрэльчатыя вокны, як на другім ці трэцім ярусе, у пэўным сэнсе і выконваў функцыю сутарэнняў вежы. Звязана гэта было, відавочна, з забалочанасцю мясціны, у якой узводзіўся замак. Пры гэтым самі падмуркі вежы дасягаюць глыбіні 3 м ад узроўню сучаснай дзённай паверхні [53].

Вельмі важным уяўляецца выяўленне ў паўднёва-ўсходняй сцяне вежы арачнага праходу да унутранага тунелю вежы. Перамяшчэнне паміж ярусамі ўнутры вежы адбывалася не праз праёмы ў скляпеннях, а праз тунель-праход, які серпанцінам агібаў увесь перыметр вежы. Выхад на ярусы адбываўся праз арачныя праёмы. Арка Княскай вежы двухцэнтравая - гэта дуга, што ўтвараецца з двух дугаў аднолькавага радыуса, якія перасякаюцца ў замку пад тупым кутом.

Аналагі падобных унутрывежавых тунеляў вядомы. Найбольш блізкі аналаг, да таго ж, у аднатыпным замку (кастэль з вежаю-данжонам) існуе ў замку ў Медніках (Мядзінінкай). Гравюры ХІХ ст. вельмі добра паказваюць серпантын тунеля ў яшчэ ацалелых на той час сценах Княскай вежы.

Распрацоўка апісаных шурфоў дазволіла выйсці на да самага нізу ўнутарнай прасторы Княскай вежы - туды, дзе, як мяркуецца, знаходзілася замкавая вязніца і дзе, як высвятляецца, захоўваўся таксама замкавы арсенал. Вельмі важныя элементы архітэктурных канструкцый, выяўленыя падчас раскопак, дазваляюць аднавіць інтэр'еры Княскай вежы, пытанне пра рэканструкцыю якой не знята з парадку дня. Тым больш падобны рэстаўрацыйны досвед рэалізаваны ў суседнім Медніцкім замку.

Але значэнне і функцыі Крэўскага замка ўсё яшчэ застаецца дыскусіным, таму тут не абысціся без аналізу старажытнай гісторыі самога Крэва.

Мястэчка

Трэба адзначыць, што археалагічнае вывучэнне Крэва адбываецца, пачынаючы з 1970 г. Але аб'ектам даследаванняў выступаў менавіта Крэўскі замак. Тэрыторыя ж самога гістарычнага мястэчка вывучана ў непараўнальна меншай ступені. У 1985 г. Аляксандрам Краўцэвічам з мэтаю вывучэння гісторыка-тапаграфічнай сітуацыі Крэва была праведзена шурфоўка (20 кв. м.) гістарычнага цэнтра мястэчка на ўсход і поўнач ад замка [54]. Культурны слой светла-шэрага колеру дасягае тут 2 м таўшчынёй. Самы ранні артэфакт, выяўлены пры тагачасных даследаваннях - венца непаліванага гаршчка XIV ст., выяўленае ў цэнтры мястэчка. Гэта дае падставы меркаваць, што вядомы нам цэнтр мястэчка ўзнік на прылеглай ўсходзе да замка тэрыторыі і менавіта замак стаў цэнтрам новых урбанізацыйных працэсаў Крэва ў познім Сярэднявеччы і раннім Новым часе. У сацыяльна-гістарычным плане паказальна, што матэрыяльная культура замка выразна адрозніваецца ад знаходак ў пластах XVI-XVII стст. на тэрыторыі мястчэка [55].

Паводле актавых крыніц канца XVIII ст. (актыкацыя пацвярджэння канцлера ВКЛ Аляксандра Сапегі ад 25 лютага 1795 г.) Магдэбургскае права было нададзена месту Крэва актам 7 красавіка 1559 г. [56] Але паўнамоцтвы органаў права самакіравання для Крэва ў XVI-XVII стст. застаюцца не да канца яснымі [57]. Пісьмовыя крыніцы сведчаць, што ў XVIII ст. драўляная ратуша магдэбургскага места Крэва знаходзілася на тэрыторыі замка [58].

Але, у такім разе, не да канца зразумелым заставалася размяшчэнне першапачатковага паселішча Крэва. Верагодна, цэнтр старажытнага паселішча, да ўзвядзення замка, знаходзіўся ля Крэўскага гарадзішча, якое размешчана па шляху на Смаргонь (у 2 км ад замка). Даследаванні гэтага гарадзішча прыадчыняюць нам новыя старонкі з гісторыі Крэва.

Што за паселішча?

Не выклікае сумневаў, што ў Сярэднявеччы Крэва было заселенае балтамоўным паганскім насельніцтвам. Не выпадкова гэтая мясцовасць трапіла ў спіс фундацыі першых касцёлаў, якія пасля Крэўскай уніі новаабраны польскі кароль і найвышэйшы князь Літвы ўсталяваў у 1387 г. у паганскай Літве. Колькасць гэтых касцёлаў была сімвалічнай - сем.

Пісьмовы акт фундацыі не захаваўся, гэтую палітыка-рэлігійну акцыю апісаў польскі храніст і гісторык XV ст. Ян Длугаш (1415-1480) у сваёй "Хроніцы Польшчы" ("Annales seu cronicae incliti Regni Poloniae") адзначыў, што кароль Уладзіслаў Ягайла фундаваў семь парафіяльных касцёлаў у зручных і патрэбных мясцінах - Вількаміры, Майшаголе, Немянчыне, Медніках, Крэве, Абольцах і Гайне: "Fundat insuper septem parochiales ecelesias in locis oportunis et necessariis, videlicet in Volkmaria, Misyohola, Nyemczani, Myedniki, Crewa, Obolcze et Hayna, item prebendam sancti Martini in castro Vilnensi alciori" [59]. У нашыя дні літоўскі гісторык Дарус Баронас звярнуў увагу на сімвалічнасць паведамлення пра сем касцёлаў і на беднасць пісьмовых звестак па гэтых новапаўсталых касцёлах у гістарычнай Літве. Такім чынам, Баронас паставіў пад сумнеў сапраўднасць інфармацыі адносна 1387 г. [60]. Прынамсі, мы маем дакумент з XV ст., паводле якога 24 чэрвеня 1468 г. Ганна, удава Юрыя Гаталтовіча, і яе сын Юрый ахвяравалі на алтар св. Юрыя і св. Ганны парафіяльнага касцёла ў вёсцы Крэва ("in ecclesia parochiali et in villa dista Krewo") сваю маёмасць [61]. Таксама трэба адзначыць, што па некаторых касцёлах "са спісу сямі" маюцца пісьмовыя звесткі з XIV ст.

Памылкай жа будзе меркаваць, што тое даўняе Крэва знаходзілася ў звыклым нам сёння месцы - вакол мураванага замка XIV ст. Рэч у тым, што папярэднія археалагічныя даследаванні цэнтру сучаснага мястэчка паказалі там адсутнасць культурнага пласту, ранейшага за XIV ст. Вынікае, што наадварот, ужо мястэчка, новы тып урбанізаванага паселішча, узнікаў вакол сеньёрыяльнай рэзідэнцыі - Крэўскага замка [62]. Але ж дзе знаходзілася першапачатковае Крэва? Ёсць адзін варыянт адказу на гэтае пытанне.

Ранняе Крэва

Па шляху на Смаргонь, у двух кіламетрах на поўнач ад мураванага замка, аднаго з першых у Літве, знаходзіцца Крэўскае гарадзішча, якое візуальна вылучаецца нават сярод пагоркавых ландшафтаў Ашмянскага ўзвышша. Гарадзішча мае авальную форму, у вышыні дасягае 20 м, земляныя валы вышынёй 5 м акружалі ўсю пляцоўку дзядзінца. Паводле назіранняў Георгія Штыхава, які ў 1974 г. праводзіў тут разведку, на гарадзішчы прысутнічала кераміка XVI-XVII ст., таму гэты помнік быў аднесены да перыяду позняга Сярэднявечча і ранняга Новага часу [63]. Але гэта была толькі папярэдняя інфармацыя. Іншыя знакі паказваюць на тое, што Крэўскае гарадзішча мусіць мець больш старажытную гісторыю.

Сітуацыйны план размяшчэнне Крэўскага гарадзішча.

Найперш, па сваёй знешняй тыпалогіі Крэўскае гарадзішча цалкам падобнае на гарадзішчы эпохі Жалезнага веку канца І тыс. да н. э і пачатку І тыс. н. э. Дзесяткі падобных гарадзішчаў абжылі насельнікі паўночнага-захаду Беларусі, якое вызнаюць як насельніцтва Культуры штрыхаванай керамікі. Пазней такія гарадзішчы з пастаянных абжытых сталі гарадзішчамі-сховішчамі, куды збегалася навакольнае насельніцтва ў часы небяспекі. Мяркуецца, што насельніцтва такіх гарадзішч было балцкім. І зусім лагічна, што гэтая старонка балцкай гісторыі Крэва мусіла быць павязанае менавіта з гэтым аб'ектам. Як доўга і з якімі перапынкамі працягвалася жыццё на гэтым гарадзішчы?

Раскопкі і знаходкі на гарадзішчы

Менавіта з мэтаю пошуку ранняга Крэва у сезонах 2013-2014 гг. былі праведзены археалагічныя даследаванні Крэўскага гарадзішча і прылеглай да яго тэрыторыію [64]. На Крэўскім гарадзішчы масава сустракаецца кераміка, зробленая на ганчарным коле, і якая мае традыцыйны лінейна-хвалістым арнаментам. Такі керамічны посуд вызначаюць як славянскі. У Крэве таксама былі знойдзены вельмі адметныя металічныя вырабы, паходжанне і функцыянальнасць якіх узбагачае гісторыю старажытнага паселішча.

У адным з шурфоў, напрыклад, быў знойдзены бронзавая лілеяпадобная падвеска. Так уяўлялася напачатку. Але досыць добра вядомыя ў літаратуры аналагі дазволілі ўдакладніць, што перад намі нават не сама падвеска, а матрыца, з выкарыстаннем якой вырабляліся такія падвескі. Тэхналагічна гэта выглядала наступным чынам - на бронзавую матрыцу накладалася срэбная пласцінка, якая і адціскалася на матрыцы, паўтараючы яе форму і арнаментацыю. Потым гэта ціснёная палоска прыпайвалася да гладкай і ў выніку ўтваралася фігурная пустацелая, а значыць лёгкая падвеска. З сваёй невялікай вагі гэтыя срэбныя падвескі і можна было складваць у каралі. Крэўская матрыца выраблена з бронзы, але яе каштоўнасць значна большая, чым срэбных падвесак, бо сведчыць пра існаванне на гарадзішчы цэнтру па вырабу такіх падвесак і караляў.

Геаграфія пашырэння падобных падвесак даволі шырокая - іх знаходзілі ў багатых скарбах таксама пад Кіевам. Між тым, ідэнтычныя падвескі рэгулярна сустракаюцца на гарадзішчах крывіцкай Смаленшчыны, у той час, як ва ўладзімірскіх і наўгародскіх старажытнасцях яны невядомы [65]. Падобныя і падвескі, і матрыца былі таксама знойдзены ў замку Вішчын (Рагачоўскі р-н) [66] і ўваходзілі ў склад знакамітага Вішчынскага скарба 1979 г., тэзаўраваны (схаваны), падобна, уладальнікамі Вішчына пад час мангольскага нападу ў сярэдзіне ХІІІ ст. [67] Такім чынам, акрэсліваецца арэал бытавання гэтых вырабаў. Датуюцца ж яны ХІІ-ХІІІ ст.

У археалагічнай літаратуры за такімі падвескамі замацавана вызначэнне "крыны" ці лілеяпадобныя - крына і азначае кветку лілеі. Вядомы савецкі археолаг Барыс Рыбакоў бачыў у гэтых падвесках ідэяграму вегетатыўнай сілы - іх вастрыё заўжды скіравана ўніз. Паводле Рыбакова, гэта азначае, што нябесная сіла, якая даруе дух жыцця, павінна быць скіраваная ўніз - да зямлі, да каранёў. Падвескі-крыны не выяўляюць сімвалічны расток, а пры дапамозе абстрагаванага сімвала заклінаюць расліны на зямлі [68]. Звернутыя ўніз крыны сведчаць пра імкненне ўздзейнічаць на ўрадлівасць зямлі, а іншасказальна - на плоднасць уладальніцы караляў. Увогуле, падобныя жаночыя ўпрыгожанні былі часткаю уборы гарадскіх жыхарак.

Сярод крэўскіх знаходак ёсць матэрыялы, якія маюць нават лепшае датаванне і наўпрост сведчаць пра гарадскі характар паселішча. Гэта - шкляныя бранзалеты. Фрагменты такіх бранзалетаў рознага колеру сустракаюцца практычна ва ўсіх гарадах Усходняй Еўропы ў пластах ХІ-ХІІІ ст. Несумненна, яны былі ўлюбёным упрыгожваннем гараджанак. Сялянкі іх не насілі, мяркуючы па вясковых курганных пахаванняў.

Археолагі спачатку лічылі шкляныя бранзалеты прадметамі візантыйскага імпарту. Сапраўды, у Візантыі такіх бранзалетаў вядома шмат, а асноўны цэнтр іх вытворчасці знаходзіўся ў Сірыі. Цяпер жа даведзена, што такія ўпрыгожанні вырабляліся, прынамсі, у Кіеве, дзе дзейнічаў буйны цэнтр вытворчасці гэтага папулярнага тавару. Пасля таго, як манголы разграмілі Кіеў у 1240 г., вытворчасць шкляных бранзалетаў спынілася. Крохкія бранзалеты, якія праз нейкі час ламаліся на руках дзяўчын, паступова знікаюць у культурных пластах гарадоў Усходняй Еўропы. Таму гэтыя элементы жаночых упрыгожанняў ёсць вельмі добрымі храналагічнымі маркерамі - перыяд іх бытавання не сягае далей сярэдзіны ХІІІ ст. Увогуле, спецыялістамі даўно заўважана, што этнавызначальныя прыкметы ў раннім Сярэднявеччы маюць найперш жаночыя упрыгожанні. Мужчынскі убор у гэтым сэнсе больш кансерватыўны і аднастайны.

Але апроч упрыгожанняў, якія сведчаць пра прысутнасць ў даўнім Крэве славянскіх пасяленцаў, ёсць на нашым гарадзішчы і іншыя рэдкія знаходкі, якія сведчаць пра гандлёвы патэнцыял старажытнага паселішча.

У гэтым шэрагу вылучаецца знаходка брактэата - падобна, што першая за гісторыю за гісторыю археалагічных раскопак у Беларусі. Што такое брактэат? Гэта манета з тонкай срэбнай пласцінкі, бітая штэмпелем толькі з аднаго боку на мяккай падкладцы. Выява атрымлівалася выпуклай. Інакш, можна сказаць, гэта "аднабаковая" манета. У Германіі брактэаты з'явіліся ў першай палове ХІІ ст. і іх росквіт прыпаў у перыяд да сярэдзіны XV ст. Калі быць зусім кароткім, то з'яўленне брактэатаў стала вынікам змяншэння ў канцы ХІ ст. вагі заходнееўрапейскага дэнарыя, які, захаваўшы ранейшы дыяметр, стаў танчэйшым. Спачатку яшчэ танчэйшыя дэнарыі білі па-старому і выявы з двух бакоў праступалі на адваротныя, скажаючы афіцыйныя знакі легітымацыі манеты. Для выпраўлення становішча дэнарыі (пфенігі) сталі біць большымі па дыяметру, яшчэ больш тонкімі, але аднабаковымі. З улікам тэхналагічных прыёмаў, сярэднявечныя брактэаты можна лічыць шэдэўрамі ранняй раманскай пластыкі.

Брактэаты, як дробная разменная манета, былі эфектыўным інфляцыйным інструментам. Раз на год, а ў Магдэбургу - два разы, эмітэнт, ад імя якога білася манета (князь, біскуп ці горад), вымаў з грашовага абарачэння брактэаты і замяняў іх новымі. Пры гэтым "старыя" брактэаты-пфенігі прымусова дэвальваваліся на 25 %. Фактычна, гэта быў прыхаваны падатак - "збор" на біццё манеты. Існуе дыскусія пра эфектыўнасць гэтага метаду прымусовай дэвальвацыі. Паводле нямецкай даследчыцы Маргрыт Кенэдзі, такая сістэма служыла павелічэнню спажывання і скарачэнню назапашванняў, што вяло да росту дабрабыту насельніцтва і развіццю эканомікі. Магчыма, сакрэт тут прыхаваны ў тым, што падатак спаганяўся не ў выніку абарачэння манеты і гандлю, а цалкам асобна [69]. Нават сцвярджаецца, што паколькі назапашваць грашовыя багацця было немагчыма, замест іх былі створаны рэальныя багацця [70]. Падобна, што ў грунце гэтых выказванняў даследчыкаў фінансаў Сярэднявечча знаходзяцца наступныя абставіны - пры няразвітасці банкавай сістэмы грошы ў той час ашчаджаліся і накапляліся не на дэпазітах, а тэзаўраваліся - па-просту, зарываліся ў скарбах і, такім чынам, не ўдзельнічалі ў гаспадарчым росце. "Жывое" функцыянаванне брактэатаў прымушала грошы пераўтварацца ў матэрыяльныя каштоўнасці.

Не будзем далей паглыбляцца ў нумізматычна-фінансавыя дыскусіі, але з прыведзенага робіцца зразумелым, чаму пры сваёй масавасці брактэаты не ў такой ступені прапарцыйнасці трапляюць у скарбы. А калі вы прыгадаеце, што гэта, фактычна, фрагмент металічнай фольгі, то зразумееце, чаму так цяжка падобныя манеты знайсці пад час археалагічных раскопак.

Крэўскія манеты належаць да тыпу так званых "гузікавых" брактэатаў і ў цэлым укладаюцца ў перыяд XIII-XIV стст. На найлепш захаваным асобніку ўверсе манеты бачна выява крыжа, унізе, магчыма, алегарычная выява ўсквітнелага крыжа. Аналагічныя манеты былі распаўсюджаны на тэрыторыі Нямецкага ордэна ў Прусіі, у польскім Памор'і, у прыватнасці, іх білі гданьскія князі. Такім чынам, праз брактэаты мы маем доказы гандлёвых зносін жыхароў Крэва з Балтыйскім рэгіёнам.

Але ёсць яшчэ адна знаходка, якая непасрэдна ілюструе забеспячэнне гандлёва-грашовых аперацый - гэта вагавая манетная гірка, знойдзеная ў ніжнім (перадмацерыковым) пласце Крэўскага гарадзішча. Такія гіркі вырабляліся з каляровага металу (медзі ці бронзы) і сваёй формай нечым нагадвалі дыямант - крэўская мае 14 граняў, на некаторых з іх прастаўлены ўмоўныя пазначэнні вагі. Падобныя гіркі адносіцца да паўночна-еўрапейскай (скандынаўскай) сістэмы і з'яўляецца не адзінкавай знаходкай ў Беларусі.

Даўняя Літва

Якую ж карціну эпохі дапамагае нам стварыць лакальны прыклад Крэва ХІ-ХІІІ стст.? Даволі нечакана апошнія даследаванні могуць скарэктаваць нашы ўяўленні пра даўнюю Літву.

Рэканструкцыя структуры гістарычнага ландшафту Крэва ў XVI ст. Архітэктар Андрэй Шулаеў.

Калі сысці са сферы бясплённых спрэчак, якой была першапачатковай Літва - балцкай ці славянскай, - то можна паразважаць пра шматстайны характар этнічных і сацыяльных узаемадзеянняў у Сярэднявеччы на гэтай запаветнай тэрыторыі Еўропы. Падобна, што Літва сапраўды вылучаецца з іншых балцкіх абшараў змешанасцю свайго насельніцтва.

Мы бачым Крэва як адзін з цэнтраў гістарычнай Літвы. Той Літвы, яшчэ да Міндоўга. На матэрыялах Крэўскага гарадзішча ХІ-ХІІІ стст. робіцца зразумелым, што напярэдадні эпохі ўтварэння Вялікага Княства Літва падыходзіла ўжо з пэўным цывілізацыйным здабыткам. Не можна казаць, што гэта было толькі кансерватыўная вясковае насельніцтва, ваяўнічая эліта якіх перажывала перыяд экспансіянісціх памкненняў - з-за беднасці краю, вакол якога развівалася ўжо цывілізацыя з яе гарадамі і гандлем. Прынамсі на прыкладзе Крэва мы можам сцвярджаць, што ва Усходняй Літве ўжо пачыналіся свае працэсы ранняй урбанізацыі і існавалі свае цэнтры з даволі развітай спецыялізаванай рамеснай вытворчасцю і актыўнымі знешнімі сувязямі. Але тут трэба зрабіць адну папраўкі - урбанізаваным насельніцтвам гэтай Літвы былі, як выглядае, славяне.

Можна нават сцвярджаць, што гэтае, магчыма не самае вялікае, славянскае насельніцтва "першапачатковай" Літвы займала сацыяльную нішу, падобную на ролю габрэяў ў гарадах Вялікага Княства ці немцаў ў ранняй Польшчы, якія забяспечвалі сувязь са знешнім светам. Верагодна, што славянскае насельніцтва Крэва наладжвала гандлёвыя і тэхналагічныя кантакты, найперш, з суседняй Полацкай зямлёй. Калі гэтыя назіранні пацвердзяцца пры далейшых даследаваннях, мы можам казаць пра трохі іншую карціну эпохі ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага, чым гэта ўяўлялася - старажытная Літва паўстае перад намі менш гамагеннай і больш інтэграванай ў протабеларускі абшар.

Чым жа было Крэўскае гарадзішча ў ХІ-ХІІІ стст.: славянскай факторыяй сярод балцкага насельніцтва, раннефеадальным замкам нобіля Літвы ці раннім горадам? Адказаць на гэтыя пытанні змогуць толькі далейшыя даследаванні.

Але можна сфармуляваць папярэднія высновы:

1) першапачатковае Крэва ХІ-ХІІІ стст. лакалізуецца вакол Крэўскага гарадзішча, якое было цэнтрам паселішча раннеўрбаністычнага тыпу. Ужо ўжо новы тып паселішча, якое з XVI ст. стане фігураваць у крыніцах як "места", а ў нашай сучаснай тэрміналогіі "мястэчка", узнікла ўжо вакол мураванага замка.

2) у другой палове XVI - першай палове XVII стст. Крэўскі замак не знаходзіўся цалкам у руінах, а быў адбудаваны і выкарыстоўваўся як рэзідэнцыя. Пры гэтым Крэўскі замак страціў функцыі вялікакняскай рэзідэнцыі, як гэта было ў XIV ст., але стаў цэнтрам староства. Адбылася трансфармацыя публічных функцый, але заняпад функцый вайсковых.

3) функцыянаванне замка, як вялікакняскай рэзідэнцыі і як цэнтру староства, паўплывала на змены горадабудаўнічай сітуацыі ў Крэве - мястэчка ранняга Новага часу ўзнікала ўжо вакол замка. Такая схема развіцця мястэчка адпавядае еўрапейскай схеме развіцця гарадоў вакол сеньёрыяльных рэзідэнцый.



Каляровая уклейка. Каляровая уклейка. Каляровая уклейка.






























[1] ПСРЛ. М., 1975. Т. 2. С. 138-139.

[2] Ткачоў М. А. Замкі Беларусі (ХІІІ-XVII ст.) / М.А.Ткачоў. - Мн.: Полымя, 1977. - С. 33; Ткачев М. А. Замки Беларуси. /М.А.Ткачев. - [2-е изд.]. - Мн.: Беларусь, 2002. - С. 38.

[3] Ткачоў М. А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХІІІ-XVIII стст. / М.А.Ткачоў. - Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - С. 34; Ткачоў М. Загінуўшыя абаронцы / М.А.Ткачоў // Страчаная спадчына. Мн.: Полымя, 1998. - С. 14.

[4] Polak, Tadeusz. Zamki na Kresach: Białoruś, Litwa, Ukraina. / T.Polak. - Wyd. 2. - Warszawa: Pagina, 1997. - S. 153.

[5] Ткачев М. А., Трусов О. А. Исторические и архитектурно-археологические исследования Кревского замка / М.А.Ткачев, О.А.Трусов // Вопросы архитектуры Литовской ССР. - 9 (1). История архитектуры. 1988. - С. 3; Трусаў А. А. Старонкі мураванай кнігі: манументальная архітэктура эпохі феадалізму і капіталізму. / А.А.Трусаў. - Мн.: Навука і тэхніка, 1990. - С. 55.

[6] Чарняўскі І., Цэйтліна М. Архітэктурна-мастацкія асаблівасці Крэўскага замка / І. Чарняўскі, М. Цэйтліна // Каштоўнасці мінуўшчыны. - Вып. 4: Помнікі археалогіі: праблемы аховы і вывучэння. - Мн., 2001. - С. 97.

[7] Абрамаускас С. К вопросу генезиса крепостных сооружений типа кастель в Литве (на примере замка Медининкай) / С. Абрамаускас // Научные труды высш. учеб. заведений Лит. ССР. Строит.ельство и архитектура. ІІІ. - 1963. - № 1. - С. 83; Абрамаускас С. Развитие каменного строительства в Литве в ХІІІ-ХVI веках: Автореф. дис. …канд. архит. наук. Каунас, 1965. С. 8.

[8] Abramauskas, Statys. Mūrinės statybos raida Lietuvoje XIII-XVI a. Vilnius: LDKVR, 2012. P. 83-85.

[9] Бохан Ю. Мураваныя замкі ў Вялікім княстве Літоўскім // Спадчына. 2006. № 2. С. 33.

[10] Трусов О.А. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI-XVII вв.: Архитектурно-археологический анализ. Минск: Наука и техника, 1988. С. 95, 99, 101.

[11] Ткачев М. А., Трусов О. А. Исторические и архитектурно-археологические исследования Кревского замка. С. 19.

[12] Цауне А. Б. Жилища Риги ХІІ-ХIV веков по данным археологических раскопок. Рига, 1984. С. 118.

[13] Ткачев М. А., Трусов О. А. Исторические и архитектурно-археологические исследования Кревского замка. С. 19.

[14] Turaidas pils 13.-17. gadsimta būvkeramika. Katalogas / Sust. Ieva Ose. Turaida: Turaida muzejrezervāts, 2015. P. 71.

[15] Полное собрание русских летописей. - М.: Наука, 1975. - Т. 32. - С. 41.

[16] Ткачев М. А., Трусов О. А. Исторические и архитектурно-археологические исследования Кревского замка. - С. 3.

[17] Полное собрание русских летописей. - Т. 32. - С. 138.

[18] Srtyjkowski, Maciej. Kronika Polska, Litewska, Żmudzka i wszystkiej Rusi. / M. Stryjkowski. - Warszawa: Nakł. G.L.Glucksberga. - T. I. - S. 381.

[19] Тихомиров М. Н. Русское летописание. / М.Н.Тихомиров. - М.: Наука, 1979. - С. 88.

[20] Тихомиров М. Н. Русское летописание. - С. 95.

[21] Die Chronik Wigands von Marburg / Originalfragmente, lateinische uebersetzung und sonstige ueberreste von Theodor Hirsch. // Scriptores rerum Prussicarum. - Leipzig: Verlag von S. Hirzel, 1863. - Band ІІ. - S. 620; Vygandas Marburgietis. Naujoji Prūsijos kronika / Vertė Rimantas Jasas; mokslinis redaktorius Kęstutis Gudmantas. - Vilnius: Vaga, 1999. - P. 183.

[22] Žalnierius A. The First Castle of Kaunas / A. Žalnierius // Castella Maris Baltici VI. Contacts and Genetically Dwellings in the Castle Buildings. - Vilnius: Savastis, 2004. - P. 229.

[23] Малевская М.В., Шолохова Е.В. Раскопки архитектурных памятников в Любомле и Владимире-Волынском // Археологические открытия 1975 года. М.: Наука, 1976. С.354-355; Малевская М.В., Шолохова Е.В. Архитектурно-археологические исследования во Владимире-Волынском // АО 1976 года. М.: Наука, 1977. С.327-328.

[24] Панишко С.Д. Мурований замок Казимира Великого у Володимирі// Старий Луцьк. Науково-інформаційний збірник. Вип. VII. - Луцьк, ВМА«Терен»: 2011. - С. 323 - 327.

[25] Chartularium Lithuaniae res gestas magni ducis Gedeminne illustrans. Gedimino laiškai. / Parengė S. C. Rowell. - Vilnius: Vaga, 2003. - P. 46-67.

[26] Latvijas Valsts Vēstures Arhīvs, Rīga (Дзяржаўны Гістарычны Архіў Латвіі, Рыга). 673. f., 4. apr., 18. K., Nr. 268; Віцебска-Рыжскія акты XIII-XVII ст.: Дагаворы і службовая карэспандэнцыя паміж органамі кіравання горада Віцебска і ганзейскага горада Рыгі (з былога комплекса Ruthenica Дзяржаўнага Гістарычнага Архіва Латвіі) / Падрыхтаваў Алег Дзярновіч; НАН Беларусі, Ін-т гіст. - Выпуск І: Дакументы гаспадарча-гандлёвыя, XV-XVI ст. Мн.: ATHENAEUM, 2005. С. 25-26, № 1.

[27] Ткачоў М. А., Бубенька Т. С. Да пытання аб каменных умацаваннях Дольнага замка Віцебска // Гістарычна-археалагічны зборнік. Памяці Міхася Ткачова. У 2 ч. Ч. 2. Мн., 1993. С. 153-161; Бубенько Т. Нижний замок - экономический центр Витебска XIV-XVIII в. // Castrum, urbis et bellum: Зб. навук. прац. Баранавічы, 2002. С. 90-92; Бубенько Т. С. Средневековый Витебск. Посад - Нижний замок (Х - первая половина XIV в.). Витебск, 2004. С. 32; Калядзінскі Л. "Витбеск - три стены каменные..." // Беларускі гістарычны часопіс. 1995, № 2. С. 25-44; Калядзінскі Л. Замак Віцебскі // Zamek i dwór w średniowieczu od XI do XV wieku. Poznaż, 2001; Ткачев М. А. Замки Беларуси. Мн., 2002. С. 123-124.

[28] Полное собрание русских летописей. Т. 32. М., 1975. С. 45.

[29] Ткачоў М. Віцебскі Верхні замак // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2. Мн., 1994. С. 328; Археалогія Беларусі. У 4 т. Т. 4: Помнікі XIV-XVIII стст. Мн., 2001. С. 440, мал. 214: 1, 2.

[30] Гл. падрабязней: Калядзінскі Л. У. Віцебскі храм Св. Міхаіла // Весці АНБ. Серыя гуманітарных навук. 1995, № 1. С. 59-65.

[31] Stryjkowski, Maciej. Kronika Polska, Litewska, Zmodzka i Wszystkiej Rusi. T. 2. Warszawa, 1846. S. 58.

[32] Гл. падрабязней: Брэжго Б. Замкі Віцебшчыны. Вільня, 1933. С. 10; Ткачев М. А. Замки Беларуси. С. 124.

[33] Чарняўскі І. Развіццё палацава-замкавых комплексаў Беларусі ў канцы XV-XVII стст. / І. Чарянўскі // Сярэдневяковыя старажытнасці Беларусі: Новыя матэрыялы і даследаванні / Пад рэд. В. М. Ляўко. - Мн.: Навука і тэхніка, 1993. - С. 66.

[34] Шчакаціхін, Мікола. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. / М. Шчакаціхін. - Мн.: Навука і тэхніка, 1993. - С. 147-148.

[35] Супрасльская летопись // Полное собрание русских летописей. - М.: Наука, 1980. - Т. 35. - С. 63.

[36] Супрасльская летопись. - С. 63.

[37] Чарняўскі І., Цэйтліна М. Архітэктурна-мастацкія асаблівасці Крэўскага замка. - С. 103.

[38] Герберштейн, Сигизмунд. Записки о Московии. / С. Герберштейн. - М.: МГУ. 1988. - С. 212.

[39] Чарняўскі І., Цэйтліна М. Архітэктурна-мастацкія асаблівасці Крэўскага замка. - С. 101.

[40] Пералік Крэўскіх старастаў і апісанне іх дзейнасці гл.: Дзярновіч А. І., Трусаў А. А., Чарняўскі І. М. Лёс Крэва. / А.І.Дзярновіч, А.А.Трусаў, І.М.Чарняўскі. - Мн.: Полымя, 1993. - С. 11-14.

[41] Чарняўскі І. М. Развіццё палацава-замкавых комплексаў у канцы XIV-XVII стст. // Сярэдневяковыя старажытнасці Беларусі: Новыя матэрыялы і даследаванні. Мн., 1993. С. 66-67.

[42] Lorentz, Stanisław. Konserwacja ruin zamków na Wileńszczyźnie i Nowogródczyźnie // Ochrona Zabytków Sztuki. 1930/31, Cz 1, z. 1-4. S. 161-179; Lorentz, Stanisław. Zapiski do autobiagrafii. // Kwartalnik Historii Nauki i Techniki. R. 24:1979, Nr. 4. S. 737 (S. 731-756).

[43] Загідулін А. М. Арганізацыя кансервацыі і рэстаўрацыі замкаў, палацаў і сядзібаў ў Заходняй Беларусі (1921-1939 гг.) // Замкі, палацы і сядзібы ў кантэксце еўрапейскай культуры: Зб. навук. арт. / Мін. культ. РБ, Замкавы комплекс "Мір". Мн.: Медысонт, 2013. С. 40.

[44] Ткачев М. А., Трусов О. А. Исторические и архитектурно-археологические исследования Кревского замка // Вопросы архитектуры Литовской ССР. 9 (1). История архитектуры. 1988. С. 3-23; Дзярновіч А. І., Трусаў А. А., Чарняўскі І. М. Лёс Крэва. Мн., 1993. С. 37-46.

[45] Дзярновіч А. І., Трусаў А. А., Чарняўскі І. М. Лёс Крэва. С. 30-37; Чарняўскі І., Цэйтліна М. Архітэктурна-мастацкія асаблівасці Крэўскага замка (па выніках археалагічных даследаванняў) // Каштоўнасці мінуўшчыны. Вып. 4. Помнікі археалогіі: праблемы аховы і вывучэння. Мн., 2001. С. 97-103.

[46] Ткачев М. А., Трусов О. А. Исторические и архитектурно-археологические исследования Кревского замка... Р. 16.

[47] Чарняўскі І., Цэйтліна М. Архітэктурна-мастацкія асаблівасці Крэўскага замка (па выніках археалагічных даследаванняў). С. 98.

[48] Трусов О. А. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI-XVII вв. Архитектурно-типологический анализ. Мн., 1988. С. 106.

[49] Чарняўскі І., Цэйтліна М. Архітэктурна-мастацкія асаблівасці Крэўскага замка... С. 98.

[50] Ткачёв М. А., Трусов О. А. Исторические и архитектурно-археологические исследования Кревского замка... P. 16.

[51] Дзярновіч А. І., Трусаў А. А., Чарняўскі І. М. Лёс Крэва. Мн., 1993. С. 33.

[52] Трусов О. А. Памятники монументального зодчества ... С. 120; Трусаў А. Манументальнае дойлідства Беларусі ХІ-XVIII ст. Гісторыя будаўнічай тэхнікі. Мн., 2001. С. 34.

[53] Ткачёв М. А., Трусов О. А. Исторические и архитектурно-археологические исследования… С. 5-6.

[54] Краўцэвіч А. К. Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV-XVIII стст: Планіроўка, культурны слой. / А. К. Краўцэвіч. - Мн., 1991. С. 55, 105.

[55] Архіў Інстытута гісторыі НАН Беларусі. - Дзярновіч А. І. Справаздача па археалагічных даследаваннях (раскопках) у в. Крэва Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. у 2011 г. - С. 16-17.

[56] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. - Ф. 1776. - Воп. 1. - Спр. 1. - Арк. 1 адв.

[57] Дзярновіч А. Крэва: мястэчка і гісторыя / А. І. Дзярновіч // Адраджэнне. Гістарычны альманах. Мн.: Універсітэцкае, 1995. - Вып. 1. - С. 112-113.

[58] Корева А. Развалины Кревского замка / А. Корева // Памятная книжка Виленской губернии на 1861 г. Вильно, 1861. Ч. 2. С. 60.

[59] Dlugossii, Joannis. Annales seu cronicae incliti Regni Poloniae, liber decimus (1370-1405) / Consilium ed. S. Gawęda et al.; textum recensuit et moderavit Danuta Turkowska; comment. Sbigneus Perzanowski. Varsaviae: Państwowe Wydawnictwo Naukowe, 1985. S. 163.

[60] Baronas, Darius. Jan Dlugosz and the First Seven Parish Churches in Lithuania // Lithuanian Historical Studies. 2007. V. 12. P. 7.

[61] Kodeks Dyplomatyczny Katedry i Diecezji Wilenskiej / Wydali Jan Fijałek, Władysław Semkowicz. Kraków: Komisja Historyczna Polskiej Akademii Umiejętności, 1932. V. I (1387-1507). S. 293-294, № 255.

[62] Дзярновіч А. І. Заняпад ці трансфармацыя? Эвалюцыя статуса Крэўскага замка ў XIV-XVII ст. (па выніках гістарычна-археалагічных даследаванняў) // Замкі, палацы і сядзібы ў кантэксце еўрапейскай культуры: Зб. навук. арт. / Мін. культ. РБ, Замкавы комплекс "Мір". Мн.: Медысонт, 2013. С. 27-29.

[63] Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. - Мн.: БелСЭ, 1986. С. 328, № 1419.

[64] Архіў Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Дзярновіч А. І. Справаздача па археалагічных даследаваннях (раскопках) у в. Крэва Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. у 2013 г.; Архіў Інстытута гісторыі НАН Беларусі. - Дзярновіч А. І. Справаздача па археалагічных даследаваннях (раскопках) у в. Крэва Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. у 2014 г.

[65] Рыбаков, Б.А. Ремесло Древней Руси. - Москва: Изд-во АН СССР, 1948. С. 316.

[66] Загорульский, Э. М. Вищинский замок XII-XIII вв. Минск: БГУ, 2004. С. 138, іл. 43: 1, 3; 9; Археологическое наследие Беларуси =Archaeological Heritage of Belarus / Нац. акад. наук Беларуси, Ин-т истории; сост., авт. вступ. ст. О.Н. Левко. Минск: Беларус. навука, 2012. с. 95.

[67] Загорульский, Э. М. Вищинский замок... С. 147.

[68] Рыбаков, Б.А. Ремесло Древней Руси. С. 316.

[69] Kennedy, Margrit. Interest and Inflation Free Money. Mumbai, India & Okemos, Michigan, USA Seva International, 1995. P. 39-40.

[70] Cohrssen, Hans R.L. Fragile Money // The New Outlook. 1933. September. P. 40.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX