Папярэдняя старонка: Дзярновіч Алег

Візантыйскае выгнанне: эпапея полацкіх князёў у ХІІ ст. і пазней 


Аўтар: Дзярновіч Алег,
Дадана: 15-12-2015,
Крыніца: Дзярновіч А. І. Візантыйскае выгнанне: эпапея полацкіх князёў у ХІІ ст. і пазней // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы. Вып. 7, 2014. С. 55—64.

Спампаваць




Княская мазаіка

Пачатак ХІІ ст. у лінейныя адносіны паміж Полацкам і Кіевам прыўнёс новыя кампаненты і ўскладненні сістэмы міжкняскіх дачыненняў. Гэты перыяд можна ахарактарызаваць таксама як час узвышэння Менска. І неардынарную ролю ў гэтым выканаў князь Глеб Менскі. Раскол паміж Полацкай зямлёй, якая сама стала падзяляляцца на ўдзелы, і сімвалічным цэнтрам Русі - Кіевам, толькі паглыбіўся. Але паланеннем Глеба Усяславіча і яго смерцю 1119 г. у Кіеве гэты сюжет не скончыўся.

І хоць Менск пасля 1119 г. на даволі працяглы час знікае са старонак летапісаў, пад 1121 г. мы мае глухое паведамленне пра выправу кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха разам са сваімі сынамі ў Смаленск дзеля вырашэння супярэчнасцяў і "ўціхамірвання" полацкіх князёў [17, c. 133]. Вельмі верагодна, што палітычнаю мэтаю гэтай сустрэчы было вырашэнне пытання кампенсацыі Полацку за страту Менскай зямлі. Падаецца невыпадковым, што ў ХІІ ст. на правым беразе Дняпра ўзнікае шэраг памежных замкаў, акрэсліваючы лінію смаленска-полацкай мяжы [10, c 175-176]. Маскоўскі археолаг Леанід Аляксееў высунуў сваю інтэрпрэтацыю смаленскай сустрэчы - паводле яго, сам факт такога з'езду сведчыць пра васальныя адносіны Полацка адносна Уладзіміра Манамаха [1, c. 257-258]. Але прагматыка вырашэння тэрытарыяльных супярэчнасцяў, дасягнутых тады, не сведчаць на карэсць гэтай версіі.

Смаленскія дамоўленасці трымаліся да самага канца княжання Уладзіміра. Пасля смерці Манамаха ў 1125 г. на кіеўскі пасад заступіў старэйшы сын Мсціслаў Уладзіміравіч (1076-1132), вядомы таксама як Гаральд: Мсціслаў нарадзіўся ў шлюбе Манамаха і прынцэсы Гіты Уэсекскай, дачкі апошняга англа-саксонскага караля Гаральда ІІ Годвінсана, які загінуў ад рук нарманаў пад Гастынгсам у 1066 г. Такім чынам, у сямейным коле княжыч Мсціслаў быў названы ў гонар свайго англа-саксонскага дзеда.

Без усялякіх матывацыйных падводак мы сустракае ў крыніцах наўпроставыя паведамленні пра выправу ў 1127 г. паўднёварускіх князёў на чале з Мсціславам супраць Полацкай зямлі. Што мы ведаем пра гэты паход? Маецца некалькі вельмі выразных рысаў, якія дазваляюць адрозніваць выправу 1127 г. ад паходу, напрыклад, 1116 г. на Менск. Найперш, у гэтый акцыі ўдзельнічалі не толькі прыхільнікі Манамахавічаў, а цэлая каааліцыя паўднёва-рускіх князёў. Па-другое: відавочна, што паход быў добра спланаваны, за кожным удзельнікам кааліцыі быў замацаваны асобны горад Полацкай зямлі, па якому скіроўваўся ўдар. На Заслаўль (Ізяслаў) былі выпраўлены адразу чатыры дружыны. Гэты горад знаходзіўся ля паўднёва-заходніх межаў Полацкай зямлі, што і тлумачыць яго значнасць: паводле Густынскага летапісу Мсціслаў паслаў войскі "ў Літву да Ізяслаўля". Усталяванне кантролюь над Літвой стала адным з галоўным пунктаў супярэчнасцяў паміж Кіева і Полацкам у той час. Асобныя аддзелы былі скіраваныя на Барысаў, а таксама на Лагойск і Друцк. Менская воласць на той момант знаходзілася пад кантролем Кіева. Мсціслаў Уладзіміравіч арганізаваў татальную акцыю пакарання Полацку, якая мела агульнарускі маштаб.

Полацкі пасад у той час займаў князь Давыд Усяславіч. Сын жа яго Брачыслаў княжыў менавіта ў Ізяслаўлі ды быў жанаты на Ксенні, дачцы кіеўскага князя Мсціслава. Але як бачым, у дадзеным выпадку сямейныя сувязі мелі не шмат значэння. Яшчэ адзін з Усяславічаў - Барыс, сядзеў у Барысаўскай воласці.

У жніўні таго 1127 г. падзеі разгортваліся досыць імкліва. Нечакана, пад Лагойскам у палон да аднаго з удзельнікаў кааліцыі Ізяслава Мсціславіча трапіў малады князь Брачыслаў, які спяшаўся са сваёй дружынай з Ізяслава на дапамогу бацькі ў Полацк. На жыхароў Лагойска гэтая навіна падзейнічала дэмаралізуючы і яны здалі Мсціславічам свой горад. Ізяслаўль жа бы абложаны вялікім войскам. Калі ж месцічам паказалі іхняга князя паланёным, то яны адчынілі браму перад нападнікамі. Зрэшты, гэта не ўратавала горад ад рабаванняў.

Драматычныя падзеі адбываліся і ў самім Полацку - сталіцы мяцежнага краю. Паведамленні летапісаў досыць блытаныя, але зразумела, што палачане, змовіўшыся скінуля князя Давыда Усяславіча і "паставілі" князем яго пляменніка Рагвалода Васіля. Далей, полацкая дэлегацыя разам з новаабраным князем вырушыла да Мсціслава Уладзіміравіча з просьбай, каб той зацвердзіў гэтае абранне - "пакінуў ім Рагвалода". Гэта вельмі характэрны эпізод, бо сведчыць пра ролю Полацкага веча - сходу ўсіх свабодных гараджан, які і вырашаў у выніку, трэба прызнаць - вонкава досыць хаатычнай працэдуры, - найважнейшыя палітычныя пытанні стольнага горада і ўсёй зямлі. Але за знешнім хаасам адзінагалоснага ўхвалення стаялі папярэднія этапы інтрыг і ўзгадненняў. Такім чынам, справу ўладкавання адносін Полацка з Кіевам узяло ў свае рукі веча, якое, фактычна, было інстытутам патрыцыяту - гарадской вярхушкі.

Мсціслаў Уладзіміравіч, у выніку, пагадзіўся на прапанаваную яму камбінацыю, і гэта сведчыць пра тое, што ў 1227 г. полацкі княскі дом трапіў у васальную залежнасць ад вялікага князя кіеўскага. Але ў Кіеўскай дзяржаве наспяваў новы ўнутраны канфлікт: Манамахавічаў з Ольгавічамі - нашчадкамі яшчэ аднаго ўнука Яраслава Мудрага, якія княжылі ў Чарнігаве. У тым ліку і таму Мсціслаў Уладзіміравіч у пэўным сэнсе пайшоў на кампраміс і не развіў поспех паходу 1127 г. у бок цалкавітага спынення ўлады полацкіх Усяславічаў.

Але гэты акт замірэння і падпарадкавання так і не вырашыў дынастычных супярэчнасцяў. Калі ў 1229 г. Мсціслаў Уладзіміравіч намерыўся выступіць супраць полаўцаў, што няспынна турбавалі паўднёвыя межы ягонай дзяржавы, то кіеўскі князь звярнуўся да сваіх васалаў з заклікам супольна выступіць у паход. Насуперак чаканага, полацкія князі "з лаянкай" адмовіліся. Гэта было відавочныім парушэннем умоваў міру 1227 г. Варта было чакаць паказальных дзеянняў у адказ. Верагодна, Рагвалод Васіль памёр ужо ў 1128 г. і хто тады княжыў у Полацку, мы дакладна не ведаем.

Пасля завяршэння паспяховага паходу супраць качэўнікаў, Мсціслаў Уладзіміравіч накіраваў ужо на Полаччыну сваіх ваяводаў, каб тыя аб'явілі па ўсіх гарадах княства пра неправамерныя дзеянні іх князёў. У гэты крытычны перыяд зноў уступаюць у дзеянне механізмы тагачаснай наўпроставай дэмакратыі - Полацкае веча не стала бараніць сваіх князёў і пагадзілася на мірнае вырашэнне канфлікту.

Выгнанне

Практычна ўвесь род полацкіх князёў быў вывезены ў Кіеў, дзе адбыўся сімвалічны суд рускіх князёў над полацкімі Ізяславічамі. Паводле выраку, усе прадстаўнікі дынастыі, разам з семьямі, былі сасланыя ў Візантыю. Від пакарання быў абраны зусім не стандартны, хоць і не ўнікальны. Прэцэдент ужо быў - у 1079 г. з дапамогаю хазар з Цьмутаракані ў Царград вывезлі былога валынскага князя і саюзніка польскага караля Алега Святаславіча ("Гарыславіча"). Ужо пазней, у 1162 г., такую самую акцыю пакарання - высылку ў Візантыю, прадпрыняў Андрэй Багалюбскі ў дачыненні да суздальскіх князёў.

З летапісаў мы даведваемся імёны князёў, які атрымалі такое пакаранне - гэта былі Давыд, Расціслаў, Святаслаў Усяславічы, а таксама Васіль і Іван Барысавічы-Рагвалодавічы. Досыць нечакана, што ў летапісах гэтыя князі фігуруюць як крывіцкія. Полацкія Ізяславічы былі пасаджаныя ў тры чаўны. У кожны з такіх човенаў магло садзіцца да сарака чалавек. Хутчэй за ўсё, князі былі выгнаныя разам з сваімі семьямі. Паводле візантыйскага пратаколу ў рускіх пасольствах на аднаго знатнага пасланніка магло прыходзіцца па два служкі.

Высылка стала этапнай падзеяй у гісторыі полацкіх князёў і Полацкай зямлі, а таксама для ўсяго намінальнага роду Рурыкавічаў. Полацкая зямля была пазбаўлена ўласных дынастаў і цалкам падпарадкаваная Кіеву - князем у Полацку Мсціслаў паставіў свайго сына Ізяслава - таго самага, які ў 1127 г. паланіў Барыса і паліў Ізяслаўль. Праз усталяванне традыцый высылкі Рурыкавічам былі прадэмантраваныя нелетальныя механізмы палітычнай ліквідацыі канкурэнтаў.

На момант скону кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха ў 1125 г. ягоныя нашчадкі займалі ўсе асноўныя княскія сталы Русі - па-за кантролем заставаліся толькі Чарнігаў і Полацк. Увесну 1127 г. Чарнігавам авалодаў зяць Мсцісалва Уладзіміравіча Усевалад Ольгавіч. І да лета 1127 г. на Русі аформілася гегемонія нашчадкаў Манамаха і бліжэйшых сваякоў новага кіеўскга князя. Такім чанам, па-за сферай калектыўнага дамену Рурыкавічаў заставалася Полацкая зямля. Гэта шмат што тлумачыць у настолівасці кіеўскіх князёў што да падпарадкавання Полацка, а таксама да з'яўлення адносна новага сюжэту - наступу на Літву, што мела непасрэдныя зносіны з Ізяслаўлем, Менскам, Полацкам.

Але што ўсё ж спрадзіла настольку вострую рэакцыю кіеўскага князя ў дачыненні да Полацкай дзяржаўнасці? Падказку могуць даць рускія летапісы, дакладней, іх тэксталагічны аналіз. Рэч у тым, што пад 1128 г. у рускіх летапісах знаходзіцца фрагмент, які атрымаў назву "Устаўка пра Усяславічаў" [18, c 248.]. Гэта як раз той знакаміты сюжэт пра адмову Рагнеды выйсці замуж за Уладзіміра: "Не хочю розути робичича". Вельмі цікава, што аповед «О сих же Всеславичах…» ніяк не звязаны з папярэднімі і наступнымі летапіснымі паведамленням і сапраўды меў характар устаўкі. Фактычна, мы маем тут справу з абгрунтаваннем супярэчнасцяў паміж нашчадкамі Уладзіміра і Рагнеды, галінамі князёў, якія ўвайшлі ў гісторыі пад пазначэннямі Яраславічы (ад Ярасалва Мудрага) і Ізяславічы. Ізяславічы як раз і былі полацкімі князямі ды вялі свой род ад Ізяслава, які разам са сваёй маці Рагнедаю быў сасланы Уладзімірам у Заслаўе. Кіеўскія летапісцы, відавочна на замову, вылучылі Ізяславічаў у асобную лінію і назвалі іх Рагвалодавічамі, што фактычна азначала - квазі-Рурыкавічами. Высылка Ізяславічаў у Візантыю стала заканамерным вынікам барацьбы двух варагуючых ліній унутры княскага дому Рурыкавічаў за права валодання пэўнай тэрыторыяй - Полацкай зямлёй. Гэта высылка стала вышэйшай кропкай барацьбы, што вялася ад Х ст. Але тады, у другой чвэрці ХІІ ст., адбылося не толькі фізычнае выгнанне, але і ўнясенне зменаў у гістарычную памяць роду: "И оттоле мечь взимаютъ Рогволожи внуци противу Ярославлим внуком" [11, стлб. 300].

Але гэтае міжродавае напружанне не вытлумачыць толькі кіеўскімі інтрыгамі, бо самі Ізяславічы настойліва трымаліся родавых традыцый. Вывучэнне імёнаў усіх Рурыкавічаў ХІ - першай паловы ХІІІ ст. паказвае, што сярод полацкіх князёў два прадстаўніка дому мелі імёны Рагвалод, пяць - Усяслаў, чатыры - Брачыслаў; сястру Ефрасінні Полацкай звалі Гарыславай, што адпавядала другому (славянскаму) імені Рагнеды. Сярод нашчадкаў Яраслава Мудрага імёны Рагвалод, Усяслаў, Брачыслаў адсутнічалі, але сярод полацкіх князёў яны карысталіся вялікай папулярнасцю. У той сам як імя Ізяслаў было сапраўды пашыраным і сярод Яраславічаў, і сярод Ізяславічаў Полацкіх. Тлумачыцца гэтая розніца даволі проста - Ізяслаў быў родным братам Яраслава. У любым выпадку, полацкія князі ставарылі ўласны імянаслоў і настойліва трымаліся яго, падкрэсліваючы гэтым уласную апрычонасць сярод рускай княскай карпарацыі.

Не так даўна, у 2003 г., расійскі даследчык Аляксандр Рукавішнікаў паставіў пад сумнеў інтэрпрэтацыю летапісаў і звестак Васіля Тацішчава пра тое, што рэпрэсіі абрынуліся на полацкіх князёў з-за адмовы ўдзельнічаць у сумеснай антыпалавецкай акцыі [15, с. 107]. Паводле расійскага гісторыка, высылка Ізяславічаў стала заканамерным вынікам барацьбы двух варожых ліній княскага дому Рурыкавічаў за права кантролю над пэўнай тэрыторыяй - Полацкай зямлёй. А сама высылка стала толькі часткаю палітычнай праграмы Мсціслава Уладзіміравіча пазбавіць Ізяславічаў правоў на Полацкую зямлю, у тым ліку і шляхам ўнясення зменаў у гістарычную памяць роду - полацкія князі былі абвешчаныя Рагвалодавічамі, гэта значыць - квазі-Рурыкавічамі [15, с. 111]. Успыхнула дыскусія, у якой іншы расійскі гісторык Павел Лукін сцвердіў: "…ніякіх падставаў сумнявацца ў тым, што ў якасці падставы для барацьбы са сваімі праціўнікамі на Русі, Мсціслаў выкарыстоўваў палавецкі фактар, няма" [9, с. 22]. Несумненна - перад намі пакаранне за палітычную правіннасць.

Але П. Лукін закрануў яшчэ адну, не менш важную праблему - ён пратрактаваў высылку полацкіх князёў як форму пакарання "поток и разграбление", вядомую паводле нормаў «Рускай Праўды». Узнікае пытанне, наколькі такі тып пакарання быў архаічным, альбо ў якой ступені адбылося яго трансфармацыя (перараджэнне) ва ўмовах сярэднявечнай дзяржаўнасці. П. Лукін ставіць пад сумнеў інстытуцыйную пераемнасць пакарання, але саму сутнасць пакарання ён бачыць як пазбаўлення правапарушальнікам юрыдычнай суб'ектнасці, выдалення яго з адпаведнай палітычнай супольнасці [9, с. 35]. Усё ж, бяспрэчна, рысы архаічнай традыцыі звычаёвага права захоўваліся ў гэтым тыпе пакарання.

Жыццё ў Візантыі

А як склалася жыццё полацкіх князёў у Візантыі? Імператар Іаан ІІ Комнін, сын якога Аляксей быў жанаты на дачцы Мсціслава Уладзіміравіча Еўпраксіі, даволі гасцінна прыняў полацкіх князёў ды прызначыў ім месца ў войску. Ваенная служба - адзін з галоўных заняткаў эліт таго часу. Полацкія князі ваявалі ў аддзелах імператарскага войска, якое змагалася з новай пагрозай для Візантыі - туркамі-сельджукамі. Мы зусім не маем звестак пра жыццё Ізяславічаў на прасторах Візантыйскай імперыі. Гісторыкамі выказваліся меркаванні, што яны маглі атрымаць тытулу другаснай візантйскай арыстакратыі і ў адпаведнасці са сваім княскім статусам архонтаў увайсці ў склад правінцыйнай ваеннай арыстакратыі сярэдняга ўзроўня [4, с. 76]. Натуральна, што малодшае пакаленне полацкіх выгнаннікаў атрымала традыцыйнае для візантыйскай ваеннай знаці выхаванне. І калі ў Х-ХІ ст. выхадцы з Усходняй Еўропы складалі ў асноўным варажска-рускі корпус, то з ХІІ ст. яны ўжо ўваходзяць у ваенную эліту імперыі, атрымоўваючы зямельныя надзелы і паступова зліваючыся з візантыйскай знаццю. А ХІІ ст. стала стагоддзем улады ваеннай правінцыйнай знаці ў Візантыі.

Што тычыцца кіеўскай улады, то, нарэшце, Мсціслаў Уладзіміравіч атрымаў свабоду дзеянняў у Полацкай зямлі. У самім Полацку быў пастаўлены сын Мсціслава Ізяслаў, актыўны ўдзельнік паходу 1127 г. У іншыя гарады і ўдзелы таксама былі разасланыя прадстаўнікі Кіева. Больш таго, Мсціслаў пачаў ажыццяўляць паходы і на даннікаў Полацкай зямлі, найперш, на Літву, як гэта здарылася ў 1132 г.

Два княжычы

Сасланыя ў 1129 г. у Візантыю князі Полацкай зямлі, як мяркуецца, знайшлі свае нішы сярод сярэдняга эшалону вайсковай эліты Імперыі. Магчыма, да ліку полацкіх княскіх мігрантаў належала і княгіня Ксення Брачыславаўна, пахаваная ў царкве Данііла Столпніка ў Македоніі - гэтае месца ў самым пачатку ХІІ аглядаў будучы архіепіскап Наўгародскі і свяціцель Антоні [14, стлб. 177; 3, с. 33]. Трэба адзначыць, што ў ХІІ ст. у Візантыі змяніліся адносіны да чужаземцаў на ваеннай службе - да іх сталі ставіцца ў грамадстве больш лаяльна і цярпіма, выхадцы з Русі, Балгарыі і Сербіі пачалі займаць значныя пасады ў імператарскім войску.

Звесткі пра лёс нашых князёў губляюцца на старонках асобных летапісаў і мы не зможам хоць неяк поўна рэканструяваць іх жыццё як у Візантыі, так і абставіны вяртання - а яно адбылося, прынамсі, часткі князёў. Пад 1139 годам - праз дзесяць гадоў пасля ссылкі, летапісы паведамляюць, што "вярнуліся з Царграду два [полацкія] княжычы" ("взидоста кнѧжича два исъ Цр҃ѧгорода") [12, с. 303]. Гэты звесткі пакінуў нам ігумен Выдубіцкага манастыра пад Кіевам Майсей, які каля 1200 г. упарадкаваў летапісныя звесткі, складзеныя пры княскіх дварах розных зямель Русі. Вынікам дзейнасці Майсея стаў Кіеўскі летапіс, які працягвае " Аповесць мінулых часоў" і папярэднічае Галіцка-Валынскаму летапісу.

Але чаму полацкія княжычы вярнуліся менавіта ў 1139 г.? Іх галоўны ганіцель, кіеўскі князь Мсціслаў Уладізміравіч памёр яшчэ ж у 1132 г. А ў 1139 г. кіеўскі стол як раз заняў Усевалад Ольгавіч - сын іншага выгнанца ў Візантыю Алега Святаславіча. Яшчэ ў 1079 г. хазары, верагодна з санкцыі візантыйскага імператара і кіеўскага князя Усевалада, схапілі Алега ў Цмутаракані - княстве на Таманьскай паўвыспе, - ды вывезлі яго ў Канстанцінопаль. Пасля бунту п'яных рускіх наймітаў князя-выгнанца саслалі яшчэ далей - на выспу Родас. Там ён ажаніўся на грэцкай патрыцыянке Феафаніі Музалон, а ўжо праз два гады, у 1083 г., атрымаў дазвол вярнуцца ў Цьмутаракань. У "Слове пра паход Ігаравы" Алег Святаславіч вядомы як Гарыславіч.

Новы, з 1139 г., вялікі кіеўскі князь Усевалад Ольгавіч і быў старэйшым сынам Алега і Феафаніі. Ён добра ведаў сямейную гісторыю выгнання, і, апроч таго, быў у блізкіх зносінах з Канстанцінопальскім дваром. Фактычна, на канец ХІ ст. прыпадаюць саюзныя адносіны паміж Комнінамі - новый імператарскай дынастыяй у Візантыі, і Ольгавічамі, які пачалі браць рэванш у Кіеве і Чарнігаве. Менавіта таму гісторыкамі выказваецца думка, што полацкія княжычы з'явіліся, ці маглі з'явіцца на Русі дзеля патрымкі новага кіеўскага князя Усевалада Ольгавіча [4, c. 76-84]. Такім чынам, вяртанне новага пакалення полацкіх князёў стала магчымым дзякуючы палітыка-дыпламатычнай візантыйска-рускай камбінацыі паміж Канстанцінопалем і Кіевам. Мяркуецца, што два княжычы былі толькі першымі веснікамі - пазней за імі ў Полацкую зямлю маглі вярнуцца і іншыя прадстаўнікі роду. Пэўна, што вярнуліся не ўсе - частка князёў магла застацца працягваць сваю вайсковую кар'еру ў найбліскучай імперыі таго часу.

Але імёны княжычаў-вяртанцаў мы даведваемся з яшчэ больш позняга летапісу і на гэтым сюжэце нам прыйдзецца трохі спыніцца асобна.

"Віленская легенда"

Гэтыя імёны паведамляе нам помнік маскоўскага летапісання XVI ст. Уваскрасенскі летапіс: Давіл і Маўкольд (Давил и Мавколд). Застаецца не да канца зразумелым паходжанне імёнаў гэтых князёў, выглядае, што для іх утварэння былі ўзяты біблейскія і англасаксонскія ўзоры, што, увогуле, магло адпавядаць традыцыям рускіх князёў. Але не адпавядае традыцыям полацкіх князёў.

Уваскрасенскі летапіс у агульных рысах пераказвае гісторыю візантыйскага выгнання полацкіх князёў і далей паведамляе рэчы, якія выбіваюцца з агульнай храналогіі - пераскокваюць са стагоддзя ХІІ ў ХІІІ. Паводле летапісу, Давіл і Маўкольд былі сынамі князя Расціслава Усяславіча (названага ў летапісу Рагвалодавічам), князя Лукомльскага. А вось далей пачынаюцца амаль сенсацыйныя рэчы - у сваю чаргу, у Маўкольда быў сын Міндоўг, а ў Давіла - сыны Від і Гердзень, што выводзяцца летапісцам як продкі Гедымінавічаў [13, с. 253-254]. Такім чынам, ствараецца версія полацкай генеалогіі вялікіх князёў літоўскіх. Паводле Уваскрасенскага летапісу Давіл і Маўкольд былі запрошаныя вільнянамі на стол, то бок сталі віленскімі князямі:

"Глава 12. Начало государей Литовскыхъ. Въ лето 6637. Пріиде на Полотцкіе князи на Рогволодовичи князь великій Мьстиславъ Володимировичь Манамашь, и Полтескъ взялъ, а Рогволодовичи забежали въ Царьградъ. Литва въ ту пору дань даяше княземхъ Полотцкымъ, а владома своими гедманы: а городы Литовьскіе тогда, иже суть ныне за кралемъ, обладаны князьми Кіевьскими, иные Черниговьскими, иные Смоленьскими, иные Полотцкими. И оттоле Вильня приложися дань даяти королю Угорьскому за страхованіе великого князя Мьстислава Володимеровича, и Вильняне взяша собе изъ Царяграда князя Полотцкого Ростислава Рогволодовича детей, Давила кнзя да брата его Мовколда князя, и той на Вильне пръвый князь Давилъ, братъ Мовколдовъ болшой; а дети его: Видъ, его же люди волкомъ звали, да Ердень князь. А Ерденевъ сынъ крестился, былъ ввладыко во Тфери, которой на Петра на чюдотворца волненіе учинилъ, звали его Андреем, писалъ на чюдотворца лживые словеса. А у Мовколда князя сынъ Миндовгъ; а у Миндовга князя дети Вышлегъ да Домантъ. Того же Вышлега избра Господь поборника по правой вере; и иде въ гору въ Синайскую отъ отца своего, и позна веру христіянскую, и крестился во имя Отца и Сына и святаго Духа, и научися святымъ книгамъ,, и пострижеся во мнишескый чинъ во Святой горе; и пребывъ во Святой горе три лета, и поиде в землю свою, и пріиде изъ Синайскіе горы ко отцю своему къ Миндовгу, и монастырь собе созда".

У свой час яшчэ Мікола Ермаловіч выказваў здзіўленне з нагоды імёнаў гэтых полацкіх князёў - "нетыповых і нетрадыцыйнх для полацкай дынастыі". Але беларускі аўтар прызнаваў сапраўднасць гэтых звестак і ішоў далей, сцвярджаючы, што з 70-х гадоў XI ст. (ад князя Расціслава) можна гаварыць аб існаванні Віленскага ўдзела ў Полацкім княстве [2, с. 135-136; 5, с. 140]. Ранняя гісторыя Вільні сапраўды патрабуе больш пільнага аналізу, з улікам найноўшых археалагічных дадзеных. Але разважаючы пра "віленскую легенду" полацкіх князёў, варта прыгадаць гісторыю паходжання самога Уваскрасенскага летапісу.

Летапіс, вядомы нам як Уваскрасенскі, уяўляе сабою летапісны звод XVI ст. Гэта значыць, што ва Уваскрасенскі летапіс былі зведзены іншыя летапісы, фрагменты з іх, і адпаведным чынам адрэдагадаваныя. Рэдагаванне гэтае адбывалася ў інтарэсах вялікіх князёў маскоўскіх [8, c. 375-379; 6, c. 165-239; 7, c. 689-705; 16, c. 39-42]. Назва ж летапісу паходзіць ад Уваскрасенскага манастыра ў Новым Ерусаліме пад Масквой, дзе і захоўваўся рукапіс.

Такім чынам, у стварэнні "віленскай легенды" полацкіх князёў мы бачым ранні этап фармуляванне дынастычных і тэрытартыяльных прэтэзій маскоўскіх уладароў на ўсю полацкую і літоўскую спадчыну. Хоць за гэтай легендай стаяць рэальныя падзеі, звязаныя з вяртаннем прадстаўнікоў полацкага княскага дому з выгнання.

Блуканні полацкіх князёў не скончыліся ў ХІІ ст. У XVI ст. мы знаходзім новыя інтэрпрэтацыі факта іх высылкі. Сёння ж гісторыкі працягваюць спрачацца пра пра прававое і палітычнае значэнне іх пакарання.

Спіс літаратуры

1. Алексеев, Л. В. Полоцкая земля: Очерки истории северной Белоруссии в IX-XIII вв. / Л.В. Алексеев. - Москва: Наука, 1966. - 295 с.

2. Ермаловіч, Мікола. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае / М. Ермаловіч. - Мінск: Беллітфонд, 2003. - 448 с.

3. Каждан, А. П. Славяне в составе господствующего класса Византийской империи в ХІ-ХІІ вв. / А.П. Каждан // Славяне и Россия. К 70-летию со дня рождения С.А.Никитина. - Москва: Наука, 1972. - С. 32-40.

4. Кашляк, С. Г. Полоцкие князья в Византии XII в. (к вопросу об элите византийской империи эпохи Комнинов) / С.Г. Кашляк // Материали за 4-а международна научна практична конференция, «Научно пространство на Европа». - 2008. - Т. 17. Филологични науки. История / редкол.: М. Т. Петков (редактор). - София: «БялГРАД-БГ» ООД, 2008. - С. 76-84.

5. Краўцэвіч, Алесь. Па слядах Міколы Ермаловіча / А. Краўцэвіч // Гістарычны Альманах. 2000. - Т. 3. - С.137-143.

6. Лаптев, В.В. Воскресенская летопись / В.В. Лаптев // Ученые записки Ленинградского педагогического института им. А. И. Герцена. - 1955. - Т. 102. - С. 165-239.

7. Левина, С.А. К изучению Воскресенской летописи / С.А. Левина // Труды Отдела древнерусской литературы Института русской литературы. - М.-Л., 1957. - Т. 12. - С. 689-705.

8. Левина, С.А. О времени составления и составителе Воскресенской летописи XVI в. / С.А. Левина // Труды Отдела древнерусской литературы Института русской литературы. - М.-Л., 1955. - Т.11. - С. 375-379.

9. Лукин, П.В. «Поточи Мьстиславъ Полотьский князъ». Об одной из форм наказания в Древней Руси / П.В. Лукин // Древняя Русь. Вопросы медиевистики. - 2007. - № 1 (27). - С. 20-35.

10. Ляўко, В.М. Смаленска-Полацкае памежжа ў Верхнім Падняпроўі (па археалагічных і пісьмовых крыніцах) / В.М. Ляўко // Гістарычна-археалагічны зборнік. - 1997. - № 12. - С. 172-180.

11. Полное собрание русских летописей. - Т. I. Лаврентьевская летопись. 2-е изд. / Под ред. И. Ф. Карского. - Вып. 1. - Л., 1926.

12. Полное собрание русских летописей. - Т. ІІ. Ипатьевская летопись. - СПб., 1908.

13. Полное собрание русских летописей. - Т. VII. Летопись по Воскресенскому списку. - СПБ., 1859. - 301 с.

14. Путешествие Новгородского архиепископа Антония в Царьград в конце 12-го столетия / С предисл. и примеч. П. И. Савваитова. - Санкт-Петербург: Тип. Имп. АН, 1872. - 198 стлб.

15. Рукавишников, А. В. Почему полоцкие князья были сосланы в Византию: свидетельства источников / А. В. Рукавишников // Древняя Русь. Вопросы медиевистики. - 2003. - № 2 (12). - С. 99-111.

16. Словарь книжников и книжности Древней Руси. - Вып. 2 (вторая половина XIV - XVI в.). - Часть 2: Л - Я / Отв. ред. Д.С. Лихачев. - Ленинград: Наука, 1989. - 528 с.

17. Татищев, В.Н. Собрание сочинений. В 8 т. / В.Н.Татищев - М.-Л., Наука, 1963. - Т. 2. - 352 с.

18. Шахматов, А.А. Разыскания о древнейших русских летописных сводах / А.А. Шахматов. - Санкт-Петербург : Тип. М. А. Александрова, 1908. - XX, 687 с.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX