Папярэдняя старонка: Дзярновіч Алег

Трансфармацыі сацыяльнай прасторы Беларусі познесярэднявечнага і раннемадэрнага часу: праблемы генералізацыі і дэфініцый 


Аўтар: Дзярновіч Алег,
Дадана: 19-10-2015,
Крыніца: Дзярновіч, Алег. Трансфармацыя сацыяльнай прасторы Беларусі познесярэднявечнага і раннемадэрнага часу: Праблемы генералізацыі і дэфініцыі // Чацвёрты Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі. Працоўныя матэрыялы. Том 4 (2015) / The Fourth International Congress of Belarusian Studies. Working Papers. Volume 4 (2015). Kaunas: VYTAUTAS MAGNUS UNIVERSITY PRESS, 2014. P. 82—86.

Спампаваць




Анатацыя

У тэксце разглядаецца праблема плённасці генералізацый сацыяльных з'яваў у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Вынік дыскусіі можна падсумаваць наступным чынам: у сваім напаўненні феадалізм ёсць тэарэтычнай абстракцыяй. Ці ёсць сэнс адмаўляцца ад гэтай метадалагічнай канструкцыі? Калі так паступіць, то ўся хісткая канструкцыя аналізу працяглай эпохі, можа разваліцца. Рэчаіснасці адпавядае не гамагеннасць паказчыкаў, як у ідэальным тыпе, а гетэрагеннасць, варыяцыя паказчыкаў.

Abstract

The text deals with the problem of fruitfulness of generalization of social phenomena in the history of the Grand Duchy of Lithuania. The result of the discussion can be summarized as follows: in its filling of feudalism has a theoretical abstraction. But if we can opt out of this methodological position? If you do so, the whole shaky structure analysis of the long era can collapse. Reality is not responsible homogeneity indices as an ideal type, and heterogeneity, variation of parameters.

Ключавыя словы: Вялікае Княства Літоўскае, сацыяльны лад, феадалізм.
Key words: Grand Duchy of Lithuania, social system, feudalism.

Цягам апошняй чвэрці стагоддзя ў даследаванні палітычнай гісторыі, шляхецкай генеалогіі, гістарычнай геаграфіі Вялікага Княства Літоўскага назіраюцца выразная дынаміка і відавочны прагрэс. Між тым, некаторыя базавыя дэфініцыі апынуліся адсунутымі на перыферыю гістарычнага дыскурсу. Вядома, адна з асноўных прычын такой сітуацыі "пазбаўлення ад тэорыі" - траўма эпохі жорсткай метадалагічнай дэтэрмінацыі ў сацыяльна-гуманітарных навуках.

У сваіх лакальных тэмах гісторыкі могуць даволі паспяхова працаваць без некаторых базавых дэфініцый. Але пры стварэнні гістарычных сінтэзаў, а таксама пры напісанні навучальнай і дыдактычнай літаратуры вельмі цяжка абысціся без нейкіх схем і генералізацыі. Што тычыцца эпохі ВКЛ, то адным з такіх ключавых паняццяў сацыяльнай гісторыі паўстае феадалізм.

Эпоха паміж Антычнасцю і Новым часам, як бы не вагаліся яе храналагічныя межы, застаецца трывала павязанай з паняццем "феадалізм", у якім працягваюць бачыць палітычную, прававую, эканамічную і сацыяльную квінтэсенцыю Сярэднявечча. Апроч таго, паняцце феадалізму валодае таксама пераважна пейаратыўнай афарбоўкай, гэта значыць, што ўтрымлівае ў сябе негатыўную ацэнку, асабліва ў ацэнцы развіцця эканомікі і сацыяльнай структуры грамадства. Само ж паняцце "феадалізм" пачало выкарыстоўвацца англійскімі юрыстамі толькі ў XVII ст. - як тэрмін судовай практыкі. Ужо ў XVIII ст. французскі гісторык Анры дэ Буленвілье і яго суайчыннік філосаф і правазнаўца Шарль-Луі дэ Монтэскьё ўжылі тэрмін "феадалізм" як грамадска-палітычнае паняцця.

Тэрмін "феадалізм" паходзіць ад лацінскага "feodum" - так у заходнееўрапейскіх краінах называлі адну з формаў буйнога землеўладання. У французскай мове слова "феод" гучала як "фьеф", а ў нямецкай яму адпавядала паняцце "лен". За галоўнаю прыкметаю феадалізму гісторыкі XVIII ст. прызнавалі васальна-ленную сістэму - так называлі форму адносінаў унутры пануючага ў грамадстве сацыяльнага слоя, пры якой вышэйстаячы яе прадстаўнік (сеньёр) жалаваў зямлю і прадастаўляў пратэктарства (апякунства) іншаму прадстаўніку гэтага слоя, якія знаходзіўся ніжэй на іерархічнай лесвіцы гэтага слоя (васалу). Падобныя пажалаванні адбываліся з умоваў вайсковай службы васала і называліся феодам / фьефам ці ленам.

У выніку, такую сістэму арганізацыі грамадскіх адносін, якую мы прызвычаіліся называць феадалізмам, у сваёй класічнай форме гісторыкі ХІХ ст. убачылі ў Францыі ў ХІ-ХІІ стст. Феадальная сістэма грамадства будуецца зусім не прыгоннай залежнасці сялянаў, якую нават не ведалі некаторыя еўрапейскія краіны, напрыклад, скандынаўскія, а на буйной зямельнай ўласнасці і іерархічнай сістэме арганізацыі ўнутры самога класу землеўласнікаў. Прыгоннае сялянства магло быць толькі атрыбутам феадалізму, а наяўнасць сеньёраў і васалаў, ды плюралізм зямельнай уласнасці ўласна і складае сутнасць гэтай сістэмы.

Расійская гістарыяграфія ХІХ ст. прызнавала наяўнасць буйной зямельнай уласнасці ў XV-XVI стст. З "феодам" адны аўтары атаясамлялі ўзніклае ў канцы XV ст. расійскае "поместье" (форму ўмоўнага землеўладання з абавязкам службы), іншыя даследчыкі бачылі "феоды" ў княскіх "удзелах". Увогуле ж гісторыкі ХІХ ст. звярталі ўвагу на спецыфіку развіцця Расіі і сам тэрмін "феадалізм" толькі зрэдку прыкладалі да расійскай гісторыі. Тым часам, у гістарыяграфіі заходняга Сярэднявечча ўмацоўваецца ўяўленне пра другую, апроч васальна-леннай сістэмы, іпастась феадалізму, у якасці якой выступае буйная зямельная ўласнасць. І вось ў пачатку ХХ ст. з'яўляецца канцэпцыя Мікалая Паўлава-Сільванскага, які настойліваў на наяўнасці Русі ХІІІ-XVI стст. асноўных рыс феадалізма, што прызнаваліся тагачаснай навуцы. Сеньёрыі гісторык бачыў у "баяршчыне" (так Паўлаў-Сільванскі называў баярскае землеўладанне), а таксама прызнаваў наяўнасць васальна-леннай сістэмы. У савецкай гістарыяграфіі была ўспрынята марксісцкая канцэпцыя пра сацыяльна-эканамічныя фармацыі, адной з якіх і быў феадалізм. І ўжо ў 1932 г. Барыс Грэкаў выступіў з гіпотэзай, што феадалізм на Русі ўмацаваўся ўжо ў ІХ-Х стст.

Праблема палягае ў тым, што па ІХ ст. няма ніякіх звестак пра наяўнасць на Русі буйнога прыватнага землеўладання. Толькі ў сярэдзіне - другой палове Х ст. мы сустракае адзінкавыя звесткі пра сёлы, што належылі кіеўскім князям. І толькі ў ХІ ст. з'яўляюцца звесткі, які дазваляюць казаць пра развіццё княскага землеўладання. Ужо дыскусіі ў пасляваеннай савецкай гістарыяграфіі мусілі былі вырашыць падобны парадокс. У 1953 г. Леў Чарапнін вылучыл тэзіс пра панаванне на Русі Х-ХІ стст. не прыватнавотчыннай ўласнасці, а "вярхоўнай уласнасці дзяржавы". Сам жа гэты тэрмін быў узяты ў Карла Маркса, які выкарыстоўваў яго адносна ўсходніх сярэднявечных грамадстваў. Яшчэ адзін з адказаў на "метадалагічную пастку" феадалізма стала канцэпцыя Ігара Фраянава, паводле якой на Русі да мангольскага нападу існаваў бяскласавы лад, што грунтаваўся на самакіраванні гарадоў-дзяржаў абчыннага тыпу.

У 1994 г. па "класічнай мадэлі" феадалізму быў нанесены метадалагічны ўдар. Англійская даследчыца Сьюзан Рэйнальдс выпусціла сваю кнігу "Фьефы і васалы" (Оксфард, 1994), дзе пераканаўча паказала, што сеньёрыя-фьеф як прывілеяваная ўласнасць, абумоўленая службай, стала рэальнасцю ў Заходняй Еўропе толькі ў ХІІ ст. Да гэтага ж часу пераважалі адносіны не васалітэту, а падданства. "Класічная мадэль" феадалізму - сеньёрыяльны лад з развітай васальнай сістэмай, - у "поўнай" сваёй форме апынаецца тэарэтычный пабудовай ці, нават, фікцыяй. Такім чынам, даследчыкі заходняга Сярэднявечча выявілі тыя рысы арганізацыі грамадства і сацыяльнага ладу, якія былі даўно зафіксаваныя ва Усходняй Еўропе. С'юзан Рэйнальдс выказвае сумневы адносна далейшай прыдатнасці канцэпту "феадалізм" і таго зместу, якім гэтае паняцце напаўняецца гісторыкамі.

У беларускай гістарыяграфіі даволі працяглы час феадалізацыю звязвалі з двума з'явамі - паўставаннем буйной зямельнай маёмасці і запрыгоньваннем сялян. Эдвардас Гудавічус пачатковыя этапы феадалізацыі звязвае з пачаткам вылучэння зямельнай уласнасці знаці - вялікага одаля (абмежаванага алоду). А для першай паловы ХІІІ ст. Гудавічус канстатуе ўзнікненне ў Літве одальнага грамадства індывідуальных сем'яў і індывідуальных гаспадарак. І ў гэтым літоўскі даследчык бачыць прынцыповую розніцу з славянскімі супольнасцямі, у тым ліку тымі, што ўвайшлі ў склад ВКЛ. Адметнасць сацыяльнай арганізацыі славянаў заключаецца, паводле Гудавічуса, у існаванні сялянскай абшчыны. Апошнія ж даследаванні Валянціна Голубева паказалі, наколькі абшчына ў раннемадэрнай Беларусі была сацыяльным і фіскальным інструментам, які мэтанакіравана падтрымліваўся дзяржаўнай уладай і шляхтай-землеўладальнікамі. Арон Гурэвіч жа ўвогуле сцвердзіў аграрны індывідуалізм сярэднявечнага грамадства Еўропы.

Увогуле, Арон Гурэвіч адзначаў неўпарадкаванае і складанае сацыяльнае жыццё Сярэднявечча. Гісторык меркаваў, што было б аднабаковым разглядаць сацыяльныя працэсы перыяду ранняга Сярэднявечча выключна ці галоўным чынам праз прызму "генезіса феадалізму", якое заганяе нас у апрыёрнае ложа генералізацый. Сярэднявечная еўрапейская цывілізацыя зусім не вычэрпваецца сваёй феадальнай іпастассю. Апроч леннага ладу, васалітэту таксама існавалі тыя формы чалавечага соцыуму, якія выходзілі па-за рамкі феадальных структур. Важна памятаць пра сацыяльную шматукладнасць сярэднявечнага свету. У гэтым свеце побач з феадальнымі ваенна-палітычнымі і прававымі структурамі былі шырока распаўсюджаныя рабства і, разам з тым, найманая праца. Асаблівую ролю ў функцыянаванні і трансфармацыі грамадства выконваў горад, прырода якога, паводле Гурэвіча, па сваёй сутнасці вельмі далёкая ад феадалізму.

Такім чынам, многія сацыяльныя з'явы, якія яшчэ 50 гадоў таму ўяўляліся сутнасцю феадалізацыі сярэднявечных грамадстваў Усходняй Еўропы, цяпер, пасля прэпарыравання з дапамогаю масавых крыніц, разглядаюцца як раннемадэрныя канструкты.

На сённяшні дзень вынік дыскусіі можна падсумаваць наступным чынам - у сваім поўным напаўненні феадалізм ёсць тэарэтычнай абстракцыяй. Усё ж, ці ёсць сэнс адмаўляцца ад гэтай метадалагічнай канструкцыі? Калі так паступіць, то ўся хісткая канструкцыя, з дапамогай якой мы можам разглядаць такую працяглую эпоху, разваліцца. Тым больш, што ўсё ж пэўныя тэндэнцыі ў сферы канцэнтрацыі зямельнай ўласнасці і выбудовы адпаведнай сацыяльнай іерархіі прасочваюцца ў гэтую эпоху. Рэчаіснасці адпавядае не гамагеннасць паказчыкаў, як у ідэальным тыпе, а гетэрагеннасць, варыяцыя паказчыкаў.

Алег Дзярновіч, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, Інстытут гісторыі НАН Беларусі
Aleh Dziarnovich, PhD, Ass. Prof., Institute of History, NAS of Belarus

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX