Папярэдняя старонка: Дзярновіч Алег

Акадэмічная дыскусія сярэдзіны 1960-х гадоў у Беларусі: паміж свабодай творчасці і палітычным даносам 


Аўтар: Дзярновіч Алег,
Дадана: 26-07-2014,
Крыніца: Алег Дзярновіч. Акадэмічная дыскусія сярэдзіны 1960-х гадоў у Беларусі: паміж свабодай творчасці і палітычным даносам // Бунт у імя свабоды: забыты ген беларусаў? / Рэдактары: Пётр Рудкоўскі, Кацярына Колб. Варшава: Універсітэт Лазарскага, 2013. С. 65—78.

Спампаваць




Грамадскае жыццё савецкай Беларусі ў сярэдзіне 1960-х гадоў было адзначанае нечуванаю раней публічнай гістарыяграфічнай дыскусіяй. Апроч іншага, некаторыя сімвалічныя для сучаснасці імёны таксама актуалізаваліся падчас тых падзеяў.

Непасрэдным імпульсам для дыскусіі стаў выхад у свет працы гісторыка старажытнай беларускай літаратуры і тэкстолага Аляксандра Коршунава [1] (1924-1991) пра праваслаўнага пісьменніка-палеміста і царкоўнага дзеяча першай паловы XVІІ ст. Апанаса Філіповіча (каля 1595-1648) [2]. Але непасрэднае ўзнікненне палемікі звязанае з імем аўтара рэцэнзіі на гэтую кнігу, беларускага літаратуразнаўца Міколы Прашковіча (1932-1983).

ПАЧАТАК: РЭЦЭНЗІЯ ПРАШКОВІЧА

Сам Прашковіч быў даволі каларытнай фігурай [3]. Як спецыяліст па старажытнабеларускай літаратуры, ён працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, у 1965 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па раннім перыядзе творчасці Сімяона Полацкага. Такім чынам, ён бы мог рэалізоўвацца ў прафесійнай сферы. Але, як адзначаюць усе, хто яго ведаў, Прашковіч меў тэмперамент, які было цяжка замкнуць у акадэмічным асяроддзі. Так, рэцэнзія на акадэмічную працу Коршунава атрымалася ў Прашковіча [4] палемічна завостранай, яна падважвала афіцыйныя погляды ды атрымала шырокі грамадскі рэзананс у Беларусі.

Увогуле, Прашковіч даволі высока ацаніў даследаванне Коршунава, але досыць з'едліва скрытыкаваў некаторыя гістарычныя стэрэатыпы, якія пашыраліся афіцыйнай прапагандай. Так, тэзіс Коршунава, што , «(...) маючы на ўвазе інтарэсы сацыяльных нізоў, ён [Апанас Філіповіч - А. Дз.] выправіўся ў Маскву шукаць абароны ад каталіцкай агрэсіі і свавольства», рэцэнзент акрэсліў як «па меншай меры несур'ёзны». Далей Прашковіч пісаў больш рэзка:

«Ды і ўсім ходам сваіх разважанняў даследчык сцвярджае, што праваслаўны манах за шпіёнскія звесткі хацеў купіць у праваслаўнага цара матэрыяльную дапамогу для Купяціцкага манастыра [пад Пінскам, дзе нейкі час Філіповіч жыў ]. І для праваслаўнага манаха, безумоўна, унія была смяртэльным злом: ён хацеў, каб праваслаўны цар памог знішчыць ненавісную яму унію. Што ж да сацыяльнага вызвалення, дык пра гэта не можа быць і гаворкі» [5].

Увогуле, Прашковіч адзначаў, што «ў А. Коршунава погляд на ўнію ўстарэлы, аднабаковы». А «мэты ўвядзення ўніі ён прымае за яе канчатковы вынік» [6].

Тэрміналагічныя пытанні, актуальныя і сёння, таксама прыцягвалі ўвагу Прашковіча. Тут важна зразумець, што дыскусіі вакол семантычнага поля тэрмінаў «Літва» і «літоўскі» - зусім не вынаходніцтва Міколы Ермаловіча і не практыка адно 1980-1990-х. Прыклад з Прашковічам паказвае, што ў акадэмічным асяроддзі гэтыя пытанні ўздымаліся яшчэ ў 1960-х гадах. Вось характэрны тэрміналагічны абзац з працы Прашковіча:

«Атаясамленне значэння тэрміну «рускі» часоў Кіеўскай Русі з яго сённяшнім значэннем прывяло А. Коршунава таксама да непаразумення. Так, ён сцвярджае, што Кіеўская кафедральная царква св. Сафіі з'яўляецца «гонарам рускага народу». Безумоўна, А. Коршунаў меў на ўвазе ўсіх усходніх славян часоў Кіеўскай Русі. Тады, відаць, яму варта было пра гэта сказаць выразна».

«СОВЕТСКАЯ БЕЛОРУССИЯ» РЭАГУЕ

Рэцэнзія Міколы Прашковіча выйшла з друку ў самым канцы 1965 г., а ўжо ў лютым 1966 г. у галоўнай афіцыйнай газеце БССР «Советской Белоруссии» з'явіўся крытычны водгук на гэтую рэцэнзію пад аўтарствам зусім малавядомых аспірантаў Уладзіміра Люкевіча і Якава Трашчанка [7]. Так, гэта менавіта той Якаў Трашчанок (1931-2011), дацэнт Магілёўскага ўніверсітэту, які ў далейшым атрымае значны ўплыў на гістарычную дыдактыку ў Беларусі - пад яго аўтарствам і рэдакцыяй у 2000-х гадах пачнуць актыўна выходзіць універсітэцкія і школьныя падручнікі па гісторыі. Да таго ж, Трашчанок стане актыўным рэцэнзентам іншых падручнікаў і навучальных дапаможнікаў яшчэ на стадыі іх афіцыйнага зацвярджэння. Крытыкі Трашчанка будуць ацэньваць яго як аднаго з найвыразнейшых прадстаўнікоў «дырэктыўнай гістарыяграфіі» [8].

Але тады, у 1966 г., палемічна выказваючы нязгоду з некаторымі тэзамі рэцэнзіі Міколы Прашковіча, а перадусім са станоўчай ацэнкай праекту царкоўнай уніі, названыя рэцэнзенты дазволілі сабе яўнае перабольшванне і гіпертрафіраванне поглядаў Прашковіча. У прыватнасці, яны прыпісалі Прашковічу сцверджанне, што Вялікае Княства Літоўскае было беларуска-ўкраінскай дзяржавай, што не адпавядае тэксту беларускага філолага. Але, што важней, гэтыя аўтары дазволілі сабе палітычныя ацэнкі дыскусійнага тэксту:

«Выдумкі пра тое, вялікае княства літоўскае [з малых літар у арыгінале - А. Дз.] было беларускай дзяржавай, што ў гэтай дзяржаве беларускі народ жыў у дастатку, што ўнія была спецыфічнай беларускай рэлігіяй, не арыгінальныя і не новыя. Поўная навуковая няслушнасць і сумнеўны палітычны сэнс іх даўно выкрыты савецкімі гісторыкамі. Таму з'яўленне на старонках «Полымя» гэтых ілжывых сцверджанняў не можа не выклікаць здзіўлення».

Заканчваўся ж артыкул яшчэ больш рэзка:

«Мы не лічым, што рэдакцыйная калегія «Полымя» падзяляе «гістарычныя канцэпцыі» М. Прашковіча, але перакананыя, што ёй трэба нагадаць пра абавязкі ўважліва чытаць усе матэрыялы, якія друкуюцца ў часопісе. Не ўласціва грунтоўнаму літаратурна­мастацкаму і грамадска­палітычнаму часопісу прадстаўляць свае старонкі для папулярызацыі поглядаў, якія скажаюць гісторыю беларускага народу і нічога агульнага не маюць з навукай» [9].

ДЫСКУСІЯ Ў АКАДЭМІІ НАВУК

Статус вышэйапісанай газетнай публікацыі выклікае пытанні. Гэты вельмі крытычны тэкст быў змешчаны ўсяго толькі пад рубрыкай «Ліст у рэдакцыю». Ці маглі так проста ў тыя часы палемічныя публікацыі невядомых аспірантаў трапіць на старонкі галоўнай газеты БССР? Далейшыя падзеі паказваюць, што гэты ліст быў толькі часткай спланаванай акцыі. Як адзначае гісторык літаратуры Вячаслаў Чамярыцкі, публікацыя Прашковіча выклікала рэзка адмоўную рэакцыю Лаўрэна Абэцэдарскага, які ўважаўся за галоўнага афіцыйнага гісторыка, і ягоных аднадумцаў ды паслужыла падставай для спецыяльнай навуковай дыскусіі ў 1966 г. у Акадэміі Навук па пытаннях беларускай дзяржаўнасці і ацэнцы ролі царкоўна-рэлігійнай уніі ў гісторыі беларускага народа і інш. [10]

Адам Мальдзіс, прыгадваючы атмасферу той дыскусіі, адзначае, што першы раз Прашковіч патрапіў пад «сур'ёзны разбор» у вялікай канферэнц-залі Прэзідыума Акадэміі Навук пасля таго, як надрукаваў у «Полымі» сваю рэцэнзію на кнігу Коршунава. Паводле Мальдзіса, у сваёй рэцэнзіі Прашковіч «крытыкаваў артадаксальнае праваслаўе, асцярожна хваліў уніяцтва, што на той час лічылася вялікай крамолай. (...) Зверху паступіла каманда: разабрацца, асудзіць». «Разбіральніцтва» цягнулася цэлых два дні, як сапраўдная міжнародная навуковая канферэнцыя.

Зала была поўная, бо многія хадзілі на такія разборы як на тэатральнае відовішча. Але моладзь падтрымала Прашковіча - хто словам, а хто апладысментамі. Таму кожны з бакоў лічыў сябе і пераможцам, і пераможаным.

Тут будзе цікава адзначыць, што ці не найбольш «ніякавата» пачуваў сябе адзін Коршунаў, бо «ў рэцэнзіі яго кнігу ўсё ж нібы хвалілі, а тут ад яго запатрабавалі адмежавацца ад рэцэнзента...» [11]. Але, нягледзячы на аргументаванасць той ці іншай пазіцыі, усё кіраўніцтва - ад Аддзела навукі ЦК КПБ да рэдактараў газет і дырэктараў акадэмічных інстытутаў, - пачалі ставіцца да Прашковіча насцярожана. Той парушыў няпісанае правіла лаяльнасці - справакаваў публічную дыскусію.

Беларускі філосаф Уладзімір Конан у сваіх успамінах дадае іншыя характарыстыкі той дыскусіі. Мы бачым, што не ўся навуковая грамадскасць была гатовая толькі пасіўна ўспрымаць ідэалагічныя ўказанні, а інтрыга, якая раскручвалася, мела неаднабаковую скіраванасць:

«І вось тады бальшавіцкі ідэолаг Советской Белоруссии Абэцэдарскі трапіў у пастку: згадзіўся ўдзельнічаць у акадэмічнай дыскусіі па гэтай спрэчцы. Хоць нават і мне, тады малавопытнаму малодшаму супрацоўніку, было зразумела, што Абэцэдарскі са сваімі акадэмічнымі паслядоўнікамі апынецца ў ізаляцыі».

Паводле Конана, так і атрымалася - адзін за адным выступалі літаратуразнаўцы, гісторыкі, філосафы і, аддаўшы службовую даніну афіцыйнаму атэізму ды марксісцка-ленінскай дыялектыцы, мякка пакрытыкаваўшы Прашковіча за «ўніяфільства» ды палемічныя перабольшанні , «(...) даволі грунтоўна, хоць і ветліва, раскрытыкавалі абэцэдаршчыну. Лаўрэнцій Сямёнавіч знутры ўвесь кіпеў, але спачатку трымаўся цвёрда, як той Куляшовы «юнак на дапросе», паўтараючы свае вядомыя аргументы і тэзісы» [12].

Як прыгадвае Конан, недзе ў сярэдзіне дыскусіі выйшаў на трыбуну малады мажны мужчына з адкрытым і спакойным тварам, зусім не падобны на шараговага, вечна прыгорбленага навукоўца з ягонай 83-рублёвай «палучкай».

«Я мастак Лявон Баразна, - адрэкамендаваўся не знаёмы публіцы аратар. - Я не акадэмічны вучоны, але трохі разбіраюся ў праблеме, аб якой ідзе спрэчка». І ў межах афіцыйнай карэктнасці, але без гэтых згодніцкіх «аднак», «тым не менш», «з аднаго боку і з другога боку» паказаў усю антынавуковасць абэцэдаршчыны, пераканаўча давёў слушнасць сцвярджэнняў Прашковіча.

Як бачым, публічныя дыскусіі ў сярэдзіны 1960-х гадоў яшчэ маглі пайсці па непадкантрольным шляху, парушыўшы запланаваны сцэнар асуджэння. У выніку, даволі ўпэўнены ва ўніверсітэцкай аўдыторыі, Лаўрэн Абэцэдарскі «(...) узарваўся, здаецца, нешта крычаў, урэшце пагрозліва паківаў на ўсіх пальцам (у перакладзе на афіцыйны «большевистскоэнкавэдистский язык» гэты жэст, відаць, азначаў: «Подождите, ядрёна вошь, я вам еще покажу, кто вы такие!») і пакінуў акадэмічны амфітэатр».

Можна таксама выказаць здагадку, што менавіта акадэмічная дыскусія 1966 г. паўплывала на фармаванне ўжо досыць вядомай канцэпцыі «летапіснай Літвы» Міколы Ермаловіча. Бо менавіта ў 1968 г. Ермаловіч закончыў працу на кнігай «Па слядах аднаго міфа», якая на працягу доўгага часу хадзіла па руках самвыдатам пад канспіратыўнаю назваю «Сто старонак» [13] і ўпершыню была легальна апублікаваная толькі ў 1989 г. [14]

АДКАЗ «ПОЛЫМЯ» І АЛЕКСЮТОВІЧА

Але і рэдакцыя часопіса «Полымя» ў гэтай сітуацыі прэсінгу засталася небезгалосая. Філосаф і гісторык філасофіі Мікола Алексютовіч [15] (1921-1967), скарыстаўшы назву тэксту «Советской Белоруссии», апублікаваў у «Полымі» свой разгорнуты артыкул «А дзе ж ісціна аб'ектыўная?» [16]. Ужо на пачатку свайго тэксту аўтар сфармуляваў вузлавыя праблемы, з-за якіх палеміка атрымалася такой гарачай:

«Адмоўная рэакцыя на рэцэнзію М. Прашковіча мае свае тлумачэнне. Справа ў тым, што і ў наш час ёсць яшчэ катэгорыя людзей, не здольных зразумець, што не ўсе тое, што звязана з дзейнасцю рускіх цароў і праваслаўнай царквы, было прагрэсіўнае. Таму ўсе тое, што пранікала да нас з краін Заходняй Еўропы (і нават славянскай Польшчы) успрымаецца імі як ад нячысціка».

Далей аўтар узмацняе сваю думку:

«Адсюль - праклён у адрас усіх каталікоў і дыфірамбы ў адрас праваслаўных дзеячаў, асуджэнні манархаў і феадалаў іншаземных і паклоны рускаму цару і памешчыкам, рэверансы ў бок рускай феадальнай дзяржавы і падазронае стаўленне да Вялікага Княства Літоўскага, якое па сваім этнаграфічным складзе, па сваёй тэрыторыі і культуры было пераважна беларускае».

Усё, аб чым гаварылася вышэй, падводзіць нас да самага галоўнага пытання, якое ўздымаюць у сваім артыкуле В. Люкевіч і Я. Трашчонак. Гэта пытанне аб дзяржаве. Алексютовіч цытуе Люкевіча і Трашчанка : «Беларускі народ здабыў дзяржаўнасць толькі дзякуючы перамозе Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі». Але Алексютовіч выкарыстоўвае гэтую тэзу толькі дзеля таго, каб павесці дыскусію ў іншы кірунак, парушаючы жорстка выбудаваныя схемы Люкевіча і Трашчонка:

«Калі б аўтары ўдакладнілі: сацыялістычную дзяржаўнасць - не было б поваду для спрэчкі. Але яны крыху раней сцвярджаюць, што «літоўскія феадалы ў XІІІ стагоддзі ўключылі ў склад сваёй дзяржавы - Вялікага княства Літоўскага - заходнія землі Pycі, аслабленыя цяжкай барацьбой супраць мангола­татар і нямецкіх «псоў­рыцараў».

Але менавіта на гэтых землях, як адзначае Алексютовіч, з XІV ст. пачала фармавацца беларуская народнасць, а «літоўскія, а затым і польскія магнаты захавалі за мясцовымі феадаламі ўсе іх правы і прывілеі, забяспечыўшы тым самым сабе сацыяльную апору».

У сувязі з гэтым Алексютовіч ставіць рытарычнае пытанне:

«Што ж атрымліваецца: існавалі заходнерускія землі, якія вялі барацьбу з чужаземцамі, а дзяржавы не было. Хто ж насяляў гэтыя землі: дзікуны, арганізаваныя ў кланы, роды, ці людзі, якім знаёмы быў ужо дзяржаўны лад? З артыкула У. Люкевіча і Я. Трашчонка відаць, што на гэтых землях гаспадарылі ўжо феадалы, а дзяржавы... усё­такі не было. І вось літоўскія феадалы ўзялі проста так ды ўключылі гэтыя малаабжытыя землі ў склад сваёй дзяржавы. Дзе ж тут логіка?»

Адну ж фразу з артыкула Міколы Алексютовіча можна лічыць увогуле рэфрэнам да ўсёй той дыскусіі: «Нельга проста ўзяць і закрэсліць некалькі вякоў гісторыі беларускага народа толькі таму, што ў адпаведны час не было яшчэ этнаграфічнага тэрміну «Беларусь».

РУКАПІС З ШУФЛЯДЫ

Дыскусія 1965-1966 гадоў пакінула, як стала вядома праз дваццаць гадоў, яшчэ адзін дакументальны след. Гаворка пойдзе пра тэкст рукапісу, знойдзены ў шуфлядзе працоўнага стала загадчыка сектара гісторыі Беларусі эпохі капіталізму Інстытута гісторыі АН БССР Канстанціна Шабуні (1912-1984) ужо пасля яго смерці. Адзначым адразу, што тэкст напісаны почыркам, які не належаў Шабуні. Тэкст быў напісаны на рускай мове. Аўтар тэксту не вызначаны [17].

З першых радкоў гэтага тэксту асобныя публікацыі Міколы Прашковіча ў «Полымі» былі прадстаўлены як адна цэльная ідэалагічная кампанія:

«Артыкулам «Старонка даўняй беларускай паэзіі» - «Полымя», 1964 г., № 6 - адчыняецца шэраг выступаў на старонках гэтага часопіса М. Прашковіча (на працягу 1964-1965 гг.)».

Стваральнік тэксту даводзіць, што, здавалася б, у гэтым уласна літаратуразнаўчым артыкуле, прысвечаным творчасці Сімяона Полацкага, «з'яўляецца тэндэнцыйны падтэкст, з'яўляецца пэўны погляд на мінулае Беларусі, які аўтар усё больш адкрыта развівае ў сваіх наступных выступленнях».

Вось і пункты прэтэнзій: «Прашковіч настойліва падкрэслівае розніцу гістарычнага лёсу Беларусі і Расіі, стварае вобраз Беларусі як неад'емнай часткі Заходняй Еўропы, а беларускай культуры як часткі заходняй культуры, супрацьпастаўляючы яе «закаснелай у праваслаўнай руціне» расійскай культуры».

Апроч таго, Прашковіч прэзентуе С. Полацкага не як беларуска-расійскага культурнага дзеяча, спадчына якога аднолькава належыць абодвум брацкім народам, а як нейкага «культуртрэгера», што нясе святло заходняй культуры маскоўскім варварам [18].

У інтэрпрэтацыі аўтара рукапісу «нават пераўтварэнні ў Расіі пач. XVІІІ ст., паводле Прашковіча, - не заканамерныя наступствы развіцця расійскай дзяржавы ў папярэднія стагоддзі, а... вынік асветніцкай дзейнасці С. Полацкага». І ў якасці пацвярджэння гэтай тэзы прыводзіцца наступная цытата з Прашковіча:

«Значэнне Полацкага для Расіі заключаецца не толькі ў яго паэтычнай творчасці. Не меншая яго заслуга і як педагога­выхавацеля Пятра, будучага рускага імператара. Сімяон Полацкі ўзначаліў у Маскве «лацінскую» партыю, якая вяла барацьбу за наданне навуцы «мірскіх» рыс, за збліжэнне Расіі з перадавой у той час Заходняй Еўропай. І не бяда Сімяона Полацкага, што ён не заўсёды выходзіў пераможцам у гэтай барацьбе, бо сілы рэакцыі, якія ўзначальваў патрыярх Іаакім, былі вельмі моцныя. Важна другое. Зерні, кінутыя Сімяонам Полацкім на рускую глебу, не загінулі дарэмна і пазней пры Пятры Першым пачалі прыносіць свой багаты плён».

Блок, прысвечаны Прашковічу, заканчваецца ў гэтым тэксце характэрнай высновай: «Спыняцца тут на ўжо добра вядомых артыкулах Прашковіча «Па новаму пра старажытнасць» («Полымя», 1964 г., № 9), «Сцежкамі далёкага мінулага» (1965 г., № 4), «Доктар Францішак Скарына» (1965, № 10), «Слова пра Афанасія Філіповіча» (1965, № 12) неабходнасці няма». З гэтых радкоў можна зрабіць выснову, што артыкул «Слова пра Афанасія Філіповіча» стаў ужо як бы труізмам, шырокая дыскусія па ім ужо адбылася. Таму і вышэй цытаваны дакумент можна датаваць канцом 1966 - пачаткам 1967 гг.

Але вось найважнейшая ацэнка, зробленая ў гэтым тэксце:

«Пачатая Прашковічам у «Полымі», па­сутнасці, кампанія за перагляд у пэўным духу ўсёй канцэпцыі гісторыі БССР была актыўна падтрыманая двума іншымі супрацоўнікамі ін­та літаратуры (у пачатку сваёй дзейнасці яшчэ аспірантамі) А. Яскевічам і, асабліва, В. Чамярыцкім».

Такім чынам, выбудоўваецца вобраз змовы беларускай інтэлігенцыі. Фактычна, перад намі - праект даносу [19]. Цяпер робіцца зразумелым, як паступова збіраўся і складаўся кампрамат, з дапамогай якога праз дзесяць гадоў будзе праведзеная кампанія прэсінгу і звальненняў у Акадэміі Навук БССР у 1974-1975 гадах, што стане вядомай пад назвай «Акадэмічная справа».

Механізмы прыняцця рэпрэсіўных рашэнняў у паслясталінскую эпоху ў СССР яшчэ не да канца асветленыя. Апублікаваныя ўрыўкі дакумента сведчыць пра тое, што ў дачыненні да навукоўцаў у 1960-1970-х гадах патрабаваўся ўжо не проста данос, а рапарт з аргументацыяй. Аўтар тэксту паходзіць, падобна, з філалагічных колаў, які адсочваў усе публікацыі ў беларускім друку. Хоць часам тэкст выглядае бяздоказным, і аўтар хаваецца за простымі схемамі абвінавачвання - «далеко не смешные тенденции», «искусно выискивает червоточинку» і г. д.

З іншага боку, тэкст даносу сведчыць, што многія несавецкія тэзы ў гуманістыцы былі ўжо даўно сфармуляваныя і нават уводзіліся ў грамадскі ўжытак праз даступныя тады механізмы трансляцыі інфармацыі. У другой палове 1980-х гадоў адбылося пашырэнне гэтых тэзаў у грамадстве, яны сталі фактамі грамадскай свядомасці.

Як ужо адзначалася вышэй, паходжанне тэксту пакуль не высветленае. Вячаславу Чамярыцкаму - аднаму з непасрэдных герояў тэкстукампрамату - яго перадаў Міхась Біч (1937-1999), які ў 1983 г. пераняў кіраўніцтва інстытуцкага сектара ад Шабуні [20]. Сам Канстанцін Шабуня вядомы як даследчык аграрнай гісторыі Беларусі канца ХІХ- пачатку ХХ стст. Гэтай тэме і была прысвечаная ягоная манаграфія [21] - у ёй ужытыя стандартныя для таго часу ідэалагічныя клішэ, але багата статыстыкі, кніга вылучаецца даволі стрыманай стылістыкай і пакідае зусім някепскае ўражанне [22]. Чаму рукапіс знаходзіўся ў ягоным стале? Канстанцін Шабуня да пераходу (вяртання) ў Акадэмію Навук на працягу 1948-1956 гадоў працаваў кансультантам, загадчыкам сектарам, намеснікам загадчыка Аддзелу навукі ЦК КПБ. Праўдападобна, паводле службовых абавязкаў Шабуня меў дачыненне да аналізу падобных тэкстаў. Больш на гэтай стадыі даследавання мы не можам нічога сцвярджаць.

АСАБІСТАЯ ДРАМА

Што ж да гісторыі пагрому «Акадэмічнага асяродка», то яна досыць добра апісана. Цікава, ад тых падзеяў засталіся таксама архіўныя крыніцы ў адкрытых сховішчах [23]. Тут можна толькі крыху больш падрабязна спыніцца на далейшым лёсе Міколы Прашковіча, бо ягоны тэкст апынуўся ў цэнтры дыскусіі ды выклікаў такі розгалас. Вячаслаў Чамярыцкі піша пра тое, што Прашковіч быў даверлівым, адкрытым і залішне эмацыйным чалавекам, якога выкарысталі спецорганы, «пад пільным наглядам якіх знаходзіўся», для дыскрэдытацыі некаторых нацыянальных патрыётаў, фабрыкацыі справы і «выкрыцця» ў 1973-1974 гадах «гнязда беларускіх нацыяналістаў» у Акадэміі Навук БССР («Акадэмічны асяродак»), у выніку чаго разам з ім пацярпела цэлая група беларускіх навукоўцаў, асабліва Алесь Каўрус, Сцяпан Міско, Валянцін Рабкевіч і Міхаcь Чарняўскі, якія былі звольненыя з працы і доўгі час не маглі нідзе працаўладкавацца па спецыяльнасці. Па абвінавачанні ў беларускім нацыяналізме ў 1974 г. Прашковіч таксама быў звольнены з працы ў Акадэміі Навук. Пэўны час быў беспрацоўным, затым працаваў грузчыкам, карэктарам у часопісе «Родная прырода» і газеце «Вечерний Минск». У 1982 г. па стане здароўя пакінуў працу. Трагічна загінуў у час пажару ў роднай вёсцы [24].

Адам Мальдзіс наступным чынам апісвае асаблівасці характару нашага героя:

«[Прашковіч] - зямны, сялянскі, даверлівы беларускі максімаліст. Нават вучоба ў аспірантуры ў ленінградскім Пушкінскім доме не пазбавіла Прашковіча сялянскай наіўнасці. Ён мог абы­каму расказваць аб сваёй перапісцы з украінскімі патрыётамі, аб сваіх зборах для іх, звольненых з работы, грошай. Мог абы­каго, абы толькі загаварыў па­беларуску, запрасіць у свой аспіранцкі пакой, а потым у аднапакаёвую кватэру на Куйбышава».

Прашковіч быў халасцяком, таму збірацца ў яго - у пакоі ці, пазней, у кватэры - было выгодна. У маладых навукоўцаў, пераважна нядаўніх мігрантаў з вёскі, іншай магчымасці сустрэцца па-за працай папросту не было дзе. І вось тады «часта нехта спецыяльна пачынаў палітычныя фантазіі: маўляў, каго мы паставім якім міністрам, калі дарвёмся да ўлады. Большасць з нас успрымала гэта як гульню». Але для таго часу гэта была досыць рызыкоўная гульня: «А Прашковіч як гаспадар сядзеў, слухаў, недзе наіўна паддакваў, не разумеючы, што гэта некаму трэба, каб пайсці ўверх. А зверху пачалі ціснуць...»

Звольнены доўга заставаўся без працы. «Каб пад'есці, часам прыходзіў да Караткевічаў, да нас. Потым неяк уладкаваўся карэктарам. Загінуў трагічна: закурыў папяросу ў роднай хаце на Бярэзіншчыне, прылёг на ложак і - згарэў...» [25]

НАСТУПСТВЫ І ЗАКАНЧЭННЕ ПЕРЫЯДУ

Сумная гісторыя Міколы Прашковіча не проста ілюструе цяжкі выбар навукоўца-гуманітарыя, але паказвае нам таксама, якую вагу мела ў той час друкаванае слова і смела выказаная, нягледзячы на абставіны, думка даследчыка. Падчас дыскусіі сярэдзіны 1960-х гадоў былі выразна агучаныя тыя тэзы беларускай гістарыяграфіі, якія і пазней будуць мішэнню прапагандысцкіх кампаній - асобнасць гісторыі Беларусі, яе адрозненне ад расійскіх і польскіх візій гісторыі; культурная, у тым ліку рэлігійная, самабытнасць Беларусі; важнасць для сацыякультурнай прасторы прысутнасці заходняй (лацінскай) цывілізацыі. Вось ужо больш за стагоддзе гэтыя, па-сутнасці, нейтральныя погляды застаюцца пунктамі-раздражальнікамі для прыхільнікаў заходнерусізму ў яго сучасных прымітывізаваных версіях (адзначым, зрэшты, што стваральнікі заходнерусізму ў сярэдзіне ХІХ ст. пісалі якраз пра культурную адметнасць краю).

Знешнія праявы той кампаніі дазваляюць нам казаць пра некаторыя схаваныя механізмы публічнага асуджэння. Уяўляецца зусім не выпадковым даволі аператыўнае з'яўленне ў газеце «Советская Белоруссия» (праз паўтара месяцы пасля выхаду ў «Полымі» рэцэнзіі Міколы Прашковіча) ліста малавядомых аспірантаў У. Люкевіча і Я. Трашчанка. Апошні ж быў вучнем Лаўрэна Абэцэдарскага, які вёў рэй у публічных дыскусіях у Акадэміі Навук. Ананімны рукапіс з шуфляды Канстанціна Шабуні сведчыць пра тое, што арганізатары кампаніі не збіраліся зачыняць гэтую дыскусію толькі публічным абмеркаваннем у АН БССР. Далейшыя падзеі толькі пацвярджаюць гэта.

Праз два гады пасля дыскусіі ў Акадэміі Навук, 17-18 ліпеня 1968 г., адбыўся Пленум ЦК КПБ, у першы дзень якога з дакладам «Пра стан і меры паляпшэння масава-палітычнай працы ў рэспубліцы» выступіў сакратар ЦК КПБ Станіслаў Пілатовіч (нарадзіўся ў 1922 г., сакратар ЦК КПБ у 1965-1971) [26]. Складанасць прачытання падобных дакументаў палягае ў тым, што ў іх утрымліваецца вельмі шмат рыторыкі, а фактаў прыводзіцца зусім мала. Вядома, прысутным у партыйнай залі на той момант, калі агучваюцца такія тэксты, багата чаго было зразумела кантэкстуальна. Нам жа, «звычайным людзям» таго часу ці пазнейшым даследчыкам, прыходзіцца склейваць гэтую мазаіку рэальных падзей і наменклатурнай канспірацыі.

Сярод іншага С. Пілатовіч адзначыў, што «ў спадзяванні расхістаць савецкае грамадства знутры, імперыялісты робяць асаблівую стаўку ў псіхалагічнай вайне на творчых работнікаў», менавіта ў гэтае асяроддзе яны спрабуюць «працягнуць свае канцэпцыі мірнага суіснавання ідэалогій, ...імкнуцца адрадзіць нацыяналізм і пасеяць варожасць паміж народамі СССР» [27]. Здавалася б, гэта маглі быць традыцыйнымі для аўдыторыі КПСС-КПБ словы, прамоўленыя проста для падтрымання «ідэалагічнага тонусу». Але ўжо падчас абмеркавання дакладу сакратара ЦК КПБ дырэктар Інстытута гісторыі АН БССР Ніна Каменская (1913-1986, дырэктар у 1965-1969) прапанавала стварыць у найбліжэйшыя гады «новыя навуковыя і навукова­папулярныя працы, якія будуць выкрываць домыслы буржуазных ілжэнавукоўцаў пра паходжанне беларускага народу, гісторыю яго культуры, пра фармаванне беларускай нацыі». Н. Каменская лічыла неабходным «раскрыць рэакцыйную сутнасць так званых «прац» беларускіх нацыяналіcтычных пазадкаў («отребья»), што дзейнічаюць на службе ў імперыялістычнай рэакцыі, і буржуазных гісторыкаў па такіх важных пытаннях, як стварэнне Беларускай ССР і яе поспехі ў будаўніцтве камунізму» [28].

У рамках рэалізацыі гэтай партыйнай праграмы ў 1969 г. з'явілася брашура Лаўрэна Абэцэдарскага «У святле неабвержных фактаў», дзе, паводле аўтара, былі асветленыя «некаторыя пытанні дасавецкага перыяду гісторыі Беларусі, якія найбольш часта скажаюцца буржуазнымі фальсіфікатарамі» [29]. Да такіх тэм належалі, паводле Абэцэдарскага, сярод іншага, наступныя: «Хто па сваім паходжанні беларусы?»; «Ці існавала ў мінулым беларуская дзяржава?»; «Беларуская народная рэлігія». Гэта быў праграмны тэкст у партыйнай (савецкай) візіі гісторыі Беларусі, менавіта таму яго ў трохі скарочаным выглядзе і ў перакладзе на рускую мову перавыдалі ўжо за часамі гарбачоўскай перабудовы [30], калі востра разгаралася палеміка па гістарычных пытаннях. А ў той час, у 1969-1970 гг., у БССР з'явілася некалькі ўхвальных водгукаў на тэкст Абэцэдарскага [31]. Паказальна, што ў гэтай агітацыйнай кампаніі было ўжо задзейнічанае і «Полымя», якое ў сярэдзіне 1960-х гадоў рэгулярна давала слова Міколу Прашковічу. У 1967 г. з рэдактарства ў гэтым найстарэйшым літаратурным часопісе Беларусі сышоў Максім Танк.

Ні сам Абэцэдарскі, ні яго кліентура ў канцы 1960-х гадоў публічна не звязвалі сваю выкрывальніцкую актыўнасць з публікацыямі Прашковіча і акадэмічнай дыскусіяй 1966 г. Абвінаваўчыя закіды яны скіроўвалі супраць беларускай эміграцыйнай гістарыяграфіі, «Радыё Свабода» і міжнароднага імперыялізму. У 1972 г. Паўла Урбан (1924-2011) у адказ на тэзы Абэцэдарскага апублікаваў цэлую кніжку «У сьвятле гістарычных фактаў» [32], назва якой сімвалічна перагуквалася з назваю-дэвізам брашуры мінскага гісторыка - «У святле неабвержных фактаў». У сваёй працы Урбан ужо звязаў у паслядоўны ланцуг падзей правакацыйны ў сваёй танальнасці тэкст Люкевіча і Трашчанка, даволі асцярожны ўдзел у дыскусіі Алексютовіча, ідэалагізаваную брашуру Абэцэдарскага [33]. Праблема этнагенезу беларусаў актывізавалася таксама праз публікацыі маскоўскага археолага Валянціна Сядова [34]. Але тая палеміка стане прадметам ужо іншага гістарыяграфічнага аналізу [35].



[1] Падрабязней пра жыццё і здабыткі гэтага даследчыка можна даведацца: батвіннік, М. б. Даследчык беларускай старажытнай літаратуры // весці Ан беларусі. сер. грамад. навук. - 1992. - № 3-4. - с. 96-105; кароткі, у. «З зычливости к моей отчизне…» // Шляхам гадоў: Гіст.-літ. зб. - Мінск, 1994. - с. 6-10; Ліўшыц, у. «Ён лёгка адчуваў сябе сярод стагоддзяў». // Раскопкі вакол горацкага Парнаса. Літаратуразнаўчыя нарысы. - Горкі, 2001. - с. 179-183; Чамярыцкі, в. Пачынальнік. // Роднае слова. - 2004. - № 3. - с. 24-26.

[2] Коршунов А., Афанасий Филиппович. Жизнь и творчество. - Минск, 1965.

[3] Гл. падрабязней: Чамярыцкі, в. Прашковіч Мікола. // нонканфармізм у беларусі: 1953-1985. даведнік. -Т. 1. - Мінск, 2004. - с. 149-152.

[4] Прашковіч, М. Слова пра Афанасія Філіповіча. // «Полымя». - 1965. - № 12. - с. 174-177.

[5] Прашковіч М., Слова пра Афанасія Філіповіча... - с. 175.

[6] Тамсама. - с. 176.

[7] Люкевич, в., Трещенок, Я. Истине вопреки // Советская Белоруссия. - 1966. - 22 февраля. - с. 3.

[8] Гл.: Смалянчук, А. Навошта Лукашэнку Трашчанок? [Рэц.:], Трещенок, Я. И., История Беларуси, в двух частях. Могилев, 2004-2005. // Arche. - 2006. - № 3. - с. 56-64; Смалянчук, А. Ад Абэцадарскага да Трашчанка, або Эвалюцыя беларускай «дырэктыўнай гістарыяграфіі» // Репрессивная политика Советской власти в Беларуси. сб. науч. работ. - 2007. - № 3; Мацкевіч, Я. Канцэпцыя а ля Мураўёў: Новае - гэта здабытае на сметніку гісторыі старое // Новы Час - 2003. - № 2 (7). - 30.01.2003.

[9] Люкевич, В., Трещенок, Я. Истине вопреки.

[10] Чамярыцкі, В. Прашковіч Мікола. // Нонканфармізм у Беларусі… - с. 149.

[11] Мальдзіс, А. Асэнсаванні. // Новы Час. - 2003. - № 9 (14), чэрвень.

[12] Конан, У. Пра Лявона-рыцара ды Лаўрэнція-аглабельніка. // Народная Воля. - 2008. - № 183-184.

[13] Дзярновіч, А. Ермаловіч Мікола. // Нонканфармізм у Беларусі… - с. 81.

[14] Ермаловіч, М. і. Па слядах аднаго міфа. - Мінск, 1989.

[15] Мікола Алексютовіч быў вядомы як спецыяліст па эпосе Адраджэння і XVІІ ст. у Беларусі, найважнейшыя яго публікацыі: Скарына, яго дзейнасць і светапогляд. - Мінск, 1958; Светапогляд Ф. Скарыны // 450 год беларускага кнігадрукавання. - Мінск, 1968; Гуманистические идеи в Белоруссии: Скорина и его последователи // История философии в СССР. - Т. 1. - М., 1968. Апроч таго, Алексютовіч быў сталым аўтарам часопіса «Полымя»: З глыбінь стагоддзяў: Беларускі філосаф К. Лышчынскі. // Полымя. - 1966.- № 1; Імя яго гучыць у стагоддзях // Полымя. - 1967. - № 7.

[16] Алексютовіч, М. А дзе ж ісціна аб'ектыўная? // Полымя. - 1996. - № 5. - с. 179-185.

[17] Чамярыцкі, В. Рукапіс, знойдзены ў рабочым стале // Шуфляда. - Т. 2. - 2001. - с. 75.

[18] Тамсама. - с. 77.

[19] Дзярновіч, А. Праект даносу // Шуфляда. - Т. 2. - 2001. - с. 83.

[20] Біч, М. Мой шлях у навуку // Гістарычны Альманах. - Т. 6. - 2002. - с. 22.

[21] Шабуня, К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905-1907 гг.- Минск, 1962.

[22] Гл. таксама: Біч, М. Канстанцін Іванавіч Шабуня (Людзі савецкай навукі) // весці Ан БССР. - 1973. - № 1; Токць, С. Савецкая гістарыяграфія беларускага сялянства перыяду Расійскай імперыі. // Гістарычны Альманах. - Т. 10. - 2004. - с. 49-51; Белазаровіч, В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэбны дапаможнік. - Гродна, 2006. - с. 285-286.

[23] Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф. 447, воп. 4, спр. 2, арк. 81; спр. 6, арк. 52-54 (выключэнне В. Рабкевіча з КПСС); Ф. 4, воп. 20, спр. 518, арк. 248 (матэрыялы па супрацоўніках АН БССР).

[24] Чамярыцкі, В. Прашковіч Мікола // Нонканфармізм у Беларусі… - с. 150.

[25] Мальдзіс А., Асэнсаванні.

[26] Паводле Майкла Урбана, Станіслаў Пілатовіч уваходзіў у «Партызанскую фракцыю» палітычных груповак БССР. Гл.: Урбан, М. Беларуская савецкая эліта (1966-1986): алгебра ўлады. - Вільня, 2010. -с. 176.

[27] Доклад секретаря ЦК КП Белоруссии тов. С. А. Пилотовича «О состоянии и мерах улучшения массово-политической работы в республике» // Советская Белоруссия - 1968. -18 июля. - с. 2.

[28] Прения по докладу секретаря ЦК КП Белоруссии тов. С. А. Пилотовича «О состоянии и мерах улучшения массово-политической работы в республике» // Советская Белоруссия. - 1968. - 19 июля. - с. 4.

[29] Абэцэдарскі, Л.С. У святле неабвержных фактаў. - Мінск, 1969.

[30] Абецедарский, Л.С. В свете неопровержимых фактов // Дары Данайцев. - Минск, 1987. - с. 24-89.

[31] Москаленко, в. Достойная отповедь. // Советская Белоруссия. - 1967. -12 июля (аўтар водгуку быў пазначаны як намеснік рэдактара часопіса «Народная асвета»); Хазянін, А. Супроць фальсіфікацыі гісторыі // Полымя. - 1970. - № 2.- с. 241-242 (аўтар падпісаны як студэнт БДУ).

[32] Урбан, П. У сьвятле гістарычных фактаў (у сувязі з брашурай л. с. Абэцэдарскага). - Мюнхен - Нью-Ёрк, 1972.

[33] Урбан, П. У сьвятле гістарычных фактаў... - с. 10.

[34] Седов, В. В. К происхождению белорусов // «советская этнография». - 1967. - № 2. - с. 112-129; Седов, В. В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. - М., 1970.

[35] Гл. таксама: Грыцкевіч, В. Гісторыя і міфы. - Мінск, 2000. - с. 39; Лінднэр Р., Гісторыкі і ўлада: нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі ХІХ-ХХ стст. - сПб. 2003. - с. 446-448; Смалянчук А., Феномен беларускай савецкай гістарыяграфіі. // Гістарычны альманах. - Т. 10. - 2004. - с. 11-22.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX