Папярэдняя старонка: Дзярновіч Алег

Пошукі Айчыны: 'Літва' і 'Русь' у сучаснай беларускай гістарыяграфіі 


Аўтар: Дзярновіч Алег,
Дадана: 10-12-2013,
Крыніца: Дзярновіч Алег. Пошукі Айчыны: 'Літва' і 'Русь' у сучаснай беларускай гістарыяграфіі // Палітычная сфера №18-19(1-2), 2012. С. 30-53.

Спампаваць




Версія артыкула з малюнкамі ў PDF


У найноўшай беларускай гістарыяграфіі, адлік якой мы вядзем ад другой паловы 1980-х гадоў, пытанне аб этнапалітычнай прыродзе Вялікага Княства Літоўскага ўвайшло ў канон тэм нацыянальнай гісторыі, як іх вызначае Райнэр Лінднэр (2003: 445). У задачы нашага гістарыяграфічнага агляду не ўваходзіць аналіз канцэпцый узнікнення Вялікага Княства Літоўскага. Але паколькі гэтыя працы маюць непасрэднае дачыненне і да нашай тэматыкі, канцэптуальныя палажэнні падобных даследаванняў неабходна адзначыць.

І. Ад пачаткаў Вялікага Княства

Як дыскусійную гэтую тэму заявіў Мікола Ермаловіч (1921-2000). Строга кажучы, асноўныя тэзісы сваёй канцэпцыі Ермаловіч сфармуляваў яшчэ ў 1968 годзе, калі завяршыў працу над кнігай "Па слядах аднаго міфа", якая доўгі час распаўсюджвалася ў выглядзе самвыдату пад заканспіраванай назвай "Сто старонак" (Дзярновіч, 2004: 81) і ўпершыню легальна была апублікавана толькі ў 1989 годзе (Ермаловіч, 1989).
М. Ермаловіч лакалізаваў "летапісную Літву" на тэрыторыі Верхняга Панямоння паміж Полацкім, Турава-Пінскім і Наваградскім княствамі і разам з імі называў "Літву" адной з гістарычных зямель Беларусі (Ермаловіч, 1991: 34, 83-84; Ермаловіч, 1990: 310). [1] У далейшым, у XVI ст., паводле М. Ермаловіча, назва "Літва" распаўсюдзілася на ўсю тэрыторыю сучаснай Рэспублікі Беларусь і ўсход Літоўскай Рэспублікі. Большая частка тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі вызначалася як Жамойць (Жэмайція), то бок шырэй за гісторыка-этнаграфічныя межы ўласна Жамойці. Вызначэнне "Русь", паводле аўтара, было замацавана за той часткай тэрыторыі Украіны, якая ўваходзіла ў склад ВКЛ (Ермаловіч, 1991: 57).
Канцэпцыя Ермаловіча [2] выклікала жывую рэакцыю ў Беларусі і за яе межамі - з'явіліся крытыкі [3] і, адначасова, эпігоны. Зарадзіўшыся ў нетрах савецкага падполля, ужо ў другой палове 1980-х гадоў гэтая канцэпцыя атрымала інстытуцыянальнае, фармальнае акадэмічнае завяршэнне і трапіла ў гісторыка-публіцыстычную, папулярную літаратуру ды стала актыўна там выкарыстоўвацца. Яркім прыкладам тут могуць быць кнігі Уладзіміра Арлова (1994, 136-137; 2003: 78) і Вітаўта Чаропкі (1994: 96-100).
Аўтар яшчэ адной канцэпцыі ўзнікнення ВКЛ Аляксандр Краўцэвіч (нар. 1958) настойвае на першапачаткова біэтнічным напаўненні хароніма (уласнага імя тэрыторыі) "Літва" (Lithuania Propria). На думку гэтага беларускага даследчыка, гістарычнае ядро ВКЛ - Верхняе і Сярэдняе Панямонне - уяўляла сабой міжэтнічную кантактную зону, заселеную змяшаным балта-славянскім насельніцтвам. І далей: "Стварэнне новай дзяржавы не спыніла працэс балта-славянскага ўзаемадзеяння і не змяніла яго характару" (Краўцэвіч, 1998: 173; 2000: 179). Якраз у гэтым А. Краўцэвіч бачыць прычыну таго, чаму кіруючая дынастыя ВКЛ, хоць і мела балцкае паходжанне, тым не менш, на яго думку, не спрабавала спыніць працэс асіміляцыі балтаў усходнімі славянамі, а, наадварот, спрыяла яму, прыняўшы ўсходнеславянскую сістэму дзяржаўнай арганізацыі і старабеларускую мову ў якасці дзяржаўнай. Базавая выснова А. Краўцэвіча наступная: ВКЛ з самага пачатку было біэтнічнай балта-ўсходнеславянскай дзяржавай з дамінаваннем усходнеславянскага элемента (1998: 174; 2000: 180). Варта адзначыць, што калі апошнюю выснову (пра дамінаванне) прыкласці да палітычнай гісторыі ВКЛ сярэдзіны ХIII-XIV стагоддзяў, то яна відавочна не спрацоўвае. Хоць лакалізацыя А. Краўцэвічам "старажытнай Літвы" ў межах Віленскага краю (у шырокім яго разуменні) і тэза пра значную прысутнасць на гэтых землях славянскіх пасяленцаў заслугоўвае ўвагі (Краўцэвіч, 1998: 197, карта 4; 2000: 203).

ІІ. "Літва" і "Жамойць"

У плане вызначэння месца "Літвы" і "Жамойці" да поглядаў Ермаловіча вельмі блізкім выявіўся беларускі эмігранцкі гісторык Паўла Урбан (1924-2011). "Жамойць" Урбана гэта таксама паняцце значна больш шырокае, чым гісторыка-этнаграфічны рэгіён Жамойць (Жэмайція, Жмудзь). Найважнейшая задача Урбана - размежаваць "літвінаў" і "жмудзінаў", паказаць, што Жамойць была адасобленая ад Літвы моўна і этнічна. У рамках гэтай праграмы знаходзіцца сцверджанне гісторыка, што "ад 1579 г. у выданьнях, што таксама выходзяць у Кёнігсбэргу, жмудзкая мова пачынае звацца літоўскай" (Урбан, 1972: 38). Ужо ў найноўшы перыяд у Беларусі была апублікавана чарговая праца Урбана "Да пытаньня этнічнай прыналежнасьці старажытных ліцьвіноў", у якой аўтар сфармуляваў наступны тэзіс: "Аўкштота была асобнай зямлёй і ніколі не атаясамлівалася з уласна Літвой" (Урбан, 1994: 43). Пашыраны варыянт (у першую чаргу праз уключэнне дадаткаў) гэтай кнігі пад назвай "Старажытныя ліцьвіны" быў апублікаваны праз сем гадоў. Падмацоўваючы сваю інтэрпрэтацыю анамастычным матэрыялам, Урбан, як і раней, імкнуўся абгрунтаваць сваю галоўную думку пра славянскую "Старажытную Літву", а Жамойць у складзе ВКЛ лічыў нібы "іншародным целам" (Урбан, 2001: 91, 114). У гэтым погляды Урбана былі нават больш радыкальныя, чым у Ермаловіча, які безумоўна прызнаваў балцкае паходжанне старажытнай "Літвы".
Хоць з самой Жамойцю не ўсё так проста. Трэба прызнаць даволі штучнай канструкцыяй абвяшчэнне ўсіх балтамоўных жыхароў ВКЛ "жамойтамі", што так настойліва імкнуўся абгрунтаваць Паўла Урбан. У гэтым памкненні эміграцыйны гісторык знайшоў даволі выразнае кола гарачых прыхільнікаў ужо ў сучаснай Беларусі. Але трансфармацыя зместу паняцця "Жамойць" і звязаных з ім іншых азначэнняў на працягу XIVXVII стагоддзяў сапраўды адбывалася. Рэч у тым, што "гістарычная" Жамойць - тэрыторыя Жамойцкага княства (зямлі) ці "стараства", якое карысталася ў межах ВКЛ шырокай аўтаноміяй, была большая за ўласна этнаграфічную Жамойць, уключаючы таксама Судовію і пэўную частку Заходняй Аўкштоты. Але існавала яшчэ адно адміністратыўна-тэрытарыяльнае ўтварэнне, якое мела ў сваёй назве Жамойць - гэта Жамойцкая рымска-каталіцкая дыяцэзія (біскупства). Жамойцкая ж дыяцэзія, апроч уласна Жамойцкай зямлі, уключала ў свой склад яшчэ Упіцкі павет Троцкага ваяводства. Гэты павет моцна выдаваўся на поўнач і быў заціснуты паміж Жамойцкай зямлёй і Віленскім ваяводствам, таму, верагодна, з-за геаграфічна-палітычнага фактару і праблем лагістыкі ў адміністратыўна-рэлігійным сэнсе яго аднеслі да Жамойцкай дыяцэзіі. Але гэты адміністратыўны ход меў і іншыя наступствы - сацыякультурныя і сацыялінгвістычныя.
Паводле літоўскага мовазнаўцы Зігмаса Зінкявічуса, яшчэ да з'яўлення літоўскага пісьменства ў ВКЛ былі распаўсюджаныя два інтэрдыялекты, гэта значыць дзве гаворкі, што выкарыстоўвалі ў сваіх зносінах носьбіты розных дыялектаў (Zinkevičius, 1994: 27-28). Адзін з гэтых інтэрдыялектаў быў створаны на базе літоўскіх гаворак вакол сталіцы Вільні і паўстаў з мясцовага ўсходнеаўкштайцкага дыялекту. Другі інтэрдыялект належаў Жамойцкаму княству Сярэднелітоўскай раўніны. Ён зваўся "жамойцкай мовай", моцна адрозніваўся ад віленскага інтэрдыялекту, які называўся "літоўскай мовай". На аснове гэтых двух асноўных інтэрдыялектаў пазней на тэрыторыі ВКЛ сфармаваліся два розныя варыянты літоўскай пісьмовай мовы. Усходні, або віленскі, дыялект у той час называўся "літоўскай мовай" і часцей за ўсё выкарыстоўваўся ў Віленскім біскупстве. "Сярэдні" дыялект Кейданскага краю, які зваўся "жамойцкай мовай", выкарыстоўваўся ў Жамойцкім біскупстве. У той жа час у Прускім герцагстве літоўцы стварылі сваю пісьмовую мову, у аснове якой ляжаў мясцовы заходнежамойцкі дыялект.
Такім чынам, "жамойцкай мовай" у часы ВКЛ называлі заходні варыянт літоўскай (аўкштайцкай) мовы, які не мае адносін да сучасных жамойцкіх гаворак (Зинкявичюс, 1999: 33). На гэтай "жамойцкай мове" пісалі многія важныя для літоўскай культуры дзеячы, напрыклад, Мікалоюс Даўкша (1527-1613). [4] З. Зінкявічус мяркуе, што пісьмовая літоўская (усходне-аўкштайцкая) мова знікла на пачатку XVIII ст. (Зинкявичюс, 1996: 126). У любым выпадку мы мусім канстатаваць, што сфера пісьмовага ўжывання гэтай мовы была вельмі абмежаванай і мова ніколі не дасягнула афіцыйнага статуса. Гэта, фактычна, былі толькі асобныя нататкі рэлігійнага зместу (Дзярновіч, 2011а: 117-119).
Але вусная віленская гаворка ўсходнеаўкштайцкага дыялекту часткова захавалася, у тым ліку і на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь (Гервяцкі край). Падобна, што гэта і ёсць моўны рэлікт той старажытнай ("летапіснай") Літвы. Сучасная ж літоўская літаратурная мова была створана выхадцамі з Сувалкскай губерні (сучасны Вілкавішскі раён) на мяжы ХІХ-ХХ стст. і яна з'яўляецца прамым спадкаемцам "жамойцкай мовы" Жамойцкага біскупства. Вось гэты пакручасты шлях тэрміналогіі і сацыялінгвістычных трансфармацый на паўночна-заходніх абшарах ВКЛ і дазволіў П. Урбану заняць катэгарычную пазіцыю адносна размежавання "Літвы" і "Жамойці". Хоць Урбан не выкарыстоўваў дыялекталагічныя матэрыялы, але даваў уласную інтэрпрэтацыю антрапаніміцы часоў ВКЛ (Урбан, 2001: 121-212).

ІІІ. Як размежаваць "Літву" і "Русь"?

Нечакана погляды П. Урбана на "Старажытную Літву" ў пэўнай ступені падтрымаў гомельскі філолагтапаніміст Аляксандр Рогалеў (нар. 1956). Кажучы пра Верхняе Панямонне як пра рэгіён, дзе ў сярэдзіне XIII ст. узялі верх цэнтралізатарскія тэндэнцыі, даследчык вылучае і тыя тэрыторыі, якія стануць "яблыкам разладу" спачатку паміж ВКЛ і Чырвонай (Галіцкай) Руссю, а затым ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. "На гэтых, 'пераходных', землях захаваецца рэліктавы старажытнарускі суперэтнас, інертны, аморфны, безыніцыятыўны, кансерватыўны, але падступны сваёй зменлівасцю і нявызначанасцю ў палітычных сімпатыях" (Рогалев, 1994: 96). А. Рогалеў лічыць, што рэшткі гэтага старажытнарускага суперэтнасу на працягу XIV-XV стагоддзяў увайшлі ў склад расійскай ("русской"), украінскай і беларускай народнасцяў. І з-за таго, што кожная з гэтых народнасцяў убірала ў сябе ў Верхнім Падняпроўі, Пасожжы, у Прыпяцкім і ЧарнігаваСумскім Палессі (усё гэта - вельмі архаічныя зоны ў гістарычных, этнаграфічных і лінгвістычных адносінах) рэшткі старажытнарускага суперэтнасу, выразныя моўныя межы паміж названымі народнасцямі не вызначыліся. Як бачым, гомельскі даследчык актыўна выкарыстоўвае паняційны апарат Льва Гумілёва (Гумилев, 1990: 9-33).
У пытанні лакалізацыі "гістарычнай" Літвы А. Рогалеў салідарызуецца з М. Ермаловічам, але прыўносіць тэмпаральнае вымярэнне зменлівасці статусу гэтага рэгіёна: "У ХХІ стагоддзях славяне засвойвалі тэрыторыю будучай Чорнай Русі, размешчанай на захад ад "гістарычнай Літвы"... "Гістарычная Літва" ж у літаральным сэнсе працягвала захоўваць сваю "недатыкальнасць" і пераўтварылася ў сапраўдны этнічны "аазіс", адрэзаны векавымі пушчамі і часткова балотамі ад суседніх тэрыторый - Тураўскай і Пінскай зямель, Мінскага і Полацкага княстваў і нават Чорнай Русі... Гэты геаграфічны фактар і абумовіў замацаванне за дадзеным "аазісам" назвы Літва ўжо ў ХІ-ХІІ стагоддзях" (Рогалев, 1994: 103-104).
Да XIV ст., на думку Рогалева, на сучаснай беларускай тэрыторыі выразна адрозніваюцца два асноўныя этнонімы - "літвіны" і "русіны". І далей ідзе наступная канстатацыя: "Літвіны - гэта прадстаўнікі новага ўсходнеславянскага этнасу, русіны - гэта абагульненае найменне ўсходнеславянскіх субэтнасаў і этнаграфічных груп у межах былой Старажытнай Русі" (Рогалев, 1994: 101). У зборным назове "літва" / "Літва" спалучалася два значэнні: уласна этнічнае і тэрытарыяльна-геаграфічнае. На думку Рогалева, другое з гэтых значэнняў з'яўлялася больш устойлівым. На практыцы гэта азначала, што адпаведнае зборнае найменне ў тэрытарыяльна-геаграфічным яго разуменні замацоўвалася за той ці іншай тэрыторыяй і было звязанае з ёй паводле традыцыі нават пры змене гістарычнай, палітычнай і этнічнай сітуацыі. "Вось чаму Верхняе Панямонне называлася Літвой і да ўзнікнення беларусаў, і ў новы час, аж да XIX-XX стагоддзяў; вось чаму і дзяржава, якую непазбежна аформіў паўсталы этнас, называлася Вялікім Княствам Літоўскім" (Рогалев, 1994: 101). Падобна на тое, што А. Рогалеў усё ж не да канца вырашыў пастаўленую перад сабой задачу тлумачэння пераходу назвы з балцкага на славянскае насельніцтва рэгіёна.
Сваё бачанне размеркавання назваў сярэднявечных рэгіёнаў Беларусі эпохі ВКЛ яшчэ ў 1991 годзе прапанаваў этнограф Міхаіл Піліпенка (нар. 1936). Паводле яго сцверджання, рэгіянальнай назвай жыхароў Цэнтральнай часткі Беларусі ў ранні перыяд існавання беларускага этнасу і ў наступны за ім час быў шматзначны тэрмін "літвіны", а сама тэрыторыя цэнтральнага рэгіёна нярэдка звалася "Літвой" (Пилипенко, 1991: 108-109). У этнаграфічным сэнсе гэты рэгіён характарызуецца наяўнасцю элементаў і рысаў як паўночнага (або паўночна-ўсходняга), так і паўднёвага (або паўднёва-заходняга) комплексаў традыцыйнай беларускай культуры, перапляценнем гэтых элементаў і рысаў, іх сінтэзам, існаваннем іх пераходных формаў (Титов, 1983: 127, 129). М. Піліпенка пералічыў шэраг фактараў, якія паўплывалі, на яго думку, на распаўсюджанне назвы "Літва" на Цэнтральную частку Беларусі. Гэта, у тым ліку, і блізкасць рэгіёна да этнічнай Літвы, якая займала тэрыторыю паміж Нявяжаю і Віліяй. А тэрмін "літвіны" з'яўляецца славянскай формай этнічнай назвы літоўцаў (Пилипенко, 1991: 109). У Цэнтральным жа рэгіёне, у параўнанні з Прыпяцкім і Дзвінска-Дняпроўскім, побач з усходнеславянскім насельніцтвам пражывала вялікая група людзей балцкага (літоўскага) паходжання. Затым вялікая частка гэтага насельніцтва была асіміляваная, але, несумненна, паўплывала на своеасаблівасць назвы жыхароў гэтага рэгіёна і на своеасаблівасць іх культуры.
На фоне вышэйпрыведзеных абагульняючых прац, аўтары якіх ставілі перад сабой задачы стварэння цэлых канцэпцый этна- і нацыягенезу, пазітывісцкі скіраванымі выглядаюць распрацоўкі Вячаслава Насевіча (нар. 1957) і Міхаіла Спірыдонава (нар. 1937), адзін з артыкулаў якіх напісаны ў суаўтарстве. Гэтыя працы тычацца ў першую чаргу лакалізацыі рэгіёнаў "Русь" і "Літва". Падобны вялікі фактычны матэрыял быў сабраны М. Спірыдонавым падчас падрыхтоўкі яго даследавання "Закрепощение крестьянства Беларуси" (Спиридонов, 1993). Справа ў тым, што М. Спірыдонаў склаў картатэку населеных пунктаў ВКЛ XVI ст. з атрыбутамі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай прыналежнасці, уласнасці і іншага. Ужо ў наш час, на мяжы ХХ і XXI стагоддзяў гэтая картатэка стала асновай для стварэння карт адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу ВКЛ (у першую чаргу, пасля адміністрацыйна-судовай рэформы 1565-1566 гадоў).
У супрацоўніцтве з В. Насевічам М. Спірыдонаў (1996: 4-27) правёў аналіз разнастайных апублікаваных і неапублікаваных крыніц (галоўным чынам XVI ст.) - афіцыйных дзяржаўных і прыватных актаў: тастаментаў, заяваў-скаргаў, інвентароў, інструкцый, загадаў, лістоў (закладных, купчых, судовых і гэтак далей), соймавых ухвал, "Уставы на валокі" 1557 года, "Попісаў войска ВКЛ" і іншых. У выніку, да "Русі" ў вузкім значэнні было аднесена 122 населеныя пункты (гл. Мал. 7), якія займаюць выключна ўсходнюю частку Беларусі. Асабліва часта "рускія" двары і сёлы лакалізуюцца ў вярхоўях Бярэзіны (Дняпроўскай) і ў паўночнай частцы Аршанскага павета - менавіта там знаходзілася шмат магнацкіх і шляхецкіх вотчын, уласнікі якіх адначасова валодалі маёнткамі ў іншых рэгіёнах ВКЛ (Насевіч і Спірыдонаў, 1996: 11). У гэтым сэнсе полацкім і віцебскім баярам не было вялікай неабходнасці вызначаць свае маёнткі як "рускія", бо яны і так знаходзіліся ў "гістарычнай" Русі. Вось гэты накіраваны фокус дазваляе зразумець прынцып указання рэгіянальнай прыналежнасці тапанімічнага аб'екта - як удакладненне месцазнаходжання ў процівагу да іншых маёнткаў, што знаходзяцца ў традыцыйна прынятай больш вузкай "Літве".
Але ў акцэнтуацыі ўвагі на гэтым метадалагічным падыходзе ёсць і рызыкоўны бок - з праблемнага поля аналізу практычна цалкам выпадае Украіна. На думку аўтараў, кантэкстуальна "Русь" сустракаецца ў крыніцах нароўні з іншымі рэгіёнамі ВКЛ - поруч з Літвой, Жамойцю, Валынню, Кіеўшчынай, Падляшшам, Падоллем, Палессем (Насевіч і Спірыдонаў, 1996: 9). Вось як прыводзіцца ў адпаведнасці з выданнем пачатку ХХ ст. цытата з паслання Жыгімонта Аўгуста 1569 года сваім ваяводам і намеснікам пра тое, што крымскі хан "umysleł... ziemie nasze Ruskie, Podolskie, Kijowskie i Wołyńakie woiować" (Archiwum, 1910: 350, Nr. 280). Але далей, у гэтым жа дакуменце, захоўваецца падказка, што мелася на ўвазе пад "Рускімі землямі" - Рускае ваяводства з цэнтрам у Львове, бо прыгадваецца імя рускага ваяводы Ежы Язлавецкага з Бучача. Менавіта ўкраінскія землі былі ў першую чаргу аб'ектам нападаў крымскіх татар.
Але ў плане размежавання рэгіёнаў "Літва" і "Русь" на тэрыторыі ВКЛ назіранні аўтараў вельмі каштоўныя. Яшчэ ў сярэдзіне XVI ст. мяжа паміж "Літвой" і "Руссю" праходзіла па заходняй мяжы Полацкай зямлі і далей у ваколіцах Лагойска і Менска. І калі ў канцы XIV ст. "Літоўская зямля" яшчэ не ахоплівала раён Менска, то ў XVI ст. гэты ваяводскі цэнтр ужо адносіўся да "Літвы". Па назіраннях М. Спірыдонава ў XVI ст. да "Літвы" адносіліся паветы: Віленскі, Вількамірскі, Ковенскі, Троцкі, Упіцкі, Браслаўскі, Ваўкавыскі, Гарадзенскі, Лідскі, практычна цэлыя Ашмянскі і Слонімскі, большая частка Наваградскага і заходняя частка Менскага (Спиридонов, 1996: 208). Насевіч і Спірыдонаў выказалі меркаванне, што паглынанне "Літвой" часткі Меншчыны звязана, магчыма, з распаўсюджваннем на ёй новай сістэмы абкладання ("літоўскай службы") (Насевіч і Спірыдонаў, 1996: 13-14).
Такім чынам, адной з асноўных прыкмет размежавання, па стане на сярэдзіну XVI ст., была пераважная сістэма павіннасцяў залежных сялянаў. У "Літве" дамінавала паншчына, на "Русі" - традыцыйная натуральная і грашовая даніна (якая з сярэдзіны XVI ст. часткова набывае форму чыншу), што асабліва красамоўна выяўляецца пры аналізе зямельнай уласнасці феадалаў, якія мелі зямельныя ўладанні як у "літоўскай", так і ў "рускай" частках ВКЛ.
Галоўная выснова даследчыкаў: мяжа паміж "Руссю" і "Літвой" не супадала ні з этнічнай (у сучасным разуменні), ні з адміністрацыйнай мяжой (ваяводстваў і паветаў). "Русь" ВКЛ ахоплівала толькі частку тэрыторыі, населеную "рускімі" - нашчадкамі насельніцтва Кіеўскай Русі. Жыхары Верхняга Панямоння, Пабужжа, басейна Прыпяці таксама вызнавалі праваслаўе, размаўлялі на "рускай мове" (варыянт старабеларускай мовы), але гэтыя землі называліся "Літвой", "Падляшшам", "Палессем". Паводле адміністрацыйнага падзелу ВКЛ у дарэформенны перыяд (да 1565-1566 гадоў) "Русь" ахоплівала таксама некаторыя "федэратыўныя" землі (з пачатку XVI ст. - ваяводствы) - Полацкую і Віцебскую, а таксама ўсходнюю частку Віленскага ваяводства, у тым ліку і Барысаўскую воласць, якая непасрэдна кіравалася ваяводам. "Русь" уключала і воласці, якія з часоў Альгерда і Кейстута мелі падвойнае падпарадкаванне Вільні і Трокам (Любавский, 1892: 13-14, 103-106): Бабруйскую, Любашанскую, Свіслацкую.
Новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел (ад 1565-1566 гг.) таксама не адпавядаў межам "Русі", падзеленай, на думку Насевіча і Спірыдонава (1996: 14), паміж Полацкім, Віцебскім (з Аршанскім паветам), Мсціслаўскім ваяводствамі, Рэчыцкім і Мазырскім паветамі Менскага ваяводства. Заходняя ўскраіна "Русі" трапляла ў Менскі і Наваградскі паветы. Акрамя таго, аўтары катэгарычна не згодныя з М. Піліпенкам, што ў XVI ст. тэрмін "Белая Русь" пазначаў усю этнічную тэрыторыю беларусаў (Пилипенко, 1991: 105-106).
Свае распрацоўкі В. Насевіч абагульніў у артыкулах для энцыклапедыі "Вялікае Княства Літоўскае". Даследчык адзначае, што XIV-XVI стагоддзях назва "Літва" мела значэнне палітоніма і выкарыстоўвалася для абазначэння ўсёй дзяржавы, падуладнай кіруючай дынастыі Гедымінавічаў-Ягайлавічаў. Арэал існавання назвы ў гэтым сэнсе супадае з дзяржаўнымі межамі і змяняўся ў адпаведнасці з іх зменамі, безадносна да этнічнага складу. Але паралельна існавала рэгіянальнае значэнне назвы "Літва" (то бок хароніма), якое адрознівала яе ад "Жамойці" і ад "Русі" (Насевіч, 2006а: 205).
Паходжанне хароніма "Літва" можна растлумачыць падвойным чынам. З аднаго боку, гэта былі тэрыторыі, якія трывала ўваходзілі ў склад ВКЛ з моманту ўтварэння дзяржавы, у адрозненне ад іншых зямель, якія альбо былі далучаныя пазней, альбо часова выходзілі з-пад улады літоўскіх князёў (Полаччына, Жамойць). Але Насевіч не выключае, што "Літва" дадаткова асацыявалася з тэрыторыяй дысперснага рассялення балтаў, нават у выглядзе невялікіх анклаваў. Адначасова ў Троцкім і Віленскім паветах (у меншай ступені ў Вількамірскім) крыніцы фіксуюць значную долю ўсходнеславянскага насельніцтва. У такім выпадку, заключае Насевіч, "Літва" прыблізна адпавядае тэрыторыі, на якой адбываўся балта-славянскі сінтэз, працэс асіміляцыі (Насевіч, 2006а: 206). У адрозненне ад "Літвы", назоў "Русь" набывае характар метаэтноніма (агульнай назвы некалькіх этнасаў, якія пачалі фармавацца). Назва "Русь" выкарыстоўвалася таксама і як рэгіянальная - у дачыненні да Усходняй
Беларусі (Насевіч, 2006б: 522). Беларускі гісторык з Польшчы Алег Латышонак (нар. 1957), які паходзіць з Падляшша - гэтага аскепка ВКЛ у Польшчы - ды вывучае крыніцы паўставання беларускай нацыі, адзначае, што на мяжы XVIXVII стагоддзяў жыхары ВКЛ вылучалі наступныя рэгіёны: Жмудзь/ Жамойць, Літва (Вільня, Наваградак, Менск), Русь (ад Полацка на поўначы да Любеча на поўдні), Палессе (Пінск, Мазыр, Оўруч), Падляшша (Бярэсце, Драгічына, Бельск), Кіеўшчына (Украіна), Валынь, Падолле, Падгор'е (Галіччына). Акрамя таго, у геаграфічных уяўленнях жыхароў Падняпроўя захоўваўся рудымент старажытнага падзелу на "Верх" і "Ніз" (гл. Мал. 8). Фактычна, калі ісці ўслед за А. Латышонкам, трэба прызнаць, што на працягу XVI ст. паступова змяншаецца этнічнае напаўненне назваў рэгіёна і яны ўсё больш набываюць гістарычна-геаграфічнае значэнне.
Найноўшая канцэпцыя Алеся Белага (нар. 1968) прыўносіць у разуменне тэрмінаў "Літва" і "Русь" сацыякультурныя і цывілізацыйныя складнікі. Гісторык лічыць, што паводле дадзеных наяўных крыніц і даследаванняў, "палітычная Літва" сярэдзіны XVI ст., якую можна таксама назваць "калектыўным даменам палітычнага народа Літвы", з'яўляючыся неаднароднай у этнічных і канфесійных адносінах (істотная доля праваслаўнага русінскага насельніцтва на поўдні і ўсходзе), паўстае істотна адрознай ад "Русі" ў наступных прававых і сацыяльных аспектах (Белы, 2007: 145):
- у "Літве" значна больш развіта прыватнае землеўладанне, старадаўнія воласці ў значнай меры зазналі разбурэнне;
- пераважная большасць прыватных зямельных уладанняў належыць прывілеяванаму саслоўю - "палітычнаму народу Літвы", шляхце каталіцкага веравызнання, амаль цалкам літоўскага этнічнага паходжання (сярод дробных землеўладальнікаў доля "палітычнага народа" ніжэйшая, і яшчэ ніжэйшая - сярод феадальна-залежнага насельніцтва, што тлумачыць адрозненні паміж этнічнымі і палітычнымі межамі "Літвы");
- адрозніваецца сістэма павіннасцяў феадальна-залежнага насельніцтва, прынамсі, пасля правядзення Аграрнай рэформы 1550-х гадоў (у "Літве" - гэта пераважна паншчына, на "Русі" - традыцыйна натуральная і грашовая даніна, пазней таксама чынш) і, магчыма, звычайным правам, якое рэгулюе жыццё сялянскіх грамадаў;
- на ўсёй тэрыторыі "палітычнай Літвы" інтэнсіўна развіваецца сетка каталіцкіх парафій, уключаючы і перыферыйныя раёны з перавагай праваслаўнага насельніцтва, у той час як у суседняй "Русі" касцёлы фундуюцца вельмі рэдка і толькі ў буйных гарадах, дзе меліся экстэрытарыяльныя абшчыны каталікоў;
- цывілізацыйная перавага каталіцызму палягчае рэцэпцыю заходнееўрапейскіх прававых норм, перш за ўсё - Магдэбургскага права ў гарадах і мястэчках "Літвы", якое ў "Русі" распаўсюджваецца толькі ў некалькіх найбуйнейшых гарадах;
- у многіх гарадах "Літвы" маюцца юрыдычна аформленыя габрэйскія абшчыны;
- на дадзенай тэрыторыі ні ўрад, ні падданыя не апелююць да прынцыпаў рускай "старыны";
- уся тэрыторыя "Літвы" вольная ад любых фармальных абавязкаў у адносінах да Арды і Маскоўскай дзяржавы.
Паводле А. Белага, гэтыя дастаткова рэзкія адрозненні "Літвы" ад "Русі", якія не ставіліся пад сумнеў да пачатку Лівонскай вайны, у ходзе якой выявілася вострая пагроза страты "Русі" на карысць Маскоўскай дзяржавы. Вайсковая пагроза прымусіла ўрад ВКЛ, а затым Рэчы Паспалітай адмовіцца ад палітыкі захавання рускай "старыны" і перайсці да дынамічнага пашырэння пералічаных прынцыпаў сацыяльнага ўладкавання на ўсю тэрыторыю ВКЛ, што ў цэлым і было дасягнута да канца XVII ст. І ў гэтым сэнсе можна казаць, што ўсё ВКЛ да канца існавання дзяржавы стала "Літвой" (хоць сэнс гэтага паняцця зведаў істотнае змяненне ў параўнанні з XIII-XVI стагоддзямі), асноўнаю праяваю чаго стала паглынанне "палітычным народам Літвы" праваслаўнай русінскай шляхты, якая не вылучыла ніякай альтэрнатыўнай праграмы, акрамя рэфлекторнага захавання "даўніны". А. Белы таксама адзначае, што менавіта за рэгіёнам "Русь" Вялікага Княства Літоўскага пазней, пачынаючы з 1580-х гадоў, а рэальна з пачатку XVII ст., замацаваўся харонім "Белая Русь" (Белы, 2000: 158).
Трэба адзначыць, што А. Белы прапанаваў шырокую панараму цывілізацыйных зменаў у Вялікім Княстве, якія накладаюцца на этнічны фактар. Некаторыя палажэнні канцэпцыі А. Белага маюць абгрунтаванне ў працах беларускіх гісторыкаў, што асабліва тычыцца праблем землеўладання і землекарыстання. Разам з тым, калі аналізаваць асобныя пазіцыі канцэпцыі, то да тэзаў аўтара можна паставіць багата пытанняў.
Не зразумела, што мае на ўвазе А. Белы, калі залічае феадальна-залежнае насельніцтва да "палітычнага народа Літвы". У рэаліях ВКЛ палітычны народ фармаваў уласна як інтэгральны шляхецкі стан, нават "трэцяе саслоўе" не здолела выразна заявіць сваіх палітычных інтарэсаў, бо папросту не было юрыдычна сфармаваным, як гэта адбылося ў Заходняй Еўропе на зыходзе Сярэднявечча і напачатку Новага часу.
Падобна, што аўтар досыць механістычна ўспрымае дзейнасць прынцыпу "старыны" ў XVI ст. Недакладным ёсць палажэнне, што звароты да "старыны" зыходзілі толькі з "Русі" і не тычыліся "Літвы". Да таго ж, у XVI ст. апеляцыя да "старыны" з боку вялікакняскай улады фактычна стала лозунгам сацыяльных навацый (Дзярновіч, 2011б: 67). Увогуле ж, "старына" была не толькі "рускім" прынцыпам, але і "літоўскім". Таксама досыць рызыкоўным выглядае сцверджанне прэтэнзій Арды на "Русь" як аднаго з фундаментальных прынцыпаў размежавання "Літвы" і "Русі" ВКЛ. Рэйды крымскіх татараў дасягалі самага сэрца "Літвы", а на пачатку XVI ст. вялікі князь Аляксандр распачаў будаўніцтва абарончага муру вакол Вільні менавіта з мэтаю забеспячэння ад татарскіх рэйдаў. А да таго часу "Русь", якая была ў сферы прэтэнзій Арды, - гэта ў найбольшай ступені ўкраінскія землі. Гэтая тая "Русь", якая ў выніку аб'яднаўчых працэсаў, што скончыліся падпісаннем Люблінскай уніі 1569 года, перайшла ў юрысдыкцыю Польскай Кароны.

IV. "Літва" і "Русь": этнічнае напаўненне тэрмінаў

Але акрамя гісторыка-геаграфічнага, сацыяльнага і палітычнага вызначэння і размежавання "Літвы" і "Русі", у беларускай гістарыяграфіі было сфармуляванае пытанне пра карэляцыю гэтых двух кампанентаў з этнічнай гісторыі беларусаў. Як адзначае А. Латышонак, тое, што тэрмін "Літва" быў не толькі назвай дзяржавы ці рэгіёна, але таксама этнічнай групы і ў гэтым сэнсе належыць продкам сучасных літоўцаў, не выклікала сумневаў усіх даследчыкаў, акрамя беларускіх (Łatyszonek, 2006: 112).
Этнолагі Ігар Чаквін (1954-2012) і Павел Церашковіч (нар. 1958) адзначаюць, што назва "Літва", з аднаго боку, было палітонімам, з іншага экзаэтнонімам (знешнім этнонімам) з боку расіянаў, украінцаў і палякаў. Гэта назва распаўсюджвалася на ўсіх жыхароў ВКЛ, перш за ўсё на літоўцаў і беларусаў (Чаквин и Терешкович, 1990: 44-45).
У сваю чаргу, Георгій Галенчанка (нар. 1937) крытычна ацэньвае меркаванне пра "літвінаў" як эндаэтнонім (саманазву) беларусаў з так званай "гістарычнай Літвы" або заходніх зямель Беларусі. Даследчык адзначае, што ў крыніцах XIV-XVI стагоддзяў можна знайсці прынамсі восем значэнняў тэрміна "Літва", сярод якіх найбольш распаўсюджанымі былі чатыры (Галенчанка, 1992: 45-48):
1) дзяржаўна-палітычная прыналежнасць літоўцаў, беларусаў, украінцаў і прадстаўнікоў іншых этнасаў, што насяляюць ВКЛ;
2) абазначэнне жыхароў заходняй часткі ВКЛ, якая ў XVI ст. ахоплівае Віленскае і Троцкае ваяводствы;
3) "уласна літоўскі этнас" (пераважна на тэрыторыі Аўкштоты);
4) літоўскі этнас у больш шырокіх межах, у тым ліку балты Падляшша і заходніх зямель Беларусі.
На думку Галенчанкі, палітонім або тэрытарыяльна-палітычнае вызначэнне беларусаў як "літвінаў" у той перыяд не перарасло ў эндаэтнонім. Эндаэтнонімам продкаў сучасных беларусаў і ўкраінцаў у XIV-XVI стагоддзях, а ў пэўнай ступені і пазней, быў тэрмін "Русь" ("людзі рускія", "русіны"). "Русь" як паняцце гісторыка-тэрытарыяльнае ў межах ВКЛ адносілася да тэрыторыі на ўсход ад Менска, у той час як у якасці эндаэтноніма гэты тэрмін распаўсюджваўся на ўвесь беларускі (і ўсходнеславянскі!) этнас, у тым ліку на Падляшшы. Беларускі гісторык лічыць, што да эпохі Рэфармацыі галоўныя этнасы і этнічныя групы ВКЛ у асноўным захоўвалі сваю монарэлігійную структуру, пры гэтым "рускай" верай было праваслаўе. У выніку рэфармацыі і Брэсцкай уніі ў колах беларускай і ўкраінскай інтэлігенцыі, адукаваных шляхты і мяшчанства ўкараніліся новыя ўяўленні, якія змяшчаюць у большай ступені "этнадыферэнцыяльныя" кампаненты - паходжанне, "кроў", мову.
У сваіх пазнейшых працах Г. Галенчанка даў падрабязную раскладку значэнняў тэрмінаў "Русь", "рускі народ", "рускі люд" у крыніцах XIV-XVI стагоддзяў (Галенчанка, 2008: 16-17):
1) У гістарычным кантэксце і свядомасці, галоўным чынам, адукаваных пластоў насельніцтва Беларусі і Украіны, старажытная Русь нярэдка разумелася як палітонім былых дзяржаўных утварэнняў у маштабах усяго кангламерату Русі ці асобных рускіх княстваў і адначасова як супольнасць з пэўнымі агульнымі канфесійнымі, духоўнымі і этнічнымі рысамі.
2) У XIV-XVI стагоддзях і пазней гэты тэрмін выкарыстоўваўся ва ўнутрыдзяржаўным ужытку афіцыйных колаў і для самавызначэння асноўнага насельніцтва Беларусі, Украіны (і тых паўночна-ўсходніх рускіх княстваў, якія падпадалі пад уладу вялікіх князёў літоўскіх). "Руссю" называлі пэўны гістарычны арэал ВКЛ, які не меў агульных адміністрацыйных межаў, але ў той жа час не выклікаў асаблівых цяжкасцяў у яго практычным тэрытарыяльным вызначэнні.
3) У ВКЛ на той стадыі фармавання этнічнай свядомасці асноўнага насельніцтва Беларусі і Украіны тэрмін "Русь" пераважна выкарыстоўваўся як агульны для ўсіх рускіх зямель ВКЛ. У канкрэтных абставінах можна меркаваць пра пераважна канкрэтнае значэнне таго ці іншага рэгіёна (этнасу) у агульным паняцці.
4) У знешнепалітычным кантэксце гэты ж тэрмін выкарыстоўваўся для вызначэння суседніх і больш далёкіх княстваў Паўночна-Усходняй і Паўночна-Заходняй Русі, Наўгародскай і Пскоўскай рэспублік. У пэўным кантэксце - таксама для вызначэння некаторых асобных рэгіёнаў Валыні, Кіеўшчыны, Польшчы (Рускае ваяводства).
5) Гэтае ж паняцце выкарыстоўвалася для вызначэння праваслаўнага насельніцтва ВКЛ і замежных "рускіх" княстваў, "рускай старыны", мовы, звычаяў і культуры. Асноўная афіцыйная мова ВКЛ у Статутах і іншых прававых актах XV-XVI стагоддзях таксама завецца "рускай".
6) Нарэшце, яно ўжывалася для вызначэння праваслаўнай царквы і канфесіі. Толькі праваслаўную царкву і канфесію часам называлі "рускай" ці схізматычнай верай.
Такім чынам, паводле Г. Галенчанкі, у XIV-XVI стагоддзях большасць асноўнага насельніцтва Беларусі па розных прычынах захоўвала свой традыцыйны эндаэтнонім "русіны" для вызначэння свайго паходжання, "'рускі народ' у свядомасці тагачасных русінаў ВКЛ звычайна ўспрымаўся ў межах адной аб'яднанай этнаканфесійнай супольнасці беларуска-ўкраінскага арэала. Рэдкія канфесійныя канверсіі русінаў да апошняй трэці XVI ст. і ўтварэнне палітычнага народа-шляхты ВКЛ не вельмі адбіліся на этнічнай, канфесійнай, гістарычнай і рэлігійнай свядомасці паспалітага люду Беларусі і Украіны" (Галенчанка, 2008: 19).
Да часткова іншых высноваў прыйшоў Вячаслаў Насевіч. На яго думку, у XVI ст. тэрмін "Русь" меў два значэнні. З аднаго боку, гэта быў суперэтнонім, агульная назва ўсіх народаў, якія ўзніклі на тэрыторыі Кіеўскай Русі. Як і ўкраінцы, продкі сучасных беларусаў называліся "рускімі", "русінамі" не таму, што атаясамліваліся з жыхарамі Маскоўскай Русі, але таму, што лічыліся нашчадкамі і спадчыннікамі Русі IX-XIII стагоддзяў. Тэрмін "русіны" меў, акрамя таго, значэнне рэлігійнае - праваслаўе было "рускай" верай. З іншага боку, паняцце "Русь", гэтак жа, як "Літва" і "Палессе", было субэтнонімом - назвай адной з частак этнічнай тэрыторыі беларусаў. Гэтая "Русь" размяшчалася на Дзвіне і Дняпры на ўсход ад лініі Браслаў Лагойск - Петрыкаў. Такім чынам, назвы "Літва" і "Русь" былі субэтнонімамі для часткі беларусаў і літоўцаў. Пры гэтым, паводле Насевіча, ні беларусы, ні літоўцы не мелі назвы, якая б ахоплівала цалкам іх этнічную тэрыторыю - "уласных назваў на ўзроўні этнасаў не было" (Насевіч, 1992: 97-98).
Новы імпульс дыскусіям пра этнічнасць часоў ВКЛ далі публікацыі Ігара Марзалюка (нар. 1968), якія з'явіліся на пачатку ХХІ ст. Даследчык сабраў і сістэматызаваў шырокі матэрыял ды прыйшоў да высновы, што паняцці "Літва", "літвіны" і "Русь", "русіны" ў XVI ст. адносіліся да розных этнічных груп. Важным тут выглядае проціпастаўленне ў дакументах "мовы літоўскай" і "мовы рускай". Паводле назіранняў І. Марзалюка, нідзе, акрамя Вільні, Трокаў і Гародні, не праводзіцца ў "мейских" кнігах (справаводчых матэрыялах гарадскога самакіравання) супрацьпастаўлення гэтых народаў. Звычайна для абазначэння каталікоў і праваслаўных выкарыстоўваюцца абазначэнні "закон рымскі"/"вера ляцкая" і "закон грэцкі"/"вера руская" (Марзалюк, 2002: 56-58). Для І. Марзалюка продкамі беларусаў з'яўляюцца ўласна русіны.
Публікацыя кнігі І. Марзалюка "Людзі даўняй Беларусі: Этнаканфесійныя і сацыякультурныя стэрэатыпы (X-XVII стст.)" выклікала ажыўленую дыскусію (Белы, 2003; Сагановіч, 2003). Даволі рэзкай і шырокай рэцэнзіяй адгукнуўся на яе Генадзь Сагановіч (нар. 1961), які назваў глыбока памылковай зыходную ўстаноўку Марзалюка пра тоеснасць этнічнага і канфесійнага. Сагановіч лічыць, што Марзалюк выкарыстоўвае "падвойны стандарт, змешваючы этнонімы і канфесіонімы" (Сагановіч, 2003: 294). Адначасова рэцэнзент сцвярджае: "...калі не падбіраць крыніцы толькі пад сваю канструкцыю, то няцяжка заўважыць, што тэрмін "Русь" у тыя часы ўжываўся як саманазва і ў Маскоўскай дзяржаве, і на праваслаўных землях Рэчы Паспалітай. Але, хоць эліта Ўкраіны і Беларусі імкнулася манапалізаваць права на яго выкарыстанне, яна добра ўсведамляла рэлігійна-культурную роднасць з вялікарусамі" (Сагановіч, 2003: 296).
Асноватворная думка Сагановіча ў гэтай дыскусіі - адной саманазвы для беларусаў у часы ВКЛ не існавала: "Калектыўная ідэнтычнасць тады і не магла быць адзінай, бо людскія супольнасці звычайна валодаюць рознаўзроўневай сістэмай самаатаясамлення. У адным этнасе магло існаваць некалькі формаў самаідэнтыфікацыі, кожнай з якіх адпавядаў асобны кампанент адной і той жа этнічнай свядомасці". І далей: "У ВКЛ, думаю, можна было адначасова быць і "ліцвінам", і "русінам" - гэта не выклікала канфліктнасці ў тагачаснай свядомасці, і толькі ў індустрыяльным грамадстве адначасовая прыналежнасць да некалькіх нацый стала немагчымай" (Сагановіч, 2003: 297-298). Акрамя таго, рэцэнзент звяртае ўвагу на тое, што сінанімічнае выкарыстанне тэрмінаў "нацыя" і "народ" ёсць памылковым: "У той час слова 'народ' не азначала этнічнай супольнасці ў сучасным сэнсе, а разумелася як стан, карпарацыя, аб'яднаная правамі і абавязкамі, словам, - 'народ шляхецкі'. Мяшчанства з яго выключалася, не гаворачы пра сялян" (Сагановіч, 2003: 301).
Г. Сагановіч прапанаваў як бы больш эластычную мадэль соцыуму ВКЛ. У гэтым ён апаніруе этнаканфесійнай і сацыякультурнай канструкцыі І. Марзалюка, якая таксама мае сваё аргументы.
У сваёй наступнай кнізе "Этнічны і канфесійны свет беларускага горада XVI-XVIII стст. (Этнаканфесійны склад насельніцтва, этнічныя і канфесійныя стэрэатыпы беларускіх гараджан)" І. Марзалюк, нават структурна размеркаваў матэрыял для аналізу ў адпаведнасці з этнарэгіянальным падзелам: асобна разглядаліся гарады Беларускага Падняпроўя і Падзвіння, асобна - "гістарычнай Літвы" і Падляшша. Пры гэтым аўтар імкнуўся паказаць, што існавала ўстойлівая традыцыя атаяснення на ўзроўні масавай свядомасці праваслаўя (і пазней уніяцтва) з "рускім" (старабеларуская) этнасам, а каталіцызму - з літоўскім і польскім этнасамі. Да таго ж, рыма-каталіцызм атаясамліваўся з польскай культурнай традыцыяй і мовай (Марзалюк, 2007: 147).
Вельмі важным для нашага разумення сутнасці ўсёй дыскусіі было тое, што ва ўступе сваёй кнігі, палемізуючы з Г. Сагановічам, І. Марзалюк вызначыў базісныя метадалагічныя разыходжанні паміж імі: "У адным Г. Сагановіч мае рацыю - я сапраўдны прымардыяліст. Пазіцыя прымардыялістаў у вызначэнні феномена этнічнасці мне здаецца куды больш навуковай і набліжанай да рэаліяў, чым канструктывістаў, многія з якіх папросту 'грэшныя' на суб'ектыўны ідэалізм" (Марзалюк, 2007: 4).
Прымардыялізм з'яўляецца самым старым з навуковых падыходаў у поглядах на этнічнасць. Уяўленні пра этнас як супольнасць, злучаную кроўна-роднаснымі (біялагічнымі) сувязямі, пакладзеныя ў падмурак прымардыялізму, маюць свае вытокі яшчэ ў філасофіі антычнасці. Этнас разглядаецца ў прымардыялізме як першаствораная супольнасць людзей, якая заяўляе пра сябе ў непаўторных канкрэтна-гістарычных формах. Даволі вобразна характарыстыкі этнасу як "ланцугоў" ахарактарызаваў стваральнік канцэпцыі прымардыялізму амерыканскі антраполаг Кліфард Гірц: "Гэтае падабенства паводле крыві, маўлення, традыцыі і гэтак далей... мае сваю складана выяўленую і часамі непераадольную, прымусовую сілу як у адносінах да людзей, так і ў адносінах да саміх сябе" (Geertz, 1963: 109).
На сёння прымардыялізму ў якасці адной з асноўных канцэпцый супрацьстаіць канструктывізм, у рамках якога этнічнасць разумеецца не як пэўная дадзенасць, але як вынік стварэння, як інавацыйны акт творчага ўяўлення. З цягам часу этнічная свядомасць імкнецца праецыраваць сябе на ўсё больш шырокія сацыяльныя прасторы. Працэс сацыяльнага канструявання адбываецца і на індывідуальным, і на групавым узроўнях. У выніку незлічонага мноства ўзаемадзеянняў у штодзённым жыцці індывіды ўдзельнічаюць у пастаянным вызначэнні і перавызначэнні саміх сябе. Самасвядомасць разумеецца не як нейкая "фіксаваная сутнасць", а як "стратэгічнае самасцвярджэнне".
Абагульняючы розныя версіі этнічнай ідэнтыфікацыі, у процівагу І. Марзалюку і Г. Галенчанку Алег Латышонак лічыць: "Гістарычныя крыніцы, якія тычацца ўсёй тэрыторыі, на якой пазней сфармаваліся беларусы, побач з русінамі называюць таксама літвінаў у значэнні этнічным" (Łatyszonek, 2006: 117). Фінальная фраза яго кнігі ў гэтым сэнсе гучыць асабліва моцна: "Прычынай, па якой беларускі народ не зьявіўся ў Новы час, была не слабая нацыянальная самасьвядомасьць жыхароў Беларусі, а наадварот - іхная моцная руская або літоўская нацыянальная самасьвядомасьць" (Łatyszonek, 2006: 313; Латышонак, 2009: 324).

V. У пошуках Айчыны: замест заключэння

Прыведзены вышэй аналіз найноўшай беларускай гістарыяграфіі па праблемах этнічнасці ў перыяд ВКЛ можна звесці да аднаго вельмі спецыяльнага пытання: каму належыць старажытная Літва? Палітычнае жыццё Вялікага Княства не скончылася са знікненнем гэтай дзяржавы з мапы Еўропы напрыканцы XVIII ст., а "з канца 80-х гадоў ХХ ст. яно адчула сапраўднае адраджэнне свайго палітычнага капіталу" (Казакевич, 2008: 77).
Сучасныя канцэпцыі этнічнасці ў данацыянальную эпоху дазваляюць пазбавіцца ад зацятага пошуку сапраўдных продкаў. Хто ж, напрыклад, насяляў Наваградак у ХІІІ ст.? З візіі актуальнай сучаснасці, там жылі, безумоўна, продкі беларусаў. Але як вызначыць тое насельніцтва на ўзроўні ХІІІ ст. - гэты рэгіён Беларусі апынуўся на сутыкненні каланізацыйных хваляў дрыгавічоў, крывічоў і валынян, у самім горадзе яўна заўважаная сталая прысутнасць мазаўшан.
А як жа з "літвой"? Пішу тут гэты тэрмін з малой літары і ў тым сэнсе, як ён ужываўся ў даўніх летапісах як пазначэнне не краіны, але пэўнага этнасацыяльнага феномена. "Літва" ўрэшце, пасля дзесяцігоддзяў выплаты даніны "Русі", усталявала свой кантроль над Наваградкам. Гэты акт, фактычна, і стаў пачаткам гісторыі той дзяржавы, якую мы ведаем як Вялікае Княства Літоўскае. Тая Літва займала добрую частку Панямоння і ўсю Віленшчыну, і ў далейшым з гэтай тэрыторыі сыходзілі многія культурныя імпульсы, што вялі да фармавання адметнасці краю, які сталі цалкам пазначаць як Беларусь толькі ў ХІХ ст.
Дык "літва" тут - знешняя, старонняя сіла ці фактар унутраных этнічных, культурных і палітычных працэсаў? Падобнае пытанне будзе дзіўным з еўрапейскай перспектывы. Не кажу ўжо пра гісторыкаў, але французскі школьнік не зразумее падставы праблемы, бо ведае, што французскі этнас прайшоў вельмі насычаныя працэсы "мутацый" - спачатку праз раманізацыю (лацінізацыю) галаў, што вяло да фармавання старафранцузскай мовы, потым праз накладанне панавання новай палітычнай эліты - германскага племя франкаў - уласна і ўзнік старафранцузскі этнас, а таксам і назва краіны - Францыя.
Брытанская этнічная і моўная гісторыя можа выглядаць яшчэ больш заблытанай. Кельцкая спадчына, сапраўды, пакінула не так багата візуальных актуальных слядоў, хоць вядома, што кельцкія плямёны брытаў, якія і далі назву краіне, упарта супраціўляліся пранікненню з Ютландыі (Паўднёвай Даніі) і Паўночнай Германіі англаў і саксаў. Заваяванне Брытаніі германскімі плямёнамі англа-саксаў было працяглым і складаным працэсам, які доўжыўся звыш 180 гадоў і скончыўся на пачатку V ст. Мяркуецца, што колькасць брытаў да пачатку заваявання складала каля 2 млн., а колькасць англа-саксаў - не больш за 200 тыс. (Pryor, 2004: 128). Іншыя аўтары нават сцвярджаюць, што колькасць англа-саксаў вагалася паміж 10 і 20 ці 25 тыс. (Snyder, 2003: 87; Laing and Laing 1990: 69) Далейшыя ўварванні вікінгаў (данаў) прыўнеслі ў будучы ангельскі этнас новую генетыку і некаторыя прававыя нормы. Знаёмы сёння моўна-этнічны ландшафт Англіі нарадзіўся пасля ўсталявання нарманамі свайго панавання ў 1066 годзе. Былыя вікінгі, якія напалі на Брытанію з Францыі, прынеслі ў Англію французскую мову, якую перанялі ў якасці размоўнай. Праз доўгі час нармана-французская заставалася ў Англіі моваю царквы, адміністрацыі і вышэйшых станаў. Але паступова сярэднія і дробныя землеўладальнікі, якія ў большай ці меншай ступені належалі да англа-саксаў, набывалі ўсё большую вагу, у тым ліку праз дэмаграфічную перавагу. Замест панавання нармана-французскай мовы паступова складваўся своеасаблівы "моўны кампраміс". Так нарадзілася сучасная англійская мова, у якой з 80 тыс. найбольш ужываных словаў прыблізна 22,5 тыс. - гэта французскія запазычанні (усіх перыядаў гісторыі). А большасць французскіх запазычанняў уваходзяць у лексіку паўсядзённага ўжытку, каля 59 % ад агульнага ліку ўсіх запазычаных словаў (Михеева, 2010: 10-15).
Зрэшты, я не вялікі прыхільнік вытлумачэння гісторыі праз метад аналогій. Але збочыў на гэты шлях з мэтаю паказаць, што беларускі прыклад этнічнай гісторыі не ёсць выключна ўнікальным і самым складаным. Праблема - у прачытанні гэтага гістарычнага досведу і яго інтэрпрэтацыі.
Пакуль жа ў Беларусі сярод гуманітарыяў у поглядах на праблемы этнічнасці ў часы ВКЛ моцныя пазіцыі маюць прымардыялісцкія ўяўленні. Гэтая канцэпцыя разглядае этнас як першапачатковае і нязменнае аб'яднанне людзей "па крыві", сцвярджае, што ў таго ці іншага народа захоўваюцца стабільныя характарыстыкі этнічнасці. Найчасцей такім этнічным ядром у нашай гісторыі акрэсліваецца "Русь" - з усім як комплексам рэлігійна-культурных прыкметаў. І гэтая "русінская" традыцыя, сапраўды, вельмі глыбокая ў культурнай гісторыі Беларусі. Але пры гэтым часта забываюць, што і сама "рускасць" была выбудаваная на абшарах Усходняй Еўропы скандынаўскай элітай з дапамогай імпартаваных з Візантыі і Балканаў культурных комплексаў. Вядома, у ХIV-XVI стагоддзях гэта была ўжо моцна ўкаранёная на нашых землях традыцыя, якая вельмі істотна адрознівалася ад маскоўскай, але лучыла беларускія землі з Украінай.
Вяртаемся да праблемы: што ж нам рабіць з "Літвой", ладны кавалак якой знаходзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі? Але больш важнае тое, што менавіта з Літвой звязаная цэлая плойма культурных імпульсаў і трансфармацый, што непасрэдным чынам паўплывалі на Русь і спрычыніліся да фармавання самой Беларусі.
У супрацьвагу маім тэзісам можна прывесці контраргумент, што, у ў адрозненне ад апісаных французскіх і брытанскіх мадэляў фармавання этнасаў на спадчыну Літвы маецца і іншы прэтэндэнт - сучасная Літоўская рэспубліка. Што ж, і гэты прыклад не ёсць унікальным. Франкская імперыя Карла Вялікага падзялілася, даўшы пачатак тром сучасным нацыям-дзяржавам - Францыі, Германіі і Італіі. Саксонія ж, з тэрыторыі якой саксы перасяляліся ў Брытанію, доўгі час існавала ў Еўропе як суверэнная дзяржава ў рамках Святой Рымскай імперыі нямецкай нацыі.
Але, што праўда, ёсць адзін насамрэч сур'ёзны контраргумент да нашых развагаў пра "Літву" і "Русь". Калі вышэйназваныя еўрапейскія прыклады тычацца працэсаў, што адбываліся ў Сярэднявеччы, то культурныя дыфузіі "Літвы" і "Русі" адбываліся ўжо ў познім Сярэднявеччы, а вынікі гэтых працэсаў ужо ў раннім Новым часе (XVI-XVIII стагоддзі) успрымаюцца як зусім актуальныя - да сёння на старонках беларускіх выданняў не сціхаюць спрэчкі пра дзяржаўныя і рэлігійныя уніі, пра рэлігійныя канверсіі эліт, пра паўставанне і лёс нацыянальных моў. Ды і пісьмовых сведчанняў, у тым ліку і палемічных, гэтыя працэсы эпохі кнігадрукавання пакінулі значна больш. Меншы прамежак часу і пазасталы прысмак палемікі актуалізуюць у свядомасці падзеі чатырохсотгадовай даўніны і ствараюць урадлівую глебу для спекуляцый на гістарычныя тэмы. Увогуле, гэтая інструментальнасць гістарычнай веды ёсць адметнасцю гістарычнай свядомасці нашага рэгіёна Еўропы.
Падобныя супярэчнасці этнічнага цела выдатна разумелі пачынальнікі беларускага "адраджэння" ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя. Зрэшты, яны не проста разумелі праблемы складання гэтай мазаікі. Пэўная падзеленасць - канфесійная, шрыфтавая (паміж лацінкай і кірыліцай), палітычная была іх штодзённай культурнай практыкай. Злучыўшы "Літву" і "Русь", прызнаўшы, што гэта і ёсць нашая нацыянальная гісторыя, пратаганісты Беларусі гэтым самым палітычную праблему пераўтварылі ў культурны патэнцыял. І гэтая дзейнасць "стваральнікаў" (пачынальнікаў) Беларусі цалкам кладзецца ў рэчышча канструктывізму - адной з актуальных на сёння канцэпцый этнасаў, супрацьлеглай прымардыялізму. Паводле канструктывістаў, этнас не ёсць першапачатковай дадзенасцю. Этнічнасць "канструюецца" самімі людзьмі ў працэсе іх творчай сацыяльнай дзейнасці - пастаянна пацвярджаецца ці пераглядаецца, перабудоўваецца. Мы можам заўважыць таксама яшчэ адну тэндэнцыю: тэза Алега Латышонка пра моцную нацыянальную самасвядомасць жыхароў Беларусі эпохі ВКЛ адсылае нас да "перэніялізму" (літаральна - "працяглы"). З пункту гледжання прыхільнікаў гэтай канцэпцыі, нацыі і нацыяналізм не ёсць выключна вынаходніцтвам Новага часу, але існавалі задоўга да яго (Терешкович, 2004: 55).
Праўдападобна, у дыскусіях сучасных беларускіх гісторыкаў адносна этнічнай прыналежнасці "гістарычнай Літвы" адбываецца метадалагічны збой, калі праблемы этнічнасці даіндустрыяльных соцыумаў змешваюць з пытаннямі нацыятворчых працэсаў ужо індустрыяльнай эпохі. Можна дыскутаваць, у якой форме выяўлялася этнічнасць у познім Сярэднявечы ці раннім Мадэрне. Але калі пралангаваць гэтыя канцэпты на канец ХІХ - першую палову ХХ стагоддзя, то мы трапім у выразны метадалагічны тупік, пры якім базавыя характарыстыкі сучасных этнасаў будзем механістычна пераносіць на супольнасці "Літвы" і "Русі" Вялікага Княства Літоўскага.
Пэўна можна пазначыць адну тэзу: сам факт гарачых дыскусій на тэму "Літвы" і "Русі" сведчыць, што беларуская гісторыя позняга Сярэднявечча і ранняга Новага часу можа быць зразуметая толькі як узаемадзеянне гэтых двух фактараў (Дзярнович, 2009: 249). Прыбяры адзін з іх - і беларуская гісторыя становіцца зусім іншай. Фактычна, яна рассыпаецца.

Спіс літаратуры

1. Арлоў, Уладзімір (1994). Таямніцы полацкай гісторыі. Мінск: Беларусь.
2. Арлоў, Уладзімір і Герасімовіч, Зьміцер (2003). Краіна Беларусь: Ілюстраваная гісторыя. London: Angloproject Corporation limited.
3. Белы, Алесь (2000). Хроніка Белай Русі: Нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы. Мінск: Энцыклапедыкс.
4. Белы, Алесь (2003). [Рэцэнзія:] "Марзалюк І. А. Людзі даўняй Беларусі: Этнаканфесійныя і сацыякультурныя стэрэатыпы (X-XVII стст.). Магілёў, 2002. 322 с." Спадчына. 2-3: 135-139.
5. Белы, Алесь (2007). "Як разьмежаваць Літву ад Русі?", ARCHE Пачатак. 10: 128-145.
6. Галенчанка, Г. Я. (1992). "Царква, канфесія і нацыянальная свядомасць беларусаў у XV-XVI стст.", Наш радавод. Кн. 4, ч. 1. Гродна: БДМГР.
7. Галенчанка, Г. Я. (2008). "Да пытання аб этнічных і этнаканфесійных катэгорыях Вялікага Княства Літоўскага XIV-XVI ст.: "беларусцы", "ліцвіны", і "русіны" ў дыскурсах сучасных даследчыкаў і пісьмовых крыніцах", Studia Historica Europae Orientalis. Вып. 1. Минск: Издательский центр БГУ.
8. Гумилев, Л. Н. (1990). География этноса в исторический период. Ленинград: Наука, Ленинградское отделение.
9. Гурэвіч, Ф. Д. (2003). Летапісны Новгородок (Старажытнарускі Наваградак). Санкт-Пецярбург - Наваградак: Агенство "РДК-принт".
10. Дзярнович, Олег (2009). "'Литва' и 'Русь' XIII-XVI вв. как концепты белорусской историографии", Studia Slavica et Balcanica Petropolitana / Петербургские славянские и балканские исследования, 5-6 (1-2): 234-249.
11. Дзярновіч, Алег (2011а). "Літоўская мова ў Вялікім Княстве Літоўскім: паміж функцыяй і статусам", Палітычная сфера. 16-17 (1-2): 115-143.
12. Дзярновіч, Алег (2011б). Фрэскі гісторыі: Артыкулы і эсэ па гісторыі і цывілізацыі Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Мінск: РІВШ.
13. Дзярновіч, Алег (аўтар-укладальнік) (2004). Нонканфармізм у Беларусі: 1953-1985. Даведнік. Т. 1. Мінск: Athenaeum.
14. Ермаловіч, Мікола (1989). Па слядах аднаго міфа. Мінск: Навука і тэхніка.
15. Ермаловіч, Мікола (1990) Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мінск: Мастацкая літаратура.
16. Ермаловіч, Мікола (1991). Па слядах аднаго мiфа. 2-е выд., дап. Мінск: Навука і тэхніка.
17. Ермаловіч, Мікола (2000). Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае. Мінск: Беллітфонд.
18. Залозка, Юрась (1995). Версіі. Шлях да Храма "idea sui": дзённік, дыялогі, эсэ. Мінск: Тэхналогія.
19. Зинкявичюс, Зигмас (1996). Восточная Литва в прошлом и настоящем. Вильнюс: Mokslo ir enciklopedijų leidykla.
20. Зинкявичюс, Зигмас (1999). "Древнейшие литовские тексты до Мартинаса Мажвидаса," y Мартинас Мажвидас и духовная культура Великого княжества Литовского XVI века. Вильнюс-Москва: Baltos lankos.
21. Казакевич, Андрей (2008). "Великое княжество Литовское как идеологическая реальность", Перекрёстки: Журнал исследований Восточноевропейского пограничья, 1: 61-79.
22. Краўцэвіч, А. К. (1998). Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. Мінск: Беларуская навука.
23. Краўцэвіч, А. К. (2000). Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. 2-е выд. Rzeszów: [б. в.].
24. Латышонак, Алег (2009). Нацыянальнасьць - Беларус. [Вільня - Беласток]: Інстытут беларусістыкі; Беларускае гістарычнае таварыства.
25. Лінднэр, Райнэр (2003). Гісторыкі і ўлада: нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі ХІХ-ХХ стст. Санкт-Пецярбург: Неўскі прасцяг.
26. Любавский, М. К. (1892). Областное деление и местное управление ЛитовскоРусского государства ко времени издания Первого Литовского Статута: Исторические очерки. Москва: Унив. тип.
27. Марзалюк, І. А. (2002). Людзі даўняй Беларусі: Этнаканфесійныя і сацыякультурныя стэрэатыпы (X-XVII стст.). Магілёў: МгДУ імя А. Куляшова.
28. Марзалюк, І. А. (2007). Этнічны і канфесійны свет беларускага горада XVI-XVIII стст. (Этнаканфесійны склад насельніцтва, этнічныя і канфесійныя стэрэатыпы беларускіх гараджан). Магілёў: МгДУ імя А. Куляшова.
29. Михеева, Мария Игоревна (2010). Французские заимствования в английском языке XVI-XVIII веков и проблемы их перевода (по материалам классической и современной английской литературы). Автореферат… канд. филолог. наук. Москва: МГОУ.
30. Насевіч, Вячаслаў (1992). "Да пытання пра саманазвы беларусаў у перыяд ВКЛ", Беларусіка/Albaruthenika, 2: 97-100.
31. Насевіч, Вячаслаў і Спірыдонаў, Міхаіл (1996) "«Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст.", у З глыбі вякоў. Наш край: Гісторыка-культуралагічны зборнік. Выпуск 1. Мінск: Беларуская навука.
32. Насевіч, Вячаслаў (2006а). "Літва", у Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Т. 2. Мінск: БелЭн.
33. Насевіч, Вячаслаў (2006б). "Русь", у Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Т. 2. Мінск: БелЭн.
34. Новік, Я. К. і Марцуль Г. С. (рэд.). Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч. 1: Ад старажытных часоў - па люты 1917. Мінск: Універсітэцкае.
35. Петрыкаў, П. Ц. (1993). "Гістарыяграфія Вялікага княства Літоўскага", Весці АН Беларусі. Серыя грамадскіх навук, 3: 51-64.
36. Пилипенко, М. Ф. (1991). Возникновение Белоруссии: Новая концепция. Минск: Беларусь.
37. Рогалев, А. Ф. (1994). Белая Русь и белорусы (В поисках истоков). Гомель: Белорусское Агенство научно-технической и деловой информаци.
38. Родина (1993). "Наше исследование: Великое княжество Литовское", 3: 81-94.
39. Сагановіч, Генадзь (2003). "Прывід нацыі ў імгле стэрэатыпаў", Беларускі Гістарычны Агляд. Т. 10, сш. 1-2: 281-318.
40. Семянчук, Генадзь (2000). "Мікола Ермаловіч (1921-2000)", Białoruskie Zeszyty Historyczne (Białystok). 13: 195-202.
41. Спиридонов, М. Ф. (1993). Закрепощение крестьянства Беларуси (XV-XVI вв.). Минск: Навука і тэхніка.
42. Спиридонов, М. Ф. (1996). "'Литва' и 'Русь' в Беларуси в XVI в." у Наш Радавод. Кн. 7. Гродна: БДМГР.
43. Терешкович, Павел (2004). Этническая история Беларуси XIX - начала XX в.: В контексте Центрально-Восточной Европы. Минск: БГУ.
44. Титов, В. С. (1983). Историко-этнографическое районирование материальной культуры белорусов: XIX - начало XX вв. Минск: Наука и техника.
45. Урбан, Паўла (1972). У сьвятле гістарычных фактаў (У сувязі з брашурай Л. С. Абэцэдарскага). Мюнхэн-Нью Ёрк: БІНіМ.
46. Урбан, Паўла (1994). Да пытаньня этнічнай прыналежнасьці старажытных ліцьвіноў. Менск: ВЦ "Бацькаўшчына"; МП "Бесядзь".
47. Урбан, Паўла (2001). Старажытныя ліцьвіны: Мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. Мінск: Тэхналогія.
48. Чаквин, И. В. и Терешкович, П. В. (1990). "Из истории становления национального самосознания белорусов (XIV - начало XX в.)", Советская этнография. 6: 42-54.
49. Чаропка, Вітаўт (1994). Імя ў летапісе. Мінск: Полымя.
50. Шевченко, Н. В. (1997). "Білорусько-Литовська держава: нові концептуальні засади сучасної білоруської історіографії", Український історичний журнал. 2: 55-67.
51. Яковенко, Наталя (1996). "У пошуках витоків: проблеми білоруської історіографії Великого князівства Литовського з перспективи 1991-1992 рр.", у Довга, Л. і Яковенко, Н (ред.). Iсторія, історіософія, джерелознавство. Iсторичний збірнік. Київ: Республіканської Асоціації Українознавців.
52. Archiwum książąt Sanguszków w Sławucie. (1910) T. VII: 1554-1572. Dyplomataryusz gałęzi Niesuchojeżskiej. T. II. Lwów: Nakładem X. E. Sanguszki.
53. Geertz, Cliff ord (1963). "Th e integrative revolution: primordial sentiments and politics in the new states", in Cliff ord Geertz (ed.), Old societies and new states: the quest for modernity in Asia and Africa. New York: Th e Free Press of Glencoe. Рp. 105-157.
54. Gudavičius, Edvardas (1994). "'Vieno mito pėdsakais'". Slon to slon, a byl li on?", у Atgimimas. Liepos 27 d. Nr. 29: 7, 10; liepos 27 d. Nr. 30: 10-11; rugpjūčio 3 d. Nr. 31: 10-11.
55. Gudavičius, Edvardas (1996). "Following the Tracks of a Myth", Lithuanian Historical Studies. 1: 38-58.
56. Łatyszonek, Oleg (2006). Od rusinów białych do białorusinów: U źródeł białoruskiej idei narodowej. Białystok: Uniwerytet w Białymstoku.
57. Laing, Lloyd and Laing, Jennifer (1990). Celtic Britain and Ireland. New York: St. Martin's Press.
58. Pryor, Francis (2004). Britain AD. London: Harper Perennial.
59. Snyder, Christopher A. (2003). Th e Britons. Malden: Blackwell Publishing.
60. Zinkevičius, Zigmas (1994). Lietuvių kalbos dialektologija. Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidykla.

[1] Гл. таксама Мал. 1 з пазначэннем месцазнаходжання Старажытнай Літвы, крыніца: Ермаловіч (1991: 43).

[2] Працы М. Ермаловіча па гісторыі ВКЛ былі сабраныя ў адным томе (Ермаловіч, 2000).

[3] Асноўная бібліяграфія па дыскусіі вакол канцэпцыі М. Ермаловіча: Родина, 1993: 81-94; Петрыкаў, 1993: 51-64; Gudavičius, 1994; Gudavičius, 1996: 38-58; Залозка, 995: 337-342; Яковенко, 1996: 112-137; Шевченко, 1997: 55-67; Новік, Марцуль, 1998: 92-101; Краўцэвіч, 1999: 61-63; Семянчук, 2000: 195-202; Гурэвіч, 2003: 52-55; Лінднэр, 2003: 450-459.

[4] Мікалоюс Даўкша (літ. Mikalojus Daukša), вядомы ў крыніцах паводле польскага напісання Mikołaj Dauksza ці Dowksza.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX