Папярэдняя старонка: Дзярновіч Алег

'Гуды' як гістарычны назоў беларусаў па-літоўску: 'готы' ці 'варвары'   


Аўтар: Дзярновіч Алег,
Дадана: 13-03-2013,
Крыніца: Алег Дзярновіч. “Гуды” як гістарычны назоў беларусаў па-літоўску: “готы” ці “варвары”? // Беларусь і беларусы сярод суседзяў: гістарычныя стэрэатыпы і палітычныя канструкты. Матэрыялы міжнароднай канферэнцыі. Рэдактары: Алесь Лагвінец, Таццяна Чуліцкая. Варшава: Uczelnia Łazarskiego, 2013. С. 53—65.

Спампаваць




"Гуды" як гістарычны назоў беларусаў па-літоўску: "готы" ці "варвары"?

У сучаснай літоўскай мове для пазначэння беларусаў зноў сталі актыўна выкарыстоўваць архаічнае слова гуды (gudaі). Яшчэ ў XVI ст. адзін са стваральнікаў літоўскага пісьменства Мікалай Даўкша выкарыстоўваў гэты тэрмін для пазначэння славянамоўнага насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага [1]. Гэтая традыцыя працягнулася і ў XVII-XVIII ст. [2] Таксама ў ХІХ ст. тэрмін "гуды" мог распаўсюджвацца і на расійцаў, як на ўсходніх славянаў [3].
Не хаваў свайго здзіўлення Васіль Тацішчаў, калі, спасылаючыся на іншых аўтараў, пісаў: "Что ж мы зделаем литвинам, которые россиян гудами зовут?... Что ж то готтами называют?" [4] У першым выпадку расійскі гісторык спасылаўся на крыніцу "Альберт Молнар в Дикционарии венгерском в слове Руссии", у другім - на "Константин Чирвид в Дикционаре литовского в слове рус". Як бачым, Тацішчаў даў тут пашыранае разуменне этноніма "рускі", выкарыстаўшы яго, у тым ліку, у дачыненні да жыхароў Маскоўскай Русі, хоць у тых выпадках мелася на ўвазе Русь Літоўская. Далей у сваіх каментарыях Тацішчаў крыху развіў гэтую тэму: "Литвины руссов гудами зовут. Сего имяни я ни в польских, ни в русских не нахожу, но Стрыйковский сказует, что они русских зовут креви, т. е. верховые, и сие разумеет токмо область Смоленскую для положения оной при вершинах главных в Руси рек Волги, Двины и Днепра, от чего и у русских сарматским креви, славянском верховье, а славяне кревичи имянованы, часть ІІ, н. 21, 22 и 191" [5].
На тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі зафіксавана 115 назваў, звязаных з формай Gudeliai (у Мажэйкяйскім раёне, Расенскім раёне, Кельменскім раёне, Пагегскім раёне). Пры гэтым Ежы Ахманьскі адзначаў, што прызнаючы тып Gudeliai літоўскаю назваю "рускіх" (усходнеславянскіх) паселішчаў, іх цяжка аднесці да экстэрытарыяльных назваў - гэта значыць такіх, якія ўзнікаюць на адлегласці ад уласнай этнічнай тэрыторыі ў цалкам чужым акружэнні [6]. Назвы тыпу Gudeliai былі праяваю пранікнення ўсходніх славянаў на этнічныя балцкія землі. Спарадычна назвы тыпу Gudeliai сустракаюцца на Жмудзі, дзе яны маюць ужо выразна экстэрытарыяльны характар (такіх назваў - 16). Час узнікнення і факт прадуктыўнасці назваў тыпу Gudeliai не да канца зразумелы. Прынамсі, частка паселішчаў з назвамі тыпу Gudeliai, як сведчаць гістарычныя крыніцы, існавала ў XV ст.: "gaium dictum Gudow" ("гай, званы Гудаў") каля Біюцішак (1478 г.) [7]; "поле ці дуброва" каля "Gwdoyczow" [8] на Віленшчыне (1480 г.) [9].
У беларускай тапаніміцы вядомыя ўжо назвы, вытворныя ад "гуды". У Гродзенскай вобласці гэта: Гудагай (Астравецкі р-н), Гудалаўка (Ашмянскі р-н), Гудалі, Гудалішкі (Астравецкі р-н), Гуды (Лідскі р-н), Гудзевічы (Мастоўскі р-н), Гудзянікі (Астравецкі р-н), Гудзянята (Ашмянскі р-н), Гудзелі (Воранаўскі р-н), Гудзінішкі (Воранаўскі р-н), Гудзішкі (Шчучынскі р-н), Гудзяняты (Іўеўскі р-н), Гудэлі (Воранаўскі р-н) [10];
у Мінскай вобласці: Гуды (Валожынскі р-н), Гудовічы (Чэрвеньскі р-н);
у Віцебскай вобл.: Гудава (Верхнядзвінскі і Дубровенскі р-ны), Гудзелішкі (Пастаўскі р-н) [11].

Гуды як "іншыя"

Грунтоўны аналіз, у тым ліку этнаграфічнага матэрыялу, дазволіў даследчыкам "праблемы гудаў" яшчэ ў ХІХ ст. адзначыць, што найменне "гуды" выкарыстоўвалася не толькі для пазначэння беларускага насельніцтва беларуска-літоўскага памежжа. Польскі этнограф Ян Караль Сембжыцкі (1856-1919) адзначаў, што "прускі літовец называе жыхароў наваколляў, якія знаходзяцца на поўдні ад яго, іменем gudai, не звяртаючы ўвагі на тое, ці ёсць яны палякамі, літоўцамі альбо беларусамі" [12]. Блізкія назіранні зрабіў і польскі філолаг-славіст Аляксандр Брукнер (1856-1939): "літоўцы клічуць сваіх суседзяў з усходу гудамі, пры гэтым назіраецца цікавая заканамернасць: прускі літовец называе гудамі жамойтаў, а жамойты гудамі клічуць беларусаў, то бок кожны з гэтых народаў выкарыстоўвае этнонім гуды дзеля пазначэння сваіх усходніх суседзяў" [13]. Эстонскі этнограф Юрый (Георгій) Трусман (нар. 1857) адзначаў, што гудамі маглі называць польскіх літоўцаў, а таксама беларусаў [14]. Беларускі этнограф Міхаіл (Майсей) Грынблат (1905-1983) прыводзіў яшчэ адзін падобны прыклад - літоўцы, якія жывуць на левым беразе Нёмана ў ваколіцах Друскенікаў, называюць гудамі таксама літоўцаў, якія жывуць на правым беразе Нёмана [15].
Магчыма, вось гэтая інакшасць супольнасцяў, прадстаўнікі якіх пазначаюцца як "гуды", а вельмі часта і моўная дыстанцыя, прывяла і да кантэкстуальна скептычнай афарбоўкі тэрміна "гуды". Так, напрыклад, дзічкі (дзікія яблыкі) па-літоўску называюцца gudobelė, а яе плады gudobelės vasius (-iai) альбо gudobelės uoga (-os). Гэта прыніжальная ацэнка "непаўнавартасных" пладовых дрэваў, праўдападобна, была перанесеная з тэрміна gudų. У далейшым назва gudobelė была пашыраная на глог (баярышнік). У гэтай сувязі можна прыгадаць словы Юрыя Трусмана, які ў свой час заўважыў, што "[традыцыйныя] назвы народаў звычайна ўяўляюць сабой мянушкі непрыстойнага зместу" [16].

Спрэчкі пра этымалогію

Такім чынам, можна сцвярджаць, што этнонім гуды гістарычна не суадносіўся з пэўным этнасам. Гэта прыклад "блукаючага" этноніма. Але ж можна вызначыць рэгіён, дзе гэты этнонім "вандраваў": беларуска- літоўскае памежжа, а таксама былая пруская этнічная тэрыторыя.
Ужо ў польскай гістарыяграфіі ўзнікла думка пра сувязь этноніма гуды з яцвягамі. Слова гуды выводзяць са старапрускай назвы Gudwa, якая, у сваю чаргу, звязаная з формай Żudwa, што ёсць скажонай назвай Sudwa, Sudovia [17]. Судовы, у сваю чаргу, - адно з найменняў яцвягаў. Часткова арэал функцыянавання этноніма гуды супадае з тэрыторыяй яцвягаў, але ўсё ж не цалкам, як пра тое піша беларускі філолаг Аляксандр Рогалеў [18] (нар. 1956).
Але яшчэ ў ХІХ ст. Аляксандр Брукнер звязваў этнонім гуды з літоўскім gǔdas, -jis і прускім gudde (лясны, лес), што літаральна азначае "людзі, якія жывуць у лясах" [19]. І тут напрошваецца цікавая паралель з лацінскім пазначэннем яцвягаў у старапольскай традыцыі, як Pollexiani, што інтэрпрэтуюць як Polesianie - "жыхары лясоў, лясістай мясцовасці" [20].
Міхаіл Грынблат таксама схіляўся да "яцвяжскай" версіі паходжання назвы гуды. Ён ставіў пытанне, ці не належаў этнонім gudai якой-небуць мясцовай групе старажытных балтаў. І далей, працягваючы сваю думку, адзначаў, што некаторыя дадзеныя дазваляюць меркаваць, што этнонім gudai быў адной са старажытных назваў яцвягаў, бо некаторыя з іх збліжаюцца з gudai, gudas. Рускія летапісы называюць яцвягаў ятвезе, польскія пісьмовыя крыніцы jacwezi, jacwing, нямецкія Jetwesen. Але таксама ў польскіх і нямецкіх крыніцах мы сустаркаем згадкі яцвягаў пад назвамі sudwy і sydziny (польскія), Sudovita, Sudus, Sudiny (нямецкія). Рэгіён жа паўночна-заходняй Горадні ў польскай традыцыі называўся Судовіяй ці Жудвай, а рымскія папы ў сваіх булах пазначалі яцвягаў як gotveziani. Грынблат заключае: нельга не бачыць блізкасці паміж найменнямі "судавы" - "зудус" - "жудва" - "готвязі" і "гудай" - "гудас" [21].
Але літоўскае gudai мае значэнні, інварыянтам якіх ёсць "той, хто не валодае нашай звычайнаю гаворкаю" [22]. Больш за тое, корань - gud мог выкарыстоўвацца для пазначэння этнічна іншага, сацыяльна больш нізкага пласта [23]. Гэты ж корань мае адносіны да пазначэння лесу, хмызоў і балота.
Да таго ж, сярод некаторых лінгвістаў пашырана меркаванне, што першапачаткова літоўскае гуды паходзіць ад этноніма готы (gutani). Гэта версія ўскрывае найбольш архаічныя пласты народнай свядомасці.

Вандроўкі готаў

Варта нагадаць, што готы - гэта лацінская назва (Gothi), якая паходзіць ад варыянтаў саманазвы Gutans, Gytos. Нямецкі літуаніст Фрэнкель даводзіць, што слова "гуды" ўзнікла ад назвы готаў: "Слова перашапачаткова адносілася да готаў, а пазней - да беларусаў" [24]. Гэтую ж версію падтрымаў літоўскі мовазнаўца Зігмас Зінкявічус [25]. Зрэшты, Міра Гухман лічыць, што сувязь паміж "готамі" і "гудамі" давесці вельмі цяжка, бо gudas фіксуецца толькі з XVI ст. [26] Але гэта погляд германістыкі, якая вывучае помнікі старажытнай гоцкай мовы і спецыяльна не займалася пытаннямі балтыстыкі. Хоць заўвага Гухман наконт часу пісьмовай фіксацыі слова справядлівая.
Для старажытных балцкіх плямёнаў готы былі суседзямі з Поўдня [27]. Хутчэй за ўсё, як адзначае Алег Трубачоў, мы маем справу з паўторным пераносам літоўцамі назвы готаў на іншых суседзяў з поўдня - славян. Для расійскага лінгвіста гэты прыклад быў "быццам недастаткова ацэнены навукай менавіта як паказальнік арэальнай другаснасці балта- славянскіх кантактаў" [28].
Трубачоў таксама прапанаваў рэканструкцыю назвы готаў у славянскай мове: *gъdъ. Падобная форма на ўласна беларускай тэрыторыі адсутнічае, затое вытворныя ад яе акружаюць Беларусь і Палессе паўколам - польскае Gdzew (назва лесу на Мазоўшы, пачатак XV ст.) [29], украінскае Гдов (назва ў Львоўскай вобласці), расійскае Гдов і старажытнарускае Гдовъ (назва горада на ўсходнім беразе Чудскага возера) [30]. Такім чынам, літоўская назва gudas узнікла на стабільным этнічным памежжы, "дзе змяняліся народы, а мяжа заставалася" [31].
Трубачоў мяркуе, што гэтыя назвы "знамянуюць беларускую этнічную мяжу як бы з літоўскага боку". Хутчэй можна казаць, што гэтыя тапонімы раскіданыя на старажытнай балцкай тэрыторыі і знаходзяцца ў паласе даўняй мяжы паміж балтамі і славянамі ў познім Сярэднявеччы.
Такая этымалогія інтрыгавала ўяўленне даследчыкаў. Прыкладам, Фрэнкель бачыў у літоўскім gudas адлюстраванне тых часоў, калі беларусы "разам з балтыйскімі прусамі знаходзіліся пад гоцкім панаваннем у ніжняй плыні Віслы" [32]. Вядома, гэта меркаванне выглядае надта мадэрністычным.
Як адзначаў Аляксандр Рогалеў, тут мы сутыкаемся з асаблівасцю старажытных этнічных назваў - першапачатковы этнічны змест назвы робіцца неактуальным, забываецца, і на першы план выходзіць адэтнанімічнае значэнне, якое замацоўваецца ў свядомасці носьбітаў этноніма ў дачыненні да тых народаў, з якімі дадзеная этнічная група знаходзіцца ў непасрэдным суседстве і ўспрымае іх праз асаблівасці мовы, веры, культуры як "не сваіх", "не нашых" [33]. Пры пераасэнсаванні этноніма адбываецца і пэўнае фанетычнае пераафармленне імя, якое можа быць падставай усвядомленага альбо неўсвядомленага супастаўлення яго па гучанні з якім-небудзь наяўным у мове апелятывам (агульным іменем). Адна з версіяў змены этноніма готы ў гуды прадугледжвае ўздзеянне апелятыва gǔdas -jis ("лясны"). Функцыянаванне этноніма гуды ў рэгіёне ад Прусіі да беларуска-літоўскага памежжа і пераважны напрамак лакалізацыі этноніма ў паўднёва-ўсходнім кірунку можна патлумачыць рухам готаў з Павіслля на Паўднёвы Усход і іх працяглае бытаванне ў гэтым рэгіёне. Балцкія плямёны акрэсленага арэалу адчулі моцнае ўздзеянне з боку племяннога саюзу готаў. Гэтым і можна патлумачыць той факт, што менавіта ў літоўскай мове захавалася форма gudai як своеасаблівая кансервацыя этноніма готаў.

Прыгоды тэрміна ў ХХ ст.

Трэба адзначыць, што самі беларусы ніколі не ўжывалі азначэння гуды адносна сябе саміх. Хоць, напэўна, ім гэты тэрмін быў вядомы. Карта Літвы 1923 г. з пазначэннем народа 'Baltġudžiai' (Debės E. Mažasis mokyklos atlasas. Mastelis 1 : 2000000. Kaunas-Vilnius: Švyturys, 1923. Nr. 4). Беларуская літаратура, якая выдавалася ў першай палове ХХ ст. у міжваенным Коўне - "часовай сталіцы" новапаўсталай Літоўскай Рэспублікі, мела літоўскія падзагалоўкі (?), у якіх для пазначэння Беларусі выкарыстоўваўся менавіта тэрмін Gudija [34]. Таксама для пазначэння беларусаў мог выкарыстоўвацца тэрмін "балтгуды" (Baltġudžiai), як у школьным атласе 1923 г. [35] Карта Беларускай ССР з выдання: Gudija. Kaunas, 1941. У савецкай Літве яшчэ ў 1941 г. для пазначэння Беларусі таксама афіцыйна выкарыстоўваўся тэрмін Gudija, пра што сведчыць, у тым ліку, выдадзеная ў Дзяржаўным выдавецтве Літоўскай ССР кніга, прысвечаная Беларусі, як адной з савецкіх рэспублік [36]. Праўдападобна, ужо пасля заканчэння Другой Сусветнай вайны ў літоўскую мову, як нарматыўная, была ўведзена назва краіны Baltarusija (дакладна Белая Русь), а тэрмін Gudija знік з геаграфічных літоўскіх мапаў [37]. Вяртанне гэтага слова адбылося ўжо ў канцы 1980-х - у 1990-я гады. Але сярод беларускай грамадскасці ацэнкі гэтага слова былі неадназначныя. На пачатку 1990-х Зянон Пазняк вельмі негатыўна выказаўся супраць называння ў літоўскай мове беларусаў гудамі, бо да гэтага тэрміна можна падабраць у якасці сіноніма слова "адсталы". Гэтае выказванне беларускага палітыка і культурніка мае сваю перадгісторыю.
22 кастрычніка 1991 г. у час візіту ў Мінск Старшыні Вярхоўнага Савету Літвы Вітаўтаса Ладсбергіса былі дасягнутыя дамоўленасці па падрыхтоўцы дакументаў, якія мелі рэгуляваць цэлы комплекс адносінаў паміж Літоўскай Рэспублікай і Рэспублікай Беларусь [38]. Падчас гэтага несумненна важнага візіту адбыўся адзін характэрны інцыдэнт. Ландсбергіс рабіў прамову ў Вярхоўным Савеце Беларусі, якую пачаў па-беларуску, а потым працягваў па-расійску. У сваёй прамове літоўскі лідар назваў абвяшчэнне дзяржаўнага статусу беларускай мовы "істотным крокам беларускага нацыянальнага адраджэння". Далей высокі госць нечакана заявіў: "Паколькі і мы клапоцімся за (гэта пераклад аўтара? Ці арыгінальны тэкст?) сапраўднасць і чыстату літоўскай мовы, то згадваецца усё часцей, што ваш народ называецца па-літоўску старажытнай літоўскай назвай "гудай". Не здзіўляйцеся, можа быць, мы станем выкарыстоўваць гэтую назву: Гудзіос Рэспубліка. Зноў афіцыяльна, як у 1918 і 1940 гадах. І тады яшчэ больш усвядомім нашу блізкасць. Бо сама Літва напоўненая імёнамі людзей Гудас, Гудайціс, Гудзінас, Гудавічус, Гудзінскас, Гудзюнас і назвамі мясцовасцяў Гудалей, Гудаўгера, Гудакевас, якія найлепш іншага сведчаць знакамі старажытнага жыцця пра супольную гісторыю і сумежную геаграфію нашых краінаў і народаў" [39]. Беларускім інтэлектуалам гэта не спадабалася і яны рашуча выступілі за варыянт Baltarusija [40].
Прыклад выкарыстання на сучасных літоўскіх картах азначэння Gudija. У сучасным літоўскім грамадстве праблема тэрмінаў Gudija - Baltarusija выклікае цікавасць у пэўных колах. Вось, напрыклад, як у адказ на пытанне чытачоў патлумачылі суаднясенне значэнняў гэтых словаў у Інтэрнэт-школе літоўскай мовы "Debesėlis": "Мы таксама маем назоўнікі для азначэння насельнікаў гэтай краіны: беларус, гуд.
Baltarusis - гэта, безумоўна беларус, але gudas мае шырэйшае значэнне: гэта і беларус, але й таксама той, чыя родная мова - усходнеславянская (руская, украінская і г.д., відаць).
Што да імя краіны, дык Балтарусія - больш пашыранае слова, каб казаць Беларусь. Мне падаецца, што Гудыя можа азначаць старыя гістарычныя тэрыторыі Вялікага княства літоўскага, населеныя славянамі, але я ня ўпэўнены". [41].
У культурніцкім жа друку, як, напрыклад, у вядомым часопісе "Kultūros barai", для пазначэння і сучаснай Беларусі досыць часта выкарыстоўваецца слова Gudija. Напрыклад, артыкул Стасіса Катаўскаса ў арыгінале называецца "Gudija: Demokratijos lūkesčiai ir dvejonės dėl tautinės tapatybės" [42]. У англійскім жа перакладзе гэты ж тэкст мае назву "Belarus: Hopes for democracy and doubts about national identity" [43]. Таксама ў літоўскай версіі Вікіпедыі тэрмін Gudija падаецца як сінонім азначэння Baltarusija пры тым, што асноўным тэрмінам застаецца Baltarusija: "Baltarusijos Respublika (Baltarusija arba Gudija) yra žemyninė valstybė Rytų Europoje, tarp Lenkijos, Ukrainos, Rusijos, Latvijos ir Lietuvos" [44].
Усё ж адмоўныя канатацыі тэрміна гуды ў сучаснай літоўскай мове маюць кантэкстуальны характар. Гэтае слова можа прагучаць як нейтральнае, а можа і сапраўды мець даўнейшы крытычна-скептычны змест. Гратэскавасць жа тут сапраўды прысутнічае, што выявілася і на старонках сатырычна-анекдатычнай версіі літоўскай Вікіпедыі - Піпедыі (Pipedija). Артыкул пра Беларусь, увогуле добразычлівы, пададзены там у жартаўлівай форме. Вось пачатак гэтага артыкула, дзе даволі саркастычна раскрываецца дэфініцыя: "Baltarusija, o išties - Gudija - Sovietinės nostalgijos slaviškoji* baltiškųjų gudų žemė su lietuviškomis priemaišomis (pvz. Gervėčiuose), kurioje valdo Aleksandras Lukašenka" (Балтарусія, а на самой справе Гудзія, - гэта настальгуючая па савецкаму славянская* балтыйская зямля балтыйскіх гудаў з дамешкамі літоўцаў (напрыклад, Гервяты), якой кіруе Аляксандр Лукашэнка) [45]. Асобна варта спыніцца на тэрміналагічнай праблеме ў навукова- гуманітарнай сферы. У прыватнасці, такія праблемы паўсталі перад літоўскімі выдаўцамі Метрыкі і Статутаў ВКЛ. На нейкім этапе ў акадэмічных колах Літвы існавала тэндэнцыя пазначаць мову гэтых помнікаў пісьменства як "канцылярскую" ці "славяна-канцылярскую". Можам прасачыць змену тэндэнцыяў на прыкладзе Судовых кніг Метрыкі ВКЛ, якія рыхтуе да выдання Група Літоўскіх Статутаў і Літоўскай Метрыкі Віленскага ўніверсітэту. У 1900-х гадах публікатары абыходзіліся эўфемізмам "арыгінальная мова тэкстаў крыніцаў" ("Šaltinių tekstas originalo kalba") [46], то 2000-х гадах у пазначэнні мовы сталі дадаваць тэрмін gudų ("Šaltinių tekstas originalo (gudų) kalba") [47]. А апошнім часам таксама з'явілася азначэнне "старагудская мова" ("Tekstas senaja gudų kalba") [48] - фактычна, гэта пераклад тэрміна "старабеларуская мова". Cтанісловас Лазутка, які абгрунтоўваў апраўданасць тэрміна "gudų kalba", а таксама падтрымліваў само ўжыванне тэрміна "старабеларуская мова", адзначаў, тым не менш, пэўную гратэскнасць слова "gudų" [49]. Цяжка падабраць прыклады іншых словаў і з іншых моваў, якія б адэкватна ілюстравалі падобную сітуацыю суаднясення розных адценняў сэнсу этнанімічнага тэрміна.
Ці можам мы зрабіць нейкія практычныя рэкамендацыі ў выніку гэтага аналізу тэрміна-этноніма? Пры ўсёй няўдала калькаванай канструкцыі тэрмін Baltarusija выконвае свае афіцыйныя функцыі. Тэрмін Gudija ёсць больш арыгінальны і архаічны, але не пазбаўлены сваіх адмоўных падтэкстаў. Што праўда, значнасць гэтых дадатковых значэнняў паступова змяншаецца ў сучаснай літоўскай свядомасці і мове. Магчыма, ёсць сэнс абмеркаваць у беларуска-літоўскім дыялогу легітымацыю тэрміна Gudija на афіцыйным узроўні. Але тут свае аргументы павінны выказаць як лінгвісты і гісторыкі, так і палітыкі і дыпламаты з абедзвюх краін.

* У арыгінале гэтае слова перакрэслена.

[1] Zinkevičius Z. Lietuvių kalbos istorija. T. III: Senųjų raštų kalba. Vilnius, 1988. P. 194.

[2] Lebedys J. Lietivių kalba XVII-XVIII a. viešajme gyvenime. Vilnius, 1976. P. 50.

[3] Baranauskas A. Kelionė Petaburkan // Baranauskas A. Rinktinė. Vilnius, 1994. P. 47, 50, 57.

[4] Татищев В.Н. История российская. Т. 1. Москва, Ленинград, 1962. С. 299.

[5] Татищев В.Н. История российская. Т. 1. С. 309, спас. 24.

[6] Охманьский Е. Иноземные поселения в Литве в ХІІІ-ХІV вв. в свете этнонимических местных названий // Балто-славянские исследования, 1980. Москва, 1981. С. 113, 115-116.

[7] Fijalek J., Semkowicz W. Kodeks diplomatyczny katedry i diecezji Wileńskiej, T. I, Krakόw, 1948. Nr. 311. S. 367.

[8] Так назва падаецца ў крыніцы. Маецца на ўвазе Gvdoyczow / Gudoyczow.

[9] Fijalek J., Semkowicz W. Kodeks diplomatyczny... Nr. 347. S. 404.

[10] Жучкевич В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Мн., 1974. С. 88-89; Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: Нарматыўны даведнік / Пад рэд. В.П. Лемцюговай. Мн., 2004. С. 64, 66, 78, 87, 103, 107, 147, 149, 220, 267, 278, 363.

[11] Гл. таксама: Рогалев А.Ф. Этноним гуды на географической карте: поиски исторической мотивации // Советская этнография. 1989. № 6. С. 118-122.

[12] Sembrzycki J. Ziemie północne i zachodnie kraju zudwińskiego i ich granice // Wisła (Warszawa). 1891. T. V, № 4. S. 852.

[13] Brückner A. Starożytna Litwa. Ludy i bogi. Szkice historyczne i mitologiczne. Olsztyn, 1985. S. 17.

[14] Трусман Ю.Ю. Этимология местных названий Витебской губернии. Ревель, 1897. С. 82.

[15] Гринблат М.Я. Белорусы. Очерки происхождения и этнической истории. Мн., 1968. С. 162.

[16] Трусман Ю.Ю. Этимология местных названий Витебской губернии. С. 82.

[17] Kamiński A. Jaćwież. Terytorium, ludność, stosunki gospodarcze i społeczne. Łódź, 1953. S. 31-32.

[18] Рогалев А.Ф. Этноним гуды на географической карте... С. 119.

[19] Brückner A. Starożytna Litwa. S. 197.

[20] Kamiński A. Jaćwież. S. 19-22.

[21] Гринблат М.Я. Белорусы. Очерки происхождения и этнической истории. Мн., 1968. С. 163.

[22] Иванов В.В., Топоров В.Н. О древних славянских этнонимах (основные проблемы и перспективы) // Славянские древности. Киев, 1980. С. 18-19.

[23] Топоров В.Н. Прусский язык. Словарь. [Вып. 2:] E-H. М., 1979. С. 327.

[24] Fraenkel E. Litauisches etimologisches Wörterbuch. Bd. 1. Heidelberg; Göttingen, 1962. S. 174; Frenkelis E. Baltų kalbos / Vertė S. Karaliūnas. Vilnius, 1969. P. 26.

[25] Гл.: Зинкявичюс З. Восточная Литва в прошлом и настоящем / Пер. с лит. О. Дундайте. Vilnius, 1996. C. 78; Zinkevičius Z. Krikščionybės ištakos Lietuvoje: Rytų krikščionybė vardyno duomenimis. Vilnius, 2005; Дзярновіч А. Да разнастайнасьці імёнаў [Рэцэнзія:] Zinkevičius, Zigmas. Krikščionybės ištakos Lietuvoje: Rytų krikščionybė vardyno duomenimis. Vilnius: Katalikų akademijos leidykla, 2005. 112 р., 7 il. [Зінкявічус, Зігмас. Вытокі хрысьціянства ў Літве: Хрысьціянства ўсходняга абраду паводле зьвестак анамастыкі. Вільня: Выдавецтва Каталіцкай Акадэміі, 2005. 112 с., 7 іл.] // Наша Ніва. 2006, 3 сакавіка, № 9. С. 44-45.

[26] Гухман М.М. Готский язык. С. 7.

[27] У археалагічным сэнсе з плямёнамі готаў атаясамляецца Вельбарская культура. Гл. апошнюю публікацыю: Белявец В. Насельніцтва вельбарскай культуры на тэрыторыі Беларусі // Беларускі гістарычны часопіс. 2009. № 5. С. 25-32.

[28] Трубачев О.Н. В поисках единства. Взгляд филолога на проблему истоков Руси. Москва, 2005. С. 77.

[29] Wolff A., Rzetelska-Feleszko E. Mazowieckie nazwy terenowe do końca XVI wieku. Warszawa, 1982. S. 50.

[30] Фасмер М. Этимологический словарь русского языка. Т. 1. С. 400.

[31] Трубачев О.Н. В поисках единства. С. 78.

[32] Fraenkel E. Litauisches etimologisches Wörterbuch. Bd. 1. S. 174.

[33] Рогалев А.Ф. Этноним гуды на географической карте... С. 120.

[34] Беларускі сьцяг = Gudų Veliava: Штомесячнік (Коўна). 1922. № 1-4; Voronko J. Gudų klausimas. Kaunas, 1919.

[35] Debės E. Mažasis mokyklos atlasas. Mastelis 1 : 2000000. Kaunas-Vilnius: Švyturys, 1923. Nr. 4 (Lietuva). [online]. Available at: www.maps4u.lt/lt/includes/siuntiniai/Z/Debe_Atlasas_1923.htm (Accessed 15 January 2012).

[36] Gudija. Kaune: LTSR Valstybinė leidykla, 1941.

[37] Тут жа паўстае яшчэ адна тэрміналагічная праблема: па-літоўску Rusija - гэта і Русь, і Расія. Значыць, Baltarusija можа успрымацца і як Белая Расія.

[38] Пасланцы янтарнага краю (Белта) // Звязда. 1991, 23 кастр. С. 1.

[39] Прамова Старшыні Вярхоўнага Савета Літоўскай рэспублікі Вітаўтаса Ландсбергіса ў парламенце Рэспублікі Беларусь 22 кастрычніка 1991 года // Народная газета. 1991, 29 кастр. С. 1.

[40] Новікаў, Алег. Незалежнасць: пачатак // Новы час. 2011, 10 кастр., № 39. С. 14. Інтэрнэт-версія: Рэжым доступу novychas.org/sites/default/files/NCH-39-2011.pdf Дата доступу: 14.01.2012.

[41] 'Gudija ar Baltarusija'. Debesėlis Online Lithuanian School. Available at: debeselis.net/forum/viewtopic.php?t=169 (Accessed 15 January 2012).

[42] Katauskas, Stasys. Gudija: Demokratijos lūkesčiai ir dvejonės dėl tautinės tapatybės // Kultūros barai. 2006. № 2.

[43] Katauskas S. (2006) 'Belarus: Hopes for democracy and doubts about national identity.' Eurozine: European Cultural Journals Network [online]. Available at: www.eurozine.com/articles/2006-03-16-katauskas-en.html (Accessed 15 January 2012).

[44] 'Baltarusija'. Vikipedija: Laisvoji enciklopedija. Available at: lt.wikipedia.org/wiki/Baltarusija (Accessed 15 January 2012).

[45] 'Gudija'. Pipedija: Laisvoji enciklopedija. Available at: www.pipedija.com/index.php/Gudija (Accessed 15 January 2012).

[46] Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 225 (1528-1547): 6-oji Teismų bylų knyga (XVI a. pabaigos kopija) / Spaudai parengė S. Lazutka, I. Valikonytė ir kt. Vilnius, 1995. P. 338; Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 224 (1522-1530): 4-oji Teismų bylų knyga (XVI a. pabaigos kopija) / Spaudai parengė S. Lazutka, I. Valikonytė ir kt. Vilnius, 1997. P. 514; Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 227 (1533-1535): 8-oji Teismų bylų knyga (XVI a. pabaigos kopija) / Spaudai parengė I. Valikonytė, S. Lazutka, N. Šlimienė ir kt. Vilnius, 1999. P. 305.

[47] Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 230 (1542): 11-oji Teismų bylų knyga (XVI a. pabaigos kopia) / Spaudai parengė I. Valikonytė, S. Viskantaitė, L. Steponavičienė. Vilnius, 2001. P. 120; Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 229 (1540-1541): 10-oji Teismų bylų knyga (XVI a. pabajgos kopija) / Parengė S. Lazutka, I. Valikonytė, S. Viskantaitė-

Saviščevienė, J. Karpavičienė. Vilnius, 2003. P. 264; Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 231 (1540-1543): 12-oji Teismų bylų knyga (XVI a. pabaigos kopia) / Parengė I. Valikonytė, N. Šlimienė, S. Viskantaitė-Saviščevienė, L. Steponavičienė. Vilnius, 2007. P. 395.

[48] Lietuvos Metrika = Lithuanian Metrica = Литовская Метрика. Knyga Nr. 234 (1546-1548): 19-oji Teismų bylų knyga (XVI a. pabaigos - XVII a. pradžios kopia) / Parengė I. Valikonytė, S. Viskantaitė-Saviščevienė, L. Steponavičienė. Vilnius, 2009. Р. 291; Lietuvos Metrika = Lithuanian Metrica = Metryka Litewska = Литовская Метрика. [Knyga Nr. 251]: (1555-1558): 37-oji Teismų bylų knyga (XVI a. pabaigos kopia) / Vilniaus universitetas; parengė Irena Valikonytė, Lirija Steponavičienė. Vilnius, 2010. P. 314.

[49] Лазутка С., Валиконите И., Гудавичюс Э. Первый Литовский Статут (1529 г.). Вильнюс, 2004. С. 65.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX