Папярэдняя старонка: Дзярновіч Алег

'Генеалогія Літвы': Да праблемы эвалюцыі этнічных і сацыяльных супольнасцяў у познім Сярэднявечы і раннім Новым часе 


Аўтар: Дзярновіч Алег,
Дадана: 29-01-2013,
Крыніца: Дзярновіч Алег. 'Генеалогія Літвы': Да праблемы эвалюцыі этнічных і сацыяльных супольнасцяў у познім Сярэднявечы і раннім Новым часе // Першы Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі. Працоўныя матэрыялы. Т. 1, 2012. Kaunas: Vitautas Magnus University Press, 2011. С. 30-34.

Спампаваць




Анатацыя:
Ад першых прыгадак Літвы ў пісьмовых крыніцах ХІ-ХІІ стст. гэты край выступае як паганскі, куды скіроўваецца місійная дзейнасць лацінскай царквы пры падтрымцы польскіх князёў, а таксама экспансіянісцкая палітыка Кіеўскіх князёў. Але ёсць яшчэ і сацыяльнае вымярэнне даўняй Літвы. Узнікненне ў Літве одальнай (алоднай)) уласнасці стала прычынай таго, што грамадскае развіццё пайшло па шляху ўзмацнення індывідуальных пачаткаў.
Abstract:
From the first mention of Lithuania in written sources of the 11 th - 12 th centuries, this region appears as a heathen land to which the missionary activity of the Latin Church is headed, supported by the Polish princes, accompanied by the expansionist policy of the princes of Kyiv. But there is also a social dimension of ancient Lithuania. The emergence of odal (allod) property in Lithuania was the reason for the social development to follow the way of strengthening an individual basis.

Ключавыя словы: Літва, місіянерства, одаль (алод), землекарыстанне, прававая традыцыя
Keywords: Lithuania, missionary, Odal (Allod), land tenure, legal tradition


Антыэвалюцыйны погляд на гісторыю этнічных і сацыяльных супольнасцяў Сярэднявечча, дазваляе спараджаць, ужо ў Найноўшым часе, цэлую плойму гістарыяграфічных канцэпцый, у цэнтры ўвагі якіх знаходзяцца этнічныя інтэрпрэтацый падзей палітычнай гісторыі. Ці ж заўжды "Літва" заставалася тым нязменным, вакол якога і адбываліся палемікі ды цывілізацыйныя змены ў нашым рэгіёне? Адказ на гэтае пытанне запатрабуе прасачыць эвалюцыю канцэпту Літва на працягу, як для нашага рэгіёна, даволі працяглага тысячагадовага перыяду пісьмовай гісторыі. Паспрабуем жа тут засяродзіцца на пачатковым этапе функцыянавання Літвы ў гістарычным наратыве, а таксама на перыядзе максімальнага, у сэнсе абшараў і інстытутаў, пашырэння Літвы. Храналагічна гэтыя працэсы ахопліваюць позняе Сярэднявечча і ранні Новы час, а іх характарыстыка можа быць названая "генеалогіяй Літвы".

1. Першыя прыгадкі: Этап знешняй фіксацыі

У 1002 г. рымскі папа Сільвестр ІІ надаў ахопленаму місіянерскімі ідэямі Бруна тытул archiepiscopus gentium - арцыбіскуп плямёнаў, гэта значыць - язычнікаў. Такім чынам, у Бруна не было канкрэтнага дыяцэзу, ён мусіў быў ствараць яго сам сярод навернутых на хрысціянства народаў.

Увосень 1008 г. разам з 18-ю спадарожнікамі выехаў у кірунку Прусіі. Як толькі яны ўвайшлі ў прускія пушчы, то былі схопленыя і прыведзеныя да мясцовага ўладара Нецімера. Далейшыя падзеі мы ведам толькі з паданняў. Ясна адно, што адбыўся рэлігійны дыспут, пад час якога Бруна схапіў ды кінуў у вогнішча паганскага ідала. За гэта сам быў асуджаны на спалення. Аднак распаліць вогнішча пад Брунам не атрымалася і прусы палічылі гэта боскім знакам.

Нецімер і 30 яго набліжаных, верагодна дружына, прынялі хрысціянства. Але гэта стварыла новы полюс супярэчнасці ў прускім грамадстве. Таму ў далейшым місія Бруна склалася няўдала. З уладанняў Нецімера ён накіраваўся далей і апынуўся ва ўладаннях іншага прускага лідэра - Забедэна (Жэбедзіса). Там 9 сакавіка 1009 г. Бруна быў схоплены і па загаду князька абезгалоўлены, а 17 з яго 18 спадарожнікаў павешаныя. Галаву Бруна кінулі ў раку. У вельмі позніх крыніцах раку завуць Алстрай (* Alstros), і некаторыя даследчыкі атаясамліваюць яе з ракой Ятра (цяпер р. Ятранка), прытокам Моўчадзі.

Як бы там не было, але "Кведлінбургскія аналы" - сусветная хроніка, складзеная каля 1025 г. у Кведлінбургскім абацтве ў Саксоніі, - каротка паведамляюць, што "Святы Бруна, які называўся Баніфацыям, арцыбіскуп і манах, быў абезгалоўлены на мяжы Русі і Літвы у 11 год сваёй падвіжніцкай дзейнасці разам з 18 спадарожнікамі, і 9 сакавіка ўзнёсся на неба".

Сёння верагоднае месца гібелі Бруна даследчыкі размяшчаюць на яцвяжскіх тэрыторыях, у працяглым рэгіёне паўночна-заходней лініі Ваўкавыск - Наваградак, альбо, проста, на землях Панямоння. І гэты год - 1009 г., - сапраўды ёсць першай прыгадкай назвы "Літва" ў пісьмовых крыніцах.

Ужо прыблізна праз стагоддзе, у пачатку ХІІ ст. мы сустракаем новыя згадкі пра Літву, але ўжо ў рускіх крыніцах. Ці розніцца ўспрыманне Літвы рускіх летапісцаў ад лацінскіх храністаў? "Нестар" заўжды падае "літву" ў множным ліку, і належыць яна да Яфетычных народаў, «яшася полунощныя страны и западныя». Самая ж фундаментальная характарыстыка «літвы» - тое, што гэта "языцы", што трактуецца, як паганцы. Апроч таго, у недатаванай частцы "Аповесці мінулых часоў" сцвярджаецца, што "літва", сярод іншых народаў, дае даніну Русі. Праўда, пад 1038 г. і 1040 г. адзначаны паходы Кіеўскага князя Яраслава на "ятвягі" і "літву". Гэты тры прыгадкі - усё, што мы маем пра Літву ў "Аповесці мінулых часоў".

У Летапісцы Пераяслаўля-Суздальскага сюжэт залежнасці Літвы ўзнацняецца, калі сцвярджаецца, што "літва" "испръва исконники данници и конокръмци". Гэты летапіс быў складзены, як мяркуецца, паміж 1214 і 1219 гг., але захаваўся ў спісе XV ст.

З-за надта вялікай фрагментарнасці падобных паведамленняў, мы не можам ў сапраўднасці казаць пра рэальныя маштабы гэтай залежнасці, а таксама пра тое, ці ўся "літва" плаціла гэтую даніну. Для знешніх сузіральнікаў ХІ-ХІІ ст. Літва - гэта, найперш, паганскі край, у якім праводзіцца місійная дзейнасць лацінскай царквы пры падтрымцы польскіх князёў, а таксама экспансіянісцкая палітыка Кіеўскіх князёў. "Аповесць мінулых часоў" адносіць «литву» да «всих языци» - гэта значыць, да паганцаў. Этнічныя ацэнкі ў гэтых крыніцах не даюцца.

2. Сацыяльнае вымярэнне старажытнай Літвы

Узнікненне ў Літве одальнай уласнасці стала прычынай таго, што грамадскае развіццё пайшло па шляху ўзмацнення індывідуальных пачаткаў. Одаль - гэта выдзелены для сямейнага карыстання надзел сям'і, які з'яўляецца яе спадчыннай маёмасцю. Гэта значна адрозніваецца ад звычаяў абшчыннага карыстання, распаўсюджаных больш на ўсходзе, і з'яўляецца аналагам еўрапейскага "алоду".

Родавы ж прынцып не прадугледжваў безумоўнага неабмежаванага ўладання - зямля не магла адчужацца ад роду. Але гэта не перашкодзіла складванню індывідуальных форм распараджэння ўласнасцю. Не пазней жа XIV ст. у дачыненні да князёў даніна страціла большую частку прыкмет кантрыбуцыі і пераўтварылася ў зямельную рэнту. І таму, што рэнта непасрэдна звязвае данніка з гаспадаром, складваецца не якая іншая, але феадальная залежнасць: над індывідуальнай рэальнай уласнасцю землеўладальніка ўзнікае намінальная уласнасць валадара на гэтую ж зямлю. Такім чынам, заключае сучасны літоўскі гісторык Эдвардас Гудавічус, ХІІІ-XIV стст. былі перыядам ранняга, ці пачатковага, феадалізму XIV ст.

У выніку, літоўскае грамадства складвалася на грунце індывідуальнай уласнасці, то бок складвалася феадальнае права, якое аб'ядноўвае ўладанне зямлёй з павіннасцямі, а ўмовы ўладання - з характарам павіннасцяў. Пры такіх абставінах асоба вылучаецца як прававы суб'ект. Пакаранне ўводзілася вялікакняскай уладай, але злачынствы супраць асобы успрымаліся як крыўда і зварочвалася кампазіцыямі (адплатай, узнагароджаннем пакрыўджанаму).

Тое, што одаль узнік раней за дзяржаву, паўплывала таксама на тое, што прысяга (разам з супрысяжнымі), а не судовае спаборніцтва, сталі асноўным крытэрыем доказу. Таксама існаваннем одаля прадыктаваныя надзвычай суворыя пакаранні за крадзежы

Яшчэ адзін сацыяльны след архаічнай Літвы, праўдападобна, захаваўся ў такім феномене, як "лейці". Лейцямі ў крыніцах называюць адну з групаў сялянаў, якія без выключэння належалі да дамену вялікага князя літоўскага. Артурас Дубоніс бачыць у "лейцях" этнічныя рысы гэтага сацыяльнага інстытута. Такім чынам, адбываецца прыўнясенне сацыяльнага вымярэння ў разуменне познесярэднявечнай Літвы.

У крыніцах XVI ст. рэгіён "Літва" ў межах ВКЛ адрозніваецца ад "Русі" сістэмай павіннасцяў феадальна-залежнага насельніцтва, прынамсі, пасля Аграрнай рэформы сярэдзіны XVI ст. У "Літве" гэта пераважна паншчына, на "Русі" - традыцыйная натуральная і грашовая даніна, пазней таксама чынш.

3. Феномен прававая традыцыя

XVI ст. у Вялікім Княстве Літоўскім адзначана ўсталяваннем прававой традыцыі (Статуты ВКЛ і Галоўны Трыбунал ВКЛ), якая захавала сваю юрыдычную сілу да пачатку ХІХ ст., а гістарычна значэнне яе адчувалася і надалей. Услед за Юліюшам Бардахам мы можам задаць пытанне: як здарылася, што Вялікае Княства Літоўскае дасягнула кадыфікацыі такога ўзроўню, якога не змагла стварыць Карона Польская і ніякая іншая дзяржава Усходняй і Цэнтральнай Еўропы? Якія прычыны паўплывалі але тое, што краіна, якая, аднак, не лічылася тагачасным еўрапейскім лідэрам, у галіне заканадаўчай улады заняло такое незвычайнае, і нават выключнае месца? Вядомы польскі гісторык-правазнаўца сярод адказаў на гэтае пытанне называе таксама фактар "унутранай неадналітасці Вялікага Княства і ўзніклую тэндэнцыю да яе пераадолення".

На працягу XVII - XVIII ст. шмат якія з мінулых рэгіянальных адрозненняў у Рэчы Паспалітай паступова перасталі ўплываць на захаванне асобнасці Вялікага Княства. Але можна сцвярджаць, што прававая традыцыя зберагла Літву.

Аналіз падарожжа тэрміну "Літва" на працягу пяці стагоддзяў, пачынаючы ад першай прыгадкі ў 1009 г. і да стварэння Трэцяга Статута ВКЛ у 1588 г., ёсць добрай ілюстрацыяй нелінейнай змены сэнсаў гэтага азначэння. Ад пачатку этнічнае напаўненне было недзе на перыферыі семантычнага напаўнення "Літвы". Далей, на працягу XIV-XV ст. мы бачым канструявання дзяржаўна-палітычнай традыцыі Літвы. Часткаю гэтага працэсу было ўзнікненне этнічнага складнік канцэпту "Літва", які часам гарманіраваў з усталяваннем дзяржаўна-палітычнай цэльнасцю ВКЛ, а часам правакаваў узнікненне новых ментальных межаў (у тым ліку, радыкальны праект "лаціна як літоўская мова"). Нармалізаваць і стрымаць падобныя тэндэнцыі, якія маглі быць небяспечнымі для ВКЛ, здолелі дзве зусім розныя з'явы - усталяванне ўласнай высокай прававой традыцыі і негвалтоўная паланізацыя эліт ВКЛ.

Алег Дзярновіч, кандыдат гістарычных навук
Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Aleh Dziarnovich, PhD
Institute of History, NAS of Belarus

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX