Папярэдняя старонка: Артыкулы

Эпісталярная спадчына акадэміка Я. Ф. Карскага як крыніца па гісторыі даследаванняў беларускай мовы і этнагенэзу беларускага народа 


Аўтар: Сыцько К. В.,
Дадана: 11-04-2018,
Крыніца: Сыцько К. В. Эпісталярная спадчына акадэміка Я. Ф. Карскага як крыніца па гісторыі даследаванняў беларускай мовы і этнагенэзу беларускага народа / К. В. Сыцько // Вестник Фонда Фундаментальных Исследований. № 1. - 2018, с. 43-49.



УДК: 930.2:929

К. В. СЫЦЬКО

ЭПІСТАЛЯРНАЯ СПАДЧЫНА АКАДЭМІКА Я. Ф. КАРСКАГАЯК КРЫНІЦА ПА ГІСТОРЫІ ДАСЛЕДАВАННЯЎ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ І ЭТНАГЕНЭЗА БЕЛАРУСКАГА НАРОДА

Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

В статье рассматривается эпистолярное наследие этнографа, слависта, палеографа академика Ефимия Фёдоровича Карского по вопросам изучения истории белорусского языка, этнографии и этногенеза белорусского народа. Данные исторические источники распылены по различным фондам разных архивов, что усложняет задачи их сбора и обработки. Большинство писем из массива отобранных, ранее не были введены в научный оборот. На основании выявленных эпистолярий анализируется работа Е. Ф. Карского и его корреспондентов по вопросам изучения белорусского народа, его социокультурных и лингвистических доминант.


K. W. SYTSKO

EPISTOLARY HERITAGE OF ACADEMICIAN E.F. KARSKY AS A SOURCE ON THE HISTORY OF STUDIES OF THE BELARUSIAN LANGUAGE AND ETHNOGENESIS OF THE BELARUSIAN NATION

Institute of History of the National Academy of Sciences of Belarus

The article examines the epistolary heritage of the Ethnographer, Slavist, Paleographer academician E.F. Karsky concerning the study of the history of the Belarusian language, ethnography and ethnogenesis of the Belarusian people. These historical sources are scattered across various funds of different archives, which complicates the tasks of collecting and processing them. Most of the letters from the array selected had not previously been put into scientific use. The author analyzes the work of E.F. Karsky and his correspondents on the study of the Belarusian people, its socio-cultural and linguistic dominants on the base of the epistolary revealed.


Архівамі РАН, Цэнтральным Навуковым Архівам НАН Беларусі, а таксама Інстытутам гісторыі НАН Беларусі вядзецца падрыхтоўка зборніка гістарычных крыніц, прысвечанага выбітнаму філолагу-славісту, этнографу і палеографу, акадэміку Яўхіму Фёдаравічу Карскаму.

Галоўнае месца ў дадзенай працы займаюць лісты асобаў, з якімі шчыльна супрацоўнічаў Я. Ф. Карскі (і, адпаведна - яго лісты да гэтых асобаў). Так, на сённяшні момант выяўлена і апрацавана больш за тысячу эпісталярый, у якіх асвятляюцца пытанні навуковай дзейнасці асобы, якая нас цікавіць, яе навуковых і асабістых сувязей, падрыхтоўкі да друку артыкулаў, даследаванняў гісторыі беларускай мовы і шмат інш. Пры гэтым нельга не адзначыць, што комплекснае даследаванне дадзеных гістарычных крыніц, а таксама ўвядзенне большай іх часткі ў навуковы ўжытак, робяцца ўпершыню ў айчыннай гістарыяграфіі.

У дадзеным артыкуле не мае сэнсу рабіць падрабязны пералік карэспандэнтаў акадэміка Карскага па прычынах іх вялікай колькасці. Варта толькі адзначыць, што сярод тых, з кім ліставаўся Яўхім Фёдаравіч, такія асобы, як Янка Купала, Якуб Колас, І. А. Сербаў, Ф. К. Аляхновіч, С. М. Некрашэвіч, А. А. Шахматаў, П. В. Шэйн, М. Я. Нікіфароўскі, Е. Р. Раманаў, В. К. Бялыніцкі-Біруля, М. І. Гарэцкі, М. М. Шчэкаціхін, Я. Ю. Лёсік, А. А. Шлюбскі і шмат інш.

Заўважнай крыніцазнаўчай і археаграфічнай асаблівасцю гістарычных крыніц, звязаных з Карскім, з'яўляецца тое, што матэрыялы размяшчаюцца ў некалькіх дзясятках фондаў ( напрыклад, фонды 104, 124, 134, 292, 654 архіваў РАН у Санкт-Пецярбурзе, фонд 136 НГАБ у Мінску і шмат інш.), што некалькі ўскладняе архіўную эўрыстыку. У дадзеным артыкуле да разгляду прапануюцца толькі тыя з выяўленых у памянёных фондах эпісталярый, якія змяшчаюць звесткі аб працах па гісторыі беларускай мовы, збору беларускіх словаў для слоўніка, этнагенэзу беларусаў і г. д.

Адным з галоўных матываў захаваных лістоў, датычных беларускай мовы, з'яўляецца г. зв. "Программа собирания особенностей белорусского наречия", якую ініцыяваў акадэмік Карскі. Як вынікае з лістоў да Аляксеея Аляксандравіча Шахматава ( з якім у Я. Ф. Карскага ўсталяваліся сяброўскія адносіны - К. С.), праграма была складзена ў падабенстве і пад уплывам "Программы северно-великорусского наречия" напачатку 1896 г. [1, арк. 5]. Праца расцягнулася амаль на два дзесяцігоддзі і вялася ў адносна складаных умовах. Яўхім Фёдаравіч, будучы на той момант экстраардынарным прафесарам кафедры рускай і царкоўнаславянскай моў Варшаўскага Універсітэта, не меў магчымасці ўдзельнічаць у зборы інфармацыі да праграмы ў поўную сілу. Палявы збор матэрыялаў ахапіў вялікую колькасць вядомых асоб. Гістарычныя крыніцы сведчаць аб тым, што памянёную праграму абмяркоўвалі і давалі ёй адзнаку не толькі дзеячы беларускай культуры і навукі, але і вядучыя расійскія славісты, філолагі і г. д. Так, апроч А. А. Шахматава, ёю цікавіліся П. К. Сімані [там жа, арк. 9], І. А. Бодуэн дэ Куртэнэ [там жа, арк. 5адв.] і шмат інш.

Матэрыялы па асаблівасцях беларускай мовы збіраліся як вядомымі і значнымі для айчыннай навукі асобамі, такімі, як М. Я. Нікіфароўскі, П. В. Шэйн, Е. Р. Раманаў, так і вучнямі Я. Ф. Карскага. Трэба адзначыць, што праз гістарычныя крыніцы, якія разглядаюцца ў дадзеным артыкуле, бачна, што справу Яўхіма Фёдаравіча падтрымлівалі таксама людзі, не датычныя да навуковай сферы. Цікавым у дадзеным аспекце з'яўляецца ліст вучня 11 класа Мінскай гімназіі Язэпа Логіна, які збіраў народныя песні на аматарскім узроўні, але пад уплывам прац Карскага зразумеў, што іх варта не толькі збіраць, але і навукова апісваць [2, арк. 2].

Адначасова з працамі па праграме, Яўхім Фёдаравіч, як вядома, рыхтаваў фундаментальную працу "Белоруссы", якая таксама патрабавала палявых выездаў. Ва ўсіх лістах, датычных памянёнай праблемы, бачыцца вялікая навуковая зацікаўленасць у даследаваннях беларускага народа і беларускай мовы, а таксама прасочваецца той факт, што значную частку даследаванняў Я. Ф. Карскі ажыццяўляў за асабісты кошт. "… Конечно много мест я не объеду, так как не могу отпустить для этого большой суммы денег…" [1, арк. 13] з жалем адзначаў Карскі ў сваім допісе да А. А. Шахматава.

Нястача грошай у гэты перыяд выклікала тое, што Яўхім Фёдаравіч займаўся пошукамі асоб, якія маглі б узначаліць і правесці этнаграфічныя экспедыцыі. У прыватнасці, як вынікае з эпісталярый, узначаліць экспедыцыю па Гродзенскай губерні было прапанавана Яўстафію Філарэтавічу Арлоўскаму. Я. Ф. Арлоўскі адмовіўся, адзначаючы тое, што жадаючых здзейсніць падобныя навуковыя працы на Гарадзеншчыне няма [3, арк 1-3адв].

У асабістым фондзе асобы, якая нас цікавіць, захаваўся дастаткова вялікі аб'ём ліставання з Паўлам Васільевічам Шэйнам. Становіцца бачным, што гэтыя даследчыкі падтрымлівалі шчыльныя навуковыя адносіны. Так, Яўхім Фёдаравіч прызнаваўся ў сваіх лістах да Паўла Васільевіча ў тым, што ў справе даследаванняў беларускай мовы "…обильно пользовался "Материалами"…" ( П. В. Шейн, «Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края, т. 1 - 3, 1897-1902 гг.» - К. С.). Варта заўважыць, што Я. Ф. Карскі не толькі карыстаўся першым выпускам "Матэрыялаў…", але і дапамагаў збору інфармацыі да яго, а таксама на дабрачынных умовах займаўся карэктурай некаторых выпускаў і з'яўляўся іх рэцэнзентам [4, арк. 14-14адв].

Значнае месца займае ліставанне, датычнае даследавання і збірання беларускіх слоў. Трэба адзначыць, што Карскі лічыў вельмі важным выданне слоўніка беларускай мовы, прычым падкрэсліваў, што гэты слоўнік павінен мець менавіта навуковы характар [1, арк. 44 адв.]. Памянёныя матэрыялы дазваляюць зразумець асаблівасці функцыянавання беларускай мовы, акрэсліць межы яе распаўсюду і папулярнасці напрыканцы ХІХ - пачатку ХХ ст. Так, Я. Ф. Карскі ў сваім допісе да П. В. Шэйна ад 31 кастрычніка 1898 г. адзначаў, што беларуская мова мае досыць актыўны распаўсюд, а таксама мадэрнізуецца хуткімі тэмпамі: "…Вы не поверите, как быстро старое вымирает: в настоящее время даже в Заблудове нет дифтонгов, а говорят обыкновенно по-белорусски…" [5, арк. 22адв] і шмат інш.

З гэтых матэрыялаў вынікае таксама, што ўжо будучы ў сталым узросце і атрымаўшы званне акадэміка, Карскі спрабаваў шукаць новы матэрыял і не спыняў працы. Напрыклад, добра захавалася яго перапіска з Кліментам Васільевічам Квіткам, датаваная сярэдзінай 1920-ых гг., у якой апошні падрабязна апісваў ход экспедыцый па збіранні ўкраінскага і беларускага фальклора, а таксама дасылаў невядомыя беларускія словы. Так, у адным з лістоў разбіралася слова "рагуліцы", якое сустракалася ў песнях бежанцаў з былой Гродзенскай губерні; а ў ліставанні з Еўдакімам Раманавічам Раманавым абмяркоўваліся пытанні выхаду акадэмічных слоўнікаў беларускай мовы і тыя недарэчнасці, якія дапускала Імператарская акадэмія навук у падрыхтоўцы - ў прыватнасці, Е. Р. Раманаў указваў на недапусцімасць уключэння ў слоўнік слова "зюкаць" [5, арк. 7-7адв.].

Названы вышэй Еўдакім Раманавіч таксама дастаткова актыўна перапісваўся з Яўхімам Фёдаравічам па пытаннях, датычных даследавання беларускай мовы і этнагенэза беларускага народа. У прыватнасці, можна адзначыць актыўную дапамогу Раманава ў тлумачэнні пытанняў, звязаных з гістарычнай эвалюцыяй мовы, змяненнямі ў скланеннях назоўнікаў і вымаўленні галосных літар [5, арк. 4адв.]. Цікавай выглядае ацэнка Еўдакімам Раманавічам мовы некаторых рэгіёнаў, а таксама арэалу распаўсюджання беларускай мовы. Так, у сваім лісце ад 15 снежня 1901 г. ён пісаў Карскаму "…Не забудьте Черниговское Полесье, Брянское Полесье, Южнорусские говоры - так похожие на наш ( то бок - беларуск і - К. С.) 18 века, не забудьте вятичские уезды калужские: тамошние москали, живущие в Могилеве, не считают могилевцев белорусами - до такой степени сохранились наши черты в Калуж[ской] губ[ернии] доселе. Не забудьте Смоленщину нашу, Тверь, Псков, Новгород - заселенный полочанами…" [там жа, арк. 6адв.]. Ужо значна пазней, у 1917 г., Раманаў адзначаў, што беларуская мова аказалася пад гістарычным уплывам "тэўтонскай крыві" ў заходняй частцы, дыялектаў Холмшчыны і Сядлеца ва ўсходняй. Вайна, бежанства і эміграцыі паўплывалі, на думку Еўдакіма Раманава, на тое, што чыстую беларускую мову ўжо ў 1917 г. было цяжка знайсці [6, арк. 23-23адв.].

Сам Я. Ф. Карскі ў сваіх лістах адзначаў уплыў на беларускую мову і народнасць тых працэсаў, якія мелі месца ў перыяд "…польско-литовского государства…" [1, арк. 44адв.] (у дадзеным выпадку маецца на ўвазе Рэч Паспалітая - К.С.), пытанні "ўкрапленняў" у беларускую мову ўкраінскай і польскай разглядаліся ў ліставаннях з шэрагам асоб, сярод якіх можна назваць П. А. Бузука і А. Ф. Паўловіча.

Асобным пунктам у лістах асобы, якая нас цікавіць, можна назваць адносіны яго і яго карэспандэнтаў да некаторых літаратараў і навукоўцаў, а таксама крытычныя адзнакі іх дзейнасці. Нельга не адзначыць дастаткова прыязных адносін і павагі Я. Ф. Карскага і яго карэспандэнтаў, якая праглядаецца праз лісты, у адносінах да Якуба Коласа, Сцяпана Некрашэвіча і шмат інш. Наогул, акадэмік Карскі з вялікай радасцю атрымліваў звесткі аб даследаванні беларускай культуры, мовы і літаратуры, цікавячыся ўсімі газетамі, часопісамі, брашурамі, якія былі датычныя гэтых пытанняў. У прыватнасці, дастаткова падрабязна аб навінах у сферы даследаванняў і выхаду ў свет новай перыёдыкі яму ліставаў М. І. Гарэцкі [7, арк. 1-2]; вельмі высокую адзнаку атрымала ананімная паэма "Тарас на Парнасе" і шмат інш. Шэраг навуковых і літаратурных прац, аднак, атрымаў негатыўную адзнаку. Так, паэма Е. Р. Раманава "Плач Беларускай зямлі" атрымала ад Яўхіма Фёдаравіча эпітэт "…довольно вздорная вещь…" [4, арк. 18]; а М. Я. Нікіфароўскі падзяляў станоўчую адзнаку акадэміка Карскага на паэму "Энэіда навыварат", у сваю чаргу называючы зборнік Янкі Купалы "Жалейка беларуская" "…незаконно-рожденное произведение… тенденциозная стряпня…" [8, арк. 11-13].

Варта заўважыць, што сам Я. Ф. Карскі, дастаткова высока ацэньваючы беларускія народныя творы і даючы цёплыя водгукі на іх, лічыў тагачасную прафесійную беларускую літаратурную мову "…искуственной…" [1, арк. 17]. Трэба адзначыць, што ў падобным вызначэнні штучнасці не было негатыўнай канатацыі. Справа ў тым, што дадзеную думку Яўхім Фёдаравіч паўтараў не толькі ў прыватным ліставанні, але і адкрыта выражаў у сваіх працах у больш разгорнутым фармаце. Так, у манаграфіі "Труды по белорусскому и другим славянским языкам", акадэмік Карскі сфармуляваў канцэпцыю гістарычнага развіцця беларускай мовы. Паводле дадзенай канцэпцыі, першапачаткова яна была размоўнай і абапіралася на прастанародныя гаворкі. У ходзе эвалюцыі з простанародных гаворак да літаратурнай мовы, паводле Карскага, у апошнюю масава прыйшлі царкоўнаславянскія і польскія словы, у выніку чаго беларуская кніжная літаратурная мова, як і любая іншая, стала ў некаторай ступені штучнай [9, c. 257-258]. Такім чынам, Яўхім Карскі адзначаў, што любая мова праходзіць падобны этап і беларуская не з'яўляецца выключэннем.

Яшчэ адной праблемай, якая раскрываецца праз эпісталярную спадчыну акадэміка Карскага, з'яўляюцца пытанні, звязаныя з этнаграфіяй беларускага народа і даследаваннем яго этнагенэзу. Канцэпцыя этнагенэзу беларусаў, прапанаваная Яўхімам Фёдаравічам, шчыльна звязвала лінгвістычныя асаблівасці з народастваральнымі працэсамі. Нельга не заўважыць, што не ўсе навукоўцы падзялялі ідэі Я. Ф. Карскага, якія ён прапанаваў у працы "Этнографическая карта белорусского племени" ў 1917 г. Так, Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля ў прыватным ліставанні крытыкаваў Яўхіма Фёдаравіча, адзначаючы, што межы рассялення беларусаў не супадаюць з тымі, якія прапаноўваў апошні. Так, Бялыніцкі-Біруля звяртаў увагу, што мапа гістарычнага рассялення беларусаў паводле лінгвістычнага прызнака значна шырэйшая за прапанаваную, таму павінна захопліваць Роўна, Ковель, Луцк, Оўруч, Радамысль, Ноўгарад-Валынскі, Жытомір, Цвер, Пскоў, Ржэў і інш. Таксама нельга не адзначыць, што Вітольд Каэтанавіч у сваіх лістах да Яўхіма Фёдаравіча з жалем адзначаў адсутнасць грунтоўных даследаванняў па антрапалогіі славянскіх плямён у Расійскай Імперыі, якія ў спалучэнні з лінгвістыкай маглі б паспрыяць даследаванню шэрага пытанняў у галінах этнаграфіі і этнагенэзу [10, арк. 1-3].

Цікавымі з навуковага пункту гледжання з'яўляюцца таксама лісты сярэдзіны 1920-ых гг., якія пісаў да Карскага Рамуальд Аляксандравіч Зянкевіч. Дадзеныя лісты праліваюць святло на распаўсюд у некаторых рэгіёнах Беларусі сумесі беларускай, украінскай і рускай моў, а таксама на пытанні, датычныя этнаграфіі ў цэлым і беларускага народнага строю ў прыватнасці. Так, Рамуальд Аляксандравіч адзначаў, што ў Вільні ледзь не адбываліся бойкі літоўскіх ( якіх ён называў "ліцвінскімі" - К. С.) і беларускіх этнографаў з-за падабенства арнаментных вышывак [11, арк. 1-4].

У 1927 г. на Яўхіма Фёдаравіча пачынае аказвацца ціск з боку партыйнага кіраўніцтва, ён выключаецца з шэрагаў Акадэміі навук, а пазней, у 1929 г. - пазбаўляецца пасады дырэктара музея антрапалогіі і этнаграфіі. Усе гэтыя падзеі паўплывалі на змест эпісталярнай спадчыны. У прыватнасці, гэты перыяд у эпісталярнай спадчыне акадэміка Карскага характэрызуецца амаль поўнай адсутнасцю навуковых праблем і большасць эпісталярый змяшчаюць падзякі, прашэнні, прапановы заняць пэўныя пасады ў беларускіх навуковых і навучальных установах, а таксама шмат інш.

У гэты перыяд Я. Ф. Карскі шчыльна заняўся пытаннямі росшуку страчаных беларускіх рукапісных матэрыялаў у расійскіх архівах. Так, цікавым у гэтым аспекце з'яўляецца адказ 6 лютага 1927 г. акадэміку ад загадчыка Яраслаўскага архіва К. Сакалова аб стане беларускіх гістарычных крыніц, у якім адзначалася, што летам 1918 г. найкаштоўнейшыя дакументальныя помнікі па гісторыі Беларусі былі разрабаваныя мясцовым насельніцтвам, якое скрала спачатку мяхі, у якіх захоўваліся дакументы, пасля чаго пачало нішчыць паперу, выдзіраючы аркушы "…для писания и курения…", ламаючы сцелажы на дровы. Нешматлікія захаваныя дакументы, па словах Сакалова, трапілі ў Маскву [12, арк. 1-3].

Не менш каштоўнай гістарычнай крыніцай канца 1920-ых гг., з'яўляецца ліставанне Карскага з Аляксеем Ануфрыевічам Шлюбскім. Амаль усе дакументы з гэтага шэрагу прысвячаюцца галоўнай задуме А. Шлюбскага - напісанню 15-ці томнага выдання, прысвечанага пытанням беларускай этнаграфіі і этнагенэзу беларускай нацыі. Пры аналізе крыніц становіцца бачным, што дадзеная ідэя была станоўча ацэненая Яўхімам Фёдаравічам, існавалі нават планы сумеснай працы [13, арк. 10]. Пры гэтым нельга не адзначыць, што Аляксей Ануфрыевіч разумеў ідэалагічную і палітычную сітуацыю, якая каардынальна змянілася ў параўнанні з першай паловай 1920-ых гг. і непасрэдна ўплывала і на навуковую дзейнасць у БССР канца 1920-ых гг. З гэтай прычыны А. А. Шлюбскі скептычна адносіўся да магчымасці выхаду запланаванага шматтомніка. У прыватнасці, у верасні 1928 г. ён адзначаў: "…Думаю толькі, што вызначаныя 15 кніг будзе цяжка ажыцьцёвіць. Цяжка не з прычыны труднасьці ў працы, а з прычыны розных асаблівасьцяў і нечаканасьцей сучаснага жыцьця, калі шмат часу прыходзіцца аддаваць на заняткі, які да навуковых занятак не маюць ані якага дачыненьня..." [там жа, арк. 6].

29 красавіка 1931 г. Я. Ф. Карскі памёр і быў пахаваны ў Ленінградзе [14, c. 30]. Яго навуковыя распрацоўкі, эпісталярная спадчына і інш. да гэтага часу не страцілі сваёй навуковай значнасці.

Такім чынам, эпісталярная спадчына Яўхіма Фёдаравіча Карскага з'яўляецца добрай ілюстрацыяй светапогляду і пабудовы вобраза прадстаўнікоў рускай, украінскай, беларускай навуковай і творчай думкі канца XIX - пачатка XX ст. У лістах разглядаюцца тыя праблемы, якія, з пункта гледжання тагачаснай інтылегенцыі, з'яўляліся найбольш важнымі ў даследаваннях гісторыі і культуры славянскіх народаў. Усё гэта робіць дадзеныя гістарычныя крыніцы каштоўнымі ў даследаваннях гісторыі вывучэння беларускай мовы, этнаграфіі, этнагенэзу і г. д.

Артыкул выкананы пры фінансавай падтрымцы Беларускага фонда фундаментальных даследаванняў (Грант № Г17Р - 053).

Крыніцы і літаратура

1. Санкт-Пецярбуржскі філіял архіваў Расійскай акадэміі навук (далей - СПбФ АРАН). Ф. 134. Воп. 3. Спр. 654.

2. СПбФ АРАН. Ф. 292. Воп. 2. Спр. 79.

3. СПбФ АРАН. Ф. 292. Воп. 2. Спр. 106.

4. СПбФ АРАН Ф. 104. Воп. 2. Спр. 81.

5. СПбФ АРАН. Ф. 292. Воп. 2. Спр. 124.

6. СПбФ АРАН. Ф. 292. Воп. 2. Спр. 99

7. СПбФ АРАН. Ф. 292. Воп. 2. Спр. 370.

8. СПбФ АРАН Ф. 292. Воп. 2. Спр. 101.

9. Карский, Е. Ф. Труды по белорусскому и другим славянским языкам / Е. Ф. Карский - Мн. : Академия наук БССР, 1962. - 714 с.

10. СПбФ АРАН. Ф. 292. Воп. 2. Спр. 10

11. СПбФ АРАН. Ф. 292. Воп. 2. Спр. 50.

12. СПбФ АРАН. Ф. 292. Воп. 2. Спр. 132.

13. СПбФ АРАН. Ф. 292. Воп. 2. Спр. 158.

14. Булахов, М. Г. Ефимий Федорович Карский. Жизнь, научная и общественная деятельность / М. Г. Булахов - Мн. : Издательство БГУ, 1981 г. - 271 с.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX