Папярэдняя старонка: Артыкулы

Насытка Яўген. Да этнічнай гісторыі Заходняга Палесься 


Аўтар: Насытка Яўген,
Дадана: 11-06-2014,
Крыніца: Насытка Яўген. Да этнічнай гісторыі Заходняга Палесься // Спадчына №2-1995. С. 145-156.



Тэрмін «Палесьсе» ўпершыню згадваецца ў Іпацеўскім летапісе пад 1274 годам як назва асобнага культурна-этнаграфічнага рэгіёну. Геаграфічна ён азначаў вадазабор Прыпяці й прылеглыя мясцовасьці. Дакладней кажучы, палескі арэал працягнуўся па ўсёй паўднёвай Беларусі, паўночнай Украіне, заходзячы на захадзе ў польскае Падляшша, a на усходзе - на Арлоўшчыну й Браншчыну.

Прыкладна у той жа час для абазначэньня іншага культурна-этнаграфічнага рэгіёну дняпроўска-дзьвінскага - узьнік назоў Белая Русь. Ен пашырыўся ад вытокаў Дзьвіны й Волгі да вытокаў Нёмана i ахопліваў, у прыватнасьці, Віцебскі, Полацкі, Мсьціслаўскі, Магілеўскі й Друцкі краі, a таксама Смалемскія й Цьверскія землі.

Крыху пазьней узьнікае i трэці назоў - Чорная Русь. Зь сярэдзіны XVII ст. ён замацаваўся за заходняю часткаю беларускае этнічнае тэрыторыі спачатку чыста ў геаграфічным сэнсе (з цэнтрам прыкладна на Наваградчыне), як процілегласьць усходняй Белай Русі. Па меры таго, як вызначаліся лякальныя асаблівасьці традыцыйнае культуры насельніцтва гэтых рэгіёнаў, ягонае гутарковае мовы, тэрміны «Белая Русь» i «Чорная Русь» сталі абазначаць два арэалы беларускае этнічнае тэрыторыі. Насельніцтва гэтых рэгіёнаў называлася адпаведна беларусамі i чарнарусамі. Апошні тэрмін сустракаецца ў этнаграфічнай i статыстычнай літаpaтуры 60-х гг. XIX ст. Негледзячы на некаторыя асаблівасьці ў матэрыяльнай культуры, адзеньні i г. д., мова чарнарусаў вучонымі была прызнаная беларускаю таму чарнарусы перастаюць вылучацца нават у этнаграфічным сэнсе i зьліваюцца зь беларусамі. Зьнікае i назоў Чорная Русь. Тэрміны «Беларусь» i «беларусы» пашыраюцца i на заходнюю частку беларускай этнічнай тэрыторыі.

Палесьсе ж захавала ня толькі свой назоў, але i свой культурна-этнаграфічны абшар у першапачатковым сэнсе літаральна да нашых дзён. Тэрмін аказаўся вельмі трапны, таму што ягоная этымалёгія зьвязаная з абазначэньнем характару мясцовасьці. Геаграфічнае асяродзьдзе прыпяцкага вадазбору сталася вызначальным у этнакультурных працэсах. Пад узьдзеяньнем мясцовых асаблівасьцяў пачала складвацца нутраная дыфэрэнцыяцыя народнай культуры й мовы палешукоў. Гэта абумовіла асаблівыя субрэгіянальныя найменьні: багнюкі, гідуны, сакуны i г. д. Сустракаліся i урбонімы: пінчукі, тураўцы.

Назва жыхароў Палесься - «палешукі» ў гістарычных крыніцах зьявілася толькі напачатку XVII ст., калі ўжо сфармаваліся беларускія i ўкраінскія народнасьці, i заўсёды мела чыста геаграфічны сэнс. Этымалёгія была зьвязана з тапочімам, які абазначаў гісторыка-геаграфічную вобласьць басейна р. Прыпяць. У трэцім томе вядомага выданьня «Живописная Россия» (1882 г.) Палесьсем наагул называліся сем заходніх губэрняў Расеі: Віленская, Горадзенская i Ковенская - Літоўскім Палесьсем, a Менская, Магілеўская, Віцебская i Смаленская - Беларускім Палесьсем.. Ужываліся й больш лякальныя назовы Палесься: Берасьцейскае, Валынскае, Пінскае, Мазырскае, Бранскае. Паводле гістарычна-этнаграфічных асаблівасьцяў з даўніх часоў стала вылучацца Заходняе i Ўсходняе Палесьсе. Заходняе ў межах Беларусі займае амаль усю паўднёвую частку Берасьцейскай вобласьці. У этнагенэзе насельніцтва гэтага рэгіёну ўдзельнічалі плямёны дрыгавічоў, бужанаў, яцьвягаў, мазаўшанаў. Паступова шмат якія культурна-бытавыя адрозьненьні плямёнаў сьцерліся, этнічная кансалідацыя завяршылася ўтварэньнем часткі беларускага народу, з заходнепалескаю групаю гаворак. Этнічная прыналежнасьць жыхароў Палесься, у тым ліку i Заходняга, выявілася i ў назовах, замацаваных у навуковай літаратуры XIX ст.: Беларускае Палесьсе i Ўкраінскае Палесьсе. З 30-х гг. XX ст. этнонім палешукі, як назва i саманазва жыхароў поўдня Беларусі, знікае, жыхары гэтага рэгіёна сталі звацца беларусамі.

У фармаваньні сучаснага насельніцтва Палесься роля старажытных народаў не была аднолькавай. Думаецца, важным было б вызначыць месца i ролю ў гэтым працэсе адзінага неславянскага народа - яцьвягаў.

Яцьвягі - заходнебалцкія плямёны, якія жылі ў лясістых мясьцінах, займаліся апрацоўкай зямлі, жывёлагадоўляй, паляваньнем, вялі ca славянамі гандлёвы абмен футрамі розных зьвяроў на прадукты земляробства.

Пачатковая гісторыя яцьвягаў не зусім вядомая. Пэўныя зьвесткі даюць нам летапісы ХІІ ст., зь якіх можна даведацца, што да прыходу славянаў яцьвягі засялялі тэрыторыю паміж рэкамі Нараў i Нёман - у Падляшшы i Сувалкіі, пазьней дайшлі да Верхняга Панямоньня. Жыщьцё іхнае праходзіла ў пастаянных нападах на суседнія народы. Барацьбу зь яцьвягамі вялі кіеўскія, галіцка-валымскія, польскія князі. Імі кіравала ня толькі помста за рабункі сваіх земляў, але i жаданьне ахрысьціць язычнікаў-яцьвягаў.

У Кіеўскім летапісе пад 983 г. упершыню гаворыцца пра паход супраць яцьвягаў князя Ўладзіміра, a ў «Аповесьці мінулых гадоў» згадваецца паход у яцьвяскую зямлю галіцка-валынскага князя Яраслава Сьвятаполкавіча. Дзеля сваіх нападаў на Валынь i Польшчу яцьвягі часта ўступалі ў зьвяз зь літоўцамі, a пазьней - з мангола-татарамі.

Асабліва актыўна змагаўся зь яцьвягамі галіцкі князь Даніла Раманавіч. У Іпацеўскім летапісе ёсьць запіс пра ягоныя паходы ў 1227 г. на «паваяваўшых Берасьце» яцьвягаў, a таксама ў 1235 г. празь Берасьце i у 1251 г. з Дарагічына (над Бугам).

Каб нанесьці свайму праціўніку больш рашучую паразу, Даніла Раманавіч аб'яднаў сілы паўднёва-заходняй Русі й польскіх князёў. Сумесныя войскі на чале з братамі Данілам i Васількам Раманавічамі зрабілі тры паходы ў яцьвяскія землі: у 1248, 1254 i 1258 гг. У апошнім трохдзённым баі каля р. Нараў яцьвягі запрасілі міру i згадзіліся плаціць даніну горнымі куніцамі й серабром^ паступаць на службу да галіцкага князя i будаваць на сваёй зямлі гарады.

Неўзабаве яцьвягі парушылі мір i ў зьвязе з мангола-татарамі зрабілі некалькі нападаў на польскія землі. Але ў 1264 г. польскі князь Баляслаў Сарамлівы нанёс яцьвягам у Падляшшы моцную паразу. Шмат ix было ўзята ў палон. Астатнія ўжо былі ня здольныя да ваенных дзеяньняў, таму сталі хавацца ў лясах Белавескай пушчы, перасяляцца ў іншыя мясьціны. Канчаткова іхныя сілы былі разгромленыя крыжакамі Тэўтонскага ордэну (1283). Рэшткі яцьвягаў пакінулі ранейшыя месцы пражываньня i накіраваліся на ўсход, дзе знайшлі апеку з боку Вялікага Княства Літоўскага. Тут ix асымілявалі крывічы, дрыгавічы й іншыя плямёны. З канца XIII ст. яцьвягі зьнікаюць зь летапісных крыніцаў.

Зьнікнуўшы з гісторыі, яцьвягі тым ня менш пакінулі пасьля сябе археалягічныя помнікі, па якіх можна больш дакладна, чым па летапісных, меркаваць пра межы іхнага расьсяленьня. У старажытнасьці, як вядома, над памерлымі насыпалі курганы. Ва ўсіх усходнеславянскіх, a таксама літоўскіх i латыскіх плямёнаў яны былі пяшчаныя. Курганы яцьвягаў лёгка распазнаць, бо будаваліся яны альбо цалкам са шчыльна прылеглых адзін да аднаго камянёў, альбо ўперамежку зь зямлёй.

Шмат дасьледавалі іх польскія, расейскія, беларускія археолягі. На падставе археалягічных матэрыялаў можна зрабіць выснову, што цэнтрам яцьвягаў была тэрыторыя сучаснай Польшчы - Падляшша, адкуль яны даходзілі да рэк Нараў i Лясная, дзе выяўленыя цэлыя магільнікі каменных яцьвяскіх курганоў XII ст. Асобныя курганы знойдзеныя на левым беразе Зальвянкі каля Ваўкавыска.

Пасьля таго як яцьвягі з усіх бакоў былі заціснутыя мацнейшымі суседзямі, яны павінны былі шукаць прытулку ў іншых мясьцінах. Тэрыторыя ix расьсяленьня стала пашырацца. Галоўнымі кірункамі вымушанай міграцыі яцьвягі выбралі ўсход i паўночны ўсход ад пачатковай радзімы. Гэта добра відаць з карты археалягічных раскопак вядомага археоляга В. Сядова.

З XIІІ ст. на зьмену каменным курганам прыходзяць каменныя магілы, якія таксама адносяць да яцьвяскіх. Паводле В. Сядова, на тэрыторыі Беларусі яны разьмясьціліся ў Верхнім Панямоньні, дзьвюма групамі. Адна зь ix займае міжрэчча Шчары й Зальвянкі, другая - паміж рэкамі Котра й Дзітва (Воранаўскі й Лідзкі раёны) з выхадам у цяперашнюю Літву. Тут асабліва шмат было яцьвяскіх паселішчаў, што адпавядае i летапісным зьвесткам. Але самае важнае - знойдзены ў каменных курганох i магілах рэчавы матар'ял мае славянскае паходжаньне. Гэта яскравы доказ таго, што яцьвягі зазналі моцную славянскую асыміляцыю. Паводле В. Сядова, гэтыя археалягічныя помнікі належаць ужо ня ўласна яцьвягам, a іхным славянізаваным нашчадкам. I сапраўды, масавая калянізацыя тэрыторыі Беларусі славянамі разгарнулася ў VIII-IX стст.

Адзінкавыя курганы яцьвягаў знойдзеныя каля вёсак Здзітава Бярозаўскага, Чахец Пружанскага i Дзераўная Дарагічынскага раёнаў Берасьцейскай вобласьці. У іншых мясьцінах Беларусі іхныя сьляды ня выяўленыя. Больш таго, паўднёвая частка сучаснай Беларусі яшчэ ў VI-VII стст. цалкам была заселеная славянскімі плямёнамі, пра што сьведчаць i археалягічныя помнікі каля Хільчыцаў, Пінска, Петрыкава i інш. На поўдзень ад Прыпяці не сустракаецца i балцкая гідраніміка. Водныя назвы тут славянскія. Яцьвягі прасунуліся на ўсход не далей сярэдняга цячэньня р. Ясельды.

Ад сваёй пачатковай радзімы яны падаліся ў літоўскім кірунку. В. Сядоў нават дапускае, што яшчэ ў XVII ст. i пазьнёй на тэрьггорыі паўночнай часткі Ашмянскага i Лідзкага раёнаў існавалі астраўкі яцьвяскага насельніцтва, якое ўжо гаварыла на літоўскіх дыялектах. У гэтых мясьцінах, a таксама на Горадзеншчыне й паўночнай Меншчыне, захавалася i большасьць яцьвяскіх назоваў паселішчаў (Ятвязь, Ятвеск, Дайнова - у літоўскім варыянце). Аднак наўрад ці да такога позьняга часу маглі захавацца ў Верхнім Панямоньні непасрэдныя нашчадкі яцьвягаў. Дастаткова сказаць, што ў асыміляцыйных працэсах тут удзельнічалі балцкія плямёны прусаў, аўкштайтаў, жамойтаў i найперш славянскае племя крывічоў.

На ранейшай тэрыторыі яцьвягаў - Падляшшы, Берасьцейшчыне, як сьведчаць польскія хронікі, пасьля разбуральных войнаў, адыходу жыхароў у іншыя месцы i амаль стогадовага запусьценьня, сталі сяліцца славянскія плямёны - валыняне, мазаўшане, дрыгавічы. Тут славянская асыміляцыя праходзіла больш хутка, чым у Верхнім Панямоньні. Таму насельніцтва паўднёва-заходняй Берасьцейцічыны не магло данесьці да XX ст. якіх-небудзь этнічных прыкметаў яцьвягаў. Тым больш што прастора паміж рэкамі Буг i Нёман ад Берасьця да Горадні, як вобразна казалі этнографы мінулага стагодзьдзя, была «эўрапейскімі варотамі», каля якіх са старажытных часоў сутыкаліся народы Ўсходняй i Заходняй Эўропы.

У выніку інтэнсіўных этнічных працэсаў да сярэдзіны XIX ст. амаль увесь Аўгустоўскі павет Сувальскай губэрні быў заселены беларусамі (23,7 тыс.). Паміж Аўгустовам i Сувалкамі жылі мазуры, якіх некаторыя этнографы таксама лічылі апалячанымі беларусамі. Насельніцтва Бельскага павету гаварыла на мове, якая мела падабенства да ўкраінскай, таму яго залічалі да ўкраінскага этнасу. Але, як высьветлілася ўжо напачатку XX ст., паходжаньнем гэта таксама былі беларусы, гаворка якіх - пераходная ад беларускае да паўночна-ўкраінскае. Увогуле, уплыў яцьвягаў на станаўленьне сучаснага жыхарства Заходняга Палесься трэба прызнаць нязначным, таму што гэты народ вельмі рана перастаў існаваць.

Яскравым пацьверджаньнем таго, што Беларускае Палесьсе насялялі беларусы, могуць служыць этнаграфічныя карты першае паловы XIX ст. Так, ужо на першай карце славянства, складзенай у 1842 г. вядомым чэскім славістам П. Шафарыкам, відаць, што беларусы займалі цалкам паветы Берасьцейскі, Кобрынскі, Пружанскі, Пінскі, Рэчыцкі, Мазырскі, a таксама частку Беластоцкага й Бельскага. Надзіва дакладна для свайго часу была вызначаная мяжа паміж беларускім i ўкраінскім насельніцтвам. Яна амаль супадае з сучаснаю, заходзячы крыху на Валынь, дзе Любешаўская воласьць Пінскага павету - ейная паўночная частка. Карта складалася на падставе ня толькі лінгвістычных зьвестак, але перадусім матар'ялаў рэвізіяў, якія праводзіліся ў Расеі з 1719 па 1858 г. i зьмяшчалі зьвесткі пра саманазвы й паходжаньне народаў.

Прыкладна з 1820-х гг. галоўнаю этнавызначальнаю прыкметаю ў Расеі сталі лічыць народную мову, якая не заўсёды супадала з этнічнаю прыналежнасьцяй, асабліва на сумежжы народаў i там, дзе гістарычна склаліся розныя этнічныя напластаваньні. У матэрыялах рэвізіяў XIX ст. зьвесткі пра саманазвы ўжо адсутнічаюць. Таму этнаграфічная навука перайшла да моўнага крытэрыю, што паступова выпрацоўвалі лінгвісты.

З гэтае прычыны ў шматлікай этнаграфічнай літаратуры XIX - пачатку XX ст. палешукі вызначаюцца па-рознаму: адны аўтары адносілі ix да беларусаў з украінскаю гаворкаю (Т. Фларынскі), другія - да ўкраінцаў (П. Баброўскі, П. Чубінскі, Я. Карскі i інш.). Іншыя дасьледнікі (I. Зяленскі) сустракалі цяжкасьці ў этнічным вызначэньні палешукоў i не маглі аднесьці іхную гаворку ні да якай мовы, a разглядалі яе як пераходную ад беларускае да паўночна-ўкраінскае (валынскае).

У XI-XII стст. землі Заходняга Палесься ўваходзілі ў склад Уладзімірска-Валынскага княства, да якога ў 1199 г. былі далучаныя галіцкія землі. Княства стала называцца Галіцка-Валынскім. Праўда, Галіч хутка быў страчаны, але ў 1238 г. Даніла Раманавіч з братамі выбілі з горада чарнігаўцаў, княства яшчэ больш пашырыла межы - ад Панямоньня да Карпатаў. Але неўзабаве мангола-татарскія качэўнікі сьмерчам прайшліся па ўсёй Галіцкай i Валынскай зямлі. Амаль усе буйныя гарады былі разбураныя.

Праз чатыры гады пасьля паходу войскаў хана Бату на Русь (1244), які закончыўся амаль на Адрыятыцы, утварылася велізарная па плошчы дзяржава - Арда (пазьней Залатая Арда), якая больш за два стагодзьдзі будзе трымаць усходнеславянскія землі ў палітычным i эканамічным падпарадкаваньні. Уладары ўсіх княстваў павінны былі езьдзіць у стаўку хана на паклон. Многія зь ix злажылі там свае галовы ці былі атручаныя. Пашанцавала Данілу Раманавічу. Ен ня толькі застаўся жывы, але i атрымаў ад Бату-хана ярлык на княжаньне ў Галіцкім i Ўладзімірска-Валынскім княствах. Хан нават адмовіўся ад пачатковае мэты - перадаць Галіч чарнігаўскаму князю Міхаілу. У гэтым бліскучым палітычным посьпеху, відаць, не апошнюю ролю адыгралі выдатныя дыпляматычныя здольнасьці галіцка-валынскага князя.

Прастора для актыўных стваральных дзеяньняў у сваіх уладаньнях Данілу Раманавічу была адчыненая. I першае, што ён робіць, - стварае моцнае войска для барацьбы за новыя землі. Ягоны інтарэс асабліва быў скіраваны на поўнач, дзе ў гэты час літоўскі князь Міндоўг пашыраў свае валоданьні на Наваградчыне. Для захопу спрэчных зь Літвою земляў Данілу Раманавічу ўдалося сабраць супраць Міндоўга значную кааліцыю, у якую ўвайшлі апазыцыйны Міндоўгу літоўскі князь Таўцівіл, жамойіцкія, яцьвяскія князі, Лівонскі ордэн. У 1249 г. галіцка-валынскае войска накіравалася ў Панямоньне, дзе прайшло праз гарады Слонім, Ваўкавыск, але Наваградка не дасягнула. Другі паход адбыўся ў 1251 г. Данілавы войскі захапілі Горадню. Міндоўг павінен быў прасіць міру. Нарэшце, у 1253 г. Даніла трэці раз зрабіў спробу захапіць Наваградак, але безвынікова. Адначасова з паходамі ў Літву галіцкй-валынскі князь робіць тры паходы на яцьвягаў, каб не дапусьціць іхнага ўзмацненьня.

Ваенныя посьпехі Даніды Галіцкага ўскладнілі дачыненьні з Ардой. Пасьля сьмерці ў 1256 г. хана Бату ягоным пераемнікам стаў малодшы брат Берке, які накіраваў на Валынь i Літву войскі пад кіраўніцтвам найлепшага палкаводца Бурундая. Незьлічонае войска паставіла Данілу Раманавіча перад выбарам: змагацца ці скарыцца бяз бою. ён выбраў апошняе. Такі выбар прадухіліў бессэнсоўнае зьнішчэньне насельніцтва, бо сілы былі няроўныя. Але Бурундай на гэтым не супыніўся: ён прымусіў скаронага князя са сваім войскам рушыць на Літву. У Данілы Раманавіча выбару ня было, хоць ён сам i ня ўдзельнічаў у паходзе, паслаўшы туды свайго брата Васілька.

Не здабыўшы перамогі над Міндоўгам, Бурундай неўзабаве вырашыў паваяваць Сандамірскае княства, якое ляжала на захад ад Валыні. Зноў паход татарскай коньніцы празь землі Русі, зноў разбурэньні й сьмерць тутэйшага насельніцтва. i цяпер Даніла Раманавіч вымушаны быў падпарадкавацца патрабаваньню Бурундая ўдзельнічаць разам зь ім у гэтым паходзе. У дадатак галіцкі князь мусіў выканаць больш страшны для сябе ультыматум - зьнесьці абарончыя ўмацаваньні гарадоў. Фактычна гэта быў пачатак заняпаду магутнага Галіцка-Валынскага княства.

Тымчасам набірала сілу Літва - Вялікае Княства Літоўскае, далучаючы да сваіх уладаньняў новыя землі. Да такіх посьпехаў суседа Даніла Галіцкі ставіўся зайздросьліва. Яго яшчэ некалькі дзесяцігодзьдзяў не пакідала думка падпарадкаваць Наваградчьжу, але сілаў ужо не было.

У 20-я гг. XIV ст., пры князю Гедзіміне, у сфэру ўплыву ВКЛ перайшла паўночная частка Галіцка-Валынскага княства - Берасьцейшчына й Падляшша. Не драмала i Польшча. Яна таксама хацела адарваць сабе добры «кавалак» на Валыні ці ў Галіччыне. I гэта ёй удалося. У 1340 г., не без дапамогі мясцовай знаці, Заходняя Валынь i Галіччына апынуліся ў складзе Польскага каралеўства. Так некалі палітычна ўплывовае i магутнае Галіцка-Валынскае княства было падзелена паміж мацнейшымі суседзямі. Станаўленьня незалежнае дзяржавы не адбылося. Тым самым прыпыніўся i працэс утварэньня асобнага этнасу. З дэмаграфічнага гледзішча ў час свайго распаду княства знаходзілася на стадыі плямёнаў, ці саюзаў плямёнаў, працэс «ператапленьня» якіх у адзіны народ яшчэ не пачынаўся.

Галіцка-Валынскае княства насялялі многія старажытныя плямёны, расьсяленьне якіх дакладна апісана Нестарам у «Аповесьці мінулых гадоў». Вялікі абшар у вадазборах Прыпяці і Ясельды займалі плямёны дрыгавічоў. На захад ад ix жылі мазаўшане, яцьвягі, на паўднёвы захад - валыняне, дулебы, бужане, на поўдзень - драўляне.

З усіх плямёнаў самымі шматлікімі ў княстве былі валыняне. Іхная гутарковая мова, магчыма, зрабіла ўплыў на фармаваньне яшчэ ў XI -першай палове XII ст. на паўднёвым захадзе сучаснай Беларусі асобнае дыялектнае зоны ў процілегласьць той, якая складвалася на поўначы - у межах Полацкага княства. Назіраліся i этнаграфічныя адрозьненьні гэтых тэрыторыяў: у адзеньні, абутку, пабудове жытла, рэлігійным кульце, вуснай народнай творчасьці.

У другой-палове XII-сярэдзіне XIV ст. лякальныя адметнасьці набываюць ужо многія элемэнты матэрыяльнай i духоўнай культуры. Выразна выступаюць i лінгвістычныя асаблівасьці, перш за ўсё ў фанэтыцы. На поўдні пад валынскім уплывам замацоўваецца «оканьне».

Уключэньне напачатку XIV ст. паўночна-ўсходняга ўскрайку Галіцка-Валынскага княства (Берасьцейшчына, Кобрыншчына) у склад ВКЛ скіравала этнічныя працэсы на гэтдй тэрыторыі ў іншае рэчышча. Тутэйшае насельніцтва было пазбаўлена непасрэднага ўплыву Валыні, якая падпала пад уладу Польшчы.

У ВКЛ, якое i з утварэньнем у 1569 г. Рэчы Паспалітай захавала сувэрэнітэт, беларуская народнасьць канчаткова набыла ўсе свае адметныя рысы. Кансалідацыйную ролю ў гэтым працэсе адыграў цэнтральны раён - Меншчына. У XV ст. акрэсьлілася трэцяя дыялектная зона з выразнымі адметнасьцямі ў параўнаньні ня толькі з поўднем, але i зь Віцебшчынай i Полаччынай.

Разам з тым адбывалася i ўзаемапранікненьне дыялектных элемэнтаў, але такія моўныя зьявы, як «аканьне» i «дзеканьне», што мелі пашырэньне амаль на ўсёй тэрыторыі сучаснай Беларусі, не прышчапіліся на землях паўднёва-заходніх, якія некалі былі ў складзе Галіцка-Валынскага княства. У XVI ст. «аканьне» ахапіла амаль усю тэрыторыю сучаснай Беларусі, за выключэньнем паўднёвага захаду - часткі земляў, якія некалі былі ў складзе Галіцка-Валынскага княства. He прышчапілася тут вымаўленьне памякчанага гука «д» - «дзеканьне».

Асаблівасьці гутарковай мовы, што склаліся на Берасьцейшчыне на аснове валынскіх гаворак у тыя далёкія часы, захаваліся да нашых дзён. Праўда, на працягу вякоў яны ў значнай ступені наблізіліся да паўночных. Гэтаму спрыялі найперш палітычныя ўмовы - наяўнасьць сваёй дзяржавы (ВКЛ), якая кансалідавала насельніцтва ва ўсіх сфэрах жыцьця: палітыцы, эканоміцы, культуры.

Што да Валыні ядра Галіцка-Валынскага княства - дык можна зазначыць, што з адыходам яе да Кароны мясцовае насельніцтва (пераважна валыняне) разам з палянамі, паўднёвымі дрыгавічамі, драўлянамі, ціверцамі ды іншымі плямёнамі было ўцягнута ў працэс утварэньня ўкраінскага этнасу.

Тэрыторыя Падляшша - крайні захад Заходняга Палесься з гарадамі Бельскам, Дарагічынам-над-Бугам, Велай-Падляскай, Холмам, як вядома, з XIV па XVI стст. знаходзілася ў складзе ВКЛ, a з 1569 г.- Рэчы Паспалітай. На фармаваньне мясцовага насельніцтва значны ўплыў зрабілі заходнеславянскія плямёны мазаўшанаў. Тым ня менш, паводле этнаграфічных матэрыялаў, напачатку XX ст. тут пераважалі беларусы з «маларускаю» гаворкаю. Цяпер гэта тэрыторыя Польшчы, i частка насельніцтва тут спалянізаваная.

Гісторыя, такім чынам, паказала, што палітычныя ўмовы (дзяржаўнасьць) вызначальныя пры фармаваньні любога народу. У Заходнім Палесьсі такіх умоваў ня склалася.

У 1857 г. вядомы расейскі этнограф i статыстык акадэмік П. Кёпен з дапамогай МУС i Сыноду разаслаў у кожны царкоўны прыход Расейскай імпэрыі спэцыяльныя анкеты, куды прыходзкія сьвятары павінны былі занесьці зьвесткі пра назву, геаграфічнае становішча населеных пунктаў прыходу, колькасьць у ix насельніцтва, ягоную этнічную прыналежнасьць. Запоўненыя анкеты сьвятары дасылалі ў АН для навуковага апрацаваньня. Цяпер гэтыя матэрыялы знаходзяцца ў архіве Расейскай АН i маюць назоў прыходзкіх сьпісаў альбо кліравых ведамасьцяў.

Па дзевяці заходніх губэрнях Расеі яны статыстычна, безь якой-небудзь крытычнасьці, былі апрацаваныя ў 1861 г. М. Лябёдкіным. Сапраўды, у Горадзенскай губэрні разам з ужо даўно сфармаванымі этнасамі - беларусамі, украінцамі, расейцамі, палякамі ды іншымі - паказаныя летапісныя плямёны яцьвягаў i бужанаў. Апошнія жылі ў Берасьцейскім i Кобрынскім паветах (5463 чал.), a яцьвягі, акрамя таго, яшчэ i ў Бельскім i Ваўкавыскім (30927 чал.), зь якіх 73,5 % прыпадала на Крбрынскі павет. Нешта падобнае бачым i ў прыходзкіх сьпісах іншых губэрняў. Да прыкладу, у Віленскай знаходзім 23 тыс. крывічоў, у Падольскай - драўлянаў, палянаў, ціверцаў, углічаў; у Валынскай, акрамя названых плямёнаў, яшчэ i дулебаў.

Гэтую недарэчнасьць няцяжка растлумачыць, калі ўсьведамляць тое, што сьвятары зыходзілі не з саманазвы народу, а зь ягонай мовы. Калі гаворка прыхаджанаў чымсьці розьнілася ад вядомых у той час моваў, дык сьвятарам нічога не заставалася, як зьвяртацца да Нестаравай «Аповесьці мінулых гадоў», дзе ёсьць зьвесткі пра расьсяленьне ўсходніх славянаў ды іхных суседзяў. Гэта відаць i непасрэдна з архіўных матэрыялаў. Так, сьвятар царквы в. Зелава Кобрынскага павету К. Тадаровіч пра сваіх прыхаджанаў заўважыў, што яны «паходжаньнем сваім бужане, доказам чаго служыць месца іхнага жыхарства, значыць славяне-русы». Што бужане жылі па рацэ Буг, вядома з таго ж летапісу.

У дачыненьні да яцьвягаў сьвятары шэрагу прыходаў, каб вызначыць этнічную прыналежнасьць сваіх жыхароў, акрамя летапісу, спасылаліся на вядомую тады кніжку М. Паўлішчава «Польская история в виде учебника» (Варшава, 1843). Але рэч у тым, што аўтар кнігі дае зьвесткі пра знаходжанне яцьвягаў у XII-XIII стст. i нічога не гаворыць пра іхны далейшы лес - відаць, таму, што з гэтага часу яны фактычна зьнікаюць як народ.

Тым ня менш прыходзкія сьпісы, як вельмі важная гістарычная крыніца, былі неаднаразова выкарыстаныя навукоўцамі, i штораз узьнікалі пытаньні, якім чынам туды трапілі старажытныя плямёны. Шмат гучала крытычных заўвагаў. Так вядомы дасьледнік Горадзеншчыны П. Баброўскі ў 1868 г. пісаў, што сярод суцэльнага беларускага i ўкраінскага насельніцтва, якое гаворыць з рознымі мясцовымі адценьнямі, «некаторыя гатовыя бачыць рэшткі крывічоў, дрыгавічоў, драўлянаў, ціверцаў i г. д.». У іншым месцы ён папракнуў этнографаў, маючы на ўвазе М. Лябёдкіна i Г. Сталпянскага, за тое, што да сучасных народаў яны адносяць i яцьвягаў, пры гэтым рашуча зазначыў, што «гэта грубая памылка, яцьвягі цалкам зьніклі».

Пытаньне, да якіх этнасаў залічыць усе вышэйназваныя «плямёны», для тагачасных вучоных цяжкасьцяў ня склала. Гэта зрабіў ужо ў 1863 г. А. Рыціх у сваім «Атлясе насельніцтва заходнерускага краю па веравызнаньні». Статыстычны матэрыял для атлясу ўзяты з тых жа прыходзКІХ сьпісаў, але ўжо перапрацаваны i дапоўнены. Бужане, крывічы, яцьвягі, русіны былі залічаныя да беларусаў, а ду­лебы, паляне, драўляне, ціверцы i углічы - да ўкраінцаў. З таго часу ані яцьвягі, ані бужане як існыя этнасы не траплялі на старонкі гісторыі.

На этнаграфічных картах XIX - пачатку XX ст., складзеных А. Рыціхам (1875 г.), Г. Нобертам (1888 г.), Я. Карскім (1903 г.) i іншымі вучонымі, насельніцтва Заходняга Палесься аднесена да ўкраінцаў. Галоўны недахоп картаў у тым, што пры этнічным разьмежаваньні народа ix аутары кіраваліся толькi фанэтычнымі асаблівасьцямі мовы i не ўлічвалі сукупнасьці лінгвістычных, этнаграфічных i гістарычных фактараў.

Разьвіцьцё этнаграфічнай i лінгвістычнай навукі ў другой палове XIX - пачатку XX ст. зрабіла магчымым больш навуковы наглядна палешукоў. Большасьць вучоных бачыла ў ix ужо не ўкраінцаў, а беларусаў. Узрасла i нацыянальная сьвядомасьць народаў. Пра гэта яскрава гаворыць перапіс насельніцтва 1897 г., згодна якому ў цэнтры Палесься - Пінскім павеце - зафіксавана 74,3 % беларусаў, 3,0 % палякаў, 2,6 % расейцаў i толькі 0,6 % (1423 чал.) украінцаў. У Мазырскім i Рэчыцкім паветах удзельная вага беларусаў апынулася яшчэ большая: адпаведна 79,5 i 82,5%. Пераважалі беларусы i ў Пружанскім павеце - 75,5 %, Сакольскім - 83,8 %, чвэрць жыхароў Беластоцкага павету (26,1 %) таксама складалі беларусы. I толькі ў Кобрынскім (79,6 %) і Берасьцейскім (64,3%) паветах большасьць насельніцтва на падставе мовы была залічаная да ўкраінцаў.

Але прайшло нейкія пятнаццаць гадоў, i ў гэтых паветах сытуацыя стала карэнным чынам мяняцца. Так, паводле зьвестак Горадзенскага статыстычнага камітэту на 1913 г., у Кобрынскім павеце 85,7 % насельніцтва было названа беларусамі, а ўкраінцаў тут знайшлося толькі 48 чалавек. Да 1918 г. ужо i жыхары Берасьцейшчыны лічыліся беларусамі, пра што сьведчаць этнаграфічныя карты, складзеныя Ў 1919 г. М. Доўнар-Запольскім i Я. Канчарам.

Куды падзеліся ўкраінцы з гэтых двух паветаў? Mo адбылося перасяленьне ix у іншыя месцы? Зразумела, што ніякай эміграцыі ў такіх вялізных памерах быць не магло. Праходзіў натуральны працэс, калі пад уплывам перш за ўсё адраджэнскага руху пачатку XX ст. i шэрагу іншых чыньнікаў хутка расла самасьвядомасьць жыхароў паўднёва-заходняга рэгіёну Беларусі i ўяўленьне сябе беларусамі.

З усяго вышэйсказанага можна зрабіць выснову, што цяпер на тэрыторыі ўсяго геаграфічнага рэгіёну Заходняга Палесься ў межах Беларусі i Ўкраіны жывуць беларусы i ўкраінцы, якія, аднак, гавораць на блізкіх дыялектах. Гэтыя гаворкі сфармаваліся за час знаходжаньня палескіх земляў у Галіцка-Валынскім княстве (XI-XIII стст.) на аснове паўночна-валынскіх гаворак. За шмат вякоў палескія дыялекты набылі свае адметнасьці i з пэўнымі ўнутранымі адценьнямі дайшлі да нашых дзён. Дыялекты гэтыя - пераходныя ад беларускай мовы да ўкраінскай. Яны ня маюць унутранага адзінства. У Івацэвічах гавораць ня так, як у Пінску, у Століне ня так, як у Кобрыне. У кірунку з поўначы на поўдзень ад Бярозы да Луцка i Роўна гутарковая мова набывае выразныя ўкраінскія рысы.

Такім чынам, зыходзячы зь лякальных адметнасьцяў дыялектаў, традыцыйнага жыльля, адзеньня, звычаяў, абрадаў, фальклёру i г. д., у межах Беларусі заходніх палешукоў можна аднесьці да асобнай этнаграфічнай групы, гэтак жа, як i некаторыя групы насельніцтва Ўсходняга Палесься, Панямоньня, Падзьвіньня, Верхняга Падняпроўя.

Палескі рэгіён ва ўсе часы вабіў дасьледнікаў. Засталася вялікая колькасьць этнаграфічнай літаратуры, успамінаў падарожмікаў. Найперш адзначалася ізаляванасьць Палесься ад астатняга сьвету шматлікімі азёрамі, балотамі й лясамі. З гэтай прычыны амаль адсутнічалі i адыходніцкія промыслы насельніцтва. Людзі жылі ў пэўнай замкнёнай прасторы. Усё гэта садзейнічала кансэрвацыі (у добрым сэнсе слова), назапашанай за стагодзьдзі традыцыйнай матэрыяльнай i асабліва духоўнай культуры, моўных асаблівасьцяў. Палесьсе было сапраўднаю скарбніцаю народных песьняў, прыказак, прымавак. Гэтаю скарбніцаю яно засталося i да нашых дзён. Відаць, невыпадкова экспэдыціі беларускіх этнографаў i фальклярыстаў накіроўваюцца менавіта туды, каб запісаць выдатныя ўзоры вуснае народнае творчасьці.

Заходняе Беларускае Палесьсе - вялікі i неаднародны рэгіён. У ім шмат мясцовых моўных, бытавых ды іншых асаблівасьцяў, у кожным кутку існуюць свае традыцыі, звычаі, норавы, свой мэнталітэт. Паказ усяе гэтае разнастайнасьці ў сродках масавай інфармацыі, несумненна, будзе спрыяць росту цікавасьці нашага народу да свае гісторыі, да нацыянальных каранёў, унясе ўклад у працэс адраджэньня беларускае нацыі, якая насяляе прасторы Заходняга i Ўсходняга Палесься, Горадзенскага Панямоньня і Гомельскага Пасожжа, Віцебскага Падзьвіньня i Магілеўскага Падняпроўя.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX