Папярэдняя старонка: Артыкулы

Лукомскі В. Нацыянальнасьць i родапаходжаньне Івана Фёдарава, першадрукара ў Маскве 


Аўтар: Лукомскі В.,
Дадана: 04-10-2016,
Крыніца: Лукомскі В. Нацыянальнасьць i родапаходжаньне Івана Фёдарава, першадрукара ў Маскве // Спадчына №1-1997. С. 169-177.



Пераклад з выданьня: Национальность и родопроисхождение Ивана Федорова, первопечатника в Москве. Nationality and Descent of Ivan Fedorov, the First Printer jn Moscow. Издание эмигрантов из Вязьмы. Вязьма - 1966.. - Нью-Йорк. Эмігранты-вязсмцы перадрукавалі тэкст дасьледаваньня В.Лукомскага "К вопросу о родопроисхождснии Ивана Фе­дорова" з кнігі "Иван Федоров первопечатник". М.-Л.: Изд-во АН СССР, 1935. Выдаўцы пішуць у прадмове: "За гэты артыкул кніга зараз па выданьні была сканфіскаваная i цяпер уяўляе сабою надзвычайную рэдкасьць. Уважаючы, што грамадзяне маюць права ведаць праўду пра свайго першадрукара, мы гэты артыкул фатаграфічна узнавілі ca згаданае кнігі".

Нягледзячы на значную, больш як стогадовую літаратуру, якая нарасла вакол тэмы аб першадрукарскіх прадпрыемствах Івана Фёдарава ў Маскве, Літве ды Ўкраіне, нягледзячы на шэраг манаграфіяў, якія прысьвечаны вядомаму "друкарю" i часта закранаюць нават самыя нязначныя дробязі апошніх гадоў ягонага вандроўнага жыцьця, а таксама нягледзячы на шэраг паважных бібліяграфічных працаў, дзе ўсебакова вывучаліся надрукаваныя ім кнігі ва ўсіх іхных дэталях, - усё ж некаторыя асноўныя пытаньні біяграфіі Івана Фёдарава дагэтуль застаюцца нявысьветленымі ці наагул неразгаданымі.

Да такіх загадкавых бакоў ягонага жыцьця адносіцца пытаньне аб яго паходжаньні.

Зазвычай біёграфы Івана Фёдарава, спасылаючыся на тое, што ён сам называў сябе "Москвитином", па аналёгіі зь Пётрам Цімафеевічам "Мсьціслаўцам" з Амсьціслава (у Літве) ды іншымі падобнымі выпадкамі [1], схільныя прыпісаць месца яго нараджэньня Маскве i гэтым абмежаваць усе далейшыя пошукі, выпускаючы з-пад увагі, што сваё маскоўскае найменьне Іван Фёдараў ставіць толькі ў спалучэньні з паказаньнем на сваю маскоўскую друкарскую дзейнасьць ("друкарь москвитин", "печатник з Москвы"), што, адпавядаючы рэчаіснасьці, не дае права на выснову пра ягоную радзіму. Праўда, у літаратуры ёсьць глухія паказаньні на ягонае магчымае паходжаньне з Калугі [2] якія, зрэшты, можна вытлумачыць непаразуменьнем пры супастаўленьні зьвестак пра службу Івана Фёдарава дыяканам Нікола-Гастунскай царквы ў Крамлі з цудадзейным абразом гэтай царквы зь сяла Нікола-Гастуні ў Ліхвінскім павеце (ля Калугі).

Няма патрэбы спыняцца на тым, што прынятыя нащым першадрукаром найменьні - спачатку "Федоров" (у Маскве), а потым "Федорович" (у Літве ды Ўкраіне) гавораць толькі пра ягонае імя па бацьку й не даюць ніякага матар'ялу, каб меркаваць пра ягонае родавае празваньне, а значыць, не даюць ніякіх сьведчаньняў за ягоную прыналежнасьць да якоганебудзь пэўнага роду.

Між тым няма сумневу, што сам Іван Фёдараў мог пакінуць нам у сваіх друкаваных творах ключ да разгадкі ягонага паходжаньня, які калі й не адчыніць адразу "загадкавага куфэрка", дык прынамсі дапаможа знайсьці да апошняга інструмэнт ускрыцьця.

Такі ключ - той герб, які Іван Фёдараў зьмяшчаў на выданьнях львоўскага ды астроскага пэрыядаў сваёй друкарскай дзейнасьці - упершыню на "Алостале" 1574 г., уключыўшы яго ў складаную кампазыцыю акантавай галіны, зьлева ад якой знаходзіцца герб горада Львова, а справа ў гербавым картушы "загадкавы" знак у выглядзе выгнутай паласы (накшталт літары S у адваротны бок) з навершам стралы ўверсе, аточаны літарамі: І-ОУ-А-Н. Пазьней гэты ж гербавы шчыток з адрозьненьнямі толькі ў дэталях (з бакоў фігураў гербу літары I ды ОУ, а сам шчыток трымае рука) двойчы зьяўляецца на астроскіх выданьнях: "Новага запавету" 1580 г. ды "Бібліі" 1580-1581 гг. (гл. ілюстрацыі).

Тлумачэньні гэтым "загадкавым" фігурам гербу давалi заўжды ў сувязі з тлумачэньнем самога гербу як друкарскага знаку або выдавецкай маркі Івана Фёдарава, якую ён прыняў паводле звычаю заходнеэўрапейскіх друкароў у сваёй дзейнасьці пасьля маскоўскага пэрыяду.

Тлумачэньні гэтыя звычайна зводзяцца да наступных: "адныя хочуць у гэтым бачыць роднасьць з гербам Альда Мануцыя, знакамітага італьянскага друкара, які выяўляе дэльфіна й катвігу", іншыя мяркуюць, што Іван Фёдараў "выкарыстоўваў распаўсюджаны польскі герб з выяваю рачной лукі, дапоўніўшы яго зьверху друкарскім кутнікам"; "гэты кутнік, уяўляючы сабою галоўную i неабходную прыладу для вымеру пры вырабе рухомых кнігадрукарскіх літараў, верагодна, служыць тут эмблемаю друкарскага майстэрства" [3]. Адну з апошніх здагадак, выказаную на юбілейным паседжаньні Сэкцыі бібліяфілаў i эксьлібрыстаў Ленінградзкага таварыства калекцыянэраў у памяць Івана Фёдарава, якое адбылося 16 сьнежня 1933 г., можна сфармуляваць гэтак: "выяўленьне ў друкарскім гербе Фёдарава "ракі" ілюструе сабою вядомае старажытнае выказваньне "кнігі ёсьць рэкі", а страла, што разьмешчана над ракой ды ад яе зыходзіць, паказвае на функцыянальную іхную ролю - распаўсюджаньне асьветы".

Аднак пералічаныя тут здагадкі, як i шматлікія іншыя тлумачэньні, якія цыркулявалі ў бібліяграфічных колах, трэба адкінуць з тае простае прычыны, што згаданы герб памылкова было разглядаць як нейкі адмысловы друкарскі знак, бо насамрэч ён ёсьць адным з тыповых родавых гербаў XVI ст. у Заходнім краі славянства.

Як i пераважная бальшыня сучасных XVI ст. польска-літоўска-рускіх гербаў, якія ўяўлялі сабою, адрозна ад заходнеэўрапейскіх дараваных гербаў, хоць мудрагелістыя значэньнем, але, у сутнасьці, зусім простыя камбінацыі адрозных толькі адзін ад аднаго прыватнаўладальніцкіх родавых знакаў, гербавы знак Івана Фёдарава ёсьць вядомы ў Літве герб, засвоены беларускім родам Рагаза" [4].

Герб роду Рагаза (Rahoza), паводле апісаньняў польскіх геральдыстаў, падобны да больш распаўсюджанага гербу "Шранява" (Sreniawa, Srzeniawa i Szreniawa), які мае ў сабе падобную выгнутую паласу, але з крыжам замест стралы на верхняй яе луцы; вядомы i варыянт падобнай фігуры-паласы без усялякіх дадатковых знакаў, які складае герб "Дружына" (Druiyna). Усе тры знакі, нягледзячы на супольную, падобную фігуру, ёсьць зусім розныя гербы i ня маюць нічога супольнага з генэтычнага гледзішча [5]. У той час як да двух апошніх гербаў у Польшчы й Літве прыпісана некалькі дзясяткаў родаў (аб прычынах гэтага тут казаць не выпадае), герб, які ўзяў Іван Фёдараў, быў, як вядома, у карыстаньні толькі аднаго вышэйзгаданага роду Рагаза. Гэтая акалічнасьць выклікае вялікую цікавасьць менавіта таму, што тут ня можа быць ваганьняў у выбары адпаведнага роду - у дадзеным выпадку прыналежнасьць дасьледванага гербу выразна азначаецца атрыбуцыяй яго толькі аднаму роду Рагаза. Трэба, аднак, заўважыць, што з-за пазьнейшага i памылковага з боку польскіх геральдыстаў атаясамленьня гэтага гербу з гербам "Шранява", якім нібыта карысталіся прадстаўнікі гэтага роду, зьмяніўшы крыж на стралу [6], наступілі i далейшыя памылковыя высновы, пра якія ніжэй.

Герб жа "Рагаза", складаючы родавую эмблему роду таго самага найменьня, надалей зьмяняў толькі вонкавую геральдычную кампазыцыю, залежна ад стылю эпохі, але нязрушна захоўваў спалучэньне менавіта гэтых дзьвюх фігураў: выгнутай паласы ды наверша стралы над ёю. У такім выглядзе малюнак гербу падаюць i пазьнейшыя друкаваныя выданьні польскіх гербоўнікаў [7].

Зьвесткі пра беларускі род Рагаза сягаюць XV ст. Паводле зьвестак гістарычна-генэалягічнай лiтapaтypы [8] можна меркаваць, што расьсяліўся ён на вярхоўях Дняпра, маючы ва ўладаньнях землі ў Амсьціслаўскім ды Менскім ваяводзтвах Вялікага Княства Літоўскага. Сярод прадстаўнікоў гэтага роду былі два кіеўскія мітрапаліты: Місаіл (з 1474 да 1477 г.) ды вядомы прыхільнік царкоўнай вуніі Міхаіл (з 1589 да 1579 г.), які да таго (ад 1579) быў архімандрытам Вазьнясенскага манастыра ў Менску.

Зь ліку іншых прадстаўнікоў роду, сучасных Івану Фёдараву, былі, між іншым, двое братоў Рагазаў - Рыгор i Васіль. Першы зь ix служыў менскім земскім судзьдзёй (з 1566 г.), а другі - надворным харунжым літоўскім (з 1566 да 1584 г.).

У першай палове XVI ст. зьявіліся Рагазы i ў Масковіі, рухаючыся, мабыць, на ўсход ад памежнай з Масквою Мсьціслаўскай паласы. Займеўшы землі перш у Калускім павеце, яны распаўсюджваюцца потым вышэй на поўнач да Цьверы i на поўдзень да Курска, надалей захопліваючы суседнія землі [9]. Магчыма, што на службе ў маскоўскіх вялікіх князёў яны сталі называцца Рагазінымі: паводле баярскіх кнігаў XVII ст., на царскай ды патрыяршай службе ў стольніках, страпчых, дваранах, маскоўскіх i гарадавых, i ў дзяках ix было ня менш як 25 чалавек [10]. Зразумела, што пры такой ролі з самага пачатку XVII ст., Рагазіны мусілі быць вядомыя ў Маскве i ў другой палове XVI ст., калі працаваў там Іван Фёдараў, калі... ён сам не належаў да гэтага роду.

Архіўныя пошукі схіляюць да думкі, што паданьне пра паходжаньне роду Рагазіных зь Літвы не пазбаўлена верагоднасьці, бо пры зацьверджаньні родавага гербу нават у пачатку XIX ст. яны называлі свой герб як "издревле в роду употребляемый" герб "Сренява", які i зацьвердзілі за родам, унёсшы яго ў афіцыйны гербоўнік, хоць i ня ў той кампазыцыі, якую ведала літоўская галіна роду, а паводле апісаньняў "Шранявы" польскімі геральдыстамі (гл. вышэй) ды яшчэ зьмяніўшы разьмяшчэньне фігураў i расфарбоўкі [11].

Калі дапусьціць магчымасьць паходжаньня Івана Фёдарава з расейскай галіны беларускага роду Рагазаў, наўрад ці памылкова будзе меркаваць, што пра родавы свой герб ён даведаўся толькі ў Літве ў 70-я гг., а пасьля, пад уплывам польскіх звычаяў шырока выкарыстоўваць у побыце родавую геральдыку, i сам пачаў ужываць свой герб як выдавецкую i друкарскую марку - менавіта ў канфігурацыі, уласьцівай геральдычнай графіцы XVI ст.

Супраць гіпотэзы аб прыналежнасьці I.Фёдарава да роду Рагазаў ці Рагазіных можна выставіць хіба толькі адно, але самае важкае пярэчаньне - гэта поўная i неразумелая адсутнасьць у яго згадак пра сваю родавую прыналежнасьць на працягу ўсяго жыцьця, гэтаксама як i адсутнасьць у родавых росьпісах гэтых прозьвішчаў згадкі пра славутага суродзіча.

Прымаючы гэтае пярэчаньне i не знаходзячы зьвестак яго абвергнуць, можна вылучыць толькі другую гіпотэзу: Іван Фёдараў, не належачы да роду Рагазаў i нават увогуле да шляхты, прыняў родавы герб, щто было магчыма ў Польшчы й Літве да канстытуцыі 1601 г. дзякуючы асаблівай прывілеі паноўнае клясы прыпісваць да свайго гербу патрэбных ці блізкіх людзей - свабодных, хай сабе не шляхотных,- праз акт, званы адаптацыяй (adoptatio).

I нагоды, i падставы для гэткай адаптацыі Івану Фёдараву маглі сустрэцца ня раз: i па дарозе ў Літву ў 1565 г. (праз Амсьціслаў ды Менск - дзе зямянамі-абшарнікамі сядзелі Рагазы), i на аўдыенцыі ў польскага караля Жыгімонта Аўтуста падчас Літоўскага сойму; i ў гетмана літоўскага Хадкевіча ў Заблудаве, калі для права валодаць нерухомасьцю ("немалою весью"), якую падараваў яму гетман, Іван Фёдараў павінен быў неяк легалізаваць свой праўны статус, i, нарэшце, па дарозе ў Львоў ці ў самым Львове, дзе самастойнае валоданьне друкарняй таксама вымагала ад яго ўсталяваць свае праўныя дачыненьні ў Польшчы, а неабвержным паказьнікам ix быў герб, упершыню скарыстаны Іванам Фёдаравым у 1574 г.

З прычыны недасяжнасьці многіх неабходных для пацьверджаньня гэтай гіпотэзы крыніцаў няма магчымасьці падмацаваць i другое меркаваньне пэўнымі дакумэнтальнымі зьвесткамі. Аднак верагоднасьць гэтага меркаваньня вынікае прынамсі з аналягічнага выпадку, калі 20 лістапада 1581 г. у абозе пад Псковам кароль Сьцяпан Батура пацьвердзіў шляхоцтва й герб друкару Валянтыну Лапчынскаму, нададзеныя яму актам адаптацыі з боку вялікага канцлера кароннага Яна Замойскага [12].

Такім чынам, перад намі два магчымыя разьвязаньні гербавай загадкі Івана Фёдарава: першае, якое выводзіць ягонае родапаходжаньне ад Рагазаў ці Рагазіных, i другое, якое тлумачыць падставы ўжываць чужы герб: Абвергнуць першае, больш важкае, можна было б толькі пасьля адшуканьня доказаў на карысьць другога магчымага рашэньня. Але пакуль гэтых доказаў няма (і наўрад ці ix можна здабыць без прыцягненьня польскіх архіўных крыніцаў), можна дапусьціць прымальнасьць першага меркаваньня, г.зн., ці не паходзіў Іван Фёдараў з таго роду, чый герб, як сымбалъ родавага призе а ньня (а не друкарскі знак), пазначыў надмагільле безыменнага першадрукара з Масквы.



[1] Калайдович, К. Иоанн Федоров. Вестник Европы, 1813, ч. 71, № 18, с. 93 i наст.; Пташицкий, С.Л. Иван Федоров, московский первопечатник... Русск. старина, 1884, кн. 3, с. 461-478; Огіенко, Ів. Іван Хведорович, фундатор постійного друкарства на Украіні. "Стара Укріна", 1924, чч. II-V, с. 22, i ім жа ўкладзеная падрабязная бібліяграфія "Іван Хведоровіч в науковій літературі" (1704-1924) у тым самым выданьні, на с. 62-74; Романовській,В. Друкарь І. Федоров. У кн.: "Украіньска книга", К., 1926, с. 3.

[2] Трехсотлетие кончины первого друкаря Ивана Федорова. СПб., 1883; Булгаков, Ф.И. История книгопечатания. СПб., 1889, с. 215; Wielka Incyklopedja powszeńhna illustrowana, t. XXI-XXII, W-wa, 1898, str. 161-163.

[3] Трехсотлетие кончины... (нататка І.Такмакава); Булгаков, Ф.И. Op.cit., с. 238; Некрасов, А.И. Книгопечатание в XVI и XVII веках. У кн.: Книга в России, ч. I. М., 1924, с. 92.

[4] Цікава зазначыць, што у старажытнаславянскіх дыялектах слова "рагоза" абазначае: 'свара, ссора, брань || сварливый, неуживчивый человек; рагозиться - ссориться'. Гл. Даль В. "Толковый словарь", 1914, т. III, слупок 1464.

[5] Piekosiński, F. Heraldyka polska wieków średnich. Kraków, 1889, str. 46, 159; але асабліва падрабязнае дасьледаваньне пра генэзу гэтых гербаў у: Semkowicz W. "Drużyna i Sreniawa". "Kwartalnik Historyczny", t. XIV. Lwów, 1900, str. 200-220. Тут жа ёсьць i тлумачэньне выгнутай фігуры у гэтых гербах, прататып якой - выява мыліцыкія (krzywaśń) - эмблемы улады, але зусім не выява ракі, як звычайна тлумачыць польская геральдыка XVI-XVIII стст. (Długosz, Paprońki, Nicsiecki).

[6] Hanp.:Kojałowłcz, W.W. Compcndium, wyd. Piekosinskiego, Kraków, 1897, str. 291; Niesiecki, K. Korona Polska, wyd. Bobrowicza. "Herbarz Polski", t. VIII, Lipsk, 1841, str. 85, 469, 472.

[7] Ostrowski, I., hr. Księga herbowa rodów polskich, zeszyt XV W-wa., 1903, str. 507, ą 2970 (з дадаткам нашаломніка гербу "Шранява").

[8] Paprońki, В. Hlrby ryńerstwa polskiego, wyd. Turowskiego, Kraków, 1858, str. 857; Kojałowłcz, W.W. Op.cit., str. 291; Niesiecki, K. Op.cit, str. 85 ; Okolski, S. Orbis Polonus, vol. III, CracoY, 1645, fol. 135; Boniecki, A. Poczet rodów w W.K.Litewskicm, W-wa, 1887, str. 281; Wolff, I. Senatorowie i dygnitarze W.K.Litewskiego, Kraków, 1885, str. 205.

[9] Энциклопедический словарь Брокгауза-Ефрона, плт. 51 ,с. 64.

[10] Алфавитный указатель фамилий и лиц, упоминаемых в Боярских книгах Московск. Архива м-ва юстиции, М., 1853, с. 248-249; Лихачев, Н.П. Разрядные дьяки XVI в., СПб., 1888, с. 283.

[11] Общий гербовник дворянских родов Вссросс. Империи, ч. VIII (зацьвердж. у 1807 г.), л. 80. Сьведчаньні пра герб ёсьць у родавых справах Рагазаў (пагуб. Віцебскай, Горадзенскай i Магілеўскай) і Рагазіных (па губ. Калускай i Курскай) у складзе архіўных фондаў Дэпартамэнту герольдыі (Ленінградзкае аддзяленьне Цэнтр. Гістарычн. архіву, фонды №№ 982-984).

[12] Piekosińskł, F. Rycerstwo polskie wieków średnich, t. I. Kraków, 1896, str. 310-311, № 170.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX