Папярэдняя старонка: Артыкулы

Ліс Яраслаў. Палітык Міхал Клеафас Агінскі 


Аўтар: Ліс Яраслаў,
Дадана: 13-09-2015,
Крыніца: Ліс Яраслаў. Палітык Міхал Клеафас Агінскі // Спадчына №2-1996. С. 30-35.



Ва ўсе часы, нават у самыя неспрыяльныя перыяды развіцця грамадства, на шчасце, з'яўляліся людзі, здольныя бачыць нешта самае сутнаснае ў жыцці, не траціць гістарычнае перспектывы. Да такіх людзей з поўным правам можна залічыць i Міхала Клеафаса Агінскага, палітычнага дзеяча, дыпламата, кампазітара, паўстанца.

Гады свядомага жыцця Агінскага прыпалі на другую палову XVIII i пачатак XIX стст., i невыпадкова ўсе гістарычныя катаклізмы таго часу непасрэдна адбіліся на ягонай неардынарнай асобе. Апошнім часам з'явілася нямала публікацыяў, што раскрываюць розныя бакі дзейнасді гэтай маштабнай гістарычнай постаці. Тым не менш з'яўлецца йшчэ нямала невядомага, што звязана з дзейнасцю яго як сенатара i тайнага саветніка. А менавіта з 1810 г., калі Агінскі атрымаў гэтыя пасады i тым самым наблізіўся да цара, ён змог прыступіць да вырашэння найважнейшае задумы свайго жыцця.

Пачатак XIX ст. адзначыўся супрацьстаяннем Францыі многім еўрапейскім краінам. Адна за адной яны трапляюць у залежнасць ад напалеонаўскай Францыі. Набліжэнне войскаў французскага імператара да межаў Расійскай імперыі прымусіла царскі ўрад пайсці на падпісанне ў 1807 г. Тыльзіцкага пагаднення. Яно фармальна замацавала вайсковы звяз паміж Расіяй i Францыяй, але не зліквідавала супярэчнасцяў паміж імі.

Да таго ж, згодна з Тыльзіцкаю дамоваю, Напалеон утварыў Вялікае Герцагства Варшаўскае, марыянеткавую дзяржаву, якая аб'ядноўвала мізэрны кавалак уласна польскіх земляў, адабраных Банапартам ад Прусіі. У 1809 г. Напалеон далучыў да Варшаўскага Герцагства тэрыторыі, што ў часе падзелаў Рэчы Паспалітай адышлі да Аўстрыі. Французскі імператар стварыў 80-тысячны корпус польскага войска, на чале якога быў пастаўлены пляменнік апошняга караля Рэчы Паспалітай Язэп Панятоўскі. Такім чынам, склалася даволі пікантная сітуацыя: на памежных з Расейскай імперыяй землях узнікла рэальная сіла, што бачыла ў Напалеоне аднаўляльніка i заступніка Польшчы.

Далікатнасць сітуацыі добра разумелі ў Пецярбургу.

Патрэбны былі дзеяздольныя, аўтарытэтныя людзі, асабліва з заможнае часткі жыхароў заходніх губерняў, прыдатныя для нейтралізацыі там пранапалеонаўскіх настрояў. Са свайго боку царскі ўрад павінен быў пайсці там на некаторыя саступкі.

Спрактыкаваны дыпламат Агінскі адразу ацаніў палітычную кан'юнктуру. Ен настойліва, крок за крокам, падступаецца да рэалізацыі ідэі адраджэння дзяржаўнасці Вялікага Княства Літоўскага. Як відаць з ягоных мемуараў, Агінскі выкарыстоўвае для гэтага ўсе магчымасці.

25 чэрвеня 1810 г. М. Агінскі на працягу дзвюх гадзінаў меў асабістую размову з Аляксандрам I. Яна ўразіла яго.

Цар заявіў, што ён ніколі не ўхваляў падзелаў Рэчы Паспалітай i не жадае, каб рускім i надалей было сорамна за гэты палітычны акт. Сваімі прыхільнымі выказваннямі расейскі манарх пасеяў у М. Агінскага надзею на адраджэнне Рэчы Паспалітай.

На пачатку красавіка 1811 г. Агінскі зноў атрымлівае аўдыенцыю ў Аляксандра. Паміж імі адбылася сур'ёзная размова. Манарх спытаў Агінскага, які толькі што вярнуўся з Парыжа, пра яго стаўленне да плана пачаць прэвентыўную вайну супраць Напалеона, правёўшы рускія войскі праз Герцагства Варшаўскае ў Прусію.

Агінскі паставіў пад сумнеў паспяховасць гэтай аперацыі, бо тагачасная геапалітычная сітуацыя была не на карысць Расіі. Тады ж у ходзе размовы Агінскі прапанаваў імператару ў якасці адміністрацыйнага кроку ўтварыць з губерняў Горадзенскай, Віленскай, Менскай, Віцебскай, Магілёўскай, Кіеўскай, Падольскай з уключэннем Беластоцкай i Тарнопальскай акругаў асобную правінцыю пад назваю Вялікае Герцагства Літоўскае.

Аляксандр I даручыў графу Агінскаму распрацаваць праект рэформаў заходніх губерняў i пасля заканчэння працы адразу паведаміць яму, каб пры патрэбе, калі ўзнікнуць спрэчныя пытанні, ix вырашыць.

Да самога праекту імператар паставіў некалькі пытанняў. Сярод ix такія: ці не будзе правінцыя з 8-мі губерняў занадта вялікая для кіравання адной асобай? Ці ахвотна прымуць назву літоўцаў жыхары Падольскай, Валынскай, Кіеўскай губёрняў? Ці будзе гэтае ўтварэнне зручным з фінансавага, гандлёвага гледзішча, вайсковай арганізацыі? Пагадзіўшыся ў асноўным з доказамі Агінскага, манарх тым не менш прасіў сенатара захоўваць канфідэнцыйнасць іхнае размовы. З таго часу графа Агінскага па 2-4 разы на тыдзень запрашалі на абед да цара, дзе грунтоўна абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з гісторыяй Літоўскага краю i дэталі яго будучага дзяржаўна-адміністрацыйнага ўладкавання.

Шчыры патрыёт Рэчы Паспалітае М. Агінскі, аднак, думаў перадусім пра Вялікае Княства Літоўскае. Ен гаварыў: «Прыналежная Расіі частка Польшчы складала асобнае, самастойнае гаспадарства Літвы яшчэ да злучэння гэтай апошняй з Польскім Каралеўствам. Жыхары Вялікага Княства Літоўскага спаконвеку вылучаліся ваяўнічым духам, прадпрымальнасцю, неабыякавасцю да сваіх правоў, вернасцю князям-гаспадарам, мужнасцю i любоўю да Айчыны. Яны заўсёды ганарыліся сваёй народнасцю i хоць аб'ядналіся з Польшчай, аднак захавалі свае звычаі, грамадзянскія законы, мясцовае кіраўніцтва, сваё войска, вярхоўныя суды, міністраў, дзяржаўных дастойнікаў i нават Сойм, таму што ён збіраўся папераменна ў Варшаве i ў Горадні. Усе гэтыя прывілеі такія дарагія ліцвінам, што яны не рашыліся развітацца з імі, нягледзячы ні на якія намаганні i красамоўныя пераконванні многіх дзяржаўных дзеячоў. Я ўпэўнены, што калі б з былых польскіх земляў адразу па далучэнні ix да Расіі была ўтвораная адна Літоўская вобласць з захаваннем яе ранейшых правоў i калі б гэтая вобласць склала асобную паводле кіравання, хоць i непарушна злучаную з Расіяй дзяржаву, то нялёгка было б пранікнуць туды якому б ні было іншаземнаму ўплыву».

15 траўня 1811 г. Міхал Агінскі падаў Аляксандру I запіску. У ёй перш-наперш асуджалася фактычна падступная палітыка Напалеона ў дачыненні да палякаў. Агінскі распавядаў імператару пра гісторыю i дзяржаўныя традыцыі Вялікага Княства Літоўскага, характарызаваў ліцвіноў як народ. Запіска змяшчала накіды асноўных тэзаў будучага праекту, падрыхтаванага Агінскім, галоўнымі з якіх былі: неабходнасць вярнуць сапраўднае гістарычнае імя краю, старажытныя юрыдычныя нормы, занатаваныя ў Статуце ВКЛ 1588 г., безапеляцыйны трыбунал, ураўнаваць жыхароў Заходняга краю ў падатках з іншым насельніцтвам імперыі. Характэрна, што пры гэтым Агінскі спасылаецца на дзяржаўна-праўнае ўладкаванне Фінляндыі, здзейсненае тады расійскімі ўладамі.

Накідаўшы пэўныя рысы будучага праекту, сенатар Агінскі сканчае зварот да Аляксандра I словамі: "Ліцвінам будуць вернуты адным росчыркам пяра іхныя імя i айчына, між тым як варшавяне да гэтага часу жывяцца толькі надзеяй, якую да таго ж павінны аплочваць асабістай крывёю..."

На ад'езд Міхала Агінскага ў Беларусь (граф накіроўваўся ў свой маёнтак у Залессе) Аляксандр I наказаў яму давесці да ведама землякоў змест іхнага сумеснага плану i заклікаў да спакою i разважлівасці. «Адно з двух,- гаварыў імператар: - альбо ў выніку вайны я ўтвару Польскае каралеўства, альбо, калі вайны не будзе, прывяду ў выкананне наш вялікі план наконт Літвы».

Неўзабаве ўслед за запіскаю Агінскі падаў i праект указу аб новай арганізацыі заходніх губерняў. У апошнія гады тэкст яго апублікаваны i прааналізаваны гісторыкамі.

15 кастрычніка 1811 г. Аляксандр I выклікаў Агінскага абмеркаваць палажэнні праекту. Цар прапанаваў сенатару вылучыць восем найаўтарытэтнейшых на ягоны погляд дзеячоў ад кожнай губерні, якім можна было б даверыць ажыццяўленне плану арганізацыі Вялікага Герцагства Літоўскага. Што Агінскі неўзабаве i зрабіў. Праз пэўны час імператар запрасіў названых прадстаўнікоў губерняў да сябе.

27 студзеня 1812 г. у чарговай размове з Агінскім цар зазначыў: "А між тым не забывайцеся пра земляробаў - гэта найкарыснейшы клас насельніцтва. А ў вас усё яшчэ ставяцца да сялянаў як да элотаў".

У канцы красавіка 1812 г. Аляксандр I накіраваўся ў Вільню. Агінскі з прычыны хваробы знаходзіўся ў Залессі i не змог з ім сустрэцца.

I толькі ў дзень пераправы Напалеона праз Нёман, 24 чэрвеня 1812 г., адбылася сустрэча Агінскага з царом у Вільні. Чарговая іхная размова мела месца толькі 10 кастрычніка 1812 г. Гутарка ішла пераважна пра вайну. «Спадзяюся,- сказаў імператар, - калі Бог дапаможа, то мы зможам ачысціць ад ворага не толькі мае рускія вобласці, але Беларусь i Літву...»

Аляксандр раіцца з Агінскім наконт звароту да народаў ВКЛ i Польшчы i загадвае напісаць яго ад імя імператара. Агінскі складае праект звароту Аляксандра I да жыхароў Заходняга краю, а таксама рэскрыпт на імя фельдмаршала князя Кутузава. У гэтым звароце Аляксандр I растлумачвае сваю пазіцыю i абвяшчае амністыю ўсім сваім былым праціўнікам. Трэба адзначыць, што.Агінскаму давялося шмат паклапаціцца, перш чым цар абвесціў амністыю. 19 снежня імператар заявіў графу Агінскаму: «Спадзяюся, што вы задаволены маім актам амністыі...»

Летам 1814 г. у Пецярбургу былі сабраныя дэпутаты Віленскай, Горадзенскай, Менскай, Віцебскай, Магілёўскай, Кіеўскай, Валынскай, Падольскай, Курляндскай губерняў i Беластоцкай акругі. Ix прыняў Аляксандр I i падзякаваў за вернасць. Праціўнік быў пераможаны, i з абяцанай аўтаноміяй можна было не спяшацца.

У лістападзе 1815 г. Аляксандр I сустракаецца ca шляхтай у Вільні, у тым ліку i з Агінскім. Тут, пры апошняй размове на тэму пра лёс Вялікага Герцагства Літоўскага, Агінскі канчаткова разумее бесперспектыўнасць сваёй запаветнай мары. Ен вяртаецца ў любае Залессе, дзе займаецца творчай i асветніцкай працай. Тут напісаў кнігу «Лісты пра музыку», дзе падаў даволі поўную карціну музычнага жыцця Еўропы XVIII - пач. XIX стст., працаваў над мемуарамі.

У апошнія гады жыцця ў Залессі Агінскі сустракаўся з прадстаўнікамі дэмакратычнае моладзі, сярод якіх былі сябры таварыстваў філаматаў i філарэтаў. У 1822 г. Міхал Клеафас Агінскі звяртаецца да Аляксандра I па дазвол выехаць за мяжу i з горыччу ў сэрцы пакідае Бацькаўшчыну, у гэты раз назаўсёды. Няздзейсненая справа жыцця М. Агінскага - аднаўленне беларускалітоўскае дзяржаўнасці - заставалася ягоным запаветам наступным пакаленням.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX